Сяргей ДавідовічПланета прывідаў
Сігнал з космасу быў запеленгаваны адразу некалькімі наземнымі навуковымі станцыямі. Але гэта азваўся не той, усім вядомы, калязямны космас, асвоены і пераасвоены зямлянамі, а далёкая таямнічая Галактыка, вестак пра якую ў навуковых картатэках амаль не было. Сігнал ляцеў з зорнай бездані праз мільярды кіламетраў і сівізну часу.
Але адна справа - атрымаць вестку ад далёкіх і невядомых разумных істотаў, другая - унікнуць у сутнасць сігналу, расшыфраваць яго. Вось гэта другая, хутчэй за ўсё невырашальная, справа і астудзіла першапачатковае гарачае лікаванне і навукоўцаў, і ўрадавых чыноўнікаў.
Каго, напрыклад, усцешыць пасылка, якую нельга адкрыць? Скрынка - яна і ёсць скрынка, а што ўсярэдзіне?..
Вось такою непадступнаю скрынкай быў непрацяглы сігнал, запісаны разумнымі электроннымі прыборамі, якім, як і людзям, не хапала розуму зазірнуць у таямнічую «скрынку».
Заставалася маленькая ўцеха - мы не адны! Ёсць сярод загадкава міргаючых зорак браты па розуму, якія шукаюць сустрэчу з намі.
* * *
Н-скі навукова-даследчы інстытут, акрамя ваеннай праблематыкі, займаўся вывучэннем перыферыі Ўсяленнай - самых далекіх і малавядомых Галактык.
Перайшоўшы «экватар» трэцяга тысячагоддзя, чалавецтва не толькі ўдасканаліла свае ўзаемаадносіны, узняўшы іх да ўзроўню поўнай гармоніі, але паралельна дасягнула і вяршынь навукова-тэхнічнай думкі.
Вось чаму расшыфроўка таямнічага сігналу была не толькі вострым патрабаваннем сучаснасці, але і справай гонару кожнага навукоўца.
Ужо вядомы нам інстытут кінуў на вырашэнне гэтай праблемы лепшыя навуковыя сілы, якія выкарыстоўваліся бесперапынна і самаахвярна. Усе разумелі, што раскрыццё касмічнага кода з'явіцца тым запаветным ключом, які дазволіць адчыніць многія дзверы самых неверагодных адкрыццяў.
Дзяржава не шкадавала сродкаў, людзі - сіл і часу. Усё рабілася ў ліхаманкавай спешцы і абсалютнай тайне.
Іван Сухін у свае дваццаць дзевяць год працаваў у вышэйзгаданым інстытуце малодшым навуковым супрацоўнікам і да «лепшых сіл» пакуль што не адносіўся, таму і не займаўся расшыфроўкай касмічнага сігналу.
Калі сказаць больш дакладна, зацікаўленасць да сігналу ён меў не меншую, чым тыя карыфеі навукі, каго фінансавала і падтрымлівала дзяржава. Больш таго, ён цішком ад калегаў, у вольны час «браў на зуб» крэпкі арэшак, кінуты таямнічай Галактыкай на Зямлю. Гэтая яго зацікаўленасць перарасла ў абвостраную прынцыповасць і, нарэшце, ператварылася ў апантанасць. Ён не спаў начамі, закладваў запісаныя гукі сігналу ў кампутар, дзяліў, драбіў, раскладваў іх на мільёны мікронаў, якімі бясконца вар'іраваў, спрабуючы скласці літары, словы, сказы. Пасля кожнага варыянта, пасля чарговай камбінацыі кампутар упарта выкідваў на экран няўмольнае: «Варыянт памылковы».
Ад гэтых двух слоў Івана блажыла, яны сніліся яму ў кароткія перапынкі адпачынку, яны не адпускалі маладога навукоўца, як злы рок. Іван сам нібы ператварыўся ў перагружаны кампутар, у якім штосьці хутка замкне і ён згарыць ад двух ненавісных слоў.
Калі ж аднойчы, пасля чарговай аперацыі з мікрагукамі, экран кампутара высвеціў не ненавісныя два словы, а два радкі тэксту, Іван ледзь не сцёр з электроннай памяці бясцэннае адкрыццё, бо машынальна пацягнуўся пальцамі да клавішаў, каб скласці новы варыянт.
Ён ад нечаканасці так і застыў з шырока раскрытымі вачыма, якія ад напругі і хвалявання не маглі «зачапіцца» за тэкст - усё змяшалася і паплыло: і літары, і апаратура, і ўвесь свет.
Калі ж Іван апрытомнеў і ўсё стала на свае месцы, вочы ліхаманкава прачыталі:
Я - ПЛАНЕТА АСКАЛ -
СУЗОР'Е ЦЯЛЬЦА ЛЕВА -
ТРЫСТА МІЛЬЁНАЎ - ПЛАНЕТА АСОТ -
ПРАВА ДЗЕВА
Прачытаўшы і перачытаўшы тэкст, Іван нічога не зразумеў. Калі гукі правільна ператвораны ў словы, то гэта, магчыма, каардынаты планеты Аскал. Але зразумець, дзе яна, - было гэтак жа цяжка, як і расшыфраваць сігнал.
Першае, што хацеў зрабіць шчаслівы і ўзрушаны навуковец, - зараз жа дакласці акадэміку Лістову, кіраўніку інстытута. Але Іван адразу ж асекся: як гэта з бухты-барахты лезці з куцым дакладам да акадэміка?! Не! Трэба падрабязна, пачынаючы з раскладкі сігналу на мікроны, з разнастайных камбінацый і шматлікіх варыянтаў пошуку касмічнага алфавіта падрыхтаваць грунтоўны пісьмовы даклад. Неабходна аднавіць і прадубліраваць апошні ўдалы варыянт камбінацыйнасці мікрагукаў, які дазволіў дакрануцца да нечай невядомай мовы, а ўжо пасля гэтага лезці ў вочы начальству.
* * *
Вучоны савет навукова-даследчага інстытута праходзіў надзіва ўраўнаважана і спакойна.
