Анатоль БароўскіТры елкі дзяцінстваАповесць
1
У кожным з нас жыве ў памяці той даўні і дзівосны час, калі мы яго яшчэ і не ўсведамлялі, не адчувалі, які светлым напамінкам сёння стукаецца ў нашую душу, у нашу памяць. Ён як быццам папракае нас за тое, што мы не ведалі тады, што вялікае шчасце жыць у Краіне Дзяцінства...
Нам могуць прысніцца сябры, клас, настаўніца... Ды прымроіцца з трывогай, што і ўрок не падрыхтаваны, і таму нараджаецца падсвядомае пачуццё пякучага болю і крыўды, што подводзіш настаўніцу, а яна вось-вось павінна назваць тваё прозвішча. І ты сядзіш, сагнуўшы голаў ад страху, ад сораму, што дурнем выглядаць будзеш, калі выкліча класная да дошкі. І ў той жа час сэрца незаўважна ператвараецца ў дзіцячае - цнатлівае і палахлівае, якое адчувальнае да ўсялякіх дробязяў, умее пакутаваць і радавацца...
Калі ж тыя сны прыходзяць часта, як не кажынную ноч, то тое толькі азначае, што ў тваё сэрца пастукалася Яно, Дзяцінства. І паклікалі тыя, з кім ты бегаў навыперадкі босы па халоднай і роснай зямлі. Яны, сябоўкі твае, ўспомнілі пра цябе, праз зорныя міражы часу і прасторы дасылаюць табе вестку і пытаюцца: «Як ты там жывеш, дружа? Ці ўспамінаеш ты нас, сваіх дружбакоў?»
То іх біятокі далятаюць да тваіх мозгу і душы, - і тады табе ўжо нікуды не падзецца, не ўцячы, як ні старайся.
Мама казала некалі, што чалавек - жывы ён ці не, хаця ж і на тым свеце даўно, - наладжвае пярэзвы, цікавіцца тваім станам і жыццём: памагчы хоча, аберагчы ад злога і ліхога, адчуваючы, як спакутваліся твае душа і цела. Мо яно і сапраўды так, не ведаю, аспрэчваць не буду. Але, прызнаюся, што ў гэтым нешта ёсць, быць таго не можа, каб не было...
І ты прахопліваешся ноччу (то я ж, канечне, прачынаюся), нішком ад жонкі ідзеш на кухню, похапкам прыкурваеш ад сярнічкі ці запальнічкі і дзівішся-здзіўляешся - што за насланнё такое з тымі ўспамінамі? Тут клопатаў столькі, што і за стагоддзе не разграбеш, а тут басаногае дзяцінства не дае спаць, брыкаецца, у бакавіну штурхае сваімі парэпанымі пяткамі... І няўцям, што трэба неадкладна, тэрмінова нават, кінуць усё і імчаць туды, у тую дзівосную і цудоўную краіну, у сваю казку, на свой адзіны бераг. Ды не на суд Божы, не на пакаянне ці споведзь нават, хаця і гэта яшчэ наперадзе, а на ачышчэнне, на агульную праверку (акурат, як у войску), на агляд сваіх радоў, - то ж проста душа твая пачала бунтаваць і памкнулася туды, да сяброў, яна вырываецца з грудзей, пакутуе, чакае, калі супакоіш яе, суцішыш...
Але нават і не з-за гэтага кліча Вышні на Поле Дзяцінства. У зямельцы ж закапана твая пупавінка, а нябачны атожылак цягнецца да цябе ўвесь час, як ты жывеш. Ты ж і сілкуешся тымі нябачнымі энергецінкамі з тае мясцінкі, дзе бабка-павітуха схавала той вузельчык, які звязваў цябе з мамай, звязвае назаўсёды з родным краем, які завецца малой радзімай...
Схавала той пупок, як яблыньку пасадзіла. А каб расла ўчэпіста і спорна, кораню трэба жыватворная духоўная вільгаць і сіла. А як толькі яе не хапае, у той жа час у тваёй душы пачынае рабіцца нешта незразумелае і неспакойнае, лядайкае і злое, - яблынька не адчула ад цябе падпіткі, як і ты ад яе. Пачынае ірвацца духоўная сувязь. Вось і пайшоў тады па тоненькай-танюсенькай нітачцы-карэньчыку сігнал бяды і крыку аб дапамозе...
А ты адчуў (я ж, канечне) незразумелы боль пад левай грудзінай і ніяк не можаш даўмецца, што гэта за насланнё такое? Дзівак ты, дзівак... То ж дзяцінства пастукалася ў тваё сэрца...
Нікога не слухай - кідай усё, шукай свае крылы ўзнёсласці і ... Забудзь пра неадкладныя клопаты і праблемы. Неадкладна імчы ў той край, які кліча да сябе, як бы ён далёка ні быў ад цябе - хоць за тысячы і мільёны вёрстаў. Адчуй сябе зноўку малым. Так трэба. Так неабходна. Адчуй сябе зноў хлапчуком, - і ты тады ўбачыш свет зусім іншымі вачыма, і тады для цябе шмат чаго высветліцца і праясніцца, многе стане зразумелым і блізкім.
Кожнаму з нас - хочам таго мы ці не - жыццё дае нам шчаслівы шанец: палячыцца ад даросласці, ад сур'ёзнасці, ад злых і непатрэбных думак, апамятацца, спыніцца і задумацца над сваімі ўчынкамі, сказанымі словамі, зробленым і няздзейсненым. І гора таму, хто не выкарыстоўвае яго, хто адмахнецца ад поклічу і пярэзваў, палічыўшы тое ўсё дурноцтвам, дзіцятвам, і не прызнаецца нікому нават, што нехта клікаў яго ў чароўную і непаўторную краіну. Баючыся, каб не абсмяялі, бо пасада не дазваляла апускацца да такіх прызнанняў і сантыментаў...
Шкада такіх людзей, шкада... Ну, што ж, няхай будзе так, а калі так, то і не зразумець яму ніколі нічога, але ў тым ужо вінаваціць нікога не трэба, апроч самога сябе. Але прыдзе пара, абавязкова прыдзе, хоць і праз тысячу год, - але тады ўжо будзе позна, эадужа позна... І ніхто тады не паможа вярнуць шчаслівыя імгненні вяртання да самога сябе.
Якім жа вырасце тая дзеравінка, якую пасадзіла павітуха? Без добрых успамінаў, без ласкавага слоўца. Бо як сказана ў Евангеллі ад Лукі: «Няма добрага дрэва, якое давала б кепскія плады; і няма кепскага дрэва, якое давала б плод добры; бо ўсялякае дрэва пазнаецца па пладах сваіх, таму што не збіраюць смокваў з цярноўніка і не здымаюць вінаград з кустарніка. Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злых скарбніц сэрца свайго выносіць злое, бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны яго».
Так, добрае і нараджаецца ад добрага. Таму не след адмаўляцца ад духоўнага поклічу, а неабходна прыняць яго, расчыніць і ўпусціць яго ў сваё сэрца, - і тады абавязкова пачуецца палёгка, і цёплая хваля падступіцца да цябе, падорыць табе новыя сілы, пачуцці і адчуванні. Бо мы далучаемся да сваіх вытокаў, не адпрэчыўшы свой пачатак, - мы зноўку нараджаемся для добрых і высокародных учынкаў і здзяйсненняў.
Не ўцякай ад пярэзваў: то Сам Бог стукаецца да цябе ў сэрца, у душу тваю.
Толькі ты ці адчуваеш сваё прызначэнне на сваёй зямлі?
Ці не пячэ цябе сорам, што ад аднаго берага адарваўся - свайго роднага, а на другім пасяліўся, і ад таго не ведаеш да апошняга дня, хто ж ты такі, якога роду-племені, якой ты нацыі, да якога народу належыш?
2
...хуткі цягнік нясе мяне ў маё далёкае дзяцінства, у тую саму пару, калі яно заканчвалася і пачыналася юнацтва.
