ДЗЁННІК
1923
15 сакавіка
Смерць саўсім не страшыць, нават больш: яна жаданая госця. Пужае жах жыцця - жорсткі і няўломны, няўмольны. Я баюся пустаты і хаосу, а яны паўнаўладны. Песні хаосу заўсёды з намі, чортавы, праклятыя песні. Толькі на час праяснее неба нашага духоўнага свету, і здаецца (здаецца толькі) гармонія. Ах! Як цяжка жыццё, які велізарны цяжар. Б'ешся ў ім, як муха ў павучэнні, і, мітусячыся, толькі больш заблытваешся... Але я ўсё ж адчуваю, што няшчасце і пакута заложаны не ў рэчах, а ў нас саміх. «Я», яго перажыванні твораць у нас і радасці і пакуту. Ды ад такога ўяўлення не лягчэй. Безумоўна, гаспадару трудней, як парабку. І не пазайздрошчу я Богу. З сабой найцяжэй уходацца, утрымваць сябе і кіраваць.
Раб не ведае любові - ён пахатлівы. Мы - дзеці рабоў, атручаныя рабствам і зняверай.
1 мая
Хлопец старанны - у 1,5 месяца раз ледзь сабраўся заглянуць сюды. Але цяпер пастанова: пісаць кожнага дня і не менш дзвюх старонак. У гэтым свая пэўная мэта, якую покі што захаваю. Галоўнае ж заданне, каб найменш аб глыбакамудрых рэчах, а болей чаго іншага. Тады можа будзе больш смеласці брацца за гэты сшытак.
Такім чынам - першае: канстатую, што Валодзя страшэнны лянцяй і паважанаму пану Ўл.Жылцы тым дастаўляе столькі непрыемных мінут і наводзіць на горкія сумныя развагі: ці гэта хвароба вылечваецца, ці не застарэлая вельмі хворасць? Развагі, якія могуць і не такога чалавека кінуць у холад і ў жар. Другое: я зусім даўся духоўна, чарвяточына ўсярэдзіне, ад якое нудзіць светам цяжка. Але аб гэтым лепш і маўчаць: не чапай ліха, як спіць ціха! Ляпей я раскажу аб сваім каханні, апошнім каханні. Каханка гэтая... і хто б мог падумаць... Хараство. Я хацеў бы зусім, як гімназіст 5 класа, без павароцця ўкахацца. Мне здаецца, што мая Каханка няздрадная, нязменная... Хаця, што з гэтага: я - Янус1, я - нясталы, няпэўны. Колькі было раней падобных «каханняў». Але, можа, таму і кахаў - і Беларусь, і барацьбу, і буры, і вясняныя громы, і палі, і сенажаці, што ва ўсім гэтым свяціўся Яго свет. (Цікава, што па-беларуску Хараство, як і Неба, як і Сонца, святло, цяпло - ніякага роду.) І чым грубей і недалікатней штоўхае цябе жыццё, чым яго ўсмешкі больш жорсткія, чым балючай жыць, - тым больш хочацца Яго - Хараства. І чым яго менш становіцца ў табе, тым дужэй жаданне, прага да Яго. Я нат не ведаю, што яно такое. Мне хочацца думаць, што Яно і ёсць вялікая сапраўдная рэальнасць, якое няма нат у навуцы. (Вось бы здзівіліся вучоныя аўтарытэты, каб чулі гэтую ерась: у навуцы няма рэальнасці.) Жыццё так шмат разбіла найдарожшага, што нічагусенька не засталося - адзін «правал», нейкае чорнае бяздонне, якое ўсё часцей аскальвае сваю жахлівую зяпу... Брр! Страшна! Зямля ўцякла з-пад ног. А так бы хацелася ўчапіцца за што-небудзь моцна-моцна, прутка стаць на нейкую «сваю зямлю», на рэальнасць. І калі Хараство і ёсць Абяцанкай, блакітнай затокай... Хоць я не ведаю, што я заву гэтым імем. Мне