Вушацкія называюць усё абы як сабранае, выдуманае й нявыдуманае, нішто й нешта, прастакаватае й хітраватае, вясёлае й сумнаватае адным словам «здубавецьця».
Адзін
На стол гаспадыня паставіла варыва. Сын першы чарэпнуў лыжкай, сербануў і заплакаў.
- Чаго ты, сынок, плачаш? - пытаецца бацька.
- Што я ў цябе адзін...
- Ня плач. Адзін ды ладзін.
Бацька сьмела чарэпае. Варам абдае ўсё ў роце.
- Адзін ты ў мяне, каб ты быў апошні...
Сумеў
Была талака ў пана. Усё зрабілі. Ну, пан і трактуе талакоўцаў. Сталы ломяцца ад закусі. Толькі там-сям сірацеюць пляшкі з дарагім пітвом. Трохі выпілі, нешта ўкусілі. Сумна разышліся.
І была талака ў беднага мужыка. Той на пачастунак нагнаў самагонкі, мацнейшай за самую заядлую лаянку. А на закусь - напарыў рэпы. Упіліся як не да сьмерці. Нехта шыю скруціў, нехта нагу вывернуў, некаму нос ледзьве не адкусілі. Прыйшоўшы ў сябе, доўга ўспаміналі ды прыгаворвалі: «Хоць бядняк, а сумеў жа людцаў прывеціць!»
Давай Макеенку
У Вушачы быў славуты савецкі служачы Макеенка. Славуты тым, што выпіваў 25 куфляў піва. І, казалі, калі заходзіў у раку, яшчэ ў тыя часіны глыбокую, вада сама трымала яго наплыву, як мячык. І яшчэ славуты быў як спец па жанчынах.
Жонка павяла карову да быка ў калгас прыгарадны, які сваёй галечай апраўдваў назву, у «Пралетарыю». Працаўнік каровінага загса ня бачыць, хто прывёў карову, дый пытаецца, а ці здаровая карова, ці дужага быка трэба, а з вуліцы прыёмшчыца адказвае, што здаровая. Тады злучнік-разлучнік крычыць:
- Давай ёй Макеенку!
Голас аглабліны
Сталінская дэмакратыя. Кулакоў ды шмат каго яшчэ пазбавілі права голасу ў камедыі выбараў. Едзе заможнік. Ідзе дзядзька зь бяднейшых. Заможнік як ехаў ды з разгону яму аглабліной у плечы. Ня збочыў.
- Ты чаго, класавы вораг! Ня мог крыкнуць? - мацюкаецца хадак.
- Я права голасу лішон...
Яна не сама сябе прыдумала прымаўка: дурны як аглоблі...
Мая таксама
У аднаго чалавека было шмат дзяцей. І ўсе - дочкі. А жаніхоў няма. У сябра ягонага таксама адны дочкі незамужнія. Жылі ў розных вёсках, далекавата. Бачыліся рэдка. Сустракаюцца, здароўкаюцца. І адразу:
- Ці ведаеш, Стахван, якое гора ў мяне?
- Не кажы,Селівей, мая таксама нарадзіла.
Дзецяроб
У багатых-забагатых бацькоў была дачка. Дужа хацела дзіця. Яе супакойвалі, што трэба назьбіраць надта шмат грошай, тады наняць дзецяроба. Ён і зробіць дзіця.
Адлучыліся гэта некуды бацькі. Засталася дома адна дачка. Грукаецца нехта. Дачка пад замком. Пытаецца, хто грукаецца. Чуе ў адказ, што гэта дзецяроб. Дзяўчына й кажа, што не хапае яшчэ грошай на дзецяроба, не назьбіралі. А гэты нехта згодны бясплатна ўсё зрабіць, каб дзіця было. Адамкнула дзьверы. Прыходзяць дамоў бацькі, а дачка сьпяшаецца ім паведаміць радасную навіну: быў дзецяроб і ні капейчыны за працу ня ўзяў...
