ЛЕЎ САПЕГА
Бацька АйчыныНа пачатку шляху • Пасольства • Трэцяе безгаспадарства • Статут • Спакой Айчыны • Марная надзея • Абвінавачванне • Пад сценамі Смаленска • Страсці па шапцы Манамаха • На схіле жыцця
НА ПАЧАТКУ ШЛЯХУ У дзяцінстве ён любіў слухаць аповеды пра жыццё і справы сваіх продкаў. Загараліся вочы захапленнем і гонарам, калі чуў пра славу Сапегаў. І марыў ён рыцарскай мужнасцю быць годным продкаў сваіх слаўных. А дом Сапегаў у Літве быў зацным:
«Там Бог благославляет, там слава значная,
в тым доме зоставанет на веки трвалая»[1].Свой пачатак Сапегі выводзілі не абы ад каго, ад самога «роданачальніка князёў Літоўскіх» - Віценя. На пахавальным помніку Івана Сапегі радавод дому падаецца так: «Івану Сымонавічу Сапегу... сыну Сунігайлы Пунігайлавіча Сафіі, троцкага кашталяна, які пры святым хрышчэнні прыняў імя Сымона... унука Пунігайлы Нарымунтавіча, сучасніка Альгерда і таксама кашталяна троцкага, названага па-грэчаску Сафіяй за сваю мудрасць, адкуль выводзяць сваю прозву Сапега ўсе нашчадкі Нарымунтавіча, роднага брата Белзскага і Падольскага князёў, праўнука Нарымунта Гедзімінавіча, пінскага епарха, сына Гедзіміна Віценавіча, унука Віценя - роданачальніка князей Літоўскіх»[2].
У грамаце Жыгімонта Старога знаходзім згадку, што Сапегі былі наступцы «Нарымунта Гедзімінавіча, некалі пінскага князя, нашага крэўнага»[3], а ў грамаце Жыгімонта Аўгуста сказана, што род Сапегаў «паводле дакладнага сведчання прывілеяў бацькі і папярэдніка нашага Жыгімонта першага даведаемся, што разам з Рожынскімі ёсць з княжат ліцьвінскіх Нарымунтавічаў»[4]. Дык што, Сапегі нашчадкі Нарымунта? Падобна на праўду, хаця не выключана магчымасць, што і Жыгімонт Стары быў уведзены ў зман апакрыфічнай генеалогіяй, якую далі яму Сапегі. Выводзілі ж сябе Радзівілы ад яшчэ аднаго князя Нарымунта. Такая ўжо мода існавала тады - падвышаць знатнасць свайго роду і выводзіць яго ад вялікіх мужоў.
Рэальнасць Сунігайлы засведчана яго подпісам пад актам Гарадзельскай вуніі. Вядома, што атрымаў ён герб «Ліс», які стаў родавым гербам Сапегаў. Пры хрышчэнні названы быў Сымонам. Але ўзнікае пытанне, калі Сунігайла прыняў каталіцтва, дык чаму ўсе ягоныя нашчадкі праваслаўныя? Можна пагадзіцца, што ўвесь гэты радавод прамая фікцыя і прызнаць услед за некаторымі гісторыкамі Сапегаў нашчадкамі смаленскіх баяраў[5]. Прынамсі ў доказ гэтага прыводзяцца звесткі, што Сунігайла не пакінуў дзяцей. А Сапегі, якія разам з многімі родамі карысталіся гербам «Ліс», вывелі сябе ад Сунігайлы. Гэтым і можна растлумачыць тое, што Сапегі не насілі княжацкі тытул.
Сапегі займалі ў дзяржаве высокія пасады. Па сямейнай традыцыі служылі пры двары пісарамі. Падымаліся і да ваяводстваў. Гэтак, Іван Багдановіч, дзед Льва Сапегі, стаў віцебскім ваяводам, а пасля і ваяводам падляшскім. А ягоны сын Іван ажаніўся з княгіняй Багданай з слаўнага роду князёў Друцкіх-Сакалінскіх. У гэтай сям'і і нарадзіўся 4 красавіка 1557 года ў маёнтку Астроўна Віцебскага ваяводства хлопчык, якога хрысцілі па праваслаўнаму абраду і назвалі Леонам.
Нават калі і прыдумалі Сапегі радаслоўную ад Віценя, дык якая тут бяда. Паднялі планку для сябе высока і ніжэй апускацца не дазваляў гонар. Лепшай школы патрыятызму, чым прыклад слаўных продкаў, не прыдумаеш. Юны Лёва ганарыўся іх справамі дзеля Айчыны і не ўяўляў для сябе іншага шляху, як і самаму з годнасцю працягваць сямейную традыцыю. Жыццёвым дэвізам для Льва Сапегі стала перакананне: «Не толькі я, але і жыццё маё належыць Айчыне»[6].
Гэтак праз сямейную кроніку юны Лёва пазнаваў гісторыю сваёй Радзімы. А пасля навучаўся ў прыватнай школе пры нясвіжскім двары князя Мікалая Чорнага. Аддалі хлопчыка ў навуку дзесьці ў сямігадовым узросце. Хаця школа і была пратэстанцкай, але праваслаўных Сапегаў гэта не бянтэжыла. Выкладалі там дасведчаныя настаўнікі. Сама атмасфера нясвіжскага двара, дзе сабраліся светлыя галовы з усёй Эўропы, дзе на філасофскіх і багаслоўскіх дыспутах пазнавалі ісціну і сэнс быцця, дзе друкаваліся кнігі - насычала ўражлівую душу і цікаўны розум хлопчыка новымі пачуццямі і новымі думкамі. Можа, гэта і было для Лёвы занадта спакуслівым, бо, пакуль не пасталеў, ён лёгка паддаваўся чужым уплывам, пра што пазней шкадаваў. Але веды ў нясвіжскай школцы атрымаў ён добрыя, вывучаў і мовы, і філасофію, і багаслоўе, і літаратуру. Можна толькі дзівіцца ягоным здольнасцям. Па заканчэнню ведаў польскую, нямецкую, лацінскую і грэчаскія мовы, а меў ён трынаццаць гадоў. Зайздросны набытак. Толькі Льва гэта не задавальняла, прагнуў пашыраць свае веды. А калі ёсць магчымасць, грэх не выкарыстаць яе. У сяброўстве з сынамі Чорнага Юрыем і Станіславам ён паехаў у Германію і паступіў у Лейпцыгскі ўніверсітэт. Пачалося студэнцкае жыццё. Досвед вёў Сапегу туды, дзе здавалася нараджаецца нешта новае, праўдзівае. Лёгка захапляўся ён ідэямі творцаў Рэфармацыі і нават перайшоў у пратэстанты. Так вось малады чалавек спасцігаў святло ісціны. Ужо ў сталым веку ён па-іншаму аднясецца да сваіх духоўных пошукаў. «Кідаўся я тады на розныя спакусы і быў дурны, як авечка, асабліва калі вучыўся ў нямецкіх ерэтычных школах»[7]. А то і зусім прама прызнаецца: «Заблудшым быў»[8]. Але ж ліха без дабра не бывае. І ў тым, што Леў не толькі вывучыў працы Платона і Арыстоцеля, але і сам думаў мудра, была заслугай гэтых «ерэтычных школ». Пакінулі след у душы Сапегі і вольналюбівыя ідэі, якія прынесла ў Германію Рэфармацыя: вызваленне чалавека ад путаў схаластычнага светапогляду на сябе, як на аб'ект нечай чужой волі, і ўзвышэнне чалавека да ўсведамлення сваёй ягамосьці і прызнанне за сабой права быць чалавекам. Пасля вяртання на радзіму Сапегу не знайшлося месца на службе. Па маладосці ён перажываў, як яму здавалася, сваю непатрэбнасць і вось не вытрымаў. У лісце да Крыштофа Радзівіла піша: «А я, небарака, яшчэ не ведаю, дзе сесці, і ўжо ўдумаў да кляштара ўступіць, бо нікога за мяне няма на свеце. Да гэтага часу не ўмеў падліслівіць, а вучыцца ўжо позна...»[9]. Хто, як не бацька, дапаможа свайму сыну? Ён і паслаў Лёву да Сцяпана Батуры, нібыта бараніць сямейныя інтарэсы па нейкіх дробных маёмасных справах. Малады Сапега ўразіў уладара лацінай, веданнем законаў і разважлівым не па гадах розумам. Такія людзі дзяржаве патрэбныя. А ў людзях Батура не памыляўся. Будзе з Льва Сапегі вялікі дзяржаўны муж «Iste adolesceusc evadet in magnum virum in Republica»[10]. Батура ў 1580 годзе ўзяў Сапегу да сябе пісарам, а праз год ён ужо назначаны ліцьвінскім гаспадарскім пісарам. Не толькі пяром на паперы махаў Леў, але і зброяй валодаў добра. Надышоў час паказаць Льву і сваё вайсковае зухвацтва. У паходах Сцяпана Батуры Леў Сапега на чале сваёй почты праявіў сябе як мужны віцязь. Кароль пахваліў Сапегу за гераізм у баях пад Псковам.
Але вось навука, якую ён атрымаў у дзяржаўнай канцылярыі, зрабіла з яго палітыка. У майстэрні палітычных спраў Літвы быў Сапега пакуль што падмайстар. А вучыў яго канцлер Княства Астафі Валовіч, які зацята бараніў самастойнасць Літвы. Ён і ягоныя аднадумцы ні на крок не саступалі Кароне правоў і волі Княства. Тут зброяй не дапаможаш, тут трэба ўмець палітыку рабіць. Відаць, хутка пераняў вучань настрой свайго настаўніка. Прызнаецца Сапега ў лісце да Крыштофа Радзівіла: «Добра вядома, як нам гэтую вялебную вунію датрымоўваюць: з радасцю зрабілі б з нас Валынь. Агулам - дрэнная справа з імі, бо яны ахвотна хацелі б мець нас сваімі галдоўнікамі»[11]. Валовіч займеў не толькі шчырага аднадумцу, але і дзейснага і практычнага спраўцу сваёй незалежніцкай палітыкі. І першай сур'ёзнай справай Сапегі разам з Валовічам і падканцлерам Крыштофам Радзівілам стала праца над стварэннем вышэйшага апеляцыйнага суда - Трыбунала Вялікага Княства.
ПАСОЛЬСТВА Новае выпрабаванне на сталасць чакала Льва Сапегу. Кароль даверыў яму правіць пасольства ў Масковію. «Хацеў таго кароль, сам паведаў, каб я зірнуў у вочы дэспату і нагадаў яму пераможныя каралеўскія звіцязтвы. Былі часы, калі паслы манархаў, стаўшы перад яго абліччам, трупянелі; абавязак мой, павагу да пераможцы абудзіць, можа, тады суцішыцца ягоная дзікасць і жорсткасць», - гэтак успрымаў значэнне сваёй місіі Сапега[12]. Невыпадковым быў выбар Батуры. Сапега вызначаўся ініцыятывай і не баяўся браць на сябе адказнасць у вырашэнні складаных пытанняў. І што важна, Сапега валодаў моцнай воляй. Паслам у Масковію не пазайздросціш, бо ехалі яны нібыта ў варожы стан, дзе на кожным кроку чакала небяспека. Прамымі пагрозамі ды хітрыкамі маскавіты вымагалі ад іх падатлівасці. «У такую дзяржаву ніхто не захоча ісці ў паслах», - справядліва лічылі ў Літве[13]. Сапраўднае выпрабаванне для 27-гадовага чалавека.
Хаця ў 1582 годзе і быў падпісаны мір паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй, але па-ранейшаму абедзве дзяржавы варожа ставіліся адна да адной. Неабходна было пацвердзіць мірнае пагадненне з Масковіяй. Пасольства адправілася ў Маскву ранняй вясною 1584 года.
Сапегу суправаджала 275 чалавек прыслугі і аховы, ды яшчэ да іх далучыліся купцы, якія везлі на 177 вазах тавары. Два гады перад Сапегам па гэтым шляху прабіраўся ў Маскву Антон Пасевін. І вось што ён занатаваў: «У лесе ледзь можна разлічыць шлях, паколькі ствалы дрэваў настолькі шчыльна паміж сабой перапляліся, што шлях усюды трэба было прабіваць сякерамі, вазы даводзілася цягнуць рукамі або нават пераносіць на плячах, а між тым знясіленым людзям трэба было начаваць на мокрай зямлі»[14]. Тыя ж цяжкасці выпалі і пасольству Сапегі. Таксама давялося прабівацца праз лясы. Каля Мажайска пасольства раптам затрымалі. Што такое? Таямнічасць паводзін маскавітаў нараджала розныя здагадкі. Ад Івана Жахлівага можна было чакаць чаго заўгодна. Дарма што мір абяцаў. Некалькі дзён прайшло ў чаканні і няведанні. Палягчэла на сэрцы, калі адзін з маскоўскіх вартаўнікоў прагаварыўся, - памёр цар. У Маскве ў той час бунтаваў чорны люд. Па начах горад азараўся пажарамі. А баяры аж да крыві грызліся паміж сабой. Канечне, выставіць на вочы ліцьвінам сваю ганьбу і слабасць не хацелася. І толькі калі на царскі пасад узышоў сын памершага цара Фёдар Іванавіч і трохі супакоіліся хваляванні, пасольства пусцілі далей. У Маскве паслоў заперлі на пасольскім двары, каб і кроку не ступілі. Высокі плот адгарадзіў ад усяго свету: «Не толькі што чалавека нельга бачыць і ветру правеяць няма куды»[15]. Асоба пасла не выклікала ў гаспадароў пашаны. «Тут мяне хавалі, як нейкага вязня, нават дзіркі ў плоце пазатыкалі ды вакол двара паставілі варту, якая сачыла за мною ўдзень і ўначы»[16].
Доўгі час новы цар не прымаў паслоў. Баяры змагаліся паміж сабой за ўладу, не да перамоваў тут.
Невядомасць і трывожнае чаканне мучылі Сапегу. Азмрочвалі настрой і палонныя суайчыннікі, якіх трымалі пад вартаю каля пасольскага двара. Яны перадалі запіску Сапегу з просьбай аб вызваленні. «Штодня я абліваюся слязамі, калі чую іх енкі, хоць і далёка ад іх стаю»[17]. Перамовы, на дзіва, закончыліся хутка. У нейкай ступені паўплывала заява Льва Сапегі, што пасля смерці Івана ІV мірная дамова, заключаная ў 1582 годзе, траціла сваю сілу. Калі ж цар хоча міру, ён павінен прыслаць да караля вялікіх паслоў для падпісання новай мірнай дамовы, але з умовай прызнання за Рэччу Паспалітай правоў на Смаленск і Северскую зямлю. Выклаў Сапега і патрабаванне ўрада Рэчы Паспалітай: вызваліць палонных і выключыць з царскага тытула назву лівонскага ўладара. Цар вызваліў палонных, але ад тытула ўладара лівонскага не адмовіўся. Як абвясцілі баяры Сапегу, гэтую назву цар артымаў у спадчыну ад бацькі.
Пасольства дасягнула сваёй мэты - Масква гатова падтрымліваць мір. Сапега заключыў з царом перамір'е на 10 месяцаў да прыезду вялікіх паслоў. Да поспеху трэба аднесці і вызваленне 900 чалавек палонных, на што мала спадзяваўся і кароль, і сам пасол.
Сустрэча з царом пакінула непрыемнае ўражанне. Фёдар Іванавіч здаўся Сапегу блазнам: «Вялікі князь малы ростам; кажа ён ціха і вельмі павольна; усведамлення ў яго небагата, або, як іншыя кажуць і як я сам заўважыў, зусім няма. Калі ён падчас маёй аўдыенцыі сядзеў на пасадзе ва ўсіх сваіх царскіх упрыгожваннях, дык, гледзячы на скіпетр і дзяржаву, усё смяяўся»[18].
Слабавольнасцю Фёдара Іванавіча і баярскай нязгодай хацеў скарыстацца Сцяпан Батура, каб развязаць з Масковіяй вайну. Данясенні Сапегі, дарэчы, паслужылі Батуру ў ягоных планах: «Нянавісць і нязгода пануюць паміж сама знатнымі асобамі, а гэта сведчыць пра іх заняпад. Самы час скарыць гэтую дзяржаву, і пра гэта тут ужо думаюць і адкрыта кажуць, што ваша каралеўская міласць скарыстае гэты выпадак і, як я чуў ад тутэйшых баяр, яны ў думках ужо далучаюць да вас абодва княствы, Смаленскае і Северскае, а князь Бельскі нават прадракае (дай Бог, каб апраўдалася), што ваша мосць хутка будзе ў самой Маскве»[19].
Лісты Сапегі зачытвалі сенатарам, як доказ правільных разлікаў Батуры на лёгкую перамогу. Аднак планы караля нечакана для яго сустрэлі адпор з боку ліцьвінскай шляхты. «Ваявацца няма за што, толькі ваявацца каралю дзеля свайго гонару»[20]. Папярэднія войны знясілілі Літву і пакінулі пустой дзяржаўную скарбніцу. Неўраджайнае лета пагражала краю голадам. І новая вайна прынесла б толькі беды. Песімістычна адносіўся да вайны і першы дзяржаўны муж Літвы Мікалай Радзівіл Сіротка. На сойміку Вялікага Княства ў Ваўкавыску Батуру не падтрымалі. Супраць вайны выступала і польская шляхта. Такая пазіцыя перашкодзіла Батуру ажыццявіць свае ваяўнічыя задумы. Так што паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй было заключана двухгадовае перамір'е, якое паўтарала Ям-Запольскую дамову. З новай ініцыятывай выступіла рада Вялікага Княства - праект польска-ліцьвінска-маскоўскай вуніі, якая з'яднала б гэтыя тры славянскія дзяржавы. Удзельчаў у распрацоўцы гэтай «вялікай справы» і Леў Сапега, які на той час стаў падканцлерам (22 лютага 1585 года). Сапега і наладзіў пасольства ў Маскву на чале з менскім кашталянам Міхайлам Гарабурдай. Пасол перадаў баярам прапанову паноў-рады: «...калі Бог пашле па душу Сцяпана караля, і нашчадкаў у яго не застанецца, дык Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае злучыць з маскоўскай дзяржавай пад дзяржаўную руку: Кракаў супраць Масквы, а Вільню супраць Ноўгарада. А пашле Бог па душу вялікага цара, дык маскоўскай дзяржаве быць пад рукою нашага гаспадара, а другога ўладара вам не шукаць». Баяры не прынялі прапановы: «Гэта справа да добрай справы не прывядзе»[21]. І калі Літва шукала шляхі мірнага вырашэння даўніх спрэчак з Масквой, дык тая па-ранейшаму спадзявалася на сілу: «Цяпер Масква не старая: трэба ад Масквы ўжо асцерагацца не Полацку, не Лівонскай зямлі, а трэба асцерагацца ад яе Вільні»[22]. Вунь куды замахнуліся - усю Літву пад сябе. Пакуль што пагрозы, гэта сёння, а заўтра ўжо - ява.
Падзеі ж прымуць нечаканы для Масквы накірунак і цяпер ужо маскоўскі бок выступіць з прапановай вуніі.
ТРЭЦЯЕ БЕЗГАСПАДАРСТВА Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Сцяпан Батура памёр 12 снежня 1586 года ў Горадні «в милых палацах своих»[23]. Смерць уладара Рэчы Паспалітай была сапраўднай нечаканасцю. Батура добра сябе пачуваў і не скардзіўся на здароўе і раптам за нейкі тыдзень згарэў ад невядомай хваробы. Само сабой напрасілася тлумачэнне, што Батуру атруцілі. Леў Сапега, які ў гэты час знаходзіўся пры каралі, так апісвае «прычыну» хваробы. 7 снежня а 11 гадзіне ночы Батура са свечкай у руках адправіўся на кухню і правёў там каля паловы гадзіны. Пакаёвы слуга Іштан, пачуўшы грукат, пабег на кухню і ўбачыў Батуру каля дзвярэй. Кароль стаяў на адным калені, нахіліўшыся назад, а яго галаву завярнула «накшталт кадука». «І так ён стукнуўся, што пад каленам на правай назе рана горш, чым ад вострай і доўгай шаблі - шырокая і глыбокая. Жорстка аб лаву пабіў лоб і пад правым вокам, а таксама і нос пабіў сабе. Іштан ледзь прывалок яго да сябе і пытаў, што з ім сталася»[24]. Пасля гэтага таямнічага выпадку Батура ўжо не падняўся з ложка. На трэці дзень лекары вынеслі несуцяшальны прысуд: «Кароль не выжыве»[25]. І хаця праўду захоўвалі, але аб смяротнай хваробе ўладара стала вядома прыдворным. Батура нікога з іх не прымаў, толькі на кароткі час дапускаў да сябе перамышльскага біскупа Войтаха Бараноўскага. А 12 снежня Сцяпан Батура памёр. Рэч Паспалітая зноў асірацела на свайго гаспадара. Зноў надышоў трывожны і нялёгкі час безгаспадарства.
