Ён збочыў з наезджанай дарогі, пераскочыў неглыбокую канаву, спрэс парослую шорсткім чаборам з пахкімі блакітнымі кветкамі, і падаўся ў глыб сасонніку. Адтуль даносілася верашчанне нечым устрывожанай ці спуджанай сойкі...
Антон шаргацеў ботамі па збуцвелай шорсткай траве, не збаўляючы хады, узбіўся на пясчаную выспачку з рудым і светла-зялёным лішайнікам, з якога выбіваліся смалістыя пакручастыя карані. Спыніўся, каб прыслухацца да навакольнай цішыні.
Нішто не парушала ляснога спакою, нават спуджаная сойка. Недзе ў тым баку, дзе выструніліся ў неба стромкія сосны з медзяным адлівам, ці то цененька падвывала бензапіла, ці то так паветра цадзілася скрозь густое голле дрэў пад націскам цёплага асенняга вятрыскі...
Раскашоўвалася ранняя восень.
Кажынным годам Антон Клімовіч такой вось парой выбіраўся ў лес, не зважаючы на перашкоды, якія неспадзеўкі абрыньваліся на яго.
Ён тады абавязкова браў з сабою Чэрчыля - паляўнічага сабаку. Не свайго, дзядзькі Апанаса Янушкевіча - з Каменя. Ды і стрэльбу Апанас яму даваў сваю. Яшчэ і зарады рыхтаваў. Набіваў колькі начэй гільзы порахам ды шротам, быццам ён, Антон, збіраўся паляваць на зубра ці мядзведзя.
Сустрэла яго самотная Апанасава жонка Насця. Як усё роўна роднага, абняла, прытулілася да яго, заплакала.
За акном, у двары, жаласліва завыў сабака. Антон позіркам пацікавіўся, што б тое азначала.
- То Чэрчыль. Кажынны дзень вые. Як плача сядно. І ў яго, як і ў мяне, душа баліць. На магіле трое начэй начаваў - ляжаў, ад яды адмаўляўся. Вочы ў слязах, як у чалавека. Ведаў і адчуваў гора. І ён, чалавеча, здаецца мне, не жылец на гэным свеце. Забярэ ён яго з сабою. Адна я, Тонічак, і застануся...
Як выйшаў у двор, Чэрчыль на яго не звярнуў ніякай увагі. Нават і вухам не павёў. А ў вачах... А ў вачах былі такія сум і скруха, што праціналі навылёт, як шрацінай, як быццам душа Чэрчыля перасялілася ў яго, каб пераканаўся ў невыносным болі...
2
Антон пагладзіў сабаку па галаве.
Чэрчыль не зварухнуўся - як быў нежывы. Ён сапраўды падаўся нежывым, бо ніводная жылка не ўздрыгнула ад дотыку рукі, і далонь не адчула цеплыні сабачага цела...
Ідучы ў лес, Антон паклікаў яго з сабою.
Чэрчыль адно падняў галаву, паглядзеў на яго, як сказаў нешта сваё, сабачае, - ці то як прасіў прабачэння за сваю нямогласць, а мо паслаў госця туды, дзе з Апанасам авечак пасвіў...
- Мо б не хадзіў сёлета ў той лес, Тонік? - глядзела жанчына на яго сваімі празрыстымі, бы сінеча неба, вачыма, як умольвала, як упрошвала. - Дні цяпер такія нехарошыя...
- Чым яны нехарошыя, Настасся Язэпаўна?
- Паслязаўтра Пакрова. Заўтра - пятніца, ды яшчэ трынаццатае чысло. Такое спалучэнне вельмі благое, так дзяды казалі. Дык ото мо не хадзіў бы, Тонік, га?
Клімовіч трошкі паразважаў і адказаў, пагадзіўшыся з ёю:
- Добра, спадарыня Настасся! Тады я толькі прагуляюся за Броньку, пасяджу ля каверта, дзе сядзелі разам з Апанасам, падыхаю паветрам і вярнуся. На аладкі і паспею...
- Ну то глядзі сам, як хочаш. Аладкаў я зраблю. Са шкваркамі, якія ты любіш...
Смерць Апанаса нешта перавярнула ў ім, перайначыла, перакуліла ўсё дагары нагамі.
Клімовіч спыніўся зноў.
Яго як быццам нешта насцярожыла, прымусіла ўгледзецца ў густое кустоўе. Падалося, што адтуль, з карункаў голля, нехта цікаваў за ім, не зводзіў з яго пільнага позірку. Ён нават быў перакананы, што той, хто сочыць за ім, стаіўся за камлюкаватай бярозай - там гайдалася паветра ад нябачнага руху...
Клімовіч закурыў «прыміну». Зацягнуўся едкім дымком, выпусціў яго праз нос, прымружыў вока. У тым баку, дзе гайдалася паветра, падалося, што нехта заплакаў. Бы немаўля, просячы ў маці цыцку. Так магла падаць голас і птушка. Альбо дрэва, калі галіны церліся адна аб адну...
Шкадаваў, што не было побач Чэрчыля. Усё ж жывая душа. Сабака чуйна аднёсся б да ўсіх перападаў і незразумелых з'яў, супакоіў бы сваёй прысутнасцю.
Калі ж зноўку прыйшло супакаенне, калі агарнула дрымотная млявасць, тады яшчэ з большай сілай і напорыстасцю наляцеў віхрыска, уцягнуў у свой калаўрот траву і сухое бадылле, анучкі зноў падняліся з зямлі і пачалі круціцца над галавой Антона. У ботаў падняліся халявы - як хто браў іх рукой, - і яны ўзляцелі над ім, і самога Антона нешта прыўзняло, адарвала ад дуба і колькі разоў крутанула ў паветры, але не шмякнула, а асцярожліва апусціла нябачная сіла на зямлю - разам з ботамі і анучамі.
Ён лёгка ўпаў на спіну і раскінуў рукі ўшыркі.
«Што ж гэта такое было? - сам у сябе папытаўся Клімовіч, але дзіўна, страху не адчуваў, толькі цікавасць. - Перапады тэмператур? Атмасфернага ціску? Якую ж трэба мець магутную сілу, каб падымаць такое ў паветра?..»
Клімовіч не паверыў сваім вачам - дуба на сваім месцы не аказалася. Ён ляжаў за крокаў трыццаць далей - сырым, што быў пры зямлі, бокам, перавернутым да сонца. На тым жа месцы, дзе быў да гэтага дуб, зеўрала чорная яміна. У ёй валтузіліся не то жабы, не то вужы, ці то, можа, чорная зямля, як жывая істота, не магла супакоіцца і старалася зацягнуць сваю рану дзірваном і яшчэ амаль зялёнай травой.
«Божа, што за дзівосы ты падсоўваеш мне? Як тое акурат, што прыходзіла ў сны... Для чаго выпрабоўваеш мяне? Для чаго?..»
Антон заўважыў і яшчэ адну акалічнасць - там, дзе ляжаў нядаўна дуб, не было пня. Тады адкуль ён, дуб, тут узяўся? Буран-віхор прынёс аднекуль здалёку - нават не з гэтых мясцін? Ці пень зарос травой?..
