Не сягоння было і не ўчора...
Ой, ды з раніцы плакалі гуслі...
Вандравала ліхое гора,
вандравала ў палёх Беларусі.
Не сягоння было і не ўчора,
бо сягоння загоены раны.
Ты не плач, Наваградскае ўзгор'е,
не журыся тугой саматканай:
Выйдуць войска сярмяжнага ўзводы,
выйдуць важыць жыццё і смерць...
Дык гучней гудзіце, заводы,
каб нудою жыцця не мераць...
Бо сягоння гараць успаміны,
бо сягоння загоены раны...
Што было - назаўсёды згінула
і з магілы ніколі не ўстане.
1925
|
Беларуская Палічка: http://knihi.com |