Анатоль БароўскіБілет удачыКніга першая, якую жадалася напісаць
Частка першая
1
Не вялікі я аматар піва, але ў той дзень мне яго дужа захацелася нечакана аж з самае раніцы, і нейкае неадольнае жаданне прымушала мяне адкінуць усе клопаты і падацца да піўной бочкі. Тут жа. Неадкладна. Ну як хто падштурхоўваў мяне нябачны і нашэптваў, што калі я не паспытаю яго праз чвэрць гадзіны, то павінна здарыцца нешта непапраўнае і страшнае...
Глупства, канечне ж, і дурнота, але я добра памятаю свой тадэшны стан, тую незразумелую смагу, якая падступаецца хіба толькі тады, калі ў лазні выходзіш з гарачай-гарачай парылкі...
А тады ж і духаты нават не было, а неба было заслана шэрымі прасцірадламі воблакаў...
- Мне так захацелася піва, - прызнаюся свайму сябруку - сядзелі побач на лаўцы ў гарадскім парку, - як голаму купацца...
- А мне вось чамусьці зусім не хочацца, - абыякава адказвае Адам, жмурыцца пры гэтым, некуды глядзіць у засень яшчэ зялёных дрэў.
- Затое ты мне можаш скласці кампанію: піць я буду сам, а ты будзеш толькі назіраць і лічыць куфлі, што я буду апаражняць...
Адчуваю і пераконваюся, што ніхто і нішто не можа перашкодзіць маёй задумцы. Я цяпер магу пайсці на ўсё, нават паслаўшы дружбака туды, дзе Макар не пасвіў сваіх цялятак. Мне ўжо так закарцела, як дурному борацца.
Адам яшчэ працягваў упарціцца, корчыць дурня. У яго, мусіць, зайгралі біятокі супраціўлення, супрацьстаяння. Сябар любіў быць лідэрам і таму не цярпеў камандаў. Тады ён натапырваўся, як спуджаны кот, і выказваў пратэст, нязгоду. Во акурат як цяпер...
Але мяне здзівіла такая акалічнасць - ён жа любіў піва мацней, чым я, ніколі да гэтага не адмаўляўся, а тут заўпарціўся, як малады бычок, якога сабраліся весці на бойню...
- Што з табою, Адам? - ува мне чамусьці пачала нараджацца злосць.
- Анічога... То з табою нешта творыцца... Як звер на мяне кідаешся. А ў цябе ж піеланефрыт. Ведаю, табе і глядзець на тое піва нельга, не тое што каштаваць.
- Ну і хрэн з ім, тым нефрытам...
У Адама вялізныя вушы. Мне здаецца, гэта ад таго, што ён толькі што падстрыгся пад «нулёўку». Нос кірпаты і тоўсты, і калі злуецца, то наздрыны раздзімаюцца і сплюшчваюцца павекі. Я тое даўно заўважыў. Позірк яго можа быць мяккім і даверлівым, а можа выпраменьваць злосць, а то нават і агрэсіўнасць - у залежнасці ад настрою.
- Мне хочацца піва, - талдычу я адно і тое ж, быццам ён, толькі ён і замінае мне наталіць маю смагу ці як той дзіцёнак - упарты і настырны - прыпінае маці: «Купі, ну купі...»
Сябар маўчыць, і незразумела, ці ён згаджаецца, ці працягвае ўпарціцца.
- У мяне няма грошай, - прызнаецца Адам і ўздыхае, задзірае галаву, зажмурвае вочы.
Насупраць нас на лаўцы сядзяць дзве дзяўчыны - з важным і дзелавым выглядам з асалодаю кураць, потым доўгімі пазногцямі атрасаюць попел долу. Робяць тое яны з годнасцю, ну, не раўнуючы, як францужанкі ў прэстыжным рэстаране ці кавярні... Я ведаю - то будучыя медыкі, навучэнкі медыцынскай вучэльні. Яны тайком прыбягаюць сюды наталіць сваю нікацінавую смагу-голад. Мне падумалася, што мы ў нечым падобныя - ім хочацца курыць, а мне хочацца піва. Колькі ім - па семнаццаць? Не падступіся - нафарбаваныя, нафуфыраныя, з доўгімі косамі, нага за нагу, нешта абмяркоўваюць з важным выглядам. У мяне нараджаецца думка: а што, калі я правяду пад тую лаўку мікрафон і запішу на стужку іх размову? Для чаго? Для рэпартажу ў газету? Для фельетона - вучымся на медыкаў і атручваем сваё здароўе? Ці дзеля простай цікавасці - пра што могуць гаварыць дзяўчаты ў такім узросце? А калі яны будуць гаварыць такім жаргонам, што стужка не вытрымае і аплавіцца?..
У рэшце рэшт мы кіруемся да бочкі з півам - на бераг Сажа. Там прыветная і паўнагрудая Антаніна не махлюе, заўсёды далівае даверху, потым чакае, калі адстаіцца, і дапаўняе з коптурам, ніколі не спрачаецца з мужчынамі, як усё роўна разумее іх стан. Антаніна - Тоня - прыгожая, дзябёлая. Ад душэўнай дабрыні ў яе спакойныя рысы твару - загарэлая і акруглая шыя, пульхныя шчокі і сакавітыя вусны, прыгожы нос; ззаду, на шыі, закручана гугля, а ад вушэй звісаюць светлыя завіткі косаў; пад сукенкай калышуцца булкі-грудзі, і калі хто стаіць у чарзе побач з ёю, міжволі кідае позірк, калі Тоня нахіліцца да краніка, - багацце яе кідаецца ў вочы.
Мужыкоў было няшмат - нам пашанцавала, чалавек мо з восем. Гэта ж на некалькі хвілін. А жанчына працуе ўвішна, не паспеем і словам перакінуцца. На першы погляд Тоня працуе павольна, як бы ляніва, але атрымліваецца ў яе хутка і зладжана.
І цяпер, як заўсёды, у яе добры настрой, жартуе, смяецца, паказваючы маладыя здаровыя зубы, - як быццам хоча пахваліцца сваёю пекнасцю і жаданнем усім дабрыні. А вочы ў Антаніны як два блакітныя азерцы, і кожны, напэўна, хацеў бы ўтапіцца ў тых азярынах, магніт была Антаніна, няйначай.
- Ну што, заснуў? - чуецца вясёлы голас жанчыны. - Ты ж чаргу затрымліваеш. Вунь у некаторых аж каласнікі гараць...
- Тры келіхі піва, - ачомаўшыся, гаворыць хутка невысокі хлопец, пэўна, першы раз завітаў да Антаніны.
- Так бы і казаў адразу, - не злуецца лекарка нашых прапітых душаў, адпускае хлопцу тры куфлі піва, не гледзячы на наступнага, пытаецца: - А табе колькі? Сам вады ў рот набраў?
- Чатыры...
Ну і Тоня, усё разумее і здзекуецца, бо ведае добра, чаму хлопцы губляюць мову, але ёй прыемна гэта, яшчэ больш квітнее пад нашымі позіркамі.
- Антон, а колькі мы возьмем? - паварочваецца да мяне Адам - стаіць спераду.
- Можа, па два?.. Так, па два. Не, лепей па тры.
Калі падыходзіць нашая чарга, Адам заказвае шэсць куфляў, а я кладу ў сподак грошы.
