Гістарычная перспектыва недалёкай будучыні
Twas brilling, and the slithy toves Did gyre and gimble in the wabe: All mimsy were the borogoves, And the mome raths outgrab Lewis Carroll. Alice's adventures in wonderland 1
Этнагенэз • Кругабежны росквіт і заняпад этнасаў • Нацыянальны дух і ягоныя носьбіты
Раней ці пазней кожны чалавек спыняецца ў одуме, хто ён і навошта ён на гэтым свеце. Але далёка не кожны ў сваіх роздумах падымаецца да абагульненага пытання: «Хто ёсць «МЫ»? «Што такое «МЫ»? Адной з найвышэйшых прыступак гэтага абагульнення ёсць уяўленне сябе як неадлучнай і непадзельнай часткі нейкай этнічнай супольнасці. Больш абагульненым, здаецца, можа быць толькі ўяўленне пра сябе як непадзельную частку чалавецтва. Але агульная дынаміка развіцця чалавецтва ўяўляецца пакуль абстрактней, чым гісторыя развіцця асобнага этнасу, і яшчэ занадта цьмяная для пабудовы дастаткова абгрунтаваных прагнозаў. Разам з тым тэорыя этнагенэзу, што зараз інтэнсіўна развіваецца, дазваляе рабіць пэўныя прагнозы, чым мы скарысталіся ў дачыненні да Беларусі.
Пачаць нам давядзецца крыху з іншага. Сучасная этналогія больш-менш упэўнена сцвярджае, што жыццё любой нацыі не бясконцае, этнас зазнае як росквіт, гэтак і заняпад і смерць. Прычыны гэтай эвалюцыі могуць быць розныя, для нас гэта не прынцыпова. Такія меркаванні выказваліся здавён2, але бадай што ўпершыню гэтая тэза была пераканаўча абгрунтаваная для філосафаў на пачатку стагоддзя Шпэнглерам. У сваім доследзе «Заняпад Эўропы»3, які цяпер лічыцца класікай, Шпэнглер грунтаваўся амаль вылучна на паралелях і аналогіях з эўрапейскай гісторыі, хоць іншыя цывілізацыі, прынамсі Бабілён і Эгіпет, згадваліся ў параўнаўчых табліцах. Істотныя дапаўненні ў агульную схему эвалюцыі этнасу былі зробленыя ўжо пазней іншымі даследнікамі. Асабліва важкі ўклад зрабіў Гумілёў так званай тэорыяй пасіянарнасці. Ён больш шырока выкарыстоўваў звесткі з гісторыі Азіі, што дазволіла літаральна раскласці па паліцах менавіта працэс эвалюцыі. Як ён зараз уяўляецца?
Аналіз гістарычных цывілізацыяў дазволіў Гумілёву4 сцвярджаць, што для кожнага этнасу адпушчаны пэўны тэрмін існавання, прыблізна тысяча дзвесце гадоў. Пад час гэтага тэрміну этнас праходзіць шэраг стадыяў - ад з'яўлення, імклівага ўзлёту і пашырэння да паступовага плаўнага спаду і наступнай кансервацыі. Велічынёй, што вымярае фазу развіцця этнасу і ягоную перспектыву надалей, з'яўляецца пасіянарнасць. Пасіянарнасць - гэта нібыта падсумаваная энергія народа, агульная здольнасць групы разумных істотаў процідзейнічаць усеагульнаму памкненню энтрапіі знівеляваць, прыгладзіць усе магчымыя адхіленні ад раўнавагі сусветнай цеплавой смерці.
