- Тады скажыце, калі ласка, а вы самі ў той час дзе знаходзіліся, калі не сакрэт?
Позірк у следчага спакойны, у шэрых вачах праглядвалася абыякавасць, падобная на стому. Было ўражанне, што ён і папытаўся нехаця, яму і не трэба быў адказ. Бо ён яго ведаў загадзя. Кожны раз, калі прамаўляў свае пытанні, правае брыво падскоквала ўверх, выгіналася дугой - і тут жа апускалася, прыкрывала вока зноў, - як усё роўна хавала затоены позірк.
- Ды які тут можа быць сакрэт - на другім аб'екце быў. Для бальніцы кацельню будуем...
- Мг... Панятна.
Следчаму гадоў за трыццаць. Голас ціхі, прыглушаны, спакойны. Ніжняя губа таўсматая, раз-пораз прыціскае верхнюю, што прыдае выгляд задумлівасці і аналізу пачутага; твар хударлявы, абветраны і таму здаваўся строгім і непрыступным...
- Такое яшчэ пытанне. А перад тым, як адлучыцца, вы вызначылі аб'ём работы кожнаму рабочаму брыгады?
- А як жа. Тое можа і брыгадзір пацвердзіць, - уздыхнуў Зубрыцкі, унутрана адчуўшы, што кола расследвання круціцца не ў тым кірунку, у якім бы яму жадалася - следчы спакваля падводзіць усю справу так, каб навесіць усю віну ў трагедыі толькі на яго аднаго.
- Ну, з ім яшчэ ў нас будзе гаворка, мо і не адна, а цяпер мы пакуль толькі з вамі вядзем яе...
Зінчук - такое прозвішча ў следчага раённай пракуратуры - глядзеў у акно, аздобленае арнаментам з рабрыстай арматуры, пафарбаванай у блакітны колер, абдумваў, як коратка і змястоўна напісаць чарговы адказ. Потым, сабраўшыся з думкамі, хутка стукаў па клавішах югаслаўскай чырвонай машынкі, паўтараючы ўслых сказаныя перад гэтым Зубрыцкім словы, шыхтаваў аповед-прызнанне ў стройную і лагічную, без эмоцый і пачуццяў, лінію.
Зноў пытанне - зноў адказ.
Пытанне. Адказ...
Зубрыцкі разумее, што на кароткія пытанні і адказваць трэба коратка, каб следчы не заблытаўся ў фактах, бо ў яго вунь колькі папак на стале - у кожнай таксама напісана і засведчана не адна трагедыя і гора, лёс і жыццёвая выбоіна невядомых яму людзей...
Потым Зінчук зноў доўгі час маўчыць, збіраецца з думкамі, выдыхае з сябе паветра, як здымае цяжар з душы, які распіраў яго, прыгнечваў, - і ў яго пасвятлеў, здаецца, твар. Зубрыцкі не ведае, што следчаму пракурор адпусціў мала дзён на заканчэнне гэтай крымінальнай справы, бо пракурор хоча перадаць справу ў суд перад сваім адпачынкам, бо ў яго на руках пуцёўка...
- Прачытайце і падпішыце, - падаў следчы пратакол допыту. - Пасля слоў «мною прачытана, з маіх слоў усё запісана правільна...»
Васіль прабег позіркам па радках, адразу ўбачыў, што скажэнняў і адсябеціны не было. Следчы, мусіць, і не дамагаўся вырваць у яго паказанні, выгадныя для сябе, пераносіў словы прараба на паперу амаль слова ў слова. Узяў шарыкавую тонкую ручку і размашыста распісаўся пад надрукаваным тэкстам.
- Усё?
- На сёння - усё, Васіль Андрэевіч. А калі трэба будзе, то паклічам. Усяго вам добрага.
Зубрыцкі развітаўся, выйшаў у калідор, прычыніўшы за сабою дзверы - стрымліваў іх, каб скразняк, што пнуўся з акна, не бразнуў дзвярыма... Адышоў колькі крокаў ад дзвярэй Зінчука, потым ступіў у прыцемак, дзе слаба цадзілася ад вузкага, з вуліцы, акна святло, паглядзеў на людзей, што сядзелі на крэслах у чаканні выкліку, уздыхнуў, адчуў, што не хапала свежага паветра - і рашучым крокам пакіраваў да выхаду, адзначаючы пра сябе, што на душы было гідка і трывожна: як быццам да плячэй яго прымацавалі бетонную пліту і сказалі-загадалі, каб ён цягаў яе на сабе штодня...
А пліта як прыклеілася да плячэй - і садраць ці адарваць яе ад цела было ўжо немагчыма.
Надоечы прысніўся яму дзіўны сон...
Сніўся Васілю вужык. Быццам трымаў яго ў руках - халоднага і бяскроўнага, але такога блізкага і роднага, - і шэрая безабаронная паўзучая істота сагравала яго дзіцячую душу, як і тады, у тыя далёкія дні пяцьдзесят другога года.
Васілёк у сне пытаўся пра нешта ў вужыка, хацеў дазнацца пра нейкую праўду, каб пазбавіцца ад душэўнага болю, які не сунімаўся, разрастаўся і даходзіў, здавалася, да самага сэрца. І яму штосьці тлумачыў вужык - раскрываў рот і дрыготкім язычком-нітачкай дакранаўся да шчакі. Нешта ж гаварыў, а што - не чуваць, таму вужык сіліўся, натужваўся, аж выгінаўся, каб пачуў Васілёк яго словы і зразумеў... Нерваваўся нават, паводзіў сябе неспакойна, трывожна, гатовы быў крычаць, папярэджваючы яго пра нешта, а пра што канрэтна, хлапчук не разумеў, не ведаў, нават і не здагадваўся, - таму і не прадчуваў нічога...
Раніцай, ідучы на работу, адчуваў, што ў душы пасялілся два супрацьлеглыя пачуцці. Як два чалавечкі ўсё роўна жылі ў ім. Адзін з іх - пяшчотны і добразычлівы - саграваў душу ўспамінам-бліскаўкай пра дзяцінства, а другі - маўклівы і насуплены - маўчаў, але ад яго сыходзіла нейкая незразумелая трывога. Яна шылася пад сэрца, тачыла, як шашаль дрэва...
Не пакідала яго трывога і тады, калі праводзіў у вагончыку пяціхвілінку, і апасля, калі гаварыў з брыгадзірам Зыкавым пра дзённы план работы. Узмацнілася, сам не ведаў ад чаго, і тады, калі пачаў збірацца, каб адлучыцца на рыштаванні будаўніцтва кацельні для бальніцы - на другім канцы горада, у Беліцы... Нешта не пускала яго туды, як усё роўна калючы дрот чапляўся то за штаны, то за куртку, і нехта ўвесь час крычаў на вуха, каб не ехаў, каб застаўся...