Сьвіны бык
Жылі суседзямі мужык з жыдом. Мужыкоў кнур раз убіўся ў гарод да жыда. Той з прэтэнзіяй:
- Іван, а Іван! Твой сьвіны бык парыў мая ўся бульба.
- У мяне няма ніякага быка. Ёсьць толькі кнур.
- Пад які там шнур. Ён парыў абы-як - і ўздоўж і ўпоперак.
У Курты пад хвастом
Адзін вясковец украў быка, асьвежаваў, пачаў варыць, а ўсё астатняе мяса схаваў у яму пад падлогай.
Прыехалі шукаць. Сядзіць малы галапузы. Участковы яму тыц пальцам:
- Пуп - наеўся круп.
- А вот жа бычыны.
- А дзе бралі бычыну?
- У Курты пад хвастом.
Сучка Курта якраз сядзела на падлозе, дзе яма. На тым сьледства й скончылася.
Даўно сьпяць
Выйшла дзеўка замуж. Ночы зімовыя даўгія. А прасьці ёй даюць дужа. Яна прадзе-прадзе дый прыгаворвае:
- А ў майго таты даўно сьпяць...
Але ў новай сям'і ўвагі не зьвяртаюць.
Ці даўно йдзеш?
Ідзе сабе маладзіца дый, як любіў казаць некалі Караткевіч, маскаля пускае, гучна страляе, бо навокал нікога. Але празь нейкі час вырашыла азірнуцца. За ёй ідзе мужчына.
- Ці даўно ты йдзеш, чалавеча?
- Адтаго, як ты першы раз рогнула.
Як ахвяравалася
Маладзіца ахвяравалася паўзьці ад хаты да царквы. Паўзе. А спадніца спаўзла. Ідзе чалавек дый пытаецца:
- Як ты паўзеш?
- Як ахвяравалася, так і паўзу...
Дзе два коміны
Пад час польскае акупацыі жаўнеры пасьвіліся самапасам. У Кавалеўшчыне, што пад Вушачай, дзе нарадзіўся бацька мой, жаўнеры панадзіліся да крыху заможнейшага кавалеўца. Пазнакай служылі сінія вароты. Бедалага, нарэшце, зьняў вароты, тады палякі кіраваліся ў хату, дзе два коміны. Комін зімой ня збурыш.
Шыла
Шавец наказваў жонцы:
- Калі памру й будзеш хаваць, пакладзі мне ў труну шыла.
- Што, й там зьбіраешся боты шыць?
- Ды не. Калі ты сядзеш на маю магілку сраць, каб мог я табе ў зад шыла загнаць...
Там і радзіма
Пасля вайны па фінансавай лініі працаваў недалужны, падсьлепаваты Пейсахоў. Зь яго звычайна нязлосна пакеплівалі, асабліва дзяўчаты, на якіх ён ласа пазіраў.
Перавялі Пейсахова з раёна ў недалёкі сельсавет. Прыязджае ён неяк у Вушачу. Яго й пытаюць:
- Ну, ці сумуеш ты па радзіме? (Гэта значыць, па Вушачы. Сельсавет чамусьці некаторым здаваўся ледзь не далёкай дзяржавай).
Пейсахоў прастадушна-тужліва адказаў:
- Дзе хлеб, там і радзіма.
Паслухалася
Галосіць жонка па мужыку, аж разрываецца і прыслухоўваецца, каб суцешылі. Нарэшце нехта з суседак паспачуваў:
- А досыць табе, Праксэда, убівацца, пашкадуй сябе.
Гаротніца плача, але ўжо весялей:
- Калі ж досыць, дык і досыць...
Стаіць
Хварэў дзед. Захацеў скароміны. Зарэзала жонка пеўня й паставіла ў печку варыць. Памёр, так і не паспытаўшы пявучага мяса. Стаіць кацёл за заслонкай. Плача баба нарасьпеў:
- А ты ж памёр, а твой пеўнік стаіць...
