Янка БрыльНіжнія БайдуныАповесць
ГІСТОРЫЯ
Пэўна ж, ёсць і ў мяне паваротка з гасцінца на палявую дарогу, у родную вёску. Нават не адна, а дзве, з захаду і з усходу, нібы сімвалічна. З захаду я аднойчы вярнуўся дахаты пасля даўжэйшай разлукі; з усходу, госцем, прыязджаю даволі часта і амаль заўсёды з хваляваннем. Яно бывае то большае, то меншае, але ж у нечым кожны раз адно, сваё на ўсё жыццё.
Аўтамашыны пакуль што не адчуваюць на паваротках ніякай узрушанасці, а коні калісьці, чуючы дом, таксама як і людзі, хваляваліся.
Гнеды ў старога Качкі быў сляпы, з гасцінца яго трэба было паварочваць ляйчынай. А гаспадар і сам не бачыў на правае. Пра іх з канём гаварылі: «адно на двух». Цяжэй сказаць, як там яны дзялілі сваё хваляванне.
Зрэшты, у тую ноч, калі на свеце гула і падвывала белая завірушная цемра, Захар Іванавіч Качко (так ён любіў называцца) вяртаўся з карчмы пехатою. Доўга ішоў з мястэчка, нялёгка, з блытаннем ног і адпаведным унутраным маналогам. Урэшце сяк-так набрыў на слуп каля павароткі і, шчасліва абняўшы яго, прытуліўшыся да сцюдзёнай драўніны аброслай шчакой, ціха, пяшчотна спытаўся:
- Чы тутэй весь Дольнэ Байдуны?
Спытаўся на мове тады афіцыйнай, бо гэта - з краіны майго маленства, з палавіны дваццатых, заходнебеларускіх гадоў.
Колькі часу мінула, а згадваеш тое пытанне амаль кожны раз, калі маўклівы слуп на паваротцы набліжаецца да цябе, калі на яго адзіным, выцягнутым драўляным рукаве зноў праяўляецца надпіс - імя нашай вёскі, ужо даўно па-свойму, як у загалоўку.
Адзін з маіх сяброў, вядомы крытык з братняй рэспублікі, з якім мы сустракаемся даволі рэдка і з прыемнасцю, неяк раіў мне, мякка, але настойліва, напісаць «два-тры апавяданні на гістарычную тэму». Яго аўтарытэтная настойлівасць падказвала падазрэнне, што апавяданні тыя патрэбны не столькі нашай літаратуры, як мне самому, - для разрадкі, ці што, каб трохі адцягнуць мяне ад залішне аголенай лірыкі. Ды я тады толькі смяяўся, не падазраючы, што і такое можа калі-небудзь здарыцца.
«На гістарычную тэму...» Тое, што я хачу цяпер гаварыць, таксама ўжо гісторыя. Паўстагоддзя ад завірухі ў цёмную ноч, горны хрыбет вайны, які пралёг паміж тым часам і сённяшнім днём, круты пераход ад вузкай цераспалосіцы ў індустрыяльны сацыялізм...
Ды лепш, відаць, проста пачаць, без усякай уступнай тэорыі. З таго, што часта і весела ўспамінаецца, што добра бачыцца - адно здалёк, другое зблізку.
МОЙ ПАДРЫХТОЎЧЫ КЛАС
Жонка, увішная і даволі-такі звяглівая цётка Юста, называла яго па-вясковаму: не Захар, а Захара, нават яшчэ і па-свойму, без «р» - Захава.
Уранні, даўшы Гнедаму, карове з цялухай і авечкам, Качка любіў затрымацца ў гумне. Трасянкі на дзень натрэсці, падмесці ток, патупаць трохі паміж невысокімі тарпамі сена і саломы, раз-пораз бухукаючы неадчэпным кашлем.
Але ж якраз тады, калі чалавеку патрэбна была адзінота і цішыня, баба выбягала на парог і тонам загаду кідала цераз двор:
- Захава, есці!
- Іду! - міралюбна адгукаўся ён. Але адразу не ішоў, яшчэ ўсё патроху бухукаў. Тады яна зноў выбягала з сяней.
- За-ха-ва! Есці ідзі, каб ты наеўся чэмеву, каб ты!
- Ды іду!
Аднак яшчэ ўсё корпаўся.
За трэцім разам Юста аўтамаціла доўгай чаргой:
- Есці ідзі, сказала! Што ты там кешкаешся, каб цябе свінні пад плотам кешкалі, каб цябе! Што ты таўчэшся там, каб ты тоўкся па смеўці казою, каб ты!..
Тады ўжо гаспадар паказваўся ў чорным праёме гуменных дзвярэй.
- Распранаперакувыркутваю!.. Бу-ху, бу-ху!.. Цігра ты ўсурыйская! Я ж сказаў, што іду!..
Юста знікала ў сенцах, а ён памалу зачыняў гумно і, не спяшаючыся, ішоў у хату.
Дыялог патрабуе тлумачэння.
Лаянка цёткі Юсты заключала ў сабе два складаныя вобразы. Кешкаць гаспадара пад плотам свінні маглі не толькі п'янага, - такі ж мог быць і канец чалавеку, у такім жахлівым заняпадзе. Хадзіць па смерці казою - тут ужо быў не толькі намёк на калядную батлейку, а нават нейкі ажно будызм з яго перасяленнем душ.
Аднак не скажаш, што дзядзька Захара прымаў гэтыя праклёны на ўсю глыбіню. Бабіна лаянка была на гэты раз не вельмі каб і злосная, звычайная.
Седзячы ў нас па-суседску з кудзеляю, цётка Юста магла, напрыклад, расказваць маёй маці так:
- Завэзала пазаўчова дзве гусі і кажу свайму: «Дзявы, Захава, пеўе, каб ты на сцену дзёўсё, каб ты!..»
На сцяну людзі дзерліся з найвялікшай бяды. «Гарбачэ назбіралі грыбоў, наварылі, наеліся, а потым усёю сям'ёю на сцены дзерліся. Не дай божа!..» Такое, казалі, калісьці было.
Ну, а ўяўляць, як гэта дзядзька Захара дзярэцца на сцяну - з адным сваім вокам, з сівым вожыкам і нярослаю сівай бародкай - гэта было, вядома ж, весела. Мне, падшыванцу.
Злосці ў той лаянцы, паўторым, не было. Была нават паэзія, хай сабе грубая, але ж і хлёсткая. Я ўжо тады, яшчэ не каровін, а толькі свіны пастушок, мог налічыць колькі хочаш гэтых праклёнаў. «Што ты там дзяўбеш, каб табе крумкач вочы выдзеўб!», «Колькі ты сыпаць будзеш, каб табе губы абсыпала!», «Чаго ты сядзіш, каб ты каменем (або крыцаю) сеў!», «Чаму ты не едзеш, каб ты бокам ездзіў!..», «Распеліся тут пад акном, каб вы пелі на хлеб!..» І так - бясконца, а ў цёткі Юсты яшчэ і з паўторам: «Каб ты!..»
Што ж да «ўсурыйскай цігры» і да той шматступеньчатай «перакувыркі», дык тут ужо выступае бываласць і важнасць дзядзькі Захары.
На царскай службе ён быў старшым унцерам нейкага там асобага чыгуначнага батальёна, «стаяў» у нейкім для нас, малых слухачоў, таямнічым Нікольск-Усурыйску, «стаяў» і ў яшчэ больш загадкавым Кітаі, называў кітайскія гарады, сярод якіх найбольш адзін - Танку... Гадоў праз некалькі я выпадкова знайшоў у адной кнізе вытлумачэнне многаму з яго расказаў. Старшы унцер Качко прымаў бязвольны, несвядомы ўдзел у міждзяржаўным удушэнні іхэтуаньскага («баксёрскага») паўстання, і тое яго, п'янае ці толькі цёмнае: «Бярош ходзю за касічку і - нагайкай!» было па сутнасці вельмі нясмешным... Аднак у расказах дзядзькі Захары, ледзь што не казачна аддаленых па месцы і часе дзеяння, слухачы лавілі перш за ўсё смешнае. Тым больш, вядома, дзеці, зусім нявінная прастата.
Я сябраваў тады з Качкавым Валодзем, таксама як і я яшчэ дашкольнікам, і зімовыя расказы ў іхняй хаце мы маглі штовечар, да таго ж яшчэ і з цёплай печы, слухаць - колькі нам хацелася.
Жылі Качкі бедна, сям'я была вялікая, але і дружная, дарма, што я пачаў пра дзядзьку і цётку з іх ранішняй «зарадкі». Дабраліся яны, Захара і Юста, настолькі ўдала, што нават абое не чулі насамі і вельмі любілі цыбулю. Аднак у іх цесную, кісла-душную хату мужчыны збіраліся кожны асенні ці зімовы вечар, ды ўсё дзядзькі бывалыя, не наслухацца іхніх расказаў.
Амаль заўсёды верхаводзіў гаспадар.
- Дай бог памяць, кажацца, у адна тысяча дзевяцьсотым, у маі або ў юні месяцы было. Стаяў я тады ў Танку (ён казаў не Тангу, як трэба, а Танку), на пагрузцы імушчаства з караблёў у вагоны, а то і абратна. І вот прыходзіць аднажды французскі крэйсер «Парыж». Капітан крэйсера... (заміначка) дай бог памяць, некто мусье Піці. Перакувырку тваю! - ён ні слова па-расейскі, я ні слова па-французскі... Паставіў я водку, Піці паставіў хар-рошы каньяк. Сядзім. Закуска, канечне... (Зноў заміначка.) Мяса соч-на-е, слад-ка-е... Белы хлеб, халадзец, кансервы... Сядзім мы так, бяседуем, і кажа ён: «Захар Іванавіч, дружышча!..»
- Захара, а ты ж казаў, што той Пеця ні слова не ведаў па-нашаму.
Перапыніў гаспадара Ігнат Сякач, па-вясковаму Балалэй.
Да службы ў царскай арміі, куды яго ўзялі ў вайну, Ігнат працаваў грузчыкам у «санкт-пецярбургскай ціпаграфіі Маркуса», якога ўпарта лічыў «самым старшым над усімі бальшавікамі». Ды смешнае, што пра яго, Балалэя, казалі, было не там, а дома, і не так даўно. Паехаў ён у мястэчка па свяшчэнніка, той павінен быў вось-вось вярнуцца аднекуль, і прыйшлося пачакаць. Сядзеў Ігнат у кухні. Ні дзвюх дарослых пападзянак, ні служанкі нешта не было дома. Матушка, проста апранутая жанчына, сама мыла ў пакоі падлогу. Ігнат не ведаў пападдзі, і яму захацелася пагаварыць з гэтай жанчынай, як са сваім чалавекам. Падышоў да дзвярэй, адчыненых у пакой, і пачаў:
- От жа, служаначко, наш поп і абдзірач! Ох, падло, і абдзірач!..
У яго было тры ці чатыры яблыні, белы наліў. І ён іх ноччу пільнаваў, хоць яшчэ надзелень, бо дзецюкі «ўбіваліся». І рэдкасць гэта была - садок, і маладзецтва ўсё-такі, і гаспадар нягегла-смешнаваты. Прыкаціў у садок са свірна «пасу», вялікую бочку на збожжа, палажыў яе, і там, па-дыягенаўску, начаваў. Хлопцы неяк падкраліся, пасу тую рванулі дном угару і, пакуль вартаўнік, ачомаўшыся, глуха выгукваў свой пратэст, адны трымалі бочку, а другія налаташылі яблыкаў і ўсе пабеглі, смеючыся.
Было і іншае, не дамашняе. Пасля грамадзянскай вайны Ігнат вярнуўся ў Ніжнія Байдуны, а тут яго неўзабаве - у польскае войска.
- Паставіў мяне каля помпы, ваду ў карыта пампаваць. Я пампую, а ён стаіць і ўсё «старчы!» ды «старчы!». Я думаў, што ён гэта хваліць мяне, што я ўжо буду ў іх нейкі старшы, а ён, падло, падскочыў ды па мордзе. Той капраль. А хлопцы потым смяюцца, каторыя нашы, што «старчы!» - гэта па-іхняму «годзе!».
І такое яшчэ, што ён мог бы, каб не любоў да смешнага, і не расказваць пра сябе самога.
- Вочы, кажу, баляць, нічога добра не бачу. Гэта я да доктара да іхняга пайшоў. А ён мне, лекаж той, шклянку касторкі наліў. Рыцына па-іхняму. Усю, падло, выпіць заставіў. Во дзе было пасля!..
Для нас з Валодзькам Сякач быў таксама стары, як і ўсе іншыя мужчыны, а для дзядзькі Захары на цэлы салдацкі век маладзейшы. Хоць Ігнат і казаў яму «ты».
Любіў Сякач падсеч. І «адно вока на двух» - гэта таксама ён прыдумаў. Але цяпер спыніць, збянтэжыць расказчыка было не так проста.
- Балалэй ты! - упёрся той адным вокам у недавярка. - Ва-первых, не Пеця, а Піці, а ва-ўтарых, перакувырку тваю, мы калі выпілі, ён пачаў па-расейскі, я па-французскі... (Замінка даўжэйшая.) Пракрасны быў чалавек, царсцвія нябеснае! Вот я яму і гавару...
У старшага унцера Качко знаёмых у высокім свеце было наогул шмат. І на ваеннай службе, і потым, калі ён, недзе там акалечыўшы вока, працаваў у Адэсе тракцірным палавым.
- Дай бог памяць, кажацца, у адна тысяча дзевяцьсот дзевятым. Праязджаў генерал-губернатар Таўрычаскага края... (замінка) некто Крэставаздзвіжанскі Пётр Філімонавіч. На Дзярыбасаўскай - перакувырку тваю!.. І я стаю на крыльцэ свайго тракціра «Белая акацыя». А ён прыдзяржаў рысакоў ды гукае з талпы народа: «Захар Іванавіч! Качко! Дружышча!..»
- Пазнаў! - захоплена перапыняе хтосьці з мужчын.
- Вот жа, перакувырку тваю! Наш быўшы генерал. Па Нікольск-Усурыйску. Патом у Танку... (Замінка.) Пракрасны чалавек!..
На гэты раз чамусьці абышлося без «царсцвія нябеснага», нібы знаёмы недзе жыў-здароў.
- Яшчэ адзін Пеця, - трохі цішэй, як звычайна, сказаў-такі, не вытрываў Ігнат.
Але на гэты раз гаспадар, відаць, не пачуў.
Пасля такога, усурыйска-таўрычаскага, знаёмства былі яшчэ і намёкі.
Аднойчы дзядзька Захара вярнуўся з мястэчка пад мухай, але не ноччу, і не зімой, і я тады, прытаіўшыся, бачыў і чуў цераз плот, як ён сустрэўся з Канісам каля будкі. Той быў навязаны, выйшаў насустрач, сеў на хвасце, гледзячы ў твар гаспадару з усёй адданасцю.
- Каніс! Дружышча! Здрастуй, перакувырку тваю! Как гаварыў пакойны Мікалай Аляксандравіч Раманаў-Утарой: «Нічаво не віжу, тока крофь, крофь, крофь, крофь!..»
У такт з гэтым паўторам чалавек пагойдваўся назад-наперад-назад, а сабака, таксама ў такт, мёў, матлашыў па пяску хвастом. Тады чалавек пачынаў спяваць. Сваю любімую, адну на ўсё жыццё:
- І гарыт лучына, із-да-ва-я тр-рэск, і вакруг тры-вож-ны!..
Далей, да «разлівання блеску», не ішло. Зноў паўтаралася трагічнае «крофь, крофь» пакойнага Раманава-Утарога. Як пра якога-небудзь яфрэйтара або унцера з Танку, што «Іваноў-утарой», ці радавога - «Сідараў-трэці»...
Часамі, разварушаны экзотыкай маладых успамінаў, не звяртаючы ўвагі на нас, малых, што слухалі з найбольшай пільнасцю, ён летуценна расказваў пра маньчжурскія «увеселительные» дамы. «Кітаяначку, перакувырку тваю, вазьмёш, і на той цыноўцы з кута ў куток заедзеш!..» Пра развітанне жонкі Раманава-Утарога з Распуціным, які ляжаў у труне, расказвалася яшчэ больш адкрыта. Як яна, тая Аліса, «выняла ў яго, пацалавала і гаварыт: «Спасіба, Грыша!..»
Была і палітыка. У той глухі вясковы час, без газет, без радыё, ён, вярнуўшыся з мястэчка або з лесу, зайшоўшы да нас па-суседску, мог з неабвержнай значнасцю пачаць:
- Ну, нешта ўсё-такі будзе. Варушылаў даў Будзёніну па мордзе!
Улетку сорак другога года я начаваў у садзе пад яблыняй. І прачнуўся ад гаманы на Качкавым двары. Ішла прыцішаная валтузня каля свіронка, - адзін нехта штосьці браў, а другі не даваў. І сосну я ўцяміў, што гэта дзядзька Захара і партызаны, тады яшчэ вельмі рэдкія.
- Старик, да пойми же ты, - культурна гаварыў хтосьці з акружэнцаў, - пойми, что нам надо. Мы ведь воюем!..
- Перакувырку вашу - ва-ю-ем! Які Сталін маршал, такія вы ваякі!
- Молчи, старик! Такими словами...
Ды ён яшчэ ўсё неспалохана бурчэў.
Вернемся, аднак, у пачатак дваццатых.
Калі ў расказах, кажучы мякка, перабольшваў хто-небудзь іншы, дзядзьку Захару гэта не падабалася. Нават і другу свайму, Івану Бохану-Калошы, па мянушцы «Лётчык», ён не даваў уздымацца залішне высока.
Бохан-Калоша служыў калісьці ў «пецяргофскай воздухаплавацельнай роце». Падагрэты расказамі Качкі, і ён пачынаў сваім мяккім, таксама «гарадскім», культурным голасам што-небудзь, напрыклад, такое (бяру не з пачатку):
- І так, значыцца, паднімаю ўзвод па трывоге, а сам саджусь на дзерыжабль. Даю каманду...
- Яфрэйтарышка, перакувырку тваю! Які ўзвод? Якую каманду? Хто т-та-бе дасць дзя-ры-жабль?!
Паветраплавацель не меў той непахіснасці, што чыгуначны старшы унцер, і ён абараняўся мякка:
- Ты жа ведзь там са мною не быў. Што ты арош на міня? Удзівіцельны чалавек!..
ЧАМУ Ж ЁН НЕ СОКАЛ?..
«Авёс сей у гразь...» А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі.
Усе тым часам падхадзіліся, а дзядзька Бохан-Калоша сама што пачынае.
У яго худой, віхлястай кабылкі таксама была мянушка, трохі задоўгая: «Не на таво наскачыла». Так на яе гаварылі на пашы, у табуне, на вуліцы, калі коні вярталіся ўвечары з выгану і калі яна была ў возе - абы не чуў гаспадар. Бо, на добры лад, мянушка гэтая належала не ёй, а самому Лётчыку, яшчэ адна. Гэта яна, буланка, аднойчы падгрузіла яго пад сябе, загізаваўшы ў аглоблях, калі парваліся спачатку супоня, а потым і хамуціна. Навокал рогат, бо тое здарылася на вуліцы, а Лётчык выбраўся з-пад буланкі і пераможна закрычаў:
- А, сцерва, не на таво наскачыла!..
Сёння супоня і хамуціна трымаюцца, воз таксама ліпіць, на возе - гной, а побач з возам ідзе сваёй лёгкай, яшчэ ўсё ваяцкай хадою былы паветраплавацель.
Насустрач едзе Алісей Цівунчык, з дзіўнай і дагэтуль не зразумелай мне бабскай мянушкай Рыўка. Гэты дзядзька, маладзейшы за Лётчыка, таксама заслугоўвае асобнай гаворкі, але гэта - пасля. А тут ён пакуль што і слова не скажа. Цівунчык ужо тым часам поўнасцю падхадзіўся з веснавою работай, едзе аднекуль улегцы, і, знакам вясёлай пагарды да гультая, ён уздымае, седзячы на возе, правую руку над галавой, круціць настаўленым у неба паказальным пальцам і важна, засяроджана гудзе:
- Гу-у-у!..
Лётчык ведае гэты жэст, бачыць яго ў Цівунчыка не ўпершыню, але па далікатнасці свае натуры не можа стрываць, злуецца:
- Рыўка ты! Больша я цібе нічаво!..
Так і размінаюцца.
Не гаспадар быў дзядзька Бохан-Калоша. Не туды ў яго цяга была. Дарма, што прозвішча, як у шляхціца, дубальтовае, - двор іхні быў невялікі, з хаты ў гуменца крокаў менш за паўсотню, а ён, казалі, прыйшоўшы калісьці салдатам у водпуск, выходзіў з бацькам раненька малаціць і падпяразваў у хаце шаблю. У гумне распяразваў яе, ставіў у кут, а тады ўжо за цэп. Снедаць ішлі - зноў падпяразваўся. Дзе там шабля, а дзе «дзярыжабля» былі ў яго ў тых салдатах, не вельмі хто ў вёсцы разбіраўся. Хапала таго, што гэта было пацешна. Пасля вайсковай службы Іван Сцяпанавіч жыў да рэвалюцыі ў губернскім Менску, а што ён там, бравы яфрэйтар без шаблі, рабіў - пра гэта не вельмі любіў расказваць, увесь свой жыццёвы росквіт звязваючы толькі з Пецяргофам.
Перш чым забегчы ў расказе пра дзядзьку Івана далёка наперад, я павінен з канца дваццатых гадоў вярнуцца назад, у самы пачатак стагоддзя.
Мая старэйшая сястра Ўлляна, цяпер ужо зусім бабуля, была тады дзяўчуком, а там, дзе ў нашым агародзе, у кутку ад вуліцы расце вялікі май (так у нас называюцца клёны), тады стаяла курная хатка. У хатцы жыў дзед Карашок, якога так празвалі за прыгаворку «ідры твае карашкі». Казачны «маскаль», мікалаеўскі салдат, які, зусім магчыма, быў не толькі на Шыпцы, але і ў Севастопалі ці нават «скараў» перад гэтым Каўказ. Бо паміраў ён, сястра мне расказвала, у дзевяцьсот сёмым годзе, маючы «без году дзевяноста». У дзеда былі «тры медале і нейкі белы шлык на галаве, а на нагах калюгі, выступкі з вострымі наскамі». І ён прасіў так яго пахаваць: у каўпаку, у калюгах і «медале» начапіўшы. Сястру маю, сваю любіміцу, папрасіў дапільнаваць, каб усё, «ідры яго карашкі, было па поўнай форме». На Ўлляне тады, як гаварыў мне хросны, «вада не трымалася», няўрымста была і рагатуха. «Ты ж, дзеду, - сказала яна, - усіх на тым свеце перапалохаеш. Гэтым сваім шлыком ды калюгамі». Але зрабілі ўсё, як ён прасіў. Медалі так і пайшлі з Карашком у зямлю. Можа, калі і выплывуць наверх, як той дукат з часоў караля Зыгмунта-Аўгуста, які наш бацька выараў каля самае вёскі - праз чатыры стагоддзі. Цяпер зірнём і наперад.
Дзядзька Бохан-Калоша не толькі перажыў свайго друга Захара Качку, але яшчэ і ў партызанах пабыў. За сынам Венем пайшоў, калі ўжо не мог ухавацца ад паліцаяў. Век быў у яго тым часам не той, каб хадзіць на аперацыі, і дзядзька даглядаў пры штабе коней. Раз толькі і выбраўся ў раён, пазычыўшы нагана. Ішоў па прыпушчанскіх вёсках і ў хатах, куды заходзіў перакусіць да знаёмых, пытаўся: «Як тут мая разведка?» Бо жыў ён з разведчыкамі ў адной зямлянцы. «Калі што плоха - не пакрывайце, кажыце. Ой, дам, ой, правучу!..» І собіла ж старому ледзь не ў лоб напароцца прыцемкам на засаду. Уцёк ад яе такім асцярожным кругам, што ў лес, дахаты, вярнуўся са свайго паходу толькі на пяты дзень. Хлопцы смяяліся, і сын яго, талковы і вясёлы Веня-мінёр, таксама смяяўся. А сам стары пазлаваў, папырхаў, але ваяцкага гонару і пасля гэтага не страціў. Калі перапісвалі неяк брыгаду і пісар спытаўся ў «дзеда» пра званне ў першую сусветную вайну, Іван Сцяпанавіч сціпла, з поўнай перакананасцю сказаў: «Што жа, пішы лейценант».
І пра лятанне сваё, зусім ужо міфічна састарэлае, не забываўся. Сам я аднойчы чуў, як ён расказваў пра гэта новаму чалавеку. З суседняй брыгады прыйшоў да нашага камісара ад'ютантам бойкі варшаўскі жыд Крамарчык, і «дзед» пачаў яго, нешта на трэці дзень, заварожваць сваім мінулым. Я якраз начаваў у лагеры, прыехаў з раёна з данясеннем, лёг раней, адзін у зямлянцы, і праз прачыненыя дзверы то чуў, то не чуў з двара, пра што там наш сівенькі буркуе. Потым яны ўвайшлі ўдвух у зямлянку, стары для пэўнасці спытаўся, ці я сплю, я стаіўся, і ён гаварыў далей:
- І так, значыцца, кагда я камандаваў ваздухаплавацельнай ротай...
Ад гэтага павышэння па службе я не вытрымаў, гыкнуў. А ён:
- А, сцярвец, ты не спіш!..
Пасля вызвалення, улетку і ўвосені сорак чацвёртага, ён працаваў участковым фінагентам, хадзіў з афіцэрскай сумкай, у якой былі паперы, хімічны аловак, кавалак хлеба і сабраныя грошы, ніколі не разлучаўся з нядаўна набытай вінтоўкай, а на куртцы яго красаваўся медаль партызана Вялікай Айчыннай вайны.
У тую зіму дзядзька Іван і памёр. Старая Алена, цётка вельмі павольная, сонна сказала, што, можа, яго не толькі з медалём, але і з вінтоўкай трэба пахаваць: «Бо вельмі ж ён яе любіў». Веня быў на фронце, але і дочкі разабраліся, што з вінтоўкай не трэба. А ўжо медаль пайшоў туды, дзе даўно ляжаць Карашковы - можа, з Шыпкі, а можа, з Севастопаля ці за Каўказ...
Калі вярнуцца зноў у час майго малалецтва, дык пра дзядзьку Івана трэба сказаць, перш за ўсё, што жыў ён вельмі бедна. Усе дзеці служылі, хто ў панскім двары, хто ў рабіна, хто ў кулака, і Веня, і дзяўчаты - з самага малку. А бацька з буланкай сяк-так качаў свой загончык з боку на бок, што бедны чалавек, а што яшчэ і гультай, змоладу пакалечаны лягчэйшым хлебам.
Мой хросны, кравец Рафалак, чалавек душэўны і трохі бывалы, растлумачыў мне гэта так:
- Ваня Бохан-Калоша, каб жыў у горадзе, дык, можа, і жыў бы як-небудзь па-людску. А тут - ні вала яго, ні асла яго...
Такое прыстасаванне да беднасці, такое прачытанне дзесятай Майсеевай запаведзі пра грэх зайздрасці: «Не пожелай дома ближнего твоего... ни жены ближнего твоего, ни вола его, ни осла его...» і гэтак далей.
- Папо, вы мне купілі чаравічкі?
Нясмелае дзіцячае пытанне, ад якога ў іншага бацькі душа перавернецца. А ён, Іван Сцяпанавіч, прыехаў з кірмашу падвыпіўшы.
- Цібе - чаравічкі? - абараняецца ён. - Цібе - сукеначку? - Тое дзяўчаткам, а гэта - сыну, хлапчуку: - А цібе, можа, гальштук ілі шляпу-канацье? А ці спрасілі вы, сцервяцы: а здароў лі ты, папенька? А?
Дзеці былі маўклівыя, пакорныя, як быццам усе трое, і дзяўчаты, і Веня - толькі па маме. На такім пытанні, пра чаравічкі ці пра што-небудзь іншае, прэтэнзіі іхнія і канчаліся. Дый бывала такое толькі тады, калі яны былі малыя. Падраслі, разышліся па службах і самі ўжо стараліся, не толькі сабе, але і ў хату.
А папенька доўга быў маладым. Калі ў іхняй хаце вечарынка, дык ён яшчэ і павучыць моладзь танцаваць гарадскую ойру. (Яшчэ адна яго, таксама доўгая, мянушка: «Ой, цыдрыца, ойра, ойра!») Хлопцам-пажарнікам, калі яны часамі наладжвалі святам свае заняткі, Лётчык паказваў, што такое сапраўдная гімнастыка, нават на прыблізным турніку. А найдаўжэй дык ён спяваў. І ў партызанах, бывала, вечарам, у аціхлай зямлянцы. Ужо стары, нямоглы, але яшчэ ўсё молада моцным, хоць і ніколі не гучным, грудным, прыемным голасам.
...Толькі гэтым і падобны на бацьку Веня Бохан-Калоша, мой ціхі сябар з маленства. Працуе ён у Горадне, слесарам на заводзе, бачымся мы часамі ўлетку, у Ніжніх Байдунах. Аднойчы, спяваючы за сталом, дайшлі і да такой: «Звенит звонок насчет поверки» - пра Ланцова, што ўмеў уцякаць з-за кратаў.
- Мой Лётчык вельмі любіў гэтую песню, - сказаў тады Веня, дабрадушна, спагадліва, як пра кагосьці малодшага. І, памаўчаўшы трохі, засмяяўся: - Помніш, як яны ваявалі калісьці з Захарай, Тангу і Пецяргоф?..
Гэты разумны, добры смех і мне дазволіў апісаць яго бацьку - не для здзеку, а толькі з усмешкай.
НА САЛАМЯНАЙ ЭСТРАДЗЕ
Перакрываюць хату.
Салома шчацініцца сонечным золатам яшчэ не вельмі высока; крыльцы (у нас казалі і стрыхарэ) дайшлі да палавіны страхі. Аднак і там яны - вышэй над усёю сваёй будзённасцю, у прыўзнятым настроі.
Мне так здаецца. Я падаю ім знізу то цяжкія, тугія кулі саломы, то доўгія, гнуткія повязкі, то кручаную лазу. І слухаю іх філасофскі дыспут. Гутарка ў большасці сваёй, як гаворыцца, не да друку.
Мне пятнаццаць гадоў. Я сам не вельмі лаюся, нават воддаль ад дому, у мужчынскай кампаніі, але да вясковай «скаромнасці» і я прызвычаены змалку.
З горада мы вярнуліся пазней за ўсіх іншых, хто быў у бежанцах. Мне пайшоў тады пяты год, і новыя сябрукі вельмі смяяліся з мяне, калі я кідаўся абараняць курыцу ад пеўня. Свіныя пастушкі, яны, па загаду бацькоў, самі ганялі свіней да кныроў. Ганяў потым і я. Ну, а калі ўжо да Туркавага жарабца, страшэннага, залівіста-іржыстага красуна, прыводзілі кабылу - ад нас, і большых, і меншых, не засланіцца было ні платамі, ні варотамі.
Малых нас, хлопчыкаў, у лазню бралі мамы, а то і старэйшыя сёстры. Цяпер, бываючы ў роднай вёсцы не вельмі часта, моладзь я пазнаю па бацьках. Вунь у Алесі якая красуня вырасла, яе апошняя, - уся як маці калісьці была. Маці тая сёння ўжо проста бабуля, а я ўспамінаю з хвалюючым сумком, як прыглядаўся да яе, сам яшчэ зусім смаркач, а яна ўжо дзеўка. У лазні, калі Алеся ўваходзіла ў парнасць з халодных сенцаў, там распрануўшыся і так блізка цяпер адкрыўшы ўсе свае таямніцы. Яшчэ і ўсміхаецца або і злуе, ці што: «Ну, уталопіўся! Цікуеш...»
Мамы, купаючы нас, смяяліся: «Во, закрываецца, бачыш! Што ты хаваеш, што там у цябе хаваць? Раней я ў цябе гэта бачыла, чым ты сам». І тады, і потым, калі я ўжо быў падлеткам, бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт, які таксама збольшага быў зразумелы.
Ну, а мужчыны - тыя з самага нашага малку адукоўвалі нас, сваю змену, з поўнай свабодай слова.
Як жа мне тут цяпер перадаць яе, тую свабоду, хоць на якую-небудзь яе палавіну?..
Крыльцоў (ці стрыхароў) на хаце чатырох. Злева, ад вуліцы, Яўхім Заяц. Дзядзька салідны, маўклівы, вядомы на ўсю аколіцу цесля. Ён - хросны нашага Андрэя, майго, на пяць гадоў старэйшага, брата. Андрэй ад хроснага авалодаў няпростым майстэрствам стрыхарства. Крайні справа, ад гумна, сектант-пяцідзесятнік Брат Арсеній. А паміж ім і Андрэем - рагатун Косця Бяляк, па мянушцы Асечка або «Дай я гахну».
Недзе там дзецюкі калісьці хацелі камусьці «гахнуць» з высокай прызбы ў нізкае акенца, і кампанейскі Косця папрасіўся зрабіць гэта першы, спаслаўшыся на гарох з панцаком. Але не гахнуў і, як нядаўні салдат, яшчэ і сказаў: «Эх, асечка!» - набыўшы такім чынам дзве мянушкі за адзін раз.
Было гэта даўно, цяпер ужо Косцю за сорак, а ён яшчэ ўсё кавалер, яшчэ ўсё кажа: «Паспеем! Нажывёмсё!» Чалавек ён вясёлы і добры, у бядзе якой ці ў патрэбе паможа першы.
Брат Арсеній, інакш дзядзька Арсень Паходня, у секту, што завялася ў суседняй вёсцы Плёхава, пайшоў следам за сваёю Параскай, плёхаўскай бабай, драпежнай да ўсяго. Яна і дзяцей нараджала яму поўную хату, адных дзяўчатак. Раней ён мог і выпіць, і пабуяніць, а цяпер і сам прыціх, і іншым прапаведуе, як і дзе толькі можна. І тут, на хаце, таксама.
- У свяшчэнным пісанні сказана ясна: Бог есць любоў, - цягне ён сваю думку. - І імеюшчы вушы, штоб слышаць - да слышыць.
Асечка рагоча. Нібы не вельмі натуральна для яго, нібы знарок так звонка.
- Якая тут, хлопец, любоў на страсе? - крычыць ён тонкім голасам. - Любоў у нас вечарком!
Нават у ладкі пляснуў, раней чым яшчэ раз зарагатаць.
І ладкі гэтыя рассмяшылі Цімоха Ярмоліча, які толькі што падышоў і спыніўся каля мяне. Абагнаўшы картоплю, Цімох завёў на пашу каня, а самому дахаты не вельмі рупіць. Хоць невялікая, ды ўсё ж кампанія.
- Любоўнік! - смяецца ён. - Вечарком... Табе каторая каб нават смехам дакляравала, хоць у Хлюпічах, дык подбегам папёр бы, рук з кішэняў не вымаючы.
Хлюпічы ад нас далёка, каля самай пушчы, у якую нашы зімою ездзяць па дровы.
Косця і тут смяецца. У Цімоха мянушкі чамусьці няма, Асечку застаецца толькі яго прозвішча:
- Эх ты, Ярмоліч, Ярмоліч!..
Брат Арсеній (а гэта ўжо даўно стала мянушкай) абурана плюнуў, але сказаў зноў жа цытатай:
- Мерзасць запусценія, рачэнная прарокам Даніілам.
Цімохава жонка, Волечка, таксама блытаецца з пяцідзесятнікамі, якіх у нас называюць бапцістамі, - таму Цімох і злосны на «святых», і з цытатамі трохі знаёмы.
- Не тое, - кажа ён, - браце мой, асквярняе, што ідзе ў чалавека, а тое, што з чалавека вылазіць.
Цытата - перакручана і не зусім да месца. «Не то, что входит в уста, оскверняет, но то, что выходит из уст», - гэтыя словы пра пост ці не пост чуў ён, Цімох, ад свае хатняе прапаведніцы, але хто яго ўсё запомніць.
- Хоць бы ўжо слова божага не разурашчаў, - зноў абураецца Брат Арсеній.
- Прарокі! - звонка рагоча Асечка. - Усе прарокі разляцеліся, як сарокі!
Таксама не зусім дарэчы гэта, але складна, весела.
- Святы ўжо, браце мой, праведнік, - усміхаецца Цімох. - Чаму ж тады ў цябе калені спераду? Як у Котавай Акуліны. Ці ты ўжо, можа, зусім забыўсё?..
Пра калені - прымаўка, а з Акулінай - намёк на тое, што Цімох з Арсенем ведаюць, відаць, толькі ўдвух. І таму Брат Арсеній не па-прарочы, а па-мужчынску доўга маўчыць.
Асечка маўчаць не можа. Тэму ён абнаўляе так, нібы пасля паўзы вядзе яе далей зусім лагічна.
- І праўда, - пытаеца ён, - чаму гэта ў цябе, Арсень, адны дзяўчаты? Пяць дачок - пяць разоў гарэць будзеш. А сам хоць з торбай потым ідзі.
Брат Арсеній яшчэ ўсё ў «мирском», збянтэжаным настроі, але адказвае ён, па прывычцы, як яму і належыцца:
- Без волі Госпада і волас з мае галавы не спадзе.
- Пры чым тут волас? - смяецца Асечка. - Ты што, без Госпада ўжо і сына не змайструеш? Вунь паглядзі ў Рафалка - ажно тры сыны. Спытаўся б ты ў яго.
Тут зноў уступае Цімох. З прапановаю Брату Арсенію:
- Калі хочаш, дык і я цябе навучу?
Той маўчыць, і дарадчык гаворыць далей:
- Гэта, браце мой, трэба падперазаўшыся, і з сякерай за поясам. Памагае.
Брат Арсеній плюе і моўчкі круціць галавой. Ды тут ужо рагоча не толькі Асечка, які пляснуў у ладкі і проста заліўся, не толькі сам Цімох, Андрэй і я, але і маўклівы, салідны дзядзька Яўхім.
- З табою, Ярмоліч, не заморышся, - кажа ён, пасмяяўшыся. - Ішоў бы ты ўжо дадому, ці што...
Цімох ніколі не спяшаецца. Конік у яго малы, сівенькі, быстры. Трапечацца, тупае ў плузе ці ў возе, а потым занаровіцца і стане. Гані не гані - не скранецца. Тады гаспадар памалу злезе з воза або падыдзе ад плуга, папросіць у Сівага ножку, пярэднюю левую, пастукае знізу па капыце тоўстым канцом пугаўя і - гатова.
- Ну, падкаваў. Паехалі, дрыстун.
І жывуць сабе далей, конь час ад часу наровячыся, а гаспадар, куды часцей, ілгучы.
Калі Качка ці Лётчык ілгалі з пэўнай накіраванасцю - «вось які я, глядзіце, быў і наогул што я такое», - дык ён, Цімох Ярмоліч, маніў бескарысліва і часамі да поўнага самазабыцця.
Гэта я памятаю яшчэ з маленства, калі Цімох расказваў нашаму бацьку, як у ваенным шпіталі ён, у пяту паранены кавалерыст, «пяць разоў паміраў ад аперацыі і пяць разоў уваскрасаў з таго свету». Расказваў пры жанчынах і дзецях, без скараміны, і таму, відаць, сумна, бо бацька, і сам бывалец і добры байдун, сказаў пасля, калі залішне позні госць пайшоў: «Ну ж і вярзе, так, здаецца, і даў бы па карку».
Ва ўсіх Цімохавых расказах для слухачоў галоўным быў ён сам: уся яго, як гаварылі, выхілка - міміка, жэст, інтанацыя. Пра тую самую аперацыю, якую я ведаў у менш цікавым варыянце, ён аднойчы расказваў на вуліцы, мужчынам, а нас, хлапчукоў, мужчыны не адганялі. Цяпер ужо санітары трымалі параненага Цімоха не ўчатырох, а ўшасцёх, і хірургам быў не мужчына, а «нейкая барынька».
- Халацік беленькі, а сама, браце мой, ідзе - яечка з галавы не скоціцца. І ўсё пры ёй як мае быць, і з тых самых, відаць, што толькі пераступі цераз яе - ужо і тоўстая. Што ж, і я не з трухлявай алешыны, з дуба. Прымергаваўсё я трохі, прыціх, і толькі ўжо, браце мой, яна намерылася нагу маю разануць - калі хаплю яе за падчарэўе!.. Гвалт, піск, і санітары тыя, і яна: «Фуліган!..» Разбегліся, а потым ужо васьмёх прыйшлі, такія во - кожны за трох дурных можа з'есці і выпіць. Аблажылі мяне, далі на сон, ледзь не затхнуўся, і ўжо не тая барынька, а зноў мужчына прыйшоў. Таксама добры дурыла. Рэзаў, браце мой, колькі яму хацеласё!..
Ад далейшага Цімоха выручае Васіль Кураўка:
- Нагу адрэзаў, - дадае ён зусім сур'ёзна, у тон расказчыку.
Выбухае рогат.
Па простай логіцы і трэба было б адрэзаць: да таго ўсё ішло, аднак перад усімі тут, на роднай ніжнебайдунскай зямлі, стаяць абедзве нагі ў здаравенных ялавых ботах. Далей ужо напрасткі не папрэш, трэба як-небудзь убок, але Цімох не бянтэжыцца, нават як быццам рад і ўдзячны за дапамогу.
- Нагу адрэзаў, - кажа ён не сваім, а Кураўкавым голасам, і рогат зноў выбухае. - Сам, браце мой, бачыш, што не адна, а дзве клыпы мае стаяць. Разумны доктар трапіўсё. Яшчэ і накрычаў на тую, што рэзаць хацела. Асколкі павыкалупваў з пяты, ваты туды напхаў...
Кураўка зноў падказвае:
- Кожную раніцу, браце мой, выцягаю патрохі...
Усе рагочуць. Цімох таксама смяецца.
- Прыйдзі, пазычу, - кажа ён. - Заткнеш сабе, каб лішне не курэла.
ЦІ БЫЎ, ЦІ БАЧЫЎ...
З вайны, улетку сорак пятага, Цімох вярнуўся смешна.
Кожнага мог ён падкалоць, нават і Ёсіпа, меншага брата, не шкадаваў. Той неяк прывёз зімою з лесу дзве тоўстыя крывуліны, скінуў на вуліцы перад хатай, і ляжалі яны ўлетку неакораныя, без кладуноў. «З аднаго палена будзе малатарня, а з другога арха», - гаварыў Цімох, намякаючы на тое, што Ёсіп быў «ні за кол, ні за цям», толькі што працавіты, як вол, і без толку гарачы.
З Германіі Цімох прынёс трафейнае... кавадла. Праўда, маленькае. І малаточак да яго, і клешчыкі. Але ж - кавадла!.. Відаць, што пацешна малое - таму і спадабалася, і валок, блізкі свет, хоць майстар быў ён не лепшы за Ёсіпа.
Як толькі я, трохі пазней, наведаўся з Менска дахаты і пачаў цікавіцца, хто, што і як, пра Цімоха з гэтым кавадлам мне расказалі адразу.
- Ну, як ты там? Як ваявалася? Як куецца? - спытаўся я, калі мы сустрэліся.
Маё апавяданне, у якім гаварылася і пра Цімохавы байкі, было ўжо напісана, але яшчэ не надрукавана. Зрэшты, тады мне неяк і не думалася, што ў Ніжнія Байдуны яно як-небудзь можа дайсці. Дый апісаў я Цімоха, вядома ж, пад іншым імем. І таму адчуваў сябе перад ім чыстым, смелым, не тое што трохі пазней...
- Спачатку быў у пяхоце, - сказаў Цімох з нейкай крыўдай у голасе. - А потым, браце мой, здалёк убачыў, што карова праглынула цвік, дык узялі мяне да коней.
- У кавалерыю?
- Ага, у тую, што ў хамуце.
Мы з ім былі на «ты», аднак ён быў на дваццаць з гакам старэйшы. Ужо, здавалася б, не крыўдна чалавеку і ў абоз.
Наступным разам мы сустрэліся з ім на нейтральнай тэрыторыі, больш чым праз год і зусім нечакана - на кірмашы ў райцэнтры.
Я ўжо ведаў, што Цімоху прачыталі маё апавяданне і ён як быццам сказаў: «От зараза!..» Як хочаш разумей: злуе чалавек, не злуе? Калі ён гукнуў мяне з гушчы кірмашных вазоў і коней, я ішоў да яго не вельмі каб спакойна...
Цімох сядзеў на возе адзін, нібы кагосьці чакаючы. Павіталіся. Тады ён, як і заўсёды, не спяшаючыся, дастаў з-пад сена торбу, з торбы хлеб і сала, накроіў аднаго, нарэзаў другога, зноў пасадзіў руку ў сена і дастаў бутэльку.
«Спачатку чарку дасць», - падумаў я асуджана.
А ён сказаў:
- З горла ды ў горла. Будзь здароў!
Пацягнуў добра сам і перадаў бутэльку мне. Самагонка, вядома. І добрая. Была сякая-такая прывычка, - я пацягнуў, нібы з адчаю перад цяжкай гутаркай, і мы пакуль што пачалі закусваць.
- Збіраешся, можа, зноў неўзабаве быць?
Я не збіраўся.
- А што?
- Прывёз бы, можа, пораху трохі? Бяздымнага.
Ну, калі толькі гэта, калі ягонае «от зараза!» - не злосць была, а пахвала байдуна байдуну, дык я табе магу і дымнага і бяздымнага!.. Аднак я сказаў пакуль што стрымана:
- Чаму ж. Пагляджу.
Падбадзёраны гэтым, Цімох пайшоў далей:
- І патронаў. Шаснаццатага. І шроту, калі ўжо так.
Пра апавяданне маё - ані слова. Мала таго - яшчэ і сам пачаставаў мяне вясёлымі навінамі.
Перш за ўсё - пра Асечку.
- І яшчэ, браце мой, не ажаніўсё. - Тут Цімох, пераймаючы Косцю, пляснуў у ладкі, звонка зарагатаў і тонкім голасам ускрыкнуў: - «Паспеем! Нажывёмсё!» А самому ўжо... Ну але, ён за мяне на год старэйшы, пяцьдзесят тры. І на вайну пасля партызан не ўзялі, як таго Лётчыка. Кавалер! Я яму ўдоўку нядаўна нагледзеў, у Хлюпічах. Грышку Лазовіча забілі, баба засталася. Пад сорак будзе. Гладкая, браце мой, адных цыцак колькі! І шые яшчэ на машыне. Праўда, дзяцей няма, але няўжо ж табе конча ўжо на гатовае? «Пайшоў бы ты, - кажу яму, - хоць голку ёй зацягнуў. Яшчэ ж у вушка, можа, пападзеш? Там жа, можа, не протар». - Цімох яшчэ раз перакрывіў Асечку: - «Паспеем! Нажывёмсё!» Збіраўсё ён нібыта, але ж і яна чакаць не будзе. Навалач нейкую знайшла, прымака. Нейкі Швілі ці Швіляў. Худзізна - скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Чорны, як Каін, і дзве левыя нагі. Тры дні, тры ночы, браце мой, з хаты не выходзілі! А потым выйшаў ён... Я якраз міма праходзіў, бачу: пааўзе і, як п'яны, хістаецца. «Ты што, - пытаюсё, - толькі што з шахты вылез?»
Літаратура! Дзе тыя ў чорта Хлюпічы - ці быў, ці бачыў, ці гаварыў што сам - не важна...
Пра самога сябе Цімох, памятаю, казаў: «Які я там бабнік - проста адзін баюсё спаць». Як там бывала раней - у вёсцы гаворана і гаворыцца розна, а ўжо ў пасляваенныя гады яму памалу рабілася не да гэтага. А пагаварыць, пацмакаць ласы ён быў і ў старасці.
Другая страсць, паляванне, таксама спакваля міналася.
У калгасе ён быў спачатку лесніком і заадно вартаваў зарэчныя лугі. Скардзіўся мне аднойчы, што вельмі ж нялёгкая гэта работа - сена ў копах пільнаваць, бо лясныя хутаранцы, шляхцюкі, «зладзеі спрадвеку», вельмі ж на копы тыя насядалі, цэлымі чародамі.
- Адзіналічнікі, браце мой, дый злосныя яшчэ, як тыя мухі ў спасаўку. Махалам не адмахаешся! Страляў я раз, страляў, а потым давай тою двухстволкай попускам - па нагах!
- Па іх страляў?
- Ды не. Солі якраз не было...
Потым яго шляхцюкі паўступалі нарэшце ў суседні, плёхавіцкі, калгас, і аднойчы Цімох, вяртаючыся з лесу, сабраў каля нашай хаты чараду мужчын - паказваў, як тыя хутаранцы выйшлі на сваю першую калектыўную сяўбу.
Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Расказчык адзін за некалькіх сейбітаў п'яна крычаў на ўсялякія галасы, з розным ды розным тварам і жэстамі, уяўна набіраў насенне ва ўяўны фартух, за аднаго шляхцюка ішоў, хістаючыся, за другога паказваў першаму, як кіравацца на яго сігнальны свіст і ўзнятую руку, за трэцяга - толькі стаяў і тупа, дзіка глядзеў кудысьці... А потым сейбіты, зноў жа ў асобе аднаго Цімоха, ішлі да ўяўнага воза з мяхамі, дзе ў іх была пачатая ці поўная, і, як гаворыць адзін мой знаёмы паэт, папраўлялі там галаву.
- Толькі і ведаюць, што самагонку добрую гнаць, - спакайней канчае Цімох, сядаючы на лаўцы. - І не зловяць ніводнага, як пад зямлёю ўсё роўна гоняць. А бабы і дзеўкі старыя курыць з дасады пачалі. Культура! Нацягнуцца, браце мой, адна з другою - толькі вочы, як белыя гузікі або як у рыбы ў юшцы. Памочнікі прыйшліся плёхаўцам, работнічкі, трасца іх матары!..
Цімох і сам, як вядома было і раней, таксама не надта перадаваў. Што лянота, любоў да прыволля, а што ўжо і старасць. Яшчэ гадоў праз некалькі яго вызвалілі ад вартавання лесу і лугоў, і стаў ён хатнім, тым больш што сын і дачка, ужо гарадскія, з вясны падкідалі ім з Волечкай унукаў, і дзеду было каго вартаваць.
Усё жывое ён любіў, можна сказаць, згадаўшы Лермантава, «странною любовью». У хаце ў яго адзін час вісела клетка... з трыма пацукамі. Толькі хвасты звісалі паміж пруцікаў. «Чырыкаюць сабе», - казаў Цімох, ледзь не захоплена. А мог і пазабаўляцца, госця пазабаўляць. Здыме клетку з крука, раскруціць вяровачку ў далонях, а тады смяецца, бо яны, тыя чырыкалы, па меры таго як клетка аціхае круціцца, п'яна хістаюцца па ёй.
Аднак пра стрэльбу ён зусім не забываўся. Ваўкоў было ўжо куды менш, чым адразу пасля вайны, але страляць іх трэба было ўсё роўна.
Ад вёскі нашай да лесу найдалей адсунуўся, яшчэ здавён, хутарок Бурака, які таксама ледзь што не спаў з тою вудай ды стрэльбай.
- Прывезлі нам туды, браце мой, здохлага каня, - адзін такі вясёлы быў, зайшоўсё з рогату. Скінулі воддаль за хлявом, ад лесу. Сядзелі мы з тым Бурачком, сядзелі ноч, і другую, і трэцюю - не ідуць, чуюць нас калядныя салаўі. Толькі здалёк заспявае каторы...
- А з якім Бурачком - з Аркадзем?
- Які табе, браце мой, Аркадзь! З бацькам, з Кандратам.
Аркадзя, маладога Бурака, Цімох недалюбліваў. Можа, таму, што той стаў пасля яго лесніком і паплаўнічым, а то, глядзі, і за тое, што з вайны, з Германіі, Аркадзь прынёс не кавадла, а паляўнічую стрэльбу.
- Гэта дык стрэльба, браце мой! - хваліў мне яе аднойчы Цімох. - Завар - чатыры кальцы!
Чацвёртае кальцо да «Заўэра» дадалося тут ад зайздроснага захаплення.
Гады праз тры мы зноў успомнілі пра Бурачкоў трафей. Цімох толькі рукой махнуў.
- Не ў тыя рукі трапіць, дык у глум і пойдзе.
- Як гэта?
- Ды так. Гусі, браце мой, напрадвесні селі на лузе. Дзікія. Эх, зарадзіў Аркадзік завар і папоўз. Думае...
Цімох скрывіўся і ўголас паказаў, што тады моўчкі ды сам-насам думаў Бурачок: «Чым большы дам, птамаць, зарад, тым далей той шрот панясе, лепей, птамаць, дастане...» Добра, дурыла, даў таго пораху, дый бяздымнага яшчэ. Поўз, поўз, заскерыўсё (Цімох паказвае), прыцэліўсё і - цяў!.. Усяго таго, браце мой, завара к чорту парвала, і зубы яму апошнія ўшчэнт пакрышыла. Стралок! Крыстына Роўбіха потым пыталася (зноў адпаведны, тут танклявы, голас): «Што ты там, Цімафей, такое здзелаў? Гэта, кажаш, не ты, а Бурак? Свісцела, свісцела, а потым равела, равела!..»
Гэта ляцела, значыцца, левая руля Аркадзевай стрэльбы, якую «парвала наўздоўж». Аж на суседні хутар, добры кіламетр.
Ці праўда тут, ці трохі нейкай праўды, ці толькі зайздрасць, што ўжо не сам ты малады ляснік, што не ў цябе такі «завар», - праверыць мне не ўдалося. Дый не вельмі карцела. Тым больш што Аркадзя я потым неяк сустрэў у Менску, можна сказаць, зусім на хаду: ён спяшаўся на свой аўтобус, быў, вядома, без стрэльбы, і я толькі па ўсмешцы яго паспеў заўважыць, што зубы ў чалавека хораша ды бела адраслі. Тыя «апошнія, пакрышаныя ўшчэнт». Што ж, можа, і стрэльбу Бурачок таксама сабраў ды склеіў...
