АДАМ МІЦКЕВІЧ
1798-1855

* * *
Паэзія

Бульба. Фрагмент
[Ямбы да імянін Яна Чачота] Урывак
[Песня]
Свіцязь. Балада
Дзяды. Паэма. Фрагменты (будзе пазней)
Гражына. Літоўская аповесць. Урывак
Да М*** Верш, напісаны ў 1823 годзе
Санеты
Да Лауры
«Дзе ні йду я, з сабою ўвесь час размаўляю...»
«У цябе не іскрыцца вучонасцю слова...»
Спатканне ў лесе
«Асудзіць нас ханжа, распуснік асмяе...»
Ранак і вечар
Да Нёмана
Стралок
Адмаўленне
Да ***
«Ох, любая! Мне памяць пра твае пяшчоты...»
Дзень добры
Развітанне. Да Д.Д.
Прабачэнне
Конрад Валенрод. Гістарычная аповесць. З «Апавядання вайдэлота»
Да *** На Альпах у Сплюгене, 1829
Смерць палкоўніка
Пан Тадэвуш, альбо апошні наезд на Літве. Урывак (Пераклад на ангельскую)
Exegi munimentum aere perennius... З Гарацыя
Калі я, труп жывы...
Публіцыстыка
Пра рамантычную паэзію
[Пра Беларусь і беларускую мову]
Лісты
Да Яна Чачота. 27 лістапада (9 снежня) 1819, Коўна
Да Яна Чачота. 20 снежня 1819 г. (1 студзеня 1820 г.), Коўна
Да Яна Чачота. 19 лютага (2 сакавіка) 1820 г., Коўна
Да Іяхіма Лялевеля. 7 (19) студзеня 1827 г., Масква
Да Васілія Жукоўскага. 16 (28) лютага 1829 г., Пецярбург
Да Яна Чачота. 9 (21) кастрычніка 1830 г., Жэнева
Да Ігната Дамейкі. 2 (14) студзеня 1832 г., Познань
Да Жорж Санд. 3 чэрвеня 1838 г., Парыж
Да Ігната Дамейкі. 8 (20) студзеня 1839 г., Парыж
Да Тамаша Зана. 2 (14) верасня 1855 г., Парыж


Адам Міцкевіч... Гэтым імем сусветна вядомага паэта, славутага сына беларускай зямлі па-асабліваму высвечваецца Таварыства філаматаў, якое ён арганізаваў і выпеставаў разам з сябрамі. Якраз у філамацкай сям'і знайшоў вялікі паэт надзейнае апірышча і гарачую падтрымку, набыў гарт і моц пяра, узяў адзіна правільны кірунак у сваім высокім палёце.

«Певцом Литвы» называў Адама Міцкевіча Аляксандар Пушкін. Згадваючы яго падарожжа па Крыме, расейскі паэт у дадатку да «Яўгенія Анегіна» заўважыў галоўны пафас Міцкевічавай паэзіі:

Там пел Мицкевич вдохновенный
И, посреди прибрежных скал,
Свою Литву воспоминал.

Для Адама Міцкевіча Літва-Беларусь - гэта, перад усім, яго родная Наваградчына. У беларускай зямлі - усе карані паэта. З беларусаў, ад якогасьці Міцькі, паходзіць увесь род Міцкевічаў. Тут, у Беларусі, нарадзіліся і жылі яго бацькі - маці Барбара Маеўская (вёска Чамброва на Наваградчыне) і бацька Мікалай Міцкевіч, менскі каморнік і наваградскі адвакат - тыповая беларуская «шарачковая» шляхта. Тут, на хутары Завоссе (цяпер Баранавіцкі раён) 24 снежня 1798 года ўбачыў свет і сам Адам Міцкевіч.

З Завосся бацькі неўзабаве перабраліся ў павятовы горад Наваградак. Тут юны Адам скончыў школу святых айцоў дамініканцаў, дзе вучыўся разам з Янам Чачотам, з якім пасябраваў на ўсё жыццё. На канікулы дзеці Міцкевічаў выязджалі спачатку ў Завоссе, да дзядзькі, а потым у недалёкі ад Наваградка маёнтак бацькавага сябра суддзі Растоцкага - Руту. Нездарма паэт называў потым сваё маленства «сельскім, анельскім».

Па сканчэнні Наваградскай школы ў 1815 годзе малады Міцкевіч падаўся на вучобу ў Віленскі ўніверсітэт, на фізіка-матэматычны факультэт. Тут разам з Тамашом Занам і Юзафам Яжоўскім ён стварае тайнае студэнцкае згуртаванне - Таварыства філаматаў, якое адыграла важную ролю ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі, у нашым нацыянальным адраджэнні. У гэты ж час Адам Міцкевіч пачаў сам складаць вершы, якія чытаў на філамацкіх пасяджэннях. Вядома ж, пісаў на польскай мове, якая была тады афіцыйнай мовай усяго пісьменства і справаводства ў Беларусі і Летуве. У першых пробах пяра малады паэт прытрымліваўся строгіх канонаў класіцызму, які панаваў тады ва ўсёй літаратуры. Але з захаду ішлі ўжо новыя павевы, асабліва з Нямеччыны, дзе ўсталяваўся рамантызм - новы напрамак у літаратуры, прадстаўнікі якога звярталіся да фальклору сваіх народаў як да творчай крыніцы. У філамацкім асяроддзі першыя ўспрынялі новыя павевы Тамаш Зан, Ян Чачот і Ануфры Петрашкевіч. Шукаючы матэрыялы для сваіх паэтычных твораў, яны звярнуліся не да класічных сюжэтаў, а да вуснапаэтычнай творчасці свайго, беларускага, пагарджанага панамі люду. Асабліва цікавыя былі па-майстэрску напісаныя балады Яна Чачота, які смела браў сюжэты для іх з пачутых у народзе легендаў і паданняў. Адам Міцкевіч, пазнаёміўшыся з творчасцю сяброў, і ў першую чаргу з баладамі Чачота, адразу зразумеў, што дагэтуль шукаў не там: скарбы ляжалі пад рукой.

Гэта быў пераломны момант у творчасці Адама Міцкевіча.

Усёй душой успрыняўшы новыя павевы ў літаратуры, ён вельмі хутка намацаў у ёй сваю сцяжыну, стаў бацькам беларускага і польскага рамантызму. Заснаваныя на беларускім фальклоры балады і рамансы Міцкевіча, сярод якіх такія паэтычныя шэдэўры, як «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка», «Курганок Марылі», «Люблю я», «Лілеі», «Тры Будрысы», а таксама першыя часткі драматычнай паэмы «Дзяды», сюжэтам якой стаўся беларускі абрад памінання дзядоў, «літоўская аповесць» пад назвай «Гражына», дзе ўзнаўляліся падзеі сярэдневяковай гісторыі Беларусі, зрабілі сапраўдны пераварот у літаратуры ўсёй Рэчы Паспалітай, адкрылі перад ёй новыя гарызонты. Гэта быў трыумф рамантызму.

Немалаважную, а можа, і рашаючую ролю ў пераходзе Адама Міцкевіча да рамантызму, наогул у яго небывалым творчым узлёце адыграла - і гэта не маглі не адзначыць літаратуразнаўцы - каханне паэта да Марылі Верашчакі, якое нібы перавярнула ўсё яго жыццё, укруціла ў магутны вір глыбокіх перажыванняў. А пачалося ўсё з той першай сустрэчы ў Туганавічах, сядзібе беларускіх паноў Верашчакаў на беразе светлай пакручастай рачулкі Сэрвачы.

Сюды, у гэты зацішны куточак Наваградчыны, недзе ўлетку 1818 года прывёз яго на брычцы ўніверсітэцкі сябра-філамат Тамаш Зан, які яшчэ ў час вучобы ў Менскай гімназіі пасябраваў са сваімі аднакласнікамі братамі Міхалам і Юзафам Верашчакамі.

Не думаў, не гадаў тады дзевятнаццацігадовы юнак, чым стане для яго гэтая закінутая між палёў сядзіба, якую буру пачуццяў будзе выклікаць у яго праз усё жыццё адна толькі яе назва - Туганавічы. І ўсё праз яе, Марылю, сястру Міхала і Юзафа...

Калі падыходзілі ўжо да шырокага ганка туганавіцкага дома, Адам Міцкевіч убачыў яе ўпершыню: яна, як расказваюць, толькі на адзін момант, нібы спуджаная птушка, мільганулася перад ім у сваім белым убранні, але гэты момант, гэтае ўбранне запомніліся яму назаўсёды.

Пры знаёмстве Марыля не зрабіла асаблівага ўражання на Адама Міцкевіча. Але паступова, сустракаючыся з ёй пад раскідзістым голлем туганавіцкіх ліп, чытаючы разам раманы Жан-Жака Русо і Гётэ, разважаючы пра літаратуру, пра жыццё, слухаючы яе ігру на фартэпіяна, ён адчуў, як цягне яго да гэтай мілай і непасрэднай дзяўчыны, як хочацца слухаць яе голас, яе смех.

Часта Адам з Марыляй пускаліся ў блізкія і далёкія вандроўкі па ваколіцах, любаваліся новымі, нязведанымі краявідамі, з ахвотай размаўлялі з сялянамі, адпачывалі ў іх бедных хацінах.

Не раз заводзілі іх сцежкі да незвычайнага цуду прыроды - возера Свіцязь, дзе чаравала невыказная чысціня азёрнай вады, зялёныя шаты вакольных лясоў, першародная ціша, якую парушала толькі птушынае шматгалоссе ды бясконцы пчаліны гул.

Аднаго разу Адам і Марыля падышлі да рыбака-селяніна з недалёкай вёскі, што сядзеў на ўзбярэжнай купіне і, закінуўшы ў возера вуду, пільна глядзеў на паплавок з хваёвай кары. Дзядзька аказаўся гаваркі. Ён цікава расказваў пра тутэйшыя мясціны, пра Плужынскі бор, сярод якога ляжыць возера Свіцязь.

- А як жа яно ўтварылася? - папытаў Адам у рыбака.
- О, гэта доўгая гісторыя...
- А вы раскажыце...

І рыбак з ахвотаю пачаў апавядаць пра тое, што чуў ад старых людзей: пра русалак, якія выходзяць з возера і заманьваюць сваёй красою маладых хлопцаў, пра тое, што некалі на месцы возера стаяў прыгожы белакаменны горад з залатымі макаўкамі цэркваў, горад Свіцязь, які аднойчы праваліўся ў зямлю і на яго месцы запляскалі азёрныя хвалі...

- Вось дзе паэзія! - усклікнула Марыля, даслухаўшы да канца рыбакова паданне, і, зазірнуўшы ў вочы Адама, папрасіла: - Напішы пра гэта, Адам...

Адам Міцкевіч, успамінаючы потым тую сустрэчу з рыбаком, прызнаваўся, што просьба Марылі напісаць пра пачутае была яшчэ адным штуршком, які скіраваў яго да невычэрпных крыніц народнай паэзіі.

Ад'язджаючы з Туганавіч у Коўна, дзе настаўнічаў пасля ўніверсітэта, Адам нёс воблік Марылі з сабой, адзін толькі ўспамін пра яе грэў сэрца.

І вось як гром сярод яснага неба - вестка: Марыля выйшла замуж за свайго нарачонага графа Ваўжынца Путкамера, што жыў у родавым маёнтку Уніхаў недалёка ад Туганавіч. Толькі цяпер зразумеў Адам Міцкевіч, што страціў.

Гасцюючы ў Вялікіх Салечніках на Лідчыне, непадалёку ад Бальценікаў, куды пераехалі жыць Путкамеры, Адам Міцкевіч пісаў Яну Чачоту: «Путкамеры жывуць толькі за мілю адсюль... Усяго адна міля! Гуляючы, я распытваў пра кожную дарожку, стараючыся трапіць на тую, што вядзе да Марылі - каб хаця глянуць у той бок. Але я сустрэў карэту і адразу адчуў, што там была Марыля. Не ведаю, што зрабілася са мной. Мы раз'ехаліся, нешта ў белым мільганулася на хвіліну. Я не мог адарвацца, не ведаю зусім, як дабраўся да месца...».

У Коўне Адам Міцкевіч збліжаецца з замужняй жанчынай прыгажуняй паняй Каралінай Кавальскай. Ён хоча ў яе абдымках забыць пра сваё каханне. Але гэта яму не ўдаецца. «Любая Марыля! - піша ён з Коўна. - Я цябе шаную і кахаю, як багіню. Каханне маё такое ж бязвіннае і нябеснае, як і сам яго прадмет... Але я не магу стрымацца ад страшнага хвалявання, калі падумаю, што я страціў цябе назаўсёды, што я буду толькі сведкам чужога шчасця, што ты забудзеш мяне: часта ў адну і тую ж хвіліну я малю Бога, каб ты была шчаслівая, хаця і забылася пра мяне, і адначасна гатоў закрычаць, каб ты памерла... разам са мной!.. Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім».

Гэта ўжо была бура, якая не месцілася ў грудзях, шукала выйсця. Выйсце тое яна знайшла ў славутых «Дзядах», вялікай драматычнай паэме, у сцэне з'яўлення ў ксяндзовай хаце пустэльніка Густава, звар'яцелага ад свайго нешчаслівага кахання, выбуховая сіла якога чулася ў кожным яго слове. У вобразе Густава сябры адразу пазналі самога Адама Міцкевіча, які таксама быў на грані вар'яцтва. Пра гэта застаўся цікавы ўспамін яго сябра-філамата Тэадора Лазінскага, дзе расказваецца пра спробу паэта выклікаць на дуэль Ваўжынца Путкамера.

Праз год пасля замужжа Марыля зноў сустракаецца з Адамам. Пры сустрэчах яна шчыра выказвае сваё шкадаванне, што яны не разам, што іх разлучыла нешчаслівая доля. І ён, паверыўшы, ізноў з усёй шчырасцю ідзе ёй насустрач, перапоўнены гарачай пяшчотай да свайго кахання. Яны сустракаюцца дзе толькі можна.

На Сёмуху, у пару росквіту зямлі, Адам Міцкевіч, запрошаны Марыляй, едзе ў Бальценікі і цэлыя два тыдні гасцюе ў Путкамераў. Ваўжынец Путкамер ставіўся вельмі паважліва да іх адносін. Ён добра разумеў, што рэўнасць тут была б дрэнным памочнікам. Добра выхаваны, высокай культуры чалавек, таксама былы выпускнік Віленскага ўніверсітэта, Путкамер зрабіў усё, каб Адам Міцкевіч адчуваў сябе ў яго сядзібе як добры госць. Пра тыя дні ў Путкамераў паэт так пісаў сябрам: «Нядаўна правёў з ёй два тыдні. Яе выгляд і размовы лепш за ўсё мяне супакойваюць. Што будзе далей - не ведаю».

Мусіць, прычына ў тым, што Марыля была з ім не толькі чулай, але, галоўнае, усяляк паказвала яму, і, відаць, шчыра, як яна пакутуе сама. Магчыма, яна заходзіла залішне далёка, калі, іграючы на фартэпіяна, напявала простую, але вельмі задушэўную беларускую народную песню:

Да цераз мой двор,
Да цераз мой двор
Цяцера ляцела.
Да не даў мне Бог,
Не судзіў мне Бог,
За каго я хацела.
З кім стаяла,
Размаўляла
Да падарачкі брала,
З каго кпіла,
Смяялася,
Сама таму дасталася.

Словы песні найлепей улагоджвалі, уціхамірвалі тую вялікую буру, якая бушавала ў грудзях паэта. Яна, гэтая шчырая, сціплая песня роднага яму беларускага люду будзе цяпер заўсёды ўспамінацца Адаму Міцкевічу ў яго выгнанні з радзімы, стане як бы яе сімвалам, будзе хораша саграваць яго душу ў далёкіх краях, бо гэтая песня - само прызнанне яго Марылі ў каханні. Невядома, як склаліся б адносіны замужняй ужо Марылі і Адама, калі б не падзеі, якія хутка навекі іх разлучылі. Гэта - выкрыццё царскімі ўладамі віленскіх згуртаванняў моладзі, з якімі Міцкевіч не парываў і пасля таго, як па сканчэнні ўніверсітэта вымушаны быў настаўнічаць у Коўне.

Восенню 1823 года яго з сябрамі арыштавалі і праз год выслалі з роднай зямлі ў глыбіню Расеі. Адам Міцкевіч трапіў спачатку ў Пецярбург, адкуль быў накіраваны ў Адэсу. Потым яму дазволілі прыехаць у Маскву і зноў у Пецярбург. Каля пяці гадоў прабыў паэт у Расеі. Тут ён пазнаёміўся з дзекабрыстамі К.Рылеевым і А.Бястужавым, з усімі славутасцямі расейскай літаратуры - А.Пушкіным, В.Жукоўскім, П.Вяземскім, А.Грыбаедавым, Я.Баратынскім, М.Глінкам і інш.

Усіх расейскіх літаратараў вельмі ўражвала высокая адукаванасць, эрудыцыя «певца Литвы». «Начытанасць яго была незвычайная, - успамінаў літаратар Ксенафонт Палявой. - Здавалася, ён прачытаў усё лепшае ва ўсіх літаратурах. Пра якога б паэта ці пісьменніка ні заходзіла гаворка, ён ведаў яго творы, цытаваў яго вершы і цэлыя старонкі. Помню, як на адным літаратурным абедзе ён здзівіў усіх, чытаючы па-грэцку розныя месцы з «Іліяды». Калі адзін з прысутных, які добра ведаў Гамера, пачынаў чытаць які-небудзь радок з паэмы, Міцкевіч тут жа падхопліваў наступны, як быццам уся «Іліяда» была ў яго памяці».

У тыя часы сярод інтэлігенцыі хадзіў жарт, у якім, відаць, была праўда: аднаго разу пры сустрэчы Пушкін, саступаючы Міцкевічу дарогу, сказаў смехам: «З дарогі, двойка - туз ідзе!» На гэта Міцевіч быццам бы адказаў так: «Казырная двойка і туза б'е!».

Адносіны расейскіх знаёмых да Адама Міцкевіча добра выказала ў сваіх успамінах Зінаіда Валконская, у салоне якой збіраліся дзеячы расейскай літаратуры і культуры і дзе адбываліся незвычайныя імправізацыі паэта: «... Нехта назваў чужую краіну, чужую для нас, святую для яго. Там маці ацерла ягоную першую слязу, там упершыню сэрца яго знайшло каханне, там паданні абуджалі яго геній, там думка і радзіма зрабілі яго паэтам!.. Вецер Літвы ўскалыхнуў струны эолавай арфы. Бард нязведаных прастораў узносіць магутную песню. Разлівае вакол сябе сваю думку і душу. Гаворыць, звяртаючыся да ўсіх, бачыць перад сабой толькі братоў. Фразы яго кароткія, палкія, энергічныя, здаецца, Бацькаўшчына ўслухоўваецца ў гэтыя словы, ганарыцца сваім талентам, бо яна сама ўсюды і заўсёды той горан, які яго азарае і сагравае: гэта агонь маці-радзімы, такі, які грэцкія каланісты неслі ў чужыя краі».

