КВЕТКА ШЧАСЦЯ
Ёсць цудоўнае паданне,
як на свята, на Купалле,
ад паўночы да світання
Кветку Шчасця ў нас шукалі.
Гаварылі, што на свята
дзесьці папараць красуе.
Пекла ўсё тады паднята,
каб не даць нам кветку тую.
Адшукаць туды дарогі,
дзе яна красуе, цяжка:
настаўляюць чэрці рогі,
ведзьмы скачуць урасцяжку.
Лесуны выходзяць з нетраў
і русалак карагоды.
Вадзянік і сорак ветраў
там з'яўляюцца заўсёды.
Узнімаюць ведзьмы скогат,
лемантуюць дзіка чэрці,
каб шукальніка якога
напалохаць аж да смерці.
А чаму? - Хто кветку знойдзе,
возьме гэту кветку ў рукі, -
шчасце з'явіцца ў народзе,
будуць людзі жыць без мукі.
З ёй даведаюцца людзі,
скарбы дзе ў зямлі схаваны,
волю з ёй народ здабудзе
і скасуе ўладу пана.
І хадзілі і шукалі
Кветку Шчасця скрозь і ўсюды,
але ўсё ж не напаткалі
анідзе такога цуду.
З пакалення ў пакаленне
пераходзіла паданне:
той, хто здзейсніць летуценне, -
дасць нам вечнае світанне.
Хоць каторыя ад жаху
станавіліся нямымі,
хоць каторыя ад страху
нагавіцы доўга мылі,
але новыя на змену,
як байцы на прыступ, смела
кожны год у пошук гэны
зноў ішлі, аж гаць гудзела.
Так пайшоў юнак Сымонка
на Купалле ў пушчу, багну.
Для сваёй усёй старонкі
адшукаць ён кветку прагнуў.
Быў і скогат і грымоты,
перуны навокал білі.
Толькі ж ён ні іх, ні чорта
не настрашыўся ў той хвілі.
Але вось прыйшлі русалкі, -
дужа зграбныя дзяўчаты.
Іх спакуслыя гулялкі
ўбачыш толькі гэтым святам.
Іх юнак і напужаўся,
бо адразу добра ўцяміў,
што не ён ім спадабаўся
з едлаўцовымі лапцямі,
а што ў іх кірунак гэткі:
адшукаць яго, адвесці,
каб не даць дайсці да кветкі,
утапіць у багне дзесьці.
Наш юнак зусім сумеўся:
тут не страх, - а спасцярога.
Уцякаць ад іх ён меўся,
паглядаць стаў на дарогу.
Ды якраз у гэтым часе
адбылося ў пушчы дзіва:
Кветка Шчасця развілася,
ўсё праменнем затапіла.
Калі барвы ўзяць на свеце
з нашых кветак, з ясных зорак, -
дык на тым чароўным цвеце
больш было разоў у сорак.
Прамяністасць аж да неба
узнімалася высока,
а пасля - ізноў на глебу
адлівалася патокам.
А русалкі, стаўшы ў кола,
спакушаюць хлопца, зводзяць,
свой дзівосны і вясёлы
карагод ля хлопца водзяць.
Напалохаўшыся вельмі
іх гарэзлівай акрасы,
уцякаць пачаў праз ельнік
ён адразу, тым жа часам.
Бег налева, бег направа
і на папараць узбіўся.
Венчык кветачкі яскравы
ў самы лапаць уваліўся,
зашчаміўся пад аборку
і застаўся ў лапці гэтым.
А святло ад кветкі-зоркі
згасла ўраз над нашым светам.
Разам з тым і ўсё шайтанне*
знікла, як і не было там,
нібыта бесперастання
не гайсала над балотам.
Сам з сябе юнак дзівіўся,
уцякаючы з імшары:
быццам новы свет адкрыўся,
сталі яваю ўсе мары.
На зямлі і пад зямлёю
стала ўсё яму адкрыта.
Бачыў шлях перад сабою,
як у ясны дзень нібыта.
А калі прыбег дахаты,
занялося на світанне, -
папрыходзілі да хаты
ўсе суседзі на спатканне.
Ён, не ведаючы тое,
што у лапці кветку мае,
пра сваё перабытое
ім усім апавядае.
Але, што было цікава,
ён пачаў даваць адказы
пра усе такія справы,
аб якіх не чуў ні разу.
Калі ў іх пайшла бяседа,
як жыццё найлепей весці,
праз язычніка суседа
да паноў дабеглі весці,
што якісьці там Сымонка
стаў прамудрым Салімонам
і праводзіць ён гамонкі,
каб усіх зраўняць законам.
