ШУКАЛЬНІК ХАРАСТВАПершая квадра дваццатага стагоддзя для Беларусі была шматспадзеўнай і стратнай адначасова. Надзеі на ўваскрошанне паняволенай Бацькаўшчыны цепліліся ў сэрцах беларускіх адраджэнцаў вякамі, а ў час, калі задрыжалі падваліны і хіснуліся сцены расейскай імперскай вязніцы, абудзіліся з новай сілай. Але ваенна-рэвалюцыйная калатнеча не магла паспрыяць развою паўнакроўнага актыўнага жыцця, якое звычайна назіраецца пасля абуджэння. Парушаны жыццёвы побыт, голад і эпідэміі накладалі свой жахлівы адбітак на існаванне спаняверанага, знядужалага людства. Човен Харона без пярэдыху снаваў па беларускіх рэках, вышукваючы чарговых ахвяраў. Колькі іх было, беларусаў, падкошаных тыфам і сухотамі, забітых немцамі, палякамі, бальшавікамі? Час ад часу зтагосветны човен прыпыняўся і забіраў у незваротную вандроўку людзей з Божай іскраю ў сэрцы - каб хоць неяк усцешыць насельнікаў краіны вечнага смутку. І радзеў шэраг ратавальнікаў беларушчыны, і большаў почат святых пакутнікаў за мройную для многіх, а для іх амаль увачавідненую Беларускую Дзяржаву. Цётка, Іван Луцкевіч, Максім Багдановіч, Ігнат Канчэўскі, Ядвігін Ш., Алесь Гарун, Андрэй Зязюля... Яснай грамнічнай свечкай загарэўся напярэдадні ці не сама трагічнай у гісторыі нашага народа эпохі і заўчасна, у зусім маладыя леты згас яшчэ адзін, Богам падараваны Беларусі светлы талент - Уладзімір Жылка. Вяртанне Ўладзіміра Жылкі ў беларускую літаратуру адбылося не адразу. Спрычынілася да гэтага многае, але найперш - раскіданасць ягоных рукапісаў па замежных архівах. Ды і студэнцкая трохгадовая эміграцыя, недвухсэнсоўныя выказванні паэта пра «маскоўскую кантору» прымушалі рэдактараў з пэўнай доляй абачлівасці публікаваць Жылкавы творы. Замоўчванню творчасці паэта, вядома ж, не маглі не «пасадзейнічаць» і выстаўленыя перад ім абвінавачанні ў палітычных грахах і гвалтоўная высылка аўтара падалей ад Радзімы. Сёння творы Ўладзіміра Жылкі, аднаго з найбольш цікавых і самабытных паэтаў, яскрава ўпісаліся ў залаты фонд айчыннай літаратуры, імя яго заняло адно з сама пачэсных месцаў на беларускім парнасе. Нарадзіўся будучы паэт 27 траўня 1900 года ў вёсцы Макашы, што раскінулася над ракой Вушой непадалёку ад чыгуначнай станцыі Гарадзея. Уладзік быў першынцам у сям'і Адама Жылкі і Таццяны з Раманейкаў. Пасля яго на свет прыйшлі яшчэ Алег, Барыс і Кастусь. Школы ў Макашах не было, першую навуку хлопчык спасцігаў спачатку ў Гарадзейскай царкоўна-прыходскай школе, а потым у Мірскай гарадской вучэльні. Можна ўявіць, якое моцнае ўражанне зрабіў на чулага душой юнака славуты Мірскі замак, магутныя вежы якога дамінавалі над усім мястэчкам. Магчыма, настаўнік гісторыі расказваў падлеткам пра аблогу замка войскам цара Аляксея Міхайлавіча ў 1655 годзе, пра ўпартае супраціўленне месцічаў. Магчыма, апавядаў пра Касцюшкаўскае паўстанне, пад час якога замак быў моцна разбураны. А хутчэй за ўсё, адпрацоўваючы казённае жалаванне, прыгадваў геройскія дзеянні казацкай конніцы расейскага генерала Платава супраць французскай кавалерыі маршала Даву ў 1812 годзе. У выніку апошняй сутычкі пад сценамі замка некаторыя вежы былі ўзарваныя, а палац спалены і разрабаваны салдатнёй. Чатырнаццацігадовым падлеткам Уладзік трапляе ў Менск, куды бацька, патомны селянін, адважыўся пераехаць настала, атрымаўшы месца гандляра ў царкоўнай краме. У тым жа годзе юнак трапляе на вучобу ў Багародзіцк у Тульскай губерні. Трэба сказаць, што адносіны да навукі ў сям'і Жылкаў былі сама паважлівыя, хлопцы змалку прывучаліся да чытання. Вось што пісаў нястомнаму даследніку творчасці Ўладзіміра Жылкі прафесару Ў.Калесніку брат паэта Барыс у лісце ад 6 сакавіка 1966 года: «Колькі я помню, то Ўладзік вельмі любіў чытаць. Матка часта адбірала ў яго кніжкі і выпраўляла гуляць, але нічога не памагала, ён збіраўся ісці гуляць, але браў другую кніжку за пазуху і зашываўся туды, дзе б яго не турбавалі. Бацькі не шкадавалі грошай на набыццё кніжак, і іх у нас назбіралася шмат. Падчас пераезду адна падвода была цалкам загружана кніжкамі - Пушкін, Лермантаў, Гогаль, Цютчаў, Фет, Надсан, усе прылажэнні да журналаў. Былі ў нас і ўсе кніжкі беларускія, якія толькі выйшлі да 1914 года...» Калі Жылка вярнуўся ў Беларусь, дакладна невядома, але ўжо ў 1916 годзе ён закончыў Слонімскую вышэйшую пачатковую школу. Вучэльні падобнага кшталту мелі агульнаадукацыйны характар і давалі права паступлення ў спецыялізаваныя навучальныя ўстановы. І Ўладзімір выкарыстоўвае гэтае права - паступае ў Ковенскую сельскагаспадарчую вучэльню. Рэвалюцыйны 1917 год Уладзімір Жылка сустрэў у Менску, дзе трапіў у вір палітычных падзей. Жывучы ў цэнтры горада, паблізу цяперашняй Плошчы Свабоды, ён меў