ЯНУШ РАДЗІВІЛ
Двухаблічны Януш

У свет па навукуСмаленская вайнаАздоба каралеўскага двараКрывавыя часыАгнём і мячомЛоеўская бітваКіеўскі трыумфСупрацьстаяннеСвабода забароныДзеля праваслаўнай хрысціянскай веры«Ни единого нести подобия»Асуджаны на паразу«Да канца спустошыць»АпраўданнеДвайное злоКейданская вуніяMagnus Dux Litvaniae

У СВЕТ ПА НАВУКУ

Яго бацька марыў, каб ён «быў чалавекам і хвале Боскай прыгодным, і Айчыне пажытачным, і дому свайму аздобай»[1]. Атрымалася інакш. Януш Радзівіл - жорсткі прыгнятальнік народа, крывавы кат, дзяржаўны здраднік. Такім уяўляўся гэты чалавек. А са старонак сусветна вядомага рамана Генрыха Сянкевіча «Патоп» Януш Радзівіл паўстае, як пыхлівы інтрыган, які прагне каралеўскай кароны і праз аблуду і злачынства дамагаецца сваёй мэты.

А можа, ёсць і другі твар у Януша Радзівіла? Самы раз назваць Януша двухаблічным? А ў двухаблічнага і жыццё не простае - супярэчлівае.

Нарадзіўся Януш Радзівіл у мястэчку Попелах 2 снежня 1612 года ў сям'і князя Крыштофа Радзівіла і ягонай жонкі Ганны Кішчанкі.

Дзіцячыя гады правёў ён у бацькоўскіх сценах: то ў родных Попелах, то ў Біржах, то ў Кейданах - сямейных уладаннях. Вучыўся ў кальвінскіх школках у Біржах і Кейданах. Калі Янушу надышло трынаццаць гадоў, бацька паслаў яго ў толькі што заснаваную кальвінскую гімназію ў Слуцку. Апекаваў маладога Радзівіла рэктар гімназіі Адам Рэйнгольд. Навука давалася лёгка. З пахвальбой пісаў ён пра свае поспехі бацьку, пісаў на лаціне. Цешыў бацькава сэрца. Але за лацінай «власный язык» стаў чужым. Так трацілася духовая сувязь са сваім народам і ягонай культурай. Сэрцу паноў і шляхты мілей было іншаземнае, а свайго цураліся і саромеліся. А чаго цурацца і саромецца? Дзядоўскіх традыцый, роднай мовы. А без іх якая можа быць духоўная апора? - пустата, якую запаўняе самалюбства і пыха. І такі чалавек без крэўнай памяці з мінулым і без пачуцця адказнасці перад будучым, такі чалавек жыве ў імгненні.

Пакуль што Януш набіраўся вучонасці. Пасля заканчэння ў 1628 годзе Слуцкай гімназіі Януш адправіўся ў Нямеччыну. Так пажадаў бацька. Маладога Радзівіла з пашанай сустракалі пры дварах нямецкіх уладароў у Берліне ў брандэнбургскага электара Вільгельма і ў Дрэздэне ў саксонскага электара Яна.

Увага і павага да сваёй асобы лашчылі сэрца Януша - гонарам за самога сябе, бо за гонар лічылі пасябраваць з князем слаўнага і багацейшага дому нямецкія дваране. Героі вайны з шведамі Валенштэйн і Фалтзграф прыслалі да Януша прывітальныя лісты. А князь Алтэмбурскі Фрыдрых Вільгельм нават пабратаўся з Радзівілам. Усё добра, але вось да вучобы ў Януша прапала ўсялякая ахвота. Хаця рада акадэмікаў выбрала яго рэктарам Лейпцыгскай акадэміі, ды толькі палову года правёў князь у сценах навучальні. Юнацкае сэрца сумавала па каханню. Дзе ж тут палезе ў галаву навука. Януш у кастрычніку 1629 года пакінуў акадэмію і адправіўся на пошукі нявесты. Бацька раіў 14-гадовую дачку палаціна Двух Мастоў Яна ІІ Ганну. Але зіма затрымала Януша ў горадзе Алтдорфе. І замест агледзін нявесты юнак падаўся новаму захапленню. А як не падацца, калі надарылася магчымасць праявіць сябе ў вайсковых звіцязтвах. Ды і бацька быў не супраць. «Калі дзе ў якім войску магчымасць будзе, прыглядзецца можа князь да сродкаў, фартэляў размаітых, парадкаў вайсковых ды іншых рэчаў да рыцарскай справы належачых, што ў часы прышлыя будзе патрэбна»[2].

У 1632 годзе Януш Радзівіл паступіў валанцёрам у войска Генрыха Аранскага, якое здабывала Мастрых, дзе правёў чатыры месяцы. «Бачыў, як аблягаць і здабываць места, трапіць зблізку і здалёку ў праціўніка, праз бой кіраваць сабе дарогу да блізкіх і да схаваных, быць пераможцам і перамагаць», - паведамляў Януш бацьку пра набыты вайсковы досвед[3]. Але пры войску не застаўся Януш і ўжо напрыканцы таго ж года адправіўся да Лэйдана. Там ён слухаў лекцыі ва ўніверсітэце.

Між тым адбыліся падзеі, якія паўплывалі і на лёс Януша Радзівіла. 30 кастрычніка 1632 года памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза. Упершыню элекцыя прайшла без узброенага супрацьстаяння і згодна абвясцілі ўладаром Рэчы Паспалітай Жыгімонтава сына Ўладзіслава. Новы манарх прыхільна паставіўся да біржанскіх Радзівілаў, якіх не вельмі жалаваў Жыгімонт. Крыштоф атрымаў пасаду віленскага кашталяна, а Януш - падкаморага. Цяпер у дваццацігадовага юнака з'явіліся дзяржаўныя абавязкі, бо падкаморы - асоба набліжоная да самога ўладара, і адказваў ён за лад у гаспадарскіх пакоях. Так што Януш Радзівіл павінен быў знаходзіцца пры двары. Але пакуль Янушу кароль даручыў ганаровую місію абвесціць аб сваім узыходжанні на пасад Рэчы Паспалітай галандскія генеральныя станы, намесніка гішпанскага караля ў Галандыі інфантку Ізабелу, а таксама ангельскага караля Карла І Сцюарта. З гэтым першым сваім дзяржаўным даручэннем Януш Радзівіл справіўся. Пабываў 4 студзеня 1633 года з візітам у бурмістраў Лэйдана, праз два тыдні выступіў у Гадзе перад герцагам Фрыдрыхам Аранскім, а пасля і перад генеральнымі станамі. У Бруселі 31 студзеня Януш Радзівіл сустрэўся з інфанткай Ізабелай. Самалюбівы юнак быў задаволены прыёмам. «Да мяне асабліва не толькі яна, але ўсе іншыя, вельмі людска ставіліся; хаця некаторым яўна перашкаджала рэлігія, аднак ніхто не паказаў ніякай непрыязні, наадварот, заўсёды выказвалі мне гонар, што на перамену штодзень іншыя княжаты і гранды гішпанскія хадзілі да майго стала», - пісаў Януш бацьку[4].

Дабраўся Радзівіл і да Ангельшчыны. Правёў чатыры дні ў Лондане і пабываў на прыёме ў караля Карла І. На гэтым місія Януша і скончылася. Марыў ён зазірнуць у Парыж, прынамсі купіць там тканіны, але ў дарозе дагнаў яго ліст з каралеўскага двара. Кароль прасіў Радзівіла наняць тысячу пешцаў. Даведаўся ён, што паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй пачалася вайна. Планы памяняліся. Трэба было вярнуцца ў айчыну да паслуг яго каралеўскай міласці і Рэчы Паспалітай. Некаторы час Януш правёў у Галандыі, набіраючы на каралеўскую службу жаўнераў. І толькі напрыканцы кастрычніка прыехаў у Літву. На некалькі дзён затрымаўся ён дома ў Кейданах. Не адпачываў з дарогі, а на свой кошт сабраў гусарскую харугву. На чале яе Януш Радзівіл выехаў на сваю першую вайну.

СМАЛЕНСКАЯ ВАЙНА

Ні паразы, ні спусташэнне краю, ні цяжкія страты не адвадзілі Маскву ад заваёўніцкіх намераў. Па-ранейшаму царскі ўрад ставіў сабе за мэту заваёву ліцьвінскіх земляў. На саборы 12 кастрычніка 1621 года цар Міхайла Раманаў скардзіўся баярам і вышэйшым святарам на няпраўды і крыўды спрадвечнага ворага маскоўскага гаспадара «літоўскага караля» Жыгімонта. І выпрасіў пажаданай ухвалы. Сабор біў чалом цару, каб ён стаяў моцна за святыя Боскія цэрквы, за гаспадарскі гонар і за сваё гаспадарства. Аднак ваяўнічы запал мусілі суцішыць, як толькі ў Маскве даведаліся аб паразе туркаў пад Хоцінам. Без саюзнікаў цар баяўся ваяваць з Рэччу Паспалітай. Войны падарвалі моц дзяржавы. І толькі к трыццатым гадам Масковія з большага залячыла раны. З народа на поўніцу высмактавалі сілы на стварэнне новага войска. Фарміраваліся жаўнерскія, рэйтарскія і драгунскія палкі, якіх навучалі іншаземнаму шыхту. Вялікімі партыямі закуплялася за мяжой вогнестрэльная зброя. На службу наймаліся нямецкія, шведскія, французскія жаўнеры. Масква рыхтавалася грунтоўна. Вайна павінна была пачацца пасля заканчэння тэрміну Дзявулінскага перамір'я 1 чэрвеня 1632 года. Нечаканая смерць Жыгімонта Вазы давала магчымасць скарыстацца часам безгаспадарства. І цар не прамінуў гэтай магчымасці. У кастрычніку войска рушыла ў паход. А ўзначаліў яго Міхайла Шэін. Той самы ваявода, які кіраваў абаронай Смаленска ў 1610-1611 гадах і быў вызвалены з палону пад прысягай не ваяваць супраць Рэчы Паспалітай. Вёў Шэін 32 тысячы чалавек з 158 гарматамі[5]. Адначасова другое войска рушыла на Чарнігаўскую і Северскую землі. Вайна пачалася паспяхова для маскавітаў. Здаліся Серпейск, Дарагабуж, Белы, Рослаўль, Невель, Себеж, Почап, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Трубчэўск, Друя, Сураж. Невялікія гарнізоны не маглі супрацьстаяць варожай навале. Маскавіты спалілі гарадскі пасад Полацка. З'явіліся заваёўнікі пад Амсціславам і Крычавам. Галоўнай мэтай паходу быў Смаленск. Шэін падступіў да гэтага горада ў студзені 1633 года. Шчыльнае кола блакгаўзаў, астрогаў, ірвоў, перакопаў, шанцаў акружыла горад. 10 месяцаў гераічна абаранялі Смаленск чатыры тысячы ліцьвінскіх воінаў на чале з Якубам Ваяводскім. Асабліва цяжка давялося, калі вясной падвезлі гарматы. Маскавіты павялі па гораду шквальны агонь. Бывала, што за дзень выпускалі па 3500 ядраў. Сцены не вытрымлівалі пад іх ударамі. Былі разбураны тры вежы. Толькі вытрымлівалі людзі. Не паддаваліся жаху. Ноччу 4 чэрвеня маскавіты рынуліся на штурм. Выбух у падкопе 250 пудоў пораху разбурыў частку сцяны. За праломам ворага сустрэлі абаронцы.

Суткі доўжыўся бой. Маскавіты занялі дзве вежы. І ўсё ж ворага адбілі. Паўторны штурм таксама не прынёс Шэіну перамогі. У праломе сцяны маскавіты нарваліся на агонь гармат. І абаронцы адказвалі частымі вылазкамі. Толькі за Пакроўскую гару, якая панавала над подступамі да горада, ваявалі яны чатырнаццаць разоў. Польны гетман Крыштоф Радзівіл, які стаяў з 13-тысячным ліцьвінскім войскам каля Краснага, чым мог дапамагаў абаронцам. Двойчы ў сакавіку ў горад прабіліся аддзелы з харчам і зброяй - першы раз 400 чалавек, другі - 600 чалавек. Сам гетман пісаў каралю Ўладзіславу, каб ён хутчэй выступіў на дапамогу Смаленску. Гераізм абаронцаў сарваў планы маскавітаў. Горад яны так і не ўзялі. А за гэты час Уладзіслаў паспеў сабраць 20-тысячнае войска. У верасні яно рушыла да Смаленска. Кароль спадзяваўся на нечаканы ўдар. Але ўцякач папярэдзіў маскавітаў. Калі 7 верасня ліцьвіны і палякі падышлі да горада, дык сустрэлі маскавітаў у баявым шыхце. Становішча ўскладнілася і тым, што Шэін пабудаваў перад сваім войскам трайную засеку з вялікіх ссечаных дубоў. Тым не менш Уладзіслаў пачаў бой. Пад прыкрыццём гармат пешцы расцягнулі засекі. І цяпер справу вырашала зброя. Маскавіты ўпарта атакавалі, але не ўстаялі перад ударам конніцы. Жалезная хваля панцырных вершнікаў адкінула іх з поля сечы. Смаляне занялі мост цераз Дняпро. Бой спыніўся толькі вечарам. Пераможцы, не паспеўшы ўладкаваць лагер, начавалі на полі. Паказаў прыклад Уладзіслаў, які лёг адпачываць на голай зямлі. Не прапалі дарэмна для Ўладзіслава ўрокі славутага Яна Кароля Хадкевіча.

Наступная бітва адбылася 21 верасня. Войска Рэчы Паспалітай умацавалася прыходам 15 тысяч запарожскіх казакоў. Цяпер колькасная перавага была на каралеўскім баку. Ужо Шэіну давялося абараняцца. Удар наносіўся па Пакроўскай гары, з якой маскавіты абстрэльвалі Смаленск і каралеўскі лагер. Сам кароль павёў сваіх ваяроў на штурм. Нават вершнікі, пакінуўшы коней, палезлі на гару.

Калі ліцьвіны і палякі занялі тры ніжнія ўмацаванні, дык маскоўскі палкоўнік Мацісон зразумеў, што не ўтрымаецца. Ноччу ён звёў свой атрад у лагер Шэіна. Шмат наймітаў перабегла да караля.

Днём авалодалі ўсёй Пакроўскай гарой і паставілі на ёй гарматы. Такім чынам з боку Дняпра ворага адагналі ад Смаленска. Кола аблогі разарвалася. 24 верасня кароль урачыста ўехаў у горад. Смаляне дачакаліся вызвалення. Ад радасці плакаў і Ўладзіслаў. У царкве са слязьмі на вачах спяваў: «Цябе Божа хвалім»[6]. А ў гэты час пад сценамі гучалі стрэлы. Гэтак пад кананаду варожых гармат святкавалася вызваленне Смаленска, хаця да канчатковай перамогі было яшчэ далёка і наперадзе чакалі новыя баі. На вайсковай радзе Крыштоф Радзівіл прапанаваў далейшы план дзеянняў. Ліцьвіны здабываюць лагер князя Сымона Празароўскага, які захоўваў подступы да горада з захаду, а кароннае войска з Уладзіславам у сваю чаргу лагер Міхайлы Шэіна, які знаходзіўся ў пяці-шасці вярстах ад горада на маскоўскім шляху. Так і пачалі дзейнічаць. Штодня ў дробных сутычках войскі мераліся сіламі. 28 верасня ліцьвінскі аддзел пад зверхнасцю Абрамовіча і Вэйера зайшоў у тыл лагера Празароўскага. Маскавіты не выстаялі і пасля бою ўначы Празароўскі ўцёк. У лагеры пераможцы знайшлі па-зверску замучаных палонных з вырванымі сэрцамі, разрэзанымі жыламі, адсечанымі рукамі і нагамі. Такая жорсткасць уразіла нават бывалых воінаў.

Калі ж Уладзіслаў праз гарольдаў дакараў маскавітаў за нехрысціянскія адносіны да палонных, дык маскавіты здзекліва адказалі, што гэта лекары займаліся анатоміяй.

Так, Эўропа не ведала тых жахаў і такога кровапраліцця, што выпадалі Літве ў войнах з Масковіяй. І гэта славяне?

З узяццем лагера Празароўскага Смаленск быў канчаткова вызвалены з аблогі. Але Шэін не адступаў ад горада. Кароль паспрабаваў выбіць яго з умацаванага лагера. Ад 5 да 7 кастрычніка ліцьвіны і палякі штурмавалі гэтую цвержу, акружаную равамі і валамі. Вораг агнём шматлікіх гармат не падпускаў да сябе. Лагер шчыльна акружылі, каб не дазволіць падвозіць прадукты і зброю і не прапусціць папаўненне. Шэін сам апынуўся ў аблозе. Але ваявода спадзяваўся на дапамогу цара і адхіліў прапанову караля і Крыштофа Радзівіла здацца.

Януш Радзівіл прыехаў пад Смаленск 10 лістапада і ўзначаліў полк, які складаўся з нанятай пяхоты і ўласнай гусарскай харугвы. Гэтая вайна і стала школай вайсковай вывучкі будучага палкаводца. Нямала досведу пераняў ён і ад бацькі, які ў свой час спазнаваў рыцарскую навуку пры Яне Кароле Хадкевічу ў баях са шведамі. Адзначаючы мужнасць і ваярскі талент Крыштофа, Хадкевіч дамогся для яго булавы польнага гетмана. Тады Крыштофу было 24 гады. Вучань «вялікага воіна», хаця не пераўзышоў свайго настаўніка, але вопыт меў багаты. І цяпер навучаў свайго сына. А тэорыя адразу ж правяралася на справе. І ваяваць, і будаваць умацаванні, і несці варту, і пераносіць цяжкасці і нястачы, - усё гэта выпала і на долю маладога Радзівіла. Пазнаёміўся ён з вайсковымі прыёмамі маскавітаў. Убачыў адвагу запарожскіх казакоў. Гэтак, у адным з баёў запарожцы, гонячы маскавітаў, скінулі з сябе даспехі і пераправіліся цераз халодную ваду Дняпра і на другім беразе дагналі ворага. Не выпусцілі перамогу з рук. Гэта было першае знаёмства Януша Радзівіла з тымі, з кім давядзецца яму ў будучым ваяваць. Пазнаёміўся ён і з прыдворнай пыхай. Каралеўскі фаварыт Адам Казаноўскі, які некалі ад'ядаў сэрца і Яну Хадкевічу, і цяпер корчыўся - строіў з сябе вялікага палкаводца. Усё дамагаўся, каб кіраванне войскам кароль даручыў яму. Ды і Крыштоф Радзівіл не саступіў. Сварка паміж імі дайшла да двубоя, ужо зброяй хацелі даводзіць сваё права на першынства ў войску. Ледзь суняў іх кароль і прапанаваў кампраміс: кіраваць войскам пазменна - дзень Казаноўскі, дзень Радзівіл. Што ж, пагадзіліся і на такі варыянт. Януш не мог спакойна глядзець за гэтай звадай і абразы бацьку прымаў як самаму сабе. Вось тады ў ягоным сэрцы і ўспыхнула іскарка нянавісці да палякаў. Пазнаёміўся ён і пасябраваў з каралеўскім братам Янам Казімірам.

Між тым вайна працягвалася. І Януш Радзівіл панюхаў пораху. 17 кастрычніка войска пад началам Крыштофа Радзівіла захапіла Жаваронкаву гару, якая панавала над мясцовасцю і дазваляла абстрэльваць лагер Шэіна. Полк Януша разам з палкамі Карла Жыгімонта Радзівіла і смаленскага ваяводзіча Абрамовіча заняў становішча на гары. Ім і наканавана было прыняць на сябе варожы ўдар. Шэін разумеў небяспеку і вырашыў абавязкова вярнуць сабе стратэгічную высату. На штурм маскавіты пайшлі 19 кастрычніка. Шэін паслаў у бой усе свае сілы. Пад смяротным агнём гармат і мушкетаў каралеўскія аддзелы пачалі адступаць. Вораг падступіў да гары. Настаў час баявога хрышчэння і для Януша Радзівіла. Абараняў гару і ягоны полк. І маскавіты былі спынены. Скарыстаўшыся гэтым, кароль вывеў у поле ўсё войска і ўдарыў па ворагу. Да самай ночы грымеў бой. Маскавіты ўпарта наступалі, а ліцьвіны і палякі кожны раз адбівалі іх атакі. Абодва бакі панеслі цяжкія страты.

Наступіла адноснае зацішша. Уладзіслаў трывожыў маскавітаў гарматнымі ядрамі, якія пасылаў з Жаваронкавай гары, ды дробнымі прыступамі да варожага лагера. А Шэін адседжваўся за ўмацаваннямі, спадзеючыся на дапамогу цара. Міхайла Раманаў так і не сабраў новага войска. Вайна ўвачавідкі выявіла крызіс Маскоўскага гаспадарства. Дзяржаўны механізм працаваў са збоямі. Краіне было не па сілах несці цяжар вайны. Перамога, якая павінна трыумфальнымі ўсхваленнямі заслуг цара заглушыць «ропот» народа, ператварылася ў новую бяду.

Становішча Шэіна стала безнадзейным, калі 8-тысячны аддзел пад зверхнасцю Казаноўскага і Аляксандра Гасеўскага ўзяў Дарагабуж - базу маскоўскага войска. Запасы прадуктаў і зброі, якія назначаліся для Шэіна, дасталіся пераможцам. Шэін са сваімі ратнікамі быў асуджаны ці на галодную смерць, ці на гераічную загубу ў баі. Прарвацца праз кола аблогі ён і не думаў - занадта моцнае, а здавацца не дазваляў царскі наказ і асабісты гонар.