- Ну, дык як Андрэевіч, - не адступаў ад яго брыгадзір Ступакоў з таго ж аб'екта - не ладзілася ў яго работа на кацельні і ён прыехаў да прараба за падтрымкай і дапамогай, - едзем ці не?
- Едзем, Алесь, едзем, ладна, - махнуў рукою на свае трывогі і першы падаўся да легкавіка, на якім прыімчаў брыгадзір.
Праз колькі хвілінаў заехалі на будаўнічую пляцоўку бальніцы. Васіль Зубрыцкі з першага позірку вызначыў, чаму не ідуць справы ў брыгадзіра, пачаў тлумачыць, паказваць, адначасова і папракаючы яго ў няўмецтве арганізаваць работу.
І як толькі яны падышлі ўшчыльную да кацельні - падняліся на штабель складзеных адна на адну панеляў перакрыццяў, - да Зубрыцкага падкаціўся калабком намеснік галоўнага ўрача па гаспадарцы Лявонаў, акругліў вочы, нейкім спалоханым голасам абвясціў:
- Васіль Андрэевіч, цябе тэрмінова выклікаюць да тэлефона, проста неадкладна...
«Ну, во, нездарма ўсё... Пра што і папярэджваў вужык?..»
- Хто?
- Не ведаю. Прасілі, каб паклікаў адразу, як прыедзеш.
Зялёная слухаўка ляжала на паліраваным стале, чорны шнур, скруціўшыся, нагадваў таго вужыка, што прысніўся ноччу. «Эх, вужык, вужык, і праз шмат гадоў ты бароніш мяне ад бяды... Папярэджваеш, хвалюешся за мяне, і дзякуй табе за тое - лягчэй, падрыхтаванаму ўжо, пераносіць удары лёсу...»
- Зубрыцкі слухае!
- Васіль Андрэевіч, гэта Зыкаў. У нас, братка, бяда...
- Якая бяда - не цямні!? - адразу немаведама чаго ўзарваўся прараб - не вытрымалі нервы ад доўгага прадчування той бяды. - Ну?
- Архіпаў загінуў... бетоншчык...
- Як загінуў?! Чаго? Дзе?!
Зыкаў памаўчаў крыху, мусіць, збіраўся з сіламі ці падбіраў патрэбныя словы, даказаў:
- На яго ўпала пліта. Яе бульдозер ссунуў. А Віцька не ведаў, што ён у кар'еры. Бяда адным словам, Андрэевіч. Прыязджайце, на месцы пабачыце...
«Эх, вужык, вужык!.. І адкуль ты, дружа, ведаў, што так будзе? Так стараўся мне пра гэта сказаць, і... Каб жа ўмеў ты гаварыць, а не толькі папярэджваць. У дзяцінстве я цябе, здаецца, разумеў, кожнае жаданне разумеў. А дарослым стаў, то і разарваліся духоўныя нітачкі, што звязвалі неадрыўна нас... Эх, вужык, вужык...»
Здарылася тая бяда на будоўлі ў перадапошні дзень снежня.
Ён гуляў з ім, як з малым шчанюком ці кацянём, - хаця такое параўнанне можа было і недарэчным: ні гаўкаць, ні мяўкаць вужык не ўмеў. Маўчаў, як рыба, хаця і да рыб ён не меў дачынення, хіба толькі мог выдатна плаваць...
Васілёк з ім дружбу завёў можна сказаць нечакана, выпадкова, бо хіба можа дружыць чалавек і паўзучая істота?
Гады былі галодныя, і, каб пракарміцца, рашылі з маці, што ён будзе пасвіць людскую гавяду.
На самым пачатку вайны на бацьку прыйшла пахавальная...
Бацька яму помніўся вясёлым і гаваркім, з гармонікам і высокім светлым чубам...
І запомнілася, як ён насіў Васілька на плячы, - тады здавалася, што падымаў ён яго пад самае неба, вышэй, чым ляталі птушкі і самалёты... І як гушкаў на арэлях... Прывязваў бацька на ланцугах дошку да перакладзіны, якую паклаў на дзве грушы-дзічкі, што раслі ўпобачкі, - і разгойдваў яго, здавалася, вышэй тых дзічак... Страшна было, але стараўся не паказваць той страх бацьку...
І на кані катаў... Усё засталося ў дзіцячай памяці светлым і прыемным напамінкам...
Маці пасля здзіўлялася - няўжо ён у чатарырохгадовым узросце мог памяць такія падрабязнасці? А ён усё памятаў, да самых драбніц і дробязяў... Аднаго хіба не запомніў - як бацька пайшоў на вайну. Ну не помніць, і ўсё тут. Загуляўся з хлапчукамі на задворку, і вельмі ж не хацеў ў азарце гульні ісці развітвацца з бацькам. Думалася тады: сходзіць бацька на тую вайну і вернецца хутка. Верылася, што бацька адлучыцца ненадоўга, - раніцай ці заўтрашнім вечарам адчыніць дзверы ў хату. Бо і раней такое было - развітваўся, і неўзабаве вяртаўся дадому - Васілёк і замаркоціцца па ім не паспяваў...
Старэйшы брат, Сяргей, быў яшчэ ў войску - доўга пасля перамогі не адпускалі дадому. Васілёк душа засумаваў па ім, і таму не мог дачакацца, калі прыедзе - ото было б лягчэй: што ж ён можа сваімі дзіцячымі рукамі? І ў хаце пуста - нішчымніца і голад, штодня ў жываце жабы крумкаюць... А так бы зажылі вясёла са старэйшым братам і матуляй.
- Пайду я, мамка, у пастушкі, - сказаў, як даўно выспеленае сваё рашэнне, апусціў галаву, каб не глядзець у вочы маці, - глядзіш, а якая-ніякая падмога будзе. Не прападзем, з голаду не памром!
Маці маўкліва прытуліла сына да сябе.
2
Самае цяжкае і пакутлівае - уставаць ранічкай.
Вялікімі намаганнямі адрываў ад падушкі галаву. Дакладней сказаць, што маці адрывала падушку ад галавы: не мог хлапчук адарвацца ад сваіх дзіцячых сноў... А мо і не ад сноў, а ад таго, што не пераставалі, балелі ногі і спіна - папахадзіць за статкам цэлы дзень не кожнаму і па сіле ў яго ўзросце.