Такая й мазь
На калёсах мужык вязе Калініна. Колы нямазаныя. Рыпяць. Седаку гэта не па нутру. Вазак спыняе каня. Ськідвае порткі й проста на ўтулкі валіць. Калінін абураецца:
- Што ты робіш?
- Якая ўлась, такая й мазь! А не падабаецца - злазь!
Дай дзёрну
Маладзіцы трэба абкласьці магілку. Узяла яечак у кошык ды пайшла да пана па дзёран. Прыходзіць і просіць:
- Паночак, дай за яйцы дзёрну.
Пан, ня зразумеўшы каламбуру, шарахаецца ад маладзіцы.
Прыехала
У Вушачу прыехала прадстаўніца ЦК камсамола. Ходзіць важна адказная. Местачкоўцы заўважаюць:
- Прыехала нейкая с цыка й стрыбчыць сабе гэткай начальніцай... Сікша...
Пей!
Да лекара прыйшла жанчына ў гадах. Лекар гаворыць, як і належыць «вучонаму» чалавеку, толькі па-расейску. Ставіць шклянку з вадой дый кажа:
- Пей!
Жанчына й запела:
- Пасею гурочкі...
Лянько
- Лянько, на яйко.
- А ці аблупленае?
- Не.
- Тады еш сам!
Радзей
Сын прыслаў маці ліст, напісаны дужа ўборыстым почыркам, густа.
Маці й папрасіла ў адказ у лісьце: «Сынок, пішы радзей, бо вочы мае кепска бачаць...» І сын пачаў пісаць гады ў рады. Зразумеў маці.
Не па катлу
Выйшла замуж маленькая дзяўчына, як у нас кажуць, курдупэпачка за здаравілу. І меў гэты здаравіла ўручча нападоймішча. Зусім зьвялася. Усе са спачуваньнем казалі:
- Дзіва што! Не па катлу затаўчына.
У дзьве рукі
Сын маці рэзаў танюсенькую скібачку хлеба й падаваў, прыгаворваючы: «Пераймай, мамачка, у дзьве рукі, а то пераломіцца». Жонцы ж даваў у вадну руку ў паўбохана. Пра маці «рупіўся» болей.
Клёцка з вачыма
У местачковай жыдоўскай хаце. Малому паставілі нешта есьці. Аднекуль жаба скокнула ў талерку. Малы чуў пра клёцкі, ды ня часта, відаць, іх еў. Таму й крычыць:
- Мама, а мама. А ў клёцкі цвай воцкі й фір лапачкі.
Ні грому, ні пагрому
Дзядзьку з суседняй Кавалеўшчыны выклікалі ў суд, бо падазраваўся, што ўдзельнічаў у пагроме. Сьледчы пытае:
- Ты быў на пагроме?
- Сонца было ў дзьве ляхі. Узяў я пірага. Зьеў. Ні грому, ні пагрому - была чыста ясная пагода.
Зноў задае тое ж пытаньне й чуе той жа адказ. Пакуль не стаміўся.
Выйшаў дзядзька з суда дый сам сабе сьмяецца:
- Ах, сьледчы-сучка. Хацеў мяне вывесьці. Хрэн ты мяне выведзеш.
Мы з табой ішлі
Ішлі Янка з Янкелем і знайшлі торбачку. Янка, зразумела, ухапіў. Янкель стараецца давесьці спадарожцу, што ён узяў знаходку.
- Яначка, кажы, як было. Мы з табой ішлі?
- Ішлі.
- Торбачку знайшлі?
- Знайшлі.
- Торбачка пок?
- Пок.
- Яначка хоп?
- Не.
І так да бясконцасьці.
Я ж казаў...
