...каханая, як цяжка без цябе.
Без погляду твайго, твайго кахання...
Згараю ў полымі гарачага дыхання.
Ці ажыву я зноўку у святой мальбе?!
Адкуль прыйшлі да мяне гэтыя радкі, я не ведаў.
Яны нарадзіліся самі, без майго жадання. Пісаць іх я не збіраўся, толькі ў думках нашэптваў словы. Падумалася: а мо хто падслухаў мае радкі і паклаў іх на паперу. Але хто?
Верш я знайшоў у сваім стале. Замок у мяне быў адмысловы, і ніхто не мог адкрыць шуфлядку. Раніцай, калі адкрыў яе, убачыў зверху жоўты аркушык паперы. Чатыры радкі былі напісаны невядомым мне чарнілам.
Непакоіла хіба адна думка - хто вадзіў маёй рукою? Ці не ты, Ойча? Усёмагутны і Ўсёмогучы Божа! Калі ж я пачаў першыя радкі, памажы дапісаць астатнія. Толькі на Цябе мая надзея...
... каханая, як цяжка без цябе...
З маіх душэўных нетрыскаў не выходзіў нясцерпны боль.
Мне не было вядома, калі ён нарадзіўся.
Мройна памятаўся нядаўні сон. Каляровы сон. Ён прыходзіў да мяне не раз і раней. Бачыўся адзін і той жа малюнак: зялёна-ружовы, у кветках, луг; крумканне жаб і гудзенне пчол; малочная квецень вішанніку... Адмысловыя пялёсткавыя карункі на маіх вачах пачыналі ажываць, надзімацца, і тады яны адрываліся ад галін і імкнулі ў блакіт неба, каб стаць аблокамі і далучыцца да іншых...
І вось з гэтага казачнага хараства - з гукаў і пахаў вясны, з маіх думак і жаданняў, з майго трызнення і радасці прадчування ўзнікаеш ты, нараджаючыся з небыцця, з нічога. Ты крочыш мне насустрач - жаданая і казачная, расхінаеш, бы крылы, рукі - ці то хочаш узляцець з гэтага дзівоснага лугу ў бездань неба, ці то імкнешся да мяне, каб агарнуць сваёй пяшчотай...
Ты не прыйшла на сустрэчу на другі, і трэці, і чацвёрты дзень... Штовечар я наведваўся на нашае месца сустрэчы, чакаў да поўначы тыдзень і другі, але ты не з'яўлялася.
Ведаў, што вельмі завінаваціўся перад табою. Пакрыўдзіў неасцярожным словам, параніў позіркам тваё сэрца. Не ведаў, якім чынам выправіць памылку, чым і як замаліць сваю віну.
Ад невядомасці ў мяне разрывалася сэрца.
Я думкава дасылаў табе словы роспачы, пытаўся ў Бога, чаму ты так жорстка абышлася са мною. Не верылася, што больш ніколі не ступіш крок насустрач...
Потым быў вымушаны ляцець самалётам на Кіеў. У камандзіроўку. Мяне цікавілі матэрыялы ў архівах, што тычыліся Вялікага Княства Ліцвінскага.
Мо за гэты час ты і прыходзіла, не ведаю...
Праз тыдзень я вяртаўся на «ТУ-104» дадому...
Таму не паверыў, калі ты з'явілася перада мною ў мройным тумане. Перакананы быў - прывід.
Але міжволі раблю некалькі крокаў табе насустрач і гэтак жа ўскідваю рукі, каб злавіць цябе, атуліць і ніколі ўжо не выпускаць са сваіх рук, упусціць у сваё сэрца і не выпускаць больш на волю... Хацелася зрабіць цябе вязнем замка Кахання, сваёю ўласнасцю, сваім дарагім і неацэнным прыватным шчасцем. Памятаю ж: у хвіліны свайго найвышэйшага ўзлёту душы ты, перапоўненая жаноцкасцю і асалодай, прамовіла:
- Я тваё кацянятка, якое заўсёды будзе вуркатаць табе над вухам і прыносіць толькі радасць...
Ты памкнулася мне насустрач. Неяк лёгка адарвалася ад зямлі і ўжо не ішла, а ляцела, бязважкая, - і трапіла акурат у мае абдымкі. Але я не паспяваю прытуліць да сябе - во дзіва! - ты прайшла скрозь мяне. Твае ногі прайшлі праз мае ногі, рукі - праз рукі, галава - праз галаву. Толькі два сэрцы не сустрэліся адно з адным: палавінка твайго засталася ў маёй грудзіне, а мая палавінка засталася ў цябе...
Твае косы аксамітным шлейфам яшчэ доўга абвівалі мае грудзі, плечы і шыю, калолі нябачнымі іголкамі... Ці то ты сама, ці то шолах тваіх кос шапталі нейкае загадкавае для мяне слова:
- Ахута... вана... ахутавана!..
Я сілюся паўтарыць гэтае дзіўнае слова - як быццам хто прымушаў тое рабіць, - але мае губы не варушацца, яны здранцвелі і зрабіліся нежывыя - як і не мае, як быццам дакторка Перліна зрабіла мне ўкол-замарозку, каб палячыць хворы зуб, і навакаін скаваў мне язык...
«Аху... та... ва... аааа» - паўтараў толькі думкава, запомніўшы гэтае загадкавае і чароўнае слова.
Спрабую павярнуцца, каб паглядзець, як гэта ты змагла прайсці скрозь мяне (ці я праз цябе?), але ў мяне нічога з таго не выйшла - я як скамянеў, не мог пашавяліць ні рукой, ні нагой...
І тады мяне ахапіў жах. Я памятаў, калі мае кашмары ў снах пераходзілі за мяжу майго цярпення, я звычайна ратаваўся крыкам аб дапамозе і прахопліваўся.
Тут жа было ўсё інакш...
