Васіль Быкаў
Сьцяна

Менск, “Наша Ніва”, 1997


ЗЬМЕСТ

Ад аўтара

З часоў Шэксьпіра чалавецтву вядома, якая гэта выдатная справа — непарыўная повязь часоў, і як кепска, калі тая повязь ірвецца. Што тычыцца беларусаў, дык мы гэта пазналі на нашым шматвяковым гістарычным вопыце, дзясяткі гадоў мы жылі, адрэзаныя ад нашага мінулага, ад нашага досьведу, ад нашай гісторыі.
У тым ліку і нядаўняй — гісторыі мінулай вайны.
Зь цягам часу памяць пра яе актыўна замянялася на прапагандавыя схемы, а яе вялікая праўда — на карысьлівую праўдзівасьць таталітарнай партыі. Тыя, хто перанес на сваім гарбу крывавы цяжар вайны, ня надта схільныя памятаць сябе пакутнікамі — лацьвей пачувацца героямі на гарачых канях пад чырвонымі сьцягамі. Тым болей, што сэрвільная пасьляваенная гістарыяграфія, тлумы цынічных навукоўцаў не перастаюць пераконваць: ваша праўда — у вернасьці ідэалам! У вашым бесьсьмяротным гераізме.
Гераізме — так, але ж...
Але ж поруч з гераізмам было на вайне і інакшае. Годнае суседзіла з подлым, добрае — з кепскім. Як і ў самім жыцьці. Як і ў нашым сёньня, якое гэтак абрыдла большасьці. Большасьці, што апынулася ў дурнях і ня можа зразумець, па чыёй віне.
Па віне ўсё тых жа.
Хто рэвалюцыю робіць чужымі рукамі, хто вынішчае іншых, непадобных да сябе. Хто прывык жыць у абставінах лютай барацьбы — найперш са сваімі, бо сваіх лёгка перамагчы. Хто ў бой пасылае іншых, а сам застаецца камандаваць. I з гэтае нагоды пры ўсялякіх крывуляках лёсу мае барыш. У форме ўлады, прывілеяў ці, як цяпер, — даляровага рахунку ў банку.
Мы, беларусы, у гэтым сэнсе — асабліва цёмныя людзі. Дагэтуль мы не перастаем блытаць колеры, думаць, што брунатнае надта адрозьніваецца ад чырвонага. Быццам ня ведаем, што ў спэктры шмат іншых колераў, і ёсьць пэўная магчымасьць выбару. Найперш выбару свайго колеру — не чужога. Бо чужы ніколі ня стане нашым, ён ужо нейчы. Кімсьці прысвоены, камусьці належыць. А інстынкт прыватнай уласнасьці, як вядома, — магутны інстынкт, дадзены чалавеку ад Бога. Нікому з жывых істотаў Бог ня даў гэтага інстынкту, апроч чалавека. Людзі сьвету зразумелі гэта даўно, а мы толькі пачынаем разумець цяпер. Колькі ж мы нарабілі памылак на гістарычным шляху да таго разуменьня...
Дык, можа, хоць напрыканцы XX стагодзьдзя перастанем быць дурнямі. Убачым пра сябе праўду. Нават і непрывабную. Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, зь яе робяць урокі. З хлусьні ніякіх урокаў ня зробіш, апроч новай хлусьні.
У гэтай кнізе, як спадзяецца аўтар, — дробныя аскялёпкі нашай вялікай праўды, якія, можа, каму-небудзь спатрэбяцца. Для дабра, зразумела.
Калі тое здарыцца, дык аўтар будзе ўдзячны. Выдаўцам, аднадумцам і чытачам таксама.



ВАЙНА I ПЕРАМОГА

Эсэ

Вайна абрынулася на краіну зьнянацку, яе страшныя праявы паўсталі перад людзьмі нечакана і, невядомыя ў ранейшым жыцьці, ашаламілі мільёны. У тым ліку і вайскоўцаў — кадравых камандзіраў ды начальнікаў. Памалу, аднак, людзі пачалі прызвычайвацца да жахлівай ваеннай рэчаіснасьці, неяк мірыцца з уласным бязрадасным лёсам. Стала ўжо зразумела, што вайна не на адзін год, што ваяваць прыйдзецца доўга і трэба прыстасоўвацца да яе экстрэмальных умоваў. Дзесьці на другім годзе вайны на фронце пачаў складвацца імправізаваны франтавы быт. На ўчастках, якія не вялі баявых дзеяньняў і стаялі ў абароне, у людзей паявілася слабая надзея выжыць — калі не да канца вайны, дык хоць бы да канца тыдня, да ранку. I людзі ўладкоўваліся — кожны на месцы, куды яго загнала вайна. Штабісты дружна і арганізавана абжывалі ацалелыя куткі ў спаленых тылавых вёсках, другім-трэцім радам мацавалі накаты камандных ды назіральных пунктаў; артылерысты парадкавалі зямлянкі, ладзілі печы — з жалезных бочак, малочных бітонаў, насьцілалі хвойнікам земляныя нары. Уваход завешваўся плашч-палаткай — гэтым унівэрсальным чырвонаармейскім сродкам, што засьцерагаў ад непагоды і сьцюжы. Немцы ўсю вайну карысталіся цёплымі коўдрамі, мы ж традыцыйна абыходзіліся шыняльком — у баі, на адпачынку, уначы. Пяхота ў завеяных сьнегам ці залітых дажджом траншэях, ратуючыся ад непагадзі, капала лухі-ячэйкі з палічкамі для гранат і патронаў ды абавязковай прыступкай, каб, як прагучыць сыгнал, выскачыць з акопу — у атаку.
Выскокваць у атаку даводзілася часта нават у працяглай, шматмесячной абароне. Вышэйшыя начальнікі памяталі і непарушна выконвалі жалезны загад Вярхоўнага: не даваць захопнікам спакою ні ўдзень, ні ўначы, няспынна біць яго і выматваць. Таму і білі, і выматвалі. Нават калі не хапала ні зброі, ні боепрыпасаў, калі на гарматы прыпадала па чвэрці боекамплекту і на кожны стрэл трэба было браць дазвол старэйшага камандзіра. У абароне рэгулярна праводзіліся звычайна крывавыя “разьведкі боем”, штоночныя “пошукі разьведчыкаў”, бясконцыя “паляпшэньні” абарончых пазыцыяў. Некаторыя палкі і дывізіі, падначаленыя надзвычай старанным ці дужа патрыятычна настроеным камандзірам, на працягу многіх месяцаў атакавалі адныя й тыя ж вышыні, кладучы на іх схілах тысячы людзей, ды так і не дабіваючыся колькі-небудзь прыкметнага посьпеху. Людзей не шкадавалі. Усё на фронце было лімітаванае, усё дэфіцытнае і нармаванае, апроч людзей. З тылу, са шматлікіх пунктаў фармаваньня і навучаньня няспынным патокам ішло да фронту папаўненьне — масы схуднелых, зьнямоглых ад тылавой муштры людзей, якія трошкі навучаныя былі валодаць вінтоўкай, але не заўжды разумелі па-расейску. Усе яны папаўнялі парадзелыя ў няспынных баях часткі, каб заўтра ж пад шквальным нямецкім агнём падняцца ў атаку ды тут жа і ўпасьці долу. Камандзірам у стралковым ланцугу каштавала немалых высілкаў іх падняць, і нярэдка на полі бою можна было бачыць, як камандзір роты, бегаючы ўздоўж ланцуга, паднімае кожнага высьпяткам. Падняўшы аднаго, бяжыць да наступнага, і пакуль паднімае таго, задні зноў кладзецца долу — забіты ці зь перапуду. Бегаць так доўга пад агнём, вядома, ня мог і ротны, які таксама неўзабаве выбываў са строю. На некаторых участках фронту такіх бязглуздых, марных атак было мноства, яны ішлі чарадой; мяняліся байцы і камандзіры, але загад атакаваць заставаўся ў сіле. Калі дарэшты выбівалі палкі і батальёны, дывізію адводзілі ў тыл на перафармаваньне, а ўцалелых камандзіраў прадстаўлялі да ўзнагародаў: за няўхільнасьць волі ў выкананьні загаду — была такая ўзнагародная формула. Можна было толькі зьдзіўляцца, што ніхто не пярэчыў і не пратэставаў супраць такой яўнай бязглузьдзіцы. Але за тым, каб усе пакорліва маўчалі, пільна сачылі ня толькі вышэйшыя камандзіры, але і паліторганы, упаўнаважаныя асобых аддзелаў, вайсковыя трыбуналы, пракуратура. Загад камандзіра — закон для падначаленых, а на строгасьць начальніка ў арміі скардзіцца забаронена.
Вайна, аднак, вучыла. Не ранейшая, даваенная вайсковая навука, не вайсковыя акадэміі, тым больш, паскораныя курсы вайсковых вучэльняў, але асабісты вайсковы досьвед, які клаўся ў аснову баявога майстэрства камандзіраў. Пералом у вайне, калі пасьля першых разгромных месяцаў настала пэўная раўнавага сілаў, звычайна зьвязваюць з тым фактам, што кадравыя камандзіры канчаткова адцураліся ад свае вайсковае навукі, а мабілізаваныя з запасу, учарашнія інтэлігенты авалодалі ёю на практыцы. Вайсковыя дзеяньні пачалі набываць элемэнт разумнасьці. Вельмі хутка аказалася, што баявыя статуты, створаныя на падставе досьведу грамадзянскай вайны, мала адпавядаюць характару новай вайны і, у лепшым выпадку, бескарысныя, калі ня шкодныя ў сваім прымяненьні. На самой справе, чаго варта было толькі адно іх патрабаваньне аб месцы камандзіра ў баі — наперадзе ланцуга, што заўжды прыводзіла да хуткай пагібелі камандзіра, пасьля чаго падразьдзяленьне, застаўшыся без галавы, хутка страчвала якое-небудзь баявое значэньне. Паэшалённая будова пяхоты пры наступленьні заўжды выклікала занадта вялікія страты, асабліва ад мінамётнага агню ворага. Зразумеўшы тыя і шмат якія іншыя недарэчнасьці, Сталін вымушаны быў пайсьці на перапрацоўку статутаў, і ўжо ў ходзе вайны паявіліся новыя статуты пяхоты — частка I і частка II. У той час, як у войску жорстка караўся нават намёк на перавагу нямецкай тактыкі або нямецкае зброі, дзесьці наверсе, у генштабе, гэтая перавага ўсё ж улічвалася, і зь яе рабілі пэўныя высновы. Са згоды Вярхоўнага тое патроху ўкаранялася ў войску.
Зрэшты, укараняць і запазычваць трэба было нашмат болей і ня толькі з таго, што датычыла тактыкі. Як мы ні хваліліся (зразумела, у прапагандавых мэтах) якасьцю айчыннае зброі, нямецкая стралковая зброя спрэс аказвалася больш дасканалай і спрытнейшай, наш славуты ППШ зь вельмі нязручным для напаўненьня дыскавым магазінам па ўсіх парамэтрах саступаў нямецкаму “шмайсэру”. Няўклюдная, з даўжэзным штыхом вінтоўка XIX стагодзьдзя канструкцыі Мосіна саступала нямецкаму карабіну. Увогуле някепскі сярэдні танк Т-34, манэўровы, з добрым рухавіком, меў слабую браню і пры кепскай 76-мілімэтровай гармаце рабіўся лёгкай здабычай нямецкай супрацьтанкавай зброі, найперш — цяжкага танка тыпу “тыгр”. Перавага апошняга асабліва праявілася ў абароне, пры адбіваньні наступу нашых “трыццацьчацьвёрак”. Выдатная цэйсаўская оптыка і магутная гармата давалі “тыграм” магчымасьць з далёкай адлегласьці распраўляцца з атакай дзясяткаў нашых танкаў. Нярэдка савецкія танкісты плакалі ад роспачы, калі наш танкавы батальён, толькі пачаўшы атаку (асабліва на роўнядзі), трапляў пад агонь дзе-небудзь замаскаваных “тыграў” у той час, як самі “тыгры” заставаліся ў поўнай бясьпецы з прычыны далёкай да іх адлегласьці. Здаралася, калі танкісты, разумеючы, што наблізіцца на адлегласьць прамога стрэлу не пасьпеюць, кідалі машыны і пад агнём вярталіся на зыходны рубеж. Пакуль яны туды дабягалі, іхныя танкі ўжо гарэлі. Зразумеўшы нарэшце крамольную хітрасьць танкістаў, камандаваньне загадала аддаваць пад суд ваенных трыбуналаў экіпажы, якія выйшлі з-пад агню ў поўным складзе. Тады танкісты ўжывалі новую хітрасьць: сталі пад'яжджаць да “тыграў” бліжэй і пакідаць машыны ўжо пад кулямётным агнём з танкаў. Хто-ніхто зь іх гінуў, нехта быў паранены ў адкрытым полі, але камусьці ўсё ж шанцавала дабрацца да схову. З падбітай жа і падпаленай машыны шанцаў выбрацца жывым было нашмат меней.
Састарэлы, з вадзяным ахалоджаньнем кулямёт “максім” прычыняў нямала клопату, асабліва ўлетку ды на бязводным поўдні, а з тэкстыльнай стужкай — усюды ў непагадзь. Ручны кулямёт Дзегцярова запомніўся былым кулямётчыкам хіба што празьмернаю для гэтае зброі вагой. Калі на ўзбраеньні нямецкай пяхоты паявіўся кампактны хуткастрэльны МГ-42, нашым батальёнам у атацы не засталося шанцу ацалець пад ягоным шквальным (да 1000 стрэлаў у хвіліну) агнём. Адзін такі кулямёт з удалай пазыцыі за лічаныя хвіліны вынішчаў батальён. Тым, хто ваяваў у пяхоце, дужа помняцца нямецкія мінамёты, ад вэртыкальнага агню якіх не было паратунку ні ў полі, ні ў лесе, ні ў горадзе.
Нашыя страты ў наступленьні былі жахлівымі, найбольшая іх колькасьць, вядома, прыпадала на долю параненых. Лёгкапараненыя з бою выбіраліся самі, цяжкапараненыя нярэдка падоўгу ляжалі ў зоне агню, атрымліваючы новыя раны, а то й паміраючы. Выносіць параненых у тыл не дазвалялася; спробы такога роду кваліфікаваліся як уцёкі з бою. Ведама, дзяўчаты-санінструктаркі завіхаліся, як маглі, але іх было па адной на роту, параненых жа на полі бою заўжды набіралася дзясяткі. Таму выносіць іх не пасьпявалі, параненыя падоўгу чакалі, сьцякаючы крывёй, паміраючы на полі ці па дарозе ў санбат.
Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць “геніяльная” ідэя мабілізаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай арміі нічога падобнага не назіралася да канца вайны. Пры ўсёй агульнавядомай бездэфіцытнасьці людзкога (мужчынскага) матэрыялу на вайне, якая патрэба была пасылаць пад агонь маладых, малапрыстасаваных да нягодаў баявога жыцьця дзяўчат? Якая з таго была карьсьць? Хіба каб аздобіць вольны час ды ўладкаваць халасьцяцкі быт старэйшых камандзіраў і палітработнікаў, якія на час вайны засталіся бяз жонак і тылавых сябровак? Па дарозе на фронт шмат якія зь дзяўчат атабарываліся ў штабах, тылавых установах у якасьці сакратарак, мэдсясьцёр, сувязістак, якія на салдацкай мове называліся ППЖ. Тыя ж зь іх, што дабіраліся да палкоў і батальёнаў, не выклікалі да сябе сур'ёзных адносінаў — на чыста мужчынскай працы, якой зьяўляецца вайна, сярод мужчынскіх масаў яны адразу выяўлялі ўсю сваю бездапаможнасьць. Нават дзяўчаты такой катэгорыі, як снайпэры, што ў хвіліны зацішку паміж баямі павінны былі выпаўзаць на пазыцыі бліжэй да праціўніка. Прынята лічыць, што кожны іх снайпэрскі стрэл — гэта забіты немец. На справе ўсё было інакш. Праляжаць, страляючы пад носам у ворага, можна было лічаныя хвіліны, зноў жа кожны дзяўчачы стрэл — зусім не абавязковае пападаньне ў цэль. Але калі на фронце панаваў спакой і нашыя не наступалі, дык снайпэрская актыўнасьць была адзіным паказчыкам баявой актыўнасьці, і камандзіры не скупіліся на лічбы ў справаздачах.
На пэрыяды франтавога зацішку прыпадала асаблівая актыўнасьць паліторганаў. Менавіта тады ў акопах паяўляліся малазнаёмыя, чыста паголеныя, у скрыпучых партупэях маёры і падпалкоўнікі, якія распачыналі з байцамі цёплыя, “душэўныя” гутаркі. “Ну, як справы? Як кормяць? Ці атрымліваеце лісты з дому?” Адказвалі ім суха і пахмурна — гэтых ветлівых афіцэраў не паважалі й ня дужа баяліся (ня тое, што крыклівых мацюгальшчыкаў, сваіх камандзіраў), моўчкі, без пытаньняў слухалі іх таропкі аповед пра міжнароднае становішча ды задачы, пастаўленыя ў апошнім загадзе таварыша Сталіна. Пасьля на батарэі і ў роты прыходзілі палітработнікі рангам ніжэйшыя, паклікаўшы каго-небудзь у закуток, прапаноўвалі ўступіць у партыю. Адмаўляцца было не прынята, ды й навошта? Якая розьніца байцу, як гінуць — беспартыйным ці членам ВКП(б)? Сышоўшыся дзе-небудзь за пагоркам на чарговы партсход, адзінадушна галасавалі і праз тыдзень-другі выдавалі кандыдацкую картку. Партыйнасьць, вядома, мала што мяняла ў становішчы байца — калі заставаўся ў страі, прысвойвалі званьне малодшага сяржанта ды перад наступленьнем давалі заданьне крычаць у ланцугу “За Радзіму, за Сталіна!”
Насамрэч, можа, крычалі, а можа, і не. Легенда пра той баявы кліч мае больш прапагандавае паходжаньне і перавандравала, вядома ж, са старонак вайсковага друку. У няспынных грымотах бою, сярод выбухаў і кулямётна-аўтаматнай страляніны цяжка было ўчуць уласны голас, ня тое што нейчы недарэчны, мала адпаведны абставінам, мітынговы крык. Не чуваць было нават звыклага для славянскага вуха “ўра”, якое сапраўды крычалі ў адпаведныя моманты бою. Пасьля якой-небудзь няўдачы, калі пачынаўся “разбор палётаў” ды пошукі вінаватых, палітработнікі звычайна дапытваліся ў падначаленых: чаму не было заклікаў? Ім звычайна адказвалі: “Крычалі, далібог! Хіба ня чулі?” Мабыць, ня чулі, таму што ззаду ня надта чуваць. I далёка ня ўсё відаць.
Камандзірская іерархія на фронце мела выразную субардынацыйную пабудову — ад фронту ў тыл. Чым далей ад фронту, тым вышэйшыя чыны, у якіх, як вядома, тым болей розуму і ўлады. За пятнаццаць-дваццаць кілямэтраў ад перадавой усе тылавыя населеныя пункты, ляскі, раўчукі былі забітыя вайсковымі штабамі, аддзеламі і ўстановамі зь дзясяткамі і сотнямі старэйшых афіцэраў, якія штосьці рабілі — пісалі, званілі, раіліся, узгаднялі, што патрабавала вялізнае колькасьці транспарту, сродкаў сувязі. У той жа час на перадавой пад агнём варушылася ў полі жменька змораных, галодных васямнаццаці- і дваццацігадовых хлапцоў. Яны наступалі. Ад іх здольнасьці, патрыятызму і самаадданасьці залежаў посьпех наступленьня і ў канчатковым выніку — вайсковая кар'ера тых, хто атабарыўся ў тыле. Асабліва ў далёкім тыле. Генэралы і старэйшыя афіцэры, як гэта й прынята ў кожнай арміі, усё ж кіравалі ня войскам, а зноў жа генэраламі і афіцэрамі, што стаялі ад іх на прыступку ніжэй — так было зручней ва ўсіх адносінах. Найбольш сумленныя і разумныя гэта рабілі так, што, неяк задавальняючы вышэйшае камандаваньне, імкнуліся ня надта прыгнятаць падначаленых, падтрымліваючы тым рэпутацыю справядлівых начальнікаў. Але гэткая манера была хутчэй выключэньнем з правіла, правілам былі поўная пакорлівасьць перад начальствам і бязьлітасная жорсткасьць у адносінах да падначаленых. Менавіта такім чынам у вайну зрабілі кар'еру тысячы. Ступень патрабавальнасьці — вось тое галоўнае, што вызначала палкаводчую кар'еру самых выдатных ваеначальнікаў сталінскай школы. Памятаю выпадак, калі пасьля вайны судзілі афіцэра, надта заслужанага, на ўсе грудзі ўзнагароджанага палкоўніка, камандзіра гвардзейскага стралковага палка. Гэты палкоўнік ваяваў з чужым прозьвішчам, з дакумэнтамі сапраўднага камандзіра палка, у якога служыў ардынарцам і які загінуў. На судзе яму задалі пытаньне: “Чаму вы, ня маючы вайсковай адукацыі, будучы толькі сяржантам, адважыліся на такую афэру, падпарадкавалі сабе сотні людзей? Як вы імі камандавалі?” “Вельмі проста, — адказваў былы сяржант. — Атрымаўшы зьверху загад, выклікаю камандзіраў батальёнаў і так накручваю ім хвасты, што кідаюцца выконваць, бы ўгарэлыя”. Мабыць, някепска “накручваў хвасты”, калі атрымаў за вайну ў дадатак да двух незаконна прысвоеных яшчэ чатыры па праву заслужаныя ордэны. Сапраўды, гэты выдатна засвоіў сталінскую навуку перамагаць.