На вачах, тут жа, чорная паласа-яміна зацягвалася травой, звужалася і звужалася - напачатку пакрывалася шэрым налётам з перасохлымі высокімі сцяблінамі, а потым, праз колькі хвілін, і следу не засталося ад разварочанага чарназёму...
«Як у маім сне, - усміхнуўся кісла Клімовіч, - толькі не зразумець - то дзівосы ці нечыя фокусы? А можа, хто пакеплівае з мяне, пасміхаецца?..»
Але ж страху, як і раней, не было. Антон прыняў гульню і рашыў падпарадкоўвацца яе правілам. Падсвядомым пачуццём адчуў, што страхам можа нарабіць шмат бяды. Як усё роўна нехта падказваў яму, як трэба сябе паводзіць, як рэагаваць на ўсё нечаканае, што адбывалася перад яго вачыма.
- Ладна, - сказаў некаму Клімовіч, - твая ўзяла. Я перастаў баяцца, прыму ўсё, што здарыцца са мною, спакойна і разважліва, без здзіўлення...
Тады, недзе за спінай, пачуўся глухі ўздых, як быццам пацвярджаў, што дамогся свайго.
І тады ж прымусіў сам сябе паверыць у тое, што нехта сочыць за ім, неадступна крочыць следам - нават слабыя крокі чуліся.
Антон адшукаў стрэльбу. Яна ляжала пад пакручастай бярозай. Там жа ляжаў і патранташ. Толькі з ячэйкі выпаў адзін зарад. Выпаў, калі насіла ў паветры? Пашукаў, пільна ўглядаючыся ў ссохлую траву - нідзе не было. Падумалася, што, можа, ён і з дому не браў яго. Хаця ж не - не хапала з сярэдзіны, а не з краёчку...
Клімовіч страціў пачуццё часу.
Гадзіннік спыніўся, стрэлкі не рухаліся на цыферблаце. Забыўся накруціць? Крутануў колькі разоў, але маятнік не захацеў набіраць ход.
Прайшло ўжо, меркаваў ён, шмат часу, а сонца як было ў зеніце, так і не скранулася з месца. Жыццё як быццам спыніла свой імклівы бег. І ў яго не было жадання некуды ісці, некуды спяшацца, нешта рабіць... Ім авалодала не то млявасць, не то санлівасць. Ён, здаецца, не ведаў, адкуль ён ішоў і куды, колькі часу крочыў ці быў у лесе пад Бронькай...
І тады Антон апамятаўся, схамянуўся. Азірнуўся навокал. Яму ж трэба неадкладна ў Камень - паабяцаў жа Настассі, што да снедання прыйдзе дадому, бо дзевяціны па Апанасу пасля Пакроваў. І яму, Антону, трэба абавязкова быць на памінках, бо пакрыўдзіцца нябожчык, калі ён за памінальны стол не сядзе...
Але ў які бок трэба было ісці, і дзе быў усход, дзе захад, - ніяк вызначыць не мог. Сонца не краталася з месца, як хто цвікамі яго прыбіў да столі.
Клімовіч рашыў выйсці на дарогу і па ёй кіравацца ў любы бок - глядзіш, і прыбіцца можна да нейкай вёскі, а там ужо раскажуць-пакажуць, як даклыпаць да Каменя. Далёка ж адысці ён не мог... Палескія вёскі не так і далёка адна ад адной, за гадзіну дацепае, і не сорамна будзе перад Апанасам і перад Настай...
Выбраўся ў дарогу няскора...
Пакуль адшукаў анучы - а іх пазаносіла аж на другі бок лугавіны, да самага ўзболатку, дзе тырчэлі каля сажалкі карычневыя катахі рагозу, а боты дык і зусім невядома дзе апынуліся - на суках дуба завіслі, халявамі зачапіліся, - прыйшлося лезці даставаць.
Калі ўсё прывёў да ладу, калі прыйшлі да яго асвядомленае супакаенне і перакананасць, што робіць усё лагічна і правільна, Тонік угледзеў непадалёк ад сябе маладую жанчыну - ці не Віту, карэктара газеты. Але што ёй тут рабіць, у гэтым лесе. У лес, здаецца, яна ніколі і не выпраўлялася...
«Паклікаць? Гукнуць? Дагнаць? А калі не яна, тады як і што сказаць? Ды якая, у рэшце рэшт, розніца - мне ж толькі дарогу папытаць трэба, каб выбавіцца з гэтай невядомай і незразумелай пасткі...»
Ён ускочыў з месца. Похапкам пашыбаваў следам - за стракатай сукенкай, за прыгожым гнуткім станам, каб сказала паляшучка, у якім кірунку ісці.
- Пачакайце хвілінку, шаноўная спадарыня! - пагукаў Клімовіч, адчуваючы, што крокі яго няпэўныя, а паляшучка аддаляецца ад яго - спяшалася некуды. - Пачакайце, я заблудзіўся. Богам прашу, пачакайце!..
Жанчына спынілася, але не павярнулася, так і стаяла тварам да ўзболатку, трымаючы кошык, з якога выглядвалі сыраежкі і зялёнкі.
Клімовіч, задыхаўшыся, падбег да яе, абышоў і стаў спераду, хуценька загаварыў:
- Прабачце, што я вас запыніў - заблудзіўся. Ніколі са мной такога не здаралася, сам не ведаю, як такое атрымалася сёння...
Сказаўшы, ён паглядзеў ёй у вочы, стаўшы насупраць, зірнуў і аслупянеў: перад ім стаяла яго жонка Яніна, усміхалася ветла, паказваючы маладыя белыя зубы, кофту распіралі пругкія крамяныя грудзі. Вось такой акурат яна была тады, як пазнаёміліся, як ён сустрэў яе па дарозе на станцыю - была яна ў такой жа апранасе, у тапачках на босую нагу і з кошыкам.
- Ты? Яніна? - аслупянеў, не верачы сваім вачам, аж дыханне забілася.
- Я - Яніна, але, прабачце, вас не ведаю... - яна смяялася ці здзекавалася з яго. - Вы памыліліся...
- Можа, і памыліўся, яшчэ раз прабачце. Але ў вас пісяг на руцэ пасля аперацыі і сем рабацінак на шыі, - я яшчэ называў цябе Вялікай Мядзведзіцай і Ахутаванай.
- Ахутаванай? Дзіўны вы, аднак, чалавек, спадар...
- Антонам маці назвала.
- ... спадар Антон Клімовіч. Першы раз бачыце мяне і адразу кінуліся ў заляцанні. Я ж магу і пакрыўдзіцца. А то і раззлавацца.
- Вы і прозвішча маё ведаеце? Яніна, прабачце, калі падаўся вам такім, не крыўдуйце. Калі вы мне паможаце адшукаць дарогу на Камень, буду вам вельмі ўдзячны і не буду крыўдзіць сваімі прыставаннямі. Заблудзіўся я, і ўва мне гаворыць толькі радасць сустрэчы з жывым чалавекам. Яніна, вы мне скажыце пра дарогу...