Мяне ахапіў страх. Ён не перарываўся, наадварот, узмацняўся яшчэ больш і больш. А пасля ўжо я і зусім нічога не разумеў - раздзяліўся на дзве палавіны. З мяне ўжо выйшаў... хто?! Я выйшаў з сябе? Божачка, ці можа быць такое не ў сне?
А тое, што то быў не сон, ведаў дакладна...
Я бачыў сумны позірк майго другога «я», але ён чамусьці не заўважыў мяне, бо глядзеў, як павярнуўся да мяне, скрозь мяне. Калі ж я прасцярожліва дакрануўся да пляча, то не адчуў яго - мая рука праляцела ў пустэчы, ні за што не зачапіўшыся. У мяне не было рук? Ды што рук, у мяне зусім не было нічога - ні рук, ні ног, - анічога! Я быў бесцялесны. У тым я пераканаўся, калі паглядзеў у люстэрка - адлюстравання свайго не ўбачыў...
Божа, што са мною адбылося?!
А я не адрываў позірку (чым жа я мог глядзець?) ад свайго двайніка, майго другога «я». Ён падняў павольна нагу і апусціў яе, потым гэтак жа другую. Тое чамусьці напамінала мне тых салдатаў, што неслі ганаровую вахту ля мармуровага скляпення сатаны...
Толькі праз нейкі час ногі сталі спружыністымі, гнуткімі. Але імі ўжо я не кіраваў - у мяне было сваё асабістае асяроддзе і біяполе, свае пачуцці і адчуванні.
Што адбылося ўсё ж са мною? Трагедыя? Здзек? Злы выпадак?
Праз якое паўгадзіны я ўжо не адчуваў ні страху, ні боязі. Нават цікаўнасць пакінула мяне, і я ўжо амаль перастаў задумвацца над сваім становішчам.
Мне стала нечакана лёгка. Незвычайна лёгка. Быццам хто ненарокам скінуў з маіх плячэй неймаверны груз, які прыгнятаў мяне ўвесь час, прыціскаў і згінаў да зямлі, згінаў у дугу, каб я быў падагнаны пад стандарт паставы раба.
Я шмат гадоў згінаўся, амаль навучыўся складвацца, як сцізорык, і ўкладваўся ў тыя пачварныя рамкі пракруставага ложка, які прызначаўся кожнаму з нас яшчэ з пялюшак... Каб жа той сатана-творца пакінуў у нашых мазгах толькі ўсяго адну звілінку, то тады мы і сапраўды ператварыліся б у быдлячча, пакорны статак нелюдзяў, і можна тады было б аддаваць любыя каманды ці загады - і не было б тады сумневу, што нехта з нас не выканаў бы іх...
Бабця Настазя, а было ёй пад дзевяноста, мудрая і спакойна-разважлівая, раптам пасуровела, калі я прынёс дахаты партрэт сатаны і павесіў яго на сцяну, прамовіла:
- От бо ўдумаў, унучак, утварыў... А гэны думаў, што сябе замест Хрыста ў кут павесіць... Дык то ж ненадоўга, ведалі пра тое ўсе... От бо... А што ні кажы, сатана і ёсць сатана. Так і ў Святым пісанні напісана... Здымі, унучак, выкінь... з маёй хаты...
Нічога не зразумеў я з бабульчыных слоў. Але ж перапытваць не асмеліўся - баяўся пакрыўдзіць бабу. Два словы - Хрыстос і сатана - уяўляліся мне нечым таямнічым і недасягальным для дзіцячага розуму. Усё тое і прымусіла сцяцца сэрца і ўпершыню задумацца над тым, што, пэўна, існуюць у жыцці рэчы, якія трэба спасцігаць самому, без чыёй-небудзь помачы...
Навука ў школе - то адно, што не аб'едзеш, не абыдзеш. Светапогляд спагадлівай і дабрачай бабы Настазі - тое зусім іншае, адчуваў - больш грунтоўнае, бо гаварыла яна ўпэўнена і пераканана, мудра і проста. Значыць, ведала, пра што казала.
Калі ж прыняць за праўду, што чуў і вучыў у школе, то выходзіла, што баба зусім ужо дурная і страшная, неадукаваная, багна дрымучая, - хіба можа яна навучыць чаму-небудзь разумнаму? Але ж сэрцам адчуваў, што не такая яна, мая добрая, чулая і мудрая бабулечка, - ніводнага разу ад яе не пачуў злоснага ці крыўднага слова...
Колькі ж мне яна казак расказала, колькі тайнаў раскрыла ў лесе, калі брала з сабою па грыбы ці ягады. Колькі калыханак праспявала мне замест мамы - і сёння перад сном, здаецца, чую яе голас і пяшчоту... Яна раскрывала мне таямніцы дабра і валодання энергіяй душы, якая ўмацоўвала ў мяне ўпэўненасць і сілу...
У школе, памятаю, мне было заўсёды сумна і нудотліва, страшэнна нецікава і нявесела, хоць плач. І так мне не ставала штодня маёй бабкі! Ратавала хіба тое, што мне ўяўлялася яна побач са мною. Быццам сядзела, супакойвала: «Не ўбівайся так ужо, унучак, і не бяры адно ў галаву - што паробіш, гэтую бяду - вучобу-пакуты - не абыдзе ніводзін дзіцёнак... Цярпі адно, такая ўжо доля, значыцца, на тваёй Планеце...»
От каб гэта яна, бабка, выкладала ўрокі мовы замест заўсёды падпітага і занудлівага Зіновія Арсенцьевіча ці маршчакаватай злой пенсіянеркі-хіміцы Паліны Адольфаўны... Яна гаварыла б і тлумачыла ўсім, як для мяне асабіста, а тут выходзіла, што Паліна тлумачыла ўсяму класу - і нікому аднаму. Не было сувязі паміж вучнямі і настаўніцай. І таму мы замыкаліся ў сабе. Баяліся, што выкліча яна адказваць урок тады, як не падрыхтуешся...