Скеміў хутка пан вучоны,
што на ўсё свае прычыны,
і надумаў на Сымона
ўласнымі зірнуць вачыма.
- Трэба, - кажа пан, - сягоння
з'ездзіць мне у вёску гэту... -
Шасцярык буланых коней
спрэглі ў панскую карэту.
Аплываюць цуглі пенай,
колы роўна коцяць пана.
Над запрэжкаю стаеннай
бомы звоняць несціхана.
Як спынілася карэта
пры Сымонавай хацінцы,
стаў нібы канчатак свету
перад ёю на дзядзінцы.
Колькі ўсіх людзей у вёсцы -
і маленькіх, і вялікіх -
паглядзець на ягамосця
ўсе прыйшлі, як хто іх склікаў.
Вылез пан з карэты задам,
каб не кланяцца народу,
бо няправедная ўлада
да людзей спіной заўсёды.
Прынялі яго пад рукі
гайдукі, пастаўшы збоку.
Ён, з вялікае навукі,
не зірнуў на іх і вокам.
- Хто Сымонка?
- Я, васпане!
Пачалася ў іх размова.
Толькі пан дае пытанне -
а яму адказ гатовы.
І пра збожжа, пра палеткі,
і пра ўсё, што ёсць на свеце.
Пан падумаў: «Мабыць, кветка
за цябе гаворыць, кмеце!»**
Хоць вяльможны не агледзеў,
дзе ў Сымонкі Кветка Шчасця,
ды надумаў - па абедзе
адабраць яе ці скрасці.
Запрасіў ён хлопца ў госці,
пасадзіў яго ў карэту.
Так Сымона з ягамосцем
шасцярык павёз адгэтуль...
Да палаца як прыджгалі,
сеў Сымон за стол з панамі.
У найлепшым самым зале
стол накрылі абрусамі.
А на стол... І піць, і есці, -
што твая душа прымае.
Ад такой вялікай чэсці
самы мудры закульгае.
Чарка чарку паганяе,
праганяе светлы розум.
Па адной Сымон куляе,
ды зрабіўся нецвярозым.
А не спаў жа ён уночы
ні адной амаль хвіліны.
Хутка ён заплюшчыў вочы,
на абрус схіліў чупрыну...
Гайдукі ўзялі хлапчыну,
хто за рукі, хто за ногі,
і панеслі гэткім чынам,
як вяльможніка якога.
Распраналі, разувалі
ў спальні нашага Сымона.
Кветку Шчасця ўсё шукалі
ва ўсёй вопратцы ягонай.
А знайшлася ў правым лапці,
дзе яна ўвесь дзень ляжала.
Быццам сонца ўнеслі клапцік***:
у пакоі так заззяла.
Пан адразу кветку ў рукі,
а Сымонку вон з палаца.
Зноў пайшло - панам без мукі,
а сялянам - толькі з працы.
Сталі зноў араць сяляне,
а паны збіраць іх плёны.
Ашукалі ўсіх дазвання,
а не толькі што Сымона.
Але крозы-летуценні
не згасалі ў нас ніколі.
З пакалення ў пакаленне
ўсе шукалі лепшай долі.
І, нарэшце, на паўстанне
людзі выйшлі грамадою:
ўсе - рабочыя, сяляне -
на паноў пайшлі вайною.
Кветку Шчасця зноў знайшлі мы,
грамадой адваявалі:
з ёй цяпер ідзе Радзіма
да прыгожай светлай далі.
Дык пільнуйце ж Кветку Шчасця -
нашу светлую надзею -
ад навалы, ад напасці,
ад вяльможных ліхадзеяў.
* Шайтанне ад шайтан - нячыстая сіла.
** Кмет - так паны звалі беларускіх сялян.
*** Клапцік - кавалачак.
ХТО ДУЖЭЙШЫ
Аднойчы паляшук зімой
пайшоў з сякераю сваёй
у пушчу. Перайшоў ён гаць.
Зірнуў - аж ля гары стаяць
Мароз і Сонца. Побач іх
і Вецер з Хмарай удваіх.
Пра нешта сварка ў іх ідзе.
А прымаўка ж ёсць у людзей:
«У самай лепшай сварцы - гразь.
Ніколі ў сваркі не залазь.
А калі б'ецца з панам пан -
трашчаць за іх чубы ў сялян».
Каб размінуцца як з бядой,
чупрыны ім не даць сваёй,
накіраваўся ён назад.
