Анатоль БароўскіСцеражыся майго гневуАповесць
Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і слова было Богам.
Яно было на пачатку ў Бога: усё празь Яго пачалося,
і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць...
Паводле Яна Сьвятое Дабравесце (1,1-3)
1
Маўчун успоўз старому на грудзі.
Ён, вуж, ведаў, што старога блажыла, што яму было кепска яшчэ звечара, калі легла за балотам у мяккія імхі счырванелае сонца. Але тады трывожны покліч не даходзіў да паўзучай істоты, і тым больш дзед сам не прасіў помачы, - ужо нат і не спадзяваўся на яе...
Вуж скруціўся шэрым кольцам і затаіўся, як чакаў, калі паскорыць бег кроў у венах-сасудах чараўніка-чарадзея, калі ён глыбака ўздыхне і набярэ ў лёгкія напоўніцу паветра, - і тады пачнецца ўжо новы адлік часу, тады адсунецца на нейкі час тая апошняя хвіліна і дзед зноўку будзе радавацца цяплу і сонцу, лесу і сваім насельнікам, з якімі ён жыве ў суладдзі не адзін дзесятак гадоў... Вужыку не хочацца, вельмі не хочацца, каб старога не напаткала бяда, бо тады ён асірацее без яго, жыццё стане нецікавым і сумным...
З раскрытага рота, аднекуль з глыбіні грудзей, вырваўся слабенькі клёк, бы паветраная булька вырвалася з дна возера на паверхню, бы крынічка, шукаючы і прабіваючы сабе шлях, прарвалася скрозь тоўшчу зямлі на волю...
І тады вужык пачуў, як ажыла і набрала сілу і другая кропля - больш смялейшая і напорыстая, - вырвалася вонкі. Нешта зрушылася з мёртвай кропкі, нешта скранулася з месца і пачынала ажываць, - і ў грудзях, пад вужыкам, таўханулася радасна дзедава сэрца, - раз, другі і трэці, - з кожным разам усё мацней і мацней пачало пампаваць аслабелую кроў, разаграваць яе, жывіць новай сілай, прымушала працаваць, разганяць і паскараць свой бег.
Праз колькі хвілінаў чараўнік-лесавік пачаў удыхаць у сябе паветра - лёгкія прасілі наталення, лёгкія прапускалі праз сябе кісларод жыцця і памагалі сэрцу працаваць, выконваць сваю адвечную задачу, сваё прадвызначэнне...
Стары кашлянуў, адчуваючы, як горла высахла ад паветра, - яно патрабавала вільгаці. Пад языком міжволі нарадзілася сліна і дзед пракаўтнуў яе, праштурхнуўшы шаршавым языком, - і тады ж у скроні кальнулі іголачкі, нарадзіўшы лёгкі боль, а потым ён аціх, знік, - і да чараўніка зноў вярнулася свядомасць і адчуванне навакольнага асяроддзя...
Але ўбачанае не вельмі радавала яго, але і не засмучала.
«Глядзі ты, - падумаў пра сябе Нікадым, - жывы, шэльма, тут-ка тваю, а ўжо адной нагой быў «там»... То ты мяне вярнуў назад, Маўчун?..»
«Можа і я... А каму, скажы, ахвота заставацца аднаму на ўсім белым свеце? Як жа я без цябе, га? А як Цыба, Шустрая, Клык і астатнія твае сябры? Мае суродзічы адпрэчылі мяне, што я з табой паразумеўся, вужыны цар забараніў вяртацца да іх, што я з табою зімаваў...»
«То дзякую, Маўчун, але колькі ўжо можна адцягваць тую хвіліну, калі мне паложана пераступіць парог? Усё роўна ж некалі прыйдзе той канчатак быцця... Мне перад Богам ужо сорамна, што вы не дапускаеце мяне на Вялікі Суд. А яго ж ніхто не міне, не абміне, ніхто...»
«Туды ніколі не позна... Таму не спяшайся, дзед Нікадым, - мы вельмі не хочам гэтага. Ніхто з нас не хоча.»
«От свавольнікі, от жабы малыя, тут-ка тваю, вам бы толькі паздзекавацца нада мною, пасмяцца, - і ахвота вам гэтым займацца, га, Маўчун, ну, скажы?..»
Вуж болей старому нічога не гаварыў - не хацеў трывожыць яго сэрца. Ён прымружыў вочы і з асалодай радаваўся таму, што Нікадым вярнуўся да жыцця, што цяпер ужо можна будзе з ім пляткарыць доўгімі вечарамі, расказваць пра свае вужыныя гісторыі, распытваць у дзеда пра яго доўгае, поўнае дзівосаў, жыццё...
Маўчун быў ледзьве жывы.
Увесь боль, які спальваў сэрца чараўніка, ён узяў на сябе.
Цяпер ужо дзед Нікадым будзе дзяліцца сваёй сілай са сваім лекарам...
Стары ляжаў на спіне, слухаючы, як пачынала ажываць яго сэрца, як калючымі іголачкамі пульсавала кроў, саграваючы ўсё цела, - удзячны ўсё ж быў вужыку за яго клопаты, і таму не хацеў праганяць яго са сваіх грудзей...
А Міхаська недзе прападаў у лесе, бегаючы па сваіх і звярыных сцежках, і не ведаў, нават не здагадваўся, мусіць, што мог застацца сіратою, без дзеда, - меў свае клопаты, свае гульні і захапленні, што прыносіла яму радасці і хваляванні, асалоду і яшчэ большую прагу яднання з прыродаю...
Дзед адчуў лёгкасць ва ўсём целе, і яго ахапіў дрымотны сон.
Маўчун, адчуваючы, што бяда мінула, наважыўся якую хвіліну адпачыць на дзедавай хударлявай грудзіне...
Набіраў сілу ранні вечар.
У Нікадымавых грудзях набірала сілу жыццёвая раніца.
Лес, супакоены добраю навінаю, не шумеў трывожна і неспакойна голлем дрэў, - суцішыўся, рыхтаваўся да сну...
2
На прыпынак, што знаходзіўся непадалёк ад вёскі Завышша, аўтобус прыехаў пад вечар, - калі ўжо насоўваўся шэры прыцемак, калі цьмянае прасцірадла смугі пачало ўкутваць і ахутваць вёску і лес, што падступаўся амаль да вясковых агародаў.
Аўтобус быў не санаторны, рэйсавы, які штодня праязджаў непадалёк ад санаторыя «Высокія сосны». І добра, што рэгістратарка Зіна Паўлюкова здагадалася пазваніць на аўтастанцыю і папярэдзіць дыспетчара, каб аб'явіў тым, хто едзе ў «Сосны», не чакалі іх аўтобуса, а сядалі на рэйсавы і ехалі да павароткі на Завышша...
Разоў з дзесяць дыспетчарка аўтобуснай станцыі перадавала тую аб'яўку, пераклаўшы на свой лад: «У сувязі з тым, што санаторны аўтобус па тэхнічных прычынах не можа прыехаць і забраць адпачываючых, таму просьба санаторнікаў сесці на рэйсавы...»
Людачка Хвойная, альбо як яе называлі дзеці ў школе-інтэрнаце, Людміла Дамінікаўна, нават і задрамала за тыя сорак хвілінаў, калі каціўся па гравейцы «Ікарус». Бо дабіралася поездам, - а які сон у вагоне, адна назва толькі. У дрымотным сне паспела прысніць свайго чарговага палюбоўніка. Выглядаў ён, канечне ж, маладжава, быў высокі і стройны, у светлым касцюме. Усміхаўся ветла, нават паспеў спытаць у яе:
- І чаго ж ты так доўга не прыязджала? Я чакаў цябе. Можна запрасіць цябе на танец?