У бедную хату госьць, як пажар. З апошняга выстранчыла, вымадзіла гаспадыня яечню. Малому хочацца есьці. Маці яму тлумачыць, што госьць пакіне, ня ўсё зьесьць. Госьць пачынае частавацца. Малы цераз каптур сочыць за кожным рухам. І калі госьць падчапіў апошні кавалак сала, малы ня сьцярпеў і загукаў на ўсю хату:
- Я ж табе казаў, што ўсё зьесьць. І зьеў!
Гэта замест салодкага - малечая гаркота госьцю.
Рэпертуар
Старцы хадзілі ад вёскі да вёскі. Сьпявалі такімі галасамі й гэтак жаласна-набожна, што словаў і ня разабраць было. Аднак нехта ўсё-ткі расчуў тэкст сьпеваў. А быў ён дужа ўжо няхітры:
Ой, ня так жа мы селі, як летась сядзелі,
Ой, ня так жа нам далі, як летась давалі...
Сучасныя эстраднікі падчас нагадваюць сваім рэпертуарам памянёных старцаў.
У космас
Вушацкі Пяцюша тым і жыў, што чысьціў сральні. На досьвітку касьмічнае эры ці пад паўдзён яе вядомы сваімі жартамі ягоны цёзка Трафімаў з сур'ёзным выглядам параіў Пяцюшу кінуць вядро й чарпак і падацца ў касманаўты. І плоцяць добра, і слава на ўвесь сьвет. Пяцюша адно запытаўся, а як гэта зрабіць. Жартаўнік кажа, што запісваюцца ў пасялковым савеце. Пяцюша й падаўся ў савет. Ды ў космас ня ўзьляцеў, а ў яму ад роспачы ледзь ня ўляцеў.
А нашто мне
Бабылка хадзіла па жэбрах. Хто кавалак даваў, хто хвост каўбасы, хто локаць суравога. Ды ў аднае хаце насыпалі ў торбу мукі. Жабрачка й галосіць:
- А нашто ж мне гэта мучанька, а нашто ж мне гэта горанька?
Бывае, што пададзенае горай за крадзенае.
Гонар даражэй
Вушацкім рыбакам зь невялікае арцелі прапанавалі разводзіць і лавіць люгашак. Самалёт мусіў адвозіць жывы далікатэс аж у Францыю. У мокрым мосе. Сьвежанькіх. Цана была прапанавана добрая. Здавалася, што тыя, хто прапановы такое ня меў, пазелянеюць ад зайздрасьці зеляней за люгашак. Ды рыбакі сказалі савецкае «не», як тым падпальшчыкам вайны. Яшчэ аракаў куды ні йшло. І дзяды й прадзеды былі рыбакамі, а не жабаловамі. Гонар даражэй.
Калі ўжо сышчыць?
Прыязджаю дамоў. А мама пытаецца ў мяне, калі ўжо Броўка сышчыць прэмію. Перад Ленінскай прэміяй нашага земляка радыё амаль штодня, дакладней, штораніцы давала перадачы, вядома ж, па-расейску, з нязьменнай рубрыкай: «На соискание Ленинской премии...» Бо кніга вылучалася ў перакладзе на расейскую мову. А ў гутарковай мове сыскаць, значыць спагнаць нешта сваё, пазычанае ці ўкрадзенае некім. І, відаць, перадачы радыё гэтак знадакучылі маме, што яна й запыталася ў мяне каламбурна.
Слабы зрок
Унук паказвае бабулі сшытак:
- Ці добра я напісаў?
- Дрэнна.
- Цяпер, бабуля, я сапраўды бачу, што ў цябе слабы зрок.
Злаўлю!
Троху прыдуркаваты бегаў па даваенным мястэчку й крычаў:
- Янкель, купі шчупака.
- Дзе ён?
- Злаўл-лю-лю!
Развагі
Муж, які зьмяніў шмат жонак, бо паміралі, суцяшаў сябе:
- Бог узяў босую, а я ў чаравічках вазьму.
