Рыгор БарадулінСловы матчыны з Вушаччыны(кніга «Здубавецьця»)
Ня хваліся сеўшы, а хваліся зьеўшы.
Той самы блін, ды ў рэшаці.
Ня выходзіць у Хадоры тры бліны.
Хваціў кашу шылам.
Лёг ня еўшы, ўстаў ня спаўшы.
Пайшла сучка баразной.
Цалое, малое, большае папалам.
Так ня так, ператакаваць ня будзем.
Беднаму Іваньку і ў п..дзе каменьні.
Як увойдуць злыдні на тры дні, дык і за сем год ня выганіш.
За тры гады боты, як перуном, спаліла.
Пашкадаваў воўк кабылу - пакінуў хвост ды грыву. Ці будзіць яна жыва?
Высьпеіць касьцянка - высьпіцца шляхцянка.
Карову б'ець зык, а бабу бабскі язык.
Новае сітца пакуль навісіцца, а як навісіцца, дык і пад лаўкай наляжыцца.
Якія мы самі, такія нашы й сані.
Пазайздросьціў х.. лапцю.
Надаела сабачай лапе ляжаць на стале, дык хай пад сталом паляжыць.
Чаго б сьляпы плакаў, каб сьцежку бачыў?
Хоць сабачына, абы вочы ня бачылі.
Ня было мяса, і п..да ня закраса.
У дурной птушкі дурныя песьні.
Запытала зіма, дзе ты лета быў.
Ня быць казе на лазе, ня есьці ёй брэду.
Зарадзіў Бог чалавечка - ні баран, ні авечка.
З кім ня рос, таму ня дзьмі ў нос.
Ня купіў бацька шапкі - хай галава мерзьніць.
Вашапруд на кут, а добраму чалавечку добра і ў запечку.
За гарой табе Насярэйка кланяўся.
Красавіца, што з-пад стала кусаецца.
І тыя хвалілі, што цераз шлеі валілі.
І качачка казала: ты-ты-ты-ты...
Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!
Бліны з падскокам.
Спара ў дзяжу, і сын на вясну!
Дай, Божа, сесьці на шчасьлівым месьці.
Хорша, Базыль, ня рассыпай табакі.
Хорша, тата, ня ўдавіся.
Каб шырэй ступаў, дык на чарку б папаў.
Сядзь, хай ня вісяць, адарвуцца - разаб'юцца.
Забірайце збрую і едзьце к х...
Калі ты курэц, дык і май свой тытунец.
Дурны, дурны, а скваркі любіць.
Яму гавары, а ён брык дагары.
Пазыкі ня ходзяць бяз'языкі.
Глядзеўшы з рук, зробішся, як крук.
Няспадзеўкі - дзіця ў дзеўкі - жох.
А я жох сваё з запазухі.
Няўлад мая сучка - за хвост ды на плечы.
Толку, як з кілы мазгоў.
Раньняя птушка цярэбіць дзюбку, а пазьная - вочкі.
І няўмека пячэць, як з засеку цячэць.
Ня лезь жаба, дзе коні куюць.
Хлібай, ня дбай, хоць жыдка, ды многа.
Хоць сучку, абы грошы кучку.
Людскі рот - ня гарод, ня паставіш плот.
На чужы раток ня накінеш нараток.
Ня будзь ні войтам, ні сватам, ня будзеш чалавекам праклятым.
Сам чорт адступіўся.
Разьеўся, як шыла.
З вялікіх выбораў - лапці ды абора.
Нагінаючыся, ня нацалуешся.
Абыходзімся мы бяз таго Гаўрылы, што каля нас ня жывець.
Фіц выйграў, фіц прайграў.
Дзесяць гадоў нявестка зжыла й ня ведала, што сучка бяз хваста.
Што ня гожа, тое няпрыгожа.
Матка ня знаіць, што цялятка рыкаіць.
Нечага козамі сена псуваць, яны й лыкі зьядуць.
На гора й сядун - дзіця.
На чужое шчасьце й мухай ня ўпасьці.
З гора кот капусту есь.
Ні з колам у горла.
Грозен рак, ды ў срацы вочы.
Плач, галасі - рады ня дасі.
Падняўся вышэй папараці.
Усюды гож, як шавецкі нож - і боты шыць, і бульбу крышыць (скабліць).
Худы, як склезень.
Сыты, як рыдзель (як брысік).
Мурзаты, як заткала.
Халодна, як у ваўкаўні.
Мокры, як мачонка.
Ссох, як майскі венік.
Сыт, хоць нажы вайстры на ім.