У 1829 годзе Міцкевічу ўдалося вырвацца за мяжу. Ён выехаў на захад, назаўсёды пакінуўшы «родную» імперыю. Паэт аб'ездзіў шмат краінаў Эўропы - Нямеччыну, Чэхію, Швайцарыю, Італію, Францыю. Жыў у Рыме, Дрэздэне, Жэневе. Потым назаўсёды пасяліўся ў Парыжы, дзе чытаў у славутым Каледж дэ Франс курс лекцый па славянскіх літаратурах, у якіх не забываў расказваць і пра культуру свайго краю, пра мову беларускага народа, называючы яе «сама багатай і сама чыстай». У эміграцыі паэт напісаў трэцюю частку сваіх «Дзядоў», у якой апавядаў пра сваё філамацкае юнацтва, пра турэмнае зняволенне. У 1834 годзе, жывучы ў Парыжы, Міцкевіч скончыў працу над сама значным сваім творам - паэмай-эпапеяй «Пан Тадэвуш», якая стала сапраўдным гімнам роднай зямлі, неўміручай песняй яго светламу няздзейсненаму каханню. Месца дзеяння паэмы - сядзіба Верашчакаў Туганавічы (паказана там пад назвай Сапліцова), дзе нарадзілася яго каханне, палі і лясы роднай Наваградчыны. Ды ўвогуле туга па радзіме чуецца ў кожным творы паэта, напісаным у эміграцыі.

Памёр Адам Міцкевіч у 1855 годзе ў Канстанцінопалі, куды прывяло яго жаданне змагацца за вызваленне Айчыны. Набальзаміраванае цела паэта перавезлі ў Парыж і пахавалі ў прыгарадзе. У 1890 годзе наш вялікі зямляк быў перазахаваны палякамі ў Кракаве, дзе труну з прахам паэта ўстанавілі ў падзямеллі кафедральнага сабора Вавельскага замка.

Вялікая заслуга Адама Міцкевіча перад нашай культурай у тым, што ён надзвычай высока ўзняў перад светам веліч і прыгажосць вуснапаэтычнай творчасці роднага беларускага народа, раскрыў багацце нашых традыцый і абрадаў. Агульнавядомыя выказванні паэта пра беларускую мову, якая ў яго час не была мовай літаратуры. Пры належных умовах Адам Міцкевіч, вядома ж, пісаў бы на мове свайго беларускага народа. Зрэшты, ёсць многа сведчанняў, што ў яго і сапраўды былі вершы, напісаныя па-беларуску. Але, будучы неапублікаванымі, яны наўрад ці змаглі да сённяшніх дзён захавацца. Тым больш, што знаходзіліся не зусім сумленныя міцкевічазнаўцы, якія лічылі непажаданым захоўваць матэрыялы, што паказвалі не ў «патрэбным» святле воблік вялікага паэта. Пра гэта сведчаць і польскія літаратуразнаўцы.

І ўсё ж, калі б хто і захацеў вытравіць усё беларускае з творчасці Адама Міцкевіча - гэта было б немагчыма. Яго мова, як прызнавалі і прызнаюць польскія міцкевічазнаўцы, - гэта мова беларускай апалячанай шляхты, рэгіянальная літаратурная мова «ўсходніх крэсаў», якую варшаўскія літаратурныя крытыкі пагардліва называлі «смаргоньшчынай». Густа перамешаную беларусізмамі мову твораў Міцкевіча, якую не заўсёды маглі зразумець у карэннай Польшчы, яны прымалі ў штыкі. «Вы для Літвы, а не для Кароны пішаце, - наракалі на нашых літоўскіх пісьменнікаў варшавякі ў адным з лістоў у Вільню, які быў апублікаваны ў газеце «Wiadomoњci Brukowe...» - менш дбаеце пра тое, ці вас у Варшаве будуць разумець, абы ў Вільні ды ў Літве вас разумелі» (цыт. паводле кнігі Сымона Брагі «Міцькевіч і беларуская плынь у польскае літаратуры». Нью-Ёрк, 1957, с.12).

Абараняючыся ад падобных нападак у яго адрас, ад абвінавачванняў у шырокім выкарыстанні беларусізмаў, паэт пісаў у 1828 годзе ў артыкуле «Пра варшаўскіх крытыкаў і рэцэнзентаў»: «Абвінавачвалі мяне галоўным чынам у псаванні польскага стылю выкарыстаннем правінцыялізмаў і замежныў выразаў. Прызнаюся, што я не толькі не асцерагаюся правінцыялізмаў (г.зн. «беларусізмаў». - К.Ц.), але, можа, свядома іх ужываю».

Уся творчасць Адама Міцкевіча прысвечана роднай беларускай зямлі. Вобразы яго паэзіі ўзяты з Наваградчыны і іншых мясцін Беларусі. У творах паэта мы бачым і рэальныя беларускія геаграфічныя назвы, пазнаём беларускія пейзажы. У паэтычных радках Адама Міцкевіча ва ўсёй велічы адбілася тагачаснае жыццё беларускага грамадства, наша мінуўшчына, чароўная прырода яго роднай Літвы.

Расказваючы пра сваю Літву-Беларусь, раскрываючы сама розныя бакі яе жыцця, Адам Міцкевіч і адрасаваў свае творы ў першую чаргу яе чытачам, ад іх чакаў ён спагады і разумення. Выдатнае сведчанне гэтаму - яго верш пра «помнік», напісаны як перайманне адпаведнага твора Гарацыя.

Таму беларусы і называюць Адама Міцкевіча сваім паэтам, сапраўдным песняром беларускай зямлі.



ПАЭЗІЯ


БУЛЬБА

Фрагмент

Зямля наваградская! Край мой родны!
Славутага пяра Трамбецкага1 ты годны!
Красой садам Гумані ты і Віслы роўны -
Не бачыць гэтага хіба дзівак вандроўны,
Што славіць толькі край, дзе ўсё ў прыродзе ззяе,
Хоць жыць там людзям мо яна і не спрыяе...

На краснай жа Русі2 - адкрытыя прасторы,
Яе не рэжуць прорвы і не дыбяць горы.
І для дароў Цэрэры3 плодная тут скіба,
І для жывёлы лепшая, чым дзе, сядзіба.
Жыхар абжытага пад ласкай сонца краю -
З душой высокаю, лагоднага звычаю.
Адсюль Міндоўг - на поўнач - нёс грамы праз далі,
Моц рымскіх сэрцаў тут Рэйтаны4 гартавалі.
Не прыдалася ж краю рыцараў паслуга -
Дык сталі ваяры апекунамі плуга.
Спрыяючы ратаю, надзяліла Неба
Яго вялікім дарам: шчодрая тут глеба!
Хоць ты з пяску яе брыльянтаў не насееш
І золата знайсці нідзе ў ёй не здалееш,
Хоць не ірдзее сад тут гронкамі такаю5,
Матыль індыйскі6 - ткач - лісцё не аплятае,
Хоць цвёрдую зямлю парою несухою
Не раз, не два варочаць трэба тут сахою,
Ды восень шчодра ўсё ж аддзячыць аратаю
Бурштынным зернем сандамірскага ўраджаю7.
На лузе - рык валоў, кароў ляных чароды
За андалузскую8 не горшай мо пароды.
Цвіці ж, прывольны край, зямелька Прынямоння,
Людзьмі славутая, дарамі тымі ўлоння.
Вітаю ўсіх, хто славіць край. Табе падзяка,
Род дэпутатаў соймавых, род Верашчакаў9!
Табе, наш графе, Шчорсаў гаспадар руплівы10,
Ты на зямлі сваёй, вучоны, творыш дзівы.
Праславіць іншы лірнік, больш падрыхтаваны,
Твае заморскія расліны ды фантаны,
Твой мудры скарб11, сабраны шчыраю рукою,
Твой люд заможны, горды воляю сваёю!
Я ж, просты вершапісец, проста, так, як знаю,
Табе, славуты Земляроб, вянок сплятаю...

...............................................

1819-1821


[ЯМБЫ да імянін Яна Чачота]

Урывак

О Ян! Б'юцца музы за верш твой, каб быў адмысловы!
Мне ж не памагаюць! Але - сам спяваць я гатовы!
Са мной ты заўсёды - я дома ці дзесьці на волі.
Каго ж больш люблю я, хто змалку мілейшы мне болей?
Яшчэ на парозе жыццёвым, у галасе вуліц,
Адны ў нас навукі былі, перапалкі і гулі.
І хто ж апроч нас з табой, Яне, так шумна сваволіў,
Што трэсліся тоўстыя сцены, здаецца, у школе?
І хто ж да нас белакаптурным так смела пярэчыў,
Пад палкі іх горда свае падстаўляючы плечы?..
Хаця пра чарцей мы спрачаліся да пасінення,
Хаця, пра душу маю дбаючы, ў часе малення
Мяне ты з аблокаў, куды я ўсё лётаў у марах,
Ізноўку вяртаў на зямлю, таўхануўшы ў карак,
Адны былі думкі ў нас, як і ў навуках рахуба,
Пакуль не ўхапіў цябе ў лапы свае Людвік Дзюба1.
Пачаў ты тады ўжо ад стоіцкіх цнот ухіляцца
І жыць не занадта набожна, жыццём захапляцца.
Тады, паднабраўшыся сіл, бы з крыніцы чароўнай,
Ва ўсім перамог ты Адама - фізічна й духоўна...

1819


[ПЕСНЯ]

Хай радасць з вачэй нашых блісне
І ўвенчыцца лаўрамі голаў!
Далонь даланю моцна сцісне!
Зноў разам мы! Наша тут кола!

Не возьмем мы хцівасць ва ўжытак -
Прэч, сквапнасці, пыхі насенне!
Наш сама высокі набытак -
Айчына, навука, сумленне!

Гэй, скінем жа з сэрца ўсе путы,
Брат брату душу хай раскрые.
З нас кожны - свабодны, раскуты.
Нам словы братэрства - святыя!

Адолеем мы назаўсёды
У гурце любыя нягоды.

У спевах, у келіхаў звоне
Развеюцца сэрца пакуты.
За плугам хай ты ці на троне,
Адно помні - нашы Статуты1!

Прысягу сяброўскую помні,
Няхай кожны дзень і імгненне
Табе свецяць словы, як промні:
Айчына, навукі, сумленне!

Хаця і не простай дарогай,
Мы дойдзем да сіняга рання:
Нам будзе тут Неба падмогай,
І мужнасць, і наша яднанне!

1819


СВІЦЯЗЬ

Балада

Міхалу Верашчаку1

Калі ты ў Наваградак трапіш, бывае,

Скіруй - не забудзь - на Плужыны2.
У пушчы, дзе сцежка гушчар расхінае,
Ты коней спыні ля альшыны.

Між дрэў, бы ў вяночку, адкрыецца воку

Там возера Свіцязь, як дзіва.
Як быццам хто шыбіну лёду звысоку
Сюды апусціў беражліва.

А здарыцца быць тут начною парою,

Застынеш, аддаўшыся чарам:
Рой зор над табою, рой зор пад табою
І месяцы два перад тварам!

Гадацьмеш: з-пад ног гэта ў неба нямое

Раўніна ідзе тут шкляная
Ці неба скляпенне сваё незямное
Пад ногі табе развінае.

Не можаш адрозніць у срэбным сутонні

Дно возера ўжо ад зеніту.
Як быццам вісіш ты ў нябесным бяздонні,
У нейкім разліве блакіту.

Прыемна так зрок падмануцца твой можа,

Калі цішыня тут пануе.
Ды пусціцца ўночы сюды ў падарожжа,
Хто толькі з адвагай сябруе.

Бо што ўжо нячысцік тут не вытварае!

З карчэўя глядзяць патарочы!
Ад страху дрыжыш, калі хто пра іх бае.
Не слухай пра іх супраць ночы!

А часам на возеры, дзесь пад вадою,

Бы чутна гаворка людская!
Жаночыя крыкі, шум грознага бою,
Званы б'юць, агонь выбухае.

Але ўсё ізноўку знікае ў імгненне -

На беразе толькі шум хвояў,
Ды з бездані быццам чыёсьці маленне
Да вуха даходзіць глухое.

Што б значыла гэта? Усякае людзі

Гадаюць - на дне ж не бывалі.
Дзе праўда, дзе выдумка ў згадках іх будзе -
Не скажуць і возера хвалі.

Пан блізкіх Плужынаў, у продкаў якога

І Свіцязь была ва ўладанні,
Задумаў раскрыць тайну з'явішча тога,
Дазнацца, ці праўдзяць паданні.

Заказваў прылады патрэбныя ў месце,

Пускаў многа грошай на гэта.
Звязалі ўжо невад тут локцяў3 пад дзвесце,
Чаўны ладзяць, баты4 ўсё лета.

Я раіў: пачаць бы - як робяць па сёлах -

Тут з Богам: хай прыме вітанні.
І пан заказаў мшу ў вакольных касцёлах,
Прыехаў ксёндз з Цырына ўранні.

На беразе стаў, апрануўшы арнаты5,

Усё акрапіў, пажагнаўся.
Пан знак падае тут - адчальваюць баты,
І невад пад хваляй схаваўся.

На дно паплаўкі пацягнуў ён з сабою,

У бездань - да сомаў і ліняў.
Канаты напяты: ідзе пад вадою
Паціху ўжо невад з глыбіняў.

Вось цягнуць на бераг яго хапатліва.

Што ў сецях? Вялізная рыба?
Магу расказаць, што злавілі за дзіва,
Ды толькі паверыце хіба?

Аднак раскажу я! Не рыбу спаймалі:

У сецях - кабета жывая!
Твар - ясны і гожы, а вусны - каралі,
Да плеч валасоў лён спадае.

На бераг ступае! Усе скамянелі

На месцы ад дзіўнай праявы.
У страху адгэтуль даць ходу хацелі,
Ды голас пачулі ласкавы.

«Вы знайце, малойцы, - казала кабета, -

Тут судны спускаць - грэх вялікі.
Глыб возера ўсіх, хто забудзе пра гэта,
Глыне - не памогуць і крыкі.

Ты, пан, з сваёй хеўрай праз час найкароткі

Ляжаў бы ўжо там, пад вадою.
Ды ў гэтым краі спяць усе твае продкі,
І з намі ты - родны крывёю.

Другі ваш ратунак - што з Богам сюды вы

Усё-ткі прыйсці не забылі.
Праз вусны мае ён вам, Бог літасцівы,
Раскрыць хоча возера былі.

Дзе ў тонях цар-кветкі блішчаць, як каралі,

Дзе дрэмле чарот той бязмоўны,
Дзе рэжа вясло ваша гэтыя хвалі,
Стаяў колісь горад чароўны.

Шмат меў ён красунь, вабны быў розным ханам,

Ды тут што ні муж - быў як віцязь.
Закладзены некалі князем Туганам6,
Квітнеў праз вякі горад Свіцязь.

Тады не шумелі тут пушчы з вятрамі,

Жаўцелі скрозь жыта, пшаніца,
Наваградак з даляў маячыў мурамі -
Літвы тагачаснай сталіца.

Ды ў год нейкі з войскам вялізным цар з Русі

Яе аблажыў быў надоўга.
Прыціхла Літва ўся: паддацца б не змусіў
Ён сілай сваёю Міндоўга.

Міндоўг, што вёў войска з далёкай граніцы,

Пісаў майму бацьку - Тугану:
«Мой друг, на табе - абарона сталіцы,
Дай бой тут жа царскаму стану!»

Туган прачытаў князеў ліст, і ў хвіліну

Загад быў пасланы: да зброі!
Збіраў увесь горад у спеху дружыну -
Пяць тысяч прызвалася вояў.

У трубы зайгралі, і коннікаў хмара

За князевым рушыла сцягам.
Ды раптам спыніўся Туган ля штандара,
Аддаўшыся думным развагам.

Ды к замку каня павярнуў баявога

І мовіў мне: «З местам што ж будзе?
Хто вас абароніць ад хціўца ліхога,
Калі не мячы нашы й грудзі?

А рушым усёй грамадою да бою,

Я ж вамі тады рызыкую.
Калі ж раздзялю сваё войска малое,
Ці ж сябру свайму памагу я?»

Сказала ў адказ я: «Баяцца не трэба:

Нас Бог зберажэ, ойча мілы -
Я сніла: над горадам нашым праз неба
Анёл пралятаў яснакрылы.

Ён Свіцязь азорыў мяча бліскавіцай

І пер'ем дзівосным, бы сонцам.
«Пакуль дзесь мужы, - мне сказаў, - будуць біцца,
Я стануся ў вас абаронцам».

Паслухаў Туган і да войска вярнуўся.

Ды ноч толькі свет ачарніла,
Здалёк тупат коней і голас пачуўся,
«Ура» нас усіх аглушыла.

Б'юць сцены таранам, грукочуць гарматы,

Град стрэлаў - што робіцца ў свеце?
Збягаюцца ў замак жанкі і дзяўчаты,
Дзяды і маленькія дзеці.

«У замак усе! - крык нясецца. - За намі

Русь валіць - хутчэй замыкацца!
Ах, лепей загінем, паб'ём сябе самі,
Чым лютаму ворагу здацца!»

У сэрцах людзей ужо гнеў заміж страху:

«Усе нашы скарбы - у стосы!»
І тут жа іх паляць - агонь вышай гмаху,
А крыкі ляцяць пад нябёсы:

«Хай будзе пракляты, хто смерці не хоча!»

Спыніць тут забойствы хачу я,
Ды ўсе пад тапор клалі голаў ахвоча -
Мяне ж аніхто і не чуе!

Што ж болей злачынна: тым ордам паддацца,

Надзець кайданы ўсім з пакорай
Ці самазабойцамі ў свеце нам стацца?
Што лепей, скажыце, што горай?

Як смерць лепш прыняць нам? Хто тут дапаможа?

Прасіла я продкамі ўсімі:
«Хай гром лепей спаліць наш горад, о Божа,
Ці возьме зямля нас жывымі!»

Тут яснасць дзівосная цемрыва ночы

Ушчэнт разганяе наўкола.
На дол, дзе стаяла, кірую я вочы,
Ды толькі не бачу ўжо дола.

У бездань пайшло ўсё. Цяпер што ні лета

Тут краскі цвітуць ля вясёлкі.
Знай: Свіцязі жонкі і дочкі ўсё гэта -
Іх Бог перакінуў у зёлкі.

Такія бялюткія гэтыя кветкі!

Нібы матылі над вадою!
Ліст - цёмна-зялёнага колеру: гэткі
У елкі пад снегам зімою.

Цнатлівасць жаночая ў кветках найчыстых

Ужо тут не знікне ніколі.
У вольнай цішы, між гаёў тых цяністых
Ніхто не кранецца іх болей.