Але так было ў першы тыдзень. На другім ён і сам прахопліваўся ад сну, ускокваў бадзёра з ложка, бег адразу да мыцельніка, каб халоднай вадой прагнаць ад сябе рэшткі сну... Уцягнуўся неўпрыкмет, прывык, і стала ўжо нашмат лягчэй хадзіць кожны дзень за гавядой... Выпасваў найбольш на балацявінах, па мурожнай траве, а потым чакаў, калі здаволяцца рагулі пашай - гнаў да Ігналявага селішча, дзе стаялі грушы і яблыні, буйна расла шыпшына і чарнабыл, - там заўсёды ляжалі каровы і жавалі жуйку.
Ігналя з сям'ёй яшчэ да вайны, перад самым яе пачаткам, выселілі і пагналі ў Сібір. Як кулакоў. І яшчэ дзве сям'і разам з ім. Як сядно за кампанію. Каб, значыцца, весялей было на невядомай і непрывітальнай зямлі...
От ужо калі каровы прыжмурвалі вочы, не перастаючы жаваць, што аж сліна ў іх сцякала на мурог, пастушок ухітраўся і сам драмануць якую гадзіну ў цяньку. Тады, прачнуўшыся, адчуваў, як у яго прыбавілася сілаў і бадзёрым адчуваў сябе да самага вечара.
А ляжаць Васілёк любіў на сваім звыклым месцы - каля старога дубовага пня, каля якога вымкнулася ў неба разгалістая ліпа. Торбачку пад галаву, спіной да пня - і як толькі прымружваў вочы, адразу яго агортваў сон. Тады ўжо пастушок не чуў, як гудзелі-нылі ногі, як пачувалася рука - увесь час не выпускаў з рук важкую пугу, - і правальваўся ў свае сны, лётаў і бегаў, даганяў некага, як і ганяліся за ім, жартуючы, весела смеючыся...
Тады ён заснуў адразу і моцна.
Неспакойны быў дзень - каровы насіліся, не ведаючы куды сябе падзець, - даймалі іх надакучлівыя і кусучыя здрокі, дапякалі, даймалі ўсюды - і ў кустоўі, і ў вадзе. Ледзьве сабраў іх у гурт. Пакуль бегаў то за адной, то за другой, дык і вымак спрэс - пасля зацяжных дажджоў дарогі і лагчыны былі гразкія і слізкія... Прачнуўся ён раней, не як заўсёды.
Яго як хто таўхануў пад бок - лёгенька так, далікатна. Падумаў найперш, што статак разбрыўся хто куды і яго раскартухала трывога за кароў. Паглядзеў - і адразу адлягло ад сэрца - усе каровы ляжалі, праўда, адна толькі Пярэстая - цёткі Вікці - стаяла каля алешыны па калена ў балотнай твані, і, пусціўшы з пысы сліну, варушыла лена сківіцамі.
І тут ён раптоўна ўбачыў, як з шэрага пня звесіўся над яго галавой цёмнай вяроўчынай доўгі вуж - як шукаў месца, куды спаўзці, і мерыўся ўжо ўпасці яму на грудзі.
- Вужык! - абрадваўся, напачатку толькі ўздрыгнуўшы імгова, ды не ад страху, адно ад нечаканасці, і ўхапіў яго акуратна рукамі і паднёс да вачэй. - Вужык-тужык! І ты тут адпачываеш? А я і не ведаў, што мы з табой суседнічаем. Бачыш, мы ўдвох аблюбавалі гэтае месцейка...
Язычок у вужыка чорненькі, вочкі малюсенькія, як макавінкі, жоўтыя вушкі - як вясновы кураслеп. Ён пальцам пагладзіў яго па галаве, пахукаў, як адаграваў усё роўна ад холаду.
Вужык, мусіць, адчуў яго дабрыню, бо пачаў абвівацца па руцэ, гайдацца на ёй, раскачвацца. А потым, як паразумеліся, як раззнаёміліся, на шыі ўжо гальштукам завязваў яго, запазуху пускаў і рагатаў, адчуваючы, як ён, халодны, бы кавалак ільду, поўзаў на спіне і жываце...
І павялося ўжо так кожны дзень - толькі прыгоніць пастушок статак на Ігналяву паляну, а вужык ужо чакае хлапчука, неспакойна круціцца на пні, як выглядвае яго. Пастушок адкаркоўвае бутэльку, налівае ў сагнутую далоньку малако і пачынае паіць вужыка. Калі вып'е, зноў далівае. Да тае пары, пакуль не нап'ецца... А пасля ўжоВасілёк абедае сам. А вужык назірае за ім, маўкліва лежачы на шурпатым пні або на плячы.
Калі ж збіраўся заснуць, то пакідаў яго на пні альбо клаў сабе на грудзі. А то засоўваў пад сарочку - і так спаў, не зважаючы на яго.
Прачнуўшыся, устаўшы, падымаючы статак і гонячы гавяду далей, не пакідаў вужыка, браў яго з сабою. Вужык любіў, калі хлопчык клаў яго на плячо і крочыў сваімі пастушкоўскімі сцежкамі.
Тады вужык выдоўжваў галаву - глядзеў наўкола, праяўляючы цікавасць да наваколля. І можна было падумаць, што вужык і не вужык зусім, а нейкая маленькая, але дужа разумная істота, - бо хіба ж можна так каму другому ўважліва сачыць за наваколлем, любавацца прыродай, сонцам, ранішнім туманам?
Дзіўна было хлапчуку бачыць такое, яшчэ радасней ведаць, што ёсць у яго такі сябар. Ні ў кога ў свеце няма такіх сяброў.
Разумець душы жывых істотаў навучыў яго настаўнік Міхась Крупа.
Міхась Пятровіч быў дырэктарам Крушнянскай школы. Вёў біялогію і заалогію. І мог гадзінамі расказваць пра жыццё мурашоў і вавёрак, баброў і барскоў.
То ж па яго задумцы ў школе вучні зрабілі жывы куток, дзе пасяліліся вужы і гадзюкі, вавёркі, бусел з перабітым крылом, варона, якая навучылася гаварыць, і ўсе дзеці пыталіся ў яе: «Калі нам на ўрок?» Манька, так яе празвалі дзеці, крычала на ўвесь голас, смешна картавячы літару «р»:
- На ўр-ррок пар-рррра! На ўр-рррок пар-ррра-ааа!
Той жывы куток за колькі крокаў, а магла б, то і за тысячы кіламетраў абыходзіла б завуч школы Леакадзія Гаўрылаўна, а па-вясковаму - проста Лёдзя. Яна не магла глядзець на вужоў і гадзюк, так бы мовіць, арганічна іх не выносіла, таму гідліва адварочвалася і крывілася...