Адказаць не паспела - нехта ўмяшаўся ў іх размову, зычным голасам, што і мёртвага, мусіць, разбудзіў бы, абвясціў:
- Шаноўныя! Каму да санаторыя, то трэба выходзіць тут. Вунь справа, над соснамі, гарыць чырвоны агеньчык на трубе, - вось туды і кіруйцеся.
Кіроўца пакінуў нават сядзенне, прайшоў між крэслаў, пакуль не пераканаўся, што не было спячых і яго аб'яву чулі ўсе, - вярнуўся на месца, узяўся за руль, газануў, абдаўшы санаторнікаў кіслым дымком.
Людка спынілася каля слупа, паставіла дзве валізкі каля ног. З аўтобуса выйшла чалавек з дзесяць. Найбольш жанчыны. Было некалькі мужчынаў, але яны былі не з тых, каго магла ўпадабаць Людка, - непрыглядныя нейкія, нехлямяжыя, шэрыя, «абыякія», як вызначыла яна...
«Ну, нічога, - не адчайвалася Людміла Дамінікаўна, - мне маё будзе. Яшчэ ніводнага разу не згарэла ў мяне пуцёўка, яшчэ ні разу не спала я ў ложку адна... То ж не пра мяне адпачываючы паэт аднойчы прысвяціў жанчыне, якая вельмі назаляла яму, такія радкі:
Ну й падманулі ж мяне лоўка,
з мяне не выйшла сто патоў, -
згарэла, ляснула пуцёўка, -
не патаптаў мяне ніхто...»
Людка пільным і спрактыкаваным вокам рабіла агледзіны адпачываючых. Ні на адным не спынілася яе вока.
«Не, я сваё вазьму... Я ж не замухрышка якая, як вось гэтае дзяўчо, што крочыць наперадзе ў просьценькім спартовым трыко... На яе наўрад ці кінецца які мужчына - скура ды косці, ды яшчэ і нос гарбылём... На першым жа вечары танцаў я не ўпушчу свайго...»
Валізкі былі і не дужа цяжкія, але і лёгкімі не назавеш, - з такім багажом Людка заўсёды выбіралася ў санаторый. А выбіралася яна кожным годам, калі яшчэ быў жывы муж - лётчык грамадзянскай авіяцыі, і пасля, калі не стала яго. Старалася адсанаторыцца ў жніўні, перад заняткамі, а калі не выпадала, то і ў любы час, нават і зімой... Для яе няважна якая была пара года, галоўнае, каб быў побач з ёю супрацьлеглы пол...
Той жа мужчына, якога яна зганьбіла, падхапіў моўчкі яе дарожную чорную сумку, гэтак жа моўчкі і нёс яе, ідучы павольна побач - нават і не стараўся загаварыць з ёю. Яна ўдзячна паглядзела на яго, адзначыўшы пра сябе, што і тут ёй пачало шанцаваць...
Дзяўчына ў спартовым цёмна-зялёным касцюме ішла недзе наперадзе, пра яе Людка і забылася нават, - крочыла апошняй - следам за яе памочнікам, але чамусьці непрыязнь да яго засталася - сама не ведала, чаму...
Усіх аформілі хутка - без затрымкі, аж не верылася. Нават не прыйшлося праходзіць «каранцін». Гэта калі наслойваўся «ад'езд» на «прыезд» і не было вольных пакояў, - тады людзей прыходзілася сяліць то ў бытоўку, то ў спартзалу, а то і ў кабінет галоўнага доктара...
І - трэба ж! Людку пасялілі разам са «спартсменкай». Напачатку ў настаўніцы ўзыграла самалюбства, нават абурэнне, і было жаданне вярнуцца ў рэгістратуру да Зінаіды Паўлюковай і папрасіць, каб пасяліла з кім-небудзь іншым... Але тут жа і падумала пра сябе: «А з кім - іншым? Хіба ж ёсць гарантыя, што нехта той іншы, будзе лепшы за дзяўчыну ў спартовым трыко?»
І міжволі змірылася. І аддалася на волю лёсу - а, няхай будзе, што будзе, - не дзяліць жа з ёю заляцаннікаў ці біцца за іх. Ад Людкі яна не адаб'е, тое і даказваць не трэба.
- Цябе зваць хоць як? - пацікавілася Людміла Дамінікаўна, калі пачалі распакоўваць свае валізкі.
- Хоць як - Аксана, - у тон яе патрапіла дзяўчына, і падначкі настаўніца не зразумела - думкі былі заняты іншым.
Каб з кім іншым, то назвалася б Людкай, але суседцы абвясціла афіцыйна, каб ведала розніцу - і ў гадах, і па саслоўнай лесвіцы:
- Ну а мяне заві Людмілай Дамінікаўнай.
- Вы ўсіх на «ты» завеце - і сваіх вучняў, і калегаў-педагогаў? - зірканула на яе Аксана, прымружыўшы вочы, як пасміхалася.
Людка шырака раскрыла блакітныя вочы, спытала, адразу ж прыняўшы да ўвагі папрок-заўвагу Аксаны:
- А адкуль вы ведаеце, кім я працую?
Аксана вымала з сумкі рэчы і складвала ў сваю шафу, не глядзела ўжо ў яе бок, адказала абыякава:
- Ды на твары напісана...
Людка больш ні пра што не пыталася, але супакоіла сябе тым, што дзяўчына магла падгледзець у рэгістратуры яе пуцёўку, дзе і было ўказана яе месца працы і кім працуе. Нічога ў тым дзіўнага не было. Каб яна, Людка, прачытала Аксаніну пуцёўку, то тады дакладна сказала б і пра яе, - можа яна калгасны пачынаючы бухгалтар у глухой Богам забытай вёсачцы, а мо і сельсаветчыца...
Прыехалі ў пятніцу. І ў той жа вечар, як абвяшчала аб'ява перад уваходам у сталоўку, у танцавальнай зале меўся адбыцца вечар знаёмстваў.
Людка чапурылася як ніколі. Апранула свае лепшыя строі - блакітную сукенку, на шыю пачапіла дарагія каралі. На левы бок грудзей, а яны ў яе былі высокія, поўныя, бы схаваныя запазухай качаны капусты, - прыкалола брожку з камянямі - ружу. І пяць, і дзесяць разоў выглядвалася ў люстэрка - і нарэшце засталася задаволенай сваім знешнім выглядам. Цяпер - хоць на прыём да самога караля, на любы высокі і шыкоўны баль, - упэўнена была, што выглядаць яна будзе прыкметна і прыцягальна...
Аксана да вечара не праяўляла ніякай цікавасці - на танцы пайшла ў тым, у чым і прыехала - у спартовым трыко, як быццам выдзеліцца хацела з адваротнага боку. Пайшла без Людкі. Мо каб не замінаць ёй, каб не псаваць настрой сваёй прысутнасцю.
Культмасавік, тонкі і высокі, з прычоскай колеру медзяной чырвані круціў магнітафон з запісамі танцавальных мелодый розных гадоў, але ўсім падабалася, калі ў рукі браў баян чарнявы хлопец, які яшчэ і сам барабаніў сабе: ціснуў нагой на педаль бубна ў патрэбны такт - і тая качалка глуха біла па нацягнутай скураной паверхні, а доўгія драўляныя палачкі, прымацаваныя да другой педалі, білі па медных талерках...