Не ведаю толькі, чаму, але з першых хвілінаў, як я ўбіўся ў чаргу да касы, каб узяць квіток на праезд, мяне адразу ж ахапіла хваляванне - не абы-куды еду, а ў край бесклапотнасці і нястачы, захаплення і горычы, першага кахання і першых расчараванняў...
У жыцці яно як бывае? Імкнешся штодня да нейкай мэты, уздзіраешся, злузваючы да крыві пальцы рук і калені, да нейкіх недасягальных вяршыняў, траціш энергію і розум, ахвяруеш усім дзеля выбранай мэты, і прызнаешся самому сабе, што не было, на жаль, часу азірнуцца на сваё даўняе мінулае, паглядзець на сябе збоку, паглядзець тымі непасрэднымі дзіцячымі вачыма, якія не здрадзяць, не ўмеюць падмануць...
Куды, на якую тайную ці не тайную вячэру-застолле мы баімося спазніцца?
Мы ж верылі ў светлае, чыстае, цнатлівае і правільнае. Верылі напісаным кніжкам, настаўнікам, якія казалі, што шчаслівае дзяцінства нам падарыў бацька Сталін. Пазней даводзілі нам, што толькі ён адзін сваёй мудрасцю выйграў вайну з Гітлерам. І яшчэ далдонілі нам, што Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя дала шчасце і волю кожнаму чалавеку. Прымушалі паверыць, што Бога не існуе, а рэлігія - то опіўм для ўсяго народа, і ад яе трэба пазбаўляцца...
Нас адвучылі маліцца. Адабралі Хрыста, сказаўшы, што заместа яго ёсць другі бог - Ленін. А Біблія казалі, смеючыся, - то байка пра Бога, і яна не адыгрывае той неабходнай ролі ў выхаванні піянераў і камсамольцаў. Мы былі сляпыя бы толькі што народжаныя кацяняты, знаходзіліся ў стане слепаты нават тады, калі сталі дарослымі, не перастаючы верыць, што толькі ў нас усё добра і шчасна...
Ну, дык тое ўсё, як кажуць, да слова. Бо натура ў нас такая - хлебам не кармі, а дай выгаварыцца, навесці крытыку на забітага льва. І няважна ўжо, слухае нас хто-небудзь, ці не. Загана то нашая, ці прасвятленне, не ведаю.
Еду-імчу я ў свой далёкі край. То раней здавалася мне, што за тры-дзевяць зямель той Казацін ад Гомеля. Бо адтуль, як ехаў некалі, ой якім жа цяжкім і доўга-пакутным падаўся мне той адрэзак шляху!
Выбрацца ў дарогу я рашыў нечакана.
Нават і штуршка такога пэўнага не было, пра які я казаў перад гэтым. Хаця, калі шчыра, перад гэтым клікала мяне некуды мая памяць. Проста неяк ноччу ўбачыў я сябе басаногім хлапчуком - з кніжкамі за плячыма, шморгаючы носам ад прастуды. Раскашоўвалася спякотнае лета, апякаў ногі пясок, бы прысак, а я крочыў некуды спешна - ці то ў школу, ці то са школы. І пры тым у мяне было так шчымліва на душы, што я прачнуўся. Такія сны былі і раней, але ім не надаваў асаблівай увагі. То быццам я лётаў над сваёй вёскай, а хлапчукі стаялі ўнізе і нешта крычалі і паказвалі ў мой бок рукамі... А я насіўся птушкай, коршакам, арлом, і адзінае, што мяне турбавала - каб хаця не зачапіцца за тэлеграфныя слупы і драты, што злучалі тыя слупы.
Эх, сны, сны... Мройная ваша фантазія...
Наш свідравальны станок з праграмным кіраваннем прайшоў выпрабаванні з высокай адзнакай і галоўны канструктар Арсен Гайкоў нечакана для мяне сказаў:
- Валодзя, за гэтую перамогу я даю табе тыдзень адпачынку. І яшчэ прэмію ўпрыдачу.
Я, канечне ж, не паверыў яго словам. Тады Арсен Робертавіч перапытаў:
- Ці не глухі ты, Уладзімер? Ці то такі няўдзячны, га?
Мне ж толькі заставалася кіўнуць у знак згоды галавой, каб не паказацца доўбілам ці аглушаным яго дарункам-паведамленнем.
Ён як уведаў усё роўна, што мне ой як не хапала ў маім жыцці таго такога неабходнага і жаданага тыдня. Усе суткі і апошнія тыдні мы былі загружаны-перагружаны неймавернай працай. Арсен выціскаў з нас, канструктараў, усё магчымаеі немагчымае - мо так і капіталіст не здзекваўся над сваімі рабочымі. Але ж не, калі шчыра, то прымусу начальніка мы не адчувалі. Нас эксплутаваў самы галоўны начальнік - прымус прэстыжа. А сіла прыдавал хіба толькі тое, што ппярэдні наш станок без стрыманасці хвалілі спецыялісты з Нямеччыны. Нам хацелася і гэты давесці да ладу, бо прэстыж прэстыжам, а і пахла добрай прэміяй - у кожнага з нас на яе ўскладваліся пэўныя планы.
Мяне ж падораны тыдзень абрадваў яшчэ і тым, што я мог сплаціць усе свае даўгі. А іх у мяне накапілася шмат і шмат.
Некалі, з гадоў дзесяць назад, асмеліўся напісаць у абласную газету невялічкі допіс пра нашую брыгаду. Ну, рукі свярбелі, парабіць з сабою нічога не мог. Напісаў пра тое, як мы ствараем станкі. Дзіўна, але мой допіс надрукавалі, і невядомая мне Марыя Шыманоўская напісала кароценькае пісямко, папрасіла, каб я прыслаў яшчэ што-небудзь з жыцця свайго прадпрыемства. Падказала нават і тэмы, якія яе цікавілі. І зноў надрукавалі дасланае. Прызнаюся, тое мне спадабалася. Падабалася глядзець на радкі ў газеце і подпіс пад імі.
Праз год пад маімі заметкамі да майго прозвішча дабаўлялі «няштатны карэспандэнт». І тады я асмеліўся паспрабаваць свае сілы ў цэнтральнай газеце, ды і ў не абы-якой, а ў рабочай. І - во дзіва! - праз месяц убачыў допіс надрукаваным. Праўда, мяне здорава падкарацілі, падправілі напісанае. Мне падалося нават, што надрукаваны тэкст чытаўся лепей і цікавей. Быццам нехта там, з супрацоўнікаў газеты, паклаў маё пісанне пад важкі прэс і выціснуў ўсё лішняе. Я зразумеў, што мне трэба было вучыцца пісаць сцісла...
На той час у мяне ляжаў недапісаны нарыс пра баптыста Сівакова. Папярэдне я напісаў ліст, спытаў, ці цікавіць іх такая тэма. Тэма іх зацікавіла. Але я ўзяўся пакуль што за іншы матэрыял. Прыклаў усе намаганні, творчыя сілы, каб зрабіць матэрыял цікавым. Надрукавалі. Без асаблівых правак, але ўсё ж даводзілі яго «да кандыцыі». Я стаў ужо іх няштатным карэспандэнтам. Мне нават выслалі пасведчанне, чым я вельмі ганарыўся.
А матэрыял пра Сівакова ляжаў, чакаў свайго часу. Я паабяцаў яго скончыць і выслаць у бліжэйшы час. Нават паабяцаў у тэлефоннай размове, што вышлю праз тры дні. Але мінуў дзень, калі я паабяцаў адаслаць яго, а мне ўсё не выпадала часу сесці за стол і скончыць яго - дадому прыходзіў стомлены, і сіл заставалася толькі павячэраць і дайсці да ложка...
А тут на табе - галапузае дзяцінства пастукалася ў маю памяць. Паклікала да сябе ў госці. Маўкліва, без папрокаў. Адно напомніўшы пра сябе нячутнай шчымліва-пяшчотнай нотай меднага горана...