здаецца, што я Яго толькі адчуваю, толькі лаўлю Яго сляды, Яго ўсмешкі, і, здаецца, скарб Яго рассыпаны ўсюды, усюды, як юр'еўская раса на травах і лістах. Душа так сквапна ловіць Яго перлы-расінкі. Пералічыць іх не можна, бо Яго, як зор у небе (у кожнай зорцы Яго свет), як кропляў у моры, як лісткоў на дрэвах, як... Але і Брыдкасць уродства магутнае і ліпкае, як паганыя думкі ў хворага. А я ці не хворы? І ліпне, паскудзіць яна істоту Божую. Цяжка ад яе дыхаць, бо і ўсярэдзіне, у самым сабе яна. Песняры, музыкі найбольш адчуваюць гармонію, сугучнасць, таму ім найболей знаёма і агармонія, чорнае. І якое заўзятае змаганне ідзе. У маёй памяці цэлы рой гэтых пакутнікаў-мучальнікаў. Усе яны рыцары Святла, змагары з цемрай: трагічны Гогаль2, парадаксальны Оск.Уайльд3, святы Гл.Успенскі4, хворы Дастаеўскі, мудры Ібсен, заблудзіўшыйся Ніцшэ5. І ўсім жорсткі, у жоўтым Жах скрывіў болем рот. Сын Цемры - Шал - перамог!
Толькі дужыя, здаровыя ходзяць без кія, а слабому трэ падперціся, трэба дапамога. Мо таму я так упарта шукаю падпоркі... Я ніколі не быў атэістам, але і ніколі не ўдзяляў справам веры вялікай увагі. Я быў захоплены жыццём, яго шумам, ахмялеў ад яго. А цяпер, калі праходзіць першы чад, звяртаюцца вочы мімаволі ў нейкія нябачаныя туманы, хочацца чуць нешта. Пытанне веры становіцца на чаргу. Але адно: Хрыста, светлага Ісуса я заўсёды любіў. Знаю яго боскасць (хоць Богам ён мог і не быць) і знаю яго чалавечнасць. Знаю яго магутнасць, калі забараняў мору хвалявацца, але знаю і яго малітву слабасці «Хай міма пройдзе келіх гэты»6 ў садзе. Бачу яго ўладаром, як едзе ў Іерусалім7, і паніжанага, зняважанага воямі. Люблю яго, як моладасць сваю, як казку, як легенду, як лёгкі сон, як летуценне, але люблю і як сімвал мае трагедыі, люблю яго за вялікі трагізм, за мукі яго, за раны, за крыж яго. Без гэтага казка была б не поўная, легенда ўтраціла б сваю цудоўнасць, спагаднасць-прывабнасць, сон згубіў бы сваю чароўнасць. Я не ведаю нічога болей харошага, вялікага, як неўміручы (ляпей сказаць) памершы і ўваскросшы Хрыстос.
2 мая
Ну і сягоння крыху мазну. Мне сапраўды ўсё болей хочацца зямнога, простага, вясковага жыцця: любіць зямныя рэчы. А добра знаю, што гэтага доўга, доўга няможна спадзявацца, нават думаць. А добра было б адпачыць дзе-небудзь на святой Беларусі, у якім-небудзь прыгожым куточку сваёй хатай, сваім ладам. Вось буржуйскія думкі і прэтэнзіі, але спяшаюся апраўдацца: толькі адпачыць у ціхім куточку, паправіць здароўе, а там, далей, у буры з галавою. А бывае, адчуваеш страшэнную змору, і здаецца, што ты шмат, шмат гадоў жыў, усё бачыў, усюды быў і так стаміўся ад нейкага доўгага жыцця, што Супакой вабіць цябе як нешта найлюбае, найжаданае. Не хочацца нічога думаць. Ні аб чым летуцеці, акрамя як аб Адвечным Сне. Але думкі такія паганыя, як гразь асенняя, ліпкая. Абрыдзелі яны мне. Я калісьці быў светлы і белы, як анёл, і думкі былі, як бель вішнёвага цвету, як крылы лебедзя.