магчымасць ледзь не штодня назіраць шматлюдныя мітынгі, бачыць касцельныя працэсіі пад польскімі нацыянальнымі сцягамі. Як назіральнік трапіў Жылка і на Першы Ўсебеларускі кангрэс. Але прадстаўнічы (1872 дэлегаты) форум апынуўся пад прыцэлам гарматаў бальшавіцкага бронецягніка, што падаспеў у Менск акурат да адкрыцця кангрэсу і прытаіўся на вакзале. Адчуваючы за спінай гэткую магутную падтрымку, бальшавіцкі вайсковы аддзел дзейнічаў нахабна. Салдаты ўварваліся ў залу гарадскога тэатра, дзе праходзіў кангрэс, пачалі збіваць і арыштоўваць ўдзельнікаў... Уладзік вярнуўся дамоў уражаны, узбуджана расказваў сямейнікам пра разгон. Гэта было ці не першае знаёмства паэта з беларускім нацыянальным рухам. Жадаючы дапамагчы бацьку здабываць хлеб надзённы, Уладзімір Жылка ў 1918 годзе пачынае працаваць аграномам у адной з дзяржаўных гаспадарак у прадмесці Менска. Ездзіў ён туды на пару з Міхасём Чаротам, які лічыўся ўпаўнаважаным і з мандатам дэмабілізаванага прапаршчыка ўзяўся кіраваць сканфіскаваным маёнткам. Па дарозе з працы і на працу гаварылі яны, мусіць, не толькі пра гаспадарчыя справы - і той, і другі пісалі вершы. У Менску Жылка пазнаёміўся з Ядвігіным Ш., Змітраком Бядулем, Ігнатам Дварчанінам, Леапольдам Родзевічам. Неўзабаве наладзіліся і асабістыя стасункі з Янкам Купалам, які пачаў наведвацца ў хату Жылкаў, вёў зацікаўленыя гутаркі з бацькамі Ўладзіка. Гаворкі з Янкам Купалам, праходкі са старэйшым паэтам па гарадскіх вуліцах, бясспрэчна, наклалі свой адбітак на фармаванне светапогляду Жылкі. Пра адну такую памятную сустрэчу з Купалам Уладзімір падрабязна расказаў брату Барысу. Вось што ўспамінаў малодшы брат амаль праз паўвека, у тым самым лісце да Ў.Калесніка: «Уладзік расказваў, што зайшлі на скверык, што проці губернатарскага дома на Саборнай плошчы. Там стаяў сляпы жабрак з лерай. Вось яны з ім пагутарылі, далі яму грошай, а пасля сталі прасіць, каб ён зайграў «Лявоніху». Лернік доўга аднекваўся, але пасля таго, як Купала раскашэліўся, сыграў «Лявоніху», а пасля і польку. Засталіся ўсе вельмі задаволеныя - і жабрак, і Купала з братам». Па словах У.Калесніка, Уладзімір Жылка радасна вітаў абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра тое, як блізка да сэрца прымаў паэт незалежніцкія ідэалы, сведчыць і першы надрукаваны 25 студзеня 1920 года ў газеце «Беларусь» верш «Покліч»:
У лютым 1919 года Ўл.Жылка захварэў. Пайшла горлам кроў, паэт ляжаў прыкуты да ложка, а лекар усё не мог паставіць правільны дыягназ. Прахварэў ён тры месяцы і да таго аслабеў, што ў траўні без старонняй дапамогі не здолеў хадзіць. Трохі ачуняўшы, паэт падаўся да сваякоў на вёску. Некалькі месяцаў пажыў у бацькавых крэўнікаў у Клецішчы на Случчыне, потым перабраўся да матчынай радні ў Падлессе. Як піша Ў.Калеснік у кнізе «Ветразі Адысея», «у Падлессі Ўладзімір Жылка сустрэў шмат сваяцкай цеплыні, і гэтае адчуванне звычайнай бяспекі і клапатлівасці для яго, хворага і непрактычнага, значыла вельмі многа. Тут ён акрыяў душою, тут мог пасядзець над кнігамі любімых паэтаў - Лермантава, Міцкевіча, Ібсена. Пераклады іх твораў умацоўвалі адчуванне сэнсу жыцця...». Яшчэ з вясковай глушы Ўладзімір пачынае дасылаць свае паэтычныя практыкаванні ў віленскую перыёдыку, ягоныя вершы і пераклады былі прыхільна сустрэтыя ў «Нашай думцы» Максімам Гарэцкім. А калі Падлессе ў выніку падзелу Беларусі ў 1921 годзе апынулася пад Польшчай, паэт пераехаў у Вільню. Як у свой час Максім Багдановіч, Уладзімір Жылка быў зачараваны хараством Вільні. Нібы супольнае імя па бацьку - Адамавіч - служыла ім тым звенчаком-злучвом з назапашанай за вякі агульначалавечай культурай, ад першачалавека да дзён сучасных. Вільня акумулявала ў сабе, не растраціла спрадвечны дух беларускасці, на яе пагорках ацалелі муры, што памяталі вялікіх князёў і Францішка Скарыну. Старэйшы Адамавіч пасля наведвання Вільні стварыў паэтычныя шэдэўры «Пагоню» і «Слуцкіх ткачыхаў», малодшы - не менш значныя «Палімпсест» і «Уяўленне». Збройны рыцар на кані з віленскай Вострай Брамы «срэбнай збруяй далёка грымеў» у дынамічных радках Максіма. «Шпаркасць коняў Пагоні» надавала імпэту эпічным строфам Уладзіміравага «Уяўлення». Праз колькі гадоў нават злата Прага не здолее прыглушыць у Жылкавай душы віленскіх уражанняў, і паэт створыць велічны хваласпеў месту сваёй любові - «Вершы аб Вільні». Сярод віленскіх знаёмцаў Уладзіміра Жылкі трэба назваць і імя Ігната Канчэўскага, чыя невялікая кніжачка «Адвечным шляхам: даследзіны беларускага светагляду» (1921), чыталася і абмяркоўвалася ў рэдакцыях «Беларускіх ведамасцяў» і «Беларускага звону», з якімі Жылка наладзіў сталае супрацоўніцтва. І хоць сведчанняў блізкага сяброўства паміж імі не засталося, у некаторых творах Жылкі (верш «Мы любім даўнія паданні...») уплыў філосафа на паэта прыкметна адчуваецца. Ігнат Канчэўскі таксама захварэў у маладым веку, немач збліжала іх, падсвечваючы смутна-трывожным святлом іхнія думкі. І Жылка, пэўна ж, знаходзіў сугучныя сваім подумкам ноткі ў развагах Канчэўскага: «Душа чалавечая, што прыходзіць у свет падзівіцца з яго хараства, што прыходзіць адзін раз у свет, ні да каго не падобная і адзіная на сваім шляху і назаўсёды выходзіць з матар'яльнага жыцця, такая душа чалавечая павінна чуць сваё права жыць і тварыць, як кажа яе сумленне...