Мы пад сякерай,
дык хай жа пачуецца ў свеце Гусаўца голас...
Песня пра зубра
Што толькі ёсць на зямлі, гэта створана ўсё дзеля шчасця.
Зоркі ў цямноце мігцяць, асвятляюць слабенькім зіхценнем,
Моцай таемнаю; пыл залацісты ў крынічным паветры
Шчасна згадаеш. Прыроды дарункі - імклівыя птушкі,
Рыбы, звяры, і пладоў, і металаў бясконцыя скарбы...
Радуе ніва ратая сваім ураджаем аквітным...*
O, voi, ch'avete gl'intelletti sani
Mirate la dottrina, che s'asconde.
Sott'il velame degli versi strani*.
* О вы, разумныя, зірніце самі,
І кожны зразумее настаўленне,
За дзіўнымі схаванае радкамі.
Летам заўсёды занятыя ў кровапраліццях
Войнаў усобных, якім ні канца, ні пачатку,
Ратнікі нашы з Піліпаўкі аж па Грамніцы
Маюць аддуху ў лясах - паляванне на звера.
Мабыць, свой звычай і Марс пераняў у ліцьвінаў
І ў адпачынак мячы гартаваць на марозах.
Войны! Злачынная справа - вайна выклікае
Гнеў мой, і слёзы, і боль. Без падтрымкі, бясконца
Войны вядзём мы адзін на адзін за свяшчэнны
Братні саюз хрысціянства з навалай з усходу.
Вораг страшэнны адольвае нас і зламысна
Рэжа пад корань наш род і вучэнне Хрыстова
У душах народаў на ўсіх заняволеных землях.
Ён, спадцішка ўварваўшыся ў нашы ўладанні,
Цэламу свету нахабна сцвярджае: ваюю
Не за прастору сабе, а за лад у прасторы.
З верай сваёй ён ідзе і ў імя нам чужацкага бога
Лад свой агнём і мячом усталёўвае ў землях
Іншага веравызнання і іншых парадкаў.
Там, дзе арда саранчой прапаўзе, застануцца
Толькі асмолкі ды печышчы, попел ды косці,
Зграі варон ды чароды сабак адзічэлых.
Бог барані, калі нас перамогуць прышэльцы,
Лепш ужо смерць нам усім без пары, чым такая
Доля - жыццё пад'ярэмнае ў чорнай няволі...*