Калі для аналізу цяперашняй сітуацыі ў Беларусі апірацца на тэорыю Гумілёва, можна зрабіць цікавыя высновы. Пачатак фазы ўздыму для этнасаў, што насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі, прыпадае якраз на VІІІ стагоддзе па Нараджэнні Хрыстовым. Чаму менавіта гэты час? Паўднёвая Эўропа толькі-толькі пачала ачуньваць ад спустошанняў, выкліканых вайною готаў і гунаў. У ёй толькі пачынаюць утварацца новыя дзяржавы, інспіраваныя паўночнымі народамі, што знаходзяцца на самым пачатку фазы ўздыму. Маладыя, поўныя сілаў і пасіянарнасці этнасы распаўсюджваюцца ва ўсе бакі, як цеста, якое ад рошчыны вылазіць з дзяжы. З'яўляюцца Гасконь, Брэтань, Германскія дзяржавы, Італія. Вікінгі шукаюць сваё месца і таму былі запрошаныя - або самі прыйшлі - на паўночныя ўскраіны колішняй дзяржавы Германарыха, на Балтыйскае ўзбярэжжа, потым на Кіеўскую Русь. Хутчэй гэта і не паход у ваенным сэнсе, але нястрымнае імкненне найбольш пасіянарных прадстаўнікоў нацыі ажыццявіць гераічны ўчынак. Узаемадзеянне з мясцовымі народамі перадавала штуршкі далей і хваля пасіянарнасці распаўсюджвалася шырэй і шырэй.
Гэтаксама і славяне, выцісканыя ад Лабы (Эльбы) і Дуная, ідуць вузкай стужкай тады яшчэ цяжкапраходных мяшаных лясоў, сярод варожых балцкіх плямёнаў на Поўначы і стэпавых народаў на Поўдні. Менавіта тут, у непралазных балотах Палесся, частка з іх знаходзіць прытулак і пачынае патроху асвойваць Цэнтральную і Паўночную Беларусь, мяшаючыся з тубыльцамі-балтамі, расаланамі ды венэдамі. Археалагічныя матэрыялы дазваляюць дастаткова выразна прасачыць гэты працэс, летапісныя ж звесткі пра гэты час надзвычай абмежаваныя. Першы час узлёту этнасу схаваны. Гэтак і павінна быць. Народ яшчэ не зрабіў нічога, што было б вартае занясення на старонкі летапісаў і ў аналы гісторыі. А ўзаемадзеянне этнасаў і іх узаемная канвергенцыя нарэшце даюць якасна новы плён. Падзеі пачынаюць развівацца імкліва, калі літаральна на працягу жыцця аднаго пакалення карэнным чынам мяняецца лёс цэлых народаў.
Звернем увагу на яшчэ адну акалічнасць. Звычайна сцвярджаецца, што беларускі народ - народ сялянскі, што менавіта сяляне з'яўляюцца носьбітамі беларускасці і г.д. Але дазволім сабе не пагадзіцца з гэтай думкай. Яна грунтуецца на ўяўленні, нібыта носьбітам этнічнай адметнасці заўжды была вёска. Адкуль паходзіць гэтае ўяўленне, высветліць цяпер даволі праблематычна, ва ўсялякім разе ў класічным марксісцкім азначэнні нацыі5 - а беларускія і савецкія этнолагі не адыходзілі ад сутнасці гэтага азначэння - асаблівая роля вёскі нідзе не падкрэслівалася. Аднак жа Беларусь нараджалася менавіта як краіна гарадоў. Першыя сістэматычныя згадкі пра Беларусь з'яўляюцца адначасова са згадкамі пра яе гарады. Уся гісторыя Беларусі - гэта гісторыя яе гарадоў (местаў) і гарадскога насельніцтва. Вярнадскі ў сваім часе прапаноўваў тэрмін «ноасфера» для азначэння сумы духоўных набыткаў чалавечае