З ЛІСТОЎ
Да Антонія Эдварда Адынца
4 (16) лютага 1828 г., Пецярбург
...Ты прасіў, каб я напісаў табе пра Адама. Непараўнальны Адам! Ніхто з нас не прайшоў школу няшчасцяў з такой карысцю для сябе, як ён. У яго знікла ранейшая няроўнасць у настроі, якая многіх адпужвала ад яго, ён стаў найпрыемнейшым чалавекам у кампаніі, найветлівейшым у размовах з людзьмі, прадметам захаплення далёкіх і блізкіх знаёмых... Ён імправізаваў многа і выдатна. Асабліва зачараваў ён аднаго разу ўсіх нас імправізацыяй дзвюх сцэнаў трагедыі, тэму якой выбраў Сапега1, які прыехаў сюды з Любецкім2. Гэтая тэма была пра Збароўскага3. Адхінаецца сцэна. Збароўскі, кінуты ў турму загадам Баторыя, спіць на ахапку саломы. Стары слуга (з Рагозіна), падкупіўшы варту, прыходзіць да свайго пана. Абуджэнне. Непрымірымая нянавісць да Баторыя. І асабліва цудоўнае тое месца, дзе слуга раіць Збароўскаму вярнуцца дамоў, у горы, сярод якіх ён правёў маладосць, паляваць там, забыць пра свет і яго інтрыгі. Другая сцэна - размова Збароўскага з ягонай каханай, якую выдалі замуж за Замойскага. Збароўскі быў у Італіі, чытаў Арыёста, Таса, спасціг іх красу і, часам карыстаючыся рэмінісцэнцыямі з іх, расказвае ёй, як яна, калі заставалася на радзіме, неадступна стаяла перад яго вачыма, жыла ў яго думках... Нястрыманы, часам проста шалёны характар Збароўскага побач з прастатой, нязмушанасцю полькі, сілком выданай замуж, рабіў сама добрае ўражанне. У вялікай зале мала святла, слухачы, пасеўшы, захоўваюць поўнае маўчанне. Натхнёны твар імправізатара, яго поўная жыцця постаць - усё гэта ўзмацняла ўражанне. Мы хацелі запісваць і ўчатырох селі за стол, але, па-першае, Адам гаварыў вельмі хутка, а потым, заўважыўшы, што мы запісваем, збіўся і пазбавіў нас магчымасці запісаць гэтую найцудоўнейшую імправізацыю. Сам Адам, зрэшты, казаў пасля, што хацеў бы мець запіс гэтыў дзвюх сцэнаў. «Валенрод»4 ужо аддрукаваны, чакае гравюр, якія праз дзень-два павінны быць закончаныя. Выданне для Пецярбурга, трэба сказаць, не дрэннае, у гэтым сам пераканаешся, дарагі Эдвард.
Не без гордасці паведамляю табе, што Адаму вельмі спадабаліся мае грэцкія песні, і таму я прысвячу іх яму. Неўзабаве прышлю іх табе з надпісам. Цяпер я працую над другім томам. Ваньковіч зрабіў партрэт Адама маслам, у натуральную велічыню, у крымскай бурцы, абапёртага на скалу («Люблю я, абапёршыся на скалу Аюдага») - цудоўна! Паэт натхніў мастака, мастак зразумеў і намаляваў паэта! Другі мастак, Аляшкевіч, які праславіўся тут сваімі партрэтамі, таксама намаляваў Адама. Але надта прыгладжана, няма там ні выразу паэтычнага аблічча, ні азораных думкаю вачэй...
Крыніца:
Філаматы і філарэты. Зборнік.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1998.
ISBN 985-6318-21-1
Беларускі Кнігазбор
http://www.bk.knihi.com