Другі муж, у якога таксама часта мерлі жонкі, даводзіў у рыфму:
- Чым мне Бог сагразіў, што я поўну клець скрыняў навазіў?
Можна таўчы
Сыны пажаніліся. Жывуць пры бацьку. Старэйшы брат нежанаты. Устае ды йдзе да стала сьнедаць. Жанацікі яму:
- Чаму рукі ня мыў. Можа, трымаўся.
- Маім яшчэ можна кашу таўчы, гэта ня вашыя...
Могуць на хаду
Мама казала:
- Што цяперашнія за танцы. Труцца перадамі, як рыба ў нораст. На хаду могуць дзіця зробіць.
А ці ўмее
Суседка старая да мамы, гледзячы на сынавую:
- Дачка ці нявестка. Драбненькая, маладзенькая. А ці ўмеіць яна жаць?
Матырынцы
Матырынцы трывала ўвайшлі ў показку: «Цалуй тата маме ў сраку, - матырынцы рог укралі». Што гэта быў за рог - у показцы ня тлумачыцца. Але па ёй можна пазнаць, ці карэнны вушацкі чалавек, ці наезджы. Неяк ехалі з «Прарыву» з Васілём Быкавым. Па дарозе вёска Вугрынкі. Васіль меркаваў, што маглі быць першапачаткова Бугрынкі. Прагаласавалі дзяўчаткі. Узялі іх у аўтобусік наш. Пытаюся, што зрабілі матырынцы? Толькі адна сарамяжліва заўсьміхалася.
Пра матырынцаў ёсьць яшчэ вушацкае паданьне, як яны архірэя прымалі. Вырашылі пабудаваць туалет, ды ня абы-які. Калі высокі госьць зробіць усё, што трэба, прылада накшталт сучаснай шчоткі для мыцьця падлогі з наматанай мяккай анучкай павінна адпаведнае месца выцерці. І ўсё адбылося, як задумана было. Але ўжо так упадабаў архірэй абслугоўваньне, што нагнуўся паглядзець, як жа гэта ўсё робіцца. Чалавек, які стаяў недзе ўнізе ў яме ці збоку, вырашыў, што нячыста выцер, і правёў гэтым, так бы мовіць, квачом архірэю па губах. І да сёньня ніводзін архірэй ня прыязджаў болей да матырынцаў, якія рог укралі. Праўда, ёсьць яшчэ прыгавор: прасіце, матырынцы, прыеду сьвянціць. Нібыта гэта сказаў усё ж на разьвітаньне ўгневаны архірэй.
Разьвіталася
Прыйшла маладзіца на споведзь. А бацюшка яе й пытае:
- Ці ласкава ж ты разьвіталася-папрашчалася з мужам сваім?
Маладзіца адказвае, што ня было часу калі разьвітвацца. Бацюшка раіць пайсьці і па-добраму разьвітацца з мужам, каб Бог усе грахі дараваў. Бо чалавеку ў злосьці ў царкве грахі ня адпушчаюцца.
Пабегла маладзіца раз, нешта буркнуўшы свайму мужыку, пабегла другі, пабегла й трэці. Усё вяртаў яе бацюшка, кажучы, каб палюбоўна разьвіталася. Прыбегла апошні раз пад вакно й пракрычала хуткамоўкай:
- Прашчай, пранцавей, каб цябе балесь забіла! Час сьцёрла, лапці зьдзёрла і ў споведзі ня была!..
Дай Божа!
Да сьвятара прыйшла дзеўка-перастарак. Як у нас казалі, яна на высадкі засталася. І дапытваецца ўсё ў айца, ці выйдзе замуж. Ён глядзіць на несхлямяжую дый прагаворвае:
- Дай Божа, дай Божа, ды ня ведаю...