Усю зіму пратрымаліся маскавіты ў аблозе. Шэін сумна назіраў, як развальваецца яго раць. Пагас баявы запал. Жаўнеры сварыліся і біліся паміж сабой за ежу і дровы. Найміты патрабавалі платы. Штодня паведамлялі аб уцекачах. Рос лік памёршых ад хвароб, ран і голаду. Чорным днём стала 2 снежня. Шэін згубіў аж 500 чалавек, якія пайшлі ў лес па дровы. Яны натыкнуліся на засаду і загінулі. На вачах ваяводы палкоўнік Лэслі застрэліў палкоўніка Сандэрсона, абвінаваціўшы таго ў здрадзе, маўляў, папярэдзіў караля пра вылазку. Войска было ўжо непадуладным свайму правадыру. А ён чакаў дапамогі. Зрэшты і Шэін адчаяўся. Трэба здавацца. Выбраў ён адзіна правільнае ў такім становішчы рашэнне. Ганаровая капітуляцыя, але гэта дазваляла выратаваць жыццё тысячам людзям. Кароль даваў свабодны шлях з-пад Смаленска. На гэты раз гуманнасць перамагла ўпартасць гонару.

1 сакавіка 1634 года войска Міхайлы Шэіна пакінула свой лагер-пастку. Воіны засталіся пры асабістай зброі, але вось вайсковыя рыштункі і гарматы перадаваліся пераможцам. Януш Радзівіл узняў сцяг Рэчы Паспалітай на маскоўскіх шанцах. Без барабаннага бою панура прайшлі маскоўскія воіны і нямецкія найміты. Да ног караля Ўладзіслава яны паклалі 120 згорнутых сцягаў. Крыштоф Радзівіл прамовіў да іх слова: «Панове ваяводы! Ведайце, што ваша здароўе было ў руках караля, і ён міласціва і міласэрна паступіў з вамі, не пасквапіўся на вашу кроў. Памятайце гэта дабрадзейства, дзякуйце і біце чалом, прасіце Бога за добрае здароўе яго каралеўскай міласці, ды шчаслівае панаванне». Пэўна, усё ж не абставіны вымусілі баяр на ўдзячнае слова. Сапраўды, добрая воля Ўладзіслава спыніла кровапраліцце. «Дзякуем яго каралеўскай міласці за тое, што над намі, як пан хрысціянскі, учыніў міласэрнасць», - і ўдарылі чалом. А Ўладзіслаў яшчэ не развітаўся з надзеяй узысці на царскі пасад, аб чым і даў зразумець ваяводам у сваім адказе: «Як вам, гэтак і ўсёй зямлі, калі яна захоча адумацца і ўдзячна будзе таго, засведчым нашу ласку»[7]. Ваяводы зноў ударылі чалом. Кароль дазволіў ім падняць ды разгарнуць іх сцягі.

З войска, у якім налічвалася 32 тысячы чалавек, Шэін вёў ад Смаленска толькі 8 тысяч. Увесь вогненны нарад - 107 гармат - ён пакінуў у лагеры. Бясслаўна вяртаўся Шэін у Маскву. Віну за паразу цар зваліў на яго і на ваяводу Арцёма Ізмайлава. Шэіна, Ізмайлава і яго сына Васіля казнілі, а іх маёмасць прысвоіў цар. Такая была царская ўдзячнасць людзям, якія верна служылі яму. А якой іншай падзякі трэба чакаць у краіне, дзе чалавек толькі «холоп государев», пазбаўлены ўсялякіх правоў, апроч права быць вінаватым.

Трэба было належна скарыстаць плён Смаленскай перамогі. Уладзіслаў хацеў ісці да Масквы і скінуць з царскага пасада Міхайлу Раманава. Каралеўскі намер не падабаўся ліцьвінам. Лепш задаволіцца тым, што пад рукамі, чым жадаць прывіднага трыумфу. Лепш вызваліць ад заваёўнікаў ліцьвінскія землі і на прыстойных умовах заключыць мір, чым доўжыць вайну з-за царскага вянца. Крыштоф Радзівіл настаяў на ліцьвінскім плане. Замест паходу на Маскву войска адваёўвала занятыя непрыяцелем землі. Былі вызвалены Вязьма, Пуціўль, Курск, Рыльск, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі. Але галоўны корпус на чале з каралём надоўга стаў каля замка Белы. Тут і дагнаў голад. Сам кароль галадаў і дзяліў свой сціплы абед так, каб што-небудзь хапіла на вячэру. А для простага жаўнера раскошам быў хлеб з вадой. Трывожныя навіны прыходзілі з Польшчы - турэцкае войска пагражала нашэсцем. Паны-рада паслалі баярам прапанову аб міры. Прапанову з радасцю прынялі. Пачаліся перамовы камісараў холмскага біскупа Якуба Жадзіка, Крыштофа Радзівіла з баярамі Фёдарам Шарамецевым і Аляксеем Львовым.

27 траўня 1634 года ў шатры на беразе рэчкі Палянаўкі камісары і баяры падпісалі «вечнае даканчанне». Рэч Паспалітая вяртала сабе. Смаленскую, Чарнігаўскую і Северскую землі. А Ўладзіслаў выракаўся сваіх правоў на царскі пасад, абяцаў аддаць выбарчую грамату і прызнаваў тытул маскоўскіх князёў - цар усея Русі. Калі ж падпісалі граматы, Радзівіл прапанаваў даўнейшы праект Льва Сапегі аб вуніі Рэчы Паспалітай і Масковіі: «Быць у вечнай прыязні, як людзям адной веры хрысціянскай, адной мовы і народа славянскага»[8]. Баяры згадзіліся на такі саюз, але агаворкі да кожнага артыкула разбуралі яго. Гэтак артыкул пра сумесную абарону супраць варожага нападу траціў усялякі сэнс агаворкай, што супраць Швецыі і Крыма цар не будзе дапамагаць. А на артыкул пра агульны флот баяры адказалі, што царскіх вайсковых караблёў на Лівонскім і на Вялікім моры раней не бывала і наперад няма чаго. Не згадзіліся яны і на будаўніцтва касцёлаў у Масковіі. Пра астатнія артыкулы абодва ўладары няхай самі дамаўляюцца паміж сабой. Хаця каралеўскія камісары і лічылі, што ўчынілі «справу вялікую і слаўную, чаго ранейшыя гаспадары зрабіць не маглі» і нават прапаноўвалі на памяць на гэта паставіць два каменныя слупы, але саюз застаўся толькі на паперы. Так і не ўдалося рэалізаваць яго ў жыцці.

Вайна закончылася «вечным мірам». І, пэўна, ніхто не ведаў, што нарадзіла яна новага палкаводца, імя яго праз колькі гадоў загучыць па свеце - Януш Радзівіл.

АЗДОБА КАРАЛЕЎСКАГА ДВАРА

Новая веха пачалася ў жыцці Януша Радзівіла. Як падкаморы ён доўгія гады правёў пры гаспадарскім двары. Жыў пры ўладары, суправаджаў яго ў паездках па Польшчы і Літве. Але даволі хутка прыдворнае жыццё абрыдла Янушу, хацелася вартай справы, а не траціць маладосць у прыслугоўванні манарху.

І калі ў 1635 годзе паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй наспявала вайна, Януш вырашыў пакінуць двор. Прасіў ён бацьку выклікаць яго да войска ў Лівонію, дзе іншыя сабе славу здабудуць, а ён бяспечна будзе марнаваць сябе пры каралі. Просьба сына не спадабалася Крыштофу. Кіраваўся ён карыслівымі разлікамі - мець пры двары абаронцу радзівілаўскіх інтарэсаў. А таму раіў сыну заставацца пры Ўладзіславу. Ды і сам кароль не адпускаў Януша. Як-ніяк, а князь Свяшчэннай Рымскай імперыі з багацейшага і слаўнейшага дому Эўропы аздабляў каралеўскую світу. Вось і даводзілася Янушу блістаць на славу ўладару Рэчы Паспалітай. І бляск гэты зацямняў нават ззянне каралеўскай велічы. Прынамсі, гэтак адбылося 10 сакавіка 1645 года, калі ў Варшаву прыехала нявеста караля Марыя Людвіга Гонзака. Сустракалі будучую каралеву сама знатныя паны. Выстаўлялі сваю знатнасць на паказ. Вось і Радзівіл паказаўся ў сваім бляску. 50 казакоў, убраныя ў зялёны атлас і панцыры, 100 вершнікаў, закутыя ў браню, 120 шляхціцаў у аксамітнай адзежы ды яшчэ гусарскія харугвы сведчылі аб багацці і знатнасці Януша.

Так жыццё пры двары ператварылася для Януша ў доказ сваёй значнасці праз вагу свайго ж капшука. Грошы выкідваліся на модныя строі, на ўпрыгожванні, на ўтрыманне шматлікіх слуг - усё павінна павялічваць бляск Радзівіла. І заўсёды набываў сабе не проста дарагія рэчы, а «самыя лутчыя»[9]. Везлі Янушу з Эўропы, Масковіі і з Азіі посуд, абразы, карціны, кнігі, тканіну, золата, карункі. І па раскошы і багаццю дом князя не саступаў і каралеўскаму. Зіхацеў пазалочаным купалам, а ўнутры мармуровыя калоны і падлога. І ўвесь забіты разнымі скрынямі і шафамі, устаўлены залатым і срэбным посудам, абвешаны зброяй, абразамі і шпалерамі.

Апранаўся князь то па-эўрапейску, то з'яўляўся на балях у індыйскай апончы, усыпаны зіхаценнем карункаў, а ў чырвонай шапцы красаваўся вялікі дыямент. Канечне, такім бляскам не ўразіш свет, не заявіш пра сябе. Самалюбівы Януш хацеў вызначыцца і як асоба, - лічыў, што няма роўнага за яго. Але чым вызначышся пры двары? Тым, што ён лепш за ўсіх прыдворных танчыў на балях па-італьянску і па-французску. Маленькая ўцеха самалюбству маладога князя.

А славу ён прыдбаў звадкамі. Імя Януша Радзівіла загучала па Рэчы Паспалітай. А справа адбылася 9 верасня 1635 года, калі Ўладзіслаў знаходзіўся ў Вільні. На адным з прыёмаў у караля Крыштоф Радзівіл пачаў наракаць на каронных паноў, маўляў, чыняць усё на шкоду Літве. Наспявала звадка паміж ліцьвінамі і палякамі.

Каб прадухіліць яе, Уладзіслаў перабіў Радзівіла і загадаў несці сябе (з-за падагры не мог хадзіць) у касцёл да набажэнства. Крыштоф запратэставаў. Але каронны маршалак Лукаш Апалінскі не даў яму слова. Абражаны такой знявагай, Крыштоф гнеўна закрычаў на маршалка: «Калі кароль не рассудзіць, дык я пакажу, як забараняць голас ваяводзе віленскаму! Так вось, нас, Літву, у самой Літве палякі паважаюць. Не Радзівіл з Апалінскім, але ваявода з маршалкам будуць судзіцца. Няхай не раз сарвецца сойм і няхай не захаваю павагу сенатарскую, але будзем пры вольнасці, дэспатычнаму панаванню Літва не скорыцца!». Не змаўчаў і Януш і з грубай праматой вымавіў: «Прыйдзе той час, калі палякі да дзвярэй не патрапяць, праз вокны іх будзем выкідваць»[10]. А ў гэтых словах выказаў ён не толькі свае пачуцці. Не жалавалі ў Літве «ляхов з их хитростью». Тая нахабнасць, з якой «брат» браўся запраўляць у чужым доме, выклікала ў гаспадара непрыязнь. Нездарма так з'едліва адазваўся пра «ляха» смаленскі кашталян Іван Мялешка: «И такого чортополоха з немцами выгнати, што до нас влезъли противко праву нашому. Од их милостей, панов ляхов, гинуть старие наши поклоны смоленские! Передирайте очи лепше о инфлянты, бо тые мечники как влезуть, то их и зублем не выкуриш, як пщолы од меду»[11]. Канечне, Януш Радзівіл у запале прагаварыўся - раскрыў сваю патаемную мару «выкурыць пчол ад мёду».

Кароль зрабіў выгляд, што нічога страшнага не здарылася і з'ехаў з Вільні. Затое польскія паны не даравалі Янушу Радзівілу. Папярэдзілі яго, каб і нагі на парог каралеўскіх пакояў не ставіў, пакуль не папросіць у іх прабачэння. Называецца напужалі. І, паказваючы знявагу да пагроз, Януш дагнаў караля ў Мерачы і заявіўся да Ўладзіслава. Віны сваёй не прызнаваў. Супакоіў караля, маўляў, не абразіў ён гонар яго міласці. Уладзіслаў і сам рад быў бы неяк забыцца пра гэты выпадак. Параіў свайму ўлюбёнцу папрасіць прабачэнне ў паноў. Хай супакояцца. Не, яны не супакоіліся, патрабавалі ад Януша прылюднага пакаяння. Як, Радзівіла паставіць на калені? Януш адмовіўся і пакінуў каралеўскі двор. І за сценамі роднага дома не схаваўся ад зласлівасці непрыяцеляў. Апалінскі з каронным падканцлерам рассылалі на павятовыя соймікі лісты са скаргамі на Януша Радзівіла. Пахваляваліся паны палякі, зляцела з іх вуснаў сліна гневу ды і супакоіліся. І не за такія выбрыкі дараваў кароль Радзівілаў. А лепш іх не чапаць - гэта яшчэ ў свой час Януш Радзівіл (дзядзька Януша) даў зразумець вяльможнаму панству. Ад Януша адчапіліся, страсці сціхлі. І Радзівіл, як нічога і не было, прыехаў да караля ў Горадню і заняў сваё месца пры двары. Але словаў Янушавых не забыліся, памяталі. Да канца яго веку не давяралі князю, чакалі, ці не спраўдзіць ён сваёй пагрозы, бачылі ў яго ўчынках патаемныя захады супраць Польшчы.

Не паспелі ўладзіць адну зваду, як Януш зноў вызначыўся. На гэты раз пасварыўся ён з Адамам Казаноўскім. На абедзе ў кароннага падканцлера Гелябіцкага да Януша прычапіўся познаньскі біскуп Андрэй Шолдрыскі. Пачаў дакараць князя ў тым, што ў сваім доме чыніць набажэнствы кальвіністаў. А пасля патрабаваў, каб Януш выслаў з Варшавы кальвінскага міністра. А Януша толькі зачапі - ускіпеў гневам: «Сустрэч ніякіх не склікаў, мае дзверы адчынены кожнаму, хто прыйдзе не выпхну. Калі ж з такім намерам прыйшоў біскуп, дык не ведаю, ці трапіў бы ён да дзвярэй»[12]. Прысутныя, здаецца, толькі і чакалі гэтых слоў, каб, як зграя, накінуцца на князя. Абраза каталіцкай веры! Асабліва выпінаўся Казаноўскі - распаліў сябе да таго, што пакляўся да смерці помсціць Радзівілу. У адказ Януш выклікаў гэтага абаронцу касцёла на двубой. Падахвочаны адабральнымі галасамі хаўруснікаў Казаноўскі адважна прыняў выклік. У той жа дзень пра зваду паведамілі Ўладзіславу. Гэтага яшчэ не хапала. Прасіў ён ліцьвінскага маршалка Крыштофа Весялоўскага і свайго брата Яна Казіміра прымірыць падкаморых. Назаўтра Януш прыехаў на месца дуэлі. Чакаў-чакаў непрыяцеля, а той не з'яўляўся. Хмель прайшоў, а з ім Казаноўскі пазбавіўся мужнасці. Абаронца каталіцызму схаваўся ў сваім доме. Нарэшце Радзівіл не вытрымаў і паслаў да Казаноўскага цыдулку - клікаў яго на бой. Пасланца сустрэла жонка Казаноўскага, узяла цыдулку і схавала яе. Следам прыехаў пасланец ад каралевіча Яна Казіміра, які запрашаў Казаноўскага да сябе. Казаноўскі адправіўся да каралевіча. Знайшлі і Януша Радзівіла і прывезлі яго да Яна Казіміра. Казаноўскі з радасцю прымірыўся. І пра помсту больш не нагадваў.

А калі гэтак хлопца заносіць - трэба яго ажаніць. Бацька шукаў яму жонку, хацеў з слаўнага роду ды кальвінскам веры. Не знайшоў. Нават кароль падумаў ашчаслівіць свайго ўлюбёнца і высватаць яму дачку электара Рэны. Не ашчаслівіў. Тады за пошукі ўзяўся сам Януш. Выбар быў небагатым: ці дачка кракаўскага ваяводы Яна Тэнчынскага, ці дачка князя Міхайлы Вішнявецкага - іх раіў Янушу бацька. Але пачуцці перамаглі над разлікамі. Януш закахаўся ў Катаржыну Патоцкую. Бацька не ўхваліў такі выбар. Папрасіў Януш сваяка - князя Альбрэхта Радзівіла выступіць за свата. Не ведаў, каму даверыўся. Альбрэхт, як убачыў Катаржыну, дык і сам захацеў пабрацца з ёй шлюбам. І старасць не перашкода. Але ў параўнанні з маладым і эфектным Янушам ён прайграваў у дзявочых вачах. Тады Альбрэхт схітрыў і распавёў дзяўчыне показку, маўляў, з'явілася да яго ў сне Боская маці і ўказала, каб не дапусціў ён шлюбу Катаржыны з ерэтыкам і сам ажаніўся на ёй. За Альбрэхта выступіла і маці дзяўчыны. Няшчасны Януш быў падмануты. Тады, каб выратаваць сваё каханне, ён звярнуўся па дапамогу да караля. Уладзіслаў дакараў Альбрэхта за яго аблудлівасць. Спрыяла Янушу і каралева - яна прасіла маці Катаржыны не перашкаджаць шчасцю закаханых. А Катаржына з радасцю пайшла пад вянец з Янушам - гэта адбылося ў верасні 1638 года.

Сямейнае жыццё не паўплывала на характар Януша. Такі ён быў чалавек - эмацыянальны і рашучы. І там, дзе больш спакойны будзе разважлівым і не наробіць глупстваў, Януш ішоў нагбом.

У лютым 1640 года ў Вільні кальвіністы хавалі свайго аднаверцу ашмянскага чашніка Аляксандра Прзынкоўскага, двараніна Крыштофа Радзівіла. У пахаванні ўдзельнічаў і князь з сынам. Калі працэсія параўналася з Дамініканскім касцёлам, адтуль выбег святар. Патрасаючы кіем, ён аблаяў кальвіністаў, каб музыкай не перашкаджалі набажэнству. Хто правы, а хто вінаваты, ужо не разбіраліся. Выхапіў шаблю Крыштоф Радзівіл і засек бы святара, калі б той не ўцёк. Не застаўся ўбаку і Януш Радзівіл. Загадаў слугам страляць з ручніц па касцёлу.

Пачалася новая звада. Віленскі біскуп Бенекдыт Война і дамінікане скардзіліся сойму і каралю на Крыштофа і Януша Радзівілаў. Як яны не апраўдваліся, а не апраўдаліся. Сойм вынес рашэнне правучыць кальвіністаў, разбурыць кальвінскі збор і школку ў Вільні, а кальвінскіх міністраў, якія ўдзельнічалі ў нападзе на касцёл, пакараць смерцю. Пастанова сойма балюча ўдарыла па Крыштофу. Хворы вярнуўся ён у Вільню. А па горадзе ўжо гулялі пагалоскі, што віленскі ваявода хоча сілай расправіцца з католікамі. Ды яшчэ дамінікане прысягнулі на тым, што кальвіністы першыя распачалі зваду. Міністраў чакала пакаранне. Крыштоф даў ім грошай і дапамог уцячы за мяжу. Занадта блізка да сэрца прыняў гэты выпадак ён. І не вытрымала яго сэрца крыўды і несправядлівасці. 19 верасня 1640 года Крыштоф памёр. Януш застаўся без бацькі. Сам-насам з шматлікімі непрыяцелямі. Януш з'ехаў са двара. Падалей ад непрыязні і нянавісці. Два гады (1641-1642 гг.) Януш пражыў дома. Займаўся справамі гаспадаркі і адпачываў ад прыдзорнага бляску. А спадчына дасталася багатая: мястэчкі Біржы, Кейданы, Візуны, Попелы, Яшуны, Любеч, Дайліды, Заблудаў. Жыць можна было бязбедна, ды думаць якіх яшчэ «лутчых» рэчаў набыць для сваіх палацаў. Але бязбеднае жыццё можа быць і нешчаслівым. У 1642 годзе памерла жонка Катаржына. Пакінула яна пасля сябе малалетнюю дачку Ганну Марыю. Страта родных людзей прыгнятала Януша. Сам не свой быў князь. Без гарачых агеньчыкаў у вачах з'явіўся напрыканцы 1642 года пры двары. Нават пасада троцкага кашталяна не абрадвала яго - адмовіўся, а гэта ж месца ў ліцьвінскім сенаце. І самалюбства ўжо не заахвочвала Януша, нібыта страціў ён цікавасць да ўсяго.

