Таіса БондарПавуціннеРаман-містэрыя
Быццё пачынаецца
на мяжы небыцця.
1
Душараздзіральныя ўсхліпы-завыванні ўключанай на ўсю магутнасць сірэны рассеклі, раскрамсалі горад папалам - і час раптам спыніўся: час, які толькі што так жыва, так яскрава ўяўляўся бязмежнаю, магутнаю ракою, застыў і на вачах пачаў распадацца, асыпацца ва ўтвораную расселіну, што шырэла і ўсё больш страшна, ужо, здавалася, з-пад самых колаў, зеўрала чорнаю пустатою. Анэля спалохана круціла руль і, не разумеючы, што машына даўно не слухаецца яе, усё спрабавала адвярнуць, узяць крыху ўбок, правей, каб, размінаючыся з безданню, прапусціць наперад «хуткую», даць ёй першай праскочыць небяспечнае скрыжаванне: хтосьці ж чакаў дапамогі, хтосьці гукаў...
- Госпадзе, ды што ж гэта? Што ж гэта такое?!
Неяк раптоўна адразу сцямнела. Ці то ранак вяртаўся ў ноч, ці то горад правальваўся ў чорную пустату. Уключаныя фары выхоплівалі з цемры згусткі паветра, якія на вачах камянелі, ператвараліся ў аграмадныя крывава-чорныя сколкі граніту - і гэтыя сколкі ўздыбліваліся, раслі, зрасталіся ўгары, над галавою, утвараючы тунель, жудасна-бясконцы, як выццё сірэны ззаду... Тунель? Які тунель у самым цэнтры Менска, на скрыжаванні дзвюх шырокіх цэнтральных вуліц?!
Пытанні, не прамоўленыя і ўсё ж быццам выкрыкнутыя ў пустату, у змрок наперадзе, вярнулі згадку - вярнулі яе назад, у згадку, і Анэля ўбачыла, так, так, зноў убачыла і стужку праспекта, і зялёны ўсплёск святлафора, на які кіравала, і малую гадоў пяці ў яркай квяцістай сукенцы проста перад машынаю, метры за чатыры. Рэзка, нават не ўсвядоміўшы руху, зноў крутнула руль - і адчула, як кінула машыну ўправа, на віск тармазоў, насустрач сцяне, якая яе, і яе разам з машынаю, расплюшчыць.
- Госпадзе, ды што ж гэта?! - выгукнула адчайней, грамчэй, перапыняючы, абрываючы ў душы, у свядомасці і шалёны віск тармазоў, і завыванне сірэны «хуткай дапамогі» і чыйсьці няўцешны плач зусім побач.
Яшчэ падумала: «Я ж паспела... Паспела абмінуць малую!», а ў наступны, ці ў той жа самы, момант (гэтага ўжо было не вызначыць!) час перастаў існаваць. Спыніўся, як спыняецца, калі да канца раскручваецца спружына, гадзіннік.
Не, не, гадзіннік на панелі прыбораў працаваў, мерна, імгненне за імгненнем, як і раней, адшчоўкваў на ўманціраваным у яго лічыльніку патрэбныя лічбы - гэта Анэля бачыла, усведамляла, але бачыла, усведамляла яна і іншае: час - той час, які толькі што быў асязальным, у кожным сваім руху адчувальным і жывым, - болей не існаваў. Усё вакол, усё бачнае і нябачнае, што належала былому, цяперашняму ці будучаму, жыло адначасова ў гэтым былым, цяперашнім і будучым - і нічога не залежала ад яе, Анэлі, і ўсё было і будзе...
«Усё было і будзе... Нішто не нараджаецца, не ўзнікае наноў... Жыццё не перапыняецца, і ўсё памысленае ўжо існуе...» - словы, яўна чужыя, не яе, некалі ад некага чутыя і цяпер пагуканыя памяццю, быццам сарваўшыся са сваіх нябачных гнёздаў, кружлялі над ёю. Зноў і зноў. Усё больш губляючы сэнс. Губляючы само гучанне. І чым старанней напружвала Анэля раптам аслаблы слых, каб расчуць, разгадаць схаваную ў іх, за імі, таямніцу, тым слабей, тым невыразней чула - і вось ужо захлыналася цішынёю, апускалася ў цішыню, так, як, ужо бяссілая, бязвольная, здушаная тоўшчаю вады, апускалася б у глыб ракі, на самае дно яе.
Цішыня паглынала. Уцягвала. Падступала безданню... Трэба было нешта рабіць, неяк ратавацца, каб не даць абрынуць сябе ў цёмны хаос, у вечны морак, дзе ўсё ператвараецца ва ўсё і ад холаду, ад усёпранізлівага смяротнага холаду, патрапіўшы ў яго абдымкі, гіне любая чалавечая душа.
«Я ж паспела! Я павярнула машыну!» - зноў успыхнула ратавальная думка, успыхнула радасць - і свядомасць вырвалася з палону змроку, з цяжкіх яго коваў, вырваўшы і яе, Анэлю, і шлях, і прастору, бязмежную прастору гэтага летняга сонечнага ранку, прастору неба, адкрытага пагляду, здавалася, наскрозь.
Хоць не, не наскрозь. У затканай сонечнымі промнямі вышыні сям-там акрэсліваліся аблачынкі, падобныя на лёгкія чоўнікі, - яны то бязважка пакалыхваліся, адплываючы кудысьці ўглыб, у адразу нябачную далеч, то застывалі, набракаючы святлом і вычварна мяняючы формы, то раптам ператвараліся ў птушак і падалі ўніз, каб за колькі ўзмахаў ад зямлі распасцерціся ў паветры і ў той жа міг загайдацца там зялёным веццем высокіх, узнесеных паглядам у неба дрэў.
Так, так, яна, Анэля, знаходзілася не сярод высокіх каменных гмахаў, у адзін з якіх вось-вось уплішчыцца яе «дзевятка», а сярод высокіх дрэў, у іх акружэнні, і да яе, напярэймы ёй, бегла дзяўчынка ў яркай квяцістай сукенцы, з яркім малінавым бантам на светлых косках, у якой Анэля пазнавала, пазнала сябе. Сябе, малую, упершыню пакінутую сам-насам з навакольным светам, з навакольнаю прыродаю...
Лес - а вакол шумеў лес! - здавалася, рос, вырастаў з зачараванае яго магутнасцю вышыні, штораз, штоміг таямніча мяняючыся. Мяняючыся не ў часе (ну які час маглі скласці здоўжаныя Анэліным перадсмяротным страхам імгненні?), а ў самой існасці сваёй, калі і сцежкі яго, і галасы яго не толькі ўсё выразней нагадвалі сцежкі, галасы жыцця, бясконцага і ўсёабдымнага ў сваёй бясконцасці, а і былі гэтымі сцежкамі, гэтымі галасамі. Галасамі, пазнавальнымі і непазнавальнымі адначасова, якія гучалі неяк асабліва ўрачыста, арганна, калі, здавалася, у адзін магутны акорд, у адно цэлае, і на імгненне непадзельнае, зліваліся светлая радасць і глухая, адчайная безнадзейнасць, тужлівая скруха і вясёлы жыватворны дзіцячы смех, няўцешны плач па страчаным і звонкія птушыныя спевы, няўцямныя, немаведама каму адрасаваныя скаргі і шалёныя ўздыхі страсці, гнеўныя, поўныя нянавісці да ўсяго жывога крыкі і жаласныя стогны тых, хто адыходзіць - адыходзіць, так і не ўразумеўшы сэнсу свайго прыходу... Усё спалучалася, счэплівалася, перапляталася, і ўсё - усе галасы, усе мэты, усе ўсвядомленыя і неўсвядомленыя памкненні і пакуты, страхі і ўцехі, усё добрае і злое, разам узятае, - уяўлялася, успрымалася адзіным, нястрымным у сваім магутным руху патокам, бачным, адчувальным адразу ва ўсёй бязмежнасці.
І - дзіўная справа! - успрымаючы раптоўна адкрытую вачам бязмежнасць, жывую, да самага няўлоўнага згуку ці зруху рэальную, Анэля ведала, аднекуль чамусьці напэўна ведала, што ў гэтыя імгненні горад выпусціў, адпусціў яе, і гэта напоўненая галасамі бязмежнасць, гэты высокі, ад стромых вершалін да замшэлых камлёў і павыпіраных з-пад пяску каранёў пранізаны сонечным святлом, сонечным ззяннем лес, гэта зіхоткае ад вясёлай гульні святла і ценю неба, сям-там кранутае, раскалыханае лёгкімі аблачынкамі, былі не фантазіяй, не меланхалічнымі ўяўленнямі душы, якая прагла ўразумець сэнс перажываемага, прагна дапытваючыся ў прыроды пра неспасцігальную таямніцу свайго быцця. Не, не, убачанае, адчутае не было ўяўленым, нерэальным, хоць і належала іншай, зусім іншай рэальнасці - рэальнасці невядомага, звычайна ў звычайных абставінах нябачнага свету і новага неба. І няхай разгледзець, спасцігнуць яго да канца Анэля не здолее, не паспее, тое, за што чапляўся пагляд, заставалася ў свядомасці, у памяці.
Лясная, зямная прастора перарастала ў нябесную, злівалася з ёю, і сам неадольны рух гэты доўжыўся як бы ў два бакі, у два канцы адначасова: у высь, у недасяжную вышыню імкнула ўсё бачнае і нябачнае, адтуль, з вышыні, з бяздоннай глыбіні бязмежжа вяртаючыся змененым, непазнавальным. Спярша непазнавальным, а потым... Потым - гэта, хутчэй, для простага пазначэння, бо ні «спярша», ні «потым» нічым не падзяляліся, застылыя імгненні не перацякалі адно ў адно - усё адбывалася аднамомантна, усё было ўсім у кожнай новай праяве і калі неяк і чаргавалася, павінна было чаргавацца, то не ва ўсведамленні, а ў вызначэнні ўсвядомленага.
Так, калі Анэля пазнала ў праяўленай нечакана прасторы свой твар, то тут жа ўбачыла, як ён, гэты твар, пажухнуў, знік, а замест яго, на яго месцы ўзніклі іншыя твары - мноства твараў, цэлы шэраг іх, цэлы паток, рухомы і, здавалася, бясконцы ў сваёй зменлівасці і сваёй нязменнасці. Усе яны праходзілі перад яе паглядам і знікалі, раствараліся ў галасах, у перапляценнях святла і ценяў, галін і аблокаў - і ў той жа час, здавалася, відочна існавалі ўсе адначасова, мяняючыся, і зноў аднаўляючыся, і ўсё ж ва ўсіх сваіх выявах застаючыся яе, Анэліным, тварам.
Так, так, за ўсімі імі, ва ўсіх іх яна ясна бачыла сябе: яе, Анэліна, аблічча нейкім загадкавым чынам угадвалася, праступала і ў выяве аграмаднай рыбіны з пакутліва адкрытым ротам і выпучанымі, ужо згаслымі вачмі, якая, раз-пораз сутаргава ўздрыгваючы, здыхала проста перад ёю, на адлегласці выпрастанай рукі; і ў чырвоным, непрыгожым, зморшчаным ад плачу тварыку немаўляці, які жухнуў, знікаў, саступаючы зрэзанаму глыбокімі цёмнымі зморшчынамі твару старой з выцвілым да самага донца паглядам; і ў скрыўленай страшнаю грымасаю грахоўнай, злачыннай насалоды ўсмешцы гвалтаўніка, які, здаволіўшыся, адпіхваў нагою цела сваёй ахвяры; і ў самой гэтай ахвяры - у жанчыне з пакусанымі вуснамі і шалёным ад страху і перажытага болю позіркам, у якім, за якім льга было разгледзець мноства іншых, сплеценых сутаргаю шалёнай страсці, аголеных гэтаю страсцю мужчын і жанчын, мноства жывых і мёртвых, і за імі - ашчэраныя звярыныя морды, крылатыя, прыціснутыя да зямлі цяжарам усіх прамінулых стагоддзяў цені сфінксаў, каменныя выявы ідалаў... Дзесяткі, сотні розных абліччаў! Дзесяткі, сотні жывёл, людзей і багоў - у самых розных спалучэннях: то поўнымі любові і жалю, то ашалелымі ад злосці і нянавісці, гатовымі знішчаць і знішчыць адно аднаго, то зноў адроджанымі памкненнем да жыцця праходзілі, прайшлі яны перад Анэляю, і ў кожным - памкненне да смерці ўвасаблялася ў памкненні да вечнасці, да несмяротнасці, у кожным - пакутнае прызнанне, самапрызнанне тленнасці жыцця нараджала спадзяванне на верагодны цуд, на ўваскрэсенне.
Тое, што зрок яе быў павернуты цяпер, у гэтыя імгненні, усярэдзіну, у душу, і гэта з душы яе, з глыбіні свядомасці ўсплывалі, выплывалі зменлівыя, няўстойлівыя ў сваёй зменлівасці карціны, адлюстраванні некалі недзе перажытага і забытага, патанулага ў бяспамяцтве, Анэля не падазравала. Вакол шумеў лес. Над ім, над ёю, віравала прастора, пастаянна, раз за разам выплёскваючы насустрач пагляду згусткі часу, гарачыя згусткі жыцця - і нешта ж за ўсім гэтым павінна было чытацца, нешта ж з усяго гэтага Анэлі трэба было ўразумець! Што? Што?! У яе ж было мала часу, так мала часу...
І прастору ўгары, над ёю, і ўсё навокал ужо захліствалі хвалі святла. Святла ўсё больш яркага, усё больш сляпучага. І як ні прымружвала Анэля вочы, як ні адгароджвалася раз-пораз моцна сцятымі, сплюшчанымі павекамі ад балючага, нясцерпнага ззяння яго, яна нічагуткі, апроч вялізнага вогненнага шара, які рос, разрастаўся, імкнучыся паглынуць і неба і зямлю, не бачыла. Здавалася, і сама яна вось-вось успыхне, выбухне гарачым усплёскам агню, і сама знікне, растворыцца ў зіхоткім бязмежжы. А вогненны шар набліжаўся і, як ні дзіўна, набліжаючыся, цямнеў, згасаў, каб у нейкі момант пачаць ператварацца, на вачах ператварыцца ў аграмаднага крывава-чорнага павука. Так, так, добра бачнага павука, што ўжо накінуў сваю павуціну на ўсё вакол, аплёўшы, заплёўшы ёю і толькі што светлы, напоўнены птушынымі песнямі лес, і зямлю, якую гэты дзівосны лес пакалыхваў на хвалях святла, і зашчэмлены недзе паміж пераплеценымі яго каранямі горад.