Існуе шырока распаўсюджаны міф пра тое, што няўдачы першага пэрыяду вайны выкліканыя, апроч іншага, перадваеннымі рэпрэсіямі сярод вышэйшага камандаваньня Чырвонай Арміі. Вядома, рэпрэсіі заўжды зло ва ўсіх адносінах, але ці так ужо яны адбіліся на баяздольнасьці арміі? Рэпрэсавалі ж ня ўсіх, самыя знакамітыя ацалелі і ўзначалілі войска. Але як яны праявілі сябе ў гэтай вайне? Ужо першыя месяцы паказалі поўную іх няздольнасьць кіраваць войскамі ва ўмовах фашысцкай агрэсіі, супрацьстаяць высокатэхнічнай эўрапейскай арміі, якой зьяўляўся вэрмахт. Хутка на палкаводчыя пасады заканамерна вылучыліся іншыя камандзіры, якія нядаўна яшчэ займалі невялікія ці сярэднія пасады ў палках, брыгадах, дывізіях. Менавіта яны хутчэй за сваіх знакамітых начальнікаў навучыліся ваяваць у новых умовах, і, як ні дзіўна, менавіта на іхным вопыце чаму-колечы навучыўся Сталін. Можа быць, упершыню ў савецкай рэчаіснасьці ідэалягічныя ўстаноўкі былі адкінутыя, і ў пэўных вайсковых пытаньнях перамагла голая лёгіка. Адным з самых лягічных актаў было скасаваньне інстытуту вайсковых камісараў, гэтага абсалютна непатрэбнага камандзірскага дубля ў арміі. Зрабіць так вымусілі Сталіна ня толькі пэўныя адносіны з саюзьнікамі (ліквідацыя Камінтэрну), але й велізарны дэфіцыт камандзірскіх кадраў, што ўтварыўся пасьля катастрафічных няўдач пачатковага пэрыяду вайны. Амаль пры ўсіх навучальных вайсковых установах была арганізаваная тэрміновая перападрыхтоўка палітработнікаў на страявых камандзіраў. Зрэшты, перакаваць усіх учарашніх камісараў на страевікоў ня мог нават сам Сталін, пэўная частка іх была пакінутая ў войску ў якасьці намесьнікаў па палітчасьці — у баявых умовах абсалютна недарэчных, яшчэ неяк цярпімых у пяхоце, але зусім абсурдных у іншых, спэцыяльных родах войска, дзе, апроч правядзеньня палітінфармацыі ды выпуску “баявых лісткоў”, патрэбныя яшчэ й спэцыяльныя веды, пра якія нампаліты мелі даволі цьмянае ўяўленьне. Уся іх дзейнасьць на фронце вычэрпвалася прымітыўнай агітацыяй ды дубляжом камандзірскіх рашэньняў, што, аднак, не перашкодзіла ім пасьля вайны прыпісаць сабе галоўную заслугу ў дасягненьні перамогі над “зьлейшым і каварным ворагам”.
На палавіне вайны ваяваць збольшага навучыліся; навучыліся таксама хітраваць, вадзіць за нос начальства. Мабыць, без таго ды іншага пражыць на вайне было немагчыма. Запомніўся выпадак пры наступленьні, калі мой гарматны разьлік апынуўся побач з варонкай, у якой сядзеў камандзір батальёна капітан Андрэеў. Гэты ня надта зухавы, штацкага выгляду камбат на вайне зорак зь неба не хапаў, хоць увогуле ваяваў ня горш за іншых. Седзячы ў варонцы з ардынарцамі і сувязістамі, ён кіраваў боем за недалёкую вёску. Справа наступалі суседзі. Камандзір палка няспынна патрабаваў па тэлефоне дакладаў, і Андрэеў, глытаючы нешта з пляшкі, бадзёра дакладваў: “Прасоўваюся пасьпяхова... Спрабую зачапіцца за паўночную ўскраіну... Ужо зачапіўся... Зьбіваю баявы заслон...” Ягоныя роты, між тым, спакойна ляжалі сабе наперадзе ў полі пад рэдкім мінамётным агнём зь сяла, і я думаў: як жа ён апраўдаецца, калі раптам сюды завітае камандзір палка? Але, мабыць, камбат лепей за мяне ведаў звычаі камандзіра палка і не баяўся ягонага хуткага візыту ў батальён. А надвячоркам недзе прасунуліся суседнія батальёны, і немцы пакінулі паўночную ўскраіну вёскі, якую спрытненька заняў батальён Андрэева. Як сьцямнелася, камбат сустракаў камандзіра палка і бадзёра дакладваў пра ўдалую атаку, якой не было. Але камандзір палка, здаецца, быў задаволены. Напэўна, я так думаю, ён падобным чынам дакладваў вышэй, у дывізію, а адтуль дакладвалі ў корпус. Такі быў няпісаны парадак, які задавальняў усіх. А ўвогуле, гэта было больш сумленна і разумна, чым па безгаловай камандзе атакаваць моцнага праціўніка, трупамі ўкладваючы поле. Ведама, у маральных адносінах учынак камбата выглядаў не бездакорным, але ў вайсковых умовах, мабыць, было не да маралі. Заплянаваная ў вышэйшых штабах апэрацыя нярэдка прымяркоўвалася да канкрэтных тэрмінаў (гадавіны Кастрычніка, Дня Чырвонай Арміі, дня нараджэньня таварыша Сталіна, іншых знамянальных датаў), і большую частку часу, адведзенага на яе падрыхтоўку, выдаткоўвалі тыя, хто яе распрацоўваў. Значна меншая частка заставалася для непасрэдных выканаўцаў. Батальёну Андрэева перапала апошняя ноч, ды й тая занятая перадысьлякацыяй, і толькі за гадзіну да атакі камбат атрымаў магчымасьць зірнуць на поле бою, дзе яму належала перамагчы ці памерці. Ды яшчэ без падтрымкі танкаў, з хліпкім артылерыйскім забесьпячэньнем.
Ведама, такога роду авантуры не былі надта бясьпечныя. Хоць у баявых умовах шмат што можна было ўтаіць; тыя, каго трэба было баяцца, ня дужа імкнуліся паяўляцца на перадавой. Але ў выпадку адводу ў тыл, у другі эшалён ці на перафармоўку, пра ўсё рабілася вядома, утаіць што-колечы крамольнае практычна было немагчыма. Адразу ж у падразьдзяленьнях пачыналіся начныя кантакты з “кумам”, упаўнаважаным асобага аддзелу (пасьля пераназванага ў контрразьведку “сьмерш”), у выніку якіх камандаваньню рабілася вядома пра ўсё, што адбывалася ў апошніх баях, усе хітраваньні камандзіраў. Упаўнаважаныя “сьмерша” валодалі магутнай нябачнай уладай, ад іх прыхільнасьці залежалі лёс і службовая кар'ера камандзіраў. Тыя з камандзіраў, якія ў свой час не асьцерагліся палону (хоць бы на колькі дзён) або акружэньня, зь якога вырваліся са зброяй у руках, былі пад асаблівым наглядам органаў. Звычайна яны вымушаныя былі паводзіць сябе ніжэй травы і цішэй вады, ва ўсім дагаджаючы ня толькі начальнікам, але й сваім падначаленым. Іначай была рэальная рызыка страціць ня толькі пагоны, але й апынуцца ў штурмбаце, зь якога хіба што некаторыя выйшлі пасьля адбыцьця тэрміну (адзін месяц) ці пасьля раненьня. Другой катэгорыяй павышанай рызыкі былі афіцэры якраз іншага характару — адкрытыя, сьмелыя ваякі, у выніку чаго пры вольных размовах, асабліва за чаркай, дазвалялі сабе нестандартныя выказваньні пра даваеннае жыцьцё, нямецкую тактыку або пра НКВД. У хуткім часе такі чалавек зьнікаў назаўсёды.
Немалую шкоду афіцэрскаму саставу нанёс славуты загад Галоўнакамандуючага нумар 227, вядомы ў войску пад дэвізам “Ні кроку назад”. Улетку 1942 году, імкнучыся пераканаць сябе ды ўласнае камандаваньне ў недапушчэньні далейшага адступленьня на ўсход, Сталін усю строгасьць выкананьня гэтага імпэратыву пераклаў на франтавых камандзіраў сярэдняга й ніжэйшага зьвяна, якія адступалі, хіба што страціўшы магчымыя сродкі да абароны. Шмат хто зь іх паплаціўся за тое жыцьцём. Зь першых жа дзён аб'яўленьня загаду пачалося дзікае паляваньне на тых, хто адступіў без загаду. Імі аказаліся, напрыклад, нейкі камандзір палка, якому спазьніліся перадаць загад абараняць пэўны рубеж; камандзір батальёна, што не пасьпеў за кароткую летнюю ноч заняць прызначаныя яму пазыцыі, а раніцай трапіў пад разгромны ўдар нямецкай авіяцыі; малодшы лейтэнант, які камандаваў мінамётнай ротай ды заблукаў у бязьлюдным стэпе. Трыбуналы тае пары працавалі з поўнай нагрузкай. Ад вышэйшых штабоў няспынна патрабавалі зьвестак аб колькасьці расстраляных за суткі, за тыдзень і дэкаду, асобна па катэгорыях — старэйшых і малодшых афіцэраў, камуністаў і беспартыйных, па сацпаходжаньні і нацыянальным складзе. Такога роду паказчыкі зьяўляліся, апроч іншага, і падставай для ўзнагароджаньня афіцэраў карных органаў, шмат якія за гады вайны і былі шчодра ўзнагароджаныя. Цяпер тыя людзі — героі нароўні зь іншымі, несумненнымі героямі, і мала хто здагадваецца, якім чынам заслужаныя іхныя ўзнагароды. Асабліва прыкрытыя распаўсюджанай цяпер міфалягемай: прайшлі вайну “ад званка да званка”. У “сьмершы” ці ў трыбунале можна было пасьпяхова прайсьці не адну вайну...
Вайсковыя газэты тае пары, малыя і большыя, зьяўляліся адно сродкам палітычнай прапаганды, разьлічанай на самага масавага і прымітыўнага чытача. Штодзённыя зводкі Інфармбюро — вось адзіны элемэнт іхнай інфармацыйнасьці, у якіх, аднак, старанна шыфравалася ўся геаграфія баявых дзеяньняў, усе назовы часьцей і падразьдзяленьняў. Стандартныя баявыя прыклады для перайманьня, эпізоды баёў на ўзроўні роты-батальёна, прапагандавыя выступленьні штатных палітработнікаў у духу выхаваньня “навукі нянавісьці”, прыдуманыя “клятвы” байцоў, “не шкадуючы жыцьця, біць азьвярэлага ворага”. Шырока прапагандавалася ахвярная героіка абароны і хоць бы невялічкія посьпехі наступленьня. У выпадку няўдачы выкарыстоўваўся суцяшальны стэрэатып накшталт таго, што немцы плянавалі захапіць горад К. учора, але слаўныя абаронцы сарвалі каварныя пляны ворага, якому ўдалося заняць К. толькі сёньня. У выпадку ўдачы прыводзіліся заўжды яўна завышаныя лічбы стратаў праціўніка і падрабязны пералік трафэяў: вінтовак, гармат, кулямётаў, аўтамашын, коней, фурманак... Нашыя страты ўтойваліся. Фатаграфіяў забітых з нашага боку газэты не друкавалі да канца вайны, вайсковым фотакарэспандэнтам здымаць целы забітых савецкіх воінаў катэгарычна забаранялася. Праца вайсковых карэспандэнтаў, як пісаў яшчэ ў гады вайны сам вайсковы карэспандэнт Аляксандар Твардоўскі, вельмі нагадвала таго добрасардэчнага гультая, які, назіраючы, як сякуць дровы, старанна “хакаў”, наіўна думаючы, што тым памагае дрывасекам.
Наступалі, як заўжды, перамагаючы ня так уменьнем, як колькаснай перавагай, галоўным чынам у жывой сіле, справіцца зь якой не маглі ўжо і немцы. Нямецкі генэрал і ваенны гісторык Ціпельскірх пісаў, што, калі суадносіны сілаў на фронце склалі 1:10 на карысьць рускіх, стала зразумела, што вайна прайграная. I сапраўды, да сорак чацьвертага году на поўную магутнасьць запрацавала вайсковая прамысловасьць, на фронт няспынным патокам пайшлі ня толькі людзкія папаўненьні, але і ўзбраеньне, тэхніка, боепрыпасы. Вельмі дапамагалі саюзьнікі, асабліва ЗША, іх славутыя пастаўкі па ленд-лізу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амэрыканскіх аўтамабіляў — “фордаў”, “шэўрале”, “студэбэкераў”, “доджаў”, “вілісаў”. Нашмат горш было з прадуктамі харчаваньня, хлебам; нярэдка арміі, і нават франты, харчаваліся ў літаральным сэнсе з падножнага корму. У канцы 1943 году I Украінскі і I Беларускі франты апынуліся бяз хлеба і змушаныя былі раскопваць у Сумскай вобласьці няўбранае ўлетку, завеянае сьнегам жыта, сушыць яго, абмалочваць і з таго пячы хлеб, карміць войска. Пры падрыхтоўцы Яса-Кішынёўскай апэрацыі харчовая праблема вырашалася больш простым спосабам: зь пятнаццацікілямэтровай прыфрантавой паласы былі выселеныя ўсе малдаўскія сёлы, харчовыя запасы якіх рэквізаваліся для двух Украінскіх франтоў. Чыгуначны ды іншы транспарт на той час вазіў выключна боепрыпасы і зброю для будучых апэрацыяў.
Вайна дарэшты разбурыла эканоміку эўрапейскай часткі СССР. Гарады ляжалі ў руінах, калгасная сельская гаспадарка была зусім дабітая баявымі дзеяньнямі войска — сьпярша пры ягоным руху на ўсход, а затым — на захад. Галодная Ўкраіна не магла пракарміць шматмільённыя арміі, што прыйшлі на яе зямлю, самі сяляне звыкла і даўно галадалі. Франтавікі харчаваліся небагатым пайком, што складалі кавалак чорнага (з сурагатамі) хлеба, паўкацялка пярловага супу, лыжка пярловай ці пшоннай кашы або вэрмішэлі. Упершыню мы наеліся толькі за межамі роднай краіны, на зямлі, ня толькі не разбуранай вайною, але й не кранутай калгаснай сыстэмай. Для тых, хто ваяваў на поўдні, такой краінай стала Малдавія. Белы хлеб, мяса, сыр, брынза, садавіна, віно... Нібы задоўжанае сьвята пасьля мноства галодных гадоў. Але сьвята ўсё ж скончылася. Чатыры месяцы стаяньня ў абароне вялізнай колькасьці войска панішчылі ўсё харчовае багацьце гэтай краіны. Пасьля таго, як мы пайшлі далей на захад увосені сорак чацьвертага году, яна засталася такой жа разбуранай і аб'едзенай, як і ўсе папярэднія.
Затое чарговы прыемны сюрпрыз паднесла нам Вэнгрыя зь яе па-эўрапейску высокай бытавой культурай, не па ваенных гадах харчовым багацьцем, надзіва рацыянальна арганізаванай сельскай гаспадаркай. Войскі адразу ж перайшлі на самазабесьпячэньне, на багаты й даступны “падножны” корм. Зьдзіўляла таксама цярпімасьць і гасьціннасьць насельніцтва Вэнгрыі, армія якой фактычна ваявала на баку Нямеччыны. А між тым не запомніўся ніводны выпадак адкрытай варожасьці ці сабатажу ў адносінах да “гасьцей з усходу”, усюды мы сустракалі калі ня радасьць, дык стрыманае разуменьне агульнай бяды, якую абрынуў на нас нямецкі фашызм і ў лягеры якога так ці інакш апынулася Вэнгрыя. Жыцьцё гэтага эўрапейскага буржуазнага грамадзтва надта ж не стасавалася з тым, што мы пра яго чулі ад прапагандыстаў-палітрукоў, і тыя з нас, што былі старэйшыя гадамі і разумнейшыя, заклапочана хмурыліся ад убачанага; маладым жа давялося задумацца пра тое пазьней.
Як пачаліся наступальныя апэрацыі Чырвонай Арміі, дык у войску паявілася ўсё большая цяга да баявых трафэяў. Прызвычаеныя да ўмоваў франтавога аскетызму, мы ўбачылі, што нямецкаму войску ўласьцівыя некалькі іншыя бытавыя стандарты, і што ў пакінутых імі акопах (таксама як і ў палонных) можна чым-колечы пажывіцца. Перш за ўсё тым, што патрэбна салдату на кожны дзень. Нарасхват ішлі добрыя салдацкія боты (замест нашых чаравікаў з абмоткамі), цьвярдыя дзягі са спражкамі, зь якіх звычайна выпілоўвалі ненавісную свастыку, скураныя сумкі, коўдры, камуфляжныя плашч-накідкі. Як заўжды, папулярнымі былі гадзіньнікі, электраліхтарыкі, запальнічкі і розная папяровая драбяза — паперы ж ні для лістоў, ні для цыгарак на фронце не давалі. Апроч таго, здаралася, што захоплівалі харчовыя склады з рознай правізіяй: шакалядам, кансэрвамі, каньяком. Сувязісты стараліся ў наступленьні разжыцца найперш трафэйнымі тэлефоннымі апаратамі і дротам у каляровай плястыкавай абалонцы.
Карысьлівая зацікаўленасьць у трафэях дасягала апагею, як вайна перакацілася ў Эўропу, на тэрыторыю Нямеччыны. Тут пайшло па сутнасьці легальнае рабаўніцтва на ўсіх узроўнях, прытым, зразумела, найбольшая здабыча даставалася тылавікам ды начальству, якое карысталася транспартам. У часьцях былі створаныя і актыўна працавалі трафэйныя каманды. Салдатам і афіцэрам дазвалялася пасылаць пасылкі на абрабаваную радзіму, і начальства звычайна заплюшчвала вочы на тое, што рэчы для іх здабываліся зусім не на полі бою. У гэты час салдацкія рэчмяшкі прыкметна патаўсьцелі ў аб'ёме, таксама як і супрацьгазавыя сумкі, зь якіх даўно ўжо павыкідвалі супрацьгазавыя маскі і клалі болей патрэбныя рэчы: бялізну для жонкі, якіх пару падмётак, а то й кавалак скуры на боты, часам дзіцячы гарнітурчык або адрэз крэпдэшыну на сукенку. У перапынку паміж баямі можна было бачыць, як салдаты, прысеўшы дзе-небудзь на беражку траншэі ці пад зялёнай агароджай, старанна зашываюць у матэрыю свае пасылкі, якія потым старшына адвязе на палявую пошту. Генэралітэт ды іншае начальства свае баявыя трафэі вывозілі звычайна аўтамабільным і чыгуначным транспартам і зьбіралі іх зусім не з падмёткаў і дзіцячых куртачак. Трафэйныя каманды адбіралі для іх пушніну, фарфор, музычныя інструмэнты, мэблю. А то й прамысловае абсталяваньне. Часам узьнікалі кароткія канфлікты, калі падначаленым не ўдавалася ўберагчы ад начальніцкай увагі некаторыя іх каштоўнасьці, што лёгка рабілася чужой здабычай. Зрэшты, канфлікт хутка ўлагоджваўся: пацярпелы бок, у сваю чаргу, кампэнсаваў страту за кошт уласных падначаленых.
У канцы вайны, хоць напружаньне баёў не слабела, а то й мацнела, паявілася надзея выжыць. Ва ўсіх без выключэньня — ад салдата да камандуючага. Гінуць працягвалі штодзень, а то й кожную гадзіну, але з новай магчымасьцю паявіліся і новыя адносіны да вайны. Пачаліся малыя й вялікія, не заўжды прыстойныя хітрыкі на полі бою, ва ўзаемаадносінах з камандзірамі. Сталі нярэдкімі выпадкі, калі зусім бездакорныя раней афіцэры пачалі выяўляць празьмерную засьцярожлівасьць, а то й нерашучасьць, што блізка межавала са злачынствам. Часам гэта кепска канчалася, часам абыходзілася. Нарэшце, было разуменьне, што вайна ўсё сьпіша. I сьпісвала. Усё ж начальніцкая жорсткасьць, уласьцівая першапачатковаму пэрыяду вайны, зьмянілася на пэўную памяркоўнасьць, афіцэры ўжо болей-меней прыцёрліся ва ўзаемаадносінах. Як і заўжды ў войску, самай каштоўнай якасьцю стала паслухмянасьць, гатоўнасьць выканаць усё, што загадана, як гэта і патрабавалася ў кожнай вайсковай ці таталітарнай сыстэме.