Пакрысе час лячыў душэўныя раны. Януш акрыяў. І першае, што зрабіў князь, - знайшоў апору ў жыцці. Ажаніўся ён на дачцы малдаўскага гаспадара Базыля Магілы (празванага Лупулам), Марыі. І тут чакалі Януша недарэчныя перашкоды. Базыль Магіла як васал турэцкага султана прасіў у таго дазвалення на шлюб сваёй дачкі з Радзівілам. А султан баяўся сувязі гаспадара з магутным ліцьвінскім родам і адмовіў яму. Аднак Януш не расчараваўся і прасіў Магілу старацца: «уважным рассудкам сваім, упартымі сродкамі прывесці справу да поспеху»[13]. І гаспадар зноў адправіў паслоў да Стамбула. На гэты раз султан міласціва даў дазвол. У студзені 1645 года Януш адправіўся з Камянца-Літоўскага ў Малдавію. Ехаў да нявесты пры ўсім сваім бляску. Шматлікая ліцьвінская шляхта, гусарскія, казацкія і драгунскія харугвы, чатыры сотні нямецкіх пешцаў суправаджалі князя. Каля Хоціна Радзівіла сустрэў малдаўскі гаспадар. 12 тысяч воінаў віталі ліцьвінскага князя.

5 лютага 1645 года Януш Радзівіл узяў шлюб з Марыяй. Вянчаў маладых па праваслаўнаму абраду кіеўскі мітрапаліт Пётр, які паходзіў з роду Магілаў. А вяселле якое было! Прысутнічалі паслы ад караля польскага, электара брандэнбургскага, князя сяміградскага, гаспадара валашскага, герцага курляндскага, канстанцінопальскага патрыярха. Аж тры дні спатрэбілася, каб павітаць маладых шлюбнымі падарункамі. Уважыў гаспадар і гасцей - такі вясельны банкет, што і вялікі манарх пазайздросціў бы. Весяліліся і гулялі дванаццаць дзён.

Адбыліся змены і на дзяржаўнай службе. Уладзіслаў у красавіку 1646 года аддаў Янушу Радзівілу булаву польнага гетмана літоўскага. Гэта быў асаблівы давер караля да свайго ўлюбёнца. Толькі сама набліжоныя да Ўладзіслава ведалі пра яго патаемны намер пачаць вайну з Турцыяй. Падбівалі караля на вайну папа рымскі ды венецыянскі ўрад. Уладзіслаў, якога прыдворныя лісліўцы праслаўлялі як вялікага палкаводца, марыў увянчаць сябе славай пераможцы Турцыі. Ведаючы, што станы не дадуць згоды, Уладзіслаў хацеў сілай уцягнуць Рэч Паспалітую ў вайну. Дзеля гэтага ён назначыў гетманам запарожскіх казакоў Багдана Хмяльніцкага, які павінен быў павесці іх у набег на Турцыю. Кароль разлічваў на тое, што Турцыя ў адказ нападзе на Рэч Паспалітую. Таму загадзя рыхтаваўся да немінучай вайны, наймаў жаўнераў. Вялікі гетман каронны Канцэпольскі падтрымліваў караля. А з ліцьвінаў Уладзіслаў даверыўся полацкаму ваяводзе Янушу Кішку, якога назначыў вялікім гетманам, і Янушу Радзівілу. Ліцьвінскія гетманы дзейсна прыняліся дапамагаць каралю. Януш адправіўся з сакрэтнай місіяй да цесця Базыля Магілы і князя Семіграддзя Юрыя Ракашы схіліць іх да антытурэцкай кааліцыі.

Аднак захады Ўладзіслава сталі вядомымі. На сойме большасць выказалася супраць вайсковых планаў караля. Канцлер Альбрэхт Радзівіл заявіў, што дазволіць адсекчы сабе руку, але не прыкладзе да ўніверсалаў ротмістрам ліцьвінскую пячатку. Давялося распусціць нанятае войска. Юрый Асалінскі ў сваёй прамове ўславіў новы «трыумф» Уладзіслава: «Пасля столькіх перамог перамог самога сябе»[14]. Словы гэтыя гучалі як здзек з каралеўскага самалюбства.

КРЫВАВЫЯ ЧАСЫ

Гэтыя падзеі сучаснікі справядліва назвалі «крывавым патопам». Амаль дваццаць гадоў людская кроў залівала Рэч Паспалітую. Не было такога кутка ў дзяржаве, які ацалеў бы ад пажара войнаў. Гарэлі гарады і сёлы. На палях сечаў гінулі тысячы воінаў. Кроў лілася, як вада. Ніколі Літва і Польшча не ведалі падобнай смяротнай навалы. Татары, маскавіты, шведы, вугорцы незлічонай сілай абрынуліся на Рэч Паспалітую - заваяваць, растаптаць і зняволіць. А пачалася гэтая жахлівая бяда ў 1648 годзе казацкім паўстаннем на Ўкраіне. Зноў казакі падняліся на Польшчу і на гэты раз паўстанне перарасло ў вайну.

Хто ж яны такія казакі? Упершыню пра іх узгадваецца пад 1429 год у «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай», калі ліцьвінскае войска хадзіла ў паход на Волгу. Падаваліся ў казакі сяляне, ратуючыся ад прыгнёту, шукальнікі прыгод і вольнага жыцця. Неўзабаве на Ніжнім Дняпры за парогамі на астравах Хорціца і Тамакоўка склалася вайсковае братэрства. Людзі, якія сяліліся тут, называлі сябе старажытным палавецкім найменнем «казак», якое азначала «вольны чалавек». Свае законы панавалі ў запарожцаў. Апроч зброі і адзежы ўсё было агульным. Улада належала агульнай радзе - своеасабліваму вечу, на якім вырашаліся пытанні і прымаліся пастановы. Рада выбірала і старшынь на чале з кашавым, які меў неабмежаваную ўладу падчас вайсковых паходаў. Калі ж кашавы праяўляў баязлівасць, яго каралі смерцю. Вайсковая справа і стала галоўным заняткам казакоў. Яны рабілі рабаўніцкія набегі на Крым, Масковію, а то і на Літву, і Польшчу. На лёгкіх лодках «чайках» перасякалі Чорнае мора і спусташалі прыбярэжныя землі Турэцкай імперыі, бралі ў палон дзяцей і багатых. Француз Гільём Баплан, які доўгі час пражыў на Ўкраіне, гэтак адзываўся пра казакоў: «Дарэчы гэта злахітрыя і аблудлівыя людзі, якім нельга давяраць. Яны вельмі моцнага целаскладу, лёгка пераносяць холад і спёку, голад і смагу, на вайне вызначаюцца нестомленасцю, мужнасцю і храбрасцю і ўвогуле не даражаць жыццём»[15].

Гісторыкі В.Ластоўскі і Ў.Пічэта лічылі, што менавіта беларускія сяляне стварылі Запарожскую Сеч[16].

Другі погляд выказаў П.Галубоўскі, які прызнаваў запарожцаў за нашчадкаў даўняга славянскага насельніцтва Падоння - броднікаў[17]. Аднак, верагодна, заснавальнікамі казацтва руху былі чаркасы або пяцігорцы. Гэта нашчадкі хазараў, якія жылі на Доне і Кубані, каля прадгор'я Каўказа - раёне Пяцігорска (адсюль іх называлі і пяцігорцамі). Перасяляліся яны і на Ўкраіну.

Хто б там ні быў заснавальнікам Запарожскай Сечы і казацтва, але ролю ліцьвінаў у «казацтве» нельга адмовіць. Добрая частка запарожскіх казакоў паходзілі з ліцьвінскіх земляў - тысячы і тысячы ўцекачоў з Літвы (Беларусі) папаўнялі казацкія шэрагі. Шмат хто з іх сталі палкоўнікамі, а ліцьвінскія шляхціцы Касінскі і Выгоўскі нават гетманамі.

І часта казакі-ліцьвіны вярталіся ў Літву паквітацца са сваімі ворагамі - панамі і шляхтай. Гэтак, у 1593 годзе шляхта скардзілася на «вялікую шкоду», якую чыняць казакі ў Менскім і Амсціслаўскім ваяводствах. А гэтымі казакамі былі людзі, якія «з гарадоў і сёл ідуць на ніз ... а пасля назад сюды прыходзяць»[18].

Тое, што казакі ўяўлялі сілу, разумеў урад Княства і паны. Многія магнаты запрашалі да сябе на службу казацкія аддзелы. Першым з дзяржаўных вяльмож, хто стаў выкарыстоўваць іх для вайсковай службы, быў староста горада Чаркасаў Астафі Дашкевіч, які набіраў казакоў з чаркасаў. Служылі казакі і Жыгімонту Аўгусту, але іх колькасць абмяжоўвалася двума тысячамі і называліся яны рэестравымі. Сцяпан Батура павялічыў рэестар і наняў 6 тысяч чалавек. Аднак казацкую праблему ўрад не вырашыў. Яшчэ пры Літве супярэчнасці паміж уладай і казацтвам не абвастрыліся, ды і казацкі рух не набыў шырыні. А вось, калі Ўкраіна трапіла пад Польшчу, казакі раз за разам падымаюцца са зброяй супраць польскага пана і шляхціца, і каталіцкага касцёла. Новыя гаспадары Ўкраіны неслі ўкраінцам не толькі сацыяльны прыгнёт, але і нацыянальнае рабства. І гэты новы лад выклікаў у душы ўкраінцаў нянавісць да палякаў і касцёла. Баявым авангардам пад'ярэмнага народа стала Запарожская Сеч, дзе збіраліся сама ваяўнічыя і сама непрымірымыя ворагі палякаў. Умела выкарыстоўвала казакоў і праваслаўная царква, нацкоўвала іх супраць касцёла і царкоўнай вуніі. Адно за другім успыхвалі казацкія паўстанні. Аднак польскае войска жорстка падаўляла іх. Пераможцы яшчэ больш заняволівалі ўкраінцаў. Іх становішча было невыносным. «...Гэтыя няшчасныя, прыгнечаны ў такіх цяжкіх умовах, што ніколі не могуць нічога накапіць. Але гэта яшчэ мала ў параўнанні з тым, што іх уладары маюць бязмежную ўладу не толькі над маёмасцю, але і над жыццём сваіх падданых; вось якія вялікія правы польскай шляхты, якая жыве нібыта ў выраю, між тым як сяляне прабываюць нібыта ў пекле», - пісаў пра становішча ўкраінскага селяніна Баплан[19].

Нянавісць ужо закіпала ў душы. Патрэбны быў чалавек, які павёў бы ў бой. Украіна чакала яго і ён з'явіўся. Сын ліцьвінскага шляхціца, забітага ў бітве з туркамі каля Цацоры, Багдан Хмяльніцкі. З маладых гадоў Багдан быў пры бацьку, які служыў казацкім сотнікам. У Цацорскай бітве ён трапіў у татарскі палон, але неўзабаве вызваліўся з няволі. Кемлівы і смелы шляхціц спадабаўся гетману Станіславу Канцэпольскаму і ён паспрыяў яму дастаць пісарства ў запарожскім войску. Пасада ключавая і на ёй Багдан знайшоў ключыкі да сэрцаў казакоў. За вернасць Канцэпольскі ўзнагародзіў Хмяльніцкага зямлёй каля Чыгірына. Багдан пабудаваў сабе хутар і жыў бы сабе спакойна, каб не прыглянулася чыгірынскаму падстаросце Чаплінскаму маладая палюбоўніца Хмяльніцкага. Гэтак ахапіла страсць шляхціца, што захацеў адбіць прыгажуню сабе. З адабрэння сына Канцэпольскага Чаплінскі з купай узброеных слуг наляцеў на Суботава. Захапіў і дарагую здабычу - боль свайго сэрца - жанчыну, а ў дадатак маёмасць ды і Хмяльніцкага. Чатыры дні прасядзеў Багдан у кайданах, пакуль Чаплінскі не саступіў просьбам ягонай былой палюбоўніцы і не выпусціў на волю. Праўды і справядлівасці ў судзе Хмяльніцкі не дамогся. Хутар яму не вярнулі. А што датычыцца палюбоўніцы, дык суцешалі: «Ахвота табе, пане Хмяльніцкі, шкадаваць аб такой жанчыне. На белым свеце шмат лепшых прыгажунь. Пашукай сабе другую, а гэтая няхай застаецца з тым, да каго прывязалася»[20]. Дзе было шукаць праўды? І Багдан адправіўся да самога караля. Уладзіслаў нібыта адказаў на яго скаргі: «А если бы панове польскии, або дозорцы тых привильев не слухали, то маете мушкет и шаблю при боку: тыми про то можете боронити свои от поляков повреждаемые права и вольности»[21]. Менавіта гэтыя словы прыводзіў Хмяльніцкі казакам, падбіваючы іх на паўстанне супраць палякаў. Казаў гэтак кароль або не казаў, але вось да Багдана аднёсся міласціва. Хмяльніцкі быў патрэбны Ўладзіславу. Яму хацеў кароль даць гетманства над запарожцамі, каб ён здзейсніў набег на турэцкія ўладанні і такім чынам вымусіў Турцыю да вайны з Рэччу Паспалітай. Кароль багата адарыў Хмяльніцкага і адпусціў яго. А ў наступным 1647 годзе назначыў яго і запарожскім гетманам. Канцэпольскі пазайздросціў Хмяльніцкаму. І, скарыстаўшы выпадак, схапіў яго і засадзіў у вязніцу. Выцягнуў Багдана з няволі яго прыяцель - чыгірынскі палкоўнік Станіслаў Крычаўскі. Узяў яго на парукі. Багдан зразумеў, што не ўжыцца яму з палякамі. Пакрыўджаны і абражаны, несучы ў сэрцы помсту, уцёк ён на Запарожжа. Заклікі Хмяльніцкага абараніць украінскіх людзей, якія плачуць ад палякаў, запарожскія старшыні падтрымалі. Аднак вопыт папярэдніх паўстанняў навучыў, што без саюзнікаў паўстанне асуджана на паразу. У саюзнікі выбралі крымскага хана. Да ўладара Крымскага ханства і адправіўся на пачатку сакавіка 1648 года Хмяльніцкі. Іслам-Гірэй асцерагаўся: ці не пасланы Хмяльніцкі палякамі, каб завабіць татарскае войска ў пастку. Тады Хмяльніцкі пакляўся на ханскай шаблі і пакінуў у закладніках свайго сына Цімафея. І татары падтрымалі казакоў. Леташні неўраджай пагражаў голадам, а карміцца трэба. Вайна карміла татараў здаўна.

Запарожскія старшыні ўжо сабралі ў Сеч казакоў. А яны адразу пайшлі за Хмяльніцкім і выбралі яго сваім гетманам. Каронны гетман Мікалай Патоцкі, даведаўшыся аб намерах казакоў, рушыў на Запарожжа на чале польскага войска. Выступіў з 8-тысячным войскам і Хмяльніцкі. Услед за ім ішоў Тугай-бей з 4 тысячамі татараў. Да Хмяльніцкага далучыліся і рэестравыя казакі. Сілы паўстанцаў узраслі. Каля Жоўтых Водаў 15 траўня 1648 года казакі разбілі 4-тысячны польскі авангард. Выратаваўся толькі адзін жаўнер. Даводца, сын гетмана, Сцяпан Патоцкі трапіў у палон і памёр там ад ран. Перамаглі казакі і галоўнае войска. 26 траўня Хмяльніцкі падсцярог палякаў каля Крутой Балкі паблізу Карсуня. Самаўпэўненыя ў перамозе, яны нават не паслалі наперад віжаў і трапілі на засаду. Дарога ішла па схілу ў вузкай цясніне. Пасярэдзіне яе казакі вырылі глыбокі роў. Вось перад ірвом войска спынілася. Заднія шэрагі напіралі на пярэднія. Разагнаныя вазы нельга было ўжо затрымаць. Яны змяталі са свайго шляху людзей. Сотні пападалі ў роў. Падчас гэтай сумятні Хмяльніцкі ўдарыў па паляках. Водцы не здолелі навесці лад у сваім войску. «Ды і чорт ведае, адкуль там быць ладу, калі вялікі каронны гетман Мікалай Патоцкі напіваўся гарэлкай і сядзеў п'яны ў карэце, а другі, польскі гетман Каліноўскі, хаця і мог нешта зрабіць, але яго не слухаліся», - пісаў у сваім дыярушы Багуслаў Машкевіч[22]. Польскае войска было дазвання разбіть. Болей за дзевяць тысяч палякаў загінула. Абодва гетманы сталі нявольнікамі. Польшча ледзь дыхала ад жаху. «Ніколі яшчэ Рэч Паспалітая не была ў такім няшчасці, якое цяпер пан Бог паслаў на нас», - запрачыталі палякі[23]. Да гэтай бяды дадалася смерць караля, які памёр 20 траўня ў мястэчку Мярэчы каля Вільні. Распавядаюць, што, даведаўшыся аб паразе каля Жоўтых Водаў, Уладзіслаў зласліва мовіў: «Чаго я жадаў, тое і чую - гэта вам халопы за вашы вольнасці! І не тое яшчэ вам будзе»[24]. Збываліся змрочныя папярэджанні Жыгімонта Аўгуста.

Агонь паўстання ахапіў усю Ўкраіну. Універсалы Хмяльніцкага разносілі іскры да сама далёкіх яе куткоў. Казацкі гетман заклікаў украінцаў падняцца на палякаў. «Прыкладам слаўных і вялікіх русаў, продкаў сваіх, пры сваёй праўдзе, за багабойнасць святую, за цэласнасць Айчыны і за парушэнне ранейшых правоў і вольнасцей сваіх станьце»[25]. Запал і пафас універсалаў дзейнічаў як хмель. Словы гняўлівыя пазбаўлялі разважлівасці і напаўнялі сэрцы гневам. Украіна паўстала. Сяляне кідалі дом, казачыліся і білі шляхту і жыдоў, рабавалі і палілі касцёлы. «Мала хто з іх у той крыві на той час рук сваіх не намачыў і таго рабавання дабра не чыніў», - занатаваў летапісец[26]. Жахліва чытаць успаміны сведкаў казацкіх зверстваў. Ачмураныя крывёю, і чым больш яе пралівалі, тым менш заставалася ў сэрцах чалавечага. «З некаторых здзіралі зажыва скуру, а цела кідалі сабакам; некаторым адсякалі рукі і ногі і кідалі на дарозе, пасля ехалі па іх вазамі; некаторым нанеслі мноства несмяротных ран і кідалі мучыцца ў прадсмяротнай агоніі, пакуль не выпусцяць дух; многіх закапалі жывымі ў зямлю, рэзалі дзяцей у матчыным улонні; мноства дзяцей разарвалі на кавалкі; цяжарным жанчынам успорвалі жываты, вымалі неданошаны плод і кідалі ім у твар, а некаторым, успароўшы жывот, упускалі туды жывую кошку і жывот зашывалі, а ім сяклі пальцы, каб не маглі вынуць кошку; некаторых дзяцей прывязвалі да матчыных смачкоў, некаторых наніцвалі на ражны, смажылі на агні, а пасля прымушалі маці іх есці. Часта бралі жыдоўскіх дзяцей, масцілі імі вуліцы і ездзілі па іх... Падобнае яны рабілі ўсюды, куды толькі прыходзілі»[27]. У касцёлах казакі пілі са святых чаш гарэлку, апрануўшыся ў святарскія арнаты, саміх святароў мучылі да смерці, выкідвалі з трун нябожчыкаў сабакам, прадавалі людзей у татарскую няволю. Рабавалі гэтыя «абаронцы праваслаўя» і праваслаўныя храмы. Гэтак, у Львове накінуліся пад выглядам татараў на Свята-Юр'еўскую царкву, здымалі срэбныя і залатыя рызы, забіралі рэліквіі. І па-казацку, прама ў лоб, крыкнулі святару: «Бацька, не трэба нам твая вера, толькі д'ябальскія грошы»[28]. Ім былі патрэбны «д'ябальскія грошы». Чорная і невідушчая лютасць рабоў, якія адчулі сваю волю - волю помсціць за сваё рабства. На лютасць адказвалі лютасцю. Шляхта рэзала і секла паўстанцаў.

А што далей? Як высветлілася, Хмяльніцкі не меў дакладнага плана дзеяння. Спачатку хацеў ён падацца пад руку цара Аляксея Міхайлавіча. Намаўляў цара на вайну з Рэччу Паспалітай, а ён з запарожскім войскам гатовы яму паслужыць. Адначасова Хмяльніцкі звярнуўся і да польскага ўрада. Нібыта не ведаючы пра смерць караля, ён адправіў у Варшаву пасольства. Хмяльніцкі скардзіўся на прыгнёт і прасіў караля дараваць міжвольны грэх і загадаць пакінуць казакоў пры старажытных правах і прывілеях. А расправу паўстанцаў над шляхтай і католікамі Хмяльніцкі тлумачыў проста: «Сырое близ сухога мусел огонь попалити»[29]. І так, Хмяльніцкі выбіраў - каму выгадна прадаць сябе: цару або каралю. Пра народ і не думаў, хваляваўся аб правах казакоў - сваёй апоры. Польскі ўрад з радасцю прыняў прапанову мяцежнага гетмана і назначыў камісараў для перамоваў з ім. Аднак перамовы сарваліся. Хаця Хмяльніцкі шчыра імкнуўся да мірнага пагаднення і справай паказваў гэта. Пасадзіў на ланцуг ненавіснага палякам палкоўніка Крываноса, яшчэ сто найбольш лютых забойцаў шляхты пакараў смерцю, выпусціў палонных. Аднак добрыя намеры Хмяльніцкага растаптала нянавісць. Палякі захапілі Астрог і Канстанцінаў. Раззлаваны Хмяльніцкі рушыў да Піляўцаў, дзе стаяла 36-тысячнае польскае войска на чале з Дамянікам Астрожскім. Ды і што за войска гэта было. Паны сабраліся на вайну, як на баляванне. Не мужнасцю пахваляліся, а багаццем, хацелі паказаць халопам, што ідуць паны. Разадзеліся ў золата, нават вазы і тыя абцягнулі атласам. Абозы везлі не зброю, а сталовае срэбра. Так і ваявалі. Ніякай дысцыпліны. Кожны панок хацеў быць гетманам. Калі палякі даведаліся, што на дапамогу Хмяльніцкаму прыйшлі татары, дык адно гэта іх пазбавіла мужнасці. А татараў тых было ўсяго чатыры тысячы. Водцы ноччу ўцяклі з лагера. Як трапна заўважыў сведка тых падзей: «Яны навучыліся таму, што пад выратаваннем Айчыны нічога іншага не трэба разумець, як добрыя ўцёкі»[30].