Папробаваў цар быў і рускія зграі

Іх рваць пасля той перамогі -
Хто грудзі чароўнымі кветкамі маіў,
Хто шлем аздабляў імі строгі.

Ды кожны, хто кветак рукамі кранаўся -

Была ў іх нябачная сіла, -
У крук ад страшэнных пакутаў згінаўся,
І смерць яго тут жа валіла.

Час з памяці сцёр усе дзеі былыя,

Ды толькі пра дзень страшнай кары
І сёння расказваюць людзі старыя,
А кветкі здаўна клічуць - цары».

Паведаўшы ўсё, пані зноў адступае,

За ёй - тонуць баты і чоўны.
Б'е хваля аб бераг, чароты гайдае,
І лесам пабег шум няроўны.

І вось раздалася вада да глыбіняў:

Красуню ў абдымкі прымае,
Навек закрываючы хваляю сіняй...
З тых дзён - цішыня тут нямая.

1820


ГРАЖЫНА

Літоўская аповесць
Урывак

Дзьмуў вецер з поўначы. Згушчаўся морак,
Туман па доле слаўся. Месяц плыў высока -
Ён толькі зрэдчас з неба цёмнага, без зорак,
Між чорных хмар сваё паказваў вока.
І свет увесь пад месяца мігценне
Бы плыў кудысь - як і нябёс скляпенне.

Тым срэбрам месячным і замак цьмяны
Ззяў на гары наваградскай прымглёна.
Па дзёрне вала, па жарстве адхона
Шырокім слупам клаўся цень ламаны
І ў роў спадаў, дзе ад часіны весняй
Вада ўздыхала пад зялёнай плесняй.

Спаў горад. Без агнёў і ўвесь быў замак.
Адны не спалі толькі вартавыя
У вежах насцярожаных, у брамах.
Ды вось у полі, там, дзе верставыя
Слупы, раптоўна цені замільгалі:
Да замка людзі нейкія спяшалі!
Ды борзда так: іх неслі, пэўна, коні.
І штось блішчала там: былі ў броні!

Усё бліжэй стаў тупат, коней ржанне,
І вось тры рыцары праз лугавіну
Пад замак прыскакалі. У хвіліну
Адзін узняў ражок - на павітанне?
Ён тройчы пратрубіў на замак цёмны,
І з вежы варта рогам адказала.
Успыхнуў квач, загрукала завала,
І з ляскам апусціўся мост пад'ёмны.

Падбегла варта хутка - як заўсёды:
Скуль прыбышы? Што гэта ў іх за строі?
Быў у даспехах першы муж, пры зброі -
Яе звык немец браць здаўна ў паходы.
Чарнеўся крыж на белай апранасе,
Другі ў пятліцы залатой, пры боку -
Стальны палаш, кап'ё навідавоку,
Рог на шнурку, ружанец чорны ў пасе.

Ліцьвіны ўсеклі ўміг, што тут за цацка,
Цішком адзін на вуха сябру шэпча:
«Ды гэта ж ваўкадаў з гайні крыжацкай,
Што кожны дзень кроў прусаў, сыты, хлебча.
Калі б цяпер ніхто не бачыў з варты,
Я выкупаў бы ў багне псіну тую.
Пазнаў бы ён, чаго кулак мой варты».
Крыжак прыкінуўся, што й чуць не чуе.
Ды ён пачуў, бо ўспыхнуў не на жарты:
Хоць немец - мову зразумеў людскую!

«У замку князь?» - «У замку. Ды нікога
Ён не прымае ўжо: дарма спяшалі.
Да заўтра пачакае дзе ля стога
Пасольства хай». - «Да заўтра? Не, ні хвілі
Не можам мы чакаць! Вы князю Літавору
Пра нас, паслоў, цяпер жа далажыце!
Адказваць буду я, што ў гэтакую пору
Яго турбую. Толькі пакажыце
Пярсцёнак гэты. Герб яму адкрые,
Хто мы і клопаты ў нас тут якія...»

1823


ДА М ***

Верш, напісаны ў 1823 годзе

«Прэч з воч маіх!» Паслухаю цябе я.
«Прэч з сэрца!» Што ж, не пойдзеш супраць долі.
«Забудзь зусім!» Не, гэта не здалее
Закрэсліць наша памяць аніколі.

Вось цень - калі ён падае здалёку,
То болей долы чарнатою пляміць.
Так воблік мой: чым далей з відавоку,
Тым болей ён тваю туманіць памяць.

Мясціны, дзе гулялі мы з табою,
Дзе нашы мроі, слёз святло пад вязам,
Да скону дзён застануцца са мною,
Бо толькі там з табой навек мы разам.

Калі ў сваім пакоі задумёна
Струн арфы ты кранешся, як бывала,
Згадаеш: «Песню гэтую натхнёна
Я ў гэты ж самы час яму спявала».

У шахматы гуляючы без спешкі,
Заўважыш ты ў канцы: «Апошнім разам
На дошцы гэтак жа стаялі пешкі,
Калі вось так я з ім гуляла разам».

Калі на балі шумным, на хвіліну
Спачыць прысеўшы, ты перад сабою
Пустыя крэслы ўбачыш пры каміну,
Падумаеш: «Ён там сядзеў са мною».

Ці кнігу возьмеш ты, дзе жорсткасць долі
Два сэрцы маладыя разлучае, -
Чытаючы, ты здзівішся міжволі:
«Усё пра нас! Хто так усё гадае?»

Калі ж нарэшце, выбавіўшы з ліха,
Звядзе каханкаў аўтар літасцівы,
Патушыш свечку і ўздыхнеш ты ціха:
«Каб быў і ў нас такі канец шчаслівы».

Мільгне ўначы далёка бліскавіца,
І ў садзе дзесь сава дзіцём заплача
Ды будзе ў шыбу раптам ціха біцца,
Уздрыгнеш ты: «Душа яго, няйначай...»

Так, месцы, дзе гулялі мы з табою,
Дзе нашы мроі, слёз святло пад вязам,
Да скону дзён застануцца са мною,
Бо толькі там з табой навек мы разам.



САНЕТЫ

        Quand'era іn parte altr'uom
        da guel, ch'іo sono.

        Petrarka1

ДА ЛАУРЫ2

Ледзь зірнула ты, позірк твой чысты дзявочы
У душу мне запаў, нейкі родны, шчымлівы,
А цябе ўсю заліў быў румянец цнатлівы -
Распусцілася ружа сама пасля ночы.

А запела - мне слёзы замружылі вочы,
Даставаў аж да сэрца твой голас журлівы,
Бы табе памагаў сам анёл, што, зычлівы,
На гадзінніку неба збавенне прарочыў.

Калі сэрца крану тваё чым, ты прызнацца
Мне не бойся ўжо: я ж пра цябе толькі мрою.
Супраць нас будуць людзі і лёс - можа стацца,

Мо з другім пойдзеш ты пад вянец, не са мною.
Толькі ведай, о любая, - што мне хавацца! -
Заручыў Бог душу маю ў небе з тваёю.


* * *

Дзе ні йду я, з сабою ўвесь час размаўляю,
На людзях жа, свой плач прыглушыўшы, маўчу,
Сэрца б'ецца бязладна, і іскры ўваччу,
Пра здароўе маё ўсюды шмат хто пытае.

Ці глядзіць падазрона: мо з глузду з'язджае?
Цэлы дзень так блукаю, за сонцам сачу:
Як ратунку, чакаю я ночы - хачу
Ў сне забыцца, ды сон ад мяне ўцякае.

Я зрываюся з ложка, бягу стрымгалоў
Куды вочы глядзяць, я ў агні палымнею,
Тваю жорсткасць кляну цэлай лаваю слоў,

Ды цябе толькі ўбачу - раптоўна нямею,
Астываю, раблюся спакойным ізноў,
А пасля зноў гару я і ... зноў камянею.


* * *

У цябе не іскрыцца вучонасцю слова3,
І сама ты не ззяеш пыхлівай красой.
Прыглядзецца ж, дык ты - каралева, якой
Даў адзець хтосьці ўбор пастухоўскі часова.

Песні ўчора гучалі, лілася размова,
Ля равесніц тваіх - кавалеры гурмой,
Жарты сыпалі весела наперабой,
А ўвайшла ты - застыла на вуснах іх мова.

Так на балі, калі хор высока спяваў,
А танцоры віхурай віліся па залі,
Нечакана ў тым танцы ўвесь гурт застываў,

І не ведаў ніхто, з-за чаго ўсе пасталі.
Ды паэт падказаў: «Тут анёл пралятаў!»
І віталі яго, хоць не ўсе і пазналі.


СПАТКАННЕ Ў ЛЕСЕ

«Нарэшце! Доўга як!» - «Дарога затрымала
Мяне глухая: месяц ледзь свяціў над ёй.
Тужыла мо?» - «Яшчэ пытаешся, няўдзячны мой?
Я ад маркотных думак дзецца дзе не знала!»

«Дазволь абняць цябе... Бы іншаю ты стала?
Ты ўся дрыжыш! Чаму?» - «Не знаю, што са мной:
Баюся ў лесе пошуму, начы самой...
Ах, грэшым мы! Бяда б хоць нас не напаткала?»

«Зірні мне ў вочы: не, у позірку маім
І ценю ты не ўбачыш кепскага нічога.
Ну, хіба ж гэта грэх, што добра нам дваім?

Ты бачыш... Я з табой і гавару не многа:
Губляюся, увесь гару... Пасланым мне ад Бога
Цябе ўяўляю я анёлам незямным».


* * *

Асудзіць нас ханжа, распуснік асмяе:
Адны ў пакоі мы - о міг доўгачаканы!
Яна - сама краса, і я - так закаханы,
Ды голаў я схіліў, сляза ўваччу ў яе.

Гашу спакусы я, як і яна - свае:
Як быццам нас знарок заціснулі ў кайданы4,
Што злою доляй абаім наканаваны -
Бязладдзе ў сэрцах нам во ўжо яна снуе.

Ну што ў іх? Асалода? Боль? Калі мяне
Рукамі абаўеш ты і зірнеш з лагодай -
Назваць пакутай гэта? Не і не!

Калі ж мы слёзы льём - перад якой нягодай? -
Калі з уздыхам кожным нас бы нешта гне,
Ці ж звацьмем, любая, мы гэта асалодай?


РАНАК І ВЕЧАР

На ўсходзе сонца ў хмар вянку - дзівіся ранку!
А на заходзе бледны месяц твар азмрочыў.
Бутон раскрыла ружа, сонная шчэ з ночы,
Раса да долу гне фіялку-выхвалянку.

Лаура - у акне! Укленчыў я на ганку,
Яе чароўны голас чуць я так ахвочы:
«Чаму такія смутныя ва ўсіх вас вочы -
Фіялка, дружа месяц, мілы мой каханку?»

Я вечарам прыйшоў. Усё інакшым стала:
Вярнуўся месяц - ясны гэткі, зіхатлівы,
Зямной красой мяне фіялка чаравала.

Зноў за акном пачуў я любай смех гуллівы,
Вось і сама перада мной красуня стала.
І зноў я ўкленчыў - як і раніцай, тужлівы.


ДА НЁМАНА5

Рака маленства, дзе ты, Нёман мой,
Чые струмені браў калісьці я ў далоні?
Тут юнаком праз даль - што мне віры і тоні! -
Я ўслед за марай плыў тваёю сінізной.

Лаура часта тут, над гладдзю люстраной,
Любіла косы заплятаць, уквечваць скроні.
Яе адбітак любы сцішана ў сутонні
Я колькі раз муціў гаручаю слязой.

Мая рака, мой родны Нёман! Дзе твая
З дзяцінных год так сэрцу любая бруя?
Дзе шчасця слодыч, дзе вы, дзе надзеі, крозы?

Дзе маладосці бурнай выклік нецвярозы?
Дзе ты, мая Лаура, дзе сяброў сям'я?..
Усё прайшло...Чаму ж мае не пройдуць слёзы?!


СТРАЛОК

Я бачыў, як блукаў у одуме цяжкім
Юнак са стрэльбаю; во стаў ён над ракою:
«Як я хачу хаця б на міг сустрэцца з ёю,
Перш чым навек расстацца з краем дарагім!»

І тут... Хто скача на кані за ўзгоркам тым?
Яна. Дзіяна6!.. Хто б зраўняўся з ёй красою!
Спынілася! Глядзіць назад... Што за сабою
Шукае?.. А, яна гуляе тут з другім!

Стралок адскочыў, ледзь устояў на нагах,
Вачамі Каіна глядзеў... Пыліць дарога!
Забіў барзджэй зарад - на твары помста й страх -

І... стрэльбу апусціў - ці ж да бяды тут многа?
Ды пыл бліжэй, і зноў ён стрэльбу ўзняў - о жах!
Навёў туды... Ды не было там анікога!


АДМАЎЛЕННЕ

Няшчасны той, хто пра ўзаемнасць толькі сніць,
Няшчасны, у каго ў душы - нуда пустэчы.
Ды больш няшчасны той, чые з каханнем стрэчы
Ужо ў мінулым - іх ніколі не забыць!

Аб іх сумуе ён. Не могуць спакусіць
Яго ні смех красунь, ні зманлівыя плечы.
Калі ж кране душу найчысты позірк нечы,
Ля ног анёла ён не стане слёзы ліць.

Да ўсіх халодны ён, усімі пагарджае,
Багіню нават са спакоем абмінае,
З надзеяй светлай развітаўшыся навек.

І сэрца ў яго - як храм, што дажывае
Свой век: яму няма ўжо аніякіх лек;
Там жыць не хоча Бог, не можа чалавек.


ДА ***

Крадком глядзіш ты ў вочы мне - о бойся іх!
У іх прасвечвае - прыгледзься - яд змяіны!
Каб не клясці жыццё, хутчэй, анёл бязвінны,
Ты ўцякай далей ад згубных воч маіх!

Я шчырасць толькі захаваў шчэ з цнот былых,
З табой адкрыта ўсё разважыць мы павінны;
Адзін я жыцьму, і ў свой лёс без дай прычыны
Нашто ўплятаць цябе? За асалоды міг?

За міг адзін да скону чуць душой праклёны?
Ты - чысціня сама. Як гэткіх спакушаць?
Табе сярод сяброў смяяцца, пець, гуляць.

Мне ж толькі на цвінтар цяпер глядзець замглёны...
Табе, плюшч малады, таполі абвіваць,
А цёрн абдыме хай магільныя калоны.


* * *

Ох, любая! Мне памяць пра твае пяшчоты
Атручваюць трывогі, думак змрочных рой:
Што ў сэрцы ў цябе? Ці добра ўсё з табой?
Мо ўсё душу тваю спустошваюць згрызоты?

Ці асуджаць цябе, што воч сваіх ясноты
Ты адчыніла мне, што смех быў шчыры твой,
Што смела мне даверыла ты гонар свой,
Што ўліта шмат агню ў нашы дзве істоты?

З любоўнай прагай мы змагаліся ўсе дні,
Адны ў пакоі, дзе панадны змрок таіўся,
І паддавацца ёй не думалі ані.

Цяпер... Я абалью слязамі алтары ўсе
Не для таго, каб змыць свой грэх у цішыні,
А каб мне Бог пакутаю тваёй не мсціўся.


ДЗЕНЬ ДОБРЫ

Дзень добры! Ты так спіш - не буду я будзіць!
Твой дух, напэўна, у раі напалавіну:
Раздвоіўся, бы сонца, што ўвайшло ў хмурыну;
І ў ёй - паловаю - яно і нам зіхціць.

Дзень добры! Вейкі ты не можаш расчыніць.
Дзень добры! Промень ясны ўжо сну павуціну
Зняць хоча з воч тваіх; ты ўстанеш праз хвіліну.
Дзень добры! Сонца, глянь, ужо ў акно глядзіць.

Табе дзень добры нёс я, ды перад красою
Тваёй знямеў; як быць, не знаю сам:
З настроем ты ўстаеш? З ласкаваю душою?

Дзень добры! Дай руку - дзень гэткі свеціць нам!
А, ты адзецца хочаш? Што ж, іду з пакою.
Адзенься і прыходзь - табе «дзень добры» дам!


РАЗВІТАННЕ

Да Д.Д.

Адпіхваеш мяне? Што, мо любоў прапала?
Дык не было ж яе. Ці цнота тут віной?
Дык не відаць. Ці што з кішэняй я пустой?
Дык і без золата ж мяне ты мілавала.

Так, ад мяне дарункаў ты не наскладала,
Ды я за ласкі заплаціў другой цаной -
Я аддаваў душу табе, жар сэрца свой.
Чаму ж адпіхваеш мяне, хоць бы сказала?

Цяпер я ўведаў: ты хацела, каб спяваў
Красе тваёй я ў вершах славу безадмоўна,
Каб я тваім пустым капрызам дагаджаў!

Не, музы не купіць! Калі цябе гвалтоўна
Я ўзносіў на Парнас, як верш мой буксаваў,
Як камянеў пры імені тваім раптоўна!


ПРАБАЧЭННЕ

Я пра каханне пеў равеснікам сваім,
Той - ухваляў мяне, а той - шаптаў з дакорам:
«Зноў сум, зноў жаліцца ён месяцу ды зорам -
Яму спяваць, напэўна, больш няма аб чым.

Няўжо во гэтакім, як ён, немаладым,
Трызненнямі аднымі бавіццца не сорам?
Ці ж для таго паэт, каб кожным новым творам
Жаль наганяць, пець толькі аб сабе самім?»

Што ж, слушна! Я схапіў Алкея7 ліру ў рукі
І ладам тым, якім калісьці граў Урсын8,
Запеў хвалу багам, ды ўсе тут як адзін

Разбегліся, хто слухаў, - пэўна ж, ад дакукі!
І ліру ў Лету я шпурнуў - хай змоўкнуць гукі!
Такі ж паэт, як і слухач.

