Уладзімір Сьцяпан


* * *
Лесьвіца. Дзьверы.
Доўга стаю. Слухаю.
Мама сьпявае.


* * *
Вочы заплюшчыў -
пах лістоты ў пакоі,
вецер за вакном.


* * *
Явар чырвоны
убачыў бы першы сьнег,
калі б ня вецер.


* * *
Трамвай празьвінеў -
зноў цішыня навокал...
Слухаю вецер.


* * *
Сьляды на пяску:
птушак, людзей, сьлімакоў -
хвалі змываюць.


* * *
Зноў сустрэў яе,
з кошыкам жоўтых сьліваў
да бальніцы йшла.


* * *
Лесьвіца з дошак
у драўлянай званіцы.
Сьцёртыя сходы.


* * *
Нехта пакінуў
вядро з вадой ля сьцяны.
Рудая трава.


* * *
Гляджу вечарамі
на камень і ракаўку,
што з мора прывёз.


* * *
Павута ляціць.
Праз срэбра нітак лёгкіх
гляджу на неба.


* * *
Па лесьвіцы зьбег
ліст у абдымках ветру,
насустрач зіме.


* * *
Цёмна ў пакоі.
Падае, падае сьнег
на суседні дах.


* * *
Станцыя "Ліпа".
Пахне скошанай травой
нават сіні дым.


* * *
Чакаю маці.
У маўклівым пад'езьдзе
слухаю крокі.


* * *
Ліхтар згасае -
ярчэе кола поўні
на голым дрэве.


* * *
Жоўтыя зоры
на чорнай вадзе ляжаць -
з клёнаў упалі.


* * *
Чуйны дзьмухавец
вартуе сон ветру
у чыстым полі.


* * *
Гаўбец адчыніў -
дождж стаіць у парозе,
празрысты, як цень.


* * *
Як сумна гарыць
зорка ў ранішнім небе -
зорка Вэнэра.


* * *
Зноў засынаю
і прачынаюся зноў
ноччу халоднай.


* * *
Сьцяна. Колкі дрот.
Варону вецер загнаў
пад гэту сьцяну.


* * *
Радасны голас
з вуліцы вецер прынёс -
голас дзіцяці.


* * *
Толькі шэры дом
ды белы сьнег халодны -
бачу за вакном.


* * *
Прыцемкі. Восень.
Вогненнай вежай дрыжыць
ліпа на ўзьлеску.


* * *
Стары, стары дом.
Сьцёрся блакітны нумар,
ведаю - сёмы.


* * *
Хвалі завеі
сьлед падхапілі белы -
сьлед на дарозе.


* * *
Галіну крануў -
падае ліст барвовы
на чорны асфальт.


* * *
Знойдзе на бруку
хлопчык каштан вільготны
і заўсьміхаецца.


* * *
Сьветлы золкі дзень.
Кропляй іртуці дрыжыць
сонца ў гардзіне.


* * *
Полымя-лісьцік
з кноту галіны ляціць
у восеньскі змрок.


* * *
Куды ляціце
скрозь сьнягі і туманы,
малыя птушкі?


* * *
Чыстая вада
абмывае далоні,
між пальцаў цячэ...


* * *
Начныя гукі:
ці дождж, ці вецер, ці рып...
І я між імі.


* * *
Суцешыць вецер
голае дрэва зімой -
сьнегам засыпле.


* * *
Доўга прымерваў
руды, вялікі шынэль...
Сябе не пазнаў.


* * *
На сьпіне ляжу
з вачыма адкрытымі...
Хутка раніца.


* * *
Белыя хмары
над чорнымі дрэвамі
стаяць, як горы.


* * *
Кусты чаромхі.
Вецер цёплы наляцеў -
белых кветак шэпт.


* * *
Старэнькі ровар,
валізка з хлебам, кошык -
стаяць ля слупа.


* * *
Вакно. Крыж рамы.
Чутна, як муха гудзе.
Стол. Посуд пусты.


 Далей   Назад   Зьмест   БПалічка