5 мая
Пачынаю лепей чуць сябе фізічна, і як бы крыху супакойваюцца нервы. А разам з гэтым і вясна робіць уражанне, і ў мяне з'яўляецца надзея на лепшае, хоць мяркую, што, стары дурань, яшчэ раз горка памыляюся. Але хочацца верыць, што буду зусім здаровым, што буду магчы шмат, шмат працаваць. Што ж, я хачу быць карысным свайму краю. Ох, якія часам прыходзяць гордыя думкі ў галаву, і абы здароў быў, то я чую ў сабе здольнасці і сілу выканаць іх. Маё «адступленне» (толькі не ад ідэі, а ад працы) толькі тактычнае, каб нарэшце перайсці ў наступ і да перамогаў, абавязкова да перамогаў. Які ж я быў бы крывіч, каб не спадзяваўся на гэта. Так - я крывіч і хачу, каб была на свеце крывіцкая нацыя. У гэтым «хачу» мая нязломная воля. Для гэтага ёсць адпаведныя варункі, пэўны грунт. На ім можна шырока і поўна выявіць сваю індывідуальнасць. Ва ўсім гэтым ёсць доля шалу, але ён адчуваецца нібы ў светлым полымі святасці. Але «думкі, думкі - звадыяшкі»8... Ша!
Мае адносіны да паэзіі: яны глыбокія і інтымныя, але і тут нейкая хворасць. Трэба самавызначыцца ў гэтым напрамку. Што ж: паэт я ці не? Не і але, але і не! А нарэшце я нічога не знаю. Я люблю Яе. Але маё гора, што я не ўмею рабіць нічога вольна і звонка; ёсць у маёй істоце нешта цяжкое, панурае. Каханне ў мяне вядзе не да радасцяў, а да канфліктаў; і не вышэйшую гармонію адчуваеш, а халодны подых хаосу. Я калісьці чакаў уваскрашэння ад звычайнага кахання са смяротнаю і чакаў яе. А затым у мяне не хапіла нат эстэтычнага пачуцця. Дурань я, дурань! А паэзія - яна ж таксама не аднакавая, няма пастаянства.
Аб ёй заўтра, а сёння пара спаценькі.
Пазаўчора пісаў ліст Тамашу9, таму не заглядаў сюды. Можна дараваць. Учора паленаваўся - штраф: тры бачынкі больш напісаць заўтра.
6 мая
Дзейнасць, праламаная цераз прызму рамантызму, ужо не ёсць дзейнасць (карыстаючыся словам у разуменні рэальнасці), але «сутнасць рэчаў сама ў сабе невядомая» па Канту10, а таму чым маё рамантычнае ўяўленне горшае за дзейнасць, уяўленую здаровым змыслам. Чаму, зусім не разумею, ганяць рамантызм, насміхаюцца над ім? Рамантызм, ідэалізм - гэта тое, чым трымаецца наша зямля, тое, без чаго немагчымы быў бы жаданы поступ, без чаго існаванне стала б немагчымым, цяжкім і чадным.
10 мая
Дзе ляжыць залог катастрафічнай (праўдзівей, трагічнай) развязкі «Дэмана» ў Лермантава11? Ці ў ім, якому «зло наскучило», ці ў ёй- Тамары. Я гатоў тыкнуць пальцам у Тамару, бо гэта яна «не создана для мира». Яна і ад ласкаў князя «извяла б, ссохла наконец» (Цютчаў)12. Уся абмылка Дэмана, што ён выявіў сябе вельмі палкім, гарачым палюбоўнікам. Усе яго маналогі - магутныя гімны каханню. Безумоўна, у сваім каханні ён «неизменен и велик», і ў гэтай памылцы яго спасенне.
17 чэрвеня
Як пагана чуць сябе хворым, слабым, няпрудкім на нагах. Ходзіш, хістаешся, і ўсё ў нейкім тумане. І нічога, нічога не ведаеш, што дабро і што зло і куды ісці, калі ноч і бездарожжа? Калі цёмна і холадна! А галава як волавам налілася, і думка такая тупая і непаваротная. Цяжка не жыць, а па-скацячы бытаваць...