Якое свята было для дзяцей, калі дырэктар школы праводзіў свае ўрокі на прыродзе - у лесе! Асабліва падабаліся такія ўрокі Васільку. Тады, здавалася, перад дзятвой ажывала кожная травінка, кожная кветачка. Вось тады пры Міхасю Пятровічу і ўзяў Васілёк у рукі вужа, які поўз недалёка ад ног, па траве. Дзяўчаткі адскочылі ад яго, завойкалі, са здзіўленнем глядзелі, як хлопчык смела трымаўся з паўзуном.
- Не бойцеся, дзеці, вуж - самае бяскрыўднае стварэнне, - супакоіў усіх дырэктар школы і ўзяў сам у Васілька вужыка, - на зямлі іх маецца паўтары тысячы відаў, а ў нас, у Беларусі, усяго два - вуж звычайны і гладкі - мядзянка.
- А мне бабуля казала, што калі ўкусіць мядзянка, то потым штогод ад месца ўкуса адвальваецца кавалак мяса, - сказала Палінка, суседка Васілька, і тут жа зачырванелася, апусціла галаву - сарамлівая была, слова лішняе баялася сказаць на людзях.
Рыта, дачка Крупы, стаяла побач і разглядала зусім зблізку вужа. Васілёк міргануў ёй - вазьмі ў рукі, не бойся...
- Не, Палінка, бабка падманьвала цябе, баялася, каб ты адна ў лес не хадзіла. Мядзянка - таксама бяскрыўдная істота. Яна ніколі не нападае на людзей. Дарэчы, як і гадзюка. Яна пазбягае сустрэчы з чалавекам. Гэта калі ўжо нехта ўзлуе яе чым-небудзь, і то гэта рэдкая, вельмі рэдкая з'ява...
Дырэктар вярнуў Васільку вужыка, папрасіў:
- Аднясі, хлопча, яго туды, дзе злавіў.. Няхай гуляе сабе на волі...
Рыта пайшла следам і глядзела, як ён выпусціў яго з рук, як абрадавана і шустра пабег ад людзей лясны жыхар - як абрадваўся, што яго адпусілі на волю...
3
Васілёк і вужык пасябравалі.
І ўжо не маглі адзін без аднаго. Калі ранічкай пастушок падыходзіў да яго, вужык як ажываў, выкручваўся, выгінаўся, галаву падымаў, і супакойваўся толькі тады, калі пастушок браў на рукі. Як немаўлятка якое, што прывыкла да рук бацькоў...
Аднаго разу, па абедзе, калі пастушок гнаў статак на новыя сакаўныя паплавы, хочучы, каб яны наеліся сытна - аж да раніцы, сустрэў на лясной сцяжыне аднавяскоўца Рукана - з мехам за плячыма. Што было ў мяшку - аднаму Богу ведама...
- Здароў быў, пастух! Як мая кароўка - наетая?
- Добры дзень! А чаго ёй галоднай быць - травы ўсім хапае. Сакавітая яна ўсюды - не лянуйся, хапай.
Рукан падаў руку. Васілёк выдаўжыў сваю, каб паціснуць далонь аднавяскоўца. Калі ж рукі дакрануліся адна да адной, Рукан войкнуў, вырачыў, акругліў спалохана вочы і рэзка аддзёрнуў сваю.
- А-ааа! - зароў, адмахваючыся як ад нечага страшнага, - аж адскочыў порстка колькі крокаў назад на бяспечную адлегласць.
Толькі тады здагадаўся Васіль, ад чаго так сябе павёў Рукан - на руцэ, абвіўшыся спружынай, стаіўся вуж.
- Падла ванючае, панімаш, ты жартаваць уздумаў? Пасміхацца з мяне? Ну, я табе... Век будзеш мяне памятаць, папомні маё слова!
- Ды я не вінатаваты, дзядзька Рафаіл. Я не жартую. Я з ім кожны дзень гуляю. Падружыліся мы з ім. Во гляньце, ён не кусаецца... Не верыце, дык у дырэктара школы спытайце - і ён тое ж самае скажа. Даруйце, калі так, я ж не хацеў... Забыўся я пра яго, што ён у маёй руцэ...
І ён паклаў вужыка на патыліцу, закруціў яго, як шалік, а пасля, падумаўшы, кінуў у адтуліну расшпіленай сарочкі - каб не злаваць Рукана.
- Падружыліся яны, тваю маць... Дружбакі, тваю маць, панімаш, не разлі вада... Панімаш... Ты мне гэтае папомніш. Дырэктара спытаць, тваю маць... Я як спытаю, дык моташна стане. Яшчэ трэба разабрацца, чаму той дырэктар вас вучыць, панімаш... Над людзьмі здзекавацца і пасміхацца? Тваю маць, панімаш...
Рукан таптаўся, як танцаваў на адным месцы незразумелы танец, шукаў і не знаходзіў мяшок, што асунуўся з-за спіны на зямлю, наступаў на яго нагамі - і не бачыў. Як аслеп са страху. Васільку і смешна было ад такіх паводзін Рукана, але тут ужо было не да смеху - мог раз'ятрыцца і кінуцца з кулакамі. Але дзіцячым розумам разважаў - не, не кінецца на яго, раз так баіцца вужоў, то і не падыдзе да яго, не асмеліцца... Абаронцам быў вужык.
Мяшок усё ж знайшоўся.
Рафаіл выцер рукавом узмакрэлы твар і лоб, зіркануў яшчэ раз нядобра ў бок пастушка, закінуў мех за плячо, крутануўся на гумавых дзіравых ботах - і пасунуўся ў гушчарняк, усё яшчэ нешта гугнявячы сабе пад нос...
А вужык як адчуў нешта - стаіўся пад сарочкай, не варушыўся, не напамінаў пра сябе. Пэўна, адчуў злога і нядобрага чалавека.
І нават пазней, калі і адышлі ад таго месца, як ні стараўся разварушыць і развесяліць вужыка, - той не паддаваўся, быў нейкі вялы, абыякавы - злое слова чалавека і чорная энергія падзейнічалі на вужыка прыгнятаюча.
Тады ж і зразумеў Васілёк Зубрыцкі, што вужык вельмі чуйна рэагуе на дабрыню і пяшчоту, і не пераносіць лядайкага і агрэсіўнага воклічу. Падумаў яшчэ - вужык не памыліўся ў Рафаілу. Рафаіла ніхто ў вёсцы не любіў. Не любілі яго і да вайны, і ў вайну. І - пасля вайны...
Як і сястру яго, Лёдзю.
Пастушок узяў у абедзьве рукі вужыка, паднёс да твару.
- Ты ж вельмі разумная істота, ці не так, Паўзунок? - дапытваўся ў яго хлапчук. - Ты ўсё чыста разумееш, ды сказаць не можаш. От каб ты ўмеў гаварыць, мы не маглі б з табой нагаварыцца за дзень... Я б табе столькі расказаў бы пра сябе. Як і ты пра сябе. Праўда, Паўзунок?
