Васіль БыкаўКар'ерРаман
Раздзел першы
Агееў толькі прачнуўся, як сон ужо знік; ён зразумеў гэта, хвіліну паляжаў ціха, з заплюшчанымі вачмі, нібы баючыся прагнаць рэшту дрымоты.
Некалькі апошніх дзён ён стаў прачынацца рана, калі яшчэ не пачынала світаць і парусінавы верх палаткі чарнеўся па-начному глуха, а навокал ляжала цішыня, якая бывае глыбокай ноччу або перад світаннем. Было халаднавата, ён гэта адчуў шорсткай ад шчаціння скураю твару, схаладнелай макаўкай галавы. За лета ён так і не прывык залазіць у спальнік з галавой - вечарам у тым не было патрэбы, палатка доўга хавала назапашанае за дзень цяпло, толькі на зыходзе ночы, перад світаннем, калі выпадала раса і верх палаткі набрыняў стылай вільгаццю, рабілася халадней. Зноў жа, на галаве ў Агеева даўно ўжо не было таго жорсткага непакорнага чуба, што ўпрыгожваў яго ў маладосці. З гадамі валасы парадзелі, страцілі былую пышнасць, сталі даўжэйшымі залысіны, галава зрабілася чуйнай да сцюжы. Што ж, напэўна, усё як мае быць у жыцці.
Уставаць было ранавата, ды і не хацелася вылазіць з нагрэтай за ноч утульнай цеснаты спальніка, ён ляжаў так, з заплюшчанымі вачыма, дрымотна прыслухоўваўся да ледзь чутнага ў цішы пошуму голля на дрэвах паблізу. Пошум роўна плыў з-за каменнай агароджы могілак. Гэты ціхі, калі спакойны, а калі трывожна-настырны пошум лісця суправаджаў яго сон кожную ноч, часам крыху сціхаючы, але пад ранак ён звычайна рабіўся мацнейшы, неспакойны ці нават трывожны. Агееў ужо прывык да таго за лета, амаль не заўважаў яго - шум стаў часткай яго цішыні і яго працяглай адзіноты каля гэтых могілак на пагорку ля закінутага кар'ера.
Воддаль, за дарогай, у крайніх дварах пасёлка віскліва забрахаў сабачка. Агееў ведаў яго, часам той прыбягаў да яго адзінокага стойбішча, спыняўся здалёк, назіраў за ім ля палаткі, яўна чакаючы пачастунку. Агееў сабак не любіў з дзяцінства, і, хоць адносіўся да іх без асаблівай злосці, тыя заўжды адчувалі яго нядобразычлівасць і дужа не набіваліся на знаёмства. Сабачка пабрахаў нядоўга, магчыма, на ката ці на птушку ў садку і сціх, а Агееў пачаў чакаць іншых гукаў, якія ўзнікалі сям-там на світанні. Звычайна раней за іншыя ў чуйнай ранішняй цішыні раздаваліся прыглушаныя далечынёй хрыплыя вокрыкі - гэта гаспадыня высокага, пафарбаванага ў канарэечны колер дома выпраўлялася даіць і, мабыць, помсціла карове за нейкія свае крыўды ў жыцці, нярэдка злосна лаялася, непрыкметна парушаючы тым лагодны спакой летняга ранку. Некалькі разоў Агееў бачыў яе ў двары за плотам, гэта была не старая яшчэ, таўставатая, з упэўненымі манерамі хатняй кіраўніцы, з басістым голасам цётка, апранутая раніцой у заношаную ватоўку. Сёння, аднак, голасу яе не было чуваць: пэўна, заспала гаспадыня гэтага расфарбаванага дома. Трошкі навастрыўшы слых, ён адплюшчыў вочы - нізкі верх маленькай яго палаткі ўжо яўна выступаў з прыцемкаў сваімі дробязямі: матузамі шнуроўкі на выхадзе, размытымі, невядома якога паходжання плямамі на парусіне; у самым каньку матава свяцілася невялікая, з грывеннік, дзірачка, нядаўна прапаленая вугальком з кастра. Гэта ўжо надыходзіла раніца.
Пэўна, трэба было ўставаць, брацца за справу. Але да таго, як пачаць выбірацца са спальніка, Агееў паспрабаваў вызначыць чысло і не адразу, з намаганнем сцяміў, што сёння першае або нават другое жніўня. Дні тыдня ён памятаў добра, звыкла адчуваючы сутачную хаду часу, а чыслы... У гэтай справе звычайна памагалі газеты, але апошнія некалькі дзён, заняты работай у кар'еры, па газеты ён не хадзіў, транзістара не меў і вось зблытаў чыслы. «Маразм, маразм», - пабедаваў ён у думках. Не так каб яўны маразм, але памяць ужо не тая, што была ў маладыя гады, памяць часам здраджвала яму ў самыя нечаканыя моманты, і нярэдка трэба было намаганне, каб прыпомніць тое, што здавалася, немагчыма забыць. Асабліва імёны, назвы і чыслы. Нядаўна ён заўважыў, што не памятае імя камандзіра ўзвода, з якім яны выходзілі з акружэння ў сорак першым і так пасябравалі, што, здавалася, толькі смерць магла іх разлучыць. Смерць і разлучыла, але не тады, трохі пазней, і пры абставінах, якіх не дай бог нікому. І вось імя гэтага лейтэнанта выветрылася з памяці, засталося толькі прозвішча. І то добра.
Тым часам развіднела, у палатцы стала святлей. Ён убачыў у нагах скамечаную балонневую куртку; вопратку пад бакавой сцяной - яго запылены сіні фізкультурны гарнітур, майку; вялікі індыйскі тэрмас на белым раменьчыку, які ён звычайна ставіў ля сябе нанач; запыленыя кеды ля выхада. Уся яго астатняя маёмасць была на вуліцы, каля вогнішча і палаткі. Калісьці, пачаўшы свае тут раскопкі, ён усё збіраў нанач у гэтую цесную палатку, у якой і самому было недзе павярнуцца. Аднак неўзабаве пераканаўся, што пакінутае на двары нікому тут не патрэбна, ніхто не чапае нічога, і перастаў прыбіраць. Да яго тут мала хто прыходзіў, хіба што выпадковы прахожы з поля ды яшчэ Шурка з Артурам - два хлапчукі-аднагодкі, на выгляд спакойныя і маўклівыя, нібы насцярожаныя чымсьці. Яны рэдка аб чым пыталіся ў яго, звычайна сядалі на зямлю каля агароджы ля могілак і моўчкі назіралі здалёку за яго няхітрымі ранішнімі ці вечаровымі клопатамі ля вогнішча. Вогнішча, вядома, іх вабіла, але во тыдзень таму Агееў купіў у пасялковым хазмагу сухога гаручага, вельмі, дарэчы, зручнага ў яго невялікіх гаспадарскіх патрэбах: сасмажыць яечню, разагрэць гуляш або згатаваць чай. Рэшту гарачай вады ён звычайна выліваў у тэрмас і наступны раз абыходзіўся зусім без агню. Калі-нікалі, у выхадныя або святочныя дні да кар'ера прыходзіў Сямён, высокі худы мужчына з адзінаю рукой-клюшнёй, якой ён няспынна даваў занятак: то скручваў цыгарку, то калупаў палкай у пяску, то проста размахваў ёю ў паветры, калі штосьці расказваў. Звычайна ён быў добра пад мухай, па крайняй меры, так часта здавалася, і амаль ні пра што не пытаўся, гаварыў і гаварыў пра сваё, што яго непакоіла ці што ўспаміналася. Непакоілі ж яго непарадкі ў свеце, а ўспаміналася вайна, на якой ён, мяркуючы па ўсім, хапіў ліха. Спярша Агееў слухаў яго з недаверам, штосьці ў ім пратэставала супраць блытанай Сямёнавай гаворкі, але памалу ён зразумеў, што ўсё так і ёсць, як кажа Сямён. Прынамсі, так было. Сямён не хлусіў нават трошкі, здаецца, ён не меў патрэбнага для таго ўяўлення, цалкам аддаючыся ўспамінам. Памяць жа ў яго была - дай бог кожнаму.
Калі Агееў выбраўся з палаткі, ужо скрозь развіднела; дзесьці, за магутнай сцяной дрэў на могілках, узыходзіла нябачнае адгэтуль сонца; нетаптаная трава ля абрыву матава серабрылася ў расе; не надта тугая парусіна яго палаткі правісла, набрыняўшы роснай вільгаццю. Агееў зябка насунуў на плечы мяккую балонневую куртку, падумаў, ці варта рабіць гімнастыку, можа, лепей пагрэцца чаем - у тэрмасе, мабыць, яшчэ не зусім астыў. З пачатку лета ён кожны ранак стараўся рабіць свае шаснаццаць спартыўных тактаў, але потым, калі ўцягнуўся ў працу, амаль што закінуў гімнастыку, для мускулаў і суставаў хапала нагрузкі ў кар'еры. Спярша тыдзень ці два ўначы ўсё цела ламала ад тупой стомы, вельмі балелі рукі, але вось паступова прызвычаіўся да свае зямной работы, і боль знік. А галоўнае - перастаў звяртаць увагу на розныя там болі, разумеючы, што ў жыцці трэба ўмець не толькі песціць здароўе, але і трываць боль, асабліва такі - ад працы. Некалі давялося ператрываць больш - ад двух раненняў, адно з каторых ледзьве не скончылася для яго фіналам. Але ўсё ж, пэўна, ён быў моцнага складу, ды і малады арганізм тады быў здольны на цуд. Пэўна, цуд яго і вярнуў да жыцця.
Агееў наліў з тэрмаса пластмасавы кубак моцнага, цеплаватага чаю, выпіў, стоячы ля палаткі. Есці раніцой не хацелася, і раней як у дзевяць-дзесяць гадзін ён стараўся не снедаць, узяўшы сабе за правіла есці толькі тады, як згаладнее. Праўда, згаладнеўшы, нярэдка не знаходзіў чаго паесці: то не было хлеба, то скончылася сала, якім ён запасаўся на некалькі дзён у сельпоўскім магазіне. Сала ён любіў здаўна, яно выдатна ўтаймоўвала голад; шкада, у магазіне скончылася леташняе, з кменам, а свежае, ружаватае на тоўстым зрэзе, нейкае было без смаку, і ён наразаў яго для яечні. Яйкі купляў у адзінокай сівенькай бабулі ў дамку за могілкамі. Гэтая бабуля трохі расказвала яму пра ваеннае, а то і даваеннае мінулае пасёлка. Шкада, што падчас вайны яна жыла не тут, а праз два кіламетры, на станцыі. За апошнія гады пасёлак надта разросся і самкнуўся са станцыяй, а раней, ведаў Агееў, іх раздзяляла жытняе поле з дарогай, якая вяла паміж двух радоў таполяў на пераезд і паварочвала да невялічкага вакзальчыка з некалькімі прыстанцыйнымі будынкамі побач.
З рыдлёўкай у руках Агееў прайшоў па траве да кар'ера і стаў на абрыве. Якраз ззаду з-за дрэў выкочвалася яшчэ нізкае сонца. Яно разаслала па росным узгорку шырокі цень і высвеціла верхні ўскраек абрыву, яго супрацьлеглы выгін. Глыбокае правалле кар'ера ўсё ляжала ў стылым цяні, на яго перакапаным дне горбілася куча зямлі, месяц назад ссунутая туды бульдозерам. Гэты бульдозер Агееў ледзь выстараўся на паўдня ў Сельгастэхніцы, хаця той і мала памог яму, толькі знявечыў гэты пакінуты кар'ер, які за шмат год пачаў ужо зарастаць пустазеллем. Пасля Агееў добра развярнуў яго за лета рыдлёўкай, зрэшты, без асаблівага для сябе выніку. Але ўсё ж яго тайная думка, як апошняя надзея, тлела ў ім слабай іскрай, і ён спадзяваўся: а раптам! Бульдозер быў мала прыдатны для такога роду раскопак, за якую гадзіну ён перавярнуў гару зямлі - шырока ссунуў з аднаго боку ў другі, і Агееў проста не мог добра ўгледзець за ўсім, што мільгала пад яго бліскучым нажом. Цяпер ён спадзяваўся адно на рыдлёўку і кожны дзень чакаў, што вось-вось нарэшце з яе дапамогай адкрыецца тое галоўнае, што стала яго тайнай мэтай, галоўным сэнсам ягонага клопату.
Уздоўж па абрыве трэба было спусціцца ўніз, да дарогі, дзе быў уваход у кар'ер і чакала яго пакінутая ўчора работа - падкапаны, але яшчэ грувасткі бугор зямлі ўперамешку з будаўнічым смеццем, які трэба было перакідаць рудлёўкай пад высокі, абрывісты бераг кар'ера. Але ў кар'еры па-ранейшаму ляжаў ранішні цень, ад якога патыхала назапашанай за ноч стынню, і Агееў зябка перасмыкнуў плячыма. Ён стаяў на тым самым абрыве, дзе сорак гадоў назад, ледзь стрымліваючы дрыжыкі ў скрываўленым целе, развітваўся з жыццём, у роспачы і адчаі ад д'ябальскай несправядлівасці гэтай заўчаснай пагібелі, напаўраспрануты і, добра памятаў, - босы. Боты з яго знялі перад расстрэлам, і ён амаль не адчуваў - ступні да костачак адубянелі ў сцюдзёнай, узятай першым марозікам гразі, на якую з перадсвітальнай цемры паволі сыпаўся снег...
Агееў пачаў капаць і адкідваць пад абрыў мяккую, разрыхленую бульдозерам зямлю з розным гаспадарчым хламам у ёй: трухлявымі абломкамі дошак, рэштай закуранай цаглянай кладкі, ссыпанай у кар'ер, напэўна, пасля рамонту печаў. Але пераважна яго рыдлёўка са скрыгатам уразалася ў сухі шчэбень з пяском і гравіем. Хаця пяску тут было няшмат, пэўна, местачкоўцы выбралі яго яшчэ ў даваенныя гады для нейкага будаўніцтва, а болей на гаспадарчыя патрэбы - рамонт падмуркаў, печаў, тынкоўку сцен. У той страшны год, калі лёс упершыню прывёў Агеева ў гэта мястэчка, ён не выбіраўся з яго далей могілак і ўпершыню трапіў у кар'ер толькі праклятым тым ранкам, які ледзь не стаў для яго апошнім.
Але во праз сорак гадоў, аўдавеўшы і стаўшы пенсіянерам, Агееў у цёплы сонечны дзень на пачатку лета прыехаў сюды. Спярша ён нават спалохаўся, амаль не пазнаўшы мястэчка, якое так разраслося за гэтыя гады і стала гарадскім пасёлкам. Прынамсі, цэнтр яго зусім страціў свой колішні выгляд - былая кірмашовая плошча расшырылася да самай царкоўнай агароджы, з другога боку яе вырас трохпавярховы будынак райкома, трошкі далей, у пачатку вуліцы, высіўся сілікатны гмах універмага, і побач прыткнуўся невялікі скверык - радок чэзлых дрэўцаў, яшчэ прывязаных да калкоў-падпорак, з нешырокай дарожкай, аблямаванай пастаўленымі на ражок цаглінамі. Кароткая гэтая дарожка вяла да помніка - бетоннага абеліска ў металічнай агароджы, з шырокай мармуровай плітой на пакатым баку. Маленькія дзверы ў агароджы былі не зачынены, мабыць, туды можна было ўвайсці, на вузкай бетоннай прыступцы ляжала некалькі абвялых гваздзікоў у разматляным ад ветру цэлафане. Але кветак у Агеева не было, ісці ў загародку не мела сэнсу. І ён учапіўся рукамі ў вострыя вяршкі агароджы і замітусіўся вачмі па цесненькіх слупках прозвішчаў. Ён ужо ведаў пра гэты абеліск у пасёлку, яму расказвалі людзі, якія прыязджалі сюды, неяк гадоў дзесяць таму ён пісаў у райком і атрымаў адказ, што падпольшчыкі таксама пахаваны тут. Цяпер ён хутка знайшоў іхнія прозвішчы, неглыбока высечаныя на камені ў самым канцы гэтага жалобнага спіса. У адрозненне ад іншых яны былі без воінскіх званняў, якіх, пэўна ж, не мелі, апроч хіба Малаковіча, што быў лейтэнантам. Але пра тое тут маглі і не ведаць.
Яе ж тут не было.
Але чаму яе не было? Хіба яна выжыла? Ці загінула яшчэ дзе ў канцлагеры, вывезеная з мястэчка? Канечне, тады ўсё магло быць, але чатыры дзесяткі гадоў Агееў пражыў з упэўненасцю, што яе таксама не мінуў агульны іх лёс. Урэшце, страшныя падзеі той восені нікому не пакідалі надзеі, усе яны былі асуджаны, і толькі ён шчаслівым выпадкам выкруціўся з учэпістых кіпцюроў смерці. Але два шчаслівыя выпадкі ў іхнім становішчы было б ужо занадта, у другі ён не мог паверыць. І яму здавалася, што тут надарылася непаразуменне, што проста яе не знайшлі, бо і не шукалі. Ведаў жа пра яе адзін толькі ён. Ну, і паліцыя, канечне, якая ўрэшце ўсё і раскапала. Але ў паліцыі цяпер не спытаеш, а дакументаў не засталося. Паліцыя таксама ўмела хаваць канцы ў ваду.
Заставалася папытацца ў людзей.
Адышоўшыся ад помніка, ён агледзеўся. Плошча, вядома, змянілася так, што не адразу пазнаеш, але царква стаяла на ранейшым месцы, і яна памагла яму з'арыентавацца. Далей трэба было павярнуць у завулак. Прыглушыўшы зразумелую трывогу ў душы, Агееў хуткім крокам скіраваў ад цэнтра да ўскраіны, перш за ўсё на яго Зялёную - добра яму знаёмую вулічку, забудаваную звычайнымі, амаль вясковымі драўлянымі дамкамі з невялічкімі агародамі і садкамі, якія ўпіраліся канцамі ў шырачэзны глыбокі роў з ручаём і старымі дрэвамі на схілах. Да яго найвялікшай радасці, тут няшмат што змянілася, хіба некаторыя дамкі прыкметна абстарэлі, іншыя ж - наадварот - пасля рамонту прыгожа жаўцелі свежафарбаванай шалёўкай. У самым пачатку вуліцы на рагу высіўся вялікі дом з трыма вокнамі на фасадзе пад аграмадным, на нямецкі манер зрэзаным на каньках гонтавым дахам. Ледзьве стрымліваючы неспакойнае сэрца, Агееў прайшоў у канец гэтай кароценькай вулічкі, яшчэ здалёку пазнаўшы лапленую гонту на хаце Бараноўскай, у якой ён правёў некалі тры незабыўныя месяцы свайго жыцця.
Ягоная радасць, аднак, стала аціхаць па меры таго, як ён травяністай узбочынай набліжаўся да гэтае хаты і ягонаму позірку адкрываліся яўныя прыкметы закінутасці: гарбылі-аполкі на вокнах, што выходзілі ў вузенькі кветнічак каля вуліцы, бакавое акно з кухні чарнелася спрэс выбітымі шыбамі, веснічак тут, як і раней, не было і звання, і некалі ўтульны брукаваны дворык з вузенькімі канаўкамі для сцёку вады густа зарастаў муравой і быльнягом. Дом быў даўно апусцелы і, мяркуючы па ўсім, ціха паміраў на скасабочаным дзіравым падмурку. Можа быць, адзін толькі сад пры ім мала змяніўся за чатыры дзесяткі гадоў, хаця і прыкметна дзічэў у недаглядзе, а старога сукаватага клёна перад уваходам у кухню зусім не было, як не было і альтанкі-паветкі ля вуліцы.
Не заходзячы ў двор, Агееў пастаяў ля пустога кветнічка, азірнуўся на вуліцу, пазнаючы і не пазнаючы яе малапрыкметныя драбніцы. На сваю бяду, ён забыўся, хто тут жыў у суседзях, памятаў толькі, што ў доме насупраць жыў дзядзька - маўклівы, не стары яшчэ мужчына; Бараноўская зрэдку звярталася да яго па якой дробнай патрэбе, ён нават даводзіўся ёй нейкай далёкай раднёй. Цяпер прыпомніўшы пра яго, Агееў перайшоў цераз вуліцу і піхнуў невысокія дашчаныя веснічкі, насупраць якіх з замызганай будкі ўзвіўся вяртлявы лахматы сабачка. І тут жа з прыбудовы-сянец выглянула тонкая маладая жанчына ў выцвілым стракатым сарафане.
- Дзень добры, - як мага прыязней сказаў Агееў, пазіраючы ў яе малады адчужана-насцярожаны тварык, і змоўк, не ведаючы, што сказаць далей. Вельмі не простая была ў яго размова, але жанчына не ўціхамірвала сабаку і не запрашала зайсці - чакала, што скажа захожы.
- Не скажаце, тут насупраць жыла Бараноўская...
Стоячы ў расчыненых дзвярах, жанчына цепнула загарэлымі плечукамі і нізкім, быццам заспаным, голасам гукнула ў хату:
- Віктар, выйдзі! Тут нейкую Бараноўскую пытаюцца.
- Хто пытаецца? - глуха данеслася з хаты.
- Ну выйдзі! Хто, хто...
З дзвярэй высунуўся малады чалавек у белай майцы з разагрэтым паяльнікам у руках, ад якога яшчэ струменіў у паветры смярдзючы дымок. Жанчына хуценька схавалася ў хаце, адкуль ужо чуўся нецярплівы дзіцячы плач.
- Хацеў запытацца, суседка ваша Бараноўская, што напроціў жыла, - перасмяглым ад хвалявання голасам пачаў Агееў. - Яна... Які яе лёс?
- Бараноўская? Якая Бараноўская? Тут раней Валюкі жылі, выехалі на цаліну.
- Валюкі... А вы... Прабачце, а вам колькі гадоў?
- Мне? Ну, дваццаць васем. А што?
- Ды так, нічога, - усё ўраз зразумеўшы, сказаў Агееў. - Выбачайце, я тут, ведаеце... наблытаў.
- Да? Ну, бывае...
Ён прыкрыў за сабой веснічкі і пабрыў па вуліцы, выразна сцяміўшы, што дваццацівасьмігадовы Віктар нарадзіўся ў канцы пяцідзесятых гадоў і, пэўна ж, яшчэ да яго нараджэння ў дамку Бараноўскай перамянілася не адна сям'я кватарантаў. Во калі б напаткаць якога старажыла, даваеннага жыхара гэтай вуліцы, мабыць, ужо ад яго можна б даведацца болей. Агееў азірнуўся - белая майка Віктара яшчэ віднелася ў двары, і ён зноў вярнуўся да веснічак.
- Прашу прабачэння, а тут, на вашай Зялёнай, ёсць які-небудзь стары? Што да вайны тут жыў?
- А хто яго ведае, - насупіўся Віктар і, раптам штосьці прыпомніўшы, трасянуў светлай валасатай галавой. - Супрунчук, можа...
- Ды што Супрунчук! - перапыніла яго жанчына, што з немаўлём на руках паявілася ў дзвярах. - Са свята не прасыхае твой Супрунчук. Лепш во Паддубскага спытайце, той павінен ведаць.
- А дзе гэта? - акрыяў надзеяй Агееў.
- Ды вунь трэці дом ад вугла. «Жыгуль» там сіні стаіць, - ахвотна растлумачыў Віктар.
Хуткім крокам Агееў прайшоў уздоўж па вуліцы і сапраўды ў трэцім дамку ад рога пад шаляванай сцяной убачыў сіні «жыгуль» з насцеж расчыненымі дзверцамі і паднятым капотам. Каля яго калупаўся не стары яшчэ мужчына ў сінім спартыўным трыко.
- Дзень добры...
- Добры дзень, - падняў з-пад капота нахмураны твар мужчына і ўставіўся ў яго.
- Мне Паддубскага, - сказаў Агееў, ледзьве ўтаймоўваючы нецярпенне.
- Ну, я Паддубскі, - разагнуўся мужчына з гаечным ключом у руках.
- Не, ведаеце... Мне каб старэйшага.
- Старэйшага? Бацьку, ці што? Дык бацька на рыбалцы. Выхадны ўсё ж, забарону толькі знялі. Я во тожа сабраўся, ды гэта халера закапрызнічала.
- А бацьку колькі гадоў? - запытаўся Агееў, зноў насцярожваючыся. Успамінанне пра рыбалку неяк кепска вязалася з ягоным уяўленнем аб узросце бацькі.
- Гадоў? Гм... Пяцьдзесят пяць быццам.
- Да-а...
- А што, мала? Дык у нас тут ёсць і старэй. Дзед! - клікнуў Паддубскі, павярнуўшыся, але ў двары нікога больш не было. - Дзе ж ён, толькі тут быў...
Мужчына прайшоў за вугал дома, дзе пачыналіся радкі маладых яблынек са свежапабеленымі камлямі, між якіх ляжалі праполатыя, палітыя зранку грады.
- Дзед, табе колькі гадоў?
Адказу адтуль не было чуваць, і Агееў таксама прайшоў за вугал. З тыльнага боку дома пад бухматым кустом бэзу сядзеў нямоглы стары ў стаптаных валёнках на тонкіх нагах. Засяроджана ўставіўшыся перад сабой, ён, падобна было, цалкам аддаўся свайму роздуму і ніяк не азваўся на скіраваныя да яго словы.
- Добры дзень.
Дзед зноў не адказаў, толькі зірнуў на Агеева пільным праніклівым позіркам светлых вачэй, якія ледзьве паблісквалі сярод густога сівога шчаціння. На момант у ім прамільгнуў і прапаў пробліск здзіўлення або цікавасці да захожага чалавека.
- Во хачу запытацца, - бадзёра пачаў Агееў. - Вы даўно тут жывяцё?
- Ды ён тут усё жыццё. Тут і радзіўся, - ахвотна растлумачыў мужчына ў трыко.
- Можа, памятаеце, тут, на Зялёнай, Бараноўская жыла?
- Была Зялёная, - падказаў ззаду мужчына. - Цяпер Касмічная.
- Перайменавалі?
- Каторы раз. Пасля вайны была Танкістаў, пасля Пекінская, Усё пераймяноўваюць.
Дзед на лаўцы неяк дзіўнавата загойдаўся наперад-назад, паварушыў звешанымі між калень жылістымі кісцямі рук.
- Бараноўская Варвара... Застрэлілі немцы.
- Застрэлілі? Во як...
- Застрэлілі. Той начальнік паліцыі. Помню, якраз на зімняга Міколу. Я яшчэ дровы вазіў...
Гэтая навіна не была вялікай нечаканасцю для Агеева, ён даўно ўжо прадчуваў менавіта такі канец для яго гаспадыні і цяпер са спозненым шкадаваннем падумаў: за што? Ці не за яго? Шчымлівы боль спакваля авалодаў ім, і ён пастаяў моўчкі, нібы чакаючы, што яшчэ скажа гэты ссівелы дзед. Але дзед маўчаў, можа, думаў, а можа, чакаў ад яго новых пытанняў.
- А яшчэ, можа, ведаеце, тут недзе на суседняй вуліцы жыў такі чалавек, жасцяншчык ці слесар, ён яшчэ ў вайну бляшаныя цёркі рабіў для зерня...
- Лукаш?
- Можа, і Лукаш, не памятаю. Дык у яго на кватэры настаўніца была, прыезджая, а з ёю сястра жыла...
Сказаўшы тое, Агееў адчуў, што наблізіўся да самае важнае мяжы, да якой ішоў столькі часу, і зараз, напэўна, пачуе прысуд, што панішчыць яго або ашчаслівіць. Трэба было сабраць сілы, каб спакойна стрываць яго, які б ён ні быў.
- Лукаш майстроўны быў, ага... Умеў па дрэву і па металу... Мне яшчэ рамы пасля вайны ставіў. Майстроўны быў...
Твар дзедаў ад успаміну на кароткі момант праяснеў, ён адарваў позірк ад долу і павёў ім на Агеева. Агееў расчаравана выдыхнуў, пераступіў з нагі на нагу - сесці тут не было на чым.
- Майстроўны... Памёр даўно ўжо.
- Дык настаўніца кватаравала ў яго.
- Што? Настаўніца... Можа, і была.
- А вы не памятаеце, дзед?
- Настаўніца, - паўтарыў дзед і падумаў. - Не, не помню.
Амаль панішчаны гэтай размовай, яе абнадзееным і такім нікчэмным вынікам, Агееў выйшаў на вуліцу. Разгублена пахадзіў па адным і па другім яе баку, зайшоў у пакінуты, зарослы быльнягом двор Бараноўскай, памалу пазнаючы струхлелыя сцены будынін, гнілаватыя, выкрышаныя вуглы, касабокія прасценкі. Ён абышоў хлеў, прыбудоўкі, за дрывотняй, густа парослай высокай, да калень, лебядой, зірнуў у гарод з тыльнага боку сядзібы і не ўбачыў там хлеўчука-застаронка, які даўно ўжо, напэўна, разабралі на дровы, - упрытык да самай сцяны хлява ішлі роўныя баразёнкі маладога бульбоўніку. Ён прыкінуў прыблізна тое месца, дзе стаяў ягоны тапчанчык і дзе была дзірка ў сцяне, каля якой пад каменем ён схаваў свой ТТ. Хтосьці, напэўна, знайшоў, калі ў свой час яго не падабрала паліцыя.
Вярнуўшыся на двор, здалёку паўзіраўся ў садок, якога, аказваецца, таксама не абмінула жорсткая хада часу - старыя яблыні марудна, па адной, паміралі, губляючы ссохлыя сукі і голле; кусты парэчак, якія некалі аддзялялі садок ад двара, зусім зніклі. На агароднай мяжы над парканам чарнела голае суччо некалькі сухіх вішняў, добра памятных яму яшчэ з таго лета. Цяпер ён нават не падышоў да іх - усёй ягонай істотай авалодала роспачнае адчуванне няўдачы, і, каб справіцца з ім, ён яшчэ прайшоў у канец вуліцы паўз высокі дом з нямецкім дахам, перайшоў на другую. З нечаканай надзеяй спаткаў пажылую жанчыну, якая несла вялікую сумку, і запытаў, ці не памятае яна Лукаша-бляхара. Жанчына зморана апусціла долу нагружаную боханамі хлеба цяжкую сумку, паправіла хусцінку на галаве.
- Як жа, быў Лукаш. Ваньковіч ягонае празвішча. Памёр пасля вайны.
- А ў яго настаўніца перад вайной на кватэры жыла...
- Настаўніца? Была наўродзе, прыгожанькая такая. Толькі не помню, як звалі.
- Вера! - з абноўленай радасцю падказаў Агееў.
- Можа, і Вера. Не помню.
- А што з ёй пасля здарылася, не ўпомніце? Да яе яшчэ сястра перад вайной прыязджала - Марыя.
Жанчына паморшчыла і без таго зморшчанае пераноссе, угледзелася ў канец вуліцы, па якой ужо грукацела «Калхіда» з прычэпам.
- Не знаю. Помню, наўродзе была малодзенькая дзяўчынка. Нядоўга пажыла, а дзе дзелася?..
- Пасля вайны не аб'яўлялася?
- Дык не знаю.
Агееў яшчэ прайшоў некалькі разоў па гэтай і суседняй вуліцах і зусім ужо ў роспачы падышоў да двух мужчын ля веснічак. Адзін з іх стаяў па гэты бок іх, а другі - худы і высокі - па той, абодва курылі і пра нешта гарэзліва гутарылі. Калі ён звярнуўся, аднак, змоўклі, і худы з-за веснічак жвава падхапіў:
- Ведаю Марыю. У Мінску жыве. Скончыла іняз. Працуе ў школе.
- Во як! - збянтэжана сказаў Агееў. - І даўно скончыла?
- У семдзесят восьмым, добра памятаю. Я паступаў, ды зрэзаўся: конкурс! А яна скончыла.
Агееў адразу нахмурыўся, прыкідваючы сабе: колькі ж ёй магло быць у семдзесят восьмым? Не, штосьці пазнавата было ёй у пяцьдзесят гадоў канчаць інстытут. Наўрад ці гэта яна.
- Даруйце, а якога яна ўзросту?
- Узросту? Ды мая равесніца. Разам у школу хадзілі. Толькі я яшчэ армію адслужыў... А што, не тая, выходзіць?
- Не тая, - сказаў Агееў і паныла кіўнуў на развітанне.
Ён і яшчэ пытаўся: у выпадковых вулічных сустрэчных, што мелі на выгляд гадоў пад шэсцьдзесят ці болей, падыходзіў да сівой прадаўшчыцы кіёска «Саюздруку», некалькі разоў заходзіў у двары, калі бачыў каго-небудзь з вуліцы. Людзі старэйшыя лёгка ўспаміналі Лукаша, некаторыя памяталі Бараноўскую, вельмі нямногія ўспаміналі настаўніцу Веру Адамаўну, але ніхто нічога канкрэтнага не мог сказаць пра яе сястру. Быццам прыязджала, нядоўга пажыла тут, а куды падзелася - гэтага не ведаў ніхто.
Мяркуючы па ўсім, загінула. Але дзе? І калі?
Думаючы пра тое ў бяссонныя ночы, Агееў непазбежна апынаўся ў тупіку. Шматлікія спробы яго што-небудзь даведацца пра Марыю з дапамогай архіву, пісьмаў і запытанняў у афіцыйныя органы заўсёды заканчваліся тупіковымі адказамі накшталт «не чысліцца», «не значыцца», «звестак не маецца». Але ж ён разумеў, што пасля столькіх гадоў, можа, адзінай магчымасцю ў ягоных пошуках сталі дакументы, спісы, архіўныя даведкі, у якіх было шмат чаго, але, на жаль, нічога не было пра яе. Зрэшты, калі падумаць, дык нічога і не магло быць. У тую жахлівую восень яны болей за ўсё на свеце баяліся дакументаў, спісаў, запісак, нават выпадкова згубленай паперкі, якая проста і нечакана магла зрабіцца ўлікай. А пра народную памяць або гісторыю хто тады думаў? Шлях у гісторыю для іх быў перакрыты штодзённай небяспекай, перабрацца цераз якую часта нельга было і думаць. Усе апошнія гады, рассылаючы пісьмы, звяртаючыся ў архівы і распытваючы людзей, Агееў разумеў, што не так прагне знайсці яе, колькі ашукаць сябе, утрымацца ў кволай уладзе ілюзій ад непазбежнасці апошняга, самага непажаданага адказу. Гэты апошні адказ мог мець для яго такі вынік, пасля якога не заставалася ўжо нічога, і Агееў адсоўваў яго як толькі мог, у роспачы хапаючыся за кожнае, нават малаважнае чалавечае сведчанне, цьмяны слых ці нават недарэчнае меркаванне.
Але вось, здаецца, прыйшоў канец усім яго ілюзіям, ніхто аб ёй нічога не ведаў, яна сапраўды без следу знікла той восенню сорак першага, быццам і не жыла на зямлі.
Заставалася апошняе.
Прыехаўшы ў гэты пасёлак, ён пасяліўся тады ў цеснай пасялковай гасцінічцы, каля лазні, дзе ў квадратным пакойчыку з ракавінай і рукамыйнікам пастаўленыя ў два рады стаялі шэсць ложкаў, на якіх амаль кожную ноч мяняліся жыхары - камандзіраваныя, упаўнаважаныя, шафёры. І толькі ён цэлы тыдзень займаў кутні, з гнуткаю сеткай ложак, і калі загадчыца запыталася, колькі яшчэ ён прабудзе, ён адказаў не адразу. Ён проста не ведаў, колькі яму яшчэ давядзецца прабыць у гэтым пасёлку, канца яго справы яшчэ не было відаць, але ў раёне склікалася нейкая важная нарада, і ў гасцініцы спатрэбіліся вольныя месцы. Яго не высялялі, хаця і маглі зрабіць гэта, толькі пацікавіліся тэрмінам яго выезду, але ад гэтага пытання тоўстай, мусіць, ад нерухомай працы загадчыцы з залатымі пярсцёнкамі на ўсіх пальцах рук патыхнула нядобразычлівасцю, і ён, падумаўшы, сказаў: заўтра. У той жа дзень пасля абеду, хуценька перакусіўшы ў буфеце, зайшоў ва ўнівермаг, у аддзеле спорттавараў купіў невялічкую парусінавую палатку, спальнік, што-колечы з турысцкіх прылад, патраціўшы на пакупкі большую частку прыхопленых з сабой грошай, і перанёс усё за могілкі, на бераг кар'ера. Тут аказалася не горш, чым у той гасцініцы. Па крайняй меры, тут ён быў у абсалютным спакоі, на адзіноце, сам з сабой і сваімі невясёлымі думкамі - што магло быць лепш у ягоным становішчы?
Ранішняе сонца даўно вісела ўгары над раскапаным кар'ерам, набліжалася спякотная пара дня. Агееў скінуў на зямлю куртку, пачаў часта адцягваць мяккі разрэз трыко на грудзях, абдаючы распаранае цела застаялым паветрам. У кар'ер амаль што не задуваў вецер, ад нагрэтага гліністага абрыву дыхала сухой гарачынёй, як з печы. Агееў перакапаў рыдлёўкай амаль паўбугра зямлі, усё адкідваючы ўбок розныя абломкі, іржавыя бляшанкі, чарапкі, аднак без жаднай прыкметы таго, што можна б аднесці да больш-менш аддаленай даўнасці. Можа, і правільна сказалі яму ў выканкоме, што тут нічога не засталося, целы расстраляных перахавалі ўлетку сорак чацвёртага адразу пасля вызвалення і што іх было ўсяго трое. Усе мужчыны. Ніводнага жаночага цела там не было. Калі ж ён пацікавіўся, як адрознівалі целы пасля іх амаль трохгадовага ляжання ў зямлі, яму не адказалі. А цётка-прыбіральшчыца пры гасцініцы, з якой ён неяк завёў пра тое гаворку, сказала проста:
- Ды як адрознівалі? Сабралі костачкі ды расклалі ў тры дамавіны. Як там адрозніш...
Усё ж ён дазнаўся з дапамогай сведак, што не проста сабралі костачкі, што там быў доктар і што некаторыя целы нават пазналі родзічы. Ва ўсякім разе, з пэўнаю доляй верагоднасці на памылку целы расстраляных былі апазнаны, і сярод трох цела яе не было.
Але тады дзе ж яна?
Канечне, і без таго расстрэлу яна магла дзесяць разоў памерці падчас і пасля вайны, яе маглі адправіць у які-небудзь канцлагер, якіх было мноства ў немцаў. Але ўсё гэта толькі ў тым выпадку, калі яна не засталася тут, у гэтым кар'еры. Ён не мог меркаваць пра іншы вынік да таго часу, пакуль на свае вочы не пераканаецца, што яе костак тут не засталося, што іх не заваліла заходнім краем абрыву, які рухнуў у яму вясной сорак другога. Праклятая гэтая яма на паўсотню крокаў упоперак, якую толькі прыблізна можна было палічыць кар'ерам, тым не менш умела хаваць свае тайны, яна адабрала ў Агеева большую частку лета, столькі працы, поту, але да апошняга дня так нічога яму і не адкрыла.
І ўсё ж ён не думаў здавацца, капітуляваць перад гэтым бязладдзем зляжалага шчэбеню, ён перакапае яго па жменьцы, але ці знойдзе тое, што гэтак шукае, ці пераканаецца, што тут нічога няма.
Калі тут нічога няма, тады ў яго застанецца надзея - слабенькая, няпэўная павуцінка, якая, магчыма, павядзе да жыцця з гэтай ямы - у будучыню ці нават у вечнасць...
Тады было гэткае ж спякотнае лета...
Напорны паўднёва-заходні вецер, што ўвесь дзень разгоніста гойсаў па летніх абшарах палёў, надвячоркам трохі аціх, паніжэлае сонца ў рэдзенькай смузе неба страціла свой гарачы імпэт і не пякло, як раней. У караткаватым цяні раскідзістага куста шыпшыны на мяжы здратаванай каровамі жытняй нівы стала прахалодней і ўвогуле цярпіма, калі б не надакучная смага. Каторы ўжо раз Агееў перакуліў над вуснамі трафейную, абшытую лямцам біклагу, і толькі адна кропля з яе ўпала на яго няголены падбародак, казытліва спаўзла за расшпілены каўнер гімнасцёркі. Ні ў біклажцы і нідзе паблізу вады не было. Напэўна, з паўдня ён ляжаў тут на разасланай, са слядамі засохлай крыві, ватоўцы і таміўся ў панылым чаканні, якому, здавалася, не будзе канца. Спярша намаганнем волі ён зацінаў нецярпенне, стараючыся думаць аб чымсьці далёкім, што не адносілася да яго чакання, але спакваля яго ўсё болей разбірала злосць на Малаковіча - ужо ці не забыўся той на яго, пакінутага пад кустом у жыце? Раздражнёнасць яго, аднак, хутка міналася, усё ж ён разумеў, што не, не забыўся, не затым той вёў яго столькі, каб пасля кінуць за які кіламетр ад мястэчка. Зрэшты, Агееў ведаў, што сам Малаковіч цяпер рызыкаваў куды больш за яго - не так проста было ўдзень паявіцца на местачковых вуліцах, каб не нарвацца на немцаў ці на паліцыю. Агееў яму казаў: не спяшайся, давай пераседзім у полі, дачакаемся вечара, а там, як сцямнее, прабрацца праз мястэчка, напэўна, будзе лягчэй. Малаковіч згаджаўся, але во зрабіў па-свойму, відаць, не хапіла трывання дачакацца вечара. Канечне, ён ведаў тут кожную сцежку, кожны закутак і пераход, якія выбегаў яшчэ падшыванцам, але, мабыць, і яго тут ведаў кожны местачковы сабака, які цяпер лёгка мог пазнаць лейтэнанта і выдаць паліцыі.
Час ад часу Агееў нецярпліва прыступаў на адну нагу і, абапёршыся на вінтоўку, пазіраў цераз паблытанае, нахіленае да зямлі пераспелае жыта. За жытам і шырокім бульбяным палеткам відаць былі ўскраінныя дамкі мястэчка, парканы і платы, месцамі атуленыя густой зелянінай садоў і кустоўя. Воддаль, у глыбіні гэтага паселішча, высіліся ў бясхмарным небе два жоўтыя царкоўныя купалы, каля іх бялела нейкая вузкая збудоўка з вастраверхім бляшаным дахам, падобная на пажарную каланчу, ці што. Збоч на ўскраіне зелянела цесная купа старых аграмадных дрэў - можа, на месцы былога маёнтка ці могілак. Адтуль па нябачнай за пасевамі дарозе выехала фурманка з двума седакамі, і порсткае гнядое жарабя то забягала наперад, то адставала, гарэзліва даганяючы затым матку. Малаковіча нідзе не было, і Агееў з прыкрасцю апусціўся на ўляжалую ватоўку, зручней уладкоўваючы параненую нагу, якая пад вечар разбалелася аж занадта. Мінула ўжо шмат часу пасля ранення, а асколачная рана вышэй калена амаль не гаілася, вельмі дакучала на хадзе, асабліва балела ноччу, і Агееў з усё большым неспакоем думаў, ці не застаўся там і асколак. Калі застаўся асколак, дык ягоныя справы дрэнь, з асколкам рана наўрад ці загоіцца, будзе гніць, а то яшчэ падключыцца і гангрэна, тады яму зусім будуць кранты. Спусціўшы да калень сіняе галіфэ, ён абмацаў мокрую павязку, ад якой ішоў агідны гнілаваты смурод. Трэба было перабінтаваць нагу, але бінта ён не меў, учора разадраў на кавалкі апошнюю анучу з аблезлага, у белы гарошак паркалю. Гэта была жаночая блузка, мабыць, той вастравокай маладзіцы з леснічоўкі кіламетраў за трыццаць адсюль. Калі яны з Малаковічам падышлі да гэтай лясной збудоўкі, іх сустрэў ашалелы брэх рыжага калматага сабакі, доўга з хаты за тынам ніхто не паказваўся, пасля выйшаў змрочны сівабароды стары, і яны папрасілі напіцца. З гэтай просьбы яны пачыналі заўжды, калі наставаў час падумаць пра начлег і яду, і па тым, як гаспадары выносілі ваду, вырашалі астатняе. Ваўкаваты выгляд старога даваў мала надзеі, і Агееў кіўнуў Малаковічу раз і другі - маўляў, патупалі, чаго чакаць? Але тут на ганку паявілася маладая, нетутэйшага выгляду кабетка ў лёгкай блузцы і па-гарадскому, на патыліцы, завязанай хусцінцы, яна вынесла вялікую медную кварту сцюдзёнай вады, якую яны па чарзе выпілі ўсю да дна, і Агееў завёў з жанчынай гаворку на тэму «паесці». Маладзіца стрымана, хаця і добразычліва, запрасіла іх у хату, стары прытрымаў ашалелага ад брэху сабаку, і яны апынуліся ў прахалоднай абжытай святліцы са свежапамытай падлогай з новых хваёвых дошак. Пераступіўшы парог, Агееў прыемна здзівіўся ад мноства кветак, якія тут скрозь зелянелі і цвілі - на падаконніках, табурэтках, па вуглах і лаўках, густа застаўленых гаршкамі і вазонамі, нібы ў краме кветак, куды ён аднойчы забрыў у Беластоку. Іх накармілі ячменнай кашай на сале, напаілі малаком, Агееў не супраць быў заначаваць тут і пачаў ужо намякаць аб тым маладзіцы. Раптам у адказ на нейкі ягоны бязвінны жарт яна заплакала, ды так няўцешна і роспачна, што яны знерухомелі. Калі яна выбегла з хаты, барадаты стары сказаў, памаўчаўшы: «Вот мужа яе, сына маво, убілі. А ана із Расеі...»
Начаваць там яны не засталіся, у Агеева знікла на тое жаданне, а Малаковіч ірваўся да сваіх - заставаліся апошнія тры дзесяткі кіламетраў, і яго цяжка было ўгаварыць затрымацца. Немцаў у гэтым балоціста-раўнінным краі нідзе не было чуваць, мабыць, фронт прайшоў стараной, і яны рушылі ў дарогу - да захаду сонца прайшлі яшчэ кіламетраў восем і заначавалі на полі, у невялікім бярэзнічку. Увогуле прайшлі няшмат, але на большае і не разлічвалі - яны ўжо змагліся. Спярша, калі прарываліся з акружэння і спрабавалі дагнаць лінію фронту, ішлі ўдзень і ўначы, адпачывалі па гадзіне ў суткі і проста падалі на хаду без сну і ад знямогі. Да пераходу цераз «жалезку» іх група налічвала пяцьдзесят сем чалавек, камандаваў ёю маёр з упраўлення арміі, на выгляд надта бравы ваяка з чорнымі касмылявымі брывамі, ён гнаў іх, як толькі было магчыма, каб дагнаць сваіх ці перайсці лінію фронту. Аднак лініі нідзе не было, тапаграфічная карта з двух аркушаў у маёра неўзабаве скончылася, і аднойчы ў змроку яны наткнуліся на нейкую матарызаваную нямецкую часць, якая сваімі амфібіямі, матацыкламі і грузавікамі забіла ўсе вёскі навокал. Мабыць, ім трэба было павярнуць назад ці ўзяць куды ўбок, у абход, але маёр папёр напралом, яны ўвязаліся ў няпэўны зацяжны бой на подступах да нейкае станцыі, немцы тым часам падцягнулі сілы і наладзілі ім такі тарарам, што з усяе групы, напэўна, толькі Малаковіч з Агеевым засталіся жывыя, і то толькі таму, што своечасова зразумелі промах і павярнулі з-пад нямецкага агню ўбок. Пад раніцу яны апынуліся на беразе шырокага, парослага лазняком балота наводдаль ад дарог, немцаў тут можна было не баяцца, і абодва пачалі лаяць маёра, які так па-дурному загубіў групу. Асабліва злосны быў Малаковіч, той ноччу паранены куляй у плячо. Праўда, рана была не цяжкая, куля толькі зачапіла плячо, але ўсё ж рука балела і перашкаджала ўпраўляцца са зброяй. Агееў са сваёй распухлай нагой ледзь трываў пасля той калатнечы, ісці ледзьве мог, і тут яны канчаткова зразумелі, што фронту ім не дагнаць. Менавіта Малаковіч прапанаваў узяць крута на поўдзень і прабівацца ў знаёмыя мясціны, да роднага мястэчка, дзе ў яго заставалася маці з братам і дзьвюма сястрычкамі. А там будзе відаць. Агееў пагадзіўся не адразу. Не надта яму падабаўся такі паратунак, усё ж ішла вайна, а яны былі камандзіры, хаця і параненыя, і адбіліся ад сваёй разгромленай часці, але ўсё ж... «Глядзіце, як хочаце, - не вельмі і настойваў Малаковіч. - А то як бы ў палон не загрымець...» Палонных яны ўжо бачылі на шашы пад Лідай, самі адтуль ледзь вырваліся - неяк выкруціліся ад нямецкіх аўтаматчыкаў, якія прачэсвалі поле бою, і Агееў наважыўся. Выбіраць не было з чаго, а абодва яны былі маладыя і хацелі жыць. Падумаўшы, ён згадзіўся, і ў той дзень яны ўзялі напрамак на гэтае мястэчка.
Далёка над лясным краявідам, захутанае ў агнявы туман, заходзіла чырвонае сонца, на полі стала прахалодней, смага ўбавілася, а дрымота, з якой Агееў змагаўся ўвесь час пад калючым кустом, зусім знікла. Цяпер ён не баяўся заснуць, ён чуйна прыслухоўваўся да рэдкіх малазразумелых гукаў, якія даносіліся сюды з мястэчка. Малады жаночы голас некалькі разоў ласкава пагукаў штосьці, і ён здагадаўся: гэта клікалі на вячэру дзяцей. Аднойчы гучна кракнула качка, што нізка ляцела над полем, і ён страпянуўся ад спалоху - так змарнеў за дзень у маўклівай цішыні і чаканні. Блізкі каровін рык прымусіў яго асцярожна выглянуць з жыта - па дарозе ў мястэчка гналі невялікі статак, за якім узнімалася воблачка пылу. Гэтае воблачка дало Агееву зразумець, што там праходзіў гасцінец або гравійка, але ён за паўдня не ўбачыў на ёй ніводнай машыны і цяпер падумаў: а раптам немцы яшчэ не дабраліся да гэтых мясцін? Можа, тут іх яшчэ і няма? Гэта было б здорава, у такім выпадку ім, напэўна, пашэнціла б. Вось толькі куды прапаў Малаковіч?
З Малаковічам яны належалі да адной часці і перад самай вайной нядоўга служылі разам. Такая была служба ў старшага лейтэнанта Агеева, асабліва ў трывожныя тыдні напярэдадні вайны, што ён мала знаходзіўся ў палку, хіба што наязджаючы на агульнапалкавыя нарады, а болей прападаў на складах боепрыпасаў - сваім і дывізійным, - забяспечваў полк боепрыпасамі. Работы ў начбоя было па горла - некалькі відаў патронаў да стралковай зброі, ручныя гранаты ўсіх марак, снарады да палкавых гармат, вінтоўкі, кулямёты, запчасткі і рамонтная тэхніка - усё гэта перайначвалася, рэарганізоўвалася па-новаму, паводле апошніх інструкцый і ўказанняў. Часу ж на ўсё было ў абрэз, штабы і камандзіры разумелі гэта і спяшаліся, не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Кроў з носа, а было загадана назапасіць тры БК для ўсёй зброі і пяць БК для супрацьтанкавай артылерыі. Палкавыя склады не ўмяшчалі ўсю прорву штабялёў і скрынак, будаваліся часовыя сховішчы, Агееў вазіў за шмат кіламетраў будаўнічыя матэрыялы, людзей. Лейтэнант Малаковіч прыбыў у полк за тры дні да пачатку вайны пасля паскоранага выпуску з вайсковага вучылішча і быў прызначаны камандзірам батальённага ўзвода сувязі. Па службе ў палку Агееў з ім амаль не сустракаўся, хіба што некалькі разоў бачыў у час палкавых пастраенняў гэтага рослага, танкашыяга лейтэнанціка ў новым камандзірскім абмундзіраванні, з хрумсткай партупеяй цераз плячо. Не думаў тады начбой, што вайсковы лёс з'яднае іх разам на дарогах вайны, ды яшчэ ў такі горкі час. Вядома, Агееў разумеў, што ён - не надта вялікая радасць для гэтага імклівага хлопца, якому без яго, напэўна, пашэнціла б болей, ён мог бы прайсці і па шэсцьдзесят кіламетраў за суткі і, мабыць, даўно ўжо дабраўся б да фронту. Але ён не мог пакінуць параненага Агеева, памагаў яму і падтрымліваў у дарозе, клапаціўся пра начлег і яду, сам ледзьве стрымліваючы сваё маладое нецярпенне. Агееў бачыў гэта, маўчаў і ўвогуле быў удзячны свайму малодшаму сябру.
Малаковіч прыйшоў на змярканні. Агееў стаяў у жыце, абапёршыся на вінтоўку, і, пачуўшы паблізу таропкія крокі, спрабаваў прысесці. Але ў той жа момант, затулены аднізу жытам, аднекуль збоку з'явіўся сілуэт у кепцы, з прыспушчанымі плячыма, па якім Агееў і пазнаў лейтэнанта.
- Фу ты! Думаў, не дачакаюся, - сказаў ён з выдыхам і адчуў, як адразу расслабіўся целам ад доўгага трывожнага напружання.
- Дык, разумееце, у прыцемках лепш.
Малаковіч спыніўся перад Агеевым, зморана ссунуў з потнага лба нязвыклую, з даўгім казырком кепку; на ім ужо быў нейкі куртаты паношаны пінжачок са зморшчанымі бартамі, няновыя, выпнутыя на каленях порткі і галошы на босых нагах. Заўважыўшы, што Агееў азірае яго, Малаковіч сказаў:
- Во пераадзеўся. Каб лішне не мазоліць вочы.
- А як немцы? - запытаў Агееў пра тое галоўнае, што цяпер турбавала іх.
- Ніякіх вам немцаў. Прыязджалі і паехалі. Праўда, паліцыю паставілі.
- Во як! І многа?
- А чорт іх ведае. Але ёсць. Школу і міліцыю занялі. Гэта каля царквы.
- А прайсці як?
- Ды ўжо пройдзем як-небудзь. І гэта... Разумееце, - Малаковіч адвёў позірк, агледзеўся, і Агееў зразумеў, што нешта ў яго не зладзілася. - Разумееце, у мяне не надта... Ну, сусед у паліцыі, каб яго разарвала. Дык мы вам, разумееце, другое месца насваталі. У цёткі адной...
Агееў з палёгкай уздыхнуў - хай сабе і ў цёткі, яму галоўнае, каб падлячыць рану, доўга ён тут не заседзіцца. Усё ж становішча іх было няпэўнае, з даволі туманнай будучыняй, і ён стараўся лішне не думаць аб ім. Галоўнае, каб дзе-небудзь зашыцца, запаўзці ў заканурак, залізаць раны, з якімі абодва яны - не ваякі! А пасля будзе відаць. Пасля яны пойдуць на фронт.
- Пра фронт не чуваць?
- Кажуць рознае. Немцы перадалі, што Маскву ўзялі, - неахвотна сказаў Малаковіч.
- Ого, куды хапілі!
- Рознае балтаюць. Але толкам ніхто не знае.
- Да-а... Ну што ж, пайшлі?
- Чакайце! - спыніў яго Малаковіч. - Панімаеце, з вінтоўкамі не гадзіцца. З вінтоўкамі спыняць і... самі разумееце.
Агееў маўчаў. Ды што ён мог сказаць? Ведама, падацца са зброяй яму не хацелася, але і расстацца з ёю ў такі час таксама было нязвыкла, амаль што боязна.
- Трэба схаваць, - сказаў Малаковіч. - Ось хоць бы і тут. А што, куст - прыкмета.
- У зямлі?
- У зямлі, канечне. У мяне во торба, загорнем...
Агееў змоўчаў, падумаў. Для яго, каторы ўсю службу дбаў пра чысціню і спраўнасць зброі, зараз закопваць у зямлю вінтоўку было злачынствам супраць яго сумлення. Але ён тут жа ўспомніў, колькі іх засталося на палях баёў, на складах і базах, захопленых немцамі, і толькі ўздыхнуў.
Шырокім нямецкім цесаком ён выкапаў вузкую канаўку на самым краёчку жыта каля мяжы, Малаковіч загарнуў у тарбіну дзве вінтоўкі - нашу, мадэлі 1891/30 года, і новенькую нямецкую з абшкрэбанай ложай, - яны ўладкавалі іх у ямку і ўжо ў цемры засыпалі зверху зямлёй. Пасля ўтапталі зямлю нагамі, закідалі травой.
- Ну, а пісталеты ўжо як-небудзь, - сказаў Малаковіч.
У іх былі два пісталеты - нашы варанёныя ТТ з пластмасавымі ручкамі. Днём, калі Малаковіч ішоў у мястэчка, ён аддаў свой Агееву, а цяпер падняў з ватоўкі і сунуў у кішэню штаноў. Пацёртую скураную кабуру, размахнуўшыся, кінуў далей у бульбу.
- Пайшлі!
Агееў падхапіў ватоўку і, дужа кульгаючы, пайшоў за таварышам. Тым часам зусім сцямнелася, вакол у прытуманенай прасторы поля было поўна невыразных плям і ценяў, якія будзілі цьмяную трывогу ў душы. Але Малаковіч упэўнена ішоў па бульбяной баразне наперадзе, Агееў стараўся ад яго не адстаць. І ўсё ж ён адставаў, параненая нага вымагала часта спыняцца, ён увесь час чапляўся ёю за бухматыя калівы бульбоўніку, не трапляў у баразну, злаваўся на сябе, не хочучы спыняць таварыша.
Ужо ў глухой цемры яны падышлі да крайніх будынкаў мястэчка, павярнулі на сцежку. Дзесь у дварах паміж дрэў пабліскваў чырвоны агеньчык вогнішча, данёсся пах падгарэлай бульбы, які напомніў Агееву пра тое, як ён даўно хоча есці. Але да яды, пэўна, было не так блізка. Прыгнуўшыся ў цемры, яны навобмацак пралезлі паміж дзвюма ніткамі калючага дроту і пайшлі па зарослай травой сцяжыне паўз нейчую сядзібу з доўгай сцяной дашчанага плота, пасля прайшлі берагам ручая пад дрэвамі і выйшлі на дарогу; далей трэба было перабягаць на той бок. Будынкаў там больш не было, справа ляжала цёмнае поле, а наперадзе высіўся раскапаны пагорак, і Агееў не адразу разглядзеў у ім той самы кар'ер, які пасля адыграе такую фатальную ролю ў ягоным жыцці. Але гэта значна пазней, а той раз Агееў ледзьве заўважыў яго ў цемры, яны прайшлі ўздоўж цаглянай агароджы могілак, пад хмурна насцярожанымі ўначы дрэвамі і зноў спусціліся па гародах ў нізкую сыраватую, падобную на роў мясціну, зарослую альхой і ляшчыннікам.
- Асцярожна, трымайцеся за жэрдку, - папярэдзіў Малаковіч, сам з асцярогай ступіўшы на вузкую дошку кладкі. Агееў удала перайшоў за ім цераз чорнае правалле ручая або рэчкі, і вузкай, аброслай дзядоўнікам сцяжынкай на мяжы двух гародаў яны ўвайшлі пад навіслае голле дрэў. Побач цямнеліся стрэхі будынін.
- Так... Пастойце тут.
Адчуўшы, што іх падарожжа, напэўна, канчаецца, Агееў уздыхнуў і з палёгкай расслабіў натруджаную нагу. Малаковіч ненадоўга знік, і неўзабаве воддаль пачуўся ціхенькі стук у акно, пасля некалькі незразумелых слоў. І вось лейтэнант ужо бярэ Агеева за руку і ў глухім цемрыве вядзе кудысь цераз двор. Падобна, аднак, яны хутка апынуліся ў хляве; наткнуўшыся на нешта грувасткае, пералезлі цераз высокі парог раскрытых дзвярэй. Па-ранейшаму навокал было зусім цёмна, стаяў пах засохлага гною і сена або, можа, нейкіх сушаных зёлак і яшчэ нечага, чым пахне звычайна ў затхлых старых будынках.
- Во, ідзіце сюды...
Наткнуўшыся на Малаковіча, Агееў намацаў каля сябе нешта падобнае на тапчан і зморана апусціўся на шархоткі, пакрыты груба тканай посцілкай сяннік.
- Ну, во і добра. Цётка Бараноўская накорміць.
- Ладна. Дзякуй...
- І не турбуйцеся. Усё добра будзе.
- Ну што ж...
Цётка, здаецца, таксама была тут, але яна не сказала ні слова, і Агееву стала ніякавата - усё ж хацелася ведаць, як яна паставіцца да такога кватаранта. Бо магла і не пагадзіцца, і запратэставаць або хоць бы затаіць нязгоду ў душы. Але цётка маўчала, і Малаковіч ціха гукнуў некуды ў цемру:
- Паесці што знойдзецца?
- А там стаіць, - пачуўся ціхманы немалады голас, які зусім не развеяў трывогі ў Агеева, нават пабольшыў яе - такі ён здаўся сухі і нават раздражнёны.
- А, во дзе... Хлеб, агуркі. Во перакусіце. І ляжыце. Днямі пабачымся, - ціха сказаў Малаковіч.
- Добра.
- Тады добрай ночы, начбой!
Неяк зусім нячутна, не стукнуўшы і не скрыпнуўшы нічым, абое яны зніклі, навокал зрабілася ціха і глуха, нібы ў пастцы, і Агееў упершыню падумаў: як бы гэтае сховішча сапраўды не стала ягонаю пасткай. Заўжды ён баяўся, каб сіла абставін не загнала яго ў кут без якой магчымасці выйсця або адступлення. Але во, здаецца, апынуўся менавіта ў такой сітуацыі. Варта той жа цётцы Бараноўскай паклікаць паліцаяў - і яго, кульгавага, хутка звяжуць вяроўкай і адвядуць у паліцыю. Могуць таксама застрэліць, могуць адправіць у лагер для ваеннапалонных. Праўда, цётка пра яго нічога не ведала, ён не зрабіў ёй ніякае шкоды, але ж свая кашуля кожнаму бліжэй да цела, асабліва ў такі час. Нашто рызыкаваць галавой гэтай маўклівай цётцы, якая, напэўна ж, ведае, што ёй пагражае ад немцаў, калі яна будзе хаваць гэтага чырвонаармейца.
Абсалютна заганным і бездапаможным адчуў ён сябе ў гэтую летнюю ноч з сваёй ранай, па добрай волі ці па дурноце даўшы сябе заперці ў гэты хляўчук. Праўда, у яго быў пісталет і два цэлыя магазіны патронаў; на якую бяду, можна было б застрэліць пару паліцаяў, а пасля прыстрэліць сябе. А калі да таго не дойдзе, як тады паводзіць сябе перад паліцаямі, за каго выдаваць? На ім была камандзірская форма - надта заношаная гімнасцёрка і сінія дыяганалевыя брыджы; партупею ён скінуў, як яны засталіся ўдвух з Малаковічам, але на чырвоных пятліцах былі ранейшыя тры кубікі - за каго ж ён мог сябе выдаваць? Малаковіч абачліва пераапрануўся, на нейкі час, напэўна, будзе дарэчы пераапрануцца і яму, але ці шмат паможа яму цывільнае адзенне? Напэўна, да цывільнага адзення патрэбны яшчэ і цывільныя дакументы, а дзе яму іх узяць?
Суцэльныя сумненні і турботы разам з цьмяным прадчуваннем бяды авалодалі Агеевым у гэтым змрочным закутку перад грозным тварам пагрозы. Але якія б неадчэпныя ні былі яго душэўныя пакуты, адчуванне голаду ўзяло верх, на нізкім століку-скрынцы ён намацаў кавалак чорнага хлеба, некалькі агуркоў у місцы і пачаў есці, пакуль ад хлеба не застаўся маленькі кавалак - пэўна, яго трэба б пакінуць на заўтра, падумаў Агееў. Тым не менш ён не мог ужо спыніцца і непрыкметна для сябе зжаваў усё без рэшты.
Напэўна, тут жа і заснуў - забыўся ў трывожным цяжкім сне да світання.
Прачнуўшыся ранкам, Агееў убачыў над сабой нізкую, падбітую аполкамі столь, з такіх жа аполкаў былі тут і сцены, што свяціліся цяпер мноствам шчылін і высвечвалі шэрыя бярвёны сцяны насупраць. Агееў агледзеўся - гэта быў цесненькі хляўчук-застаронак, мабыць, прыбудаваны да старога хлява, куды вялі нізенькія дашчаныя дзверы, закрытыя на драўляную закрутку. У адным канцы застаронка стаяў тапчан, на якім ён пераспаў ноч, з пакрытай чыстай анучкаю скрынкай ля ног, у другім ляжала куча свежага сена, і пад ім ля сцяны сядзела ў гняздзе курыца, што адным вокам пільна і насцярожана сачыла за чалавекам. Праз шматлікія шчыліны ў сцяне білі сонечныя промні, і дзе-нідзе вытыркалася асветленае сонцам пустазелле, што буйна разраслося пад сцяной у гародзе. Было цёпла, спакойна, дзесьці наводдаль зычна прапяяў певень - на ўсё горла ад свае петушынай радасці. Агееў паспрабаваў устаць і ледзьве не крыкнуў ад болю ў назе - павязка спаўзла, штаніна прысохла да раны, да якой цяпер немагчыма было дакрануцца. Ён сеў на тапчане і, спусціўшы да калень штаны, агаліў нагу. З раны цёк гной, тканіна павязкі наскрозь прамокла, нага вышэй калена зрабілася тоўстай і счырванела, яўна распухала што дзень, то болей. Па бруднай, замурзанай скуры спаўзло некалькі мутных кропляў, ён сцёр іх даланёй і раптам спалохана знерухомеў: між набрынялых гніллю, даўно абяскроўленых тканак патрывожана варушыўся маленькі белы чарвяк, побач другі, а там яшчэ і яшчэ. Агееў боязна разняў пальцамі падсохлыя краёчкі раны і ўбачыў многа гэтых дробненькіх неспакойных істот. Скалануўшыся, нібы ад дрыжыкі, ён падняў побач саломіну і таропка пачаў выкалупваць ёю чарвякоў з раны. Увесь час яго не пакідала палахлівае адчуванне брыдоты: гэта ж трэба - жывое цела яго тачылі і елі агідныя стварэнні. Але што можна было зрабіць - усе апошнія дні іх непрытульнага блукання ён не меў нават бінта перавязаць рану, так вось і шкандыбаў у спёку, нага з кожным днём налівалася ўсё большым цяжарам, пухла, не дзіва, што ў ране завяліся чэрві. Што яшчэ будзе?
Дрыготкімі рукамі Агееў збольшага ачысціў рану і паправіў павязку, павярнуўшы яе больш-менш сухім бокам, тужэй падцягнуў на балючай назе, усё разважаючы, як яму быць, як лячыць рану. Мабыць, без дапамогі Малаковіча ён нічога не зробіць, але ўчора аб тым не было гаворкі, яны нават не дамовіліся, калі Малаковіч прыйдзе да яго зноў. Не, не абысціся без доктара. Але ці знойдзецца тут які-небудзь здатны лекар, якога можна было б не баяцца?
Стараючыся паводзіць сябе як мага цішэй, увесь час услухоўваючыся, ён спрабаваў здагадацца, што ў той час рабілася на дварэ. І ўсё ж зусім нават знянацку для яго дзверы ў застаронак расчыніліся, і цераз высокі парог пераступіла маленькая стараватая жанчына ў доўгай спадніцы і цёмнай, нізка павязанай хусцінцы, сваім выглядам вельмі напомніўшы яму манашку. Абедзьве яе рукі былі заняты невялічкім чорным чыгунком, які яна трымала перад сабой у фартуху. У застаронку запахла свежай бульбаю з кропам. Агееў асцярожна падцягнуў нагу.
- Во снеданне, - сказала жанчына, суха павітаўшыся, і Агееў здагадаўся, што гэта яго гаспадыня.
- Дзякуй.
- Калі ласка. Малако ў стаўбунку.
- Дзякуй.
Ён думаў, што яна пачакае, запытае яго пра што-небудзь або што скажа, але цётка тут жа павярнулася да дзвярэй. Баючыся, што ён яе не хутка пабачыць, Агееў паспешна гукнуў:
- Адну хвілінку, калі можна!
Гаспадыня павярнулася, на яе зморшчаным маленькім тварыку з самкнутымі вуснамі былі смутак і ўвага, аднак вочы глядзелі з пэўнаю цвёрдасцю і нават разважнай суровасцю.
- Разумееце, мне б доктара... Рана ў мяне, панімаеце...
Бегла зірнуўшы на яго выцягнутую ўздоўж тапчана распухлую нагу з мокрай плямай на дзіравай ад асколка штаніне, яна ціхенька ўздыхнула і выслізнула за парог. Недаўменна счакаўшы хвіліну, Агееў пацягнуўся да скрынкі, дзе смачна пахла свежазвараная бульбачка.
Снедаючы, ён не мог пазбыцца агіднага пачуцця брыдоты, выкліканага нядаўнім аглядам раны. Неспакой яго не мінаўся, і думалася самае рознае, болей трывожнае, з сумным вынікам. Калі б хоць не гэтыя чарвякі, дык з болем ён бы саўладаў як-небудзь, боль страціў вастрыню, Агееў да яго прыцярпеўся, хадзіць было трудна, але можна - прайшоў жа ён кіламетраў сто дваццаць, пэўна, адолеў бы і яшчэ. Але калі б не пачалося заражэнне. Калі ўжо завяліся чэрві. Зноў жа, у ране мог застацца асколак, а з ім кепская справа, з асколкам будзе бяда. Як бы не засесці тут надоўга ці наогул не адкінуць капыты? Аддаючыся турботным думкам, ён увесь час прыслухоўваўся да разрозненых, часам невыразных, зманлівых гукаў знадворку - чакаў гаспадыню. Напэўна, павінна ж яна завітаць у гэты закутак, неяк дапамагчы яму. Пры гэтых думках ён крыва ўсміхнуўся - дажыўся, называецца, начбой Агееў да таго, што стаў залежны ад нейкай местачковай цёткі? Але сапраўды падобна было на тое, што лёс яго цяпер залежаў менавіта ад гэтай немаладой цёткі больш, чым ад каго б там ні было ў свеце. Пракляты вайсковы лёс, які ўсё ў ягоным жыцці перавярнуў дагары нагамі. Ды ці толькі ў ягоным жыцці?
Запіваючы кіслым малаком з стаўбуна, ён хутка з'еў усю бульбу, дажаваў хлеб, якога цяпер была ўсяго адна скіба. Увесь час ён чуйна прыслухоўваўся. Але, мабыць, вялікай небяспекі для яго цяпер тут не было, за сцяной ляжаў гарод, аброслы на межах дзядоўнікам і крапівой, вуліца была зводдаль, з другога канца сядзібы, і з яе амаль не даносілася ніякіх гукаў. Вакол было ціха, спакойна, і ў гэтай цішы ён адразу пачуў два-тры асцярожныя крокі ў хляве, дзверы застаронка нешырока расчыніліся.
- Во пераапрануцца вам.
Цётка Бараноўская з парога паклала на канец тапчана невялічкі скрутак, тут жа разгарнуўшы каторы ён знайшоў чорную сацінавую кашулю, прыгожа вышытую па каўняры сінімі шоўкавымі кветкамі. «Што ж, дзякуй!» - у думках спазнела сказаў Агееў, бо цётка ўжо схавалася за дзвярыма. Ён раскінуў кашулю на каленях, мабыць, яна была яму самы раз, гэтая прыгожая апратка з прыемнага навобмацак мяккага саціну, але ён памарудзіў знімаць сваю пацёртую прапацелую гімнасцёрку, якая разам з ім столькі стрывала за гэтае вар'яцкае лета. Гэта было звычайнае хэбэ з накладнымі кішэнямі і чырвонымі камандзірскімі пятліцамі, у якіх рубінавымі агеньчыкамі ззялі па тры эмалевыя кубікі. Трэці кубік ён прывінціў сюды за тры доўгія месяцы да пачатку вайны, а чакаў яго тры доўгія гады - на працягу ўсёй сваёй камандзірскай службы пасля вучылішча. На рукавах чырванелі галуны-нашыўкі, адпаведныя ягонаму званню, і вось ад усяго гэтага даводзілася па добрай волі адмаўляцца, мяняць на нейкую цывільную кашулю з кветачкамі на каўняры. Але, відаць, сапраўды прыйдзецца, інакш як яму выйсці адсюль у гэтым яго камандзірскім убранні? Першы прахожы з вуліцы зверне на яго ўвагу, і няцяжка ўявіць, чым усё можа скончыцца.
Цераз галаву ён рашуча сцягнуў гімнасцёрку, выбраў з кішэняў дакументы, падумаўшы, сунуў іх «на пакуль» пад сяннік. Пасля накінуў мяккую, прыемна аблеглую на плячах кашулю, каўнер зашпільваць не стаў, падпяразвацца таксама. Гімнасцёрку разам з рамянём і пісталетам паклаў пад падушку. Цяпер ад вайсковага абмундзіравання на ім заставалася толькі цёмна-сіняе камандзірскае галіфэ. Разношаныя ялавыя боты былі падобныя на цывільныя, боты яго не турбавалі. А вось пра галіфэ яшчэ прыйдзецца, відаць, патурбавацца, галіфэ магло яго выдаць.
Яму даўно хацелася выйсці на двор, але ён марудзіў у нерашучасці, прыслухоўваўся. Было невядома: хто тут жыве ў суседзях, хто яшчэ ёсць у гэтай Бараноўскай? Каго яму трэба было асцерагацца найбольш? Усё ж нейкая яна негаваркая, гэтая яго гаспадыня, падумаў Агееў, не, каб расказаць што пра сябе, - відаць, трэба пытацца. Пытацца ён не любіў, асабліва ў малазнаёмых. Зрэшты, як і расказваць пра сябе таксама. Размова малазнаёмых, ды яшчэ без патрэбы, не была для яго асалодай, мабыць, падобнай да яго трапілася яму і гаспадыня.
Ён яшчэ не наважыўся выбрацца з застаронка, як за сцяной у хляве пачуліся галасы, дзверы шырока расчыніліся, і цераз высокі парог не дужа спрытна пераступіла пажылая паўнаватая жанчына ў чорным жакеце з сіваватым вузлом валасоў на патыліцы. Яна адразу намацала яго позіркам у цемнаватым пасля вуліцы куце, выпрабавальна зірнула толькі адзін раз і густа пыхнула махорачным дымам ад самакруткі, якую трымала ў зубах, пакуль адчыняла дзверы. Другая яе рука была занята невялічкім скураным сакваяжам.
- О, дзе ён устроіўся! Харашо, свежае паветра! Ну, здароў, хлопец!
- Добры дзень, - трохі ніякавата сказаў Агееў, прыўстаючы на тапчане. Ён не адразу сцяміў, за каго яна яго прымае, але яе прастата ў гаворцы настройвала на лёгкі, амаль бесклапотны лад.
Жанчына перадала сакваяж у рукі Бараноўскай, якая, прычыніўшы дзверы, сціпла спынілася ля парога, яшчэ раз таропка зацягнулася акуркам і, кінуўшы яго долу, старанна зацерла чаравікам.
- Ну, дык што? Болечка?
- Ды во, трошкі! - сказаў Агееў, цямячы, што, пэўна, гэта прыйшла доктарка.
- Ну, трошкі - гэта ерунда. Цяпер трошкі і не лічыцца.
Падышоўшы бліжэй да тапчана, яна абхапіла яго нагу каля костачкі і рэзка заламіла ў калене. Агееў тузануўся ад болю.
- Да-а, - павярнулася да гаспадыні. - Нясіце вады.
- Зараз, Яўсееўна, - з гатоўнасцю азвалася Бараноўская. - Цёплай?
- Гарачай. І чысты ручнік.
Гаспадыня шмыганула за дзверы. Яўсееўна ў роздуме трохі счакала і, дапытліва ўставіўшыся ў яго, кінула:
- Ваенны?
- Ваенны, - сказаў Агееў, пазіраючы ў яе цёмныя настырныя вочы. Пад такім позіркам гаварыць няпраўду было немагчыма, ён гэта адчуваў адразу.
- Ох, хо-хо, хо-хо! - пабедавала Яўсееўна, хутчэй, аднак, у адказ на нейкія свае думкі. - Ну, знімай штаны.
- Зусім?
- Зусім... Чаго саромеешся? Ці надта сарамлівы?
- Ды я нічога, пажалуста, - сказаў ён і з перабольшанай рашучасцю сцягнуў цеснае, паношанае галіфэ.
Яўсееўна тым часам расчыніла на скрынцы сакваяжык, пабразгаўшы інструментам, дастала вялікія нажніцы. Ён узяўся развязваць сваю мокрую ад гною павязку, але доктарка, спрытна падчапіўшы, разрэзала яе напалам і гідліва адкінула ў куток.
- Да-а... Карцінка!
- Карцінка, - згодна паўтарыў Агееў. - І ведаеце, чэрві!
Ён думаў, што гэтае паведамленне здзівіць ці нават спалохае Яўсееўну, але на поўным, нахмураным твары з чорнымі вусікамі не скаланулася ніводная жылка - відаць, цікавіла яе іншае.
- Чарвякі - гэта ерунда, - сказала яна, роздумна аглядаючы рану, і некалькі разоў калупнула ў ёй доўгім пінцэтам. - Чарвякі - гэта нават някепска...
«Што ж можа быць горш»? - раздражнёна падумаў Агееў.
- Але, ведаеце, я спалохаўся...
- Не трэба палохацца! У жыцці наогул шкодна палохацца. Шкодна для здароўя. Вось як, малады чалавек!
- Гэта так.
- Вось іменна. Асколак? - яна зноў запытальна зірнула на яго.
- Асколак.
- Гэта горш. Прыйдзецца рассячы.
- Што рассячы?
- Рану, вядома. Не нагу ж. Бараноўская! - хрыплым баском гукнула яна, павярнуўшыся да дзвярэй, і адтуль пачуўся ціхі голас гаспадыні:
- Іду, іду...
Усё гэтаксама, бадай нячутна, гаспадыня ўвайшла ў застаронак, паставіла на скрынку чыгунок з гарачай вадой, паклала ручнік і адступілася да дзвярэй, схаваўшы рукі пад фартушок. Яўсееўна намачыла ў чыгунку ручнік, старанна абцерла ім вакол раны. Агееў трохі паморшчыўся - дотык яе рук азваўся ўсё ж немалым болем.
- Ану, ляж і адвярніся! - загадала доктарка. - Нечага глядзець, не маленькі.
Агееў выцягнуўся на тапчане, трохі адвярнуў галаву, утаропіўшы позірк у сук на сцяне. Яўсееўна рыхтавалася да аперацыі - востра запахла нашатыром, бразнулі металічныя інструменты.
- Зараз мы таго... Гэта дзела простае! Не паспееш адчуць...
Востры боль у ране да касці пранізаў нагу, Агееў тузануўся, скрыгатнуў зубамі.
- Што, баліць? - незадаволена перапыніла яго дактарка. - Не хлусі, то не баліць. То - ерунда, камарыны ўкус.
Ён і яшчэ тузануўся ад такога ж, амаль невыноснага, болю, але прымусіў сябе не застагнаць, закусіў вусны.
- Так, так... Гэта ерунда... Да, тут набралося... Пачысціць... Так, гэта туды, гэта сюды, - прыгаворвала Яўсееўна, калупаючыся ў ране, і Агееў сабраў у сабе ўсе сілы, каб стрываць без стогну. Балела па-зверску, усю нагу да кончыкаў пальцаў ахапіў глыбінны боль, хацелася ўскочыць, вырвацца і ўцячы з гэтага застаронка... Здаецца, аднак, ён стрываў.
- Во-о-т! - задаволена сказала Яўсееўна. - А цяпер будзе трошкі таго... Наўродзе камарынага ўкусу будзе. Можа, трошачкі больш...
Не адразу сцяміўшы, што яна мае на ўвазе, Агееў не секунду расслабіўся і ў тое ж імгненне адчуў рэзкі балявы ўдар, які аддаўся ў целе. У вачах ягоных сцямнела, ён напяўся, абедзвюма рукамі ўчапіўся ў дошкі тапчана, быццам баючыся сарвацца з яго. І новы ўдар паўтарыў ранейшы, пасля нешта ў назе пацягнулася, напружылася, і раптам усё адразу звальнела.
- Во, палюбуйся, якая жалязяка!..
Увесь мокры ад поту, Агееў падняў галаву - Яўсееўна трымала перад ім зацяты ў кончыках даўгога пінцэта невялікі прадаўгаваты асколак з няроўнымі зубрыстымі краямі, які ледзь не падкасіў некалі ўвесь яго франтавы лёс.
- Добра, што косць абышоў. Яшчэ б сантыметр - і кепская была б твая справа, сынок, - цяплейшым голасам сказала Яўсееўна і кінула асколак у кут сена.
Агееў ляжаў, на здзіўленне для яго, зусім пазбаўлены сілы, рукавом аціраў густы пот на твары, абедзве рукі яго дробна трэсліся, і ён ледзьве выціснуў з сябе «дзякуй». Гаспадыня яго, якая на працягу ўсёй аперацыі стаяла за спіной доктаркі, усё прыгаворвала нешта, што ён не мог чуць, і Яўсееўна абарвала яе:
- Ды перастаньце, Бараноўская! Баліць! Што гэта за боль для такога мужыка?!
- Што ж, што мужык? Усім баліць, - ціха запярэчыла Бараноўская.
Яўсееўна між тым завіхалася над ранай. Кідаючы долу скрываўленае клочча ваты, абцерла нагу, пасля засунула ў свежы разрэз раны мокры сцюдзёны тампон і, лёгка снуючы бінт дужымі рукамі, туга перавязала сцягно.
- Во! Хутка танцаваць будзеш.
Пакідаўшы ў сакваяж інструменты, яна прысела ў нагах і пачала скручваць цыгарку. Бараноўская тым часам прыбрала чыгунок, ручнік і, хоць было цёпла, накінула на голыя ногі Агеева старэнькі выцерты кажушок.
- Гэта што за боль! - густым дымам дыхнула на гаспадыню Яўсееўна. - Вунь Султанішку маладую ратавала. Паўночы вазілася, сячэнне рабіла. З гэтымі во інструментамі! Хлопец на пяць кіло вываліўся, а Султанішка, вы ж ведаеце, - муха! Саплёй пераб'еш.
- А жыць жа хоць будзе? - насцярожылася Бараноўская, хмурачы свой маршчыністы тварык.
- Нічарта ёй не зробіцца. Бабы жывучыя.
- Ну, не кажыце, Яўсееўна. Бабы таксама людзі.
- Людзі, канечне! - згадзілася доктарка. - Але цяпер во мужыкоў берагчы трэба. Вайна ідзе.
- Берагчы заўжды ўсіх трэба. Кожнаму адно жыццё адмерана, - сказала Бараноўская мякка, але з поўнай пераконанасцю, на якую доктарка ўжо не запярэчыла.
- Гэта так! Калі б вашыя словы ды богу ў вушы. Можа б, ён спыніў гэтых варвараў...
- Ён не спыніць. Гэта ўжо людзям трэба.
- Во і я кажу. Мужыкі павінны, - сказала доктарка і змоўкла.
Агееў пазіраў на поўную грудастую постаць Яўсееўны і не ведаў, здзіўляцца яму або дзякаваць гэтай жанчыне. Ён ужо зразумеў пэўна, што яна акушэрка, і калі б ён сцяміў гэта адразу, яшчэ невядома, ці даўся б ёй для аперацыі. Але цяпер так ці інакш справа была скончана, самы востры боль мінуў, а галоўнае - ён пазбавіўся ад асколка, які ледзь не зрабіў яго інвалідам. Пэўна, трэба было неяк аддзячыць за гэта бравай акушэрцы, ды пасля ператрыванага болю ён троста не знаходзіў у сабе сілы для патрэбнай удзячнасці і вяла сказаў:
- Дзякуй, доктар, вялікі...
- Няма за што. Бог аддзячыць. Ды во Бараноўская. Ану, панечка, ганіце дзесятак яек, - знарок грубавата сказала Яўсееўна і засмяялася.
- Няма яек, усяго адна курачка. Хіба пашукаю што-небудзь, - сказала гаспадыня, і Яўсееўна спыніла яе сваім грубым голасам:
- Ладна, не старайцеся, абыдуся без яек. Вунь у вас ёсць каго яйкамі карміць.
Апантана задыміўшы самакруткай, яна павярнулася да дзвярэй, але, перш чым выйсці, выняла з рота цыгарку.
- Ну, папраўляйся. Днямі загляну. Перавязаць трэба будзе...
Ён кіўнуў на развітанне, і абедзве жанчыны выйшлі, наперадзе - самаўпэўненая, рашучая Яўсееўна, за ёй чорнай мышкай прашмыгнула яго гаспадыня. Агееў застаўся адзін. У застаронку цямнелася, шчыліны ўжо страцілі свой яркі сонечны бляск, сонца, напэўна, павярнула за вугал. Нага жахліва балела, але цяпер прыбыло надзеі, і ён думаў, што яшчэ, можа, як-небудзь абхітрыць лёс і вырвецца з крыважэрных кіпцюроў пагібелі, у якія яго загнала вайна.
Рэшту таго дня ён пакутліва змагаўся з болем, які марудна расцякаўся па ўсёй назе, ахапіўшы яе ўсю - ад ступні да клуба. Яго пачалі даймаць дрыжыкі - падобна, пачыналася гарачка. Здаецца, так не балела нават у першыя гадзіны пасля ранення, ці, можа, у калатнечы баёў і адступлення ён не заўважаў болю, бо ўвесь час быў сярод віхуры падзей, у ліхаманкавай змене абставін. Цяпер жа падзеі адышлі ў мінулае, ён знайшоў гнятлівы, трывожны, але адносна бяспечны спакой, і патрывожаная рана адгукнулася рэзкім злым болем. Пасля таго як пайшла доктарка, Агееў вышэй нацягнуў на сябе кажушок і ляжаў так у дрымоце, час ад часу скаланаючыся ад дрыжыкаў. Дзверы некалькі разоў ціхенька прыадчыняліся, але ён не расплюшчваў вачэй, і дзверы зноў зачыняліся - цётка Бараноўская не хацела яго трывожыць. Аднойчы, расплюшчыўшы вочы, ён убачыў на скрынцы ля ног прыкрытую чыстай анучкай міску, акрайчык хлеба каля яе, але паднімацца не стаў - было не да ежы. На некалькі хвілін ён забыўся ці, можа, заснуў прывідным, поўным гарачага туману сном і зноў прачнуўся - здалося, у застаронак нехта ўвайшоў. Ён узняў дзіўна цяжкія павекі і не адразе зразумеў, што гэта - яго гаспадыня, якая з сашчэпленымі на фартуху рукамі ціхенька пыталася:
- Можа, вам супчыку зварыць? Ці бульбачкі?
- Не, дзякуй. Вадзічкі...