Чырвоныя ружы - крывавыя і палкія. А іх пах мляўкі, аслабляючы волю, грахоўны і распусны. Удыхнуў яго раз і чуеш, што ўжо атручаны на ўсё жыццё, што летуценні твае ўжо не будуць чыстымі і светлымі, як звонкая гаманлівая крынічка, і такімі халоднымі, як яна. Быць ім ужо ахварбаванымі ў чырвоны палкі колер, быць ім прыварожанымі і неспакойнымі. І ты, які ўпадабаў свет, створаны ўласнымі летуценнямі, які ад гэтай безгалосай будзёншчыны, як ад дакучнага авадня, хаваешся ў бязмежныя, цудоўныя палацы свае фантазіі, якому прыкра бачыць звярыныя морды на дзвюх нагах, які ўкахаўся ў блакітныя прасторы, у зялёныя сенажаці і прывабныя далі - ты сумуй няўпынна. Бо гора табе! Усе колеры адцвілі і палінялі, у вачах чырвоная хварба, і праны пах крыкам працінае кроў.
І калі не стане змогі працівіцца ці паху, ці мо ўжо самому сабе (адкуль ведаць?), калі воля, як пабіты бураю квет, ціха, бяссільна [неразб.] дзесь, у далёкім куточку, то гэта настане час твайго паніжэння, падзення, ганебны час. І ці можна быць светлым, калі тваё жыццё як хаўтурны матыў?
2 жніўня
Той месяц такі і нічога не пісаў. І ён патануў у працы і занятках зусім незаўважаным - борзда і, на маю радасць, даволі цвяроза. Нягледзячы на працу, я пачынаю чуць сябе крышку лепш фізічна, а разам з тым і духова. Мне здаецца, што каб я быў здаровы, то мог бы быць карысным і блізкім сваім і свайму народу. Разам са здароўем прыходзяць здаровыя творчыя думкі, у галаве варушацца і спеюць новыя тэмы. Я б цяпер з вялікаю радасцю аддаўся літаратурным заняткам. Прызнаюся - я люблю пісьменства. І, мусіць, мне не развязацца з ім ніколі. Маюцца ў думках некалькі новых планаў. Усе цяжкія і патрабуюць грунтоўнай падрыхтоўкі. Хацеў бы ў форме паэмы выказаць глыбіню, уменне думаць нашага селяніна, яго нахіл да містыкі і любоў да зямлі, да працы на ёй. Хацеў бы змаляваць нашага масавоза Янку13 і гэну паэму назваць яго імем «Янка» і давесці, што яго містыка і сквапнасць да працы робяць з яго элемент, годны для дзяржаўна-нацыянальнага будаўніцтва. І, мала таго, робяць яго самога будаўнічым... Усё покі што ў праекце яшчэ вельмі чарнавым. Усё мусіць быць, напрыклад, пабудавана на фоне народнай творчасці, і хацеў бы нават - народным вершам беларускіх песень. Але гэта тонкая, не лёгкая задача.
Другая сур'ёзная непакоячая рэч прыблізна мусіць быць такая - псіхалогія лжэпрарока. Чалавек, які адчувае, што каб нешта яшчэ меў у сабе, то мог бы быць правадыром свайго народа, які любіць гэты народ, адчувае яго паніжэнне, гаруе над ім - герой задуманага. Дзеянне адбываецца ў Іудзеі, перад прыходам на свет Хрыста. Мусіць, схілюся да таго, каб прыбраць твор у драматычную форму і пяцістопавы ямб... Але, калі тое будзе. І часу брак, і варункі далёка не спрыяючыя працы літаратурнай. І дурань я, дурань!.. Чаму б не згадзіцца, што я маю крышку волі, а таксама маю права думаць аб літаратуры і сам пісаць. Сумненне і знявера, як атрута, душаць людзей.
У чым паратунак людскі і што значыць знайсці самога сябе? А быць такім, як ты ёсць, - найцяжэй, а мо зусім немагчыма. Якім [неразб.] самога сябе? Такі і свет. Дзівішся, а ён «странный, в цветной закутанный туман»14.