- Нечага доўга не было вас у мяне, - гаворыць гандлярка, проста дзіўна, як яна бачыць, нават не паварочваючыся, не падымаючы на нас вачэй, - і па чым пазнае людзей?
У куфлях пеніцца іскрыстае піва, бяжыць праз верх. Яна чакае колькі секунд, пакуль асядзе зусім, зноў далівае.
- З'язджаў далёка.
- Са здачай у мяне кепска. Мо білецік латарэйны возьмеце? «Жыгулі» абяцаю...
У вачах Антаніны весялосць і гарэзлівасць, не праца, а задавальненне, пачуеш ад яе колькі слоў, і настрой на цэлы дзень забяспечаны.
- Вазьмі, Адам, - гавару яму, а сам забіраю ў дзве рукі куфлі, дзякую Антаніне, усміхаюся ёй, адчуваючы, як сагравае мяне яе позірк і белы месяц незагарэлага цела на грудзях, адыходжу, кірую да столікаў.
Адам запіхвае ў кішэньку тэніскі блакітны білецік, павольна крочыць да мяне.
Піва халоднае, церпкае, а я ўсё не веру, што атрымліваю асалоду і задавальненне, зажмурваю вочы і не ведаю, дзе я і што са мной. Вось каб яшчэ і рыбінку, дык было б...
- Даўжок, шэф! - дакранаецца нехта ззаду да майго пляча.
Расплюшчваю вочы, паварочваюся: на мяне глядзіць няголены юнак, пазірае весела, як на роднага брата.
- З рыбкай дык яно смачней, - тлумачыць ён і кладзе перада мной кавалак вяленага ляшча, радуецца, што ён мне дапоўніць задавальненне.
- Дзякую, дружа! - ківаю галавой, але я не магу ўспомніць, калі ж я яго частаваў рыбінай, хаця за гэтымі стойкамі-столікамі такое здараецца часта.
- Забыўся, бачу, - ківае хлопец галавой, шмыгае прастуджаным носам, - забыўся. Добрае забываеш. А я не, не з такіх. Ты месяц назад частаваў мяне півам і цэлую рыбіну даў. А потым прыехалі мянты і мяне схапілі...
- А-а, - адразу ўспомніўся той непрыемны дзень, - ты назваўся тады Джо...
- Во-во! - абрадаваўся хлопец, заўсміхаўся, як даўняму знаёмаму.
- А чаго яны цябе схапілі? - зноў прыкладваюся да брыжыка куфля, раблю два доўгія глыткі.
- І сам не ведаю. Некага шукалі. А я вывескай сваёй, пэўна, ім некага напомніў. Вывеска такая ў мяне, што толькі за краты... Ну, прабач, што ўлез, - апамятаўся хлопец, адчуўшы, што Адам на яго паглядае незадаволена і настойліва, - прабачце...
Ён адышоўся ў дальні куток, адвярнуўшыся ад усіх, пачаў піць сваё піва. Дастаў з кішэні недакурак, прыкурыў і зацягнуўся дымком.
Я не ведаў, хто ён, адкуль родам, але нейкім падсвядомым чуццём адчуў яго неўладкаванасць, адзіноцтва. Я не быў упэўнены, што хлопец меў свой кут, ды ці і працаваў дзе. Па голасе адчуваў, што ў яго мяккая натура, але душа нечым надарваная, напэўна, зняверыўся ў людзях, у жыцці ды і, мусіць, у самім сабе.
Нарадзілася жаданне сустрэцца з гэтым хлопцам, пагаварыць, нават, можа, і напісаць пра яго ў сваю газету. Напісаць жорстка, праўдзіва, нічога не ўтойваючы. Зразумела, ён не ўпісваўся ў рамкі сучаснага чалавека, не мог удзельнічаць у камсамольскіх форумах і тым больш сядзець, як перадавік, у прэзідыумах... Але тут жа ўспомніў, што рэдактар газеты Вуськоў прызнае яго не актуальным ці непраўдападобным. Ён вельмі трымаўся за сваё месца. Слухаўся заўсёды. Даць у абласную? Дык тут яшчэ горш: газетай кіруе абкам партыі і яго партыйны ідэолаг Бабыроў. А першым быў Хасінаў. Татарын у Беларусі. Ці можна ўявіць Шаранговіча ці Цыбульку першым у Грузіі ці Азербайджане? Не дай бог, калі з'явіцца крытычны артыкул! Тады Хасінаў выклікае рэдактара да сябе, грыміць кулаком па стале, адпускае, беручы з таго слова, што такое больш не паўторыцца. Тады ідзе ў рэдакцыі лятучка і грыміць гром у адрас тых, хто асмеліўся замахнуцца на «честь, ум и совесть нашей эпохи».
Я ж залазіў у такія тэмы і дабіваўся сустрэчы з тымі, хто быў пры ўладзе, хто моцна трымаўся за сваё крэсла.
Прысніўся мне аднойчы ноччу мой дзед Рыгор. Нябожчык. Пахавалі яго гадоў з дзесяць назад. Ён стаяў перада мною ва ўсім белым - валасы і барада былі як са снегу, штаны, доўгая, ніжэй каленяў, сарочка - кужэльныя, толькі твар і рукі чорныя - загарэлыя.
- Усё пішаш, унуча?
- Пішу, дзед, работа такая.
- І не сорамна пісаць табе розную лухту? Ты ж прастытуткай стаў, унучак. Парцейным прыхлябальнікам - што табе загадаюць, пра тое і брэшаш. Не крыўдзіся, што так гавару з табою, бо праўду кажу. Кінь, пакуль не позна, бо ў пекла пападзеш. Я ўжо не кажу, што ты Бога забыў, малітву тую забыў, што баба Адэля цябе вучыла...
- Забыўся, дзед, але «Ойча наш» памятаю.
- Пішы праўду, унучак, калі ўзяўся за такую справу. І я прашу, і баба Адэля, мы за цябе тутака перажываем. Ды і сорамна за цябе, што душу і талент свой сатане нізашто аддаеш.
- Дык я ж, дзед Рыгор...
- «Дык я ж, дык я ж»... - перадражніў мяне дзед, перажагнаў і тут жа пачаў знікаць, як туман, як прывід. - Глядзі ў мяне, капуста шаткаваная...
З таго часу мінула ўжо ладнавата, а сон стаіць перад вачыма як не штодня. Адчуў, што пісаць з такой лёгкасцю і бяздумнасцю я больш не змагу. Дзед Рыгор не дазваляў. Крыўдаваў на мяне за тое.
- Ты дзе гэта лётаеш? - вяртае мяне на ранейшую каляіну Адам, дапівае ўжо другі куфель. - Рыбкай хоць падзяліся. Хто такі, што з табой размаўляў?
Я адламаў палову, паклаў ля Адамавага келіха:
- Не ведаю... Другі раз бачу. Тут усе адчуваюць сябе знаёмымі, размаўляюць з кожным, як быццам кожны дзень бачацца і сябруюць. Гэта як у лазні, дзе ўсе становяцца блізкімі і роднымі.
- Нейкі ён... падазроны.
- Шпіён? - злуюся я ўжо на яго - калі няголены, неахайны, то не наш, ату яго. Адам больш да акуратненькіх горнецца, з імі ён смялейшы і паважае такіх.
- Чаму шпіён? Біч. Нідзе, напэўна, не працуе. Каб выпіць, крадзе грошы альбо выпрошвае ў такіх даверлівых, як ты.
- А ты не даў бы яму на піва?
