Марк ШагалВЕРШЫ
|
ЦЯПЕР
Усе мае дні
я шмат маліцца ня змог.
Дзе ён?
Як ён, мой Бог?
Ты чуеш, бачыш мяне?
Я хацеў цябе клікаць,
налямантавацца ўсмак,
я, проста жабрак.
Цяпер я стары,
час мяне змог.
Ты падымеш мяне да сябе,
мой Бог.
|
|
ПРА ГЭТУЮ ЯСНАСЬЦЬ
Бог мой, за гэтую яснасьць,
якой ты душу маю насяліў,
— Дзякуй.
Бог мой, за гэты спакой,
якім ты душу маю насяліў,
— Дзякуй.
Бог мой, ноч настае,
да сьвітаньня зводзіць павекі мае,
і я намалюю нанова
табе, Адзіны,
пра зямлю і нябёсы
карціны.
|
|
СЁСТРЫ
Сьмяяцца ці плакаць —
сёстрам усё адно,
ці сьпяваць, пастаўшы ў дзьвярах,
ці траскатаць па-сарочы,
адчыніўшы вакно,
глядзець, хто йдзе,
ці шчасьце, ці страх.
|
|
БРАТ
Мне цябе не хапае, Давыд.
Чаму
ты не затрымаўся ў жыцьці?
Быў бы рады, як роднаму,
ценю твайму.
І ад каменя ценю
мне не знайсьці.
|
|
САД
Вечар. Сад,
асьветлены поўняй. І ты,
легенда. Лагодны дотык
мілаты.
Ты пацалуеш мяне,
абдымеш мяне, ці,
магчыма, мне загадаеш
адсюль пайсьці.
Лагодны дотык прадоньня.
Закаханы прыходзіць сёньня,
водарам сада напоўнены,
малады.
Як тады...
|
|
КАРАБЕЛЬ
Усе дзьве тысячы гадоў
расьсейвалі мяне,
але на ўзрост
мая краіна маладая.
Юнак — мой сын Давыд.
Я кленчу даўніне
і зоры на шчыце Давыдавым шукаю.
Прарокі паўзь мяне
бясшумна праплылі.
Давыд сьвітае —
чую подых і праменьне.
Дзьве тысячы гадоў
на небе, на зямлі
сьлязьмі цябе чакаў,
краіна захапленьня.
Як Якаў, спаў глыбока
і сасьніў я сон:
анёл па лесьвіцы
мяне ўздымае ўгору,
і душы згаслыя наўкол,
зьнябыўшы скон,
узносяць сьпеў
у нечувалую прастору.
Сьпеў пра Ізраіль новы
і пра тыя ўсе
дзьве тысячы гадоў
расьсейваньня бяз жалю.
І пра Давыда —
сына ў сонечнай расе.
Чым Бах і Моцарт,
саладзей яны сьпявалі.
|
Пераклад: Рыгор Барадулін
Крыніца: Наша Ніва (http://niva.cjb.net)
Беларуская Палічка: http://www.knihi.com
|