6 кастрычніка
Такім чынам, я зноў саджуся пісаць. Баліць і гарыць галава, баляць грудзі. Дактары кажуць, што ў мяне вельмі сур'ёзна ў лёгкіх, трэба лячыцца. Але, божанька, я так утаміўся, такі цяжкі быў мой шлях, такі пакутны, што я ўтаміўся. Мне скарэй хацелася б смерці. Хутчэй адпачыць. Я ж маю права аб гэтым марыць, як працаўнік, натаміўшыся за дзень, мае права, павячэраўшы, легчы спаць. Мой дзень быў кароткі, цяжкі (нат больш - жахлівы) і шэры. Такія бываюць у Піліпаўку15, развідніцца і зноў пачынае сутонець, ні сонца, ні блакітнага неба, ні светлых даляў. Развіднелася і сутонее, а дня й не было. Няможна ж так жыць: заўсёды хворы, заўсёды павышаная тэмпература, безнадзейнасць, бяссілле. Душыць і самотнасць - ні родных, ні блізкіх сяброў і прыяцеляў. Я на ўсім сваім кароткім шляху - адзін. І ў час, калі падымаюся на свае горы і калі валюся, зніжаюся на сваю зямлю. Адзін ускіпваю радасцю, адзін халадзею тугой. Я досыць скора і моцна прывязваюся да людзей, але сапраўднага таварыства не ведаю.
...Так, безумоўна, так - памерці радасць, але страшна падумаць, што прыходзіцца (а мо й далей прыйдзецца) жыць кульгаючы, хвораму і разбітаму. Так часта прыходзіць здрадная, салодкая думка - прыскорыць канец. Гэта найлепшае выйсце, але... але я дурань і слабы, бязвольны. А мо хапіла б сіл, а пераконанасці ў гэтым няма!
Ну як жа ты праводзіш свае дні?.. Думка падказала - валяй храналогію. І маланкай пратэст: нашто храналогія!
- А Вы мяркуеце, што імпрэсія каштоўней? - Ах, я нічога не знаю! Заўважаю: каравы мой язык - і стыль.
...Са мною заўсёды: бяруся за пяро, адлятаюць думкі. Нейкую адчайную лёгкасць (не разбяруся, як Хлестакоў: лёгкасць думак ці лёгкасць ад думак), і нічога не пішацца.
...З доследаў над сабой: зусім не цікавы, аднастайны, нудны, ні яркасці, ні колераў. Апошні да гэтага часу не выяснены. Вялікая цікавасць - о, якая вялікая! - да ўласнай асобы. Пры нецікавасці цікавасць - знак эгаізму (а не каламбур). Таму зусім нецікава заставацца з самім сабой, нудная, дакучная кумпанія.
Але вось - што значыць: быць самім сабой. Не ведаю. Пакуль што дайшоў да дзвюх магчымасцяў. Быць самім сабой - значыць быць нейкай закончанай канкрэтнасцю, яснай для сябе. Другое: рух фізічны абавязкова адбівае праяву «Я» духовага і на кожны злом яго - правідлова адбітая рэфлексія.
Так, аканчальна: я не ўмею апавядаць аб сабе. Помню дзіцячыя гады. Я быў старэйшы ад брата, але гэта не шкодзіла яму за якую-небудзь дурніцу добра мяне адчубіць. Калісь мой твар быў, як пасля воспы: ён драпаўся, як кот, і яшчэ меў звычку кусацца, не разбіраючы, што кусае. Помню, раз уцяў зубамі за жывот. І здарылася так, што, пабіўшы мяне, бяжыць жаліцца маме ці тату: мне яшчэ і ад іх пападала: «Ты старшы і мусіш прыклад даваць!» «Эх, гараць з Валодзі свечкі», - казаў бацька. У мяне не знаходзілася слоў і здольнасці давесці, што я найменш вінен. Хоць часта чуў усёй істотай, што я нявінны, што мне ўжо ад брата дасталося, а бацькі хочуць пакараць другі раз. Было балюча да слёз, і я плакаў. Праўдзівей, скавытаў, бо плакаць моцна, як плача большасць дзяцей і кабеты, я не ўмеў. Залезеш у кут (памятаю - часцей у спальні на куфар, што стаяў ля печы), слёзы пальюцца, уздрыгваеш плячыма, крыўдна, горка, але стараешся, каб плачу не было чутна. Гэта, відаць, спадчына па маме - і яна ніколі не галасіла, хоць і не лёгкае было жыццё і слёз нямала выліла, але ціхачом усё, далей ад людскога вока. Значыць, мая каснамоўнасць з дзіцячых часоў: такім удаўся.