1825



КОНРАД ВАЛЕНРОД

Гістарычная аповесць
З «Апавядання вайдэлота1»

Глянь, ліцьвіны вунь едуць! Едуць з начнога набегу,
Са здабычай, што ўзята зброяй у замках ды ў цэрквах.
Сціжмы немцаў палонных ледзь паспяваюць за коньмі -
На іх шыях арканы, рукі ў іх звязаны моцна.
Зрок на Прусію кінуць - коцяцца з воч у іх слёзы,
Глянуць з страхам на Коўна - і толькі моляцца Богу.
Ёсць у горадзе Коўне пляц немалы Перуновы.
Там Літвы ўладары ўсе, з новай вярнуўшыся бітвы,
Паляць рыцараў-немцаў звеку на стосе ахвярным.
Смела едуць у Коўна два вунь палонныя толькі.
Першы - юны, прыгожы, ну а другі - пасівелы.
Ад крыжацкага войска самі яны падчас бітвы
Уцяклі да ліцьвінаў, дзе іх прыняў сам князь Кейстут2
Ды пад вартаю пільнай тут жа сказаў весці ў замак.
- Хто й адкуль вы? - пачаў ён там іх абодвух распытваць.
- Сам не ведаю, хто я, - гэтак адказваў малодшы, -
Нават імя не помню: дзіцем я немцамі ўзяты.
Помню толькі, што недзе ў месце вялікім літоўскім3
Дом стаяў наш бацькоўскі. З цэглы чырвонай, прасторны.
Места ж было ўсё драўляным. Помню, на ўзгорках стаяла.
А навокал узгоркаў цёмная пушча шумела.
У лясах тых бясконцых возера светла блішчала.
Шум аднойчы страшэнны нас пабудзіў сярод ночы.
Дзень у вокнах агністы ўбачыў я, шыбы трашчалі,
Дым клубіўся па гмаху, мы ўсе выбеглі з дому.
У агні ўвесь быў горад, іскры ляцелі пад неба.
Зычны крык тут пачуў я: «Немцы ў месце! Да зброі!»
Выбег бацька мой з мечам, выбег і больш не вярнуўся.
Немцы ў дом уляцелі. Вершнік пагнаўся за мною
І ўхапіў мяне з долу. Потым што стала, не знаю.
Толькі крык маёй маткі доўга йшчэ, доўга мне чуўся.
Не глушыў яго зброі бразгат, шуганне пажараў.
У вушах маіх немы крык той стаіць і сягоння.
І цяпер, калі ўбачу я дзе пажар, шум пачую,
Рэхам грому ў пячоры зноў адгукаецца крык той
У душы, уваскросшы. Вось што я толькі і помню
Пра Літву і радзіну. Часам я хіба ў трызненнях
Бачу любую постаць маткі, і бацькі, і браццяў.
Ды ўсё далей іх твары ўжо ад мяне адыходзяць,
І ўсё цямнейшай імглою іх засланяюцца рысы.
Дні дзяцінства ляцелі, жыў я між немцаў як немец.
Далі імя мне - Вальтэр, прозвішча Альфа ў прыдачу.
Ды пад імем нямецкім білася сэрца ліцьвіна,
Па сям'і ў ім застаўся жаль і да немцаў нянавісць.
Да сябе мяне ўзяў быў Вінрых, магістр крыжаносцаў4,
Ахрысціў мяне потым, песціў, як роднага сына.
Я ж тужыў у палацах і ўсё ўцякаў ад магістра
К вайдэлоту старому. Ён, вайдэлот наш, літоўскі,
Жыў даўно ўжо між немцаў, імі калісь паланёны.
Перагаворшчыкам быў ён у крыжакоў, у іх войску,
І калі ён дазнаўся, што сірата і ліцьвін я,
Да сябе мяне клікаў, пра Літву мне расказваў.
Мне душу, што балела, пераварочваў тады ён
Словам мовы айчыннай, гукамі роднае песні.
Ён вадзіў мяне часта сцежкай да сіняга Нёмна,
Дзе любіў я аглядваць мілыя горы айчыны.
А як пад замак ішлі мы, слёзы стары выціраў мне,
Каб не выклікаць імі там падазрэнняў. Ён помсту
Супраць немцаў распальваў. Помню, вярнуўшыся ў замак,
Нож вастрыў я таемна, з помслівай радасцю рэзаў
Дываны ды псаваў ім Вінрыхавыя люстэркі,
А на шчыт яго яркі кідаў гразёй ды пляваў я.
А як стаў юнаком я, са старым вайдэлотам
Часта плылі мы з Клайпеды лодкай пад бераг літоўскі.
Рваў я кветкі айчыны, і чараўнічы іх водар
У душы зноў абуджваў цьмяную згадку здалёку.
Ахмялелы тым пахам, зноў я вяртаўся ў маленства,
Зноў па бацькавым садзе бегаў з братамі малымі.
Вайдэлот памагаў мне ўспомніць наш дом, шчырым словам,
Прыгажэйшым за кветкі, ён маляваў край шчаслівы.
О як міла ў айчыне між сяброў і ўсіх родных
Я юнацтва б праводзіў! Колькі ж дзяцей так літоўскіх
На чужыне марнеюць, у кайданах крыжаносцаў!
Гэта чуў на лугах я. А на ўзбярэжжы Палангі,
Дзе грымотныя грудзі белае мора ўздымае
І пясок выкідае з пеністай пашчы шырокай,
Так стары гаварыў мне: «Бачыш лагі на ўзбярэжжы?
Як пясок аблажыў іх. Як духмяныя кветкі
Хочуць знізу прабіць тут гэты во саван смяртэльны!
Ах, дарэмна, бо зноўку сунецца гідра наносу,
Напаўзае на зёлкі, душыць падбеленым пузам,
Пашырае навокал дзікае царства пустыні.
Сыне! Рунь веснавая, што пад пяскамі так гіне, -
Гэта брацці ўсё нашы, родны народ наш, ліцьвіны.
А наносы ад мора - гэта ж той ордэн крыжацкі».
О як рвалася сэрца біць крыжакоў тады хіжых,
Як хацеў у Літву я! Толькі стары адгаворваў:
«Толькі рыцар свабодны, выбраўшы зброю свабодна,
Можа ў полі адкрытым біцца як з роўнымі роўны.
Ты ж нявольнік, і зброя толькі адна ў цябе - здрада.
Заставайся ж у немцаў, справе вайсковай вучыся,
Заваюй іх давер тут. Потым рабіць што - пабачым».
Я паслухаў старога, з войскам тэўтонаў падаўся.
Толькі ў першай жа бітве, ледзьве сцягі нашы ўбачыў,
Ледзь пачуў нашу мову, песню вайсковую люду,
Я рвануўся да нашых, клікнуўшы тут жа й старога.
Так і сокал, узяты гвалтам з гнязда яго ў клетку,
Як бы доўгай няволяй розум яго ні муцілі,
Ні вучылі, каб біў ён сокалаў-браццяў у бойках,
Ледзьве вырвецца ў неба, ледзь павядзе ён вачыма
Па нязмерных абшарах мілай блакітнай айчыны,
Ледзь дыхне вольнай воляй, шум сваіх крылаў пачуе, -
Лоўчы, кінь ужо ловы! - больш твой не вернецца сокал!
Скончыў хлопец, з увагай слухаў расказ яго Кейстут,
Слухаў разам з дачкою, юнай чароўнай Альдонай.
От і восень прыйшла ўжо. Дзень карацее імкліва,
І дачка Кейстутова вечарамі садзіцца
Між сясцёр і сябровак за самапрадку ці кросны.
Хутка спіцы мільгаюць - круцяцца ў такт верацёны.
І расказвае Вальтэр цуды аб землях нямецкіх
Ды аб сваёй маладосці. Што ні прыгадвае Вальтэр,
Ловіць вухам дзяўчына, у сваё сэрца ўбірае
І ў сваёй памяці носіць, нават у сне тое бачыць.
Там, за Нёманам, кажа Вальтэр, вялізныя замкі,
Носяць там гожыя ўборы, ладзяць цікавыя гульні.
На турнірах шматлюдных рыцары коп'і там ломяць,
З галерэяў дзяўчаты сочаць за імі з вянкамі.
Ён расказваў пра Бога, што валадарыць за Нёмнам,
Пра шчадроты і ласку мацеры Божага сына
І яе светлы вобраз на абразку ўсім паказваў.
Абразок той насіў ён сціпла на шыі заўсёды
І цяпер вось ліцьвінцы падараваў яго, рады.
Ён схіляў яе к веры, часта маліўся з ёй разам
І вучыў яе ведам, тым, што ў няволі набыў ён.
Навучыў яе нават быў і таму, чаго сам ён
Аніколі не ведаў: так, навучыў ён каханню.
Ды і сам з ёй вучыўся. О як ён слухаў з любімых
Вуснаў мову ліцьвінаў, родную мову дзяцінства!
З кожным словам ускрэслым быццам душа ажывала,
Нібы з попелу іскры, мілыя назвы ўсплывалі,
Саграваючы сэрца: крэўнасць і верная дружба
І яшчэ саладзейшы выраз: каханне, якому
На зямлі няма роўных, апроч слова - «Айчына».

1826-1827


ДА ***

На Альпах у Сплюгене, 1829

Ніколі на свеце мне ўжо не расстацца з табою!
На моры, за морам - ты ўсюды, ты ўсюды са мною!
На лёдзе альпійскім мне бачыцца след твой бліскучы,
Я чую твой голас у шуме каскадаў на кручы.
Аж дыбіцца волас: а раптам і праўда спаткаю
Цябе я вось тут? Я баюся той стрэчы й жадаю!
Няўдзячная! Тут, у гарах паднябесных, высокіх,
Дзе бездань чарнее ў тумане, вяршыні ў аблоках,
На вечных ільдах навярэдзіўшы ногі да стомы,
На хвілю спыніўшыся дзе ля грымотнае стромы,
На небе замглёным шукаю палярную зорку,
Шукаю Літву маю, дом твой, цябе на падворку.
Няўдзячная! Ты і цяпер мо, бясед каралева,
Вясёла рэй водзіш, як колісь, направа й налева
Свой смех рассыпаючы. З кім жа ты сёння ў пары?
Мо толькі смяешся цяпер з нашай чыстае мары?
А ў сэрцы што чуеш, калі тваіх вёсак сяляне,
Па-рабску гнучы свае спіны, завуць цябе - Паня?
Як спіш ты ў раскошы? Ці весела дзень сустракаеш?
Ты з памяці найдарагое ўжо, можа, сціраеш?
Скажы, ці шчаслівай была б ты, калі б на світанні
Са мной, закаханым, пайшла па дарогах выгнання?
Ах, я за руку цябе вёў бы па гэтых во скалах,
Я песні спяваў бы табе - толькі б ты не прыстала!
Я кінуўся б смела ў рэк бурапенных струмені,
Пад ножкі твае падкладаў бы ў вадзе я каменне,
Каб не замачыла іх раптам! А ў холад шчыплівы
Я рукі б твае саграваў пацалункам, шчаслівы.
А потым начлег мы знайшлі б пад гуральскай страхою.
Цябе б я плашчом ахінуў. Нам бы бліскаў з табою
Агонь на камінку. Пасля б ты пры полымя ззянні
Заснула й прачнулася б там на плячы ў мяне ўранні!

24 верасня 1829


СМЕРЦЬ ПАЛКОЎНІКА1

На палянцы зялёнай, між думных бароў,

Дзе пад клёнам хацінка старая,
Бы застыў у зняменні атрад ваяроў:
Іхні там камандзір памірае.

Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот.

Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай,
Раз яму спагадае так просты народ,
Пра яго ўсё пытае ды плача.

Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў

І прывесці бліжэй, да парога.
Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў
Ён на друга свайго баявога.

Загадаў свой прынесці паходны мундзір,

Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі.
Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір,
Развітацца, як колісь Чарнецкі2.

А калі ўжо ад хаты каня адвялі,

Ксёндз туды ўвайшоў з панам Богам.
Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі,
Ціха ўкленчыўшы перад парогам.

Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах.

Нават воі Касцюшкі былыя,
Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях,
Слёз сваіх не хавалі, сівыя.

Рана-рана ў капліцы званіць пачалі.

Ды хаваць камандзіра жаўнеры
Не змаглі: наляцелі якраз маскалі...
У капліцы для ўсіх - насцеж дзверы.

Там ляжаў ён на лаве - ў спакоі чало.

У руках яго - крыж, збоч - нягнуткі
Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі - сядло.
Люд дзівіўся: такі маладзюткі!

Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...

Хто ж мог знаць, што баёў завадатар
Быў ... дзяўчынай! Была - слёз не трэба, жанкі, -
То ліцьвінка Эмілія Плятэр!

1832


ПАН ТАДЭВУШ,
АЛЬБО АПОШНІ НАЕЗД НА ЛІТВЕ

Шляхецкая гісторыя 1811-1812 гадоў
у дванаццаці кнігах вершамі
Урывак

Літва! Мая Айчына! Ты - нібы здароўе:
Цябе той цэніць, хто ўжо страціў. Зноў і зноў я
Табою мрою, зноў ты ў снах перад вачыма.
Вярнуць цябе хачу я ў слове хоць, радзіма.

О Матка Боская, што ў Чанстахове ў храме
Глядзіш спагадліва, што ў Вострай свеціш Браме,
Што беражэш Наваградак мой з верным людам!
Як ты ў жыццё мяне калісь вярнула цудам1
(Я ледзь жывы быў маткай да тваёй апекі
Аддадзены - і ты ўзняла мае павекі;
Зноў я, ўваскрошаны, ісці мог да парогу
Святыні, каб падзякаваць за гэта Богу),
Так нас вярні з выгнання на зямлю Айчыны.
Перанясі душу маю адсюль, з чужыны,
Да ўзгоркаў тых лясных, да тых лугоў зялёных,
Над сінім Нёманам раскінутых, прымглёных,
Да тых палёў, размаляваных пад блакітам
Пшаніцай залатой ды серабрыстым жытам,
Тых, дзе свірэпка, як бурштын, у грэчцы белай,
Дзе рдзее дзятлавінка дзеўчынкай нясмелай,
А ўсё абведзена, бы стужкаю, мяжою
З ігрушай-дзічкай, што стаіць там сіратою...

Між тых палёў, над ручаём, што прабягае
Праз лог, на ўзгорку, між бярозавага гаю
Калісь быў двор шляхецкі, дом стаяў драўляны
З пабеленымі сценамі, падмураваны.
Тых сценаў белізну шчэ адцянялі болей,
Вакол пастаўшы вартай, цёмныя таполі.
За домам, чыстым, акуратным, за кустамі
Гумно вялікае стаяла са снапамі.
Ды нівы плён не ўвесь змясціўся пад страхою:
Відаць былі яшчэ тры сцірты за сцяною.
Яшчэ па копах, што блішчаць, бы зоркі, ўсюды,
Па безлічы плугоў, што чарназёму груды
З вясны тут рэжуць роўненька, нібы для градак,
Відаць: у тым двары - дастатак і парадак.
Адчыненая ж брама, што вяла да дому,
Казала: шчыра рады госцю тут любому...

1832-1834


(Пераклад на ангельскую)


EXEGI MUNIMENTUM AERE PERENNIUS...

З Гарацыя

Вышэй мой помнік за шкляны ў Пулавах дах1.
Перажыве й Касцюшкі склеп2 ён, Паца ў Вільні гмах3.
Яго не зможа й бомбай Віртэмберг4 разбіць
І хцівы аўстрыяк нямецкай штукай зрыць,
Бо ад Панарскіх гор і ковенскіх нябёс
Далей за Прыпяць люд імя маё панёс.
Чытае дружна Менск, Наваградак мяне,
Мой верш перапісаць юнак не праміне.
Мяне ў фальварку змеціш ты ў руках дзяўчат,
Як лепшых кніг няма - маім маёнтак рад.
На злосць шпікам цара5 зноў па шляхах глухіх
Жыд праз кардон вязе ў Літву стос кніг маіх.

Парыж, 12 сакавіка 1833 г.
Верш, натхнёны візітам Фран. Гжымалы.


КАЛІ Я, ТРУП ЖЫВЫ...

Калі я, труп жывы, з ашклелым вокам
Сяджу між вас, у гэты час блукае
Душа мая далёка, ах, далёка
І наракае ўсё, ах, наракае.

Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў,
Мілейшага - мне не знайсці другога.
Мне ўсе радня там - болей чым крывёю,
Там сэрцу гэтак многа дарагога!

Туды штоміг - хай праца ці забавы -
Ўцякаю я. Сяджу там пад дубамі,
Як некалі, кладуся ў звонь, у травы,
Ганяюся ізноў за матылямі.

Там бачу ў белым зноў яе скрозь далі.
Бяжыць у лес яна да нас ад ганка,
Ляціць праз поле - тоне ў жытняй хвалі,
З-за гор далёкай свеціць мне заранкай1.

1839-1840



ПУБЛІЦЫСТЫКА


ПРА РАМАНТЫЧНУЮ ПАЭЗІЮ

Існуе адно старое і для мастакоў вельмі карыснае правіла: апублікаваўшы твор, трэба спакойна і моўчкі чакаць прысуду вопытных знаўцаў, каб вызначыць каштоўнасць выкананай работы і помніць карысныя парады для наступных твораў. Але калі б хто-небудзь на аснове чужога вопыту прадбачыў, што яго твор, хоць і выдатна напісаны, будзе крытыкавацца толькі за тое, што аўтар выбраў для пераймання тыя, а не іншыя ўзоры, што ён далучыўся да той, а не да іншай школы, - тады ён павінен быў бы растлумачыць, у сваё апраўданне, чаму ў выбары формы для свайго твора ён вырашыў пайсці насуперак думцы пэўнай колькасці гледачоў, слухачоў ці чытачоў. Якраз з гэтых меркаванняў, выпускаючы ў свет свой томік балад і народных песень, якія звычайна адносяць да рамантычнай паэзіі, што ўсё яшчэ аддаюць анафеме многія паэтычныя суддзі, тэарэтыкі і нават самі паэты, - я адчуў патрэбу выступіць з прадмовай, калі не як мастак, то хоць бы ад імя тых мастакоў, род творчасці якіх быў прадметам і маіх вопытаў. Я мяркую, што выканаю свой абавязак, калі замест аспрэчвання папрокаў з процілеглага боку пакажу разгледжаны мною прадмет у сапраўдным выглядзе, калі замест абароны рамантычнай паэзіі пакажу яе ўзнікненне, абмалюю яе характар і тут жа звярну ўвагу на найбольш значныя яе ўзоры. Але для таго, каб паказаць з усёй яснасцю, як узнік род паэзіі, названы рамантычным, як ён удасканальваўся і як, нарэшце, дасягнуў сваёй самастойнасці і закончанасці, патрэбна выявіць тыя выключныя ўмовы, якія ўздзейнічалі на яго і спарадзілі, і паказаць іх адрозненні ад мноства іншых умоў, што выклікалі да жыцця іншыя роды паэзіі. Трэба шукаць прамую залежнасць і паслядоўнасць падзей, паказаць, як услед за пераменамі ў пачуццях, характары і меркаваннях народа адбываюцца перамены і ў самой паэзіі - праўдзівага выказвальніка спрадвечных імкненняў народаў. Такім чынам, намер даць характарыстыку народнай паэзіі міжволі прыводзіць да неабходнасці зрабіць шэраг заўваг адносна іншых паэтычных родаў - ці, правільней, прымушае глянуць на агульную гісторыю паэзіі, прынамсі, наколькі гэтага патрабуе выбраная тэма і дазваляе аб'ём уступнага артыкула.

Не ўсе, аднак, народы могуць тут прывабіць нашу ўвагу: з старажытных перш за ўсё і больш за ўсё павінны цікавіць нас грэкі. У адносінах да народжанай фантазіяй творчасці, яе ўзнікнення і развіцця грэкі як народ, вядома, павінны мець агульныя рысы з іншымі народамі. Але калі такое падабенства можна знайсці ў гэтай галіне, то яно выяўляецца толькі ў сутнасці твораў, агульнай для ўсіх народаў; самі ж творы, калі разглядаць іх з пункту гледжання формы і той ролі, якая ім была прызначана, выдзяляюць грэкаў і ставяць іх вышэй за іншыя народы.