цывілізацыі. Занадта цяжка рабіць тут нейкія колькасныя ацэнкі, але ўсё ж можна сцвярджаць, што асноўнымі творцамі ноасферы Беларусі былі гараджане (мяшчане, месцічы). Дадатковым сведчаннем гэтага ёсць той факт, што нават ува ўсіх збройных падзеях гісторыі, якія на прымітыўным роўні даюць найпрасцейшую магчымасць самавыяўлення - ці то адпор татарскай навале, ці то вайна з Іванам Жахлівым, ці то паўстанне Каліноўскага, - сялянства выступала выключна ў якасці падасновы, фону. Мы не бярэм пад асаблівую ўвагу культуру побытавую, якая стваралася адначасова, паралельна і ў горадзе, і на вёсцы і мела адметныя характэрныя рысы і тут, і там. Адасоблена стаяць яшчэ прадстаўнікі шляхты і розныя формы служылых наймітаў (кшталту панцырных баяраў або татарскіх асаднікаў). Гэтыя класы (не ў марксісцкім сэнсе, але як сацыяльныя групы) нельга ў поўнай ступені далучыць ні да гараджан, ні да вяскоўцаў. Безумоўна, у межах этнасу ўвесь час адбывалася перамешванне, змена сацыяльнага становішча - сяляне збягалі ў гарады, гараджане і шляхцічы абсяляньваліся. (Ці не адбіткам гэтых працэсаў ёсць вядомае назіранне: «Вунь шляхцюк на поле гной павёз, шабля побач з сахаром тырчыць»?) Побач з прымушана-дынамічнымі гараджанамі сяляне з іхнай інертнасцяй і традыцыяналізмам заўжды выступалі як спажыўцы, а не як творцы. (Часткова, асабліва ў пазнейшыя часы, гэтая інертнасць выклікалася штучнай палітыкай улады, але пра тое гаворка будзе пазней.) Гэтая тэза не абвінавачванне, а толькі канстатацыя факта. І ні ў якім разе нельга весці размову аб перавагах вёскі над горадам альбо наадварот; існуюць велічыні, якія прынцыпова не могуць быць вымераныя ў адной сістэме каштоўнасцяў6. Пад прымушаным дынамізмам мы разумеем тую сітуацыю, што гараджанін не мог існаваць натуральнай гаспадаркай - бо ён проста не меў гэтай гаспадаркі - і змушаны быў увесь час працаваць у паўрынкавых умовах, шукаючы магчымасці існавання. Гаворачы мовай сінэргетыкі, горад адрозна ад вёскі ўяўляе больш адчыненую сістэму.
Першыя гарады, хрышчэнне (Х ст.), паходы на Царгорад, на Візантыю, утварэнне Вялікага Княства Літоўскага ад мора да мора, смяротнае процістаянне пры Грунвальдзе. Потым доўгачасовае процістаянне з Масквой і татарамі, сілы якіх увесь час падмацоўвалі найбольш здольныя і энергічныя прадстаўнікі народаў-сатэлітаў з іх бязмежных ускраінаў. У гэтым процістаянні, што адыгрывала ролю клапана, праз які сыходзіла лішняя напружанасць, быў свой заканамерны вынік: этнас праскочыў сваю вяршыню і застаўся на лакалізаванай тэрыторыі, практычна не мяняючы сваіх межаў. Тое самае, дарэчы, адбывалася і ў Эўропе, дзе гэткім клапанам былі крыжовыя паходы, ператвараючы астатнія войны па сутнасці ў лакальныя канфлікты, якія ўплывалі хіба толькі на тыя два бакі, што варагавалі, а то і ўвогуле ў лакальныя памежныя канфлікты двух баронаў альбо герцагаў. Далей ідзе заміранне, ідзе інерцыйная частка развіцця.