Звычайна вучоныя, многія з якіх мелі сусветна вядомыя імёны, горача і імпэтна адстойвалі сваю пазіцыю нават тады, калі гэта пазіцыя была даўно імі абароненая і ўсімі ўхваленая.
Сёння ж вучоных як падмянілі. Магчыма, таму, што пасяджэнне савета было аб'яўлена звышсакрэтным (хаця сам інстытут і яго дзейнасць даўно строга засакрэчаны), магчыма, таму, што разглядалася пытанне, ускалыхнуўшае ўвесь свет, а хутчэй за ўсё таму, што вучоныя з сусветнымі імёнамі быццам анучай па зубах схапілі, бо адкрыццё зроблена не імі, кітамі навукі, а «верхаводкай» - нейкім малодшым навукоўцам, з якім раней віталіся нядбайным ківаннем галавы.
Цяпер гэты, па іх ранейшаму меркаванню, жэўжык сядзеў у прэзідыуме, праваруч ад дырэктара інстытута - самога акадэміка Лістова, які сваімі шматлікімі і грунтоўнымі навуковымі працамі паставіў на вушы ўвесь вучоны свет.
Праўда, сам «жэўжык» сядзеў сціпла, апусціўшы галаву, саромеючыся такой нечаканай увагі з боку масцітых калег.
Акадэмік Лістоў пачаў ціха, нават неяк таямніча:
- Калегі! Тое, што адбылося ў нашым інстытуце, цяжка выказаць ці апісаць звычайнымі словамі. Я ды і вы ўсе, хто бачыў на сваім вяку шмат неверагоднага, зазірнуў неаднойчы ў глыбокія таямніцы ашаламляльных адкрыццяў, стаім сёння на мяжы, за якой слова «фантастыка» можа знікнуць назаўсёды з лексікону чалавецтва.
Я наўмысна пайшоў на парушэнне і не далажыў адразу кіраўніцтву дзяржавы, бо сам тэкст патрабуе далейшай расшыфроўкі і ўдакладнення. Без дакладных каардынатаў планеты Аскал наша праца будзе выглядаць палавінчатай, хаця асноўнае ўсё ж зроблена. Не хацелася б раздзяляць з некім лаўры адкрыцця.
- А якому сектару будзе даручана ўдакладненне каардынатаў? - пачулася з напружанай залы. Кожны прагнуў на гэтым адрэзку дыстанцыі абагнаць паплечніка.
Лістоў гэта зразумеў і ўсміхнуўся:
- Працы хопіць усім! Не думайце, што засталося толькі паставіць кропку. Хутчэй - шматкроп'е. Займацца гэтай справай будзеце ўсе пад кіраўніцтвам майго першага намесніка. Ён, у дадатак да нашых магчымасцяў, прыцягне лепшых астраномаў і будзе каардзініраваць вашы намаганні.
Раптоўна спытаўся ў Івана:
- Вы не супраць, Іван Захаравіч?
Іван ад нечаканасці ажно папярхнуўся і некалькі разоў паўтарыў:
- Згодзен! Згодзен! Не супраць!
Лістоў па-бацькоўску пахлопаў яго па плячы і зноў звярнуўся да залы:
- Закончу тым, з чаго павінен быў пачаць. Ад імя ўсяго нашага навуковага калектыву дзякую вам, Іван Захаравіч, за тытанічную працу! У вас вялікая будучыня!
* * *
Пасля таго як агульнымі намаганнямі былі вызначаны больш-менш дакладныя каардынаты планеты Аскал, было даложана кіраўніцтву дзяржавы.
Хто-хто, а Іван, адразу пасля дакладу ў дзяржаўныя інстанцыі, адчуў не столькі сваю вялікую будучыню, колькі сучасную, нязвыклую і малапрыемную рэальнасць.
Справа ў тым, што навукова-даследчы інстытут, як нам вядома, быў засакрэчаны і пільна ахоўваўся ад чужога вока і вуха спецорганамі. Цяпер жа, пасля сенсацыйнага адкрыцця, ахова інстытута зрабілася настолькі жорсткай, што нават выпадковая парушынка не змагла б заляцець на яго тэрыторыю.
Але гэта былі агульнапрафілактычныя меры бяспекі, да якіх тут даўно прывыклі і якія не заміналі займацца навуковай дзейнасцю.
А вось Іван, які ніколі раней не сутыкаўся з асабістай аховай, цяпер адчуў, што гэта за «радасць». Яго ахоўвалі, як рэдкую музейную каштоўнасць. Кола кантактаў са знаёмымі і сябрамі звузілася. На кожным кроку - на працы і ў вольны час - ён адчуваў непрыемнае апякунства.
Праўда, на працы адбыліся і прыемныя змены - яго павысілі з малодшага да старэйшага навуковага супрацоўніка, выдзеліўшы для далейшых даследаванняў шыкоўную лабараторыю з навукова-тэхнічным персаналам.
Дабавілася і ўвагі, і павагі ад калег, якія раней маглі па-панібрацку хлопнуць па плячы, цяпер да яго імя дадавалі і імя па бацьку.
Івану, які быў кантактным ва ўзаемаадносінах і просты, як усё геніяльнае, не вельмі падабаліся такія змены, але ён разумеў і тое, што не ўсё ад яго залежыць, і працягваў заставацца самім сабой.
Каб неяк павялічыць сваю знешнюю саліднасць, Іван паспрабаваў адпусціць бараду, але, зірнуўшы праз нейкі час у люстэрка, зарагатаў:
- Каму патрэбна гэта казлінасць?! - і начыста пагаліўся.
* * *
Змешаная навукова-ўрадавая камісія, з удзелам ваенна-касмічных прадстаўнікоў і псіхаўрачэбных аналітыкаў, праводзіла сваё першае пасяджэнне.
На павестцы дня адно пытанне: што рабіць далей?!
Прадстаўнік урада Глотаў, ён жа старшынствуючы, вёў сябе далікатна і толькі задаваў пытанні.
- Дык што будзем рабіць? Якія прапановы, Антон Паўлавіч? - спытаўся ён у Лістова.
Лістоў грузна ўстаў і коратка адказаў:
- Трэба ляцець, Генадзь Міхайлавіч!
- А колькі ж туды лёту? - удакладніў старшынствуючы.