- На піва - не. На хлеб даў бы.
- Дзікунская ў цябе філасофія.
- І ў цябе ж такая.
- Але ты, дружа, не хвалюйся, у цябе ён не папросіць.
Адам паглядае на мяне:
- Гэта ж чаму?
Хіба ж я не адказаў яму? Недзе ў глыбіні душы я ўжо шкадаваў, што зацягнуў сюды Адама. На сваю галаву і бяду, быццам я гэтага піва не мог выпіць і адзін. А то быццам сабе сабутэльніка шукаў. Але ж не гарэлку п'ём... А калі б і гарэлку? То што?
Не быў бы побач Адам, мы б абавязкова пагаварылі з Джо. Добра пагаварылі б, па душах, як кажуць. Ён бы абавязкова расказаў пра сябе, можа, і не з першага разу, а неяк пасля... Можа б, гэта была рэабілітацыя перад дзедам Рыгорам, тут бы я не схлусіў ніводным радком, ніводным словам. У мяне ў сумцы, якую я пастаянна нашу на плячы, заўсёды напагатове дыктафончык, які цудам купіў у камісійным магазіне за трыста рублёў. «Соні»! Выдатная штукенцыя!
Тыдзень назад званю дырэктару палітэхнікума Шаганяну. Кажу, што для рэспубліканскай газеты неабходна даць інтэрв'ю. Альберт Шаганян раздумваў некалькі секунд і, каб не пакрыўдзіць мяне, далікатна сказаў:
- У мяне вельмі мала часу. Калі вы згодны, то магу выдзеліць для гутаркі толькі дзесяць хвілін.
- Калі? - ухапіўся я за нітачку.
- У восем гадзін раніцы.
- Згодзен! - абрадаваўся я. - Дзякую. Заўтра без пяці хвілін я ў вашай прыёмнай.
Раніцай я пераступіў парог без дзесяці хвілін. Без пяці ў прыёмную выйшаў дырэктар, павітаўся, убачыўшы мяне, падаў руку, запрасіў да сябе.
Дастаю дыктафончык, кладу на стол, побач наручны гадзіннік, націскаю кнопачку і гавару:
- Калі ласка, слухаю вас. На дзесяць хвілін...
Замест інтэрв'ю дырэктар зарагатаў, гледзячы на дыктафон. Ён адкінуўся ў крэсле, задраў галаву:
- Абхітрыў ты мяне, дружа карэспандэнт! Не мог падумаць, што пад дых мне дасі... Дзякую.
- За што?
- За хітрасць. Армянін хацеў перахітрыць беларуса, а атрымалася наадварот. Часу мне, братка, не хапае, ну і не схацеў я губляць на размову час.
Што мяне здзівіла, дык гэта тое, што ён, прадстаўнік армянскага народа, гаварыў на роднай мове беларусаў. Тут беларус, маючы ў дыпломе высокую адзнаку па роднай мове, крычыць: «Не знаю я этого языка!», а тут...
- Гэта я вам дзякую, Альберт Альбертавіч, што са мной вы гаворыце на маёй роднай мове...
Прагаварылі мы з ім не дзесяць хвілін. Каля трох гадзін ішла даверлівая размова. Ды не інтэрв'ю ў нас атрымалася, а сяброўская размова за кубкам гарбаты. Я і пытанняў не задаваў. Альберт расказваў пра сябе, можа, як ніколі і нікому не расказваў. Хвілінка такая, пэўна, падкацілася да яго - выгаварыцца хацеў. Мне было цікава слухаць і ўяўляць, як ён, хлапчуком, паступаў некалі ў ваеннае вучылішча і старшына сярод ночы прымусіў яго мыць туалет. Сказаў нешта супраць, і старшына ўдарыў па твары. Даў здачы, ды такой здачы, што ў таго і юшка пабегла з носа. А каб пазбегнуць непрыемнасцей, раніцай забраў свае дакументы (здаўшы амаль усё на «выдатна») і паступіў у політэхнічны інстытут... А потым некалькі сутак ехаў у цягніку «Масква - Ерэван». Ляжаў на самай верхняй паліцы. А ўнізе грузіны пілі віно і елі шашлыкі, дражнілі пахам яго пусты страўнік, сцякаў слінаю. «Дарагой, садысь к нашаму сталу, госцем будэш», - гасцінна, не адзін раз запрашалі да сябе, калі ён спускаўся ўніз. «Спасіба, я сыт», - адказваў ён. У кішэнях гуляў вецер - ніводнай капейкі не было, нават на кубак гарбаты.
Калі ж дабраўся да месца, апошнія сто метраў не мог ісці - падкошваліся ногі. Да парога ўжо амаль дапоўз, узяўся за дзвярную ручку і страціў прытомнасць...
Перад развітаннем Альберт аддаў мне свой даклад па навуковай канферэнцыі, сказаў: «Рабі з гэтага што хочаш. Але найбольш можаш выкарыстаць крытычныя заўвагі. Шмат прэтэнзій у мяне да метадаў навучання...»
Джо не Альберт. Што ён расказаў бы мне, не ведаю, але чамусьці ўпэўнены быў, што і яго было б цікава слухаць.
- Слухай, а што з білетам рабіцьмем? - напомніў Адам, трымаючы яго ў руках. - А раптам «Волга» ці «Калхіда»? - яхіднічаў ён. - То ж за твае грошы куплены. Глянь, і нумары якія цікавыя. Злева, дзе серыя, адны тройкі, а справа, нумар, - адны пяцёрачкі. Запамінаць лёгка...
- Адны няшчасці ад тых выйгрышаў.
- Чаму?
- Там, дзе буйныя выйгрышы і вялікія грошы, абавязкова няшчасці будуць. У нас у бухгалтэрыі працуюць Іда Абрамаўна і Сара Ізрайлеўна. Неразлучныя сяброўкі з дзяцінства. Пры сустрэчы цалуюцца, ласкавыя словы гавораць... Ішлі па вуліцы. Сара ўбачыла, што прадаюць «спрынт», і прыстала да Іды - давай купім. Тая аднекваецца - не хачу. А потым паддалася на ўгаворы. «Добра, толькі купі на мяне, грошы аддам раніцай на рабоце...» Купілі па два. Спачатку свае разарвала - пуста, пуста. Іда Абрамаўна разарвала адзін - пуста. Другі... Аж войкнула і ледзьве не асунулася на зямлю: «Волга»! Ачомалася, кінула сяброўку і хутчэй дадому, да мужа. Сара следам - то я ж купіла табе білет, дзяліся. Але дзе там! Пасварыліся. Муж Сары Ізя Мордухавіч пасля, як атрымаў легкавую, спецыяльна паўз вокны праязджаў і сігналіў - іграў на нервах...