- Скажу, але трошкі пасля. А што вы ў лесе робіце? Адзін, са стрэльбай. А за ўсе гады, што вы ходзіце, ніводнага разу так і не стрэлілі. Хто вы - паляўнічы, рыбак, грыбнік?
- Гэтага я і сам не ведаю. Проста люблю гуляць ці блукаць па асеннім лесе.
- Блукаць? Навошта? Для чаго?
Клімовіч не заўважыў, як сонца над галавой схавалі хмары і на лугавіне неўпрыкмет нарадзіўся слабы прыцемак, як сонечнае зацьменне...
Дождж ліў ужо не як з бочкі, як усё роўна прарвалася неба - за крок не было нічога бачна. Шкадаваў, што не папытаўся, з якой вёскі была купрынаўская Алеся-Янінка, пэўна, такой прыгажуні не стрэць нідзе ў свеце... А потым жа і апамятаўся - а калі і сказала б, а калі і прызналася б, то хіба магло што змяніцца ў яго становішчы?
3
Янінка, Яніна...
З вялікага кахання не атрымалася вялікага шчасця. «Каханая, як цяжка без цябе...» Як хто сурочыў, як хто пазайздросціў. Не склеілася, не звязалася...
І хто быў у тым вінаваты, ніхто адказаць не мог.
Ды і не вінавацілі абое нікога, наракалі толькі на сябе, на свой характар ды на абставіны, у якія кідаў іх жыццёвы віхор...
Нехта ўкраў іх шчасце. Падгледзеў і ўкраў.
Як некалі нехта ўкраў у яго агульны сшытак з чорнымі вокладкамі.
Ішоў Тонік з лесу, арэхаў поўныя кішэні набіў ды і за пазуху яшчэ напіхаў - ішоў як Барабек пузаты і малы. Трэскаў спелыя арэхі, даставаў сырыя сакаўныя зярняты, са смакам жаваў.
Насустрач крочыў вайсковец. Убачыў хлапчука з арэхамі, запыніў. Захацелася і самому пакаштаваць.
- Слухай, хлопчык, - нахіліўся ён над Тонікам, глядзеў зверху ўніз на яго - быў ростам вышэй двух метраў, - грошай у мяне няма, а арэхаў хочацца. Вазьмі вось харошы новы сшытак - тоўсты, старонкі лашчоныя, у клетачку. Вершы пісаць будзеш ці дзённік свайго жыцця весці. Некалі, праз шмат гадоў і мяне ўспомніш, - салдат дастаў з рэчмяшка абяцаны сшытак і падаў хлапчуку.
Тонік з цікавасцю ўзяў агульны сшытак. Нават разгарнуў яго. Ён і так пачаставаў бы вайскоўца арэхамі, бо ўбачыў у ім дзядзьку Лёніка - мамінага брата.
У першую ж ноч, як вярнуўся з войска, забілі... У калодзежы ўтапілі.
Сшытку Тонік быў рады - даўно хацеў мець такі. Ён шмат чаго цікавага запіша ў ім. Мо і пра жыццё сваё пісаць будзе, як і раіў пехацінец.
Вайскоўцу ён аддзяліў амаль палову сваіх арэхаў.
- Дзякуй, хлопчык! Поспехаў табе ў жыцці! - ляпнуў па-сяброўску вайсковец Тоніка па плячы - як роўнага. - А як зваць-велічаць цябе, будучы салдат?
- Тонік я. Антон яшчэ. А арэхі лускайце на здароўе, - прыжмурыў малы вока - сонца біла ў твар.
- Бывай, Тонік! Да сустрэчы ў войску!
Дадому прынёс як лепшы свой набытак. Паклаў на стале, асцярожна разгарнуў сшытак, пагладзіў ласкава старонкі і адчуў, як зашчымела, затрымцела ад шчаслівага прадчування дзіцячая душа. Абрадаваўся, не ўтрымаўся - на ўнутранай старонцы вокладкі намаляваў дарогу, а на пачатку яе - сябе. І ішоў ён па дарозе размашыстым крокам.
Карцела нешта ж і напісаць на першай старонцы. Але не ведаў што.
А потым прыдумалася. І напісалася:
«12 верасня 1955 года...
Глядзелі на вуліцы кіно. На сцяну прыбілі вялізную прасціну, і ўсе людзі сядзелі на зямлі. А нехта прынёс з дому зэдлікі і ўслоны. Было вельмі холадна. Запомніліся не пятлюраўцы і чырвонаармейцы ў кіно, а песня:
Люба, братцы, люба,
люба, братцы, жыць, -
з нашым атаманам не прыходзіцца тужыць...»
Такі быў першы запіс у сшытку, калі Тонік разам з ім выправіўся ў жыццёвую дарогу. На першы погляд запіс нічога не азначаў, ні да чога не абавязваў - проста фіксацыя падзеі, якая адбылася. Кіно ўражвала ўсіх. Але той запіс быў своеасаблівай прыступкай да нечага вялікага і значнага. Да таго маячка, што мільгаў на далёкім даляглядзе - успыхне і згасне, згасне - і ўспыхне...
І трэба ж было здарыцца такой бядзе.
Аднойчы ранічкай Тонік не намацаў за дымаходам, на гарышчы, свой сшытак. Тое, што яго маглі ўзяць бацька ці маці, адпадала адразу - на гарышча яны не падымаліся. Не было ў тым патрэбы. Падгледзеў малодшы брат Міколка? Дык навошта ён яму, малому, які і пісаць яшчэ не ўмеў? А калі і ўкраў бы, то не здолеў бы і схаваць - не ўмеў ён яшчэ хавацца і ўтрымліваць нейкую тайну...
Але Тонік усё ж спытаў у браціка пра сшытак. Паабяцаў нават, калі той яго верне, сцізорык з перламутравымі тронкамі, ліхтарык і бінокль з патрэсканымі лінзамі, што знайшлі ў старым, падбітым у вайну, танку. Міколка ж адмоўна круціў галавой, не разумеючы, пра які сшытак ішла размова, бажыўся, што не браў таго сшытка з чорнай вокладкай. Нават заплакаў, калі брат прыставіў ад адчаю кулак да носа.
І тады Тонік заплакаў сам. Ад крыўды. Ад таго, што не ўбярог такую каштоўную рэч. Маці як магла супакойвала сына, бацька недзе ў школе расстараўся агульны сшытак з чырвонымі вокладкамі - прынёс дадому.
- Не такі! Не такі! - біўся ў істэрыцы хлапчук, і разрывалася ў яго душа ад бяды, ад страчанага, бо зразумеў, сэрцам найперш адчуў, што ў яго жыцці адбылося першае вялікае гора. - Той быў інакшы, большы, і старонак болей. І папера лашчоная...
Бацькі не на жарт захваляваліся за здароўе сына, нават паклалі ў бальніцу. І кожны дзень праведвалі то маці, то бацька... А Тонік ні з кім не размаўляў. І не плакаў ужо. Не супакоіўся. У вачах аселі нявыказаны сум і скруха. Сваім горам ён не мог падзяліцца ні з кім на ўсім белым свеце...
То была першая ранка на дзіцячым сэрцы. Першы пісяг.
Нязначная, нябачная, але ж ранка...