Настаўніца не магла ды і не хацела далучыцца да нашых сэрцаў, таму і не магла дастукацца да патаемных струнаў дзіцячых душ.
А я дык сёння думаю так: а ўсё ж, можа, і добра тое, што мы не здалі ёй у палон свае сэрцы, бо што карыснага пераняў бы? Вечную незадаволенасць і злосць? Скрыпучы і звяглівы голас?
Калечыла, яшчэ і як, нас савецкая школа. Найперш духоўна. З нашых сэрцаў вытраўлялі ўсё добрае і чыстае, а ў нашы вены заганялі бацылы страху і паслухмянства.
На сённяшні розум (каб жа яго раней можна было ўкласці ў дзіцячую галаву), дык за сотні і тысячы кіламетраў абабег бы яе, школу, каб не атрымаць тых калючых крывавых парэзаў на сэрцы і не згінацца пакорліва дугой перад уяўнымі арэоламі... Вялікія выхавацелі са скуры лезлі, стараліся, каб мы былі падобныя адзін на аднаго, каб былі адданыя і пакорлівыя, каб мы ў любы час маглі крыкнуць без раздумвання «Заўжды гатоў!» ці «Служу Савецкаму Саюзу!»... Саюзу рабоў Сістэмы?
Я не сагнуўся, я выпраміўся, разарваўшы ланцугі, што аблытвалі мяне: праламаў сцяну, што аддзяляла мяне ад духоўнай волі, прайшоў скрозь яе і - зноўку нарадзіўся, зрабіўшы першы ўздых, набраўшы ў лёгкія напоўніцу нейкага ўжо новага і дзівоснага паветра...
Ахутавана? Ахутавана...
Тым часам я пачынаў набываць ужо рэальныя абрысы. На мне сядзеў ладна касцюм. На лацкане, як і кожны дзень, прымацаваны белы, як воблачка, сцяжок з чырвонай палоскай пасярэдзіне. Пры гальштуку. А штаны адпрасаваны так, што муха крылы паабсякае. На нагах карычневыя чаравікі на скураной падэшве.
Каб не ведаў, хто гэта такі, першы раз убачыўшы, яй-богу, падумаў бы, што гэта надта ж акуратны чалавек, педант, не з нашай дзяржавы, бо і трымаўся вольна і раскавана. Смелы і ўпэўнены позірк, а рухі... І дзе толькі ён так навучыўся хадзіць? У якіх акадэміях узорных паводзін вучыўся?
Я глядзеў неадрыўна на яго, а сам міжволі пытаўся ў самога сябе: «Я - гэта ён, тое зразумела. А тады ж хто я?!»
Хто ж тады я, калі ён - гэта я?
«Яніна, ты дзе? Куды знікла, што не бачу цябе? - запознена пытаюся ў каханай, павярнуўшыся ўжо ў той бок, куды яна накіравалася. - Ты была ці не?..»
«А як жа, любы, была, ёсць і буду. Заўжды».
«Чаго ж ты так доўга не прыходзіла? Я ўсе дні чакаў цябе...»
«Чакала, калі ты пачнеш свой верш да мяне. "Каханая, як цяжка без цябе..." Я выпрабоўвала цябе. Бо не верыла ў тваё каханне...»
«А цяпер - верыш?»
«Не скажу, сам здагадайся...»
«Дык то ты напісала мае думкі?»
«Я... А што - нельга? Ты ж для мяне рыхтаваў словы».
Я чуў яе голас, але не бачыў.
«Дзе ты, Яніна?»
«Ты бачыш мяне, але не хочаш у тое паверыць. Ты шмат у што не верыш яшчэ. Але хутка навучышся. Бо ты ж - немаўлятка яшчэ. Ты ж і хадзіць яшчэ не навучыўся. Як і размаўляць, лётаць, жыць пад вадой...»
«Здзекуешся, так?»
«Ды не, праўду кажу. Павер».
«Тады адкажы мне - што са мною адбылося?»
«Хіба ты яшчэ не зразумеў?»
Пэўна ж, не пасміхалася. І не здзекавалася. Ад яе слоў павявала дабрынёй і пяшчотаю, і вылучала яна чароўную энергію. Гаварыў маўкліва з ёю, яе ж не бачачы, але адчуваў яе прысутнасць, яе дыханне. Ведаў, што яна бачыць мяне, сочыць за мной.
«Такое, спадар Антон Клімовіч, адбываецца напачатку...»
«Напачатку - чаго?! Нічога не разумею...»
Чую яе смех. Яна то злева, то справа. То ўзлятае ўверх, то каля самага вуха.
«Твайго новага нараджэння. А калі больш дакладна, то - пятага перараджэння. Ты - чалавек пятай расы. Суперсенс».
«Што гэта азначае?»
«Раскажу трошкі пазней...»
«Ты мяне бачыш, Яніна? Я цябе - не».
«Бачу. І нават адчуваю. Хочаш, я дыхну табе ў твар. Ну, пачуў?..»
Я сапраўды пачуў дыханне - такое знаёмае і роднае. Яна не падманвала мяне. Бо адчуў нават пах яе кос. Яны казыталі шыю, пахлі васількамі і жытам.
«Але я ўсё роўна не бачу цябе, як і не чую голасу, - скрушна ўздыхаю і зноўку спрабую дакрануцца да яе - і безвынікова, бо пальцы адчуваюць толькі паветра. - Чую цябе не вушамі, а нечым іншым. Ты недзе побач і так далёка ад мяне. Чаму - адкажы?»
«Любы мой, які ж ты неразумны... Ты не бачыш мяне таму, што я злілася з табою, стала табой. А ты - мной. Ты ж пакінуў сваю абалонку і ўсяліўся ў мяне. Тое з табой зрабіла тваё каханне да мяне. Я ж, даражэнькі мой, папярэджвала цябе, умольвала, заклінала нават, каб ты не запальваў таго агню. Бо ведала, што яно можа перарасці ў полымя. Прасіла?»