Наогул я не заўважаю за сабой жадных «талентаў», каб хоць адзін - а ні-ні! Чым пахвалюся: памяць, здольнасці да навукі, мастацтва, вялікая воля, здароўе - нічагусенькі няма! Асабліва - адсутнасць слыху. Вельмі цяжка не чуць. Горш за адсутнасць здароўя.
Думаю - імажынізм16 - паэзія глухіх. Там галоўнае «абраз». Пака што гэта школа мае найбольш зрокавых абразоў. Аб музычных, гукавых не чуў. Вось Тычына17 - іншае. Ён мне падабаецца. Блок таксама музычны, болей, ён - музыка. Яго загад: «Слухайце музыку... усёй душой, слухайце!»18 Але аб Блоку лепш маўчаць: такі ён вялікі, такі вялікі, што каля яго чуеш сябе ніякава. А калі яшчэ гаварыць аб ім - канфуз.
N.B. Што такое точка? Я не знаю здавальняючага адказу; у іх (адказах) чуецца (баюся смеласці) метафізіка! Да душы...! А «точка» - печ, ад якое скача ўся геаметрыя. А???!
1925
31 ліпеня
Хто кажа, што ноч чорная? Што можа быць хібней гэтага погляду. Зямныя хмары, зморшчыны зямлі - чорныя хмары робяць яе чорнай. Ноч сіняя, як Мудрасць і Адвечнасць. Ноч мудрэй дня. Ноч - глыбіня. Кожная жанчына стае цяжарнаю ноччу. Мы ўсе пачатыя ўначы.
[1923-1926]
КРЫЎЯ
Бацькаўшчына для мяне - гэта памяць дзяцінства, імкненне да добрае, цёплае мамы, яе песні, увесь боль мой і радасць.
Бацькаўшчына - музыка, гамы гукаў, свету, колераў і пахаў (абавязкова пахаў!), адчутая, адбітая і прынятая сэрцам.
Таму гэта тэма можа быць вырашчана толькі ў плошчы сэрца і волі.
Матэрыял геаграфіі, гісторыі, сацыялогіі - яны могуць як матэрыял служыць толькі як струны ў скрыпцы, як тычкі на шляху нашага недасканалага мышлення. Але не болей.
Самыя па сабе яны без сілы што-небудзь вырашыць, бо асяродак вагі па-за імі.
Таму асцерагаем добразычлівых суседзяў, паважаных прыват-дацэнтаў і бібліятэчных пацукоў - гэта не для іх смаку і высокіх ілбоў.
Таксама і не для нацыянальных эратаманаў.
Вы чуеце ману, як зыблае балота, у гэтым слове (Б[еларусь]), пакуль мы белар[усы] - мы не будзем сапраўднымі мы. Мы толькі частка, толькі галіна, адлом. А наша жаданне быць сапраўдным арганізмам. Мы хочам творчасці. Для яе трэба індывідуальнасць. Мусіць быць самавызначэнне. Іншым яно не можа быць як - крывіцкім.
Беларусь - гэта толькі магчымасць, паўсвядомасць дзіцяці, нацяк на гісторыю, але яшчэ этнаграфія. Паўразвітасць, недаразвітасць нацыянальнага жыцця - нарадовая імпатэнцыя, не меней агідная ад нацыянальнай эратаманіі.
Крыўя - гэта творчасць і форма, сутнасць якое - нацыя. Змест - кожнае дасягненне - новы верш, новы навуковы твор... ёсць Крыўя.