Талкуёчак
У Вушачы, дакладней у «Пралетарыі», ў адной сям'і была мянушка Талкуй. Ніхто ня ведаў сапраўднага прозьвішча гаротнікаў. Адзін з Талкуёў цёпла прыжаніўся ў суседняй вёсцы. Зажыўся. І ў базарны дзень прывёз у Вушачу прадаць бараніну. Кожны хацеў ласейшы кавалак. Каб з ныркай капусту варыць, марыць шмат ня магло, але ня хацелася ж нікому і голых касьцей. І пачалі паддобрывацца ці, як у нас кажуць, падхлеблівацца:
- Таварыш Талкуёў. Даражэнькі Талкуёчак...
А ён толькі болей халяруе.
Цясютка
Вушача была партызанскай сталіцай. У Леплі стаяў нямецкі гарнізон. Адпаведна й частка вушацкіх паліцэйскіх там была. Пасьля вайны былыя вушацкія партызаны панадзіліся ў Лепля па кароў. Прызнавалі сваіх. Часам і чужую карову за сваю прызнавалі. У Вушачы жыў Сімкін. І ён вырашыў «прызнаць» карову. І прызнаў. Але гаспадыні ня надта каб хацелася аддаваць сваю кароўку ў чужыя рукі. Справа дайшла да суда. У Сімкіна й пытаюцца:
- Чым вы можаце давесьці, што карова вашая?
- Я ёй кажу: цясютка, а яна мне ў адказ: мммууу...
Туды й чапляй
У Вушачы было дзьве маці-гераіні. Абедзьве былі вясёлыя й вострыя на язык. Іх так і звалі - гераіні. Аднае зь іх трэба было ўручыць адпаведны ордэн. Даручылі намесьніку старшыні райвыканкама, крыху сарамліваму не па пасадзе. Віншуе гераіню і чапляе ордэн. Яна:
- Куды ты мне чапляеш?
- Ну, вядома, на грудзі.
- Чым заслужыла, туды й чапляй!
Відаць, і ты...
Ажаніўся бедны з яшчэ бяднейшай. Зжыліся, як кажуць, на самоў хвост. Прыйшла вясна. Ідзе жанацік, а яго ветрам у бакі водзіць. На траву выйшаў бычок. Схудалы. Скура ды косьці. Глядзеў-глядзеў на яго жанацік дый кажа:
- Відаць, і ты, бычок, жанаты...
А ты лыжачкай
Завітаў у хату салдат. Маладзіца засмажыла служываму яечню ў калена, як кажуць вушацкія. Паставіла на стол. Пасадзіла разам з салдатам і сынка. Сама завіхаецца каля печы (так і рупіць ужыць гэтую класічную фразу з нашае побытнае прозы). Ледзь малы памкнецца да патэльні, госьць коле ягоную руку відэльцам.
Малы крыўдзіцца:
- Мама, мама, а салдат відэльцам.
- А ты, сынок, лыжачкай...
Ні кашкі, ні малачка
Зайшоўся салдат да маладзіцы пераначаваць. Здарожыўся. Сядзіць. А насупроць яго гаспадыня ў адной спадніцы бяз нічога сподняга і ў вясёлай паставе. Гаспадыня й пытаецца ў падарожнага, што яму даць, ці кашкі, ці малачка. Салдат адказвае:
- Ні кашкі, ні малачка, толькі сядзі, бабка, як сядзела...
Як сонца падымецца
На ільнозавадскім пасёлку жыў Піліп. Скрыпач. Ахвотнік да маладзіц. Суседская дачка была як дзьве кроплі вады падобная да ягонай. Жонка была западлівая. Казалі, што калі песьціла ў ложку Піліпа, на сэрца клала мокрую анучку, - каб сэрца ў жонкі ня стала, а хлапчукі, падобныя да Піліпа, нараджаліся ў маладзічак. Ды гады пачалі браць сваё. І пайшоў Піліп у Вушачу расстарацца вады ад немачы. Знахарка, якая лічылася такой, была вясёлая на язык. І параіла. На ўсход сонца стаць, спусьціўшы порткі. Як сонца пачне падымацца, і ўсё астатняе таксама...