І я махнуў рукой на той нарыс - не ўцячэ нікуды, а тэрміны рэч умоўная, - не надрукуюць цяпер, дык праз год. Для мяне тое ўжо не з'яўлялася галоўным.
Плюнуў на ўсё, адрынуў усё, рашыўся і адгукнуўся на покліч.
Са мною ў купэ сядзіць трое дзяўчатак. Адна з іх, бяляначка, у шыкоўным касцюмчыку, з сакаўнымі вуснамі і агністымі вачыма, зіркала туд-сюд, як нешта ці некага шукала. Сяброўкі ж маўклівыя, унураныя ў сябе, заняты сваім, на мяне не звярталі аніякай увагі.
Як праязджалі Сож, пад вагонамі затахкалі гучна на стыках колы: «Ты ку-ды, ты-ку-ды?..» Я выйшаў у тамбур, каб перастаяць якой паўгадзіны і не назаляць сваім спадарожніцам - няхай уладкоўваюцца на ноч.
Ці засну я сёння, адчуваючы на душы няўцямную трывогу і ўзрушанасць? Ці супакоюся, узваліўшы на плечы цяжар пражытых гадоў? Хоць і не курыў, а прыйшлося «стральнуць» «прыміну» у суседа, што дыміў побач. Я на сваіх жа вачах ператвараўся ў хлапчука, які ўсё жыццё хадзіў са мною побач і маўкліва назіраў за мною. Цяпер жа я стаў ім, а ён мною - мы зліваліся з ім у адно цэлае...
І здавалася ўжо, што не ў вагоне я зусім сяджу, а ў нашай школе - у пятым класе, слухаю, пра што гаворыць сваім хрыплым голасам Рыгор Дзяменцьевіч. Пачуў голас - і нешта прымусіла мяне напруціцца захвалявацца...
Адна зацяжка, другая...
Эма
Дзе ж ты цяпер, прыгажуня-прынцэса Эма-Эмачка-Эмуся?!
Якія вятры і чые вочы цалуюць тваю прыгажосць? Ці любіш ты і цяпер сустракаць Новы Год?
Дзе ты цяпер, прыгажуня Эмачка?
Дзе?..
Мы сядзім у класе і настаўнік гісторыі Рыгор Дзяменцьевіч расказвае нам пра далёкія гістарычныя часіны, тлумачыць падзеі, прыводзіць па памяці даты... Расказвае так цікава, што муха ляціць пад столлю, і мы чуем вібрацыю яе крыльцаў. Рыгор заўсёды ў сваім нязменным шынельку і ботах, у гімнасцёрцы, якую сам мые і зашывае зашмальцаваныя мясціны і дзіркі. Мы ведаем, што гэта яго адзінае адзенне, і другога настаўнік не мае.
Але як бы ні было нам цікава слухаць аповяды настаўніка, я не зводжу вачэй з беленькага вуха Эмы - яна сядзіць у наступным радзе, справа. Калі гляджу на яе, у мяне замірае сэрца і лёгкія іголачкі паколваюць у скроні. Не магу адарваць позірку... А побач - Колька Кандыбенка сядзіць, вочы прымружыў - уважліва слухае.
Дзяўчына нечакана аглядваецца, адчуўшы, мусіць, мой позірк, і я, прысаромлены, злоўлены як на нечым непрыстойным і сорамным, чырванею, апускаючы вочы долу.
- І не думаў магістр ордэна, што такое можа адбыцца, - чую зноў патаемны і даверлівы голас гісторыка, і мне здаецца ўжо, што ён гаворыць толькі для мяне аднаго, ну, хіба яшчэ і для Эмы, расказвае цікавую гісторыю маёй радзімы, - Боская кара абрынулася на яго ворагаў...
Рыгор ніколі і ні ў якія кніжкі не заглядваў, і не выкладаў нам тое, што ў іх было. Ён меў сваю гісторыю, якую, мусіць, напісаў сам ці склаў, і чытаў яе натнёна і з глыбокім веданнем яе падводных цячэнняў... Я ж ніколі і імён такіх не чуў, якія ён называў - Ульрых, Вітаўт...
Адкуль ён тое ведаў, з якіх крыніцаў тое чэрпаў?
- А ці ведаеце вы, што...
І мы з першых слоў уваходзім у казку, у дзівоснае паданне, у далёкую мінуўшчыну, у падзеі, якія адбываюцца ў Вялікім Княстве Літоўскім...
Спяваюць трывожна трубы, грымяць зазыўна і ўзнёсла барабаны... Вы ўявіце той напал бою, прыслухайцеся да перазвону мячоў і дзідаў... Літоўская конніца рушыла, нарэшце, у атаку. Насустрач ёй рушыла варожая сіла. Але што гэта? Як у прорву правальваюцца вершнікі - і знаку ўжо няма ад іх. То выкапал надоечы непрыкметна яміны і прыкрылі іх гадінамі, замаскіравалі мохам. Другія і трэція рады па целах папярэднікаў прайшлі яшчэ далей і сутыкнуліся з ворагам у няшчаднай сечы. Нельга было замахнуцца яе след мячом - на полі з узгоркаў і ўпадзінаў шырынёй у дзве тысячы крокаў сышліся не меней як шэсцьдзесят тысячаў вояў...
Ламаюцца коп'і, секіры адскокваюць ад каваных шчытоў, лопаюцца як яйкавае шкарлупінне пад ударамі чэканаў шлемы...
Іржуць коні, крычаць параненыя, поўзаючы па крывавай зямлі, цягнучы за сабою свае ж вантробы; воклічы і загады камандзіраў глухлі ў агульным пагрозлівым гуле. Ціўкалі атрутныя стрэлы, звінела набатам сталь...
І вось воі Вітаўта не вытрымалі, здрыгануліся, пахіснуліся - пад магутным націскам важкай рыцарскай конніцы адкаціліся назад. Колькі вы, думаеце, было вояў, што змаглі даць такі адпор?
Настаўнік папытаўся ў нас, але не глядзеў у наш бок, - стаяў каля акна і не адрываў позірку ад засмужанага неба і воблакаў, - мусіць жа, там бачыў усё тое, пра што расказваў. І сам жа адказаў сабе на пытанне:
- Усяго тры палкі са Смаленскай зямлі - гэта на стыку з польскімі харугвамі. Здавалася б, невялічкая па колькасці людзей групоўка вояў, але яна аказалася моцнай і храбрай, бо сваім націскам здолела перашкодзіць крыжакам разбіць усё саюзнае войска. Падалі ў смяротным баі адзін за адным смелыя і бясстрашныя смаляне, але не зрабілі ні кроку назад. Наступіў крытычны момант. І ў гэтыж час зноў пачуўся бадзёры голас зазыўнага грана, рушылі ў наступленне на сваім фланзе палкі Ягайлы...
Крыжаносцы адразу адчулі моцную перашкоду, і таму вымушаны былі спыніць праследванне ліцьвінаў, а свае ўдарныя, адборныя фарміраванні, кінулі супраць палякаў. Але не змаглі вытрымаць іх націску. Не памог ужо і ўвод у бой апошняга рэзерва, кіраваў якім сам магістр Ордэна. Тут знайшоў сваю смерць Ульрых фон Юнгінген, а разам з ім палеглі яго лепшыя рыцары, якія верылі ў свае сілы, у сваю непераможнасць т Боскае бласлаўленне на поспех...
А я пазіраў на шыю Эмы, але бачыў яскрава скрозь яе кудзеркі тых рыцараў, чуў лязгат дзідаў, і вераў, што яны з-за сваіх прыгажуняў клалі свае галовы на полі бітвы. І мне так хацелася пакратак завіток на яе белай шыі, што аж міжволі мая рука падалася да яе... Але мне ўжо не было калі - я скакаў ужо далей і далей. Я быў ужо сярод злучанага войска польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта...