- Прыкладна дзесяць гадоў, - спакойна адказаў акадэмік.
- Дзесяць туды і дзесяць назад? Так? - зноў удакладніў Глотаў.
- Так, але назад...
- Дзякуй! Сядайце, Антон Паўлавіч! - прапанаваў прадстаўнік урада. - Якія нашы тэхнічныя магчымасці? -звярнуўся ён да прадстаўніка ваенна-касмічнай службы.
- Нашы тэхнічныя магчымасці дазваляюць даляцець толькі туды, для зваротнага палёту не застаецца паліва, - адрапартаваў ваенны навуковец.
- А што з навейшым касмічным караблём, распрацоўка якога адобрана ўрадам? У якім ён стане? - больш строга запытаўся Глотаў.
- Яго дакументальна-тэхнічная распрацоўка закончана. Зборка і яго выпрабаванні зоймуць два-тры гады, - зноў лаканічна адказаў ваенны.
- Сядайце! - суха кінуў Глотаў і звярнуўся да медыкаў: - А што медыцына скажа?
Прафесар медыцыны спакойна канстатаваў:
- Уздзеянні палёту такой працягласці на арганізм чалавека намі вывучаны дасканала. Думаю, што да нас пытанняў не будзе. Вось і мой калега-псіхолаг пацвердзіць тое ж.
Але псіхолаг, устаўшы з месца, як кажуць, пусціў у пакой чорнага ката.
- Я лічу, - пачаў ён, - што мы ніколі раней не сутыкаліся з падобнымі цяжкасцямі медыка-псіхалагічнага кшталту. Па-першае, тым, хто паляціць, трэба, не ўтойваючы, сказаць, што вяртанне назад - пад вялікім пытаннем. Па-другое, нават калі пытанне вяртання на Зямлю будзе вырашана з дапамогай карабля-выратавальніка, астранаўты павінны быць адносна маладымі, бо вернуцца яны, у лепшым выпадку, праз дваццаць год. І трэцяе, самае галоўнае псіхалагічнае патрабаванне - пілоты павінны ісці на гэты рызыкоўны крок добраахвотна!
- Я згодзен! - пачулася з залы. - Я даўно ўсё ўзважыў! Дазвольце мне!..
Усталявалася цішыня. Погляды ўсіх прысутных спыніліся на Івану Сухіну, які як расшыфроўшчык сігналу, быў запрошаны на гэта пасяджэнне і які зараз стаяў перад строгай камісіяй, рашучы і адкрыты.
- Дазвольце мне! - больш мякка паўтарыў ён.
Лістоў пачырванеў і збянтэжыўся ад такой нясвоечасовай напорыстасці свайго падначаленага.
- Сядайце, Іван Захаравіч! Сядайце! Мы яшчэ кандыдатуры не абмяркоўваем...
- А што! - перахапіў гаворку Глотаў. - Хто, як не ён, мае поўнае права быць першым кандыдатам у палёт! Як вы там казалі, - звярнуўся ён да псіхолага, - патрэбен малады, свядомы і добраахвотнік? Так? Дык вось ён перад намі!.. А пра астатніх падумаем, сапраўды, пазней.
На наступных пасяджэннях камісіі было вырашана адправіць у рызыкоўны палёт толькі двух астранаўтаў. Гэта аблягчала вырашэнне пытання з харчаваннем, якое, па сутнасці, не займала многа месца, бо было спрасавана ў невялічкія гранулы. Адной такой гранулы чалавеку хапала на суткі, бо ў ёй было скандэнсавана ўсё неабходнае для падтрымкі арганізма ў належным стане. Вада таксама была крысталізавана і спрасавана да такой ступені, што цвёрдая кропля вады пры вытайванні расшыралася настолькі, што магла забяспечваць экіпаж сутачнай нормай.
Такім чынам, галоўныя кампаненты жыццезабеспячэння экіпажа месца займалі мала, а кісларод вырабляўся штучна даволі лёгка, яшчэ з незапамятных часоў.
Складаней было з палівам, бо акрамя той адлегласці, якую меркавалася пераадолець, не выключалі магчымасць і пошукі планеты Аскал, міма якой маглі праскочыць. Працяглыя яе пошукі маглі азначаць катастрофу ўсіх планаў і гібель экіпажа. Усе разумелі, што нават пры паспяховай пасадцы на Аскал толькі паскораная і ўдалая пабудова навейшага карабля ў бліжэйшыя два-тры гады дае надзею на жыццё.
Камандзірам касмічнага карабля быў назначаны саракагадовы палкоўнік ваенна-касмічнага ведамства Ілля Іванавіч Ісаеў, ці, як яшчэ жартам называлі яго сябры, - тры «І».
Гэта быў яго далёка не першы міжпланетны палёт, але ўсе папярэднія - на Марс, Венеру і нават на Сатурн - былі ў параўнанні з гэтым лёгкай касмічнай прагулкай.
Для Івана гэты палёт быў самы першы, таму не дзіва, што хваляванні не пакідалі яго. Не, ён не баяўся за сваё жыццё - што жыццё ў параўнанні з унікальнай магчымасцю зазірнуць у таямніцу таямніц! Яго хвалявала магчымасць сустрэчы з тымі, каго нават не мог уявіць. Суцяшала адно - ім, на аснове расшыфраванага тэксту, распрацаваны алфавіт, з якога складзены шматлікія варыянты слоў і сказаў. Моўны кантакт - аснова поспеху зямной экспедыцыі.
Праўда, словы ды і ўся мова касмічных незнаёмцаў, калі гэта ўвогуле можна назваць мовай, вызначалася складанасцю, нелагічнасцю, нават нейкай недарэчнасцю. Але Іван спакойна і нетаропка «ламаў язык», памятаючы, што наперадзе дзесяць гадоў лёту - можна вывучыць мовы ўсяго свету.
І,нарэшце, галоўны суцяшальны козыр - экіпаж будзе мець магчымасць пастаянна падтрымліваць сувязь з Зямлёй.
Надыходзіў дзень і час старту, заканчваліся апошнія падрыхтоўчыя клопаты. Усё ішло згодна намечанага плана.