Гераізм, як вядома, паважаецца на кожнай вайне, у нас жа ён стаў ці не адзіным рэальным сродкам перамогі, прадметам галоўнага клопату з боку паліторганаў, на прапагандзе якога будавалася ўся іх работа. Вядома ж, на аснове традыцыйнага сацспаборніцтва: паміж байцамі, аддзяленьнямі, ротамі. Хто болей панішчыць немцаў, танкаў ды кулямётаў, прасунецца ў наступленьні. Усё падагульнялася сродкамі прапаганды і статыстыкі, старанна дакумэнтавалася, хоць і зьяўлялася па сутнасьці плёнам палітычнага ўяўленьня. Камандаваньне да папяровай творчасьці сваіх нампалітаў ставілася цярпіма, хіба што з пэўнай іроніяй. Як, зрэшты? і да ўсёй палітпартнадбудовы, вуха зь якой, тым ня менш, трэба было трымаць востра. Усур'ёз камісары дапамагчы наўрад ці маглі, нашкодзіць жа — колькі заўгодна. Страявыя камандзіры тое добра засвоілі яшчэ з даваеннага часу.
Цікава, што ў вэрмахце не было паліторганаў, і быццам бы не было каму натхняць салдатаў як найхутчэй аддаць жыцьцё за радзіму. Гераічных жа прыкладаў там было ня менш, чым у нашай арміі. Як, зрэшты, і ўмельства, баявога майстэрства. Чырвоная Армія за вайну наладзіла немцам адзін буйны, армейскага маштабу “кацёл” — Сталінградзкі, а колькі нашых арміяў зь мільёнамі салдат і камандзіраў скончылі сваё існаваньне ў шматлікіх “катлах” — на Ўкраіне, у Беларусі, у Падмаскоўі. Нават ужо напрыканцы вайны, зімой 1945 году ў Вэнгрыі, немцы амаль разграмілі III Украінскі фронт, што складаўся зь некалькіх арміяў, і толькі наяўнасьць стратэгічных рэзэрваў ды некаторыя выпадковасьці (пайшоў лёд па Дунаі і пабурыў пераправы, тым адрэзаўшы шлях на ўсход) засьцераглі ад разгрому ўсёй балканскай групоўкі Чырвонай Арміі. Шырокавядомыя баявыя рэкорды нашых герояў-лётчыкаў Пакрышкіна і Кажадуба, якія зьбілі за вайну адпаведна 59 і 62 самалёты. Але шмат гадоў мы нічога ня ведалі пра нямецкіх асаў-зьнішчалькаў Хартмана і Баркхорна, якія зьбілі 347 і 301 савецкі самалёт. Усяго ў нямецкай арміі налічвалася каля ста пілётаў, кожны зь якіх зьбіў больш за 100 нашых самалётаў. Ці гэта не нагода для вайсковых гісторыкаў паразважаць пра ступені майстэрства, таксама як і пра якасьць нашай хвалёнай авіятэхнікі?
Каму не вядома, што жыцьцё пехацінца на фронце самае кароткае, звычайна ў пяхоце не затрымліваліся. Тыдзень у наступленьні, месяц у абароне — такі быў максымальны тэрмін для салдата стралковага батальёна, за якім наставаў “земаддзел” або “здраўаддзел”, — як невясёла жартавалі пехацінцы. I калі былі іншыя роды войска, якім таксама даставалася на вайне (танкавыя, сапёрныя войскі, зьнішчальная ды штурмавая авіяцыя), дык іхная дзейнасьць хоць бы варта ацэньвалася. Галоўнай, калі не адзінай такой ацэнкай з боку дзяржавы было ўзнагароджаньне. Іерархія ўзнагародаў, як і сама працэдура ўзнагароджаньня, былі ня так вызначаныя заканадаўча, як складаліся паводле пэўнай самачыннай традыцыі. Ніхто з падначаленых ня мог быць узнагароджаны раней за свайго камандзіра, ніводны начальнік не імкнуўся ўзнагародзіць падначаленага, калі ня быў узнагароджаны сам. Ордэны звычайна разьмяркоўваліся зусім не паводле заслуг, як пра тое прынята меркаваць, а ў залежнасьці ад пасады. Ордэн Чырвонай Зоркі давалі камандзіру ўзвода, Айчыннай вайны другой ступені — камандзіру роты, першую ступень атрымліваў камандзір батальёна, які пад канец вайны заслужыў таксама ордэн Чырвонага Сьцяга, самую, дарэчы, шаноўную з ваенных узнагародаў. А ўвогуле то быў ордэн камандзіраў і палітработнікаў дывізійнага зьвяна ды яшчэ лётчыкаў. Для генэралітэту існавалі шматлікія палкаводчыя ордэны. Даволі дзіўная мэтамарфоза атрымалася з ордэнам Славы, які ўстанавілі ў сярэдзіне вайны выключна як узнагароду сяржантаў і салдат дзейнай арміі. На вайне ён быў ня надта вышэйшы за папулярны салдацкі мэдаль “За адвагу”. Але ў шасьцідзясятыя гады, з ініцыятывы Канстанціна Сіманава, які зьняў дакумэнтальны фільм пра кавалераў гэтага ордэна, апошні дзіўнаватым чынам апынуўся прыроўненым да Залатой Зоркі Героя і ў гэткім статусе застаецца й цяпер. Зрэшты, наогул цяжка было зразумець пэўную лёгіку ў справе ўзнагародаў, колькасьць якіх у брэжнеўскі час дасягнула сотні, а то й болей. Кошт іх пасьля рэзка ўпаў, і, мабыць, не засталося старэйшага грамадзяніна, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам — за вайну ці за працу. I не якой-небудзь “Працоўнай Славай”, а і палкаводчым ордэнам Леніна — здаецца, самай высокай з усіх нядаўніх узнагародаў. Старанная даярка ў перадавым калгасе мела гэтых ордэнаў болей, чым нават славуты з часу вайны маршал. Недарэчны статус ордэна Леніна дазваляў узнагароджваць ім усіх — ад даяркі да маршала і міністра. Толькі салдату на фронце ён быў недаступны, у салдата не хапала ніякай крыві яго заслужыць. Насуперак папулярнай думцы, на вайне наогул узнагароджвалі ня так і часта. Для многіх салдат, што скончылі вайну, пераможны мэдалёк аказаўся адзінай вайсковай узнагародай, усе астатнія — пазьнейшага, юбілейнага паходжаньня. Сьпярша за кожны ордэн плацілі невялікую суму (на курава), якая неўзабаве пасьля вайны была адмененая, зразумела, “паводле хадайніцтва працоўных”. Бальшавікі, як вядома, выдатна ўмелі арганізоўваць такія “хадайніцтвы”.
Вайна была даўно, за паўстагодзьдзя вырасьлі новыя пакаленьні. Шкада, аднак, што людзкая памяць пра яе ня толькі скарачаецца ў сваіх магчымасьцях, але й падмяняецца нібы якой антыпамяцьцю, актыўна капітулюючы перад прапагандавымі старэатыпамі. Мы перамаглі лютага ворага — нямецкі фашызм, але ці маем мы права забывацца пра кошт нашай перамогі? I якія яе сапраўдныя мэты — ці толькі разгром фашызму? Што мы прынесьлі на сваіх штыхах вызваленым народам Эўропы? Наколькі ашчасьлівілі палякаў, чэхаў, славакаў, вэнграў, румынаў, балгар і югаславаў, якія й дагэтуль ня могуць выграбціся з выкапанага для іх рова сацыялістычнага шчасьця? Праз паўстагодзьдзя пасьля нашай перамогі, можа, варта задаць сабе элемэнтарнае пытаньне: што мы маем ад той нашай перамогі? Вось немцы, напрыклад, не перамаглі, не перамаглі таксама італьянцы і японцы — стрывалі грандыёзныя нацыянальныя катастрофы. Але з тых катастрофаў яны зрабілі пэўныя высновы і ў выніку так добраўпарадкавалі сваё жыцьцё, як нам не ўпарадкаваць яго ніколі. Значыцца, ці такая адназначная для нас наша гістарычная перамога? Можа, тоіцца ў ёй штосьці і яшчэ, болей для нас важнае? Ці гэта Ўладар сусьвету так адмыслова разьмеркаваў сваю боскую міласьць: каму пустазвонства перамогі, а каму камфортнае жыцьцё? Каб усё па справядлівасьці, як таго і патрабуе мілы для нашых сэрцаў сацыялістычны прынцып разьмеркаваньня зямнога шчасьця.
Чым болей часу мінае з памятнага траўня 1945 году, тым болей пытаньняў ставіць мінулая вайна. Абясцэньваюцца шмат якія зь нядаўных каштоўнасьцяў, узьнікаюць новыя. Маладым пакаленьням здаецца, што для іх настаў час, не зьвязаны з праклятым мінулым, якое стала заслужаным лёсам іхных бацькоў і дзядоў. Але пачакаем з высновамі. Усё ж шмат што ў сьвеце зьвязанае моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугія вузлы якой, ня надта пасунесься ў Інчасьлівую будучыню. Хоць гісторыя, як вядома, нічому ня вучыць, але й вучыцца ў сябе нікому не забараняе. Таму, вядома, хто хоча, чаму-небудзь навучыцца. Для іншых яна — непатрэбная рэч. У тым ліку і гісторыя мінулай і крывавай вайны.



ПАКАХАЙ МЯНЕ, САЛДАЦІК

Аповесьць

Вайна шпарка кацілася пад адхон, днямі быў узяты Бэрлін, а мы ўперліся ў нямецкі абарончы рубеж за невялікім аўстрыйскім гарадком і трэці дзень стаялі на месцы. Немцы часам пастрэльвалі з гарматаў і мінамётаў, і тады сярод ладных, вастраверхіх дамкоў гахалі выбухі, і ўшчэнт разьлятаўся наўкола чырвоны друз чарапіцы. Каб ня той даховачны ды цагляны друз, якім быў закіданы асфальт, было б дужа здатна каціць на ровары, асабліва ад павароткі ўніз да паўразьбітай дамоўкі на рагу, за якой ля рэчкі стаялі акапаныя гарматы. Увогуле было небясьпечна, маглі і падстрэліць, хоць кулі зь недалёкага “перадку” сюды не даляталі. Але каб ня міны. Ад мін, гэтага нямецкага пачварства, схову на перадавой не было нідзе — ні ў полі, ні ў лесе, ні ў горадзе. Хіба ў зямлі. Але ў зямлі ўжо не сядзелася — наседзеліся за вайну. А тут буяла вясна, напоўніцу зелянела абсыпаная жоўтымі казяльцамі трава на пустцы, у гародчыках пры дамках зацьвітаў бэз, удзень прыгравала сонца. На душы павальнела, нават штосьці зарадавалася ўнутры ў няпэўным прадчуваньні маладой бяздумнай удачы. Асабліва, калі табе трошкі за дваццаць, і ўпершыню за вайну зьявілася спадзяванка выжыць. Ды сёньня трапіўся пад рукі спраўны ровар, на якім не катаўся зь дзяцінства.
З-за асьнежаных хрыбцінаў гор выбавілася ў неба ранішняе сонца, сьляпучымі промнямі нечакана ўдарыла з-за павароткі ля рога шырокага, паўразьбітага выбухам дому. На момант дарога пахіснулася, кола незнарок валюхнула ўбок, і я з добрага разгону грымнуўся на асфальт. Яшчэ аж праехаў колькі крокаў бокам. Перамагаючы боль у калене, падняў галаву і тады ўбачыў людзей. Блізка прыткнуты да ўцалелай сьцяны дамка, стаяў камандзірскі “віліс”, зь ім побач — трафэйны “хорх”, і застыла купка афіцэраў, якія зьдзіўлена ўтаропіліся ў мяне. Вядома, то было начальства. (“I калі іх прынесла сюды?” — няўцямна падумаў я.) Ціха мацюкнуўшыся на іх і на сябе таксама, пачаў нязграбна ўставаць. Надта сьпяшацца ўжо ня мела сэнсу, я выразна адчуваў, што ўліп, і рыхтаваўся па магчымасьці перажыць малапрыемную сустрэчу.
— Паглядзіце на яго! — прагучала тонам, які не абяцаў нічога добрага. — Мабыць, для яго вайна ўжо скончылася! Ён ужо гатовы зламаць сабе галаву на дарозе!..
На маю бяду, то быў сам камандзір нашай супрацьтанкавай брыгады — камлюкаваты, з бычынай шыяй палкоўнік, адмысловы крыкун і мацюгальшчык. У брыгадзе яго і любілі, і баяліся. Болей, аднак, баяліся, бо, сустрэўшыся зь ім адзін раз, сустракацца другі ня надта хацелася. Іншыя ля машын маўчалі. Паставіўшы нагу на бампэр “віліса”, углядаўся ў разасланую на капоце карту знаёмы падпалкоўнік са штабу брыгады, ля яго стаяў нейкі маёр у фуражцы колеру хакі. Гэты, апошні, з паблажлівай, староньняй ухмылкай назіраў за маёй нявыкруткай.
— Вінават, — прамычэў я, моршчачыся ад болю ў пабітым калене. Рукаў гімнасьцёркі быў здорава разадраны на локці, і я трохі павярнуў ровар, каб стаць да іх бокам.
— Дзе тваё падразьдзяленьне, лейтэнант? — вызьверыўся камбрыг.
— Вунь гарматы, — нечакана тонкім голасам сказаў я, кіўнуўшы на свой гарматны разьлік, што туліўся праз сотню крокаў ля рэчкі. I тады зьніякавеў яшчэ болей: мае салдаты, выцягнуўшы шыі, як адзін, зь цікавасьцю ўзіраліся ў свайго небараку-ўзводнага, які нечакана трапіў у пераплёт.
— Чый ровар? Крадзены?
— Ніяк не. Трафэйны.
— Які трафэйны? Ты што, яго ў баі ўзяў? — разьюшыўся камбрыг. Яго з гатоўнасьцю падтрымаў падпалкоўнік:
— Тыповы прыклад грабяжу транспартных сродкаў. Ёсьць жа пастанова ваеннага савету, якую належыць строга выконваць.
— Мне грабежнікі непатрэбныя! — адрэзаў камбрыг. — Зараз жа вярнуць ровар. Туды, дзе ўзялі!
— Ёсьць! — паныла вымавіў я, аднак, з палёгкай ад таго, што размова, здаецца, сканчалася. Кульгаючы, з роварам у руках я пабрыў уздоўж дашчатай агароджы лесапільні да агнявой пазыцыі майго ўзвода.
Дзе ўзялі гэты ровар, я ведаў. Учора наш батарэйны санінструктар Пятрушын, калі салдаты акопвалі гарматы, пабегаў па навакольлі, як гэта ён заўсёды рабіў на новым месцы, і з бліжняга катэджа за рэчкай прывалок гэты ровар. Сам паезьдзіў нядоўга, мабыць, вучыўся, некалькі разоў упаў і страціў да ровара цікавасьць. Учора на ім нядоўга пакаталіся хлопцы з гарматнага разьліку, а раніцай узяў я.
З роварам у руках я датэпаў да недалёкай агнявой пазыцыі. На станіне 76-мілімэтровай гарматы сядзеў наводчык Сьцяпанаў, дыміў вялізнаю цыгаркаю з махоркі. Іншыя два сядзелі на броўцы побач. Камандзір гармат сяржант Мядзьведзеў спаў пад палаткай за бруствэрам. Правільны Кананок, самотна пазіраючы ў тыл, жаваў кавалак хлеба. Яны чакалі сьняданак, які прыносілі з батарэйнай кухні. Яшчэ на сьвітаньні туды пайшлі два з кацялкамі, ды штось не вярталіся: мусіць, якая няўпраўка ў старшыны. Было ціха, наперадзе ў гарадку пакуль не стралялі, мабыць, немцы таксама сьнедалі. Батарэя ўжо каторы дзень стаяла ззаду за пяхотай, агню не вяла, чакала прарыву нямецкіх танкаў. Але, мабыць, цяпер, напрыканцы вайны, немцам было не да прарыву — хоць бы як стрымаць нашыя прарывы. Начальства, вядома, разумела тое, але ўсё роўна рабіла, як патрабавала вайсковая навука — вядома, дзеля перасьцярогі, каб чаго ня выйшла. Але ўжо пэўна нічога ня выйдзе — немцы ўжо ня тыя, што ў ранейшыя гады, і нават у ранейшыя месяцы. Як чатыры месяцы таму пад Балатонам, калі яны задалі нам клопату. Прарвалі фронт і гналі аж да Дунаю. Тады наш полк страціў усе гарматы і мноства людзей. Рэшта даваёўвае ў пяхоце.
— Кананок, — паклікаў я маладога салдата. — Адвядзі ровар. Вунь у той дом.
Кананок, як заўжды, сьпярша ніякавата заўсьміхаўся, зірнуў на ладны катэдж пад гарой, за бурліваю горнай рачулкай.
— Нішто сабе дамок! Палац.
Ну, не палац, канечне, але катэдж сапраўды быў спраўны, — каменны, двухпавярховы, з абведзенымі белаю фарбай высокімі вокнамі. Каля ўваходу расьлі дзьве старыя елкі, а па гранітнай сьцяне распаўзлася густая крапанка плюшчу, які спазьнела зелянеў першай дробнай лістотай. Уздоўж рачнога берагу відаць была невысокая драцяная агароджа. Ззаду між дамоўкай і стромкай скалой высіліся старыя дрэвы, з куп'я якіх выглядваў чырвоны дах, завершаны невялічкаю, пад зялёным каўпаком, вежаю. Мусіць, гаспадарыў там ня бедны аўстрыец.
Я прысеў на снарадную скрынку між станін, а Кананок цераз вузкі драўляны масток над рачулкай пакаціў ровар. За рэчкай ён прыпыніўся каля, мусіць, зачыненай брамкі, нешта гукнуў. I тады зь дзьвярэй паказалася постаць нейкае дробненькай жанчынкі ў вузкіх штоніках, яна рухава наблізілася да брамкі і ўзялася адмыкаць дзьверцы. Кананок, відаць было, загаманіў штось, і яна, падобна, адказала. Хвіліну яны там быццам перагаворваліся, але адсюль не было чутна, пра што. Хаця пра што мог гаварыць Кананок, які наўрад ці ведаў хоць бы дзясятак словаў па-нямецку.
— Ты глядзі! — зайздросна вымавіў ззаду Сьцяпанаў. — Наш Кананок ужо немачку палюе. Ужо дамаўляецца...
— Ня немачку — мабыць, аўстрыйку. Але праўда, спрытная дзяўчына, — высунуўся з раўка чарнавусы тэлефаніст Муха.
Мабыць, і праўда. Нават здаля дзяўчына выглядала зграбнай — асабліва сваёй хлапчуковай постацяй, рухавай і невялічкай, і ўжо тым захапіла салдацкую ўвагу артылерыстаў. Яна пераняла ў Кананка ровар, лёгенька крутнуўшы галавой, адкінула назад пасму коратка пастрыжаных валасоў і павярнулася да дзьвярэй у катэдж. Кананок, аднак, усё гукаў да яе нешта, і яна, прыпыняючыся, адказвала, пакуль ня зьнікла за елкамі. Салдат трохі пастаяў яшчэ, а пасьля, усё азіраючыся, пайшоў цераз масток да агнявой пазыцыі.
Я зірнуў назад, на дарогу, — “віліс” усё стаяў пад сьцяной разьбітага дому. Афіцэры схіліліся над ягоным капотам, над разасланай картай; мабыць, яны ўжо страцілі да мяне ўвагу. Ды ня ўсе. Адзін з-за сьпінаў іншых усё ж разы два зірнуў у наш бок — ці ня той лагодны маёр, падумалася мне. Але ў той час у раўку зазумерыў тэлефон, і тэлефаніст Муха паклікаў:
— Камбат, таварыш лейтэнант!
Я скочыў у равок, узяў трубку. Камбат пытаўся, колькі ў мяне снарадаў — асобна бранябойных, асобна асколачных. Я сказаў, што трэба падлічыць, тады далажу. Нібы між іншым камбат папярэдзіў:
— Там недзе першы ля вас. I асабіст.
— Ужо бачу. Стаяць на дарозе.
— Як паедуць, зьвякні — куды?
Я паклаў слухаўку і вылез з раўка. Машыны былі на ранейшым месцы, але афіцэры там, відаць было, заварушыліся, перасталі разглядваць карту. I той лагодны маёр у фуражцы ўжо не пазіраў сюды. Значыць, гэта й ёсьць наш брыгадны асабіст, упаўнаважаны страхавітага “сьмерша” (сьмерць шпіёнам). Дагэтуль я нідзе ня бачыў яго, ці, можа, ён у брыгадзе нядаўна? Нашага палкавога “сьмершаўца” усе добра ведалі, той заўжды тоўкся на батарэях, асабліва на маршах ці на фармоўках, любіў пасядзець з афіцэрамі ў вольны час ды з чаркай. I яшчэ быў вялікі аматар сьпеваў — хоць “Распрагайце, хлопцы, коней”, хоць “На позицию девушка провожала бойца”. Казалі, у полк прыехаў з Далёкага Ўсходу і ўжо праз пару месяцаў на фронце атрымаў два ордэны, як і наш камбат, які топае па перадавой ад самага Харкава і два разы паранены. Ну, але здаўна вядома, што Бог няроўна дзеліць ня толькі ў мірным жыцьці, але й на вайне.