Анэля, уражаная, агаломшаная гэтым раптоўным пераўтварэннем, не зважаючы на рэзь у вачах, з агідаю, з агідаю і няўцямным страхам узіралася ў цёмную пачвару, у цёмную, іржава-чорную павуціну, што пагражальна пагойдвалася зусім блізка, усё бліжэй і бліжэй...
- З вамі ўсё ў парадку?
- Што?! - усвядоміла не так пытанне, раптам нечакана пачутае, як дотык чужой, патрабавальнай рукі да пляча, якое азвалася на яго болем. - Што адбываецца?
- Дзякуй Богу, сястра! Дзень і ноч дзякуй Богу за тое, што ўратаваў, не даў разбіцца: і костак жа магла не сабраць...
Анэля хацела павярнуцца ці хоць бы галаву павярнуць да таго, хто прамаўляў да яе звонку, з-за апушчанага шкла дзверцы, і не здолела. Штосьці трымала, штосьці ўтрымвала... «Павуціна! Ты патрапіла ў павуціну!» - падказаў, падказваў пагляд, прыкаваны да расколатага, густа пакрытага сеткаю зморшчын і як пасечанага імі лабавога шкла, і падказка была такою недарэчнаю, такою непрымальнаю ў гэтай сваёй недарэчнасці, што яна ўсміхнулася. Не расцяўшы пакусаных і зліплых вуснаў, не змогшы, не перамогшы ўсмешкаю балючай грымасы, якая крывіла твар, усё-такі ўсміхнулася.
Хтосьці тузаў закліненую замком дзверцу, хтосьці войкаў, дзівячыся на раструшчаны перад машыны, хтосьці цераз плячо добраахвотнага дарадцы соваў ёй адкаркаваную бутэльку ліманаду, хтосьці ціха, разгублена ўшчуваў малую, якая плакала, гучна, спалохана ўсхліпваючы. Усе гэтыя новыя і так добра знаёмыя гукі засланялі, засланілі іншыя, толькі што чутыя, - і гэта чамусьці не радавала, а бянтэжыла. «Жывая ж! Зноў сярод людзей!» - у думках баранілася Анэля ад незнаёмага, дзіўнага, калі ўлічваць абставіны, у якіх апынулася, пачуцця, а думкі, ледзь акрэсліўшыся, адступалі, адступаліся, і зноў яна заставалася сам-насам з усім перажытым за тыя кароткія імгненні, ні глыбіні, ні значнасці якіх усё яшчэ не ўсведамляла.
Не ўсведамляла... Памятала, будзе памятаць усё, што ўрэзалася ў памяць, і неяк распарадзіцца, ужо ж здолее неяк распарадзіцца ім. А як з тым, што, вярнуўшыся ў рэальнасць гэтых хвілін, тут жа забылася?
- Усе мы забылі голас Божы. Як дзеці, адабраныя ў Бацькі яшчэ з калыскі, мы і чуем і не пазнаём яго, не ўмеючы, не здолеўшы захаваць вернасць духу свайму.
- Прабачце, святы айцец. Гэта не ваша, а мая парафія, - абарваў дзіўную, недарэчную тут, на месцы аварыі, прамову грубы, падкрэслена афіцыйны служка парадку, які нечакана з'явіўся перад Анэліным паглядам. - Сяржант Іван Гаркуха. Я дапамагу...
- Супакойце дзіця, сяржант, - вызваліўшыся ад прывязнога рэменя і праціскаючыся ў прыадчыненую дзверцу, чамусьці непрыязна зрэагавала на яго зварот Анэля. - Малая перапужалася значна больш, чым я. Значна больш.
- Вашы дакументы!
- Ды якія дакументы, сяржант? Яна дзіця ратавала!
- Калі б своечасова не адвярнула, калі б...
- Факт! Матка шуры-муры розныя разводзіла, спадніцу ледзь не да пупа загаліўшы, а дзяўчынка тым часам і выбегла...
- Малая! З малой які спрос?
- Добра, што сама не разбілася, а машына... Чорт з ёю, з машынаю, грамадзяначка!
Загукалі ўсе разам. Загукалі хто ўзрадавана, хто расчаравана, спрабуючы нешта патлумачыць, нешта давесці маладзенькаму сяржанту, які стаяў цяпер да адчыненай дзверцы бліжэй за ўсіх астатніх і чакаў. Сачыў, напружана цікаваў за кожным зрухам на Анэліным твары, за кожным яе рухам і нечага чакаў - быццам не верыў, так да канца і не паверыў, што яна жывая, што ўцалела ў такой аварыі і сама, сваімі ўласнымі намаганнямі выбіралася з ушчэнт разбітай толькі што машыны.
- Дакументы там, у сумачцы, - кіўнула Анэля назад, у бок машыны, ужо як бы і чужой, не яе машыны, з непрыхаваным задавальненнем, з якоюсьці жывёльнаю радасцю адчуваючы цяжар свайго цела, цяжар зямлі пад нагамі і неба над галавою. - Дакументы ў поўным парадку, сяржант.
- Ангеліна Міхайлаўна Багінская... - мармытнуў, зазіраючы ў пасведчанне, той і тут жа ўскінуў галаву, здзіўлена ўтаропіўся ў жанчыну, і чаго было больш у гэтым ягоным утрапенні - недаверу ці хлапечай разгубленасці, і сам бы не вызначыў. - Ангеліна Багінская?! Вы тая самая Ангеліна Багінская, што напісала...
- Тая самая, - не дала яму закончыць фразу Анэля і, ні на каго не зірнуўшы, забыўшыся ў гэту хвіліну і на сяржанта, і на сваю сумачку, што заставалася ў яго ў руках, і, здавалася, на само здарэнне, якое магло закончыцца куды больш трагічна, павольна, прымяраючы крок да кроку, пайшла ўздоўж тлумнага, будзённага ў сваім звыклым тлуме праспекта.
(«Неба зноў абрынулася на яе ўсім сваім цяжарам. Здавалася, яшчэ міг - і разгняце, раструшчыць, нарэшце пазбавіўшы ад пакуты, але пакута доўжылася, і боль раздзіраў, разломваў грудзі, і джала яго, атрутнае джала яго марна імкнулася ўпіцца ў таго, хто гвалтаваў яе жаданне, яе гарачкавую страсць.
- У цябе гладкая шаўковая скура, Марыя, - яна дыхае, іскрыць ад дотыкаў мужчынскай рукі, ад маіх пяшчотных дотыкаў.
- Адпусці мяне! Пусці!
- Ці ж я цябе ўтрымваю? Ці ж няволю? Сама ўсім целам хінешся да мяне, сама прагнеш гэтай грубай ласкі, прагнучы наталення. Як і я, як і я, Марыя... Два струмені, зліваючыся, нішчаць усе запоны і, утвараючы вір, уцягваюць у яго неба - два жаданні, зліваючыся, нішчаць усе забароны часу і лёсу.
- Не хачу! Не хачу!!!
- Ноччу ты гэтага так рашуча не сцвярджала. Ды і цяпер не ты прамаўляеш словы нязгоды, твае вусны прамаўляюць... Я замкну іх сілаю замовы Прыама - і ты будзеш піць маю радасць, будзеш захлынацца і піць...
Марыя захлыналася. Перарванае дыханне не аднаўлялася - і боль разломваў, рассякаў цела папалам з такою сілаю, што вось-вось, здавалася, разыдуцца, рассунуцца дзве яго палавіны ў розныя бакі. Яно трывала, пакуль што нейкім цудам трывала - адно адчувалася ўсё больш чужым, асобным ад яе, але вось ужо два гарачыя кавалы плоці адпалі адзін ад аднаго, раскаціліся, шалёна, кожны асобна, звіваючыся на пяску: ніжняя палавіна цела, мокрая і ліпкая, то сціналася ў камяк і, выгінаючыся, выпінаючыся з самой сябе, нязграбна, непрыгожа тузалася, то спружыніста, на ўвесь размах распроствалася, выпроствала, выкідвала ногі, каб тут жа зноў сцяцца, скурчыцца, у чарговай сутарзе страсці заваліцца набок; верхняя ж палавіна тулава выглядала напятаю, выгнутаю спружыністаю дугою - галава на добрую чвэрць угразала ў пяску, і доўгія распатланыя валасы тырчалі, круга вытыркаліся з яго, ствараючы ўражанне, незвычайнае і па выразнасці, і па сіле. Два шалёныя, нястрымныя рытмы, два балючыя, нечалавечыя ў сваёй сіле памкненні: уверх - і ўніз, у сінюю бездань угары - і крывава-чорную бездань унізе.
- Глядзіце! Глядзіце! У Марыю зноў д'ябал усяліўся!
- А хоць бы і ўсе на свеце д'яблы! Гэткую палкасць абы ў кім не збудзіць: з кожнай поры агонь точыцца...
- Агонь яе і спапяліць.
- Я згодны скласці ёй кампанію!
- Не баішся, што ў такую вось хвіліну яна задушыць цябе ў сваіх абдымках? Такі агонь за раз, за два не зальеш.
- Калі д'ябал адступіцца...
Марыя чула і не чула. Сутаргавыя звівы цела станавіліся ўсё больш ломкімі, усё больш балючымі - боль спавіваў, скручваў кожны рух і, на колькі імгненняў адно воляю яе пераадолены, адкінуты, зноў падпаўзаў, накідваўся, выварочваючы, выдзіраючы вантробы. Чым мацней яна працівілася, тым больш паддавалася, выбіваючыся з апошняе сілы. Калі сіла пакінула цела і, апошні раз тузануўшыся, яна застыла на гарачым пяску, змрок зацягнуў, згасіў перш сінія ўсплёскі неба, потым кволыя ўсплёскі святла. Здавалася: назаўсёды, цяпер ужо - назаўсёды...
- Сцішылася.
- Як не адступіліся злыдні, то стаіліся... Мо не чапаць яе, жанчынкі? Кожны ж раз сама неяк выцярэблівалася!
- Пачасціліся прыпадкі. Падоўжыліся... Аднойчы, папомніце маё слова, сэрца не вытрывае.
- Няхай бы Назараніна пашукала, прарока новага. Хоць і не дужа верыцца, што выганяе ён злыдняў з няшчасных, імі апанаваных, але ж кажуць... Што марна не скажуць!
- І я чула: адным дотыкам рукі злечвае самыя невылечныя хваробы, адным моўленым словам з мёртвых падымае... Мо і дапамог бы гаротніцы?
- Знайшлі па кім бедаваць! Вяхотка з Магдалы... Падсцілка для мужчын...
- Хто знае, чыёй служкаю ты сама стала б, калі б іншым якім бокам лёс павярнуўся? Не нам, жанчынам, асуджаць сястру сваю за долю незайздросную.
- Скажам ёй пра Назараніна!
Святло скупа, па кроплі тачылася скрозь тоўшчу мораку, і здавалася, што гэта безнадзейная, адчайная думка Марыі («Жывая... Нашто, нашто мне гэта жыццё?!») і загароджвала яму шлях, не давала праліцца магутным жыватворным ліўнем. Калі ж адчай, адчайная яе нязгода расплюшчыцца і працягваць жыць, дыхаць, не вытрымаўшы гнёту, цяжару залітага сонцам неба, паддалася, змушана была паддацца пачуццю, адчуванню вяртання да жыцця, святло хлынула на яе, на гарачы прыбярэжны пясок, на ўсё вакол нястрымна і радасна. І ўжо не мела значэння, расплюшчылася б Марыя ці па-ранейшаму моцна сціскала павекі: яна зноў бачыла высокую, бязмежную сінечу, затканую залатымі валаконцамі сонечных промняў, возера, акружанае скалістымі, зарослымі пыльным цёрнам і смакоўніцамі ўзгоркамі, азёрны бераг, намыты ціхімі празрыстымі хвалямі, лагчыну, у якую ўцягваліся вузкія камяністыя сцежкі, вінаграднікі, цёмныя іх грабяні на беднай, выпаленай сонцам зямлі.
Вызвалены з-пад цяжкіх, усё яшчэ здранцвелых ад напружання павекаў пагляд ірвануўся ўгору, у бязмежжа, што адлюстроўвала не толькі возера і яго берагі, але і далёкія горы, і пустыню за імі, бязлюдную, выпаленую сонцам пустыню, якой не было канца: дзесьці там, у спякоце, паміж мёртваю, без адзінае травінкі зямлёю і зіхоткім, залітым нясцерпным ззяннем небам, жыў цяпер той, на чыё імя адгукнулася няўцямная, непрытомная душа Марыі - і трэба было падымацца, падымацца і ісці...»)
2
Што з таго, што прылеплівалася душа да жыцця зямною любоўю? Свет ідзе, куды і ішоў, - у нябыт, і душа зноў і зноў растузана тугою і не знаходзіць спачыну, адпачынку і на хвіліну. Ды і дзе б яна магла знайсці яго, як у гэтым свеце няма дзе адпачыць: усё несупынна мяняецца, знікае, правальваецца ў прадонне мінулага ці адплывае ў няздзейсненае, і нельга ўтрымаць нават таго, што пад рукою. Нічога не ўтрымаць. Самому не ўтрымацца на нагах з-за вечнай, марнай пагоні за шчасцем, якога няма ў зямной рэальнасці - у гэтай краіне смерці, ні для зямлі, ні для чалавека...
- Ча-ла-век... Ха-ха-ха! Разумная істота... Га-га-га! - уварваўся ў ноч, у думкі, якія кружылі вакол Данілы, у яго над галавою, злосны сатанінскі смех. - Ды зірні, зірні на сябе ў люстэрка! Не на свой адбітак, прыцёрты, зацёрты святлом, а на сябе, ахінутага змрокам, ці хоць бы гэтымі суцемкамі: адно мой смех і іскрыць у табе, у той пустаце, з якой ты вылеплены! Ча-ла-ве-ек... Жыццё, адно яго кароткае імгненне запоўніла пустату - і знікне. Выслізне. Пакінуўшы на сцежцы, якую яно працярэблівае, пустую абалонку. Цябе, ха-ха-ха... Выпаўзень!
- Які яшчэ выпаўзень? - буркнуў Даніла, сонна паводзячы прыўзнятаю ад стала, цяжкою, напоўненаю балючым гудам галавою.
- Што? Не ведаеш? Не вычытаў ні ў адной з тваіх кніжак? - Сабутыльнік, які чамусьці ніяк не трапляў у фокус ягонага зроку і якога ён не помніў, не мог успомніць, перастаў смяяцца, хоць далёкае водгулле смеху ўсё яшчэ перакочвалася ў ім, недзе глыбока ў грудзях, дзіўна, незнаёма афарбоўваючы словы. - Хочаш, каб патлумачыў? Ну канешне! Дзе ўжо табе знайсці вольную хвіліну і пакалупацца ў старым слоўніку, каб на якое цікавае слоўца патрапіць, ужыўшы яго потым з карысцю і ў належным месцы? Калі б пацікавіўся, то ведаў бы, што гэта старая, скінутая змяёю ў час лінькі скура, якая пэўны час шчэ выдае жывою. Паспаўзаюцца адусюль, запоўняць, падточваючы яе, усёедныя мурашкі - вось і здаецца, што жыццё ў ёй кіпіць. Хоць ад жыцця - ці, калі хочаш, ад змяі! - і следу не засталося, а тая пустата, якую яно ўяўляе, усё ўецца ва ўсохлай, даўно мёртвай скуры. Вы-паў-зень!
- Ды ты... ты... - змагаўся са сном, што навальваўся на яго ўсё неадольней, Даніла, няўцямна соўгаючы па стале рукою, каб знайсці што цяжэйшае і запусціць ім у весельчака за чужы кошт. - Хто ты такі, каб мяне... мяне, вядомага ў свеце кіно мастака, запіхваць у нейкую... у нечыю скуру?
- Я? Хто я такі? А ты здагадайся!
- Д'я... д'я... - не мог, не змог ён вымавіць, як падавіўшыся раптам пераселым у горле словам, не так спалоханы, як здзіўлены нечаканай здагадкай.
- Бач, куды хапіў! - фыркнуў, тут жа пасур'ёзнеўшы, той. - Зашмат гонару, браце. Князь толькі Богу супрацьстаіць, Яму аднаму, а такім, як ты...
- Я - кінааператар Божаю міласцю!
- Ты даўно ўжо выпаўзень, - перасмыкнуў той плячмі на згаданае Божае імя. - Кінутая на сцежцы жыцця абалонка, якую я і такія, як я, напаўняюць чым ім уздумаецца. Што б ты ні казаў, як бы ні тузаўся - даўно ўсім распараджаюся я, толькі я.
- Згінь, пракляты, - засынаў, не мог разляпіць цяжкіх павекаў Даніла і ўсё-такі бачыў, хоць і невыразна, але ўбачыў у гэты момант таго, хто прычапіўся са сваёю размоваю: падобны да... да яго, Данілы, да яго самога, што праўда, то праўда, але ж падобны і падобны, нічога асаблівага... - Згінь, дай паспаць.
- Згінь! Ды ты ж толькі кавал плоці, смярдзючай, ужо добра падпсаванай плоці, што стане прахам і рассыплецца, ледзь толькі я адступлюся ад цябе, скарыстаўшы, - стаяў бачны ўжо суразмоўнік побач, пастукваючы пальцамі па стале, выстукваючы нейкі знаёмы матыў, які цяжкімі ўдарамі адгукаўся ў Даніле. - Не, не, я дачакаюся, абавязкова дачакаюся, калі табе і такім, як ты, збрыдне прыкідвацца чалавекамі, дзецьмі Божымі. Даўно ж свае фігавыя лісцікі павыкідвалі, зразумеўшы, што нічога яны не прыкрываюць, а ўсё азіраецеся на сябе ўчарашніх, усё ўспомніць штосьці хочаце. Што вы можаце ўспомніць, як мы вашу памяць у смярдзючае балота, дзе адны апалонікі водзяцца, ператварылі? На што спадзеяцеся, калі голасу, клічу заўтрашняга дня не чуеце?
- Чуем. Я чую! - апошнім намаганнем запярэчыў Дан.
- Ага! Шоргат брудных, замызганых ліпкімі рукамі паперчын, якія вы грашмі называеце, ты чуеш! Нездарма ж і нашым і вашым скрозь дагадзіць стараешся, і адным і другім вераю і праўдаю служыць гатовы. Толькі не атрымаецца, ні ў каго ніколі не атрымлівалася і ваўка накарміць і авечку пастрыгчы. І ты хутчэй сам на закланне пойдзеш... Ш-ш-ш, ш-ш-ш! Спі, небарака, спі. Мо і праспішся, пакуль неба засінее, новы дзень вабячы. Толькі і новы дзень, як і сённяшні, - гэта ўжо не твой клопат, а наш... Наш-ш-ш!
Шолах, з кожным імгненнем усё больш гучны, заглушыў апошнія словы - у пакоі раптам стала людна, тлумна. Людна - у нашым зямным вызначэнні, бо калі прыгледзецца, усе, што набіліся ў пакой невядома калі і як, і абліччам, і постаццю нагадвалі гаспадара яго, Данілу. Так, нібыта той, кратна люструючыся ў паветры, у няяркім начным свячэнні яго, ажыў у кожным сваім адбітку, у кожным новым увасабленні, хоць і выдаваў у кожным з іх нязвыкла, ненатуральна лёгкім, калі не бясцелым. Гэта здавалася нерэальным, і ўсё ж нішто відочна не парушала рэальнасці - незвычайнай, жахлівай, калі ўгледзецца і задумацца, але рэальнасці, як бы хто да яе ні паставіўся ў гэту хвіліну.
Ды і каму было ставіцца! Гаспадар запушчанай, даўно не прыбіранай кватэры спаў непрабудным сном, і нікому, ніводнаму пры сваім розуме чалавеку, калі б нават і апынуўся ён паблізу ад прывакзальнай плошчы, у двары прывакзальнай вежы, у адным з пад'ездаў якой знаходзілася кватэра, не прыйшло б у галаву шкрэбціся цяпер, у гэту перадсвітальную гадзіну, па цёмнай абшарпанай лесвіцы сюды, на шосты паверх.
- Ён думае, што ўшанаваны гаворкаю з самім Князем!
- Чарвяк!
- Мо ты і адзін, без нас, управіўся б, га? Перад тым, каго так лёгка спакусіць жаданнем выпіць, глынуць чаго крапчэйшага за ваду, і высільвацца дужа не трэба. Падкінеш каго-небудзь лішні раз для кампаніі, і...
- Не, не! П'яны - працвярэзіцца, у дурні ж яго не запішаш... Штосьці хруснула, зламалася не так, не там, дзе трэба б, дзе рыхтавалі: усё здаецца, што нечага мы ў гэтым вечна п'яным геніі не ўгледзелі, не разгледзелі як след, і ў разлом, ва ўтвораную ім шчыліну прасочваецца, раптам пачало прасочвацца святло. Нельга ж дапусціць, што і так і гэтак можа павярнуцца!
- Ты думаеш...
- Зірніце, якую плёнку ён пракручваў у кампаніі падасланых яму сабутыльнікаў! - пстрыкнуў той выключальнікам прыкручанага да стала кінапраектара, і на сцяне насупраць з'явілася невыразная выява, у якой не адразу льга было пазнаць, прызнаць святара.
- Мы ўсе - дзеці Божыя, - загучаў спакойны, чысты голас, што ішоў, здавалася, знутры, з душы, і натоўп князевых служак, у якім усе былі на адзін твар, адхіснуўся, расслаіўся, расцякаючыся, хаваючыся па найбольш цёмных кутках, - і кожны з нас свядома, як чалавек рэлігійны, ці несвядома, як той, хто застаўся па-за рэлігіяй, перакананы, што свет пабудаваны на таямніцы, што ў глыбіні яго ёсць таямніца... Сеяць нябеснае зерне закліканы мы, гора нам, калі мы яго не сеем, калі маўчым...
- Выключы! Выключы ты!
- Аляксандр Мень, бунтоўны протаіерэй...
- Яго ж забілі!
- Знайшоў чым выхваляцца! Ад бяссілля свайго, няйначай, і забілі, - перапыніў і бег плёнкі, і незадаволеныя воклічы з натоўпу сваёй браціі завадатар таго, што адбывалася, і калі яшчэ зрэдку, з якога-небудзь кутка, чулася ціхая буркатня, то і яна танула ва ўсё больш невыразным, усё больш трывожным шолаху. - Так, так, ад бяссілля! Даўно і кожнаму вядома, што нож супраць думкі, супраць духу - не зброя... Перамагаць трэба было, ламаць!
- Не ўсё, што трэба ламаць, ламаецца, - асмеліўся хтосьці запярэчыць. - Знішчыць лягчэй.
- Знішчылі, як жа! - хмыкнуў. - Дасюль усё ім зробленае, усё ім сказанае выпраменьвае святло, аказваючы ўздзеянне на такіх, як гэты... Набраўся, як свіння, а праспіцца - і зноў будзе пнуцца таямніцу чалавека разгадаць. Ча-ла-ве-е-ек!
- Ну, гэтаму нядоўга...
- Шкада, што нельга ўсё сабранае тут нам самім уласнаручна спаліць, попелам развеяўшы.
- На тое мы і злыдні, каб ведаць, чыімі рукамі!
- Справа таго, хто ведае... Табе і карты ў рукі!
- Мы заўсёды прыходзім на твой кліч...
Галасы расталі ў яшчэ больш загуслым паветры, і стала ціха. Пуста і ціха. Зноў іх у пакоі было двое: Даніла, які спаў, апусціўшы галаву на брудны стол, дзе пустыя шклянкі і кнігі валяліся ўперамешку з агрызкамі яблыкаў і крышанамі хлеба, і ён, Данілаў двайнік, гаспадар яго цёмнай, жывёльнай душы, праяўлены, надзелены з некаторага часу амаль што ўсёмагутнаю ў дачыненні да яе воляю.
- Амаль што... амаль што... - мармытаў ён сабе пад нос, расстаўляючы скранутыя са сваіх месцаў рэчы. - Галоўнае, чаго наш Князь змог дамагчыся на працягу апошніх стагоддзяў, - змусіў гэтых чарвякоў паверыць, што яны - цары прыроды, што нікога, хто паквапіўся б на іх душы, няма. Няма, як жа! Вось ён, я - адзін з магутнага воінства цёмнай сілы, і клікаць не трэба. Я заўсёды побач. Побач з любым. У любую хвіліну жыцця. Хачу - казычу пад носам у каторага, пакуль яму не засвярбіць сплюнуць пад ногі якую-ніякую разумную думку, што раптам завядзецца ў галаве. Хачу - сам сплюну, каб было на чым паслізнуцца небараку. А ўсё так, з чыстае пацехі. Для размінкі. Каб якая з былых звычак не заржавела... Ужо ж не ў тым мэта, каб вось такога п'янчугу-генія, чарговы раз пляшкаю гарэлкі спакусіўшы, потым у аб'едкі тыцнуць! Забаўкі ўсё. Бяскрыўдныя забаўкі беднага злыдня, перш чым прыбярэ да рук яшчэ адну занядбаную яго ўладальнікам душу...
- Ань... Анэля! - гукнуў у сне, праз сон Даніла, тузануўшыся і размазваючы шчакою на стале нявысахлую звечара пляміну ад раздушанай памідорыны, і прамармытаныя словы не адразу перайшлі ў ранейшае нягучнае пасопванне.
- Анэля? Гэта яшчэ хто? - застыў пасярод пакоя той, хто назваў сябе злыднем, але ўжо ў наступнае імгненне, падштурхнуты дакладнаю здагадкаю, ступіў да груды фотаздымкаў на падаконніку і беспамылкова выцягнуў з яе, з самай сярэдзіны, той з іх, на які чамусьці раней, разбіраючы паперы, не звярнуў увагі. Выцягнуў і, хоць адчуваў у пальцах непрыемнае, балючае паколванне, угледзеўся ў тую, ад каго, напаўняючы, напоўніўшы раптам пакой спакойным срэбным ззяннем, сыходзіла дзіўнае святло.
- Гэта яшчэ што?! - адчуў, што слепне, што ледзьве не аслеп, своечасова не захінуўшыся, і міжволі адышоўся, гатовы сцяцца, знікнуць у любы момант.
- Ну, ну! Сіле супрацьстаіць толькі сіла, - мармытнуў, засаромеўшыся сваёй слабасці, і не адразу, не ў той жа момант, але супакоіўся: не яму, злыдню, адступаць перад святлом. Не мог патушыць, задушыць гэта ззянне, так, але і адступаць не павінен. Урэшце, гэта ж толькі фотаздымак, толькі паперка з выяваю той, каго гэты чарвяк некалі ўпадабаў... Выпраменьвае святло? Балюча, наскрозь працінае? Ну і што! Вось зараз захінецца, заслоніцца замоваю, як шчытом, засуне здымак назад - і ўсё стане на сваё месца...
Святло шэрхла. Гаслі, раствараючыся ў звыклым паўзмроку, яго праменьчыкі. Потым нават іскры іх, нават кволыя водсветы... Праз хвіліну-другую перад злыднем цямнела толькі груда здымкаў на падаконніку, і льга было, астудзіўшы паабпяканыя неасцярожнымі дотыкамі пальцы, зноў усталявацца ў пакоі па-гаспадарску.
Пасланца ночы так проста не напалохаць: нездарма ж яго - яго, а не каго-небудзь іншага, - паслалі сюды, даверыўшы ўступіць у барацьбу з тым, за каго змагаліся, за каго ўсё яшчэ змагаліся нябесныя сілы. Ён, злыдзень, справіцца, ён адолее гэтага чарвяка, з яго ж дапамогаю і адолее. А гэта згаданая ім Анэля...
Міжволі адступіў яшчэ на крок далей. Потым, перамогшы зноў узніклую прыкрасць, ужо сваёю воляю падышоў да Данілы. Наблізіўся амаль ушчытную. Угледзеўся, шукаючы ў ім тую струну, якая адгукалася на жаночае імя, і лёгка знайшоў яе: тоненькая, месцамі ўжо заплямленая цёмнай іржою, а то і сям-там пераедзеная ёю... Тузані мацней, заслані, а потым і сатры ўзніклы ад дотыку вобраз - і абарвецца.
- Мой! Лічы, браце, што ты мой: дзе ўжо табе, даўно і без мяне споенаму, уразумець, чым валодаеш, - чым валодаў бы, калі б мы дазволілі! А мы не дазволім. Таго ж, хто падказаў бы... Ніхто не падкажа. Нават гэтая Анэля. Калі добра прыгледзецца, то і ў ёй ужо не адна чарвяточына завялася. Пашкрэбціся, пашчыраваць... Бр-рр!
Ён нават галавою патрос, задаволены і вобразам, які ўсплыў, выплыў з ночы, і пачуццём, ім выкліканым: канешне, пашчыраваць, каб адасобіць, разгарадзіць гэтых дваіх канчаткова, давядзецца, не без таго, але ж ні сілы, ні ўмення ў такой справе злыдню, як кажуць, не пазычаць.
Адступаючы ў цень апошняй перадсвітальнай хвіліны, зноў і зноў аднаўляў у памяці жанчыну, прыгожую, даўгатварую, з зіхоткімі вугельчыкамі вачэй, што сваім прыхаваным святлом быццам абпальвалі, прапальвалі прастору: партрэт, трэба прызнаць, быў зроблены па-майстэрску. Не толькі з любоўю, а і па-майстэрску.
«Ну, ну! - падбадзёрыў сябе. - Уся барацьба яшчэ наперадзе, і не шкадаваць жа, што сам, сам узяўся захамутаць гэтага небараку, змусіўшы яго забыць пра той дар, якім валодаў...»
Дадумваць не стаў: і так ледзьве не прамаргаў тое імгненне, за якім пачынала абуджацца неба. У шырокім акне, павернутым на ўсход, яшчэ толькі што чарнела зацягнутая начнымі аблачынкамі бездань, а вось ужо ўздрыгнула, ссунулася якаясьці з аблачын - і ў нябачную, незаўважную напачатку шчыліну прасачыўся першы, яшчэ кволы праменьчык, потым другі, трэці. Іх ледзь прыкметная ручаінка падмыла, размыла цёмныя краі хмары, прабіваючы дарогу іншым, дужэйшым, гарачэйшым промням, якія праз хвіліну-другую падпаляць ноч. Падпаляць - і яна адступіць, папаўзе прэч, хутаючыся ў пацягнутыя за сабою хмаркі і імі, хмаркамі, прыглушаючы занадта яркае, усёмагутнае перад узыходам сонца святло.
Хвіліна, другая, трэцяя... Хвіліны сцякаліся разам, доўжачы, паглыбляючы ўрачыстае чаканне зямлі, доўжачы, паглыбляючы цішыню. Гэта не магло працягвацца бясконца: напружанне расло, святло, усё яшчэ няяркае, шырылася, - здавалася, вось-вось выбухне, разломіцца ад раптоўнага выбуху пасвятлелая высь і ўніз, на сонную зямлю, на сонны горад, у гэта шырокае, навіслае над горадам акно хлыне агонь. Усёзнішчальны агонь. Ці ратавальны, ачышчальны...
Замест выбуху - узляцеў і рассыпаўся ў паветры тут жа паглынуты ім, ледзь чутны звон, так, быццам ледзьве загучаўшы, лопнула перацягнутая ў напружаным чаканні струна, і зноў стала ціха. Праўда, цяпер цішыня выдавала іншаю - лягчэйшаю, больш празрыстаю. Неба над ёю пачынала іскрыць, халодныя іскрачкі паступова цяплелі, наліваліся жарам. І вось удалечыні, на самай кромцы неба, адна з іх успыхнула так ярка, што тут жа сталі ўспыхваць, запалымнелі, памкнуліся ўгору, услед за ёю, усе астатнія, і з-за сцяны цёмных каменных гмахаў вырваўся залаты струмень сонечнага святла. Ён не размываў - ён ламаў, крышыў рэшткі аблачын, плавячы, пераплаўляючы іх у сваім агні: вось-вось павінна было з'явіцца сонца!
Ноч мінала. Мінула. Там, за акном, ужо і следу яе пагляд не знаходзіў. Але гэта там, за акном. У пакоі ж, які быў застаўлены зашклёнымі шафамі, набітымі кнігамі, і ў гэту хвіліну выдаваў яшчэ больш непрыбраным, няўтульным, чым звычайна, сляды ночы кінуліся б у вочы любому: брудны, застаўлены пустымі шклянкамі і засмечаны агрызкамі і аб'едкамі стол, што служыў свайму гаспадару падушкай, перакінутае кімсьці крэсла побач, заплямлены соўсам ручнік на спінцы другога крэсла, груда здымкаў на падаконніку, паскручваныя і разматаныя стужкі на падлозе, сярод смецця. У дадатак жа да ўсяго - скрозь - то сціналіся, то зноў распаўзаліся, запаўзаючы ў самыя аддаленыя куткі і куточкі, шматкі разагнаных святлом суцемкаў, невыразныя цені, падобныя на размытыя, амаль ужо сцёртыя з паветра абліччы...
Само ж паветра, цяжкое, задушлівае, тут, за даўно не мытымі шыбамі, ледзьве кранутае першымі сонечнымі водбліскамі, пагойдвалася ціха, з ледзь чутным, натужным рыпеннем, якое не-не і пераходзіла ў глухі шолах, у непазнавальны ўжо шэпт: ш-ш-ш! ш-ш-ш!
3
Штосьці здарылася. Штосьці непапраўнае, страшнае ў сваёй непапраўнасці... І ўжо ж справа не ў перажытай аварыі, не ў разбітай ушчэнт машыне, прыстроіць якую дапамог сяржант, уражаны іх незвычайным знаёмствам. «Вы тая самая Ангеліна Багінская, якая напісала...»
- Тая самая, - буркнула, адказваючы ці то яму, ці то сабе злосна, непрыязна, быццам толькі цяпер адчула ўсю глыбіню абразлівага яго недаўмення, і грэбліва падцяла вусны: знайшоў сексуальнага монстра!
Два гады, як выйшла з друку «Блудніца», а то адзін, то другі ўсё вышуквае нешта на скамечанай пасцелі ўяўленага! Што там вышукваць? Да чаго прыглядвацца, калі сёння ў любога з іх душа ў язвах і ў ненатольнай празе насалоды расчэсваюць, раздзіраюць яны гэтыя язвы, тручыся адно аб аднаго, - хто ў ачмурэнні ад сваёй маладой сілы, хто ў чаканні наабяцанага сабе некалі шчасця, а і той і другі, нават жадаючы паходзіць на анёла, становяцца ў такія хвіліны ненасытнымі звярамі.
І каб жа толькі ў такія хвіліны! Колькі ні ўзіралася Анэля ў бязмежную далеч стагоддзяў, у чараду гадоў, дзён, прамінулых толькі на яе памяці, - усюды, у любое з імгненняў, раўлі, стагналі, корчыліся ў сутаргах і захлыналіся злосцю або нянавісцю людскія натоўпы, гэтыя шматгаловыя пачвары, узгадаваныя пеклам, на якое людзі, адмовіўшыся ад Бога, пагадзіліся і якое звыкла называлі жыццём. І не было нічога страшнейшага за гэта відовішча, і нават рэкі крыві, пралітыя за ўсю гісторыю чалавецтва, уяўляліся меншым, у параўнанні з такім скажэннем чалавечага вобліку, чалавечага наканавання, злом.
Чалавек не можа заставацца чалавекам, і толькі, ён павінен або ўздымацца і ўзняцца над сабою і вырасці ў бога, або скаціцца ў бездань і ператварыцца ў звера. Кожны выбірае сам. І скрозь, як было ўжо неаднойчы, выбірае лягчэйшае - смерць. Адмаўленне ад духу, ад духоўнасці, і смерць...
Анэля не хацела для сябе гэтага, не хацела! Калі б яна магла, калі б толькі магла дакрычацца да каго-небудзь - хоць бы да каго-небудзь аднаго ў цэлым Сусвеце, каб адчуць, паверыць, што не толькі яна блукае ў цемры, шукаючы, прагнучы знайсці нейкае выйсце з адзіноты! Дык не. Зноў і зноў кліч патанаў, тануў у пустаце, скразной - праз усю бязмежнасць - пустаце, і яна, кожны раз усё больш бездапаможная, зноў паддавалася скрусе, скрушнай сваёй тузе: без сілы, без іскрачкі спадзявання падоўгу, часам цэлымі днямі праседжвала над чыстым аркушам паперы, раз-пораз узіраючыся ў яго так, як узіралася б у самую гэтую тугу, раптам адасобленую ад сябе і такім чынам праяўленую, і маўчала.
Цішыня расколвалася, асыпалася вакол і ўнутры, у душы, калючымі сколкамі, ранячы, змушаючы ўспомніць, што апакаліпсіс - гэта апакаліпсіс кожнай такой хвіліны, а яна ні словам, ні зрухам не баранілася. Чакала, калі загаворыць душа, калі душа не вытрывае цяжкога, нечалавечага напружання і загаворыць.
Часам, з глыбіні невядомага, ці вядомага і забытага, адпрэчанага, выплывала думка пра тое, што гэты час цішыні быў часам малітвы і толькі пасля малітвы, калі б знайшла Анэля ў сабе малітоўныя словы, зямля і неба не адступаліся б ад яе - даўшы ёй і патрэбную сілу, і мужнасць, не адступіліся б. Але думка выплывала і тут жа сплывала - перш чым Анэля ўсведамляла ўсю важнасць падказкі, знікала, гублялася сярод мноства іншых, у большасці сваёй пустых, неістотных, і падрыхтаваныя для работы аркушы паперы заставаліся некранутымі. Зноў, як каторы ўжо дзень запар, некранутымі.
Канешне, Анэля магла б улезці ў чарговы немудрагелісты сюжэт, узяты з жыцця сучаснай жанчыны, вядомага не толькі па ўласным вопыце, прыдумаць яшчэ адну гісторыю, падобную да гісторыі апісанай блудніцы, і кніга знайшла б попыт, як знаходзілі яго папярэднія яе аповесці. Быў нават заказ на такую кнігу, заказ, які адно з прыватных выдавецтваў абяцала аплаціць проста па-царску, але...
Вось гэтага ўзніклага раптам «але» Анэля і не магла пераскочыць. Гэты раз - чамусьці не магла. Ці то сумненні, нябачныя, маўклівыя дэманы душы, ледзь толькі заявіла душа пра свае ніколі, ніводнага разу дасюль не скарыстаныя правы, накінуліся на яе ўсе разам, ці то проста стамілася ад вечнай пагоні за поспехам - за поспехам любой цаною, за кошт чаго заўгодна. Занадта вялікі кошт, відаць, - задорага каштавалі ёй прыдбаныя нялёгкім клопатам трохпакаёвая кватэра ў Зялёным Лузе, без раскошы, але ўтульна абсталяваны ў адным з трох пакояў кабінет, літаральна за некалькі гадоў сабраная ўсімі праўдамі і няпраўдамі даволі прыстойная бібліятэка, гучнае не толькі ў літаратурных колах пісьменніцкае імя. Імя, за якім, як нядаўна высветлілася, для любога абывацеля хаваецца сексуальны монстр...
Не, не, і гэта не тлумачэнне! Урэшце, Анэля ж дасюль ні аб чым не шкадавала. Жыла так, як выпадала. Карысталася тым, што здолела агораць. Пісала пра тое, што муляла. Што ўсё-такі муляла ёй. Бо і яна ж хацела таго або не хацела, але і яна, як і ўсе - разам з усімі! - была загнана ў пастку, з якой льга выбрацца, або шалёна кусаючыся, прагрызаючы сабе дарогу сярод такіх жа, апантаных ідэяй выжыць, або намёртва, мёртваю хваткаю чапляючыся за дужэйшага, за важака, паскугольваючы, павіскваючы ад уяўнай ці ўяўленай радасці. Вось і выбіралася. Вось і паскугольвала, патрафляючы густам гаспадароў становішча і не задумваючыся над тым, хто яны, гаспадары, і па якім праве ўсім і ўсімі распараджаліся. Усё здавалася ясным, усё лёгка вытлумачвалася: дзяржаўныя інтарэсы, новая палітычная раскладка, змены арыенціраў і каштоўнасцей.
Змены... Хутчэй ужо - несумленная замена! Замена звыклых, старых каштоўнасцей, што добра альбо кепска, але служылі на працягу многіх стагоддзяў, бліскучымі карцінкамі з чужога, зайздроснага, калі верыць гэтым карцінкам, жыцця.
Думка падалася раптам крыўднай. Больш таго! - абразлівай. Анэля нават паспрабавала адсунуць яе куды глыбей, у глыбейшы куточак, прыкрыўшы, засланіўшы згадкаю пра каву, пра кубачак гарачай кавы, які ёй яўна не зашкодзіў бы, але спроба аказалася няўдалаю. І пасля таго, як прайшла на кухню і, змалоўшы жменю пахкіх зярнятаў, згатавала сабе каву, развярэджаная душа ўсё азіралася на той адгароджаны куточак, па-ранейшаму прагнучы суцяшэння.
Што ж усё-такі здарылася? Чыйго суцяшэння не ставала, раптам стала не ставаць душы, растузанай нязвыклымі думкамі, нязвыкла балючымі пытаннямі? Анэля сама - сама! - выбрала некалі шлях, той шлях, які ўпёрся, уплішчыўся ў сцяну, занадта моцную, каб праламаць яе і апынуцца па ток бок збрыдлай і часам да ламаты ў сківіцах непрымальнай рэальнасці, і не магла зразумець, дзе ўрэшце апынулася. Тыя зменлівыя, няўстойлівыя ў сваёй зменлівасці карціны, адлюстраванні некалі недзе перажытага і даўно забытага, патанулага ў бяспамяцтве, якія прайшлі перад ёю ў перадсмяротныя, як ёй тады думалася, імгненні і якія яна спрабавала час ад часу аднавіць у памяці, нагадвалі іншую, невядомую рэальнасць. Тым больш што ледзь набліжалася яна да іх, да той загадкавай мяжы, за якой яны засталіся, усё прыгаданае тут жа аказвалася аблытаным павуцінаю...
«Павуціна! Я патрапіла ў павуціну!» - вярнулася чутая, з недаравальнай лёгкасцю адпрэчаная мінулы раз падказка, і цяпер Анэля не магла адмахнуцца ад яе: убачанае ці ўяўленае тады нешта ж азначала! Нешта ж яна, цудам, дзякуючы цуду, уцалеўшы ў той дзень, павінна была зразумець! Што?