Чалавечая душа, што прыйшла ў свет адбіць радасць ігры жыццёвых косаў, напаіцца іх цяплом і ласкай, павінна развярнуць усю моц свае творчасці, каб зліцца ў творчасці, каб зліцца ў творчым тэмпе сусветнага дыхання, сусветнай гармоніі, прысутнасць якой адчувалі зорныя душы піфагарэйцаў, каб потым у жыццёвым стамленні схіліцца ўзноў на ўлонне вялікай Маткі-Матэрыі, Маткі-нявыразнасці, Маткі-непачатасці, поўнай сілы і моцы, поўнай смутку і нераджонага жыцця». Якія блізкія па настроі, па імкненні спасцігнуць патаёмны свет чалавечай душы да гэтых развагаў дзённікавыя запісы Жылкі! Не мог не пабываць Уладзімір Жылка і ў Віленскім Беларускім музеі, сабраным рупнасцю Івана Луцкевіча. Пад час Жылкавага побыту ў «крывіцкай Меццы» стваральнік музея ўжо спачыў вечным сном у Закапаным, але музей працаваў. Гэта пасля захопу Вільні савецкімі войскамі ў 1940 годзе многія каштоўныя экспанаты знікнуць у невядомым кірунку, узбагацяць чужацкія калекцыі, і толькі нязначная частка дакументаў апынецца ў Беларусі. Магчыма, верш «Палімпсест» акурат і з'явіўся на свет пасля наведвання Жылкам музея Луцкевіча. У ім паэт правёў трапную аналогію паміж старым рукапісам, першапачатковы сэнс якога схаваны ад чытача, і Беларуссю. І тут і там патрэбна ачысціць праўду ад пазнейшых ілжывых напластаванняў. У Вільні Ўладзімір Жылка блізка сышоўся з Антонам Луцкевічам, які займаў пасаду старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта і якога паэт у пісьмах з Прагі будзе называць «даражэнькім дзядзькам». Ратуючы паэта ад польскіх вышуковых службаў, Луцкевіч пасылае яго з даручэннем у Коўна, дзе на той час знаходзіўся ўрад БНР. З Коўна Жылка накіраваўся ў Бірштаны - падлячыцца ў санаторыі, адпачыць там ад надакучлівай палітыкі, якая апошнім часам спрабавала залучыць паэта ў свае цянёты. З Бірштанаў Жылка трапляе ў Дзвінск, дзе спрабуе скончыць апошні клас Беларускай гімназіі. Жыве там ён на кватэры дырэктара І.Краскоўскага. Але неўзабаве, стаўшы ахвярай паклёпу, пакідае Дзвінск і вяртаецца ў Вільню, дзе на кватэры Л.Родзевіча перажывае яшчэ адно абвастрэнне сваёй хваробы. У 1923 годзе, пры спрыянні Леапольда Родзевіча, Жылка выехаў на вучобу ў Пражскі ўніверсітэт - як стыпендыят чэхаславацкага ўрада. Тагачаснае кіраўніцтва Чэхаславакіі прыхільна ставілася да эмігрантаў з паслярэвалюцыйнай Расеі, запрашала на вучобу прадстаўнікоў іншых народаў. У Празе перад прыездам Жылкі навучалася некалькі тысяч замежных студэнтаў. Беларусаў сярод іх, праўда, было няшмат - каля паўсотні чалавек. Выхадцы з паняволенай Заходняй Беларусі, яны прагна здабывалі веды, спадзеючыся, што калісьці змогуць паслугаваць сваёй Бацькаўшчыне. З часам у Пражскім універсітэце беларускіх студэнтаў пабольшала, але гэта не спрыяла іхняй кансалідацыі. Уладзімір Жылка спрабуе адразу акунуцца ў студэнцкае жыццё - рэдагуе часопіс «Перавясла», арганізоўвае літаратурныя вечарыны, але хвароба і тут дае пра сябе знаць, і ён вымушаны доўгі час праводзіць у санаторыях. Пра павагу, якой карыстаўся Жылка ў прыналежных да розных груповак беларускіх студэнтаў, сведчыць ліст М.Чарноцкага, напісаны паэту ў лістападзе 1923 года ў санаторый Квасы: «Браце! Ты просіш, каб я пісаў табе аб тутэйшым жыцці? Але каб ты толькі пабачыў, як яно ідзе - проста жахнуўся б. Нагаворы, плявузганне, лаянка, - куды толькі ні павернешся! Усе як бы згаварыліся, адзін на другога што-небудзь выдумоўваюць! І заўваж да гэтага, пры табе было ўсё спакойна, па-людску. Паехаў ты - усё паехала...». Сябра турбуецца, што санаторый, у якім лечыцца Жылка, не зусім дастасаваны да яго хваробы: «Слухай, браце, што б ты сказаў і як аднёсся, каб тутака распачалі акцыю аб пераводзе цябе ў іншую, добра пастаўленую санаторыю? Кажуць, што праз Чырвоны Крыж гэта мо і ўдасца ўладзіць». Але сябры найперш бачаць у Жылку абранніка Апалона, у справах літаратурных аўтарытэт ягоны непахісны. Жылка неўзабаве бярэ пад сваё апякунства і наваствораны часопіс «Прамень» - ужо больш паважны, выдаваны друкарскім спосабам. Але чарговае абвастрэнне хваробы - і зноў толькі лісты аднадумцаў бадзёраць, не