Аж вішчэлі, увайшоўшы ў азарт, маладухі, адчуўшы вольніцу ў сваіх паводзінах, адарваўшыся ад дамашніх вясковых ці гарадскіх клопатаў, вецер ганялі спадніцамі, кружачыся ў віхурным танцы. Аксану дык адзін за адным хапалі хлопцы і мужчыны, кружылі па зале, заглядвалі ў вочы, нешта смешнае расказвалі, самі смяяліся...
Людка стаяла воддалеч ад усіх, неяк збоку, і да яе ніводнага разу не падышоў ніводзін мужчына. А іх, як аказалася, было шмат у зале. І аднаго, і другога, і пятага ўпадабала сабе Людка, ды ні адзін з іх не ўпадабаў яе.
У яе разрывалася сэрца ад болю і крыўды.
Яна нічога не разумела. Такога яшчэ ніводнага разу з ёю не было. А ездзіла ж яна адпачываць мо разоў з дваццаць - штогод. І збілася з ліку, колькі ў яе было за ўсе гады палюбоўнікаў... Тут жа ныла і трымцела сэрца ад зайздрасці: вунь жанчыны - глядзець няма на што, - ні паставы, ні твару, а раз за разам запрашаюць у круг, а на яе, Людку, ніхто і вокам не кінуў...
Крыўда на сэрцы мацнела, шырылася, злосць на ўсіх нарастала ўсё больш і больш, - і ў яе ўжо было жаданне плюнуць на ўсё і ўсіх, ды з'ехаць ад гэтага месца далей - куды вочы глядзяць...
Да канца танцаў не дабыла. Неўпрыкмет выйшла, і на яе ніхто не звярнуў увагі, не спыніў, не вярнуў - як і не было яе зусім у танцавальнай зале.
Распранулася, легла ў ложак, адвярнулася да сцяны. Не хацела бачыць, як прыйдзе Аксана, як шчасцем ці светласцю будуць свяціцца ў яе вочы, як здзекліва будзе глядзець на яе, Людку: ведама ж, бачыла, што ніхто - ніхто! - не запрасіў яе за вечар танцаваць - нават і ніхто з жанчын... А самой запрасіць дык і сорамна ўжо было.
У суботу, на наступны вечар, усё паўтарылася.
Хаця і перад люстэркам Людка правяла гадзінаў з тры, каб прычапурыцца, аздобіць сябе дарагімі французскімі духамі. І сукенку адпрасавала, што ніводнай складачкі не пакінула, і броўкі падвяла, і вусны адмысловай памадай аздобіла - фея ды і толькі! А вынік атрымаўся той жа - нікога не кранула сваёй прыгажосцю, хаця ж, калі шчыра, яна і сапраўды выглядала ніштавата і выдзялялася з агульнай грамады як тварам, так і станам. Жанчына яна была, так бы мовіць, у самым саку...
А яе суседка па пакоі не магла адбіцца ад кавалераў - танцавала і танцавала, ніводнага разу не кінуўшы позірк у бок Людмілы Дамінікаўны.
Аксана прыйшла пазней, як Людка ўжо ляжала ў ложку. Яна не ўключала святло, каб не пабудзіць ці нават патрывожыць жанчыну, не пакрыўдзіць яе познім прыходам, - таму шчоўкнула замком у дзвярах, хуценька скінула з сябе адзенне і легла ў ложак.
Людка ж не спала.
Яе душылі слёзы. І доўга да яе не ішоў сон. Пад раніцу толькі ўдалося звесці вочы.
Добра, што сядзелі не за адным сталом - іх размясцілі ў розных кутках вялікай залы, - а то нагаварыла б ёй Людка крыўдных слоў, ой нагаварыла б, век бы помніла...
Пакой Аксана пакінула тады, як Людка яшчэ спала.
І ў нядзельны вечар было тое ж самае: прастаяла на адзіноце Людміла Дамінікаўна і паўгадзіны, і гадзіну - ніхто не адгукнуўся на покліч яе збалелага сэрца. Са слязьмі на вачах ішла да свайго пакоя, не бачачы дарогі. Такой абструкцыі, такога правалу ў сваёй дзейнасці па заваяванню мужчынскіх сэрцаў, жанчына не мела ніколі. Месца аказалася як зачараванае. Як не для яе прызначалася. Як хто злы на яе прырабіў такое...
І - змірылася. Змірылася, праглынуўшы горкую пілюлю няўдачы, і тады ж вырашыла для самой сябе: ні на якія танцы яна больш не пойдзе - хопіць з яе такой ганьбы, што ўпару скрозь зямлю праваліцца ад сораму. Усё. Лепш пахадзіць па бярозавым гаі, надыхацца ўволю чыстым паветрам, якое на добрай адлегласці знаходзіцца ад чарнобыльскай зоны...
У суботу зноў меўся адбыцца танцавальны вечар.
Пасля вячэры прыйшлі разам у пакой. Людка ўнурылася ў сябе, не размаўляла з суседкай, хаця ёй і карцела пагаварыць, перакінуцца словам-другім, каб развеяць нуду. Калі ж Людміла Дамінікаўна прылегла на пакрывала, каб перад шпацырам прывесці свае думкі ў стройны і лагічны рад, і папыталася ў яе Аксана, сеўшы побач на ложак, адкінуўшы ўсялякі этыкет:
- Ці пойдзеш ты, Людка, сёння на скокі?
«Чаму пытаецца? - падумала жанчына, пачуўшы нейкія іншыя ноткі ў голасе - і на «ты», і «Людка», як быццам даўнія сяброўкі яны. - Што хоча ад мяне?»
- Ды што хадзіць - ніхто не запрашае, - як паскардзілася, як павінавацілася суседцы па пакоі, і голас нават уздрыгнуў, і пад вейкамі запякло...
- Вось што я табе скажу, Людка, - мяккім голасам загаварыла Аксана. - Сёння ты ідзі на скокі... Ідзі. Сёння - можна. Сёння - усе твае кавалеры. То я іх да цябе не падпускала тры вечары. Бо ты тады, як выйшлі з аўтобуса, кепска падумала пра мяне. Словы «замухрышка», «нос гарбылём»... Шчасце тваё, што ты больш агідных слоў не падабрала да мяне, то я тады ніколі не зняла б з цябе закляцце. Ды не такое, як цяпер, а... Ды ладна... Пашкадавала я цябе. Не так даўно ты засталася без мужа. Сына і дачку маеш. Сын у арміі. У дачкі ўсё добра будзе, а вось у сына... Ну ды ладна, то ўжо не маё... Ідзі, Людка, ідзі сёння на скокі. Сёння ўсе мужчыны будуць падаць перад табою на калені... І ня бойся мяне, табе больш нічога кепскага не зраблю... Танцуй, весяліся...
І паклала руку на лоб, патрымала колькі імгненняў, - зняла свае чары і ўздыхнула з палёгкаю, як груз нябачны з сябе скінула. Пайшла да свайго ложка, легла, паказваючы, што нельга з ёю цяперака гаварыць, чапаць нельга яе...
Тое ўжо Людка зразумела, сеўшы, уражаная, на край ложка, спусціла ногі долу. Яна спужалася, А чаго, і сама не ведала. Аксана - гадалка? Чараўніца? А мо - вядзьмярка?! Яна ж усё ведае пра яе, усё чысценька, а першы ж раз сустрэліся. Яна чытала і чула яе думкі, яе словы? Як такое можа быць? І пра Славіка ведае, і пра Светку... А што са Славікам адбудзецца - што яна хацела пра яго сказаць? Страшна побач з ёю жыць. Але ж - сказала, як папярэдзіла, каб не баялася яе, кепскага больш не зробіць...