* * *
Палёт праходзіў нармальна. Так званых няштатных сітуацый пакуль не здаралася, і экіпаж спакойна займаўся сваімі строга прадпісанымі абавязкамі. Усе навігацыйна-тэхнічныя задачы выконваў камандзір карабля, а навукова-даследчая дзейнасць заставалася за Іванам, які пастаянна падтрымліваў сувязь з Зямлёй, праслухоўваў касмічную бездань, у якую час ад часу пасылаў розныя сігналы, у тым ліку і на мове планеты Аскал.
Галоўную небяспеку для экіпажа і карабля ўяўлялі агромністыя астэроіды, якія сустракаліся на шляху зямлян, але сучасная тэхніка дазваляла загадзя высвечваць іх на штурманскім экране, і карабель аўтаматычна, без дапамогі пілота выбіраў бяспечны маршрут.
Іван перад палётам баяўся, што за час лёту змарнее ад нуды, але тут, перад чорнай бясконцасцю, з прыемнасцю зазначыў, што за любімымі заняткамі час ляціць непрыкметна, а галоўнае, выкарыстоўваецца плённа. Назіранне за Ўсяленнай з Зямлі - адна справа, тут жа адкрываліся зусім іншыя магчымасці - быццам стаіш з космасам твар да твару.
Праз тры гады лёту Іван раптоўна запеленгаваў той жа, ужо вядомы ім сігнал. Гэта не толькі надало сілы экіпажу, але - што самае важнае - дапамагло падкарэкціраваць дакладнасць траекторыі палёту, якая, як высветлілася, крыху адхілілася ад рэальнага знаходжання Аскала. Гэта «крыху», хоць і не пад вялікім градусам першапачатковага адхілення, з кожным днём палёту павялічвалася, а да канца намечанага тэрміну перарасло б у мільёны кіламетраў, і ўсё закончылася б трагічна.
Але больш радасная вестка паступіла з Зямлі - услед першаму касмічнаму караблю паспяхова стартаваў другі, навейшы, якому пад сілу дасягнуць планету Аскал і, забраўшы бескарабельных астранаўтаў, вярнуцца на Зямлю.
Гэта было сапраўднае свята, бо нішто так моцна не падтрымлівае чалавека, як рэальная надзея.
Зямля паведамляла, што ўсё разлічана такім чынам, каб за кошт значна большай хуткасці новы касмічны карабель максімальна наблізіўся да першага экіпажа і скараціў адрэзак часу паміж дзвюма пасадкамі.
Гэта азначала, па сцвярджэнню Зямлі, што дапамога прыбудзе прыкладна праз месяц пасля пасадкі першапраходцаў, а магчыма,і раней.
- Ну як, - не без трывогі запытаўся ў камандзіра карабля Іван, - пратрымаемся месяц?
Камандзір задуменна адказаў:
- Невядома хто і што нас там чакае, як сустрэне... Для таго, каб загінуць, дастаткова некалькіх імгненняў...
- А наша электронна-лазерная зброя? А нашы непрабіваема-незгаральныя касцюмы? А нашы паралізатары, якія імгненна здольны нейтралізаваць усё жывое вакол нас? - сыпануў пытаннямі разгарачаны Іван.
- Пабачым, - адным словам на ўсе пытанні адказаў камандзір.
Палёт працягваўся нармальна, спакойна, нават манатонна. Уся бартавая тэхніка бездакорна выконвала свае шматлікія функцыі, трэнажоры падтрымлівалі астранаўтаў у добрым фізічным стане і бадзёрым псіхалагічным настроі.
І ўсё ж калі, па падліках даследчыкаў, палёт падыходзіў да заканчэння, не абышлося без непрыемнасцяў.
Раптоўны і моцны ўдар страсянуў велізарны корпус касмічнага карабля. Прыборы адразу паказалі, што лятальны апарат пачаў адхіляцца ад курсу. Гэта азначала, што адзін з чатырох рухавікоў быў выведзены з рэжыму работы. Стварылася дэцэнтрацыя цягі, таму былі вымушаны тэрмінова заглушыць другі, процілеглы ад пашкоджанага, рухавік. Такая аперацыя дазволіла выправіць траекторыю палёту, затое хуткасць яго зменшылася ўдвая.
Адначасова з гэтым знікла сувязь з Зямлёй.
- Што гэта было? - трывожна спытаўся Іван у камандзіра карабля.
- Думаю, што бакавы астэроід у сваім палёце перасёкся ў той крытычнай кропцы з палётам нашага карабля. Такія здарэнні лічыліся раней тэарэтычна-магчымымі. Сёння я ўпершыню пераканаўся, што такое магчыма і на практыцы.
- А як цяпер ляцець? - не супакойваўся Іван.
Ісаеў адказаў:
- Наша шчасце, што той астэроід не напаткаў нас на тысячную долю секунды раней. Ляцелі б зараз у касмічнай беспаветранасці не мы, а дробныя шматкі ад нас і нашага карабля. А так - чыркануў ён нам, калі можна так сказаць, па хвасце, пашкодзіў рухавік, сарваў антэну і спакойненька паляцеў далей.
- Ого-го! - толькі і сказаў Іван і пачухаў скроню.
- А даляцім мы, - працягваў камандзір, - і на двух рухавіках, тым больш што ляцець засталося лічаныя дні.
Напрыканцы палёту не пашанцавала яшчэ раз - была ноч, і трэба было выбіраць: ці рабіць аблёт планеты Аскал і чакаць світанку, ці садзіцца адразу.
Улічваючы тое, што паліва магло вось-вось скончыцца, а два рухавікі, з-за перагрузкі, «елі» паліва відавочна, вырашылі рабіць пасадку ў поўнай цемры па прыборах начнога бачання.
- Эх, - абураўся Іван, - днём мы б адным поглядам ацанілі, які наш новы дом!..
- Нічога! - супакоіў камандзір. - Прыборы паказваюць, што паветра тут існуе і кіслароду багата. А гэта ўжо не мала! Адзінае, што прыйдзецца - дык гэта сядзець у караблі давідна і не вытыркаць носа, каб не атрымаць па ім...