даюць цалкам зняверыцца ў сваіх сілах. «Моцны, браце, маеш дух, калі жартуеш у час, як кроў з горла ідзе. Добры ты хлопец - маю да цябе асабістую цягу-пашаноту. Але ўсё-ткі, літаратурны конь, - чапляйся за жыццё, беражы жыццё: творчасць тады патрэбная, магчымая, прыгожая і карысная, калі яна родзіцца ад здаровага бацькі (ён) і музыкальнай, у разуменні Блока, маці (яго душы)», - пісаў Жылку яго даўні сябра Леапольд Родзевіч. Ды човен Харона неадступна плыў наўслед Жылку - па Свіслачы, Нёмане, Дзвіне, Віліі. Кінуў ён злавесны цень і на хвалі Влтавы. Пад час аднаго з прыступаў хваробы Жылка трапіў у больніцу. Часта губляў прытомнасць, трызніў, аднойчы лекары канстатавалі клінічную смерць... Толькі назаўтра санітары выявілі, што ў адным з нябожчыкаў нібыта цепліцца жыццё. Патроху Жылка ачуняў (у адным з тагачасных вершаў апошні радок прагучаў роспачна-пераможным клічам: «Не я - пад тым крыжом!»). Змучанае хваробай цела адратоўвала родным словам узвышаная душа. Пры спрыянні Антона Луцкевіча ў 1924 годзе ў Вільні выходзіць Жылкаў зборнік «На ростані». Ягоны лейтматыў - мяжа, скрыжаванне, «капцы канцовыя». Паэт нашуквае свой шлях, упэўнена вызваляючыся ад уплываў (найперш Блока, ягонай «Незнаёмкі», чые парфумныя пахі адчувальныя ў паэзіі Жылкі гэтага перыяду). Яшчэ паэт на раздарожжы, яшчэ не ступіў і кроку ў абраным кірунку, а ўжо цень крыжа кладзецца яму пад ногі:
Зборнік прыхільна сустрэлі пражскія паплечнікі Ўл.Жылкі. Не было ўжо тых даўжэзных спрэчак-дыскусій, якія даўмеўся раней навязаць хвораму сябру ў лістах адзін з лідэраў беларускага студэнцкага зямляцтва Тамаш Грыб, разбіраючы Жылкаву паэму «Уяўленне». Схварэлы і знясілены (стыпендыі не заўсёды хапала, а падзарабляць капаннем бульбы ў прадмесцях Прагі, як іншыя, Жылка не мог), паэт ўсё ж знаходзіць у сабе змогу займацца грамадскай дзейнасцю. Восенню 1924 года ён дэлегуецца на міжнародны студэнцкі з'езд, які праходзіў у Варшаве. У Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва сярод мноства дакументаў аб пражскім студэнцкім побыце захоўваецца запіска Жылкі з польскай сталіцы «калегу з Прагі»: «Аб'яднанне нацый утварыць можна. Прысылайце мандат мне і ўстаў аб'яднання. Ужо бачыўся ў гэтай справе з украінцамі і грузінамі. Талкавалі і прыйшлі да вынікаў, што аб'яднанне трэба». Плёнам Жылкавай паездкі ў Варшаву сталася прыняцце беларускіх студэнцкіх суполак Прагі і Вільні ў Студэнцкі саюз. Кажуць, што хворы чалавек бліжэй да Бога. Калі гэта сапраўды так, Уладзімір Жылка амаль увесьчасна знаходзіўся перад Гасподнімі вачамі. Ягоныя вершы да Ўсявышняга - гэта прызнанні пілігрыма, што выправіўся ў далёкае падарожжа да святога месца, але не ведае, ці хопіць сілы дайсці да запаветнай мэты:
Які змястоўны, сапраўды беларускі вобраз: «пацеры ў пацеркі». Малітва ператвараецца ў пацеркі, што нагадваюць ружанец, слова малітоўнае ўвечніваецца ў бурштынавыя каралі, жаль людскі набрыньвае слязой беларускай сасны. Ды нават у гэткім выглядзе не заўсёды даходзіць да неба найшчырая малітва, і Жылка, прыгнечаны чарговым прыступам хваробы, загаворвае да Бога ціхмяна-даверліва, як да суседа на прызбе: «Божанька, я так утаміўся, такі цяжкі быў мой шлях, такі пакутны, што я ўтаміўся. Мне скарэй хацелася б памерці. Хутчэй адпачыць. Я ж маю права аб гэтым марыць, як працаўнік, натаміўшыся за дзень, мае права, павячэраўшы, легчы спаць...» Але ж паддавацца роспачы і беспрасветнаму смутку паводле хрысціянскіх канонаў - вялікі грэх. І Жылка шукае больш дынамічных інтанацый, спрабуе знайсці ў сваім гукавым арсенале бунтарскія ноты:
Паэт вызначае дакладна, у імя чаго ўзводзяцца барыкады, што і ад каго трэба бараніць:
Словы ўдыхтаваныя ў радок, як патроны ў патранташ, гучаць адрывіста-трапна, нібы вайсковыя каманды. Уладзімір Жылка быў не толькі самотнікам, што вечна жаліцца на свой змарнаваны лёс. Калі небяспека навісала над Радзімай, свабодай і народам - гэтай святарнай трыядай, без якое жыць на свеце было б «немага», - ён гатовы быў стаць у змагарскія шыхты. Рука паэта гатова была трымаць і ваярскі меч:
Гэткія вершы ў савецкай Беларусі не карысталіся вялікай пашанай. З Менску ў Прагу даляталі гукі «Інтэрнацыянала» - і гімн сусветнага пралетарыяту гучаў па-беларуску. Таму не дзіўна, што многія беларускія дзеячы пачалі больш пільна паглядваць у бок Беларусі, а Вацлаў Ластоўскі нават назваў Менск беларускім культурным цэнтрам. Пачынае думаць пра вяртанне на Бацькаўшчыну і Ўладзімір Жылка. Напрадвесні 1925 года «даражэнькі дзядзька Антон» прачытае ў чарговым Жылкавым лісце: «Адважуся звярнуцца да Вас за радай у справе чыста асабістай. Чым далей, тым цяжэй падупадае маё здароўе. Варункаў для гэтага аж зашмат: і паганы чэшскі клімат, і заводская Прага, і матэрыяльныя (атрымваем дапамогі самы minimum) абставіны, і, можа, далёка падступіўшая хвароба. Жыццё чым далей становіцца балейшай пакутай. А я маю «на тым боцы» родных, бацьку і матку: жывуць у ціхім, зялёным засценку. І хацеў бы «пад крыжам бацькоўскім сканаць», - прыемней, калі блізкі зачыніць вочы, прыемней гнаіць родную зямлю, і любоў да яе, здаецца, дае ці можа даць права на гэта. Што ж, не аб гэтым летуцелася, але не жалюся. Толькі хацеў бы чуць, як Вы думаеце? Што можаце закінуць проці?». «Закінуць проці» ў дзядзькі Антона нічога не знайшлося. А тут яшчэ брат даслаў выразку з «Савецкай Беларусі», дзе Жылка называўся «адным з найвыдатнейшых прадстаўнікоў нашых маладых парнаснікаў...». З усіх сяброў адзін Тамаш Грыб выступіў супраць Жылкавага намеру. Больш за паўтара года паэт рупіўся, пісаў сябрам і знаёмым, каб дапамаглі з выездам. І вось у першым нумары студэнцкага часопіса «Новы прамень» за 1926 год у хранікальным раздзеле з'явілася інфармацыйнае паведамленне: «Ад'езд Ул.Жылкі ў Менск. У пачатку лістапада г.г. выехаў у Менск член рэдакцыйнай калегіі, сябра пражскага «Маладняка», вядомы беларускі паэт Ул.Жылка. Адначасна Ўл.Жылка прыме ўдзел у Акадэмічнай канферэнцыі (па рэформе беларускага правапісу - М.С.) у Менску, як прадстаўнік рэдакцыі «Праменя». У Менску Жылка прымае савецкае грамадзянства, працуе літсупрацоўнікам у «Звяздзе», перакладчыкам на Белдзяржкіно, выкладчыкам у музычным тэхнікуме. Пры газеце, дзякуючы Жылку, пачынаюць гуртавацца маладыя таленавітыя пісьменнікі, перыядычна з'яўляецца літаратурная старонка. На Белдзяржкіно паэт перакладае фільмы на беларускую мову. У гэтай афіцыйнай структуры, якую таксама закранула беларусізацыя, не заўсёды ягоная праца знаходзіць поўнае разуменне. Напрыклад, адзін з герояў фільма «Вінаваты» з падказкі Жылкі гаварыў не зусім зразумелую для чыноўнікаў фразу: «Ён дажывотна пасаджаны ў турму». Паэт мусіў даваць тлумачэнні. У музычным тэхнікуме ён знаёміцца са студэнткай Рымай Маневіч, якая неўзабаве стане ягонай жонкай. Аператыўна выходзіць з друку і новы паэтычны зборнік Жылкі «З палёў Заходняй Беларусі». Здавалася б, жыццё пачынае ўваходзіць у патрэбную каляіну. Але эстэцкая паэзія Ўладзіміра Жылкі не магла прыйсціся да двара савецкаму крытычнаму афіцыёзу, для якога ўзорам у вершапісанні былі радкі накшталт броўкавых: «Я хачу, каб слова падносіла цэглу, а вершы ў альбом і хто іншы напіша». Асабліва вызначыўся крытык Тодар Глыбоцкі. У рэцэнзіі, апублікаванай у другім нумары часопіса «Полымя» за 1928 год, ён добра-такі патаптаўся пралетарскімі ботамі па далікатнай паэзіі Жылкі, ніцавока аглядаючыся на бакі. Папракнуўшы паэта за «архаічную» мараль, «паганую» мову, высунуўшы яму абвінавачванне ў апяванні «бел-чырвона-белага сцягу», крытык зрабіў безапеляцыйную выснову: Жылка «чужы нам па форме і ідэёваму зместу». Гэтае прачытанне, пэўна ж, не дало вялікай радасці паэту. Неўзабаве ён быў вымушаны паехаць, як патрабавалі дактары, на берагі старажытнай Таўрыды, у прытульна-страхотлівую для ўсіх сухотнікаў Ялту. Блукаў па схілах Ауцкіх могілак, шукаў магілу Максіма Багдановіча, прыгадваў любімыя радкі: «У родным краі ёсць крыніца...» Ці даўно і ён гэтак думаў, спрабуючы выбрацца з Прагі... Але на радзіме ў крыніцы з жывой вадою падчашыя ад савецкай літаратуры цэбрамі лілі ідэалагічную цыкуту. Пакуль Уладзімір Жылка папраўляў здароўе ў Крыме, у роднай сталіцы наспявалі вялікія падзеі. У лісце ад 15 сакавіка 1930 года стрыечны брат паэта, супрацоўнік рэдакцыі «Беларускай вёскі» П.Рагачэўскі з іроніяй паведамляў у Ялту, што на радзіме не змаўкаюць класавыя баі з кулакамі і з усімі астатнімі рэшткамі капіталізму, ідзе штодзённае клеймаванне замежнай буржуазіі і фашыстаў розных масцей і колераў. Апісваючы літаратурнае жыццё, сваяк цытаваў «неабуржуазнага паэта» Ўладзіміра Дубоўку:
І сапраўды, падгасподнікі Парнасу часам забываліся на чалавечую чуласць і спагаду да бліжніх, нібыта насамрэч кіраваліся сумным лацінскім выслоўем: Homo homini lupus est. Для пацвярджэння інваліднага пасведчання Ўладзіміру Жылку спатрэбілася нейкая даведка. Хворы паэт у лісце з Ялты папрасіў П.