Вось так і каханне нехта ўкраў у Антона і Яніны, як той сшытак з-пад дымахода.
Так ніколі той сшытак Антон Клімовіч і не адшукаў. Калі дзе бачыў на вітрыне ці ў каго ў руках, то ёкала душа і заходзілася сэрца, з грудзей вырывалася, у пяткі збягала. Калі ж браў у рукі - кожны раз чакала расчараванне: не яго, не такі...
Толькі ў сне ён знаходзіў яго. З радасцю тады разгортваў старонкі і пісаў, пісаў, невядома што. Пісаў густа і дробненька, каб усё памясцілася ў дзённіку яго жыцця. І распавядаў ён пра сябе падрабязна, з рознымі дэталямі, і так у яго ўсё складна выходзіла, што шчаслівым чалавекам ён адчуваў сябе ў сне...
А тут прымроілася ў вусцішным лесе прыгажуня Яніна. Апаліла напамінкам пра той цудоўны і шчаслівы час. І параніла, і адначасова абрадавала - як-ніяк гожая старонка ў іх мінулым жыцці. Касмічная. Чароўная...
А дождж не аціхаў, здавалася нават, што пачаў узмацняцца. А потым завіхурыла, закружыла, і вецер пачаў згінаць дрэвы: як мерыўся нехта нябачны іх паламаць і параскідаць па зямлі. Ужо нічога не было бачна перад самімі вачыма - суцэльная сцяна дажджу.
Хоць і была ў Антона куртка, але вымак ён да рубчыка. Яго пачала ўжо біць дрыготка - зуб на зуб не пападаў, а дажджу, здавалася, не было канца. Жыхала маланка, канцом зыркай пугі даставала да зямлі - каля самых ног Клімовіча кранулася долу, аж зямля засычэла і счарнела кругам...
У макрэчнай цемрадзі падалося, што нехта прайшоў непадалёк ад яго - у кроках пяці, сагнуты, з капюшонам на галаве, але неяк прасунуўся, бы манекен, не мяняючы паставы. Цяпер Антон пагукаць не асмеліўся, падумаў: «Хай ідзе сваёй дарогай...» Следам, ростам ужо большы, праплыў яшчэ нехта - і зноў Тонік не зачапіў здань, маўчаў, безуважна гледзячы ў суцэльную ліўневую сцяну.
І трэці, яшчэ вышэйшы, пракалываўся, цяжка дыхаючы і стогнучы, усё ў той жа бок.
Клімовіч маўчаў. Безуважна праводзіў позіркам невядомыя істоты: ведаў ужо, як паводзіць сябе. Галоўнае - не кінуцца ў паніку, не нагнаць на самога сябе страху.
Потым пачуліся рогат і грымоты, а яшчэ пазней данесліся плач немаўляці і скуголенне савы. Прабіваліся дзятлава музыка на вершаліне сасны і крык парадзіхі...
Жудасна было чуць такое і назіраць за зданямі.
Не зварухнуўся Клімовіч, не ўздрыгнуў ад жудасных гукаў, здушыў у сабе боязь і страх і не баяўся цяпер ні пачвар, ні ведзьмакоў, ні лесавікоў...
Выратаванне было, пераканаўся ўжо, у спакойнасці і разважлівасці.
Адно непакоіла - даймаў холад.
Ён прымружыў вочы, уявіў сябе ў іншых абставінах - на беразе Прыпяці ў спякотны дзень, твар лашчыць сонца, а спіну сагравае гарачы пясок. І тут жа адчуў, як да лба дакрануліся цёплыя промні - аднекуль жа яны струменіліся, хаця ж ведаў, што ўсё неба было ў чорна-алавяных аблоках і сонца не магло прабіцца скрозь іх. Але ўсё роўна не расплюшчваў вачэй, як баяўся спалохаць тое чароўнае імгненне, зноў падпарадкоўваўся таму пачуццю, што набыў за дзень, - як ведаў, што будзе аддзячаны за разважлівасць і абачлівасць.
Цяпло перакінулася ўжо да пераносіцы, потым падступіла да шчок. Гарачымі сталі вушы, патыліца, і па ўсім ужо целе разлілася цеплыня - запульсавала роўнымі штуршкамі кроў, ударыла ў скроні.
І яшчэ не расплюшчваў вачэй, як чакаў яшчэ нейкага цуду ці адкрыцця, а якога, і сам не ведаў, не здагадваўся. За дзень у яго адбылося столькі дзівосаў, што ён і здзіўляцца перастаў.
Нехта злёгку штурхануў яго пад бок, як сядно хацеў вывесці з задумення.
І тады ён расплюшчыў вочы і з усіх сіл стараўся не выказваць здзіўлення: на лугавіну зырка свяціла сонца.
На небе не было ніводнай хмурынкі - нават і дажджавых кропель на высахлай траве не значылася.
«Дык што ж тады ўсё-ткі гэта было? - хацеў здзівіцца Антон, але тут жа і прытушыў сваё здзіўленне, сам сабе адказаў, як супакоіў: «Анічога не было. Прыродная з'ява...»
Ён скінуў з сябе дажджавік, каб прасушыць на сонцы, але на ім і знаку ад дажджу не было. Згарнуў яго, паклаў у рэчавы мяшок.
Што яшчэ кінулася ў вочы - перамяніўся пейзаж. Замест дубоў стаялі нейкія іншыя дрэвы - ці не вольхі. І былі яны высачэзныя, у дзесяткі разоў большыя, што бачыў да гэтага. Дубовая калода, на якой адпачываў, зусім знікла - як і не было яе на лугавіне.
А калі выбраўся ў дарогу, напачатку разгубіўся - перад ім замест адной дарогі, на якую паказала Яніна, было аж некалькі - і ўсе яны разыходзіліся, беручы пачатак ад высокай алешыны, у розныя бакі, як промні сонца. І не было сярод іх галоўнай, бальшака, - усе аднолькава стаптаныя нечымі нагамі, і былі яны ўсяго сцежкамі-сцяжынкамі...
Атрымлівалася ж як на малюнку Васняцова - улева пойдзеш, там пагібель чакае, направа - долю сваю згубіш...
«Дык па якой ты раіла ісці, Яніна? - звярнуўся думкава Клімовіч да дзяўчыны. - Ці ўсё роўна ісці па якой - усе галоўныя?..»
Ніхто не адказаў - ні вецер, ні голас дзяўчыны.
І ён рашуча пашыбаваў наперад, нават не выбіраючы дарогі. Рашыў так - на якую выб'ецца, па ёй і пойдзе. Але ён і так ішоў па сцяжыне, нават не пільнуючыся яе. І гэтаму не падзівіўся, ведаючы, што нічога не пераменіць, не перайначыць. Ды і навошта? Ён сам сабе ўжо не належаў, а падпаў пад чыюсьці ўладу, і той, нехта, кіраваў яго думкамі, жаданнямі, а можа, нават і лёсам...