Смерцю караля адразу скарысталіся Збароўскія, каб расправццца з усемагутным канцлерам Янам Замойскім і аднавіць сваё былое становішча ў Польшчы. Нянавісць паміж партыяй Збароўскіх і партыяй Замойскага вырвалася на волю. Абодва бакі выстаўлялі сваіх кандыдатаў на пасад Рэчы Паспалітай. Збароўскія хацелі выбраць брата імператара Рудольфа ІІ, эрцгерцага Максіміліяна. На імператарскія грошы Збароўскія нанялі цэлае войска ў 10 тысяч чалавек. Не галасамі выбіраць уладара выпадала, а шаблямі.
Замойскі прытрымліваўся Жыгімонта Вазы - адзінага нашчадка Ягайлавічаў па жаночай лініі. За любімага пляменніка дбала каралева Ганна. Яна і давала грошы Замойскаму на выбарчую барацьбу. А барацьба разгаралася. На сойміках шляхта хапалася за зброю, каб вырашыць, хто правы. Гэтак жыла Польшча без караля.
У Літвы былі свае праблемы. Урад думаў, як стрымаць Масковію ад вайны, як пазбегнуць звадак у краіне і, галоўнае, як зацвердзіць звод законаў - Статут Вялікага Княства. Ужо ў студзені 1587 года на Віленскім сойме ліцьвінскія станы прынялі шэраг пастановаў па ўладкаванню суда, скарба і абароны. На выпадак небяспекі абвяшчалася паспалітае рушэнне. На канвакацыйным сойме ў лютым таго ж года прадстаўнік Літвы троцкі ваявода Ян Янавіч Глябовіч заявіў, што Княства кіруецца сваімі законамі і не жадае прымаць польскія пастановы. Зноў Літва заяўляла пра сваю самастойнасць ад Польшчы і падкрэслена размаўляла з ёй, як з іншай дзяржавай. Ды яшчэ патрабавала вяртання забраных ад яе земляў. Ліцьвіны настроіліся выправіць «несправядлівасць» вуніі. «Вы, палякі, выбіраеце сабе двух каралёў, мы выберам трэцяга»[26]. Гэтым трэцім жадаў стаць маскоўскі цар Фёдар Іванавіч. Цар адправіў у Вільню сваіх паслоў Ржэўскага і Свізяева. Цяпер ужо Масква прапаноўвала ліцьвінам «злучэнне». «Самі ведаеце, што палякі з хрысціянамі рознай веры, а вы, паны-рада літоўскія і ўся зямля літоўская, з нашаю зямлёю адной веры і аднаго звычая, дык вы пажадалі б сабе нашага ўладара, хрысціянскага ўладара, а калі будзе Літоўская дзяржава злучана з Маскоўскай, дык нашаму ўладару як не ахоўваць Літоўскую зямлю? Калі будуць абодва панствы заадно на ўсіх недругаў, дык польская зямля міжволі будзе далучана да Маскоўскага і Літоўскага панстваў, а ўладару тое і люба, што Літоўскае Вялікае Княства будзе разам з яго панствамі. І як нашаму ўладару за гэта не стаяць? Начальнае панства Кіеўскае ад прадзедаў належыць нашаму ўладару, а цяпер яно зняволена, ад Літоўскага панства адарвана да Кароны Польскай, і не адным Кіевам польскія людзі завалодалі ў вас, паноў літоўскіх, ды далучылі гвалтам да польскай зямлі: як нашаму ўладару ўсяго гэтага не адняць у палякаў, і да вас, і да панства Маскоўскага не далучыць?»[27]. Так, прапанова прываблівала сваімі шырокімі перспектывамі. Аднак у Літве не прынялі яе. Як тлумачылі самі паслы, літоўскія паны не хацелі губляць сваіх уладанняў у Польшчы, ды, апроч таго, «у Літве памножылася лятцкая вера»[28], што азначала вялікі ўплыў каталіцкага касцёла на рашэнні ліцьвінаў. Такім чынам на разрыў Люблінскай вуніі Літва не пагадзілася (хаця рыхтавалася, скарыстаўшы час безгаспадарства, выправіць яе «несправядлівасць»), а вось кандыдатуру Фёдара Іванавіча на пасад Рэчы Паспалітай падтрымала.
Калі ўлічыць, што разам з Мікалаем Сіроткам, наваградскім ваяводам Фёдарам Скумін-Тышкевічам правіў перамовы і Сапега, дык падканцлер пачаў выконваць адну з галоўных ролей у палітычным жыцці Вялікага Княства. І гэта зразумела, бо Сапега фактычна кіраваў канцылярыяй дзяржавы (Валовіч з-за старасці адышоў ад спраў).
Кандыдатура Фёдара Іванавіча задавальняла многіх ліцьвінскіх палітыкаў, а таксама большасць шляхты. Пагаджаўся на цара і Леў Сапега. Ад імя Мікалая Радзівіла, Льва Сапегі і Фёдара Скуміна віленскі купец Лука Мамоніч перадаў царскім паслам: «Паны гэтыя дбаюць уладару і кажуць, каб ваш уладар абавязкова адправіў сваіх вялікіх паслоў на элекцыю; да паноў-рады і да рыцарства абедзвюх земляў прыслаў бы свае граматы з любоўю і ласкаю»[29]. Паны раілі цару паабяцаць заплаціць жаўнерам жалаванне, якое яны не дачакаліся ад караля, ды і вяльможным прыслаць памінкі багатыя.
Цар адмовіўся ад вуніі з Літвой і вырашыў прыняць удзел у барацьбе за пасад Рэчы Паспалітай. Сваю праграму ён выклаў ліцьвінскім паслам Чэрнікоўскаму і князю Агінскаму - гэта абарона за свой кошт Літвы і Польшчы ад татараў, не ўступацца «ў даходы і прыбыткі каралеўскія», жалаваць землямі паноў і шляхту. «Калі б панствы вашы з царствам праваслаўнага ўладара нашага злучыліся б, дык усе паганскія ўладары апусцілі б свае рукі; давялося б ім тады ўжо сябе захоўваць, а не хрысціянства няволіць; Малдавія, Валахія, Боснія, Сербія і Вугоршчына, якія за туркамі, засталіся б Польшчы і Літве, а што бліжэй да нас - Крым, Азоў, Чаркасы і другія орды дасталіся б Маскве»[30]. Такі смелы план цара пужаў. Ваяваць супраць сама моцнай у Эўропе дзяржавы - Турэцкай імперыі - ні палякі, ні ліцьвіны не адважыліся. Пагрозлівым папярэджаннем ім прагучала заява турэцкага пасольства, калі яны выберуць варожага султану кандыдата, дык ён лічыць неабходным парваць з Рэччу Паспалітай. Так што праграма цара не сустрэла шырокай падтрымкі. І ўсё ж той карыстаўся значнай падтрымкай і ў Літве, і ў Польшчы. Перш за ўсё, за яго выступалі праваслаўныя, а таксама малазямельная шляхта, якая спадзявалася атрымаць уладанні ў Масковіі. І ліцьвінскія дыгнітарыі па-ранейшаму ставілі на Фёдара Іванавіча. Слабавольны манарх іх задавальняў. Гэтак, Мікалай Сіротка дзяліўся саімі меркаваннямі з Крыштофам Радзівілам: «Праўда, паводле чутак, цар не здольны да кіравання, але з гэтым можна і змірыцца, калі ўдасца вырашыць пытанне, хто будзе апекуном, і ліцьвіны не пасварацца на гэтай глебе з палякамі, якія жадаюць усім запраўляць»[31]. Толькі ці згодзіцца цар выканаць патрабаванні? Фёдар Скумін у гутарцы з паслом Ржэўскім раіў паведаміць цару, што ён павінен «тры калоды перакрочыць»: каранавацца ў Кракаве, пісацца ў тытуле перш каралём польскім і вялікім князем літоўскім, перамяніць веру. «Калі мы гэтыя тры калоды, дасць Бог, перавалім, дык будзем з вамі ў вечным злучэнні»[32]. Як высветлілася, аб гэтыя калоды і спатыкнуўся цар. На элекцыйным сойме царскія паслы паведамілі, што ўладар застанецца ў праваслаўнай веры, вянчацца на каралеўстве будзе ці ў Маскве, ці ў Смаленску, карона польская будзе пад царскай шапкай Манамаха, тытул будзе: цар і вялікі князь усёй Русі, уладзімірскі і маскоўскі[33].
Маскоўскі ўрад імкнуўся да першынства ў будучай федэрацыі і дамагаўся кіраўніцтва ў яе знешняй палітыцы. Дыгнітарыі добра разумелі, што задумаў цар - такая вунія іх не задавальняла. Аднак сярод шляхты кандыдатура Фёдара Іванавіча карысталася папулярнасцю. Ліцьвіны нават падчас элекцыі 1 жніўня 1587 года пастанавілі «не жадаць другога караля, апроч маскавіта, пад пагрозай страты маёмасці, гонару і жыцця»[34].
Элекцыйны сойм пачаўся 30 чэрвеня 1587 года каля Варшавы. Польскія паны прыехалі, нібыта на вайну, на чале шматлюдных почтаў. Збароўскія, падтрыманыя імператарам і папскім нунцыем Анібалам, нанялі 10 тысяч нямецкіх, французскіх, італьянскіх, чэшскіх жаўнераў і прывялі з сабой гэтае воінства. Замойскі са сваімі прыхільнікамі таксама абапіраўся на ваярства. Так зброяй спадзяваліся яны падтрымаць сваіх кандыдатаў. Абодва сталі асобнымі лагерамі, як два непрыяцельскія войскі. Ліцьвінская дэлегацыя спынілася на супрацьлеглым беразе Віслы каля сяла Каменка. Пра нейкую агульную згоду ніхто і не марыў. І калі для палякаў сойм стаў полем змагання за ўладу, дык ліцьвіны абаранялі сваю дзяржаву. Як бы ні склаліся падзеі, хто, урэшце рэшт, ні перамог бы, ліцьвінам важна было, каб новы манарх выканаў іх волю: вяртанне аднятых ад Літвы на Люблінскай вуніі зямель, прызнання за імі Лівоніі і зацверджанне Статута, якім і адмяняліся артыкулы вуніі, накіраваныя на скасаванне самастойнасці Літвы. Палякі, зразумела, не пагадзіліся з ліцьвінамі і прапаноўвалі поўнае злучэнне Кароны і Княства пад агульнымі законамі і трыбуналам. Адпор ліцьвінаў, якія папярэдзілі, што яны не прыступяць да каралеўскай элекцыі, пакуль палякі не выправяць усе парушэнні, учыненыя Літве вуніяй, прымусіў польскі бок на ўступкі. Акт ад 4 жніўня 1587 года ад імя польскіх і ліцьвінскіх станаў дэклараваў падзел Лівоніі паміж Літвой і Польшчай. Ліцьвіны на гэта не пагадзіліся і адклалі свае патрабаванні на разгляд каранацыйнага сойма. Тым не менш да адкрытага разрыву Княства з Каронай, як гэтага палохаліся палякі, справа не дайшла. Леў Сапега непасрэдна ўдзельнічаў у перамовах з польскім бокам. Трэба адзначыць, што падканцлер уплываў на пазіцыю паноў-рады. Яшчэ ў 1585 годзе ён прызнаваўся Крыштофу Радзівілу: «Ад таго часу, як пачалася вайна за Лівонію, палякі і гарэлага шэлега не далі нам у дапамогу... Яны хочуць нас адпіхнуць не толькі ад заваяванага намі цяпер, але і ад таго, што мы трымалі раней»[35]. Відавочна сувязь гэтага даўнейшага меркавання Сапегі з цяперашяй праграмай ліцьвінаў.
Элекцыя ператварылася ў аблудлівую гульню - хто каго перахітрыць. Ні адна з партый не сабралася разам для абмеркавання кандыдатур на гаспадарскі пасад.
У лагеры Замойскага выступалі за Жыгімонта Вазу. За галоўны довад прызнавалі магчымасць уключэння ў склад Рэчы Паспалітай Эстоніі. Адзначалася, што саюз з Швецыяй дазволіць стварыць моцны флот на Балтыйскім моры, забяспечыць мір з Турцыяй. Прываблівала заява шведскіх паслоў: «Кароль Швецыі абяцае, і гэта з Боскай дапамогай, пэўна, так і будзе, калі палякі дапамогуць, дык ён спустошыць і разрабуе маскавіцкія землі»[36]. І «абяцанне» знаходзіла шчыры водгук у палякаў: «Маскавіты ледзь супрацьстаяць моцы гэтых двух народаў паасобку, а калі яны аб'яднаюцца, яны не вытрымаюць»[37]. Ліцьвіны, якіх «знясілілі» войны з Масковіяй, выступалі супраць уладара, які прагне вайны. Так што шведа падтрымалі толькі паплечнікі Замойскага. Яшчэ менш шанцаў меў Габсбург. Збароўскія без асаблівага поспеху агітавалі за імператарскі дом. Лагер іх прыхільнікаў не вызначаўся шматлікасцю. Ліцьвіны засталіся вернымі сваёй кандыдатуры - цару Фёдару Іванавічу. Праўдападобна, што ліцьвінскія, украінскія, мазавецкія палітыкі дамовіліся пра сумесныя дзеі на аднаўленне ў былых межах Вялікага Княства. На такі смелы план ліцьвіны маглі адважыцца пры гарантыі вуніі Літвы з Масковіяй. Паны-рада ўступілі з маскоўскімі пасламі ў сепаратныя перамовы. Іх цікавіла, ці захоча Фёдар Іванавіч стаць вялікім князем літоўскім; ці здолее хутка дапамагчы Літве войскам, грашыма і ці пакрые зямельныя страты ліцьвінаў у Польшчы. Рада адкрыта паведамляла пра сваю задуму: «Хочам мы, Літва ды Падляшша, ды Мазоўша з Кіевам, і Падолле, і Валынь... ад Польшчы адарвацца і вунію з імі, па вашаму даканчанню, хочам разарваць»[38]. Цар не прадбачыў такога варыянта і таму не даў наказу паслам, што чыніць у гэтым выпадку. Вось і адказалі на ліцьвінскую прапанову маўчаннем. Ну, а калі паслы паведамілі: цар адмаўляецца каранавацца ў Кракаве, застанецца ў праваслаўі і не прызнае першынства польска-ліцьвінскага тытула, дык некаторыя з ліцьвінскіх дыгнітарыяў адступіліся ад яго. Нясвіжскія Радзівілы перайшлі ў лагер Габсбургаў, канцлер Астафі Валовіч і жамойцкі староста Ян Кішка схіліліся да Вазы.
Замойскі наўмысна зацягваў выбары, каб шляхта, прыціснутая грашовымі выдаткамі, раз'ехалася з сойма. Чаго ён і дачакаўся.
Аднак сам сябе перахітрыў. Пакідалі сойм і верныя канцлеру шляхціцы. Затое імператарскія грошы ўтрымлівалі партыю Габсбурга. Замойскі ўжо страціў надзею перамагчы, як нечакана да яго перакінуўся ад Збароўскіх прымас Станіслаў Кранкоўскі. Польскі першасвятар ставіў то на цара, то на імператара і ўрэшце расчараваўся ў абодвух кандыдатах. Стары, вопытны інтрыган, які ўдзельнічаў у трэціх каралеўскіх выбарах, прадбачыў правал і Фёдара, і Максіміліяна. Своечасова зарыентаваўся і паставіў на Жыгімонта - як-ніяк, а Замойскі валодаў рэальнай уладай на Польшчы. 17 жніўня прымас прылюдна абвясціў, што выбар аўстрыйскай і маскоўскай кандыдатур немагчымы. Кранкоўскі прывёў да Замойскага амаль усіх біскупаў і цэлы натоўп сенатараў. Разгубленаму ад удачы канцлеру прымас заявіў, што няма чаго марудзіць, ён гатовы абвясціць каралём Жыгімонта. 19 жніўня ў лагеры Замойскага выбралі і менавалі каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонта Вазу. Выбар пацвердзіў прымас. Ліцьвіны 21 жніўня апратэставалі незаконную элекцыю. Астафі Валовіч, Ян Глябовіч і Леў Сапега прывезлі пратэстацыю да Замойскага. Ян Глябовіч ад імя Літвы ўказаў, што выбранне Вазы парушае прывілеі вуніі, але ліцьвіны могуць згадзіцца і на гэтага караля, калі ён заключыць вечны мір з Масковіяй і верне Літве аднятыя землі. «Калі аб крылах нагадаць, якія нам аднялі, дык разумееце, калі не можам здабыць іншых і лепшых, чым жа нас узнагародзіць, чым жа наш жаль вылечыць? Раю шукаць дарогі, якая б Айчыну не запаліла знутры; над якой з аднаго боку Турчын, а з другога боку Маскавіт з гатовай шабляй стаяць»[39]. «Жаль» ліцьвінаў Замойскі не вылечыў. Паабяцай ім вярнуць адабраныя землі, як уся польская шляхта ды панства паднялася б на яго. Ды і на мір з Масковіяй не пагаджаўся, пэўна, спадзяваўся, што перад пагрозай вайны Літва кінецца да ног ягонага стаўленіка Жыгімонта. Ліцьвінскія паслы дэманстратыўна пакінулі лагер Збароўскага. Інакш дзейнічалі прыхільнікі Габсбурга. Яны ўслед за ліцьвінамі не прызналі элекцыі Вазы і выключылі яго з ліку кандыдатаў на пасад Рэчы Паспалітай. Гэта нават паспрыяла Замойскаму ўламаць шведскіх прадстаўнікоў прыняць ягоныя ўмовы. Шведы, якія баяліся перамогі цара, саступілі патрабаванням перадаць Рэчы Паспалітай Эстонію і дапамагаць у вайне з Масковіяй. Аднак рана канцлер святкаваў перамогу. 22 жніўня ў лагеры Збароўскіх абвясцілі каралём польскім і вялікім князем літоўскім Максіміліяна Габсбурга. І гэтую элекцыю ліцьвіны не прызналі. Супраць «гвалту і парушэння правоў і вольнасці» яны выступілі разам са сваімі аднадумцамі з Кароны і 23 жніўня звярнуліся да абедзвюх партый з прапановай адмяніць «намінацыю» абодвух каралёў і ўчыніць новую элекцыю. Калі ж прапанову не прынялі, дык трэці лагер выступіў з пратэстацыяй, у якой выбары Максіміліяна і Жыгімонта абвяшчаліся незаконнымі. Шляхце прапаноўвалася правесці павятовыя соймікі для ўстанаўлення месца і часу паўторнага элекцыйнага сойма. Ад свайго кандыдата ліцьвіны не адступіліся і паведамілі маскоўскім паслам: «Замойскі выбраў шведскага каралевіча, ваявода познаньскі Гурка ды Зброўскія выбралі цэсарава брата, а мы ўсе, Літва і палякаў большая палова, жадаем вашага ўладара. Але затрымка толькі за вераю і за прысудам... толькі нам ведаць, як хутка прыедзе ўладар ваш, мы, выбраўшы б яго, у той жа час рушылі б да Кракава і кароны не далі б ні шведу, ні цэсараву брату»[40]. Вельмі красамоўнае тлумачэнне сімпатый ліцьвінаў да маскавіта, як прызналіся царскім паслам Крыштоф Радзівіл і Ян Глябовіч: «У нас вядомая справа, што нямецкі род славянскаму роду ніякага дабра не прынясе: і нам, як немца ўзяць сабе за гаспадара?»[41]. Як вынікае, ліцьвіны лічылі сябе славянскім родам.
Задума Літвы выбраць цара і ўчыніць вунію з Масковіяй не здзейснілася. Ліцьвінскі ўрад з улікам палітычнага становішча цяпер прытрымліваўся аптымальнага для Літвы плана дзеянняў.
На Віленскім сойме, які пачаўся 2 кастрычніка 1587 года, ліцьвіны прызналі выбранне двух уладароў за парушэнне вуніі, што магло прынесці «небезпеченства на панства, так же на права, свабоды и волности наши»[42]. Сойм папярэдзіў «панов поляков», каб яны «тых номинатов без нас не короновали»[43]. Да самых «номинатов» ліцьвіны выслалі паслоў з просьбай не дазваляць сябе каранаваць без згоды на тое Вялікага Княства Літоўскага. Было вырашана склікаць 8 лістапада ў Вільні новы сойм. Калі надышоў указаны тэрмін, стала вядома, што Максіміліян і Жыгімонт не адмовіліся ад кароны і ўжо прыбылі ў Польшчу. Абодва прасілі «зезволеня» Вялікага Княства на сваё панаванне. Становішча памянялася. Віленскі сойм вырашыў выслаць да абодвух «кандыдатаў» паслоў з даручэннем «абы их милость именем Великого Князьства Литовского з кандыдаты так поступили, яко было з наичстившим и напожитечнейшим Великого Князьства Литовского»[44]. Так што выбар ліцьвінаў залежаў ад таго, хто з «кандыдатаў» прыме іх умовы. Літва патрабавала вяртання ёй Лівоніі, зацвярджэння ліцьвінскага статута і трыбунала. Калі ж Жыгімонт адмовіцца, дык пасольства пачне перамовы з Максіміліянам. Тым часам Літва падыме сваё войска на абарону прызнанага ёю кандыдата.