Рагачэўскага наведацца ў адпаведныя ўстановы. Вось як апісаў стрыечны брат сваё няўдалае хаджэнне: «Я накіраваў амерыканскія наскі сваіх чаравікаў на парнас «Узвышша». Там сядзелі ў задуме два сучасныя і найбольшыя «ўзвышаўскія» багі - Крапіва і Глебка. Багі ўпарта думалі і нешта паміж сабою рахаваліся. Хоць, кажучы напраўду, мне і не хацелася парушаць іхнія вялікія думы рознымі драбніцамі, але я быў вымушан... Я прыйшоў па даведку... Бровы багоў падняліся і насупіліся, ілбы наморшчыліся. Выгляд іхніх абліччаў абярнуўся ў пытальнік: - Для каго? - Я здэтанаваўся. - Божа збаў, толькі не для мяне... Для Жылкі... Для Ўладзіміра Жылкі, што ён нікога не эксплуатаваў, не эксплуатуе і не збіраецца эксплуатаваць... Аблічча галоўнага бога расплываецца ў вясёлую ўсмешку: - Адкуль мы, - кажа ён, - калі разважаць прынцыпова, ведаем, што ён нікога не эксплуатаваў?» Па вяртанні на радзіму Ўладзімір Жылка ўжо нідзе не працуе, яму наклалі пнеўматоракс, штодзень ён павінен наведвацца ў лякарню для адпаведных працэдураў. Але для «люпусаў» з чырвонымі зоркамі на аколышах не існавала падзелу на здаровых людзей і інвалідаў - усіх лічылі ворагамі народа... Паэту Ўладзіміру Жылку першаму з «Узвышша» выпаў «гонар» прымераць церневы вянок пакутніка - яго арыштавалі 18 ліпеня 1930 года. Праз два дні ў Маскве, проста на службе ў Крамлі ўзялі Ўладзіміра Дубоўку. Яшчэ праз чатыры дні ступілі на крыжовы шлях Язэп Пушча і Адам Бабарэка... Жылка адмовіўся падпісаць акт абвінавачвання аб сваёй прыналежнасці да міфічнага Саюза вызвалення Беларусі. Пасля медыцынскага агляду чэкістам стала зразумела - у турэмных умовах падследны можа не дажыць да абвяшчэння прысуду. Праз месяц пасля арышту Жылку вызваляюць з-пад варты. У.Калеснік у сваёй апошняй прыжыццёвай кнізе «Усё чалавечае» прыводзіць тэкст падпіскі аб нявыездзе, напісаны рукой паэта:
«Я, нижеподписавшийся, Жилко В. Адамович, даю настоящую подписку Государственному Политическому Управлению Белоруссии в том, что я обязуюсь: Лішне казаць, з якімі адчуваннямі і прадчуваннямі апынуўся Ўладзімір Жылка на часовай волі. Сябры - за кратамі, цэлы мех ягоных рукапісаў знік у нетрах ДПУ. Па Менску адна за адной пракочваюцца хвалі арыштаў. Жах і ўсеагульнае падазрэнне нявечаць людскія душы, сусед абгаворвае суседа, брат паклёпнічае на брата. Асабліва варожае стаўленне да тых, хто прыехаў з Заходняй Беларусі, ці, крый Бог, яшчэ з далейшага Захаду. Усе яны маглі быць шпегамі, засланымі ў краіну саветаў замежнымі разведкамі... Калі Жылка яшчэ ўтрымліваўся ў бальшавіцкай вязніцы, сябры вырашылі хоць неяк яму дапамагчы. Лукаш Калюга звярнуўся да Кузьмы Чорнага, і паважаны пісьменнік адказаў, што грошай не шкада, але боязна. Брат паэта Барыс Адамавіч у цытаваным вышэй лісце да Ў.Калесніка прыгадваў і такі эпізод: «Уладзік сустрэў Купалу, яны прыселі і пачалі гутарыць, да іх падышоў Колас, і гутарка зацягнулася надоўга. Пасля Колас усхамянуўся, падняўся, падышоў да Купалы і Ўладзіка (яны сядзелі поруч), абняў іх, кожнага пацалаваў і сказаў: «Як я вас, браткі, люблю». На волі паэту пабыць давялося нядоўга. Неўзабаве яго зноў арыштавалі і 10 сакавіка 1931 года абвесцілі судовы вырак - пяць гадоў высылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласці. Акурат у тым самым месяцы другі савецкі арыштант Уладзімір Дубоўка перакладаў у турме «Шыльёнскага вязня» Байрана. Гэта быў не проста пераклад, гэта быў нібы роспавед пра іх, зняволеных паэтаў-узвышаўцаў:
Магчыма, перакладаючы наступныя радкі, Дубоўка ўяўляў сабе бледнае аблічча свайго схварэлага сябра, якому яшчэ ў 1926 годзе зрабіў гэткі надпіс на зборніку «Трысцё»: «Брату і другу Ўладзіку Жылку. З любоўю Ўл.Дубоўка».
Цікава, што і Ўладзімір Жылка ва ўржумскай ссылцы, засведчыць пазней Мікола Ўлашчык, таксама перакладаў з нарвежскай мовы верш пра зняволеных сяброў, якія паміралі адзін за адным... Ва Ўржуме паэт уладкаваўся выкладчыкам расейскай літаратуры і загадчыкам гаспадарчай часткі (па сумяшчальніцтве) у мясцовым медтэхнікуме. Нягледзячы на тое, што стаўленне да Жылкі з боку адміністрацыі тэхнікума, выкладчыкаў-медыкаў і гаспадароў, дзе ён кватараваў, склалася паважлівае, ён усё больш занепадаў, часта тэмпературыў. Сябры, што адбывалі высылку ў навакольных паселішчах, стараліся падтрымаць паэта духоўна, а аднойчы прапанавалі яму пакінуць непасільную працу і жыць на таварыскія складкі. Жылка адмовіўся. Таварышы на волі таксама шукалі шляхоў дапамагчы згасаючаму паэту. Фелікс Купцэвіч звярнуўся з лістом да Янкі Купалы (захаваўся не датаваны чарнавік): «Паважаны Іван Дамінікавіч! Неабходнасць ратаваць жыццё чалавека прымусіла мяне звярнуцца да Вас па дапамогу. Рэч ідзе пра Ўладзіміра Жылку - беларускага паэта і грамадзянскага дзеяча... У дадатак да хваробы, якая, відаць зусім дабівае яго, ён застаецца абсалютна адзін. Няма каму нават падаць шклянку вады. Жонка яшчэ летам уцякла, адмовілася ад яго, кінуўшы на волю лёсу хворага і непрыдатнага да работы. Просьба мая будзе ў тым, каб Вы самі, альбо праз некага знайшлі патрэбным сказаць у Менску нашым кіраўнікам пра лёс гэтага няшчаснага чалавека. Больш за ўсё хацелася б дабіцца пераводу Ўладзіка ў той горад, дзе былі б свае людзі, якія маглі б хоць збольшага за ім даглядаць. Такім найбліжэйшым горадам у адлегласці якіх усяго 60 км ад Уржума будзе Налінск. Тамтэйшая беларуская калонія з радасцю бярэ яго на свае рукі. Астаноўка толькі за адміністрацыйным дазволам на пераезд. Калі б Вы дапамаглі дабіцца гэтага дазволу, то гэтым многа палепшылася бытаванне аднаго з неапошніх сыноў Бацькаўшчыны» (ліст выяўлены ў архіве КДБ Рэспублікі Беларусь У.