- А ў маёй вёсцы таксама нешта падобнае было. Стаю ў магазіне, курыва купляю. А побач цётка Людвіся бярэ хлеб, грошы падае. Прадаўшчыца, маладое дзяўчо, дае, во як сёння нам, латарэйны білецік. «На шчасце, кажа, цётачка, вось пабачыце, выйграеце...» - «А на трасцу мне твая батарэйка!» - завярэдзіла крыўдліва Людвіся і шпурнула пад ногі «батарэйку». Ззаду мяне стаяла яшчэ адна жанчына, даяркай усё жыццё працавала, Аміля, у гадах, мужа ў лесе хваінай прычавіла. Двое дзяцей у горадзе, дарослыя ўжо. Падняла білецік. «Не камень, спіну не сагне панасіць», - так сказала, купіла пачак солі і пайшла дадому. Яна заўсёды трушком, хуценька так хадзіла, як усё роўна бегала. Яна ў Мазыр за дзень дапінала, а гэта за сорак кіламетраў. Пад восень ужо, перабіраючы ў стале паперкі, наткнулася жанчына на сваю «батарэйку», якую падняла ў краме. Пайшла на пошту, просіць загадчыцу: «Правер, донька, маю батарэйку, валяецца во...» На пошце яшчэ людзі былі, чулі і бачылі ўсё. Загадчыца як крыкне на ўсю пошту: «Аміля! Шчасце табе падваліла!» - «Якое шчасце?» - не зразумела. «Матацыкл ты выйграла з каляскай і мяне пракатаеш...» Аміля аслупянела, выхапіла з рук паперку, не паверыла... Але тут жа адбіла сыну тэлеграму, каб прыязджаў. Вечарам таго ж дня прыбегла да яе Людвіся - дачулася ж, вясковае радыё працуе бездакорна - і з парога заявіла: «Аддавай мой матацыкл! Зяцю акурат добра будзе на работу ездзіць...» А тая кажа: «Ты ж сама выкінула яго, той матацыкл... А можа, то і не твая батарэйка, дакажы, што твае нумары...» І - пайшло-паехала. Да суда дайшло. І мяне на суд выклікалі. Сведкам. Папалам суддзя грошы прысудзіў падзяліць. Во як бывае.
- Ну во, а ты гаворыш. Закажам яшчэ піўка?
- Давай.
На гэты раз я ўзяў лішні куфель. Для Джо. Калі паставіў перад ім, усміхнуўся, удзячна кіўнуў галавой. Мне ён здаўся паніклым і стомленым, хваравітым. Гаварыць яму не хацелася, і я адразу адышоўся. Гэтак я адпомсціў Адаму за яго недавер да хлопца.
Адам нічога не сказаў - ці не бачыў, стоячы да яго спінай, ці не хацелася гаварыць на гэтую тэму.
Праз нейкі час мы з ім развіталіся, а мне дадому не хацелася ісці, і я пабрыў за раку, знайшоў ціхую мясцінку і лёг на зямлю...
2
Урэзаўся ў маю памяць даўні эпізод.
Не такі, можа, і даўні, але які яскрава запаў у маю памяць. І пасля з прычыны і без дай прычыны з'яўляўся да мяне, прымушаў уздрыгваць сэрца - кожны раз аднолькава балюча, быццам тое страшнае тычылася блізкага і роднага чалавека.
Бацька, як і абяцаў, узяў мяне нацямочку ў лес. Такое надаралася не часта, бо ў яго сваіх леснікоўскіх клопатаў было процьма, і насіўся ён па сваіх дзялянках, як воўк, - было не да мяне. А тады, напэўна, у бацькі быў ці то добры настрой, ці вальней стала з работай, прапанаваў вечарам:
- Не хочаш заўтра са мною ў лес?
- Хачу! - адразу ж адказаў я, як бы баючыся, што ён перадумае.
У мяне адразу заныла соладка сэрца, мройная і шчымлівая асалода прадчування дзівоснага і незвычайнага апанавала мною, напоўніла ўсю маю дзіцячую істоту, і я не знаходзіў сабе месца: і не раз, і не два правяраў гумовікі і анучкі, сумку са сцізорыкам і маленькай сякеркай, якую ранічкай утыркну за папружку і буду, як дарослы, крочыць следам за бацькам.
Бацька ў мяне чараўнік, няйначай. Ён ведае кожную сцяжынку ў сваім абходзе, кожнае дрэва - здаровае і хворае, як ведае, якія звяры жывуць у яго кварталах і дзе. Да гнязда чорнага бусла бацька мяне прывозіў летась, і мы з гадзіну пазіралі на яго са свайго сховішча. Не ведаў, што бацькавы назіранні, а асабліва запісы ў тоўстым сшытку, праз пятнаццаць гадоў дапамогуць мне не толькі напісаць аповесць пра нашую пушчу і Крушнянскія бары, а і стануць яны багатым матэрыялам для сталічнага біёлага, які разам з бацькам створаць падручнік па фітатэрапіі...
Можа, ад яго, ад бацькі, і перадалася мне неадольная цяга да прыроды, да ўсяго, што акружае нас, - ад травінкі і мураша да рыбіны і лісця... Адчуваў незвычайную асалоду ад таго, што зліўся з прыродай, стаў неад'емнай часткай яе, яе мікраскапічным ланцужком-звяном; калі кожны дзень адчуваеш, што ты створаны з касмічных часцінак, з неба чэрпаеш незвычайную сілу, умееш накопліваць энергію і распараджацца ёю па ўменню і разуменню, - то прырода прыняла цябе, атуліла сваім цяплом.
Бацька мой - дзівак. Ніколі не есць мяса. Ён траваед. Сыраед. Есць усё сырое - бульбу і буракі, прарошчаныя боб, гарох і жыта. Тлумачыў, калі дапытваліся, што чалавек створаны Богам самым бяскрыўдным, дабрачым і пяшчотным. А агрэсіўнасць і зло з'явіліся ў чалавека з таго часу, калі ён забіў жывёліну і сасмажыў яе мяса на кастры і з'еў яго. Чалавека бацька параўноўваў з каровай, са свіннёй, даводзіў, што і язык, і кішэчнік у нас аднолькавыя - для пераварвання сырой, натуральнай стравы. Казаў нават, што і хлеб шкодны для чалавека. Ну, тут ужо я не мог з ім пагадзіцца. Хлеб? Гэта ж аснова жыцця!
Толькі праз шмат гадоў, калі мяне патрэ жорстка жыццё, калі мяне пашкамутае Афган і неба здасца ў капеечку, калі я паўстану перад выбарам - альбо жыццё, альбо смерць, я паслухаюся дзеда Рыгора, які ў цяжкія хвіліны прыходзіць да мяне, каб паўшчуваць ці падказаць адзіна правільнае рашэнне ў маім цяжкім выбары.
- Унучак, калі ты не паверыў свайму бацьку, - тлумачыў дзед Рыгор, шкадуючы, што я такі неразумны, выхаваны на дурных кніжках ленінска-сталінскай сістэмы, што нам навязвалі прымусова ў школе, - то навучыся вучыцца ў жыцця. Слухайся разумных людзей. А выбавіць цябе ад смерці ўзводны... Калі яму паверыш, то будзеш жыць, унучак. Ты павінен прачнуцца, скінуць са сваіх вачэй пеляну невуцтва і папяровага розуму. Вашыя ідэі, адобраныя ўрадам і роднай партыяй, закліканы зрабіць з вас пакорных рабоў, маленькіх чалавечкаў, злых і агрэсіўных, якія па загаду «правадыроў» гатовы кінуцца ў бой і страляць, ламаць, крушыць...
Дед знік, як і не было яго, а я доўга ляжаў у прапахлай ёдам і нашатыром палаце і ніяк не мог даўмецца, што ён хацеў мне сказаць, чаму навучыць, ад чаго засцерагчы. І пры чым тут узводны - наш смелы і адчайны камандзір, які не ганяў нас без сэнсу на душманаў. Бярог нашыя жыцці.
Але пра тое не цяпер... То тэма асобная, вельмі важная для мяне. І не толькі для мяне.