І вось магутны карабель завіс над паверхняй планеты Аскал, высвечваючы пражэктарамі тое месца, дзе павінна была адбыцца пасадка.
Выпусціўшы доўгія, як у павука, ногі-апоры, карабель паволі пачаў спускацца, уздымаючы вогненнымі струменямі ад рухавікоў хмары ўсяго таго, што аказалася на месцы пасадкі.
Касмічны карабель напружана і стомлена ўздрыгваў сваімі гарачымі бакамі і, здавалася, як і людзі, не мог дачакацца адпачынку.
Нарэшце ногі апоры мякка самартызавалі і прынялі на сябе ўвесь мнагатонны цяжар. Палёт быў завершаны. Прайшло дзевяць гадоў і восем з паловай месяцаў з таго часу, калі Зямля асцярожна і пяшчотна выправіла двух сыноў сваіх у гэта касмічнае падарожжа.
- Віншую з прыбыццём! - Камандзір карабля моцна абняў маладога навукоўца, які за час палёту зрабіўся не такім ужо і маладым.
- Удачы нам! - ледзь выціснуў з сябе ўсхваляваны Іван, хаваючы ўзмакрэлыя вочы.
Камандзір карабля зрабіў запіс у «бартавым журнале» - такая традыцыйная назва перайшла здавён да спецыяльнага кампутара, у якім фіксаваліся ўсе падзеі падчас падарожжа. Экран кампутара высвеціў тэкст, які камандзір карабля ўвёў у яго памяць:
«2503 год, 20 чэрвеня, 00 гадзін 17 хвілін, пасадка на планету Аскал. Камандзір карабля І.Ісаеў, член экіпажа І.Сухін».
- Вось на сёння і ўсё! - павярнуўся ён да Івана. - Па магчымасці трэба да раніцы адпачыць... Раніцай - невядомасць.
Але як ні прымушалі сябе члены экіпажа заснуць - сон не браў. І як было заснуць пасля амаль дзесяці гадоў напружанага чакання сустрэчы з... З кім? З чым?..
Гэтыя пытанні не проста хвалявалі зямлян, а спальвалі душы цікаўнасцю блізкай і хуткай разгадкі.
Гэта ж трэба - варта толькі адчыніць адзін герметычны люк, потым, зачыніўшы яго, разгерметызаваць другія дзверы - і...
Іван парушыў «сон» свайго сябра і звярнуўся да яго, бо чуў, што і ён варушыцца і ўздыхае.
- Няма моцы трываць! Хочацца выйсці, агледзець планету, перазнаёміцца з усімі і ўсім.
- Не толькі агледзім, але і прымем усе меры бяспекі... Карацей, будзем дзейнічаць, зыходзячы з убачанага... - як бы падсумаваў думку Івана камандзір карабля.
- Эх, - уздыхнуў Іван, - і ноч супраць нас... Ледзь паўзе...
Ісаеў усміхнуўся:
- Калі ўжо дзесяць год перацярпелі, дык некалькі гадзін адолеем!
Непрыкметна для сябе, стомленыя дарогай і ўсхваляваныя чаканнем, астранаўты пад раніцу заснулі. Колькі яны праспалі - не было калі ўдакладняць, бо, усхапіўшыся, як па камандзе кінуліся да ілюмінатараў, праз якія яркімі патокамі лілося сонечнае святло.
Зірнуўшы ў ілюмінатары, пасланцы Зямлі аслупянелі. Яны былі гатовыя ўбачыць усё - і самых агідных страшыдлаў, і самых неверагодных пачвараў, і нават разумных істотаў, перагнаўшых у сваім інтэлектуальным развіцці зямлян.
- Што гэта?!.
- Вось гэта дык прыём! - вырвалася ў астранаўтаў.
- Што будзем рабіць?! - разгублена спытаўся Іван.
Камандзір, пасля доўгай паўзы, пачаў разважаць, быццам думаў услых:
- Што рабіць... Што рабіць... Думаю, што ў караблі адседзецца не ўдасца... Ды і не для гэтага мы сюды ляцелі. А калі так, трэба вырашыць, як сябе паводзіць...
Зямляне зноў сціхлі і «прыліплі» да ілюмінатараў.
Карабель быў шчыльна акружаны людзьмі ў камуфляжнай форме з аўтаматамі напагатове. Іх было так многа, што ад стракатасці рэзала вочы горш, чым ад сонца. Ля выхаду з карабля стаяла некалькі чалавек у цывільным.
- Мы што, трапілі на нейкую дапатопную ваенную базу? - спытаўся сам у сябе Іван. - Такое відовішча, што...
- Значыць,так, - рашуча перапыніў яго камандзір карабля, - куленепрабіваемыя касцюмы і шлемы не здымаць! Увесь арсенал абароны мець пры сабе! Не праяўляць ніякай варожасці і не выказваць разгубленасці! Зброю прымяняць у самым крайнім выпадку! Перагаворы буду весці толькі я!..
Пакуль камандзір вядзе свой жорсткі інструктаж, прадыктаваны абставінамі, можна спыніцца і паспрабаваць разабрацца, што гэта за такі «ўвесь арсенал абароны». Несвядомаму чалавеку ён тэарэтычна мала што скажа, бо тыя вяршыні навукова-тэхнічнай думкі, пра якія гаварылася раней, дазволілі зрабіць сродкі абароны і нападзення замаскіравана кампактнымі, павялічыўшы пры гэтым у шмат разоў магчымасці паражэння і знішчэння праціўніка.
Пра тыя аўтаматы, якія трымалі ў руках камуфляжнікі, на Зямлі даўно забыліся, яны калі і захаваліся, дык толькі ў музеі старажытнай зброі. Дастаткова толькі ўявіць кожнаму ў свой час, якая зброя была трыста ці пяцьсот гадоў назад, і адразу зразумееце, якое смешнае ўражанне зрабілі яны на зямлян.