Міхнюком і М.Клімовічам.) Невядома, ці дайшоў ліст-просьба да адрасата і якім было рэагаванне народнага песняра. Але сёння вядома, што і Янку Купалу інкрымінаваўся ўдзел у міфічным Саюзе вызвалення Беларусі, што і яго змусілі пісаць пакаяльныя і нават перадсмяротныя лісты. Тым не менш напрыканцы лютага 1933 года Жылка атрымаў дазвол выехаць на поўдзень. Але бальшавіцкая літасць запазнілася - 1 сакавіка паэт памёр. Човен Харона, заплыўшы ў раку Вятку, усё ж дапільнаваў сваю доўгачаканую ахвяру. Уладзімір Жылка так і не пабачыў сваёй трохгадовай дачушкі Беаты, якую выхоўвала бабуля Таццяна Ануфрыеўна. Як найдарагую рэліквію да самой смерці захоўваў ён дзіцячую цацку-бразготку і кудзерку яе валасоў, перавязаных тасёмкай. Пройдзе час і Беата - Наталля Ўладзіміраўна Лазарава супольна з дзядзькам Барысам зробяць усё магчымае, каб ушанаваць памяць бацькі і брата. Імі будуць напісаны сотні лістоў у Браціславу, Ленінград, Маскву, Менск, Уржум з адзінай просьбай - захаваць кожнае каліва ўспамінаў пра Ўладзіміра Жылку. Барыс Адамавіч наведае месца апошняга спачыну паэта і паставіць сціплы помнік на ягонай магіле. З іхняй перапіскі з У.Калеснікам відаць, як паступова, крок за крокам, памяццю дзесяткаў людзей, аднаўляўся жыццёвы шлях Уладзіміра Жылкі. Не заўсёды знаёмыя і сябры паэта пасля безлічы ператрусаў маглі дапамагчы ў пошуку згінулых кніг і рукапісаў. Дрыготкай рукой 86-гадовага старца напісаны ледзь чытэльны ліст ад 24 снежня 1966 года на слуцкі адрас Б.А.Жылкі з Саратава - ад Язэпа Дылы: «Калі ў 1931 годзе я быў пазбаўлены Бацькаўшчыны і выехаў на Ўрал, я не мог нічога з беларускіх твораў узяць з сабою і ў мяне асабіста зараз нічога няма з выдадзеных твораў Вашага брата. Я магу Вам дапамагчы толькі ў чым? Дам Вам бібліяграфію...» У каляполацкую Палату, дзе жыла Наталля Ўладзіміраўна, ішлі лісты з Масквы, напісаныя імклівым почыркам Уладзіміра Дубоўкі: «Дарагая Наташа! Атрымаў Ваш ліст. Пабываю ў Ленінскай бібліятэцы і даведаюся наконт зборніка «З палёў Заходняй Беларусі». Калі зберыцёся ў Маскву - заходзьце... Дасылаю Вам праект ліста ў газету - па гэтым жа пытанні. Праўда, такія лісты павінен даваць Саюз пісьменнікаў, але паколькі яны не дадумаліся - зрабіце Вы. Карысць можа быць вялікая - у сэнсе адшукання матэрыялаў... Я так і не ведаю, ці былі Вы ў Менску, ці бачыліся з кім па справах літаратурнай спадчыны свайго бацькі. Якія вынікі? Калі будзеце мець часу - напішыце мне пра гэта. З вялікаю пашанаю да Вас - Уладзімір Дубоўка»(ліст ад 4 студзеня 1964 г.). Бацькава калыханка лунала над немаўлячай калыскай Беаты-Атачкі, бацькава слова вечна гучыць і над апошнім прытулкам Наталлі Ўладзіміраўны - на могілках у Палаце на белай мармуровай пліце выбіты родны радок: «У маім маленні адзіная ты». Адышоў у лепшы свет наўслед за братамі і Барыс Адамавіч - руплівы летапісец немалога роду Жылкаў. Доўгі час вяліся дыскусіі вакол апошняга твора Ўладзіміра Жылкі «Тастамента». Многіх літаратуразнаўцаў насцярожвала яго першапублікацыя ў «Беларускай газеце» (Менск, 1942), у некаторых выклікаў сумнеў занадта пафасны ўступ, нібыта не характэрны для творчай манеры паэта, а нехта ўвогуле лічыў твор падробкай. Нават найдасведчаны Ў.Калеснік выказваў некаторыя сумненні, шкадуючы, што аўтарскі арыгінал «Тастамента» незваротна страчаны. Але ж рукапісы не гараць! У архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку перахоўваецца аўтограф «Тастамента», уратаваны для нашчадкаў у страшныя 30-я гады гэткім жа ссыльным Яўхімам Кіпелем. Уся творчасць Ул.Жылкі - своеасаблівы тастамент нашчадкам пра веліч Прыгажосці, пра яе ратавальную місію сярод зямнога непрывабнага жыцця. Паэт ішоў наўслед за эўрапейскімі рамантыкамі, пераствараў іх па-беларуску, працягваў распачатую Багдановічам справу. Потым з падказкі таго ж А.Луцкевіча за творцамі падобнага кшталту замацуецца вызначэнне «песняры чыстае красы» - але ці бывае краса мурзатая? Пасадзіў жа Ўл.Жылка «лілею між балот». І яна пасярод «ціны бруднае і плесні» змагла захаваць сваю адпрыродную чысціню (верш «Душа мая тужлівая»...). Ул.