Пасольства складалі віленскі біскуп Юрый Радзівіл, віленскі ваявода Крыштоф Радзівіл, троцкі ваявода Ян Глябовіч, троцкі кашталян Мікалай Крыштоф Радзівіл, наваградскі ваявода Мікалай Радзівіл, полацкі ваявода Крыштоф Монвід Дарагастайскі, смаленскі ваявода Астафій Тышкевіч, а таксама прадстаўнікі шляхты. Значыць, нясвіжскія Радзівілы падначальваліся волі ўрада Літвы і адмовіліся ад патрымкі Габсбурга. Літва захоўвала аднадушнасць - у гэтым была яе сіла. Аднак знайшліся паны, якія паспяшылі схіліцца перад Жыгімонтам, - гэта жамойцкі староста Ян Кішка, жамойцкі кашталян Мікалай Тальваш, жамойцкі біскуп Мальхер Гедройць. Недарэмна хваляваліся на Віленскім сойме, што жамойты не падтрымаюць ліцьвінаў. І цяпер, як і раней, Жамойць праяўляла свае сепаратныя памкненні і шукала шляхі пазбавіцца ўлады Літвы.
І як нядзіўна, прыхільнікам Жыгімонта стаў Леў Сапега. Яшчэ на элекцыі ён паведаміў партыі Замойскага: «І нам прыемны каралевіч шведскі; але тое нам жаласна, што без нас яго менавалі, і на яго не гневаемся, толькі на вас»[45]. Можна лічыць гэтую заяву дыпламатычным крокам. А можна дапусціць, што Сапега ўжо тады прадугледжваў магчымасць перамогі Жыгімонта. Палітычная прадбачлівасць не падманула падканцлера. Аналіз падзей паказваў, што шанцы шведа найлепшыя. Сапега вырашыў не толькі сам падтрымаць Жыгімонта, але і павесці за сабой паноў-рады. У лісце да Мікалая Сіроткі ад 12 верасня 1587 года Сапега так тлумачыць свой выбар: «Хаця цяпер і з'явілася шмат розных думак, але любому дазваляецца думаць пра мяне, як яму вольна. Я пакажу ўсім у вочы, што на гэты ліст мяне схілілі не падарункі, не абяцанні, якіх, Бог сведка, я не атрымліваў, але перакананне, што шведскі каралевіч нам указаны Богам. Таму я не жадаю нашаму народу, каб ён спачатку супрацівіўся Боскай волі, а пасля падначаліўся б ужо каранаванаму польскаму каралю. Гэта была б знявага і ганьба для нашага народа. Таму я жадаў бы, каб вы зрабілі ласку згадзіцца на яго і схілілі ліцьвінскія чыны да таго, каб яны не былі апошнімі і папярэдзілі каранацыю.
Што ж датычыцца маскоўскага князя, дык Бог мне сведка, што я жадаў мець яго за ўладара, хаця ўсведамляў і бачыў шмат перашкод да ажыццяўлення гэтага, між іншым і ягоныя недахопы, хаця пра гэта я маўчаў і нікому не казаў, ды і цяпер да часу маўчу»[46].
Рашуча паўплываць на рашэнне ліцьвінскіх станаў Леў не мог, але прыклад падаў. І ў тым, што Літва ўсё ж прызнала Жыгімонта вялікім князем літоўскім, - ёсць заслуга і падканцлера. Прынамсі, падканцлер стрымліваў сваіх паплечнікаў ад паспешлівага жадання прыпыніць перамовы з Жыгімонтам і настойваў давесці іх да паспяховага заканчэння.
Перамовы вялі Ян Глябовіч і Леў Сапега. Выбранае Віленскім соймам пасольства засталося ў Берасці чакаць вынікаў барацьбы паміж «каралямі», а да Жыгімонта ў Кракаў выправіўся Ян Глябовіч. Да троцкага ваяводы далучыўся і Леў Сапега. Ехаў ён і як «печатар», каб замацаваць дзяржаўнай пячаткай дакументы, і як галоўны спраўца новага зводу законаў Статута Вялікага Княства Літоўскага.
СТАТУТ Пры заключэнні Люблінскай вуніі Літва адстаяла права «паправы» Статута.
Новы Статут, на думку ліцьвінскага ўрада, павінен выправіць «несправядлівасць», учыненую Літве Люблінскай вуніяй, і захоўваць надалей яе дзяржаўнае жыццё. Аднак, паводле Люблінскай дамовы, «паправа» зацвярджалася агульным манархам са згоды «супольнага» сойма Польшчы і Літвы. Каб Статут атрымаў заканадаўчую сілу, ліцьвіны павінны былі дамагчыся яго пацвярджэння непасрэдна ад уладара. Але як гэта зрабіць? Зразумела, што трэба скарыстацца момантам, калі Польшча трапіць у цяжкае становішча і не здолее перашкодзіць жаданню Літвы.
Зручнага моманту давялося чакаць амаль дваццаць гадоў, і ўвесь гэты час не сціхала праца над складаннем новага зводу законаў. А працавала над Статутам выбраная камісія, у якую ўваходзілі прадстаўнікі ліцьвінскіх станаў, як каталіцкага, гэтак і праваслаўнага, і пратэстанцкага веравызнання. У розныя часы камісію ўзначальвалі канцлеры Мікалай Радзівіл Руды і Астафі Валовіч. Артыкулы Статута абмяркоўваліся на павятовых сойміках і агульнадзяржаўных з'ездах. Такім чынам, Статут стаў плёнам заканадаўчай думкі «шляхецкага народа» Літвы.
Аднак толькі пасля таго як за справу ўзяўся Сапега, праца нарэшце завяршылася. Ён зрабіў агульную рэдакцыю Статута, падрыхтаваў да друку. А тое, што справа гэта нялёгкая, можна судзіць паводле прызнання самога Льва ў 1592 годзе, калі адбываўся перагляд кодэкса:
«Паправу Статута неяк робім, шмат перашкод; даволі ўпартых, а то і неразважлівых. Усе аднадушныя ў тым, каб браць за прыклад лепшае. Іншы раз самі не ведаюць, чаго хочуць. Калі пытаю, як хочаш, каб гэта было, дык адказвае: «Сам не ведаю, як перадаць тое, што думаю». Злы дух цябе пабраў бы, калі я абавязаны разумець тваю фантазію, калі ты сам не можаш яе выказаць! Ужо так мне ўсё надакучыла за невялікі час, што сам не ведаю, ці вытрымаю»[47]. Можна ўявіць, якія страсці кіпелі, калі Статут складаўся, і як ламаў сабе галаву Сапега, каб даць сама лепшае. І вось як ён вырашыў гэтую задачу, Сапега выступіў прыхільнікам прававога грамадства і дзяржавы. У прадмове да Статута Леў Сапега выказваў і сваё разуменне значэння права: «А где опять право або статут гору маеть, там сам Бог всим владнеть»[48]. Услед за антычнымі філосафамі Арыстоцелем і Цыцэронам ён паўтарае думку пра тое, што грамадства не ведае прыстойнага жыцця без заканадаўства, якое павіны ўсе паважаць і, канечне, сам манарх, іначай ён стане для сваіх падданых тыранам. Кожны чалавек павінен вызначаць тыя прававыя нормы, якія пачціва ўзвышалі б яго і засцерагалі ад ганебных учынкаў: «А тая того есть причина, же право ест, яко его другий зацный мудрец выславил, оным правдивым розсудком а мудрым умыслу чоловечого баченьем, которым пан Бог натуру чоловечую обдарыти рачыл, абы водлуг того пристойного а мудрого баченья жывот чоловечий так справовал, яко бы се за тым, што ест почтывого, завжды удавал, а што непочстивого, абы се того выстергал»[49]. А для дзяржавы зарукай росквіту і велічы ёсць прававы лад. «И тот то ест цель и конец всих прав на свете, тым все панства и королевства стоять и в целости своей захованы бывають, где лихие помсту, а добрые заплату относять»[50]. Так, Леў Сапега і астатнія сябры Статутавай камісіі з'яўляліся прадстаўнікамі інтарэсаў «шляхецкага народа» і перш за ўсё яны абаранялі сваё саслоўнае права. Таму Статут замацоўваў прывілеі і вольнасці пануючага класа, замацоўваў прававую няроўнасць, не дапускаў просты люд да кіравання дзяржавай. Іначай у той час і не магло быць. Аднак Сапега выразна заяўляў, што ўлада павінна падпарадкоўвацца закону і спасылаўся на Цыцэрона: «Естесмо невольниками прав для того, абысьми вольности уживати могли»[51]. Статут абвяшчаў роўнасць усіх перад законам, усе павінны судзіцца «тым одним правом писаным». Відавочна, што погляды Сапегі паўплывалі на гуманістычны характар многіх артыкулаў Статута. Для новага ліцьвінскага зводу законаў чалавек, нават простага стану - гэта «Божье створенье», што вымагае і адпаведнай пашаны да яго. Гэтак, у аснову законаў былі пакладзены хрысціянскія прынцыпы.
У параўнанні з папярэднімі статутамі новы прызнаваў смяротнае пакаранне за забойства чалавека «простага стану». Узаконьвалася права на абарону з адвакатам і прызнавалася прэзумцыя бязвіннасці, паводле якой суддзі абавязаны вызваляць асоб, чыя віна не даказана. Ад крымінальнай адказнасці вызваляліся таксама няпаўналетнія да 16 гадоў і псіхічна хворыя, а ў некаторых выпадках асобы, якія ўчынілі злачынства «па глупству». Абараняліся правы жанчыны і ўстанаўлівалася двайное пакаранне за злачынства супраць яе. Статут абмяжоўваў прыгнёт, забараняў трымаць у няволі свабодных людзей, скасоўваў нават тэрмін «няволя». Пацвярджаўся і прынцып верацярпімасці. Пад дзяржаўную ахову бралася прырода, уводзіўся парадак карыстання зямлёй, лясамі, рэкамі і азёрамі.
А ў палітычных артыкулах Статут абвяшчаў Вялікае Княства самастойным панствам са сваёй тэрыторыяй, не падлеглай уладзе іншай дзяржавы. Акты Люблінскай вуніі ўвогуле не ўнесены ў Статут. На чале Княства стаіць манарх - вялікі князь літоўскі, які пад прысягай клянецца захоўваць прывілеі і вольнасці дзяржавы, а таксама правіць на падставе законаў. Уладу вялікага князя падзяляе рада і сойм, якія і кантралююць ягонае ўладаранне. Важнейшыя агульнадзяржаўныя справы, як абвяшчэнне вайны, скліканне паспалітага рушэння, назначэнне падаткаў, заключэнне міру і другія вырашаюцца на вальным сойме. Тым самым Статут аднаўляў адменены вуніяй вальны сойм Княства, праўда, цяпер ён называўся «соймікам, або зъездом головным». Але важна не назва, а сутнасць. Усе пасады і зямельныя наданні атрымліваюць толькі «родичи» Княства, г.зн. ягоныя грамадзяне. Такім чынам ставілася заслона для захопу ўлады палякамі. Статут захоўваў і ліцьвінскія грошы і не казаў пра замену іх агульнай з Польшчай манетай. Паводле новага зводу, Княства не абавязана ўдзельнічаць у войнах, якія вядзе Польшча, і можа асобна ад яе весці войны. Незаконным лічыўся захоп Польшчай ліцьвінскіх земляў. Відавочна, што ўсе гэтыя артыкулы супярэчылі канстытуцыі Люблінскай вуніі.
Як бачым, ліцьвінскі ўрад не толькі ўсяляк абараняў сваю дзяржаву ад паглынання яе Польшчай, але ўвесь час шукаў новыя формы палітычнага жыцця. Вельмі дакладна вызначыў гэты працэс гісторык Літвы Іван Лапо: «Зніштожылі сойм Княства, на яго месцы ствараецца агульналітоўскі з'езд. Стварылі на паперы агульнае для Літвы і Польшчы выбранне каралёў і агульнае пацвярджэнне выбранымі гаспадарамі правоў абедзвюх дзяржаў, а жыццё так лёгка і так проста ўсё гэта разбурыла і стварыла асобнае пацвярджэнне Літвой элекцыі і асобнае пацвярджэнне каралём правоў для Літвы»[52]. Асобны трыбунал, асобныя скарб, канцылярыя, пячатка і пасады, манета і вось асобны Статут. І не толькі палітычнымі сродкамі баранілі ліцьвіны сваю незалежнасць, але і культурнымі. Як мерай супраць апалячвання Літвы прызнавалася дзяржаўнай мовай - беларуская. На ёй напісаны і надрукаваны Статут.
Перад Глябовічам і Сапегам паўстала найскладанейшая задача: без згоды Польшчы атрымаць ад будучага ўладара Рэчы Паспалітай санкцыю на зацвярджэнне Статута. Хто мог стаць гэтым уладаром? Жыгімонт або Максіміліян? Свой голас Літва збіралася аддаць таму з іх, хто прызнае ліцьвінскія ўмовы і прыме Статут. Спачатку здавалася, што перавага за Максіміліянам. Габсбург на чале 11-тысячнага войска 16 кастрычніка 1587 года падышоў да Кракава, а Жыгімонт знаходзіўся ў Прусіі. Максіміліян апярэдзіў свайго супраціўніка, але апошняга кроку да кароны яму не далі зрабіць. Кракаў абаранялі прыхільнікі шведа на чале з Янам Замойскім. Так і не ўвайшоў у горад Максіміліян і не каранаваўся. Штурм, які правёў эрцгерцаг 23 лістапада, закончыўся паразай. Максіміліян адступіў да сілезскай мяжы, але сваёй паразы ён не прызнаў і рыхтаваўся да новых баёў. Становішча спрыяла місіі Глябовіча і Сапегі. Пакуль ні адзін з бакоў не дасягнуў перамогі, у ліцьвінаў надарыўся рэальны шанс дамагчыся свайго. Вялікі палітычны вопыт, асабістыя сувязі пры польскім двары Яна Глябовіча і палітычная разважлівасць, прадбачлівасць, дасведчанасць у заканадаўстве Льва Сапегі спалучыліся для дасягнення пастаўленай мэты. А тое, што Жыгімонт пачуваў сябе няўпэўнена (нават хацеў вяртацца ў Швецыю) і паслухмяна падпісаў Pacta Conventa аб выкананні перадвыбарчых абяцанняў, надала надзею, што ён саступіць і патрабаванням ліцьвінаў.
9 снежня Жыгімонт уехаў у Кракаў. Ян Замойскі прывітаў яго пышнай прамовай. Каралевіч панура выслухаў красамоўства і слова не вымавіў у адказ. Збянтэжаны Замойскі накінуўся на паслоў: «Што за нямога чорта вы прывезлі нам са Швецыі?»[53]. Але канцлеру было ўсё роўна, якога ён пасадзіць на пасад, толькі б самому ўтрымацца пры ўладзе. Паспешліва Замойскі ўчыніў Жыгімонту каранацыю і 28 снежня прымас усклаў на галаву шведа карону. Прысутнічалі пры гэтай так званай каранацыі толькі палова каронных сенатараў - частка знаходзілася ў лагеры Максіміліяна, другія баяліся ў небяспечны час выбірацца з дому. Не прыехалі прадстаўнікі Прусіі і Літвы. Так што і каранацыя Жыгімонта, як і выбранне, былі незаконнымі. Калі Глябовіч і Сапега прыехалі ў Кракаў, дык убачылі, што са скарбніцы, дзе захоўвалася карона, сарваны і літоўскія пячаткі. Гэтак, не толькі без згоды Літвы, але парушаючы яе правы, палякі каранавалі Жыгімонта. Падобная беззаконнасць апраўдвала і ліцьвінаў, а дзейнічалі яны з разлікам і хітрасцю.
На першай сустрэчы Глябовіч выказаў пратэст Жыгімонту супраць выбрання і каранацыі яго без удзелу Вялікага Княства. Аднак ліцьвіны прапаноўвалі ўмовы, прыняўшы якія Жыгімонт мог стаць вялікім князем. Умовы цяжкія як для Польшчы, так і асабіста для Жыгімонта. Недаспадобы прыйшоўся Вазе пункт аб прызнанні заключанага Літвой перамір'я, што не ўваходзіла ў планы ягонага бацькі. Шведскі кароль задумаў ваяваць з Масковіяй і прасіў сына, калі ён будзе ўладаром Рэчы Паспалітай, не звязваць сябе мірнымі дамовамі з маскавітамі. Ды і палякам Жыгімонт абяцаў пераможную вайну з Масковіяй. І вось Літва перакрэслівала планы Вазаў. І кароль, і незаконна скліканы каранацыйны сойм, які складалі толькі ягоныя прыхільнікі, не прымалі ліцьвінскія ўмовы. Але ліцьвіны наўмысна зацягвалі перамовы. Вайна паміж Жыгімонтам і Максіміліянам яшчэ не закончылася. Калі б перамог Максіміліян, дык усе дамовы з Жыгімонтам страцілі б сваю сілу. Не трэба было спяшацца. Глябовіч і Сапега пільна сачылі за падзеямі. Ліцьвінскія віжы знаходзіліся ў абодвух варагуючых войсках. Увесь час адтуль паступалі весткі. Набліжалася рашучая бітва. Ліцьвіны зрабілі ўсё магчымае, каб мець навіны з поля сечы раней, чым Жыгімонт і ягонае ачаленне. Па дарозе ў Кракаў стаялі змены коней. Свае дзеянні ліцьвіны захоўвалі ў тайне. Нарэшце, 24 студзеня пад мястэчкам Бычына ў Сілезіі адбылася чаканая бітва. Войска Яна Замойскага разграміла войска Максіміліяна. Эрцгерцаг трапіў у палон. Ліцьвінскія віжы панеслі гэтую вестку ў Кракаў. Не адпачывалі, мянялі коней - і ў дарогу. На паўтары дні апярэдзілі яны польскіх вестуноў. Глябовіч і Сапега адзіныя ў Кракаве даведаліся аб перамозе Замойскага. Вось ён зручны момант для ўдару ў гэтай напружанай і хітрай дыпламатычнай бітве. 27 студзеня ліцьвінскае пасольства заявіла, што калі Жыгімонт і польскі каранацыйны сойм не прымуць умоў Вялікага Княства, дык паслы, не прызнаўшы Вазу вялікім князем, пакінуць Кракаў. Ультыматум! Рашучасць ліцьвінаў напужала Жыгімонта і ягоных паплечнікаў. Не ведаючы пра перамогу Замойскага і палохаючыся пераходу Літвы на бок Максіміліяна, каранацыйны сойм саступіў ліцьвінскім патрабаванням і прымусіў прызнаць іх і Жыгімонта. Такім чынам Жыгімонт прызнаваў перамір'е з Масковіяй, абяцаў перадаць палову Лівоніі Літве і без вывучэння і абмеркавання зацвердзіў Статут. Гэта была адна з сама яскравых перамог у гісторыі ліцьвінскай дыпламатыі. За «паразу» на Люблінскім сойме ўзялі ў палякаў рэванш - ды яшчэ які! Статут аднаўляў ва ўсёй паўнаце палітычныя страты Літвы пры вуніі. Сваім росчыркам пад прывілеем на прызнанне Статута Жыгімонт узаконіў існаванне Рэчы Паспалітай як федэрацыі дзвюх дзяржаў. Ліцьвінскі погляд на вунію перамог. У той жа дзень ліцьвінскае пасольства ад імя Вялікага Княства Літоўскага прынесла клятву Жыгімонту Вазе як вялікаму князю літоўскаму. У сваю чаргу і Жыгімонт даў клятву паслам у захоўванні і прымнажэнні правоў, свабод і вольнасцей Княства А 28 студзеня ён зацвердзіў і Статут: «...тот статут права Великого князьства Литовского новопоправленый сим прывильем нашим ствержаем и всим станом Великого князьства Литовского ку уживанью на вси потомные часы выдаем»[54].
Калі ж палякі ўвечары даведаліся аб паразе Максіміліяна, дык ужо было позна нешта змяніць - справа зроблена, Літва дамаглася свайго. Рад не рад, ды мусіш змірыцца.
Выданне Статута вялікі князь даручыў Льву Сапегу. І той справіўся з гэтым пачэсным даручэннем. Адначасова са складаннем Статута падканцлер рыхтаваў усё патрэбнае для яго друкавання. Гэтым і можна растлумачыць, што ў тым жа 1588 годзе Статут пабачыў свет. Выдалі Статут у віленскай друкарні магілеўскіх шляхціцаў Кузьмы і Лукаша Мамонічаў.