З кожным крокам сцяжына раздавалася ўшыркі. Спачатку паказаліся сляды ад калёс, і між імі значыліся конскія капыты з узорамі падковы, карычневыя кучы круглякоў. Потым, праз сотню крокаў, дарога яшчэ больш пашырылася, і ён ужо крочыў па правай машыннай каляіне - выразна бачыліся рабрыстыя карункі ад колаў магутных «МАЗаў». Дзесьці наперадзе, далекавата яшчэ, пачуўся брэх сабак (мо ўжо і Камень?), затрымцела радасна сэрца, што вось так хутка і проста выйшаў на вёску, што хутка знікнуць яго хваляванні і трывогі, праясніцца незразумелае становішча і стан...
Льга было пазнаць і тую дарогу, па якой выбраўся ранічкай, і той масток праз Броньку, на якім некалі з Чэрчылем адпачываў і пераабуваўся - нацёр тады надта ногі, і там жа, пад пакручастай бярозай, біла крынічка з-пад зямлі... А вунь і крыж драўляны перад вёскай, абвешаны вышытымі ручнікамі клапатлівых гаспадынь...
Але (дзіва!) чым больш у ім мацнелі радасць і пачуццё, што ён вызваляўся з нябачнага і незразумелага чыйгосьці палону і ўлады, тым хутчэй пачала звужацца перад ім дарога. Машынная каляіна стала дзвюма палоскамі ад колаў вазоў, а потым і яны зніклі, і ён ужо валюхаў па добра ўтаптанай сцяжыне, што пралягла выспай праз узболатак; абапал сцежкі хісталіся качалкі рагозу. Далей ад сцежкі маўкліва стаялі яшчэ з зялёным лісцем роўныя алешыны. І яму ўжо нельга было ступіць ні ўправа, ні ўлева. Толькі - назад. А назад, туды, дзе ён быў да гэтага, вельмі ж не хацелася...
Клімовіч страху не адчуваў, і тое яго ратавала. Сам не ведаў, чаму гэтым кіраваўся, але перакананы быў, што ратаваўся.
Потым ён зразумеў сваю памылку, чаму не дайшоў да Каменя, - вёска ж, лічы, была перад самым носам, нават пах яе адметны пачуў... Вылузалася з рук, як уюн, выслізнула.
Памылка была ў тым, што раней часу ў ім нарадзілася радасць. Хаця, калі ўдумацца, яна ні на чым і не трымалася. Як і нічым не жывілася. Таму і сапсавалася ўсё нечакана, згасла. Нездарма ж прашчуры прыдумалі прымаўку: «Не кажы гоп, пакуль не пераскочыў...»
Пашкадаваў, што праявіў сваю нявытрымку. Няўсцерп, бач, яму стала. «Уж замуж невтерпеж...» І да гэтага яна, мачыха-нявытрымка, падводзіла не раз, але, як ні дзіўна, нічому не навучыўся - паўтараў свае памылкі зноў і зноў. Як усё роўна выпрабоўваў сябе на трываласць.
І, здаецца, не шкадаваў пра тое...
Нешта пракрычала сойка ў вершалінах алешыны - як папярэджвала. Пра што яна магла папярэдзіць? Нават калі і сказала б пра нейкую бяду чалавечым голасам, то ён не абмінуў бы яе, не пазбегнуў бы свайго лёсу...
Дарогу-сцежку пераразаў вірлівы ручай. Напорыста гнаў чыстую ваду на схіл, быццам недзе справа, у кустоўі, біла порстка з зямлі крыніца. Ён нахіліўся, памыў рукі, выцер твар. Зірнуў на сонца - яно гэтак жа вісела над галавой, было ў зеніце.
«Ці бывае ў гэтым царстве калі-небудзь ноч? - абыякава спытаў у самога сябе, не надаючы нейкай асаблівай увагі і значнасці свайму пытанню. І каб нічога лядайкага не падумаў пра яго Ён, той нябачны, здаецца, ж і нязлы, але што Вялікі Жартаўнік, дык тое дакладна, згладзіў сваё пытанне і сам жа сабе адказаў: «А навошта табе ноч? Хіба кепска - жыць толькі днём? То ж і спаць не трэба. Бо колькі доўгіх гадоў у чалавека на сон траціцца - страх!..»
Дарога яшчэ больш звузілася...
Сцежка пралягала праз балота. Абапал яе рос бабоўнік, рагоз, а дзе калюжыны, лапушыста ляжалі зялёныя аладкі лотацяў. Нават цвілі белыя лілеі. Узабраўшыся на іх, пераклікаліся, раздуваючы белыя капшукі на шыі, жабы.
Патыхала гніллю, церпкай затхласцю і атрутнымі газамі.
«Жабы ў кастрычніку? - спытаў і тут жа спахапіўся Антон. - Ну і што, што ў кастрычніку? Так трэба, у прыродзе ўсё можа быць...»
Сцежка ледзь-ледзь стала шырэйшай.
А як яе расшырыць можна было да ранейшай дарогі, Клімовіч не ведаў, хаця разумеў, што здольны тое зрабіць.
Наперадзе былі ўжо кладкі. Праклаў нехта іх праз усё балота. Патыхала смярдзючай тванню, багнай, уюнамі і хмелем. Аднекуль з нетрыскаў дрыгвы вылузвалася наверх паветра і ўспучвалася гулкімі чырвонымі бурбалкамі, - тады яшчэ больш смярдзючым рабілася паветра, не прадыхнуць...
Тонік адчуў, як пачала кружыцца галава, і, каб не ўпасці, заспяшаўся на кладкі.
На пачатку кладак тырчэў тоўсты арэхавы кій.
Клімовіч ухапіўся за яго, каб падтрымаць сябе, калі захістаюцца бёрны ці закружыцца галава, бо калі, не давядзі Божа, ён зваліцца і пападзе ў абдымкі Балотнага Цара, то яму ўжо ніхто, мусіць, не паможа.
Кій быў сухі, лёгкі, мо і занадта лёгкі. І не ўгадаць, быў ён высечаны летась ці залетась, а мо і ўсе сто год назад. Як і лагі, па якіх ступаў, якія былі і не сёлетнія, і не леташнія - вятры і дажджы зраўнялі час, спынілі яго на адным месцы...
Лагаў было дзве, і кладкі аднолькавай таўшчыні і шырыні. Счасаныя зверху, каб зручна было ступаць. І было пакладзена некалькі прагонаў - ці не з пяць. На трэцім прагоне ён нечакана пахіснуўся, хаця ж ногі цвёрда і ўпэўнена ступалі па кладках. Абапёрся на кій, а ён мякка пайшоў углыбіню і не знайшоў нідзе апірышча.
І Антон здагадаўся ўпасці на калена, каб не паляцець у смярдзючую багну, у якой пухкалі бурбалкі і кішэла процьма жукоў і, здаецца, вужоў. Ён толькі цяпер прыгледзеўся і здрыгануўся - вужы поўзалі адзін па адным, як дурэлі, і атрымлівалі асалоду ад балотнага жыцця. Над імі лёталі машкара і камарэча, розныя кузуркі сядзелі на лотацях - чым не жыццё? Рай... Вужыны рай, вужынае царства...
«Недзе ж з імі і Вужыны цар жыве, - падумаў разважліва Клімовіч, - тут у іх сваё жыццё...»