На правым фланзе нашага войска пад ветрам ужо матляліся крывавыя тканіны з выявай герба Пагоні - вершніка з мячом. Вось пад гэтымі харугвамі і выйшлі на бітву воі Вітаўта - з Літвы, Кіеўскай, Валынскай, Смаленскай, Гомельскай, Полацкіх зямель. Я ўжо яскрава бачыў, як хутка, бы палёт юркай стралы, шныралі бунчукі невялікага атрада наёмнікаў татарскай конніцы. А там, дзе знаходзіўся левы фланг, разгарнуліся пад каралеўскім штандарам з белым арлом польскія палкі і наёмнікі з Чэхіі... Са мною побач скакаў Колька Петрушкевіч, нешта крычаў, гледзячы наперад...
То быў Грунвальд. То адбывалася вялікая бітва народаў. Дзякуючы перамозе, яшчэ не адно стагоддзе крыжакі баяліся сунуцца на землі Вялікага Княства...
Настаўнік замоўк, апусціў галаву.
Мне падалося, што і ён скакаў разам з намі, і таму стаміўся, бо цяжка дыхаў, заплюшчыўшы вочы.
- І што ж было далей, Рыгор Дзяменцьевіч? - папыталася Эма, заварожаная, як і я, аповедам настаўніка.
- Далей? - настаўнік не падымаў галавы, глядзеў ужо ў стол, як быццам звяраўся ў праўдзівасці сваіх слоў у нябачнай кнізе. - Далей... Да нас дайшлі абрыўкі гісторыі таго часу. Адныя сцвярджалі, што крыжакі разбілі войска Вітаўта і яно ратавалася бегствам да самай Літвы. Але як можна паверыць у тое, калі яны самі ж сцвярджаюць, што пасля перамогі пад Грунвальдам Вітаўт і Ягайла разам рушылі на сталіцу Ордэна - Марыенбург. Спрачаюцца і сёння, хто ўнёс большы ўклад у перамогу - ваяры-віцязі ўкраінскіх ці беларускіх зямель. Яны аддалі ўсё, што маглі...
У школьных падручніках, у інстытутах і ўніверсітэцкіх працах навукоўцаўцаў адзначана, што то ўяўляла сабой толькі ўтрымліванне напору ворага на землі Прыбалтыі. Але ці можна пагадзіцца з такой думкай, га?.. Думайце самі, гісторыю нельга ні палепшыць, ні пагоршыць... Адно скажу, дарагія мае, што гісторыя толькі пацвярджае - перамога пры Грунвальдзе мае аднолькавае значэнне як для палякаў і летувісаў, так украінцаў і беларусаў.
Ніхто з настаўнікаў не прывучаў нас да роздуму. Рыгор жа абуджаў у нас не толькі цікавасць да розных жыццёвых з'яваў, але і самааналізу, да спрэчак. Ён абвяргаў тое, што пісалася ў падручніках. Не гаварыў нам прама, каб сумняваліся ў напісаным, але як быццам падахочваў нас, дзяцей, каб мы сумняваліся ва ўсім, аналізавалі, узважвалі, пераконваліся самі ў праўдзівасці фактаў жыцця. Ён і гаварыў з намі на мове праўды.
І мы міжволі задумваліся над многімі пытаннямі, хаця ж і не знаходзілі на іх тады пэўнага адказу.
Аднойчы пасля ўрокаў мы засталіся ўдвух з гісторыкам у класе. Ён ведаў, што мне хапала яго ўрокаў, бо я часцей за ўсіх дапытваўся ў яго пра тое, што не зразумеў, што пакінула сумненні. Мо і знарок застаўся - з-за мяне. Мяне ж сапраўды шашалем тачылі балючыя пытанні, якія не мог задаваць у прысутнасці ўсяго класа - не такі быў дурны, але ж і сітуацыя навакольнага трывожнага жыцця вымагала таго, каб мне, з маім дзіцячым розумам, разабрацца.
- Рыгор Дзяменцьевіч, - не вытрымліваю я, і ў прыцемку класа мой голас гучыць неяк напята і занепакоена, - а чаму мы вымушаны жыць між дзвюма праўдамі?
Ён пільна ўглядаецца ў мяне, круціць галавой.
- Чаму ж між дзвюма? - ён ужо дастае з кішэні шынелка капшук з самасадам, просіць, каб я прачыніў акно, чакае, калі я сяду насупраць яго.
- Бо ў кніжках адна праўда, а ў жыцці ж, пра што вы расказваеце, другая... Я заблытаўся. І кніжкам цяжка не паверыць, бо іх пісалі разумныя людзі, і вам веру. Праўда, больш веру.
Гісторык зацягваецца самакруткай, прыжмурваецца, выпускае дым, адвярнушыся ад мяне - да акна. Я бачу яго хударлявы твар, упалыя пашчэнкі, шырокі лоб і залысіну на галаве. Вочы разумныя і добрыя. Ад яго, хоць і на адлегласці, далятала да мяне цеплыня і душэўная пяшчота.
Я люблю свайго настаўніка. Люблю за тое, што ў яго такая выдатная памяць, і што ён ведае столькі незвычайнага і цікавага. Яго трохі за тое і недалюбліваюць завуч школы і дырэктар, але на людзях сваёй непрыязні ці зайздрасці не не паказваюць, тояць у сабе. Але мы ўсё бачым, заўважаем. І знарок на іх уроках хадаваць такія пытанні, каб яны не адказалі, і тым самым ставім іх у тупік. Яны здагадваюцца, адкуль дзьме вецер, адкуль у нас такая незвычайная цікавасць, аказваюць нешта няўцямнае і няпэўнае, - тым самым падаючы ў нашых вачах ой як нізка...
- Ды як табе сказаць, хлопча, - мой маленькі сябра? Я і сам не хутка зразумеў тое. Жыццё прымусіла зразумець. Таму не буду адказваць на тваё пытанне. Бо як бы я правільна ці хораша ні адказаў бы табе, ты мяне ўсё роўна не зразумееш - адказ падрыхтуе і дасць табе само жыццё. Рана ці позна, але дасць. Я стараюся толькі рыхтаваць вас да гэтага, каб кожны зразумеў: чалавек, як птушка, і яму патрэбна воля, прастор. Патрэбны духоўныя крылы - і тады парвуцца любыя ланцугі, якімі скавалі, спавілі, стрыножылі...
- Хто скаваў, Рыгор Дзяменцьевіч?
Настаўнік зноў хмурыцца - ці не крыўдуе ўжо, што задаю яму такія дурныя пытанні, сагнуўся, седзячы на крэсле пра нешта думае. Разумею сёння, колькі ён змог бы мне тады расказаць цікавага і тайнага, каб я быў трошкі сталейшы, лепш, каб дарослым, - тады б ён не асцерагаўся, што мой хлапечы язык можа вынесці за сцены школы. Але я і так быў удзячны яму за тое, што ён смела ўзяў мяне за руку і павёў тымі сцяжынамі, кудой ніхто з настаўнікаў не мог павесці, - каб у мяне, жаўтаротага, пралупіліся збольшага вочы, каб з іх спаўзла паляндра слепаты і веры ў бязгрэшнасць прышчэпленай нам ідэалогіі...
Ён жа разумеў, што яму пагражала, калі б даведаліся тыя, каму належыць ведаць усё, у якія тайны жыцця ён пасвячаў нас. Хаця гісторык ніколі не лаяў ні Сталіна, ні ўладу, - ён абыходзіў гэтую тэму зусім. Ніхто, нават апантаны стукач ці сексот, не маглі сказаць ці сцвердзіць, што гісторык займаецца нечым недазволеным у сваёй працы настаўніка...
Асабліва любіў настаўнік расказваць нам паданні.
Мы слухалі б іх дзень і ноч, і ў нас не прапала б цікаўнасць - мы ж і падумаць не маглі, што ён расказвае нам старонкі з Бібліі. Літаратурная апрацоўка, на мой сённяшні погляд, была таенавітая, бездакорная... Мы ж нідзе такога не чыталі і не чулі, а Біблію дык і ў вочы не бачылі.