Па жаданню Сапегі быў выраблены арыгінальны курсіўны шрыфт, які нагадваў пісьмо велікакняжацкай канцылярыі. Навошта гэта спатрэбілася падканцлеру? Адказ блізкі да ісціны дае гісторык Юрый Лабынцаў: «Вельмі істотна і тое, што амаль усё справаводства ў канцылярыі і самі статуты пісаліся старабеларускім скорапісам, у аснове якога ляжыць кірылічнае пісьмо. Гэтая асаблівасць нашых пісьменніцкіх культур заўсёды была перашкодай на шляху іншакультурнай экспансіі»[55].
У ліпені станкі ўжо стаялі з набраным шрыфтам. 13 ліпеня Сапега паведамляў Крыштофу Радзівілу: «Статут новы ўжо загадаў друкаваць па-руску. Хацеў бы яго выдаць і па-польску, аднак калі б давялося яго перакладаць слова ў слова, паводле рускіх словаў і сентэнцыяў, дык атрымаецца не вельмі добра; інакш зрабіць не магу, не прытрымлівацца словаў і сентэнцыяў, а толькі сэнсу. Людзі і так без усякай падставы знаходзяць у чым мяне дакараць; баяліся, што і гэта камусьці не спадабаецца, асабліва, калі сыходзіць ад мяне. Хацеў бы пачуць вашай парады. Я ахвотна выдаў бы пры гэтым Статуце і прывілеі, але не ўсе яны для нас прыдатныя: у адных добры пачатак, а сярэдзіна дрэнная, у другіх сярэдзіна добрая, а пачатак або канец дрэнныя. Не ведаю, ці можна выкінуць тое, што шкадлівае, ці не»[56].
Недарэмна так непакоіўся Леў Сапега. Жыгімонт зацвердзіў Статут з умовай, што ён «звязком и списом унии ни в чом противен быти и ничого шкодити и уближати не маеть»[57]. Унесці ў Статут «дрэнныя» прывілеі - значыць прызнаць іх законнасць для Літвы. А гэтымі «дрэннымі» Сапега лічыў прывілеі, выдадзеныя ў 1387 і 1413 гадах, у якіх абвяшчалася аб'яднанне Вялікага Княства з Польшчай[58]. А таксама нявыгадныя для Літвы акты Люблінскай вуніі. Невядома, што параіў падканцлеру Крыштоф Радзівіл, але ці з ягонай парады ці не Сапега ўзяў на сябе смеласць не «псаваць» Статут «дрэннымі» прывілеямі. І ён меў рацыю, бо ні Крэўскую, ні Гарадзельскую вуніі ліцьвіны не прызнавалі законнымі і пра што неаднаразова заяўлялі палякам. А «добрыя» і так ляглі ў падмурак правоў і вольнасцей, занатаваных у артыкулах кодэкса.
Замест прывілеяў Сапега змясціў у Статут дзве прадмовы - адну да Жыгімонта, а другую да станаў Княства. У сваім слове падканцлер выклаў прававую канцэпцыю ўнутрыпалітычнага ўладкавання дзяржавы - не толькі сама перадавую на той час, а нават роднасную рэспубліканскай[59]. Сапега дае сваё бачанне сапраўднага манарха і папярэджвае Жыгімонта, каб паважаў закон і не стаў «тыранам». «Были тые часы, найяснейшый милостивый госпадару королю, коли в том згромаженью а посполитованью людском, которое мы речью посполитою называем, не правом яким описаным або статутом, але только своим зданъем и уподобанъем владность свою господары и короли того света над людми ростегали. Але иж частокроть от пристойное своее повинности отступовали, а на свой толко пожыток речы натегаючы о сполное доброе всих мало дбали, оттуль то было уросло, же люди, брыдечысе их панованьем и звирхностю и не господарми, але тыранами оные называючы, на самом только статуте и праве описаном все беспеченьство и доброе речы посполитое засажали. А прото он великий и зацный филозоф греческий Арыстотелес поведил, же там бельлуа, а по-нашому дикое звера, пануеть, где чоловек водлуг уподобанья своего владность свою ростегаеть. А где опять право або статут гору маеть, там сам Бог всим владнеть»[60].
Філасофія палітыкі Сапегі прама супрацьлеглая шаноўнаму на той час Макіявелі. Калі італьянскі філосаф апраўдвае любыя сродкі для дасягнення і ўтрымання ўлады, калі ідэалам абвяшчаецца беззаконне мацнейшага над падначаленым, дык Сапега лічыць, што і ў палітычным жыцці трэба кіравацца хрысціянскімі запаветамі. Толькі ў гэтым выпадку праўленне манарха прынясе шчасце ягонаму народу. Закон, пабудаваны паводле хрысціянскіх запаветаў, - улада ад Бога. «А тая того ест причина, же право ест, яко его другий зацный мудрец выславил, оным правдивым розсудком, а мудрым умыслу чоловечого баченьем, которым пан Бог натуру чоловечую обдарыти рачыл, абы водлуг того пристойного а мудрого баченья жывот чоловечий так справовал, яко бы се за тым, што ест почстивого, завжды удавал, а што непочстивого, абы се того выстерегал»[61].
Свае думкі Леў Сапега развівае і ў прадмове да станаў Вялікага Княства. Ён абгрунтоўвае патрэбнасць для дзяржавы справядлівых законаў, выкананне якіх і дае грамадству магчымасць пачціва і прыстойна жыць, а чалавеку - добрую славу, здароўе і маёмасны здабытак. Закон - гэта ёсць вольнасць. «Обачывали то усих веков люди мудрые, же в кождой речы посполитой чоловеку почстивому ничого не маеть быти дорожшого над вольность. А неволею так се маеть гыдити, же не только скарбами, але и смертью ее од себе отганяти есть повинен. ...А прото люди почстивые не только маетности, але и горл своих против кождому неприятелю выносити не жалують, абы под их окрутное опанованье не приходили, а з волности своее будучи злуплени, водлуг воли и мысли их яко невольники не мусели жити. Але вже мало бы на том было, ижбы чоловек з неволи от посторонного неприятеля был волен, гды бы домового неприятеля над собою терпети мусел. Тогды тот монштук або удило на погамованъе кождого зуфальцу есть вынайдено, абы се боячы права от кождого гвалту и збытку погамовал, а над слабшим и худшим не паствилсе и утискати его не мог, бо для того права суть постановлены, абы можному и потужному не все было вольно чынити. Яко Цыцеро поведил, иж естесмо невольниками прав для того, абысьмы вольности уживати могли. А естли ж чоловеку почстивому ничого нет мильшого над тое, гды во отчызне своей безпечне мешкаючы не боитсе, абы его хто на доброй славе его змазати альбо на теле и на здоровью его образити альбо теж на власной местности его укрывдити мог. Тогды то ничому иншому, одно праву причитати маеть, за которым од кождого в покою седить, а жадного усилства, обельженья и укривженья на собе не поносить, бо тот цель и скуток усих прав ест и маеть быти на свете, абы кождый добрую славу свою, здоровъе и маетность в целости мел, а на том всем жадного ущирбку не терпел»[62].
А для Вялікага Княства першынство права, якому падначальваецца і сам гаспадар, - гэта «скарб в руках наших, который жадною сумою преплачон быти не можеть». Каб чалавек права пісанага справаваўся, ён павінен ведаць законы. «Так если бы од кого был укривжон, абы ведал, где обороны и лекарства в кривде своей искати маеть, бо яко один сенатор рымский другого штрофовал, же права отчизны своее не умел, так кождый обыватель годен ест наганенья, который вольностью се фалить и прав своих умети и розумети не хочеть, которым правом усю вольность свою обварованную маеть. А если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем и кождого часу, чого нам потреба ку отпору всякое кривды, ведати можам»[63].
Статут быў кнігай Сапегі як аднаго з ягоных аўтараў, як рэдактара, як фундатара выдання. Сам Леў вобразна вызначыў сваю працу над Статутам гэтак: «дорогу лацнейшую и снаднейшую кождому ку ведомости права показал»[64].
Калі ж казаць мовай фактаў, дык перш-наперш адзначым, што Статут на працягу 200 гадоў лічыўся сама дасканалым зводам законаў у Эўропе і адным з сама дэмакратычных. Па сутнасці гэта канстытуцыя арыстакратычнай рэспублікі. Значны ўплыў зрабіў Статут і на прававую думку Эўропы. Гэтак ён паслужыў узорам пры стварэнні ў 1648 годзе расійскага зводу законаў Саборнага ўкладання. Цэлыя раздзелы гэтага кодэксу былі проста ўзяты з ліцьвінскага Статута. Карысталіся ім і ў Польшчы як крыніцай права ў заканадаўстве. Паводле Статута, у ХVІІ стагоддзі працавалі суды ў Латвіі, Эстоніі і на Ўкраіне. Статут пераклалі на нямецкую, украінскую, расійскую, польскую, лацінскую і французскую мовы. Ну, а Літва жыла паводле ягоных законаў амаль да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Такі вось плён працы ўсіх тых, хто прыняў чыннасць у стварэнні гэтай вялікай кнігі ліцьвінаў.
СПАКОЙ АЙЧЫНЫ З новым каралём польскім і вялікім князем літоўскім Льву Сапегу давялося пазнаёміцца так блізка, што ён і сам не радаваўся гэтаму. Падканцлер жыў пры каралеўскім двары ў Кракаве для вырашэння ліцьвінскіх спраў. У лістах Льва Сапегі адчуваецца непрыязнь да ўладара. Ні дзяржаўнага мыслення, ні дзейнасці, ні таленту палітыка не праяўляў белабрысы юнак са Швецыі. Чым і вызначаўся, дык насупленасцю і маўклівасцю. Ні да складу, ні да ладу. Так сабе - чалавек пры чужым розуме. З самага дзяцінства сына пратэстанцкага караля Швецыі выхоўвалі езуіты. Кароль спрабаваў супраціўляцца, ды жонка Кацярына Ягайлаўна настаяла, каб Жыгімонт рос у каталіцкай веры. Маці марыла бачыць яго польскім каралём, вось і навучыла польскай мове і веры. А гэта, на жаль, мала, каб стаць сапраўдным уладаром. Звычаяў і нораваў Польшчы, а тым больш Літвы, ён не ведаў. Вясёлым і запальчывым палякам і ліцьвінам не падабалася, што іх гаспадар, замест ловаў, рыцарскіх турніраў, баляванняў, то наігрывае на клавікордзе, то цешыцца мелодыямі прыдворнага аркестра, то вышывае золатам, а то, як алхімік, бавіць час у хімічных практыкаваннях. На дзяржаўныя справы неяк і часу не даставала, усё на заўтра адкладваў - палякі і празвалі яго Даўтрка (Dojutrka). Мала быць хімікам, каб правіць вялікія справы.
Ліцьвінаў больш хвалявала не столькі асоба Жыгімонта і ягоны характар, а тое, як паставіцца ён да Літвы. Станіслаў Альбрэхт Радзівіл недарэмна выказваў свае трывогі: «Ён малады, яму ўсяго 22 гады, ён падобны на чыстую кнігу. Што палякі занясуць у яе, тое і застанецца ў ёй, як у воску. Ад іх, і выключна толькі ад іх, залежыць зрабіць з яго добрага або дрэннага ўладара»[65]. Вось і запаўнялі старонкі гісторыі Рэчы Паспалітай «дарадчыкі» езуіты ды іх спадручнік Андрэй Баболя. Як пісаў сучаснік: «Баболя так авалодаў каралём, што той нічога не рабіў без яго парады, як і сам Баболя без езуітаў; нават у справах грамадскіх першай была парада Баболі і езуітаў заўжды шкодная Рэчы Паспалітай, таму што яны не вывучалі яе становішча і інтарэсаў. Езуіты разбіраліся ў справах школьных і свайго ордэна, Баболя жыў аднымі інтрыгамі, але яны раілі аб справах польскіх, маскоўскіх і шведскіх, і асуджэнне іх думкі лічылася святатацтвам»[66]. Чаго здзіўляцца, што старонкі панавання Жыгімонта Вазы - гэта гісторыя войнаў, авантур, веранянавісці і заняпаду дзяржавы.
Сапега адразу спазнаў на сабе характар Жыгімонта. Так ужо здарылася, што злосць, якая душыла палякаў на ліцьвінаў з-за Статута, яны выплеснулі на падканцлера. Як у непрыяцельскім стане апынуўся ён - вакол варожасць. Настрою палякаў паддаўся і Жыгімонт і ён злаваў на Літву. Аб атмасферы кракаўскага двара Сапега паведамляў Крыштофу Радзівілу. Гэтак, у лісце ад 31 студзеня 1588 года ён піша: «Вельмі ўзмацніліся паны-палякі перамогай над Максіміліянам і зрабіліся асабліва пагардлівымі да народа літоўскага, кажучы: каб гэтая навіна прыйшла перад заканчэннем нашых спраў літоўскіх і прысягай каралеўскай, не дазволілі б нам ані тых пастулатаў нашых, ані супакою, ані паловы Лівонскай зямлі. Пан Асецкі, пасол ад войска, іменем гетмана і ўсіх жаўнераў даказваў, што мы да зямлі Лівонскай нічога не маем, і досыць ушчыпліва народ літоўскі ўспамінаў, чаго мы не жадаючы слухаць, бо нам спрачацца з імі не гадзілася, пайшлі прэч, не хочучы даслухаць гэтага іхняга пасольства. Вакансіі літоўскія ўсе разданы перш, чымся мне аб іх прыйшлося гутарыць, ды і парадзіцца са мной не хацеў»[67]. У другім лісце ад 17 лютага Сапега піша пра непрыязнь Жыгімонта да Літвы. «Кароль казаў мне, што болей палякам павінны, чымся Літве, бо яму палякі паказалі больш зычлівасці, чым Літва. І ён не толькі кажа гэтак, але і робіць. Ужо там больш палякі ў нас дастаюць, чым сама Літва. Ліцьвіну адмовяць, а паляку ў той час дадуць. Таму і паведамляю Вашае Міласці, што як толькі штосьці адчыніцца ў Літве, дык усё палякам імгненна аддадуць»[68]. І да спраў Княства Жыгімонт не хацеў і падступацца. Такое важнае пытанне, як пацверджанне ліцьвіна-маскоўскага перамір'я, вялікі князь зацягнуў на месяцы. Сапега напісаў грамату, пераклаў яе на польскую мову, каб Жыгімонт азнаёміўся, а той за колькі тыдняў нават у рукі яе не ўзяў. Штодня падканцлер нагадваў пра грамату і чуў адзін і той адказ: «Яшчэ не чытаў»[69]. І не пра мір думаў уладар, а пра вайну. Гневаўся на Маскву і жадаў яе біць. Як і чым тут даць рады? «Ужо не ведаю, што далей чыніць», - прызнаваўся Сапега[70]. «Цяжка аднаму быць супраць гаспадара і польскіх паноў, якім за вялікі гонар - пахлёбствам падабацца пану. Апіраюся, як кот на лёдзе, але калі не буду магчы, хіба што з якойсь пратэстацыяй ад'еду дадому»[71]. Каб падканцлер не назаляў, Жыгімонт не прымаў яго. Палову года Сапега не атрымліваў аўдыенцыі з вялікім князем. Гэта ўжо занадта! Відавочная знявага не толькі асабістага гонару, але і Літвы, якую прадстаўляў пры двары падканцлер. «Не толькі я, але і ўвесь наш народ зняважаны каралём. Жыву тут дзеля формы, ад двара гоняць прэч, таму і не жадаю далей падноскаў абіваць», - пісаў Сапега Крыштофу Радзівілу[72].
Мінуў час, а становішча не змянілася. Па-ранейшаму Жыгімонт не падпускаў да сябе ліцьвінскага падканцлера. Па-ранейшаму тая ж варожасць да Літвы. І дарэмна супакойваў Крыштоф Радзівіл Сапегу, што «кароль, здаецца, ужо лепш адносіцца да нашага народа». Льву гэтак не здавалася: «Кароль жалее таго, што калі-колечы зрабіў ліцьвіну. Не хачу быць pro forma пры двары і слухаць знявагі нашага ўрада, бо ўладарыць камора, а ўраднікі непатрэбныя»[73]. Сапега расчараваўся ў новым вялікім князі. Ад роспачы ратавала праца над рэдакцыяй Статута. Кракаў ён усё ж не пакінуў - застаўся на варце інтарэсаў Літвы. «Мушу яшчэ не толькі са шкодай, але з жалем сваім трываць тут да часу, пакуль чалавечае цярпенне дапусціць»[74]. Але і цярпення ўжо не было. Восенню Сапега вярнуўся ў Вільню. У друкарні Мамонічаў чакалі яго падрыхтаваныя да працы станкі. А напрыканцы года Леў трымаў у руках надрукаваны Статут.
Новыя перспектывы адкрыліся для Сапегі пасля прызначэння яго ў 1584 годзе на пасаду канцлера Вялікага Княства. Цяпер ён стаў галоўным ахоўнікам правоў і вольнасцей панства. Спатрэбіўся Сапега і Жыгімонту.
На Варшаўскім сойме Сапегу выбралі каралеўскім камісарам для суцяшэння бунту рыжанаў. Як вядома, Рыга ўпарта адстойвала свае правы вольнага горада. У 1581 годзе Сцяпан Батура зацвердзіў іх. Адным з прывілеяў была дэкларацыя свабоды пратэстанцкай веры. Аднак адразу пасля падпісання прывілея кароль пад ціскам езуітаў патрабаваў ад гарадскога магістрата перадачы католікам дзвюх пратэстанцкіх цэркваў. Магістрат упарціўся. Угневаны кароль ветліва прыгразіў: «Я сёння не магу нічога есці, пакуль не памалюся ў царкве»[75]. Пагроза падзейнічала і католікі атрымалі цэрквы. Затое пратэстанты засталіся незадаволенымі. Іскаркі мяцяжу ўспыхнулі ў іх душах. А ветрам, які раздзьмуў пажар, стаў новы каляндар. У 1582 годзе Сцяпан Батура загадаў увесці ў Рэчы Паспалітай каляндар, выпраўлены папам Рыгорам ХІІІ. Гэты каляндар, празваны Грыгарыянскім, адмяняў часалік старога - юліанскага і на два тыдні апярэджваў яго. Але традыцыі не касуюцца каралеўскімі ўказамі. Паўсюль раздаваліся нараканні. Парушаўся прызвычаны лад жыцця. Перамяшаліся дні святаў. Як адзначыў летапісец: «Праве было начало пристья антихристова у таком великом замешанью»[76]. Хваляваліся і ў Рызе. Папская выдумка пераблытала святы. У новым календары рыжане ўбачылі яшчэ адзін замах на пратэстанцкую веру. Калі ж езуіты правілі ўрачыстую службу на Раство Хрыстова паводле грыгарыянскага злічэння, раззлаваны натоўп раптам уварваўся ў касцёл - закідаў святароў камянямі, пабіў шыбы, пашкодзіў усё ўбранне. З'явіліся і правадыры, гарадскія саноўнікі Брынкен і Марцін Гізе. Нацкаваныя імі рыжане захапілі магістрат. Гізе заклікаў расправіцца з тымі сябрамі магістрата, з-за якіх горад страціў свае вольнасці, правы і цэрквы. Улады спрабавалі мірна супакоіць гнеў рыжан. Аднак адміністратара Лівоніі віленскага біскупа Юрыя Радзівіла не пусцілі ў горад. Не прынялі рыжане і загад Батуры прынесці скаргу на магістрат на яго каралеўскае імя. Гізе і Брынкен правілі натоўпам і з'яўляліся гаспадарамі становішча. Яны знайшлі двух віноўнікаў і прымусілі магістрат даць дазвол казніць іх. Так пралілася кроў. У Батуры скончылася цярпенне, і ён загадаў сілай суняць бунт. Да Рыгі падышлі каралеўскія жаўнеры. Гізе адразу ўцёк у Швецыю. А ў часы безгаспадарства пра Рыгу забылі. Ды і рыжане астылі. Але вось вярнуўся ў горад Гізе - ізноў успыхнулі хваляванні. На загад магістрата звязеніць Гізе - другі правадыр бунту Брынкен напаіў гурт сваіх прыхільнікаў і напусціў іх на магістрат. Рыга апынулася ў руках Гізе і Брынкена. Яны наладзілі сувязі з Максіміліянам. Настроеныя супраць Жыгімонта рыжане адмаўляліся яму прысягаць. Становішча ў Рызе абмяркоўвалася на Варшаўскім сойме ў 1589 годзе. Сойм зліквідаваў аўтаномію Лівоніі, падзяліў яе на ваяводствы і староствы. Ліцьвіны і палякі атрымалі правы займаць пасады і набываць землі ў Лівоніі. Такім было вырашэнне спрэчкі з-за гэтага краю паміж Літвой і Польшчай. Замест падзелу паміж сабой пагадзіліся на супольнае валоданне. Для ўціхамірвання Рыгі сойм паслаў у горад Льва Сапегу і кракаўскага кашталяна Севярына Бонара. Як толькі пра гэта даведаліся рыжане, дык пастанавілі не пускаць каралеўскіх камісараў у горад. Ледзь не пралілася кроў. Гізе і Брынкен вывелі на вуліцы ўзброеных гараджан. І каб не заступніцтва гарнізона палкоўніка Фарэнсбаха, мяцежнікі разагналі б магістрат. Сапега ведаў, якую сустрэчу рыхтуюць камісарам правадыры мяцяжу. Дзейнічаць сілай тут не выпадала. Але сілу павінны бачыць і паважаць яе.
