Ад успамінаў не абароніць
Ні доўгі век, ні хуткі час...
Няхай былое душу бяссоніць,
Хай ачышчае і лечыць нас.
Хваліць ці ганьбіць усё агулам
Лягчэй, чым «важыць» за крокам крок.
Шмат і памылак - там, у мінулым,
Ёсць і выснова - жыцця выток.
КАЛОДКІ
Колькі помню свайго тату, ён ніколі не сядзеў без справы, злажыўшы рукі. Калі выпадаў рэдкі вольны час - ён то пілу вастрыў, то касу кляпаў, то дратву смаліў і валёнкі падшываў, то кошычак плёў, то ражачку майстраваў, то лучыну шчапаў - святла ж не было. Адным словам - майстар.
Чалавек, які ўцягнуўся ў працу, без яе не можа, як п'яніца без гарэлкі. Вось чаму адразу пасля вайны, на зайздрасць усім, у нас першых з'явіліся драўляныя калодкі.
Лапці - гэта адно. Калодкі - зусім іншае. Яны замянялі нам абутак, якому не было зносу.
Вычэсваў тата сякеркай нешта падобнае на падэшву, зверху прымацоўваў, як у лыжах, раменьчык ці кусок гумы, каб было куды ўсунуць нагу, - і «абутак» гатовы. Праўда, хадзіць у калодках было няёмка - падымеш нагу, каб пераступіць, а пятка драўлянай падэшвы не хоча падымацца, адвісае ўвесь час. Даводзілася ногі цягнуць, перасоўваць.
Затое як гэтыя калодкі па-заліхвацку палясквалі на каменьчыках, цокалі, нібы конь капытамі. Ідзеш і сам сабе зайздросціш - цок! цок! цок! цок!
БАЗАР
Летам нам жылося лягчэй - арэхі, ягады, нейкая дзічка, а то і яблык перападзе, потым - грыбы. А яшчэ было шчаўе!
Мне здаецца, што шчаўю, наогул, трэба паставіць помнік - яно ўратавала многа людзей ад галоднай смерці. Назбіраем яго ўсёй сям'ёй мех, і потым мама ці сястра нясуць гэты мех на сваіх плячах пешшу аж у Менск. А да Менска - сорак вёрст. Там шчаўе прадавалася даволі хутка - патрэба на яго была заўсёды, а за выручаныя грошы купляўся хлеб і - зноў з мяшком за плячыма, адным днём, пешшу дамоў. Хлеб ніколі лёгка не даваўся бедным людзям.
Але якое ж было свята, калі мама ці сястра вярталіся дахаты. Праўда, хлеб выдаваўся мамай маленькімі лустачкамі, каб як мага больш аддаліць голад. Чым менш заставалася хлеба, тым танейшымі былі лустачкі. Бывала, возьмеш яе ў руку, а лустачка перагінаецца, як паперка. Я, памятаю, кідаўся ў слёзы - чаму так мала хлеба. Тады тата браў мяне на рукі і казаў, трымаючы лустачку насупраць святла:
- Глядзі, сынок, а вось - базар!.. А колькі людзей на базары!..
Лустачка была танюсенькая і амаль уся прасвечвалася ад порыстасці, была ўся на дзюрачках, як рэшата. Гэта мяне забаўляла, я пераставаў плакаць і з'ядаў свой «базар».
ВЕРАБ'ЮШКА
Адразу ж за вёскай пачынаўся луг з высокай травой, мноствам розных палявых кветак. Сталаму чалавеку трава была трошкі вышэй за калена, а ў нас тырчэлі толькі нашыя «макаўкі» з травы. Але бегалі мы на гэты луг не толькі дзеля забавы - на ім густа расло шчаўе, якое праз некаторы час выкідвала ўгару далікатныя сакаўныя дудкі, на якіх ужо пазней выспявала семя. Вось гэтымі дудкамі мы і сілкаваліся, яны нас моцна ратавалі ад голаду. Чамусьці гэтыя дудкі мы звалі - вераб'юшка і нават жартавалі:
- Вераб'юшка - баліць б'юшка.
І сапраўды, ад гэтай зеляніны-кіслаты нярэдка балелі нашыя жываты.
Сярод нас была Ларыса Міцько, якой сваякі прывезлі з Менска прыгожую, у кветачкі, сукенку. Шчаслівая Ларыса апранула абноўку і не адчувала зямлі пад нагамі - бегала, шчабятала, качалася па траве. І трэба ж было так здарыцца, што сукеначка за нешта зачапілася і разадралася. А маці ў Ларысы была вельмі строгая, з дзецьмі не цырымонілася, бо і ў іхняй сям'і «галавасцікаў» была цэлая куча - якія тут могуць быць цырымонкі, ледзь выжывалі, тым больш без бацькі, які загінуў на вайне.
Пайшлі мы ўсе разам прасіць Ларысіну маму, каб не біла дзяўчынку. Ларыса ж была вельмі ветлівая, ласкавая, «ліслівая», яна і запрычытала:
- Мамачка, міленькая, родненькая, не бі мяне - я парвала сукеначку...
Толькі тады я звярнуў увагу на свае лахманы, якім нічога ўжо не было страшна, і з палёгкай уздыхнуў.
ГУЗАКІ НА ЛБЕ
Бывала так - выскачыш на двор пагойсаць, сустрэнеш сябра, а ў яго - гузак на лбе. Заўтра ён цябе сустрэне, а ў цябе - таксама лоб з гузаком.
Ні ён у цябе, ні ты ў яго не пытаешся - што ды адкуль? Справа вядомая, звыклая. Што за шалянец без такога гузака?
Мяркуйце самі. Садзімся есці ўсёй сям'ёй вакол адной вялікай місы,бо другога посуду пасля вайны не было.
А каб бліжэй быць да булёну ці заціркі, трэба сядзець шчыльна - локаць да локця, калена да калена.
А хіба ж магчыма сядзець каля братавага бока і не парнуць спадцішка ў гэты бок? І ледзь толькі парнеш у бок - як брат пырскае ад смеху. А за сталом - Божа барані - каб хто слова сказаў ці круціўся. Яда - святая справа. Але гэта для дарослых, бо дзецям - толькі ж паштукаваць, павыскаляцца. А смяяцца заўсёды прыпірае тады, калі гэта забаронена. Тады падскоквае дурны смех.
Вось і ў час яды - парнеш у бок брата - той у смех, а тата - трэсь лыжкай па лбе брату. Таму - ужо не да смеху.
Затое ты «пырскаеш» ад удалай «штуковіны», але адразу ж зарабляеш свой гузак за «парушэнне парадку».
Карацей, яда - справа сур'ёзная.
ВАЛАЧОБНІКІ
Валачобнікі - гэта нешта надзвычай прыгожае, урачыстае, прыстойнае. Збіраліся на Вялікдзень самыя рухавыя, вясёлыя, няўрымслівыя аднавяскоўцы і разам з гарманістам хадзілі ад хаты да хаты, прыгожа спяваючы. Святочна апранутыя, знешне шчаслівыя, чыста вымытыя, яны зусім не нагадвалі зрабаваных, абяздоленых, задушаных працай людзей. Сапраўды Бог спускаецца на зямлю ў гэты дзень.