«Прасіла, не адмаўляюся...»
«Яшчэ прасіла не аддаваць мне сваё сэрца. Бо пасля горка пашкадуеш пра тое. Гаварыла? Гаварыла. Але ж ты настойлівы, як бык, нездарма ж ты Цялец. І Венера твая спадарожніца і натхніцелька. Але ты мяне не паслухаўся. І што цяпер? Шкадуеш? Шкадуеш, так?..»
«Ні аб чым не шкадую, каханая! Хто табе сказаў пра тое? - як не крычу на ўвесь свет. - Але мне ўсё роўна хочацца ведаць, што адбылося са мною. Мною авалодаў не страх, нават і не цікавасць, мяне прыгнятае незразумеласць майго становішча. Хто я - чалавек? Жывёліна? Ці ні тое ні другое? Аднак мне вельмі хораша. Мне нават незвычайна лёгка. Сам толькі не ведаю - чаму...»
Зноў я адчуваў прысутнасць жанчыны, яе подых і пах, але яна была няўлоўная і нябачная.
«Але ў словах тваіх слабыя ноткі страху і... шкадавання...» - чую не папрок, а прызнанне, нават перасцярогу.
«Прабач, Яніна, але я сам не адчуваю таго, пра што ты гаворыш... Ты няправільна чытаеш мае думкі... Хочаш пазлаваць мяне? Ты ж тое некалі рабіла з задавальненнем...»
«Прабач, калі крыўдзіла цябе. Мне здавалася, што мая гарэзнасць табе даспадобы... Ці я памыляюся, скажы?»
«Падабалася і будзе падабацца. Ты больш мяне не пакінеш?»
У адказ маўчанне, а потым прашаптала недзе звысоку:
«Не, любы мой! Цяпер ужо ніколі. Цяпер разам - на ўсё жыццё. Ты пачуў мяне?»
«Пачуў, але не голас. Нейкая вібрацыя...»
«Ты чуеш рытм нашых сэрцаў. Зліваючыся ў адно, яны і ўтвараюць амплітуду энергіі нашай размовы. За нас гавораць біярытмы. У цябе ад нараджэння ўменне чытаць людскія думкі.
Ды і не толькі людскія, а ўсіх жывых і нежывых істот. Вельмі рэдкае ўменне ў вас на зямлі. То дарунак Бога».
«Не-не, ты не так зразумеў мяне, - спахопліваецца і чамусьці сама палохаецца (толькі чаго?) Яніна. - У вас, у мужчын. Бо гэта прэрагатыва жанчын-валхвавянак. Іх Бог першымі надзяліў дарам правідцаў і яснабачання, бо мужчынскі мозг чамусьці слабей паддаецца апрацоўцы...»
«А Настрадамус?..»
«Ну, то ўжо іншае. То як выключэнне. Але ты пра ўсё зразумееш і сам. І даволі хутка».
«Пра якую апрацоўку мозгу ты гаварыла?» - Вяртаюся я на ранейшую сцежку, на якую вывела сама Яніна, і мне робіцца неяк не па сабе. Няўжо нада мной робяцца нейкія эксперыменты, а Яніна прыкінулася маёй каханай, у што я шчыра паверыў?!
«Я ж казала, што тое ўсё ад Бога. Ён дае людзям фантастычныя здольнасці і магчымасці, самім чалавекам не раскрытыя нават і на адную мільённую... Чалавек нічога не ведае пра сябе, нічога не ўмее. Ад ляноты сваёй не ўмее. Ад прыгнечанасці. Ад адчування сваёй непаўнацэннасці. Ты ж абудзіў мяне. Ты нарадзіў мяне. А я - цябе...»
«Я табе ўдзячны, Яніна! Адчуў я сапраўдную волю. Вельмі добра ні ад кога не залежаць, акрамя Ўсявышняга. Толькі ён кіруе маім розумам, маімі жаданнямі і думкамі. Але то не залежнасць, а незалежнасць».
«Ты дасягнуў за гэтыя хвіліны разумення свайго прызначэння і адметнасці. Некалі ты адчуеш і найвышэйшую асалоду. Адкрыеш для сябе смак шчаслівых імгненняў, з якіх тчэцца вечнасць...»
«Калі Бог не пазбавіў мяне асалоды кахаць цябе, то ён і падараваў магчымасць адчуваць шчасце... Я раней не адчуваў сваёй душы, а тут яна аддзелена ад цела. Мая душа, ведаю, была агіднай і пачварнай, засмечаная зайздрасцю і сквапнасцю, скнарнасцю і жорсткасцю. Нездарма ж апостал Ян казаў: "Той, хто любіць душу сваю, заб'е яе; а той, хто ненавідзіць душу сваю ў свеце гэтым, захавае яе ў жыццё вечнае..."».
«Я зноў радуюся шчыра твайму прасвятленню, дарагі мой Чалавек! Ты думаеш так, як і я, бо так яно і сапраўды павінна быць. Бо мы ж - адно цэлае. Мы з табой - адзіная субстанцыя...»
Але ўсё роўна для мяне шмат чаго яшчэ было незразумелым і невядомым... Я прымаў усё такім, якім яно і было, але прымесь недаверу яшчэ жыла ўва мне.
«Цябе, Антон, хвалюе, як жа ты будзеш адчуваць мяне - дакранацца, цалаваць, згараць разам са мною ў тым нязгасным полымі, у якім згаралі самыя моцныя, самыя апантаныя, самыя адчайныя?»
«Ты нават чытаеш мае думкі, якія павінны вось-вось прыйсці да мяне?»
«А мае хіба ты не навучыўся чытаць?»
«Здаецца, навучыўся...»
«Яшчэ раз віншую. Ты яшчэ не можаш даўмецца, як жа табе нябачную кахаць?»