Я ўдзячны яшчэ бацьку, што ён адкрыў мне дарогі і сцежкі ў сваім лесе, навучыў разумець яго, як самога сябе. І адкрыў таямніцу, пазней ужо, бадай, самую галоўную. Ён вадзіў мяне кожным разам праз адно і тое ж месца - Барсучынае котлішча, дзе, ідучы дадому, скідвалі свае сумкі і адзенне, каб упасці на мяккую цёплую зямлю і адпачыць, набрацца сіл.
Не ведаю чаму, але нас абавязкова аблытвала адразу дрымотка, нават агортваў моцны сон - не доўгі, моцны, а так, на паўгадзінкі, не болей. Але пасля таго я бачыў, як на маіх вачах маладзеў бацька, у яго вачах свяціўся нейкі дзівосны агонь, голас яшчэ больш мякчэў, і ад яго сыходзіла магутная дабрыня. Хада пасля гэтага была спружыністая, лёгкая, ногі амаль і не датыкаліся да зямлі - як скінуў бацька з плячэй сваіх гадкоў з трыццаць. Тое ж было і са мной - не ішоў, а ляцеў. Тады ж, помніцца, мне і сны сніліся - быццам лётаю я над сваімі Крушнікамі, кожнуго хату зверху бачу і людзей пазнаю ў кожным двары.
Не ведаў я тады, што бацька вазіў туды нямоглага прафесара Андрэева з Менска, якога родзічы, даведаўшыся нейкім чынам пра лекарскія здольнасці бацькі, прывезлі да яго. Дактары з бальніцы выпісалі старога, сказалі родзічам, што жыць яму засталося з месяц, намякнулі, каб самі давалі якой рады, што медыцына далей бяссільная - ніякія лекі і сучасныя медапараты не памогуць.
Бацька, як я памятаю, прарошчваў тады жыта і гарох, паіў цудадзейным адварам - урынай. А каб было зразумела - мачой. Пастаянна з ім, прафесарам, знаходзілася і яго дачка - Паліна Аркадзьеўна, выкладчыца матэматыкі ў інстытуце. Прыгожая, ветлівая. Мне здавалася, што яна ніколі і не спала - усё сядзела каля бацькі, пазірала на яго. І разам у Барсучынае котлішча ездзіла. Колькі разоў бацька яе не браў з сабою, і для мяне то было тайнай. Ці то бацька не хацеў выдаваць свае сакрэты, ці па якой іншай прычыне, не ведаю... Дзіва было адзін раз. Машка, кабыла, прыйшла дадому з пустым возам - без бацькі і прафесара. Занепакоілася Паліна, на маці позірк кінула, каб тая пацвердзіла нейкую бяду, і, нічога не ўбачыўшы ў матчыных вачах, кінулася да Барсучынага котлішча.
Далёка ад вёскі не адбегла - метраў сто - і ўбачыла, і сваім вачам не паверыла - насустрач ішоў яе бацька з лесніком. Ішоў без падтрымкі, сам, упэўнена перастаўляючы ногі. Не так хутка, як бацька, але ж і не адставаў.
- Татачка, ты жывы! Божачка, якая радасць! - упала жанчына бацьку пад ногі, укленчыла, абняла, прытулілася. - А я думала...
- Кепска думала! Ніколі не трэба думаць пра горшае! - гаварыў Аркадзь Андрэевіч, паглядаючы на лесніка. - Скончыліся, дачушка, мае пакуты. Усё. З таго свету вярнуў мяне Канстанцін Сямёнавіч.
Жанчына паднялася. Яна плакала ад радасці. Абняла майго бацьку:
- Каб не вы, не бачыць мне свайго тату ў жывых. Не ведаю, чым вас аддзячыць, якія словы сказаць.
Бацька ўсміхаўся:
- То не я, то лес яго вылечыў.
І бацька гаварыў праўду, не маніў.
Помніцца, праз тыдзень яны з'ехалі. Іх забрала легкавушка з Менска. А яшчэ Паліна Аркадзьеўна прыехала зноў. Каб разлічыцца. Прывезла шмат грошай. Колькі, не ведаю, але бацька не ўзяў. Вярнуў назад. Раззлаваўся нават за плату. Настояла толькі жанчына на адным - каб узяў бацька адрэзы мацеры на сукенку і яму - на касцюм.
Дапытвалася, чым і як вярнуў ён з таго свету бацьку. Думала, што быў у гэтым нейкі вядзьмарскі сакрэт ці нейкая іншая сіла.
- Ніякіх сакрэтаў, Паліна Аркадзьеўна, - адмоўна круціў галавой бацька, усміхаўся з яе думак. - Усё ж лячэнне было перад вашымі вачыма.
- Не можа таго быць.
- Значыць, можа.
- Дык, выходзіць, урына і сырая яда?
- І - лес.
Жанчына задумалася - і верыла, і не верыла. Бацька казаў праўду, але ўтаіў адну маленькую дэталь - мясцінка ў лесе, Барсучынае котлішча, якое замацоўвала лячэнне, давала энергію і сілу і, галоўнае, абнаўляла кроў, умацоўвала сасуды. Хаваць гэты сакрэт бацька меў поўнае права - ён належаў толькі яму. А перайшоў ад дзеда Рыгора. А таму - ад дзеда Міхася...
- Канстанцін Сямёнавіч, а можна я буду прыязджаць да вас зрэдку? - папрасіла перад ад'ездам жанчына, адчуваючы сябе ў нечым вінаватай, што не змагла, як думала, аддзячыць бацьку за выратаванне роднага чалавека.
- Чаму ж не? Прыязджайце. Месца ўсім хопіць. На чарніцы прыязджайце, на грыбы...
- Дзякуй вам.
І зноў жа - я не пра тое. Заносіць мяне апошнім часам, спыніцца не магу. Не ведаю і сам, ад чаго такое. Хаця ж - чаго заносіць? Усё, пра што расказваю-ўспамінаю, мае непасрэднае дачыненне да агульнай тэмы - кожнаму з нас у жыцці выпадае білет удачы (ці няўдачы?), толькі ад нас залежыць, як ім распарадзіцца, як скарыстаць яго, а ў выпадку ўдачы (ці шчаслівага супадзення абставін) умела выбраць далейшую дарогу.
Ці заўсёды ў нас хапае розуму і клёпу, каб удачу ўзяць да сябе на службу, ёю памножыць ранейшыя добрыя пачынанні?
Пэўна ж, не - не заўсёды і не ўсім...
3
Ранак росны, халодна-бадзёры.
Скрозь густое голле і лісце, скрозь высозныя ствалы медзяных сосен прабіваюцца промні малінавага сонца; ад узболатку, дзе яшчэ не ўвайшлі ў сілу ягады малін і ажын, калі яшчэ далёка да чырвані каліны, дзе ўецца спорна па алешынах уверх хмель, плыве церпкі водар, кружыць голаў; у сухой вершаліне дуба шчыруе без стомы дзяцел - выдзёўбвае шышкі, дробная пацяруха ляціць жоўтым сняжком і сцелецца па зямлі...
Я зажмурваю вочы і чую, як бяжыць мураш да свайго жытла, несучы на спіне груз у сем разоў важэй, чым сам; адчуваю, як паўзе гадзюка па сваёй сцяжыне і выбірае месца, дзе можна стаіцца і адпачыць; разумею, як нараджаецца вецер у лясных нетрысках, набірае сілу, мацнее і імкнецца на волю, туды, да высокіх вяршынь, дзе ніхто і нішто не перашкодзяць яго свавольству - і ён стане магутным Ветрам; мне вядома, як набрыньвае сілай маладая бярозка, быццам цікаўнае дзяўчо, наліваецца маладой сілай, жаданнем і прыгажосцю...