А днём 23 верасня і войска, убачыўшы, што засталося без начальства, пакідала на зямлю даспехі і пабегла. Хмяльніцкаму засталося дабіваць тых, хто не мог выратавацца. Загінула пяхота і павятовыя харугвы. Хто і заслужыў славу, дык невялікі аддзел ліцьвінаў на чале з Асінскім. Яны да апошняга абаранялі пераправу цераз раку.

Пасля гэтай перамогі Хмяльніцкі стаў сапраўдным гаспадаром Украіны. Пераможцам уехаў ён у старажытны Кіеў. Казакі і мяшчане перарэзалі шляхту і католікаў, разрабавалі касцёлы.

У гэтую вайну Хмяльніцкі ўцягнуў і Літву. Адразу ж як пачалося паўстанне, гетман паслаў у Літву казацкія аддзелы. Складаліся яны пераважна з ліцьвінскіх уцекачоў. Хмяльніцкі думаў з дапамогай гэтых аддзелаў падняць просты люд. А калі ўжо запалыхае паўстанне, дык ліцьвінскай шляхце будзе ўжо не да паходу на Ўкраіну - патушыць бы пажар дома. Вось і слаў у Літву казакоў. «Літоўскія кажуць, што яны казакам нічога не рабілі і нічым іх не зачаплялі, а гвалт ім учыніўся і кроў многая разлілася ад каруных, і цяпер з-за гэтага шкода ўчынілася ўсёй Рэчы Паспалітай», - гэтак адносіліся ліцьвіны да вайны казакоў з палякамі[31]. Міжволі і Літва вымушана была ўступіць у гэтую вайну.

АГНЁМ І МЯЧОМ

Яшчэ напрыканцы траўня 1648 года ў Літве з'явіліся пасланыя Багданам Хмяльніцкім казацкія і татарскія загоны. Дзейнічалі яны на Палессі. Казакі падбівалі беднату брацца за зброю. Падтрымлівала іх рознае гультайства: браварнікі, магільнікі, найміты, пастухі - тыя, каму няма чаго было губляць. Казакоў сустракалі, як сваіх заступнікаў, і адчынялі перад імі гарадскія брамы. Брагін, Лоеў і Гомель упусцілі да сябе пасланцаў Хмяльніцкага. І адразу пачыналася жорсткая расправа з тымі, у каго можна было нечым пажывіцца, - шляхтай, жыдамі, заможнымі мяшчанамі, каталіцкімі святарамі. Толькі ў Гомелі мяцежнікі перабілі 600 чалавек. Крывавы патоп лінуў і на Літву.

А ў чэрвені новая хваля казацкіх загонаў уварвалася на Палессе. Войска на ўкраінскай мяжы амаль не было і казакі адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі на Палессі. Частка іх рушыла на Тураў і Пінск, другая - да Мазыра. Усюды да іх далучаліся паўстанцы. Паводле прызнання аднаго з палонных казакоў: «Ад Валішэвічай да Мазыра і Рэчыцы, колькі ёсць сёл і вотчын, усе паказачыліся і пакляліся сабе абараняцца да апошняга, і калі гэтаму гультайству давядзецца ўхадзіць, тады і халопы павінны рушыць з гэтых краёў на Ўкраіну. Месцы, якія злучыліся з сабой і паказачыліся: Мазыр, Рэчыца, Гомель, Тураў, Лоеў, Бабура ды іншыя»[32]. Не паспеў урад Княства апамятацца, як амаль палова краю ахапіла паўстанне. Тэрмінова трэба было тушыць агонь - не даць яму перакінуцца на другія землі. Стары і немачны гетман Януш Кішка не мог узначаліць войска, таму вайсковы клопат лёг на Януша Радзівіла. Яму даручылі паны-рада абарону Княства ад казакоў. Як звычайна, грошы ў дзяржаўнай скарбонцы адсутнічалі. Так што нельга было набраць моцнае войска. Аднак смяротная пагроза ад «халопаў» лепш за ўсе довады прымусіла шляхту ісці ў бой. Дома ўжо не адседзішся. Шляхта сабіралася ў апалчэнні ці ўцякала ў цвержы. Варшанскае, віцебскае і амсціслаўскае апалчэнні на чале з князем Друцкім-Горскім у жніўні стала пад Магілевам, загарадзіўшы шлях казакам у глыб Літвы. Два аддзелы на свае грошы сфарміраваў Януш Радзівіл - адзін пад даводствам пісара літоўскага Ўладзіслава Валовіча, а другі ўзначаліў стражнік літоўскі Юрый Мірскі. Некалькі харугваў выставілі і другія ліцьвінскія паны. Хоць як, хоць на час спыніць пераможны рух паўстанцаў. Сілы былі няроўнымі. Гэтак, каля Брагіна сабралася 12 тысяч паўстанцаў, каля Рэчыцы 3 тысячы, ды ў самым горадзе 700 чалавек, у Тураве знаходзілася 2 тысячы, у Мазыры 400 чалавек, ды ў пачатку жніўня сюды прыбыў 2-тысячны казацкі полк ліцьвінскага шляхціца Яна Сакалоўскага[33].

Харугвы Януша Радзівіла так і не здолелі затрымаць паўстанцаў. Мірскі трапіў у засаду пры пераправе цераз Бярэзіну каля Гарволя. Сам стражнік ледзь выратаваўся. Затое Валовіч падсцярог аддзел Мартына Небабы пры пераправе цераз Прыпяць і гнаў яго аж да Пінска. Мяшчане ўпусцілі ў горад казакоў і разам з імі расправіліся над католікамі. Пагроз Валовіча пінскія паўстанцы не спужаліся і засталіся пры казаках: «Няхай загінем, чым выдадзім тых, хто змагаецца за нашу веру»[34].

Не сустракаючы супраціўлення, паўстанцы развівалі свой поспех. Казацкае войска на чале з Філонам Гаркушай (ураджэнцам Старога Быхава) з-пад Брагіна выступіла на Бабруйск. Тут не было гарнізона, і пакінутыя на волю лёсу мяшчане без супраціўлення скарыліся паўстанцам. У горадзе яны разрабавалі касцёл. Аднак там, дзе паўстанцам давалі адпор, яны цярпелі паразы. Так здарылася пад Слуцкам. Горад абараняў аддзел на чале з віленскім падстолім Янам Сасноўскім. Сюды сабралася і навакольная шляхта. І хаця слуцкая бедната змовілася падтрымаць казакоў, але праваслаўныя святары і «свецкія» людзі не адобрылі гэтага намеру. Разважлівасць стрымала гнеў і нянавісць. Калі ж да горада падышоў полк Яна Сакалоўскага, Януш Радзівіл паслаў да абаронцаў некалькі конных харугваў. Сасноўскі зацягваў час перамовамі. Дапамога падаспела. Ноччу харугвы праскочылі ў горад. Штурм паўстанцаў быў адбіты і яны ўбраліся ў Мазыр. Не ўзялі паўстанцы і Стары Быхаў, які абараняла шляхта Друцкага-Горскага і аддзел Яна Паца.

Тым часам Януш Радзівіл у Менску збіраў войска. Няшмат - усяго пяць тысяч ваяроў. Багдан Хмяльніцкі слаў у Літву новыя казацкія палкі. У Тураў прыбыло 400 казакоў з палкоўнікам Кандратам Цеўкам. Злучыўшыся са сваімі тураўскімі паплечнікамі, яны рушылі да Давыд-Гарадка. Другі буйны казацкі аддзел з дапамогай паўстанцаў заняў Берасце.

Як «гаспадарылі» паўстанцы, убачыў маскоўскі пасол Рыгор Кунакоў, які ў пачатку 1649 года праязджаў праз гэтыя гарады. «Пінск і Брэст-Літоўскі спустошылі да падмурка. Палякаў і жыдоў і жонак іх і дзяцей пабілі без рэшты, і харомы і муры каменныя разбурылі і раскідалі, а драўляныя папалілі і ўчынілі з полем роўна»[35].

Як і на Ўкраіне, гэтак і ў Літве казакі лютавалі. «Яны былі такімі жорсткімі, што тыя, хто трапіў да іх, хацелі быць у татараў, якія ўгналі ў няволю мноства народа. У аднаго мяне ўзялі 1200 душ, а па другіх месцах загінула або звезена ў няволю каля мільёна, а то болей людзей», - пісаў Альбрэхт Радзівіл[36].

Нянавісць і гнеў адчуваў Януш Радзівіл да хлопаў, якія бяздушна і жорстка руйнавалі Айчыну. І на жорсткасць адказваў жорсткасцю, і за кроў помсціў крывёю. Мячом і агнём сунімаў ён паўстанне.

Толькі давялося адкласці на час свой паход на паўстанцаў. Паны і шляхта, напужаныя Піляўскай паразай, слёзна прасілі Януша Радзівіла прыбыць у Варшаву з войскам, каб ахоўваць элекцыйны сойм. Князь не пакінуў край без абароны - паслаў дапамогу да Друцкага-Горскага, які змагаўся з казакамі на Падняпроўі, і да Мірскага, які рыхтаваўся да штурму Пінска. А сам з некалькімі коннымі харугвамі адправіўся да Варшавы, куды прыбыў 1 лістапада. Адразу ж наведаў сябра па Смаленскай вайне каралевіча Яна Казіміра, выказаў яму павагу.

Ян Казімір быў кандыдатам на карону, а за суперніка меў свайго брата Карла. Каб не даводзіць справу да крыві, сойм прапанаваў абодвум кандыдатам паразумецца паміж сабой - адзін з іх павінен саступіць, а то выбяруць уладара з іншага каралеўства. Ды і Хмяльніцкі патрабаваў выбраць Яна Казіміра, а то пойдзе на палякаў вайной. А гэты аргумент не выклікаў спрэчак. Саступіў Карл.

20 лістапада 1648 года сойм абвясціў каралём польскім і вялікім князем літоўскім Яна Казіміра.

Нарадзіўся ён у 1609 годзе і ад маленства ляпілі з яго езуіты святошу. Так вышкалілі святасцю, што і дарослым ён баяўся размаўляць з кім-небудзь без сведкаў, каб не падумалі чагосьці благога. Як толькі бацькоўская апека скончылася, дык каралевіч зажыў так як хацелася. Забаўляўся жартамі блазнаў, дрэсіраваў сабак і малпаў ды распуснічаў. Чым і праславіўся ён, дык двухгадовым жыццём у французскай няволі. Так, каралевіч апынуўся ў вязніцы. У 1638 годзе ён па дарозе ў Гішпанію на сваю бяду завітаў у французскі порт Тор дзе Бом. Тут яго і затрымалі. Каралевіча падазравалі ў жаданні ваяваць супраць Францыі. Трымалі яго ў замку Цісцерон. Напужаны за свой лёс, ён выдаў чалавека, які хацеў яго вызваліць. Спадзяваўся гэтай здрадай заслужыць міласць. Не заслужыў. Уладзіслаў заступіўся за брата і прасіў французаў выпусціць яго. Але два гады давялося чакаць міласці французскага караля. І толькі ў 1640 годзе пасол Крыштоф Корвін-Гасеўскі даў пісьмовае абяцанне ад Уладзіслава, што ні кароль, ні Рэч Паспалітая не будуць помсціць Францыі з-за зняволення Яна Казіміра. Пасля вызвалення каралевіч засумаваў у Варшаве ад безвыходнасці. Каралеўскі вянец не свяціў яму, а забаўляцца надакучыла. І Ян Казімір нагадаў пра сваю святасць. Не каралём, дык святым. У Рыме ён пайшоў у манастыр і на радасць езуітам стаў простым паслушнікам. З пакорлівасцю і прыніжэннем заслугоўваў сабе славу святога. Брату Ўладзіславу, які клікаў яго ў свет, адказваў, што ні на якую пашану і карону не прамяняе сваё жыццё, падобнае на райскае. Надакучыла і манастырская святасць, паслушнік выпрасіў кардынальскую мантыю. А калі яе можна было памяняць на каралеўскую карону, дык памяняў. Марнасць свецкай улады спакусіла кардынала, і ён палез у каралі.

Першай справай ажаніўся кароль на ўдаве свайго брата Ўладзіслава. «Такі саюз не бласлаўляе неба; часта Боскі гнеў карае ўсю краіну за злачынствы ўладара», - наракалі на свайго караля палякі[37]. Хацелася яму паказаць, што варты ён гаспадарскага вянца, браўся асабіста весці войска на Хмяльніцкага.

Намер Яна Казіміра палякі ўхвалілі. А вось ліцьвіны былі за тое, каб кароль дапусціў да сваёй ласкі Хмяльніцкага і казакоў, дараваў іх віну і не помсціў ім. Аж за шаблі хапаліся. Міралюбства ліцьвінскіх дыгнітарыяў сарвала планы Януша Радзівіла. Прасіў ён даць згоду на стварэнне 10-тысячнага войска і абвяшчэнне паспалітага рушэння, а яны не пагадзіліся - лішнія выдаткі. Януш пратэставаў - ды што з таго?

У пачатку 1649 года польны гетман вярнуўся ў Літву, у Берасце. Сумнае відовішча ўяўляў горад. «А Берасце Літоўскае спустошана: на рынку лавак драўляных і каменных няма ніводнай, і ва ўсіх дварах, у брамах, і ў дамах дзверы і лесвіцы, і вокны паламаны, няма цэлага ніводнага двара, і жыды ўсе пабіты, астатнія нямногія паўцякалі»[38]. Па горадзе рыскалі жаўнеры ў пошуках схаваных скарбаў, рылі зямлю, катавалі мяшчан з-за гэтых скарбаў. Тут стаяў са сваімі жаўнерамі Мірскі. Пакуль Радзівіл быў на сойме, Мірскі адваяваў у паўстанцаў Пінск. Казакі і пінчукі пакляліся абараняцца да апошняга. І біліся да апошняга. Калі ў горад уварваўся конны аддзел на чале з пінскім войтам Лукашам Ельскім, дык супраць яго падняліся нават жынчыны і дзеці. Як маглі так і ваявалі. Хто паліў з мушкетаў, хто сек ворага косамі, хто кідаў камяні. Сустрэўшы такі адпор, жаўнеры павярнулі назад. Аднак паўстанцы перагарадзілі вазамі вуліцу. Жаўнеры апынуліся ў пастцы. Большасць з іх загінула. Ельскі паклікаў на дапамогу Мірскага. 30 кастрычніка аддзел Мірскага ўзяў горад у аблогу. Штурмавалі кожны дом. Суткі кіпеў бой за горад. Раз'ятраныя жаўнеры забівалі і казакоў, і мяшчан. Некаторыя спрабавалі пераправіцца на ладдзях на другі бераг Піны, але ад мноства людзей караблі патанулі. Выратавацца было немагчыма: жаўнеры перакрылі дарогі. Уцекачы траплялі пад іх зброю, а то кідаліся тапіцца ў раку. Загінула больш за тры тысячы чалавек. А полымя пажараў выпаліла ўвесь Пінск. Багацейшы горад Літвы ляжаў у руйнаваннях, пакрыты попелам былой велічы і красы. Войска спынілася на Піншчыне. Жаўнеры рабавалі тое, што засталося пасля казакоў. Мабыць - гэта была помста Януша Радзівіла свайму дзядзьку Альбрэхту за яго былыя інтрыгі. Старостам пінскім быў жа Альбрэхт. На яго просьбы вывесці войска Януш пасмяяўся: «Трэба жаўнеру зімой пагрэць рукі»[39].

На Падняпроўі дзве перамогі над паўстанцамі святкаваў князь Друцкі-Горскі. Ён захапіў Чэрыкаў, дзе жаўнеры пасеклі шмат народу. Паўстанцы на чале з Гаркушам і Пабадайлам штурмавалі Быхаўскую цвержу. Падыход Друцкага-Горскага прымусіў паўстанцаў адступіць ад Быхава. Аднак гэтыя перамогі не прынеслі агульнай перамогі. У руках паўстанцаў заставаліся гарады Мазыр, Бабруйск, Гомель і шэраг другіх. Казацкія і сялянскія аддзелы ваявалі каля Менска і Наваградка. Паўстанне пашыралася. Несуцяшальнае для Радзівіла прызнанне: «Але ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, апроч княства Жамойцкага, ледзьве які павет маем, які нельга не залічыць да мяцежных»[40]. Доўга Януш не збіраўся - 20 студзеня ён выступіў з Берасця. Вёў каля 4 тысяч жаўнераў. І лютага ўвайшлі ў спустошаны і разбураны Тураў. Не толькі казакі, але і мяшчане паўцякалі з горада. Ніводнай жывой душы не засталося. Радзівіл павёў войска далей. Наперадзе быў Мазыр - галоўны пункт паўстанцаў на Палессі. Запраўляў у горадзе нейкі тутэйшы рамеснік Іван Сталяр, а ў памочніках хадзіў казацкі палкоўнік Міхненка. Паўстанцы загадзя падрыхтаваліся да бою. Умацавалі горад - пабудавалі на ярах і на ўзгорках шанцы, перагарадзілі вуліцы заставамі. Схілы вала штодня палівалі вадой, так што яны пакрыліся ледзяным панцырам. Сам гетман выязджаў на віжаванне да Мазыра. Каб не праліваць крыві, Радзівіл паслаў да паўстанцаў вестуна з прапановай здацца пад абяцанне свабоднага выхаду з горада. Пасланца закулі ў ланцугі. І тады Радзівіл паказаў сваю жорсткасць, каб «і на сотага нагнала б жаху»[41]. Паказаў і рашучасць.

Першымі запанікавалі казакі. У ноч на 9 лютага Міхненка паспрабаваў пераправіцца цераз Прыпяць і ўцячы на Ўкраіну. Казакі напалі на полк Паўловіча, які стаяў у адной мілі ад горада ў вёсцы Наружновічы і ахоўваў Оўруцкі шлях. Жаўнеры кінуліся было ратавацца, але Вінцэнт Гасеўскі і Вігман ушыхавалі свае харугвы і прынялі на сябе ўдар. А там і полк сабраўся сіламі. Казакі схаваліся ў горадзе.

Наступнай ноччу перад світанкам пачаўся штурм Мазыра. Хацеў гетман адным прыступам захапіць яго. Гнаў бягом жаўнераў, аж некаторыя адмарозілі сабе насы. Атаку пяхоты паўстанцы адбілі. Радзівіл паслаў у бой яшчэ некалькі харугваў. І яны нічога не зрабілі. Цяжка было падняцца на коўзкія ад ільду валы, а агонь паўстанцаў змятаў і тых рэдкіх смельчакоў, якім удалося падняцца да вяршыні. Наскок не ўдаўся. Гетман загадаў спешыцца вершнікам і таксама ісці на прыступ. Пасля гарматнага абстрэлу ўсё войска рынулася з двух бакоў на горад. Жаўнеры, хаваючыся за вазы з дровамі, падабраліся да гарадской брамы і выбілі яе бервяном. Нехта трапіў куляй у дзежку з порахам. Выбухам забіла шмат абаронцаў. Бой закіпеў у самым горадзе. «Вызначыліся» нямецкія пешцы, якія сяклі і паўстанцаў, і жанчын, і дзяцей - нікога не шкадавалі. Паўстанцы зачыняліся ў будынках і адстрэльваліся да апошняй кулі. Не здаваліся і гінулі. Міхненку і некалькіх ягоных паплечнікаў, якіх захапілі ў палон, жаўнеры без суда пасадзілі на палю. Сталяр, які начальстваваў над горадам, уцёк на кані. К вечару Мазыр быў узяты.

Радзівіл пад аховай праехаўся ўздоўж горада. Жаўнеры, якія суправаджалі яго, пацяшаліся тым, што стралялі па ўцекачах. «Мы перажывалі задавальненне, падобнае на паляванне, паколькі непрыяцель, які рассыпаўся па балотах і ярах, намагаўся па адзіночцы схавацца ў кустах, а мы ўсіх добра бачылі з гары; мы цэліліся хто з паляўнічай стрэльбы, хто з мушкетаў і кожны забіваў сваю ахвяру», - адзначаў у сваім дыярушы ўдзельнік гэтага «палявання» Богуслаў Машкевіч[42].

Расправіўшыся з паўстанцамі, Радзівіл разрабаваў горад. Два дні нямецкія пешцы выграбалі з Мазыра ўсё дабро. Нават выдаў загад, каб ніхто з жаўнераў пад пагрозай смерці не ездзіў у горад. Уся здабыча дасталася Янушу Радзівілу. І толькі пасля таго, як пешцы вычысцілі ўсе дамы, князь дазволіў і войску пажывіцца. Ды што там засталося - якая куніца або шматок сала. Жаўнеры наракалі на свайго водцу, падзяліўся з імі беднымі, паводле прымаўкі: «На тоби небоже, що мени негоже»[43]. Гэтак, з вайны ён зрабіў крыніцу багацця, амытага людскімі слязьмі і крывёю.