Абпякаючыся, абпякаючы вусны, адхлёбвала каву і ліхаманкава перабірала, перагортвала ў памяці старонкі свайго жыцця, тых трыццаці сямі пражытых гадоў, далёка не кожны з якіх пакінуў у свядомасці выразны след: недзе ж пачынаўся адлік памылак, здрадаў і страт, якія склалі прад'яўлены ёй сёння рахунак! Задужа рана прад'яўлены... Мажліва. Але больш адкладваць плату і надалей, хутчэй за ўсё, не выпадала. Гэта ж яна адчувала. Шостым, сёмым - ці якім яшчэ там? - пачуццём адчувала. І як ні баранілася ад непрыемнага, непрымальнага адчування, як ні адцярэблівалася ад яго з дня ў дзень, яно не знікала. Зноў і зноў час то застываў у нерухомасці і абрушваўся ў нябачную бездань - і тады Анэля пачынала задыхацца, як выкінутая з вады на пясок рыбіна, хапала ротам паветра, спрабуючы неяк суцішыць боль у грудзях; то з шалёнаю хуткасцю пачынаў адкручвацца назад, усё глыбей у памяць, за межы памяці, у бяспамяцтва - і тады цямнела ўваччу і Анэля, бяссільная, здавалася, бясцелая, як бы завісала ў цемры, чакаючы, што тая вось-вось паглыне, заглыне яе, і вярталася да жыцця, да ўсведамлення жыцця і сябе ў ім, толькі пасля таго, як вострыя, халодныя бліскі расколвалі цемру на мноства ледзяных сколкаў. Ёй трэба, ёй мусова трэба было збіраць, сабраць іх, усе гэтыя сколкі, каб вызваліцца, каб нарэшце адцерабіцца ад перажытага, - і яна не ведала як.
- Усе мы забылі голас Божы. Як дзеці, адарваныя ад Бацькі яшчэ з калыскі, мы чуем і не пазнаём яго... - выплылі са згадкі амаль што не ўсвядомленыя тады, калі пачула іх, аддадзеныя разам з разбітаю машынаю мінуламу і ніводнага разу потым не згаданыя словы і выплылі так нечакана, што Анэлі здалося: яны прагучалі. Прагучалі настойліва, быццам змушаючы азірнуцца - яшчэ раз азірнуцца і ўспомніць...
Таго, хто сказаў гэта, яна не помніла. Помніла, што сяржант, звяртаючыся да святога айца, рашуча адхінуў, адцясніў яго ад машыны - не толькі ад машыны, а і ад яе, Анэлі. Нездарма ж ні ў першую хвіліну, ні потым не трапіў ён ёй на вочы, не зачапіў пагляду.
«Мы ўсе забылі голас Божы. Мы ўсе...»
Яна - помніла. Яна раптам успомніла!
Храм, белы-бялюткі ў сонечных промнях, вянчалі залатыя макаўкі, і адной з іх, самай большай, як здавалася ёй, малой, прывезенай сюды бабуляю, быў падчэплены да неба - не стаяў на зямлі, не вырастаў з зямлі, як вырастаў, калі Анэля задзірала галаву, з пагляда, а, падчэплены, прышпілены да неба залатым зіхоткім крыжам, пагойдваўся ў паветры. Ціха-ціха. З ціхім меладычным звонам.
Дзі-лін-нь! дзі-лін-нь! дзі-лін-нь! - адгукалася, асыпаючыся на плечы, паветра, і Анэля круціла галавою, каб убачыць, зразумець што асыпалася. Але бачыла толькі птушак, легкакрылых, імклівых ластавак, што чародка за чародкаю ўзляталі з-пад самых макавак, са сваіх схаваных ад пагляда гнёздаў, каб тут жа кінуцца ў высь, растварыцца ў ёй і, нечакана з'явіўшыся зусім нізка, над самымі купамі старых галінастых ліп, закружыцца, закружыць і гэтыя ліпы, і яе з бабуляю ў сваім руху, у няспынным, нястомным мітусенні. Дзі-лінь! дзі-лін-нь!
- Дабраслаў, Ойча Нябесны, дзіця гэтае, пашлі ў сэрца ейнае добрую волю, добрыя жаданні і намеры, пашлі любоў да ўсяго, што разумнае, праведнае і святое. Ахавай яе Тваёю святой ласкаю, а я буду славіць Цябе ва ўсе дні жыцця майго! Дабраслаў, Ойча Нябесны...
- Злаві мне птушку, бабуля, - не разумеючы бабуліных слоў, тузанула яе за падол Анэля. - Вунь тую!
Яна тыцкала пальчыкам у паветра, то ў адным, то ў другім кірунку, бо птушак станавілася ўсё больш - іх наляцела так многа, што неба за імі было не ўгледзець.
- Бабуля, чуеш?
- Мы прыехалі ў храм Гасподні, і ты, дзіця, упершыню ўстанеш перад Госпадам, папросіш...
- Я прашу птушку! - не даслухала яна. - У гэтага... у Госпада многа-многа іх - зірні! Я ж прашу толькі адну. Самую маленькую!
- Птушку? Ды ты ж сама ў мяне птушаня малое! - гладзіла бабуля яе па галаве. - Прымеш сёння хрышчэнне - і дасць Гасподзь табе крылы.
- Крылы? - засумнявалася Анэля, цікуючы за імклівымі ластаўкамі і раз-пораз спатыкаючыся, але тут жа ўспомніла, што бабуля ніколі, ні аднюткага разу не падманвала яе, і ўзрадавалася, узрадавана замахала рукамі. - Вось такія крылы? Вось такія?
Ёй здалося, што яна зараз успырхне, узляціць, што яна ўжо ўзлятае - перш над каменнымі прыступкамі, да якіх яны падышлі, потым вышэй, уздоўж белай сцяны, шурпатай на дотык, і яшчэ вышэй - над зіхоткім ліпавым веццем... Песня, дзіўнае, урачыстае песнапенне сустракала яе - і колькі ні ўзіралася Анэля, і хвіліну і другую, нічога, апроч дрогкіх агеньчыкаў вакол, не бачыла. Не заўважала. Як не заўважала, што баязліва, усё шчытней хінулася да бабулі, няўцямна чапляючыся за яе спадніцу, агаломшаная і гэтымі россыпамі агеньчыкаў і ўрачыстым спевам, і нязвыклым, дзівосным хараством ніколі не бачанага храма, успрынятым падсвядома, самой душою.
- Праслаўляе душа мая Госпада, і ўсцешыўся дух мой у Богу, Збаўцу маім...
- Спявайце Госпаду новую песню, спявай Госпаду ўся зямля...
Словы дасягалі і не дасягалі слыху дзяўчынкі, занадта малой, каб усвядоміць усю веліч і ўрачыстасць таго, што адбывалася вакол, - усё перацякала, пералівалася ў яе святлом, няяркім, дрогкім святлом, у якім патанала, знікала, штоміг пераўтвараючыся, рэальнасць і нерэальнасць бачнага.
То ёй здавалася, што ў акружэнні агнёў і незнаёма-прыгожых крылатых людзей яна кружляе недзе высока-высока, - і маленькае сэрца яе абмірала ад захаплення і стоенага страху, то і сапраўды, пасля таго, як Анэля адчувала, што нейкая сіла прыгінала яе да зямлі і цяжар чыіхсьці зведзеных у яе над галавою далоняў станавіўся ўсё больш гнятлівым, ёй станавілася страшна.
- Бабуля! - гукала яна тады, супакойваючыся толькі пасля таго, як намацвала рукою край бабулінай спадніцы.
- Імем Айца і Сына і Святога Духа... - пырскаў на яе вадою хтосьці аграмадны, на каго і зірнуць Анэля не асмельвалася, не асмелілася б, калі б не голас, зычны і раскацісты, які прыцягваў, які ўладна патрабаваў, каб яна расплюшчылася. - Імем Айца і Сына і Святога Духа... Амінь.
Анэля расплюшчылася. Аслепшы ад ззяння вакол, зноў хуценька звяла, сцяла павекі, але ззянне, дзіўнае, зіхоткае святло і цяпер працінала іх, і прыкідвацца невідушчай і надалей стала нецікава. Зіркнула раз, і другі раз. Шырока расплюшчыла вочы, павяла галавою, азіраючыся. Свечкі, свечкі! Яны гарэлі, патрэскваючы ў такт песнапенню, што лілося адусюль - і з вышыні, да якой позіркам было не дацягнуцца, і ад сцен, праз сцены, завешаныя прыгожымі карцінамі, - скрозь, з усіх бакоў.
Хоць не. Карціны, як і сцены, напэўна, толькі звідзіліся дзяўчынцы, бо не маглі ж яны ажыць, ажываць ад таго, што яна на іх дзівілася. А яны ажывалі - і не спеў ужо чула Анэля, а шолах лёгкіх крылаў за спінамі тых, хто да яе набліжаўся, і зіхоткім сваім адзеннем, і сонечнымі каронамі круга галавы асвятляючы ўсё вакол...
- Богу належыць твая душа, - крануўся яе пляча адзін з іх, наблізіўшыся. - Не дай падмануць сябе ні людзям, ні жыццю, табе прапанаванаму!
- Светлы дар табе ўручаем ад імя Госпада нашага...
- Шмат выпрабаванняў цябе чакае, дзіця. Няхай жа будуць у табе да скону і жаданне і сіла іх пераадолець!
- Няхай не адступаецца ад цябе Гасподзь!
- Святлом ачышчайся, пра святло, і ў табе жывое, памятай!
- Жыві з імем Госпада ў сэрцы! Ідзі шляхам, табе наканаваным, і радуйся... Радуйся імем Госпада!
Словы, хоць чула яна іх толькі праз лёгкі дотык рукі да свайго пляча, былі незразумелымі, тут жа, ледзьве адгучаўшы ў ёй, патаналі ў забыцці, але з'яўлялася, зноў пачала з'яўляцца і ў рухах, і ў думках лёгкасць, незвычайная і радасная. Так, нібыта не словамі адорвалі яе гэтыя дзіўныя крылатыя людзі, а крыламі - гэткімі ж, як і ў іх, крыламі...
Успамін вярнуў даўно забытае і здаўся такім яркім, быццам і не міналі год за годам, не мінулі тыя трыццаць з хвосцікам гадоў, якія падзялялі іх сёння: тады ж ёй і чатырох не споўнілася... Дзе, у якой царкве ўсё адбывалася, куды вазіла яе бабуля, каб цішком ад бацькоў ахрысціць, спытаць ужо не было ў каго. Ды і не гэта непакоіла, занепакоіла раптам Анэлю: не памятала ж, ніводнага разу дагэтуль не ўспамінала ні дня, у які яе ахрысцілі, ні анёлаў, якія яе ў той дзень благаславілі! Не ўспамінала - і раптам успомніла? Чаму? Чаму?! Мо гэта яшчэ адна падказка? Яшчэ адзін шанец штосьці ў сваім лёсе, пакуль не позна, пераіграць?
Званіў тэлефон. Званіў і званіў. Усё грамчэй. Усё настойлівей. І калі Анэля, пераможаная гэтаю настойлівасцю, зняла ўрэшце трубку, у пакой уварваўся зычны, устрывожаны голас Дана:
- Што-небудзь здарылася? Чаго ты маўчыш? Адкуль цябе давялося выцягваць?
- Адкуль? З успаміну, - таксама не павітаўшыся, быццам бачылася з былым сваім мужам не тры-чатыры месяцы таму, а толькі раніцою, нехаця патлумачыла Анэля. - З далёкага шасцідзесятага, ці шэсцьдзесят першага...
- Настальгія па добрых старых часах, калі ўсім здалося, што пачвара страху, рыгнуўшы, выплюнула іх, жывых і здаровых, на ўзбочча перажытага? Ці разгадка казкі пра белага бычка для новай кнігі спатрэбілася? - засмяяўся Даніла. - Ты ж на пачатку шасцідзесятых пешкам пад стол хадзіла!
- Ты, паабчапляўшыся сваімі камерамі, дзе ходзіш-блытаешся, што месяцамі пазваніць забываеш? Я пачала ўжо думаць, што хто-небудзь цябе нарэшце захамутаў і для большай бяспекі на павадку за сабою водзіць.
- Павадкі розныя бываюць...
- Дык павадок усё-такі ёсць? Якой даўжыні? Якога колеру? - пацвельвалася Анэля, шчыра ўзрадаваўшыся Дану і не хочучы паказаць, што ўзрадавана. - Спадзяюся, ты памятаеш, што любы павадок можа добра шыю намуляць, калі зашмат тузацца, па волі, па вольным жыцці старога бабыля засумаваўшы?
- Гэта не тое, пра што ты думаеш, - стараўся захаваць у голасе лёгкія, вясёлыя ноткі і Даніла, хоць яму ўдавалася гэта не лепшым чынам. - Я ж чакаю, калі ты пахвалішся сваім подзвігам, пра які ўся гарадская міліцыя ведае, і раскажаш нарэшце, як машыне нос набок звярнула, каб дзяўчынку ўратаваць.
- Ну-у-у... Я дасюль не ведаю да канца, хто каго ўратаваў, - вырвалася ў Анэлі.
- Спадзяюся, з табою ўсё ў парадку? - здрадліва, хоць і ледзь заўважна, уздрыгнуў у яго голас, і ён тут жа заспяшаўся ўсё зноў перавесці ў жарт. - Нешта ты дужа ціхмяная... Не кусаешся, не брыкаешся, як зазвычай, калі не з той нагі ўстанеш.
- Відаць, з той нагі пачала ўставаць, - паспрабавала Анэля ўсміхнуцца і не змагла і тут жа паскардзілася: - Не пішацца. Як зламалася што ўсярэдзіне.
- Што можа зламацца там, дзе пачынаецца вечнасць? А? - не мяняў тону Даніла, ужо справіўшыся з голасам. - Якое-небудзь выцягнутае з маленства і даўно згаслае спадзяванне? Няўдала намаляваны ўяўленнем масток? Павер ужо мне, далёка не бяздарнаму, па ўсіхных сведчаннях, кінааператару: Зямля не сышла з рэек і спраўна, як і дагэтуль, круціцца вакол сваёй восі. Сам нядаўна здымаў...
- Скажы, Дан, табе ніколі не муляла вывернуць разам з вантробамі і душу, усю як ёсць, каб расклаўшы перад сабою назбіранае за гады смецце, пакалупацца ў ім? Уволю пакалупацца? Самому, без сведак і патрэбных і непатрэбных дарадцаў?