Але чым далей і болей пазнаю яго і адкрываю, тым больш адчуваю, што я невук і дылетант. Тым больш разумею, чаму мне непадуладны таямніцы бацькавага лесу.
Але тое я ўцяміў пазней, значна пазней...
Прайшоўшы палову шляху, я знячэўку адчуў, не, найперш зразумеў, што мяне чамусьці не радуе гэты дзень, які падарыў мне бацька, свята адкрыцця таямнічай радасці я не адчуў. Чаму? У маёй душы пасяліліся незразумелая трывога і страх - як быццам мяне наперадзе чакала нешта горычнае і непадуладнае майму дзіцячаму ўяўленню і розуму.
Следам улеглася за намі нейкая жоўтая птушачка - ці не амялушка? - з чорненькімі вочкамі-бісерынкамі, шустрая, як праменьчык сонца, яна шмыгала ад дрэва да дрэва, ад галінкі да галінкі, гаварыла нешта на сваёй птушынай мове і злавалася, што яе не чуюць, - уздрыгвала, як быццам ёй было холадна.
Я міжволі спыніўся. Мяне нешта спыніла. Пільна прыгледзеўся да птушачкі. Што яна ціліўкала? Каму? Мне? Я не разумеў яе мовы, але ж кожным кароткім ціўканнем усё глыбей і глыбей пад сэрца шыўся калюча-млявы халадок, і трывога ўзрастала ўсё больш і больш.
Бацька, здавалася, не чуў амялушку і нічога не заўважаў наўкола - мераў зямлю размашыстым крокам, думаў заўсёдную леснікоўскую думу. У такія хвіліны роздуму я яму ніколі не замінаў, трымаўся воддалеч.
Азіраючыся на амялушку, я пабег даганяць бацьку.
На дзялянцы сустрэліся з братамі Аляшкевічамі - Зміцерам і Аленціем, дужымі дзецюкамі, якія і ў жонкі пабралі родных сясцёр - Лёдзю і Анюту, дачок удавы цёткі Антолі. Былі з імі і дзядзька Віталь з другога канца вёскі, Мікіта, малады хлопец, які толькі што вярнуўся з войска.
- Прывітанне, мужыкі! - паручкаўся бацька з кожным.
- Дзень добры! Здароў быў! - адказалі разам. - О, ты сёння з памочнікам - дзве нормы забяспечаны...
- А як жа, мо і тры нарэжам, га, сын? - смяецца бацька, паглядаючы на мяне, хваліцца: - Амаль мужчына ўжо... Бацьку вунь даганяе.
Пасядзелі, пагаманілі, выкурылі па цыгарэціне. Потым, не згаворваючыся, падняліся, пайшлі да намечанай дзялянкі, у якой намерыўся бацька рабіць расчыстку ад старых і хворых дзеравін. Там раслі бярозы - пераросткі, яны вымкнулі ў неба, іх мог паваліць і разламаць вецер ці буран.
Гэпнулася вобземлю першая бяроза, за ёй другая.Мікіта спорна ўпраўляўся «Дружбай» - і пырскі жоўтага пілавіння ляцелі пад ногі, пакрываючы сівы ціпец і мох. Памагаў і я, махаючы сякерай, - абсякаў сучча, складваў галіны ў лаўжы, каб потым спаліць.
Мужчыны жартавалі, перакідваліся словамі, рагаталі са сваіх жыццёвых няўклюдзіц, смешных эпізодаў жыцця - пачутых ці перажытых.
А я не пераставаў услухоўвацца ў цішыню, шукаў позіркам амялушку - дзе яна, мо зляцела куды. Не, яна і не адлятала нікуды, пырхала непадалёк ад нас, ціліўкала, чорным вочкам страляла ў мяне, як крычала ўсё роўна: «Бяжы за мною, бяжы за мною - памагчы трэба!..»
Мусіць жа, я адзін і ўчуў яе. Усе астатнія былі занятыя сваёй работай, а прыслухацца і ўбачыць маленькую жывую істоту ў іх не хапіла слыху - не ў тым жыццёвым вымярэнні жылі.
І зноў я не адгукнуўся на яе покліч.
Мужчыны абедалі ў цяньку, гэтак жа рагаталі без дай прычыны. А потым і кімарнулі, лежачы на зямлі.
Лёг і я збоч - пад маладую куртатую бярозку.
Амялушка села над маёй галавой. Я замілавана глядзеў на яе, і карцела пагаварыць, як з чалавекам, папытацца ў яе - што так хвалюе, непакоіць? Па чыёй душы ўбіваецца - птушынай, чалавечай? Чаго так просіць-умольвае? Мо які свавольнік гняздо разбурыў і яна просіць дапамогі, каб не загінулі яе дзеці?
І мяне як што падштурхнула, падкінула з зямлі. Я ўскочыў, наблізіўся да яе. Яна як быццам абрадавалася, адчуўшы мае намеры.
- Вядзі, птушка! - загадаў я ціха і адразу паскорыў крок, пашыбаваў следам. - Я памагу табе!
Яна ляцела паперадзе, вяла мяне па сцежцы, потым крута павярнула ўправа - у гушчарняк - і ціліўкала ўсё званчэй і званчэй, пацвярджаючы, што яна дамаглася свайго, дастукалася да свядомасці чалавека. Сумнення не было - цяпер я яе не пакіну, буду бегчы за ёй праз любыя нетры. Я прабег балотца з ванючай тванню, пырскі ўдарылі па твары, але я не звяртаў увагі - стараўся не згубіць амялушку. Узгорак з чэзлага сосніку я прабег што было сіл...
І тут я пачуў крык.
- Памажыце! ...амажыце! - крычаў мужчына знясіленым і хрыплым голасам, бегаў вакол глыбокай калюжыны, у якой загрузла, вышэй колаў, легкавушка. - Людзі добрыя, памажыце!..
Калі я падбег да яго, не разумеючы, што здарылася, ён упаў на калені перада мной, хлапчуком, прасіў выратаваць ад нечага страшнага і непапраўнага.
Толькі цяпер я ўбачыў - як хто засланіў перад гэтым вочы, - што пярэднія дзверцы «жыгулёнка» былі прачынены і яны ж заціснулі дзяўчынку, якая спрабавала, пэўна, вылезці з машыны, ды папалася нечакана ў такую пастку - палавіна яе, з жывата, была ў машыне, а рукі, плечы і галава былі наверсе. І чым больш засмоктвала твань легкавік, тым мацней дзверцы сціскалі дзяўчынку. «Жыгулі» ўсё глыбей і глыбей пагружаліся ў брудную ваду...
Я паспрабаваў яе пацягнуць, узяўшы пад пашкі, але яна закрычала ад болю - дзверца мёртва ўціснула яе, ужо як не счарнела ўся...
Дзяўчынка ўжо не крычала - яна сплакалася і знемаглася. Пакрысе, сантыметр за сантыметрам, багна ўцягвала ў сябе легкавік - было жахліва назіраць і нічога не зрабіць для выратавання жывой душы...