Сёння, напрыклад, касцюм астранаўта, акрамя сваіх абаронных функцый, быў і грознай наступальнай зброяй. Так толькі ў двух нагрудных міні-блоках-рэактарах была схавана вялізная энергія, якая па камандзе чалавека магла імгненна знішчыць усё навакольнае праз ледзь бачныя каналы-клапаны, якія здольны ашчэрыцца псіхатропнымі, лазернымі, электрамагнітнымі выпраменьваннямі. У гэтым жа касцюме былі скандэнсаваны не толькі знішчальныя сродкі, але і абясшкоджваючыя - такія, як паралізуючыя, усыпляльныя, дэмаралізуючыя. Акрамя ўсяго гэтага, за невялічкай лінзай, паміж міні-блокамі, знаходзіцца спецыяльная лямпачка, успышка якой у тысячы разоў ярчэй за сонца. Гэта ўспышка таксама не знішчала, а асляпляла ўсё жывое.
Была і іншая, не менш грозная, кішэнная зброя, эфектыўнасць якой была засакрэчана і нам невядома.
Можна толькі дадаць тое, што касцюмы астранаўтаў дазвалялі свабодна, не здымаючы шлемаў, размаўляць з любым чалавекам, а вось унутраная сувязь паміж астранаўтамі была чутна толькі ім.
Маючы такую пераканаўчую навукова-тэхнічную перавагу над камуфляжнікамі, Сухін і Ісаеў больш-менш спакойна выйшлі з карабля.
* * *
Палац або рэзідэнцыя нейкай галоўнай асобы на гэтай планеце, куды даставілі двух зямлян, вызначаўся шыкоўнасцю і адсутнасцю густу.
Іван увесь час у думках абураўся: «Эх, шкада, што я не гісторык! Гэта ўсё нагадвае нешта як быццам знаёмае... Але што?..»
Ісаеў думаў пра іншае: «Вялікай пагрозы для нас гэты ўзброены дапатопнай зброяй натоўп не ўяўляе... Усё, што мы бачым, можа быць знішчана намі імгненна. Але гэтага не павінна быць...»
Калі картэж машын, у цесным акружэнні аўтаматчыкаў, пад'ехаў да цэнтральнага ўвахода галоўнага будынка, на ўсходцы выйшаў, відаць, той, каму падпарадкоўвалася ўсё на гэтай планеце.
Галоўны ступіў насустрач незвычайным гасцям і шырока ўсміхнуўся.
- Вітаю вас на нашай суверэннай і свабоднай планеце!
- Мы таксама рады вітаць вас і спадзяёмся на ўзаемапаразуменне! - стрымана адказаў Ісаеў.
- Я - .........., - і чалавек на ўсходцах назваў сваё прозвішча. Яно гучала настолькі складана, што зямляне з першага разу не запомнілі яго. - Я - галоўны на планеце Аскал! - працягваў ён...
Астранаўты таксама прадставіліся, назваўшы свае імя і прозвішчы. Галоўны (лепш будзем называць яго так, як запомнілі) задаволена сказаў:
- Мне прыемна, што вы валодаеце нашай мовай, у распрацоўку якой унёс і я вялікі ўклад. Упэўнены, што хутка і бліжняе,і дальняе касмічнае замежжа прызнае маю мову і пяройдзе на яе! Але што мы тут стаім, заходзьце ў пакоі! - і Галоўны павёў гасцей у рэзідэнцыю.
Дапатопны ліфт падняў гаспадара і гасцей на пяты паверх будынка, дзе ў нейкай афіцыйнай зале працягнулася ўзаемнае знаёмства.
- Ведаю, што вы з дарогі і вам неабходна адпачыць, таму не буду стамляць працяглай размовай.
Камандзір карабля дыпламатычна адказаў:
- Мы рады, што знаходзімся сярод разумных, сабе падобных людзей,і хочам выказаць...
- Ну, чаго-чаго, а розуму ў нас хапае! - перабіў Ісаева Галоўны.
- Мы хочам выказаць, - працягваў Ісаеў, - захапленне вашымі тэхнічнымі дасягненнямі, якія дазволілі паслаць сігнал на нашу далёкую планету Зямля...
- Які сігнал?! - ускочыў Галоўны. - Мы ніякага сігналу нікуды не пасылалі! І што гэта за такое - Зямля? Ніколі не чуў!
Астранаўты разгубіліся. Няўжо яны заляцелі не туды? А сігнал? Ён жа быў пасланы менавіта з гэтай планеты... Як сябе паводзіць далей? Што казаць?..
- Мы маем на ўвазе злектрамагнітны сігнал, які вылучае любое вялікае касмічнае цела і які мы зафіксавалі пры падлёце да вашай планеты, - ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву, Ісаеў.
- А-а! - супакоіўся Галоўны. - А Зямля? Што гэта за планета?
Ісаеў коратка ахарактарызаваў Зямлю як планету, гэтак жа коратка расказаў пра дасягненні ва ўсіх галоўных галінах эканомікі, навукі, культуры, асобна падкрэсліў тыя свабоды, якімі карыстаецца кожны, што лічыцца галоўнай каштоўнасцю часу.
- У нас, - закончыў Ісаеў, - кожная сям'я, праз адзіную сістэму Інтэрнэта, падключана да агульнай сістэмы кіравання дзяржавай і мае магчымасць уплываць на ўдасканаленне законаў, на ход развіцця агульнаэканамічных інтарэсаў, сацыяльных патрабаванняў, на росквіт культуры і гарманічнае развіццё кожнай асобы. Урад у нас сімвалічны і з'яўляецца каардынатарам агульнаграмадскіх пажаданняў і прапаноў.
Чым больш гаварыў Ісаеў, тым больш халаднейшымі рабіліся вочы Галоўнага.
- А чаму вы не здымаеце сваіх касцюмаў? - падазрона спытаўся гаспадар. - У нас усе павінны быць аднолькавымі!
- На вашай планеце хіміка-біялагічны састаў атмасферы адрозніваецца ад нашага, - зноў быў вымушаны схлусіць Ісаеў.
- Ну што ж, вам трэба адпачыць, а нам падумаць, - устаў Галоўны. - Вас адвязуць у адведзеныя для гэтага апартаменты, - і выйшаў з залы.
Сухіна і Ісаева размясцілі чамусьці раздзельна: не ў розны пакоях, а ў розных будынках. Гэта не толькі здзівіла, але і насцярожыла зямлян. Насцярожвала не толькі гэта: і вялікая колькасць узброеных камуфляжнікаў, і тое, як іх сюды везлі ад карабля.