Яны на яго не звярталі ніякай увагі, не баяліся, не палохаліся, не ўцякалі, але і не імкнуліся да яго. Ён як і не існаваў для іх...
Пятыя кладкі ён прайшоў без асаблівых цяжкасцей, не лічачы, калі слізганула трошкі левая нага. Але ён не страціў раўнавагі, выратавалі правая нага і кій, што не даў нахіліцца ў левы бок...
Спрэс па ўсім балоце расла асака. Пад нагамі была цубкая ўжо зямля - з прыемнасцю стаў на яе, адчуў сябе спакайней.
Сцежка вывела знячэўку да хаціны, што прытулілася глухой сцяной да высозных клёнаў - ніколі і не страчаў такіх нідзе.
«Леснічоўка? Адкуль яна? Не памятаю, каб яна стаяла, не раз, здаецца, і праходзіў тут. Ці жыве ў ёй які самотнік, збеглы ад сораму і ганьбы сваёй радзімы? А мо то прыстанішча лесавіка, а я без яго дазволу забрыў у яго ўладанні? Хто ж я буду тут - няпрошаны госць? Ці вандроўнік-паляўнічы, які збіраўся адкрыць сусвет, і збіўся з дарогі, галодны і стомлены? Ці жабрак, які ходзіць па хатах і вымольвае кавалак хлеба? Так яно ці не так, але такіх любая паляшуцкая хата сустрэне прыхільна, абагрэе і накорміць.
Што ці хто чакае мяне ў гэтай хацінцы? Вораг ці сябра?..»
Антон асцярожліва пастукаў у дзверы. Ніхто не адгукнуўся. Яшчэ грамчэй пастукаў - зноў ціха. Тады ён паспрабаваў асцярожліва прачыніць дзверы - яны тоненька піснулі і замоўклі.
- Ці ёсць хто ў гэтай хаце і ці можна зайсці стомленаму вандроўніку? - спытаў яшчэ ў сенцах Клімовіч і, не дачакаўшыся адказу, узяўся за ручкі дзвярэй ужо ў хату.
- Хто жывы ёсць у хаце? - зноў падаў голас госць, пільна ўслухоўваючыся ў цішыню хаты.
Ніхто зноў не адказаў яму.
Тое, што ў хаціне нехта жыў, было бачна адразу. Па-першае, было суха і ўтульна - як усё роўна кожны дзень палілася грубка і печ. Грубка і сапраўды была цёплая, а на прыпечку стаяў гарбатнік - быў амаль гарачы. І Клімовіч не вытрымаў - адліў у гліняны кубак кіпню, і тады па хаце паплыў травяны церпкі водар.
Гарбата настоена была на паляшуцкіх зёлках, дамешваўся сунічнік і маліннік. Глытнуўшы, госць адразу адчуў, як да яго пачалі вяртацца страчаныя сілы.
Ён скінуў з сябе ўсю амуніцыю, паклаў каля парога. Плашч павесіў каля дзвярэй на ласіныя рогі.
Скрозь па сцяне віселі высушаныя пучкі святаянніку і любісты, арнікі і дзівасілу. Там жа звісалі вязанкі баравікоў, цыбулі, стручкі перцу і карані пятрушкі.
На стале ляжалі нейкія кнігі і часопісы, газеты і канверты. Роўным стосікам высіліся талеркі - вымытыя і высушаныя. Чарніліца і ручка з пяром - у цэнтры стала. Але што найбольш здзівіла - друкавальная нямецкая машынка «Эрыка».
І не вытрымаў, заклаў аркушык паперы, надрукаваў машынальна пытанне: «Адкрыйся, таямніца! Я прыйшоў сюды з добрымі намерамі, без кепскіх думак і жаданняў. Нічым не парушу чароўнае суладдзе і дабрыню, якія сустрэліся мне тут...»
Не дзівіўся, што машынка была з беларускімі літаркамі «і» і «ў». Як хто падрыхтаваў для яго і рабочы стол, і стос паперы - сядай, спадар Клімовіч, пішы, бо ты заўсёды плакаўся, што не хапала табе часу і магчымасцей засесці за нешта значнае і вялікае, а для газеты страчыў толькі тое, што ад цябе патрабавалі... Ніколі ты не належаў сам сабе. І рабіў усё тое, што праціўна было тваёй натуры...
«Хто, які добры Чалавек загнаў мяне сюды, а мо і сам Бог стварыў такую выдатную магчымасць пасядзець, па-разважаць...»
Столькі герояў і сюжэтаў сядзела ў яго галаве, столькі жыццёвых сітуацый, трагедый і шчаслівых імгненняў! На цэлыя аповесці і раманы, а рэалізаваць усё тое не мог - адбіралі час клопаты быту, неўладкаванасць, жабрацкае існаванне і штодзённая барацьба за выжыванне; працаваў за капейкі, якіх хапала толькі на тое, каб пражыць ад зарплаты да зарплаты - і то не заўсёды...
Хто ж тут жыве? Хто? Адгукніся!
Беларускі пісьменнік, што адгарадзіўся ад усяго свету і зашыўся сюды, каб тварыць свае геніяльныя творы? Але для каго ён тварыў, адарваўшыся ад плыні жыцця? Хто чытачы ў яго? Птушкі і дрэвы? Неба і сонца? Айчына ў небяспецы, сатана правіць баль, лепшыя пёры цяпер на перадавой, на літаратурных барыкадах, ірвуць сэрцы на іншае, не на творчасць. І ў кожнага балючая думка, як уратаваць Бацькаўшчыну, не аддаць яе на здзекі чужынцу. Бо колькі ўжо можна быць пад прыгонам і ў сваёй Айчыне адчуваць сябе эмігрантам, як той казаў - апазіцыяй?..
Тут жа, пры сцяне, стаяў драўляны ложак, засцелены прасцірадлам, падушка, запасныя коўдры на табурэціку. У кутку, на паліцах самаробнае шафкі, ляжалі стосікам прасціны, стаялі гладышы, вазы, кубкі, стос нейкіх кніг, скорасшывальнікі з нейкімі дакументамі ці запісамі... Чалавек, што тут жыў, быў, мусіць, педантам і апантаным творцам...
«А дзе ж ён падзеўся? Пайшоў на паляванне? Хутка вернецца? Калі ж не вернецца, то я з дазволу Ўсявышняга пазнаёмлюся з яго паперамі... Можа, мне тут прыйдзецца прабыць шмат часу - у палоне Дабрыні можна быць і вечна... А цяпер - спаць, спаць і спаць...»
Боты пакінуў там жа, ля парога, стрэльбу прыткнуў за спінкай ложка - каля галавы, і толькі тады лёг на ложак.
Адразу ж, як толькі прымружыў ацяжэлыя павекі, да яго падкраўся глыбокі і моцны сон.
Тады ж яго ахутала супакаенне, якога ён, здаецца, ніколі не адчуваў за сваё жыццё.
4
Сонца не краталася са свайго месца.
Мо яно заблудзілася і таму не ведала, у які бок павярнуць далей свой шлях, як і не ведала, ці то зрабіць зыход дня ці пачатак яго. Ніхто, здаецца, не ведаў, чаму так здарылася, як і не ведалі, хто быў у тым вінаваты.