- Я маментам! Тут мужыкі недалёка! - крыкнуў я і стрымгалоў кінуўся ў кустоўе, адзначаючы пра сябе, што толькі мужчыны могуць выбавіць малую з палону. Толькі б яна засталася жывой да іх прыходу.
Бегучы, яшчэ прыкмеціў, што голасу амялушкі не было чуваць - значыць, яна прылятала за дапамогай да людзей. Ды не той адгукнуўся, хто трэба быў, - які я збавіцель? Няўжо амялушка адчувала няшчасце з раніцы, калі ляцела за намі? Тады ж і легкавушка не праязджала там. Прадчувала няшчасце?.. Прасіла, стукалася ў нашы сэрцы, каб мы папярэдзілі бяду?
Я бег і ашчаджаў сілы, каб хапіла яшчэ дабегчы і назад, бо мужчыны маглі і не ведаць таго месца...
Яны ўжо шукалі мяне, спалохаўшыся, што я некуды знік, гукалі.
- Тата, там бяда... туды трэба... хутчэй... - стараюся крычаць, але не было ў мяне голасу, паказваю толькі рукой у той бок. - Бяда там... Дзяўчынка памірае ў машыне - заціснула дзверцай, і легкавік грузне ў багну...
- Які легкавік? Дзе?!
- У Міколікавым бродзе. Ратаваць трэба! Хутчэй!..
Бацька нешта зразумеў, скамандаваў, каб беглі туды. Яны забыліся пра мяне. Я ж сядзеў, змакрэлы, аддыхваўся, набіраўся сіл. А пасля і сам пабег іх даганяць - быццам ад маёй дапамогі там залежала жыццё дзяўчынкі.
Калі ж я прыбег на тое месца, то ўбачыў, што мужчыны выбілі ў легкавушцы вокны, дручкамі падважвалі яе, стараючыся вырваць яе з багны, але нічога ў іх не выходзіла. Мікіта залез наверх, хацеў, як і я, выцягнуць дзяўчо, але клубы ўпіраліся ў метал і не адпускалі. Прорва балота, як пачвара, засмоктвала легкавік у сябе, як старалася праглынуць...
- Мужчынкі, памажыце, азалачу, калі ўнучку ўратуеце! - прасіў дзяцюк, поўзаў на каленях, размазваў па твары бруд і слёзы. - Век на вас маліцца буду... Пашкадуйце яе, чым жа яна саграшыла перад Богам?
- У вайну ты маліўся добра, ведаем, - пра нешта намякнуў Зміцер Аляшкевіч. - Не цябе шкода, а яе, нявіннае дзіця...
- Ёй памажыце. Маё жыццё забярыце, ёй аддайце...
Твар у дзецюка чорны, як у негра, чорныя пісягі сцякаюць па шыі на грудзі, вочы чырвоныя, крывяныя, умольныя.
- Мо б «Дружбай» разрэзаць? - падказвае бацька.
Я адчуў дзікасць сітуацыі - кагорта мужчын, дужых і здаровых, а зрабіць нічога не могуць - бездапаможныя перад смерцю. А на вачах жа гіне дзяўчынка...
- Не возьме, - сумняваецца Мікіта, але і тут жа абураецца: - Дык я ж, маць тваю, не ўзяў яе... Адкуль мне было ведаць пра такое?
Ні сякеры, ні лома... Як на злом галавы. Чаму, чаму я не здагадаўся падказаць, каб сякеры з сабою ўзялі, - мо б выламалі, выбілі дзверцы, не можа быць, каб не прыдумалі чаго... Збегаць? Але туды паўгадзіны, назад столькі ж. І так, напэўна, ужо позна - дзяўчынка ўжо схіліла галаву, бездапаможна абвялі рукі...
- Людзі! - зразумеў дзяцюк, пабег, плюхнуўся ў гразь, абняў унучку, пачаў цалаваць яе, яшчэ больш плакаць. - Чаму мне такую кару прыдумаў Бог? Чаму не мяне забраў на той свет? А-ааа!.. Чаму, скажы, Божа?!
Я ўткнуўся тварам у жывот бацькі і таксама плакаў, як той дзяцюк.
Мужчыны глядзелі строга, насупіліся, клялі сваю бездапаможнасць.
Справа загудзела машына, і дзядзька, кінуўшы малую, спатыкаючыся, кінуўся насустрач, але ніяк не мог выбавіцца з балотнай твані, падаў. Пад'ехала машына, і вадзіцель нейкі час не мог зразумець, што ад яго хочуць, - чалавек хрыпеў, паказваў на легкавушку, і ні слова нельга было разабраць...
Дзяўчынка была непрытомная.
- Які чорт цябе сюды занёс? - мацюкаўся вадзіцель. - Я і то баюся сюдой ездзіць...
Ён падчапіў тросам «Жыгулі», выцягнуў на цубкі бераг. Пасля папрасіў у мужчын закурыць - дрыжачымі рукамі трымаў цыгарэціну.
Толькі пасля гэтага я асунуўся на зямлю - страціў прытомнасць. Скрозь туман свядомасці чуў, як бацька гаварыў рабочым:
- Вы ідзіце, а я з сынам да Барсучынага котлішча пайду... Дома пакуль нічога не кажыце.
- Добра, зразумелі.
Ён некуды нёс мяне, шаптаў і хукаў на вуха, потым паклаў на зямлю. Ляжаў я доўга і не адразу апрытомнеў.
Першае, што я ўбачыў потым, гэта разгалістыя галіны ліпы - то было тое святое месцейка - Барсучынае котлішча, куды прывозіў бацька хворага прафесара.
- Нічога, сын, нічога, на сваім вяку і не такое пабачыш, - казаў бацька, кранаючыся да майго лба, - дакрананне да чужога гора - рэч непрыемная. Шкадую, што ўзяў цябе сёння з сабою.
- Што ён у вайну зрабіў? Пра нешта напамінаў Зміцер Аляшкевіч.
- Паліцаем ён, сын, быў у вайну. Шмат людзей загубіў. Праклялі яго людзі...
- Але ж яна, тая, што загінула на нашых вачах, невінаватая, - у мяне зноў на вачах слёзы, і зноў выплывае яе воблік - вялізныя вочы, вось-вось выскачаць з арбіт, яе перадсмяротны хрып і счарнелы твар, і я захліпваюся зноў у горы, не могучы забыцца пра тое, што было на маіх вачах, што ўвайшло ў мяне на ўсё жыццё...
- Невінаватая, гэта ты правільна сказаў, - згаджаецца бацька і дастае аднекуль слоік з цёмна-карычневай вадкасцю, - вазьмі во выпі, табе адразу стане лягчэй...
Я паслухмяна выпіў, не адпускаючы бацькавыя пальцы ад слоіка, адчуваў, як ад яго рук сыходзяць цеплыня і дабратворная сіла. Яна ўлівалася ў мяне і з зямлі, на якой я ляжаў, і аднекуль зверху. У мяне мацнелі рукі і ногі, яснеў розум. Асабліва пругкімі сталі рукі - імі хацелася ўзмахнуць і, як у дзіцячым сне, узляцець пад воблакі, не дайсці дадому, а даляцець, плывучы над лесам...
- Тата, а што гэта са мной было? - дзіўлюся я і нічога не разумею.
- Такія відовішчы не для дзіцячага сэрца.
- Тое я зразумеў. Пра іншае я - ты ўліў у мяне нейкую невядомую дагэтуль сілу. Як гэта табе ўдаецца?