Вельмі раззлаваўся Багдан Хмяльніцкі, што «літоўскае войска высекла Мазыр і Тураў»[44]. Скардзіўся на Януша Радзівіла каралеўскім камісарам, якія прыехалі да яго ў Пераяслаў, і пагражаў у помсту пасадзіць на палю 400 палякаў. А, напіўшыся, пужаў: «Выварачу вас усіх ляхаў угору нагамі і патапчу так, што будзеце пад нагамі маімі: на рэшту вас цару турэцкаму ў няволю аддам»[45]. Падобны лёс рыхтаваў і ліцьвінам. На вясну збіраўся Хмяльніцкі паслаць у Літву 40 тысяч казакоў і 20 тысяч татараў.

Тыдзень прастаяў каля Мазыра Радзівіл. Паводле прызнання палонных, да горада павінны падыйсці новыя аддзелы паўстанцаў. Гетман чакаў іх. Не прыйшлі. Замест іх з'явіўся вястун ад Уладзіслава Валовіча. На чале свайго аддзела Валовіч чатыры тыдні трымаў у аблозе Бабруйск, дзе засела 5 тысяч паўстанцаў. Валовіч прасіў дапамогі. На Бабруйск і выступіў Януш Радзівіл. Каля горада быў 20 лютага 1649 года. На штурм гетман не рашаўся. Мала сіл. Аднак вырашыў нагнаць жаху на паўстанцаў і вывеў харугвы пад горад, Абаронцы думалі, што гэта Валовіч паказвае свае сілы, і пацяшаліся са сцен: «Валовіч пужае, але не напужае нас»[46]. Калі ж 22 лютага да горада падышло астатняе войска і ахапіла яго з усіх бакоў, паўстанцы ўжо не смяяліся. З горада пажалавала працэсія са святарамі. Мяшчане прасілі літасці. Радзівіл абяцаў захаваць ім жыццё і маёмасць, калі яны выйдуць з горада і выдадуць мяцежнікаў. І бабруйчане павалілі да гетмана. Паўстанцы заперліся ў вежах і падпалілі горад. Радзівіл і цяпер учыніў жорсткае пакаранне. Ваяры хапалі ўсіх, хто браў удзел у паўстанні. Правадыр казакоў Паддубскі хацеў уцячы, але быў злоўлены. Большасць казакоў загінула ў баі. Два дні Радзівіл правіў свой суд. Дзевяць чалавек разам з казацкім водцам пасадзілі на палю, сорак - забілі, а 270 паўстанцам адсеклі правую руку, каб не бралі зброю. «Нявінную кроў праліў без розуму, дзеля сваёй карысці», - даносіў маскавіцкаму цару Рыгор Кунакоў[47].

Толькі жорсткімі мерамі можна было адбіць ахвоту ў чэрні бунтаваць - гэтак лічыў Януш Радзівіл. Агнём і мячом усталяваў ён мір у Вялікім Княстве Літоўскім.

І лёс Бабруйска быў бы больш трагічным, уздумай бабруйчане супраціўляцца. Радзівіл праявіў літасць. Горад ацалеў ад спусташэння. Варта было аднаму жаўнеру парушыць гетманскі загад, як Януш павесіў рабаўніка, паклаўшы каля яго ног і здабычу - хустку.

Радзівіл размясціў свае харугвы ўздоўж Прыпяці і Дняпра, засланіўшы Літву з поўдня і ўсходу ад казацкіх нападаў. Становішча па-ранейшаму не дазваляла пачуваць сябе спакойна. Вясной цераз Прыпяць пераправілася 10 тысяч казакоў на чале з Іллём Галотай і разам з сялянамі білі шляхту. У Гомель прыбыло некалькі соцень казакоў з палкоўнікам Мартынам Небабай. Полымя паўстання не згасла. «Нават у тых месцах, дзе стаіць войска, халопства, паднятае казакамі на мяцеж, пачынае бунтаваць і збіраецца па лясах. Але нават даходзяць весткі, што яны знайшлі сховішча ў Чачэрску (які ўмацавалі дзеля добрай абароны), рыхтуюць мноства чаўноў, запасаюцца харчамі і сухарамі, каб зручна сабрацца ўсімі сваімі сіламі», - паведамляў Радзівіл ад 23 красавіка дзядзьку, вялікаму гетману Янушу Кішку[48]. З гэтага ліста можна даведацца і пра клопаты Радзівіла. Яго непакоіла тое, што з-за невыплаты жалавання можа распусціцца войска, а гэта паскорыла б «канчатковую загубу Айчыны». «А паколькі мяне хвалюе тое, што шмат ротмістраў, паручнікаў, таварыства паад'язджала дадому, дык я шлю ўсім лісты і ўніверсалы, каб як найспешней пад суровай карай да войска вярталіся. Я стараюся ўсё рабіць, як гэтага патрабуе мая пасада, перашкаджаю ўсім такім спробам і намаганням, толькі б Айчына заставалася пры дастатковай абароне супраць небяспекі, што пагражае ёй»[49].

Абураўся Радзівіл і рашэнням улад браць падчас паходу падаткі. «Гэта прывядзе да нечуваных і шкодных нязручнасцей і створыць падставы для свавольства і аблудлівасці гетманаў і ўсялякіх злосных учынкаў ад жаўнераў»[50]. Абураўся таму, што хацеў абараніць «убогіх хлопкаў» ад канчатковага знішчэння. Вось такі двухаблічны Януш: то рабуе і б'е гэтых «убогіх хлопкаў», то абараняе іх ад свавольства ўлад. «Двухаблічным» быў ён і ў палітыцы. Кароль і польскія саноўнікі падазравалі яго ў тайных інтрыгах супраць Польшчы. Не забылі, як некалі Януш пагражаў выкінуць палякаў праз акно. Цяпер ён гетман і ўсё ліцьвінскае войска пад ягоным началам. А час зручны. І саюзнік ёсць - Багдан Хмяльніцкі. Нібыта яны і нешта задумалі. 4 красавіка Януш Радзівіл прымаў у Слуцку паслоў Багдана Хмяльніцкага. Што за перамовы? У Варшаве ўстрывожыліся. Стала вядома і пра перапіску гетмана з Юрыем Ракашы. «А кароль і паны-рады яму не давяраюць з той прычыны: пасля заключанай дамовы і пакту былі ў яго паслы Багдана Хмяльніцкага ў маёнтку яго і банкетавалі 3 дні, і дарыў іх многімі падарункамі і адпусціў з чэсцю, а навошта да яго прыходзілі, і ён пра гэта каралю не пісаў. Ён жа, Януш Радзівіл, з Валашскім уладаром увесь час ссылаецца, а па якіх справах, гэта невядома: і апаска вялікая ў караля да яго, каб Валашскіх людзей да сябе не прывёў і рокаш не ўчыніў, і даўно ён Януш рокашам пахваляецца», - даносіў з Варшавы цару Рыгор Кунакоў[51]. Сапраўды, Януш Радзівіл рабіў захады з мэтай разрыву Люблінскай вуніі і аднаўлення поўнай незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта пра гэта вяліся перамовы з пасламі Юрыя Ракашы і Багдана Хмяльніцкага, шукаліся сувязі з Швецыяй. Караля непакоілі дзеянні Радзівіла. Нават, калі ліцьвінскае войска з-за невыплаты жалавання стварала канфедэрацыю і тое падазрэнне пала на Януша Радзівіла. Кароль лічыў, што менавіта Радзівіл падбухторваў жаўнераў да канфедэрацыі. Ян Казімір стараўся ўсяляк аслабіць Радзівіла і патрабаваў ад польнага гетмана прыслаць палову ліцьвінскага войска да кароннага. З кім тады абараняць Літву? Януш не паслухаўся караля, а звярнуўся да дзядзькі Альбрэхта Радзівіла пастаяць за правы Княства. На скліканым канцлерам пасяджэнні паны-рады апратэставалі рашэнне вялікага князя. Ян Казімір саступіў, але паспрабаваў адхіліць Януша Радзівіла ад кіраўніцтва ліцьвінскім войскам. Прасіў ён вялікага гетмана Януша Кішку выехаць у поле. Дапамагаў яму і віленскі ваявода Крыштоф Хадкевіч, які заклікаў Кішку паказаць прыклад служэння Айчыне. Але стары застаўся сядзець дома. Януш Радзівіл па-ранейшаму кіраваў войскам.

ЛОЕЎСКАЯ БІТВА

Між тым Хмяльніцкі ў чэрвені выступіў з Чыгірына на палякаў. У войска да яго збягаліся сяляне і мяшчане з усёй Украіны. І як адзначыў летапісец: «Збогатилися шарпашеною добр шляхетских и жидовских и иных людей»[52]. Да казакоў далучыўся з татарскім войскам хан Іслам-Гірэй, а за ім і 6 тысяч турак. Каля Збаража 29 чэрвеня Хмяльніцкага сустрэла польскае войска пад начальствам Фірлея і Вішнявецкага. Палякі схаваліся ва ўмацаваным лагеры і больш за месяц бараніліся, адбівалі атакі непрыяцеля. Казакі бязлітасна гналі на смерць натоўпы мужыкоў. Амаль бяззбройныя тыя ратаваліся толькі торбамі з пяском, якія вешалі на грудзі. Але калі не гінулі ад варожай кулі, дык пры ўцёках натыкаліся на казацкія шаблі. Падманутыя Хмяльніцкім мужыкі пачалі разбягацца, асабліва, калі даведаліся аб паходзе ліцьвінскага войска на Ўкраіну.

Пачаліся баі і ў Літве. Януш Радзівіл, які доўга хварэў і некалькі тыдняў праляжаў на ложку ў Берасці, а пасля адпачываў у сваім доме ў мястэчку Яшунах паблізу Вільні, тэрмінова выехаў да войска ў Рэчыцу. Трэба было спяшацца. Зноў у Літву наехалі казацкія загоны. З дарогі Радзівіл паслаў загад стольніку Вінцэнту Гасеўскаму з драгунамі і Дзёнгофу з нямецкай пяхотай ісці да Прыпяці і не даваць казакам перапраўляцца цераз раку. Але яны спазніліся. Ілля Галота на чале 3 тысячаў казакоў канеўскага палка ўжо ўступіў на Палессе. Мясцовыя сяляне правялі казакоў па балоту і тыя незаўважаныя выйшлі да Загалля. У гэтым мястэчку стаяў полк Фаленцкага. 17 чэрвеня Галота атакаваў Загаль. Стражнікі паспелі прыскакаць у мястэчка і падняць жаўнераў. Яны не сталі хавацца за шанцы і прывіталі ворага ў чыстым полі. Пэўна, казакі не чакалі такой адвагі, бо страцілі былую смеласць. Ротмістр Смольскі з 4 коннымі харугвамі наляцеў на левы край казацкіх шэрагаў. І як даносіў Януш Радзівіл каралю: «Мужна з імі спаткаўся, узяўшы іх адразу на шаблю, гэтак добра імі поле ўслаў, што і нага іх не ўшла»[53]. Падаспеў і авангард Гасеўскага, які з маршу пайшоў у бой. Казакам давялося нялёгка. Усярэдзіне іх цяснілі пешцы Данавая. Трэба было неяк ратавацца. Правы край адступіў да балота, дзе казакі хуценька пабудавалі засекі. Сюды пасля адступіў і ўвесь казацкі загон. Схаваўшыся за ўмацаванні, казакі адбілі дзве атакі. Але было ясна, што не выстаяць. Ноччу казакі праз балота ўцяклі да Прыпяці. Каб не абцяжарваць сябе, пакінулі параненых, а сярод іх і свайго водцу Галоту. Раніцай жаўнеры знайшлі ледзь жывога Галоту і дабілі яго. Забітых казакоў налічылі 1600, а ліцьвіны страцілі 216 чалавек.

Параза Галоты ўстрывожыла Багдана Хмяльніцкага. Шлях ліцьвінскаму войску на Кіеў быў адкрыты. Прынамсі, палякі, каб раздзяліць сілы Хмяльніцкага, распускалі пагалоскі, што Радзівіл ужо стаіць пад Кіевам. Хмяльніцкі тэрмінова паслаў у Літву 6-тысячны чарнігаўскі полк на чале з Гаркушам і Пабадайлам. Ім ставілася мэта заняць пераправу цераз Дняпро каля Лоева і не пускаць ліцьвінаў на Ўкраіну. Наколькі Хмяльніцкі баяўся ліцьвінскага ўдару, яскрава сведчыць тое, што ў разгар баёў пад Збаражам ён выправіў яшчэ кіеўскі, чарнабыльскі, оўруцкі палкі (колькасцю 17 500 чалавек) на дапамогу чарнігаўцам. Агульнае кіраванне ўсімі палкамі гетман даручыў свайму бліжэйшаму паплечніку Станіславу Міхайлу Крычаўскаму. Паходзіў Крычаўскі з ліцьвінскай шляхты і нарадзіўся ў вёсачцы Крычаў, што ў Берасцейскім павеце. Смеласцю і яснай галавой даслужыўся ён да палкоўніка чыгірынскага. Сябраваў з Хмяльніцкім, быў нават кумам яму. А калі Багдана кінулі ў вязніцу, узяў яго на парукі. Хмяльніцкі не забыў такой паслугі, назначыў кіеўскім палкоўнікам. Станіслаў перахрысціўся ў праваслаўе і стаў Міхайлам.

Пра выправу Крычаўскага Радзівіл даведаўся ад палоннага казака, узятага пад Загаллем. Са Слуцка Януш адправіўся да Рэчыцы. Прыбыў туды 2 ліпеня. Становішча войска не радавала. Меў гетман 5965 чалавек (822 гусара, 360 рэйтараў, 1350 казакоў, 1423 драгуна, 1310 нямецкай, 700 вугорскай і польскай пяхоты)[54]. Сіл не хапала. Бракавала пораху, куль. Але трэба ваяваць. Дакладных звестак пра паўстанцаў не дастаць. «З-за хітрай і атрутнай халопскай злосці ніякіх папярэджанняў і звестак нельга атрымаць: хоць палі іх, але ні шпікаў, ні віжаў здабыць не можам», - прызнаваўся Радзівіл каралю[55]. З-пад Гомеля вярнулася харугва і нічога не выведала. Немцы, якія ішлі ў ёй, за дзве мілі да горада павярнулі назад. У апусцелых сёлах не пажывішся, а наймаліся немцы дзеля рабавання. Гэтак «невідушчым» Радзівіл 18 ліпеня выступіў з Рэчыцы, пакінуўшы ў горадзе тысячны гарнізон. Мэтай было загарадзіць казакам шлях у Літву. Сумнае відовішча бачыў гетман. «Усе тутэйшыя воласці перайшлі на бок бунтаўшчыкоў: усюды пустэча, палі не сеяны, а калі чэлядзь выязджае па валасцях для жыўнасці, сама становіцца стравай ненасытнай акрутнасці непрыяцельскай», - пісаў Радзівіл каралю[56].

Віжы данеслі, што чарнігаўскі полк стаіць супраць Лоева паміж Дняпром і Сожам. Рэчкі ахоўвалі казацкі лагер з трох бакоў. А берагі казакі ўмацоўвалі валамі, лоеўскі замак спалілі. Пачувалі сябе ў бяспецы. Радзівіл з аховай асабіста паехаў да горада на віжаванне. Ды нечакана нарваліся на казацкі загон. Давялося вяртацца назад. Па-ранейшаму нічога гетман не ведаў пра Крычаўскага, а таму лічыў, што ён яшчэ далёка ад ліцьвінскай мяжы. І пакуль не падышлі астатнія казацкія палкі, вырашыў даць бой чарнігаўскаму. Пяхота пад началам Вінцэнта Гасеўскага села на байдакі і паплыла ўніз па Дняпры. На караблях везлі гуляй-гарадкі, за якія можна было схавацца ад непрыяцельскага агню. Конніца і артылерыя ішлі ўздоўж берага. Насупраць казацкага стана Радзівіл спыніў войска ў лесе, не выкрываў сябе і чакаў пяхоту. Тая спазнілася і прыплыла толькі к вечару. І ўсё ж бой пачаўся. З байдакоў жаўнеры абстрэльвалі непрыяцельскі лагер. Казакі таксама стралялі і не падпускалі байдакі да берега. Больш за гадзіну доўжылася гэтая перастрэлка, пакуль не апусцілася ноч. Пешцы высадзіліся на другім беразе Дняпра і размясціліся там.

Каб даведацца пра войска Крычаўскага, гетман выслаў да Мазыра конную харугву на чале з паручнікам Паўшам. Апоўначы Радзівіл павёў войска далей пад самы Лоеў. Цэлы дзень патрацілі на ўстанаўленне батарэі. Пад вечар прыбылі астатнія байдакі. Пешцы адразу ж прыняліся насыпаць шанцы. З абодвух берагоў палілі гарматы. Ад прамой атакі на казакоў гетман адмовіўся. Вырашыў у некалькіх мілях ад Лоева ноччу пераправіць на чаўнах пяхоту і некалькі конных харугваў, каб казакі раздваілі свае сілы, а пасля самому пад агнём гармат фарсіраваць на байдаках Дняпро і ўдарыць па казацкім стане. Перад самым боем з Рэчыцы прыляцеў на кані вястун. Навіну прывёз ён і чаканую і нечаканую. Войска Крычаўскага ўжо пераправілася цераз Прыпяць і накіроўваецца на Рэчыцу. Ворага гетман чакаў, але вось не чакаў, што ён з'явіцца гэтак незаўважана і раптоўна.

Сапраўды, Крычаўскі падмануў пільнасць Радзівіла. Спакойна некалькі дзён перапраўляўся цераз раку каля Бабіч і сабраў вакол сябе не адну тысячу паўстанцаў. Вёў за сабой «казакоў і гультайства 40.000 чалавек»[57]. У той жа дзень вярнуўся з-пад Мазыра Паўша і пацвердзіў звесткі: Крычаўскі на гэтым беразе. Радзівіл адмяніў бой. Да Рэчыцы паслаў восем соцень вершнікаў пад зверхнасцю Адама Паўловіча. Пад Брагін адправіўся таксама конны аддзел Самуіла Камароўскага цікаваць непрыяцеля. Паспешліва насыпаліся валы вакол стана, расстаўляліся гарматы. Як адчуваў гетман, што Крычаўскі прыйдзе сюды шукаць перамогу. Не памыліўся. У Холмачы, які ўзялі казакі, Крычаўскі даведаўся, дзе стаіць Радзівіл. На палове дарогі да Рэчыцы Крычаўскі павярнуў да Лоева. Сяляне правялі казакоў праз лясы прама да ліцьвінскага стана і спыніліся ў мілі ад яго. Раз'езд Камароўскага не заўважыў казакоў. Не ведалі пра ворага і ў Радзівіла. Крычаўскі рыхтаваўся назаўтра напасці на ліцьвінаў. Аднак з Холмача да гетмана прыбеглі некалькі чалавек і папярэдзілі пра небяспеку.

Раніцай 31 ліпеня Радзівіл у суправаджэнні Мірскага і Тызенгаўза аб'ехаў стан і агледзеў валы. За гэтым заняткам і знайшоў яго віж. Паведаміў, што Крычаўскі павёў войска ў бой. Гетман загадаў жаўнерам выходзіць у поле для сустрэчы ворага. Яшчэ не закончылі шыхавацца, як з лесу выскачылі першыя казацкія аддзелы. Пэўна, Крычаўскі хацеў адным ударам разбіць ліцьвінаў і ў гэты ўдар сабраў усю сваю моц. Казакі верылі ў перамогу і кожны прыхапіў арканы вязаць гетманскіх людзей.

Дзесяцітысячная конная лава імчалася на войска Радзівіла. Казакі захлёбваліся ў ваяўнічых крыках, «да якіх і галасы звычайныя татарскія: Гала! Гала! прыдаваліся», - як пісаў гетман[58]. І цяжка было стрымаць гэтую раз'ятраную лаву. Аж да брамы ліцьвінскага стана прарваліся казакі. І ўсё ж вывучка і мужнасць жаўнераў перамагла адвагу і запал паўстанцаў. Вугорскія пешцы і гетманская харугва прынялі на сябе ўдар. Некалькі дзесяткаў пешцаў заселі ў млыне і адтуль білі па нападаючых кулямі. Каля стана завязаўся бой. У гэты час на правым краю гусарскія харугвы пад началам Паўла Невяроўскага пагналі казакоў з поля. Крычаўскі перашыхаваўся і галоўны ўдар нанёс па левым краю ліцьвінскага войска, а пасля адступіў. Жаўнеры, паддаючыся на хітры манеўр казакоў, праследавалі іх і адарваліся ад галоўных сіл. Узнікла пагроза выхаду казакоў у тыл правага краю ліцьвінскага войска. Становішча выратаваў са сваім аддзелам Камароўскі, як прызнаўся Януш Радзівіл, дзякуючы «асаблівай справе Боскай»[59]. Камароўскі вяртаўся з-пад Брагіна. А калі непадалёк ад стана пачуў гарматныя і мушкетныя стрэлы, здагадаўся, што вораг ужо тут.