У яе голасе лёгкі дакор. Таму я не ведаю, што адказаць.
«Дзівак і наіўны хлапчук, - смяецца Яніна. - Табе ж падуладны любыя жаданні. Толькі трэба ўсклікнуць адно-адзінае слова... Аху...»
- Нарэшце ўцяміў? - чую я ўжо вясёлы, зычны смех побач. - Ну, смялей! Не бойся! Хто сказаў: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог?»
«Яно было напачатку ў Бога».
«Усё праз яго пачало быць, і без яго нічога не павінна быць, што пачалося быць».
«У ім было жыццё, і жыццё было святло людзей».
«І святло ў цемры свеціць, і цемра не зацьміла яго...»
Я набіраю ў лёгкія паветра - гаючага, мяккага, адчуваю прыліў незвычайнай сілы, пругкасці ў нагах і руках, яснасці розуму, бязгучна крычу ў палескую прастору:
- Ахутавана! Зрабі цуд, Божа! Вярні мне бачанне і адчуванне!
Першае, што я адчуў, дык гэта лёгкае паколванне ў скроні, і нехта (ці не Яніна?) падказаў, каб я зажмурыў вочы. Тады ж наліліся цяжарам рукі, ногі, і лёгкі боль пранізаў шыю, потым патыліцу, перакінуўся ў скроні. Але то былі прыемныя адчуванні, якія не выклікалі больш трывогі, а, наадварот, нараджалі веру ў тое, што цяпер усё будзе добра. Будзе так, як я зажадаю...
- Адплюшчы павекі, не бойся... - шэпча, падказвае зноў Яніна. - Ну, асмелься...
«Божачка, ты пачуў маю малітву?!»
Я адчуваю яе рукі на маіх плячах. Яе косы датыкаюцца да маёй шчакі. Калі ж расплюшчваю вочы, мяне ахоплівае здзіўленне: я бачу яе, бачу! І трымаю ў сваіх абдымках! Бачу і свае рукі, плечы, ногі.
Вочы ў Яніны ці то блакітныя, ці то зеленаватыя. У яе пяшчотная ўсмешка, поўныя і сакавітыя вусны, ямачкі на шчоках.
Уздыхаю з палёгкаю, як вызваляюся ўсё роўна ад нябачнага цяжару, не верачы яшчэ ў тое, што адбылося, што здзейснілася.
Я нараджаўся зноўку. Я вяртаўся, рабіўся тым, кім быў і да гэтага. Быў ці буду?
- І Слова стала істотаю і стала жыць з намі, поўнае лагоды і ісціны.
- І мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Бацькі...
Мы гэтыя словы прамовілі ўслых. Прамовілі адначасова, сінхронна, бо выразна бачыў, як шавяліліся вусны Яніны.
- Ахутавана!
Што за такое чароўнае слова? І хто прыдумаў яго?
- І ўсё ж адкажы - што з намі адбывалася? - папытаўся і пачуў свае словы, сябе пачуў. - Што са мною было?
- Анічога, любы мой. Ты вярнуўся да самога сябе.
- «Закаханыя! Будзем любіць адно аднаго, таму што каханне ад Бога, і кожны, хто кахае, народжаны ад Бога і ведае Бога». Ты хацела так сказаць?
Яніна радасна паглядзела на мяне, дадала:
- «А той, хто не кахае, той не пазнаў Бога, таму што Бог - і ёсць каханне». Так сцвярджае святы Ян, хаця ён у гэтыя цудоўныя словы ўкладваў яшчэ і іншы, куды больш глыбокі сэнс - любоў да Бога.
- Тады хто мы ў гэтым свеце, Яніна?
- Найперш, Антоне, людзі.
- Але ж чалавек не ўмее і не можа рабіць тое, што ўмеем мы. Не можа бачыць так, як мы. Адчуваць, як мы...
- А ён і не павінен тое рабіць. Ён такім стаў сам. А напачатку быў створаны Ўсявышнім усёмогучым і ўсёўмеючым. Чалавек развучыўся тое рабіць. Ён павінен вярнуць сабе тую здольнасць. Мы навучым гэтаму людзей. Нам і дадзена такое даручэнне.
Асцярожна, каб не выказаць залішнюю цікаўнасць, перапытваю:
- Кім - дадзена?
- Вярхоўнай Радай Ліцвініі. Мы павінны сабраць усіх ліцвінчукоў з усяго свету. Ліцвінія - то ж наша з табою Радзіма. Мы яе сыны і дочкі. І кожны з нас павінен зрабіць для яе пачэсны ўчынак.
Зноў раздумваў над яе словамі. Пра нешта здагадваўся, пра нешта падазраваў, але канчатковы сэнс не даваўся мне - выслізваў, як уюн. Тое мяне злавала.
- Тады, выходзіць, ён, чалавек, навучыцца распазнаваць і зло, якое рыхтуецца супраць яго?
- І не толькі. Ён будзе вольны і несмяротны.
- Дзіўна. І няўжо ад гэтага ўмення ў чалавека будуць нараджацца толькі чыстыя і добрыя памкненні? Ён жа будзе вымушаны штохвілінна кантраляваць свае памкненні і жаданні. Яму нельга будзе пераступаць мяжу недазволенага - бо пра тое ж будуць ведаць і ворагі і сябры...
- Разумееш усё правільна, спадар Антон!
- Але ж у мяне сумненні ёсць. Адкажы - а ці не сумна тады будзе чалавеку жыць на сваёй зямлі? І ці правільна ўсё тое? Ён жа, чалавек, пасля ўсяго не будзе аддадзены самому сабе. Ён жа будзе закаваны ў ланцугі адказнасці. Кожны крок, кожная думка ці жаданне - пад самакантролем! Жах! Ці не занадта жорстка падыходзяць сябры Рады, беручыся за ўдасканальванне ліцвінчукоў? Ці ж гэта шчасце?