А везлі іх таксама ў розных машынах, дарогу да рэзідэнцыі выбіралі так, каб абмінуць людзей і тую непрыгляднасць і неўладкаванасць, якая акружала іх.
Насцярожвала і тое, якое незадавальненне выклікаў у Галоўнага апісаны Ісаевым лад жыцця зямлян.
Кідалася ў вочы дрымучая адсталасць аскалаўцаў. Машыны, на якіх везлі ў рэзідэнцыю зямлян, як і аўтаматы камуфляжнікаў, і мясцовыя сродкі сувязі, на Зямлі даўно зрабіліся гістарычным хламам.
Насцярожвала і тое, што ў гасцей нават не запыталіся, як бы яны хацелі выкарыстаць вольны час ці што б ім хацелася ўбачыць, а, як падняволеных, рассялілі пад аховай.
Абмеркаваўшы па ўнутранай сувязі ўсё гэта, пасланцы Зямлі, у мэтах бяспекі, зноў вырашылі не здымаць сваіх касцюмаў да лепшых часоў.
* * *
Савет бяспекі быў скліканы Галоўным тэрмінова і праходзіў пад яго старшынствам.
Галоўны бліснуў вачыма, ад чаго прысутныя апусцілі галовы і сціснуліся ў камякі.
- У нас госці! - без уступу пачаў старшынствуючы. - Скажу прама: нежаданыя госці. Я яшчэ разбяруся з імі, а пакуль параімся, што з імі рабіць. Тое, што мне давялося пачуць ад іх, выклікае трывогу.
Прысутныя крыху паднялі галовы, але маўчалі.
Галоўны злосна працягваў:
-Там, на Зямлі, адкуль яны прыляцелі, згодна іх слоў, кіруюць нейкія свабоды, кожны робіць, што хоча, кожны сам сабе гаспадар. Урад, зноў жа з іх слоў, сімвалічны. Ці ж такое магчыма?! - узвысіў голас Галоўны.
Тут прысутныя заматалі галовамі:
- Не! Такога не павінна быць!
- Гэта жах!
- Анархія!
- Правакатары! - перакрыквалі адзін другога прысутныя.
Галоўны задаволена абвёў поглядам дарадцаў:
- Дзякуй за падтрымку! Бачу, што нашы думкі супадаюць!
Галоўны зрабіў паўзу, выцер насавой хустачкай успацелы лоб і спытаўся:
- Дык што будзем рабіць?!.
Усе зноў апусцілі галовы - не дай бог не тое ляпнуць ды не дагадзіць Галоўнаму.
- Ну, калі вы маўчыце, тады я вам растлумачу, якая небяспека для нас усіх схавана ў словах касмічных прыблудаў, - павучальна і дакорліва працягваў аратар. - Дык вось, тыя свабоды, пра якія плятуць нашы дарагія госцікі, пазбавяць вас усіх вашых прывілей і вашых...
- Не! Не дазволім!
- Не быць гэтаму ніколі!
- Да д'ябла свабоды! - рашуча паўскоквалі прысутныя.
Галоўны не хаваў усмешкі:
- Бачу, што мысліце вы па-дзяржаўнаму. Малайцы!.. Дык што будзем рабіць? - з іроніяй спытаўся Галоўны і хітра зірнуў на падначаленых.
- К чорту іх!
- Заткнуць ім рот!
- Вон іх адсюль!
- Садраць з іх шлемы - будуць маўчаць, як дохлыя рыбы!..
Галоўны ўзняў руку, і ўсе сціхлі.
- Цікавых прапаноў паступіла шмат, буду над імі думаць... Ёсць і ў мяне для іх «падарункі»... - Раптоўна грозна памахаў пальцам. - І ніякіх ім кантактаў з людзьмі! Ніякіх ім тут свабодаў! Я ім пакажу зямныя свабоды!
* * *
Сухін і Ісаеў адчулі нядобрае. Яны пераключылі ўнутраную сувязь на такі рэжым работы, каб адзін мог слухаць дыялог другога з гаспадарамі. Таму, калі ў пакой да Ісаева зайшлі двое ў чорных касцюмах, іх размову са сваім калегам Іван чуў даслоўна.
- Добрай раніцы! Як адпачывалі?! - пачалі незнаёмцы.
- Дзякуй! - адказаў Ісаеў. - Мы б хацелі выказаць некалькі сваіх пажаданняў...
Незнаёмцы быццам не пачулі гэтага. Яны запыталіся:
- А чаму вы не дакрануліся да яды? Не спадабалася?
- Вось гэта першая наша просьба: нам неабходна часова вярнуцца на наш карабель, дзе ў герметычным адсеку зможам зняць шлемы і прыняць яду. Там жа мы маглі б закласці па плітцы ежы і вады ў спецыяльныя прыстасаванні ў шлемах, што дазволіць нам доўга абыходзіцца без карабля.
- Баюся, што гэта немагчыма, -адказаў адзін з увайшоўшых.
- Тады, - рашуча заявіў Ісаеў, - нам пагражае галодная смерць!
- А вы здыміце шлемы і ешце! - хмыкнуў незнаёмец.
- Гэта будзе азначаць для нас тую ж смерць! І вы гэта добра ведаеце! - рэзка адказаў Ісаеў.
- Добра, - сказаў перагаворшчык, - мы зробім даклад начальству. Якія яшчэ пажаданні?
- Спадзяёмся, што мы не палонныя і будзем мець магчымасць азнаёміцца з вашай планетай...
«Чорныя касцюмы» рашуча выйшлі, грукнуўшы дзвярыма, - відаць, другое пажаданне не спадабалася ім больш, чым першае.
Іван чуў гэта слова ў слова, хоць і знаходзіўся ў другім будынку. Таму, калі да яго зайшлі візіцёры, ён прытрымліваўся думкі свайго камандзіра...
Галоўны, пасля даклада яму аб кантактах з зямлянамі, насупіўся:
- Ужо другія суткі, як яны на нашай планеце і яшчэ не прымалі ежу... А мне яны пакуль патрэбны жывымі... З іх шмат чаго карыснага для сябе можна выцягнуць...