Абы цяляткі
У аднаго вушацкага доўга ня было дзяцей. Нарадзіўся сынок. Радасьць. Ды злыя на язык хацелі ахаладзіць шчасьлівага бацьку, намякаючы, што ня ён творца. І адказаў гаспадар нядобразычліўцам:
- Чые бычкі ні бычкі, абы мае цяляткі...
Ня езьдзіў на валах
Вушацкі сувязіст Апёнак ставіў громаадвод у калгасе былой Заходняй вобласьці. Мяжа йшла ў нас дужа недалёка. Нахапіўся вечар. Апёнак сабраўся йсьці дамоў. Старшыня кажа: вазьмі ровар і едзь. Сувязіст аднекаўся, бач, лепей пехатою пойдзе. Назаўтра скардзіцца старшыню, што замарыўся, пакуль дамоў дайшоў. Старшыня напамінае пра ровар. Апёнак гаворыць, што ён на валах ніколі ня езьдзіў. Старшыня тлумачыць - ровар ня вол, а веласіпед.
Апёнак злуецца:
- Так бы й казаў, што веласіпед. А то ровар, ровар. Падумалася мне, што гэта вол.
Перажывём неяк
У Вушачы быў, так бы мовіць, мастак, што ў асноўным піў, як у бот ліў. Часам на чарніла (фарбы былі казённыя) зарабляў, ледзьве пэцкаючы няхітрыя савецкія плакаты раённага маштабу ды афішы, калі якое кіно будзе. Сустракаю гэнага мастака пад час хрушчоўскае кампаніі барацьбы з фармалістамі й абстракцыяністамі. Як і належыць - пьяны-пьяны. Суцяшае сябе й мяне за кампанію:
- Ну, нічога. Нас усіх б'юць, перажывём неяк.
За свае грошы
На прастольнае савецкае сьвята ўдзельнік вайны валіцца абліччам у лужыну, падымаецца ды зноў у тую ж лужыну. Жанчына заўважае:
- Божа, сіла твая сьвятая! За свае грошы так мучацца.
Моўчкі
У раённай вушацкай гасьціньніцы ніяк ня можа ўгаманіцца п'яная шафярня. Раве музыка. Жанчына, слабая на нервы, крычыць:
- Дайце жыць!
- Жыві моўчкі! - чуецца ў адказ.
Скрабок
Мужык быў падмяталам. Жонка цьвялілася зь яго, іначай як скрабок і ня звала. Ня вытрываў, такога чосу даў, гаварыць жонка ня можа, дык хоць кіпцюрамі шкрэбае па падлозе. Усё роўна - скрабок!
Прынёс
Пастухі пасуць авец. Раніца. Туманок. З хмызу падкраўся воўк дый ухапіў ягнятка. І ўцякае з дабычай на сьпіне ягнятнік. (Мама некалі мне тлумачыла вузкія прафесіі ваўкоў. Той, які коней рэжа - канятнік, жарабят - жарабятнік, на гусей палюе - гусятнік.) А пастухі галёкаюць з двух канцоў:
- Ці гэта воўк?
- Аняго ж (ідзе ўстойлівы выраз) заяц.
- Ці ён панёс?
- Аняго ж (зноў той жа выраз) табе прынёс.
Пакуль турукаліся, шэрага й сьлед прастыў. Разважлівы вушацкі характар ня заўсягды карысьць прыносіць.
Ня круг
Вушацкія любілі прыгавор: «Куме мой, куме, дурны твой вуме. За аднаго абеду сем вёрст еду». Казалі й пра такіх, у каго ў роце мухі жэняцца: каша ў печы, а малако ў клеці, дык у клець з кашай па малако хадзілі. І сапраўды - старцу вярста ня круг.
Толькі з панам Богам
Пасьля вайны ў Заходняй Беларусі шмат хто імкнуўся паехаць у Польшчу. (Хоць пасьля пісалі: ожэл бялы, але жонд радзецкі). Агітатарам з Усходняй было дадзена заданьне чыніць перашкоды. У бальшыне сваёй ад'язджанцы гэтыя былі палякамі касьцельнымі. І вось на адным сходзе ўшацкі актывіст вырашыў пасадзіць маладзіцу ў галёш. Просіць:
- Ну, калі ты полька, пагавары са мной па-польску.
Маладзіца адсекла:
- Па-польску я толькі з панам Богам размаўляю, а з такім чортам як ты й гаварыць ня хачу.
Зала грымнула рогатам. Агітацыя была зьведзена на нішто. Атрымалася па Марксу: сьмеючыся, чалавецтва расстаецца з сваім мінулым.
Каб яшчэ кудзеля...
Маці хварэла. Дачка прала кудзелю. Кудзелю спрала. Маці памерла. Дачка галосіць:
- Каб яшчэ кудзеля была, дык мая мамка б жыла...
Ня носяць запазухай
На вушацкае зямлі гэтулькі камянёў, аж людзі вераць, што камяні растуць. Было, цэкоўскі інсьпектар адвячоркам пасьля абеду, які ў вячэру перарос, едучы ў райкомаўскай машыне, хваліў начальства за такую ўвагу да авечкагадоўлі. Яно й на цьвярозую галаву ў тумане валуны лёгка за авечак прыняць.
І дагэтуль распавядаюць, як нехта ехаў на працу ў наш раён з Магілёўшчыны ды браў з сабою два камяні - гнёт на гуркі, на капусту. Яму адразу параілі выкінуць, бо на вушацкае зямлі камянёў хопіць на ўсё. Толькі камень запазухай вушацкія ня носяць.
Дзеці вінаватыя
Шляхцянка ў касьцёле трымае малітоўнік дагары нагамі. І суседка, якая ўмее чытаць, пытаецца, чаму пані так малітоўнік трымае. Шляхцянка адказвае:
- То дома дзеці пшэвруцілі.
Ненармальны
Нехта з вушацкіх шафёраў паехаў у суседнюю Смаленшчыну (яно, калі верыць царскім картам, дык Смаленшчына ня суседняя, а нашая, беларуская), але забыўся ўзяць з сабой папаску. Заўсягды ж ня забываўся, асабліва калі ехаў у Расею. Прыехаў. У вадну хату, у другую - просіць, каб што прадалі: ці масла, ці яек, ці сала. Як на марсіяніна глядзяць за такую просьбу. Нарэшце, калі ногі прыбіў да самага азадку, нехта зьлітаваўся, дый паслаў у канцавую хату: «Там ненармальны жыве». А ненармальны, як выясьнілася, таму, што трымае сьвінчо, курэй, нават кароўку. Ён зь Беларусі пераехаў. Зямляк.
Палатунак ня па зубах
Пра вайну 1812 года распавядалі ў Кавалеўшчыне. Холад. Голад. Маладзіца зь дзецьмі сядзіць у нейкае яме. Прыходзіць галодны француз, жэстамі даводзіць, што хоча есьці. У маладзіцы ў глінянай місе камянькі, падае французу. Ашалела зірнуўшы на гэтакі ня па ягоных зубах палатунак, француз, як любяць пісаць нашыя эпапеісты, падаўся ў бок лесу.
Дзякуй
У Кублічах у ваднаго жыда сын ускочыў на каня й хацеў праскочыць празь мяжу. Яна йшла побач з мястэчкам. Памежнікі схапілі ўтрапёнца. Прыбег бацька й пачаў шчыра:
- І дзякуй вам, таварышочкі, што затрымалі майго баламута. Ён жа, дурань, мог, ня давядзі Бог, у Польшчы апынуцца.