З дарогі харугвы паскакалі ў бой і ўдарылі прама ў тыл казацкаму войску. «Там шчыра юнакі паказалі, што ручная брань можа, густа класці трупы», - адзначаў Януш Радзівіл[60]. Крычаўскі запанікаваў і пачаў адводзіць войска да лесу. Ліцьвіны насядалі на паўстанцаў. На левым краю, дзе кіраваў Вінцэнт Гасеўскі, непрыяцель, паводле слоў Радзівіла, «быў знішчаны і высечаны ў пень»[61]. Схаваўшыся ў лесе, паўстанцы за чвэрць гадзіны зрабілі засекі з дрэў, нават кодабы забітых людзей і коней наклалі на ўмацаванні.

Гэта яшчэ не была перамога. Гетману паведамілі, што Пабадайла ніжэй Лоева пераправіўся цераз Дняпро і збіраецца на дапамогу Крычаўскаму. Каб ведаў пра гэта сам Крычаўскі, пэўна, паўтарыў бы атаку на ліцьвінскае войска. На сваю бяду абодва казацкія правадыры дзейнічалі няўзгоднена. Гэтым і скарыстаўся Радзівіл. Гетман не адвёў войска з поля і даў зразумець Крычаўскаму, што рыхтуецца да атакі, але частку жаўнераў на чале з Дзенгофам паслаў на Пабадайлу. І там казакі паспелі акапацца. Двойчы жаўнеры штурмавалі шанцы. Казакі адчайна адбіваліся. Сам Радзівіл з некалькімі коннымі харугвамі і гарматамі кінуўся дапамагаць. Агонь гармат расчысціў дарогу сярод шанцаў. Атака пяхоты і конніцы вымусіла казакоў да ўцёкаў. Яны, хто на байдаках, хто ўплаў, кінуліся цераз раку. Гарматы і пяхота з мушкетаў абстралялі ўцекачоў. «Вясёлым відовішчам» назваў гэты расстрэл Януш Радзівіл[62]. З трох тысяч казакоў да берага дабралася ці не трыста чалавек. Пабадайла выйшаў з бою. Але і гэта яшчэ не была перамога. Палонныя прызналіся гетману, што казацкі абоз падыходзіць да поля бою. Везлі гарматы. І Радзівіл вырашыў пазбавіць паўстанцаў артылерыі. За справу ўзяўся Вінцэнт Гасеўскі з пяццю коннымі харугвамі і адной пяхотнай. Імклівым маршам ліцьвіны выйшлі насустрач абозу і захапілі яго. Чвэрць мілі не хапіла, каб гарматы прыбылі да паўстанцаў.

Крычаўскі паспрабаваў выправіць становішча і вырваць перамогу. Казакі выступілі з лесу. Радзівіл дзейнічаў рашуча. Адразу рушыў свае харугвы ў бой. Падаспела і нямецкая пяхота Ацэнгаўза, якая знаходзілася на тым беразе Дняпра, і вось пераправілася назад. Гэтай атакі казакі не вытрымалі і ўцякалі да свайго табара, пакінуўшы засекі. Да вечара дзве гадзіны штурмавала ліцьвінскае войска казацкі табар. Ноч суняла гэтую крывавую бітву. Радзівіл адвёў жаўнераў у свой стан. Пераможцам сябе гетман не лічыў. Вораг па-ранейшаму быў моцным колькаснай перавагай, таму Радзівіл чакаў начнога нападу. Крыкі і шум, якія даносіліся з непрыяцельскага табара, пацвярджалі здагадку.

Па загаду гетмана запалілі хату, што стаяла каля стана. Пажар асвяціў ноч. Узмацніў і варту. Аднак дарэмна хваляваўся Радзівіл. Не пра бой думалі паўстанцы. Няўдача ў бітве адняла ў іх мужнасць. І як толькі яны пачулі лязгат зброі і конскае ржанне, дык вырашылі, што ліцьвінскае войска пайшло на іх. А гэта выехала з лагера начная варта. Фатальная недарэчнасць. Але паўстанцы так напужаліся толькі адной думкі пра ліцьвінскі напад, што пабеглі ратавацца. Віжы, пасланыя на даведкі, данеслі Радзівілу, што казацкі лагер апусцеў. Гетман паслаў туды харугву з Мірскім, а да жаўнераў далучыліся і абознікі ў надзеі пажывіцца чым-небудзь. Сама галоўным трафеем стаў сам правадыр казацкага войска Станіслаў Міхайла Крычаўскі. Падчас бітвы куля ўдарыла яму пад вока. Смяротная рана не дазволіла трымаць войска ва ўладзе. А паўстанцы кінулі свайго водцу. Слаўны воін марудна паміраў у адзіноце, пакінуты тымі, за каго ён змагаўся. Крычаўскі прызнаўся, што меў 30 тысяч чалавек, але не спадзяваўся застаць ліцьвінскае войска ў такой гатоўнасці. Пужаў гетмана новай раццю ў 30 тысяч казакоў і 15 тысяч татараў, якую павінен напусціць на Літву Багдан Хмяльніцкі. І, упаўшы ў гарачку, ён трызніў над сваім горам: «Альбо тое ладна трыццаць тысяч страціць»[63]. Гэтак са скрухай і памёр казацкі герой. «Тое толькі жаласліва, што не ўзяў ён заслужанай расплаты», - шкадаваў Радзівіл[64]. Згінула і войска Крычаўскага. Сем тысяч забітых, астатнія разбегліся хто куды. Літва была выратавана ад чарговага крывавага бунту. Але на Кіеў, як таго патрабаваў кароль, Радзівіл не пайшоў. Падставы, здавалася, важкія: «недастатак перашкаджае дзейнасці»[65], недаставала прадуктаў, грошай, зброі і пораху (засталося толькі тры дзежкі). А таму 5 жніўня гетман з войскам вярнуўся ў Рэчыцу. Ды хіба нельга было з рэчыцкага абозу прывесці таго, чаго не хапала? Вось пытанне. Пэўна, Радзівіл не жадаў падтрымаць польскае войска, якое пад Зборавам акружылі казакі. Ратаваць Карону крывёю ліцьвінаў? - навошта. Не дараваў Януш даўняй крыўды палякам. І вось цяпер пакінуў іх без дапамогі. Мабыць, гэта галоўная прычына, чаму ліцьвінскае войска не напала на Ўкраіну. А палякі бясслаўна цярпелі адну паразу за другой. Шляхта і паны палахліва хаваліся ў абозе. Сам кароль выганяў іх на бой. Пахолкі* і чэлядзь білася за шляхту. Недарэмна смяяліся з гэтага воінства. Палова войска ўвогуле не з'явілася. Жаўнеры лазілі па сёлах і шляхецкім маёнткам і рабавалі іх. «І пра тое цяпер у Польшчы і Літве смех вялікі, што ляхі хаваюцца пад вазы і на вазы, а біцца не хочуць: і рысі і саболей сваіх мяняюць на сярмягі, а пры гэтым і шляхецтва на хлопства», - даносіў у Маскву Рыгор Кунакоў[66]. Пэўна, і цяпер польскае войска было б разгромлена, каб не крымскі хан Іслам-Гірэй. Ён карыстаўся старой ардынскай тактыкай: не даваць перавагі ніводнаму з ваюючых бакоў, каб вайна ішла як мага даўжэй. А гэта дазваляла Крыму нажывацца. Ахвотна прыняў хан прапанову кароннага гетмана Юрыя Асалінскага пачаць перамовы. «Адзіным правільным словам», - назваў хан абяцанне караля выплаціць Крыму ўпамінкі ў 200 тысяч злотых і штогод прысылаць 90 тысяч[67]. Шэраг умоў хан выгаварыў і для Хмяльніцкага: запарожскае войска будзе 40 тысяч, спісы складае гетман, Чыгірын становіцца валоданнем запарожскага гетмана, дараванне казакам і шляхце, якая ўдзельнічала ў паўстанні (пра сялян і забылі), пасады ў Кіеўскім, Чарнігаўскім і Брацлаўскім ваяводствах займае толькі тутэйшая праваслаўная шляхта, езуітам забараняецца знаходзіцца ў Кіеве і другіх гарадах, дзе ёсць «рускія» школкі. «Народны змагар» пакорліва на каленях перапрашаў Яна Казіміра за паўстанне. Маўляў, не супраць яго міласці падняліся казакі, а супраць шляхты. Кароль міласціва дараваў казацкаму гетману і даў пацалаваць яму сваю руку.

    * Пахолкі - простыя воіны, прыслуга шляхты.

11 жніўня абодва войскі разышліся. Каралеўскія красамоўнікі распісалі «слаўны паход, пераможны поспех і вельмі выгаднае перамір'е з ворагамі святлейшага і магутнейшага князя і гаспадара Яна Казіміра». Толькі відавочцы гэтага «слаўнага паходу» саркастычна заўважылі: «Хвалімся як можам»[68]. Хоць пустой пахвальбой зменшыць ганьбу. І адзін, хто заслужыў у Рэчы Паспалітай высокіх эпітэтаў, быў польны гетман літоўскі. «Вялікі Радзівіл», - з захапленнем апяваў яго паэт Самуіл Твардоўскі[69]. На сойме, які адбываўся напрыканцы года ў Варшаве, Януш кінуў пад ногі караля 50 казацкіх харугваў, узятых пад Лоевам. А за перамогу атрымаў ён у дзедзічнае валоданне Невель, Себеж і Краснае. Гэтым наданнем кароль хацеў задобрыць Радзівіла, каб адмовіўся ён ад сваіх планаў адасаблення Княства ад Кароны.

Але не «падкупіў» Януша. Там жа, у Варшаве, Радзівіл сустрэўся з пасламі Ракашы і пацвердзіў сваё ранейшае слова быць з ім. А калі князь нападзе на палякаў, дык ён, гетман, маючы падрыхтаванае войска, учыніць так, як пойдзе справа. Раіў Ракашы заключыць пагадненне з Хмяльніцкім, каб не чапаў Літвы і дзейнічаць супраць Польшчы разам - Радзівіл, Хмяльніцкі і Ракашы.

КІЕЎСКІ ТРЫУМФ

Нядоўга пратрымалася Збораўскае пагадненне. Вымушаныя ўступкі казакам не падабаліся шляхце, якая хацела гаспадарыць на Ўкраіне. Незадаволенымі засталіся і сяляне. Змагаліся-змагаліся... і зноў несці панскае ярмо. Тыя, хто не трапіў у запаветны рэестр, павінны былі потам і мазалём карміць паноў. Сяляне хваляваліся, уцякалі да казакоў, нападалі на шляхту. Хмяльніцкі як не лютаваў супраць іх, вешаў і саджаў на палю, але да пакоры не схіліў. Пагражалі яму выбраць другога гетмана. «Яны заб'юць мяне, а на палякаў усё ж падымуцца», - прызнаваўся Хмяльніцкі[70]. Не задаволіліся вынікамі вайны і праваслаўныя іерархі: царкоўная вунія не ліквідавана, кіеўскі мітрапаліт Сілавестр Косаў не стаў сенатарам.

Хмяльніцкі нават і не ведаў, што яму рабіць, як супакоіць сялян, як задобрыць шляхту, як утрымацца пры гетманстве. Волю сяляне разумелі гэтак: нічога не рабіць і штодня піць. Гулялі і казакі. Прапівалі і прайгравалі ў карты зброю, а пасля ехалі рабаваць сялян, каб зноў піць і прайграваць. Сяляне ўжо пачалі наракаць на такую волю: «Дзесяць разоў выбралі б мы ляхаў, чым казакоў, бо, аддаўшы пану чынш, былі б ад усяго вольнымі, а цяпер хто прыедзе, той бярэ, а справядлівасці няма»[71]. Ніхто не прадбачыў наступны крок ап'янелага ад улады «казацкага бацькі». Не дарэмна спявалі пра яго кабзары:

«Тілько Бог святый знае,
Што Хмялницький думае-гадае»[72].

Ён то пасціўся і маліўся, праліваў слёзы перад абразамі, то клікаў да сябе бабак - вядзьмарак, якія гадалі яму будучыню, то піў дні запар і распяваў сачыненыя ім думы, то гнеўна караў, то міласціва жалаваў. Сам не радаваўся, што запаліў такі агонь. На чэрнь не спадзяваўся, шукаў саюзнікаў. Ён то пагражаў вайной Масковіі, злосны на цара: «...А я ўсе гарады маскоўскія і Маскву зламаю», то, ачуняўшы ад п'янкі, слёзна плакаўся царскаму паслу: «Я вялікаму гасудару гатовы служыць, дзе ні загадае»[73]. То хацеў Багдан паддацца пад уладу турэцкаму султану і стаць пад яго апёкай князем рускім. То прызнаваўся валашскім паслам у жаданні прагнаць з каралеўскага пасада Яна Казіміра і пасадзіць на каралеўства Юрыя Ракашы. А ў выніку пайшоў на малдаўскага гаспадара Базыля Магілу-Лупулу.

Нагадаў Хмяльніцкі абяцанне гаспадара выдаць дачку за яго сына і вось патрабаваў выканання слова. «Калі ты не выдасі сваёй дачкі за майго сына, дык я пашлю да цябе сто тысяч сватоў», - прыгразіў Хмяльніцкі гаспадару[74]. І паскардзіўся султану, маўляў, Лупул, спадзеючыся на Радзівіла, задумаў вызваліцца ад турэцкай улады. Султан рушыў на дапамогу Хмяльніцкаму татараў. Польскае войска, якое стаяла каля Камянца-Падольскага, ухілілася ад бою і прапусціла «сватаў» у Малдавію. А няшчасны Лупул схаваўся з сям'ёй у лясным гушчары. Ягоныя ваяры з высокіх букаў глядзелі на пажар Ясаў. Лупул адкупіўся за 300 000 талераў і згодай аддаць дачку за маладога Хмяльніцкага. Гэтая падзея закранула Януша Радзівіла. На яго цесця падняўся Хмяльніцкі, а кароль выдаў яго на расправу. Мабыць, Ян Казімір наўмысна не дапамог Лупулу. Баяўся кароль і сепаратнай дамовы паміж Янушам Радзівілам і Багданам Хмяльніцкім. А цяпер Хмяльніцкі стаў асабістым ворагам Радзівіла. А гэта і было патрэбна Яну Казіміру.

І вось 24 студзеня 1650 года большасцю галасоў сойм абвясціў вайну. Паноў і шляхту абурылі новыя патрабаванні казакоў: каб у Чарнігаўскім, Кіеўскім і Брацлаўскім ваяводствах паны не мелі ўлады над сялянамі, а таксама ліквідацыі царкоўнай вуніі.

Вайна пачалася ўдала для палякаў. Польскае войска пад зверхнасцю Мікалая Патоцкага, які вярнуўся з татарскага палону, у лютым 1651 года разбіла буйны казацкі аддзел палкоўніка Нячая. Казакі п'янствавалі, гулялі, а ворага не чакалі. П'яных іх і пасеклі. Абрадаваны гэтай перамогай Ян Казімір сам узначаліў паспалітае рушэнне. Легат прывёз каралю ад папы Інакенція Х асвячоны меч. Праваслаўныя святары таксама з урачыстасцямі выправадзілі на вайну свайго «абаронцу веры». Карынфскі мітрапаліт Іасаф паднёс Хмяльніцкаму меч, асвячоны на Хрыстовай труне, і блаславіў казакоў. У паход на палякаў пайшоў і крымскі хан Іслам-Гірэй.

Апасаўся Хмяльніцкі «болей за ўсё небяспекі ад Княства Літоўскага»[75]. І вельмі злаваўся на Януша Радзівіла за тое, што не прыслаў пасольства. За абедам у прысутнасці каралеўскіх пасланцаў лаяў так Радзівіла, што Лупулаў пляменнік падняўся з-за стала. Злосць Хмяльніцкага на Радзівіла зразумелая, спадзяваўся прымірыцца з ліцьвінскім гетманам. А паслы ад Радзівіла не прыехалі, значыць, ён збіраўся ваяваць супраць казакоў. А сілу ліцьвінскага войска Хмяльніцкі ўжо ведаў і чакаў паходу на Кіеў. На пераправах цераз Дняпро ў раёне Лоева Хмяльніцкі трымаў каля 50 тысяч казакоў, якімі кіраваў чарнігаўскі палкоўнік Мартын Нябаба. Крывавы кат, які спаліў Астрог, а 20 тысяч жыхароў загадаў забіць і аддаць у татарскую няволю. З казакамі было і 12 тысяч татараў. Свой паход да ліцьвінскай мяжы казацка-татарская арда адзначала агнём і мячом. «А яны ідучы ўсё спусташаюць дазвання, нібыта ніколі нічога нідзе не бывала», - сведчыў набліжоны да Хмяльніцкага манах Павел[76]. Хмяльніцкі не верыў, што гэты заслон можа затрымаць ліцьвінаў. Таму вырашыў нанесці ўдар у тыл ліцьвінскага войска. Казацкія загоны павінны былі праз бранскія землі, якія ўваходзілі ў склад Масковіі, абысці Літву з усходу і напасці на Смаленшчыну, Полаччыну і Падняпроўе, падняць там на мяцеж сялян. Адначасова і Мартын Нябаба пяройдзе ў наступ і Радзівіл апынецца паміж двух агнёў. Такім быў план Хмяльніцкага. Ажыццяўленне яго патрабавала значных сіл, але Хмяльніцкі не шкадаваў іх. Цар Аляксей Міхайлавіч задаволіў просьбу Хмяльніцкага і прапусціў казацкія загоны.

Вайсковыя дзеі ў Літве пачаліся ў траўні. Казацкія загоны напалі на ліцьвінскія заставы, што баранілі пераправы цераз Прыпяць і Дняпро. Паводле данясенняў казацкіх палкоўнікаў свайму правадыру, пабілі яны «літоўскіх людзей» у першым баі тысячу, а ў другіх - дзве тысячы. Нябаба адправіў на Гомель восем тысяч казакоў. «Пайдзіце, малайцы, да родных і здабывайце тых мяшчан ляхаў у Гомелі, якіх здабудзеце, усіх у пень высекайце, ніводнага не пакідайце ў жывых. Месца спаліце, а пасля ў Быхаў ідзіце, яго здабывайце, аднак магілеўцам крыўды не чыніце. А калі да трох разоў Гомеля не здабудзеце, тады да мяне па гарматы хутчэй прысылайце»[77]. Гомель казакі не ўзялі. Хаця першы штурм ледзь не закончыўся іхняй перамогай. Некалькі заваёўнікаў уварваліся на замкавыя сцены, аднак моцнай стральбой абаронцы прагналі ворага. Цяпер ужо і мяшчане, якія ведалі кошт казацкай улады, абаранялі свой горад і дапамагалі гарнізону. Не ясна, хто паведаміў Янушу Радзівілу, што з-за здрады сямі чалавек «нашы ўсіх мяшчан павысякалі»[78]. У рэляцыі аб гомельскай аблозе, напісанай удзельнікам абароны, гэты эпізод не нагадваецца, а, наадварот, падкрэсліваецца дапамога мяшчан[79]. Пэўна, Радзівіла недакладна праінфармавалі.

Больш за 15 разоў хадзілі казакі на штурм Гомеля і кожны раз, як чулі стрэлы гармат, беглі назад.

Аднак Хмяльніцкі яшчэ спадзяваўся на мірнае пагадненне з Радзівілам і паслаў да яго Сцяпана Пабадайлу. Пэўна, таму Нябаба загадаў зняць аблогу з Гомеля. 9 чэрвеня казакі адступілі ад горада. Так спяшаліся пераправіцца цераз Сож, што перакулілі паром, і шмат іх патанула.

Між тым палкоўнік Іван Шохаў з 4 тысячамі казакоў і 500 татараў праз Бранскі ўезд уварваліся з усходу ў Літву. Адсюль нападу не чакалі. Без бою казакі ўзялі Рослаў. «Гэтае полымя і нас насцігае; усюды пачалі бунтаваць сяляне», - паведамляў каралю смаленскі ваяводзіч[80]. Паўстанне ахапіла Ўсходнюю Літву. План Хмяльніцкага, здавалася, ажыццявіўся - ліцьвінскае войска апынулася пад двайным ударам.

Радзівіл трапіў у складанае становішча. Калі вясной ён прыбыў у Бабруйск, дык знайшоў тут толькі палову войска. Давялося зноў рассылаць універсалы да шляхты. А яна збіралася, як на вайну, - павольна і без ахвоты. А то проста раз'язджалася з лагера па дамах, як гэта зрабіла наваградская харугва. Позна паступілі грошы для жаўнераў. Травень Януш Радзівіл працаваў у Менску ў камісіі па выплаце жалавання. За ўсімі гэтымі справамі войска не магло выступіць у паход раней чэрвеня. Яно так і не дасягнула ўстаноўленай лічбы 15 тысяч, сабралася толькі 13 700 чалавек[81]. А тут яшчэ кароль патрабаваў да сябе тры тысячы жаўнераў. Януш і на гэты раз не выканаў каралеўскі загад, нават і да паноў-рады не звяртаўся. Яго абавязак - абарона Літвы, але не Польшчы. Каронны падканцлер пісаў гетману, што ўгневаны Ян Казімір больш яму не верыць і верыць не хоча. Кароль саступіў гетману і даваў яму поўную волю дзеяў: «Як час і абставіны вайсковыя кажуць»[82].

Паўстанне на ўсходзе Літвы не змяніла рашэння Радзівіла ісці на Кіеў. Гетман абмежаваўся пасылкай аддзела (300 вершнікаў і 600 пешцаў) Вэйса на дапамогу Крычаву, які абклалі паўстанцы. Не распыляў сілы, яны патрэбны былі для вялікай справы - заваёвы Кіева. Так, «вялікай», бо Януш, веручы ў перамогу, хацеў праславіць сябе. Запрасіў суправаджаць яго галандскага мастака Абрахама ван Вестэрфельда, які павінен быў пэндзлем увекавечыць слаўныя подзвігі і дзеянні Януша Радзівіла.

