Калі нарэшце закончыцца гэтае сумнае абмеркаванне? Дома мяне, пэўна, чакае званок ад жанчыны. Я ведаю, яна не супраць правесці вечар са мною. І я вазьму бутэльку шампанскага і паеду да яе. На стаянцы таксі п'яныя мужыкі будуць хапаць адзін аднаго загрудкі, высвятляць, хто з іх першы ў чарзе. А першы - я. Мяне чакаюць. Іх ніхто не чакае, ім няма куды спяшацца. Адкуль я ведаю, што адбудзецца менавіта так? А так некалі было. А што было аднойчы, тое аднойчы і паўторыцца. Ужо тады, калі таксі рванецца скрозь начную імглу, асветленую ліхтарамі, я падумаю, што зараз робіць паэт В. Ён, пэўна, сачыняе вершы, а празаік, пэўна, перарабляе сваё апавяданне, крытык Ш., магчыма, ужо спіць, а я ўцёк ад літаратуры. Я хачу жыць. І заўтра закон маятніка верне мяне да літаратуры.
1987 г.
Беларуская Палічка: http://www.knihi.com