5 ліпеня камісары пад гарматныя стрэлы ўрачыста ўехалі ў Рыгу. Следам увайшоў у горад вайсковы аддзел у 150 чалавек. Гізе і Брынкен са сваімі хаўруснікамі прыціхлі.
Камісары абвясцілі магістрату каралеўскую міласць на захаванне гарадскіх прывілеяў і патрабавалі прынясення прысягі. А завадатараў мяцяжу загадалі звязеніць і ўчыніць над імі суд. Не паспелі арыштаваных Гізе і Брынкена прывесці пад варту ў ратушу, як каля яе пачалі збірацца людзі. Купец Гергард Фрызе заклікаў натоўп да бою. Ужо раздаваліся ваяўнічыя крыкі. Сапега не хаваўся за спіны жаўнераў, разам з двума сябрамі магістрата ён выйшаў да народу. Мужнасць канцлера нібыта абяззброіла натоўп. Ніхто не асмеліўся падняць руку на яго. Людзі паддаліся ўгаворам не праліваць крыві. Для захавання супакою магістрат наступным днём арыштаваў Фрызе.
27 ліпеня рыжане прысягнулі камісарам на вернасць Рэчы Паспалітай. Але пакой у горадзе не наступіў. Падчас суда Гізе і Брынкен праз акно пачалі крычаць і маліць аб дапамозе. Натоўп паддаўся мальбам падсудных. Зноў на шляху раз'ятраных людзей паўстаў канцлер: «Рыжане, памятайце, што вы прысягалі, інакш вы рызыкуеце жыццём!» - усклікнуў Сапега[77]. Ваяўнічасць згасла перад мужнасцю.
Суд вынес Гізе і Брынкену смяротны прысуд. Паводле просьбы сваякоў асуджаных, Сапега дазволіў пахаваць іх целы ў царкве. Змягчыў ён і пакаранне - замест чвартавання назначыў казнь мячом. І злодзей для канцлера «Божье створенье».
Пакаранне адбылося 2 жніўня. З самай раніцы жаўнеры занялі рынак і з запаленымі факеламі стаялі ў баявым шыхце. Але рыжане не думалі пра мяцеж і збегліся на рынак паглядзець на казнь. Перад смерцю Брынкен раскаяўся і заклікаў народ падначаліцца ўладам. Калі кат сцяў яму галаву, Гізе папрасіў у канцлера дазволу праспяваць рэлігійны гімн. Сапега адказаў, што спяваць ужо позна. Тады Гізе паслухмяна апусціўся на калені перад плахай і вымавіў: «З глыбінь духа звяртаюся да цябе, Бог»[78]. Кат адсек яму галаву. Над астатнімі зачыншчыкамі мяцяжу суд злітаваўся і пакараў іх зняволеннем і грашовымі штрафамі.
Камісары аднавілі ўладу магістрата і прымірылі яго з гараджанамі. «Такім чынам, дарагі мір зноў запанаваў у Рызе», - адзначыў задаволены рыжскі летапісец[79].
Так, часам «дарагі мір» даводзілася захоўваць суровымі мерамі. І Сапега, абараняючы супакой дзяржавы, не даваў літасці ліхадзеям і мяцежнікам. Кожны атрымліваў па заслугах. Добра разумеў канцлер небяспеку ўнутраных звадак і боек: «Я не жадаю нашай айчыне таго, што адбываецца ў Францыі. Няма ў Францыі такіх ворагаў, якія каля Польшчы з Літвою, а таму яны б'юцца паміж сабой і няма каму іх разняць. Нас разнялі б хутка, з аднаго боку турчын, з другога - татарын, а з трэцяга - маскавіт, ды і немцы не спалі б, але дасць Бог, што ў нас не дойдзе да гэтага»[80].
«Спакой Айчыны да скону дзён буду сцерагчы», - вось мэта Сапегі[81]. Калі ж у канцлера не даставала ўлады сцерагчы спакой, ён выкарыстоўваў і слова. Пераканаўчымі довадамі ён стрымліваў ахвотнікаў сеяць буру. Сапега выказваў погляды, сугучныя лепшым думкам мысліцеляў-гуманістаў. Паказальная ў гэтых адносінах палеміка Льва Сапегі з вуніяцкім архіепіскапам Язафатам Кунцэвічам. Сам Сапега прыхільна ставіўся да царкоўнай вуніі паміж каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой Літвы і Ўкраіны. Выступаў з прамовай пры яе заключэнні ў 1596 годзе ў Берасце. Як палітык ён звязваў з вуніяй перш за ўсё палітычныя выгады для Княства - гэта замірэнне рэлігійных звадак і выхад з-пад уплыву самахоць заснаванага маскавіцкага патрыяршаства. Але перш за ўсё ліцьвінскія вярхі, як свецкія, дык і духоўныя, разглядалі вунію як важны крок да стварэння нацыянальнай царквы ліцьвінаў[82]. Асаблівую руплівасць праяўляў полацкі і магілеўскі архіепіскап Язафат Кунцэвіч, які сваімі палымянымі словамі павярнуў да вуніі нямала народу. Але калі Кунцэвіч пазачыняў праваслаўныя цэрквы епархіі, дык вернікі выступілі на абарону сваёй веры. Сапега прадбачыў наспяванне выбуху - рэлігіёзнай вайны. Не мог не трывожыць канцлера і той факт, што запарожскія казакі абвясцілі сябе абаронцамі праваслаўя. А гэта сіла, з якой трэба было лічыцца. Канцлер хацеў папярэдзіць крывавыя падзеі. У лісце да Кунцэвіча ад 12 сакавіка 1621 года Сапега раіць архіепіскапу адмовіцца ад насілля і выказвае ідэі талерантнасці і гуманізму. Гэта быў голас розуму і чалавекалюбства ў тым раз'юшаным вэрхале ўзаемных абвінавачванняў, знявагі, спрэчак, якімі асыпалі адзін аднаго вуніяцкія і праваслаўныя святары. Вось гэты ліст з некаторымі скарачэннямі: «Не пярэчу, што я сам прыкладаў старання каля вуніі і пакінуць яе было б справай неразумнай, аднак ніколі мне не прыходзіла ў думку, каб Ваша Міласць людзей да яе прыводзіць гэткімі гвалтоўнымі спосабамі. Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі падбурылі і, скажу, прымусілі народ рускі да адпору і зламання ўчыненае яго каралеўскай міласці прысягі.
Пішаце аб наварачаванні на вунію адшчапенцаў і г.д.; сапраўды, трэба падумаць, аб іх наварачаванні, дбаючы аб тым, каб была адна аўчарня і адзін пастыр. Але ў гэтым трэба паступаць асцярожна і разумна, кіруючыся абставінамі часу, асабліва ў нашай айчыне, дзе зусім не служыць гэная сэнтэнцыя «прымушай іх уваходзіць». Трэба, каб гэтая наша пільнасць і жаданне агульнага аб'яднання апіралася на асновах любові, водле слоў апостала Паўлы. Але бачу, што Вы аддаліліся ад навукі гэтага апостала, і таму недзіўна, што тыя, каторыя былі пад Вашай уладай, вышлі з належнае Вам паслухмянасці. Што датычыць небяспекі, пагражаючай Вашаму жыццю, дык можна сказаць: «кажды сам прычынай сваёй бяды». Трэба карыстацца з памысных абставінаў, але не трэба паддавацца неразумнаму захапленню, асабліва, калі ідзе аб веравызнанне, бо тады правадыры бываюць выстаўлены на нялічаныя небяспекі. - «Я абязаны - пішаце - наследаваць біскупаў і г.д.». Ёсць рэччу пахвальнай наследаваць св. біскупаў, напр. Златавуснага; але наследаваць іх трэба такжа ў пабожнасці, навуцы, цярплівасці і даванню добрых прыкладаў. Прачытайце жыццяпісы ўсіх пабожных біскупаў, творы Златавуснага, а не знойдзеце ў іх ані жалабаў, ані пратэстацыяў, працэсаў, спрэчак, позваў на суд аб пераследаванне, аб скідаванне з урадаў з асабістых карысцяў, аб пазбаўленні жыцця пабожных духоўных; знойдзеце там толькі тое, што павялічывае славу Боскую, асвету і будову душаў людзкіх і ўласкавенне Эўдоксіі, гнеўнай на слуг царквы.
«Але калі - пішаце - неправаверныя на мяне адважна наступаюць, дык я мімаволі прымушаны бараніцца». Запраўды ж не гэтак вучыў нас Хрыстос: ён, ведзены на смерць, маліўся за сваіх ворагаў, - гэтак і Вашай Міласці трэба паступаць. Яшчэ пішаце: «на соймах падносяцца галасы, шкадлівыя не толькі для вуніі, але і для ўсяго рымскага духавенства». Хто ж гэтаму вінен? Адна вунія прычынай гэтых усіх няшчасцяў! Калі гвалціце людзкія сумленні, калі замыкаеце цэрквы, каб людзі без абедні, без абрадаў хрысціянскіх, без таенстваў гінулі, як няверныя, калі самавольна надужываеце любові і павагі да гаспадара, дык тады абыходзіцеся без нас, але калі з прычыны ўціскаў паўстаець у народзе непакой, каторы трэба ўціхамірыць, - тады намі добра дзверы запхнуць. Таму і праціўная старана думае, што мы з Вамі паразумеліся, каб супольне гвалціць людзкія сумленні і нарушаць агульны супакой, - чаго ніколі не было. Сцеражыце вуніі для сябе і выконвайце спакойна свае абавязкі, не наражаючы нас на агульную нянавісць, сябе ж самога на небяспеку і гэтакі вялікі перад усім народам упадак. «На непрымаючых вуніі - пішаце - выдаць загад і выгнаць іх з дзяржавы». Барані Божа! Няхай не дзеецца ў айчыне нашай гэтакае страшэннае беспраўе!
А па гэтым усім гаспадар загадвае цэрквы іхнія распячатаваць і адчыніць, аб чым я Вашай Міласці пішу. А калі Вы па гэтым маім напамінанні не адпячатаеце і не адчыніце цэркваў, дык я сам загадаю іх распячатаць і праваслаўным аддаць, каб яны паводле свайго набажэнства ў цэрквах свае абрады маглі б справаваць. Жыдам і татарам не забараняецца ў гаспадарствах каралеўскіх мець свае сінагогі і мячэці, а Вы хрысьціянскія пячатаеце цэрквы! З гэтага поваду разыходзіцца ўжо ўсюды пагалоска, што яны прагнуць быць лепш у няверных туркаў у падданстве, чымся цярпець гэтакі ўціск свайго сумлення.
Гэта мае аб'ясненні, каторыя даю на Вашае пісьмо. Жадаю сабе на Прышласць быць вольным ад спораў з Вамі. Прашу толькі Найвышэйшага аб усялякую для Вас памыснасць і адначасна аб духа лагоднасці і любові да бліжняга, застаючыся з паважаннем Леў Сапега»[83].
Шкада, што не паслухаў архіепіскап мудрых парад канцлера. Па-ранейшаму сілай усталяваў ён вунію. І наклікаў бяду на сваю галаву. Супраць святара ў 1623 годзе паўсталі жыхары Віцебска. Кунцэвіч і некалькі чалавек з ягонага атачэння загінулі ад рук раззлаваных віцьбічаў. Бяда бяду вядзе. Як і папярэджваў Сапега, што кожны сам прычына сваёй бяды, так і здарылася.
Жыццё часта наносіла жорсткія ўдары па ідэалах Сапегі, нібыта выпрабоўвала іх на трываласць. І не без душэўнай скрухі даводзілася яму прызнаваць перавагу явы. Гэтак, як канцлер ён узначаліў камісію па вышуку забойства Кунцэвіча. Закон павінен выконваць і ён, і закон патрабаваў суровай кары забойцам. 20 чалавек былі пакараны смерцю.
Несуадносіны паміж ідэаламі і жыццём прыгняталі канцлера. Можна прымірыцца з суровай рэальнасцю - гэта таксама выхад. Сапега не мірыцца. Не, ён не бярэ на сябе місію ашчаслівіць чалавецтва і не паўстае супраць тагачаснага становішча грамадства, але па магчымасці змякчае жорсткасць рэалій жыцця. Можа быць, для многіх сучаснікаў некаторыя ўчынкі канцлера ўспрымаліся, як дзівацтва багатага пана. «У вас хлоп хлопам, а ў мяне вяльможны, ясна вяльможны; бо калі я хлопа мець не буду, пэўна, ясна вяльможным не буду», - любіў канцлер вось гэтымі словамі падкрэсліць свае адносіны да простага мужыка[84]. Сапега не драў па сем скур са сваіх падданых, але ж і не пратэставаў супраць таго, што яны сваёй працай забяспечваюць яго яснавяльможнасць. У часы, калі з хлопам размаўлялі бізуном, Сапега, які ўдзячна прызнаваў халопскі мазоль і пот, выглядаў, прынамсі, дзіваком.
На сваім прыкладзе Сапега паказваў ідэал, як ён гэта разумеў, паміж канфесійных дачыненняў. Так, ён мяняў веру - з праваслаўя перайшоў у пратэстанты, а пасля хрысціўся ў каталіцтва, але ніколі не чарніў іншую канфесію, не абвяшчаў, што вера, у якой ён знаходзіцца, ёсць адзіная і правільная. Як актуальна гучыць і ў наш час роздум Сапегі аб хрысціянскай лучнасці: «Не без прычыны святы Павел да слоў - вера ёсць Боскі дар - не прыпісаў «каталіцкая», бо ніхто не ведае, ці варты ён любові або нянавісці. Святое пісьмо кажа: шмат закліканых, але мала выбраных. Не без прычыны і тое, што пан не адвяргаў схізматыкаў, бо Дух Божы, які ёсць дар Бога, дыхае, дзе пажадае. Аб тым, што супраць Боскай волі прымушаць да веры якое-небудзь грамадства, сведчаць наступныя словы: пабудую сваю сталіцу на поўначы і буду падобны найвышэйшаму. Яшчэ і таму вера называецца Боскім дарам, што да яе ніхто сам не далучаецца, як Хрыстос казаў: ніхто не можа прыйсці да мяне, калі мой Бацька не пакліча да гэтага. Такі шлях веры, бо справа далучаных да Бога - верыць»[85].
У той час, калі мацнела ў Рэчы Паспалітай веранянавісць, калі праваслаўны Канстанцін Астрожскі абзываў папу антыхрыстам і пагражаў католікам і вуніятам вайной, калі католік Юрый Радзівіл паліў Святое Пісьмо, надрукаванае ягоным бацькам-пратэстантам, калі вуніят Кунцэвіч зачыняў праваслаўныя цэрквы, Сапега фундуе і каталіцкія, і вуніяцкія, і праваслаўныя храмы, засноўвае пры іх школкі, выдае праваслаўную літаратуру. Толькі касцёлаў ён пабудаваў на свае сродкі 24, сярод іх - св. Міхайлы і бернардзінцаў у Вільні, езуіцкі ў Берасце, кармелітаў у Бялынічах, бернардзінцаў у Горадні, езуіцкі калегіум у Воршы, св.Францыска ў Бялынічах, Міхалаве, Вільні, Берасце, картэзіянцаў у Бярозе, св. Тройцы і апосталаў Пятра і Паўла ў Ружанах, а таксама шэрага праваслаўных вуніяцкіх храмаў. Пагрозліва гучыць папярэджанне Сапегі тым, хто сеяў нязгоду паміж хрысціянамі: «Каждого такового я зараз позываю перед суд Божый страшный, и с ним о то на страшном суде Христовом судитися хочу, где ему то нехай не будет отпущено»[86]. І калі ў Вялікім Княстве захоўваўся рэлігійны мір, дык таму, што на варце яго стаяў канцлер Леў Сапега. То ён заступаецца за вуніяцкага мітрапаліта Іпата Пацея перад праваслаўнымі, то стрымлівае ваяўнічых казакоў ад выступу супраць вуніятаў, то ў прыватнай перапісцы раіць князю Канстанціну Астрожскаму адмовіцца ад думкі пачаць вайну з католікамі і вуніятамі. І Сапегу слухаюцца, ягоныя парады прымаюць. «Великий Леоне» - пачціва называюць суайчыннікі Сапегу[87]. Нават Жыгімонт Ваза, які непрыхільна ставіўся да ліцьвінскага канцлера, у цяжкія для сябе моманты шукае яго падтрымкі. Вось і ў 1590 годзе, калі польскія саноўнікі не прымалі жадання манарха ажаніцца на Ганне Габсбургскай, ён просіць у Сапегі садзейнічання, і з ягонай дапамогай дамагаецца свайго. Аднак варта Жыгімонту нешта задумаць на шкоду Вялікаму Княству, як на яго шляху паўстае Сапега. І канцлер прымушаў венцаноснага ўладара паважаць закон. Як не нагадаць гісторыю з намінацыяй Віленскага біскупства. Праверка сілы Статута Княства. Справа пачалася ў 1591 годзе, калі месца кракаўскага біскупа заняў Юрый Радзівіл, які дагэтуль з'яўляўся віленскім. Гэтае назначэнне насцярожыла Сапегу: прадбачыў спробу каронных дыгнітарыяў правесці на Віленскае біскупства паляка. Так яно і здарылася. Палякі, спасылаючыся на тое, што Кракаўскае біскупства дасталася ліцьвіну, прапаноўвалі наўзамен аддаць Віленскае паляку Бернарду Мацееўскаму. Канцлер добра разумеў далёкія намеры польскіх палітыкаў. Важна стварыць прэцэдэнт. Парушыць артыкулы Статута і назначыць на пасаду ў Княстве «чужаземца». Цяжка зрабіць пачатак, а тады... «А тады, - на думку Сапегі, - паддайцеся ва ўсім палякам, адмоўцеся ад сваёй пячаткі, ласкі і булавы, і няхай будуць польскія: пячатка, булава і ласка, ды і агульная скарбніца». А таму, каб гэтага не адбылося, Сапега рашуча вырашыў: «Або загінуць, або дамагчыся таго, каб ліцьвін быў віленскім біскупам»[88]. І дамогся. На ўсе просьбы, мольбы і пагрозы Жыгімонта прыкласці пячатку Княства да намінацыі Мацееўскага Сапега адказваў адмовай. Некалькі гадоў доўжылася гэтае супрацьстаянне. Жыгімонт і ягоныя польскія дарадчыкі ўсяляк спрабавалі зламаць волю Сапегі. Дзейнічалі і праз папу, і праз папскага легата. Прыбягалі да падману і ашуканства. Гэтак, у 1595 годзе Жыгімонт чарговы раз патрабаваў ад канцлера паставіць пячатку, маўляў, і віленскі ваявода Крыштоф Радзівіл згодны на гэта. Сапега не паддаўся на каралеўскі ціск, а напісаў ваяводзе. Сапраўды, Радзівіл гатовы пайсці на кампраміс, каб на далейшы час забараніць соймавай пастановай назначэнне палякаў на пасады Вялікага Княства, а ліцьвінам пад пагрозай пакарання прымаць назначэнні на польскія пасады. Праект ваяводы падабаўся Сапегу, але ён настойваў на згодзе станаў Вялікага Княства. А вось станы на павятовых сойміках аднадушна пратэставалі супраць намаганняў Жыгімонта ўчыніць «зменшенья и затертья права, волности и свобод Великого Князства Литовского»[89]. Сапега адчуваў за сабой падтрымку ўсёй дзяржавы і заставаўся непахісным. Нарэшце, у 1597 годзе Жыгімонт абвясціў Мацееўскага віленскім біскупам, а для пацвярджэння намінацыі папам рымскім вырашыў паставіць на прывілеі польскую пячатку, спадзеючыся, што ў Рыме прызнаюць яе за ліцьвінскую. Сапега заявіў каралю пратэст і даў зразумець яму, што Літва не пагадзіцца з такой «намінацыяй». Цяпер Мацееўскі стаяў яшчэ далей ад віленскай катэдры, чым раней. Хітрыкі Жыгімонта з пячаткай не ўдаліся. Папскія прадстаўнікі ўважліва сачылі за супрацьстаяннем караля і канцлера. Інтарэсы каталіцкага касцёла для папы былі вышэйшымі за інтарэсы польскага ўраду. Бок Літвы прыняў папскі нунцый, які забараніў імем папы Мацееўскаму ехаць у Вільню. Толькі смерць Юрыя Радзівіла ў студзені 1600 года дала Жыгімонту магчымасць з гонарам адступіць - месца кракаўскага біскупа дасталася Мацееўскаму, а віленскім біскупам стаў ліцьвін Бенедыкт Война. Ліцьвінскі статут перамог, і манарх вымушаны падначаліцца закону.
Ён атрымаў шмат, ён і аддаваў шмат. Лёс выбраў яго, ён выбраў гэты лёс. Чалавек, які «павінен дбаць пра грамадскае дабро і пра справы дзяржаўныя»[90]. Лёс даў яму ўладу, улада даверыла яму лёс Айчыны - святы дар і давер. Дар свой ахвяраваў ён народу - Айчына стала яго лёсам.
Ён ішоў наперадзе свайго часу і хацеў весці за сабой грамадства. А грамадства азіралася назад у прызвычаны і знаёмы ўчарашні дзень. Грамадства не разумела яго, яно шукала пажытак у сённяшнім дні. Задаволеным малым было дастаткова, каб не шукаць вялікага. І дзень змяняўся днём і прыносіў усё той малы пажытак. Але жыла мара пра вялікае, жыла ў душы Льва Сапегі.
МАРНАЯ НАДЗЕЯ А марыў Леў Сапега пра саюз славянскіх народаў. Як ніхто іншы, канцлер разумеў неабходнасць гэтага аб'яднання. У свеце складваліся моцныя кааліцыі. Каталіцкая ліга, на чале якой стаялі папа рымскі і Габсбургі. Пратэстанцкія краіны ладзілі свой пратэстанцкі саюз. Турэцкія султаны аб'ядноўвалі мусульманскі свет. Пад прыкрыццём рэлігійных ідэй гэтыя саюзы перш за ўсё клапаціліся пра пашырэнне сваіх межаў - заваёвы новых земляў. Леў Сапега хацеў стварыць славянскі саюз Польшчы, Літвы і Масковіі, што дазволіла б нарэшце ўсталяваць паміж імі доўгачаканы мір і абараніцца агульнымі сіламі ад поступу мусульманскай Порты і заваёўніцкіх захадаў Швецыі. Вялікая ідэя, вартая таго, каб прысвяціць сябе яе ажыццяўленню.
Калі ліцьвіны выступалі за мір з Масковіяй, дык палякі, наадварот, намагаліся сарваць яго. А ў гэты час узбройваўся для паходу на Лівонію шведскі ўладар Карл Судэрманскі. Сапега, знаходзячыся восенню 1599 года ў Рызе, атрымліваў з Швецыі трывожныя весткі. «Паведамляюць, што герцаг Карл ужо ўступіў у лігу з дацкім каралём. Калі яму яшчэ ўдасца з-за нашага нядбальства злучыцца і з Масковіяй (такую магчымасць таксама трэба ўлічваць), дык што будзем рабіць мы, якія лічым усё малаважным і ўсё зневажаем?»[91]. Наракаў Сапега і на легкадумнасць Жыгімонта, які з-за сваёй пыхі сарваў перамовы з маскоўскімі пасламі. Непакоілася і ліцьвінская шляхта і прасіла паноў-раду разгледзець адносіны з Масковіяй на бліжэйшых сойміках. Ведалі, што першы ўдар са Швецыяй або Масковіяй прыме на сябе Літва. А палякі адсядзяцца дома за спінамі ліцьвінаў. І толькі тады, калі Карл завалодаў Фінляндыяй і шведскае войска з'явілася ў Эстоніі, валынскі гаспадар Міхай захапіў Семіграддзе і сталі вядомымі ягоныя зносіны з царом, Жыгімонт спахапіўся. Ён папрасіў Сапегу падрыхтаваць праект граматы ў Маскву.
Аднак на Варшаўскім сойме польскі бок лічыў, што становішча Рэчы Паспалітай не такое і цяжкое, каб прасіць міру ў Масковіі. Што гэта - самаўпэўненасць ці звычайная праява польскай палітыкі падстаўляць пад удар Літву, каб без праблем забраць яе? Так ці інакш, а расплачвацца павінны ліцьвіны, і яны патрабавалі ад Жыгімонта назначыць пасольства дзеля станаўлення вечнага спакою. А каб вялікі князь быў згаворлівым, абяцалі даць яму грошы для вайны за шведскую карону. І Жыгімонт не адмовіў. Для значнасці місіі вырашылі адправіць «вялікае пасольства». На чале яго ўсе жадалі паставіць Льва Сапегу. «Аднаго цябе бачым, каму можна даручыць пасольства ў Маскву»[92]. Сапега з удзячнасцю прыняў гэты давер. І не з пустымі прамовамі і не спрачацца ехаў канцлер. Ён склаў праект лігі славянскіх дзяржаў:
1. Абодвум уладарам быць паміж сабой «в любви и в згодзе и статечной вачной приязни», паны-рада і баяры думныя, усе свецкія і духоўныя станы «в згодзе и в вечной нероздзельной милосци Братерской били яко людзи одное Вери Хрэсцьянское, одного езыка и народу словеньского»*.
2. Агульнымі будуць непрыяцелі і ворагі абедзвюх дзяржаў.
З. Ніякіх дамоваў, шкодных адзін аднаму, уладары не заключаць, узгадняецца знешняя палітыка.
4. Падчас небяспекі аднаму другі «ширже и жичливе верне без хитросци ратоваць маець».
5. Землі, здабытыя агульнымі сіламі, пераходзяць да той дзяржавы, якая мае на іх права.
6. Землямі, якія не належалі раней ні аднаму з панстваў, валодаць разам або падзяліць іх.
7. Дазваляецца вольна паступаць на службу любому з двух уладароў.
8. Дазваляецца ліцьвінам і палякам вольна «женитися, кревнитися» з маскавітамі.
9. Можна выслужыць землі і вотчыны ў абодвух панствах.
10. Абмен паміж двума панствамі вучнямі.
11. Свабода веравызнання «повольно Веры свое уживати».
12. Дазвол будаваць у Масковіі каталіцкія касцёлы, а ў Літве і Польшчы праваслаўныя цэрквы.
13. Купцы «вольно и безпечно» гандлююць у абодвух панствах.
14. Выдаваць з абодвух бакоў зладзеяў і «вшэляких шкодников».
15. Разам стаяць супраць татараў.
16. Абодва гаспадарствы маюць супольнм флот на «мору Литовском и на мору Великом».
17. Манета аднолькавая «одное цэны, одное ваги».
18. Павінны быць зроблены дзве кароны: адна кладзецца на галаву караля і вялікага князя пры каранацыі маскоўскім паслом, другая такім чынам кладзецца цару паслом ад Рэчы Паспалітай.
19. Уладар Рэчы Паспалітай выбіраецца паводле рады з маскоўскім уладаром.
20. Калі Жыгімонт не пакіне сына, дык Польшча і Літва могуць выбраць сабе цара.
21. Пасля смерці маскоўскага ўладара ягоны сын пры вянчанні на пасад пацвярджае прысягай гэты саюз.
22. Калі ж у цара не застанецца сына, дык маскоўскім уладаром становіцца Жыгімонт[93].* Зноў пераканаўчае сведчанне, што ліцьвіны адносілі сябе да «народу словеньского».
Выпакутаваная ідэя славянскага адзінства ўвасобілася вось у гэтым праекце саюзу трох славянскіх народаў: ліцьвінаў, палякаў і маскавітаў. Канцлер улічыў няўдачы папярэдніх праектаў і прапаноўваў рэальныя ўмовы аб'яднання. Захоўваючы сваю самастойнасць, абедзве дзяржавы цесна збліжаліся на палітычнай, культурнай і эканамічнай глебе і праводзілі супольную знешнюю палітыку. Гэты саюз адхіліў бы даўнія прычыны да войнаў паміж Масковіяй і Літвой з-за спрэчных земляў і з'явіўся б гарантам «вечнага пакою». Ясна, што ад гэтага саюза выйгралі б усе славяне, бо ў перспектыве паўставала задача вызвалення славянскіх народаў з-пад турэцкага ярма.Пасламі разам з канцлерам ехалі варшаўскі кашталян Станіслаў Варшавецкі ды сакратар Княства Ілья Пелегрымоўскі, які апісаў гэтае пасольства ў сваім дыярушы, а пасля нават і ў паэме. У пасольства ўваходзілі - князь Яраслаў Друцкі-Сакалінскі, усвяцкі староста Андрэй Варапай, віцебскі ваявода Іван Сапега, Іван Пасак, Пётр Дунін і другія. Адной аховы і прыслугі было за тысячу чалавек. Каля двухсот вазоў везлі пажыткі і харч. Сапраўды, «вялікае пасольства».
27 верасня 1600 года пасольства выправілася з Воршы ў нялёгкае падарожжа. Сустракалі паслоў урачыста. Цар разгневаўся на смаленскага ваяводу з-за таго, што не даў паслам добрага пастоя і напужаныя ваяводы згіналіся перад Сапегам, каб задаволіць яго. Дапытлівага канцлера цікавіла ўсё, што ўпадабала яго вока. Заходзіў у праваслаўныя цэрквы і слухаў там службы.
16 кастрычніка пасольства дабралася да Масквы. Як звычайна паслоў засадзілі за высокі плот і прыставілі варту. Мінаў дзень за днём, а цар Барыс Гадуноў так і не назначаў прыёму, хаця адразу пацікавіўся спісам падарункаў. Царскія прыставы тлумачылі затрымку тым, што ў цара разбалеўся на назе палец. А цар цягнуў час - чакаў вынікаў вайны ў Лівоніі і Малдавіі. Замест таго каб сур'ёзна абмеркаваць праект прапанаваны ліцьвінскім канцлерам, ён настроіў сябе на гандаль: хто больш заплаціць за царскую прыязнь. А паслы, як вязні, сядзелі. Невядомасць прыгнятала больш за чаканне. Аднойчы паблізу пасольскага двара ўспыхнуў пажар. Агонь ахапіў некалькі будынкаў і пагражаў перакінуцца на пасольскі двор. Сапега скардзіўся прыставам, што паслоў трымаюць у цеснаце, а вакол дома паклалі столькі саломы, нібыта дзеля таго, каб спаліць яго. «Ухавай, Божа, ад гэтай прыгоды, не толькі ратаваць рэчы, але і самім цяжка выбегчы жывымі. Калі нас яшчэ будуць трымаць у такой цеснаце, дык мы вымушаны самі падумаць пра сябе»[94]. Прыставы пакрыўдзіліся і адказалі, што гэта слова высокае і невартае добрай справы. Сваркі не сціхалі. Сапега патрабаваў прыстойных умоў для пасольства. Чатыры дні ён не прымаў прыставаў, пакуль паслам не далі прасторныя дамы. Зразумела, што ўся гэтая валтузня з жытлом чынілася маскавітамі з мэтай паўплываць на волю паслоў. Такая дробная тыранія дзейнічала на слабавольных людзей. Але Сапегу не запугаеш.
І вось нарэшце 26 лістапада Барыс Гадуноў прыняў пасольства. Раніцай пасля малебна паслы адправіліся ў крэмль. Ехалі праз жывы калідор стральцоў. Каля царскага палаца паслы злезлі з коней і прыставы павялі іх да прыёмнай палаты. Разадзетыя і ўпрыгожаныя карункамі і золатам баяры і баярскія дзеці запаланілі ўсе пераходы, адзёжкамі і бляскам каштоўнасцей паказвалі славу і моц свайго ўладара. І натоўп прыдворных, і важныя баяры старажытных і слаўных родаў, і агромністая палата, і залатыя клейноты - усё павінна прымусіць адчуць сваю нікчэмнасць перад веліччу ўладара Трэцяга Рыму. Ён сядзеў на пасадзе ў залатым вянцу і трымаў у руках скіпетр і дзяржаву - жывое ўвасабленне сваіх прэтэнзій на веліч і моц. На правы бок сядзеў ягоны сын. А ўздоўж сценаў расселіся думныя баяры. Перад вялікім князем стаялі чатыры воіны ў белых гарнастаевых апанчах з сякерамі, якія паклалі на плечы.
Дзяк Васіль Шчалкалаў мовіў Гадунову, што паслы караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта прыйшлі пацалаваць яго руку. Слова ў адказ мовіў Леў Сапега - звычайны пры такіх прыёмах зварот; маўляў, Жыгімонт прыслаў іх пакланіцца вялікаму князю ўсея Русі Барысу Фёдаравічу і справіцца пра яго здароўе. Пасля чаго Сапега перадаў дзяку ліст Жыгімонта. Дзяк прачытаў ліст вялікаму князю. У сваю чаргу і Гадуноў папытаў, ці здаровы кароль Жыгімонт. Сапега адказаў, што ён караля пакінуў у добрым здароўі. У сваёй прамове пасол паведаміў пра мэту пасольства. «Ведаючы, што сам усемагутны Бог выбірае ўладароў і князей і каго хоча ставіць на панства, а таму і табе Барысу Фёдаравічу даў сесці на вялікім пасадзе маскоўскім толькі паводле сваёй святой волі, і бачучы твой добры намер і добрае жаданне, якое ты выказаў перад намі праз свайго пасла, віншуем цябе з узыходжаннем на гэты пасад і жадаем табе пражыць шмат гадоў у міласці Боскай і добрым саюзе з намі. Бачучы, як важна і як карысна для нашых Гаспадарстваў узаемная зычлівасць і згода, мы з радасцю прымаем такую вестку і з радасцю жадаем быць з табой, Вялікім уладаром і Вялікім князем Барысам Фёдаравічам, у міры, згодзе, зычлівасці і любові»[95]. Прыём завяршыўся паднясеннем Гадунову і ягонаму сыну падарункаў. Ад сябе Сапега падараваў Гадунову залаты ланцуг, упрыгожаны жэмчугам і карункамі, чатыры срэбныя кубкі, залаты ланцуг, каня з чэпраком, усыпаным жэмчугам, а царскаму сыну залаты караблік, упрыгожаны жэмчугам і карункамі, два срэбных кубкі і добрага каня. Патраціўся канцлер на падарункі, але і гонар яснавяльможны і гонар Айчыны не дазваляў яму прыехаць да цара з пустымі рукамі. «Мне дужа не падабаецца, што мы адкрываем перад чужаземцамі нагату і вялікі недастатак нашай Айчыны, нашы продкі сцерагліся, каб вораг, асабліва блізкі, ведаў пра нашу беднасць», - лічыў канцлер[96].
Багатыя падарункі паднеслі і другія сябры пасольства. Цар падабрэў і пачаставаў паслоў абедам. Дзве гадзіны ліцьвінскія паслы і маскоўскія баяры па-сяброўску дзялілі хлеб і соль, ды яшчэ смачныя стравы і напоі. Цар таксама падтрымліваў свой гонар.
Пасля прыёму пасольству далі яшчэ два двары - можна было вальней размясціцца. Але на просьбы пачаць перамовы прыставы адказвалі - то цар прыхварэў, то святочны дзень, то цар заняты, то яшчэ якая бяда - так і месяц мінуў. «Не ведаю, што далей з намі пачнуць рабіць і як нас доўга будуць трымаць у гэтым вязенні», - хваляваўся Сапега[97]. Нарэшце 3 снежня прыступілі да перамоваў. Калі паслы прыехалі ў царскі палац, дык замест цара ўбачылі яго сына Фёдара. Ён і абвясціў, што бацька загадаў баярам пачаць перамовы. «Мы гэтаму абрадаваны. Мы дзеля гэтага і прыехалі, а не дзеля таго, каб ляжаць і нічога не рабіць», - адказаў Сапега[98]. Не лёс славянства, а ўмацаванне сваёй дынастыі на пасадзе - вось клопат Гадунова. І прызнанне тытула пасламі стала б яго важнай перамогай. Баяры распавялі показку пра тое, што яшчэ Ўладзіміра Манамаха прызналі царом царградскія імператары і на Ўспенскім Саборы таго каранавалі чатыры патрыярхі. Царскі тытул нашчадкаў дому Манамаха прызналі не толькі хрысціянскія ўладары, але і магаметанскія. А калі Жыгімонт не прыме гэты тытул, дык і цар не прызнае яго каралём польскім і вялікім князем літоўскім, а таму і не трэба спадзявацца на мір і згоду паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай. Сапега паказаў баярам ранейшыя граматы маскоўскіх уладароў, дзе яны не пісаліся царамі. Дык пра што гаворка? Не, баяры цвёрдалоба патрабавалі царскага тытула для Барыса Гадунова. Пагражалі і вайной, як галоўным довадам у гэтай спрэчцы. Сапега спакойна выслухаў пагрозы і мудра заўважыў: «Вайну пачаць можаце, але канец вайны ў руках Боскіх»[99].
Наступным днём Сапега ў прысутнасці Фёдара прачытаў праект саюза. А ў сваёй прамове да баяр канцлер заклікаў іх садзейнічаць заключэнню гэтага саюза. «Мы з вамі славяне, адзіны народ. Бога з вамі хвалім адзінага і адну чэсць, хвалу яму аддаем. Хіба гэта мала, каб не паразумецца? Слушна тады было б наперад сваіх манархаў звесці ў вечную прыязнь, ды прывесці да таго іх панства. Каб паміж сабой міласць і згоду вечную ўзялі і супраць усіх паганых братэрства мелі. Шчырым сэрцам зычу, каб у вашых і нашых сэрцах праўдзіва прыняць гэты саюз»[100].
Адказ паслы атрымалі праз тры дні. Баяры адмаўляліся ад саюзу і не згаджаліся, каб палякі і ліцьвіны жаніліся ў іх краі, набывалі маёнткі і будавалі каталіцкія касцёлы, але не забаранялі ім прыязджаць і жыць. Адхілілі баяры і артыкул пра каранацыю, маўляў, карануюць уладароў духоўныя асобы. Аднак, каб узяць мір, трэба вырашыць прыналежнасць Лівоніі. Баяры заяўлялі, што Лівонская зямля спрадвечная вотчына маскоўскіх уладароў.
Чаго і баяўся Сапега, тое і адбылося. «Нічога грунтоўнага з намі станавіць не хацелі, толькі дамагаліся князю свайму царскага тытула і вяртання сабе зямлі Інфляцкай»[101]. Перамовы перайшлі ў пустыя спрэчкі каму належыць Лівонія. Сапега адказаў, што ў яго няма паўнамоцтваў вырашаць гэтае пытанне. Гэта ніколькі не бянтэжыла баяраў, і яны насядалі на яго. Заўсёды стрыманы канцлер на гэты раз ускіпеў. Абодва бакі забыліся аб прыстойнасці. Думны дваранін Тацішчаў без усялякіх акалічнасцяў заявіў: «Ты, Леў, малады, ты кажаш няпраўду». Адказ Сапегі быў яшчэ больш рэзкім. «Сам ты маніш, халоп глупы, я прызвычаіўся мовіць праўду. Не ўмею так, як ты, круціць фартэлямі. Не са знамянітымі пасламі табе размаўляць, а з хлопамі на стайне, ды і тыя размаўляюць больш прыстойна за цябе». - «Чаго крычыш! Я дакажу, што ты кажаш няпраўду». - «Нецнатлівы пёс, вялікую крыўду мне чыніш, вініш мяне ў падмане, каб не шанаваў свайго караля і князя вашага, баяр значных і сябе самаго, здолеў бы цябе, смярдзюка, на гэтым плацы правучыць. Але на волю старэйшага тое аддаю. Я тут болей быць не хачу»[102].
Такая вось дыпламатыя - хто каго перакрычыць. Добрых вынікаў яна не прынесла. Калі перамовы зайшлі ў тупік, дык баяры зноў пагражалі вайной. Вось як апісвае дыялог Міхайлы Салтыкова і Льва Сапегі ў вершаваным варыянце свайго дыяруша Гальяш Пелегрымоўскі:
Пане Леў, не навіна нам ужо бываць у Літве
І рабіць тое, што належыць мужам у бітве.
Не навіна мне з шабляй быць у тваім маёнтку,
І хутка мяне там пабачыш са шматлікімі гасцямі.
(Пераклад сяргея Кавалёва.)Адказвае Сапега баярыну з філасоўскай мудрасцю чалавека, які разумее пераменлівасць чалавечага лёсу:
Хвалько не нахваліцца, будзько не набудзецца,
Славы вам ад гэтага ніколі не прыбавіцца.