Машыны з афіцэрамі нарэшце паехалі па дарозе ў тыл, трэба было папярэдзіць камбата. Палкавыя батарэі ў гэтай цеснай горнай даліне разьмяшчаліся па адной у некалькі эшалёнаў — першая батарэя была наперадзе, па той бок гарадка, адразу за пяхотай; па гэты бок наша, за ёй астатнія. Усе сядзелі пры адной дарозе. Вядома, камбаты цікавалі за няўрочным рухам камбрыга і паведамлялі аб ім адзін аднаму, каб ня быць захопленымі зьнянацку. Начальства, як і праціўніка, належала асьцерагацца на вайне. Я ўлез у цесны равок і патэлефанаваў камбату, а як вылез, Кананок ужо быў на агнявой. Ягоны ўсьмешлівы твар зьзяў стрыманым захапленьнем, і тое адразу прыкмецілі нашыя зубаскалы-хлопцы.
— Ну, дамовіўся? Калі пабяжыш?
— А можа, ён сюды яе прывядзе? У госьці...
Кананок, аднак, без увагі да іх адразу зьвярнуўся да мяне:
— Там зямлячка ваша, таварыш лейтэнант.
— Якая зямлячка?
— Ды зь Беларусі, кажа.
— Як зь Беларусі? Савецкай? — ня мог зразумець я.
У сярэдзіне Аўстрыі, напрыканцы вайны, у гэткім шыкоўным катэджы — зямлячка? Штосьці тут незразумелае...
— Ну, — толькі й адказаў нешматслоўны Кананок. Мабыць, болей ён ня ведаў нічога.
Тая навіна ня толькі кранула — яна амаль узрушыла мяне. Землякі наогул мяне абходзілі, за ўсю вайну я стрэў іх, можа, чалавекі тры. Мабыць, таму, што гэты Ўкраінскі фронт быў наводдаль ад Беларусі, салдаты ды й афіцэры ў нас болей паходзілі з Украіны, Паўночнага Каўказу, дзе фармавалася брыгада, ну і, вядома, з Расеі. Беларусаў жа ў палку, здаецца, не было ніводнага. Аднойчы дачуўся, быццам начальнік ГЗМ — беларус і пры выпадку запытаўся ў самога, адкуль ён. Але не, не зь Беларусі, хоць вымаўленьне яго было дужа падобнае да беларускага. Казаў, смаленец. Я быў расчараваны. Так хацелася сустрэць родную душу, хоць бы адкуль-небудзь з блізкага ці далёкага раёну, успомніць, пагаманіць пра даваеннае. А можа, і дазнацца што пра сучаснае з родных мясьцінаў, ад якіх я быў адарваны з пачатку вайны.
Вайна вайной, але, мабыць, належала зашыць разадранае рукаво. З тае прычыны, што тут гойсала начальства, распранацца ня стаў, папрасіў Кананка зашыць гімнасьцёрку на мне, і той выняў зь зімовай шапкі ржавую іголку зь нясьвежаю ніткаю. Толькі ён прыладзіўся зашываць, як ззаду завухалі нашыя гаўбіцы; цераз галовы, праразаючы тугое паветра, са шморгатам паляцелі цяжкія снарады. Спакваля зь іншага боку глуха загаўкалі нямецкія мінамёты — гэтыя, як і ўчора, пачалі біць па гарадку. Між дахаў і дрэваў пыхнулі ўгору дымныя выбухі — два зь іх зусім побач, за лесапільняй.
— А ну ўсе ў равок!
Цесьненька, адзін ля аднаго, мы стуліліся ў вузкім раўку; на агнявой ля панарамы гарматы, як заўжды, застаўся адзін наводчык Сьцяпанаў. Выбухі таўклі навакольле, разьбівалі ўшчэнт дахі дамовак. Невядома было, колькі працягнецца той абстрэл, калі толькі гэта звычайны абстрэл безь якога руху пяхоты. Калі зь пяхотай, будзе горш справа, можа, і нам прыйдзецца ўключыцца ў бойку.
— Абармоты! — бурчэў тэлефаніст Муха. — Не дадуць і пасьнедаць.
Так, сьняданак, між тым, затрымліваўся, як бы не давялося есьці яго разам з абедам. Як пазаўчора. Тут, у Аўстрыі, зусім ня тое, што нядаўна было ў Вэнгрыі, калі мы пра кухню ня дбалі, харчаваліся з цывільнага харчу — ня трэба была ні пярловая каша, ні вэрмішэлевы суп. У кожнай хаце лёгка было здабыць кавалак вяндліны, колца прыперчанай каўбасы, бохан белага хлеба. Ды яшчэ бутлю, а то й болей віна — чырвонага ці белага. Але Вэнгрыя каштавала нам немалой крыві і засталася ззаду, а ў Аўстрыі з харчам было тугавата. Аўстрыякі самі сядзелі на картках. Увогуле, галадалі. I мы мусілі есьці тое, што варыў старшына. А той, вядома, ня дужа даваў сабе клопату — частаваў тым, што прывозілі з тылу.
Абстрэл доўжыўся з гадзіну, стралялі нашыя артылерысты і немцы. Разы два выбухнула на дарозе, ля тога паўразьбітага дому, дзе раніцай стаялі машыны, — паленым смуродам пацягнула ў наш бок, да рэчкі. I мне раптам стала клопатна: хоць бы не патрапілі ў той слаўны катэдж. За адну сэкунду маглі спляжыць усё гэтае ўтульнае хараство, над якім шчыравала, можа, не адно пакаленьне ягоных уласьнікаў. Тым часам па той бок гарадка на перадавой было быццам ціха. I то добра, значыць, атакі не было ні з чыйго боку. Можна было трохі расслабіцца, адыйсьці ад напругі, і я вылез з раўка. Ля наводчыка Сьцяпанава ўжо сядзеў камандзір гарматы Мядзьведзеў, — ня ў лад са сваім прозьвішчам худы, даўгалыгі сяржант з вузкім, стараватым тварам. Абстрэл прыпыніў яго ранішні сон пад плашч-палаткай ля бруствэру, і цяпер сяржант нэрваваўся.
— Якога д'ябла! — зазлаваў ён, калі выбухнула зусім блізка, здаецца, за агароджай лесапільні. — Запаляць, будзе сьмярдзець да вечара.
— I без таго смуроду хапае, — сказаў наводчык.
— Такі гарадок пляжаць. Безь якой патрэбы. Усё роўна хутка канец, нікуды ня дзенуцца.
— А можа, таму й пляжаць, што напасьледак, — сказаў Сьцяпанаў, — каб нікому не дасталося.
Што напасьледак, гэта пэўна, падумаў я, бо дужа няшмат засталося. Толькі мы штось замарудзілі, уперліся ў нейкую перашкоду. З захаду па Аўстрыі ўжо наступалі амэрыканцы. Часам батарэйны радыст лавіў іх ня так і далёкія перамовы на ангельскай мове, якая перамешвалася ў эфіры зь нямецкай, чаго раней не чутно было ніколі. Значыць, яны тут недалёка і, можа, днямі ўдараць насустрач нам з захаду. Калі да таго часу гэты гарадок не ператвораць у руіны. Чамусьці раней пра тое ня думалася. Будынкі, гарады і сёлы на вайне наогул ня браліся пад увагу і аднолькава руйнаваліся і намі, і немцамі. Але цяпер во паявілася новае пачуцьцё, новыя адносіны як да чалавечых жыцьцяў, так і да чалавечай маёмасьці. Ды яшчэ такой, як у гэтай пакутніцы Аўстрыі, таксама па-сутнасьці нямецкай ахвяры.
Як трохі пацішэла ўгары, прыйшлі нашыя салдаты з кухні. Атрошчанка і Скібаў прынесьлі па два кацялкі, боханы хлеба ў рэчмяшках — харч для ўзвода на ўвесь дзень. За імі чамусьці валюхаста валокся праныра санінструктар Пятрушын, і я зласьліва падумаў: а гэты навошта? Мне ён не падабаўся ніколі, гэты трыццацігадовы сяржант, які ў прамежках паміж абстрэламі бадзяўся па батарэйных тылах. Калі ж узьнікала якая патрэба, дык санінструктара было не знайсьці. Зноў жа празь ягоны ровар я сёньня перажыў сутычку з камбрыгам. Мабыць, адчуваючы тое, Пятрушын адразу пачаў трошкі нават лісьліва, нібы паддобрываючыся:
— Ну, як? Дастаецца вам тут? На самым, лічы, перадку. Ня тое, што ў трэцяй — сядзяць, як у бога за пазухай. Камбат на акардэоне грае. Параненых няма? — запытаўся ён.
Салдаты павылазілі з раўка, пачалі рэзаць хлеб на палатцы, усаджваліся над кацялкамі з астылай пярлоўкай. Пятрушын, падобна было, пасьнедаў ужо і не выказваў цікавасьці да ежы. Ён дастаў з кішэні “бархотку” і, паставіўшы бот на станіну, узяўся яго начышчаць. Пасьля старанна начышчаў другі. З усіх сяржантаў у палку адзін ён фарсіў у зграбных хромавых ботах, аб якіх не пераставаў дбаць нават у часе абстрэлаў.
Начысьціўшы боты і палюбаваўшыся на іх амаль люстраны бляск, санінструктар раптам успомніў:
— А дзе мой трафэй?
— Які трафэй? — знарок не зразумеў я.
— Ровар.
— Ровар камбрыг адабраў, — схлусіў я.
— Ды ну? Так і адабраў?
— Менавіта адабраў. Вунь хай Кананок скажа.
Пятрушын павярнуўся да Кананка, які з маладым Атрошчанкам распачаў сьнедаць на бруствэры. На мае словы той сьпярша заўсьміхаўся.
— Ну, адабраў...
— Так я і паверыў, — засумняваўся санінструктар. — Схавалі недзе.
Ён пачаў азірацца каля агнявой, шукаць ровар: зазірнуў у апусьцелы равок, за штабэль снарадных скрынак пад брызэнтавай накрыўкай.
— Не шукай, ня знойдзеш, — раптам сказаў Мядзьведзеў. — Камбрыг загадаў аддаць.
— Каму аддаць?
— У каго ўзялі.
Ну, навошта было гаварыць тое, зласьліва падумаў я, хай бы шукаў, дзе хоча. Але Пятрушын адразу зразумеў, што Мядзьведзеў не падманвае і, ні слова ня мовіўшы, пераскочыў бруствэр.
— Ты куды? Назад!
Той толькі буркнуў штось на хаду і хуткім крокам скіраваў да катэджа. Гэта ўжо мне не спадабалася, але што было зь ім рабіць? Па службе ён мне не падпарадкоўваўся, а зьвяртацца цяпер да камбата ня мела сэнсу. Камбат з гэтым сяржантам чуўся ў надта прыязных адносінах: той нядаўна яшчэ цягаў яму бутлі зь віном, выручаў, калі ён, перабраўшы, ляжаў у кабіне “студэбэкера”, казаў па тэлефоне: камбат хворы, дыягназ — малярыя. Той і праўда хварэў на малярыю, як зрэшты, шмат хто на батарэі. Але хварэлі ўлетку і ўвосень, зімой малярыя ня брала.
Абстрэл ужо сьціхаў, здаецца, з абодвух бакоў; закацілася за вяршыні гор далёкае рэха, надоўга ці не — невядома. Санінструктар перайшоў масток, рашуча пераскочыў цераз невысокую брамку і скіраваў да дзьвярэй катэджа. Штосьці пагрозьлівае здалося мне ў той яго самаўпэўненай, амаль злой рашучасьці, быццам і я ўжо меў пэўнае дачыненьне да таго катэджа. Я выскачыў з агнявой і, накульгваючы на пабітую нагу, перайшоў масток, пералез цераз агароджу. З дамоўкі ніхто не паказваўся, а Пятрушын раз-пораз дубасіў кулаком у цяжкія дзьверы.
— Адчыніце!
Я падбег ззаду і рвануў яго за плячо.
— Прэч адсюль!
Санінструктар павярнуўся, працяў мяне злым позіркам, але паслухаўся і пайшоў да брамкі. Здаля толькі брыдка нягучна вылаяўся. Я павярнуўся быў, каб падацца сьледам, як ззаду забразгалі дзьверы.
— Дзякуй вам. Ён другі раз ужо...
На парозе ў паўрасчыненых дзьвярах стаяла яна — мая зямлячка. Толькі зірнуўшы ў яе кірпаценькі, зь некалькімі рабацінкамі ля пераносься тварык, я адразу пазнаў наш паўзабыты дзявочы выраз — ветліва стрыманы, мо трошкі з боязьзю перад незнаёмым чалавекам. З выгляду яна была зусім яшчэ дзяўчо, падобная на хлопчыка-падлетка, — у цёмнай кофтачцы зь белым каўнерыкам і вузкіх штоніках замест спаднічкі. Сьпераду быў прышпілены куртаценькі белы фартушок — як у пакаёўкі, ці што. Уражаны гэтай сустрэчай, я на момант забыўся пра санінструктара і нават ня бачыў, як той пералез цераз брамку.
— Вы зь Беларусі? — зьдзіўлена папытаўся я.
— Ну, — ціхенька адказала яна і бы насьцярожылася затым.
— I я ж таксама.
— Ведаю. Мне ваш салдат сказаў.
— Але... Вы тут даўно?
Падобна было, яна ўздыхнула ці толькі памкнулася да таго, стрымаўшы ўздых. Затым павярнулася ў дзьвярах, не запрашаючы мяне заходзіць, але й сама не выходзячы на нізенькі каменны ганак. Уся такая спрытненькая, тоненькая, бы цьвічок, з адзнакай чагось устрывожанага на прывабным тварыку.
— Як вам сказаць... Хутка ня скажаш, — вымавіла яна й зрабіла нясьмелую спробу трошкі ўсьміхнуцца. Бы на разьвітаньне. Але разьвітвацца зь ёю мне ўжо не хацелася.
— Нікога не пушчайце, — сказаў я, адчуўшы цьмяную прыязнасьць да яе. — Калі будуць стукаць, не адчыняйце. Мы вас абаронім.
— Тут ужо стукаліся.
— Хто стукаўся?
— Вашыя ваенныя, — сказала яна і памаўчала. — То можа, зойдзеце? — нечакана папыталася ці прапанавала яна і трошкі збочыла ў дзьвярах, пераступіўшы на сьлізкім граніце маленькімі, у мяккіх пантофліках ножкамі. Я міжволі зірнуў на свае белыя ад пылу кірзачы і ступіў на нізкі парожак.
Тут быў ня дужа вялікі, з высокаю столяй вэстыбюль, бы шахматная дошка, вымашчаны чорна-белаю кафлянаю пліткай, з высокаю чорнай шафай збоку і двума стрэльчатымі вокнамі насупраць. Пасярэдзіне стаяў лёгенькі прыгожы столік на выгнутых ножках, пакрыты квяцістым абрусам. Некалькі гэткіх жа гнутых зэдлікаў мясьцілася побач, а ля сьцяны стаялі два цяжкія скураныя крэслы. Скрозь было чыста, дагледжана і цемнавата: вокны знадворку напалову затулялі галіны старых зазелянелых дрэваў.
— А вы тут — адна? — папытаўся я, трохі зьдзіўлены яўнай заможнасьцю яе жытла.
— Не, чаму ж... Гаспадары ёсьць, — сказала яна, стоячы насупраць. Яна ня зводзіла зь мяне сваіх зыркіх вачэй, бы чагосьці чакала. Чакала пытаньня.
— Немцы, канечне?
— Не-а. Аўстрыйцы.
— Во як! Але ж... Як вы тут апынуліся?
Яна не пасьпела адказаць, як паблізу знадворку раскоціста грымнула, аж, чуваць было, штосьці з дробным стукам пакацілася з даху. Дзяўчына міжволі скаланулася, у позірку яе мільгануў спалох, і я выскачыў у дзьверы. За маёй агнявой якраз над лесапільняй вецер разганяў у небе руды клубок дыму — то немцы пальнулі шрапнэляй. У такіх выпадках лепей было схавацца ў доме ці дзе пад дахам. Але я змушаны быў бегчы на агнявую.
Я бег да агнявой і думаў, ці не прыстрэлачная гэта шрапнэль? Ці не засеклі яны пазыцыі маіх гарматаў? Другі разьлік узвода быў па той бок заваленай дошкамі лесапільні, як бы яму там не дасталося. На гэтай агнявой усе сядзелі ў раўку, хоць ад шрапнэлі ў раўку не схаваесься. У гэты час яшчэ з прарэзьлівым трэскам разарваліся два шрапнэльныя, але цяпер далей — па той бок дарогі. Я гукнуў Скібаву зьбегаць у другі разьлік даведацца, ці не параніла каго там. Немцы тым часам перанесьлі агонь за дарогу, мабыць, штосьці там згледзелі — ці ня рух пяхоты? Скібаў толькі адбег, як зазумерыў тэлефон — гэта камбат пытаўся, што ў нас здарылася. Сказаў, нічога пакуль ня здарылася. А калі ў каго й здарылася, дык ня ў нас, гваздаюць пакуль па суседзях. Можа, па пяхоце.
Паклаў трубку і сядзеў, прытуліўшыся да нейчай сьпіны, думаў, што абстрэл, вядома, паганая справа, але ў адным здатная — абстрэлу ня любіць начальства таксама. Калі абстрэльваюць, дык можна не асьцерагацца, што на цябе нечакана наедзе які-небудзь “віліс” з крыклівым камандзірам ці прыдзяўбецца які нахлебнік-камсорг, парторг ці асабіст. У час абстрэлу ты сам сабе гаспадар, лейтэнант-узводны, і болей за немца ворага тут няма.
Абстрэл шрапнэляй цягнуўся, здаецца, бясконца доўга. Усё яснае неба над гарадком было спляжанае жоўта-рудымі плямамі, якія спакваля расплываліся, выцягваліся ў ветраныя космы, і сярод іх пыхкалі новыя — па адным, парамі, а то й па чатыры адразу. Прарэзьлівы трэск выбухаў голасна аддаваўся горным рэхам; ад асабліва блізкіх закладвала ўвушшу і прыгнятала да глыбіні душы. Толькі б стрываць. Толькі перачакаць. Не загінуць. Гінуць напрыканцы вайны — проста жах...
Але во ўрэшце ў небе над горадам змоўкла. Праўда, штось выбухнула напасьледак удалечыні, і настала няпэўная, амаль загадкавая цішыня. Прыбег Скібаў, сказаў, што ў другім разьліку ўсе цэлыя, нікога не параніла, толькі побач у двары забіла двух коней зь пехацінскага абозу. Коні ляжаць, і ўжо прыходзіў нехта з цывільных, прасіў дазволу адрэзаць кавалак каніны на біфштэкс. Бедныя аўстрыякі! Мы ўсё ж, як ні былі галодныя, нават на Ўкраіне ня елі каніну, хоць некаторыя й казалі, што каніна — зусім неблагое мяса. Але, мусіць, сапраўды — голад ня цётка.
Наогул пакуль што не прыкмячалася ніякага руху — ні на ўскраіне гарадка, ні на дарозе. Пяхота штосьці прыціхла, нават не вяла агню зь перадавой. Але не зважаючы на той зманлівы спакой, я адчуваў, што доўга мы тут ня выседзім, усё ж мусім наступаць, дабіваць ворага ў ягонай бярлозе. Асабліва калі наперадзе, з таго боку, наступаюць амэрыканцы.
Салдаты па адным павылазілі з раўка на цесную пляцоўку агнявой пазыцыі, расьселіся на станінах, снарадных скрынках. Камандзір гарматы Мядзьведзеў адыйшоўся на хвіліну пад недалёкі плот лесапільні, а як вярнуўся, я нягучна сказаў, каб іншыя ня надта ўчулі:
— Схаджу туды...
— Вазьміце каго. А то...
Ну, ведама — а то. Я акінуў позіркам маіх хлопцаў і сустрэў усьмешысты твар Кананка.
— Пайшлі!
Той падхапіў на плячо аўтамат, і мы хуткім крокам пайшлі да катэджа. Брамка была зачыненая, і на гэты раз пералазіць цераз яе было трохі няёмка, ня тое, што раней. Затое грукаць у дзьверы не давялося, тыя адразу прачыніліся, як я ступіў на нізенькі каменны ганак.
— Ну, як вы тут? Жывыя?
— Ой, страхоцьця колькі! Заходзьце, калі ласка, — відавочна яшчэ не супакоіўшыся ад перажытага, сказала дзяўчына.
— Нічога! Нядоўга засталося. З захаду ідуць амэрыканцы.
— Праўда? Але ж мы нічога ня ведаем. Дык, можа, сядайце? — няўпэўнена прапанавала яна.
Я не сядаў, марудзіў. Кананок тым часам кіўнуў на дзьверы:
— Я там, таварыш лейтэнант.
Ён пайшоў на ганак, а я застаўся адзін. Можа, і ня варта было б тут затрымлівацца, але мне хацелася болей дазнацца пра маю зямлячку.
— Дык як цябе завуць?
— Мяне — Франя. А вас?
Стоячы ля чорнае грувасткае шафы, яна, бачна было, з большым, чым раней, даверам вывучала мяне.
— Зьмітрок Барэйка, — трохі сумеўшыся, адказаў я. — Родам зь Бешанковічаў. А ты адкуль?
— Прыкладна, адтуль жа, — скупа адказала Франя, нібы прыслухоўваючыся да чагосьці. Знадворку, аднак, ня чулася нічога асаблівага, хіба за рамамі вузкіх вокнаў ціхенька ляскатала на ветры блізкае лісьце дрэваў. Удакладняць сваё паходжаньне Франя, аднак, ня стала.
— Але пачаставаць вас няма чым. Хіба гарбаткай?
— Добра — гарбаткай! — аж узрадваўся я, учуўшы гэтае знаёмае зь дзяцінства слова. Так некалі вымаўляла маці, вясковая настаўніца; бацька ж заўсёды казаў “чай”, а маці ўпарта папраўляла яго: “гарбата”.
— Дык пасядзіце, я хуценька, — сказала Франя і ціхенька высьлізнула ў сваіх мяккіх пантоплях праз бакавыя дзьверы.
Я застаўся адзін і засьцярожліва падумаў: хоць бы чаго ня здарылася. Усё ж побач немцы, і невядома, хто гаспадар гэтага катэджа. Праўда, Франя ўсё ж служыла нейкім гарантам, што ўсё абыдзецца. Я падыйшоў да аграмадзіны шафы, даверху застаўленай шэрагамі тоўстых кніжак у чорных вокладках з залачонымі гатычнымі літарамі, якія я ня надта навучыўся чытаць у школе. Побач на сьцяне вісела нейкая цьмяная карціна ў дужа тоўстай і таксама счарнелай ад часу раме. Наогул усё тут было старое, можа, зь мінулага стагодзьдзя, са сьлядамі аблезлай пазалоты, што безумоўна сьведчыла пра знатнасьць паходжаньня гаспадароў. Можа, нават цяперашніх фашыстаў — хто ведае.
Франя, аднак, бавілася, і я ўжо падумаў, ці не пайсьці адсюль да сябе на агнявую. Але нейкая далікатнасьць усё ж стрымлівала мяне, і я дачакаўся. Расчыніліся дзьверы, і ўвайшла Франя, абярэжліва несучы маленькі блішчасты падносік з двума кубачкамі гарбаты і нейкай закускай на белым зь сінім беражком сподку.
— Цукру, аднак, ня маем. Паклікаць салдата?
— А ты?
— Я гарбату ня п'ю, — сказала Франя і запыталася: — А можна, каб сюды зайшлі гаспадары?
— Гаспадары? Ну, хай...
Гаспадары ніяк не ўваходзілі ў мае пляны, бачыць іх тут мне зусім не хацелася. Але калі яна просіць?.. Тым часам у памяшканьне неяк нясьмела ўсунуўся дужа высокі стары ў чорнай старасьвецкай піжаме, што, бы на вешаку, вісела на ягоных худых плячах. Зрэшты, таксама, як і штаны зь недарэчнымі, бы ў генэрала, бляклымі лямпасамі сіняга колеру. Ён быў зусім лысы, з надзіва касматымі брывамі, пад якімі глыбока сядзелі зыркія вочы.
— Іх грусэн, гер афіцыр*, — старэчым голасам вымавіў ён, трошкі схіліўшы галаву ў паклоне.
* Я вітаю, пан афіцэр.
— Здравія жалаю, — стрымана сказаў я. У гэты час за ім паказалася ў дзьвярах невялічкая сухая кабетка з зусім белаю, бы дзьмухавец, галавой. Абое прыціхла спыніліся каля дзьвярэй. Расставіўшы ногі, я па-гаспадарску нязрушна сядзеў каля століка.
— То доктар Шарф і фраў Сабіна, — ціхенька прадставіла гаспадароў Франя. Пра мяне яна, мабыць, сказала ім раней, і цяпер, падступіўшы да гаспадыні, ласкава прыхінулася да яе пляча. Ну і ну, сказаў я сабе, нешта, аднак, пачынаючы разумець у іхных узаемадачыненьнях.
— Кайнэ нацысты?
— Кайнэ, кайнэ, — разам паўтарылі гаспадары.
— Яны не нацысты, — сказала Франя. — Доктар Шарф — прафэсар біялёгіі.
— Я, — пацьвердзіў гаспадар. — Унівэрсытэт штадт Гановэр.
Ну, калі прафэсар, дык, мабыць, сапраўды не фашыст, усё ж біялёгія як навука можа абыйсьціся без фашыстоўскай ідэалёгіі, падумаў я. Гэтая абставіна трохі зьмякчыла маё стаўленьне да гаспадара і, напэўна, ягонае да мяне таксама. Я быў узяў са стала кубачак гарбаты, як гаспадар мовіў “мамэнт” і выйшаў праз бакавыя дзьверы. Я так зразумеў, што трэба пачакаць. I праўда, ён хутка вярнуўся, з важнасьцю ступаючы на нягнуткіх нагах па сьлізкай падлозе, паставіў перада мной маленькі графінчык, да паловы наліты залацістым напоем.
— Дас іст коньяк.
— Во як! — вырвалася ў мяне.
Гаспадыня штосьці гукнула Франі, тая ціхенька высьлізнула за дзьверы і, вярнуўшыся, паставіла на столік чатыры мініятурныя чарачкі на тонкіх ножках.
— Доктар Шарф частуе. Паклікаць салдата?
— Я сам.
Я выйшаў на ганак — мой Кананок сядзеў на краі прыступкі і пазіраў цераз рачулку на сваю пазыцыю, дзе, відаць было, сядзелі і ляжалі яго таварышы. На двары было цёпла, ярка сьвяціла сонца; над гарадком і далінай між гор ляжала паўдзённая цішыня. Нібы й не было вайны. Я загадаў Кананку зьбегаць на агнявую, прынесьці хлеба.
— I там у Мядзьведзева тушонка была. Папрасі баначку.
Кананок пабег на агнявую, а я вярнуўся ў вэстыбюль. Гаспадары былі тут, толькі цяпер сядзелі ля сьцяны ў скураных крэслах — старыя і аднолькава бездапаможныя, то было відно зь першага позірку. За столікам Франя наліла ў чатыры чаркі.
— Трохі счакаем, — сказаў я. — Зараз прынясуць закусь.
— То добра, — сказала Франя. — Немцы як выпіваюць, не закусваюць.
— А мы закусваем. Калі ёсьць чым.
— У нас дык і нічога няма. Тыя дні я па хлеб на ровары езьдзіла. Па картках выдавалі. А цяпер усё скончылася. Як будзе далей?
— А ўжо неяк будзе, — сказаў я. — Галоўнае, вайна сканчаецца. Амэрыканцы сюды ідуць. Скора і тут — Гітлер капут!
Старыя з крэслаў пакутнымі позіркамі глядзелі на мяне, савецкага афіцэра, які ў іхных вачах поўніўся здаровым, маладым аптымізмам. Але, падобна, мой аптымізм іх мала ахвоціў. У іх былі нейкія свае адносіны да вайны і да жыцьця таксама. Але тое мяне ня надта цікавіла. Я чакаў Кананка, які хутка прынес цагліну салдацкага хлеба і бляшанку сьвіной тушонкі, — усё паклаў на край цеснага століка.
— О, амэрыкен, — ціха зазначыў стары, згледзеўшы пяціканцовыя зоркі на бляшанцы.
— Лэнд-ліз, — сказаў я.
Франя прынесла сталовы нож, якім я разрэзаў кансэрву, і яна адрэзала ад бохана некалькі тоненькіх лустаў.
— Зараз я нарыхтую вам сэндвічы.
Пакуль яна рыхтавала сэндвічы — намазвала на хлеб тлушч з бляшанкі, я тайком, з даўно не адчуванай любасьцю, назіраў за хуткімі рухамі яе спрытных пальчыкаў, раз-пораз кідаючы позіркі на яе ажывелы, радасны, дужа прывабны дзявочы тварык. Мне яна падабалася ўсё болей. Скончыўшы сваю працу, паклала дзьве лусткі на сподак і найперш паднесла гаспадарам у крэслах.
— Данке шон, — кіўнуў гаспадар, затым падняўся і дрыготкімі пальцамі ўзяў са століка чарку. Фраў ня зрушылася зь месца, яна на ўсе вочы разглядала мяне.
Мы выпілі — я, гаспадар і Франя, чацьвертая чарка засталася на століку.
Каньяк аказаўся моцны, здаецца, я адразу пачаў п'янець. Ці, можа, таму, што быў нязвыклы да яго — дасюль ва Угоршчыне мы пілі віно і ведалі яго моц. Ці, болей дакладна, ведалі: ад віна мала моцы. Толькі адзін раз у жыцьці, пад Шыяфокам, я таксама пачаставаўся каньяком, дык дасюль не забыўся таго пачастунку. Затое зразумеў: каньяк — не віно, яго трэба ўжываць памяркоўна.
— Пан прафэсар, — вымавіў я чамусьці па-польску. — Вы тут ня крыўдзіце маю зямлячку?
Гаспадар, мабыць, ня надта зразумеў маё пытаньне, і Франя патлумачыла яго па-нямецку. Праўда, тут жа і адказала:
— Яны ня крыўдзяць. Яны для мяне як бацькі.
— Ну то добра, калі так. Гут!
— Гут, гут, — згодна паўтарылі гаспадары.
— Але цяпер мы яе забярэм, — сказаў я, набіраючыся п'янай рашучасьці, і зірнуў на Франю.
Я чакаў, што яна перакладзе мае словы гаспадарам, тая, аднак, маўчала. Лёгкі клапотны цень прамільгнуў па яе тварыку, і я сьцяміў, што тут штосьці ня так. Ня так, як звычайна, калі мы вызвалялі ў гарадах працоўныя лягеры, перапоўненыя людам баракі, зь якіх іхныя насельнікі адразу кідаліся кожны ў напрамку сваёй радзімы. Усе рваліся дамоў. Я чакаў, што ў гэты момант найперш мне падзякуе Франя, а затым і гаспадары — за вызваленьне ад фашысцкай няволі. Аднак не дачакаўся таго.
Настала трохі няёмкая паўза. Я сядзеў ля століка, Франя насупраць рыхтавала маленькія, з запалкавы карабок, сэндвічы. Старыя нерухома сядзелі ў сваіх мяккіх крэслах. У вэстыбюлі ўжо стала відней — праз вузкія вокны зазірнулі сонечныя промні, паклалі на керамічную падлогу рваны ўзор ад рухавай лістоты знадворку. Пару нарыхтаваных сэндвічаў Франя вынесла на ганак Кананку і вярнулася з пустым сподкам — Кананок абышоўся бяз сподка.
Пасьля таго, як я выпіў чаркі са тры, і ў графінчыку засталося няшмат, старыя падняліся і нямогла патэпалі ў бакавыя дзьверы — на кухню, ці што. Франя тады прысела за столік, неяк са стрыманай увагай угледзелася ў мяне.
Я трохі ап'янеў, але пачаў адчуваць, што мае ранейшыя, звыклыя на вайне меркі трохі захісталіся, сутыкнуўшыся зь іншаю, не знаёмаю дагэтуль рэальнасьцю. Усё ж гэта быў інакшы, чым ранейшы мой сьвет, зь яго інакшымі складанасьцямі, у якіх я быў, мабыць, прафан. Ня тое што мая зямлячка, беларуска Франя — яна ў гэтым сьвеце жыла, а я зь ім толькі знаёміўся. Цікавасьць мая да яе ўсё большала. Але распытваць яе было трохі няёмка, а яна, бачна было, ня дужа сьпяшалася расказваць пра сябе. Ці хоць бы паскардзіцца, як гэта звычайна любяць жанчыны. Франя ня скардзілася, хоць і радасьці на яе твары я заўважаў ня шмат. Ці яна так навучылася — хаваць свае пачуцьці? Але ж нашто хаваць іх, усё ж я ёй не чужы. Я зямляк на чужыне.
Там, на агнявых пазыцыях, я ня надта дбаў пра свой зьнешні выгляд — выпацканыя ў зямлі штаны, нячышчаныя кірзачы, неахайна зашытае рукаво. Цяпер у гэтым вэстыбюлі прыйшло іншае адчуваньне, і я спрабаваў стаць ці павярнуцца такім чынам, каб мае хібы ня надта траплялі каму на вочы. Але пасьля, мусіць, забыўся на тое і не схаваў разадраны рукаў ад хуткага позірку Франі.
— Дайце зашыю, — сказала яна дужа проста, і ў тых яе словах мне пачулася забытая інтанацыя маёй малодшай сястры Ніны, пра якую я нічога ня ведаў з пачатку вайны.
— Дайце, дайце! Я хутка. А то... Непрыгожа так, — сказала яна і ўсьміхнулася.
Мусіць, тая яе ўсьмешка ўсё й вырашыла, — адразу прагнала маю няёмкасьць. Я расьперазаўся, сьцягнуў цераз галаву маю заношаную гімнасьцёрку, нечакана і зь непрыемнасьцю апынуўшыся ў нясьвежай сподняй сарочцы зь недарэчнымі матузамі на грудзях. Памкнуўся быў адмовіцца ад Франінай паслугі, ды дзяўчына ўжо ўзяла гімнасьцёрку і кароткім дакладным рухам распрастала яе на каленях. Яна спрытна зашывала маю прарэху, і тое яе зашываньне азначыла дужа шмат у рухах маёй, ужо скіраванай да яе душы.
Як гэта я здаўна рабіў на вайне, дзе б ні быў і чым бы ні займаўся, скрозь справы і размовы звыкла ўслухоўваўся ў навакольле, лавіў гукі, якія маглі данесьці знакі трывогі, нейкія зьмены у абставінах. Найперш кепскія зьмены. Мусіць, тая мая насьцярожанасьць перадалася Франі, позірк якой таксама час ад часу пыхкаў трывогай.
— Яшчэ страляць будуць?
— Будуць, вядома. Пакуль усё тое ня скончыцца.
— А як скончыцца?
— Тады будзе мір. I шчасьце. I жыцьцё, — сказаў я не безь некаторага пафасу. Канечне, цяжкі клопат сядзеў і ўва мне, цяпер я стараўся заганяць яго ўглыб, каб ён не замінаў маёй лагодзе да Франі. Здаецца, я ўжо пачынаў адчуваць нейкую радасную магчымасьць, што абяцала нязьведанае. Але ўсё тое было дужа няпэўнае і невыразнае, якое магло зараз жа зьнікнуць.
Франя ціхенька ўздыхнула.
— У мяне якраз сястрычка такая, як ты. Сямнаццаць гадоў, калі жывая яшчэ, — сказаў я.
— Мне крышку больш, — ціха зазначыла Франя. — А дзе зараз сястрычка?
— Можа, у Нямеччыну пагналі.
— У Нямеччыне кепска. Апроч усяго — бамбёжкі жахлівыя. Мае ж гаспадары таму й прыехалі сюды. Як дом разбамбілі.
— А тут лепей?
— Дагэтуль лепей было. Пакуль вайна не дакацілася. Дзіўна, раней я думала: можа, у Нямеччыне цішэй будзе, а то ж у нас ужо немагчыма стала: усе ўсіх б'юць, забіваюць. Партызаны б'юць немцаў, немцы б'юць усіх без разбору. Жыць нельга стала. Як мой дзядзька Лукаш казаў: хоць жывы ў труну лажыся.
— Усё Гітлер пракляты.
— Гітлер, канечне. Але й другія ня лепшыя, — ціха сказала Франя і змоўкла.
Ну, вядома, ня лепшыя, усе гэтыя гаўляйтары і генэралы, Герынгі і Гебэльсы. Пагубілі столькі людзей, разбурылі Эўропу. Але цяпер хутка ўжо ім канец, нарэшце Эўропа вызваліцца ад гэтага крывапіўца, ці ж гэта ня радасьць? Так, прыкладна, я запярэчыў на Франін пэсымізм, і яна, памаўчаўшы, сьціпла зазначыла:
— Радасьць. Аднак не безаглядная, — сказала яна і неяк прабачліва ўсьміхнулася, бурачы невялічкую нязгоду між намі. Дзіва, аднак, што можа міжвольная жаночая ўсьмешка, ды яшчэ дзяўчыны, якая табе падабаецца. Але на зьмену прыемнай лагодзе ў мяне мільганула дзікаватая думка.
— А ў тваіх гаспадароў сын ёсьць?
— Быў, — проста сказала яна.
— I?..
— I сплыў, — напаўжартам скончыла Франя, здаецца, адразу адчуўшы маю падазронасьць. — Летась загінуў у Прусіі.
Тое яна гаварыла лёгка, бяз клопату, але мне пачулася некаторая фальшывінка тае яе лёгкасьці, і я маўчаў.
— Прыслалі паведамленьне, ягоныя дакумэнты, лісты. I нумар магілы. А што вас тое зацікавіла?
— Ды так.
— Старыя дужа перажывалі. Фраў Сабіну было аж паралізавала — інсульт. Ледзьве адыйшла. Цяпер ходзіць з кіёчкам. Радню, якая была, разбамбілі ў Гамбургу. Нікога не засталося. Пляменьніца памерла во ў гэтым горадзе, дык ад яе катэдж дастаўся. Думалі дасядзець тут да канца вайны. Аж вайна і сюды дакацілася.
Яна сканчала зашываць маё добра-такі расшкуматанае рукаво, на якое не хапіла адной ніткі, і Франя ўзялася сучыць другую. Усё тое рабіла з дакладным спрытам, і я зь любасьцю назіраў за даўно ня бачаным жаночым клопатам. Яе нядаўняе страхавітае напружаньне таксама, здаецца, мінулася. Ці можа, мне толькі здавалася тое.
— Вайна скончылася, але... Замест немцаў тут жа заваладараць рускія. Старыя дужа перажываюць...
— Во як! Гэта чаму ж?
Схіліўшы галоўку над шытвом, Франя коратка цепнула плечуком, нібы кажучы тым: хто іх ведае? Я таксама ня ведаў. Усё сказанае ёю было для мяне нязвыклае і нечаканае, унутрана я не пагаджаўся, але і ня ведаў, як запярэчыць. Мусіць, тое адчувала і Франя і, каб зьняць мой невыразны клопат, сказала:
— Ай, ня будзем пра тое.
Хай ня будзем, я не пярэчыў. Тое цяпер мяне меней за ўсё цікавіла, мяне вабіла гэта дзяўчо, і я міжволі імкнуўся толькі да гарэзьлівай вольнасьці нашых адносінаў. Хацелася жартаваць, але ўсё не выпадала здатнага для таго моманту ці настрою. Усё ж над намі вісела вайна.
Не пасьпела, аднак, Франя дашыць маё рукаво, як прачынілася палавінка дзьвярэй, і ў вэстыбюль зазірнуў белабрысы твар Кананка.
— Таварыш лейтэнант...
Па ягоным устрывожаным голасе я зразумеў, што там нешта здарылася, і ў адной сподняй сарочцы выскачыў на падворак. На агнявой быццам усё было як заўжды, але насупраць на дарозе стаяў незнаёмы, бяз тэнту “додж”, і ад яго наўпрасткі цераз пустку кіравала сюды група вайскоўцаў. Наперадзе крочыў рослы, плячысты чалавек быццам бяз зброі (ці, можа, зь пісталетам на баку), за ім яшчэ трое — два, відаць было, з кароценькімі аўтаматамі ППС. Яны ўразброд, неяк з маўкліваю пільнасьцю набліжаліся да мастка. Я насьцярожана падаўся да брамкі насустрач.
— Ты хто? — запытаў пярэдні, спыняючыся перад зачыненай брамкай. На ягоных плячах былі ўсяго толькі пагоны старшыны, і ў мяне трохі апала трывога.
— А ты сам хто? — як мага спакайней запытаўся я. Замест адказу старшына вызьверыўся мэталічным голасам:
— Хто займае асабняк?
— Ну, я займаю.
— Асвабадзіць нямедленна! — голас яго стаў зусім свалачны. — Я з разьведроты гвардзейскай арміі.
— Другі пашукайце! — з раптоўнай рашучасьцю выпаліў я. — Тут процітанкавы полк.
— Які яшчэ полк! — старшына лёгка пераскочыў цераз брамку.
— Стой! — крыкнуў я, раптам пашкадаваўшы, што пакінуў свой пісталет у вэстыбюлі. Тады я выхапіў аўтамат у Кананка, які сьцішана стаяў ззаду. — Стой!!!
Старшына, і праўда спыніўся, утаропіўшы ў мяне зласьлівы позірк. Пасьля азірнуўся назад, дзе за брамкай напагатоў стаялі яго памагатыя. Тыя, здаецца, таксама браліся за зброю.
— Ты што! Пад трыбунал захацеў? — пагрозьліва прарычэў ён, варухнуўшы жаўлакамі на цьвёрдым, сьвежа паголеным твары. Але за свой “парабэлум”, што вісеў на ягоным сьцягне, пакуль не хапаўся.
Хвіліну мы стаялі так, адзін супраць аднаго, — я з нарыхтаваным для стральбы аўтаматам, а ён, мабыць, набіраючыся рашучасьці для апошняга кроку. Але ўсё ж штосьці замінала яму ў той ягонай рашучасьці. Пасьля ён азірнуўся, але не на сваіх прымоўклых сяброў за брамкай, а на прасьцяг за рачулкай, і згледзеў там маіх артылерыстаў.
— Твае?
— Мае.
Так, мае артылерысты, мабыць, мала што разумеючы з таго, што тут адбывалася, аднак, з прыкметнай увагай узіраліся сюды з агнявой, і тое, здаецца, пахіснула набрынялую рашучасьць старшыны.
— Ладна, — вымавіў ён болей спакойна і, перш чым пераскочыць назад цераз брамку, прыгразіў: — Горка пашкадуеш, мудак!
Не вяртаючыся назад цераз масток, яны хуткім крокам скіравалі кудысь па гэтым беразе, — мабыць, да іншых ускраінных будовак. Я аддаў аўтамат Кананку і вярнуўся ў катэдж.
Не сказаць, што гэтая сутычка далася мне лёгка, без хваляваньня. Ведаў, тое мне, мабыць, проста не абыдзецца, яшчэ можа быць ліха. Адчуваў, што гэта ня так сабе, не выпадкова, штосьці тут усунулася тайнае і малапрыемнае. Ці не пашчыраваў тут наш санінструктар, іначай чаму б яны скіравалі адразу да гэтага катэджа? Ужо пэўна не таму, што ён тут самы прыгожы? Што ў іх там, у тыле, мала здатных, прыгожых будовак для разьведроты гвардзейскай арміі? Ды і ці для разьведроты яны рупіліся?
З дрыготкіх рук прымоўклае Франі я ўзяў сваю гімнасьцёрку, моўчкі надзеў цераз галаву. Франя чамусь ні пра што не пыталася, — мабыць, і бяз роспыту адчувала, што здарылася на падворку, і на яе азмрочаным тварыку прадаўжаў трымцець спалох.
— Ня бойся, — сказаў я, падпярэзваючыся. — Мы абаронім.
— Дзякуй вам, — ціхенька адказала дзяўчына.
— I гэта... Заві мяне на ты. Добра?
— Добра, Міця.
Усё ж я задоўжыўся на гасьцях, нельга было так доўга адсутнічаць на агнявой. Хоць навакол было ціха, але трывога магла ўзьнікнуць кожнай хвіліны. Зноў жа камбат там, мабыць, ужо неаднойчы тэлефанаваў Муху, патрабаваў узводнага. Мядзьведзеў, канечне, выручыць, як звычайна, скажа, што лейтэнант пайшоў у другі разьлік, дзе не было тэлефону. Але ўсё ж не на паўдня ён пайшоў у той разьлік.
— Я вярнуся, — сказаў я Франі, якая, не выходзячы на ганак, стаяла ў расчыненых дзьвярах. — Нікога не пушчайце!
На агнявой, аднак, усё было як заўжды, калі не было абстрэлу. Наводчык Сьцяпанаў дыміў сваёй махоркай; гультаяваты Атрошчанка ляжаў дагары на бруствэры, зьвесіўшы на пляцоўку даўгія ногі ў шырокіх трафэйных ботах. Малады Скібаў дзёўбаў пад сашніком рыдлёўкай — каб павялічыць радыюс абстрэлу гарматы. Ягонай лянівай працай прыдзірліва кіраваў камандзір Мядзьведзеў, што сядзеў насупраць на станіне.
— Глыбей, глыбей вазьмі. А то як дасьць на адкаце — наводчыку сіняк і пасадзіць. Абед вам, лейтэнант, у кацялку на скрынцы, — сказаў ён да мяне. — На двух з Кананком.
— Еш, Кананок, я ня буду.
Мне было не да абеду. Адчуваў, каньячны хмель яшчэ не мінуўся, як не мінулася ўзрушэньне ад нядаўняй малапрыемнай сутычкі. Адкрыты “додж” кудысь зьнік з дарогі, і я не заўважыў, куды. Ці яны, можа, зьехалі зусім, ці шарылі дзе паблізу. Маглі зноў налезьці на той асабняк. I я ўвесь час пазіраў туды, хаця й ня ведаў, што зрабіў бы, калі б убачыў іх там. Я сказаў Франі не пушчаць, але разумеў, што магчымасьці яе ў тым надта абмежаваныя. Калі гэтыя захочуць, іх не спыніць і танку. Што ім гэты катэдж! У мяне ўжо была падобная сустрэча, праўда, ня тут — ва Ўгоршчыне, ля Балатону, у адным графскім маёнтку, які мы занялі надвячоркам. Толькі ўлезьлі з-пад дажджу пагрэцца на ноч, як на падворак укацілася некалькі “студэбэкераў”, і такія во хлопчыкі з аўтаматамі пачалі нас выкурваць. Маўляў, вымятайцеся, тут будзе ўправа гвардыі палкоўніка Маляванага. Хоць на самой справе таму палкоўніку спатрэбіліся зусім не халодныя графскія пакоі з партрэтамі продкаў на сьценах, а хутчэй сутарэньні пад імі, дзе было што-нішто зь пітнога. I закусі. Як яны нас вытурылі ў поле, дык пасьля да раніцы гаспадарылі там, а на золаку, пакуль не пачаўся бой, тыя “студэбэкеры”, цяжка валюхаючы па калдобінах, павезьлі іхныя трафэі. А мы толькі ляскалі зубамі, седзячы ў мокрай пасадцы пры дарозе. Ну але там быў камбат, ён прымаў рашэньне застацца ці ўступіць. Вырашыў уступіць, можа, і правільна — таньней абыйшлося. Бо што б мы зрабілі з тою п'яною хэўрай, надзеленай уладай высокага начальства? Тут жа камбат далёка, рашэньне належала прымаць мне. Во я і прыняў. Цяпер буду чакаць наступства.
Між тым было чутна, як у раўку штось стрымана прамаўляў па тэлефоне Муха, але, мяркуючы па голасе, не з начальствам, — хутчэй са сваім братам-сувязістам. Пагутарыўшы трохі, устаў ад тэлефону і голасна абвясьціў:
— Брацьця славяне! Вайне канец!!
Мы ўсе на агнявой зьнерухомелі, змоўклі, чакаючы тлумачэньняў радаснай навіны, і Муха, натапырыўшы свае вусы, з важнасьцю аб'явіў:
— Брыгадныя радысты падслухалі: заўтра капітуляцыя.
— А чаму нам нічога ня кажуць? — запытаўся Мядзьведзеў.
— Мабыць, скажуць...
Муха зноў зьнік у раўку, прыпаўшы да свае трубкі — цяпер адтуль чакаліся незвычайныя навіны, ад якіх радасьцю займалася салдацкая істота, сонцам асьвятляўся ўвесь белы сьвет. Гэта ж трэба — скончылася вайна, і ты жывы! Цябе не забілі. Ты будзеш жыць доўга, доўга. Ня будзеш трэсьціся ў зямлі і чакаць апошняга свайго выбуху. Ты вернесься дамоў, зноў убачыш маму. Знойдзеш сваё каханьне, якое дасьць табе законнае шчасьце ў жыцьці. Канец вайне!..
Але калі канец вайне, дык, мусіць, доўга мы тут ня ўседзім. Мусіць жа, мы некуды рушым — назад ці наперад. Толькі наперад чамусь не пушчаюць немцы — ці яны ня ведаюць пра сваю капітуляцыю? Ці, што зусім кепска, ня згодныя зь ёй? Калі якія эсэсаўцы, дык ведама, тая капітуляцыя дае ім няшмат радасьці — яшчэ яны паваююць. Не дачакаўшыся, аднак, болей дакладных навінаў, я ўзьлез у равок і патэлефанаваў да камбата. Ці праўда, што ўжо фініта?
— Будзе фініта — скажам. Ні на хвіліну ня спозьнімся. А пакуль захоўвайце пільнасьць, — ахалодзіў мяне камбат.
Мабыць, так. Калі загадана захоўваць пільнасьць, дык мабыць, нічога і не адбылося. Мабыць, радысты пасьпяшаліся. Можа, дзе і капітулююць, а ў нас будуць марудзіць. Чакаць загаду. Таксама, як і мы чакаем загаду зьверху. У гэтым сэнсе нічога не мяняецца. Хоць і канец вайне, усе падпарадкуюцца ўласнаму начальству. Як і заўсёды. Толькі начальства вырашае, замірыцца ці ваяваць.
Але ўсё ж калі капітуляцыя, дык, мабыць, не пакінуць нас у гэтай зямлі. Цяпер ужо ў зямлі не сядзелася, і я выйшаў з агнявой на зялёную траўку побач. У навакольлі стаяла зусім мірная ціша, не стралялі ні мінамёты, ні гарматы. Не чуваць было і апрыклай трывожнай страляніны на перадавой. Штось усё сціхла, стаілася. Чакала. Сапраўды, ці не канец гэтай праклятай калатнечы? Настрой мой то поўніўся радасьцю, то азмрочваўся невядомасьцю, калі я кідаў позірк на недалёкі катэдж. Ужо мне карцела туды, да Франі. Як ёй быць цяпер з гэтымі старымі аўстрыякамі? Трэба дадому. У Беларусь. Але як? Куды я яе вазьму? Да маіх артылерыстаў на агнявую? Вядома, хлопцы былі б радыя. Але што скажа начальства?
Сонца схавалася за аграмадзінай гор, у даліне напоўз даволі прахалодны цень; усё навокал спахмурнела, хутка губляючы сваю нядаўнюю веснавую ўрачыстасьць. З-за шчыльнага плоту лесапільні патыхала паленым, даляталі па ветры горкія подыхі пажарышчаў. Нічога паблізу, аднак, не паказвала на небясьпеку, і я наважыўся. Сказаў Мядзьведзеву, каб у выпадку чаго прыслаў Кананка, той ведае. Мядзьведзеў кінуў скупое “ладна”, і я скіраваў да мастка.
Яшчэ я не ўзяўся за разлапістую жалезную клямку дзьвярэй, як тыя расчыніліся, за імі ў прыцемку пакорліва стаяла Франя. Яна чакала мяне. На гэты раз яна была без свайго фартушка, у кароценькай шэрай кофтачцы паверх тых жа чорных і вузкіх штонікаў. Была надта прывабная і з сарамлівай гасьціннасьцю ўсьміхнулася мне.
— Капітуляцыя, Франя!
— Праўда? А божачка мой...
— Яшчэ не афіцыйна. Але паведамяць.
— Няўжо дачакаліся? Няўжо праўда? — бы дзіця, радавалася дзяўчына. — Трэба старым сказаць.
Яна пабегла кудысь з вэстыбюля, а я застаўся ля засланага квяцістым абрусам століка з трыма цюльпанчыкамі ў фарфоравай вазцы. Я трохі недаўмеўся: што б значыла гэтая яе пасьпешлівасьць наконт гаспадароў? Ці сапраўды ўдзячнасьць, ці добра выхаванае пачуцьцё абавязку? Я ня ведаў яшчэ, як да таго паставіцца, калі праз расчыненыя дзьверы ў вэстыбюль сунуўся той высачэзны стары прафэсар са сваёй фраў. Апошняй ускочыла ажывелая Франя. Трохі адсопшыся ад мабыць доўгага пераходу, гаспадар глухім голасам сказаў нейкую даўгую фразу, якую тут жа патлумачыла Франя.
— Доктар Шарф віншуе з канцом вайны і дзякуе пану афіцэру за вызваленьне ад нацызму.
— Калі ласка, — велікадушна пагадзіўся я. — Жывіце ў міры.
Доктар уважліва выслухаў Франін пераклад, трохі памаўчаў. Відаць па ўсім, гаварыць яму было цяжка, ці ён цяжка зьбіраўся з думкаю. Франя перакладала:
— Ён кажа: старыя шчасьлівыя, што дачакаліся канца вайны. А маладым цяпер прыйдзецца самім ладзіць будучыню Эўропы. Важна не памыліцца.
— Ды ўжо як-небудзь. Не памылімся. Калі дагэтуль не памыліліся — перамаглі, — самаўпэўнена адказаў я і адразу адчуў, што перабраў: ня трэба было гэтак катэгарычна. Франя пераклала адказ.
— Доктар Шарф кажа: перамагчы ў вайне — яшчэ ня ўсё.
— А што ж яшчэ?
— Пасьля цяжкай вайны непазьбежны і цяжкі мір, — ціха, нібы нават не згаджаючыся з чымсьці, пераклала Франя.
Я не зусім зразумеў, што ён мае на ўвазе, гэты стары аўстрыяк. Можа, аднак, і праўда, можа і цяжкі мір. Але ўжо не цяжэйшы, чым гэтая вайна.
— Ён кажа: рускія павінны зразумець, што нацызм і камунізм ёсьць два канцы адной палкі.
Гэтыя развагі я чуў упершыню, і яны здаліся мне дзіўнаватымі — адной палкай мераць Расею і Нямеччыну. У нас гэткім чынам ніхто не разважаў нават пад хмелем, за такія словы кожны мог апынуцца далёка. Мы не адважваліся гэтак нават падумаць. Ды і не было патрэбы так думаць — усё ж мы ваявалі з фашыстоўскай Нямеччынай за свабоду сваёй краіны. Пры чым тут два канцы адной палкі?
Мабыць, разгубіўшыся, я маўчаў. Напэўна, адчуўшы маю ніякаватасьць, гаспадар таксама нядоўга падумаў і, стрымана кіўнуўшы на разьвітаньне, павярнуўся на выхад.
— Пачакай трошкі, — ціхенька кінула да мяне Франя, таксама кіруючы за старымі.
Аднак мне не сядзелася, і я падыйшоў да акна. Гэта зразумела, што за перамогай настане мірнае жыцьцё, але чамусьці не хацелася пра яго думаць, цяпер усе думкі не ішлі далей перамогі. Той самай, да якой мы нарэшце наблізіліся і пра якую столькі марылі ў цяжкія часы малых і вялікіх няўдач. У такія хвіліны яна здавалася нам як зьдзек, як жульніцкая пустая абяцанка. Шмат для каго менавіта такой і засталася, і яны нічога пра яе ніколі не пазнаюць. Іншыя во дажылі да яе, і можа, яшчэ пакарыстаюцца яе плёнам.
З вузкага вакна з высокім, бы ў царкве, падваконьнем ня шмат што было відаць, а мне ўсё ж патрэбна было бачыць мае гарматы. I я сказаў пра тое Франі, калі яна прыбегла ў вэстыбюль. Дзіўна, як за паўдня зьмяніўся яе настрой, яна стала цяпер жвавая, амаль бесклапотная. Лёгкая і імклівая, яна зрабілася падобнаю на гарэзьлівую школьніцу.
— Ідзем, — сказала яна і кудысь павяла мяне праз бакавы ход да скрыпучых і пакручастых прыступкаў — на гарышча ці што, падумаў я. Але то было не гарышча? а сьветлая цесьненькая вежа, што, нібы шкляначка, прыгожа выглядала здаля на чырвоным даху.
— Адсюль ўсё відаць.
Выгляд з гэтай вышыні быў сапраўды цудоўны — амаль палова разьбітага выбухамі гарадка, вуліца да павароткі, задымлены падворак лесапільні, завалены грудамі дрэва і дошак: мае гарматы — адна адразу за рэчкай, а другая па той бок лесапільні. Насупраць за дарогай разьлёгся шырокі горны адхон, зьнізу парослы хвойным маладняком, які вышэй браўся на добры хваёвы лес. З другога боку відно было ня шмат — стромы чарапічны скат даху ды вершаліны грувасткіх дрэваў, блізка за якімі навісла голая скала гары. У цесьненькай шклянцы-вежы стаяла лёгенькая канапка, цямнеў расчынены люк, празь які мы сюды ўлезьлі. Утульнае было месьцейка, і я захваляваўся нават. Здалося, Франя прывяла мяне сюды ня так сабе, а дзеля пэўнага інтыму, і таму дзяўчо яшчэ болей мне пабліжэла.
— А вунь і твае салдаты, — паказала Франя.
Я агледзеў зьверху мае пазыцыі — нічога асаблівага. Салдаты паселі на станіны, мабыць, цяпер гаманілі пра мір, да якога, падобна, дажылі — хіба ж не падстава для радасьці? Кожны ўжо настройваўся на дом, гаспадарку і мірнае жыцьцё на ёй. То было зразумела. Маладзейшыя марылі пра вучобу і каханьне, пра сваё месца ў жыцьці, наканаванае кожнаму шчасьце. Цяпер усё тое было магчыма. Мы заслужылі на гэта права, перамогшы ў страшнай вайне. Мабыць, далейшае залежала ад кожнага і не залежала ад вайны. То было шчасьце.
Я сеў на зручную белую канапу, Франя стала насупраць ля шырокіх, зашклёных у дробныя шыбкі вокнаў.
— Доктару Шарфу лекі дала. Дрэнна пачуваецца. Дужа напалоханы.
— Кім напалоханы?
— Нямецкімі нацы, але й нашымі таксама.
— Нашымі? Калі ж гэта яны пасьпелі яго напалохаць? — зьдзівіўся я. Здалося, што Франя гаворыць штосьці няслушнае.
— Ты ня ведаеш. Можа, ня трэба табе гаварыць...
— Ня бойся. Я яму зла не зраблю.
— Я веру, што ня зробіш. Ты ж не такі, як... Гэта ж учора ноччу мы да ранку ня спалі...
— Не спалі?
— Ну. Як зьмерклася, прыехалі вашыя. Ну, з асобага аддзелу, сказалі. Мяне прагналі ў вэстыбюль, а самі там да чатырох гадзінаў яго дапытвалі.
— Во як! Але завошта?
— А хто іх ведае. I мне доктар Шарф нічога не сказаў. Фраў Сабіна плакала...
— Ну, а ты? У цябе яны пра што-небудзь пыталіся?
— Ад мяне адабралі падпіску, што буду маўчаць.
— Во як!
Гэта было горш. Зрэшты, я ўжо ведаў, што там, куды лезьлі гэтыя, і не магло быць добра. Ну, але хай гэта ў нас — у войску, у тыле. Ды пры чым тут аўстрыякі? Пры чым нарэшце Франя? Ужо яна навошта ім спатрэбілася? Ці чым не дагадзіла? А можа, яна замінала ім у нейкай іх цёмнай справе?
Хаця, заспакойваў я сябе, да таго патрэбна быць гатовым. Усё ж у гэтых малойчыкаў свае, спэцыфічныя абавязкі, якіх простым людзям ніколі не зразумець. Найперш шукаць ворагаў. Але няўжо ж і гэты стары прафэсар біялёгіі — таксама вораг? Шпіён? Дывэрсант? Ці можа, яны самі вярбуюць шпіёнаў? Але як жа ў такім выпадку тут заставацца Франі?
— А доктар Шарф не фашыст?
— Ну, што ты! Ён ня любіць фашыстаў — страх! Бывала, у Гановэры, як бяжым у бомбасховішча, дык ён груба лае іх. Вакол усё грукоча, ніхто нічога ня чуе..
— Як ніхто ня чуе, можна і палаяць, — сказаў я. — А ты сядай побач, во тут, ля мяне.
Неяк нерашуча Франя прысела ў куточку канапы. Настрой яе зноў, здаецца, рабіўся мінорны, яўна заклапочаны. Яе захапіла перажытае. Я быў настроены інакш, але таксама радасьць мая панікла. Франя між тым пачала расказваць.
— Там жа бамбілі кожную ноч. Алярмы гэтыя зь вечару да ранку. У горадзе пекла, усё гарыць ды рушыцца. Немцы ратуюцца ў бомбасховішчах. Было, што і бамбасховішчы рушыліся, і ўсе гінулі. Як пачнецца, мы адразу — у склеп. Да таго ў мяне ўсё ўжо нарыхтавана — тэрмас, пледы. Сядзім, яны там моляцца. Я, як умею, таксама.
— А што ў іх — свой дом!
— Не, кватэра. У вялікім доме. Праўда, і кватэра немалая, а я адна пакаёўка. I за кухарку. Работы процьма. Але я старалася. Сьпярша прыглядаліся да мяне, як што ўмею. Я і праўда, ня шмат умела. Але вучылася. Хацела дагадзіць. Бо як жа іначай жыць у чужых? Трэба дагаджаць. Так мама заўсёды казала. Ну што зраблю ня так — ня лаялі, не каралі, як некаторыя. Вучылі. Фраў Сабіна спакойна раскажа, пакажа. Што, я тыя дзьвярныя ручкі дома калі начышчала? Ды ў нас іх і не было, такіх бліскучых. Сьпярша мне пра тое сказалі, паказалі. Ну, а пасьля я ўжо і сама рупілася. Каб было чыста і прыгожа. Дома ніколі так не было.
На цеснай канапцы Франя сядзела блізка ад мяне, але я пасунуўся яшчэ бліжэй, і яна не адхінулася. Мае свавольныя рукі яна перахапіла ў свае і цесьненька трымала іх на каленях.
— Дык ты ў іх за прыслугу? — з затоеным папрокам сказаў я.
— Ну, ведама. А для чаго ж яны мяне ўзялі. Але розная прыслуга бывае, і розныя гаспадары. У Гановэры цераз вуліцу жыла Клава, таксама остаўка. Дык кожны дзень плакала ад сваёй гаспадыні. Загінула ў бамбёжку. Малако кіпяціла, быў налёт, колькі хвілінаў трэба было пачакаць, каб малако закіпела малому. Спазьнілася ў сховішча, ну і заваліла. I малога таксама. А маці таго ўцалела. Справілася з шостага паверху ўніз. Як наш дом разваліўся, вылезьлі мы на вуліцу з пустым тэрмасам і адным пледам. Болей нічагусенькі — ні дома, ні маёмасьці. Што рабіць? Іншыя б сябе ратавалі, а мае безь мяне нікуды. Трохі часу разам жылі ў нейкай канторы, пасьля ў салдацкім бараку. Пасьля прыйшлі дакумэнты з Аўстрыі, і яны паехалі. Мяне таксама ўзялі. Грошай амаль не было, фраў заклала ў банк свае завушніцы, брошку. Тут, праўда, спадчыну атрымалі.
— Ну добра, — сказаў я. — А мова? Дзе ты так навучылася па-нямецку? У школе?
— Трохі ў школе, праўда. Але ў асноўным тут. Здольная была, умела слухаць. Слых добры маю. Зноў жа фраў Сабіна трохі разумее па-польску.
— А ты што — таксама ўмееш па-польску?
— Трохі ўмею, ага. Мама ж каталічка, з майго ж імя відно. А ў нас каталікі, хоць і беларусы, а разумеюць па-польску. Ты пасядзі тут, — выпусьціла мае рукі Франя. — Я зараз.
Яна зьнікла ў прыцемках люка, зьнізу пачуўся мяккі стук яе пятак па дошках-прыступках, і недзе нягучна бразнулі дзьверы.
Я ўстаў з канапкі, аглядзеў праз шыбкі гарадзкое навакольле. Па дарозе з-за вугла паўразбуранага дома, дзе я так ганебна пляснуўся з ровара, хутка праімчаў знаёмы трафейны “хорх”, на якім езьдзіў наш “сьмершавец”, і я з прыкрасьцю падумаў: чаго ён тут гойсае? Хоць вайна канчаецца, а гэтым няма спакою, усё нешта шчыруюць, уведваюць, мабыць, нешта камусь рыхтуюць. За сябе ўвогуле я быў спакойны, здаецца, вялікіх грахоў ня меў. На акупаванай тэрыторыі ня жыў, з харкаўскага акружэньня выйшаў не адзін, а з групай, і тое “злачынства” было ўжо добра дасьледавана “сьмершам” і, пэўна, здадзена ў архіў. Але, мабыць, гэтак жа думаў і камандзір узвода сувязі Ляжнеўскі, якога месяц таму рэпрэсаваў “сьмерш”. Той, выпіўшы, даў сабе волю паразважаць наконт “несправядлівасьці” да акружэнцаў, якіх пасьля вызваленьня спрэс накіроўвалі ў штурмбат. Сам апынуўся праз тое ў штурмбаце, і ніхто з нас яго болей ня бачыў.
Над гарадком вечарэла, горы паволі асядалі ў цень, толькі сьнегавыя вяршыні яшчэ блішчэлі здалёк сонечным водсьветам. На фоне блакіту вечаровага неба той бляск рабіўся надзвычай выразным, набываў перад ноччу сілу. Як добра было б сядзець тут зь мілым дзяўчом да ночы, ды і ўночы таксама. Слухаць яе, адчуваць і — кахаць. Каб не вайна. Але калі б не вайна, дзе б я сустрэў яе? Дзіўна, але менавіта вайна зьвяла нас тут, наводдалі ад радзімы, сярод гэтае альпійскае прыгажосьці. Як бы і не разьвяла таксама, — раптам падумалася мне.
Амаль нячутна ў вежу паднялася Франя, штосьці прынесла ў руках. Разадрала ўпакоўку і паставіла на канапу невялічкі пакуначак.
— Во, частуйся, Міця. Акурат, як нашыя да вайны.
То былі цукеркі, знаёмыя зь дзяцінства “падушачкі”. Мабыць, ня дужа сьвежыя, некаторыя пазьліпаліся, і Франя аддзірала іх па адной, частавала мяне. Сапраўды, не зважаючы на ня надта апэтытны выгляд, цукеркі, як і ў дзяцінстве, былі салодкія і пахкія.
— Сорак капеек сто грамаў. Прыпамінаеш?
— Прыпамінаю, — сказаў я. — У сельмаг бегалі на перапынку.
— А яшчэ былі ірыскі...
— Дык усё ж, адкуль ты родам? — папытаўся я.
— Ды зь Менску. Там і нарадзілася.
— I даўно адтуль?
— Зь Менску даўно. Зь Менску ж я сьпярша перабралася ў Чэрвень, адтуль ужо ў Нямеччыне апынулася. Ды тут, каб не пашэнціла, прапала б. Як прапалі мае дзяўчаты.
— Дзе прапалі?
— А на хімічных заводах у Руры. Паатручваліся і пагінулі. Усе чацьвёра чэрвеньскіх.
— А ты?
— Ведаеш, тут, можа, лёс такі. Можа, якая выпадковасьць. Гэта ж як мы прыехалі ў нейкі гарадок ля Гановэра, нас пачалі разьмяркоўваць. Ну, пастроілі ў шарэнгу, прыйшло нейкае начальства — у форме і ў цывільным — хто якія, мы тады мала разьбіраліся. I пачалі перабіраць, каго куды. Але сьпярша прыйшлі вайскоўцы, як пасьля аказалася, афіцэры зь вэрмахту. Яны былі ў водпуску з фронту, і ім дазвалялася выбраць у свае сем'і абслугу. А я была самая маленькая, схуднелая за дарогу, бедна апранутая. Стаю, ледзьве дыхаю... Перад тым ня спалі тры ночы, пакуль нас мутузілі па станцыях, згаладнелыя. А яны ідуць — сытыя такія, здаровыя бугаі, два ў эсэсаўскай форме і трэці — афіцэр вэрмахту, малады юнак, танкіст. Тыя павыводзілі дзяўчат, што здаравей, ну, рослых, дужэйшых. А я стаю самая апошняя. I во гэты вэрмахтаўскі лейтэнанцік прайшоў раз, ды, мусіць, яму ўжо не хапіла дужэйшых. Тады ён вяртаецца і да мяне — “ком”, кажа. Я ледзь не самлела, так ён холадна паглядзеў на мяне, і голас такі, чыста салдацкі, бы на пляцу. Выйшла. I мяне аформілі ў гэтую во сям'ю доктара Шарфа. А той афіцэр быў іхны сын Курт. Дома ён зусім не такі страшны аказаўся, як там выглядаў — ветлівы і ціхі. I надта ўжо сумны. Праз два дні паехаў на фронт, а праз два тыдні загінуў у танку. Як падумаць, дык ён выратаваў мяне. Каб ня ён, атруціцца б і мне на той хіміі.
— Аднак гісторыя! — сказаў я, уражаны гэтым аповедам. — Можа, табе і пашэнціла.
Франя спахмурнела і хвіліну роўненька сядзела, апусьціўшы на калені маленькія, з вострымі локцямі рукі.
— Можа, адной мне і пашэнціла. І я ўсё думаю: як бы чаго ня сталася. Усё ж шчасьце, яно падманлівае. Гэта няшчасьце — назаўсёды. Я тут кожны дзень бяды якой чакала, ну, думаю, няўжо ж мне і далей будзе так шанцаваць?
— Цяпер ужо можна не баяцца. Скончыцца вайна, дамоў вернесься. Ці ты іначай думаеш? — запытаўся я і насьцярожыўся, чакаючы яе адказу. Франя ўздыхнула.
— Хто ж ня хоча дамоў. Але што дома? Каб жа ён быў хоць, той дом. Ды і аднаклясьнікаў — нікога ж не засталося. Як во жыць сярод незнаёмых? I тут незнаёмыя, і там незнаёмыя...
Ну, ведама, зьявяцца новыя знаёмыя і нават сябры, гэта я ведаў па сабе. Але аднаклясьнікаў, сяброў дзяцінства ўжо, мабыць, ня будзе. Тое ўжо адрэжацца назаўжды. Мабыць, кепска жыць з адрэзаным дзяцінствам? Я неяк пра тое ня думаў. Франя ж во думала...
Здаецца, неўпрыкмет за гаворкай мы скончылі той цукеркавы пакуначак. Я пасунуўся яшчэ бліжэй, і Франя не адсунулася — ужо не было куды.
— Бедная дзяўчынка! — шчыра вымавілася ў мяне з самай душы і нечакана для сябе я пацалаваў яе ў шчаку. Франя на момант зьнерухомела і раптам скаланулася ўсім целам у незразумелым бязгучным плачы.
— Ну што ты! Ну што ты! — ледзьве не спалохана казаў я, усё цалуючы яе мокры ад сьлёз твар, і яна не адхілялася, не ўнікала маіх вуснаў. Аднак патроху марудна спакайнела і раптам бездапаможна ўсьміхнулася празь сьлёзы.
— Ты прабач мне...
— Ну нічога, нічога...
Я і яшчэ цалаваў яе, каб неяк суняць яе боль і выказаць глыбіню маёй да яе пяшчоты.
— Я ўжо сто гадоў... Сто гадоў ня плакала. Знаеш, ня кепска яны да мяне адносяцца, але ж не магу я паскардзіцца ім. Ці заплакаць. Два гады на адзіноце. Душа змарнела, і во раптам ты. Трэба было... Прабач, Міця.
— Я разумею. Ну, супакойся...
Усё ж патроху яна сунялася, прыгладзіла далонькай сваю прычоску, і стала для мяне яшчэ больш блізкай і жаданай.
— Гэта ж трэба! — усё чамусьці зьдзіўлялася Франя. — Няшчасная мая мамачка. Каб яна дажыла да гэтага часу. Усё выбірала мне хлопцаў, ды гэтак прыдзірліва. Калі з кім прайдуся, дык яна: то надта даўгалыгі, то кароткі, то сьмешна шморгае носам. А той малапрыкметны, той не камсамолец. Ты ж, мабыць, член партыі?
— Яшчэ не, — сумеўся я. — Але камсамолец. А што мама — парцейная?
— А то як жа!
— А бацька?
— А бацька вораг народа. У трыццаць восьмым пасадзілі і прапаў. Мама адмовілася пасьля ад яго. Мне па сакрэту сказала, што тое — дзеля нашага паратунку. Тады шмат хто гэтак рабіў. Яно й зразумела: яшчэ маладая, прыгожая. I ўсё роўна не ўбераглася — сябе загубіла.
— А бацька — які кіраўнік быў?
— Бацька... — Франя памарудзіла з адказам, мабыць, гаварыць пра бацьку было ёй ня проста. — Бацька ў органах працаваў. Яшчэ ад рэвалюцыі. Ён жа зь Дзяржынскім у адной турме сядзеў.
— Во як!
— Ну. Дзяржынскі яго і ў Менск накіраваў. Працаваў дзень і ноч, мы яго й ня бачылі. Толькі раз неяк быў выходны ці якое сьвята, ня памятаю. Дык паехалі на рэчку, рыбу вудзіць. Праўда, вудзіў адзін татачка, мама на лужку кветкі зьбірала, а я бегала па водмелі, малькоў разганяла. Бы гуляла зь імі. Так мне гэта спадабалася, ведама, малая была. Пасьля ўсё прасіла бацьку — зьезьдзім яшчэ. Ён абяцаў, але ўсё было неяк. Некалі і некалі. А адзін раз кажа: сёньня на працу не іду, і сеў на ложак, сядзіць. Смутны такі. Я пачала прыставаць: паедзем на рэчку. А ён кажа: не, ужо не паедзем. Даседзеў так да начы, а ноччу яго і ўзялі. Так я болей і не пабачыла рэчку.
Шэрае сутоньне ахутала вежу і навакольле, ужо ня стала відаць ні ўскраіны гарадка, ні гор, ні дарогі. Не відаць было і маіх пазыцыяў. Гарадок патануў у змрочным тумане, толькі дымы ад пажарышчаў бялявымі космамі мкнулі кудысь над руінамі.
— I я сваіх з сорак першага году ня бачыў. Ня ведаю, ці жывыя, — сказаў я, пранікаючыся яе клопатам.
— Маму ж немцы павесілі. У Менску. Як партызаны іхнага гаўляйтара падарвалі, дык немцы пачалі хапаць падпольшчыкаў. Ну якраз і маму маю. Павесілі ў сквэры.
— А ты ж як?
— А я? Кепска я. Жылі на кватэры ў Грушаўскім пасёлку, ну, пасьля маці засталася адна. Кватэрная гаспадыня, праўда, неблагая была кабета. Але ў самой трое малых, мужа няма. Харчу ніякага. Прывезла з раёну мех бульбы, хутка яго зьелі. Прадалі, што было можна прадаць. Я апошнія рукавічкі прадала, што перад вайной мама зьвязала. Можа б як і далей бавілі час, ды на бяду да суседзяў сталі на кватэру два паліцаі. Ну і адзін, Вінцэсь, стаў заходзіць. П'янтос такі, брыдкі і нахабны, не было ад яго паратунку. Прыб'ецца калі, сядзіць да поўначы, балбоча невядома што. А то пачне прыставаць. Я ўжо адшывала яго, як умела, ды й гаспадыня старалася — нічога не памагае. Закахаўся, кажа.
— Ну, ведама, прыгожая дзяўчына...
— Ніякая не прыгожая. Гэта цяпер трохі, а тады, бы брыдкае качанё.
— Ну ладна, ладна, — з раўнівай ноткай сказаў я. — Не прыбядняйся.
— Я й не прыбядняюся. А тады... Тады цётка Мар'я кажа: давай адвязу цябе да дзядзькі на вёску. У таго адна дачка, твая аднагодка, будзеце разам. Пакуль зіма скончыцца. А там паглядзім, можа, і вайна замірыцца. Неяк у нядзелю паехалі на санях — далёка, аж у Чэрвень, а там яшчэ кілямэтраў шэсьць, прыехалі ўжо ноччу, пастукаліся ў вакно. Дзядзька пусьціў, гаспадыня яму пачала тлумачыць, пасьля прасіць. Я ўсё гэта слухаю... Неяк упрасіла, назаўтра паехала. А я засталася. Незнаёмая, чужая ў чужых людзей. Зоська і праўда, амаль мая аднагодка, шаснаццаць гадоў. Ну, з гэтай мы быццам сышліся, нічога была дзеўка, ня злая. Толькі недалёкая, страх. Да вайны скончыла шэсьць клясаў, а да хлопцаў цягнулася, бы да магніту. Так да вясны дабылі. А вясной загуло ў навакольлі — прыйшлі партызаны. Сталі ў нашу вёску наведвацца, наладжваць сувязі. Ну і некаторых хлопцаў сагітавалі, а за імі і дзевак. Зоська засталася, бацька не пусьціў. А мяне не пушчаць не было каму, пабегла зь дзяўчатамі. Пачалося лясное жыцьцё. Атрад “Бальшавік” называўся, камандзір — былы пагранічнік, прозьвішча Сокал. Дні праз тры ставяць мяне ў каравул — на ўзьлеску ля кладкі, вінтоўку далі, настрашылі наконт пільнасьці. Ноччу стаю, баюся. А тут прыходзіць каравульны начальнік, таксама з пагранічнікаў — на праверку. Праверыў, я ўсё правільна адказала, а ён не ідзе назад. Тое ды гэта, бачу, пачынае самым нахабным чынам. Што мне рабіць? Крычаць, ці што? Крычаць нельга. Неяк той раз ад яго выбавілася, сказала: пажалюся камісару. Адчапіўся. Вядома ж, нікому скардзіцца не пайшла, дык неўзабаве ўсё пачалося па-новаму. I хто — сам камандзір атрада. Не адмовішся ж, калі загадвае куды ісьці. Ідзеш, а ён з ад'ютантамі сьледам. Вярнуся, а ён: пачаму не спалняеш загад? За неспалненьне загаду — расстрэл на месцы. Пасьля пераходу ляжам дзе стомленыя на хвойным лапніку, адразу ў сон. А ён ноччу падкочваецца, ну і... Як закрычу! Тады лаецца: пачаму дэмаскіруеш групу? За дэмаскіроўку групы — расстрэл. Гэта былі нейкія не такія, як іншыя, партызаны, як пасьля даведалася — асобага прызначэньня. Усё хадзілі на маршы. Нашая задача была Менск, туды дзяўчат пасылалі, адтуль да нас прыходзілі. Але болей пасылалі. Меней вярталіся. Не вярнулася Тоня Быстрова, Валя і Жэня-хахатушка, былі такія дзяўчаткі. Камсамолкі ўсе. Ну і я камсамолка. А начальнікамі над намі хлопцы, а то й дзядзькі ў гадах ужо. Тыя нікуды не хадзілі, толькі за намі сачылі. Каб ня дай бог бязь іхнага ведама — нікуды. I любілі пакарыстацца дзяўчаткамі... Намесьнік камандзіра Кашэльнікаў бывала кажа: што ж такога — ля калодзежа жыць, ды вады не напіцца? Труцень такі мардаты. Як не вярнулася Жэня, мая сяброўка, таксама мянчанка, у Калодзішчах да вайны жыла, клічуць у будан мяне. Той самы Сокал і кажа: табе заданьне прабрацца ў Менск і арганізаваць явачную кватэру. Будзеш яе абслугоўваць. А дзе я яе арганізую? А хоць бы ў гаспадыні тваёй, у якой на кватэры была. Як успомніла я цётку Мар'ю і яе трох малых, дык мне млосна стала. За сябе ўжо не баялася, але за іх. Гэта ж праз тую явачную кватэру і мая мамачка папалася. Пайшла на яўку ў Сьляпню, там яе і ўзялі. Можа, хто выдаў. I павесілі. I гаспадара, і ўсіх ягоных сямейнікаў — шэсьць душ усяго. Ну, што мне рабіць? Адмовіцца нельга, за адмову, канечне, расстрэл. Аднак я спрабую, кажу: там жа дзеці малыя. А ён мне на тое: ага, дзяцей шкадуеш? А табе на савецкую родзіну напляваць? Я кажу: гаспадыня мяне не паслухаецца. А ён: не з гаспадыняй, дык з паліцаямі паладзіш, яны ласыя да такіх прыгожанькіх, сама ведаеш. Гэтак ён мне намякае на нешта. Брыдка мне стала, я ўжо яго ўзьненавідзела, а што рабіць, ня ведаю. Але ў той дзень не паслалі, група мяняла дысьлякацыю, абходзілі па лясах Чэрвень. Неяк адышлася я ўбок, у бярэзьнічак, кінула ў траву вінтоўку — і ў сваю вёску. Ужо недалёка было. А ў суседняй вёсцы ўжо паліцэйскі гарнізон усталяваўся. Што я ў партызаны пайшла, мала хто ведаў. Думалі, зь Менску, ну, можа, у Менск і паехала. Ды і прапартызаніла я, можа, месяц — ня болей. Пайшлі з Зоськай сена сушыць на балота. Улетку яно й няблага, ягады пасьпелі. Неяк надвячоркам шэсьць капешак нагрэблі, дамоў зьбіраемся, ажно бачым: бяжыць цётка, Зосьчына маці, кажа: прыяжджалі двое конных, цябе шукаюць. Усё ў хаце і гумне перарылі, дык не ідзі дамоў, хавайся. Ну мы з Зоськай і зашыліся ў стажку. Так на тым балоце праседзелі тыдзень, цётка хлеб з малаком насіла, ягады елі. Ды пайшлі дажджы. Зоська занатурылася: хачу дамоў. Ну, і пайшла, а я яшчэ дзён колькі заставалася. Але таксама ня вытрымала адна, вярнулася ў вёску, пару дзён у асеці спала. А тут аб'явілі набор у Нямеччыну, і на Зоську выпаў нарад. А Зоська ня хоча. А бацька кідаецца да старасты, да паліцаяў, ведама — адна дачушка. Неяк павячэралі, і дзядзька кажа: Франя, можа б ты замест Зоські пайшла? Усё ж адна, што табе? Калі што здарыцца, дык перажываць няма каму. Сірата. Зноў жа разумнейшая, чым гэтая дурніца Зоська. Ну што ж, думаю, калі іншага не выпадае — пайду. I пайшла, за сябе ці за Зоську — ужо ня думала. Пасадзілі ў цягнік з такімі няўдакамі, як я, павезьлі ў Нямеччыну. Натрывалася, нагаравалася, пакуль на вочы Курту не трапіла. Вось, ты кажаш: прыгожая, і людзі мне пра тое казалі. А ведаеш, як я праклінала тую сваю прыгажосьць, колькі празь яе натрывалася. Думала, лепш бы я нарадзілася якой недарэкай, можа, б тады шчасьлівейшая была. А то... Ды яшчэ характар такі, нягрубы, дабрыні хочацца.