Так і Антон заблудзіўся і таму не знаходзіў выйсця, таксама не ведаў - ці то поўдзень у яго жыцці, ці жыў ён на зыходзе таго ж дня...
Зоркі не ведалі, чаму іх днём не відаць з зямлі.
Млечны Шлях страціў сваю значымасць і перастаў указваць арыенцір нябесным валацугам.
Здавалася, нябесны шар перастаў круціцца па сваёй арбіце і таму затаіўся ў чаканні невядома якой каманды.
Стрэлкі гадзінніка забыліся, у які яны бок круцяцца і ці правільна паказваюць час.
Бо касмічны і зямны час адначасова спыніліся...
У пекле засумняваліся, ці сапраўды ўсё адпавядала сапраўднасці.
У раі таксама не ведалі, ці рай ёсць сапраўды той рай, які тысячагоддзямі апраўдваў сваю назву і прызначэнне. І мільярды чалавечых душ імкнуліся купіць ці набыць у гэтую запаветную Краіну квіток, з-за чаго ахвяравалі сваімі прынцыпамі і звычкамі, адмаўляліся ад процьмы салодкіх імгненняў і спакус, што прыдумала чалавецтва. Без чаго не маглі жыць мільёны і мільёны людзей...
А ці можа быць Рай у Пекле?
А ці можа існаваць Пекла ў Раі?
Ці ёсць ён - Пякельны Рай?!
Хто адкажа на гэтыя пытанні? І ці ёсць яны, увогуле, адказы?..
Хто пра тое ведае?..
Спаў Тонік невядома колькі гадзін, а можа, і сутак.
Бо нельга было вымераць час і даведацца пра яго дакладнасць. Гадзіннік даўно адмовіўся адлічваць секунды, а сонца заснула ў зеніце, не рухалася...
У яго ад перасыпу балела галава. Але ў душы адчуваліся лёгкасць і жаданне паляжаць яшчэ які час у ложку, асэнсаваць пражыты ў хаце час...
Што з ім здарылася? Выбраўся ў лес, у невялічкую вандроўку, а вярнуцца назад ніяк не можа. Цяпер жа ён не можа з упэўненасцю сказаць, ці хацеў ён сапраўды таго...
Можа, і вярнуўся б, ды перашкодзілі, сапсавалі ўсё страх і заўчасная радасць. Тое ён добра зразумеў і асэнсаваў. Калі яшчэ не прапала жаданне вярнуцца дахаты.
Страўнік напомніў пра сябе, што ён пусты. Смактала пад грудзьмі, і ад голаду стала млосна.
У рэчавым мяшку ён адшукаў загорнутыя ў ручнік сала і паўбохана хлеба, некалькі цыбулін, вараныя яйкі. Нездарма ж Насця прымусіла захапіць у дарогу, хоць і на некалькі гадзін збіраўся на тую пагулянку.
«Збіраешся ў дарогу на дзень, а яды бяры заўсёды на некалькі сутак», - гаварыла гаспадыня, і так мовяць заўсёды палешукі.
Добра, што паслухаўся, а думаў жа...
Голад утаймаваў хутка. Напіўся гарбаты з таго ж эмаліраванага гарбатніка. І адчуў сябе наетым і задаволеным. Уявіў яшчэ і вязнем, які задаволены сваім жыццём. Успомнілася нечая прытча: «Раб, які не адчувае сябе рабом, тройчы раб...» Тут жа і папракнуў сябе за папрок - недзе і нехта чытае яго думкі, яго незадаволенасць, яго іранічнасць - усё тое толькі адцягвае на невядомы тэрмін час яго выбаўлення з няволі, ну, няхай не з няволі, а з раю...
Выбаўленне з раю?..
Захацелася перабраць газеты і часопісы, што ляжалі на стале. Цікава, што тут за чалавек такі жыў, што так доўга не аб'яўляўся? Што ён чытае, чым жыве? Газет такіх там, у сябе, ён і не бачыў. «Вольная Беларусь», «Ліцвінія», «Пекла і рай», «Мы - не рабы».
Былі тут і знаёмыя - «Свабода», «Пагоня», «Спадчына», «Полымя адраджэння»... Былі газеты і на незразумелай мове. Як ні ўчытваўся ў выхадныя дадзеныя, каб даведацца, хто іх друкаваў і дзе, дакапацца да адраса не мог... Ці то адукацыі не хапіла, ці адмысловая мова была ў газет...
Тое ж было і з кнігамі. Багдановіч, Колас, Ядвігін Ш., сучасныя - Сыс, Рубанаў, Арлоў, Гілевіч, Быкаў, невядомыя аўтары і назвы твораў, якіх Клімовіч, да яго сораму, ніколі не чуў і не страчаў. Кнігі былі на невядомых мовах і выдадзены былі ў невядомых выдавецтвах...
На глухой сцяне, дзе не было вокнаў, вісеў каляровы плакат - «Сацыялізм - шчаслівае жыццё». Шчаслівая дзяўчынка трымала абярэмак кветак і шчасліва ўсміхалася. І стаяла яна на мурагу. А пад ім чалавечыя чарапы, процьма чарапоў, і на кожным штэмпель-факсіміле «Сталін, Сталін, Ста...».
Жудасна было глядзець на плакат. Быў ён стары, заседжаны мухамі, выгаралы, гадоў мо з сорак яму - ці ўсе пяцьдзесят, а мо і трыста...
На сцяне вісеў гадзіннік. Маятнік у ім хістаўся з боку на бок, але на цыферблаце не было стрэлак. І лічбы зусім не гадзіннікавыя, і не дванаццаць іх было, а дваццаць - па стагоддзях.
Якое цячэнне часу адбывалася тут?
У цэнтры сцяны, пасярэдзіне, пад плакатам, Тонік прыкмеціў дзвярную бліскучую - ці не залачоную? - ручку. Дзвярэй жа, здаецца, не было - агледзеў памяшканне ўважліва і дасканала. Ці іх не было перад гэтым бачна?
Нейкі час вагаўся - адчыняць ці не? Яго як што стрымлівала, не пускала, і адначасова нейкая ж сіла і падштурхоўвала, піхала наперад.
Асцярожна, як бы крадучыся, падышоў да сцяны, узяўся за цёплую залачоную ручку, крутануў дужку ўніз. Шчоўкнуў замок. Гук сведчыў, што язычок выскачыў з ячэйкі...
І тады Клімовіч пацягнуў ручку на сябе.
Дзверы лёгка паддаліся, без рыпу, бязгучна прачыніліся, і ён расчыніў іх зусім, на ўвесь разварот.
Дзеры аказаліся двайнымі. Тыя, другія, былі ці то дубовыя, ці то грабавыя. І ручка ўжо іншага ўзору - срэбным крыжам і большага памеру.