Быць можа, будзеш госцем, калі цябе туды прывядуць
І з тваімі таварышамі ў кайданах адвядуць.І не залішнім лічыць канцлер нагадаць баярам пра адказнасць перад Богам за свае ўчынкі:
«Хто шукае праліцця чужой крыві, над тым Боская помста,
Не ў галкі гуляць, не смех гэта, не з саду ружа»[103].Зразумеўшы, што наскокам Сапегу не зломіш, маскавіты вярнуліся да сваёй ранейшай тактыкі псіхалагічнага ўціску. Перамовы спыніліся, а паслоў трымалі пад вартай. Пачалося супрацьстаянне волі - хто не вытрымае і саступіць. Паслы звярталіся да царэвіча, каб цар іх адпусціў дадому. Прашэння не прынялі. «І да таго нас прывялі, што мы прасілі сабе смерці: ні справы не робяць, ні адпускаюць», - празнаваўся пазней Сапега[104]. Маскавіты не спыніліся і перад прамымі пагрозамі. Папярэджвалі паслоў, што цар разашле іх па гарадах і засадзіць у вязенне - ужо і двары для гэтага падрыхтавалі. Ды Сапега і ягоныя паплечнікі не спужаліся. «Калі гаспадар ваш не загадае нас адпусціць, дык мы сядзем на коней і самі паедзем, а хто нас стане біць, і мы пачнем біць, таму што дайшло нам не да гаспадарскай чэсці, нам сваё жыццё за ўсё даражэй, бо не прызвычаіліся жыць у няволі», - адказаў прыставам Сапега[105]. А ў Маскву нарэшце прыбылі шведскія паслы, іх наўмысна правезлі перад дваром ліцьвінскага пасольства. Паказалі ліцьвінам, што цар можа заключыць мір са шведамі, таму згаджайцеся з нашымі ўмовамі. Зноў пужалі Сапегу, што Карл Судэрманскі саступае цару Эстонію. Сапега не верыў у падобныя заявы, бо ведаў прагны апетыт Карла да Лівоніі. Не дзеля таго ён распачаў вайну з Рэччу Паспалітай, каб дзяліцца заваяваным з Масковіяй. Канцлер не памыляўся. Маскавіты пужалі і шведскіх паслоў, маўляў, Жыгімонт саступае цару палову Лівоніі, калі той стане ваяваць з Карлам. Ды толькі і шведы не паддаваліся на хітрыкі. Барыс Гадуноў перахітрыў сам сябе - перамовы з пасольствамі праваліліся. Ён заставаўся са сваім кукішам у кішэні і царскім тытулам у марах. І ўжо не пра выгоды трэба думаць, а як захаваць мір. Дайшла да цара і вестка пра перамогу войска Рэчы Паспалітай у вайне з валашскім гаспадаром Міхаем. Гэта афіцыйна пацвердзіў на прыёме і Леў Сапега. Цяпер Рэч Паспалітая магла кінуць сваё войска і на шведаў. Трэба было выбіраць. Цар і баяры выбралі мацнейшага. Без спрэчак і патрабаванняў 1 сакавіка 1601 года прыгаварылі перамір'е паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай аж да 1622 года.
У той жа дзень цар цалаваў крыж пад перамірнымі граматамі. Паводле звычая, паслы павесілі свае пячаткі пад граматай Жыгімонта, якая заставалася ў Маскве, а баяры павесілі царскую пячатку на грамаце Гадунова - яна перадавалася каралю. Каралеўскае і царскае слова ўрачыста прачыталі цару і баярам. Пасля чаго цар загадаў пакласці граматы на срэбную талерку (сваё слова на верх, а каралеўскае слова пад ніз), а на граматы пакласці крыж. Гадуноў падняўся з царскага пасада і прамовіў клятву: «Леў, Станіслаў, Гальяш! Цалую крыж на гэтай перамірнай грамаце, што нам, вялікаму гаспадару, трымаць у тыя перамірныя гады ўсё так, як у гэтай нашай перамірнай грамаце пісана. А як будуць у Жыгімонта караля нашы паслы, і Жыгімонт кароль перад нашымі пасламі таксама нам крыж цалаваў на граматах і правіў бы ўсё так, як у гэтай нашай грамаце пісана»[106]. Цар пацалаваў крыж. Са свайго боку Сапега, Пелегрымоўскі і Варшавецкі таксама цалавалі крыж на тое, што Жыгімонт дасць клятву трымаць заключанае пагадненне. Цар пажалаваў паслоў і дапусціў іх да сваёй рукі. Ды яшчэ запрасіў да стала. Абед даваў царэвіч у Гранатавітай палаце. Сабраліся і баяры думныя, і баяры простыя, і дваране вялікія, і дваране думныя, і дзякі, і розныя слугі, і князі служылыя. Кожнаму ўказалі яго месца. Толькі два слаўных князі Фёдар Мсціслаўскі і Фёдар Трубяцкой - Гедзімінавічы селі побач з царэвічам: адзін праваруч, а другі леваруч. Сапегу далі месца пасля баяр вялікіх, Станіславу Варшавецкаму пасля акольнічых, а Пелегрымоўскаму пасля вялікіх дваран. Чынна і сур'ёзна выконвалі баяры і дваране свае дзяржаўныя абавязкі за царскім сталом.
Гэта не вясёлыя і шумлівыя баляванні за каралеўскім сталом, дзе пілі з рук караля за сваё здароўе, дзе спрачаліся і весяліліся, плакалі ад замілавання, дзе вяльможы «ганебна п'яныя і барздо вясёлые» выкідвалі такія фартэлі, што і сорам нагадваць. Там любілі жыццё. Тут любілі цара. Там любілі Айчыну. Тут любілі дзяржаву. Там былі спраўцы дзяржаўныя. Тут - халопы гасударавы.
Пачаставаўшы царскімі стравамі, Фёдар Барысавіч пажалаваў паслоў падарункамі. Сапега атрымаў залаты карэц з лазаравым яхантам, шоўкавую пярсідскую тканіну з золатам на саблях, жамчужныя і залатыя ланцужкі ды сорак сабалёў.
Царскія падарункі не радавалі Льва Сапегу. Так і не збылася мара. Праект славянскага саюзу не ажыццявіўся.
АБВІНАВАЧВАННЕ З лёгкай здагадкі расійскага гісторыка Сяргея Салаўёва Леў Сапега стаў ці не хросным бацькам Ілжэдзмітрыя, чалавекам, які вынасіў злахітры план смутнага часу. Вось якія довады прывёў Салаўёў. Маўляў, Сапега два разы наведаў Маскву, а значыць, добра ведаў тамашнія справы і таямніцы. Апошні раз ён пакінуў Маскву раззлаваны на цара Барыса. Першы, хто прызнаў у самазванцы царэвіча Дзмітрыя, быў слуга Сапегі - маскоўскі ўцякач Пятроўскі. Сапега выступаў як заўзяты спадручнік Жыгімонта супраць Масквы. Ён выхоўваў пры сваім двары новых самазванцаў. Спасылаецца гісторык на ўказанне маскоўскага летапісца, які наіўна тлумачыць з'яўленне Ілжэдзмітрыя злосцю Льва Сапегі на шматлікае войска, якое бачыў ён падчас пасольства. Нарэшце, паводле некаторых звестак, Ілжэдзмітрый прызнаўся ў тым, што ездзіў у Маскву пры пасольстве Сапегі. «Што б там ні было, калі западозрыць кагосьці з польскіх вяльмож у прадстаўленні самазванца, дык, канешне, падазрэнне перш за ўсё павінна ўпасці на Льва Сапегу», - гэткая выснова Сяргея Салаўёва[107]. Прамых доказаў «віны» канцлера ў справе Ілжэдзмітрыя пакуль гісторыкі не знайшлі і не прывялі іх на суд гісторыі. Таму паспрабуем апраўдаць Льва Сапегу ад «абвінавачвання». Не будзем прымаць за довады веданне канцлерам становішча ў Масковіі - не адзін ён ведаў што там робіцца. А злосць Сапегі на Барыса яшчэ не падстава для распальвання вайны. Тое, што першым прызнаў самазванца за царэвіча слуга Сапегі, таксама не можа сведчыць, што той выконваў волю свайго гаспадара. Пятроўскі ведаў Дзмітрыя па жыццю ў Вуглічы. Калі самазванец абвясціў сябе царэвічам, Сапега паслаў Пятроўскага пераканацца ў ягонай сапраўднасці. Бачыць за гэтым інтрыгу можа толькі той, хто хоча яе бачыць. І самыя паводзіны Пятроўскага пры апазнанні царэвіча зусім не паказваюць на ягоную змову з канцлерам. Убачыўшы «царэвіча», Пятроўскі разгубіўся і не ведаў што і мовіць. Становішча выправіў сам «царэвіч», які пазнаў свайго «былога слугу». Пасля чаго і Пятроўскі прызнаў «Дзмітрыя». Не станем спрачацца і з летапісцам - ніякіх доказаў на дачыненне Сапегі да «ўваскрашэння» Дзмітрыя ён не прыводзіць. А маніфест, у якім нібыта Ілжэдзмітрый паведамляў пра паездку ў Маскву пры пасольстве Сапегі, не захаваўся або зусім не існаваў. Затое ў дайшоўшым да нас маніфесце Ілжэдзмітрый нават не намякае на ўдзел у пасольстве. Што ж датычыцца «школы самазванцаў», якую трымаў Сапега, дык наўрад ці яе закончыў першы Ілжэдзмітрый, а другія вучні - гэта іншая гісторыя. Словам - усе довады віламі пісаны па вадзе. Праўда, цень падазрэння ўсё ж падае на Льва Сапегу. Гэтак, Руслан Скрынікаў сцвярджае наступнае: «Канцлер галосна заявіў, што «Дзмітрый» вельмі падобны на нябожчыка цара Фёдара, а паабяцаў паставіць і прыслаць на дапамогу «царэвічу» дзве тысячы вершнікаў»[108]. На жаль, гісторык не называе крыніцы, адкуль ён узяў падобны факт. Хаця ёсць ускосныя ўзгадкі на тое, што Сапега прызнаў самазванца за царэвіча. Гэтак, вармійскі біскуп Тыліцкі між іншым заўважыў канцлеру наконт Ілжэдзмітрыя: «Бачу, што вы лічыце яго сапраўдным»[109]. Прысутнічаў Леў Сапега і на абручэнні Ілжэдзмітрыя з Марынай і выступіў там з прамовай, нагадаўшы «царэвічу» пра Боскую місію ўлады. Нават калі Сапега і прызнаў самазванца, дык няма сур'ёзных падстаў лічыць яго галоўным спраўцам паходу Ілжэдзмітрыя на Масковію. Хай сам Леў Сапега пазбавіць сябе ад абвінавачванняў. З ягонага ліста Крыштофу Радзівілу ад 31 кастрычніка 1604 года даведаемся, што канцлер асуджаў гэтую авантуру. «Ох! Пасварыць нас сандамірскі ваявода з Масквою. Знойдзе ён шчасце або не, усё роўна зробіць горш Айчыне і нам»[110]. Раіў канцлер Мнішаку адмовіцца ад паходу і вярнуцца назад. Ясна выказаў Сапега свае адносіны да Ілжэдзмітрыя і ўвогуле да падзей «смутнага часу» ў соймавай прамове. Канцлер падрабязна спыняецца на гісторыі з'яўлення самазванца, называючы яго беглым манашкам Грышкам Атрэп'евым. Цяжка западозрыць хітрасць у гнеўным закліку Сапегі, правесці вышук, якім чынам нарадзілася авантура з самазванцамі, за чыёй рады і хто прычына войнаў з Масквой: «Няхай апраўдаюцца і дадуць адказ тыя, хто справавалі ў гэтым і хацелі, нібыта гонару пану, а прывялі яго да такой крыўды, сраматы і ганьбы, што горш і быць не можа. О, якое зласлівае разліванне крыві, забойства нявінных людзей з абодвух бакоў! Смела можна мовіць: цякуць рэкі крыві і людскіх слёзаў. Хто таму прычына і повад, павінен даць адказ Пану Богу»[111]*.
* Мабыць, з гэтай прамовай Сапега выступіў на Варшаўскім сойме ў 1611 годзе.
Вось адказ Сапегі на абвінавачванні яго гісторыкамі ў спрыянні самазванцам. Канцлер рашуча адмяжоўваўся ад спраўцаў крывавых авантур і гнеўна асуджаў іх.І зразумела, што не звярнуліся б да Сапегі князі Шуйскія і Галіцыны з прапановай скінуць Ілжэдзмітрыя з царскага пасада, каб канцлер быў яго апекуном. Праз пасла Івана Безабразава яны паведамілі Сапегу, што кароль «даў ім нізкага і легкадумнага чалавека» і жадалі ўзвесці на пасад каралевіча Ўладзіслава[112]. Аднак ні Сапега, ні кароль не падтрымалі гэтую авантуру. Можа, і дарэмна, бо царскі вянец захапіў Васіль Шуйскі, што нарадзіла другога самазванца, які, падобна першаму, выдаваў сябе за Дзмітрыя.
Грамадзянская вайна ў Масковіі запалыхала яшчэ з большай сілай. І каб патушыць полымя, Васіль Шуйскі прыбег па дапамогу да Карла Судэрманскага. Не з добрай ласкі згаджаўся шведскі ўладар дапамагаць цару. Яшчэ раней Карл прапаноўваў Васілю разам ваяваць супраць Рэчы Паспалітай, пакуль цар не заваюе ўсю Літву, а ён - Лівонію. Масковіі і самой патрэбна была Лівонія, таму цар не згаджаўся на такі падзел. Цяпер выбіраць не даводзілася. Карл абяцаў не толькі даць цару войска, не толькі вынішчыць агнём і мячом усіх яго непрыяцеляў, нават не злітавацца над немаўлямі, але заваяваць для Масковіі Літву. Да пары, да часу збіраўся Карл трымаць саюз з царом, пакуль не разаб'е Рэч Паспалітую, пасля нанесці ўдар і па Масковіі. У патаемных наказах сваім генералам Карл загадваў захапіць Ноўгарад, Пскоў і другія гарады. Аднак Жыгімонт вырашыў нанесці ўдар першым.
ПАД СЦЕНАМІ СМАЛЕНСКА Здавалася, караля чакала лёгкая перамога. Васіль Шуйскі думаў, як утрымацца на пасадзе. Добрая палова дзяржавы служыла «тушынскаму вору» Ілжэдзмітрыю ІІ.
Наўрад ці Шуйскі здолее даць належны адпор каралеўскаму войску. Паслы, якія вярталіся з Масквы, упэўнівалі караля ў прыязні да яго баяр. І як толькі ён заявіцца з войскам у краіну, дык яны скінуць Васіля Шуйскага, а царом абвясцяць каралевіча Ўладзіслава. Летам 1609 года ваяводы некаторых заходніх гарадоў вялі перамовы аб узвядзенні на царскі пасад Уладзіслава. Значыць, ідэя ўжо не лётала ў паветры, а пачала авалодваць розумам маскавітаў. Перамога сама прыйшла ў рукі. І нельга было ўпусціць яе. Кароль пачаў рыхтавацца да вайны. І адразу яго напаткала няўдача. Давялося лічыцца з прыхільнікамі міру. Палохаючыся правалу сваіх планаў, кароль не паставіў пытання аб вайне на абмеркаванне пасольскай палаты. Падтрымкай шляхты Жыгімонт не заручыўся. Таму абапіраўся ён на сілу тых магнатаў, якія падтрымалі яго. Яны за свой кошт і сабралі войска. Не такое і вялікае яно было - трохі больш за 11 тысяч. Сам Жыгімонт выставіў 400 вершнікаў і 1800 пешцаў (з іх 800 чалавек вугорскай пяхоты). Выставілі харугвы гетман Станіслаў Жулкеўскі, брацлаўскі ваявода Ян Патоцкі, варшаўскі кашталян Станіслаў Варшавецкі. Атрад нямецкіх пешцаў у 1260 чалавек узначаліў староста пуцкі Людвіг Вэйгер. Пайшлі на вайну і некаторыя ліцьвінскія паны, якія выставілі 1220 вершнікаў і 600 пешцаў. Амаль палову складалі людзі Льва Сапегі - 920 чалавек (300 гусараў, 200 казакоў, 100 пяцігорцаў, 120 валанцёраў і 200 пяхоты)[113]*.
* Паводле звестак маскоўскіх віжоў, войска караля складалі 1400 нямецкіх пешцаў, а «литовскмх людей 6000». Акты исторические. Т.2. С.314.
Можна падумаць, што Сапега прагнуў лаўраў палкаводца. Аднак, пэўна, тлумачэнне іншае. Свой погляд на вайну з Масковіяй канцлер выказаў у складзеным у ягонай канцылярыі ўніверсале да жыхароў Смаленска. Паход тлумачыўся жаданнем Жыгімонта выратаваць няшчасны край ад бедаў. А беды ўчыняліся ад таго, што царскі пасад сталі займаць людзі, якія «не па сваёй меры на царскую высату і царскі пасад спакусіліся»[114]. Вось таму Жыгімонт як блізкі сваяк былой царскай фаміліі па праву сваяцтва пашкадаваў гінучае панства і гатовы захаваць народ пры ўсіх «старажытных звычаях». Гэты ўніверсал быў не проста ідэалагічным апраўданнем вайны, а ясна ўказваў на яе мэты. Жыгімонт прад'яўляў свае правы на маскавіцкі пасад*. Такім чынам, акцыя Жыгімонта з'яўлялася ўзброенай спробай аб'яднання Рэчы Паспалітай і Масковіі - даўняй мары Сапегі. А другой задачай паходу было вяртанне Літве Смаленскай зямлі. Як дзяржаўны дзеяч і патрыёт Літвы Сапега шчыра падтрымаў намер Жыгімонта і першы выказаўся на сойме за вайну. І, пэўна, жадаў Сапега мець пры ўладары рашучы голас, а вялікая почта дазваляла яму прэтэндаваць на першае месца сярод вяльмож, якія суправаджалі ўладара. І трэба адзначыць - Сапега меў вялікі ўплыў на караля. Стаў «давераным амаль усіх тайнаў яго сэрца», паводле прызнання самога канцлера[115].* Жыгімонт абгрунтоўваў свае правы тым, што ягоны продак Ягайла быў сынам цвярской княжны. Нагадаем, што сваяцтвам з ліцьвінскімі ўладарамі абгрунтоўваў свае правы на ліцьвінскі пасад Іван Жахлівы.
І калі гетманы з шабляй у руках здабывалі сабе славу, Сапега вызначыў шлях палітыкі караля і вялікага князя. Гэта ён ледзьве не за рукаў цягнуў Жыгімонта ў паход на Смаленск.Пры сустрэчы ў верасні 1609 года ў Воршы канцлер пераконваў уладара не марудзіць, а спяшацца на Смаленск. Нецярпенне Сапегі выклікалі данясенні віжаў: смаленскі гарнізон малалікі і горад можна лёгка ўзяць. Кожны страчаны дзень даваў маскавітам магчымасць лепш падрыхтавацца да абароны. Кароль спяшаўся, нідзе не адпачываў больш за дзве ночы. Каб і ў Воршы ўладар не заседжваўся, Сапега павёў свой полк на Смаленск. Слаў лісты да гетмана Станіслава Жулкеўскага - паспяшацца з войскам. 19 верасня канцлер падышоў да горада.
Значэнне Смаленска як фарпоста Масковіі добра разумелі пры царскім двары. Напужаныя паходамі Сцяпана Батуры, маскавіты ў 1586 годзе пачалі ўзводзіць тут моцную каменную крэпасць. Шэсць гадоў больш за 15 тысяч чалавек працавалі на яе будаўніцтве. Уся краіна рабіла цвержу, аб якую разбіўся б наступ Літвы. Агульная працягласць смаленскіх муроў даходзіла да шасці з паловай кіламетраў. Толькі сцены Царграда пераўзыходзілі іх па працягласці. Вышыня муроў дасягала ад 13 да 19 метраў, а шырыня - 5-6 метраў. Каб абараніць цвержу ад падкопаў, фундамент муроў заглыбілі на 3-4 метры ў зямлю. Аб такія сцены ядры адскаквалі як гарох. Гарматы былі бяссільнымі перад імі. Яшчэ больш уражвалі непрыступнасцю вежы, якія падымаліся на вышыню за 20 метраў. А Фралоўская брама - аж на 33 метры. Трох'ярусная сістэма бою дазваляла весці агонь з ніжніх, сярэдніх амбразур і верхніх галерэяў. Усе подступы абстрэльваліся. Узяць цвержу штурмам было амаль немагчыма. Нават і невялікі гарнізон лёгка мог вытрымаць доўгую аблогу. Аднак смаленскі ваявода Міхайла Шэін спадзяваўся не толькі на моцныя і высокія муры, паклапаціўся ён пра воінства, харчовыя і вайсковыя запасы. Яшчэ ў пачатку года віжы даносілі з Літвы, што кароль збіраецца ў паход на Смаленск або на Маскву. Так што часу падрыхтавацца да абароны ў ваяводы хапала. І ён не згубіў яго дарэмна. Паводле яго загаду, са Смаленскай зямлі павінны даць па 6 чалавек з сахі* з пішчалямі і сякерамі. Сяляне не пайшлі ў аблогу і не далі ваяводзе людзей.
* Саха - зямельная мера, роўная 1200 дзесяцінам ралля.