Яніна ўсміхнулася і ўздыхнула:
- Чорная аўра пакіне яго зусім і назаўсёды. І таму чалавек ніколі не будзе нікому рабіць зла. Як і самому сабе.
- Але ж...
- Ты хвалюешся, што чалавек не будзе належаць самому сабе? Але ты ж забываеш, што яму падуладна ўсё-ўсё. Ён жа не цацка ў нейкіх чужых руках. Ён сам сабе камандзір, спадар і гаспадар. Адно яго слова - і чалавек раствараецца ў прасторы і часе, і яго ўжо ніхто не можа пачуць і ўбачыць...
- Так ты можаш збегчы ад мяне і я не змагу цябе адшукаць? - пераводжу я на жарт.
- І так, і не так, - жанчына весела смяецца, адчуўшы перамену ў маім голасе і настроі. - Мы з табою не можам уцячы адно ад аднаго. У нас, закаханых, ёсць дадатковая энергія. Астатнія пазбаўлены яе, таму і не змогуць адно аднаго дагукацца, акрамя сігналаў аб дапамозе ці прадчування нейкае бяды...
- Ну а калі нехта надакучыць свайму каханаму ці каханай? Ці сустрэне новага каханка ці каханую? Несці прымусова крыж і пакутаваць? Яны ж будуць у палоне аўры кахання, з якой нельга выбрацца.
- Навошта, Антоне, пакутаваць? У любы час можна вырвацца, вызваліцца ад уздзеяння агульнай энергіі, і тады ўжо ніхто не дастукаецца да яго сэрца. Тут усё надта проста.
- І...
- І толькі тады чалавек будзе па-сапраўднаму шчаслівы, калі будзе кіравацца толькі чыстымі і светлымі жаданнямі. Як і памкненнямі. Энергетыка яго душы і цела вырасце ў тысячу разоў. У яго хопіць сіл, каб траціць яе толькі на добрае і карыснае. І будзе ў дадатак да гэтага жыць столькі, колькі прадвызначана Богам - згодна ўчынкам чалавека на зямлі.
- Колькі ж можа найбольш пражыць чалавек, калі будзе кіравацца Божымі законамі?
- І трыста, і шэсцьсот, і дзевяцьсот гадоў. У Бібліі пра тое сказана.
- Дзіўна, аднак...
- Хутка ты перастанеш з усяго здзіўляцца.
На даляглядзе зырка бліснула маланка.
Потым пракаціўся, грукочучы нябачнымі коламі калясніцы па брукаванцы, гром.
Над жытнёвым полем згрувасціліся воблакі - шчыльна церліся бакамі, абганяючы адно аднаго. Нагрувашчванне нараджала гарматны выбух.
Падзьмуў вецер, ускудлаціў косы Яніны, і яны абвілі нашыя галовы, як хмель абвівае алешыны ў балоце. Неўздалёк ад нас адзінокая танклявая бярозка як не прыгіналася верхавінай да збажыны.
- Бяжым, а то вымакнем... - не вытрымліваю, хвалююся больш за яе, за Яніну, - што стане з косамі?
Яна ж не выказвала ніякай трывогі ці занепакоенасці.
- Навошта? Ты яшчэ хіба не пазбавіўся трывогі? Нам жа з табою нічога не страшна. Ты толькі павінен падумаць, каб дождж абышоў цябе, - і ніводная кропля не ўпадзе на нас.
«Я яшчэ не перастаю быць чалавекам...» - падумаў пра сябе.
- Гэта не так і страшна - заставацца чалавекам, - кажа ўголас Яніна, адказвае мне, папраўляе косы і глядзіць у вочы. - Мы ж людзі і маем сэрцы...
- Я адчуваю сябе няёмка, калі гавару з табой, бо думаю яшчэ пра нешта. Але ж я магу падумаць міжволі і пра нешта інтымнае, непрыстойнае - я ж чалавек, сапсаваны часам і абставінамі. І наўрад ці навучуся кантраляваць і сябе, і працу свайго мозгу. Таму ці можна навучыцца адключаць паралельныя думкі, каб іх не чуў ніхто? Нават і ты. Каб не гарэць ад сораму ці не пакрыўдзіць цябе...
- Я ж тлумачыла - канечне ж, можна. Усё залежыць толькі ад твайго жадання.
- Акрамя цябе хто яшчэ будзе чытаць мае думкі?
- Толькі Ойча. Больш ніхто.
- Каго буду чуць я?
- Усіх і ўсё, бо і Бог казаў, што ў свеце няма нічога тайнага, каб не стала вядомым... Хіба ты раней, у тым, зямным, жыцці не задумваўся над тым, што цябе пастаянна чуе Бог? Што ведае і бачыць усё, што ты робіш - і кепскае, і добрае. Чаму ж перад Ім не было сорамна за брыдкія словы, за зайздрасць, за патаемнае жаданне забіць свайго ненавісніка, свайго ворага, за... Можна пералічыць тысячы чорных жаданняў і думак, з-за чаго чалавек і ёсць стварэнне грэшнае. Але мы не пра тое, ці не так?
- Так, любая, так... Прабач. Я вымушаны згадзіцца з табой: у чалавека шмат заганаў, і ён вымушаны ад іх пазбаўляцца.
Маланкі жыхалі ўжо над нашымі галовамі. Вецер як не ламаў недаспелае жыта, гнуў яго да зямлі. Мы стаялі абняўшыся. Нас не чапаў ні вецер, ні важкія кроплі дажджу.
Я пачуў боль каласоў, іх крык і просьбу аб дапамозе. Кроплі дажджу перад падзеннем ператвараліся ў градзіны-ільдзінкі. Нас яны не даставалі - над галовамі шыпелі і раствараліся, як падалі на гарачую патэльню. Град пляжыў траву і жыта - каласы падалі на мокрую зямлю...