Мы прысутнічаем пры цікавым з'явішчы - як растуць і фармуюцца ідэі. Крыўю мы мусім вітаць як новы крок у нацыянальным самаўсведамленні. Нацыянальнае «Я», адраджаючыся, паглыбляецца ў самапазнанне. Беларуская свядомасць*, захаваная ў мутным «тутэйшым», мусіла прайсці рад [мытарстваў. Закрэслена.] блуканняў, каб дайсці да паўнаты і канчатковай усвядомленасці. Такім этапам і была Беларусь. Розніца паміж «тутэйшымі» і «Бела[русамі]» як між этн[аграфічнаю] цікавасцю першых да канкрэт[нага] «людзьмі звацца». Мы хочам, каб слова было эквівалентна зместу.
Для нас сёння Б[еларусь] не толькі этнаграфічная цікавасць, але і актуальная праблема для вырашэння грамадскіх, сацыяльных, эканамічных, рэлігійных і інш. узаемаадносін у нашым шматмільённым Краі. Так усвядомленая Бел[арусь] можа быць толькі Крыўяй.
* Яна была вельмі затушавана, заценена доўгімі гадамі рабства і пад уладаю братніх культур, каб зразу выбіцца на пэўны шлях.
[1923-1926]
ПРАКЛЯТЫЯ ПЫТАННІ
Вырашэнне нейкіх праклятых пытанняў ці шчыт ад іх дакучнасці! Я не прымаю іх як адкравенне, але люблю іх і часта чытаю пра сябе, як пабожны мніх святыя модлы. У іх няма праўды, а салодкая, светлая мана, і ўпіцца ад яе часамі хочацца... Знаеце, цяжка хадзіць з мянушкай паэта і нат абразліва. Я ніколі не пачуваў сябе гэткім і хвалю Бога, што ён не стварыў мяне ім. Я пачуваю ў сабе шмат здаровага мяшчанскага і цешуся гэтым, і толькі няшчасце, што хворы, што нездароўе нішчыць... Не, я не мешчанін, ані паэт, проста хворы, хворы і яшчэ раз хворы чалавек. А таму вельмі жаласны, і гэта самае паганае - мужчына не можа быць жалкім і няма большай абразы для мужчыны, як сказаць, што яго шкада. Такія - мае найгоршыя ворагі. Я ніколі не звярнуся да добрага сэрца, нат найбліжэйшага сябра. Няхай найгорш будзе, найбалючай, трэба ўмець сціснуць зубы і быць хмурным і гордым! Самае важнае захаваць спакой, калі над табою... [Тэкст абрываецца].
[1923-1926]
ХАРАСТВО
Вячэраючы сёння ў сахарні1, бачыў перад сабой букецік руж: дзве ружовых і чырвоная. Кожная пахла па-асобнаму, але так далікатна і строга. Чаму хараство заўсёды пабожнае? Чаму дагэтуль няма рэлігіі хараства? Хараство - стымул праўды, волі і веды. Укараніся культ Хараства, і людзі былі б шчаслівымі. Калі пачынаўся культ зямлі «фізіёлёгі», хрысціянства - духа - праўды захмарнай, - то рэлігія Хрыстова мусіць быць сынтэзай, злукай. Людзі жадаюць Хрыста новых высот, новага неба! Хрыстос Хараства прыйдзе хрысціць у імя Хараства формаў і духа, і ім спасемся!
Безумоўна, не пашлю гэтага ліста на адрас! Хараство і гармонія ці не адно і тое ж?!. Але захавай, захавай ад людскога вока. А людзі такія паганенькія, дрэнныя, няўжо ім быць у царстве Хараства?
Але даволі, даволі...
Ці не заўважае хто, што я трохі «тае», не ўсе дома? А гэта даўно ўжо, даўно. Бр-рр! Дурань!.. Хто? Хто? Жах... Даволі... [Тэкст абрываецца].
[1923-1926]
Крыніца:
Уладзімір Жылка. Выбраныя творы.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1998.
Беларускі Кнігазбор
http://www.bk.knihi.com