Але вужык маўчаў.
Ён нават прымружыў вочы. Як спаў усё роўна. Ці не хацеў весці размову са сваім сябрам. Не ад крыўды. Ад стомы. Ад сполаху.
Паўзунок споўз з рукі, пасунуўся ў расшпіленую адтуліну сарочкі.
Не варушыўся, ляжаў - адпачываў, прыходзіў у сябе...
4
Новы год быў сапсаваны.
Збіраліся з жонкай Марынай пайсці да сяброў - дамаўляліся яшчэ з месяц назад, што збяруцца разам, - але з такім настроем толькі дровы калоць, каб на расколцы круглякоў вымясціць свой гнятучы настрой.
Жонка сказала, узважыўшы ўсё:
- Будзем дома сустракаць. Нікуды не пойдзем.
Пра выпадак на будоўлі не напамінала, нічога яму не раіла, не супакойвала нават - ведала, што тут не паможа ні слова, ні парада, наадварот, можна зрабіць больш балюча...
- Марына, я хачу выпіць, - глуха прамовіў Зубрыцкі.
Жонка прынесла пляшку каньяку і шклянку, не чарачку, паставіла на стол. Ён падышоў да серванта, адкрыў шкляныя дзверцы, узяў вялікі крышталёвы фужэр. Наліў як не поўны - і выпіў нагбом за некалькі глыткоў.
Смаку не адчуў. Нават не скрывіўся - як ваду піў.
Марына не здзівілася - усё разумела. У той жа момант падумала, што можа гэта і ратуе мужыкоў ад стрэсаў і інфарктаў у такія моманты, хто ведае...
Васіль узяў з вазы жоўтую антонаўку і ўпіўся ў яе зубамі.
Праз колькі хвілін адчуў, як прыглушылася нудота, некуды адсунулася і трывога - мо за белыя фіранкі акна, кульнулася кумельгам ў халодную цемрадзь начы...
На экране тэлевізара мільгалі кадры нейкай кінахронікі - будаўнікі з вясёлымі і шчаслівымі тварамі ўзводзілі дом. Насілі ўручную раствор і цэглу, працавалі з імпэтам і паказвалі ўсяму свету, што яны самыя задаволеныя і шчаслівыя людзі на зямлі. Усміхаліся, мусіць жа, аператару, што здымаў іх, а што было ў кожнага на душы, можна было толькі здагадвацца... Гучэла ў дадатак бадзёрая, жыццесцвярджальная музыка, і ўсе гледачы павінны былі разумець, што гэта гучыць апафеоз найшчаслівейшага жыцця ў самай шчаснай краіне свету - вялікім і непарушным эсэсэсэры...
А Васіль памятаў добра, як ён падымаўся на рыштаванні. Холад і голад праймалі яго юначую, яшчэ дзіцячую душу. Каб выжыць у гэтым жорсткім і несправядлівым свеце, ён браўся за работу ў выхадныя дні - клаў з былымі фэзэвушнікамі падвалы і сцёпкі, падмуркі пад прыватныя дамы... Людзі давалі нешта і ўкусіць, і капейчына нейкая перападала... Усё ж выпадалі ніштаватыя дні, калі не вуркатаў страўнік, калі на галодны дзень быў прыхаваны ладны кавалак сала...
Цэнтральная вуліца Гомеля - гэта яго дамы.
Ён клаў сваімі рукамі цэглу, узводзячы сцены тых дамоў. Бальніца, гасцініца, жыллё...Ці ўспомніць яго хто-небудзь калі добрым словам? Ці падзякуе? Наўрад ці... Але ці трэба яму тое? Пэўна ж, не, ні ў героі, ні і ў вядомыя асобы ён не імкнуўся, - проста выконваў сваю работу, каб выжыць, не памерці з голаду, і болей ні пра што не думаў... Як і не думалі сотні і тысячы такіх жа хлапцоў і дзяўчат, якія ніколі не прэтэндавалі на значнасць сваёй асобы - усе яны былі грамадой, бястварнай масай, якой кіравалі, загадвалі, каралі, прыгняталі... Яны былі працоўным калектывам, і кожны з іх згодна маральнага кодэксу будаўніка камунізму будаваў той камунізм...
Калі ж стрэлкі наблізіліся жа апошняй лічбы і павінны былі вось-вось ударыць куранты крамлёўскага гадзінніка, ён пацалаваў жонку, усміхнуўся:
- За цябе. Каб здароўе было. Каб радасць у сэрцы не гасла. Шчасця табе, Марына, і каб ты не насіла перадачы свайму мужу...
Яна засмуцілася і абрадавалася адначасова. Ён напомніў пра яго, іхні агульны боль, але сказаў тое голасам павесялелым, не прыгнечаным, ад чаго адразу знялося даўкае напружанне, і ён, Васіль, стаў ранейшы - уважлівы і чулы, упэўнены і спакойны, таму радасна прамовіла:
- Дзякую, Васіль. І за цябе, мой дарагі. Каб усё было добра ў тваім жыцці.
- У нашым жыцці, - паправіў ён яе.
- Ну, хай будзе так...
А праз тры дні яму неабходна было з'явіцца ў пракуратуру - выклікаў следчы на «сяброўскую сустрэчу».
Па факце смерці рабочага брыгады ўжо афіцыйна была заведзена крымінальная справа.
Наперадзе была поўная невядомасць.
І - цемра...
У той дзень пагубляліся каровы.
Ён і не заўважыў, як яны адна за адной распаўзліся ў розныя бакі - такога яшчэ не было ніводнага разу.
Адчуваў ён сябе блага - нудзіла цэлы дзень, ногі былі як ватныя, іх курчыла, ламала, як хто шпыраў іх тоўстай іголкай.
Паводзіў гэтак жа сябе і вужык, сцішыўшыся пад сарочкай.
Васільку здавалася, што яго абклалі з усіх бакоў ільдом. Таму ён дастаў вужыка і паклаў у кішэню - вужык і там не варушыўся.
Зразумеў - застудзіўся. Бо пачалі біць дрыжыкі, кідала то ў жар, то ў холад. Было вялікае жаданне прылегчы, скурчыўшыся, суняць прастудную трасучку... Але дзе там - за статкам вока ды вока трэба, махаць ды махаць пугай, каб адчувалі яго прысутнасць...
То перад яго вачыма ўсплываў вобраз бацькі, які мерыўся ўзяць на рукі і несці далей, каб аблегчыць сынавы пакуты, то дарогу пераходзіў Рафаіл - скаліў нечага зубы, як радаваўся нечаму, то здавалася, што вужык крычаў і папярэджваў пра нешта...