Бацькаў твар побач - нада мной. Я бачу яго вочы - па-маладому сінія, бы васількі ў жыце, паголены падбародак, светлыя, бы пшанічная салома, валасы. Ад яго патыхае нейкім незвычайным пахам. Ніколі і ад нікога я такога не чуў. Ад чалавека, які не курыць, не п'е віна і гарэлкі, не есць мяса, смажанага і печанага.
- Гэта не я, сын, гэта лес.
- А і хлусіш ты, бацька. Ты так і прафесару казаў. Чаму ж мне праўду не гаворыш?
- Праўда, я не падманьваю цябе. Але тое ты пакуль не зразумееш. Як падрасцеш, як жыццё закруціць цябе ў свае віхуры, тады прыйдзе пара пагаварыць пра тое. Тады я табе і перадам усё, што ведаю, чаму навучыўся. А цяпер яшчэ рана. Зразумеў?
- Здаецца, зразумеў.
- Вось і добра. А цяпер табе пара ўставаць - цяпер ты вылечыўся ад сваёй памаракі, але маленечкі пісяг ад сённяшняга ў цябе застанецца. Ведай пра тое.
...Позна вечарам мы вярнуліся дадому. Ужо прыгналі з лесу статак пастухі, і пасля яго асеў на зямлю густы пыл. Маці ведала пра ўсё, занепакоілася за мяне, кінулася насустрач, абняла, прыціснула да сябе. А я слаба ўсміхнуўся ёй, каб хоць усмешкай супакоіць яе.
- Як на згубу прадаў тыя латарэйкі, - ноччу скрозь сон чуў, як маці шаптала бацьку.
- І не кажы. Хто ведаў.
Гэта пасля я даведаўся, што адбывалася на самай справе з тым дзецюком-паліцаем з далёкай ад нас вёскі. П'яніца, калгасны каваль Бронік Засухін, паміраў, так хацеў выпіць. Да паліцая былога прыбег - пазыч, Парфёнавіч, пляшку самагонкі. «А чым разлічвацца будзеш?» - спытаў Дзяніс. «Во на час магу латарэйкі жончыны даць - дзесяць штук». Згаварыліся. А праз тыдзень у газеце розыгрыш надрукавалі. Дзяніс не дурань, адразу ж кінуўся на пошту, каб праверыць. І - «Жыгулі»! Жонка Засухі прыперла да сценкі Броніка - дзе латарэйкі? Прызнаўся. Пабегла да Дзяніса, а той кукіш пад нос ёй - ведаць не ведаю ніякіх латарэек, наплёў твой алкаголік. А жонка Засухі перапісала перад тым нумары ў блакнот, таму і ведала, які нумар аддаў паліцаю...
Праз месяц зяць прыгнаў у вёску новенькага легкавіка. Як ні сварылася пасля Зінаіда, як ні плакала, адказ той жа - нічога не ведаю, то зяць і выйграў сам легкавіка. Засуха яшчэ тайна бегаў, упрошваў, каб хаця пляшку паставіў за такі падарунак, - кукіш з маслам атрымаў...
Бацька зноў даў мне выпіць таго ж адвару, ад чаго я заснуў моцным і глыбокім сном. Прачнуўся толькі назаўтра пад абед.
На душы, здаецца, было спакойна і хораша.
Бацькі радаваліся майму выздараўленню.
Але мяне доўга яшчэ трывожыў успамін аб трагедыі, якая адбылася каля Міколікавага броду...
- Цікавая гісторыя, - уздыхнуў Адам. - Ты ж пра бацьку ніколі не расказваў.
- Не расказваў. Не было патрэбы. А вось сёння прыйшла пара.
- А што сталася з тым паліцаем?
- Розум страціў. Хадзіў потым па вёсцы, шукаў сваю ўнучку. Прасіў людзей, каб памаглі з балота выцягнуць машыну, - абяцаў разлічыцца латарэйкамі...
- Во як яно здараецца ў жыцці.
- Ніводная фантазія такога не намалюе.
- Чалавечы мозг не здольны прыдумаць такія сітуацыі, якія падсоўвае нам само жыццё.
А я міжволі назіраў за Джо, які стаяў да мяне спінай.
Куфель піва, што я паставіў каля яго, стаяў некрануты. Хлопец стаяў нерухома, абапершыся локцямі аб брыжык століка. На ім адзенне вісела як на калку, - звісала, ні за што не трымалася...
Мы дапілі сваё піва. Я ўспомніў, што мне неабходна было наведаць гандлёвы аддзел аблвыканкома - забраць паперы пра наяўнасць магазінаў, у якіх была наладжана механічная праца. Атрымлівалася смешна і недарэчна. Камсамольскія арганізацыі кінулі лозунг «І за таго хлопца». Дзяўчына, нацягаўшыся за дзень скрынак, кошыкаў грузу - не адну тону, аж жылле парвала, павінна яшчэ адцягаць «і за таго хлопца», які не вярнуўся з вайны. Да абсурду даходзілі цэкоўцы, выдумляючы чарговую ініцыятыву...
- Ну што - пагналі нашы гарадскіх? - гляджу я ў светлыя вочы Адама, намякаючы, што наш час наталення душы і страўніка скончыўся, што нам пара разыходзіцца.
- Праз тыдзень зноў убачымся?
- Сляпы сказаў: «Пабачым...»
Перад тым як пакінуць піўное поле, азірнуўся: Джо стаяў нерухома і ў той жа паставе. Як акамянеў. У мяне было жаданне падысці да яго, нешта сказаць. Але ўнутранае пачуццё падказвала, што яму ў гэтыя хвіліны ніхто не патрэбен - ні вораг, ні сябар, тым больш той, хто будзе яму спачуваць.
І тым мацней ува мне нараджалася ўсё большае і нецярплівае імкненне даведацца пра яго лёс. Нешта прыцягвала да яго, нехта падштурхоўваў, як некалі тая ж маленькая птушачка амялушка.
Супакойвала хіба думка - я знайду яго тут абавязкова, калі прыспее час пагаварыць. З цягам часу я навучыўся не падганяць падзеі, не прыспешваць іх, тое, што трэба, само паспее і зваліцца ў рукі... А не зваліцца, дык што ж, так таму і быць.
Адам аднёс бакалы да бочкі, падзякаваў жанчыне.
Праз хвіліну, паціснуўшы адзін аднаму рукі, мы разышліся - кожны пакіраваў сваёй дарогай...
4
Я дапісваў чарговы допіс пра той жа гандаль.
«Адлюблю і... за таго хлопца». Так назваў. Злосна напісаў, не быў упэўнены, што і надрукуюць. Я да таго часу перабраўся ўжо ў рэспубліканскую маладзёжную газету, але быў «на кусце» - уласным карэспандэнтам па вобласці. Не быў упэўнены, што рэдактар надрукуе напісанае - падрываю ж цэкоўскую ініцыятыву, абвяргаю яе. На кошык, вядома, працаваць не хацелася, але дзед Рыгор рабіў сваю справу...
Заклеіў канверт, падпісаў адрас.
На маім стале забулькатаў тэлефон. Па працягласці званка - міжгорад. Разважаў - падымаць слухаўку ці не? Мо зноў якое звыштэрміновае заданне, а я ўжо выклаўся, сілы аддаў на бегатню, а потым на пісаніну.
- Тута я, - прывычна адказваю на любы званок - дабіваліся мяне знаёмыя ці незнаёмыя людзі.