У кожнай хаце ўжо чакалі святочных пасланцоў і нават пакрыўдзіліся б, каб яны абмінулі кагосьці.
Падыходзілі валачобнікі да акна і спявалі:
- Проша паненцы адчыніць акенцы...
Спевы былі прыгожыя, мілагучныя, узнёслыя, як і душы тых пакрыўджаных лёсам людзей. Калі не памыляюся, валачобніцкія спевы называліся васоламі.
Калі спевы толькі пачыналіся, шчаслівая гаспадыня адчыняла акенца і з пашанай слухала іх, а потым праз акно падавала валачобнікам ад свайго стала ўсё, чым была багата гэтая хата. Падарункі складвалі ў вялізны плецены кош, які нехта з валачобнікаў насіў на рэмені цераз плячо, - і гэтак ад хаты да хаты. Такое святкаванне аб'ядноўвала людзей, збліжала іх.
Валачобнікі ніколі не хадзілі адны, за імі заўсёды цягнуўся «хвост» - мы, дзеці. Я ганарыўся больш за ўсіх, бо гарманістам быў мой тата.
Калі хаты былі «абпетыя», збіраліся ўсе аднавяскоўцы на сонейку і, паслаўшы посцілкі на траву, працягвалі свята за агульным святочным «сталом».
Сёння нашыя дзверы і вокны шчыльна зачынены...
ПАЖАЧКІ
На святы Вялікдзень у дзяцей было столькі радасці, што і сёння цяпло тых дзён не астыла, не згасла, не згінула.
Дарослыя заўсёды цешацца па-свойму - стрымана, узважана, «посна» - ім да дзяцей расці і расці.
Перш-наперш мы да ўсходу сонца беглі на пагорак, каб пабачыць, як на Вялікдзень танцуе сонейка пры ўсходзе. Дарослыя гэтага не рабілі, бо ведалі, што гэтак жа сама яно «танцуе» і кожны дзень.
Дзеці ж у гэта верылі шчыра, і таму свята набывала ўжо зрання асаблівую таямнічую прыгажосць.
Гавеліся разам, усёй сям'ёй, нешта снедалі. Дарослыя пілі чарку, другую, пятую, слабейшы мог і пад стол зваліцца - тады і канец святу. А ў дзяцей усё толькі пачыналася. Найгалоўнейшая для дзяцей справа святога дня - біцца ў яйкі. Колькі піску, колькі крыку, колькі рогату і спрэчак! Кожнаму ж хочацца перамагчы і забраць сабе пабітае яйка. Азарт! Некаторым дужа не шанцавала - яны куляй ляцелі дамоў і прасілі ў мамы яшчэ фарбаваных яек, бо ўшчэнт прайграліся. Сталейшыя хлопцы часцяком шальмавалі з намі, малымі, - непрыкметна падстаўлялі сустаў пальца пад удар, і ўжо нікому нічога не дакажаш, хоць тут плач-расплачся - аддавай яйка, і ўсё. Аднаго года аб'явіўся ў нас і зусім «непераможны» хлапец, пабіў усіх без разбору. Нагроб цэлыя кішэні нашых яек, стаім мы з пустымі рукамі, ледзь не плачам. Калі потым высветлілася - у яго было драўлянае яйка, якое па-майстэрску зрабіў яго тата, пафарбаваў і даў сыну. Больш з ім ніхто ніколі не гуляў у яйкі, хоць ён і прасіўся, маліўся, скуголіў.
Значна «інтэлігентней» гулялі ў яйкі дзяўчынкі. Яны рабілі з пясочку пагорачкі і па чарзе скочвалі яйкі ўніз. Яйка коціцца няроўна - то нечакана ўлева зверне, то ўправа крутнецца - вось чыё яйка «знойдзе» іншае, тое і перамагае. Цікава, ажно дух захапляе! Бывала, і мы, меншыя, далучаліся да дзяўчынак...
Быў і яшчэ адзін абавязковы для дзяцей «рытуал» - пажачкі. Гэта значыцца - кожнае дзіця на Вялікдзень павінна было зайсці ў кожную хату па фарбаванае яйка. Ніхто, канешне, у карак не гнаў, можна і не ісці, але каму ж не хочацца мець як мага болей прыгожых яек - гэта ж цэлае багацце! Сапраўды носішся з імі, як курыца з яйкам.
Дарослыя пра пажачкі ведалі, таму прыкідвалі, колькі дзяцей у вёсцы, каб кожнаму хапіла.
Заскокваеш да каго-небудзь у хату, смарганеш носам і абавязкова, як і «дзяўблі» бацькі, кажаш:
- Хрыстос уваскрос!
А потым, каб атрымаць яйка, неабходна яшчэ сказаць:
- Не дасі яечка - здохне авечка, не дасі кока - вылезе вока!
Карацей, за яйка трэба і «папрацаваць».
Я быў вельмі ціхі, сціплы, сарамлівы, ды і гадкоў мне было, можа, з пяць усяго. Я заходзіў у хату і стаяў ціхенька ля парога, апусціўшы галаву. Дарослыя разумелі, які з мяне «аратар», і давалі яйка, не дамагаючыся ад мяне гэтых пацераў.
Заскочыў я гэтак да Кухаронкавых і стаю як слупок.
- А што трэба сказаць? - пытаюцца ў мяне.
Я сціснуўся ў камячок і стаю, як пружына ўвесь...
- Не хочаш гаварыць, не атрымаеш яйка! Ну?
Я як даўся ў дзверы, ды на двор, ды ходу, а мне ўслед крычаць:
- Куды ты?! Пастой! На яйка!
А мой і след прастыў...
Дурненькі я, дарэмна пакрыўдзіўся, людзі ж хацелі пачуць ад дзіцяці святочныя прыказкі.
ЭХ, ПРАКОЦІМСЯ!
Да Жукоўскіх з Менска прыехаў іх старэйшы сын Іван. Не проста прыехаў, а на грузавіку - уладкаваўся недзе ў Менску працаваць шафёрам. Форсу, гонару таго, як кажуць, без фігі не да носа! Ды і было чым ганарыцца - пасля вайны шафёр - больш значная шышка, чым сёння міністр. Машыну мы бачылі першы раз у жыцці, і таму, калі Іван, ад'язджаючы ў Менск, прапанаваў нашай хеўры пракаціцца ў кузаве, мы ажно зараўлі (прабачце, запішчалі) ад захаплення. Калі машына набірала хуткасць і вецер пачаў паласкаць нашыя твары, мы адчулі нешта незвычайнае, у нас быццам выраслі крылы, і, не згаворваючыся, мы запелі штосьці без слоў: «Ля-ля-ля», - і ў такт нашым крыкам пачалі выстукваць па кабіне. Машына рэзка затармазіла і прыпынілася. Вылез з кабіны Іван і запытаўся:
- Ну што, зайцы, так мала пракаціліся? Вылазьце!
Нас быццам з вару апусцілі ў ледзяную ваду, настолькі змяніўся наш настрой. Нічога не разумеючы, мы пасаскоквалі на зямлю і з вялікім жалем глядзелі ўслед ад'язджаючай машыне. Праехалі мы ўсяго метраў з пяцьдзесят. Дамоў сунуліся як пабітыя...
Нам тады ў галаву не магло прыйсці, што стуканне па кабіне азначае просьбу супыніць машыну. Прыехалі!
ДУРНЫ ЖАРТ
Аднойчы вярталіся мы з арэхаў дамоў і раптам спыніліся як укопаныя. На мяжы, на ўскраі вёскі, спала дзяўчына. Спала спакойным, казачным сном, прыгожа нахіліўшы ўбок галаву, раскідаўшы доўгія валасы. Гэтую дзяўчынку мы ведалі, яна прыехала на лета да сваякоў у нашу вёску з Ленінграда. Яе звалі Аня. Сонечны пяшчотны дзень, цішыня і спакой, водар лясоў і траў паспрыялі гэтай прыгожай дзяўчынцы, якой было, можа, год з чатырнаццаць, заснуць глыбокім сном. Яе твар упрыгожвала ледзь бачная, бесклапотная ўсмешка, якая адлюстроўвала чысціню і светласць гэтай дзявочай душы...
Мы стаялі, зачараваныя, і любаваліся ёю.
Раптам Тонік Сінкевіч, таксама меўшы ўжо гадоў з чатырнаццаць за плячыма, выйшаў наперад, таямніча прыклаў палец да сваіх вуснаў, паказваючы гэтым, што зараз адкрые нам страшэнную тайну, і прыцішана сказаў, закаціўшы вочы ўгару:
- Мая!
Так мы яму і паверылі! І нават не таму, што Тонік быў цыбаты, нязграбны, грубы, а перад намі ляжаў ледзь не анёл, а таму, што ніхто ні разу не бачыў іх разам, нават размаўляючы. А ў вёсцы - усё як на далоні.
Далей здарылася нечаканае і страшнае. Тонік падышоў да дзяўчынкі, нахіліўся над ёй і як зараве дзікім ровам. Нават мы ад нечаканасці перапужаліся. А што казаць пра дзяўчынку? Бедная Аня. Яна ўсхапілася, вочы дзікія, нічога не разумее. А Тонік стаіць над ёй і рагоча, аж хістаецца. Ніхто з нас, значна меншых, не смяяўся з Тонікавага «жарту».
Добра, калі гэты спалох не адбіўся на далейшым здароўі ці псіхіцы Ані. Лёс жа Тоніка быў сумны. Ён адслужыў у войску, чалавек увогуле быў добры, але спіўся і памёр ад гарэлкі ў маладым узросце.
ПЕРШЫ ЗАРОБАК
Сталейшая мая сястра Жэня была, як кажуць, на выданні. Ды і прыгожая была і, нягледзячы на голад, даволі «круглая» - маладосць брала сваё. З гэтай нагоды ў наш закуток нярэдка зазіралі хлопцы - проста так, выпадкова: «Ішоў тут, дай, думаю, зайду»...
Заходзіў да нас і К. (не буду называць прозвішча). Вось гэты К. аднойчы мне і кажа ціхенька на вуха:
- За кожнае мацюковае слова буду плаціць па дваццаць капеек...
У мяне загарэліся вочы - ого, аж дваццаць капеек за слова! (Потым, пасля рэформы, дваццаць капеек ператварыліся ў дзве, а зараз сам чорт не разбярэцца з грашыма.) Я пачаў напружана ўспамінаць тыя мацерныя словы, якія, канешне ж, чуў ад сталейшых хлопцаў, ад дарослых. Успомню такое слова - шапчу К. на вуха. Ён, каб усе чулі, хваліць мяне:
- Малайчына! Харошае слова! - спраўна плаціў грошы і рагатаў з задавальненнем, забаўляўся.
Але лексікон мой быў небагаты ў гэтай галіне, і запас «харошых» слоў хутка вычарпаўся, а «зарабіць» хацелася, і я пачаў шаптаць розныя словы, але не мацюковыя. Тады К. глядзеў на мяне сурова і таксама, каб усе чулі, невыпадкова казаў:
- Ты што мацюкаешся! Як табе не сорамна? Ану ўспамінай харошыя словы!
Цяжка было мне, пяцігадоваму, разабрацца - што да чаго. На жаль, першыя заробленыя мае грошы былі бруднымі.
ФІГА
У Будах у Кухаронкаў было ўсё - і хата, і свіран, і жорны, і іншыя розныя будынкі і прыстасаванні. Быў у іх і цудоўны сад, праўда, надзейна агароджаны, а шкада...
Вось прыехаў аднойчы да іх нейкі важны госць, якога спачатку частавалі ў хаце, а потым Барыс, малодшы сын Кухаронкавых, якому было гадоў каля дваццаці, павёў гэтага госця ў сад.
Мы, хлапчукі, заўсёды «пры справе», без нас нідзе не абысціся, і тут мы не падкачалі. Барыс з госцем у сад, а мы праз адчыненыя варотцы - следам, авось, думаем, што і перападзе, авось перад госцем не выгане. Цыкнуў на нас Барыс, а выганяць не стаў, бо надта ўжо быў заняты гэтай персонай.
- Калі ласка, вось гэты яблычак пакаштуйце!..
- А вось гэты, дык такі наліўны, ажно семкі бачны!..
- А цяпер вось гэты, ён як мёд... - і гэтак далей. Водзіць ад яблынькі да яблынькі, усё сцелецца дарожкай перад госцем.
Мы, як тыя сляпыя шчаняты, увесь час скуголілі ззаду:
Здавалася, ён не звяртаў на нас увагі, трымаў марку, але мы, мусіць, яго так «дасталі», што ён рэзка павярнуўся і з шалёнай злосцю выставіў нам фігу:
- Наце яблычак!
Паколькі я быў самы першы, фіга трапіла прама мне ў нос. Барысаў агромністы кулак, складзены ў такую фігуру, быў, здавалася, большым за маю галаву, закрываў сабой і сад, і ўвесь свет. Не па-дзіцячы горкую крыўду адчуў я тады...
Крыўда тая даўно ператварылася ў вялікі жаль, бо Барыс, пасля таго як ажаніўся, не ладзіў з жонкай і застрэліўся з ружжа. Даруй яму, Божа!
ЗА ШТО?