На абарону горада Шэін выставіў 5400 ратнікаў ды 170 гармат[116]. Апроч таго, усе жыхары Смаленска павінны былі абараняць горад - а гэта каля 70 тысяч чалавек. Багата назапасіў ваявода харчоў і зброі, асабліва пораху і ядраў. Усе пасады вакол горада Шэін загадаў спаліць, каб расстрэльваць непрыяцеля на голым месцы. У агні згарэлі і цэрквы. Раззлаваны народ ледзь не пабіў ваяводу за самаўпраўства. Паведамленні віжоў, што горад абараняе купка баяр і стральцоў, як высветлілася, не адпавядалі сапраўднасці. Смаленск мог пастаяць за сябе. Сапега паспрабаваў угаварыць смалян здацца. Пасланы канцлерам Багдан Велічанінаў паведаміў ім: «Верце добраму намеру караля, які хоча вас пажалаваць, у пакоі будзе захоўваць вашых жонак і дзетак, вашу веру і абрады яе, звычаі і права будзе захоўваць». Смаляне баяліся помсты ліцьвінаў: «Хвалім гаспадара караля вашага, што жадае адносіцца да нас па-хрысціянску, але баімся Літвы; бо не верым, хаця кароль і пацалуе нам крыж, Літва не стрымае прысягі, як і тыя з Літвы, якія жывуць пад Масквой, якія і бароняць нашых, але бяруць жонак, дзяцей, дочак нашых баяр і рушаць нашы воласці»[117].Смаленск асудзіў сябе на доўгую і цяжкую аблогу. Амаль два гады каралеўскае войска стаяла каля горада і боем, падкопамі, хітрасцю, угаворамі, морам вымушалі яго да здачы. Ужо першы штурм 4 кастрычніка 1609 года паказаў усю безнадзейнасць лёгкай перамогі. Працяглы абстрэл з гармат, які павёў ліцьвінскі маршалак Крыштоф Дарагастайскі, не прычыніў ніякай шкоды цвержы і не напалохаў сэрцы яе абаронцаў. У цемры перад світанкам на штурм кінулася нямецкая пяхота Людвіга Вэйгера. Барталамею Навадворскаму ўдалося прабрацца пад агнём да брамы і паставіць дзве петарды. Ад выбуху брама адчынілася. Некалькі дзесяткаў немцаў на чале з Навадворскім уварваліся ў горад. Абаронцы выбілі іх з цвержы. Шэін адразу ж пасля штурму загадаў заваліць усе брамы камянямі і зямлёй. А пасля яшчэ пабудаваў палісады і прыставіў да іх варту. Замураваў брамы так, што ні чужыя не ўвойдуць, ні свае выйдуць.
Заставалася паліць па цвержы з гармат. Гарматы не вытрымлівалі, давалі расколіны, а сцены стаялі непахісна. Не прыносілі ўдачы і падкопы. Маскавіты праз патаемныя падземныя хады лавілі кожны гук і ўзрывалі падкоп. А то ўцягвалі ў падзямелле гармату і расстрэльвалі каралеўскіх сапёраў ядрамі, нашпігованымі серай, смалой, порахам, нават гарэлкай. Час ішоў, а Смаленск так і не скарыўся. Гетман Жулкеўскі раіў Жыгімонту пакінуць пад горадам частку войск, а з другой выступіць на Маскву. Не, кароль вырашыў узяць Смаленск.
Але становішча Смаленска значна пагоршылася. Перабежчыкі распавядалі, што за суткі ў горадзе памірае ад голаду і хвароб каля 50 чалавек. Просты люд штодня патрабуе ад ваяводы здачы горада, а той суцяшае народ казкамі аб царскай дапамозе. А баярына, які выказаўся за здачу, Шэін закатаваў. Смаленскія ратнікі не прымалі міласэрнасці караля. «Мы не жадаем загубіць сваіх душ»[118].
Прыйшоў час і сам Шэін не вытрымаў. Разам з жыхарамі ён хадзіў да смаленскага архіепіскапа Сергія ўгаварыць таго здаць Смаленск і выратаваць горад ад смерці. Ні горад, ні людзей святар не пашкадаваў. Праваслаўе вышэй за міласэрнасць. Сергій зняў з сябе шаты і заявіў, што прыме пакуту, але царкву сваю не выдасць. Расчуленыя смаляне пакляліся абараняцца да апошняга. За рэлігійны фанатызм плацілі жыццём людзей. Да сярэдзіны траўня 1610 года ў Смаленску памерла 14 тысяч чалавек. І тым не менш горад трымаўся. Між тым адзін за другім палі суседнія гарады. У красавіку Аляксандар Гасеўскі аблогай вымусіў адчыніць браму Бельск. Пасля каралеўскія ваяры ўзялі Ноўгарад-Северскі. Запарожскія казакі захапілі Старадуб, Чарнігаў і Пачэп. Амаль уся Смаленская і Северская зямля перайшла да Рэчы Паспалітай і насельніцтва прынесла каралю прысягу. Але таму патрэбны быў Смаленск - адступленне азначала паразу. А калі ўлічыць шматлікую апазіцыю і неўстойлівае асабістае становішча, дык бясслаўнае вяртанне з войскам магло каштаваць Жыгімонту кароны. Аблога працягвалася. Але частку войска на чале з Станіславам Жулкеўскім давялося накіраваць супраць царскай раці Дзмітрыя Шуйскага. Сілы Жулкеўскага складалі 2000 вершнікаў і 1000 пешцаў. Ішла з гетманам і харугва сына Сапегі, Яна. Жулкеўскі каля Клушына 24 чэрвеня збіў са свайго шляху ворага і рушыў да Масквы. Паволі перавага ў вайне хілілася на карысць Рэчы Паспалітай.
Напрыканцы траўня прыбылі з Рыгі і абложныя гарматы - дзве буйныя «Баба» і «Базілішак» і шэсць меншага калібру. Палову месяца ставілі батарэю для бою і вось 18 ліпеня яна загаварыла. Велізарныя ядры прабілі ў Гранатавай вежы адтуліну. Наступным днём з самага ранку нямецкая пяхота ўварвалася ў горад. З усходняга боку на прыступ рынуліся казакі. Абаронцы адагналі іх агнём гармат і пішчаляў. Няўдача напаткала і немцаў, іх адкінулі назад. Два наступных штурмы таксама закончыліся паразай каралеўскага войска.
На перамовах з Львом Сапегам ваявода Шэін не згаджаўся аддзяліцца ад «галавы» - сталіцы Масквы. Смаленск не здаваўся і тады, калі баяры скінулі цара Васіля Шуйскага і выбралі ўладаром каралевіча Ўладзіслава. Голад і хваробы забіралі штодня сотні людзей. Воля смалян была зломлена і яны асуджана прымалі свой трагічны і гераічны лёс. Смаленск паў 3 чэрвеня 1611 года. Каралеўскае войска начным штурмам узяло горад. Ратуючыся ад раз'юшаных ваяроў, смаляне запёрліся ў праваслаўным саборы. Але і святасць храма не спыніла пераможцаў. Яны ўварваліся ў сабор і пачалі забіваць і хапаць у палон людзей. Архіепіскап Сергій з крыжом у руках хацеў спыніць кровапраліцце. Не пашкадавалі і яго. Секанулі шабляй па галаве. Тады адзін з смалян Андрэй Беляніцын запаліў пад лёхам дзежкі з порахам. Выбух разваліў храм і пад яго абломкамі ляглі сотні людзей. Трыумф перамогі Жыгімонта стаў трагедыяй Смаленска*.
* Міхайла Шэін трапіў у палон. Пазней Леў Сапега выпрасіў у караля свабоду для ваяводы і пасяліў яго разам з сям'ёй у сваім доме ў Ружанах. Тут Шэін пражыў да 1619 года, пакуль не вярнуўся на радзіму.
СТРАСЦІ ПА ШАПЦЫ МАНАМАХА Увесь час аблогі ліцьвінскі канцлер знаходзіўся пры войску. Баявымі подзвігамі ён не адзначаўся перад гісторыяй. Не вёў воінаў у бой і не рызыкаваў сам. Перабраўся падалей ад небяспечнага агню смаленскіх гармат. Толькі двойчы ў дзённіку аблогі нагадваецца імя Льва Сапегі ў сувязі з вайсковымі падзеямі. Першы, калі на чале свайго аддзела ў ноч на 3 кастрычніка 1609 года ён напаў на лагер ваяводы Скопіна-Шуйскага.
Маскавіты з дапамогай немцаў адбілі атаку ліцьвінаў. Але непераможны Скопін пасля гэтага бою павярнуў назад. Другі - 31 кастрычніка, калі абаронцы горада зрабілі вылазку і напалі на варту канцлера, але, сустрэўшы адпор, адступілі.
Як сама ўплывовы вяльможа пры каралеўскім двары падчас гэтага паходу Леў Сапега вызначаў стратэгію вайны - яе мэты і сродкі дасягнення. Вёў складаную дыпламатычную вайну за ажыццяўленне сваёй мары - вуніі Рэчы Паспалітай і Масковіі. Шлях да гэтага ён бачыў праз выбранне на царскі пасад каралевіча Ўладзіслава. Аднак як гэта здзейсніць. Цяжкасцей хапала. Надзею надавала жаданне часткі баяр падтрымаць Уладзіслава. Падзеі складваліся так, што спрыялі задуме канцлера. Саюзнікаў Сапега знайшоў у лагеры Ілжэдзмітрыя ІІ - там сабраліся баяры і дваране, незадаволеныя ўрадам цара Васіля Шуйскага. Найбольш дальнавідныя з баяр, якія прысталі да самазванца, пачалі думаць пра замену Ілжэдзмітрыя. Выбар быў адзін - каралевіч Уладзіслаў. Групоўку ўзначаліў мітрапаліт растоўскі і яраслаўскі Філарэт Раманаў, які пры самазванцы хадзіў за патрыярха. Быў там і вядомы ў Масковіі палітык баярын Міхайла Салтыкоў, - той, што пагражаў Сапегу на перамовах вайной. Ён і ўзначаліў пасольства тушынскіх баяр да Жыгімонта напрыканцы студзеня 1610 года. Прыехалі з Салтыковым ягоны сын Іван, князі Васіль Масальскі, Юрый Хварасцінін, баяры Леў Пляшчэеў, Нікіта Вельямінаў, а таксама дзякі і дваране.
31 студзеня пасольства прыняў Жыгімонт. Тушынцы выступілі ад імя ўсяго маскавіцкага народа, чым паказалі каралю, што яны адзіныя маюць права прэтэндаваць на ўладу ў дзяржаве. Канешне, пасадзіўшы на царства свайго ўладара, яны не толькі вярнулі б страчанае, але яшчэ больш узвысіліся. Намаганні апраўдвалі сябе. Дзяк Іван Грамацін абвясціў, што ў Маскоўскім панстве ўсе людзі жадаюць мець за цара каралевіча Ўладзіслава, калі ён захавае грэчаскую веру, старыя правы і звычаі, калі яшчэ прыбавіць новыя правы і звычаі, якіх раней не было ў Маскоўскім гаспадарстве.
Вынікам перамоваў пасольства з раднымі панамі (а перамовы вёў Леў Сапега) стала заключэнне 4 лютага пагаднення аб умовах выбрання Ўладзіслава царом. У аснову быў пакладзены ранейшы праект Льва Сапегі: паміж Маскоўскім гаспадарствам, Польскай Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім устанаўліваецца вайскова-палітычны саюз; дзеля абароны ад татарскіх набегаў межы панств ахоўваюць агульнымі сіламі; маскоўскае гаспадарства захоўвае свой палітычны лад, палякі і ліцьвіны не дапускаюцца да дзяржаўных пасадаў, захоўваецца праваслаўная вера; паміж абодвума панствамі існуе вольны гандаль, але мыта на межах браць пастарыне; па навуку можна ездзіць з Масковіі ў іншыя хрысціянскія дзяржавы; забараняецца пераход сялян, як у самой Масковіі, так і з яе земляў у Рэч Паспалітую; Уладзіслаў вянчаецца на царства маскоўскім патрыярхам паводле старога звычая.
Жыгімонт у гэтае пагадненне дадаў некалькі артыкулаў. Гэтак, вянчанне каралевіча павінна адбыцца пасля наступлення ў дзяржаве спакою. Тым самым кароль пакідаў сабе магчымасць прэтэндаваць на царскі вянец. Спасылаючыся на неспакой, ён мог не адпусціць сына на царства і, абапіраючыся на войска сілай, вымусіць маскавітаў абвясціць сябе царом. Дадатковы артыкул пагаднення даваў яму права, калі ён будзе ў Маскве «уряжаць» панствам разам з патрыярхам, баярамі і ўсёй зямлёй. Згоду на вянчанне Ўладзіслава ён лічыў часовай мерай - ідэалагічным прыёмам, «каб не ўпусціць выпадку прывабіць да сябе і маскавітаў, якія трымаюцца Шуйскага, і даць справам нашым выгадны ход»[119]. Вось тут і сутыкнуліся інтарэсы ліцьвінскага канцлера і караля. Сапега павінен быў перашкодзіць інтрыгам Жыгімонта і выратаваць свой праект. Не дапусціць да царскага пасада Жыгімонта і пасадзіць на царства Ўладзіслава - вось задача, якая паўстала перад канцлерам. На жаль, дакументы не даюць поўны адказ, як усё адбывалася. Канечне, Сапега дзейнічаў асцярожна, не раскрываў сваіх намераў, каб не пасварыцца з Жыгімонтам. Канцлер стараўся не пакідаць слядоў. А таму дакументы так скупа асвятляюць ролю канцлера ў выбары Ўладзіслава. Аднак сучаснікі ведалі галоўнага зачыншчыка гэтай справы. «Сама Масква вельмі славіць імя вяльможнага пана за тое, што праз яго намаганні каралевіча за ўладара ўзялі», - паведамляў пазней канцлеру Ян Сакалінскі, які пабываў у Маскве[120]. Выканаўцаў сваёй задумы Сапега знайшоў сярод тушынскага пасольства - баярына Міхайлу Салтыкова, князя Васіля Масальскага, дзяка Івана Грамаціна, былога скорніка Фёдара Андропава. З-пад Смаленска канцлер кіруе іх дзеяннямі, дае ім «поўную аб усіх справах навуку»[121]. А яны даюць адказ «міласціваму пану і дабрадзею», як яе выконваюць. Перш за ўсё трэба было нізлажыць цара Васіля Шуйскага.
Пасля вызвалення ад аблогі Масквы становішча Васіля Шуйскага на нейкі час умацавалася. Але рана ён смакаваў будучую перамогу над «тушынскім ворам» і Жыгімонтам. Пасад пад ім захістаўся. То прыняліся за справу тушынцы. Яны і баяраў агітавалі супраць цара, і люд падбівалі на яго падняцца. Добрага слова пра Шуйскага ў народзе не казалі. Клялі цара і за неспакой, і за праліццё крыві, і за горкае жыццё. На вуліцах Масквы людзі гнеўна ганілі свайго ўладара: «Ен чалавек дурны і нягодны, п'яніца і распуснік» і адкрыта заяўлялі, што ён не варты царства, бо з-за яго «праліваецца многа крыві»[122].
Прайшоў час і народ ад слоў узяўся за справу. 7 сакавіка 1610 года ў Маскве ўспыхнула паўстанне супраць Шуйскага. Натхнялі маскавітаў тушынцы. Цар разагнаў мяцежнікаў, ды толькі непрыемнасці для яго не скончыліся. Праз месяц выкрылі змову баяр, якія рыхтавалі забойства цара. Раптоўна памёр Скопін-Шуйскі - адзіны ў царскім атачэнні таленавіты военачальнік. Казалі, што цар атруціў пляменніка, западозрыўшы яго ў намеры захапіць царскі вянец. Войска засталося без галавы. Бяздарны Дзмітрый Шуйскі прывёў маскоўскае воінства да разгрому. Гетман Станіслаў Жулкеўскі падышоў да Масквы. Стала зразумела, што царстваваць Васілю Шуйскаму засталося лічаныя дні. Нават цуд не дапамог бы яму ўсядзець на царстве. Палітычныя групоўкі хацелі прычыніцца да нізлажэння цара, каб мець заслугі ў прэтэнзіях на ўладу. Штуршком для расправы з Васілём Шуйскім паслужыла навіна аб набліжэнні да Масквы войска Ілжэдзмітрыя. Становішча вымагала рашучасці.
17 чэрвеня завадатары перавароту князь Васіль Галіцын, які сам марыў стаць царом, а таксама захоплены раней у палон Філарэт Раманаў паднялі народ звесці Шуйскага з царства. Цар не меў ніякіх надзей на выратаванне і пакорліва выракся пасада. Каб Шуйскі не спрабаваў вярнуцца на царства, яго сілком пастрыглі ў манахі. Але каго выбраць цяпер царом? Ні Галіцын, ні тушынскія баяры не валодалі рэальнай уладай у Маскве. На сцэну падзей выйшлі людзі, якія сталі на чале часовага баярскага ўрада - князь Фёдар Мсціслаўскі ды Іван Куракін, а яны схіляліся да Ўладзіслава пры ўмове заключэння з ім новага пагаднення. Шансы каралевіча былі лепшымі, чым у яго сапернікаў Ілжэдзмітрыя ды Галіцына.
Уладзіславу прысягнулі Ноўгарад, Мажайск, Барысаў, Бароўск, Ржэва. Ён меў сілу - войска Жулкеўскага. На перамовах з пасламі Мсціслаўскага гетман ад імя каралевіча абяцаў, што той будзе царстваваць, як і папярэднія ўладары, захавае цэласнасць і самастойнасць дзяржавы. А калі стала вядома, што Захар Ляпуноў жадае патаемна ўпусціць у Маскву войска самазванца, Мсціслаўскі паклікаў у сталіцу Жулкеўскага. Гетман падышоў да Масквы якраз у той час, калі Ілжэдзмітрый вёў бой на яе подступах. Мсціслаўскі прасіў дапамогі, але гетман патрабаваў узамен прызнання Ўладзіслава царом. Князь не набраўся рашучасці, завагаўся. Сумленні прагнаў самазванец новым прыступам на сталіцу. Ледзь адбіла яго раць на чале з сынам Салтыкова Іванам Міхайлавічам. І тады Мсціслаўскі здаўся, прыняў дамову з Жулкеўскім, што да Жыгімонта будзе паслана прасіць на царства Ўладзіслава, які павінен прыняць праваслаўе і вянчацца ад маскоўскага патрыярха. А пасля гэтага кароль вывядзе войска з краіны. 27 жніўня Масква прысягнула Ўладзіславу. І па гарадах баярскі ўрад разаслаў граматы з загадам прысягаць новаму цару.
Жыгімонт вырашыў, што справа прыняла патрэбны для яго накірунак. Галоўным непрыяцелем Уладзіслава стаў яго бацька. Ён сам прагнуў царства. Браты, Ян і Стэфан Патоцкія, пераконвалі караля ў тым, што ён вернецца дадому з бясслаўем, калі не возьме Маскву і царскі вянец. Насуперак меркаванню другіх сенатараў і «асабліва Льва Сапегі, канцлера літоўскага, які ўсімі сіламі стараўся і раіў каралю зацвердзіць умовы, заключаныя Жулкеўскім, і ўнесці іх на сойм», Жыгімонт не прызнаваў іх і хацеў сам быць царом[123]. У Маскву да гетмана Жулкеўскага прыбыў з лістом ад Жыгімонта Фёдар Андропаў. Гетману загадвалася прымусіць баяр аддаць царскі пасад не Ўладзіславу, а Жыгімонту. Так лёгка з-за самалюбівых прэтэнзій Жыгімонта магла сарвацца вунія з Масковіяй. Ён думаў пра сябе, а Сапега думаў пра лёс славянства. Не падазраваў кароль, што «давераны тайнаў яго сэрца» перашкаджае яму завалодаць царскім вянцом. Канцлер вёў сваю палітыку абачліва і хітра, выдаваў сябе за шчырага слугу каралеўскай волі. А між тым рабіў усё насуперак каралю. Услед за Андропавым да гетмана прыехаў ад Жыгімонта Аляксандар Гасеўскі. Нібыта прывёз ён падрабязны наказ Жулкеўскаму, як дзейнічаць на карысць караля. Але сапраўдную мэту Гасеўскага выкрываюць вынікі яго місіі. Гасеўскі некалі служыў Льву Сапегу і палітычную кар'еру зрабіў пры яго падтрымцы. Не выклікае сумненняў, што гэта быў адданы паплечнік канцлера. І, мабыць, Сапега параіў каралю менавіта Гасеўскага паслаць у Маскву дапамагаць гетману. Жыгімонт не падазраваў інтрыгі. Гэтак, Сапега займеў у гетманскім стане свайго чалавека. А ён прызнаў, што немагчыма парушыць дамову і выканаць жаданне караля. Першую атаку Жыгімонта на царскі пасад Сапега адбіў. Гасеўскі нейтралізаваў Жулкеўскага і той не мог уплываць на працу земскага