Згасаў Цімох памалу і доўга, ужо не ў лесе, не ў лузе, а ў хаце і каля хаты. Сівы і цяжка ссутулены, хоць і вясёлы. І лёг ён апошні раз таксама па-свойму, арыгінальна - на былым панскім полі, толькі што шчодра прырэзаным да нашых вельмі ж перанаселеных могілкаў на схіле крутога зялёнага ўзгорка. У вялікім квадраце роўнай жытняй пожні, у далейшым кутку - адна, бо першая, Цімохава, магіла.
«Якога ліха, браце мой, тоўпіцца там, дзе ўжо і ўздоўж, і ўпоперак, і наўскасяк», - падумалася мне ягоным словам, можа, нават з ягонай усмешкай, хоць і быў я там у той дзень у зусім невясёлым настроі...
«Я ГАЛОДЗЕН!»
Лгаць не ўмелі і лгуноў не любілі браты Цівунчыкі. Хоць абодва таксама людзі бывалыя.
Жылі яны па-суседску, асобнымі гаспадаркамі.
Сцяпан, старэйшы, ваяваў у пачатку стагоддзя з японцамі, у Маньчжурыі, і жонку сваю называў па-кітайску - «фіма». Маладзейшы, Алісей, быў на першай сусветнай у Румыніі, і баба яго стала ад гэтага «фумеяй».
Дзядзька Сцяпан быў не толькі старэйшы, але і бывалейшы. Нават скончыў гарадское вучылішча, на той час - вельмі рэдкая для вёскі вышыня. Нядаўна адзін з маіх добрых знаёмых, вясковы настаўнік-пенсіянер, расчулена ўспамінаючы сваю далёкую маладосць, сказаў ажно так, што «гарадское - ого-го! - гэта больш, як цяпер аспірант». А мне пры гэтым успомнілася, як я рабіў калісьці ўрокі, а дзядзька Сцяпан, які сядзеў у нас, доўга глядзеў на мяне спадылба, а потым буркнуў - спытаўся, зусім нечакана:
- Сямю дзевяць?
Я быў у чацвёртым класе польскай сямігодкі, лічыўся нават выдатнікам, але так разгубіўся ад гэтага раптоўнага пытання, што ляпнуў штосьці не так.
- Д-да, вучоба! - сказаў дзядзька Сцяпан з прыціскам, якім і перакрэсліваў усё, што не па Малініну з Бурэніным.
Гадоў праз трыццаць пасля гэтага, калі ўжо ў мяне было больш за дзесяць кніжак на трох мовах, стары аднойчы пацікавіўся, на лавачцы перад хатай, што ж я ў тым горадзе раблю. Мы былі толькі ўдвух, аднак ён спытаўся зусім па-змоўніцку, ледзь не шэптам:
- Што, Антонавіч, па-відзімаму шчатаводам, д-да? Рублёў пяцьсот акалпачваеш?
Гэта яшчэ дарэформенных, на сённяшнія - пяцьдзесят.
Што ж, «несть пророка» і ў Ніжніх Байдунах... І ў Байдунах, і па суседству. Неяк улетку, калі ўжо тых кніжак было з пятнаццаць, ды на мовах чатырох, ішоў я да цёткі ў Плёхава. А насустрач, стоячы на пустых вазах, весела ехалі два плёхаўскія падшыванцы. Звычайна ў нашым баку школьнікі вітаюцца са старэйшымі, нават і незнаёмымі, але цяпер яны, два гэтыя хлопцы, былі на канікулах, памагалі вазіць снапы. Моўчкі мінулі мяне, а потым першы звонка, радасна крыкнуў другому:
- Валерка, бачыў? Во дзе рыла наеў!
Я засмяяўся, але ж, прызнаўшыся, трохі і прыкра было.
Там - малыя. А з дзядзькам Сцяпанам - другое. З гарадскім вучылішчам, з такою бываласцю, ён не чытаў ніколі ні кніг, ні газет. Не верыцца нават, што сам калі-небудзь і радыё мог уключыць. Гэта - пасля вайны ўжо, калі ён, нарэшце, развітаўся з беднасцю, калі аджыла яго вечная скарга «я галодзен», што была заадно і мянушкай.
З японскай вайны ён вярнуўся фельдфебелем з двума «Георгіямі» і цяжкім раненнем. Не хапае адной рабрыны, трасуцца сінія, набрынялыя рукі. Зрэшты, яны трэсліся ўжо і тады, калі я ўведаў яго, калі з дзіцячым захапленнем і жахам слухаў яго расказы пра штыкавыя баі. Пасля Маньчжурыі была Адэса-мама, то ўзлёт да пісара, то падзенне да біндзюжніка. Жаніцца прыехаў у родную вёску (ці не прыехаў, казалі, па шпалах прыджгаў), тады ўжо ўдваіх падаліся ў Піцер. Быў там шчаслівы перыяд у іхнім жыцці, калі ён спачатку служыў тэатральным пажарнікам, а пасля паштальёнам. А потым - зноў Ніжнія Байдуны, ды ўжо шасцёра дзяцей і поўная ў дзядзькі Сцяпана няздатнасць да гаспадаркі. З братам у іх надзелы былі роўныя, але старэйшы, які так доўга «не сядзеў на бацькаўшчыне», жыў намнога бядней, як ні трапяталася яго «Сама», жанчына ўладная і працавітая.
Ён не любіў ні Качкі з яго кітайскім Танку, ні Лётчыка з яго Пецяргофам, ні Цімоха з яго мясцовай маною. У жыцці дзядзькі Сцяпана было залішне сапраўднай бывальшчыны, аднак і ў смяшнейшых расказах яна была ў яго чамусьці прасякнута то горкім скепсісам, то апатыяй і цынізмам. Расказваючы, ён не шкадаваў і самога сябе:
- Д-да, біндзюжнікі... Наша прапіўшаяся брація... Адзін прарэзаў у мяху дзіркі: для рук і галавы. А ўтары - зусім голы. «Мар-роз - тока звёзды мярцают!..» Гэта - адзін. А той, што ў мяшку: «Д-да, б-брат, сачуўствую, і сам у прошлым гаду без адзёжы страдаў». З такою публікай жывал Сцяпан Міхайлавіч. На самым дне Максіма Горкага. Патом - праверка. Гоняць нас, галубчыкаў, ад самага сіняга мора ды ў паліцэйскі ўчастак. «Па аднаму! Па аднаму!» Уваходзіш - адзін вярзіла стаіць, кулакі па пуду. Ка-ак смажат па рожы - ляціш да дзвярэй! А там утары вярзіла. Ка-ак саданёт па шэі - дзвер башкой адкрываеш. І ўсё, ты ўжэ на вуліцы і нікакіх фармальнасцей, апяць ты ў самага сіняга мора.
Пра «фіму» сваю і наогул пра ўсіх жонак:
- Д-да... Толькі ажэнішся - так і пайшло! Рот разявіць:
«А-а-а!..» Ты туда лапці, бацінкі, анучы, чулкі! Ты туда кофты, спадніцы, шляпкі, зонцікі, платкі! Мала, мала і мала! У Піцеры фіма мая і да святога прападобнага Іаана Кранштадскага мяне таскала. Ка гробу яго чудатворнаму, за благадзенствіе памаліцца. Д-да... Палажу сваю трудавую лепту да яшчо і лбом сваім собсцвенным стучу, як баран, у той халодны каменны пол. Сама, усё яна сама...
Аднойчы Сама адна паехала на кірмаш, купіла парку парасят, а яны аказаліся няежныя. Дацягнулі сяк-так да наступнага кірмашу, і прадаць парасят Сама паслала свайго Сцяпана. Яшчэ і непагадзь была, як на тое. Дзядзька стаяў, згорбіўшыся, каля воза, дарма стараўся сагрэць у рукавах мокрага, палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Худая кабыла грэлася рэшткамі мокрага сена, а на ручцы воза вісеў завязкамі доўгі, мокры мех, у якім, ужо на зямлі, варушыліся ды кавэнчылі ацэплыя «пацучкі».
- Парасяты? - спытаецца, праходзячы, магчымы пакупец.