Жылка сваёй творчасцю як бы паспрабаваў падвесці рысу пад даўняй нашаніўскай дыскусіяй, якая акрэслівалася багдановічаўскім радком «кінь вечны плач свой аб старонцы». Тэма гэтая, аднак, і ў 20-я гады не атрымала свайго канчатковага завяршэння. Цэлая літаратурная арганізацыя паспрабавала не словам, а чынам пацвердзіць слушнасць багдановічаўскіх пачынанняў, але сузіранне і спасціжэнне красы - занятак не гуртавы. У творчых адносінах кожны з сяброў «Узвышша» быў сам па сабе. І наўрад ці Ўл.Жылка, прыехаўшы з Прагі, шукаў паэтычнай гаманкой сябрыны, наўрад ці быў ахвочы па-«маладняцку» спяваць у хоры. Праблемы прыстаць да якога рая для яго ніколі не існавала, хутчэй самі раі навыперадкі стараліся залучыць таленавітага паэта да сябе. Сёння ўжо відавочна, што савецкі перыяд у творчасці Ўл.Жылкі не вызначаўся асаблівым плёнам. Паэт, творчым крэда якога былі напісаныя ў Празе радкі «няма збавення апроч пекнаты», вымушаны быў пісаць газетныя артыкулы пра Горкага і Някрасава, рыхтаваць святочныя паэтычна-партыйныя літстаронкі ў «Звяздзе». Часам не хапала «высокаідэйных» твораў, прыходзілася пісаць самому. Напэўна, Жылка разумеў, што «Песня дзесятых угодкаў» - здрада самому сабе, сваім эстэтычным прынцыпам. А лірычныя вершы пісаліся ўсё радзей і радзей. Ды наўрад ці хто ў ахопленай сацыялістычным шалам Беларусі заўважаў трагедыю яшчэ аднаго паэта-мройніка. Наадварот, сябры нязлосна пакеплівалі з ягоных ранейшых вершаў. А Жылка наіўна спрабаваў дастасаваць уласныя высокія крытэрыі ацэнкі мастацкага твора да ўсяго тагачаснага беларускага пісьменства, ушчуваў калегаў за моўную неахайнасць, незнарок ублытваўся ў гарачыя спрэчкі, далекаватыя ад сапраўднай літаратуры. Яшчэ ў Празе Ўл.Жылка як бы прадбачыў сваё жыццё ў сталіцы савецкай Беларусі. У адным з лістоў да Антона Луцкевіча ён супакойваў самога сябе, палагоджваў уласныя сумневы: «Я хачу сказаць, што маю права пісаць не толькі ўра-патрыятычна-пралетарскія рэчы, але й заставацца ў самотным ціхім храме Хараства». Паэт марыў напісаць і выдаць кніжку з матывамі кахання, смерці, прыроды, дзе б не было ніводнай рыфмы «гэй, наперад», спасылаўся на французаў і немцаў, якія выдаюць кніжкі такога кшталту штодня. Паэт з эўрапейскай адукацыяй, ён і тварыў у рэчышчы эўрапейскім - у ягонай творчасці натуральна глядзеліся пентаметры і гекзаметры, санеты і вірале, верлібры і белыя вершы. Жылка напісаў першы ў беларускай літаратуры верш з кансананснай рыфмоўкай, спрабаваў стварыць новыя вершаваныя формы. Веданне антычнай літаратуры, класічнай французскай, нямецкай, чэшскай, польскай паэзіі, пэўна ж, падвышалі Жылку ў вачах былых студэнтаў педтэхнікумаў і рабфакаў. Мо хто і паглядаў скоса, але куды больш было захаплення і таварыскай спагады. Зычліўцы залічылі паэта да бясспрэчных мастакоў слова, называлі ў друку новым Багдановічам. Ул.Жылка ведаў пра сваю хваробу, ўспрымаў наканаваны лёс спакойна, нават такую непаэтычную з'яву як смерць не цураўся пускаць на цвінтар свайго ціхага храма. А як жа - спрадвеку ў храме не толькі бласлаўлялі на новае жыццё, але і адпявалі. Смерць мелася быць адным з матываў задуманай ім кнігі. Яе, каго паэты звыклі маляваць кашчавай і бяззубай, паэт называе жаданай госцяй. Ягоная цудоўная элегія «Смяротны пах» гучыць як прычашчальная малітва. Напярэдадні з'яўлення ў Беларусі новай літаратурнай плыні вітаізму (што абазначыцца творчасцю Я.Пушчы, Ул.Дубоўкі, А.Бабарэкі) Жылка як бы пачынаў ад адваротнага, спавядаючы мартызм. Паэт знаходзіў хараство ў букеце завялых кветак, у гаснучай восеньскай прыродзе. Уладзімір Жылка ўсведамляў, да чаго пакліканы і стараўся як мага менш збочваць з раз і назаўсёды абранае сцежкі. І акурат гэтая сцежка за ягонай спінай ператварылася ў шырокі гасцінец, прайсціся па якім светла і радасна, бо вядзе ён да вымраенага паэтам храма. Як сведчыць Дубоўка, Уладзімір Жылка, часта паўтараў лацінскае выслоўе: «Vivera memento!» - «Памятай пра жыццё!». Ён да апошняга дня верыў, што яму ўдасца выехаць з гіблага Ўржума ў сонечны Крым, акрыяць і пісаць, працаваць дзеля светлага рання Беларусі. Але ўласныя вершы, нібы зачараваныя ў шчадроўскую ноч на варажбітным стале рэчы, рабіліся непаслухмяныя, паказвалі на іншае. Яшчэ ў 1931 годзе Ўладзімірам Жылкам быў напісаны своеасаблівы подступ да «Тастаменту» - «Верш развітання» з прысвячэннем: «Феліксу Купцэвічу, сэрцу, раздзертаму болем па Бацькаўшчыне»:
Верш-рыданне, верш-супакаенне... Паэт выкарыстаў лермантаўскі вобраз адарванага лістка, пэўна, ажывіўшы ў памяці свае юначыя пераклады паэзіі вялікага бунтара. Сэрца Ўладзіміра Жылкі таксама кроіў пякельны боль па паняволенай Бацькаўшчыне. Ды яно, знясіленае, поўнілася мужнасцю і ахвярнасцю, праменілася любасцю да высокай горняй красы і зямнога дольняга жыцця. Паэт не пражыў і трыццаці трох гадоў, вершам жа ягоным наканаваны нашмат даўжэйшы век. Міхась Скобла
Крыніца:
Беларускі Кнігазбор
|