Напрыканцы чэрвеня войска ўздоўж Дняпра рушыла ў паход на Кіеў. На пераправе цераз Дняпро каля Лоева ліцьвінаў чакаў Нябаба на чале 15 000 казакоў. Ліцьвінскае войска па правым беразе падступіла пад Лоеў. Тут Радзівіл сустрэўся з пасламі Хмяльніцкага. Сцяпан Пабадайла перадаў гетману ліст казацкага правадыра. Радзівіл здзівіўся заяўленням Хмяльніцкага, што казакі заўжды былі ў добрых стасунках з Літвой. Багдан прасіў не весці на Ўкраіну войска, а ён загадае казакам пакінуць Літву. Двухаблічны Януш чакаў, чым закончыцца бітва пад Берасцечкам. Дзейнічаў па свайму прынцыпу «як пойдзе справа». Справа павярнулася на карысць палякаў. Цяпер, каб пазбегнуць падазрэнняў у здрадзе, трэба было ісці на Хмяльніцкага. Паслам ён адказаў, што Літва з Польшчай складаюць Рэч Паспалітую і нельга забыць адно, каб з другой не мець дачынення.

Якраз з Смаленска прыехалі прасіць дапамогу. Гетман на вачах паслоў нарадзіў пад Смаленск аддзел у 2500 чалавек з Мірскім на чале. Паслы і адправіліся да Нябабы з навінай, што Радзівіл раздзяліў сваё войска. А сапраўды Мірскі 6 ліпеня каля Гомеля патаемна пераправіўся цераз Сож і зайшоў у тыл казацкай варце, якая п'янствавала сабе на загубу. Раптоўны напад на казакоў прынёс ліцьвінам перамогу. Пераправа была вызвалена ад непрыяцеля. Радзівіл без перашкод пераправіў астатняе войска на другі бераг Дняпра. Да Нябабы прыбеглі ўцекачы і паведамілі: «Ляхі прыйшлі на тое месца, дзе была наша залога, але не многа ляхаў»[83]. Нябаба і сам бавіўся п'янкамі і ў хмяльным запале павёў 15-тысячнае войска ў бой. І не ведаў, што Радзівіл ужо чакае яго ў баявым шыхце. Каля сяла Рэпкі казакі наляцелі на аддзел Мірскага. А Радзівілу надарылася магчымасць ударыць у фланг казацкаму войску, і ён ударыў. Так імкліва наляцеў на казакоў, што тыя не паспелі і залпу стрэліць. Завязалася сеча. Пад Нябабам забілі каня, ён пабег, але ў цяжкім панцыры далёка не пабяжыш. Палкоўніка дагналі два жаўнеры. Паранены ў правую руку, Нябаба з шабляй у левай руцэ адчайна абараняўся, пакуль засечаны не ўпаў на зямлю. Рэшткі казацкага войска з палкоўнікамі Пабадайлам, Ліцьвіненка і Шумейка ўцяклі ў Чарнігаў. Радзівіл не праследаваў іх, а заняў Любеч. Толькі адзін аддзел пайшоў на Чарнігаў, і то таму, што мяшчане абяцалі здаць горад. Дарэмна спадзяваліся, бо казакі не паддаліся мяшчанам і гатовы былі змагацца. А Януш не хацеў траціць час і сілы па «дробязях» - наперадзе быў Кіеў. Тым часам падышоў з 5-тысячным аддзелам Вінцэнт Гасеўскі. Ён ахоўваў Прыпяць, а пасля таксама, выступіў на Ўкраіну. Пад Чарнобылем ліцьвіны разграмілі 6-тысячны загон Філона Гаркушы. Так што знікла пагроза флангавага ўдару па войску. Дарога на Кіеў ляжала ў ног Януша Радзівіла. Хто і стаў бы на ёй, дык гетман сагнаў бы яго - сіл хапала. Без тых аддзелаў, якія засталіся вартаваць пераправы і тыл, Радзівіл меў 9 тысяч жаўнераў. А Кіеў пакорліва чакаў Януша Радзівіла. Жорсткасць гетмана ведалі, і кіеўляне пужаліся, каб не заплаціць жыццём за ганарлівасць. Толькі пакорлівасць выратуе горад. Мітрапаліт Сільвестр Косаў ад імя кіеўлян прыслаў да Януша Радзівіла прашэнне, каб «воинских людзей для обереганья Киева послал, а они во всей королевской воле быти хотят»[84]. Радзівіл рушыў на Кіеў. Па правым беразе Дняпра ішоў ён, а па левым - Гасеўскі.

А на ўсходзе Літвы паўстанцы грамілі шляхту. Паў Крычаў. 9 ліпеня паўстанцы каля Амсціслава перамаглі апалчэнне віцебскай, варшанскай і амсціслаўскай шляхты. Падступілі яны і пад Амсціслаў, але не ўзялі горад.

А на Ўкраіне пад Берасцечкам сустрэліся ўкраінскае і польскае войскі. 30 чэрвеня паміж імі адбылася бітва. І на гэты раз Хмяльніцкага выдаў крымскі хан, які пабег з поля сечы. Хмяльніцкі кінуўся за сваім саюзікам, каб угаварыць яго вярнуцца на поле, а Іслам-Гірэй захапіў таго з сабой. Казакі не ведалі пра гэта. Наступным днём яны з жахам убачылі, што ні гетмана, ні палкоўнікаў няма ў табары - уцяклі. І войска распалася. Як па загаду ўсе рвануліся да плаціны на другі бераг рэчкі. Плаціна разламалася і сотні людзей паляцелі ў ваду.

Палякі аж самі спужаліся ад гучных крыкаў і незразумелых уцёкаў непрыяцеля. Думалі, што казакі завабліваюць іх у пастку. Але прыбеглі ў польскі стан палонныя шляхціцы і распавялі праўду. Вось тады жаўнеры і чэлядзь рушылі да казацкага стана. Ніякія мольбы аб літасці, ніякія апраўданні, што яны мужыкі з чэрні, не змягчылі жаўнерскія сэрцы. Многія з казакоў тапіліся ў рэчцы. Тры тысячы засела на пагорку і цэлы дзень абараняліся, пакуль не загінулі ўсе. «Хто можа мовіць: мы перамаглі непрыяцеля? Сам Бог скінуў іх!», - не верылі ў перамогу палякі[85]. Выкарыстаць яе не здолелі. Паспалітае рушэнне патрабавала роспуску па дамах. «Мы ўжо два тыдні добра паслужылі»[86]. Кароль не ўмацаваў баявы дух шляхты - яны жадалі адпачываць. Многія з іх і шаблі не вынімалі з похваў. А ўцякалі з лагера з такім імпэтам, што цэлы полк не спыніў іх на пераправе цераз раку Стыр. Беглі харугвамі. Закончыць вайну кароль даручыў Мікалаю Патоцкаму, а сам таксама з'ехаў дадому ў Варшаву. Патоцкі павёў 18-тысячнае войска на Ўкраіну. Але з кожным днём падаў дух і ў жаўнераў. Край быў спустошаны. А як дабраліся да мястэчка Трылісы, дык выразалі дзве тысячы мяшчан - напіліся па горла крыві. Мястэчка пакрылі попелам.

Казацкага правадыра трымаў у няволі крымскі хан, як апошняга халопа, лаяў яго: «За цябе, кляты гяўр, я панёс ганебную паразу. Ты мне нагаварыў, што ў іх мала войска, я і паверыў табе, а сапраўды, дык у іх войска больш, чым у цябе і ў мяне»[87]. Хан патрабаваў платы за страты і пагражаў выдаць яго палякам. Хмяльніцкі прыніжана поўзаў перад ханам і прасіў літасці. Вызвалілі яго з няволі 80 тысяч талераў, што прывёз з Чыгірына Іван Выгоўскі. Толькі ў сарочцы ды кажуху адпусціў хан Хмяльніцкага. Менш за сотню казакоў - вось і ўсё, што засталося ад яго пагрозлівага войска. У першым жа мястэчку Павалочы мяшчане не верылі сваім вачам - іх любімы гетман, як нейкі ізгой без войска, без палкоўнікаў, без велічы. Што здарылася? Хмяльніцкі казаў пра дваццаць палкоў, якія стаяць супраць караля і хоць тры месяца могуць абараняцца. Яшчэ і не ведаў, што палкі пушчаны ў «распарушку». «А літоўскі гетман не прыйдзе на Ўкраіну?» - непакоіліся людзі. Хмяльніцкі супакоіў іх: «Не, Радзівіл абяцаў абараняць толькі мяжу»[88]. Сябе гетман супакойваў гарэлкай - тры дні піў. І вось прывезлі вестку пра разгром пад Берасцечкам. Хмяльніцкі аж чуб пачаў рваць на галаве ад адчаю. Да яго бяды другая вестка: Радзівіл разбіў Нябабу і ўступіў на Ўкраіну. «Як жа гэта? - дзівіліся людзі. - Казаў ты, пан гетман, што ліцьвіны не будуць, а вось ужо ідуць!» - «Вось як датрымаў слова князь Радзівіл», - са скрухай адказаў Хмяльніцкі[89]. Хаця ўзбунтаваўся супраць яго родны Чыгірын, мяшчане не пусцілі ў горад, хаця казакі абвінілі яго ў здрадзе, а ён не адчаяўся. Ажаніўся! Вось жа здзівіў усіх. А што дзіўнага, - жонка была сястрой корсуньскага палкоўніка Івана Залатарэнкі. Хмяльніцкі заручыўся ягонай падтрымкай і пачаў збіраць вакол сябе паўстанцаў. Клікаў на дапамогу і татараў. Але даць адпор Радзівілу і выратаваць Кіеў не меў сілы.

Невялікі казацкі аддзел не мог абараніць Кіеў. Кіеўскі мітрапаліт Сільвестр і мяшчане прасілі палкоўніка не праліваць крыві і не гнявіць Радзівіла.

Напрыканцы ліпеня ліцьвінскае войска спынілася ў Вышгарадзе. Да Кіева было падаць рукой. 3 жніўня Януш Радзівіл у суправаджэнні тысячы вершнікаў пад'ехаў да горада паглядзець мясцовасць. Следам прыйшло войска. Адна частка стала каля Сафійскага сабора. Другая падступіла да гарадской брамы. Па Дняпры на караблях падплыла пяхота. Штурм быў назначаны на ноч. Па першаму гарматнаму стрэлу наносіўся ўдар па гораду з усіх бакоў. Аднак казакі з першымі прыцемкамі ціхенька пакінулі Кіеў. А мяшчане адразу ж прыслалі да Януша Радзівіла дэлегацыю, здаваліся на яго міласць.

Гетман паабяцаў: «Верныя падданыя могуць спакойна сядзець па сваіх дамах і не палохацца варожых учынкаў»[90].

І вось 4 жніўня Кіеў адчыніў браму перад ліцьвінамі. Мітрапаліт Сільвестр, архімандрыт пячэрскі Юзаф Трызна, усё праваслаўнае святарства, магістрат пакланіліся водцу ліцьвінскага войска. Прасілі яны пазбавіць горад ад жаўнерскай сваволі. І жорсткі Радзівіл мог быць і міласцівым, і справядлівым. Жаўнераў да рабункаў не дапусціў. А яго загад выконвалі, бо ведалі: гетман на кару суровы. А каб не ўзнікала спакусы і недарэчнасцей, Радзівіл не ўвёў войска ў горад, а размясціў яго паміж Сафійскім саборам і Пячорскім манастыром. Сам гетман спыніўся ў рэзідэнцыі мітрапаліта. Сільвестр Косаў радаваўся вызваленню з «палону» і пісаў каралю: «Натхнёна спяваю найвышэйшаму Пану: «Табе Бога хвалім»[91]. Праваслаўныя іерархі адвярнуліся ад «абаронцаў веры», спазналі на сабе іх уладу - «штодня паміралі ад жахаў казакоў»[92].

Хмяльніцкі хацеў вярнуць Кіеў сабе. Без сталіцы былой рускай дзяржавы ён заставаўся толькі запарожскім гетманам, а прэтэндаваў жа на ўладу над ўсёй Украінай і называў сябе «гетман Белай Русі». А гэтая ж «Белая Русь», паводле вызначэння казацкай вярхушкі, прасцягалася «ад Смаленска да Кіева, і да Чарнігава, і да Белай Царквы, і да Старога Канстанцінава»[93]. Якраз землі былой Рускай дзяржавы. У перспектыве казацкі гетман марыў пра стварэнне казацкай дзяржавы «Княства Рускага». Але назва «Украіна», якая азначала акраіну, не стасавалася з дзяржаўнай назвай, тады была выбрана «Белая Русь». Сэнс укладвалі ў гэтую назву рэлігійны. «Яко восточни земли суть большее православие и высшее християнство - Белая Русь»[94]. З прыняццем вуніяцтва, якое ў Рэчы Паспалітай лічылі «рускай верай», праваслаўныя сваю веру называлі «беларускай», а сябе «беларусцамі». Хмяльніцкі, які дэкляраваў сябе за абаронцу праваслаўя, скарыстаў у сваіх мэтах і назву «Белая Русь». Але вось са стратай Кіева «Белая Русь» засталася без сталіцы.

Быў распрацаваны план, як вызваліць Кіеў. Паводле гэтага плана 2-тысячны корсуньскі полк Івана Залатарэнкі павінен падплыць па Дняпры і запаліць ліцьвінскія байдакі. Адначасова палкоўнік Філон Гаркуша з дзвюма тысячамі казакоў ударыць па Старым Горадзе. А 6 тысяч палкоўніка Адамовіча, якія плылі б уверх па Дняпры, нападуць на ліцьвінаў. Каб аблегчыць выкананне плана, казакі вырашылі падпаліць горад. І вось 16 жніўня адзін з казацкіх памагатых запаліў свой дом, аднак, спужаўшыся пакарання, сам кінуўся ў агонь. Пажар хутка ахапіў і іншыя будынкі. Жаўнеры па загаду Радзівіла патушылі агонь. Наступным днём мяшчане ўбачылі казацкія аддзелы і запалілі з усіх бакоў Кіеў. На бяду падняўся віхор, які разнёс агонь па ўсім горадзе. Сапраўды, гледзячы на гэтую вогненную стыхію, можна было ўявіць сабе трагедыю Садома і Гаморы.

Ахвяра кіяўлян была дарэмнай. Ліцьвіны выкрылі непрыяцеля. Радзівіл падзяліў войска на дзве часткі. Каля Залатой брамы Гаркушу сустрэў аддзел пад началам Нольда. Падманлівым адступленнем ліцьвіны завабілі казакоў у засаду. І тут выскачыла конніца. Казакі пабеглі назад, пакінуўшы больш за тысячу забітых. Другая частка ліцьвінскага войска села на байдакі і па Дняпры паплыла насустрач Адамовічу. Ліцьвінам паспрыяў віхор, які біў казакам прама ў твар. І Адамовіч павярнуў назад.

А горад гарэў. У агні знікалі дамы, цэрквы і касцёлы. Толькі каталіцкі кафедральны сабор і дамініканскі манастыр удалося жаўнерам адстаяць ад агню. Што не знішчыў агонь, хапалі рабаўнікі.

А Радзівіл учыніў пошук здраднікаў. Многіх кіяўлян абвінілі ў здрадзе і пакаралі смерцю.

СУПРАЦЬСТАЯННЕ

Януш Радзівіл на чале 2000 вершнікаў адправіўся 2 верасня да польскага войска. Сустрэча адбылася праз два дні каля мястэчка Германоўка. Воіны вынарадзіліся, як на свята. Красаваліся адзін перад адным: зброяй, даспехамі, леапардавымі і тыгровымі шкурамі. Не паспелі гетманы сесці за святочны стол, як прыскакаў вястун з паведамленнем, што па правым беразе Дняпра да Кіева ідуць тры тысячы казакоў. Адразу знайшліся ахвотнікі паказаць і сваё зухвальства. На каней - і ў бой. Казакоў падсцераглі і нечаканым нападам разбілі. Між тым да Кіева з Дзясны па Дняпры падплыла казацкая флатылія. Яе сустрэлі гарматным агнём, і шэсць байдакоў патанула. Але двайны ўдар па ліцьвінскаму войску не атрымаўся. Казакі адступілі ад горада. Хмяльніцкі вымушаны быў прызнаць паразу. 18 верасня ў польска-ліцьвінскі лагер прыехалі ягоныя паслы. «Старшыны вайсковыя прыслалі да вашых міласцей прасіць літасці», - мовілі яны Радзівілу і Патоцкаму. Сам жа Хмяльніцкі пісаў: «Клянусь Богам, яснавяльможныя паны, што хачу спыніць кровапраліцце і буду верна служыць каралю»[95].

Перамовы назначылі ў горадзе Белая Царква. Сюды прыбыў Хмяльніцкі. Ад гетманаў перамовы вялі Адам Кісель, смаленскі ваявода Юрый Глябовіч, Вінцэнт Гасеўскі і брацлаўскі падсудак Міхайла Касакоўскі. Выбіралі ліцьвінаў, бо ведалі казацкую нянавісць да палякаў. Паводле дамовы, запарожскае войска павінна складацца з 15 тысяч чалавек, гетман падначальваецца кароннаму гетману, у яго валоданні застаецца Чыгірын, казакі могуць жыць толькі ў Кіеўскім ваяводстве, жыды маюць права сяліцца на Ўкраіне, казацкія гарады і сёлы вызваляюцца ад жаўнерскага пастою, саюз казакоў з ардой разрываецца. І калі Хмяльніцкі прымаў умовы, дык сяляне не пагадзіліся зноў служыць панам. «Сам нас усіх заклікаў, каб падняліся на паноў, а цяпер аддаеш нас бедных на пакуты пад кій ды батогі, на палі ды шыбеніцы»[96]. За гнеўнымі словамі загучалі стрэлы. Хмяльніцкі са сваімі палкоўнікамі хуценька схаваўся ў замку. Узрушаны натоўп акружыў замак. Казацкія старшыні вырашылі абараняць камісараў. І штурм пачаўся. Паляцелі татарскія стрэлы. Вокны разляталіся пад ударамі камянёў. Хмяльніцкі плюнуў на ўвяшчанні. Словамі чэрнь не пераканаеш - гэта ён добра ведаў. Чэрнь паважае сілу. Казацкія старшыні са сваім правадыром рынуліся на натоўп. Не адзін трапіў пад цяжкую руку «бацькі». Ён налева і направа біў булавой па галовах. А за ім запрацавалі шаблямі палкоўнікі. Выгоўскі на ўсю глотку крычаў: «Чаго вы жадаеце, зладзеі? За што вы крыўдзіце паноў, калі яны нічым не вінаваты; гэта не ляхі. Яны паслы, а паслоў нельга чапаць: народнае права забараняе. Так усюды прынята: паслы ўсюды па-за небяспекай». Сіла і крык падзейнічалі на мужыкоў. «Праўда, Кісель рускі, а іншыя ліцьвіны, і ніколі не рабілі нам крыўды; ведалі ляхі каго паслаць. Вось, каб сапраўдныя ляхі прыйшлі, дык ужо не выйшлі адсюль!»[97]. Натоўп супакоіўся, але ненадоўга. Калі Хмяльніцкі вярнуўся ў замак, мужыкі, выпіўшы са скрухі, зноў раскрычаліся і затрэслі кулакамі. Хмяльніцкі са сваімі паплечнікамі цэлую ноч не спалі - стаялі на варце. Камісары і не верылі, што іх выпусцяць з гэтага «агню». Гасеўскі патаемна паслаў ліст Янушу Радзівілу, каб гетман ратаваў іх ад бунтуючых хлопаў. Прывязаны да кія ліст знайшоў у чыстым полі раз'езд. І Радзівіл рушыў да Белай Царквы з 130 харугвамі. Навіна гэтая астудзіла ваяўнічы запал мужыкоў. Камісараў адпусцілі. Але за горадам мужыкі, татары і казакі дагналі камісараў і выцягнулі іх з рыдванаў і абабралі да апошняга граша, нават пярсцёнкі пазрывалі з пальцаў. Тым, каму не хапіла здабычы, рвалі з рыдванаў шпалеры, махалі імі і гарлапанілі сабе на радасць: «А што? І ў нас ёсць ляцкая здабыча»[98].

Абрабаваных і напужаных камісараў Радзівіл сустрэў па дарозе на Белую Царкву. Як бы там ні было, але дамову заключылі. Заставалася прывесці казакоў да прысягі. Усё польска-ліцьвінскае войска 20 верасня падышло да горада. На другі дзень камісары чакалі казацкіх старшынь для прысягі. Замест іх прыехалі дванаццаць простых казакоў і ад імя запарожскага войска заявілі: «Казакі не будуць прысягаць і не скорацца, пакуль вы нам не падпішаце збораўскую дамову». - «У Белай Царкве ўчынена была другая дамова. Апамятайцеся, бо там справа была ўлажана», - адказаў Кісель. «Мы раз'ехаліся з панам гетманам, мы не знаем, не ведаем, што там у вас у Белай Царкве было, а нас войска з тым паслала»[99]. Казакі атрымалі адмову і вырашылі змагацца. Хмяльніцкі не спыняў іх, але і не павёў у бой. Хітрыў ён. У выпадку няўдачы мог апраўдацца. А спадзяваўся на ўдачу. Выкаціў сем дзежак гарэлкі, каб падняць баявы запал сваіх ваякаў. І тыя напіліся і расхрабрыліся.