— Ну якая ў вайну дабрыня? Тут азьвярэць можна, — сказаў я.
— Праўда. I ўсё ж яна ёсьць, дабрыня. Я во ўспамінаю сваю грушаўскую гаспадыню. Ды і на Чэрвеньшчыне...
— Ну, а тут, у Нямеччыне?
— Дык і ў Нямеччыне ёсьць. Болей сярод старэйшых, якіх яшчэ фашызм не перайначыў.
— Ну, а ты сама добрая? — запытаўся я і прыціх, чакаючы яе адказу.
— Наўрад ці. Усё ж я адтуль, дзе рэлігіяй была жорсткасьць, непрымірымасьць. Гэта ўжо сядзіць у нас унутры. Ведаю, тое кепска, а што зробіш? Мабыць, натура мацней за розум. Вось да праўды сябе не прывучу. Асабліва, калі праўда калючая. Усё прыгожай хлусьні хочацца.
— Гэта канечне. Прыгожае заўжды прыемнае.
— Галоўнае, што паверыць у прыгожую хлусьню заўжды надта лёгка. Яна сама на душу кладзецца. Вось ты сказаў — прыгожая, і я ўжо растала. Я ўжо за адно гэтае гатовая цябе пакахаць.
— Праўда?
— Ну, — адказала яна проста, як некалі казалі ў нас, і ціхенька засьмяяўшыся, прыгарнулася да мяне.
— Але ж я бяз хітрасьці. Ты ж і сапраўды прыгожая.
— Калі побач няма прыгажэйшай, — гарэзьліва скончыла яна.
— Але ж ты яшчэ й разумненькая.
— Ну ўжо не. Я, можа, і была б разумная, калі б была шчасьлівая. Няшчасная дзяўчына разумнай ня будзе. Гэта хлопцы на горы вучацца. А дзяўчыну гора зьядае. I розум яе, і прыгажосьць.
— Навошта дзяўчыне розум, калі ёсьць прыгажосьць? — трохі жартоўна зазначыў я.
— Ну, ведаеш, розум — гэта ўсё ж адносная якасьць. Я недзе чытала, што каб паразумнець, трэба адчуць сябе дурнаватым. А ўвогуле розум — ня самае галоўнае ў чалавеку. Разумны можа быць і злачынца. Разумны для сябе.
— А што ж галоўнае?
— Чалавечнасьць, во што. Тое, што ідзе ад Бога, а не ад д'ябла. Ці ад малпы, як дарвіністы пісалі. Усё ж у нас дужа мала боскага. Ці яшчэ не набылі, ці бальшавікі адабралі. Аддзялілі народ ад Бога.
— А ў немцаў хіба больш... боскага?
— Ведаеш, больш. Усё ж яны болей з Богам жылі. Зноў жа яны Бога шукалі. Пратэстанты, напрыклад. Ён быў ім патрэбны, казаў доктар Шарф. А мы свайго так і не знайшлі.
— Хай сабе яны і з Богам. А мы ўсё роўна іх перамаглі.
— Перамагчы, можа, і магчыма, — не адразу, падумаўшы, сказала Франя. — Але ці магчыма бяз Бога жыць? Ніводзін народ, нават самы адсталы, не жыве бяз Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Бяз Бога, ён проста сам сябе зьесьць. Асабліва прымітыўны народ.
— Ну мы ж во не прымітыўныя, а жывем бяз Бога і — нічога. Ня зьелі яшчэ адзін аднаго.
Франя трохі прымоўкла, зьбіраючыся з думкай, і сказала надта сьцішаным голасам:
— Ведаеш, даволі пасьпяхова елі. Клясавая барацьба — хіба ня тое ж самаедзтва? Хаця нас, можа, ратуе, што нас многа. Ня надта хутка можна адзін аднаго зьесьці!
Я ўжо не пярэчыў, унутрана я пачаў зь ёй згаджацца. Я адчуў, што яна разумнейшая за мяне, хоць і ня надта прыемна было ў тым прызнавацца сабе. Усё ж я не лічыў сябе дурнем — што-нішто разумеў у жыцьці, памятаў са школьнай гісторыі ды й прачытаў трохі кніжак. У размовах з такімі, як я, не выглядаў дурнейшым за іншых. Але пра што былі тыя размовы? Пра нашую праклятую вайну, пра несправядлівасьць начальства. Пра артылерыю ды нямецкія танкі, як іх падбіваць. Пра жыцьцё мы наогул не гаварылі, можа таму, што яго ў нас яшчэ не было. Не было ў нашым кароценькім мінулым, а на будучае мы ня надта спадзяваліся. Нам часта было незразумела, як дажыць да вечара, дзе ўжо было разважаць пра Бога. А яна вось разважала. Усё ж я ня ведаў дзяўчат. Духоўнае сталеньне ў іх, мабыць, адбываецца інакш, чым у хлопцаў. Усё ж яны нараджаюцца не для вайны — для жыцьця. Якое для хлопцаў — заўжды праблема. З Богам ці безь яго.
Тое, што я пачуў, уражвала не адным толькі выказаным ёю. Было там штось малапрыемнае для мяне — усё гэта яе партызанства ў атрадзе асобага прызначэньня. Але я падумаў, што гэтак па шчырасьці расказаць можа толькі даверлівая натура. Я ўжо ведаў, якія бываюць хамы і жлабы сярод нашага брата-вайскоўца, меў уяўленьне пра тых начальнікаў, якія і ў войску налаўчыліся ваяваць чужымі рукамі. За кошт чужых жыцьцяў. У партызанах тым болей. У партызанах, расказвалі некаторыя, хто там быў, для начальства наогул рай — рабі што хочаш. Камандаваньне далёка, аж у Маскве, па радыё вешай яму локшыны на вушы — ня прыйдзе, не праверыць. Во і рабілі подзьвігі з гэткімі во дзяўчаткамі, якіх па адной і дзясяткамі кідалі ў пашчу вайны. Новых заўжды хапала — яны любілі радзіму і ляцелі на вайну, бы матылькі на агонь.
— Ведаеш, я ж таксама Богам ня надта цікавілася, — сказала Франя. — Выхоўвалася ж ваяўнічаю атэісткай. Аж покуль во тут, у Нямеччыне, не пабыла на імшы. Як пачула арган ды сьпевы “Авэ Марыю”, усё ўва мне перавярнулася. I я зразумела — раптам і назаўжды — Бог ёсьць. Яго проста ня можа ня быць. Нягледзячы на ўсё жахлівае на зямлі.
Што ж, можа й так, думаў я. Шкада, што тое да мяне яшчэ не дайшло — раней дайшло да яе. Моўчкі я прыгарнуў да сябе дзяўчыну, і яна не адхінулася. Здаецца, яна ўжо давяралася мне, хаця штосьці яшчэ не да канца адоленае стрымлівала яе адказаць на мае пяшчоты. Але пяшчота гоіць усё, мабыць, пачала яна гаіць і Франіна гора. Нясьмела яшчэ, з далікатнай стрыманасьцю яна пацалавала мяне і зьнерухомела. Я зьнерухомеў таксама.
Гэта быў мой першы пацалунак, дагэтуль ніводная зь дзяўчат не цалавала мяне. Ды й я таксама. Я быў удзячны лёсу, што ён падарыў нам гэтую пару на зыходзе дня. Падумалася, можа, падорыць і шчасьлівую ноч? Я адчуваў сябе дужым, удачлівым і пачаў даваць волю рукам. Яна, падобна было, хмялела ў маіх абдымках, маўчала, толькі цалавала мой твар. А пасьля і зусім расслабілася, аддаючыся на маю хлапечую ўладу.
— Любая...
I раптам страпянулася, спрабуючы вырвацца з маіх абдымкаў.
— Ня трэба! Пашкадуй мяне. Потым... Я ж сірата...
Тыя словы раптам ацьверазілі мяне, і я адхіснуўся. На самой справе, што ж гэта я? Як жа я? Я ж кахаю яе.
— Я ж нікога яшчэ не цалавала, Міцечка. Цябе першага. Пашкадуй мяне.
Ну ведама, я ж цябе не пакрыўджу. Я добры. Я справядлівы, бо я кахаю цябе...
— Любая!..
Я адчуў, яна не давяраецца інстынктам, не дае заснуць розуму. I ашчаджае мяне. Усё ж я не такі, як тыя, што траплялі на яе шляху. Я кахаю яе і шкадую. Найперш, можа, шкадую. Ці не — найперш кахаю. А каханьне — заўсёды сіла, так мне здавалася...
Глухі грукат у дзьверы не адразу данёсься ў нашую шкляную вежу, сьпярша падумалася, што гэта дзесьці страляюць. Але Франя нядобра напружылася ў маіх руках і ўскочыла.
— Міця!!
— Гэта за мной, — здагадаўся я.
Як не скруціўшы сабе галаву па цёмнай і стромкай лесьвіцы, я скаціўся ўніз, навобмацак знайшоў у вэстыбюлі дзьверы, у якіх гулка грукаталі знадворку.
— Таварыш лейтэнант!..
Франя ледзьве ўправілася зь цяжкім засовам, а як адчыніла дзьверы, і я выскачыў на цёмны падворак, Кананок абвясьціў:
— Камбат кліча.
— Што такое?
— Кажуць, зьнімацца нам.
Ну, усё зразумела, таго трэба было чакаць.
У суцэльнай цемрадзі мы дабрылі да агнявой, на якой ужо тоўпіўся разьлік, і Мядзьведзеў, як заўжды ўначы, сьцішана вытлумачыў:
— Загад — згортвацца. За машынай паслаў, зараз прыедзе. А вас камбат патрабуе.
Я ўлез у змрочны равок, навобмацак пераняў з рукі Мухі тэлефонную трубку.
— Ты дзе там блудзіш? — загучаў устрывожаны голас камбата. — Гадзіну чакаць цябе трэба. Зараз жа згортвай баявы парадак, грузі боепрыпасы і — на дарогу. Чакайце мяне.
Пачыналася звычайная ліхаманка пасьпешлівых збораў. Зь цьмяным сьвятлом падфарнікаў прыпоўз на агнявую аграмадны “студэбэкер”, другі побач пабрыў каля плота ў суседні разьлік. Гэты пачаў разварочвацца, здаваць да агнявой задам; неўзабаве праз расчынены борт хлопцы ўзяліся грузіць цяжкія скрынкі нерасстраляных снарадаў, брызэнты, зброю, рознае салдацкае майно. Усе працавалі радасна і спорна, бо падобна было на тое, што рушым ня ў бой, а мабыць, з бою, туды, дзе ўжо скончылася вайна. Урэшце канец вайне, і мы ўсе жывыя, здаровыя. Во дзіва дзівоснае! Цуд!
У маёй душы быў вэрхал пачуцьцяў — радасьць перамогі ўсё ж засмучалася клопатам ростані. Ведаў, адчуваў, што паедзем адсюль. Але куды? Ці далёка? Я хацеў вярнуцца сюды, мне дужа патрэбна было тое. Хоць на гадзіну, хоць на пятнаццаць хвілінаў. Я ж нічога не сказаў ёй. I нічога ад яе не пачуў.
Не стрываў, пакуль чакалі другую гармату, я выбег на пустку і прыпусьціў да мастка. Брамка на гэты раз была не зачыненая, і толькі я ўскочыў на падворак, як расчыніліся дзьверы у катэдж. На парозе стаяла Франя. За ёй нерухома шарэлі два цені яе старых.
— Франя, мы едзем!..
Франя маўчала. Застыла, бы зьнямелая, і не краталася.
— Мы едзем! Ты чакай! Я вярнуся...
Зь цемры вэстыбюля на мяне пазіралі старыя, і я, недарэчна засаромеўшыся, нават не пацалаваў яе. Толькі абняў крышку за плечы ў цесных дзьвярах і адхіснуўся. Я ня мог бавіцца тут: на дарозе, чуваць было, пачынаўся ўжо рух, ішлі аўтамашыны. Некаторыя нават сьвяцілі фарамі, чаго ніколі не было на фронце. Ужо ж, мабыць, сапраўды вайна скончылася. Я перабег масток і ўскочыў на шырокую падножку “студэбэкера”, што з маёй апошняй гарматай вырульваў на шашу.
Над горнай далінай днела: праясьнелася неба, на закрайку яго цьмянымі зубамі вяршыняў азначыліся горы. Бліжняя гара за катэджам яшчэ ўся была, бы змрочны маналіт — і гара, і дрэвы пад ёй. Толькі шэры сілуэт катэджа вылучаўся сьвятляваю плямай на змрочным, зьлітым у адно фоне. Здаля я усё пазіраў туды, намагаючыся згледзець маленькую постаць на ганку, ды нічога ня згледзеў. Яшчэ б паўгадзіны пастаяць тут, калі б лепей стала відаць...
Але паўгадзіны нам не далі. Нейкая шалёная пасьпешнасьць запанавала на дарозе, адны машыны пад'яжджалі, спыняліся, іншыя, абмінаючы іх, шалёна кіравалі далей. Старэйшыя афіцэры падганялі — хутчэй, хутчэй! Камбат накрычаў на мяне за спазьненьне, хаця, як я прыехаў зь дзьвюма гарматамі, батарэя яшчэ колькі хвілінаў нікуды ня рушыла. Чагось чакала. Але зьвягі і крыкі камбата былі для мяне звыклыя, на іх крыўдаваць не належала. Крыўда і шкадаваньне дапякалі за іншае, і тое іншае засталося ззаду. Бы штось адчувала мая душа, ды не магла хіба вымавіць, каб я зразумеў выразана. Толькі шчымела нутраным невыразным болем.
Нейкі час полк ліхаманкава выцягваўся ў паходную калёну. Паўз “студэбэкеры” з гарматамі на прычэпе па ўзбочыне праімчаў “віліс” камбрыга, які штось крыкнуў з машыны, але я не зразумеў, што. Мая ўвага ўжо была скіраваная наперад, дзе ў ранішняй шэрані стаяў на дарозе камбат, і аднекуль ля яго зьявілася знаёмая кругленькая постаць заўжды жвавага капітана, нашага палкавога “сьмершаўца”. Трафэйнага “хорха”, аднак, не было відаць. Штось яны нядоўга там гутарылі, хаця, здаецца, болей гаварыў “сьмершавец”, камбат заклапочана слухаў. Затым абодва павярнуліся тварамі назад, быццам уставіліся позіркамі ў кагось у калёне, здалося — ці не ў мяне? Але, можа, толькі здалося, бо абодва ня рушылі зь месца. “Сьмершавец” расшпіліў тонкую пляншэтку, што заўжды боўталася на ягоным задзе, штосьці каротка пазначыў на паперыне, у якую зазірнуў і камбат. Што яны там запісвалі, і што ён усё капаў між людзей, гэты нястомны барацьбіт са шпіёнамі? Цікава, ці бачыў ён хоць аднаго зь іх у сваім жыцьці? Я падумаў, што, як камбат застанецца адзін, падыду да яго, запытаю. Ды не пасьпеў. Падалі каманду “Па мясцох!”, і я пасьпяшаўся зьбегчы з дарогі.
Нарэшце неяк няўпэўнена, з прыпынкамі, рушылі разьбітаю вуліцай гарадка ў бок недалёкай перадавой. Пакуль я выглядваў “сьмершаўца”, у кабіну майго “студара” ўлез пасажыр — наш палкавы прапагандыст, маёр з мудрагелістым прозьвішчам, якога я ня мог запомніць. Я змушаны быў прыткнуцца на пляскатым крыле ля фары, як нярэдка езьдзіў на перадавой. Цёплаю парой тут было ня горш, чым у кабіне, ды й зручней было пры нечаканым абстрэле саскочыць на зямлю. Належала толькі трымацца. Перад тым як рушыць, ніхто з камандзіраў не сказаў нічога, але калі рушылі адкрыта, значыць, немцы не супраціўляліся. Яны зьніклі. За дашчэнту разьбітымі дамамі ўскраіны пераехалі лінію акопаў нашай пяхоты, якой ужо там не было, затым і нямецкую лінію. Нямецкія акопы выглядалі, як пры пасьпешлівым адступленьні — скрозь валялася вайсковае майно, зброя, скрынкі боепрыпасаў; упоперак бруствэра на сошках стаяў нарыхтаваны да бою кулямёт з абвіслай у акоп стужкай, поўнай патронаў. Але салдатаў нідзе не было відаць — ні жывых, ні забітых. Здаецца, учора, расстраляўшы збольшага боекамплект, яны падаліся на захад. На сустрэчу з амэрыканцамі. З намі яны сустракацца не захацелі.
Ужо добра разьвіднела, хаця сонца з-за гор яшчэ не паказалася, і ў горнай даліне панавала прахалодная засень. Мы няхутка ехалі па асфальтавай шашы на захад, мінулі першы не крануты вайной гарадок з дбайна дагледжанымі дамкамі ў стылі фахвэрку абапал вузенькіх вулічак, зь цёмнай кірхай сярод купкі разложыстых дрэваў. Людзей было мала відаць, але скрозь з бальконаў і вокнаў зьвісалі белыя прасьціны — знакі капітуляцыі. Пасьля сталі трапляць і людзі — старыя, дзеці і жанчыны; з расчыненых вокнаў яны махалі нам і ўсьміхаліся. А некаторыя плакалі — відаць і такое. Салдаты з кузаваў махалі ў адказ, выкрыквалі самае цяпер зразумелае “Гітлер капут!” ці яшчэ што — вясёлае і гарэзьлівае. Усім было весела і радасна — вайне нарэшце канец.
За тым гарадком дарога павярнула ўгору, пачаліся павароты — то ўправа, то ўлева. Нечакана на горным схіле калёна спынілася: наперадзе за павароткай пачуліся гарматныя выбухі, усе насьцярожыліся. Я саскочыў з крыла, думаў, зараз будзе якая каманда, можа, прыйдзецца адчапляць гарматы. Але ніякай каманды не падавалі. Афіцэры павылазілі з машынаў, пасталі на ўзбочыне, узіраліся наперад. Некаторыя ішлі далей, дзе было начальства і дзе раздаліся гэтыя нечаканыя выбухі. Што там адбывалася, было невядома. Я таксама прайшоў трохі ўздоўж батарэйных машынаў і згледзеў наперадзе свайго камбата. Разам з камандзірам першай батарэі яны ўсё ўзіраліся ў галаву калёны, мабыць, таксама чакалі якога сыгналу. Гэтыя два афіцэры, два капітаны з выгляду былі дужа розныя — маленькі хударлявы камбат-1 і цыганскага выгляду, камлюкаваты камбат-2. Зь іх ціхай гаворкі было зразумела, што нас абстраляла нямецкая самаходка, якая, аднак, змоўкла. Экіпаж яе, пэўна, даў драла. Так што няварта хвалявацца, зараз паедзем. I праўда, неўзабаве з галавы калёны прагучала каманда “Па машынах!” Камандзір першай батарэі пабег да свайго “студэбэкера”, а мой трохі затрымаўся, усё ўзіраючыся наперад.
— Капітан, хачу запытацца.
— Што? — павярнуў да мяне незадаволены твар камбат.
— Што гэта тут асабіст раніцой высьледжваў?
— А ты ня ведаеш, што? — камандзір батарэі ўпёрся ў мяне нядобрым позіркам. — Не адчуваеш?
— Не адчуваю, — сказаў я, пачынаючы, аднак, здагадвацца.
— Зь якой гэта ты зямлячкай там зьнюхаўся?
На хвіліну я анямеў — так яно і казалася, як я меркаваў. Я моўчкі чакаў, што яшчэ скажа камбат, але ён таксама змоўк, мабыць, пашкадаваўшы, што і без таго сказаў шмат.
— Зноў жа, бацькі твае дзе? На акупаванай тэрыторыі пражывалі?
— Пражывалі. Ну?
— Во табе і ну! — няпэўна скончыў камбат і крута павярнуўся да свае машыны. Наперадзе ўжо загырчалі маторы, здаецца, калёна рушыла.
Я подбегам вярнуўся да машынаў свайго ўзвода і зноў ускочыў на шырокае крыло “студэбэкера”. Вось табе і радасьць: называецца, сустрэў зямлячку. Ды яшчэ й бацькі на акупаванай тэрыторыі. Але дзе тыя бацькі, што я пра іх ведаў? Думаў, прыеду пасьля вайны, буду шукаць. Нехта ж павінен ведаць, як і дзе яны прапалі летась пад Ушачай. Былі ў партызанах, ды зьніклі. Магчыма, у час прарыву зь нямецкага акружэньня. Можа, загінулі, а можа... Тое можа дацінала мяне ўжо паўгода. Шкада, н