З вялікімі намаганнямі сагнаў у адзін гурт статак. Для перакананасці нават пералічыў кароў. Усё сыходзілася, на душы зрабілася трошкі лягчэй...
Ледзьве дацярпеў да вечара.
Вужыка паклаў на яго месца. Там жа, побач з пнём, пакінуў і пугу - не было ўжо сілаў трымаць яе ў руках. Адно што прыкрыў яе ламаччам, схаваў ад чужога вока...
Да вёскі падыходзіў, ледзьве перастаўляючы ногі.
Гайдалася зямля, здавалася, што перад ім ідуць не каровы, а авечкі, і што яны не ідуць, а плывуць па нейкай рацэ...
- А дзе ж мая кароўка, Васілько? - прыбегла дахаты цётка Панцэсіха - жанчына-балаболка, сто слоў у секунду выпаліць, нагаворыць сто бочак брахнёў, хаця голас у яе ласкавы, бяскрыўдны, што і крыўдзіцца на яе не выпадала. - І Міхалавай кароўкі не прыгнаў, і дырэктаравай, і бабы Міхаліны...
- Ды што ж гэта такое, сынок? - устрывожана паглядзела на яго маці, на Панцэсіху позірк перавяла, якая на дзіва спакойна стаяла і маўчала, чакала, што адкажа пастушок. - Ты ж ніколі і не губляў статак...
Васілёк без ахвоты зачарпнуў колькі лыжак баршчу, выцер губы і рукавом узмакрэлы твар - лоб аж гарэў, - калі б маці дакранулася да яго, то жахнулася б.
- Сынок, ты ж ледзьве на нагах стаіш, - апамяталася запознена маці, скрушна паківала галавой. - Мо я прыганю іх, га?
- Нічога. Вытрываю...
Ён гаварыў ужо як дарослы. Як мужчына. Як гаспадар. Адчуваючы, які клопат ляжыць на яго плячах.
Да Бобрыка было з кіламетраў пяць.
- Прыгані, Васілёк, прыгані, - абрадвалася, памякчэла цётка Панцэсіха, заўсміхалася абрадавана, што хлопчык верне дадому астатні статак, - я ж нічога не кажу, ведаю, што мая карова шкадлівая, і другіх магла ў шкоду завесці...
- То ж і з дарослым магло быць такое... Прыгані, прыгані, Васілько... Ой, горачка ты маё, што ж тут паробіш... Ноч наперадзе...
Але на Бобрыку - прасторным полі і вузенькай рачулкай з густой травой на беразе - кароў не было. Тое яго вельмі здзівіла і засмуціла. Не знайшоў іх і за Адолькавым кругам, куды ўцякалі не раз, - але ён адразу разгадваў іх хітрыкі.
Страх і крыўда падкаціліся да дзіцячай душы, неспакой авалодаў ім. Ён ужо забыўся і пра сваю хваробу, хаця ўзмакрэў ад хады і тэмпературы.
Не было кароў і ў Броньцы, і ў Алёсах.
«Уцекачоў», «самавольшчыкаў» ён убачыў нечакана для самога сябе і не там, дзе спадзяваўся іх знайсці, бо ён згубіў ужо і надзею ўбачыць іх, і яму ўжо ўяўляліся жудасныя відовішчы з ваўкамі, якія маглі напасці ноччу на кароў...
Агінаючы ўзболатак, пачуў нечый глыбокі ўздых. Ён прыпыніўся, чуйна прыслухаўся - чалавек ці які звер? А ўжо добра змерклася, і ён нічога не бачыў перад сабою...
Пачуўся новы ўздых ці выдых - глыбокі і глухі, як хто пазбаўляўся ад цяжкай стомы. І тады ж адразу здагадаўся - то ж яны, каровы! То яны ляжаць на астраўку, адчуваючы вакол багну і не рызыкавалі ісці ў невядомасць.
Так яно і было - на астравок сярод узболатка і ляжалі адна каля адной, цяжка дыхаючы, адкінуўшы ўбок важкае, налітае за дзень малаком, вымя.
Падняліся нехаця, лена, незадаволена.
У вёску прыгнаў кароў ужо глыбокай ноччу.
Але яго чакалі, не спалі тыя, у каго карова не вярнулася з пашы.
Радасна загаварылі жанчыны, але найбольш Панцэсіха. Пастушку дзякавалі - ніхто не ўшчуваў, ніводнага слова папроку ніхто не сказаў у яго бок...
Дадому, каб не даваць крука - па вуліцы, падаўся праз паплавы. У яго канчаліся ўжо сілы - іх ужо і зусім не было ў яго, не ведаў, на чым і трымаўся - вадзіла з боку ў бок, ішоў, як п'яны, як паранены з поля бою... А ён сапраўды правёў бой, і выйшаў з яго пераможцам. Бо зразумеў - калі не будзе перамагаць у дальнейшым сваім жыцці, то цяжка і невыносна прыдзецца яму...
Лягчэй, здавалася, было паўзці, чым ісці.
Ён знайшоў у сабе сілы не ўпасці, загадаў самому сабе вытрымаць, выцярпець і адолець сваю нямогласць. Выканаў свой жа загад, падпарадкаваўся волі, прашаптаў, сам ад сябе не чакаючы, словы сваёй бабулі, матулінай маці, Настазі:
- Божа міласэрны, памажы і захавай!..
Не даходзячы да плота, у шэрым прыцемку заўважыў нечую постаць. Адразу пазнаў - Рафаіл Рукан. Стаяў і назіраў за вуліцай - яна была высветлена фарамі машыны, якая невядома чаго і аказалася ў вёсцы.
- Вось так, панімаш, будзеш знаць, як быць разумнейшым за ўсіх, - прамовіў уголас і зарагатаў Рукан, як бы танцуючы на адным месцы, а потым раптоўна шусьнуў некуды ў цемру - як адчуў некага побач, а мо і па сваіх патрэбах падаўся, толькі глухія крокі чуліся, як упячатваў падэшвы ботаў у зямлю...
З акна дырэктара школы даносіліся словы ўрачыстай песні:
О Сталине мудром я песню слагаю,
А песня такая - от сердца, а песня такая...
Машына стаяла каля самай хаты - ля веснікаў.
Двое вайскоўцаў перагаворваліся між сабою, курылі, стаялі каля кабіны, сплёўвалі сабе пад ногі.
Потым двое вывелі з хаты Міхася Пятровіча.
Нават у цемры Васілёк заўважыў, які ён збянтэжаны і прыгнечаны, і не разумеў сам, мусіць, што адбывалася наўкола, чаго прыехалі вайскоўцы да яго...