Дай Божа ў найме людзям, ды ня мне.
Хочаш мець злосьніка - пазыч грошы.
Аддай рукамі, а хадзі нагамі.
Даюць, ды з рук ня пускаюць.
Дзе няма роста, там няма й прыгоства.
Дабрахвочы глядзіць скупому ў вочы.
Садраць, як чорт за бацьку.
Лепей касіць касой, чым дугой.
Смакам, смакам, смакаўно, а ўсё ж лепей за гаўно.
Ва ўдавы два наравы, а ў удаўца бяз канца.
Зьбялеў, як ліпа.
Біся, сварыся, а на дабрыдзень слова кінь.
Чужога рабёнка хоць маслам масьлі, а ён дзёгцем усё роўна сьмярдзіць.
Каб табе даў Бог здароўя з жабіны прыгоршчыкі.
Чужое дабро возьміць (бярэць) за рабро (вылезіць праз рабро).
Кароўка - мамка, а сала - ямка.
У каго няма статку, у таго няма і ўпадку.
Цяжка толькі пачаць, а кінуць ураз.
На від мужык хоць лапаць, абы жыць - ня плакаць.
Каб госьці ня селі косьцю.
Галодны, як воўк жаробны.
Разгуляўся, як сабака ў торбе (у мяху).
Любіў бы Грасім, каб чорт грошы насіў.
Журавы паляцелі - палудзень панясьлі.
Малады - першую галаву на карку носіць.
Еш, пакуль ня запяеш.
Ня круці духамі.
Усім кагалам і бацька з жыгалам.
Якая жонка ды ня жонка, а ўсё ж лепі за парасёнка: хату адчыніць і зачыніць.
Хоць насяры ды ўтапіся.
Тры п...ы попелу ня варты.
А дзе ж тое дзелася, што ў штанах вярцелася?
Жыць будзеш, але ня захочаш.
Няма чаго маліцца, калі з запазухі валіцца.
Згаварыўшыся, і бацьку можна забіць.
Як зяць на парог, дык цешча за яйцы.
У яго ў роце мухі любуцца.
Тады мужык з жонкай сварыцца, калі ў катле трасца варыцца.
Кармі гаўном - заб'еш гальнём.
Гонкая дзеўка, хоць на ёй вішні абірай.
Даўгі, хоць сабак вешай.
Жывіце, як брацьці, а рахуйцеся, як жыдзьдзі.
Хлеб на стале - рукі свае.
Каб цябе порах узяў.
П'юць так, што сабакі морду ліжуць.
Пакуль па каню, па аглоблі скарэй.
Ня бачыўшы цэлага, і лапленаму рад.
Сіраце даварыцца ў жываце.
Дзяўчына, як жалуд.
Хай той плачаць, хто бярэць, хай той скачаць, хто ідзець.
У Бога дзён ня рэшата.
Каму рупіць, таму й вочы лупіць.
Дайце Саўку спраўку.
Мазгі ў ствол пайшлі.
Служы верна й крадзь памерна.
У яго даўгоў, як у зайца ламоў.
Ня слухаіць, хоць ты яму вуха выварачавай.
Дзьве бабы й Тумаш - поўны кірмаш.
Ня налечышся, а скалечышся.
Дзе дзіцё адно, там заўсягды ня ладно.
Адна жаўна й тая з гаўна (адно жаўно й тое з гаўно).
Пагода, аж трасецца.
На воўка памоўка, а мядзьведзь спадналуску.
Ждала, ждала й жданкі паела.
Каб усё было на піндурах.
Ня перадкуй, як сабака перад пастухом.
Корчыцца, як скурат на агні.
Нас ні вада ня размыіць, ні сьвіньня ня разрыіць.
Жывець шэртам, вэртам, перавэртам.
Ежа - толькі шалёнаму сабаку на хвост выліць.
Ядкі на зуб.
Перад сячэць, а зад валачэць.
Калі ж будзе тое лялё?
Далёка пьяны гойкаў.
Воз ня воз - на семярых падвёз, а мне й досіць.
Па Пахомку шапка, па гаўну й пакрышка.
У мяне кароткі завароткі.
Яму не калёсы занасіць.
Чалавеча, ці ёсьць у цябе галава на карку?
Пацалуй мяне сягоньня, а я цябе заўтра.
Сваё сонца і ў попеле відно.
Ня знайшоў шчасьця зраньня - ня шукай яго на зьмярканьні.
Кожная пачвара знойдзіць сабе пару.
Заяц ня трэплецца.
Заяц, і той злосьць маіць.