На вайсковай радзе Януш Радзівіл прапанаваў зброяй прывесці ворага да пакорлівасці. Асцярожны Патоцкі не хацеў рызыкаваць. Пасля Карсуня ён баяўся казакоў. Аднак пад ціскам Радзівіла польскі гетман вывеў сваё войска ў поле. 23 верасня ліцьвіны і палякі ўшыхаваліся да бітвы. Выступілі казакі і татары. Патоцкі не даваў знаку пачынаць - чакаў, калі Хмяльніцкі прыедзе за літасцю. А Януш Радзівіл не чакаў - і на чале ліцьвінскай конніцы ўдарыў па ворагу. Польскае войска бяздзейсна стаяла на адным месцы. Вядомы сваёй ваяўнічасцю Стэфан Чарнецкі ўмаляў Патоцкага падтрымаць ліцьвінаў, бо яны адарваліся ад галоўных сіл і казакі маглі іх акружыць. Патоцкі не даваў загаду.

Ужо і польскія жаўнеры ўголас патрабавалі весці іх у бой. Толькі адзін полк на чале з Чарнецкім паслаў Патоцкі на ворага. А калі б ён рушыў усё войска? Ліцьвіны на левым краю загналі казакоў у балота. Тут бы ўдарыць палякам. Перамога, якая магла вырашыць лёс усёй вайны, прадухіліць новае кровапраліцце, была ўпушчана. Недарэмна Януш Радзівіл дакараў Патоцкага, каб кароннае войска дапамагло яму, дык казакам паўтарылася Берасцечка.

Хмяльніцкі зрабіў выгляд, што ён ні пры чым: «Я нічога не ведаю; я забараніў сваім выводзіць войска з табара, а яны выйшлі супраць сваёй волі»[100]. Прапанаваў новыя перамовы, але паслоў не слаў. Замест іх наступным днём заявіліся казацкія і татарскія загоны - яны акружылі польска-ліцьвінскі лагер і здаля абстрэльвалі яго з лукаў і мушкетаў. Вечарам Хмяльніцкі прыслаў сваё перапрашэнне.

Казацкі гетман ухіліўся ад прысягі, яшчэ спадзяваўся на больш выгодныя ўмовы пагаднення. Наступныя тры дні ліў дождж і войскі сядзелі ў табарах.

Становішча Патоцкага і Радзівіла было таксама нетрывалым. Падціскаў голад. Ваяры стаміліся. Ад непагадзі ўспыхнула хвароба. Толькі за адну ноч памерла трыста чалавек. Патоцкі баяўся надоўга заставацца ў варожай да палякаў зямлі. А Радзівіла трывожылі весткі, што казакі падступілі пад Любеч і Лоеў, занялі Брагін - таго і чакай рынуцца ў Літву. «Мы павінны быць задаволенымі і тым, што можам хоць на час залячыць гэтыя раны і з новымі сіламі ўтаймаваць і прывучыць да павінавення простанароддзе», - пераконваў вайсковую раду Адам Кісель[101]. Але пераконваць асабліва не трэба было. Усе хацелі хутчэй закончыць паход. У тым ліку і Януш Радзівіл. Як адзначаў Патоцкі: «Яго княжацкая міласць, староста Жамойцкі, які так далёка адышоў ад свайго абозу пад Любечам, не ведаў, што з ім адбываецца, хаця не адмаўляўся ісці глыбей і заўсёды праяўляў досыць цноты, дзельнасці, мужнасці і міласці да Айчыны, аднак доўга не мог дапамагаць, аглядаючыся на свае межы і падаваўся да перамоваў»[102]. Паны пагадзіліся на адну просьбу Хмяльніцкага - колькасць рэестравых казакоў павялічыць да 20 тысяч, а ў просьбе пакінуць за казакамі Брацлаўскае і Чарнігаўскае ваяводствы адмовілі. Хмяльніцкі зразумеў, што большага ён не здабудзе.

27 верасня Багдан Хмяльніцкі прыехаў у польска-ліцьвінскі лагер прынесці прысягу. Закладнікамі яго бяспекі былі Вінцэнт Гасеўскі і Марка Сабескі. Перад ад'ездам Хмяльніцкі перапаіў паўстанцаў, каб не затрымалі яго. Палкоўнікі адгаворвалі «бацьку»: «Ты быў пераможцам, а цяпер ідзеш ім кланяцца». - «Нельга, мы цяпер у такім становішчы, што яны нам патрэбны, а не мы ім»[103]. Так, Хмяльніцкі прыйшоў кланяцца, яму патрэбны быў мір, каб сабрацца з сіламі. Ён нават пакаяўся перад Патоцкім за былы здзек з яго, калі польскага гетмана апранулі блазнам і пацяшаліся, а пасля аддалі татарам у няволю. І вось цяпер Хмяльніцкі ўпаў да яго ног: «Я ведаю, што вінаваты перад вамі больш, чым перад кім-небудзь». Хмяльніцкі быў удзячны Патоцкаму за тое, што той з-за сваёй нерашучасці канчаткова не дабіў яго, а заключыў мір. «Корсуньскую знявагу я даўно забыў дзеля Бога, веры і Айчыны, і не хачу нагадваць аб ёй; як пакаранне Боскае варта прыняць і мае няшчасці і беды ўсёй Айчыны. Дасць Бог, ты ўзнагародзіш усё ранейшай сваёй вернасцю і подзвігамі дзеля дабра Рэчы Паспалітай», - адказаў Патоцкі[104]. Пачціва пакланіўся Хмяльніцкі Радзівілу і другім панам. Падпісання дамовы і прыняцце прысягі адзначылі банкетам. Пакуль Хмяльніцкі не выпіў, ён паводзіў сябе пачціва. Але і цвярозы выказаў сваю злосць на ліцьвінаў. «Вашы міласці завербавалі на мяне і ліцьвінскае войска, а гэтага не было ні пад Хоцінам, ні ў другіх выпадках, - і звярнуўся да Радзівіла: - Продкі вашай міласці ніколі не ваявалі супраць запарожскага войска». - «Я прыйшоў усмірыць мяцежнікаў», - адказаў Радзівіл[105]. А вось калі хмель ударыў Багдану ў галаву, з яго языка пасыпаліся «думы». Гучна закрычаў, што малдаўскі гаспадар здраднік, таму што не аддаў за яго сына сваю дачку. «Ваша княжацкая міласць, хаця ён і цесць вам, а я гатовы біцца з ім і ў Валашскай зямлі; мае ён шмат грошай, а я шмат людзей; разрабую яго скарбы, пакараю злахітрага». - «Спадзяюся, што гаспадар гэтага не спужаецца», - годна адказаў Януш Радзівіл[106]. «Будучы вялікім палкаводцам у баю ён жадаў быць такім жа грамадзянінам у захаванні міру», - заўважыў сведка гэтай падзеі[107]. Выліўшы свае крыўды, Хмяльніцкі ўскочыў з-за стала і, не развітаўшыся, выйшаў з намёту. Напіўся так, што не ўседзеў на кані. Павезлі «казацкага бацьку» ў вазу. Назаўтра ён прыслаў Івана Выгоўскага з прабачэннямі. Ганарлівы князь не дараваў Хмяльніцкаму. «Калі ён казаў п'яны, дык я кажу цвярозы, што ні я, ні валашскі гаспадар не палохаемся, і заўсёды ён знойдзе мяне гатовым. Калі захацеў бы і цяпер, я чакаю яго ў полі, і ён пераканаецца, што яго п'яная фурыя мяне ніколькі не палохае, і я гатовы расправіцца з ім, як пажадае, або з войскам, або без войска»[108]. Хмяльніцкі не прыняў выклік Радзівіла.

Кіеўскі паход закончыўся. На памяць загадаў Януш выбіць медаль з лацінскім подпісам: «Гэта каралю Яну Казіміру Радзівіл аддае ў рукі разбітыя муры Кіева і зброю бунтаўшчыкоў»[109].

СВАБОДА ЗАБАРОНЫ

Хмяльніцкі стрымаў сваё слова - пайшоў на Базіля Лупулу. Адчайная спроба ўтрымаць сваю ўладу ці геніяльны крок вывесці з вайны Літву?

Народ паўставаў супраць «казацкага бацькі». «Вось да чаго прывялі нас яго перамогі, мы чакалі сабе волі, а ён зноў аддаў нас у рабства»[110]. І толькі татары, якімі ачаліў сябе Хмяльніцкі, ратавалі яго ад раз'юшаных хлопаў. Татарам трэба было плаціць, а чым плаціць? Некалі багаты край, які цёк мёдам і малаком, ператварыўся ў попел. Людзі беглі на ўсход да маскоўскай мяжы, куды не дасягнула вайна.

Улада некаранаванага ўладара Ўкраіны пахіснулася. І не толькі незадаволеныя ім галасы гучалі, але падняліся і мяцяжы. Правадыры гэтых мяцяжоў самі марылі пра казацкае гетманства або замяніць Хмяльніцкага сваім стаўленнікам (адным з такіх правадыроў быў корсуньскі палкоўнік ліцьвін Лук'ян Мазыра). Яны білі, як і «хмяльнічан», гэтак і паноў з шляхтай, якая вярнулася на Ўкраіну, нападалі на польскіх і ліцьвінскіх жаўнераў. Узброеныя сяляне збіраліся ісці на Чыгірын і расправіцца з Хмяльніцкім. А казакі патрабавалі ад «бацькі» вайны - сваёй маці-карміцелькі: «И день и ніч войны ждемо: добычи не маемъ...»[111]. На каго было накіраваць выгадаваную на крыві казацкую вольніцу? Пераможная вайна з Лупулам накарміла б галоднага звера, які рваўся з ланцуга, прынесла бы самому гетману багацце малдаўскага крэза. Але спачатку Хмяльніцкі рукамі польскіх жаўнераў расправіўся з сваімі ворагамі. Мяцежныя атаманы былі разбіты, а іх правадыры паплаціліся жыццём. Хмяльніцкі без шкадавання выдаў на загубу сваіх былых паплечнікаў. Найбольш незадаволеных ім казакоў і сялян ён занёс у рэестр, пашырыўшы яго да 40 тысяч. А гэтыя сорак тысяч стаялі за свайго «бацьку». На дапамогу, як звычайна, ён паклікаў і татараў. Цяпер Хмяльніцкі нахабна і самаўпэўнена патрабаваў ад Лупула дачкі для свайго сына. «А не аддасі - перацерушу, перамну і рэшты тваёй не застанецца, і віхорам прах твой развею па паветры»[112]. Лупул прасіў заступніцтва ў Яна Казіміра. Кароль суцешыў гаспадара, маўляў, Хмяльніцкі рыхтуецца на Рэч Паспалітую. У траўні 1652 года Хмяльніцкі выступіў на чале 20 000 казакоў і 5000 татараў. Другой дарогай ішлі 14 000 нагайцаў Карач-мурзы. Дарогу на Малдавію перагарадзіла 20-тысячнае польскае войска, якое знаходзілася каля Батога. Вось і вырашыў Хмяльніцкі адпомсціць палякам за Берасцечка і змыць польскай крывёю свой подпіс пад Белацаркоўскай дамовай. А водца польскага войска Каліноўскі легкадумна паверыў чуткам, якія распускалі самі казакі, што на Малдавію ідзе толькі сын Хмяльніцкага Цімафей і з ім 5000 чалавек. Здавалася, лёс слаў Каліноўскаму перамогу - рэванш за ганебную Корсуньскую паразу. 1 чэрвеня татарскі загон з'явіўся каля польскага лагера. Палякі атакавалі татараў, а тыя наўмысна кінуліся ўцякаць. Каліноўскі ўжо святкаваў перамогу, як з тылу ўдарылі казакі. Палякі ў жаху пабеглі да лагера. А дабіла іх чутка, што ў Хмяльніцкага стотысячнае войска. Закрычалі жаўнеры, замітусіліся. Трэба ратавацца. Вінаватым стаў гетман, які прыняў бой. Клялі яго, называлі вар'ятам і здраднікам, прапаноўвалі аддаць яго татарам. Такога яшчэ не бачыла Польшча. Яшчэ большую ганьбу наканавана было ёй перажыць. Палякі пачалі біцца паміж сабой. Агнём гармат і зброяй нямецкіх пешцаў Каліноўскі паспрабаваў затрымаць уцекачоў. А яны зброяй пракладвалі сабе шлях. Нехта з казацкіх прыхільнікаў запаліў у лагеры сена. Вялікае полымя за лічаныя хвіліны ахапіла стагі і палаткі. Лагер ператварыўся ў пекла - агонь і звар'яцелыя людзі. Казакі не маглі паверыць сваім вачам - палякі білі адзін аднаго. Заставалася браць іх голымі рукамі. І хаця польскае войска рассыпалася перад адным крыкам свайго ворага, але ні хуткія ногі, ні коні, ні мольбы літасці не выратавалі палякаў ад загубы. Акружайыя з усіх бакоў яны гінулі, як бездапаможныя зайцы на аблаве. Сотнямі танулі ў рацэ. Уражаны Каліноўскі ў роспачы кінуўся на татарскія стрэлы.

Пераможцы адсеклі гетману галаву і паслалі яе Хмяльніцкаму. Польскае войска знічтожыў жах. Ганьбу палякаў падзялілі і ўкраінцы. Ап'янелыя ад крыві і гарэлкі пераможцы забівалі палонных. Хітры Хмяльніцкі, які не ўдзельнічаў у бітве, зноў зрабіў выгляд невінаватага і аблудліва прасіў у караля даравання за «пацеху» казакоў. Але каб і хацеў кароль пакараць гэтае пракляцце, якое нарадзіла сама Польшча, дык не мог. Ні войска, ні грошай ён не меў, а паспалітае рушэнне вартае было пагарды. Украінцы ўбачылі гэтае бяссілле Кароны і зноў палілася кроў шляхты і паноў. А тым больш, на што і на каго было спадзявацца Лупулу? І ён саступіў. Цімафей Хмяльніцкі прыехаў пад аховай казакоў у Ясы па нявесту. 31 жніўня ён абвянчаўся з Домнай. Гэты шлюб завязаў яшчэ адзін вузел супярэчнасцей. А Януш Радзівіл апынуўся ў няпростым становішчы - цяпер Хмяльніцкі быў яго сваяком. І Януш хоча праз Лупулу паўплываць на Хмяльніцкага і прымірыць шляхту з казакамі. Януш напісаў Лупулу: «Калі зноў пачнецца вайна, дык будзе вялікая: будзе апошні бой - або палякам загінуць, або Русі. Калі перамогуць палякі, тады да рэшты загіне род і вера руская, і ўся Ўкраіна, з вялікім шкадаваннем людскога сэрца, будзе спустошана на пацеху і на пажытак паганства. Калі ж перамогуць казакі, дык няўжо палякі паддадуцца казакам у рабства і пакуты? Не, лепш ужо ім загінуць і цярпець рабства ад нямецкага імператара і ад шведаў.

Хаця б казакі і перамаглі, аднак па іх перамозе татары спустошылі б усю зямлю»[113]. Упершыню прагучаў голас папярэджання - гэтая вайна без пераможцаў. Аднак Януш не прапаноўваў ніякіх кампрамісных умоў прымірэння. Хай ужо сам Хмяльніцкі выбірае тое, што яму па сэрцы. «А па зацвярджэнні міру, калі раз'едзецца войска польскае, - можа, і яго міласць пан Хмяльніцкі чаго пажадае ад палякаў выпрасіць, бо зручна на той час будзе і вялікую ўладу будзе мець, чым кароль»[114].

Ліст не дайшоў да Лупула, а нейкім чынам трапіў да самога Хмяльніцкага. Канешне, Багдан не прыслухаўся да перасцярогі Радзівіла. Батожская перамога выявіла бяссілле Польшчы, і казацкі гетман нарэшце быў так блізка да сваёй мары вызваліць Украіну ад польскага ярма.

Шляхта не хацела ўжо ваяваць і заявіла на Берасцейскім сойме: «Мы гатовы пазбавіцца хатняй маёмасці, толькі б не чуць ненавісных віцей і не праліваць сваёй крыві»[115]. Ад паспалітага рушэння адмовіліся. Пры такім настроі пафас караля выглядаў адчаем. «Я зноў іду і не складу зброю, пакуль зусім не закончу гэтай знішчальнай вайны»[116]. Спадзяваўся ён і на Януша Радзівіла, таму на сойме 31 сакавіка 1653 года надаў яму пасаду віленскага ваяводы насуперак незадаволеным галасам католікаў і асабліва Альбрэхта Радзівіла - падкупляў гетмана. Ведаў, што Януш незадаволены ім за тое, што ён выступаў на баку ворагаў Лупулы. Ды і на папярэднім сойме ледзь не дайшло да адкрытага супрацьстаяння паміж імі. Тады паступіла вестка, што памер вялікі гетман ліцьвінскі Януш Кішка. І трэба было выбіраць, каму аддаць гетманскую булаву. Кароль хацеў віцебскаму ваяводзе Паўлу Сапегу. Хіба мог гэта дапусціць Януш Радзівіл? Не. Па ягонай волі пасол Упіцкага павета Ўладзіслаў Сіцынскі пад выглядам неадпаведнасці павятовай інструкцыі з пастановамі сойма наконт падатковай палітыкі ўпершыню на соймах вымавіў славутае: «Лібэрум вета» (Свабода забароны). Сойм быў сарваны. Радзівіл нават не развітаўся з каралём і з'ехаў з Варшавы. А кароль быў бяссільны перад ім. Не асмеліўся пакараць яго і за ўчыненую на гэтым жа сойме бойку. За адно тое, што карэта пакрыўніцкага старосты Дзялінскага ехала наперадзе яго карэты, князь са слугамі накінуўся на старосту. Былі забітыя і параненыя. Шляхта ў палаце патрабавала расправы над Радзівілам. Два месяцы перад гэтым за вось такі ўчынак падканцлер Радзіеўскі пазбавіўся сваёй пасады. Але гэта ж Радзівіл! Яму кароль саступаў, абы не займець у ім ворага. Але наступныя падзеі расставілі іх па розных баках.

Цімафей Хмяльніцкі на вясельным банкеце з п'яну пагражаў сагнаць з Валахіі Радула, а пасля хай і Ракашы сцеражэцца. Ці прагаварыўся ён пра задумы свайго бацькі або проста пахваляўся, а напужаў валашскага гаспадара і семіградскага князя. Яны хуценька аб'ядналіся, перацягнулі да сябе гаспадарскага канцлера Стэфана і напалі на Малдавію. Лупул прыбег да Багдана Хмяльніцкага. А таму як не дапамагчы сваяку? Тым больш пасля ягонай смерці малдаўскі пасад мог перайсці да Цімафея. Так што кроў праліваць было за што. Вясной 1653 года Цімафей Хмяльніцкі на чале 16-тысячнага войска выгнаў новага гаспадара Стэфана з Ясаў. Лёгкая перамога закружыла галаву Цімафею і ён намерыўся скарыць Валахію. Аднак у рашучай бітве на берагах ракі Ялавецы валашскае войска, умацаванае аддзеламі Ракашы, разбіла Хмяльніцкага і Лупулу. Заваёўнікі бясслаўна ўцяклі на Ўкраіну. Стэфан зноў заняў Ясы, а жонка Лупулы заперлася ў Сачаве. На дапамогу ёй з 8-тысячным аддзелам прыйшоў Цімафей Хмяльніцкі. Тады Стэфан і Ракашы папрасілі дапамогі ў Яна Казіміра, адначасова і Лупул звярнуўся да яго з такой жа просьбай. Кароль купіўся на абяцанні Стэфана і Ракашы аб саюзу супраць Хмяльніцкага і паслаў да Сачавы моцны аддзел. У адным з баёў Цімафея Хмяльніцкага паранілі і ён неўзабаве памёр. Сачава пала. Як павінен быў адносіцца Януш Радзівіл да рашэння караля? Ён не ўхваляў дзеянні Яна Казіміра. «Такім чынам, можам бачыць, на якім кволым фундаменце заснаваны гэтыя планы і які плён прынеслі нам, паколькі замест унутранага ўспакаення паставілі нас перад небяспекай магчымай вайны з Турцыяй, бо туркі гэтым парушэннем дамоваў і пераходам за мяжу вельмі незадаволеныя і прымаюць меры для захавання дамоваў, а з-за адносін з гэтым новым гаспадаром глядзяць на нас вельмі крыва» - дзяліўся Радзівіл сваімі меркаваннямі з Янушам Кішкам[117]. Януш застаўся пры сваіх інтарэсах. Праз паслоў Радзівіл запэўніў Багдана Хмяльніцкага, што ён верны белацаркоўскай дамове і будзе захоўваць нейтралітэт у вайне паміж Каронай і Ўкраінай. Хмяльніцкі адказаў, што калі ліцьвінскае войска не пяройдзе Дняпро і не нападзе на Ўкраіну, дык ён будзе з Радзівілам у згодзе. Ды загадаў сваім палкоўнікам не хадзіць у Літву і прыгразіў смерцю тым, хто парушыць гэты загад. Канечне, матывы гетмана разумелі. Агульнае перакананне было такім, што Радзівіл «короне польскай дапамагаць не хоча»[118].

Гэтак і не павёў Януш Радзівіл ліцьвінскае войска на Ўкраіну. Палякі абвінавачвалі яго ў здрадзе. Але ў сваіх бедах і няўдачах ян