Пасля вайны нас у мамы было толькі пяцёра, да вайны - аж дзевяць. Я - самы маленькі. Мама і тата ад цямна да цямна - у калгасе, а мы - самапасам. Мяне, чатырохгадовага, адвялі ў суседнюю вёску да сваякоў - усё ж маме спакайней і лягчэй будзе. У гэтай сям'і жыла і дзяўчынка Соня, якая ўжо хадзіла ў першы клас. І вось тут я ўбачыў першую ў сваім жыцці кніжку - гэта быў буквар, у якім аж «кішэла» малюнкаў. Праўда, малюнкі былі не каляровыя, але ўсё роўна бачыць першы раз у жыцці такі цуд - гэта вам не сёння, што кнігарні ломяцца ад розных кніжак, яркіх, прыгожых. А тады - галеча, паперкі не знойдзеш, не тое што кніжкі. Ці ж магло маё дзіцячае сэрца вытрымаць і прапусціць проста так гэтую прыгажосць? Я адразу ж узяў нажніцы і павыразаў самыя прыгожыя, на мой розум, малюнкі, асцярожненька, каб не парваліся, склаў іх і схаваў у кішэньку, а ў душы радаваўся магчымасці бачыць у любы момант гэтую незвычайнасць дома.
Якое ж было маё здзіўленне, калі, вярнуўшыся ў хату знадворку, дзяўчынка Соня кінулася ў слёзы, нарабіла такога ляманту - хоць вушы затыкай. Збегліся дарослыя, забралі мой дарагі скарб і адвялі мяне назад да мамы. Праўда, не білі. А я доўга не мог зразумець, за што на мяне сварыліся.
МАКУХА
Надакучыў я вам са сваім голадам? Прабачце! Але зноў вяду размову пра яго, праклятага...
Прывезлі неяк у Буды цэлую машыну нейкай макухі. Згрузілі яе ў будыніну - напалову склеп, бо частка ў зямлі была. Навесілі на дзверы замок, і ўсё. Не, не ўсё! А як жа без нас?! Мы хуценька даведаліся пра тое, што прывезлі макуху, каб даваць яе жывёле. А чым мы горшыя за жывёлу? Нам таксама хочацца есці. Круціліся мы вакол гэтага будынка, круціліся - ні дзюрачкі, ні шчылінкі, толькі пах той макухі насы зварочвае, ахвоты паддае. Нарэшце залезлі мы на дах, нешта адсунулі, нешта ададралі - і вось яна, жаданая! Паспрабавалі - смакацішча! Ну і наваліліся ж мы на яе, толькі хрумст стаяў у цемры. Елі, елі - колькі ўлезла, яшчэ і з сабой хапянулі - хто ў кішэні, хто ў запазуху. Вось гэта жыццё! Заўтра зноў наведаем «харчэўню»!
Але ні заўтра, ні пазней сюды мы не палезлі, бо праз некалькі гадзін нас стала так ванітаваць і тузгаць, што мы зелянелі, сінелі, чарнелі. Ці мы задужа перагрузілі свае вечна галодныя жываты, ці макуха была, сапраўды, толькі для жывёлы - ніхто не ведае. Вядома толькі адно - тую будыніну мы абыходзілі далёка, бо не маглі чуць нават паху той макухі.
СМЯРОТНАЯ РАНА
Пасярод Будаў узвышаецца пагорак, яго называлі малаказаводам. Мусіць, тут быў некалі сапраўды завод, бо захаваўся вялікі, высокі падмурак. На адным схіле гэтага пагорка рос арэшнік, былі нейкія ямы, таму мы, вясковае «войска», тут гулялі «ў вайну». Падзяляліся на два лагеры, і пачыналася «перастрэлка», поўзанне, перабежкі, перамогі і паражэнні. Камандзірам нашага атрада быў Шурка Бурло - хлопец сталейшы за нас - на тое ён і камандзір.
Паўзу я з нейкім ражончыкам, замяняўшым стрэльбу, па гэтым арэшніку і нечакана натыкаюся на Шурку, які ляжаў на спіне, распластаўшы рукі і заплюшчыўшы вочы.
Я, як і належыць, пытаюся:
- Што з вамі, таварыш камандзір?
У адказ - ні гуку... Зноў і зноў задаю тое ж пытанне - вынік аднолькавы. Я не на жарт перапужаўся і давай крычаць на ўвесь арэшнік, клікаць на дапамогу.
Пазбягаліся і «нашы», і «не нашы» і давай валтузіць Шурку - не дай Бог памёр.
Нарэшце ён, не адкрываючы вачэй, працадзіў скрозь зубы:
- Мяне ранілі проста ў сэрца...
Хух! Цяпер ужо і ў нас адлягло ад сэрца.
Аказваецца, Шурка гэтак увайшоў у ролю.
І СМЕХ, І СЛЁЗЫ
Сядзім мы неяк са старэйшым братам Кастусём на печы і шчыкочымся - зубы скалім. То ён мяне пакоціць, то я на яго ўссяду. Весела! Валтузімся, ажно печ трашчыць, ажно комін хістаецца.
Але праўду кажуць - надта не рагачы і не выскаляйся, бо хутка плакаць будзеш.
Так яно і атрымалася. Кастусь за мяне на чатыры гады сталейшы, у яго і сіл значна больш. Ён мяне прыціснуў і казыча, а я... а я, сказаць вам па сакрэту, баюся гэтага казытання і сёння горш за ўсё на свеце. Я й сёння буду ўцякаць ад гэтага хоць па сценах, хоць па столі, хоць у ваду, хоць у агонь.
А тады куды я мог уцячы, калі ён мяне прыціснуў, а я ўжо заходжуся ад смеху, ажно сінею? Што я мог зрабіць? Як мог ратавацца? Правільна! Толькі адным спосабам. Я яго і скарыстаў - што першае папалася пад руку, тым я і смалянуў брату ў зубы. А папалася, на жаль, нешта важкае, бо ў беднага Кастуся выскачыла адразу аж тры зубы. Ды якія! Самыя што ні ёсць найпярэднія! Як карова языком злізала. Вось мы і нарагаталіся, і наказыталіся, і навыскаляліся. Сядзім на печы, звесіўшы ногі, і плачам. Кастусь таму, што баліць, я - таму, што зрабіў брата шчарбатым. Сам сябе ён убачыць доўга не мог, бо не было люстэркаў.
Гэты сумны выпадак каб і хацеў выкінуць з галавы, дык немагчыма, бо і праз паўвека, пры сустрэчы з братам, бачу яго ўстаўленыя зубы.
НАВУЧЫЎ
У дубе, як ісці на Жукаўку, вадзіліся шэршні. Іх раней было на кожным кроку - і ў крушнях, і ў дуплах, і дзе іх толькі не было. Каб сказаць, што яны былі «задзірыстымі», дык не. Не чапай іх, і яны не зачэпяць.
А які ж гэта падшыванец пройдзе каля шэршняў, каб не кінуць у іхні бок камень ці палку? Вось і я ўнадзіўся хадзіць да гэтага дуба і кідаць па дупле каменнямі. Камень стукнецца аб дуб і адскоквае, а шэршні за ім. Цікава! Канешне, ёсць рызыка, што шэршань можа не за каменем паляцець, а за тым, хто яго кідае, але ў гэтым заключаецца ўся вастрыня гульні, якая і прываблівае.
Аднаго разу набраў я каменняў, стаў, як заўсёды, на «баявую» пазіцыю і давай шпурляць. Ды, мусіць, я ўжо ў тых шэршняў сядзеў у пячонках, бо адзін з іх паляцеў не за каменем, а праміком да мяне. Шэршань - гэта цэлы бамбавоз, і гудзе ён грозна, як бамбавоз. Я ад страху ледзь не абамлеў. Не паспеў я і пікнуць, як ён грызануў мяне за руку ля локця. Было такое адчуванне, што мне нехта палкай па руцэ трэснуў. Добра, што пашкадаваў мяне і не ўкусіў за твар.
Я схапіўся за руку і з дзікім гвалтам панёсся дахаты.
Да таго дуба болей я не падыходзіў.
СПРЭЧКА
Далёка за Будамі, як ісці на Сухую Гару, жанчыны, і сярод іх мая мама, жалі сярпамі калгаснае жыта. Спёка стаяла страшэнная, і мы, хлопчыкі і дзяўчынкі - дзеці гэтых жнеек, набралі ў бутэльку вады і панеслі яе сваім змучаным матулям.
Хто з нас прапанаваў зрабіць такі высакародны ўчынак - не памятаю. Усё было б добра, але ў аднаго хлапчука знайшлася ў кішэні цукерачка-гарошына, якую ён ніяк не адважваўся з'есці, бо яна была апошняя. Яго тата хварэў на сухоты, і, каб «падтрымаць» яго здароўе, прывозілі з Менска пасля продажу шчаўя маленькі кулёчак цукерак - рознакаляровага гарошыку, можа, грамаў сто, бо на большае і лепшае не хапала грошай, хоць бы хлеба купіць ды з голаду не памерці. (Неўзабаве яго тата і памёр.)
Вось гэтую прыгожую гарошынку наш сябар «аджалеў» і кінуў у бутэльку - «для смаку». Але адразу нас занепакоіла - чыя мама будзе піць ваду апошняй? Усе разумелі - апошняй дастанецца цукерачка.
Падняўся шум, піск, штурханіна, кожны крычаў:
- Мая!
Кожны спрабаваў завалодаць бутэлькай, каб потым і распараджацца ёю. І да таго мы завалтузіліся, што бутэлька слізганула з рук, бразнулася аб каменьчык і разбілася. Мы акамянелі ад нечаканасці.
Сонца пякло нясцерпна...
ПРОМАХ
Гулялі ў лапту. Мячыка ў нас не было, але гэта не бяда. Скруцілі яго з ануч - чым не мячык? Адзін яго падкідвае, другі палкай стараецца папасці па ім, каб ён ляцеў як мага далей. Гулялі хлопцы, якім было ўжо год па дванаццаць, а такую, як мы, пяці-шасцігадовую мелюзгу не бралі. Але я так прасіўся, так скуголіў, каб дазволілі хоць мячык падкінуць, што Віцька Жукавец (чамусьці яго звалі Красянцом), які стаяў з палкай, нарэшце злітаваўся і дазволіў мне падкінуць «мячык».
Не ведаю, што атрымалася - ці я стаў заблізка да Віцькі, ці ён не тым бокам да мяне, але Красянец з усяго размаху «змазаў» мне палкай па пераносіцы, ажно іскры (якія там іскры?) - ажно вуголлі з вачэй пасыпаліся. Я заліўся крывёй і брыкнуўся, як падсечаны.
З тае пары мой нос крыху крываваты, мусіць, не так храшчык зросся. Затое гульні ў лапту ніколі не забуду.
ШКАДА...
Да мяне, як віхор, падляцеў Жэнька і, сціскваючы «лодачкай» далоні, у якіх быў аловак, спытаўся з жарам:
- Не ты згубіў?
У мяне перахапіла дух. Сапраўдны аловак! Мне ж так хацелася маляваць, але не было чым і на чым, таму мы, дзеці вайны, малявалі на пяску. А тут сапраўдны аловак! А які Жэнька чэсны! Знайшоў аловак і шукае гаспадара!
Я, доўга не думаючы, адказаў Жэньку: «Мой!» - хоць нічога не губляў, бо губляць не было чаго.
Жэнька з такім жа жарам «заіржаў» і паказаў «аловак» - гэта была драўляная прадольная палавінка без стрыжня.
Ну, Жэнька! Ну, шэльма! А шкада, што аловак быў несапраўдны.
«БЫЧКОЎ ПАДАРУНАК»
У сорак пятым годзе мы жылі ў спаленай немцамі роднай Карпілаўцы, у зямлянцы. Мне было тры гадкі...
Выкараскаўся я неяк з нашай зямлянкі, стаю перад ёй, думку думаю: «Куды падацца?» Бачу, пасецца побач Тодараў бык. (Як яны на яго разжыліся - не ведаю.) Я ціхенька, нага за нагу, бокам, бокам - ды да яго, гэтага быка. Ён перастаў скубці траву і, не паднімаючы сваёй рагатай галавы, глядзіць на мяне - што гэта за такая шмакадзяўка вырасла перад яго вачыма?
Ён мяне разглядае, я - яго...
Крыху расхрабрыўшыся, я пачаў пальчыкам дакранацца да ягонага ілба ды паціху поркаць у той лоб.
Ці доўга гэта «порканне» працягвалася, ці не, а, відаць, я яму надакучыў, бо ён ціхенька піхнуў сваім ілбом мяне ў грудзі. Гэтага «ціхенька» хапіла для таго, каб я задраў ногі.
Я перапужаўся, ляжу, раву - на чым свет стаіць! Бык здзіўлена глядзіць на мяне, а я - раву!
Канешне, ён не біў мяне, бо ў яго хапіла розуму «скумекаць», што перад ім - дзіця, таму ён не рогам, а ілбом «пагладзіў» мяне...
...Між іншым, бываюць у жыцці выпадкі, калі бык забівае дарослага чалавека...
Але вернемся да нашага «добрага» быка. Ён здзіўлена стаіць нада мной, а я - раву... Як выбегла з сваёй зямлянкі, што насупраць нашай, Тодарыха ды як убачыла, што я ляжу каля іхняга быка, - перапужалася, бедная, падумала, што бык па-сапраўднаму «ўваліў» мне. Адагнала яна ўбок жывёліну, падняла мяне, бачыць - я цэлы і здаровы, толькі раву. Тады яна, каб уціхамірыць мой роў, збегала ў зямлянку і прынесла мне лусту хлеба, пасыпаную цукрам.
Які ж быў смачны «бычкоў падарунак»!
БУДЗЕ ВАЙНА...
Праўду кажуць, што маленькая істота, якую маці носіць пад сэрцам у перыяд цяжарнасці, усё чуе, усё разумее і ўсё ўбірае ў сябе, каб потым адпаведным чынам «рэалізавацца» ў жыцці.
Калі ўсё адчувае і ўспрымае зародак чалавека, дык не мог жа я ніяк не рэагаваць на тое, што ў першыя гады майго жыцця вакол мяне лютавала вайна. Мае вочы бачылі ўсё, што бачылі вочы дарослага чалавека: немцаў, якія прыкладамі выштурхоўвалі нас з хаты, а потым спалілі яе, суровае жыццё партызанаў, да якіх мы прыбіліся і з якімі адыходзілі да Паліка, дзе потым немцы ўчынілі крывавую бойню і адкуль вырываліся хто як мог. Многа начэй правялі мы ў лесе без агню, без цяпла, без яды. Бачылі мае вочы і слёзы, і кроў, і смерць - не ўсё разумелі яны, але смяротны страх пасяліўся ў мяне, занадта маленькага ў параўнанні з тым агромністым горам.
Я не памятаю вайну, але выбухі, крыкі, уцяканне, хаванне, пакуты таго часу атруцілі маю кроў, мае дзіцячыя мазгі надоўга, бо слова «вайна» выклікала ў маім сэрцы неверагодны жах і я пачынаў дрыжаць усім целам. Гэта я пачаў заўважаць у сорак пятым годзе, па сутнасці, пасля вайны. І асабліва праяўлялася гэта цёмнымі вечарамі, калі мама мяне ўкладвала спаць. А спаў я чамусьці на спіне, але «калачыкам», падціснуўшы ногі да жывата і ўшчаміўшы пад іх рукі.
У нас, малых, было тады павер'е - калі нейкія словы доўга паўтараць - будзе ўсё наадварот.
Вось я, не раскрываючы свой сакрэт маме, вечарам не засынаў, а тросся ад страху і, як пацеры, доўга і старанна паўтараў праз сябе: «Будзе вайна... будзе вайна... будзе вайна...»
Дзякуй Богу, маё заклінанне «памагло» і ў Беларусі больш як пяцьдзесят гадоў няма вайны.
СТАЛІНСКАЯ КАРОЎКА
Ледзь толькі скончылася вайна, як аднекуль «зверху» распарадзіліся дапамагчы самым што ні ёсць пацярпеўшым ад гэтай праклятай вайны.
Мы, як пагарэльцы, былі тады самымі беднымі, бо акрамя вошай у нас нічога не было...
Той, хто памятае пасляваенны час, - памятае і ідэалагічны чад, што запоўніў усе куточкі знявечанага жыцця. Што б ні рабілася, ні манілася - усё прыпісвалася Сталіну. Сталін - перамог... Сталін - пабудаваў... Сталін - клапоціцца...
Вось тую «дапамогу» бедным - таксама аднеслі на рахунак Сталіна. І нам, нашай сям'і, якая не мела ні даху над галавой, ні крошачкі хлеба, ні бульбінкі, - калгас, ад імя Сталіна, даў карову.
У якой дзяржаве такое магчыма?! Хай паспрабуе камар нос падаткнуць пад сталінскую «заклапочанасць» пра бедных!.. І наша сям'я трапіла недзе ў спіс «шчаслівых» сем'яў, якіх было мільёны пад сталінскім сонцам...
Дасталася нам карова страшнючая, худзенная, як кажуць, - скура і косці. Здавалася, што і скуры не было - адныя косці, але, нягледзячы на гэта, мы былі шчаслівымі - якая ні ёсць, а карова - багацце!
Я бегаў па вёсцы і з раніцы да вечара выкрыкваў тое, што чуў ад мамы, ад дарослых: «Сталін даў кароўку! Сталін даў кароўку!..»
Кароўка тая не даілася, бо скура і косці і не маглі даваць малако. Адкуль яно ў іх? Яна хісталася ад слабасці ці ад старасці, а можа, ад хваробы, а хутчэй - ад усяго разам, бо хуценька яна, як кажуць, адкінула капыты - здохла. Вось мы і набыліся «багатымі» - зноў засталіся толькі мы і вошы...
«Зарэзаў» тата тую бедную кароўку, і голад вымусіў нас есці «шчодры» сталінскі падарунак.
ЧУЖОЕ СЛОВА
Пераязджалі Міцьковы на новае месца жыхарства - у Менск. Нагараваліся ў Будах, «наеліся» працадзён калгасных, ажно горка зрабілася.
Прыехаў грузавік, і пачалі загружаць у яго прыдбаны скарб - чарапы нейкія ды рызманы розныя. Беднаму чалавеку - і гэта багацце.
Мы, малыя, стаім, з самотай і зайздрасцю назіраем за мітуснёй дарослых. І шкада, што ад'язджаюць твае бясштаннікі-сябры, і зайздросціш ім - пра Менск мы толькі вухам чулі, а яны будуць жыць у ім - сярод булак і цукерак.
Раптам мужчына, што стаяў у кузаве машыны, звярнуўся да мяне:
- Мальчик, подай кувшин!
Я так разгубіўся, нібы соннаму трэснулі палкай па лбе - зачырванеўся, нічога не разумею. Першыя два словы разабраў, а вось пра «кувшин» я ніколі не чуў. Я збянтэжана забегаў вачыма па розных хатніх дробязях, якія стаялі каля машыны, а патрэбнай рэчы не знайшоў, хоць збан гэты быў на самым бачным месцы...
Аказваецца, не надта даўно гэта было, калі беларуская вёска ведала і шанавала сваю родную мову, - слова «кувшин» было для мяне незнаёмым, чужым.
Сёння ж для многіх беларусаў, нават для тых, чые карані засталіся ў вёсцы, матуліна мова зрабілася чужой.
ХТО ЁСЦЬ ХТО?
Аднаго часу прывозілі ў нашу вёску зняволеных - «зэкаў». Яны збіралі па палях каменні, сцягвалі іх у кучы - рабілі пад канвоем. Абед ім прывозілі ў вялізных бачках-тэрмасах, кармілі пераважна крупянымі кашамі. Голад гнаў нас да гэтых людзей, мы шчыльна іх акружалі і «блішчэлі».
А ў дзяцінстве я быў такі белагаловы - валасы як снег. Пэўна, у маім арганізме нечага не хапала, вось валасы і былі бялюткімі. Але дзякуючы ім мне больш, чым каму з маіх сяброў, шанцавала. Як нас адрозніць адзін ад другога? Усе абарваныя, худыя, галодныя, босыя. А вось я сярод іх быў як той дзьмухавец, як заяц-бяляк летам - нідзе не схавацца яму. Таму я кожны дзень чуў ад якога-небудзь зняволенага адно і тое: «Ну, белая галава, падыходзь!» - усаджваў мяне на калені і дзяліўся сваёй небагатай «пайкай».
Потым ужо іншыя зняволеныя частавалі і маіх сяброў, але я заўсёды быў першым.
Не ведаю, за якое злачынства яны адбывалі пакаранне, але людзьмі засталіся.
А вось другі прыклад - амаль самы балючы мой успамін.
Ішлі мы з мамай аднекуль, а ля дарогі, у цяньку, сядзіць наш брыгадзір з нейкімі двума незнаёмцамі. Сядзяць і сілкуюцца. Перад імі - бутэлька самагонкі, хлеб і свежыя агуркі.
Брыгадзір зачапіў маму, пра нешта запытаўся, і мы прыселі.
Свежых агуркоў я яшчэ ніколі не еў, а яны так смачна пахлі, так апетытна хрумсцелі, што я забыўся пра ўсё на свеце - бачыў толькі агуркі, чуў толькі іх пах.
Мама цягнула мяне за руку, бо гаворка яе з брыгадзірам скончылася, а я прасіўся:
- Мамачка, я яшчэ пасяджу трошачкі!
Я спадзяваўся, што дадуць мне кавалачак агурка, хай сабе без хлеба, бо хлеб хоць зрэдку, хоць патрошку наведваў нас. Я заглядваў у вочы брыгадзіру і незнаёмцам.
- Пайшлі, сыночак, пайшлі!
- Мамачка, я хоць трошачкі яшчэ пабуду! - зазірнуў я і маме ў вочы...
І толькі многа пазней, пасталеўшы, я прачытаў усё, што было тады напісана ў маміных вачах - нясцерпны, пякучы боль за сваіх дзяцей, бездапаможнасць і бязвыхаднасць гаротнага пасляваеннага жыцця...
А я ўсё прасіўся і прасіўся ў мамы, пакуль апошні кавалачак агурка не захрусцеў жалобным хрустам у чужым роце...
Прабач мяне, мама, за той боль, які я наклікаў у тваё сэрца...
НОГІ ТРЭБА МЫЦЬ!
Прыязджаў разы з два ў Буды летам на адпачынак да сваёй маці Кухаронкаў Косця - лётчык, пры пагонах з зорачкамі (у званнях мы тады не разбіраліся). Што ён прывозіў сваёй маці і сваякам - невядома. А вось нас, абарванцаў, частаваў цукеркамі. Уявіце - цукеркі пасля вайны! Такое з памяці не вываліцца ніколі. Але самае галоўнае было не ў цукерках. Самае цікавае ў тым, што гэты надзвычай сур'ёзны чалавек цэлыя дні праводзіў з намі, дзецьмі. Пра што ішла гаворка - не памятаю. Запомнілася яго ваенная форма і ён сам у нашым шчыльным акружэнні. Яшчэ адно запомнілася вельмі жыва, можа, таму, што датычылася мяне і мяне моцна здзівіла.
Сядзім мы, пра нешта гутарым, і нечакана наш сябар глянуў на мае босыя ногі і, як бы між іншым, кажа:
- А ногі, хлопчыкі, трэба кожны раз мыць перад сном...
Тут аўтарытэт Косці ў маіх вачах пахіснуўся, бо я не зразумеў, пра што гаворка. Усю вайну мы басцяліся па лясах, па балотах, пасля вайны жылі ў зямлянцы, абутку ў мяне зроду не было, мыла ў вочы не бачыў, пра пасцель вухам не чуў - пра якія ногі размова? Я і рукі ніколі не мыў - а тут ногі!
Я зірнуў на свае чорныя, закарэлыя, хоць рэпу сей, ногі і першы раз не змог зразумець нашага любімца.
БУЛЁН
Расклалі Міцьковы агонь каля хаты і вараць булён на вячэру.
Калі ўжо казаць пра вячэру, дык яе ў вёсках спрадвеку гатавалі летам на кастры, бо газы не было, а печ паліць не будзеш дзеля гаршка бульбы. Таму збіралі трэскі і разводзілі агонь. І рабілася ўсё гэта на прыцемку, пасля таго як пароблена ўся работа і дагледжана жывёла.
А так як у Міцьковых адразу пасля вайны ні жывёлы, ні гаспадаркі не было, а галодных дзяцей - цэлая процьма, то вячэру гатавалі яны яшчэ завідна, прыйшоўшы з калгаснай прынудзілаўкі. Чаму варылі булён, а, напрыклад, не бульбу? Таму што бульба была вялікай роскашшу, яе не хапала. Добра, што яшчэ наскрабалі некалькі бульбінак, крышылі іх у вялізны гаршчок для «навару», каб жываты наліць і голад падмануць.
Дык вось - вараць Міцьковы булён, дакладней, варыць-то яго маці, а дзеці шчыльна акружылі агонь і з лыжкамі напагатове напружана чакаюць - як тыя ліхія ваякі, якія ад першага слова кінуцца ў атаку. Трошкі воддаль сядзім мы, «вольныя» ад вячэры - такія ж галодныя і напружаныя. Ведаем, што не паядзім, але хоць на чужы «стол» нагледзімся.
Заўтра і да нашага «стала» падыдуць гэткія ж гаротнікі.
Сабралася маці Міцьковых нечага ў хату і кажа дзецям:
- Глядзіце, каб агонь не звёўся, я хуценька прыйду...
Тут і пачалося! Справа ў тым, што ў кожнага, акрамя лыжкі ў адной руцэ, быў і кіёчак - у другой. Каму ж не хочацца папароць у агонь, падправіць яго? А калі надта дужа прыспічвае есці, тады здаецца, што агонь гарыць марудна, вада ледзь кратаецца, бульба не хоча разварвацца - усё супраць цябе.
Таму, застаўшыся без дагляду, кіёчкі ў Міцьковых руках так жвава пачалі «падпраўляць» агонь, што нейчы кіёк даў гаршку такога кухталя, ад якога ён, небарака, кульнуўся настолькі спрытна, што ўвесь «навар» разам з бульбай бултыхнуўся на вуголлі, узняўшы клубы пару і хмары попелу.
«Кухары» акамянелі, але раптам, як па камандзе, пачалі тымі ж кіёчкамі хуценька падграбаць, кожны да сябе, разам з попелам і вуголлямі, пачарнелыя, забруджаныя кавалачкі бульбы, якія спачатку спрабавалі абціраць ад прыліпшага смецця. Потым глыталі іх, не звяртаючы ўвагі на попел і пясок, гледзячы галоднымі вачыма на вогнішча, у якім, магчыма, засталіся яшчэ кавалачкі бульбы.
ПЕРШЫ ЛЁД
Што можа вабіць дзяцей больш, чым першы лёд? Звечара кладзешся спаць - у сажалцы вада як вада, раніцай прачнешся, а на сажалцы - лёд! Шчыра кажучы, не лёд, а адна назва - тонкі, кволы, непрадказальны.
Але ці ж гэта перашкода? Пакоўзацца! Вось адзінае жаданне... Пачынае самы адчайны. Разгоніцца - і пабег па лёдзе! Лёд трашчыць, прагінаецца пад ім, зноў выпростваецца. Тут галоўнае - не прыпыняцца, не «лічыць варон». За першым падшыванцам бяжыць другі, трэці, а потым і самыя малыя, сярод якіх і я.
Праз трэшчынкі ў лёдзе пачынае прасочвацца вада, а мы - гойсаем, коўзаемся, радуемся пачатку зімы.