Пахадзіўшы па кабінеце, Галоўны сказаў прысутным:
- Прыйдзецца везці іх на карабель... Лепей, як сцямнее. Трэба, каб менш цікаўных вачэй бачыла іх...
Наперадзе быў цэлы дзень, і астранаўты засумавалі. Хацелася есці, але цяпер, калі гаспадары амаль не хавалі сваёй варожасці, здымаць шлемы і касцюмы было б вялікай памылкай.
Днём распачаўся такі лівень, што за вокнамі зрабілася цёмна, як і на душы зямлян.
- Як пратрымацца гэты месяц? - спытаўся Іван у Ісаева. - І ці пратрымаемся ўвогуле?
- Будзем спадзявацца, што давядзецца чакаць менш месяца... Ды справа і не ў гэтым, - сумна разважаў Ісаеў, - складанасць у другім: як без сувязі з імі звязацца, як да іх дабрацца? Не падобна на тое, што нас павязуць на карабель, што нам дадуць свабоду...
Ісаеў памаўчаў і дадаў:
- Я маю на ўвазе, што не дадуць свабоду добраахвотна... Баюся, што прымяненне сілы з нашага боку непазбежна.
- А што застаецца рабіць? - пытаннем падтрымаў сябра Іван.
- Пажывём - пабачым... Не ў іхніх гэта інтарэсах, ды і не ў нашых таксама... Пабачым...
Вечарам лівень перастаў, пакінуўшы пасля сябе процьму вады ў кожнай лагчыне.
Калі сцямнела, Ісаева і Івана вывелі з іх пакояў, пасадзілі ў тыя ж машыны,і картэж накіраваўся да касмічнага карабля.
Як ні стараліся кіраўнікі гэтай маленькай планеты захоўваць завесу сакрэтнасці, але слых аб касмічных падарожніках даляцеў да кожнага жыхара, і людзі, нягледзячы на жорсткія забароны сваіх уладароў, збіраліся паглядзець на цуд.
Чым бліжэй было да касмічнага карабля, тым большыя натоўпы людзей можна было бачыць у святле фар уздоўж дарогі. Але картэж хутка імчаў, рассякаючы коламі вялізныя лужыны і абліваючы з галавы да ног і ахову, і цікаўнікаў.
І ўсё ж да самага карабля даехаць не ўдалося - лівень размыў узгоркі і палі, сярод якіх стаяў карабель, ператварыўшы іх у гразь.
Прыйшлося вылазіць з машын, што не было запланавана, і ў цемры, пры цьмяных ліхтарах, кратацца пешшу, ледзь выцягваючы ногі з гразі.
Ліхтары ў руках аховы выхоплівалі з цемры шматлікіх камуфляжнікаў і простых людзей, якія з неверагоднай цікаўнасцю ціснуліся да працэсіі. Было відаць, як тыя ж камуфляжнікі спрытна арудуюць гумовымі дубінкамі, адганяючы людзей, але пабітыя корчыліся ад болю і працягвалі жывымі хвалямі каціцца ўздоўж усяго шляху працэсіі.
Калі карабель быў ужо зусім блізка, нехта, карыстаючыся цемрай і штурханінай, рашуча праціснуўся, нават прадраўся праз ахову і нешта сунуў у руку Івану. Ахова палічыла гэту дзёрзкасць за жаданне дакрануцца да чужынца і груба адштурхнула нахабніка ў гразь, паласнуўшы некалькі разоў па плячах і галаве гумовым мясцовым «законам».
Падышоўшы да карабля, Ісаеў набраў умоўны код на міні-кампутары свайго касцюма, і першыя дзверы паслухмяна адчыніліся.
- Куды?! - груба адштурхнула ахова астранаўтаў. - Толькі з намі! І толькі пасля нас! - і некалькі чалавек увайшлі ў першы адсек.
- Падрыхтуй сістэму абароны! - скамандаваў шэптам Ісаеў. - Відаць, надышоў час зброі!
- Ну што застылі! Заходзьце! - і некалькі аўтаматаў штурхнулі ў плечы зямлян.
Ісаеў рэзка крутнуўся і накіравана, прыцэльна, каб не пашкодзіць людзей, прывёў у дзеянне паралізатар.
Якое ж было яго здзіўленне, калі пад моцнымі патокамі выпраменьванняў камуфляжнікі працягвалі іх штурхаць аўтаматамі ў плечы і грудзі.
Іван, бачачы такі нечаканы эфект іх зброі, з перапуду ціскануў на ўсе магчымасці абодвух міні-блокаў-рэактараў і накіраваў знішчальныя промні на тых, хто заняў першы адсек, каб расчысціць праход усярэдзіну карабля. Уся моц абодвух блокаў нябачным шквалам абрынулася на захопнікаў касмічнага карабля. Але можна было падумаць, што магутная зброя, здольная імгненна знішчыць тысячы людзей, сапсавалася і не дзейнічае. І толькі лазерныя промні пранізвалі цемру і пацвярджалі, што сістэма абароны дзейнічае бездакорна. Лазерныя промні пранізвалі не толькі цемру, але і няпрошаных гасцей у адсеку карабля.
Сухін «паліваў» промнямі ўзброеных аскалаўцаў і вачам не верыў. Лазер пранізваў іх наскрозь, біўся аб спецыяльную абшыўку адсека і асляпляльнымі іскрамі адскокваў ва ўсе бакі.
- Ха-ха-ха-ха! - пачулася працяглае рагатанне з адсека. - Заходзьце ў свой карабель і бярыце яду, а то здохнеце з голаду, як прыблудныя сабакі! Жыва!
Астранаўтаў запіхнулі ў адсек, дзе, падпёртыя з усіх бакоў аўтаматамі, яны набралі новы код і праз герметычны люк увайшлі разам з пільнымі ахоўнікамі ў карабель.
Ісаеў ціха загадаў Івану:
- Ідзём у бок катапульты! Па маёй камандзе хуценька заскокваем і імгненна заблакіруем люк!
Каб не выклікаць падазронасці, астранаўты паволі падыходзілі да катапульціруючай капсулы, супакойваючы сваіх вартавых: