(Адкрыцьцё Яна Багаслова р.8: 7-12, р.9: 18-19)
Я ўваходжу ў Боскі прасторны і сьветлы храм,
несучы ў дрыжачых руках васковую сьвечку,
іду да алтара і малюся, зьняможаны,
запальваю яе ад іньшых агеньчыкаў...
Я стаўлю яе побач зь іньшымі жывымі душамі,
і чую, як пахне церпка аплаўлены воск,
і тады ў мяне ўзьнікаюць розныя асацыяцыі,
і я бачу сябе ўжо сярод пчалінай нематы...
Малюся за ўсіх памёрлых - прымусова ці
па сваёй волі, да чаго падвялі злачынцы,
на маёй радзіме і далёка за яе межамі,
за атручаныя рэкі і высахлыя лясы,
за хворых птушак і бяскрыўдных паўзучых...
Малюся няўмела, адчуваючы аднак у сабе сілу,
адзначаючы радасна, як нараджаецца ўва мне
воля, якую стараліся адабраць за ўсе гады,
у мяне пачалі мацнець ногі і сьвятлець розум,
і пераконваюся: ніколі ў жыцьці Бог ня быў
опіумам для свайго ж народа, які любіў Яго...
Божа, ня лічы сваімі ворагамі несусьветных
і нічога не разумеючых манкуртаў-дурняў,
якія і мовы разам з Табою ацураліся,
якія самі сабе ж пераразаюць горла іржавай,
імі ж , некалі адкляпанай для сьмерці, касой,
якія не навучыліся маліцца і шанаваць Цябе.
Цябе, Які сьветла і сьвята гарыш наперадзе.
Божа, не карай невідушчых, бо ня бачаць дарогі,
той, па якой ісьці ім трэба і якая вывядзе ў сьвет,
да сонца і праўды, да шчырасьці і лагоднасьці.
Да разуменьня свайго зямнога прызначэньня.
Людзі ня ведаюць, як вымаліць у Цябе спагады,
як адмаліць свае грахі і адшараваць каросту
ад цела, якое закарэла за гады бязьвер'я,
як навучыцца разумець Цябе і сябе таксама,
бо самае страшнае -- ня ведаць пра сябе
а н і ч о г а.
Божа, Ты ёсць Прарок і Натхніцель,
Прадказальнік, - чакаеш, калі разумная малпа
ператворыцца ў Чалавека...
А чаканьне Тваё зацягнулася,
як і зацягнулася, у рэшце рэшт,
ператварэньне малпы ў Чалавека...
|
Беларуская Палічка: http://knihi.com |