Яшчэ з большым хваляваннем і нецярпеннем дакрануўся да яе. Упэўнены быў, што дзверы выведуць у двор, бо хатка была з чатырох сцен - у тым ён пераканаўся, абышоўшы вакол, калі шукаў уваход. Гэтак жа крутануў, як і першую, таўхануў злёгку ад сябе. Дзверы паддаліся, самі ўжо расчыніліся ўсё шырэй і шырэй, - перад ім быў не падворак, не клёны, якія былі за сцяной, а зусім іншае відовішча...
Першае, што зрабіў Антон Клімовіч, пастараўся не выказваць свайго здзіўлення, супакоіў сябе, загадаў думкава верыць ва ўсё тое, што ўбачыў і ўбачыць...
Ён, усё ж зачараваны, як сонны, пераступіў дубовы парог і апынуўся ў прасторнай светлай зале з высокімі і шырокімі вокнамі. Карцела зірнуць за шыбіны, верылася ўсё ж, што ўбачыць у акне тыя высозныя клёны, да якіх падступалася леснічоўка. Але ўбачыў толькі белыя аблачыны на блакітным небе.
Адчуванне было такое, што ён сядзіць у самалёце, а недзе там, пад воблакамі, зялёна-блакітная зямля. Але і яе не было бачна - толькі воблакі і блакіт.
Калі ж адышоў ад акна - яго пачало хістаць, то і сапраўды адчуў бязважкасць і злёгку кальнула ў скроні. Успомніў пра дзверы - ці знойдзе хаця выхад назад? Дзверы былі ўжо зачыненыя. Яны паддаліся, зноў расчыніліся, - і тады ён супакоіўся, адышоўся ад дзвярэй, толькі яшчэ раз азірнуўся, каб лепей запомніць іх распалажэнне.
Памяшканне было правільнай круглай формы. Столь была высака над галавой, блакітная, як і неба. А мо то і было неба, бо Тонік адчуў лёгкі подых паветра, і сонца было бачна - на тым жа месцы...
Па ўсім крузе, між вокнаў, былі стэлажы з кнігамі, фаліянты ва ўсіх былі аднолькавыя - жоўта-карычневага колеру, аднолькавага памеру.
Толькі цяпер прыкмеціў, што пад стэлажамі, правільней, у стэлажах уманціраваны дзверы - дванаццаць дзвярэй на аднолькавай адлегласці. І кожная прыцягвала сваёй таямнічасцю, запрашала завітаць.
І Клімовіч разгубіўся...
За яго спінай нешта зашамацела, затрашчала, і ён павярнуўся: над дзвярыма, праз якія Антон увайшоў у залу, засвяціўся вялізны, на ўсю сцяну, экран. На яго, усміхаючыся, глядзела Яніна. Тая, якую сустрэў у лесе. Толькі яна была ўжо ў іншым адзенні - у бялюткай кофце, з каралямі на шыі.
- Добры дзень, шаноўны спадар Антон! Рады вітаць цябе ў нашых уладаннях. У Краіне Памяці і Суладдзя.
- Дзень добры, шаноўная панна Яніна! Дзякую за запрашэнне ў тваю дзівосную краіну. Мне тут цікава і ўсё падабаецца.
- Прыемна чуць такія словы. Гэта словы не ганарліўца, з якога прэ пыха і ўпэўненасць, а разважлівага чалавека. Я радая, што ты з гонарам прайшоў усе выпрабаванні, якія выпалі на тваю долю. Таму ты і атрымаў пропуск у Галоўную Хату. Цяпер ты можаш карыстацца ўсім тым багаццем, што там ёсць. І заставацца зможаш столькі, колькі захочаш. Праз тры дні ты ў любы час можаш вярнуцца ў свой Камень. Цяпер для цябе не існуе ніякіх перашкод.
- Дзякую. Я не буду спяшацца дадому.
- У цябе, я ведаю, процьма пытанняў. Але пакуль што толькі адно ты можаш высветліць у мяне.
- Што азначае - Галоўная Хата?
- Ты знаходзішся ва ўнікальным Сховішчы Сусветных Скарбаў. У Хаце сабраны культурныя каштоўнасці з усяго свету. Кожная чалавечая душа зарэгістравана, і пра яе можна даведацца са Святой Кнігі. Ты можаш прачытаць любую кнігу на любой мове свету. Для гэтага дастаткова яе ўзяць у рукі. Тут кнігі ўсіх стагоддзяў, усіх краін і народаў. Выдадзеныя і нават не выдадзеныя, якія будуць некалі чытаць - праз пяць, сто і тысячу гадоў...
- Дзі... Зразумеў. Дзякую! Хачу азнаёміцца з гэтым багаццем.
- Калі спатрэблюся, можаш мяне заўсёды знайсці - націсні толькі кропачку зялёнага колеру. А цяпер - да сустрэчы! Поспехаў табе! Па ўсіх тэхнічных пытаннях звяртайся да гіда - ён ад цябе злева. З кампутарамі ты меў справу, так што ўсё ў тваіх руках...
Да Тоніка прыйшло сапраўднае супакаенне. Прайшлі ўзрушанасць і здзіўленне, якім ён заўсёды не даваў вырвацца на волю, знікла душэўная дрыготка і недаўменне, ён стаў самім сабой.
Ён усміхнуўся. Рашыў проста пасядзець у мяккім крэсле, прыйсці да канчатковай раўнавагі. Сеў, расслабіўся, раскінуў ушыркі рукі. Прымружыў вочы. Ні пра што не думаў.
Паплыў па цячэнні бяздумнасці, бязважкасці і абыякавасці - збіраўся з сіламі...
Пра сябе адзначыў, што ў сваім жыцці ён яшчэ раз перамог самога сябе. Цярпеннем перамог. І падняўся яшчэ на адну прыступку. Да чаго? Сам не здагадваўся. Да самаўдасканальвання? А якога? І што гэта такое - удасканальванне?
Прывядзенне ў належны стан сваёй душы? Ці прафесіі? Ці пражыцця ў суладдзі з Богам, з яго запаветамі?..
Мільёны пытанняў - і ніводнага адказу.
Біблія... Першая Біблія ў свеце і - «Біблія» Францішка Скарыны. Ці ёсць яны ў сховішчы?
Націснуў на кнопку «Задавайце пытанне». Успыхнуў вялікі экран - мо метраў трыццаць вышыні.
- Ці можна паглядзець арыгінал першай у свеце Бібліі?
На табло загарэўся адказ: «1-1-1-1-1».
- Не разумею, што азначаюць лічбы.
Срэбрам засвяціліся словы: «Гэтыя рукапісы знаходзяцца за дзвярыма № 1, у першым радзе, на першай паліцы, у першым адсеку, па ліку - першая...»
Клімовіч кіўнуў галавой.
Ён выдыхнуў з сябе паветра, настроіўся на хвалю творчага спасціжэння. Адчуў знаёмы сверб душы - «Не дазваляй ніколі душы ленавацца», крутануў галавой, як бык, што выходзіў на карыду, падняўся з крэсла і пайшоў да дзвярэй - першыя ад уваходных. Не памыліўся - на дзвярах таблічка высвечвала нумар, смела адчыніў іх.
Калі ж зайшоў, з'явілася адчуванне, што ў памяшканні ён не першы раз, што яму тут усё знаёмае і вядомае...