- А чым, ты думаеш, я ўвесь час займаюся? - буркнуў той.
- Ну, не ведаю... Ты ж скрозь быў перакананы, што ў каго ўжо каго, а ў цябе заўсёды ёсць выйсце! Вось і думала, па старой звычцы, што ты, як і раней, калі знаходзіцца вольная хвіліна, пасылаеш усіх куды далей і напіваешся...
- Напіваўся! Таму, дарэчы, і напіваўся, што ад вывернутай душы нос адварочвала.
- Ты сказаў: напіваўся?! Ты кінуў піць? - учапілася за пачутае Анэля, не так узрадаваная спярша, як здзіўленая: развяліся ж некалі з-за таго, што не здолеў Даніла трымаць сябе ў рамках, як абяцаў. - Няўжо нарэшце, пасля столькіх няўдалых спробаў і прыкрых паражэнняў, здолеў?
- Нам трэба б сустрэцца, Анэля, - не адказаў ён на яе настойлівыя пытанні. - Час, па ўсім відаць, падціскае, і не хацелася б, папраўдзе...
- Хочаш прыехаць да мяне?
- Не, - памуляўся, перш чым прадоўжыць, Даніла. - Тое, што намерваюся сказаць, расказаць, патрабуе дакументальнага пацвярджэння. Патрабуе сякіх-такіх фактаў. Для большай пераканаўчасці. Таму лепш у мяне... Як-небудзь... Калі я буду гатовы да гаворкі.
- А ты не гатовы? - старалася Анэля не прыслухоўвацца да раптам узніклае ў сэрцы трывогі і ўсё ж чула, як цяжка яна варочалася там, у прадчуванні... У прадчуванні чаго? - Гэта так сур'ёзна, Дан? Так сур'ёзна, што вымагае пэўнай падрыхтоўкі?
- Гэта сур'ёзна, - не адразу адгукнуўся ён. - Я патэлефаную. Бо не проста хачу цябе ўбачыць - мне трэба шмат чаго расказаць. Каб ты зразумела. Каб даравала...
- Што - даравала? - заспяшалася Анэля, адчуваючы, што яшчэ імгненне - і ён пакладзе трубку, так нічога і не патлумачыўшы. - Што, Дан? Твой талент? - якім ты, як і я, скрозь расплачваўся і расплачваешся з гэтым мярзотным жыццём? Сваё і тваё адзіноцтва? Нашу разлуку і смерць так і ненароджанага дзіцяці, за якую прырода так жорстка ўжо спомсціла мне, зрабіўшы бясплоднаю і нікому, нават табе, не патрэбнаю? Што? Ты ж кахаў мяне, Дан! Ты і цяпер мяне кахаеш, я знаю. Я адчуваю. І хачу, каб так было заўсёды, чуеш? Каб заўсёды!
- Я патэлефаную.
Кароткія гудкі - і пасля таго, як Анэля паклала трубку, - не аціхлі. Не аціхалі так доўга, што яна, знясіленая і сваёю нечаканаю істэрыкаю, і беспамылковым адчуваннем небяспекі, якая пагрозліва навісала, навісла не адно над Данам, але і над ёю самою, урэшце змушана была абхапіць галаву рукамі і сціснуць, сціскаць усё мацней - да болю, да балючага паколвання ў скронях, каб вызваліцца, каб хоць так вызваліцца ад завершанай і ўсё-такі, па ўсім відаць, далёка не завершанай гаворкі.
Іх сцежкі зноў сыходзіліся. Сыходзіліся, каб разысціся. Цяпер, гэты раз, - назаўсёды. І ўвесь свет вакол меў да гэтага дачыненне, і ўсяму свету павінна была Анэля супрацьстаяць, калі не хацела аглухнуць ад болю, ад балючага ўсведамлення зробленай некалі імі абоімі і ўжо непапраўнай памылкі.
(«Калі і памылкаю, то шчасліваю памылкаю было даверыцца раптам душы, няўцямнаму душэўнаму парыву і, пазбягаючы людзей, ні ў каго не распытваць ні пра Назараніна, ні пра шлях, на якім яго можна было спаткаць. Шлях прарока пачынаўся з Назарэта, і ніяк гэты гарадок Марыі абмінуць не выпадала, адкуль бы ні рушыла ў дарогу, куды б, урэшце, ні кіравалася.
Ішла ж - і прыйшла. Няспешна, нічым ні ў каго не цікавячыся, абышла вулачкі, уздоўж якіх ляпіліся небагатыя, як і скрозь у гэтых краях, дамкі. Падзівілася, як, патанаючы ў густой зеляніне дрэў, весела, наўздагон адна за адной, збягаліся гэтыя нешырокія вулачкі да фантана, да яго чыстых вадаёмаў, напоўненых прахалодаю. Паўглядвалася ў спакойных, здавалася, бесклапотных жыхароў гарадка, сярод якіх жыў, так доўга жыў не прызнаны імі прарок.
Што яна хацела тут знайсці, уразумець? Што ўбачыць? Усё было занадта будзённым, звыклым. І ўмудроныя жыццём старыя, што сыходзіліся то тут, то там у невялікую купку, і падоўгу маўчалі, узіраючыся ў толькі ім бачную далячынь. І жанчыны, што, прыкрываючы твары, спускаліся да вады са жбанамі на плячы. І гульні падлеткаў, якім рупіла павыхваляцца перад старэйшымі сваім спрытам...
Вось толькі неба... Неба стаяла над галавою чамусьці вельмі нізка, вельмі блізка: здавалася, калі б выпрастала яна руку, то зачапіла б якое-небудзь з яго гарачых валаконцаў, абпёкшы пальцы, - нават позірк доўга не вытрымліваў яго сляпуча-белага дотыку, яго бляску, не-не і змушаючы Марыю ніжэй насоўваць край шаля, а то і прыкрываць вочы далонню.
Непрыкметна аціхлі птушыныя спевы і, навяваючы халадок, гучней зашапацела пацямнелае, адразу як пагусцелае вецце, а яна і не думала пра тое, дзе прыхіліць галаву. Калі ж з надыходам вечара, разам са змрокам, на гарадок раптоўна абвалілася цішыня і з-за цёмных сцен і вершалін дрэў - над імі! - вырысаваліся яшчэ цямнейшыя вершаліны гор, якія замыкалі лагчыны Ездрэлона, шлях зноў пагукаў яе. Не назад, не ў Магдалу, адкуль прыйшла. Не ў Капернаум, дзе, як чула яшчэ ў Магдале, часцей за ўсё жыў у сваіх сяброў-рыбакоў Ісус, а ў Ерусалім, куды на ўсе святы сыходзіліся адусюль паломнікі. Адусюль - і адсюль, з Назарэта, таксама.
Шлях гукаў - ёй трэба было спяшацца. Спяшацца і да раніцы яшчэ, да ўзыходу сонца падняцца, узысці на ўзгор'е, што навісала над сонным гарадком і, адкрываючы велічны далягляд, як бы рассоўвала горы, каб там, далей, дзе адна з горных вершалін абрывалася ў мора, зліцца з высокім чыстым небам над лагчынамі Іардана. Навошта ёй было падымацца туды, калі шлях, які вёў у Ерусалім, абмінаў скалістую выспу? Гэтага Марыя не ведала.
Вера вяла яе. Вера не толькі ў тое, што выздаравее яна, што ачысціцца пасля таго, як выганіць Назаранін злыдняў, уселеных у яе хваробаю ці злою воляю, а і ў тое, што азорыцца яе жыццё новым святлом, што яно ўжо азоранае, і адно трэба - дайсці, прайшоўшы шляхам прарока, укленчыць перад ім, слязьмі абмыць пасланцу Госпада ногі і выгукнуць, выдыхнуць: «Верую, Госпадзе! Не адштурхні рабы Тваёй!»
- Не адштурхні! Не адштурхні... - шаптала і шаптала, падымаючыся па залітай срэбным святлом і добра бачнай сцежцы, не заўважаючы ні каменных яе наростаў, аб якія раз-пораз спатыкалася, ні калючага кустоўя ўзбоч, аб якое чаплялася краямі хітона, ні ўсё больш адчувальнага, халоднага ветру, які, абвяваючы, студзіў разгарачаны твар.
Ці то ноч аблегчвала ёй пад'ём і незаўважна наматвала стромую сцежку на клубок поўні, ці то сама сцежка спяшалася выбрацца на прастор і, увесь час апярэджваючы яе, караскалася наперадзе, але ў нейкі момант Марыі пачало здавацца, што яна не адна пасярод гэтай аграмаднай ночы, пад гэтым зіхоткім ад святла небам, што стома адступае, адступіла, - аднекуль з'явілася сіла, дыхалася вальней, перасталі смылець, лягчэй ступалі пазбіваныя ў кроў ногі. Так, так, ні стомы, ні пякучага болю ў нагах... І яшчэ - ніякага адчування адзіноцтва, адзінокасці... Нават цішыні! Так, быццам усё вакол ажыло, на вачах ажывала: камяні і скальныя наросты, цені смакоўніц, што кажанамі навісалі сям-там над сцежкаю, і асыпаныя зорнымі промнямі, падобныя на дзівосныя начныя кветкі, яшчэ зусім нядаўна непрыкметныя калючкі, нерухомыя, цяжкія галіны ў густа-сініх струменях паветра і раскалыханыя ветрам званочкі зорак. Марыя чула то ціхі перазвон іх, падобны на песнапенне, то шэпт, звернуты не да яе, а да кагосьці вышэй, але і да яе таксама, бо вось жа адгукалася і яе, Марыіна, душа - і раз-пораз няўцямна варушыліся сухія, перасмяглыя вусны, бязгучна прамаўляючы адно і тое ж, раз за разам адны і тыя ж словы:
- Не адштурхні, Госпадзе!
Не ноч вырастала над ёю, вышэючы небам, - храм вырастаў. Велічны Гасподні храм. І няхай пра тое, колькі стагоддзяў, колькі тысячагоддзяў расці яму да таго часу, як паўстане над светам, сабраўшы сюды, пад свае зорныя скляпенні, усіх вернікаў, увесь люд зямны, не ёй, не Марыі, уведаць, быццам бы ясна бачыла яна ў гэтыя хвіліны і яго сцены, і купал у бязмежнай, недасяжнай вышыні, і самую гэту вышыню, самую гэту бязмежнасць - краёк яе, падобны на краёк зіхоткага, сатканага са святла покрыва. Покрыва свету. Гэтага, рэальнага, бачнага і асязальнага ва ўсіх сваіх праявах свету, і іншага, нябачнага, недасяжнага ні для позірку, ні для думкі.
Думаць, канешне, Марыя ні пра што такое не думала - ні слоў гэткіх, ні карцін гэткіх яна не ведала. А калі і ведала калі-небудзь, то не памятала. Але ж ірвалася душа з грудзей - спявала, адзывалася штосьці ў ёй, у душы, на кожны зрух, на кожны ўздых!
Ноч у гарах, першая на самоце ноч у гарах... Пад'ём даўно закончыўся, рух перапыніўся, а сцежка, як здавалася ёй, узрушанай, перапоўненай урачыстаю, чароўнаю незвычайнасцю гэтых хвілін, доўжылася, вабіла за сабою. Цяпер ужо - у вышыню, у зорную вышыню, пад перапеў зорак, такіх аграмадных, такіх зіхоткіх, што сэрца заходзілася ад захаплення. Ад страху і захаплення. Хто яна такая, каб неспадзявана ўшчытную наблізіцца да Патаемнага? Чым заслужыла перад Госпадам гэтую сустрэчу з адкрытым пагляду небам, з незямным хараством? Калі, у якую хвіліну ў ёй, у душы ў яе зазіхцела, забруілася жывая крынічка святла, здавалася, забітая раскаю і зацягнутая непралазнаю граззю?
- Госпадзе, Божа мой! - бухнулася Марыя на калені, укленчыўшы перад небам, перад мірыядамі зорак, якія струменілі ўніз дрогкае халоднае ззянне. - Што ж гэта, як не ласка Твая, Госпадзе? Што ж гэта?! Ужо ж і не было ўва мне нічога, што магло ўмясціць Цябе... Пыл, гразь пад нагамі Тваімі, ужо і не спадзявалася на ласку Тваю, даўно аплакаўшы жыццё сваё ганебнае, бяссілле сваё жаночае перад кіпцюрамі д'яблавымі, якія вось ужо каторы год раздзіраюць, шкуматаюць не толькі плоць маю грахоўную, але і душу маю збалелую, сабе на пацеху. Грэшная, Госпадзе, скрозь грэшная, перад усімі... А найбольш - перад Табою, святым і чыстым, за міласэрнасць, якой не заслужыла! Вось я, перад Табою... Не адштурхні! Пакарай гневам сваім, але цяпер, калі пагукаў, не адштурхні, Госпадзе!
Палатнеў, пакрываючыся халоднымі кропелькамі поту, твар, і ўцірала яна яго зрэдчас распушчанымі, распатланымі валасамі, не чуючы ні холаду, ні рухаў сваіх: душа пакідала яе - здавалася, душа адлятала ўвысь, наўздагон словам, выдыхнутым, выгукнутым з усёю страсцю, на якую Марыя была здольная, і радавацца трэба было - радавацца імем Госпада! Можа, возьме Ён яе растузаную, спакутаваную душу тут, у храме сваім нерукатворным? Можа, даруе ўсё і, бачачы бездань, якая ўсё глыбела ў ёй, не адштурхне, пакажа іншы, новы шлях?
- Да міласэрнасці Тваёй звяртаюся! Да міласэрнасці, якой спрадвеку адорваеш усё жывое і нежывое... - усё цішэй шаптала яна дрогкімі, непаслухмянымі вуснамі. - Не да чалавека, які пасмяяўся б з мяне, я гукаю, а да Цябе, Госпадзе. Мо і Ты пасмяешся, але, зірнуўшы на мяне, жывую ці нежывую - ужо і не ведаю, пашкадуеш, як шкадуеш любую зёлку, любую казюрку малую. Хачу пазбавіцца ад грахоў сваіх, ачысціцца - і не змагу без волі Тваёй на тое, без дазволу Твайго і літасці Тваёй. Гора мне, гора мне, грэшнай, - распуснай не так па волі ўласнай, як праз бяссілле сваё... Уся я перад Табою, Госпадзе! Не адштурхні!
Даўно словы гучалі адно ў душы яе, а Марыя ўсё ўслухоўвалася ў іх, у збуджанае імі рэха, якое перакочвалася ад адной горнай вяршыні да другой, і чакала. Чакала, як, чым адгукнецца на яе кліч неба, калі аціхне ўсё вакол, калі нарэшце аціхне...
Цішыні не было. Гукі, да якіх дадаваліся новыя, невыразныя і таму напачатку незразумелыя, не аціхалі - рэха па-ранейшаму перакочвала ўвесь іх бярэмак з месца на месца, усё шырэй і шырэй, так, быццам працаваў аграмадны, паслухмяны невядомай сіле махавік і ўзгор'е, падуладнае яго шалёным узмахам, яго рытму, хілілася, нахілялася то ў адзін бок, то ў другі, перасыпаючы на сваёй паверхні камяні і каменьчыкі, сколкі скальнай пароды і аскепкі адгучалых слоў, неасцярожна абабітыя смоквы і апалыя ў іх гушчу зоркі. Так, так, і зоркі! Што б яшчэ так прыгожа, так чароўна вызвоньвала то зусім блізка, то ў некаторым аддаленні ад Марыі? Абарваліся нітачкі, на якіх трымаліся, - і заслізгалі, пасыпаліся зоркі ўніз...
Пахітвалася ў такт з дзіўным перазвонам Марыя: то хілілася, падала тварам на рукі свае, малітоўна прасцёртыя ўперад, то адкідвалася назад, злёгку прымружваючы вочы, каб не аслепнуць ад нясцерпнага ззяння небасхілу, і як урастала ў павольнае кружэнне вышыні, бязмежнасці за ёю, ужо не ўспамінаючы, ні хто яна, ні адкуль прыйшла, ні чаго прасіла ў Госпада. Гасподзь бачыў яе пакору, ведаў, чуў яе муку і яе спадзяванні - чаго ж яшчэ? Не ноч, узводзячы свой неабдымны купал, уставала над ёю, а храм. Велічны храм Гасподні... І рос, шырыўся, гучнеў перазвон: дзінь-бом! дзінь-бом! дзінь-бом...
- Марыя Магдаліна?! Вогненнавалосая Марыя з Магдалы?!
Гучны бесцырымонны вокліч адштурхнуў, адкінуў Марыю яшчэ да таго, як яна канчаткова прачнулася і ўцяміла, дзе знаходзілася і што адбывалася. Лыпнуўшы вачмі і паступова падымаючы пагляд, убачыла ногі ў пыльных скураных сандалях, акаймаваны светлаю вохрыстаю палоскаю край хітона, дужыя, сашчэпленыя на грудзях рукі...
- Як ты тут апынулася? Га, красуня?
Не адказала. Тузанулася прэч, яшчэ на крок далей ад незнаёмца, ад яго насмешлівага голасу, разумеючы, што трэба ўстаць на ногі, абавязкова ўстаць на ногі, перш чым ён падступіць ушчытную і зашчэміць яе плячо ці руку ў сваёй. І ўжо стала ўставаць, падымацца, цягнучы з-пад сябе край шаля, каб прыкрыць распатланыя, раскіданыя па плячах валасы, каб неяк захінуцца ад жорсткага пажадлівага мужчынскага позірку, як незнаёмец, злёгку скрывіўшы вусны ва ўсмешцы, ступіў следам.
- Не набліжайся! Я... я... не дамся! Не паддамся! - ледзь стрымлівала Марыя калатун, які ўсчаўся нечакана і так недарэчы, і хоць ужо стаяла твар у твар з незнаёмым юнаком, то ліхаманкава, сутаргавымі рухамі апраўляючы, агладжваючы скамечаную апратку, то спрабуючы скруціць, падкамячыць шалем капну сваіх мядзяных валасоў, гатовая кінуцца наўцёкі ці што ёсць моцы працівіцца, бараніцца, калі ён не адступіцца ад свайго намеру, адчувала, што сіла пакідала яе, што сіла пакіне яе раней, чым штосьці адбудзецца.
- Не веру вачам сваім, - на ўсе зубы пасміхаўся той. - Выбранніца самога Прыапа, пра чыю палкасць у мужчынскіх абдымках расказваюць легенды скрозь па ўсім узбярэжжы Генісарэцкага возера, спалохалася поўнага няўтольнай страсці юнака? Вогненнавалосая Марыя ва ўцёках ад д'ябла, ад сямі ягоных злыдняў, уселеных у яе праз вечную спакусу... Ха-ха-ха! Ды да самага Ерусаліма ніхто ў сваім розуме такому не паверыць! Дай абдыму, сагрэю...
- Адыдзі!!! - апошнім намаганнем волі, сабраўшы ўсю сваю сілу, увесь свой гнеў у гэты рух, штурхнула, адштурхнула Марыя маладога насмешніка, і той, яўна не чакаючы ні гэткай рэакцыі, ні такога моцнага штуршка ў грудзі, не толькі адхіснуўся, але і, губляючы раўнавагу, не ўтрымаўся на нагах.
Марыя, павольна, нага за нагу, адступаючы, адыходзячы, яшчэ пачула яго злосную, грубую лаянку пасля падзення, па ўсім відаць, не вельмі ўдалага, але пачула ўжо як бы здалёк, як бы праз раптоўна выраслую паміж імі сцяну цішыні, якая абвальвалася на яе ўсім цяжарам, ламала яе, уціскала ў зямлю. Зямля ад гэтага ціску лопалася па ўсім крузе вакол, глыбокія, кожны міг глыбейшыя расколіны праціналі, рассякалі бяссілае цела, праходзячы наскрозь. І вось ужо не яна, Марыя, а камяністая зямля гэта, гарыстая прастора гэта білася ў канвульсіях, курчылася ад болю на вачах у неба. І хілілася, нахілялася над ёю неба, як бы спрабуючы расчуць, пачуць даўно адгучалыя, даўно расталыя ў промнях раніцы словы:
- Уся я перад Табою, Госпадзе...»)
4
Мантажную Даніла здолеў выбіць усяго на чатыры гадзіны, і гэтых чатырох гадзін было яўна недастаткова, каб з груды матэрыялаў, адзнятых падчас шматлікіх паездак, адабраць найбольш удалае, найбольш значнае і, выкарыстаўшы спецыяльна падабраныя хранікальныя кадры, зманціраваць фільм. Фільм, умоўна названы «Рух у біямасу», які завяршаў даўно і не па сваёй волі некалі распачаты цыкл дакументальных кінастужак, ці, дакладней, дакументальных кінадаследаванняў пра чалавека ў зоне. У зоне ўплыву, як вызначыў для сябе Даніла, маючы на ўвазе не толькі радыяцыйны, а любы ўплыў на чалавека, на яго прыроду, фізічную і духоўную, адкуль бы ён ні сыходзіў, адкуль бы і кім бы ні накіроўваўся. А што ён накіроўваўся, што за вынікамі нябачнага для большасці працэсу, нябачнага псіхічнага ўздзеяння сачылі не адны вочы, не адзін-два прыборы, у Данілы сумненняў не было.
Цяпер - не было. Сёе-тое вычытаў, перагледзеўшы груды кніг, якія мелі хоць нейкае дачыненне да таямніцы быцця і небыцця, да таямнічых, схаваных за невядомымі навуковымі даследаваннямі вытлумачэнняў яе. Сёе-тое, як кажуць, сам расшурупіў, дзесяткі, сотні разоў пракручваючы то з адпаведнага дазволу выкалупаную ў архівах старую хроніку, то адзнятае ім самім за апошні час, на працягу некалькіх апошніх гадоў, і ўзіраючыся ў твары, у вочы людзей, вечных паддоследных...
Так, так, паддоследных, з якіх служкі невядомых гаспадароў як імкнуліся, так і імкнуцца вытруціць нават успамін пра іх прыналежнасць да неба. Якое там неба, калі ўласнай душы не чуюць! - хто пасля нядаўняга абпраменьвання Чарнобылем, хто пасля шматгадовага ачмурэння ідэяй агульнага шчасця ў краіне, ператворанай у канцэнтрацыйны лагер, хто пасля псіхічнай ці псіхатропнай апрацоўкі яшчэ ў час акупацыі, у гады Другой сусветнай вайны, калі шырока, ледзьве не ў сусветным маштабе праводзіўся эксперымент па масавым замбіраванні, вынікі якога становяцца відочнымі толькі сёння. Заўтра ж... Будучыня адкідвае свой цень назад, вучаць класікі!
Даніла сумна ўсміхнуўся. Не знішчаць, не згладжваць няроўнасці паміж людзьмі, а паглыбляць іх, узводзячы непераадольныя бар'еры: уладыкі - натоўп верных служак партыі - ананімная маса людзей, ператвораных у рабоў назаўсёды... Вось мэта прапанаванай Гітлерам біялагічнай мутацыі, і хто б сёння ўзяўся сцвярджаць, што яна не натхняе новых прэтэндэнтаў на не заняты чорны прастол?
Што ўжо што, а кінахроніка мінулых гадоў, мінулых падзей, нават добра ў свой час прасеяная і ўрэзаная ўсёмагутнаю цэнзураю, - страшны дакумент. Яшчэ б! Калі тыя падзеі, тая перажытая не адным народам свету трагедыя кожны раз асвятлялася, падсвечвалася неяк іначай, з пазіцыі таго ці іншага часу, той ці іншай ідэалогіі, то твары людзей, захаваныя на адзнятай тады кінаплёнцы, не мог замяніць, змяніць ніхто. А на тварах - то адна на ўсіх жывёльная пакорнасць, то адзін на ўсіх нястрымны энтузіязм, то адно на ўсіх неадольнае жаданне выжыць, выжыць за кошт каго заўгодна, за кошт усіх астатніх... «Верыць! Падпарадкавацца! Змагацца! Кропка! Гэта ўсё!» - прагучаў у цэнтры Эўропы загад, і ні ў каго ні з аднаго боку, ні з другога не ўзнікла сумнення.
Кінахроніка мінулых гадоў, сведчанне самой гісторыі... Гісторыі, якая, што ўжо добра відочна, не стала ўрокам ні для аднаго пакалення. Ні для аднаго! Пацвярджэннем таму - і яго, Данілавы, стужкі.
«Багадзельня», «Па сцежках хворай псіхікі», «Міска баланды», «Афганцы», «У святле промневай хваробы», «З перадсмяротнай споведзі медыка», «Туга па гераізму», «У палоне жорсткасці», «Гавораць ліквідатары», «У-207І44», «Экскурсія ў нябыт»... Цэлы цыкл фільмаў-даследаванняў, з якіх вынікае: апроч ясна і ўсімі бачных фактаў, існуе мноства іншых, нябачных ці ўмела прыкрытых, замоўчаных, што адно і тое ж, і якраз у іх - папярэджанне пра ўзніклую небяспеку. Пра смяротную небяспеку не для некага аднаго, не для асобнага, асобна ўзятага чалавека, а для людства, якое ў нястрымнай пагоні за камфортам, за ўсё новымі ўцехамі можа не заўважыць, што ператворыцца ці не ў такім далёкім ужо часе, будзе ператворана ў біямасу.
Усё проста. Сама прырода прадугледзела механізм своеасаблівага паратунку: калі надыходзіць час цяжкіх, невыносных выпрабаванняў на мяжы чалавечых магчымасцей, адключаецца розум - і чалавек ператвараецца ў бяздушную самнамбулічную істоту, якая перастае што б там ні было адчуваць і здольная выжыць, жыць у самых неверагодных умовах. Выжывае. Жыве. Ні на хвіліну не задумаўшыся пра тое, што жывая толькі плоць і адбылася падмена - падмена душы, падмена наканаванага небам шляху. Сёння ж не патрэбны і цяжкія, невыносныя выпрабаванні: розум лёгка адключаецца з дапамогаю навукі - хіміі, біяхіміі, біяэлектронікі...
Не, не, калі раней Данілу мучыла тое, што ніводзін са зробленых фільмаў не быў і ніколі не будзе паказаны шырокай публіцы (як жа - талент, укладзены ў работу, заставаўся неацэненым!), то сёння тыя мукі ўяўляліся пустымі, прыкрымі. Ён з дапамогаю магутнай сучаснай оптыкі не толькі ўбачыў, а і занатаваў пэўныя знакі навіслай над усімі небяспекі, ён павінен быў папярэдзіць людзей, нават калі б яны не схацелі слухаць, выслухаць яго, - і не мог. Не мог, пакутуючы не ад таго, што скаваны па руках і нагах, што яшчэ адзін-другі залішне рэзкі рух - і косткі не вытрымаюць, хруснуць, а ад таго, што не адчуваў у сабе ні сілы, ні рашучасці зрабіць апошняе намаганне і вырвацца. Усё-такі, няхай цаною свайго жыцця, а вырвацца з рук гаспадароў, якіх выбраў некалі сам. Сам!
Мо калі б ведаў, калі б мог прадбачыць вынікі сваёй работы спачатку, з самага пачатку, то зрэагаваў бы неяк інакш. Ці хоць бы не так паспешліва шыю падстаўляў. Але што пра тое сёння... Хто б і што б яму, маладому, зялёнаму, тады патлумачыў?
«Хочаш мець лепшую на сённяшні дзень апаратуру і большую, чым усе іншыя, свабоду дзеянняў?» - спыталі, не ўтойваючы, адкуль сыходзіла прапанова, хоць маглі па тых часах і не пытаць, і што ён, Даніла, мог адказаць? Што не хоча? Што сам адмаўляецца ад работы, калі не ад самой прафесіі кінааператара?
Адказаў так, як ад яго чакалі. З думкаю, што неяк жа здолее не запэцкацца, выйграўшы ў часе... І дасюль памятае ўсмешку, халодную, пагардлівую ўсмешку таго, хто прапанаваў яму той няхітры выбар. Твар, безаблічны і быццам нежывы ў сваёй застыласці, адшліфаванай доўгаю, добраю вывучкаю, сцёрся з памяці, а ўсмешка між тым помнілася. Спярша падсвядома, потым, з гадамі, калі Даніла навучыўся не толькі заўважаць раней нябачнае, незаўважнае, а і прыгадваць сёе-тое з не заўважанага некалі раней, - да агіды, да непрымальнасці выразна.
За дурня яго палічыў лейтэнант. Нават не за палахліўца (палахліўцамі тады былі ўсе!), а за дурня, якому і ў галаву не прыйшла старая як свет ісціна: калі д'ябал тыцкае пад нос дзве сцятыя ў кулакі далоні і прапануе выбраць з таго, што схавана ў іх, - адно ці другое, на выбар! - нельга паддавацца спакусе і выбіраць, таму што ў любым выпадку ён напэўна падсуне якую-небудзь загадзя падрыхтаваную гнуснасць...
Што ж, Даніла і быў дурнем, маладым, самаўпэўненым дурнем: і згоды супрацоўнічаць з органамі бяспекі на прапанаваных умовах не давялося лейтэнанту доўга дамагацца, і што трэба падпісаў без лішніх угавораў ці пагрозлівых папярэджанняў пра адказнасць, і платаю за сваё супрацоўніцтва не пагрэбаваў - ні тады, ні пазней... І бачыў жа, бачыў, з кім, з чым сілаю памерацца ўздумаў, у небяспечную, па ўсіх мерках, гульню ўступаючы, разумеў, чым заплаціць, чым давядзецца плаціць, калі дасць сябе на чым-небудзь падлавіць, ці хоць бы западозрыць, а на ўсё, і загадзя, пагадзіўся. Быццам не сам вырашаў. Быццам не ён, а лёс распарадзіўся.
- Лёс... Хутчэй ужо д'ябал, што вечна пад нагамі блытаецца! - буркнуў сабе пад нос, адганяючы думкі, за якімі зноў учуў жаданне апраўдацца: перад кім апраўдвацца? За што?
Не, не, ніколі не зрабіў бы ён таго, што зрабіў, што паспеў зрабіць, не ўступіўшы ў тую гнусную змову. І самую ж сучасную замежную апаратуру ў сваім карыстанні меў усе гэтыя гады, і большаю, чым іншыя, свабодаю ў дзеяннях (абы яны не выходзілі занадта далёка за абгавораныя рамкі!) уволю цешыўся, не толькі на тых, каму служыў, але і на сябе працуючы. Цяпер бы толькі больш-менш варты выхад знайсці!
Выхад... Ужо ж, наўрад ці дадуць адшукаць і скарыстаць яго цяпер, пасля таго, як не ў адзін з калідораў апраметнай з іх дапамогаю зазірнуў, тут Даніла, хутчэй за ўсё, не памыляўся. Не збаіцца, што перад усім светам выставяць па вушы абпэцканым смалою і граззю - глотку тою граззю заб'юць, змусіўшы глытаць яе, пакуль не захлынецца. А не - і таго горш: з дапамогаю дзвюх-трох таблетак ці двух-трох уколаў ператвораць у тупую жвачную жывёліну, набітую перамолатымі на труху амбіцыямі... Не з яго, Данілавым, здароўем спадзявацца, што так ці йначай спрацуе ў патрэбную хвіліну інстынкт самазахавання. Адно і спадзяванне на таго, каго ніколі ў сваім мітуслівым жыцці не знаў, - на Госпада Бога, вось толькі ці бачыў той яго, ці схоча выслухаць?
Думкі не перашкаджалі рукам - рукі звыкла, умела рабілі сваю работу: спрытна адразаліся, адкідваліся лішнія ў задуманым фільме кадры - і тут жа, следам за позіркам, а то і адначасова, аднамомантна з ім, пачыналі спалучацца, зрастацца ў адным непадзельным руху два, тры розныя часавыя пласты. Яны, здавалася, няўхільна напаўзалі з розных, з супрацьлегла розных бакоў, насустрач адзін аднаму, схлістваючыся, захлістваючы даўнімі падзеямі нядаўнія, і толькі Данілавай воляю зноў набывалі выразнасць, працяг, паступова станавіліся адным цэлым.
Конныя казакі, нястомна сцябаючы праваруч і леваруч нагайкамі, разганялі натоўп дэманстрантаў - нячутныя крыкі і стогны збітых з ног людзей закручваліся чорным шалёным смерчам і, зносячы, разбураючы ўсё на сваім шляху, дасягалі глухога, зацягнутага крывавымі хмарамі неба - неба нястрымным ліўнем абрушвалася на зямлю, маланкамі рассякаючы яе ўздоўж і ўпоперак. Расселіны пад бліскі маланак, бязгучныя і ад таго яшчэ больш жахлівыя, ператвараліся ў франтавыя, забітыя калонамі салдат вермахта дарогі, якія зацягваў дым пажараў, - усплёскі агню выдзіралі з цемры царкву, каб тут жа, за чарговаю хуткаю зменаю кадраў, усе пяць купалоў яе, сарваныя страшным выбухам, рассыпаліся, асыпаліся, усё больш запавольваючы імгненні, уніз, у натоўп, на галовы сучасных, модна апранутых разявак, што дзівіліся на расстрэл парламенцкіх сцен, за якімі хаваліся наваяўленыя прэтэндэнты на вярхоўную ўладу.
Не ставала голасу, голасу неба ці голасу з апраметнай, на які павярнуўся б твар натоўпу... Хоць не, голас гучаў. Гучаў у ім, у Данілу, і калі, адкручаныя назад, зноў замільгалі толькі што зманціраваныя кадры, ён змушаны быў прыслухоўвацца, услухоўвацца ў яго.
- Натоўп... Паслухмяны чалавечы статак! Зірнуць - знешне шэрая, пазбаўленая выразнай формы маса, а ледзь толькі выхапіць з яе камера каго-небудзь аднаго і ўчэпіцца ў яго, безаблічнага, бяскрыўднага на выгляд, адразу стане бачна, што і ў ім стаіўся, чакае свайго часу монстр. Маленькі такі, непрыкметны такі монстр, які, калі даць, дазволіць яму адчуць няхай часовую, няхай чыста сімвалічную ўладу над кім іншым, слабейшым, тут жа пачне выяўляцца, расці, абрастаць ікламі і кіпцюрамі... Ды запавольвай, запавольвай рух камеры! Памятай, што і ты - адзін з іх, адзін з натоўпу рабоў!
- Вось гэта ўжо дудкі! - буркнуў абураны паваротам думкі Даніла.
- І ты - адзін з натоўпу бязмозглых рабоў, - з перапыненай фразы прадоўжыў голас, - і ў тым, што неабходна для дасягнення ўбітай, уцямяшанай у цябе мэты, не ведаеш ні жалю, ні сумненняў. Што па зямных мерках і правільна. Мэта - не тое, што павінна хваляваць цябе, створанага, вымуштраванага для таго, каб выконваць каманды: аднойчы прышчэпленага табе адчування вялікай мэты дастаткова: не ты першы, не ты апошні... Сутнасць прапанаванага можа быць і ідыёцкай, але не мэта, а адчуванне мэты зараджае цябе і такіх, як ты, усёпераадольнай, усёзнішчальнай, калі спатрэбіцца, энергіяй. Чаго яшчэ? Сказана ж: «Верыць! Падпарадкавацца! Змагацца!»
Усё прагучала так выразна, што Даніла міжволі заазіраўся. Потым, злавіўшы сябе на гэтым бязглуздым руху, незадаволена зморшчыўся: насланнё, няйначай... Задужа засяродзіўся на падтэксце задуманага фільма...
Кадры, кадры, кадры! Спрэсаванае ў іх стагоддзе выпраменьвала трывогу - Даніла адчуваў гэта кожным фібрам сваёй душы, кожнай клетачкай сваёй плоці. Нездарма ж яшчэ ў казаннях пра канец свету, пра Армагедон, згадваліся людзі з наглуха закрытымі тварамі: вось яны, людзі з маскамі замест твараў, паўсюдна - у кожнай зале пасяджэнняў, у кожнай казарме, у кожным вулічным натоўпе. Самае малое непаразуменне - і кінуцца брат на брата, як ужо кідаліся неаднойчы. Самы вар'яцкі загад, падсвечаны абяцаннем светлай будучыні, - і нікому і ў галаву не прыйдзе не толькі паспрабаваць сарваць маску з таго, хто яго аддасць, а і проста аспрэчыць загаданае. Страшна. Страшна зірнуць на крок далей...
А калі крануць патаемныя, глыбока схаваныя спружыны гісторыі? Калі паверыць здагадкам нешматлікіх, абылганых дактарамі ўсіх навук прадвеснікаў невядомай будучыні, далёкіх будучых часоў і прызнаць, што наша жыццё праходзіць не толькі ў гэтым рэальным, добра бачным і адчувальным, але і ў нябачным і не адчувальным свеце, поўным бяздонных пячор, населеных зусім не ценямі, а бясцелымі, магутнымі жыхарамі змроку? Ці пайсці яшчэ далей і прызнаць, што воляю тых, хто аддае сёння загады, будучы прэзідэнтам той альбо іншай краіны, кіруе магутны ўладыка гэтага, нябачнага для простых смяротных свету - Князь Цемры?
Фантастыка? Бязглуздзіца? Выдумка вар'ята? Ды не... Людзі, калі прыгледзецца, так часта ў масе сваёй нагадвалі біяробатаў, паслухмяных любым, самым вар'яцкім загадам, што толькі дзіву дацца! Было ўсенародна абвешчана, што Бога няма, што яго прыдумалі невукі, - і паляцелі галовы з храмаў, а потым і з тых, хто правіў у гэтых храмах службу. Было загадана стаць бязроднымі і растаптаць гісторыю сваю, каб пацешыць нашчадкаў магутнага суседа, - і растапталі, так затаптаўшы, зацёршы, што месцамі і зернетка жывога не засталося. Было ўпісана ў падручнікі, што, каб стаць паўнапраўнымі інтэрнацыяналістамі, трэба забыцца на матчыну мову - і не толькі забыліся, а кінуліся бэсціць яе перад дзецьмі і ўнукамі, перад цэлым светам. Тое ж, што засталіся ні з чым, жыцця, будзённага жыцця не тычылася - новы дзень прыносіў той жа, заўсёдны, клопат: зноў трэба было па званку будзільніка ўстаць, праглынуць свой сняданак, уплішчыцца ў перапоўнены аўтобус і не спазніцца на работу, восем гадзін запар укалваць ці біць лынды, робячы выгляд занятага працаю чалавека, не трапіць на вочы начальству з прыхопленым з цэха матком электраправодкі, пасля змены наскрэбці грошай на выпіўку з прыяцелем, не прапусціць чарговы фільм з тэлесерыяла...
Даніла крыху ўтрыраваў, не без таго. Але ж збрыдла ўвесь час прыкідвацца задаволеным, блытаючыся ў ліпкай павуціне слоў: «эвалюцыя», «цывілізацыя», «дэмакратыя», «урокі гісторыі»... Урокі! Хто і чаму на гэтых крывавых уроках навучыўся? Хто і ад чаго здолеў абараніцца, зноў і зноў сцвярджаючы, ці калі і не сцвярджаючы, то робячы выгляд, што нічога сур'ёзнага за масавым атупленнем, за абыякавасцю цэлых народаў да свайго лёсу, да сваёй будучыні не стаяла і не стаіць? Эпідэміі маюць звычку паўтарацца, і калі ўсе пачынаюць пагаджацца, што пагрозы новага ўвасаблення сатанінскага духу, цень якога так выразна, так страшна выявіў фашызм, не існуе, то што гэта? Слепата? Адрыжка атэістычнага выхавання? Агульны, пад дыктоўку д'ябла, дэбілізм?
Над адной шостай часткай планеты не год, не два на месцы выдраных з мясам крыжоў чырванелі пяцікутнікі зорак, крывавымі водсветамі благаслаўляючы масавыя рэпрэсіі, а нам сёння - пра забаўкі любімага народам да самазабыцця параноіка! Па ўсёй Германіі палалі кастры з кніг, выкладзеныя ў форме свастыкі, каб у хуткім часе агонь перакінуўся і на Эўропу, а нам - пра эканамічны спад і злачынную змову палітыкаў і генералаў! Гітлер і тыя, хто за ім стаяў, навязалі свету «маніхейскую вайну», што згадваецца ў Бібліі як Бітва Багоў, і прахам пяцідзесяці мільёнаў тых, што згарэлі ў крэматорыях, былі закапаны ў вечную мерзлату тундры, згнілі ў магілах ці непраходных балотах, угноеная зямля ад Курылаў да Атлантыкі, а нам, дагэтуль усё яшчэ падключаным да машыны прапаганды, - пра ўрокі гісторыі! Вось што атрымліваецца, маўляў, калі чалавек паддаецца сваім распусным інстынктам... Не, не, усё сур'ёзней. Усё значна сур'ёзней. Ёсць жа, урэшце, сведчанні. Ёсць хроніка!
Хроніка, хроніка... Чорны той дзень, калі забіты бязвінны чалавек, і няма над зямлёю іншых, і кожны яе дзень чорны, - сумна зазначалі далёкія продкі, а і гэтаму іх смутку зайздросціў Даніла. Сёння ні тысячы самых розных статыстычных кантор, ні тысячы інфармацыйных службаў і агенцтваў па ўсім свеце не спраўляюцца падлічваць ці хоць бы лічбава вызначаць колькасць штодзённых ахвяр: катастрофы, стыхійныя бедствы, рэгіянальныя войны, этнічныя канфлікты, разгул сусветнага тэрарызму, эпідэміі новых і ўсё больш небяспечных хваробаў, паўсюдны рост злачыннасці... Што гэта? Адкуль ішло? Адкуль бралася, калі і царква, і ўсе прававыя інстытуты, і ўсе сілы правапарадку, аховы здароўя і адукацыі і выхавання змагаліся за чалавека?
Чым больш абапіраўся Даніла на самыя разрозненыя факты і стараўся як мага глыбей прааналізаваць іх, тым усё рашучай прыходзіў да самім жа некалі высмеянай высновы: усім кіравала адна воля - магутная, злая воля, якая няўмольна, няўхільна падштурхоўвала чалавецтва да самазабойства, да самазнішчэння. І супрацьстаяць ёй можна не толькі перамогшы, штодня перамагаючы сваю зямную прыроду, а памятаючы, што ў кожным, з кожным, пакуль ён трымаецца за сваю душу, Бог, Яго благаслаўленне...
Матэрыялізм, хоць і трапіўшы на не вельмі ўрадлівую глебу дваццатага стагоддзя, добра пажыраваў на крыві і касцях тых, хто па сваёй волі ці пад прымусам адмовіўся ад Бога, ад боскага, нятленнага ў сабе, - і таму стаў тленам і быў растаптаны. Дзеля наступных пакаленняў, як растлумачаць потым гісторыкі тым, што ўжо самі не схочуць ні над чым задумвацца.