З расчыненых вокан танцавальнай залы вырывалася ў двор бадзёрая музыка, бубен падахвочваў: бух-бубух, бух-бубух!..
«Схаджу, мусіць, праверу, пераканаюся, ці не маніць мне мая суседачка, - адважылася Людка, сама сябе падахвоціла. - Але толькі я тады ёй поўнасцю паверу, калі словы яе спраўдзяцца, калі я знайду свайго часовага абранніка, калі ў мяне зноў закружыцца, як і заўсёды, галава ад поспеху...»
Так, як перад гэтым, не прыбіралася, не выглядвалася і не круцілася перад люстэркам. «Калі праўду сказала мая суседка-чараўніца, то і навошта ж тады шчыраваць? Як той казаў, калі б не соплі, то прыгажосць бы замучыла... Пайду так, усё роўна нейкі ж вынік будзе...»
Хацела ўсё-ткі нешта сказаць Аксане - ці то словы ўдзячнасці, ці то згоды, але змоўчала - дзяўчына ляжала з зажмуранымі вачыма, павярнуўшыся да сцяны. Яе цела ледзь прыкметна ўздрыгвала, быццам ёй было холадна ці круціла ногі... Толькі падумала, стоячы побач, ведаючы, што пачуе яе: «Дзякуй, што горшага не зрабіла, і даруй-выбачай, калі так, што кепска пра цябе падумала - навука мне надалей будзе... Не крыўдуй на мяне, дурная баба я з плоцкімі жаданнямі... Не вінаватая, што мяне штодзённа д'ябал задавальнення спакушае, ну што я параблю, калі мне кожны дзень патрэбен мужчына, ды не абы-які, а Мужчына з вялікай літары, - працаўнік, жорсткі і пяшчотны адначасова...»
«Бач, паразумнела... Чалавек адразу разумнее, калі бяда да яго падкрадваецца. Добра, Людка, добра, дарую табе ўсё... Ідзі, весяліся...»
Але Людка тых Аксанавых слоў-думак не чула...
3
Аксана Журавель у клуб ішла з тайным жаданнем сустрэчы са сваім аднакласнікам Вінцуком Уюновым - Уюном, як яго ўсе называлі ў школе. Мроілася ёй, што запрашаць танчыць ён будзе толькі яе, а потым яшчэ і правядзе дадому... І не толькі правядзе, а і пяшчотна абдыме, нашэпча-нагаворыць на вуха шмат патаемных слоў, прызнаецца ўрэшце рэшт у сваіх пачуццях...
У яе з самай раніцы быў узнёсла-радасны настрой; спявала і бунтавала душа, прасіла асалоды і пяшчоты. Усе дні, усе гадзіны, дно і ночы яе думкі былі запоўнены адным - марамі аб каханні. Вобраз Уюна не сплываў ні на адно імгненне з яе вачэй, - ён перад ёю быў пастаянна, сам нават не падазраючы пра тое...
У Вінцука светлыя непакорныя валасы, блакітныя вочы, сам дужы, пружыністы, вёрткі, - сапраўды як той уюн: прозвішча адпавядала целаскладу. Аксана радавалася за яго, калі ён пад час школьных спаборніцтваў скакаў вышэй за ўсіх, бегаў хутчэй за ўсіх... Перажывала, калі хлопцу не даваліся так лёгка, як фізкультура, задачкі па фізіцы ці хіміі, ды
складанні на расейскай мове даваліся з цяжкасцю - невядома чаму. Нейкі абыякавы ён быў да Пушкіна і Лермантава, Горкага і Талстога... Казаў, што яны чужыя яго сэрцу, што іх творчасць не кранае яго душу... Затое кніжачку вершаў Максіма Багдановіча вывучыў напамяць ад радка да радка - мог, не задумваючыся, расказаць з яе любы верш. Тая кніжачка памерам з даланю была для яго Бібліяй, талісманам, які аберагаў яго ад няшчасцяў. Ніхто не разумеў яго любові да беларускага творцы-пакутніка, бо ўся сіла тамтэйшай педагогікі была скіравана на тое, каб зацьміць айчынных прарокаў-апосталаў, а ўзвысіць на недасягальную вышыню тых, якія пісалі на «великом и могучем»...
З маленькім томікам Вінцук не разлучаўся нідзе і ніколі - насіў яго штодзённа з сабою.
Тое і трывожыла Аксану, непакоіла. Яна адчувала, што кожны дзень у яго ўліваецца невядомая ёй сіла, якую, здавалася ёй, яна не зможа адолець, перамагчы. Тая невядомая сіла выпраменьвалася ад радкоў Пакутніка. У нейкі момант пачала адчуваць, што паміж імі стаіць Паэт, і ён пачынае яе адштурхоўваць, адпіхваць, і тое робіць незнаёмая ёй энергія, - і ён, Уюн, аддаляецца пакрысе ад яе, адрываецца ад яе біяполя, ад яе ўздзеяння...
«Мой Уладар, Настаўнік і Натхніцель! - шэпча, звяртаючыся да свайго пана дзяўчына, прыкладваючы рукі да грудзей, прымружваючы вочы. - Навучы, як пераадолець тую невядомую сілу, якая перашкаджае авалодаць душою майго абранніка. А без яго я не ўяўляю свайго жыцця... Ты адзін ведаеш, як тое можна зрабіць. Дай мне сваіх чорных сілаў, сваёй чорнай энергіі - і я зраблю тое, што задумала...»
Недзе ў цемры, у кутку хаты, у запеччы, Нябачны крактануў, пераварочваючыся з боку на бок, незадаволена перапытаў:
«Што зноў непакоіць цябе? Хто зноў даймае цябе сваёй няўважлівасцю? Хто заслугоўвае кары, скажы, і мы нашлем на яго пракляцце нашага Эйфа?!»
«Не-не, мой Уладар Цемры, - спалохана адступае назад у сваім імкненні Аксана, - ніхто мяне не даймае... Наадварот, ён, Вінцук, адварочваецца ад мяне, і ведаць не хоча мяне. А ад гэтага і разрываецца маё сэрца на дробныя кавалачкі. Хачу прымусіць яго, каб...»
«Што - «каб»? - здаецца, насцярожваецца Нябачны, навострвае слых, каб пачуць галоўную мэту просьбы сваёй падначаленай, рабыні сваёй справы Аксаны Журавель. - Што, кажы?»
«Каб ён... каб ён пакахаў мяне...»
«Але ж ты просіш зрабіць добрую справу. А мы, як ты ведаеш, робім зусім адваротнае. Давай знішчым яго, ці зробім невылечным хворым на ўсе гады... Пакараем за няўвагу да цябе - і гэта будзе твая помста.»
«Не-не, мой Збаўца, толькі не гэта! Табе, мусіць, невядомы пакуты сэрца, як і добрыя справы, таму ты мяркуеш, ацэньваеш і судзіш, асуджаеш, караеш толькі з вышыні свайго бачання... Ведаю, што мне не да твару такія сантыменты, ведаю, што з цягам часу я пазбаўлюся гэтага, навучуся быць жорсткай, буду чалавекам без сэрца, бо я яго аддала табе, - і тады буду адпавядаць тваім, правільней, нашым канонам і патрабаванням, але сёння я не магу і не хачу тое рабіць... Па-першае, я хачу насаладзіць сваю душу тым духоўным і слодычным пачуццём, каб ведаць, якое багацце буду адымаць ад людзей, караючы іх, каб потым не шкадаваць ні пра што, і ўжо ніколі больш не вяртацца да гэтага...»