Магчымасці экстэнсіўнага развіцця вычарпаныя. Этнас змушаны развівацца ў абмежаваных умовах, і ў дадатак развіццё ягонае ідзе ўжо па інерцыі. Так, і пад час гэтай інерцыі былі выдатныя падзеі і ўчынкі, але гэта ўсё адно фаза згасання. З прычыны адсутнасці іншых магчымасцяў самавыяўлення буяе культура і мастацтва, асноўныя памкненні народа (маецца на ўвазе ягоная найбольш дзейная, актыўная частка) скіраваны найперш на інтэлектуальную сферу (возьмем такія з'явы, як Статут Вялікага Княства Літоўскага ці асобу Скарыны, крыху пазней па часе дасягненні ў літаратуры ды філасофіі). У народа стае сілы нават для культурнай экспансіі (згадайма, напрыклад, хаця б Сымона Полацкага або Казіміра Семяновіча). Разам з гэтымі рэшткамі дзейных асобаў няўхільна павялічваецца доля пасіўных, здатных толькі на задавальненне прымітыўных жаданняў і зацікаўленых толькі ва ўласным існаванні. Народ як дзейсная адзінка пачынае знікаць з гістарычнай арэны. Таму многія навукоўцы ніяк і дагэтуль не могуць пагадзіцца, што ўвогуле існаваў гэткі незалежны народ, бо іншыя, больш знаёмыя народы, нібыта і роднасныя, тады толькі пачыналі праяўляць сябе ў гісторыі.
Далейшы лёс Беларусі збоку не выглядае вельмі драматычным. Этнас замыкаецца сам у сабе, губляе цікавасць да навакольнага свету. Ва ўсялякім разе характар беларуса, сфармаваны, як слушна сцвярджаюць сёння даследнікі-этнапсіхолагі, прынамсі Іван Чарота7, у значнай ступені пад уздзеяннем балотна-ляснога ландшафту, ні разу не быў узрушаны да такой ступені, каб даць яскравы прыклад масавага гераізму і ахвярнасці ўсяго народа. Але нутраны драматызм згасання народа ніяк не можа быць ацэнены па вонкавых праявах. І кароткачасовыя з'явы рэнесансу толькі пацвярджаюць агульную тэндэнцыю. Для нас гэткім апошнім рэнесансам, кароткім уздымам актыўнасці жыццёвае сілы народа быў пачатак стагоддзя, калі ідэя пабудовы Беларускае дзяржавы пасля доўгага гістарычнага перапынку апанавала не толькі вузкім колам інтэлігенцыі, але і значна шырэйшымі масамі. Аднак паколькі атрымалася, што той уздым у пэўным часе супаў з кампаніяй беларусізацыі, распачатай бальшавікамі, гэта дае падставы сяму-таму сцвярджаць, што ён быў інспіраваны звонку.
Беларусь не адзінокая ў сваім заняпадзе. Мы ўжо згадвалі сучасныя рэгіёны Францыі і Нямеччыны як актыўныя на тым сама гістарычным адрэзку часу (843 год - утварэнне Заходне-Францкага каралеўства, ХVІ стагоддзе - пры Людовіку XІV - апагей абсалютызму, у нашыя часы - страта калоніяў, адыход ад становішча лідэраў у эканоміцы і культурным жыцці). Таму і гэтыя краіны, калі нашыя меркаванні маюць падставы, павінны мець вялікія «этнічныя» цяжкасці. Мы гэта і назіраем у рэчаіснасці, бо там зараз імкліва расце колькасць актыўных «нетубыльцаў» - арабаў, туркаў, афрыканцаў, г.зн. народаў, якія знаходзяцца ў іншай, больш актыўнай стадыі этнагенэзу. Да прыкладу, у Нямеччыне, дзе сітуацыя нам крыху больш знаёмая, у трохмільённым Берліне, паводле афіцыйнай статыстыкі, 10% жыхароў - прадстаўнікі турэцкае абшчыны. Колькі складае неафіцыйная доля - меркаваць цяжка, але відавочна, што рэальны працэнт яшчэ вышэйшы. Тое ж датычыць і іншых старых нацыяў свету з адпаведнай папраўкай на зрух пачатковага пункту адліку. І растлумачыць гэтую сітуацыю толькі імкненнем да паляпшэння жыццёвых умоваў дастаткова цяжка.