Усе народы ў перыяд свайго дзяцінства багатыя на казкі і байкі. З'явы прыроды, якія выклікаюць здзіўленне, але якія не зразумелыя слабаразвітаму мысленню, растлумачваюцца дзівосамі; выдуманыя для іх тлумачэння таямнічыя сілы - духі ў чалавечым ці звярыным абліччы; пачуцці, моцныя перажыванні, таксама ўвасобленыя і пададзеныя ў дзеянні; падзеі, нават сапраўдныя, аздобленыя выдумкай, - вось з чаго часткова складаецца казачны свет, магчыма, агульны для ўсіх народаў. Ён ствараецца маладой, гарачай, але яшчэ не аформленай фантазіяй, якой памагае ў гэтым мова, на першым часе звычайна грубая, пажадлівая, здольная маляваць абстрактныя ўяўленні ў матэрыяльных рэчах. Але гэты казачны свет быў у грэкаў больш шырокі, багаты і разнастайны, чым у іншых народаў, таму што фантазія ў грэкаў была больш жывая і плённая, чым у каго б там ні было, а грэцкая мова перагнала іншыя сваёй гнуткасцю, багаццем і выразнасцю.

Аднак гэтым пытанне не вычэрпваецца. Казачны свет стаў з часам тэмай разнастайнай, невычэрпнай і вельмі прыдатнай для прыгожых мастацтваў у сама высокім значэнні гэтага слова. Дзякуючы шчасліваму збегу акалічнасцяў у Грэцыі з'явілася больш, чым дзе б там ні было, творчых талентаў; абуджаныя самой прыродай сваёй краіны, яны скіравалі свае пачуцці і фантазію на пошукі ўсяго прыгожага, дасканалага ў форме і чароўнага як у паэзіі, так і ў музыцы, танцах, жывапісе і іншых відах мастацтва. Акрамя таго, грэкі, якія даўно займелі волю, вясёлыя, актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця, прасякнутыя пачуццём нацыянальнасці ва ўсёй яго сіле, маючы выключныя прыклады дабрадзейнасці, не маглі не дасягнуць сама высокага ўзроўню маральнага развіцця і таму развівалі ў сабе і здольнасці іншага роду, якія вызначалі характар высокай маралі.

Нарэшце розум грэкаў, узвышаны, цікаўны, настойлівы і дапытлівы, пачаў рана шукаць ісціны: яны ўдасканальваліся бесперапынна ў разважаннях, рухаючыся ўперад рознымі, але часцей за ўсё арыгінальнымі шляхамі. Такім чынам, у іх абуджаўся філасофскі дух, яны навучыліся мысліць глыбока і паслядоўна, і тым самым развіваўся, умацоўваўся і гартаваўся іх розум.

Дык вось, калі разумовыя здольнасці грэкаў дасягнулі ў сваім развіцці поўнай гармоніі, калі жывое ўяўленне было ўведзена ў рамкі вытанчанасцю пачуцця і спеласцю розуму, яно зрабілася здольным у творы мастацтва спалучаць веліч з прастатой, дасканаласць формы з разнастайнасцю, красу з лёгкасцю. Развіты такім чынам творчы талент грэцкага мастака, звярнуўшыся да старажытнага казачнага свету, хутка здолеў стварыць яго наноў. Ён адкінуў грубае, пачварнае, рэзкае, прывёў у парадак разнастайныя і змешаныя ўяўленні, звязаў іх і пабудаваў з іх стройнае цэлае. Гэтыя ўяўленні, аб'яднаныя ў адно цэлае, адцягненыя ці разумовыя, заўсёды адлюстроўваліся грэкамі ў выглядзе прадметаў пачуццёвых, але дасканалых і закончаных, вартасці якіх маглі быць спасцігнуты і ўвасоблены толькі розумам, гэта значыць ідэальна. Так з казачнага свету ўзнік ідэал свету пачуццёвага, інакш кажучы, свет міфалагічны. Яго стварыў, як мы адзначалі раней, талент майстра-мастака, што расцвіў у абставінах гарманічнага развіцця ўсіх разумовых сіл, незвычайных ужо самой сваёй прыродай.

Свет гэты не быў пазбаўлены мэты і прызначэння. Грэцкія майстры, адлюстроўваючы ў творах прыгожых мастацтваў сюжэты, узятыя з міфалагічнага свету, імкнуліся такім чынам уздзейнічаць на ўзвелічэнне і ўдасканаленне ўсіх тых разумовых сіл і здольнасцяў свайго народа, якія альбо стваралі гэты свет, альбо садзейнічалі яго стварэнню. Паколькі ж творчы талент грэцкага мастака з'яўляўся вынікам раўнавагі паміж фантазіяй, пачуццём і розумам, творы мастацтва ў грэкаў мелі строга разлічаную правільнасць як у кампазіцыі, так і ў знешняй апрацоўцы; гэтыя якасці і падобны характар прыгожых мастацтваў атрымалі назву грэцкага, альбо класічнага стылю. Стыль гэты панаваў у век Перыкла1 і дажыў яшчэ да часоў Аляксандра Вялікага2.

Усё сказанае намі пра талент мастака і характар прыгожых мастацтваў у Грэцыі, вядома, адносіцца і да паэтычнага таленту, і да паэзіі ў асаблівасці; дададзім толькі, што паэт заўсёды быў у сваім мастацтве больш свабодны, чым іншыя мастакі, мог паспяхова карыстацца больш разнастайнымі сродкамі і ўздзейнічаць на больш шырокія народныя масы. І праўда, грэцкія паэты ў сама бліскучы перыяд развіцця іх мастацтва заўсёды пелі для народа; у іх песнях адбіваліся пачуцці народа, яго думкі і ўспаміны, аздобленыя выдумкай і ўвасобленыя ў прывабную форму, дзякуючы чаму яны моцна ўздзейнічалі на захаванне, умацаванне і наогул на фармаванне народнага характару.

Пазней, з пераменай абставін, калі пачуцці, характар і энергія народа пачалі траціць сваю сілу - з ходам часу, пад уплывам чужаземцаў ці ў выніку грамадскіх узрушэнняў, якія пазбавілі краіну яе ранейшага значэння і волі, - тады і паэтычны талент траціў сваю веліч, а паэзія - свой ранейшы характар і высокае прызначэнне. Паэты адыходзілі ад народа, які не меў ужо ніякага значэння ў палітыцы і сустракаў пагардлівыя адносіны да сябе, іх вабілі цяпер палацы ўладароў, дзе яны складалі свае ліслівыя песні альбо слаба, безгустоўна, выкарыстоўваючы болей вопыт, чым паэтычнае натхненне, трымаліся ранейшых класічных узораў, што пацвярджаецца шматлікімі прыкладамі з эпохі Пталамея3. Такім чынам, паэзія, што была некалі народнай патрэбнасцю, зрабілася забаўкай эрудытаў альбо гультаёў.

Пасля грэкаў другім праслаўленым у старажытнасці народам з'яўляюцца рымляне, якіх нельга абысці маўчаннем, кранаючыся гісторыі паэзіі. Але тут народ гэты не можа надоўга прыцягваць нашу ўвагу, бо яго першабытныя звычаі і жыццё стваралі менш спрыяльныя ўмовы для развіцця паэзіі. Лацінскія народы, натурай сваёй дзікія і суровыя, ваяўнічыя і драпежніцкія, на працягу доўгага часу, калі і мелі народную паэзію, то яна павінна была заставацца ў грубай прастаце, без значнага ці нават без усякага ўплыву на цывілізацыю гэтых народаў. Толькі пасля ўстанаўлення ўзаемаадносін з Грэцыяй грэцкая паэзія пачала ўздзейнічаць на паэтычнае пачуццё рымлян, але адбылося гэта ў той час, калі народ быў прыніжаны і ў краіне пераважаў уплыў арыстакратаў, для якіх асноўнай прыкметай вышэйшага тону стала знаёмства з грэцкай мовай і літаратурай. Хутка ў Рыме з'явіліся шматлікія паэтычныя таленты, якія, аднак, толькі перакладалі грэцкія творы ці наследавалі ім, поўнасцю захоўваючы дух і нават форму грэцкай паэзіі. Нават міфалагічныя ўяўленні былі цалкам перанесеныя з Грэцыі ці змешаныя з мясцовымі міфамі. Цяпер, такім чынам, чыталі паэзію на лацінскай мове, але па сутнасці гэта была паэзія грэцкая, толькі адзетая ў лацінскія словы, прычым чытала яе толькі арыстакратыя, мізерная частка народа. У рымлян фактычна не было паэзіі, бо не было народнай паэзіі, якая ўздзейнічала б на характар і культуру ўсяго народа і магла б выканаць сваё прызначэнне. Так што ў рымлян чужая культура, якую яны перанялі ў грэкаў, перарвала натуральнае развіццё культуры нацыянальнай, а грэцкая паэзія стала перашкодай самабытнай рымскай паэзіі, якая, можа, яшчэ развілася б.

Пасяліўшыся на руінах Рымскай імперыі і змяшаўшыся з мясцовым насельніцтвам, паўночныя орды павінны былі рана ці позна абудзіць сваю заснулую на доўгія часы фантазію і знайсці ў сабе сілы стварэння абсалютна новага роду паэзіі. Орды гэтыя мелі, верагодна, у той ці іншай ступені свае ўласныя, ім уласцівыя, пачуцці, паняцці, міфічныя ўяўленні і легенды, але ў іх асяроддзі не з'яўляліся паэтычныя таленты, якія маглі б так бліскуча, як некалі грэкі, выкарыстаць казачны свет, уплываць на паляпшэнне нораваў, ачышчаць і ўмацоўваць нацыянальны характар. Развіццю такіх паэтычных талентаў перашкаджалі шматлікія прычыны. Дзікае ці вандроўнае жыццё паўночных народаў, змешванне адных народаў з другімі, узаемнае ўсвойванне ўяўленняў, павер'яў, звычаяў і зваротаў мовы прывялі да таго, што паўночная міфалогія, хоць яна і развівалася ў некаторых краінах, больш багатых на паэзію, ніколі самастойна не вызначылася, міфічныя ўяўленні не склаліся ў адно прыгожае і гарманічнае цэлае ці ў сістэму міфічнага свету: там заўсёды адчуваліся бясформеннасць, пачварнасць, адсутнасць парадку, сувязі і адзінства. З гэтых жа прычын і мова тых народаў доўгі час заставалася грубай, яна магла быць моцнай у выразах, але не вылучалася дакладнасцю і пэўнасцю. Паколькі, аднак, становішча гэтых народаў нечакана і хутка змянілася, што заўсёды дабратворна для паэзіі, пакуль не ўсё яшчэ ўстанавілася, то і паэзія, ідучы заўсёды за пераменамі, прымала ўсё больш устойлівы характар. Новыя пачуцці і ўяўленні, уласцівыя самім варварам, так званы рыцарскі дух і звязаныя з ім павага і любоў да прыгожага полу, чужыя грэкам і рымлянам, строгае выкананне законаў гонару, рэлігійны экстаз, міфічныя паданні і ўяўленні варварскіх народаў, былых язычнікаў і нядаўніх хрысціян, змешаныя ў адно, - вось тое, што складае сярэдневяковы рамантычны свет, паэзія якога таксама называецца рамантычнай. У паэзіі гэтай быў свой пэўны характар, падначалены толькі мясцовым уплывам суровых і эмацыянальных нарманаў, вясёлых мінезінгераў4, уражлівых трубадураў5. Знешняе афармленне, гэта значыць мова, якая была мешанінай паўночных і рымскай моваў, атрымала назву раманскай, ад чаго пасля і гэтую паэзію, і дух часу назвалі рамантычнымі.

Канчатковае зліццё германскіх і скандынаўскіх народнасцяў з рэшткамі рымскага племені, сутыкненне пачуццяў і ўяўленняў новага свету з пачуццямі і ўяўленнямі старажытных павінна было ў сваю чаргу ўздзейнічаць на характар чалавецтва, а адсюль і на характар паэзіі. З моманту больш глыбокага азнаямлення з класічнымі ўзорамі грэкаў і рымлян паэты-вучоныя не маглі заставацца да іх абыякавымі, а, усяляк выкарыстоўваючы іх, стварылі розныя паэтычныя школы і розныя роды паэзіі. Адны, наследуючы сюжэты старажытнай гісторыі, спрабавалі распрацоўваць іх у поўнай згодзе з грэцкай манерай як сутнасцю, так і формай (Трысіна6), але, яшчэ недастаткова асвоіўшыся з класічнай літаратурай і недастаткова набраўшыся духу старажытнасці, былі здольныя пераняць толькі агульную будову, інакш кажучы, вонкавыя формы старажытных. Другія, улічваючы настроі веку, у якім яны жылі, імкнуліся браць сюжэты з рамантычнага свету, знаходзіць адпаведную кампазіцыю, аднак пры распрацоўцы асобных частак, а таксама ў мове ісці за старажытнымі ўзорамі (Арыоста7). Іншыя, нарэшце, выбіралі як бы прамежкавы шлях: сюжэт, змест ці матэрыял, рамантычны па сутнасці, яны ўкладалі ў строгія класічныя формы, асабліва трымаючыся дакладнасці ва ўсіх дэталях пабудовы твора і ўпрыгожанняў у знешняй яго апрацоўцы (Таса8).

Сярод такой разнастайнасці метадаў кожны з паэтаў, калі ацэньваць іх з пункту гледжання мастацтва, настолькі набліжаўся да сваёй мэты, наколькі яму дазвалялі талент і натхненне. Але калі мы звернемся да народа, для якога яны пісалі, то выявіцца, што тыя творы, у якіх паэты імкнуліся захаваць грэцкі дух і форму, не маглі выклікаць шырокай цікавасці з прычыны таго, што веданне старажытнай літаратуры было слабое; у той жа час паэты, якія прадстаўлялі ў прывабнай форме народныя паданні, былі найбольш папулярнымі. Яны пракладалі шлях для тых, хто ўносіў у рамантычны свет усё болей парадку, гармоніі і красы.

Пералічаныя намі роды паэзіі, паколькі яны ўзнікалі пры новым парадку рэчаў у тагачаснай Эўропе, павінны былі і самі станавіцца новымі і зусім не падобнымі на паэзію старажытнасці. Перш за ўсё яны знайшлі сваё развіццё ў Італіі, дзе раней і больш паспяхова, чым у іншых краінах, пачалі цікавіцца побач з нацыянальнай паэзіяй таксама класічнымі навукамі.

У суседняй з Італіяй Францыі народная рамантычная паэзія ў гэты час ужо знікла. Правансальскія трубадуры перавандравалі ў двары багатых асоб, але нядоўга захоўвалі там сваё значэнне, набытае сярод народа. Французскія князі і вяльможы, якія хутка ўспрымалі бляск свецкага жыцця, знаходзілі мала прывабнага ў вясковых і простанародных песнях, што не адпавядалі прыдворнаму тону. Неўзабаве, пасля ўмацавання каралеўскай улады і аслаблення феадальнай сістэмы, каралеўскі двор стаў цэнтрам усеагульнай увагі. Там усё было падначалена этыкету, трохі змякчанаму французскай лёгкасцю: прыватныя гурткі пераймалі тон двара, асаблівасцю якога было падпарадкаванне правілам этыкету, таемнасць, амаль дыпламатычная ветлівасць, праўда, прывабная, але цырыманіяльная і строга разлічаная ў залежнасці ад абставін і значэння людзей. Адначасова з вонкавым бляскам па меры развіцця навук шырылася і асвета. Захапленне ў Італіі старажытнасцю перадалося дзякуючы ўмацаванню сувязяў і французам. Вучоных, а за імі і ўвесь адукаваны клас, мацней і мацней прываблівала ўсё грэцкае і рымскае; але нельга сказаць, каб гэтыя грамадскія колы паглыбляліся ў іх гісторыю і бралі з яе якія-небудзь важныя ісціны палітычнага ці маральнага плана, а проста імкнуліся наследаваць грэкам і рымлянам - наследаваць жа, як тады разумелі французы, азначала ўспрымаць вонкавыя формы і тон старажытных.

Пры такім становішчы рэчаў той, хто хацеў падабацца Францыі, гэта значыць Парыжу, павінен быў, каб яго не назвалі дзіваком і педантам, прыстасаваць вастрыню свайго індывідуальнага характару да пашыранай моды, павінен быў трымаць свой талент у цуглях, стрымліваць фантазію і пачуццё, бо ўсякае парыванне, усякае бурнае захапленне зневажала прыстойнасць двара, які аддаваў перавагу дасціпнасці і разважлівасці; нарэшце, ён абавязаны быў згодна з модай і звычаямі наследаваць у мастацкіх творах грэкам і рымлянам хаця б настолькі, наколькі прыдворныя Генрыхаў і Людовіка9 наследавалі Катонам і Фламініям10.

Такім чынам, паэты, падначальваючыся павевам часу, звярталі сваю ўвагу не так на прыроду і характар чалавека, як на характар парыжан, трапна і па-майстэрску высмейваючы парушэнні прыстойнасці, моды і звычаяў; этыкет, які панаваў у вышэйшым свеце, яны ўводзілі ў свет фантазіі і падпарадкоўвалі творчасць правілам, вельмі прадуманым і прыгожа выказаным; нарэшце, забаўлялі каралеўскі двор і Парыж. Так узнікла і расцвіла сатыра, а разам з ёй дыдактычная паэзія. Гэтак жа, як французская культура таго часу, якая насіла на сабе адбітак бляску пры адначасовым росце і развіцці вышэйшых здольнасцяў - развагі і дасціпнасці, рэзка адрозніваючыся ад грэцкай і сярэдневяковай культуры, - так і французскі паэтычны свет, выкліканы да жыцця збегам іншых абставін і дзейнасцю розумаў, інакш выхаваных, з'явіўся ў абсалютна новых формах, зусім не падобных на свет міфалагічны і рамантычны. У першым з іх мы бачылі сканцэнтраваную гармонію і як бы ўраўнаважаныя пачуццё, фантазію і развагу, у другім пераважалі ніжэйшыя ўласцівасці; а апошні, гэта значыць французскі, які можна было б назваць светам адносін вышэйшых класаў грамадства, светам умоўнасцяў, знаходзіцца ва ўладзе развагі, дасціпнасці і фармальнасці.

У выніку гэтага не было там месца ніякім смелым выдумкам, якія б сягалі за межы сапраўднасці, ніякім паданням казачнага характару. Там аддавалі перавагу сюжэтам гістарычным, прычым, незалежна ад таго, наследаваліся яны са старажытнасці ці з сярэднявечча, іх заўсёды прыстасоўвалі да французскай манеры. Калі ў такой атмасферы фармаваліся таленты мастакоў, развіццё іх творчай сілы і імкненняў магло ісці толькі па новым шляху, ім уласціваму. У паэзіі, на якой мы галоўным чынам канцэнтруем увагу, фантазія, як нам здаецца, не магла зрабіць ніводнага самастойнага кроку і імкнулася служыць іншым уласцівасцям розуму. Падначаленае розуму, яно па меры магчымасці падфарбоўвае дыдактычныя правілы і гістарычныя факты, а ў апісальным жанры прытрымліваецца шляху, які пракладзены сістэматычнай разважлівасцю, і, кружачы заўсёды ў непасрэднай блізкасці да зямлі, малюе ўбачаныя прадметы з навакольнага свету ці, калі казаць больш дакладна, здымае з іх партрэты, праўда, закончаныя па каларыце, але архетактанічныя, занадта падобныя на свой арыгінал, а таму безжыццёвыя. Калі ж часам фантазія ўзносіцца вышэй, то шукае ў краіне выдумкі матэрыял, з якога дасціпнасць стварае халодныя, але ўсё больш любыя публіцы пабудовы ці алегарычныя эмблемы.

Аднолькава скаваная была і другая сіла - пачуццё. У пытаннях адносна маралі і грамадзянскага абавязку французскія паэты паўтараюць сваімі вуснамі ўсё тое, што па-сапраўднаму адчувалі сэрцы грэцкіх паэтаў, гэтак жа як александрыйскія рытары паўтаралі Перыкла і Дэмасфена11. Там жа, дзе даводзіцца выказваць сама вытанчаныя пачуцці сэрца, ад пісьменнікаў веку Людовіка ХІV заўсёды вее духам рамантычнай сентыментальнасці, але занадта рафінаванай, занадта выштукаванай. У абодвух жа выпадках да палкага тону дамешваюцца развагі і досціпы ў максімах і ў антытэзах. Створаныя гэтакім чынам творы мастацтва, па сутнасці сваёй французскія, форму мелі грэцкую, але перанятую не ў геніяльных майстроў, а ў старажытных тэарэтыкаў* , да таго ж часам змененую. У трагедыі, напрыклад, у грэкаў цікавасць трымаецца на моцных характарах, лірычным пафасе і класічнай дакладнасці стылю, а ў французскай драматургіі яна залежыць ад пэўнай пабудовы і заблытанасці дзеяння: так простую грэцкую кампазіцыю замяніла так званая драматычная інтрыга. Нарэшце, з пункту гледжання вонкавага ўбрання, гэта значыць стылю, мы паставім побач класічную, рамантычную і французскую паэзію, а матэрыю, змест і кампазіцыю твора будзем разглядаць як цела і дух паэзіі, дык стыль можна будзе параўнаць з адзеннем, і тады мы ўбачым новыя адрозненні, адпаведныя характару вякоў і народаў.

Грэцкае адзенне, велічнае і ў той жа час лёгкае, як само паветра, згіналася і складвалася ў залежнасці ад любога руху цела; таму ў выяўленчым мастацтве такой важнай часткай твора з'яўляецца грэцкая драпіроўка, успрынятая ўсімі мастакамі, - яна прыдавала многа выразнасці і прыгажосці статуям і карцінам. Мова грэкаў, якая валодае гэтакімі ж вартасцямі, складае важную частку іх паэзіі, ці так званы класічны стыль, які разглядаецца нават незалежна ад самога прадмета. Сярэднія вякі, якія не ведалі такой прыгажосці, усё ж уражвалі своеасаблівым адзеннем. Шырокія плашчы шатландскіх горцаў, стальныя даспехі рыцараў, пер'і і родавыя колеры са знакам крыжа ці са стужкай адрознівалі героя крыжовых паходаў. У рамантычным паэтычным стылі гэтак жа дакладна пануе смеласць у пабудовах, хоць і меней гнуткая, побач з прастатой такая ж магутнасць і суровасць, а ў выявах бляск і часам пыхлівасць. Нарэшце, французскае адзенне, вельмі простае і аднастайнае, аднолькава прыдатнае для герояў, саноўнікаў і танцораў, яго разнастайнасць бачыцца толькі ў нязначных упрыгожаннях. Французскае адзенне, найбольш прыстасаванае для паўсядзённага жыцця, а таму і ўсюды прынятае, сталася ўсё ж непрыдатным для мастакоў. Драматычныя акцёры і аратары, адзетыя ў французскі касцюм, вымушаны прадумана разлічваць свае рухі, бо кожны больш парывісты жэст, не змякчаны драпіроўкай, будзе здавацца залішне вуглаватым і рэзкім. Скульптар альбо жывапісец не адважваецца адзець статую ці карціну ў французскі касцюм, бо пад ім схаваецца і знікне ўся краса складу і прапорцый цела. Такія вартасці і недахопы французскай мовы. З яе дапамогай можна выказаць любую думку і пачуццё, калі яно не вельмі смелае і парывістае, бо ў выніку недахопу змен у сінтаксісе і выразах усякая незвычайнасць уражвае слых. Дакладная і ясная ў выкладанні не абстрактных навук, лёгкая і зручная ў звычайнай размове, а таму і шырока распаўсюджаная ў паэзіі, яна праз сваю залішнюю правільнасць робіцца вельмі рабалепнай і аднастайнай, калі ёю выказваецца развага ці сэрца.

Тое ж адрозненне, якое мы бачылі паміж светам міфалагічным, сярэдневяковым і ўмоўным, бачым мы і паміж французскай паэзіяй, паэзіяй класічнай і рамантычнай. Песнапенні грэкаў натхняў грамадскі дух, паэзію рамантыкаў - рыцарскі, паэтаў Людовіка ХІV - прыдворны. Першыя звярталіся да ўсяго адукаванага народа, другія - да воінаў і да народных мас, апошнія імкнуліся толькі пацешыць больш адукаваны клас. Грэкі давялі паэтычную мову да высокай ступені дасканаласці; паэты-рамантыкі ўпрыгожылі нязграбную мову смелай фантазіяй і палкім пачуццём; паэзія ж французская траціла ўсе сілы на вонкавую аздобу, яна не мела свайго стылю і была заўсёды празаічнаю.

Цяпер выступіць у гісторыі эўрапейскай паэзіі прыйшла чарга народу Вялікабрытаніі, вельмі не падобнаму сваім характарам на іншыя народы, аддзеленаму ад іх морам і ў выніку гэтага менш падатнаму чужым уплывам. Надзеленыя жывым пачуццём і фантазіяй, ваяўнічыя шатландцы і саксы не маглі не зацікавіцца паэзіяй. Міфалогія гэтага народа атрымала больш дасканалую апрацоўку, чым якая іншая: да гэтага прычыніліся друіды13 і барды14. Хоць хрысціянства знішчыла ўяўленні гэтага народа, тым не меней разам з рэлігіяй, узгадаванай на грэцкай і рымскай глебе і адтуль перанесенай у Англію, не так лёгка было перанесці туды і паэзію грэкаў і рымлян. У Англіі, пры яе феадальным ладзе, даўнейшыя звычаі і традыцыйная павага да народных паэтаў захаваліся ў больш чыстым выглядзе і даўжэй, чым дзе б там ні было. Народ, які ўдзельнічаў у палітычным жыцці і амаль у бесперапынных ваенных паходах, любіў рыцарскія песнапенні, ажыўленыя нацыянальным пачуццём і прыстасаваныя да мясцовых умоў. Магутныя герцагі і багатыя феадалы знаходзілі ў паэзіі бардаў гісторыю сваіх продкаў. Таму ў Англіі даўжэй, чым у іншых народаў, развівалася народная паэзія, а шатландцы захавалі яе да гэтага часу.

Пры такім становішчы і схільнасцях народа Вялікабрытаніі тагачасныя паэты, улічваючы ўсеагульны настрой і імкненні, паўтаралі і распрацоўвалі народныя песні. Такім чынам склалася школа Чосера15, тым жа духам вее і ад драматычных твораў, якія потым паўплывалі на нацыянальны характар. Вялікі Шэкспір, правільна названы сынам пачуцця і фантазіі, выхаваны выключна на народных узорах, пакінуў у сваіх творах ясны след свайго індывідуальнага генія і настрояў стагоддзя. Праніклівы знаўца чалавечага сэрца, ён смелымі і праўдзівымі штрыхамі маляваў натуру чалавека ў новаствораным родзе драматычнай паэзіі, галоўнай адметнай прыкметай якога з'яўлялася барацьба пачуцця і абавязку - адно з праяўленняў рамантычнага свету. Менш шчаслівым быў Шэкспір у апрацоўцы сюжэтаў з грэцкай і рымскай гісторыі, бо тады немагчыма было дасканала вывучыць характары і дух старажытных народаў. Шэкспір ведаў чалавека, але не ведаў ні грэка, ні рымляніна, ні англічаніна.

Між тым у Англіі ўводзіўся свецкі бляск. У Сен-Джэмскі палац16 перавандраваў версальскі этыкет17, а з ім і французскія густы. Школе Чосера і Шэкспіра давялося адступіць перад мудрым Попам18, прыбраным у строі Адысонам19, дасціпным Свіфтам20. Паслядоўнікі гэтых славутых пісьменнікаў, якіх чым было болей, тым меней таленавітых, выклікалі заняпад англійскай паэзіі. Ад гэтага заняпаду яна адышла толькі ў наш век дзякуючы з'яўленню двух геніяў: Вальтэра Скота і Байрана. Першы прысвяціў свой талент гісторыі свайго народа, ствараючы народныя аповесці рамантычнага свету, па-класічнаму распрацаваныя, успрыняў народныя паэмы і стаў для англічан Арыостам. Байран, ажыўляючы свае вобразы пачуццём, стварыў новы род паэзіі, у якім дух палымяных перажыванняў прабіваецца ў жывых рысах фантазіі. Ён у празаічным жанры быў такім жа, як Шэкспір у драматычным.

Гэтыя сама розныя якасці паэзіі, якія мы прасачылі, здаецца, усе да аднаго атрымалі сваё развіццё ў нямецкай школе, як найбольш позняй. З паловы мінулага стагоддзя ў Нямеччыне пачалі з бляскам выступаць вялікія геніі. Перад імі адкрылася шырокае поле дзейнасці, чаму спрыяла шпаркае развіццё навук і ўвогуле культуры ў нямецкіх краінах, асабліва паўночных. Дзякуючы таму, што глыбокае вывучэнне старажытных, а таксама сучасных моваў атрымала шырокае распаўсюджанне, з'явілася магчымасць выкарыстаць у роўнай ступені грэцкія, італьянскія, французскія і англійскія ўзоры. Не дзіўна таму, што нямецкія паэты, беручы сюжэты з класічнага ці рамантычнага свету, часам у адных - дух і сутнасць, у другіх - форму, манеру выкладання, і, падпарадкуючы ўсё гэта сваім індывідуальным настроям, паказалі сябе ў сваіх творах разнастайнымі і непадобнымі адзін да аднаго. Аднак нямецкая школа мае свае пэўныя рысы, у большай ці меншай ступені праяўленыя ў розных паэтаў. Немцы, асабліва з часоў рэфармацыі, схільныя да высокіх імкненняў і сентыментальнасці, аддаючыся развагам пра паляпшэнне духоўнага жыцця людзей і грамадскіх слаёў і філасофствуючы пры дапамозе больш паглыбленых паняццяў, навучыліся ўвасабляць пачуцці і ідэі ва ўсё больш абстрактныя і агульныя формы. Акрамя таго, дух, які жывіць немцаў, касмапалітычны, ён аднолькавы не толькі ў адной якой краіне ці ў народзе, але і ва ўсім чалавецтве. У паказе вытанчаных пачуццяў сэрца рыцарская сентыментальнасць узвышана імі амаль да ідэальнай чысціні. Паэтычны свет немцаў можна, такім чынам, назваць ідэальным, разумным светам, які рэзка адрозніваецца ад свету міфалагічнага; рысы яго найбольш выразна выступаюць у творчасці вялікага Шылера.

З гэтага агляду гісторыі паэзіі, хоць і зробленага вельмі бегла і ў агульных рысах, можна пераканацца, што рамантычная паэзія зусім не з'яўляецца нашым вынаходніцтвам, як хочуць яе лічыць некаторыя, а што яна ўзнікла, гэтак жа, як і ўсе іншыя роды паэзіі, з уласных настрояў народаў, што творы ўласна рамантычныя, у поўным значэнні гэтага слова, трэба шукаць у сярэдневяковых паэтаў. Усе больш познія творы, якія залічваюцца да рамантычных, па сутнасці ці пабудове, па форме ці па стылі належаць часта да іншых родаў паэзіі, вельмі не падобных адзін да аднаго. Калі ж, не ўлічваючы гэтай разнастайнасці, мы ўстановім больш агульную класіфікацыю, то яна будзе абсалютнай і непрыдатнай.

Некаторыя пісьменнікі ва ўсёй паэтычнай літаратуры бачаць толькі класіцызм і рамантызм і, разглядаючы творы ўсіх паэтаў, ад Арфея21 да Байрана, як класічныя ці рамантычныя, кладуць адных направа, другіх налева. Тады, з аднаго боку, «Іліяда» становіцца побач з «Генрыядай»22, гімны ў гонар алімпійскіх герояў каля французскіх одаў да нашчадкаў, да часу і г.д., а з другога - эпас «Кніга герояў» і «Нібелунгі»23 сутыкнуцца з «Боскай камедыяй» Дантэ і песнямі Шылера. А што да такіх, напрыклад, твораў, як «Месіяда»24, санеты Петраркі, «Вызвалены Іерусалім», «Герман і Даратэя» Гётэ і ўся французская паэзія, то проста немагчыма зразумець, куды яны былі б аднесены на гэтым страшным судзе. Вось якую карысць прыносіць паэтыцы агульная і няпэўная класіфікацыя; яна і ў прыватных момантах можа выклікаць такую ж блытаніну, калі, як той гамераўскі Нестар, пачне дзяліць натоўпы на народы*. Усіх пісьменнікаў аднаго племені, напрыклад немцаў, ён запіша ў рамантыкі, аднолькава Лесінга25, як і Шылера, Віланда26 і Гётэ, Гагедорна27 і Бюргера28 - Tros Italusve fuat29. Альбо аднаму пісьменніку ён прыпіша быць абавязкова рамантыкам, напрыклад Гётэ, хаця яго «Іфігенія ў Таўрыдзе», на думку знаўцаў, з усіх сучасных твораў больш за ўсё падыходзіць да класічнай паэзіі грэкаў, а яго «Таса» спалучае рамантычны дух з класічным стылем, хаця той жа Гётэ амаль ва ўсіх сваіх творах паўстае кожны раз іншым і бясконца разнастайным.

Уся трываласць гэтакай класіфікацыі і паспешлівых высноў тлумачыцца тым, што крытыкі паэзіі, якія падхапілі ў нямецкіх тэарэтыкаў выразы «класіцызм» і «рамантызм», прылучаюць да іх свае ўласныя меркаванні, а таму сцвярджэнні іх не будуць дастаткова зразумелыя да таго часу, пакуль пісьменнікі гэтыя не пачнуць ужываць тэхнічныя выразы ў агульнапрынятым іх значэнні ці не растлумачаць, у якім сэнсе яны іх ужываюць. Альбо калі мы прымем выразы «класіцызм» і «рамантызм» у значэнні Шлегеля, Бутэрвека і Эбергарда30, якія першыя ўвялі гэтыя тэрміны ў тэорыю і далі ім сваё вызначэнне, калі характэрнай асаблівасцю рамантычнай паэзіі мы прызнаём адлюстраванне ў ёй духу часу, светапогляду і пачуццяў народаў у сярэднявеччы, - то ў такім выпадку выступіць супраць рамантызму зусім не азначае выступіць супраць паэтаў, гэта значыць аб'явіць вучоную вайну рыцарскім народам, звычаі і подзвігі якіх апявалі паэты.

Больш таго, гэтак жа як у цяперашняй Эўропе захаваліся паняцці і знаходзяць водгук многія пачуцці рыцарскіх часоў, так і ў многіх сучасных творах розных жанраў можна заўважыць у той ці іншай ступені рысы рамантызму. Калі б хто-небудзь захацеў цалкам знішчыць у паэзіі гэтыя рысы, давялося б спачатку змяніць характар народаў, што ўжо не ва ўладзе тэарэтыкаў, альбо даказаць, што сюжэты, заснаваныя на ўяўленнях і пачуццях рамантычнага свету, не паддаюцца ўдалай паэтычнай распрацоўцы, а гэта абвяргаецца прыкладамі гэтулькіх выдатных паэтаў-рамантыкаў*. Калі ж мы аспрэчым вызначэнні нямецкіх тэарэтыкаў і прыпішам рамантызму нейкі іншы сэнс, калі мы, напрыклад, убачым яго сутнасць у адхіленні канонаў і ўвядзенні ў паэзію чарцей, тады папрокі праціўнікаў такога рамантызму будуць справядлівыя і неаспрэчныя.

Каб пазбегнуць падобных двухсэнсоўных сцвярджэнняў, лепш было б, ухваляючы ці крытыкуючы які-небудзь род паэзіі, пачаць з пераліку пісьменнікаў і іх твораў і паказу іх вартасцяў і недахопаў. Бо крытычная ацэнка не можа абапірацца толькі на крытыку саміх правілаў. Крытык, які пажадаў бы на аснове захаванага ўрыўка «Паэтыкі» Арыстоцеля вынесці прысуд адносна Гамера, Арыоста, Клапштока і Шэкспіра, быў бы падобны на суддзю, які на аснове законаў Салона31 ці дванаццаці табліц32 узяўся б вырашаць справы грэка, італьянца, немца і англічаніна. З гэтага зусім не вынікае, што крытыка прыгожых мастацтваў не павінна грунтавацца на справядлівых і цвёрдых прынцыпах. Гэтак жа як у свеце маралі існуюць адны законы, заснаваныя на сумленні кожнага справядлівага чалавека ва ўсе часы і ва ўсіх народаў, але ёсць і іншыя, зацверджаныя заканадаўцамі адносна тых ці іншых абставін і здольныя мяняцца разам з духам часу і звычаямі, - так і ў свеце фантазіі ёсць істотныя і натуральныя для мастацтва правілы, якія паэтычны інстынкт можа і абавязаны захоўваць ва ўзорных творах любога роду, у той час як іншыя крытычныя ўказанні, заснаваныя на заўвагах адносна асобных твораў, павінны падлягаць зменам у сувязі са зменамі ў разумовых настроях і характары мастацтва.

Калі эстэтычная крытыка ўлічыць усё гэта, адносячы кожны твор да адпаведнай эпохі і людзей, яна не будзе з несправядлівай упартасцю вышукваць і падкрэсліваць памылкі аднаго напрамку; для крытыкаў, якія разглядаюць мастацтва не толькі з эстэтычнага, але таксама з гістарычнага, філасофскага і маральнага пункту гледжання, усе напрамкі будуць аднолькава вартымі ўвагі, бо кожны твор - плён чалавечай творчасці, у якім мы знаходзім адлюстраванне рысаў удасканаленага ў розных накірунках чалавечага розуму, а перш за ўсё ў тых напрамках, мэтай якіх з'яўляецца выключна сам чалавек, яго звычаі і пачуцці. Такім чынам, важным і вельмі цікавым ва ўсіх адносінах будзе як увесь род рамантычнай паэзіі, так і яго асобны від: народная паэзія. Нам яшчэ застаецца сказаць некалькі слоў спецыяльна пра яе, але больш шырокае апісанне народнай паэзіі, а канкрэтней - нацыянальнай народнай паэзіі, мы пакідаем на другі раз.

Мы ўжо згадвалі вышэй, што ў сярэднявеччы ў народзе былі распаўсюджаны сказанні і песні. Характар іх павінен быць больш ці менш аднастайны, уласцівы ўсяму роду паэзіі: сюжэты браліся з рыцарскай гісторыі і аздабляліся выдумкай; пачуцці да прыгожага полу выяўляліся ў сентыментальных фразах ці вясёлых жартах; мова была натуральная і простая, радок прыстасоўваў гэтыя творы да спеву. Гэты шырокі род паэзіі ўключаў мноства асобных відаў, што мелі розную назву - песні, сагі33, laіs, vіrelaіs, sіrvantoіs і г.д. Найбольш распаўсюджаны былі балады і рамансы. Назва «балада», здаецца, упершыню з'явілася ў Італіі (canzone a ballo) і адносілася да ўсіх без выключэння вясёлых песень, на што ўказвае сам выраз ballare (танцаваць). У іспанцаў, у якіх шырока працвітала народная паэзія, балада была вядома толькі пад назвай рамансаў (romanses). Французы, праўда, адрознівалі баладу ад іншых відаў, але не столькі па сутнасці і характары, колькі па будове страфы і верша. Якраз таму многія з песень Маро34, якія трэба было б аднесці да мадрыгалаў і рамансаў, называліся баладамі; таму Буало35 кажа, што дасціпным прыпевам ці незвычайнай рыфмай вычэрпваюцца ўсе вартасці гэтага роду паэзіі.

Зусім іншы характар, дакладны і пэўны, мае англійская балада - гэта кароткае апавяданне, сюжэт якога ўзяты з паўсядзённага жыцця альбо з рыцарскіх паданняў і ў якое для ажыўлення звычайна ўводзяцца дзівосы рамантычнага свету; тон англійскай балады - меланхалічны, стыль сур'ёзны, мова простая і натуральная. Барды і менестрэлі перанеслі гэты від балады з шатландскіх і ірландскіх гор на раўніны Англіі, а народныя паэты любілі збіраць гэтыя балады, апрацоўваць альбо на іх узор складаць новыя. Англійская літаратура налічвае больш двухсот збораў гэтага роду. Аднак з часам, калі дух лонданскай паэзіі пачаў мяняцца і развівацца іншым шляхам, з'явіліся балады, зусім не падобныя да народных, вясёлыя і дасціпныя (Коўлі36, Праёр37), а сярод іх былі часам і такія, што парадзіравалі старадаўнюю баладу (Свіфт). Аднак густ гэты панаваў нядоўга; спачатку Роу38, а потым Гей39, Дэвід Мелет40, асабліва Персі41 і Вальтэр Скот42 уваскрасілі бляск велічных шатландскіх балад.

Такая ж гісторыя балады і ў немцаў, дзе гэты від паэзіі, вабячы многіх паэтаў, быў усё ж не так распаўсюджаны, як у Англіі, і паддаўся розным зменам характару і стылю. Толькі ў другой палове мінулага стагоддзя (1773) Бюргер сваёй славутай «Леанорай» і многімі іншымі ўзорамі выклікаў шматлікіх паслядоўнікаў. З таго часу нямецкая літаратура зрабілася найбольш багатай баладамі пасля англійскай. У гэтым жанры зіхацяць праслаўленыя іншымі заслугамі імёны Штольбергаў, Казегартэна43, Гельцы44, Гётэ і Шылера. Апошні, аднак, на думку Бутэрвека, крыху аддаліўся, асабліва ў стылі, ад натуральнасці і прастаты - асаблівасці шатландскіх балад. З баладамі маюць падабенства і рамансы (romanse, romanza), асабліва распаўсюджаныя ў Іспаніі і Францыі; яны адрозніваюцца ад балад тым, што апяваюць чулліва-пяшчотныя пачуцці, і таму ў іх меней фантастычнай выдумкі, форма іх пераважна драматычная, стыль жа павінен характарызавацца па мажлівасці большай наіўнасцю і прастатой.

1822


[ПРА БЕЛАРУСЬ І БЕЛАРУСКУЮ МОВУ]

Вялікую прастору... займае краіна паміж Дняпром, Чорным морам, Бугам і Нёманам. Яна даўно згубіла агульную назву, бо розныя пакаленні, якія жылі тут, не прызнаюць ужо імя славян за сваё родавае... Нарманы і ляхі прыходзілі сюды са сваёй уладай, і схіляліся яны то пад скіпетрам рускіх князёў, то пад уладай Польшчы. З той пары, калі іх заваяваў дом Рурыка, яны былі ў складзе рускіх земляў... Тут сутыкалася каталіцкая рэлігія з усходняй царквой, шляхецкая Рэч Паспалітая з сістэмай самаўладства...1

* * *

... З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Менскай і Гарадзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рысаў. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі «Літоўскі Статут» напісаны іхняй мовай, сама гарманічнай і з усіх славянскіх моваў найменш змененай. Усю сваю гісторыю на зямлі яны прайшлі ў страшэннай галечы і прыгнёце2.

* * *

... Мова поўдня Расеі - маларуская, на якой гаворыць амаль дзесяць мільёнаў чалавек, бясспрэчна, сама музычная, сама паэтычная і звонкая, але яна ніколі не была настолькі развітой, каб стаць мовай літаратурнай. На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай, таксама размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта сама багатая і сама чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і выдатна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі. Мова велікаросаў, на якой гаворыць амаль гэтулькі ж чалавек (трэба выключыць адсюль фінска-маскоўскі дыялект, які моцна ад яе адрозніваецца), вылучаецца багаццем і чысцінёй, але ў ёй няма ні цудоўнай прастаты беларускай мовы, ні гарманічнасці і музычнасці маларускай...3



ЛІСТЫ


ДА ЯНА ЧАЧОТА

27 лістапада (9 снежня) 1819, Коўна

Адам Наваградскі
дарагому Яну Мышскаму - здароўя і ўдач.

Нічым не мог ты мне так дагадзіць, як прысланым урыўкам ямбаў ды апісаннем банкета. Чорт вазьмі! Не чакаў я ад цябе такіх каментатарскіх талентаў.

Prolegomena1 ставяць цябе ў адзін шэраг з Гейнэ і павінны стаць узорам для будучых пакаленняў і народаў філамацкіх у пісанні ямбаў. На маю думку, усё гэта павінна быць уключана ў кнігу, bravіssіmo! Дзіянісій2 кідае перуны, Зан, як заўсёды, кукарэкае, дурэе, жартуе. Колькі там мусіць быць смеху, калі ўжо я пры адным успаміне трымаюся за бокі!..

Што, аднак, не менш мяне ўзрадавала - прызнаюся табе па-філамацку - гэта твая песня3, дакладней, твае песні; я бачу ў іх агромністы і хуткі прагрэс з часу твайго ўступлення на пісьменніцкую дарогу. Лёгкасць ды яшчэ агонь, проста піндараўскі, пераўзышлі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе. Прэч з дарогі, Заны, прэч, Адамы! Не лянуйся, калі ласка! Ты пішаш усё лепш; я раіў бы, каб ты паспрабаваў свае сілы на якім-небудзь лірычным прадмеце.

Я не вельмі здаровы, дакладней, вельмі нездаровы; пасля не моцнага галаўнога болю нейкі д'ябал засеў мне ў горле, нейкае запаленне і сухасць; знясільваючыя ўрокі яшчэ больш усё гэта ўзмацняюць. Тут некалькі чалавек памерла ад горлавых сухотаў. Я гэтым вельмі напужаны; усё ж спадзяюся, што мой страх дарэмны.

Нудота, нудота і яшчэ раз нудота! З прычыны марозаў ды горла кісну дома; бяруся за працу, яна кісне ў руках. Паэзія кепская, проза кепская. Механічная ж работа ўсё ж удаецца. У нямецкай мове я з прыезду шмат пасунуўся ўперад і з дапамогаю лексікона (выпадкова здабытага) чытаю даволі хутка і прачытаў ужо аб'ёмісты пераклад «De offіcііs» Цыцэрона; вазьмуся цяпер за прысланую мне кніжку і спадзяюся за некалькі дзён адолець яе. Ты таксама вазьміся ў меру сіл за нямецкую мову; сама правільны спосаб: чытаць і мучыць лексікон...

Марна, і не разумею, чаму марна, я так доўга вымальваю твае «Бекешы», «Свіцязі»4, etc., etc. Неабавязкова перапісваць, можна хаця б і так прыслаць, за што абдыму цябе на Каляды. Пра дзіўныя таварыствы5 захоўвай вялікае маўчанне. Таму што калі, не дай Бог, даведаюцца, што Шырокі6 сочыць за імі, у нас чартоўскі ўсё сапсуецца. Зрэшты, звесткі пра гэта ў мяне дакладныя. На ксяндза і Палюшынскага я не хачу нават траціць слоў. Умаляю, дабівайцеся згоды. Палюшынскі, як я бачу, адступае назад. Я яго добра ведаю, сэрца ў яго ў глыбіні добрае, але ў яго шмат недахопаў, ён вельмі схільны да кепскага; не раздражняйце, а выпраўляйце.

Твой.

Напісана 27-га, пойдзе на пошту ў панядзелак 2-га.

Збіраўся пісаць многім нашым сённяшняй поштай, але разлічваю ў аўторак знайсці аказію.

Усім пацалункі.


ДА ЯНА ЧАЧОТА

20 снежня 1819 г. (1 студзеня 1820 г.), Коўна

Ян!

Я атрымаў твой ліст, у якім многа і сяброўскіх пачуццяў, і разгарачанай фантазіі. Чытаў яго, як усе вашы лісты, з уцехай, і як часта твае - з цёплай расчуленасцю. Мяне моцна ўзрадавала, што ты ўжо зусім здаровы; беражы сябе, аднак, і з дому не выходзь. Хвароба твая мяне страшна напужала. Ярош1 напісаў мне пра яе; але ці то паведамленне здалося мне залішне кароткім, ці то я проста трызніў, што больш верагодна, але я ўбіў сабе ў галаву, што ад мяне нешта ўтойваюць, што хвароба твая небяспечная. Якраз перад гэтым паведамленнем адзін тут памёр ад гэтакай хваробы, а некалькі чалавек цяжка захварэлі ёю. Усе гэтыя акалічнасці так узбаламуцілі мяне, што я не мог уночы спаць, а калі нарэшце заснуў, мне прыснілася, быццам ты памёр; я прахапіўся, сказаў запаліць свечку і пачаў чытаць псалмы (як трывога, дык да Бога). Выбіваў з галавы соннае глупства, а ў гэтым адурэнні напісаў дзве кароценькія балады2, баладкі, досыць няважныя; адна зразумелая толькі мне, другую папраўлю, змяню і прачытаю вам на Занавым свяце.

На твой ліст я калі-небудзь адкажу больш падрабязна, але і цяпер не магу змаўчаць. Я прасіў, каб ты мяне засцерагаў, калі табе будзе здавацца, што я раблю нешта такое, што супярэчыць нашаму сяброўству; у тое, што просьба мая была шчырая, ты, ведаючы мяне, павінен быў паверыць. Ты пішаш мне пра нейкія перасцярогі, прызнаюся, для мяне яны вельмі незразумелыя. Якія могуць быць перасцярогі? Я хачу ведаць усё, што ты пра мяне думаеш, і калі б ты нават кепска думаў пра мяне, няўжо ж гэта не павінна было б цікавіць? Урэшце, хіба я не змагу знайсці ў такіх перасцярогах карыснай для сябе навукі?

Твае перасцярогі паходзяць з нейкага лжывага і даўно заўважанага ў цябе пераканання ў маёй якойсьці перавазе. Ты думаеш, быццам я пытаюся ў цябе, што ты думаеш пра мяне, не для таго, каб проста выправіцца ў сваіх памылках, а толькі для таго, каб уведаць твой спосаб мыслення і, як настаўнік, выпраўляць цябе; таму ты баішся адкрываць свае думкі гэтаму ў большай меры суддзі, чым сябру. Адкуль убілася табе ў галаву гэтая перавага, якой я ў сябе не знаходжу? Не таму, каб я быў сціплы, а таму, што я не гэтакі дурны, каб прызнаваць тое, чаго ў мяне няма. Дружа мой! У нас не павінна быць пыхі, а таму і сціпласці. Тое, што кожны з нас пра сябе думае, хай пра гэта і гаворыць. І гэтыя выразы: «у мяне болей таленту, чым у цябе», «я больш здольны, чым ты», нясцерпныя ва ўсім свеце, у нас павінны знікнуць, і будзь пэўны, калі б я адчуў у іх праўду, я сказаў бы табе гэта. Нават абавязаны быў бы табе сказаць. Аднак я не павінен гаварыць табе гэта, бо я ведаю сябе. Я не наракаю на прыроду, што яна надта абышла мяне; я задаволены яе дарамі, якія, можа, пры іншых абставінах маглі б праявіцца калі не выдатна, то дастаткова ярка.

Пішу табе, як адчуваю; можа, няправільна, але адчуваю акурат так. Не бачу ў сябе ні незвычайных талентаў, ні больш высокіх, чым твае. Пішу, як адчуваю... Калі табе будзе здавацца, што я ў нечым памыляюся, засцерагай мяне, а я цябе буду засцерагаць, і мы абодва будзем з гэтага мець карысць.

Тайну, калі ты гэтага хочаш, я захаваю; ты - узаемна.

Пра задуманую ўрачыстасць у гонар Зана ты даведаешся ад Ануфрыя.

Ад.


ДА ЯНА ЧАЧОТА

19 лютага (2 сакавіка) 1820 г, Коўна

Янка!

Здаецца, я ўжо даўно пісаў табе, але гэты тыдзень мне было зусім не да пісання. Пасля ад'езду нашых1 заявіўся Францішак2, з ім былі ў мяне доўгія гутаркі. Ён расказваў пра ўсе падзеі філамацкага жыцця, і я ледзьве знайшоў час прачытаць твой апошні ліст; цяпер зноў на чарзе Наваградак і Рута - буду пісаць туды. Чуў, што ты меў намер прыехаць да мяне з Францішкам. О праклятая Маса3! Што зробіш. Тады з большай асалодай абдымемся на Вялікдзень. Зрэшты, сядзець у Коўне было б табе нудна, бо тут давялося б увесь час дыхаць паміж замкавымі сценамі. Няма ў цябе тут знаёмых, няма ніякай працы; адна толькі са мной вялася б гаворка, але ж яна болей бы мне, слухачу, чым табе, апавядальніку пра вядомыя рэчы, была б цікавая. О, намнога лепей у Вільні!

Што да тваіх каментарыяў наконт Кав[альскай], дык ты паказаў тут немалы талент і таму годны берэту з пабітага моллю пергаменту. Не меў я намеру таіць ад вас яе імя, проста думаў, што вам і так гэта вядома. Зрэшты, каментарыі ў нечым мелі хібы; гэта, на няшчасце, ніякая не каўнянка, не панна, не стрыечная сястра пана Кав[альскага], але, на няшчасце, сама пані Кавальская, а на трэцяе няшчасце, вельмі прыгожая, прынамсі ў маіх вачах.

Я зрабіў даследаванне на тэму Занавай тэорыі4; забыўся толькі яму паведаміць, напісаць пра гэта. Промнікі маюць вялікую сувязь з цеплародам. Кавальская не рабіла на мяне аніякага ўражання да таго часу, пакуль я не заглядзеўся на яе, калі яна дзьмухала на жар пад кававым чайнікам! Адкуль жа гэта? Румянец, а хутчэй нагрэты жарам твар, які іншаму воку не здаўся б нечым сентыментальным, прывабным, мяне ж прымусіў убачыць у яе асобе анёла, Венеру і г.д., і г.д., словам, я вырашыў не быць у Кавальскіх цэлыя два месяцы. Нічога не скажаш, мусіць, цеплавод выдабыў тут промнікі: няхай Тамаш дасць тут тлумачэнне.

Гута ўжо астыла, рамантычныя агні пагаслі; я хацеў перакласці шылераўскую баладу5, але адкладу гэта на потым. Табе параіў бы паспрабаваць, калі ты бачыў гуту.

Хто ж пакажа лепш, чым Янка,
Ў вершы шылераўскі спрыт?
І нябянка, і зямлянка (што за сцяной)6
Ля яго з агнём ланіт!

Міг лаві, лятай высока,
Покуль гулка, між сяброў,
Б'ецца сэрца, зорыць вока
Ды віруе ў жылах кроў.

Мне ж вясной - настрой не весні,
Тут марнею ад нудот.
Нейкі дым у думках, плесні,
А ў самотным сэрцы - лёд.

Часам есць хандра такая -
Хоць у пельку галавой.
Хто ж мяне тут расштурхае?
Хто агонь распаліць мой?

Дружа! Рэй вядзі з сябрамі!
Вас вітаю многа раз!
Я ў труне лепш быў бы з вамі,
Чым у хорамах без вас.

Вярнуўшыся з гуты, я напісаў быў да цябе паўаркушовую оду7, але яна згубілася недзе сярод папер. Замест яе ты маеш цяпер вершык, у якім гэтулькі сэнсу, колькі зараз у маёй галаве: на гэтым канчаю. Крытыкуй «Арлеанку»8 і прышлі мне крытыку. Засмуціла мяне твая адмова9, я ўспомніў Занаў ямб:

... гэта ж заўсёды лепей,
Калі адну дзеўку два зухі падчэпяць.

Хутчэй бы тады пайшла праца. Падумай. Не такі чорт страшны, як яго малююць. Ручаюся, што твой пераклад будзе на такім жа ўзроўні, калі не лепшым, як і мой. Не трэба тут нямецкая дакладнасць, якой я раней вельмі трымаўся. Ці ж трэба тое, што Вальтэр за адзін вечар напісаў, пераствараць цэлы год, бо і так лямпай будзе пахнуць праца. Я раю табе перакладаць вальней (я сам так думаю рабіць), галоўнае, каб засталася жывасць Вальтэра, натуральнасць і ягоная дасціпнасць. Колькі, напрыклад, кепскіх рыфмаў, нязграбных вершаў у Венгерскага10, а ўсё роўна чытаем яго з асалодай. Тут вельмі хваляць твае элегіі; прышлі мне іх, калі ласка, разам з «Бекешам».

Адам.


ДА ІЯХІМА ЛЯЛЕВЕЛЯ1

7 (19) студзеня 1827 г., Масква

Ты, мусіць, здзіўляўся, шаноўны Іяхім, а можа, не раз кепска пра мяне падумаў, калі я, даючы весткі пра сябе іншым знаёмым, абмінаў цябе. Прычыну гэтага ўпартага маўчання шукай не ў ва мне, а ў абставінах. Вечная няпэўнасць сваёй долі, чаканне змен у маім становішчы і бесперапынныя пераезды з месца на месца не давалі магчымасці паведаміць пра сябе што-небудзь пэўнае... Цяпер, калі я як быццам асеў на доўгі час у Маскве і калі ты ласкава запытаў пра мяне ў знаёмых, я адважыўся сам загаварыць з табой упершыню пасля гэтулькіх гадоў! Калі ты палічыш патрэбным адказаць мне, то чакай ад мяне частых просьбаў, запытаў і даручэнняў, бо ў цяперашніх маіх літаратурных справах я не адзін раз буду звяртацца да цябе па сяброўскую раду і дапамогу...

Хаця я, між іншым, закапаўся ў Гаммера2 і рыхтуюся ўзяцца за «Індыю» Шлегеля, пра Літву не забываю. Аповесць пра Валенрода з гісторыі крыжакоў ужо блізіцца да канца, і я неўзабаве перашлю яе табе. На няшчасце, у мяне зусім няма кніг. Калі табе ўдасца прыглядзець дзе-небудзь ці купіць (але толькі калі танна) Стрыйкоўскага3, адкладзі яго для мяне: можа, санеты хутка разыдуцца, і я змагу тады заплаціць...

Але што сама важнае і чаго без тваёй дапамогі мне нічога нельга зрабіць - гэта намер напісаць пра Барбару Радзівіл4. Прашу хаваць толькі гэта ў сакрэце: баюся, каб мяне дачасна не паднялі на смех, што я асмеліўся дакрануцца да матэрыі, ужо не раз трактованай, і як бы ўступіць у спаборніцтва з Вэнжыкам і Фялінскім5. Мая праца, калі яна мне ўдасца, будзе ў чымсьці іншай, прынамсі іншага крою. Дык вось, у мяне няма ні гісторыі, ні летапісу, ні звестак - словам, «нічога, што ў бліжняга твайго». Ведаючы, як ты загружаны працаю, я ледзьве асмельваюся прасіць, але ўсё ж, калі б табе было не вельмі цяжка зрабіць невялікую выпіску пра найбольш значныя асобы таго стагоддзя, пра іх характары, пра бацькоў Барбары, пра Кміта, Тараноўскага, Радзівілаў etc., etc., тады б я дзякуючы тваёй ласцы ўзяўся б за працу; асабліва хацелася б, каб было нешта пра асоб, якія больш за ўсё пярэчылі ў сенаце шлюбу, пра даты іх нараджэння, гэтак жа, як і пра падрабязнасці (калі такія вядомыя) тайнага шлюбу караля. Я буду прасіць пра гэта радзівілаўскіх архіварыусаў, аднак не ведаю, ці здолею што атрымаць. Ці не зроблены адтуль вытрымкі ў «Гістарычных мемуарах»6 і ці нельга зрабіць для мяне патрэбныя выпіскі з гэтых вытрымак?

На гэты раз я, здаецца, залішне абцяжарваю цябе, шаноўны сябар. Калі намерышся адказаць, пішы на адрас Дашкевіча7.

Твой нязменна добразычлівы і адданы слуга.

А.Міцкевіч.
Яжоўскі і Малеўскі б'юць табе паклон.


ДА ВАСІЛІЯ ЖУКОЎСКАГА

16 (28) лютага 1829 г., Пецярбург

Ваша міласць! Гэтая запіска будзе ў Паўлаўску некалькі гадзін раней за мяне, таму што я заўтра маю прыемнасць бачыць Вас. Г. Шэвыраў з Масквы, вядомы Вам у кожным разе па імені, прыехаў толькі што ў Пецярбург. Ён малады, паэт і расеец; Вы можаце, такім чынам, лёгка ўявіць сабе яго нецярпенне ўбачыць Жукоўскага.

Далучаю да гэтага ліста гістарычныя звесткі, якія Вы ў мяне прасілі1.

Сам я пакінуў у 1824 годзе Вільню па распараджэнні паліцыі, каб у Пецярбурзе чакаць рашэння ўрада. Мы даведаліся тады з вуснаў міністра асветы (г. Шыкова), што яго вялікасці пажадана было, каб мы выбралі ва ўнутраных губернях Расеі месца жыхарства і род службы. У тым жа годзе я выехаў у Адэсу, каб служыць там пры яго правасхадзіцельстве графе Віттэ. У 1825 годзе новае прадпісанне прымусіла мяне здзейсніць зваротны шлях, і я атрымаў месца ў канцылярыі князя Галіцына, у якой працую і цяпер.

Вось, Ваша міласць, другая частка маёй гісторыі, уключаючы падарожжа. Гэта мая Адысея. Што ж да Іліяды, у якой я апішу лютасць нашага літоўскага Ахілеса2, які ўчыніў гэтулькі ліха школьнікам, Вы пакуль яшчэ не прачытаеце. Пакуль што я Вас пазбаўлю гэтай сумоты, але ўзамен рыхтую доўгае пасланне.

Адданы Вам

Міцкевіч.


ДА ЯНА ЧАЧОТА

9 (21) кастрычніка 1830 г., Жэнева

Любы Яне! Ад таго часу, калі я табе адправіў зімой з Рыма ліст, мінула ўжо многа месяцаў. За гэты час я аб'ездзіў Італію ўдоўж і ўпоперак, ад Сіцыліі да Альпаў, а ў мінулым месяцы абхадзіў Альпы горнай Швайцарыі, другую частку якой я аб'ездзіў раней. Апісваць гэтае падарожжа не буду. Быў сярод ільдоў, дзе пачынаюцца Рэйн, Рона і ўсе вялікія рэкі Эўропы. Быў на гарах, з якіх відаць дванаццаць азёр і некалькі краін. Чуў абвалы гор (праўда, даволі далёка). Бачыў столькі каскадаў, што іх спіс запоўніў бы гэты аркуш паперы. Цяпер, дакладней, заўтра зноў еду на зіму ў Рым, адкуль і пашлю табе гэты ліст.

Дарагі мой Ян, ці здаровы ты, і няўжо няма дасюль ніякай надзеі, каб цябе пусцілі хоць у Пецярбург. Што ў нас робіцца на сэрцы, калі пра цябе думаем, гаворым, калі пішу гэты ліст, няхай табе скажа тваё сэрца.


ДА ІГНАТА ДАМЕЙКІ

2 (14) студзеня 1832 г., Познань

Дарагі Ігнась!

Малавераемна, каб гэты ліст цябе заспеў на месцы. Пішу без ахвоты, на авось. Як мне шкада, як шкада, што, будучы так блізка, я не мог цябе абняць, нагаварыцца з табою пра ўсё. Божа мой! Хто ж мог бы мне расказаць болей! Твой намер вярнуцца не вельмі разумею, але не магу ні дакараць, ні радзіць. Пасля гэтулькіх гадоў вандраванняў я ўжо прывык да цыганскага жыцця, аднак разумею, якое цяжкае яно можа быць для навічкоў. Але вярнуцца, бачыць, што там творыцца! Зрэшты, рабі, як табе Бог падкажа. Брата бачыў. Ён у надзейным месцы, дзе яму, можа, зручней і лепей, чым дома, але прадбачу, што ён хутка засумуе па Літве. Я здаровы. Смуткую, што мне не ўдалося хоць бы на імгненне пабыць з вамі, і вечна буду вам зайздросціць. Калі ты хутка вернешся, кланяйся ад мяне, калі каго заспееш. Твой даўні сумны ліст я атрымаў у Рыме. Там было некалькі слоў ад Марыі1. Убачыўшы яе почырк, я так расчуліўся, што плакаў, як дзіця. Гэта былі першыя слёзы пасля развітання з Чачотам і Занам. Ніколі ўжо нам болей не ўбачыцца. Але скажы ёй, што яна назаўсёды заняла ў маім сэрцы месца, адкуль ніхто яе не выцесніць і дзе ніхто яе не заменіць.

Будзь здаровы. Мой адрас: par Posen, Kostan, a Horyn.

Неўзабаве паеду ў Дрэздэн, адтуль далей. Паведамі свой адрас.

Адам.


ДА ЖОРЖ САНД1

3 чэрвеня 1838 г., Парыж

Думка пра тое, што я прымусіў Вас прачытаць гэтую драму2, не перастае мучыць мяне. Я не магу сказаць Вам, чым выклікана гэтае пакутлівае пачуццё, таму што мне давялося б доўга гаварыць пра сваю працу і пра свае пачуцці да Вас, і я лёгка мог бы ўпасці ў меладраму і мелакампліменты. Да таго ж Ваша прыязнае, вельмі прыязны ліст пазбавіў мяне смеласці спаборнічаць з Вамі ў паэтычнай галантнасці. Я абмяжуюся празаічным, але глыбока сардэчным выказваннем падзякі за Ваша ласкавае садзеянне. Нешматлікія Вашы заўвагі здаюцца мне справядлівымі; я прадчуваў іх, - здаецца, прачытаў нават Вашы шматлікія недагаворванні, а ўвогуле Вашы заўвагі выклікалі ў мяне ўражанне агляду нацыянальных гвардзейцаў, у шэрагах якіх заўважаецца многа адсутных. Што да некаторых злачынстваў у стылі, у якіх Вы мяне абвінавачваеце, мяркуючы, што я зрабіў іх па прыкладу французскіх аўтараў, то, на жаль, я вымушаны тут узяць усю віну на сябе. Я не ведаю ніводнага парыжскага тэатра, акрамя Оперы; не чытаў ніводнай новай п'есы, пакуль не напісаў сваю. Але калі, захоплены творчасцю, я часта гуляў па бульварах, клічучы на дапамогу генія гэтых мясцін, мне здавалася, што гэта высокае боства асяніла мяне натхненнем. Я ведаю, што Вы па сваёй натуры не схільная цаніць прыгажосці падобнага роду. Як бы там ні было, мой твор, дакладней, мой рукапіс стаў для мяне каштоўным дзякуючы Вашым паметкам. Усе кажуць, што трэба паказаць гэтыя заўвагі дырэктару тэатра Порт-Сен-Мартэн. Трэба, каб ён убачыў, каб ён памацаў на маім аўтарскім твары гэтыя пакінутыя Вашай рукой знакі, якія класік назваў бы, у стылі Авідзія, ганаровымі слядамі чароўных пазногцяў!..

Жонка мая просіць перадаць Вам тысячу рэчаў, а дакладней, толькі тое, што яна ніколі не забудзе Вашай дабраты ў адносінах да нас...

Калі спадарыня Агу яшчэ ў Вас, прашу перадаць ёй прыкладзеную запіску. Яна ласкава запрасіла мяне да Вас. Аднаму Богу вядома, як я хацеў бы прыехаць, але гэта пакуль не лёгка. Тым не менш я прымаю запрашэнне і дазволю сабе адгукнуцца на яго, як толькі будзе магчыма.

Будзьце пэўная, спадарыня, у шчырай удзячнасці адданага Вам

Адама Міцкевіча.


ДА ІГНАТА ДАМЕЙКІ

8 (20) студзеня 1839 г., Парыж

Дарагі Жэгота!

Лісты твае ўсе дайшлі, а канкрэтна: з Багіі два, адзін падрабязны, дзе апісваецца пераезд праз раўніны. Мабыць, гэты ліст ты здаў на пошту ў Буэнас-Айрэсе, бо адтуль іншага я не атрымаў. Я пісаў на імя п.Буто ў траўні ці чэрвені мінулага года. Відаць, гэты ліст яшчэ не дайшоў да цябе.

Прачытаўшы твае паведамленні пра Какімба, мы падумалі, я і Стафан1, што табе там лепей, чым нам тут, таму што вакол нас маральная пустыня без канца і краю і на шляху цяжкія пераправы. Я перажыў усякія няшчасці. Быў у Швайцарыі, дабіваючыся месца прафесара ў Лазанскім універсітэце. Месца атрымаў, усё было вельмі добра. А тым часам атрымліваю вестку, што жонка хворая. Знаходжу адзін кансіліум каля пасцелі жонкі, другі - каля пасцелі маленькага сына. Лёгка зразумець мой стан. Жонка толькі цяпер, пасля некалькіх месяцаў, падае надзеі на выздараўленне. Дзеці ў чужых дамах, але ўсе здаровыя. Не ведаю, ці атрымаю цяпер гэтае месца ў Лазане. Усюды гора. Дзіўлюся, што ўсё гэта вытрымаў, але моцна пастарэў душой. Стафан цяжка хварэў, цяпер яму лепей. Багдан Залескі2 прыехаў сюды з вялізным стосам вершаў, якія напісаў і якія, па-мойму, цудоўныя і ставяць яго на чале ўсіх нашых паэтаў. Ды што з таго, калі Багдан цяпер у вялікім смутку, калі чапляюцца да яго сям'і на Ўкраіне. З радзімы ўвесь час кепскія весткі. Нашых там сістэматычна прыгнятаюць, а нашы тут па-ранейшаму сістэматычна сварацца і вылежваюць бакі. Зрэшты, нічога новага. Ты, відаць, ужо ведаеш з газет, што Скшынецкі3 прыехаў у Бельгію, куды яго выклікалі на выпадак вайны. З вайны, здаецца, нічога не выйдзе, а Скшынецкі толькі нарабіў шуму на ўсю Эўропу і пасварыў Леапольда з дыпламатамі. Кажуць, што ў выкліку Скшынецкага ў Бельгію ўдзельнічаў і Чартарыйскі, але падрабязнасцяў не ведаю. Ужо некалькі месяцаў я нікога не бачыў і нават газеты чытаю рэдка, а наведваю толькі дзяцей і цэлымі днямі сяджу дома. Табе раю сядзець у Какімба, пакуль не надакучыць. Тым часам, можа, выблісне якая надзея. Апішы сваё падарожжа, ты першы з Польшчы пусціўся ў такое далёкае вандраванне, а чалавек ты пісьменны. Апісанне твайго падарожжа будзе цікавае. Я не раз думаў, як доля раскідала нашу маленькую братэрскую сям'ю і якія назбіраюцца дзённікі падарожжаў па Кітаях, Арэнбургах, Сібіры, Амерыцы4, - ды хто ведае, што яшчэ чакае нас.

Згадаўшы Арэнбург, паведамляю табе, што Тамаш ужо ў Пецярбурзе. Янак апублікаваў у Вільні «Народныя песні», выдатна перакладзеныя, і, кажуць, вярнуўся ў Беларусь. За Яжоўскага баюся, бо шмат каго ў тых краях, дзе ён жыве, арыштавалі. Пасылаю ліст з Літвы, знойдзеш у ім сумную вестку пра смерць Лясковіча. І ты ўжо аплакаў нямала страт з дня выгнання. Вестка пра гэтую смерць прыйшла сюды за некалькі тыдняў да твайго ад'езду ў Амерыку, але ў мяне не хапіла духу даць табе на дарогу такую нядобрую навіну, ды тады яшчэ не было вядома пра гэта пэўна...

Калі я быў у Швайцарыі і наймаў там сабе выдатны дом, то даведаўся пра вольнае месца прафесара хіміі. Як мне было сумна, што ты так далёка. Я ўжо сабраўся быў пісаць у Акадэмію, каб цябе выклікалі, і шукаў спосабу, каб адцягнуць усё гэта. Цудоўная мара развеялася ад дамашніх няшчасцяў. Я не маю настрою пісаць табе больш падрабязна пра розных знаёмых і дробныя здарэнні, хаця ведаю, што гэта зацікавіла б цябе. Паведамляю ўсё ж, што Аляксандр Елавіцкі стаў ксяндзом і некалькі месяцаў назад уступіў у семінарыю. Я не бачыў яго ў гэтым новым абліччы. Будрэвіч атрымаў месца, нібыта вельмі добрае. Стафан Зан займаўся арганічнай хіміяй і гнаў піва з буракоў разам з нейкім майстрам-немцам, але, здаецца, спекуляцыя гэтая ўсё не ідзе на лад. Быў некалькі разоў у кнігапрадаўца, даўно ўжо. У той час у яго не было ніякай аказіі. Цяпер ізноў даведаюся, можа, ён згодзіцца ўзяць для перасылкі табе трохі кніг і брашур, таму што брашуры ў нас увесь час бурна нараджаюцца і растуць, але трэба жыць у Какімба, каб чытаць іх.

Твой Адам.


ДА ТАМАША ЗАНА1

2 (14) верасня 1855 г., Парыж

Карыстаючыся рэдкім выпадкам2, паведамляю табе, вельмі шаноўны і любы Пане, што я здаровы і ў маёй вялікай сям'і ўсё добра. Я рады быў бы вельмі многа напісаць і пра сябе, і пра іншых, але мяркую, што не варта забіраць твой час, паўтараючы тое, што ты сам ведаеш пра тыя сямейныя клопаты, якія даўно ўжо мяне паглынулі і якім ніякага канца не відаць. Дык вось - ад канца гэтага працэсу залежыць і доля ўсяго нашага дома3. Таму не здзіўляйся, што ні пра што іншае ані думаць, ані пісаць я не мог бы. Якраз праз гэтыя клопаты выпадзе мне, відаць, пусціцца ў новае далёкае падарожжа.

Пан Стафан Басінскі4, пра якога, пэўна ж, думаеш, і цяпер з намі і часта мяне праведвае. Натуральна, што многа пра цябе гаворым. Ён доўга пакутаваў, да чаго прычыніліся нястачы. Цяпер ён поўнасцю здаровы, хоць справы яго вельмі заблытаныя. Скардзіўся, што няма вестак ад радні. У гэты час ён паехаў за некалькі міль да суседзяў, праз дні два вернецца.

Вестка пра смерць Янкі5, можаш зразумець, як мяне наскрозь працяла. Якраз у тыя часы, калі яго не стала, вельмі часта ён сніўся мне і ўсё аднолькава; заўсёды здавалася мне, што ён прыехаў у мястэчка, дзе цяпер я асеў, і што шукае мяне; я ізноў, здавалася, забыўся, як адшукаць яго жыллё, і сам сябе дакараў за такое нядбальства. Сон гэты паўтарыўся некалькі дзесяткаў разоў, аж тут прыйшла вестка пра яго смерць, і ў астатні раз мне здалося, што ён нібы запрашае мяне да сябе6.

А.



Крыніца:
Філаматы і філарэты. Зборнік.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1998.
ISBN 985-6318-21-1

Беларускі Кнігазбор
http://www.bk.knihi.com