У мяне разрывалася сэрца ад таго крыку. То мо і не крык быў зусім, а нават стогн. Як параненая птушка не разумела, што адбылося, калі ў яе зласлівец перабіў каменем крыло і яна не магла ўзляцець у неба.
«Не паможаш, - глядзіць Яніна скрушна ў бок поля. - Буран чалавеку помсціў за тое зло, што ён зрабіў, - павысушваў балоты. А ў адносінах да законаў зямлі - то злачынства».
«І мы бяссільныя памагчы?»
«Паможаш тут, а ў іншых месцах? Што загадаў Усявышні, таму і быць. Значыць, так і трэба, у імя Вышэйшай мэты. То ж ніхто іншы, а сам чалавек сваімі дзеяннямі наклікаў на сябе такую бяду. І ён павінен расплаціцца за свае памылкі. Каб зразумець, што рабіць так нельга. Бо адно зло спараджае новае. Яшчэ большае».
- Жорсткія законы існавання, - тулю яшчэ больш да сябе Яніну. - А што будзем цяпер з табою рабіць? Паедзем дадому?
- А хіба ў нас ёсць дом?
- Не ведаю. А мо і ведаю.
- Тады - паехалі, Антон.
- На чым?
- Ты хацеў, каб на гэтай дарозе паказаўся аўтобус і ўзяў нас да горада?
- А чаму б і не? - падтакваю я ёй. - Я і сапраўды так падумаў.
- Тады пайшлі да дарогі. Вунь, бачыш, з-за павароткі паказаўся аўтобус. Вадзіцель спыніцца, забярэ нас. Рушылі?
І мы, узяўшыся за рукі, няспешна пайшлі да дарогі.
Усё адбылося так, як і абяцала Яніна. Калі ж зайшлі ў аўтобус, цётка з кашалём на каленях здзіўлена паглядзела ў наш бок:
- Бачце вы, людцы, на дварэ ліўняк як з бочкі, а на іх і кропля не ўпала. Пад якім дахам у лесе вы хаваліся? Ці закаханых і дождж абыходзіць, га?
Усе павярнуліся да нас, чакалі, пэўна, адказу.
- Правільна, цётачка, - вымаўляю нечакана для самога сябе, бо і не хацеў секунду назад загаворваць з жанчынай, і на петрыкаўскі манер тлумачу: - То ж каханне мы маем такое гарачае, як полымя, таму і кроплі дажджу згараюць над нашымі галовамі.
- Авойечкі мае! - Пляснула па каленях - кашэль стаяў ужо каля яе ног, хітравата зірканула на мяне, языком правяла па асмяглых вуснах, хацела нешта сказаць яшчэ, каб падвесяліць людзей, што маўкліва сядзелі і ўперыліся позіркамі на нас, ды слоў патрэбных не знаходзіла, усё ж ачомалася, радасна дадала: - Авойечкі, людцы! Чыстая і святая праўда...
- Такая, цётачка, праўда, як і тое, што вы ў радзілку едзеце. А дачка вашая, Ядзя, вам двух унукаў падаравала. А вы, канечне ж, чакалі ўнучку. І імя нават прыдумалі ёй - Зойка. Як яшчэ і праўда тое, што вы пасварыліся з вадзіцелем у вёсцы, што ён позна прыехаў...
Гаварыў я, але не свае думкі. То так падказвала Яніна - прыкусіла губу і стрымлівала ўжо сябе, каб не рассмяяцца. Яна пацяшалася не над цёткай Анэляй, а нада мною - я яшчэ ніводнага разу не гаварыў яе вуснамі.
І я ёй паказаў кулак.
Жанчына шырака раскрыла вочы, ашаломленая і здзіўленая, азірнулася на пасажыраў, як бы чакала ад іх якой падтрымкі ці абвяржэння, выдыхнула, не паверыўшы:
- А ты адкуль, добры чалавек, ведаеш пра ўсё?
- Сарока-белабока на хвасце прынесла, - адказаў весела, нахіліўшыся да жанчыны, шэптам дадаў: - І яшчэ сарока сказала, цётачка Анэля, каб тыя пяць тысяч, што вы схавалі пад ліфчык, не аддавалі зяцю ў рукі - адразу прап'е...
Жанчына зусім зніякавела, паспрабавала нават адсунуцца. Я пачуў яе недавер і страх: «Што ж за насланнё такое на мяне? Адкуль ён дазнаўся пра ўсё? Няўжо падгледзеў, як грошы хавала? Ніхто ж, здаецца, і не бачыў, нават Рыгор... А пра ўнукаў як дазнаўся, мяне ж першы раз бачыць... Авойечкі, што ж мне рабіць?..»
- Што рабіць? - перапытваю я ўголас і гляджу на цётку. - Анічога не рабіць. Не бойцеся, зла я вам не зраблю, - супакойваю ўжо жанчыну і толькі цяпер заўважаю сябе на першым сядзенні - таго, хто выйшаў з мяне, пайшоў ад мяне, што ператварыўся ў бетонную статую, а потым жа і ажыў, - толькі меней распускайце язык. Шмат пакут вы з-за яго перанеслі, ці не так?.. І думкі чорныя выкіньце з галавы. Што вы пра людзей будзеце думаць, тое і яны пра вас...
Цётка Анэля пракаўтнула сліну і сцялася, схіліўшы на грудзі галаву, хуценька загаварыла пра сябе: «Маўчу, маўчу, добры чалавеча! Зла табе таксама не жадаю - едзь сваёй дарогай, і паненцы тваёй шчасцейка... Дзякуй, што навучыў, бо я баба дурная і бесталковая. Прабачай мне, Божачка, і ты, добры чалавек!»
- Прабачаю, цётка Анэля!
Ён - я, значыць, называць яго трэба - Ён-я! Не, не так, непрыгожа гучыць. А мо - Яён? Так дык яно і лепей.
Яён пра нешта засяроджана гаварыў з вадзіцелем, на мяне не звяртаў ніякай увагі, як нічога нас і не звязвала - ні да гэтага, ні цяпер.
Яніна драмала на маім плячы, адпачывала. Я адчуваў дотык цёплага і даверлівага цела.
За акном ужо добра змерклася.
Мне шкада было будзіць маю спадарожніцу - моцна спала. Думак яе не чуў - роўна білася жылка на руцэ, якую трымаў у сваёй.
Яён сядзеў, адвярнуўшыся да акна. Мо назіраў за мною, гледзячы ў чорную шыбіну - як у люстэрка. Вадзіцель, пад'ехаўшы да гарадской аўтобуснай станцыі, голасна абвясціў:
- Спадары палешукі! Мы прыехалі. Не пакідайце ў салоне свае рэчы.
«Божа! - пачуліся сігналы ад Яніны. - Як я кахаю цябе, Антон! І толькі дзеля цябе я пайшла на ўсё...»
«Ведаю, Янінка, і веру табе да кожнага слова. Ты - мая адзіная і назаўсёды...»
«Дзякую, любы! А на Яёна не звяртай увагі. Пакуль што не чапай яго. Ён яшчэ і сам не разумее, што адбылося з ім, як і не ведае, кім быў да гэтага. У яго няма яшчэ ні думак, ні жаданняў. І ён не ведае нават, куды едзе... Пакінь яго ў спакоі. Прыйдзе яшчэ час зблізіцца з ім, расказаць адзін аднаму пра ўсё...»
«Добра. Прачынайся...»
Мы першыя ступілі на мокры асфальт.
Я падаў ёй руку. Думкі яе былі роўныя і ўпэўненыя, як і хада.
«Але ж дзе мы сёння будзем начаваць? Мне здаецца, што мы прыехалі ў нейкі незнаёмы горад, у якім ні знаёмых, ні сяброў...»
«Ты зноў забыўся пра ўсё...»
- Прабач, Яніна!
2
- Вось тут мы і будзем начаваць. І не толькі начаваць, а і жыць, - падышла Яніна да тэлефоннай будкі, прачыніла шкляныя дзверцы, пераступіла парог.
- Тут? - не выказваю здзіўлення, разумеючы яе жарт - хоча пазваніць знаёмым і папрасіцца на ноч.
- Заходзь, - запрашае ўсмешліва.
Зайшоў следам і я, прычыніўшы за сабою дзверцы. У вачах гарэзлівасць і загадкавасць.
- Абдымі мяне, Антон, - шэпча жанчына і туліцца да мяне, - і зажмур вочы, уяві, што мы з табою ўзляцім вышэй зорак. Зажмурыў?
- Як прасіла.
Яна абняла мне галаву і дакранулася вуснамі да маіх губ. Ад дотыку хмельна закружылася галава. І кружылася яна некалькі секунд - колькі і не адрывалася ад мяне Яніна.
- А цяпер пайшлі.
- Куды?
- Які нездагадлівы. Сам жа пытаўся, дзе начаваць будзем.
- Але ж ты хацела некаму пазваніць.
Яніна шчыра засмяялася, адкрываючы дзверцы.
- А я і пазваніла.
Найперш мне кінулася ў вочы тое, што я не пазнаў тое месца, дзе мы былі. Мы знаходзіліся ў нейкім вялізным памяшканні, у якім ніколі не быў. Рухі, мне падалося, былі нейкія запаволеныя, бы на нашы рукі і ногі прывязалі нябачны груз.
- Дзе мы?
У маім голасе не было здзіўлення. Адчуў, што пачаў жыць у іншым вымярэнні, якое ўспрымаў як належнае, да якога быў гатовы даўно.
- У нашым доме, дзе мы будзем з табою жыць.
Яніна не жартавала. Тое я зразумеў па яе сур'ёзным выглядзе і па тэмбры голасу.
- Табе неабходна цяпер паспаць, адпачыць, - дакранулася яна да маёй рукі, - шмат нечаканасцей звалілася на цябе ў адзін дзень...
Мяне сапраўды ахутала стома, хіліла ў сон. З цяжкасцю перастаўляў ногі. Як скрозь туман бачыў, як Яніна адчыніла дзверы. Мы прыйшлі ў нейкі цёплы і вялікі пакой. Не распранаючыся, упаў на ложак...
Нешта шаптала мне над вухам жанчына, але голасу яе не чуў.
Сон мне сніўся дзіўны, які мне ніколі не сніўся да гэтага. А мо то і не сон быў зусім? Я яскрава яго бачыў, жыў у ім. Я не хадзіў, але ж і не лётаў. Затое лёгка перасоўваўся з месца на месца. Для мяне не існавала адлегласці і часу. У сне была і Яніна - у тым жа самым адзенні: у плашчыку, у чорных туфлях, на галаве бел-чырвона-белы пасачак.
Пра свой стан я не цікавіўся ў яе, хаця тое яшчэ мяне непакоіла. Проста я перастаў у нейкі момант здзіўляцца. Уражанне было такое, што даўно жыву такім жыццём, таму і прымаў яго такім, якім і бачыў.
Мне было лёгка і ўтульна ў маім сне. Я бачыў кожную жылку і нерв у маім целе, бачыў, як сэрца перакачвала густую вадкасць, як яна, кроў, цякла па венах, пульсавала... Нічому я ўжо не здзіўляўся. Я даўным-даўно ведаў сябе такога.
На левай руцэ бачыў, як кроў слаба прабівалася ў адным сасудзе - ёй замінала звужанасць. Мо ад таго і нямела зрэдку рука - не мог даць рады. Калі ж я дакрануўся да таго месца даланёй правай рукі, то кроў прабіла сабе дарогу шырэй, і я адчуў лёгкі боль. Затое праз хвіліну адчуў неймаверную сілу ў левай руцэ.