Кожнаму дразду па сваім гнязду.
Х.й начаваў, а другі прасіўся (нічога няма).
Ён табе ня шыш-варона й ня кукуй-заяц.
Стаяць ні на жары, ні на вары.
Завіло ў матылях.
Рабі, рабі, а дзюра мала.
Ня бачыў ты яшчэ савы смаленай.
Жыву, нічога ня маю, але й з вазоў ня хапаю.
Яму стала ні па каню, ні па аглоблях.
Ня хухры-мухры, а рух-рух.
Глядзі, зробіш кісла.
Засьмярдзіць пад сталом, запахніць на стале.
Багатым быць маю надзею: прадам сучку ў нядзелю.
Сава відна па палёце, а сакол па паглёдзе.
Даць уносьніцу (улычніцу).
Багаты на кані, а махляр на сьвіньні - і махляр перагоніць.
Застаўся толькі дух ды пятух.
Пішчыць, як сьвіньня ў пярэплаце (у друках).
Ня нашага носу палосу.
Лепі першы гнеў, чым апошні.
У гневаша (надуцькі) губы тоўсты, а срака тонка.
Заробіць стыдніцу.
Свая рука ня сука.
Устаў, яшчэ чорт у кулачыкі ня біў.
Былі б пабразгачы, будуць і паслухачы (паслугачы).
Хадзіць у панібрацці.
Гдзе тылькі фэст, там пан Юзаф ест.
Ні каровы, ні каня, жыву сабе, як паня.
Хоць альховы, ды смаляк.
Чым поршы, тым горшы.
Вось твой хамут, вось твая дуга й я табе болі ня слуга.
Такая праўда, што сучка дзёгаць зьела і ў ляпе бела.
Мяне на работу ня хвалілі, але й на ежу ня ганілі.
Загарэлася бяроста ў срацы.
Малы - з чорта пералетка.
Набойнае шыла танна каштуіць.
Ня падпускаць ані на храбт.
Таўстая, як кукамі зьбіта.
Лепі палавы хлеб, ды першы, чым другі пшонны.
На базары й бык цельны, і певень зь яйцом.
Ня быў ты на смычковым пераезьдзе.
Ня столькі брагі, колькі зьвягі.
Золата з гаўном змолата.
Язык бяз косьці, што захочаць, тое й хвосьціць.
Пакуль лес адзенецца, невядома, дзе хто дзенецца.
Лежань ляжыць, а яму доля бяжыць.
Па дастатку пякуць букатку.
Хоць наўздагон, ды навыперадкі.
Крычала, крычала: «Падай патарчала!»
І да мяса трэба закраса.
Дзярэцца, як жаба на крэў.
Мужык так гаруіць па жонцы, як баба па іголцы.
Ці мужык памёр, ці праньнік сплыў.
Будзіць горка - праплююць, а салодка - праглынуць.
Краса пракрасіцца, а розум прыгадзіцца.
Саламяны мужык і залатыя дзеткі, а ня прамяняеш.
Вон! Каб і вонках ня было.
Дурны, аж круціцца.
Па малаку ног ня павалаку.
Калі сяродка поўная, тады й канцы йграюць.
Зьбіраецца, як сьвёкар полкі (пялёнкі) паласкаць.
Баба, як ракіта, прыжывушчая.
І сьвяты б паскакаў, каб гарэлкі паспытаў.
Асіна ня лясіна, каза ня скаціна.
Ад чаго яму стала, ад круп ці ад сала?
Ня хочаш расказваць - нясі ў кішані.
Усё ж ня з-за вугла, а з-за стала.
Бог ня слухаіць, што сьвіньня рухаіць.
Зайшоў за Дунай і дамоў ня бувай.
Каб ня еў, ня спаў, у Амерыцы б стаў.
Будуць бліны каля Дзьвіны.
Гаршчок гаршку ганьбу даець, а абодва дзюравыя.
Чмут-беламут, у чортавы лапці абут.
Бягом, горб ушчаміўшы.
Як з піпкі выгарыць.
Прыйшоў з сяла, гоніць з двара.
Што ўбіў, тое і ўехаў.
Кожны сабе мякашом, а другому коркай.
Ніводная гаспадыня пад пяколам ня здохла - усе жывуць.
На балючыя вочы пароша валіцца.
Калі гаспадыня з голаду памрэць, дык яе пад прыпечкам пахаваюць.
Ня хаці ты ракаў і ня мачы ты сраку.
Памог, як кашаль кольцы.
Густая каша дзяцей ня разганяіць.
Дабранач - усе блохі нанач.