Нечакана загаласіла жонка, загаласіла як па нябожчыку, бо, пэўна, ведала, што азначаў прыезд энкэусаўскай машыны - «чорнага ворана». Крумкача. А крумкач, як вядома, распраўляўся са сваёй ахвярай без роздуму і шкадавання.
- Міхалка, за што ж яны цябе-ее? Міхась, ты ж ні ў чым не вінаваты!
- Не плач, Наталля, у таварышаў памылка нейкая адбылася - разбяруцца, што да чаго, і я вярнуся заўтра... Вось пабачыш, не хвалюйся...
Голас у Крупы дрыжэў - мусіць, і сам не быў упэўнены ў тым, пра што сам казаў, але стараўся супакоіць сябе, але найбольш жонку. Ён неяк сагнуўся, быццам узвалілі на яго непасільны груз, стаў меншы ростам, і непадобны быў на самога сябе.
Стаяў Крупа пад фарамі - спіной да Васіля.
Нешта запякло ўсярэдзіне, адначасова прачнулася шкадаванне да блізкага чалавека, бо сапраўды акрамя Міхася Пятровіча ў хлапчука не было раднейшай душы, да якой можна было прыгарнуцца ў цяжкія хвіліны.
Яму хацелася падысці да дырэктара школы, абняць яго, сказаць нейкія словы - суцешыць ці павінаваціцца, але, галоўнае, выказаць яму сваю падзяку за тыя кароткія, але такія значныя для яго, гутаркі, пад час якіх Міхась Пятровіч даваў яму шмат парад, і так памагаў, чым мог...
Ён ужо і ступіў некалькі крокаў, але вайсковец строгім голасам папярэдзіў:
- Ты куда, пацан? Сюда нельзя - к матери чеши скорее, ну-ууу!..
Настаўнік убачыў яго, радасна праказаў:
- Васілёк, скажы заўтра Леакадзіі Гаўрылаўне, каб яна падмяніла мае ўрокі. А вучням скажы, што я ні ў чым не вінаваты. Тут нешта не так, нейкая памылка...
- Добра, Міхась Пятровіч, скажу! - праз слёзы вымавіў вучань, адчуўшы, як сціскаецца ў яго горла, як быццам хто ўчапіўся ў яго іржавымі абцугамі - ці не Рафаіл Рукан? - Дзякуй вам за ўсё... За ўрокі жыцця, што вы вучылі. Я імі буду кіравацца ўсё жыццё!
Прамовіў, і тут жа злавіў сябе на тым, што і ён як развітваецца з ім, як і яго жонка, як быццам ведае, як усё роўна ўпэўнен, што яны ніколі-ніколі не пабачацца больш... І ад таго яшчэ больш стала балюча на душы.
«Рукан, гад, яго работа, - здагадаўся нечакана Васілёк, успомніўшы, як той хвілін колькі назад назіраў з цемры за арыштам дырэктара школы і задаволена паціраў рукі, пераканаўшыся, што яго чорная справа знайшла свой працяг і ў вушшу стаялі помслівыя словы: «Будзеш знаць, як быць разумнейшым за ўсіх...» Так, ён, і толькі ён... Заб'ю гада паўзучага, хаця ж не ўсе гады, хто поўзае... Куплю ў дзеда Міхася стрэльбу, і калі праз тыдзень-два не вернецца
дырэктар дадому, упалюю дзе ў лесе - і заб'ю, як гада, як нелюдзя, як вырадка... Такога чалавека аддаў у лапы груганоў. Ці ж вінаваты Крупа, што ён нашмат разумнейшы за Рукана, ды і не толькі за яго. Ці ж за тое караюць? А раз за тое караюць, то ці ведае пра тое Сталін?»
«Крумкач» развярнуўся і, выключыўшы фары, пакаціў, пагойдваючыся і натужна равучы на калюжынах, па вуліцы Крушнікаў.
Роспачна плакала ў цемры дырэктарыха. Яе супакойвалі дочкі - Рыта і Марынка.
Пачуў, як плакала Рыта, - і ў самога зайшлося сэрца болем - пра яе ён заўсёды думаў з пяшчотай і цеплынёй. Гарнулася сэрца да дзяўчыны, хаця ў гэтым ён баяўся ёй прызнацца, нават і позіркам баяўся выдаць сябе...
Ні ў адной хаце не гарэла святло.
Але з кожнага акна зіркалі на вуліцу людзі і з трывогай углядаліся і ўслухоўваліся ў цемру - ці не да іх падрульвае смерць, ці не з іх хаты выхапіць чыё-небудзь жыццё «крумкач»...
Маці таксама не спала - сядзела, не запальваючы лямпы, каля акна, маўчала.
І яна ведала пра ўсё, перажывала па-свойму...
Васіль, не распранаючыся, паваліўся на ложак - яго ўжо не трымалі ногі. Усё цела пранізваў нясцерпны боль, выкручвала рукі і ногі, плечы, расколвалася галава.
Ён не чуў, як пачаў стагнаць, пасля трызніць. Не чуў, як маці дакранулася да ілба, як успляснула рукамі і забожкала, потым давала піць нешта гарачае і горкае...
Ён адразу заснуў, праваліўся ў нешта цёплае і ўтульнае, ад чаго яму зрабілася хораша і спакойна.
І сніўся яму Міхась Пятровіч.
Бачылася, быццам трымаў ён у руках вялізны клубок шэрых і чорных вужоў, гаварыў, як пераконваў, як сцвярджаў: «З іх вось і робяць тыя вяроўкі, на якіх вешаюць людзей...» А потым, адкінуўшы ад сябе вужоў, хітра міргануўшы яму, Васільку, весела заспяваў:
Он пишет законы векам и народам,
чтоб мир осветился великим восходом...
Як і памятае Васілёк Зубрыцкі, дырэктар школы ніколі не спяваў.
Голасу не было ў яго - у дзяцінстве, як ён расказваў, хвароба пашкодзіла горла.
5
Дні цягнуліся нудна і прыкра.
Ніякай пэўнасці не было ў яго справе. А хаця і была, то пра тое ніхто і не казаў. Следчы выклікаў яшчэ раз, але распытваў ужо не пра здарэнне, а пра жыццё - адкуль родам, калі пачаў працаваць...
Зінчук прызначыў ужо трэцюю тэхнічную экспертызу - нешта яму не спадабалася ў папярэдніх, за што ад пракурора атрымаў вуснае папярджанне за доўгі разгляд. Так і паехаў пракурор у адпачынак, не давёўшы справу да суда.
Следчы раз, і другі, і трэці гаварыў з людзьмі, не будаўнікамі, а хворымі, якія бачылі з вокан таракальнага аддзялення - да яго і рабілі прыбудоўку, - выпытваў, удакладняў...