Аднаго разу я, замест таго каб бегчы і не супыняцца, - разявіў рот, загледзеўся на некага і - шусь у ваду! Паколькі мы, малыя, бегалі ўздоўж берага, то праваліўся я па пояс, але пакуль выкарабкаўся на бераг, стаў макруткі да апошняй нітачкі.
Вылез - і, падскокваючы ад холаду, пабег дамоў. Бягу і думаю: улупіць мне мама дык улупіць! Мала не будзе! Не пайду дамоў! Стаў каля сцяны хлеўчука і стаю, калачуся - дрыжыкі прадаю. Рызманы мае ператварыліся ў ледзяную скарынку, зубы ляскаюць, як у галоднага ваўка. Замярзаю!
Не ведаю, чым бы закончылася гэтая спроба на выжыванне, але, на маё шчасце, ішла Таццяна Бурло - суседка праз дзве хаты.
- А мой ты Сяргейка! А мой ты дурненькі! - залямантавала яна, схапіла мяне за руку і пацягнула дамоў, да мамы.
Тут я закалаціўся яшчэ мацней, а чаму - зразумела.
Але мама мяне не біла, супакоіла маю «мужнасць», якая прымусіла мяне стаяць пад сцяной хлява ў ледзяной шкарлупіне.
КАШУЛЬКА
Прыехала да нас у вёску з Менска сваячка, прывезла мне шыкоўны падарунак - пашытую са старой сукенкі ці кафтана кашульку. Тканіна была «аднабаковая» - з аднаго боку - кветкі, а другі - чысты, без набітага малюнку.
Вось гэтую маю кашульку і пашылі кветкамі ўсярэдзіну, а чыстым наверх.
- Якую ж яны зрабілі памылку! Як жа яны «няправільна» пашылі мой падарунак! - абураўся я.
Мне ж было тады годзікі чатыры, і за сваё кароткае гаротнае жыццё я не бачыў і ніколі не меў такой прыгажосці, якая была схована ў сярэдзіну кашулькі.
Я ніяк не мог зразумець, чаму гэтую прыгажосць трэба хаваць - яе ж ніхто не ўбачыць. І я знайшоў выйсце!
Апрануць мне гэтую кашульку, а я яе спераду задзяру да самай барады і гэтак хаджу па вёсцы - фаршу, паказваю ўсім, якая прыгожая мая кашулька ўсярэдзіне.
Трэба ж было неяк выпраўляць «памылку» дарослых!
ЛУЧЫННІК
Як змянілася наша жыццё! Ды і мы змяніліся ў гэтым жыцці, зрабіліся іншымі, «цывілізаванымі».
Адзін толькі прыклад. Паехаў я нядаўна на выхадныя дні ў сваю Карпілаўку, а там па нейкай прычыне пагасла электра-святло.
Справа была восенню, цямнее рана, вечары доўгія - што рабіць без святла? Ні пачытаць, ні папісаць. Але ў вёсцы на такі выпадак у кожнай хаце ёсць яшчэ газавая лямпа. Ёсць такая лямпа і ў мяне. Даліў я ў яе газы, падкруціў кнот і - цемра разбеглася па вуглах. Паставіў лямпу ля ложка - ляжу сабе, чытаю. Начытаўшыся, пайшоў на двор дыхнуць перад сном свежага паветра, зірнуць на зоркі. Заходжу ў хату і... Бог ты мой! Дыхаць няма чым! Смурод ад перагарэлай газы вочы выядае...
Як змяніліся мы ў гэтым жыцці!
Раней, у гэтай жа Карпілаўцы, газавая лямпа была адзіным, шыкоўным святлом. Жыў я і рос пры ім, перачытаў доўгімі зімовымі начамі мноства розных кніг і ні разу не заўважыў, што газавая лямпа дае нейкі там пах. Пераборлівымі зрабіліся мы, далікатнымі...
Але ж папярэдніцай газоўкі і газавай лямпы была лучына. Пры яе асвятленні праходзілі пасля вайны доўгія вечары, рабілася ўся хатняя работа, збіраліся аднавяскоўцы пацешыць адзін аднаго жартамі ды прымаўкамі. Пры святле лучыны мама залатвала нашу латаную-пералатаную вопратку.
Звычайна ведалі, у каго сёння вечарам будуць збірацца «на сяло», таму гаспадары рыхтаваліся да такой сустрэчы, прыбіралі ў хаце, шчапалі дадаткова лучыну.
Калі надышла чарга збірацца ў нашым трысцені, мы таксама «заварушыліся» і сустрэлі суседзяў як падабае. Асабліва вялікае шчасце выпала на маю долю, бо мама мяне папярэдзіла:
- Ты, сынок, сёння вечарам будзеш мяняць лучыну! Глядзі ж, каб не згасалі яны!
Даверыць пяцігадоваму хлопчыку такую адказную справу - гэта не жартачкі. У мяне ў грудзях усё пякло і гарэла ад усхваляванасці і нецярпення.
І вось пачалі збірацца аднавяскоўцы. Я - на сваім адказным пасту - на печы. Побач са мной - цэлая куча тонка пашчапанай, высахлай лучыны. Адна лучынка ўжо гарыць, пускаючы да столі тонкі і віхлявы струменьчык чорнага дыму. Звычайна лучыну ўторквалі ў рог печы паміж дзвюх цаглін, адкуль папярэдне выкалупвалі гліну...
Якія гэта былі цудоўныя гадзіны майго жыцця! Дарослыя вядуць сваю шумную размову, смяюцца, жартуюць, а ты сочыш за агеньчыкам на лучыне, запальваеш новую, ушчэмліваеш яе паміж цаглін, а «агрызак» асцярожна кладзеш на печ ля сябе і затушваеш. Твае сябры стаяць «кучкай» ля дзвярэй, слухаюць байкі дарослых і з зайздрасцю назіраюць за тым, як ты «забяспечваеш» святлом гэтую цікавую вечарыну.
Ці ж заўважалі мы тады куродым і смурод ад лучыны! Мы былі ўдзячны ёй, яе цьмянаму святлу, яе вясёламу патрэскванню...
Не ведаю, што адчувае спартсмен, які «на вачах» усёй планеты запальвае на стадыёне алімпійскі агонь. Думаю, што нешта падобнае перажываў тады я, запальваючы адну лучыну ад другой.
КРЫЎДА
У сорак дзевятым годзе я пайшоў у першы клас. Жылі мы ў Будах, а школка была ў Лысай Гары. Далекавата было хадзіць, але ж, як кажуць, можна мірыцца, бо ідзеш не адзін, а з сябрамі.
Рухаемся, торбачкамі б'ёмся - жартуем. Праўда, зімой было цяжкавата дабірацца. Бывала, выйдзем, а перад намі - ні слядочка, акрамя, канечне, заячых ды іншых слядоў. А зімы ж раней былі сярдзітыя, снежныя, з завеямі ды гурбамі. Дарослым той снег даходзіў ледзь не да пояса, а пра нас і казаць няма чаго... З сіл выбіваемся, а да школкі неяк дакарастаемся. Цягнуліся дзеці пасля вайны да ведаў, як парасткі да сонца...