«Дык жа дух - гэта Бог! - ускрыкнуў, не вытрымаўшы, злосна Нябачны Ўладар цемры. - Мы ж не прымаем тое - ці не памятаеш хіба?!»
«Памятаю. Я не так сказала, выбачай. Каб перарасці ў новую якасць, я павінна адчуць і зразумець, што гэта такое - каханне. Зразумець для таго, каб потым распазнаваць яго і забіваць у людзях яшчэ ў зародышы... Але ж, калі паглядзець з другога боку, то закаханыя губляюць розум, робяцца даверлівымі і пяшчотнымі, і на іх згубу не трэба траціць шмат энергіі - яны як ягняткі, самі ідуць у рот ваўку...»
«Мг...» - уздыхнуў, здаецца адабральна, Уладар Цемры.
«Па-другое, хачу даведацца яшчэ, ці маю я сама тую нябачную сілу, якая здольная перамагчы... перамагчы тыя сілы, што скіраваны супраць нас. Толькі калі я прайду скрозь тыя выпрабаванні цалкам, то я ачышчуся ад непатрэбшчыны і шалупіння, і тады сцвердзяцца словы Мацвея са Святога Дабравесця: «Гора свету ад спакусаў, бо павінны прыйсці спакусы; але гора таму чалавеку, праз якога спакусы прыходзяць...» Таму мы будзем спакушаць і дамагацца свайго, ці не так мой чорны кардзінал?»
«Усё так. Я рады, што ты сама прыходзіш да высноваў нашага вучэння і нашай антыверы. Таму я дам табе пакуль што толькі напалову таго, што ты просіш... Бяры!..»
У запеччы зноў нешта зашамацела, як бы глуха рыпнулі спружыны, потым пачуўся глухі і працяжны посвіст, як сядно распачыналася завіруха і ў завуголлі заскуголіў вецер, абдзіраючы свае бакі аб сцены, і ў сцяну, што выходзіла да грушы-дзічкі, нехта моцна стукнуў нечым тупым - як бервяном ці абухам важкага калуна...
І ўся хата як бы выціснула з сябе выдых, уздрыгнула, скаланулася... Сутыкнуліся дзве стыхіі - холад і спякота, жорсткасць і дабрыня, але не адбыўся выбух, а злучылася незлучальнае, сумясцілася несумяшчальнае, - і вялізны ружова-жоўты шар, які свяціўся, пераліваўся рознымі колерамі, пачаў разрастацца, павялічвацца ў памерах, запоўніў ужо ўсю хату - ад падлогі да столі, ад сцяны да сцяны...
Гэтага ўсяго не бачыла Аксана - яна заплюшчыла моцна вочы і чакала сама не ведаючы чаго, але чакала без страху, нават з нецярпеннем, чакала, што ў нейкія секунды здарыцца нешта незвычайнае і дзівоснае, што дасць ёй новае нараджэнне, новыя якасці і магчымасці яе ўздзеяння на чалавечыя душы...
Калі ўжо, здавалася, хата пачала трашчаць, каб разваліцца, не вытрымаўшы сілы разрастання ружовай магмы, адбылося тое, чаго і дамагалася дзяўчына - вакол яе ўтварыўся віхор, воблака пачало круціцца вакол яе, хутчэй і хутчэй, звужацца і звужацца, і праз нейкія імгненні растварылася ў ёй, злілося з ёю, стала ёю...
Яна і не адчула таго, мо і не зразумела, што адбылося - толькі нейкі ветрык дакрануўся да твару, як хто пяшчотна дакрануўся рукой.
Калі ў хату зайшла старая Макушыха, то яна найперш пачула, чым убачыла, што яе ўнучка ляжыць на падлозе і стогне ад болю.
- Што з табою, Аксанка? - кінулася да яе бабуля, забыўшыся нават уключыць святло, прыўзняла яе галаву, прытуліла да грудзей...
Дзяўчына нічога не гаварыла, толькі скрыгатала зубамі і круціла аднастайна галавой, праз нос выдыхала і выганяла з сябе залішнюю энергію... Потым сашчаміла зубы і праз нос з усяе сілы працяжным стогнам, быццам яе мучыў неймаверны боль, завяршыла сваё перараджэнне...
Макушыха зацягнула яе на ложак. Падбіла падушку, каб было зручней ляжаць унучцы. Толькі потым ужо ўключыла святло ў хаце.
Твар Аксаны быў белы-белы - як навалачка падушкі.
Вочы ў яе былі раскрытыя, але ў іх не было бачна зрэнкаў - недзе закаціліся пад лоб.
Потым дзяўчына глыбака ўздыхнула, набраўшы поўныя грудзі паветра, войкнула, як што кальнула ўсярэдзіне, і раскрыла вочы. Здзіўлена паглядала на Макушыху, на сцены хаты... А пасля яшчэ раз уздыхнула, абвяла, скінуўшы з сябе напружанасць, заўсміхалася.
Паспрабавала ўстаць - і ўстала. Адчула ў сабе незвычайную дужасць, думкі - ясныя, мэтавыразныя і канкрэтныя...
- Што з табою, унучка? Ці не захварэла часам?
- Не. З «ім» вяла гутарку. Помачы і сілы прасіла.
- Выпрасіла?
- Выпрасіла. Мы з ім у згодзе. Цяпер мы разумеем адно аднаго.
- То і добра, - абрадавалася Макушыха, - маё навучанне марна не прайшло. Значыць, ён прызнаў цябе, прызнаў і паклікаў, далучыў да сваёй планеты.
- Далучыў. Мы паразумеліся з ім. Цяпер нам ужо нельга існаваць адно без аднаго.
- Есці будзеш?
- Не. Не хочацца. Ён даў мне сілу, што я тыднямі магу не есці. Мо хіба кіслёхі пап'ю - у горле сушыць...
Бабуля падышла да стала, што стаяў каля дзвярэй, наліла з гладышкі поўны кубак кіслага малака - пазаўчарашняга, падала Аксане.
Дзяўчына выпіла ўсё да дна, крактанула ад задавальнення - халодная сывыратка астудзіла горла.
Да яе вярнулася ранейшая весялосць.
«Цяпер - хоць куды. Цяпер - я самая моцная, і нішто не перашкодзіць мне дамагчыся свайго...»
Яна пераапранулася, апранула святочную сукенку, прычасалася перад люстэркам, адзначыла радасна пра сябе: «А што - ніштаватая я дзеўчына, ці ж ня грэх у мяне закахацца, га? Сама магу прысушыць любога, але не хачу, мне цікава, калі сам прысохне... І не абы хто, а ён, Вінцук Уюноў...»
- У клуб? - папыталася Макушыха, хаця ж добра ведала, куды збіралася ўнучка - куды ж болей пойдзеш у Забалацці?
- Ага.
- Уюн точыць сэрца?
- Ён, бабуля, ён. Усё ты ведаеш, нічога ад цябе не схаваеш - аж нецікава з табою...
Старая хітра ўсміхалася, адвярнуўшыся да печы, каб дастаць з яе чэрава горшчычак з крупнікам, пацвердзіла:
- Як не ведаць? Усё ведаю. Павінна ведаць. Але тут табе цяжка прыдзецца - ёсць і ў яго сіла. Цяжкім будзе змаганне за яго, і хто тут каго пераможа - невядома.