Сам не ведаў чаго, але хацелася дакапацца да канкрэтнай прычыны, хаця яна і дужа выпірала сярод дзесятка фактаў: можна было закрыць справу і потым перадаць яе ў суд...
І Зубрыцкі нічога не мог зразумець, бо падрыхтаваўся да самага страшнага. Здавалася б, усё вядома, а следчы ўсё дакопваецца і дакопваецца, гуляецца як той кот з паўжывой мышшу.
«А мо выцягнуць хоча з багны?»
«Ці - утапіць?!»
І не папытаешся, не разведаеш - хіба ж пра такое можна ўведаць?
Ішоў трэці, чацвёрты, ужо і пяты месяц расследавання справы.
І чым марудней поўз час, тым больш упэўнена і жорстка ўсялялася
ў яго адчуванне, што ён падобны на загнанага звера, што трапіў у нябачную пастку ці сіло, і да яго свядомасці прыйшло перакананне, што ніколі яму не выбрацца з тых цянётаў, з таго палону. Бо і вінаваты, і невінаваты ў гэтай гісторыі - не так арганізаваў працу на аб'екце, не правёў інструктаж, не давёў да кожнага рабочага правілы бяспекі... А што бульдазерыст не разлічыў там нейкія сантыметры і залішне пасунуў тую пліту, - як яму давесці тую інструкцыю?
У сям'і няшчасце - не стала кармільца. Хаця той жа кармілец і быў здадзены роднай жонкай у тую ўстанову, якая быццам бы вылечвае ад алкагалізму... Спадзявалася, канечне ж, што адвучаць ад гарэлкі і ён стане нармальным чалавекам у яе, жончыным, уяўленні. Але ж яна хоць нейкую помач мела ад яго, а цяпер? І хто заменіць дзецям бацьку? Ды хоць і апраўдаюць яго на судзе, дык ці сам сябе апраўдае Васіль перад сваім жа сумленнем?..
Хадзіў Васіль да жонкі - Аксаны.
Не для таго, каб прасіць яе аб нечым, умольваць, даказваць сваю невінаватасць, не. Набраў дзецям ласункаў - цукерак і апельсінаў, паклаў на стол. Верка і Андрэй стаялі маўкліва каля акна, не падходзілі да стала. Было ім па сем-восем гадоў...
Аксана працавала прыбіральшчыцай у інтэрнаце будаўнікоў.
- Сам не ведаю, чаго прыйшоў, але не прыйсці не мог, - уздыхнуў Васіль, седзячы за сталом.
Аксана сядзела насупраць. Маладая яшчэ, але з-за жыццёвай неўладкаванасці і нечаканых удараў лёсу, неяк сагнулася, пастарэла, і голас яе, і позірк гаварылі пра тое, што яна шмат нацярпелася, і што ёй вельмі нялёгка...
- З ім жыла - было невыносна, а цяпер і яшчэ горш... Але неяк жа выблытаемся, станем на ногі... А вы, Васіль Андрэевіч, не перажывайце - вы ж тут ні пры чым... І бульдазерыст таксама ні пры чым. Быў і ён у мяне... Я ж пра ўсё ведаю. Сам жа і вінаваты, што палез туды, нікому не сказаўшы пра тое... Такі ўжо, відаць, у яго лёс...
Гэта Аксана пра мужа ўжо сказала - як абвінавачвала яго.
- Ды ўсе мы разам вінаватыя.
Жанчына ўздыхнула, больш нічога не гаварыла, і ў яе вачах не было ні скрушнасці, ні болю, ні шкадавання...
Аднойчы, на чацвёртай ці пятай сустрэчы, не вытрымаў прараб Зубрыцкі, сарваўся, здалі нервы, выпаліў, як з дзвюхстволкі бабахнуў:
- Ды канчайце вы з усім гэтым! Вінаваты я, прызнаю, не адмаўляю, чаго яшчэ мучаеце? Жыцця няма - ноччу сон не бярэ, на рабоце не магу працаваць... Звар'яцець можна. Аддавайце пад суд!
Зінчук як бы нешта хаваў у сабе, не адказваў Зубрыцкаму на яго выбрыкі. Бачыў ён і не такое. Ён як і не чуў пытання, ніводная жылка не ўздрыгнула, толькі ўсмешка слабая нарадзілася.
- Не магу зразумець - чаго так доўга цягнецца расследванне?
Следчы ўздыхнуў, сашчаміў пальцы на стале:
- Зразумець хачу, Васіль Андрэевіч. А хутка толькі каты нараджаюцца... А вам бы параіў трошкі цярпення. І мне нялёгка з гэтай справай. Так што не будзем... Добра?
Паціснуў няўцямна плячыма, гледзячы на следчага.
Вось і зразумей яго - здзекваецца ці ўсур'ёз гаворыць. Але ж і на першае і другое нешта непадобна. Як гульня якая ў марскі бой...
За акном гайдаліся пад ветрам галінкі вішанніку, амаль спелыя цёмна-чырвоныя ягадзіны стукаліся ў непамытую шыбку.
Размова на гэты раз ішла не ў кабінеце следчага, а ў вагончыку прараба. І Зінчук сядзеў не за сталом, а каля яго - як наведвальнік ці хлопец з брыгады, каб папрасіць пару рукавіц замест дзіравых і адслужыўшых свой час...
І быў у следчага выхадны дзень.
«Самае паскуднае - гэта невядомасць, - думаў прараб, рыхтуючыся да новай гаворкі, невядома якой ужо па ліку, - але каб хацеў мяне адправіць за краты, то тое мог зрабіць даўным-даўно... Зноў чакаць, зноў спадзявацца, зноў гадаць...»
6
- Дзед, а дзед, прадай мне стрэльбу, - у каторы раз прыходзіць Васілёк да старога Міхася і паўтарае адну і тую ж просьбу. - Да зарэзу трэба.
Дзед хітра страляе прыжмураным вокам у яго бок, крэкча, дакранаецца рукой да спіны, як хоча выпраміцца, цікавіцца:
- А навошта яна табе? Па варонах страляць? Ты ж яшчэ малеча - не паложана па гадах табе са стрэльбай хадзіць.
Стары, відаць па ўсім, злуецца, бо гаворка зноў пацякла ў непрыемнае для дзеда рэчышча - пра дубэльтку. Васіль ведае, здагадваецца, што дзед не хоча аддаваць яе, а мо і хоча, ды расцягвае торг. А з трэцяга боку, калі разважыць, каб нічога не «выгарала», каб дзядуля, узяўшы строгі тон, даўно прапёр бы яго з трэскам дадому.
- Дзед, а дзед, а ў цябе ж і ногі не бегаюць - як будзеш па лесе даганяць таго ж зайца ці лісу?