У гісторыі багата прыкладаў такога памірання народаў. І заўжды наўзамен памерлых прыходзілі новыя. Такі прыход часам прыводзіў да крывавых войнаў - у выпадку, калі новыя этнасы прэтэндавалі на жыццёвую прастору яшчэ не зусім згаслага этнасу, дзе яшчэ сустракаліся героі-адзіночкі, і тады народ яшчэ спрабаваў бараніцца. Іншым разам гэтыя змены адбываліся ціхамірна, калі экалагічная ніша была незапоўненая або запоўненая слаба, быццам поўнач Сібіры ці бязлюдныя прасторы амэрыканскага кантынента пры першай, індзейскай, каланізацыі. Але застаецца спадзявацца, што незалежна ад фазы этнагенэзу цяпер, маючы гэткі ровень развіцця тэхнікі вынішчэння, народы здолеюць развязваць канфліктныя пытанні без татальных войнаў. Хаця, канешне, апошнія падзеі на Блізкім Усходзе і нават у Эўропе вельмі моцна сведчаць супраць гэтага спадзявання.
Заўвагі
1 На жаль, вядомы толькі расейскі пераклад «Алісы ў краіне цудаў» Л.Кэрала. Пераклад верша Д.А.Арлоўскай:
Варкалось. Хливкие шорьки Пырялись по наве, И хрюкатали зелюки, Как мюмзики в мове.
2 Абат Дзюбо, Жан Батыст (1670-1742) - гісторык, сакратар Французскай акадэміі навук. Яшчэ ў 1719 г. надрукаваў кнігу «Развагі пра жывапіс і паэзію і г.д.», дзе сцвярджаў, што віды жывёлаў, не змешаныя з іншымі, выраджаюцца. Цытуецца па: Вольтер. Метафизический трактат, гл.І «О различных видах людей» (Вольтер. Философские сочинения. - М.: Наука, 1988. С.230).
3 Шпэнглер Освальд. Закат Европы. - М.: Мысль, 1993. - 663 с.
4 Гл., напрыклад: Гумилёв Л.Н. Тысячелетие вокруг Каспия. - М.: «Мишель и К°», 1993. - 335 с.
5 Сталин И.В. Марксизм и национальный вопрос // Соч. Т.2, с.296. Усе іншыя азначэнні, прынятыя ў савецкай і беларускай этнаграфіі, ёсць парафразы гэтай дэфініцыі.
6 Добры прыклад такіх непараўнальных у культурным сэнсе рэчаў прыводзіць вядомы этнограф і гісторык культуры Э.Б.Тайлар: «Ідэальнага дзікуна ХVІІІ стагоддзя можна падаць як жывы дакор распуснаму і легкадумнаму жыхару Лондана, але, па сутнасці, жыхар Лондана, які намерыўся б весці такое зверскае жыццё, якое сапраўдны дзікун можа весці беспакарана і нават карыстаючыся павагай, быў бы такім злачынцам, які мог бы пераймаць свае дзікія прыклады толькі ў кароткія моманты знаходжання па-за турмою» (Тайлор Э.Б. Первобытная культура. - М.: Изд-во полит. лит-ры, 1989. С.39). Акрамя таго, дачыненні ў сферы ідэалогіі і культуры падпадаюць пад дзеянне гэтак званых тэарэмаў аб непаўнаце Гёдэля (Gцdel, 1931), паводле якой у межах кожнай сістэмы аксіёмаў існуюць ісціны, якія не могуць быць даказаныя ў межах гэтае сістэмы аксіёмаў. Яскравым прыкладам дзеяння тэарэмы Гёдэля ў ідэалагічнай сферы ёсць дыспут пра існаванне або неіснаванне Бога - доказ гэтае тэзы ў межах нашае сістэмы ўяўленняў немагчымы, у яго можна або верыць, або не верыць.
7 Чарота І. Пошукі спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ ст. у пошуках нацыянальнага самавызначэння. - Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
Да наступнага разьдзелу.
Да тытульнай старонкі.
Да «Беларускай палічкі».
Крыніца: Стах Дзедзіч. Эпілог. Менск, 1997. |