- Тое мы яшчэ паглядзім, бабуля. Паглядзім...
Аксана росту невысокага - на галаву ніжэй за Вінцука. Узгорачкі грудзей порстка напіналі сукенку, і яна не раз заўважала, як неўпрыкмет зіркалі ў трохкутнік выразу сукенкі цікаўныя вочы старэйшых хлопцаў і мужчынаў. Тое яе радавала, хвалявала, і яна ў каторы раз адзначала пра сябе, што можа падабацца хлопцам, што ў яе можна закахацца...
Адно хіба Вінцук ніводнага разу не зіркануў на трохкутнічак грудзей, як яна таго хацела, як жадала.
Выходзячы з хаты, ведала, што абавязкова яго стрэне, што перакінуцца словам-другім. Яе крыўдзіла тое, што калі ён размаўляў з ёю, то як бы не бачыў яе, стаяў побач, адчуваючы яе локаць, а не адчуваў яе прысутнасці, - як да сцяны яна гаварыла... Бо бачыла, што ён задумліва глядзеў паўз яе, скрозь яе, глядзеў некуды далей, туды, у засмужаную далеч, быццам там, за шэрай смугой, шукаў адказы на свае пытанні...
Тая, апошняя сустрэча, была тыдзень назад, у суботу. Тыдзень для яе быў надта доўгім, але яна не шукала прычын сустрэцца ненарокам з ім, не прыспешвала падзеі...
І цяпер была субота. Аксана ведала, што ён абавязкова прыдзе ў клуб, бо чула, як хлопцы днём, калі была ў краме, казалі: «Во прыдзе сёння Ўюн у клуб, то ў яго і спытаем...» Пра што яны хацелі папытацца ў яго, яе не цікавіла, а абрадавала тое, што ўбачыць яго...
А напаткала яго не ў клубе, а на дарозе да яго.
Ён ішоў адзін з Затросніцкай вуліцы, што ўпіралася ў возера, а яна ішла з другога канца - з Жоўтага Поля: жылі каля пясчанай выспы - так і вуліцу называлі.
- Дзень добры, Аксана! - павітаўся першы, але ў голасе яна не пачула ні радасці, ні ўзрушэння - абыякава аднёсся да іх сустрэчы.
- Дабрыдзень, Вінцук! І ты ў клуб?
- А куды ж яшчэ?
- На полечку запросіш мяне?
- Калі ты таго хочаш, запрашу.
- Хачу. Так хачу, Вінцучок, што аж грудзі распірае жаданне, -я на старалася ўсё перавярнуць на жарт, каб не выдаць сябе, каб не сапсаваць задуманага, каб прыглушыць свой унутраны боль. - Таму не падмані мяне, запрасі. Добра?
Ён здзіўлена паглядзеў на яе, не разумеючы, ці то яна жартуе так, ці здзекваецца з яго ці нават з самой сябе, але нічога не сказаў, маўчаннем пацвердзіў згоду.
- Як пажываеш, Вінцук? - спытала ўжо спакойна і сур'ёзна, стараючыся ўтрымаць кволенькую нітачку духоўнай сувязі, імкнучыся прыцягнуць да сябе, звярнуць урэшце рэшт, на сябе хоць нейкую ўвагу.
- Ды жыву... Як усе - і не горш, і не лепш. Нас такімі ж зрабілі - усіх пад адзін грабянец.
- Мне сказаць нічога не хочаш - нечага цёплага і інтымнага?
- Што - сказаць? Пра што?
Аксана загадкава ўсміхнулася, выставіла наперад акруглае калена, паправіла на сабе сукню, не выпускала з рукі галінку вішанніку. Ад яе патыхала чаромхай і невядомымі духамі - няўжо не здагадваецца, цяльпук няшчасны, што яна ўсё робіць, стараецца быць прывабнай і прыгожай толькі дзеля яго, Уюна.
- Ну хаця б прыдумаў які камплімент, схлусіў бы, што я самая прыгожая і клёвая... ці што іншае. Ці цяляты табе язык аджавалі? Прачытаў бы радок-два са свайго любімага паэта.
- Навошта хлусіць? - паціснуў плячыма Вінцук, не разумеючы, куды хіліць дзяўчына, і што яна хоча-дамагаецца ад яго. - Я і сапраўды не ведаю, як ты выглядаеш - клёва ці не. Не разбіраюся я ў гэтым, - прызнаўся шчыра хлопец, усміхнуўся.
- І я табе зусім-зусім не падабаюся? - прыкусіла язычок дзяўчына, стаяла перад ім і гарэзліва зазірала ў вочы. - Ніколечкі-ніколечкі?
- А чаму ты мне павінна падабацца? - зноў падзівіўся Ўюн, гледзячы ў яе шырока адкрытыя зеленцавата-жоўтыя вочы, і ў яго паглядзе не было ні цікаўнасці, ні затоенай злосці, ні тайнага жадання...
- Ды не табе асабіста, - як не рагатала ўжо Аксана з яго ніякаватасці, жмурылася, хавала вочы за густымі вейкамі-крыламі, - як я ўвогуле выглядаю з пункту гледжання мужчынскага полу... на фоне нашай вясковай прыроды, нашых забалацянскіх дзяўчат?
Ён стараўся не паказваць сваю злосць за яе дурныя пытанні, каб не пакрыўдзіць, не ўзлаваць яе, прамовіў:
- Вось у іх, мужчынаў, і папытайся - яны ў гэтым разбіраюцца дужа добра. А я што... яшчэ ніводнага разу і не цалаваўся з дзяўчынай...
Здзекаваўся, канечне ж, Уюн з Аксаны, не ведаў, як адбіцца ад яе, што зрабіць, каб адчапілася, каб не прыставала... Не ляжала ў яго душа да яе, не ляжала, хоць забі... Яна ж ведала пра тое, ведала, а нечага ж чапілася, лезла нахрапіста ў душу, не зважала ні на што.
- Тое і бяды, - зарагатала ўжо ад пачутых слоў, нечакана абняла яго і пацалавала ў губы, прытуліўшы хлопца да сябе.
Ён і не паспеў адхіснуцца, і стаў, як укапаны, яшчэ больш падзівіўшыся яе смеласці.
- Ну, во, і паправілі тваю бяду ці недахоп, - не пераставала смяяцца Аксана, узяўшы ўжо яго пад руку, як усё роўна павянчалася з ім тым пацалункам. - Соладка, скажы, праўда соладка цалавацца, га? Цяпер ведаеш, чаму вар'яцеюць хлопцы і дзяўчаты ад кахання?
- Ох і ліса ты, Аксана, не ліса, а пантэра, - гэтак жа вясёла прамовіў Вінцук, не вырываючыся аднак ад рукі дзяўчыны - крочыў, як паказваў усё роўна, што яны могуць ісці вось так, трымаючыся адно аднаго.
«І нікуды ты, міленькі-каханенькі, не падзенешся ад мяне - дарогі такой няма, па якой бы ты ўцёк ад мяне. Не вымасцілі яе, не пабудавалі... Ты не злы, ты проста няўмека, цяльпук, ты ж не ведаеш яшчэ і смаку дзявочых вуснаў, тым больш дзявочай начной інтымнай пяшчоты... Калі ж я дам табе асалоду, калі праглыну цябе сваім чароўным воблакам, і калі ты ўзляціш на дваццатае, а не на сёмае неба, калі страціш розум і адымецца ад вышыні палёту мова, - то тады я і стану для цябе і Сатаной, і Богам, і Небам, і Сонцам...»
- Ох і натанчуся я сёння! - радасна прамовіла Аксана, яшчэ мацней прыціскаючыся да рукі Вінцука, глядзела некуды наперад - усцяж вясковай вуліцы, на якую насоўваўвалася вечаровая шэрань...
У адказ хлопец нічога не адказаў.
Ён думаў над тым, што адбывалася, і чаму Аксана праяўляе такую настырнасць і настойлівасць - хоча вялікага кахання? З ім - Вінцуком? Моцна закахалася і цяпер хоча таго ж самага ад яго?
Не разумеў ён гэтага.
Лёсы Аксаны і Вінцука ў нечым падобныя.
Аксана жыла з бабуляй, а ён з маці.
У Вінцука загінуў бацька, калі хлопчыку было сем гадоў. І брат быў у яго, старэйшы, і ён, як і бацька, загінуў у арміі...
Аксаніна маці, Троня, усе ў вёсцы ведалі пра тое, была вядзьмяркай. Злой вядзьмяркай. Яе баяліся людзі, бо яна магла наслаць чорныя атрутныя стрэлы як на людзей, так і на хатніх жывёлін... Каровы малако нечакана пераставалі даваць, свінні есці, а то і зусім падохнуць... Гаспадар, Паўло, быў звер а не чалавек - біў штодня сваю жонку. Яна не захацела нараджаць другое дзіця, верацяном хацела забіць яго яшчэ да нараджэння, ды пашкодзіла нешта ўсярэдзіне, - колькі год, сцякаючы кроўю, праляжала ў ложку. Ніхто ёй не мог памагчы - ні яе вядзьмярства, ні бабкі-шаптухі, ні дактары...
Аднойчы, ідучы праз возера, вясной, праламаўся і пайшоў пад лёд Паўло.
Праз тыдзень памерла і Троня...
«Няма на свеце Бога!» - заявіла ўголас Макушыха - муж яе быў Макуха, на ўсю вёску абвясціла, як на ўвесь белы свет. І тыя словы чула малая Аксана. - «Няма Бога на свеце!» - сказалі настаўнікі і ў школе...
Ноччу ў яе сон прыйшоў чорны цень - без твару, без абрысаў, соладка-гадзючына прашыпеў:
- Я буду тваім Богам. Ты павінна паверыць у мяне. Калі ж паверыш, то я буду абараняць цябе, вучыць, кіраваць тваімі думкамі і жыццём...
- Хто ты? - не спалохалася, смела ступіла крок насустрач.
- Я - гэта ты. Тваё другое «я». І я буду табой і днём, і ноччу. Я буду сачыць неадступна за табою, кіраваць тваімі дзеяннямі, - калі ты згодзішся на тое.
- Згаджуся - на што?
- Быць з намі. Быць вольнымі птушкамі цемры і начы. Мы - тыя, хто сцвярджае так, як і ты, што Бога няма, як і няма Святога Духа. Ёсць толькі Ноч. Ёсць цемра. Ідзі да нас. Мы павядзём цябе сваёй дарогай, дарогай ночы, дарогай месяца і зораў. Мы адкрыем перад табою шмат цудоўнага і дзівоснага, таямнічага і чароўнага. Ты будзеш рабіць і ўмець рабіць тое, што не ўмеюць звычайныя людзі. Ты будзеш вышэй над імі, і яны будуць служыць і падпарадкоўвацца табе.
- Як знайсці цябе?
- Нас і шукаць не трэба. На магіле сваёй маці, у горшчычку, ты знойдзеш патрэбнае - і ўсё зразумееш, як мяне знайсці...
Клуб быў на беразе возера, на грудку.
Некалі калгасны брыгадзір Донька распарадзіўся паставіць па ўсім беразе лаўкі - на два ўкапаныя, абавязкова дубовыя, слупкі прымацавалі тоўстыя дошкі, - але яны даўно струхлелі, нават падгнілі дубовыя слупкі, а абнавіць новаму калгаснаму начальству было неяк не з рукі - ніхто ж не патрабаваў тое рабіць; так яны ў засталіся напамінкам пра той вясёлы Донькаў час. То ён сам прыдумаў такое, бо быў вялікі выдумшчык на розныя штукі. З'ехаў даўно Донька з вёскі, падаўся на данецкія шахты, і ніхто не ведаў з вёскі - жывы ён хоць ці згінуў дзе ў жыццёвай калатнечы...
З расчыненых дзвярэй ужо вырывалася на волю гулкая музыка - замежная мелодыя нейкага ансамбля запрашала на скокі хлопцаў і дзяўчат. Мо з вёскі ніхто і не ведаў пра такіх музыкаў, але рытм іх песні бадзёрыў, нараджаў ў душы вясёлы настрой.
- Дык ты не забудзеш пра сваё абяцанне? - напомніла Аксана перад тым, як увайшлі ў клуб, бо там яны ўжо павінны быць у паасобку.
- Не, не забуду...
Танцы ў клубе наладжваліся пад любыя музычныя струманты, але найбольш круцілі магнітафон ці радыёлу - кружэлкі. А здаралася, што Змітрок Пелікаў браў свой гармонік, ды да яго яшчэ далучалі бубен, які імпэтна хадзіў і звінеў у руках Рафаіла Крупы - калгаснага механізатара, - то тады дзяўчатам да раніцы нельга было супакоіцца пасля імпэтных полек...
Але ўсе любілі танцаваць пад гармонік Змітрака, бо ён быў гарманістам адмысловым - мог без пярэдыху граць суткі і двое.
Аксану запрашалі хлопцы, і яна кружылася лёгка і весела, але ўвесь час не-не ды і зіркане ў бок Вінцука, які сядзеў з хлопцамі ў кутку за сталом і іграў у карты. Да танцаў ён быў абыякавы, як і да дзяўчатаў.
«Калі ж ты падымешся з-за стала, цяльпук мой каханы, калі скінеш палярыну са сваіх вачэй - няўжо не адчуваеш, як маё сэрца імкнецца да цябе?..»
Ён як паслухаўся яе - аддаў некаму карты, падняўся з-за стала. Чакаў, мусіць, калі аціхне музыка, калі ўсе стануць каля сцяны ці пасядуць на свае месцы. Калі ж тое адбылося, калі зайгралі новы танец - вальс, у Аксаны ёкнула радасна сэрца: «Ідзе! Няўжо да мяне?»
- Аксана Дарафееўна, ці можна вас запрасіць на вальс? - тэатральна, па-джэльтменску схіліў Уюноў перад ёю галаву ў паклоне, глядзеў некуды ёй пад ногі.
- Можна, Вінцук, можна! - як не ўсклікнула дзяўчына, усё яшчэ не верачы ў тое, што перад ёю ў паклоне схіліўся Ўюн. - Даўно чакаю, калі ты ўспомніш пра мяне...
І танцаваў ён неяк неахвотна ці не ўмеючы, але найбольш абыякава. Дзяўчына не пасміхалася над ім, сама яго вадзіла, кіравала танцам.
- Вінцук, а можа ты і другую маю просьбу выканаеш, раз такі шчодры сёння? - затоена спытала дзяўчына, паклаўшы руку яму на плячо, гледзячы на іншых танцуючых.
- Якую ж?
- Ведаеш, баязлівая я дужа. Асабліва ноччу. Таму дадому баюся ісці адна. Ці не правёў бы ты мяне на маю вуліцу?
Ён кіўнуў галавой:
- Ладна, правяду, раз хочаш.
- То і дзякую табе за тое.
- Ды няма за што.
- Ёсць. Ёсць за што. Ты ж паслухаўся дзявочага сэрца, не пакрыўдзіў адмовай...
- Хм... Не ведаў, што за такое трэба дзякаваць.
«Эх, Уюн, Уюн... Хай так, няхай хоць так... Нічога, чым цяжэй змаганне за цябе, тым саладзей будзе перамога... Так, голымі рукамі цябе, Уюнчык, не возьмеш, нездарма бабуля папярэджвала, толькі ў лазовую кломлю цябе можна і загнаць...»
Неба ўсё ў зорках.
Вялікая Мядзьведзіца схіліла свой чарпак над возерам, як збіралася зачарпнуць з яго срэбнай вады - над люстраной гладдзю вісела-узыходзіла поўня.
Маўчалі. Дзяўчына прытулілася да Вінцука, паклала галаву на грудзіну, чула, як тахкала яго сэрца - роўна і спакойна. Яе ж выскоквала з грудзей, гатовае было разарвацца на дробныя кавалачкі - побач быў ён, яе жаданы і аблытаны яе чарамі, яна датыкалася да яго, адчувала яго цела - гарачае і роднае...
«Я даб'юся свайго, быць таго не можа, каб не дабілася... Ён жа яшчэ як воск - ляпі з яго, што захочаш. Не кахае мяне пакуль? Нічога, пакахае, нікуды не падзенецца... Каб даведацца, наколькі салодкі яблык, то яго трэба паспытаць...»
- Вінцук, ці не хочаш ты паглядзець, дзе я зрэдку начую?
- Дзе гэта?
- Пайшлі, пакажу... Не бойся, не з'ем я цябе.
- Ды і не баюся я, пайшлі, паказвай сваё лежбішча...
Аксана прывяла яго да пунькі, што стаяла воддалеч ад хаты - між стромкіх бяроз, што густа выраслі на поплаве. Намацала ў застрэшку ключ, адамкнула замок. Расчыніла дзверы і сама першай нырнула ў цемру. Выдаўжыла руку, намацала драбіну.
- Ідзі сюды, тут драбіна.
Зачыніла на засаўку дзверы, хаця ведала, што ніхто ноччу ў пуньку не памкнецца. Яна як адрэзала Вінцуку дарогу да адступлення.
- Я першая, а ты падымайся за мною.
Яшчэ днём Аксана падымалася на вышкі. Занесла туды прасцірадла і прасціны, коўдру, падушку: расстаўляла рыбацкую сетку па ўсіх правілах, каб злавіць свайго Ўюна, які цяпер сам ужо ішоў у нерат...
У яе дрыготна забілася сэрца - занепакоілася, не магло суняцца. Ускочыла на сена, падала руку Вінцуку. Ён ухапіўся за яе, паслухмяна падняўся наверх. Сеў, агледзеўся. Праз шчыліны франтона з двара прабівалася слабое святло.
Аксана пачула побач яго дыханне, маўчала. Дакранулася да яго твару, потым рукі апусціліся на плечы. Лёгенька таўханула яго, як загадала яму легчы на сена. Сама ж легла побач, прытуліўшыся да яго, нічога не гаварыла, давала час хлопцу апамятацца, прыйсці ў сябе.
- Добра ў цябе тут, - прамовіў ціха госць, уздыхнуўшы, - канюшынай пахне...
- Так. І медуніцай яшчэ, мятай і святаяннікам. У нас ля хаты - цэлы гербарый расце, ад тысячы хвароб можна вылечыцца.
- Памятаю, як ты прынесла ў клас той гербарый. Увесь клас дзівіўся, як ты добра ведаеш зёлкі. А завуч школы Сташкевіч прапанаваў табе нават грошы - і немалыя. За яго. А ты чамусьці адмовілася.
- Адмовілася. Гэта добра, што ты памятаеш пра тое.
Аксана гаварыла і адначасова скідала з сябе сукенку. Потым было чуваць, як яна пстрыкнула запінкай бюстгалтара, кінула яго некуды ўбок, а Вінцуку затоена прашаптала:
- А я пад коўдрай ужо. Распранайся, залязай да мяне - сагрэй, нейкая халодная ноч сёння...
Ён маўчаў. Не шавяліўся нават. Праз момант прамовіў-папытаўся:
- Аксана, а хіба можна вось так... адразу? Я ж не муж табе, і не ... - Вінцук запнуўся, як спатыкнуўся аб якую пастарчаку, - і ў Бібліі нават сказана - для продкаў: «Не чыні пералюбу, і што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыняе пералюб з ёю ў сэрцы сваім...»
- Ты верыш у Бога, Вінцук? - амаль са смехам спытала Аксана, і тут жа, не чакаючы яго адказу, дадала: - А я і не заўважала, што ты веруючы... Мы ж усе камсамольцы былі. Увесь клас. І ўсе сцвярджалі, што Бога не існуе, ці не так?
- І так, і не так... Ды няважна тое, Аксана. Да Бога прыйсці ніколі не позна.
- Мо і так, згодна... Толькі дзіўна неяк, што жыў ты з тайнаю сваёй...
- А якая гэта тайна? У душы ў кожнага з нас жыве Хрыстос, але мы не падазраем пра тое...
Нейкі момант маўчалі. Яна спаквала падбіралася да яго, рыхтавала, старалася не пярэчыць задужа, а так, злёгку не згаджаючыся з ім.
Адкінула коўдру, на каленях падсунулася да яго. Вінцук ляжаў, сашчапіўшы на грудзях рукі. Расшчапіла іх, пачала расшпільваць гузікі сарочкі. Потым і папругу... Скінула з яго амаль ўсё, што было на ім, - падштурхоўвала да дальнейшых дзеянняў.
Астатняе ўсё адбывалася як у сне. Астатняе, што не скінула Аксана, скінуў сам.
Яна абняла яго, упілася вуснамі ў яго губы. Адчула адразу, як у яго пачалі вырастаць крылы жадання, адчула, як і яна сама ператваралася ў нейкую незямную і дзівосную птушку - арліцу, якая гатова была сваёй вострай і моцнай дзюбай упіцца ў сэрца Ўюна...
Яна накрыла абодвух коўдрай і абвілася як дзікі хмель па хлопцу, прытулілася моцна грудзьмі да яго грудзей, калола сунічкамі сваіх тугіх узгоркаў; перапляла яго ногі сваімі - і цяжка задыхала, напручваючыся ўсім целам...
Адчула, як соладка закружылася галава і знікла ўвачавідкі цемра. Перад ёю была не цемра, а блакіт неба і зырка свяціла сонца. У той жа момант яна лёгкай птушкай узнеслася над воблакамі, адчуваючы побач Вінцука...
Вось яно, шчасце, бяры яго рукамі, вуснамі, дыхай ім, наталяй душу і сэрца асалодай, упітвай у сябе нектар кахання, - і большага нічога не трэба, вышэй за гэта і саладзей няма нічога ў свеце...
Так і ўяўляла яна ўсё гэта ў сваіх марах-снах, так яно і рыхтавалася ў салодкім прадчуванні-адчуванні - тады яна прачыналася ў млоснай дрыготцы, адчуваючы, як па ўсім целе разлівалася мройнасць і асалода. Яна ведала - у ёй прачыналася жанчына. Яна яшчэ не разумела, адкуль нараджаўся той агонь у яе ўлонні, толькі здагадвалася, жадала, каб ён ператварыўся ў гарачае полымя...
А тут трошкі было інакш - натуральна, не ў сне, і каханы побач, якога яна абдымае сваімі рукамі...