Ідэолагі баяліся, каб мы не паверылі ў Бога і не пачалі маліцца на Хрыста замест таго, каб спяваць хорам і па аднаму «Широка страна моя родная...»
- Хто скаваў, пытаеш? Каваль і скаваў... Вялікі Каваль людскога шчасця і яго верныя памочнікі. «Ковалі счастія ключі», а выкавалі сабе ланцугі і кандалы...
Цяпер я ўжо не перапытваў, хаця ж зноўку не разумеў, а толькі здагадваўся пра нешта вялізнае і пачварнае, адчуваў дзіцячым розумам, што не хапае толькі маленькай нейкай дробязі, каб я зразумеў усё-усё... Здагадкі мае былі простыя - чаму настаўнік не можа прыдбаць сабе хаця б простага і прыстойнага касцюмчыка; чаму мая маці ніяк не можа выбіцца з беднасці, хаця ад работы ніколі не разгінала спіну; чаму ў нас больш ворагаў, чам самога народу? Чаму?.. Тысячы «чаму» грызлі мяне і тачылі маю душу штодня, і ў мяне ад таго трашчала і раскалвалася ад болю галава - ніяк не рашаліся задачкі, і ніяк не сыходзіўся ў адно цэлае чаканы адказ...
- Хацеў бы я, мой сябра, дапытлівы Валодзька, сустрэцца з табою гадоў так праз дзесяць-пятнаццаць... - настаўнік з нейкім жалем ці шкадаваннем глядзіць на мяне, пацірае пальцам кончык носа, - і дагаварыць пра ўсё. Не, я табе давяраю, ведаю, што ты хлопец разумны, не балабол. Не скора людзі павераць зноў у Бога, у сябе. Але прыдзе той час, прыдзе... Пры табе яшчэ прыйдзе...
Настаўнік нейкі час маўчыць, уздыхае. Патухла цыгарэціна, але ён не спяшаецца зноў прыкурваць яе.
- Столькі копаці на нашых душах, Валодзька, вельмі шмат. Мы спавіты дротам і ланцугамі, і не можам сказаць пра тое, ні-ні... Цярпі і маўчы. Мы - рабы, мы - паднявольныя, ярма толькі не хапае, хаця і яно ёсць, ды не бачна яго...
Пад акном спыніліся дырэктар і завуч, пра нешта гавораць. Настаўнік адхіснуўся ад мяне, каб, не дай Бог, не заўважылі яго, не падумалі што. Я зразумеў, і сам прыгнуўся. Даляталі ад іх нейкія словы, але зразумець іх нельга было. Нешта абмяркоўвалі, бо завуч згодна ківаў галавой, а дырэктар настойваў, перакноваў...
Я падыходжу да дошкі, крэйдай пішу дату падзей Грунвальда. Хай бачаць дырэктар і завуч, што са мной праводзіць гісторык дадатковыя заняткі.
Мы яшчэ нейкі час сядзім і маўчым, не ведаючы, колькі прайшло часу. Недзе зачакалася маці, - позна са школы я ніколі не прыходзіў.
- Загаварыліся мы з табой, браце, - спахопліваецца Рыгор Дзяменцьевіч, - маці будзе хвалявацца ха цябе, што так доўга няма.
- Не будзе. Яна ў мяне добрая.
- Гэта добра. Але і сапраўды пара позняя. Пойдзем.
Але ў дзвярах затрымліваецца, амаль шэптам дадае:
- Мы яшчэ прадоўжым з табой размову. Яшчэ пагаворым. А пачуць ад мяне ты хочаш шмат чаго, ведаю. І ты пачуеш. Толькі не ўсё адразу.
Калі ж выйшлі ў калідор, і падыходзілі да дзвярэй настаўніцкай, ужо строгім настаўніцкім голасам прамовіў:
- Я думаю, што дадатковыя заняткі памаглі табе разабрацца ў апошняй тэме.
- Дзякую, Рыгор Дзяменцьевіч! Цяпер я ўсе даты запомніў.
Я трошкі асмялеў - ужо мог стаяць побач з Эмай і не чырванець. Тое я адзначыў і запісаў добрым радком у свой духоўны кандуіт як першую, хаця і невялічкую, перамогу над самім сабой.
- Эма, - пытаюся я, стараючыся надаць голасу спакойнасць і абыякавасць, - як ты Новы год сустракаць будзеш?
Яна здзіўлена і дапытліва паглядае на мяне, а пасля як бы скушна прызнаецца:
- Аніяк.
- Чаму - аніяк?
- Елкі няма. Не прывезлі. Дзядзька Іван летась прывозіў, а цяпер ён хворы - ляжыць у бальніцы.
Мяне тут жа нечакана апёк сорам - яна, Эма, мая добрая Эма! - на Новы год не мае елкі?! А я і не ведаў пра тое. Божа, быў бы я чараўніком, тут жа, перад ёю, вырасла б яна - Зялёная Прыгажуня. Самая лепшая ў свеце!
- А Дзеда Мароза не прасіла? - папытаўся я ўжо асмялелым голасам - мне чамусьці хацелася па-дурному жартаваць, каб яксьці развесяліць прыгажуню Эму - яе кудзеркі, што развяваліся каля вачэй, абуджалі ўва мне жаданне здзейсніць гераічныя ўчынкі - толькі якія?
- То толькі ў казках Дзяды-Марозы, - горка ўсміхаецца дзяўчына, глядзіць на замарожанае акно, дзе мароз расквеціў дзівоснымі ўзорамі шкло - у двары гарыць чырвоны агонь, і ад таго казачныя лісты з зазубрынамі ўтвараюць нейкі фантастычны малюнак. - А ты хіба верыш у іх, Валодзька?
Ад яе пяшчотнага «Валодзька» я плавіўся, як воск пад сонцам.
- Веру. І веру ў тое, што і табе ён прынясе сёння, пад Новы год, елку. Прыгожую, казачную.
- Дзівак ты і фантазёр, - у яе вачах цеплыня, і падалося мне, надзея, бо такога позірку я дагэтуль не прыкмячаў.
І ў той жа момант у мяне выспеў дзёрзкі план.
- І яшчэ - чараўнік, - дадаў я.
Дадому я забег на хвілінку. Толькі каб узяць невялічкую сякерку - вострую, зручную.
Маці ж адразу накінулася на мяне:
- Дзе гэта цябе чэрці носяць? Галодны цялюсенькі дзень.
- З чаго ты ўзяла? Есці мне не хочацца...
- Ото папружку вазьму, ды па голым азадку насцябаю. Не пагляджу, што бальшун ужо...
Я сёрбаю спехам цёплы крупнік - выстаяўся ў печы, зрабіўся аж чырвоны, смачны-смачны. А перад вачыма - Эма, яе ўмольныя вочы, яе непаверка ў цуд навагодняй ночы, шыкоўныя кудзеркі - цікава, яны сапраўды ў яе такія, ці робіць іх такімі?
І Эма, і я - бязбацькавічы. Я нарадзіўся перад самай вайной, як і яна, Эма. Бацька мой быў артылерыстам, дзесьці пры абароне Гомеля склаў галаву...
Яе бацька дайшоў да Берліна, распісаўся на Брандэбурскіх варотах, а вяртаўся дадому ноччу - прыехаў ужо ў Казацін, - не вытрываў, рваўся так да жонкі і дачкі, - і трэба ж - у лесе перастрэлі бандыты... Нажом саданулі пад грудзі, не папытаўшы, хто і адкуль. А на грудзях у салдата тры ордэны Славы. Дазналася Вера Пятроўна, мама Эмы, у лес бягом пабегла. Як ведала, дзе ляжыць, - прыбегла, на грудзі ўпала, і тут жа збялела ўся, галава як снегам пакрылася... А твар счарнеў, як сопуха...
«Я тую елку, Эма, дастану хоць з-пад зямлі...»
Такую клятву я даў думкава прыгажуні Эме, дасёрбваючы ў місе крупнік.
Ноч панавешвала на неба навагоднія гірлянды пераспелых зорак. Там, у небе, плавалі рыбы, блукалі мядзведзі, поўзалі ракі, вагаліся шалі... Купал шэрага неба - як вялізная елка - на палову зямнога абшару. Але мне не трэба такую елку, мне жадалася б хаця адненькую - малюсенькую, якая аздобіла б Эміну хату пахам жывіцы і светлага шчасця.
Я ведаў, куды ішоў.
На ўскрайку поля, пры дарозе, воддалеч ад лясніцтва, раслі тры елкі - вялізныя, разлапістыя. Чаму пра іх я ўспомніў у тую навагоднюю ноч, не ведаю. Вось туды і кіраваў, схаваўшы пад світку сякерку.
Крокі ў марознай цішыні разносіліся, здавалася, на кіламетры.
Пасёлак усцяж пуставаў - усе рыхтаваліся да сустрэчы Новага года. У кожнай хаце гарэла святло. Рэдкі прахожы прасунецца па вуліцы.
Мяне дагнала падвода з людзьмі - я саступіў дарогу. Вазніца, мусіць, быў на добрым падпітку, бо раз-пораз махаў пугай і мацюкаўся. Я глядзеў ім услед і з жахам падумаў, што іх галасы чуваць вельмі далёка: пра тое мне ні ў якім разе нельга забываць.
Над трыма елкамі ўзышоў месяц - круглая поўня. Яна акурат і завісла над шчыкам сярэдняй елкі.
«Месяц указвае, каб выбраў сярэднюю», - чамусьці падумалася ў той момант, і я прыспешыў крок - да елак заставалася яшчэ каля паўгадзіны хады.
Бралася спорна на мароз. Пад падэшвамі чаравікаў рыпеў снег, і, здавалася, што мае крокі чуваць у апошніх хатах пасёлка.
Пад елкамі я насцярожыўся. Выбіраў, на каторую палезу. І выбраў месяцам абраную - у ёй і голле было ніжэй, а таму лягчэй будзе прадзірацца наверх. Перад тым, як падступіцца да дрэва, яшчэ раз зладзеявата азірнуўся, і ўслухаўся ў наваколле. Нічога падазронага не пачуў. Потым толькі, скінуўшы чаравікі, у адных шарсцяных шкарпэтках пачаў ускарасквацца наверх, туды, да самай верхаліны, дзе льга будзе адсячы для Эмы шчык елкі...
Сам здзіўляўся, як хутка дабраўся да верхатуры.
Другая, трэцяя галіна, - як перакладзіны лесвіцы. Мне адсячы б адну з іх, карацейшую, і, ведаю, Эма была б шчаслівейшым чалавекам ад такога дарунка, але мяне нейкая, няхай і нячыстая, сіла, падштурхоўвала вышэй, да самага вільчыка. Не чуў, як пазлузваў калені, не адчуваў, што паабдзіраў у кроў рукі, - мною кіравала толькі адно жаданне, адна мэта, - параўняцца са шчыкам...
Яна, тая вяршыня, азначала для мяне вельмі шмат. Нават больш, чым сама Эма. Мне чуўся ўжо голас майго настаўніка: «Не губляйся, хлопча, у жыцці. Калі ўжо намеціў што для сябе, то толькі наперад, толькі да канца. Каб потым не ўзненавідзеў сябе за здраду, за здраду самому сабе...»
Каму-каму, а сабе здрадзіць я не мог. Не меў такога права.
З кожнай хвілінай падымацца рабілася цяжэй і цяжэй. Мяне ўжо ахапіў страх - ніколі з такой вышыні не бачыў свайго пасёлка. Тым больш у начных гірляндах навагодніх агнёў. Вунь бялела нашая школа, трошкі воддалеч, правей, размяшчаўся клуб цукровага завода, а далей ужо - агні вёскі Махарынцы. Лявей жа ад школы - дом Эмы. У вокнах свяціліся агні. Што яна рабіла ў такі час? Маркоцілася без елкі? Ці сядзела з маці за святочным сталом - без елкі?
Гадзінніка ў мяне не было, і таму я не ведаў, колькі магло быць часу. Але да дванаццаці, меркавалася мне, было яшчэ ладнавата часу. Сякерка замінала хутка скарыць вышыню, вытыркалася, чаплялася за голле, а метал, астудзіўшыся на марозе, непрыемна прыставаў да цела - аж апякаў. На нейкім адрэзку ледзьве не выслізнула сякерка з-за пояса і не шусьнула ў ніз, - нейкім цудам удалося ўтрымаць яе ў руцэ...
Яшчэ вышэй, яшчэ... Ствол танеў і танеў. І калі ўжо было боязна лезці да канца, бо мог абламацца шчык, спыніўся. Пара. Вельмі ж доўга я дабіраўся да апошняй галіны. Заставалася самае апошняе - ссячы вільчык.
Калі ж я ўдарыў раз-другі па змерзлым ствале, па наваколлю панеслася гучнае рэха - як мячык паскакала ў марозную цішыню. І тут жа азваліся ў бліжэйшых хатах сабакі. Голас іх здаваўся мне злосны і ўстрывожаны. Прыходзілася чакаць, калі яны змоўкнуць.
Зноў пачаў секчы - прыслухаўся: з боку лясніцтва пачуў выразныя, чыстыя ў марознай цішыні, словы: «Сякуць елку недзе, пайшлі праверым...»
«От жа дурань, не мог для такой справы нажоўку прыхапіць, - апякла мяне запозненая думка, - хто ж на такую тайную справу з сякераю ідзе - на кіламетры чуваць твае зладзейскія памкненні... Дурань і ёсць дурань, разумны так не зрабіў бы...»
Я зноў чакаў нейкі час, з паўгадзіны, а мо і больш, і калі ўсё аціхла, апантана запрацаваў сякеркай - ужо не прыслухоўваючыся да наваколля: будзе, што будзе, бо, адчуў, што падціскаў ужо час, праз якое паўгадзіны Эме мой падарунак што ўчарашні дзень будзе. Гісторык казаў яшчэ - не адступаць.
Елка падалася. Упала, атрасаючы снег з ніжніх галінаў, на зямлю. Пачуліся зноў галасы з боку лясніцтва і тупат ног - беглі, пэўна, да елак. Я кінуў сякерку ў той бок, куды памкнулася ссечаная елачка.
Не памятаю, як я споўз на зямлю, як ускочыў у чаравікі і ўхапіў адсечаны шчык. А сякерка тырчэла тапарышчам уверх - знайшоў адразу. Бегма кінуўся ў кусты, туды, дзе была рачулка, якую скаваў лёд і па якой льга было ўцячы, не пакідаючы слядоў - снег не паспеў прыцярушыць паверхню.
Страх і радасць адначасна жылі ўва мне, ногі портска неслі мяне ў марозную казачную і таямнічую шэрань. Гарачыня ўжо ўдарыла ў твар - стала горача, як у спёку. А сэрца калацілася ад адчування радасці, што не адступіў, дамогся ўсё ж свайго. Адчуваў сябе адважным ваяром Вітаўта, а на подзвіг паслала мяне прыгажуня Эма. Нават не загадаўшы тое зрабіць...
Доўга блукаў па рачулцы, блытаючы сляды, як заяц, уцякаючы ад звера, хаця ведаў, што дарослых лёд не вытрымае, і ніхто ўжо следам за мной ісці не будзе. То, пэўна, гаварыў ўва мне яшчэ не астылы страх, які я пераступіў ужо, прымусіў перамагчы самога сябе, але поўнасцю яшчэ не пазбавіўся ад яго. Не думаў я тады, як бы аднеслася маці да маёй задумы, калі б мяне злавілі за гэтым непрыстойным (з боку ўлад) заняткам, - паперлі б, мусіць, з працы і пасарамаціў бы я яе на ўсё жыццё. Як і самога сябе. Не думаў і пра тое, што ў шэрых кустах балявалі ваўкі, бо расказвалі, што не так даўно накінуліся яны на жанчыну з дзецьмі, - і ад іх нічагусенькі не засталося... То пасля ўжо, як ачомаўся, уявіўшы, як яно магло абярнуцца для мяне ўсё, мяне пачалі калаціць дрыжыкі. Калацілі яны мяне і пазней, калі стаў дарослым, - ад адных толькі ўспамінаў пра тую ноч. Але ніводнага разу не папракнуў сябе, што зрабіў тады неймавернае глупства. Ніколі.
Калі я ўвайшоў агародамі на галоўную вуліцу пасёлка, мне падалося, што па-ранейшаму гарэлі ў вокнах агні, па вуліцы зрэдзь снавалі людзі. Аднекуль даносілася п'яная гамана і абрыўкі вясёлых песень...
У хаце Эмы толькі на кухні гарэла святло.
Я пастукаў ціхенька ў дзверы. Іх прачыніла Эміна мама - Ніна Пятроўна. Здзіўлена ўспляснула рукамі, пазнаўшы мяне, убачыўшы перад сабою елачку.
- Валодзька! Божачка ты мой! Скуль ты прыйшоў?
Я маўчаў. Толькі адчуў, як страшэнна стаміўся. Адчуў яшчэ, што гарэлі агнём рукі, жывот, ногі - як жару мне хто панакідаў за сарочку і штаны.
- Гэта для Эмы. Яна не верыла, што Дзед Мароз можа пад Новы год прынесці елку.
- Але ж яна ўжо спіць... Пайшлі ў хату, разбудзім.
«Як спіць?! - мяне апякла крыўда. - Значыць, яна з-за гэтай елкі не збіраецца сустракаць новы 1947-ы год?»
Пакой абдаў гарачынёй. Святло зырка ўдарыла ў вочы. Маці пайшла ў другі пакойчык, дзе спала дзяўчынка.
На сцяне ціктакаў гадзіннік. Я зірнуў на цыферблат. Божа ты мой! Было ўжо тры гадзіны ночы! Тры, а не адзінаццаць з паловай, як мне хацелася...
Эма выйшла заспаная, не магла расплюшчыць вачэй. Але калі ўбачыла мяне і пачула пах елкі, ажывілася, радасна войкнула. Нахілілася, дакранулася дакалючых іголак, панюхала іх.
- Елачка! Дзякуй табе, Валодзька! Ніколі мне ніхто не дарыў елак, ды яшчэ ў навагоднюю ноч...
«Тым больш у тры гадзіны ночы, калі пачаўся ўжо Новы год...» - пачуўся мне і папрок аднакласніцы.
- Дзякуй табе, мой добры і смелы Дзед Мароз!
Яна падышла да мяне, узяла за дзве рукі і раптам ўздрыгнула, ускрыкнуўшы:
- Ой, што гэта?!
Я паглядзеў на свае рукі.
- Мама, мамачка! У яго ўсе рукі ў крыві, паглядзі!
Жахнулася запознена і маці. Прымусіла распрануцца, скінуць адзенне. Аказваецца, я пашкодзіў не толькі рукі, а і грудзіну, жывот і ногі. Ніна Пятроўна скрушна хітала галавой, дзівячыся майму неразумнаму і незразумеламу ўчынку, ніяк не магла даўмецца, што мяне падштурхнула да гэтага...
А потым Эма паставіла елку ў вядро з вадой, прычапіла некалькі цацак. Запаліла свечку і прывязала яе на самы вільчык - для нас толькі пачынаўся Новы год! То быў пачатак нашага, майго і Эмінага, года...
Мы пілі пахкую гарачую гарбату з тортам і коржыкамі, а ў вачах Ніны Пятроўны я заўважыў задумлівую радасць - яна свяцілася нейкім пяшчотным шчасцем, унутраным святлом. І ў сонных вачах дачкі свяціліся радасныя агеньчыкі.
Сябе ж я адчуваў найшчаслівейшым чалавекам - усё ж я здолеў падараваць дзяўчынцы некалькі хвілін радасці.
Мяне чакалі харугвы Вітаўта, каб зноў адправіцца ў далёкае падарожжа. Забывалася, што я яшчэ не мог узяць у рукі шклянку з гарбатай, хаця мне акуратна перавязала Эміна мама раны, абмыўшы іх папярэдне і апрацаваўшы пякучым ёдам...
Дадому я прыйшоў пад раніцу.
Дзіўна, але маці не сварылася на мяне за позні прыход. Не сварылася і раніцай, калі ўбачыла мяне такога - з ранамі і сінякамі на целе.
- З кім д'ябал не жартуе, калі Бог спіць, - уздыхнула яна, усміхнулася нават, гледзячы на мяне, убачыўшы ўва мне ўжо некага іншага, непадобнага на ранейшага хлапчука, але які стаў яшчэ больш родны і блізкі.
Тады я не зразумеў, што яна сказала. Адчуў толькі, што маці змірылася з тым, што я мяняўся на яе вачах. Можа я тады рабіўся падобны на свайго бацьку, хто ведае...
На яе вачах з хлапчука сын ператвараўся ў мужчыну, у дарослага чалавека.
І заслуга ў тым была прыгажуні Эмы...
Я шчыра верыў у тое.
І яшчэ ў тую ж раніцу маці скрушна, баючыся параніць маю дзіцячую яшчэ душу, паведаміла:
- Сынок... гісторыка ноччу забралі. «Чорны воран» прыязджаў...
«А я тады, пэўна, гарбату з Эмай піў», - падумаў пра сябе і адчуў, як пякучая крыўда за лёс настаўніка апякла мяне, і тады ж падумаў яшчэ, што вельмі цяжка мне будзе без яго.
А праз дзень, калі пачаліся заняткі, дырэктар сабраў школьны сход «па прычыне выкрыцця ворага народа». Даручылі мне выступіць. Але я адразу «асіп», прашаптаў, што гаварыць не магу, што ў мяне ангіна...
Ніхто не выступіў і з класа...
Я ж адчуў сябе сляпым, бездапаможным, без компаса ў руках.
Мне цяпер да ўсяго трэба было даходзіць сваім розумам, сваёй інтуіцыяй, выбраць сваю адзіную дарогу, якія вызначыў перада мною Рыгор Дзяменцьевіч.
Марычка
У вагоне ўжо ўсе спяць. Спалі і мае неспакойныя юныя спадарожніцы.
На верхняй паліцы, паклаўшы рукі пад галаву, спала напалову голае дзяўчо. Пры цьмяным святле начніка няцяжка было ўбачыць, як па-маладому напруціліся і гайдаліся дзявочыя грудзі. Дзяўчына адвярнулася да сценкі, і не зразумець было - яна спала, ці, прымружыўшы вочы, задумалася.
Я пасунуў прастыню вышэй да падбароддзя. Яна нешта прамовіла няўцямнае, уздыхнула.
Дзяўчына ляжала на маім месцы, мне ж уступіла сваю, ніжнюю паліцу - уважыла мой узрост і вагу. Мала таго, дык мой ложак быў засцелены і акуратна запраўлены.
Я выключыў зусім святло, але сам зноў выйшаў у калідорчык. Стаў каля акна, прыхінуўшыся ілбом да шкла - глядзеў у цемру.
І чым больш углядваўся, тым яскравей набліжалася да мяне тое даўняе, да якога ехаў, куды мкнулася мая душа і па чым ныла, трымцела маё абуджанае сэрца...
Страшэнна хочацца есці. У мяне кружыцца галава і дрыжаць рукі, пякуча-горка смокча пад лыжачкай. Свідравала адна і тая ж думка - хаця б кавалачак ці акрайчык хлеба, на зуб узяць скрылік сала...
Мяне хістае з боку ў бок, быццам я хадзіў у шторм па палубе карабля, і не было магчымасці за што-небудзь учапіцца, каб не ўпасці. Колькі год ужо той карабель плыў у моры без майго шчырага сябра-настаўніка. Божа, як мне не ставала яго, якім жа я адзінотнікам быў ў жыццёвай буры майго змагання за выжыванне...
Імжэў дождж, і ён вымачыў мяне наскрозь, да рубчыка. На мне зашмальцаваная куртэчка, дзіравыя чаравікі. Зуб на зуб не пападае. Не магу сагрэцца - у маім целе, мусіць, скончылася апошняя энергія.
Я брыду прыгарадам - самым трывожным і небяспечным раёнам нашага гарадка, куды я пераехаў са свайго пасёлка, каб набыць якую-небудзь спецыяльнасць Тут здараліся забойствы і рабаванні, тут маглі перастрэць дзяўчыну і згвалтаваць яе, ведаючы, што ніхто не прыдзе на дапамогу. Тут могуць зарэзаць у цемры ці арматурынай праламаць галаву... Такая чорная слава пра гэтую мясціну пераходзіла з вуснаў у вусны, разнеслася далёка за яе межы...
У гэтую ж ноч дарога здалася мне асабліва цяжкай, самай пакутнай. Ногі чапляліся за нябачныя камянюкі ці правальваліся ў калдобіны-ямы. Ведаў, што да сваёй Рабочай вуліцы я магу і не дайсці - падкашваліся ногі, не трывалі.
Калі ж я перайшоў чыгуначныя калейкі, нехта з цемры аклікнуў - ці не мяне:
- Ці не скажаце, дзе ў вас дваццаць чацвёртая школа?
Голас быў дзявочы - няўпэўнены, нясмелы і - затоены.
Я азірнуўся. Пад ліхтаром, які адзіна і свяціў у гэтай цемрадзі, стаяла між дзвюх чамаданаў жанчына. Была ян ў доўгім цёмным паліце і хустцы, у валёнках. Па такой макрэчы? Аказваецца, я прайшоў побач з ёю, паўз яе, у кроку ад яе - і не прыкмеціў, не адчуў яе прысутнасць.
Калі ж вяртаўся, ішоў назад, да яе, то ў вачах яшчэ здалёк заўважыў сполах. Позірк яе як бы адпіхваў мяне - не падыходзь, не падыходзь!..
- Як вы апынуліся ў гэтым раёне? - голас у мяне быў напалову строгі, напалову здзіўлены.
- Я з цягніка. Вось еду па адрасе - дваццаць чацвёртая школа. А што? - устрывожылася яна.
Я прыгледзеўся пільней да незнаёмкі. Пад хламуддзем выглядала ніштаватае дзяўчо, тварык светлы, гожы. Мяккі, грудны голас. Нічога, значыць, не ведае, куды зайшла, якая небяспека можа яе чакаць тут.
- І сам не ведаю, дзе яна, тая школа. Але вам, пэўна, трэба ў некага іншага папытацца, а таму трэба ісці на вакзал. Тут у нас турма, злева - могілкі, а ззаду кар'ер, дзе гліну здабываюць... Ну і месца ж вы сярод ночы выбралі...
- Што ж мне рабіць? - у голасе страх, роспач і адчай.
Ад чамаданаў смачна патыхала прысмакамі - вэнджанай каўбасой, сырам, нечым яшч.. Я пацягнуў носам і ледзьве не асунуўся на зямлю. Але ўзяў сябе ў рукі.
- Пайшлі! - загадаў я амаль строга.
- Куды? - спытала недаверліва і са страхам. Яна глядзела на мяне ўмольна і з патаемнай надзеяй, заклінала не рабіць з ёю бяды.
- Школу шукаць. І хутчэй з гэтага месца. Бо і я тут хадзіць баюся. Чамаданы ў вас лёгкія? Я памагу вам іх данесці.
Божачка! Што ж яна паклала ў іх такое - цэглу, металічныя нарыхтоўкі? Але я здагадваўся, што і чаго яна напакавала ў чамаданы. Не разумеў толькі, для каго і навошта столькі? Цэлы харчовы склад пры ёй.
- Як жа вы іх данеслі сюды?
- Не ведаю... А што рабіць?..
Ад голаду ў мяне дрыжэлі рукі і ногі. Больш не пытаўся ў яе ні пра што, баючыся напалохаць яшчэ больш. І кінуць яе сярод гэтай цёмнай і небяспечнай ночы таксама не мог - не дазваляў юначы гонар. Нечым напамінала яна мне Эмачку, голасам напамінала. І зноў жа на думку прыйшлі словы Рыгора: «Надумаўся, наважыўся, - не адступай, не вяртайся!..»
- Куды мы ідзем? - у голасе незнаёмкі асцярожлівасць і абачлівасць. Яна брыдзе побач - валачэ другі чамадан, які я несці ўжо не мог - мусіць, і яна заўважыла мой стан і баялася даручаць яго мне, - а мо і за злодзея прыняла ці падумала.
- На суседняй вуліцы жывуць мае знаёмыя - мо яны падкажуць, дзе вашая школа.
Кожны крок мне даваўся з вялікай цяжкасцю. Сто разоў, здаецца, я перакладаў з рукі ў руку ручку чамадана, каб хоць як аблегчыць свае неймаверныя пакуты.
- Перадхнем - вы вельмі стаміліся.
- Добра. Пастаім трохі. Вы задлёк едзеце?
- Ды як сказаць - далекавата, - асцярожнічала яна, і я не крыўдаваў на яе - правільна робіць, што не прызнаецца да канца.
Яшчэ прыйшлося трохі правалачыся па вуліцы. Я пакінуў дзяўчыну ля веснікаў, а сам пайшоў да акна гаспадароў. Разбудзіў іх, але і ад іх нічога пэўнага не пачуў, - паціскалі няўцямна плячыма.
- А хрэн яе ведае, дзе тая школа, - пазяхнуў Пятрэнка, рабочы з суедняга цэха нашага завода. - А навошта яна табе?
- Ды тут людзі пытаюцца, здалёку прыехалі...
Размову нашу дзяўчына чула і ўсё зразумела, стаяла, не ведаючы, што рабіць далей.
- От навязалася на вашую галаву... - вінавацілася ўжо яна, і я адчуваю, што ў яе мінуў страх, і што яна цяпер перажывае толькі за такую недарэчную сітуацыю.
- Напэўна, вашае шчасце, што на маю... Добра, што не на іншую.
- Дзякуй вам. Я гэта ўжо адчула і зразумела. І даруйце мне.
- За што?
- Што вы пасля працы, стомлены, галодны, дадому даўно пара, а вы з нейкай дурніцай, што выбралася сярод ночы шукаць адрас, валаводзіцеся.
Я ўздыхнуў, абрадваўся нават, што пачуў такія шчырыя словы ад незнаёмкі.
- Што ж паробіш, калі Бог дорыць нам такія сустрэчы. Значыць, шанцуе мне.
- То мне пашанцавала. А вы верыце ў Бога?
- Я веру ў яго прароцтвы. Значыць, так. Выхад у нас адзін. Я адвяду вас на вакзал, а там вы добра і канкрэтна распытаеце ў людзей, што і да чаго. Добра?
- Калі можна... - нясмела папрасіла, згадзіўшыся, начная госця. Але я адчуў, што голас у яе зрабіўся іншы, нашмат спакайнейшы - зразумела, мусіць, што бяда ад мяне ёй не пагражае.
Нам зноў трэба было пераходзіць чыгунку. Пара калеек, яшчэ, зноў рэйкі... Колькі ж іх будзе?
- Стой, хто ідзе? - пачуўся раптоўна строгі вокліч з цемры.
Я ж і забыўся, што тут яшчэ і ваенны аб'ект, што тут круглыя суткі ходзіць варта.
Да нас падышоў афіцэр і двое салдат.
- Что вы здесь делаете, граждане?
Секунд колькі замінка, і я адказваю першы:
- Мы шукаем дваццаць чацвёртую школу.
- Зачем вам она?