Ды Сонца кінула пагляд
якраз у тую старану,
дзе ён з сякерай мільгануў.
Пабачыўшы яго з-за дрэў,
адразу вецер зашумеў:
- Хадзі бліжэй і дай адказ:
хто найдужэйшы самы з нас?
Пытанне даць за ўсё лягчэй,
знайсці адказ за ўсё цяжэй.
Дзівак адзін крутнёю слоў
збянтэжыць сотню мудрацоў.
І паляшук ім даў не ўраз
на запытанне свой адказ:
- Калі глядзець з усіх старон,
Мароз дужэйшы! Майстар ён!
Мароз - кравец, цясляр, каваль.
Без малатка, цвікоў і паль
масты праз ноч адну кладзе
на самай шпаркай ён вадзе.
Праз ноч адну на цэлы свет
цудоўны шые ён сает.
Мароз усцешыўся:
- Так, так!
Відаць, разумны ты, дружбак!
А Сонца кажа:
- Эх, сынок!
А хто дае жыццю расток?
Ці вырасце што-небудзь вам,
калі я цеплыні не дам?
Прыгрэю я - і твой Мароз
пазнае самы горкі лёс:
растане ён. За ім услед
масты растануць і сает.
Схіліся ты перада мной,
перад магутнасцю маёй!
Тут хмара гутарку ўсчала:
- А што з твайго таго святла?
Закрыю неба пеляной.
Зямлю ўсю залью вадой.
Над светам ноч устане ўдзень,
святла не стане анідзе.
Тады што зробіш ты са мной
усёй магутнасцю сваёй?
Дужэй за ўсіх на свеце я,
бязмежна ў свеце моц мая!
Схіліся, чалавеча, ніц!
Я ўся саткана з навальніц!
Смяецца Вецер:
- Вось дык на!
Якая дужая яна!
А я павею над зямлёй!
Тады што зробіцца з табой?
Я хмары ўмомант разганю
і сонцаву гарачыню,
бо разліецца, як струмок,
над светам цэлым халадок.
Магу паскідваць стрэхі з хат,
магу прыгнаць я з хмарай град.
Засыплю поле ўсё пяском -
нідзе не знойдзеш каласкоў...
Схіліся ты перада мной,
Бязмежнай сілаю маёй!
А паляшук, як Вецер сціх,
пытае:
- Ты дужэй за ўсіх?!
А можаш гэтую гару
падняць да неба ты, ўгару?
Стаў Вецер дзьмуць, пагнаў віхры.
Віхры скавычуць ля гары.
Каменне коціцца далоў
з крутой гары ад тых віхроў.
А вось гару - не варухне,
яна стаіць, як і раней...
- Эх, Ветру! - кажа чалавек, -
у праўдзе гарката - не здзек!
Хоць і вялікі ты ўладар
для нашых стрэх, для цёмных хмар,
але прайграў ты ўсё ж ігру:
адну маленькую гару
не зварухнуў ты, хоць на жарт,
прызнайся сам, чаго ты варт?!
За Хмару Вецер адышоў
і крылле апусціў на дол.
Тым часам чалавек далей
шукае, хто за ўсіх дужэй.
Звярнуўся ўрэшце да Гары:
- Збіраўся Вецер дагары
перакуліць цябе старчма.
Ты за яго дужэй сама?!
Гара ў адказ гаворыць:
- Не!
Няхай мана мяне міне!
Зялёны лес за ўсіх дужэй,
змагацца з ім за ўсё цяжэй.
Сваім карэннем точыць ён
мяне з усіх бакоў-старон.
Прайшлі да сэрца карані,
мяне руйнуюць з глыбіні.
Калі сягоння я стаю -
пакрышаць заўтра моц маю!
Падняў сякеру чалавек,
якой праз век нямала сек.
Ударыў раз, другі з пляча,
пачаў тут волат-дуб трашчаць,
пасля скаціўся ён уніз
і на ялінках там завіс.
І хоць Мароз стаяў ля рук,
калі сек дрэвы паляшук,
трымалі рукі цеплыню
ад працы, быццам ад агню.
Тады пазнаў вялікі сход,
што ні Мароз, ні снег, ні лёд,
ні Вецер з Хмарай на чале,
ні Сонца ў казачным святле
не перамогуць сілы той,
якая ў працы ёсць людской.
Людская праца - уладар!
Яна на свеце гаспадар!
ХТО ШУКАЕ - ТОЙ ЗНАХОДЗІЦЬ
1
Град пабіў усё на полі,
сонца рэшткі дапаліла.
Супраць гэткай горкай долі
не паможа нават сіла.
Вёскі ўсе асірацелі,
зарабляць пайшлі мужчыны.
Хто застаўся, тыя елі
хлеб бульбяны ды з мякінай.
Гэта казка больш на праўду,
хоць і горкую, падобна.
Век яе не памінаў бы
пры жыцці сучасным, добрым.
Але каб мы лепш цанілі
тое ўсё, што зараз маем,
мы аб той страшэннай хвілі
і цяпер успамінаем.
Тры сыны раслі ў мамы,
тры сыны раслі ў таты.
Разумелі ўжо і самі,
што пара шукаць занятак.
Бо адкуль бацькі старыя
будуць браць для іх спажытак?
І суседзі гаварылі
ім пра гэта ўсё адкрыта.
Вось аднойчы, нейкім святам,
пры сняданні тата кажа:
- Бедна, хлопцы, наша хата
і нясмачна наша каша.
Ад адной худой кароўкі
малака ўсім не хапае.
Не памогуць нам гаворкі,
трэба рада тут другая.
Трэба вам ісці у людзі,
пабываць вам у народзе.
Хто пытае - той не блудзіць,
хто шукае - той знаходзіць.
Справа ясная, як сонца.
Спрэчак жадных быць не можа.
Падняліся зразу хлопцы
рыхтавацца ў падарожжа.
Сын старэйшы просіць тату:
- Дай пінжак ты мне ў дарогу.
Бачыш сам - халаднавата,
будзе ўсё ж мне дапамога... -
Усміхнуўся тата сыну:
- На, сынок, хоць ён апошні.
Больш работай грэй ты спіну
ля варштата ці на пожні. -
Сын сярэдні у матулі
на разжыву просіць так жа:
- Дай мядзяную каструлю,
есці ў ёй смачней насмажаць.
- Хоць адну каструлю маю, -
забяры яе з сабою.
Толькі ўсё ж табе параю:
спадзявайся не на тое.
Калі будзеш працавітым,
знойдуць людзі частаваць чым.
Будзе стол заўжды накрыты,
не спытаюць посуд матчын... -
Сын малодшы не пытае
у сваіх бацькоў нічога.
- А табе, сынок, якая
трэба з хаты дапамога?
- Калі вы дасьцё дазвол мне,
цвік адзін хацеў бы ўзяць я,
каб пра хату нашу помніць
і на вас не забывацца... -
Задзівіўся крыху тата:
вельмі просьба ўжо малая!
А браты смяюцца з брата:
«Галава яго дурная!»
- Што ж, сынок, - бацькі гавораць, -
мы табе ў тым не адмовім.
Выбірай які-каторы,
нас не ўспомні дрэнным словам...
- Я вось той вазьму, што вешаў,
кладучыся спаць, адзежу.
Для мяне ён самы лепшы,
будзе памяткай мілейшай!
Абцугамі цвік ён вырваў
на ўспамін і дапамогу.
А браты з усмешкай хітрай
паглядзелі на малога...
Развітаўшыся з бацькамі,
ў свет пайшлі ад іх сыны ўсе.
А малодшы, меншы самы,
на пагорачку спыніўся.
Шапку зняў і глянуў моўчкі
на сваю старую хатку,
дзе хусцінкай церла вочы
па сынах-вандроўцах матка...
Падышлі да раздарожжа.
Там спыніліся ўсе трое.
Кажуць большыя варожа:
- Сцежкай ты ідзі другою!
Мы усё ж ткі маем нешта:
я - пінжак, а ён - каструлю.
Хоць прадаць іх можна, зрэшты,
калі будуць плечы муляць.
А з цвіком - які ты дольнік?
Ён нічым не дапаможа.
- Што ж, браточкі, у наваколлі
многа сцежак і дарожак...
2
Меншы брат ідзе ад ранку.
Сонца стала на абедзе.
Бачыць - перад ім фурманка
па дарозе торнай едзе.
Раптам адляцела кола,
пакацілася з дарогі.
Вось схілілася дадолу,
чырканула, як нарогам.
Тут адразу коні сталі.
Злез фурман. А хто не злез бы?!
Толькі крэкча: «Крыху б сталі
ці кавалачак жалеза!»
Ані лесу, ані вёскі -
толькі поле ды каменне.
«Вось загвоздка дык загвоздка!» -
Стаў фурман у задуменні.
Падыходзіць хлопец: - Дзядзя!
Не гаруйце. Цвік я маю.
Зараз з вамі ўсё наладзім! -
І з кішэні цвік вымае.
- Толькі вас папераджаю:
цвік мне дораг, з роднай хаты.
Вам яго я пазычаю,
будзе ён назад узяты.
Засмяяўся падарожны:
- Хлопец, бачу, ты - гарэза!
Цвік аддаць, бясспрэчна, можна,
ў кузні знойдзем мы жалеза...
Падкацілі хутка кола.
Тым цвіком замацавалі.
Стаў ізноў фурман вясёлы:
- Ну, сядай, паедзем, малец!
Мы у кузні ўсё падправім.
А табе, сынок, падзяка!
Вельмі добра выйшла справа!
І дадумаўся б не ўсякі! -
Толькі ён крануў за лейцы,
коні зразу поўным ходам.
Так даехалі да месца
без ніякае прыгоды.
3
Кавалю маленькі клопат:
мерку зняў, адсек жалеза,
напаліў. У рукі молат -
і загвоздка ў вось палезла...
А малы ўсё разглядае.
Тут яму усё цікава.
Кажа: - Музыка якая!
Эх, і добрая ў вас справа! -
Засмяяўся майстар гучна:
- Гэта так табе здаецца!
Калі хочаш, стань падручным,
ёсць якраз пры мне і месца.
Сын ляжыць мой у бальніцы,
покуль выйдзе - ты пабудзеш.
А пачнеш пры мне вучыцца -
рамяство сабе набудзеш.
Будзе харч табе, кватэра,
дам і грошы за работу. -
Хлопец нават не паверыў.
Згоду даў з усёй ахвотай.
Ля мяхоў кавальскіх стаў ён,
ля кавадла памагае.
Працавіты хлопец, спраўны,
што пабачыць, што спытае.
Стаў каваць памалу дробязь.
А драбніц патрэбна многа.
Ён і вучыцца, і робіць,
на сваю ўзышоў дарогу.
Хоць не майстар, але можа
зарабіць кавалак хлеба.
А яму у падарожжы
большага пакуль не трэба.
Але скончылася рата,
трэба некуды падацца:
майстраў сын прыйшоў дахаты,
з бацькам стаў ізноў на працу.
Атрымаў хлапчына грошы,
даў падзяку за навуку.
Зноў пайшоў у падарожжа,
клунак свой узяўшы ў рукі.
4
Многа ён прайшоў ці мала -
хто тут лічыць або мерыць? -
Сонца ўжо на захад стала,
адчыніла ночы дзверы.
Бачыць хлопец: ля дарогі
невялікі дом якісьці.
А пры доме, ля парога,
дзед стаіць і куртку чысціць.
Нечакана куртка тая
з рук звалілася ў травіцу.
- Трэба вешалка б якая, -
кажа хлопец. Дзед сварыцца:
- Ад зямлі ўсяго тры пядзі,
а мяне вучыць прыйшоў ты!
- Мы, дзядуля, ўсё наладзім,
будзе месца для работы!
Хлопец цвік дастаў з кішэні,
камень зручны ўзяў на доле.
Цвік убіў ён у прысценне,
дзеда зразу задаволіў.
Той аж засмяяўся нават,
як на цвік павесіў куртку,
бо сваю закончыў справу
за адну ўсяго мінутку.
- Вось дык хлопец! Скуль ты гэткі?
Ну, зайдзі ж да нас у хату,
будзеш нашым госцем, дзетка.
Ты - не дрэнны памагаты! -
А у хаце гаспадыня
і вячэру згатавала.
Павячэраў хлопец з імі
не занадта і не мала...
Распытаў дзед падрабязна:
- Як, адкуль, куды, чаго ты? -
Быў адказ кароткі, ясны:
- Я іду шукаць работы...
- А рабіць што-небудзь можаш?
- Я каваль. Кую, што хочаш.
Засмяяўся дзед: - Ой, божа!
Насмяшыў мяне ты, хлопча!
Малады яшчэ ты дужа
падымаць у кузні молат.
Рамяство маё адужаць -
гэта іншая размова.
Я кравец. Вучыся шыць ты.
Заставайся жыць са мною.
Тут і цёпла, тут і чыста,
развітаешся з бядою...
Прапанове хлопец рады.
Працаваць пачаў на золку.
Не цяжкія ўсе прылады
у краўца: напарстак, голка.
Пры пачатку новай справы
не мінеш ніколі грэху:
то прышыў не так рукавы,
то няроўным швом праехаў.
Але ўсё ж даходзіць толку,
пазнае ўсё лепш работу.
Неслухмянай той іголкай
ён штаны ўжо шые з корту.
Сам кравец спачатку кроіў,
заглядаў на ўсе драбніцы.
А цяпер сваёй рукою
хлопец кроіць не баіцца...
Час мінуў так немаленькі,
ды бяда прыйшла аднекуль:
захварэў кравец старэнькі,
а пасля спачыў навекі...
Не паможаш тут слязою
і ніякім іншым чынам...
Развітаўся з удавою
і пайшоў у свет хлапчына.
Выдраў цвік ён свой з прысцення,
што прынёс сюды калісьці,
палажыў яго ў кішэню
перад тым, як з хаты выйсці...
5
Хлопец зноў прайшоў нямала,
трэба недзе і спыніцца.
Як на тое, набягала
з небакраю навальніца.
Бачыць ён такую справу:
з хаты выбегла бабуля
да сваёй бялізны жвава,
бо і ў хаце гром пачулі.
Ветрам цвік якраз зламала,
на якім канец вяроўкі.
Ухапіла, затрымала,
але мала ў гэтым толку!
Падбягае хлопец: - Будзе
вам, бабуля, дапамога!
Каб бялізну не забрудзіць,
цвік прыб'ю замест старога. -
Борзда цвік дастаў з кішэні,
падхапіў на доле камень
і забіў у вокамгненне
цвік той спрытнымі рукамі.
А пасля канец вяроўкі
заматаў, на вузел сціснуў.
- Вось уся вам і гаворка.
Пачынайце браць бялізну. -
Просіць юнака старая:
- Памажы насіць мне, хлопча.
Хлопец добра справу знае:
замарудзіш - дождж намочыць...
Гаспадыня пачастунак
для памочніка рыхтуе.
Кажа: - Вешай, хлопча, клунак,
бо у нас і заначуеш.
Гаспадар - шавец вясковы.
Пачалася ў іх бяседа.
А пасля і прапанова
за бяседай вышла следам:
- Бачу, што ты хлопец здольны.
Заставайся жыць у нас ты.
Ёсць якраз варштацік вольны,
насукаем заўтра дратвы...
Ты спачатку будзеш латаць,
потым - шыць пачнеш памалу.
З рамяством не будзеш плакаць -
хлеба будзеш мець кавалак.
Павячэралі, паспалі,
раніцой за працу селі.
Ўсё было - і шыла ў палец,
і цвічкі у столь ляцелі...
Трэба толькі мець ахвоту
і упартую натуру.
Навучыўся шыць ён боты,
хоць псаваў спачатку скуру.
Пояць, кормяць, а ў дадатак
і рубель які падкінуць.
Пачынаючы ад латак,
з часам стаў шаўцом хлапчына.
Кажа майстру ён аднойчы:
- Мне пара дамоў вяртацца. -
Майстар хлопцу: - Што ж, сыночак,
добра ў свеце, лепш пры матцы. -
Накупіў юнак тавару
і пашыў сам чаравікі.
Чаравічак гэтых пару
панясе праз свет вялікі.
Прынясе, аддасць матулі:
- Шыў табе сваёй рукою! -
А яна яго прытуліць
і падзякуе за тое...
Развітаўся ён сардэчна
і з шаўцом, і з гаспадыняй.
Клунак свой узяў на плечы
і пайшоў з сям'і гасціннай...
Не забыўся цвік узяць ён.
Захаваў яго ў кішэні -
успамін аб роднай хаце,
успамін пра ўсе здарэнні...
6
Ён ішоў дамоў паволі,
дзе далінай, дзе праз гору.
Начаваў і пад ялінай,
над якой зіхцелі зоры...
Вось і горад блізкі самы,
і да вёскі недалёка.
Уваходзіць ён у краму,
на тавары кінуў вокам.
Бачыць: там пінжак знаёмы,
той, што брат узяў у таты.
Брат прадаў яго, вядома, -
ён на тое быў узяты.
Адкупіў пінжак хлапчына,
перайшоў да новай крамы.
Перавёў разок вачыма:
рэч знаёмая таксама!
Там мядзяная каструля -
матчын дар другому брату.
Меншы сын сваёй матулі
прынясе яе у хату.
Закупіўшы падарункі,
ён пайшоў, урэшце, двору.
Хоць ісці нялёгка з клункам,
але ў добрым ён гуморы...
Падышоў да роднай вёскі,
вось і хата выглядае.
Праз акно - святла палоска:
«на камінку корч палае».
Бо на газу не ўзабрацца...
Ля стала бацькі сядзяць там.
Каля іх два абадранцы:
брат сярэдні з большым братам.
Не знайшлі нідзе работы, -
так яны бацькам гавораць, -
пазбівалі толькі боты,
каштавалі многа гора...
- Ах, мае вы галубочкі, -
каля іх бядуе маці, -
дасталося вам, сыночкі,
не лягчэй і ў нашай хаце.
Гаравалі ў белым свеце
і разуты, і раздзеты...
Смалякамі ў хаце свецім,
дачакаць нам цяжка лета...
Суцяшаюць маму хлопцы:
- Мы вясной усё здабудзем!
Як прыгрэе добра сонца,
пойдзем зноў тады мы ў людзі.
Нам каб зімку перабіцца! -
Ды бацькі сынам не вераць...
Меншы сын, не чуўшы быццам,
адчыніў раптоўна дзверы.
З клункам ладным цераз плечы
ён ідзе адразу ў хату.
- Добры вечар, добры вечар,
дарагія мама, тата!
Я да вас прыйшоў, урэшце,
прынімайце падарункі!
Цяжка іх было данесці,
натрудзіў я плечы клункам.
Вось вазьмі пінжак свой, тата!
І мядзяная каструля
зноў вярнулася у хату, -
прынімай яе, матуля.
Чаравічкі - дар мой, мама.
Іх пашыў сваёй рукою.
Грошы вам прынёс таксама,
каб не знацца вам з бядою.
Я - каваль, кравец, шавец я.
Звык да ўсякае работы.
Зараблю, як мне здаецца,
каб не знаць старым вам клопат...
Вось і цвік, што ўзяў ад вас я.
Ён памог мне і нядрэнна!
З ім пра вас не забываўся,
з ім я згадваў нашы сцены...
Малаток узяўшы ў рукі,
цвік ізноў забіў на месца.
А якая тут навука,
кожны сам хай разбярэцца.
7
Гэта казка больш на праўду,
хоць і горкую, падобна.
Век яе не памінаў бы
пры жыцці сучасным, добрым.
Але каб мы лепш цанілі
тое ўсё, што зараз маем,
мы аб той нялёгкай хвілі
і цяпер успамінаем.
Вам адкрыты шлях вялікі
да навукі і да працы.
Вам не трэба з нейкім цвікам,
як хлапцу таму, цягацца.
Рамяство даюць у школе,
каб лягчэй дайсці да мэты.
Але, дзеці, ўсё ж ніколі
не забудзьце казкі гэтай!
ЦУДОЎНАЯ ЗНАХОДКА
Не далёка і не блізка,
не высока і не нізка
адбылася дзея гэта
у пачатку самым лета.
Летні дзень такі прыгожы!
Хто у хаце ўседзець можа?
Дзеці ўсе на панадворку.
Іх вясёлыя гаворкі,
смех і песні чутны вокал,
узлятаюць пад аблокі.
Паспявалі, падурэлі,
пагулялі, пасядзелі.
Але ў вёсцы ўсё знаёма.
- Пойдзем, хлопцы,
лепш на Кромань! -
Кромань - возера лясное.
А прыгожае якое!
Я спрачацца не бяруся, -
шмат азёр на Беларусі,
але лепшае, чым Кромань,
мне, па праўдзе, невядома...
Як сказалі, так зрабілі,
узняліся, як на крыллі,
і пайшлі лясной дарожкай
іх няўрымслівыя ножкі.
Бор пачуў знаёмы гоман.
У бары яны як дома.
Ідучы, спаткалі зайца,
пачалі за зайцам гнацца.
Ды здагнаць яго не вельмі:
ён уцёк адразу ў ельнік.
Мільганула і вавёрка.
Ушчыналі з ёй гаворку:
і прасілі, і гукалі,
і махалі ёй рукамі, -
а яна сядзіць на месцы
і нібы з хлапцоў смяецца.
Дзяцел толькі глянуў скоса,
адляцеў за пару сосен
і пачаў «тук-тук» нанова.
Вось і ўся яго размова!
Так да возера і выйшлі.
А на возеры - зацішна.
Распранаючыся з ходу,
хлопцы ўсе палезлі ў воду.
Паляцелі ў неба пырскі
ў залатым праменні бліскаць.
Хлопцы ўсе наперагонкі,
хто «вінтом», хто «на сажонкі».
Хто на дно нырцуе змаху,
роўна з рыбкамі без страху.
А вада як шкло прызрыста,
ў ёй пабачыш ты ўсё чыста:
ў ёй каменьчык нават кожны
ў глыбіні разгледзець можна.
Хлопец там адзін угледзеў
ключык з золата ці з медзі,
што ляжаў на дне азёрным
больш да зорачкі падобны.
Зноў нырнуў ён. Пад вадою
ухапіў той ключ рукою,
а пасля, узняўшы ўгору,
да сяброў сваіх гаворыць:
- Хлопцы, хлопцы! Ключык маю!
Гляньце, пекната якая! -
Ключык зіхаціць на сонцы.
Падплылі адразу хлопцы:
- Ды такога век не ўбачыш,
старажытны ён, няйначай!
Дзве бародкі ў ім з насечкай,
зверху - постаць чалавечка.
Сапраўды, ключоў нямала,
а такога не бывала! -
Іх кароткая размова
прывяла да думкі новай:
«Ключык мы ў руках трымаем,
а замка пакуль не маем!
Пашукаць яшчэ нам варта!»
Заняліся ўсе упарта
новым пошукам яны там
на пясочку перамытым.
У вадзіцы кожны камень
перамацалі рукамі.
Ментузы усе і ракі
паўцякалі, небаракі,
і дзівіліся страшэнна:
«Гэта ловяць нас, напэўна!»
Тут адзін і крыкнуў хлопец:
- Вам шукаць, браточкі, хопіць!
Што знайшоў, і сам не знаю!
Можа, скрынка там якая,
можа, неякі куфэрак, -
даставаць нам трэба неяк! -
Паглядзелі зверху - праўда!
Век яго не адшукаў бы,
бо на ім пясок намыты,
ён пяском увесь закрыты,
толькі бок адзін куфэрка
серабрыцца, як люстэрка.
На куфэрку - ручка з медзі,
зверху ручку ўбачыш ледзьве.
Хоць вялікая удача,
не малая і задача:
як дастаць адтуль куфэрак,
выцягнуць яго на бераг?
Ды зрабілі хлопцы з толкам,
абышліся без вяроўкі:
паяскі свае сабралі,
у адзін усе звязалі,
а пасля ўсё тыя ж ручкі
да куфэрачнае ручкі
спрытна пояс прычапілі,
ўсё зрабілі, што ў іх сіле.
Пачалі цягнуць памалу,
паяскі каб не парвала.
Заспяваў адзін уголас,
каб дужэй цягнулі пояс:
«Раз - два,
яшчэ раз!
Хопіць сілы,
хлопцы, ў нас!
Раз - два,
яшчэ раз!
Не парвіся,
віты пас!»
А куфэрак па пясочку
ўсё ідзе за паясочкам.
І прыйшоў на самы бераг,
дзе хлапцы стаялі ў шэраг.
Тут яго памылі чыста,
селі з ім пад дуб вячысты.
Падалася добра справа!
Што ў куфэрку, вось цікава!
Можа, шапка-невідзімка?
Самабойная дубінка?
Ці настольнік самабраны?
Ці кілім самалятальны?
Хто зрабіў куфэрак гэты
і чаму схаваў ад свету?
Можа, ехаў хто на чоўне,
перакінуўся раптоўна,
сам і выплыў, можа, неяк,
а на дно пайшоў куфэрак?
Лепш сваім пабачыць вокам,
што ляжала так глыбока.
Хлопец быў адзін старэйшы,
і дужэйшы, і смялейшы.
Ключ уставіў у замок ён.
Хлопцы ўсе наўкол замоўклі.
Павярнуў ключом ён двойчы.
Аж гараць у хлопцаў вочы.
Века ён падняў рукою,
а пад ім адной сям'ёю
сабраліся, як на тое,
казачныя ўсе героі:
з нашых казак, з нашых баек,
падлічыць усіх няма як.
Барсукі тут і вавёркі
з вожыкам вядуць гаворкі.
Тут і зайцы, і лісіцы,
Усё, што толькі ў сне прысніцца.
Вось у гэтай самай хвілі
хлопцы ўсе загаманілі:
- На ключы дзядок знаёмы!
Гэта Бай усім вядомы!
Скарбам ён сваім паможа
казак шмат стварыць прыгожых.
Будуць весці зноў гаворкі
і лісіцы, і вавёркі.
Заспяваюць птушкі хорам,
пойдуць хвалі праз азёры.
Навядзе парадкі вожык
на дарожках, ля дарожак.
З барабанам пойдуць зайцы,
каб смялей з ваўком змагацца.
Ўсе быліцы-небыліцы
прынясе да нас лісіца...
Гэта дасць праз час кароткі
ім цудоўная знаходка.
|
Беларуская Палічка: http://knihi.com |