Мы і нашыя наступнікі

Мы шмат чаму верым без доказу,
і гэта натуральна,
але мы не ўпэўнены
шмат у чым, што даказана,
і гэта таксама натуральна.
Вавенарг. Развагі і максімы, 946

Новыя народы • Мутацыі і этнагенэз • Сінэргетыка • Мутацыі як статыстычны працэс • Крывая становішчаў этнасу • Дэградацыя асноўнае часткі этнасу і змушанае знікненне іманентных нацыянальных мяншыняў

Так, на змену тым, хто памірае, прыходзяць новыя народы, новыя людзі. Калі пачаць разважаць на гэтую тэму, міжволі мусім закрануць ролю асобы і ролю народа. Хто ж будзе нашымі наступнікамі? Калі гуны пачыналі рухацца на Эўропу, іх было ўсяго колькі тысячаў. Варагаў на Русь прыйшло яшчэ меней. Каланізацыя ўсёй гіганцкай Амэрыкі пачыналася ад невялічкай купкі людзей адной крыві (сто? дзвесце? чалавек), якія з невядомых прычынаў (ці не пераслед нейкіх ворагаў?) наважыліся на пераадоленне Берынгава праліва. Гэтыя прыклады сведчаць, што завадатараў новага і не павінна быць шмат. Але гэта мусяць быць людзі, якія нечым няўлоўным адрозніваюцца ад застылых, задаволеных і абыякавых тубыльцаў. Адсутнасць рукі альбо нагі таксама адрозненне, але гаворка ідзе аб іншым - пра асобы, у якіх з тых ці іншых прычынаў адбылася мадыфікацыя розуму і сістэмы мыслення. Такая змена на сучаснай мове завецца мутацыяй.

Калі даўней мутацыі выклікаліся толькі прыроднымі фактарамі, дык зараз з'явіўся гэтаксама магутны тэхнічны мутагенны фактар. Асноўнай прыроднай прычынай мутацый ёсць прыродная радыяцыя. Дарэчы, трэба адзначыць адну акалічнасць. Цэнтры цывілізацыі і культуры часам зусім нечакана развіваліся на высакагорных раўнінах (сыртах) накшталт Талгара або Тыбецкага нагор'я. Паводле прыродных умоваў гэтыя пляцоўкі дастаткова суровыя і непрыдатныя для жыцця, і ўсе намаганні іх насельнікаў былі скіраваныя на падтрыманне свайго існавання. Тым не меней яны былі цэнтрамі фармавання выдатных узораў дзяржаўнай арганізацыі і сур'ёзных культурных і навуковых дасягненняў. Гэта не можа быць выпадковасцяй, а павінна мець нейкае тлумачэнне. Мы згадвалі радыяцыю як адзін з прыродных мутагенных фактараў. У звычайных умовах асноўнымі крыніцамі радыяцыйнага апраменьвання на Зямлі ёсць прыродны радыяцыйны фон зямных пародаў, радыяцыйнае выпрамяненне ад крыніцаў радону і касмічнае выпрамяненне. Радонавы фактар у сувязі з асаблівасцямі побыту нашых продкаў можна не браць пад увагу (радон захоўваецца найлепей у герметычных каменных памяшканнях, пераважна заглыбленых у зямлю, - гэткімі спарудамі маглі быць хіба што лёхі замкаў). Прыродны радыяцыйны фон горных пародаў уласцівы не асадкавым пародам, а асноўным пародам зямной кары (кшталту гранітаў, базальту і г.д.).

На раўнінах асноўныя пароды пакрыты тоўстым пластом (да некалькіх кіламетраў) асадкавых пародаў (пясок, гліна і г.д.), а ў гарах пароды, што ўтрымліваюць радыеактыўныя элементы (той жа граніт, напрыклад), геалагічнымі працэсамі вынеcеныя на паверхню, што адразу падвышае радыяцыйны фон. Акрамя таго, агульная эфектыўная таўшчыня1 атмасферы на вышыні значна меншая, што, зразумела, аслабляе яе ахоўныя ўласцівасці для пранікнення касмічнай радыяцыі. Яшчэ адна асаблівасць. Паводле сваёй геалагічнай будовы высакагорныя раўніны Азіі шмат дзе ёсць старажытныя пенеплены2 і таму таксама маюць падвышаны ровень радыяцыі. Тое сама можна аднесці і да высакагорных цывілізацыяў Лацінскай Амэрыкі (возера Тытыкака, адзін з цэнтраў старажытнай цывілізацыі інкаў, ляжыць на вышыні 3812 метраў). Уздзеянне малых дозаў радыяцыі на чалавечы арганізм - тыповы прыклад сінэргетычнага, альбо калектыўнага, працэсу, бо малыя дозы, паступова назапашваючыся, даюць у выніку нелінейны і далёка не малы эфект. Радыяцыйны мутагенэз тым больш эфектыўны, што ўплывае на ўсе стадыі развіцця клеткі, і вынікі яго даюць найбольшы спектр мутацыйных магчымасцяў3.

Вядома, ёсць мутагенныя фактары, выкліканыя тэхнічным развіццём і агульныя для ўсяго свету. Сумна вядомы пестыцыд ДДТ быў паўсюдна забаронены да ўжывання яшчэ ў 60-х гадах. Аднак з прычыны трываласці хімічнай будовы ДДТ рэшткавыя колькасці яго і дагэтуль знаходзяць па ўсім свеце ў прадуктах і чалавечым арганізме. Але на фоне гэтага агульнага забруджвання ёсць лакальныя рэгіёны асаблівай экалагічнай небяспекі. Гэтыя звесткі сістэматызуюцца ў першую чаргу эколагамі і часткова медыкамі. Для нашых высноваў істотна, што адной з такіх зонаў цяпер безумоўна з'яўляецца Беларусь. Да хімічнага фактару мутагенэзу, выкліканага размяшчэннем на яе тэрыторыі шматлікіх і, галоўнае, недасканалых хімічных і біяхімічных вытворчасцяў, цяпер дадаўся яшчэ перманентна дзейны фактар радыяцыйнага апрамянення, звязаны з Чарнобыльскай аварыяй. Можна спрачацца, ці прыносяць бачную шкоду тыя дозы радыяцыі, што атрымлівае дарослы чалавечы арганізм у выніку паглынання гэтага выпрамянення, але немагчыма запярэчыць, што для зародкавых клетак досыць нават аднаго паглынутага кванта (энергія якога перавышае энергію сувязі ДНК), каб структура, што ўсталёўваецца пры развіцці мозга зародка, была змененая. Мы не можам зараз прадказаць такое пераключэнне з дастатковай доляй імавернасці, але, паколькі гэты працэс статыстычны, ягоную карэктную матэматычную мадэль прынцыпова можна пабудаваць. Безумоўна, бальшыня зменаў або не будзе мець сур'ёзных вынікаў, або будзе весці да спрашчэння сістэмы (для чалавека гэта значыць пагаршэнне разумовых здольнасцяў і фізічнага стану). Разлік долі людзей, што ў выніку апрамянення і іншых уздзеянняў маюць разумовыя адхіленні ў горшы бок, або павелічэнне працэнта хворых на радыяцыйна-індукаваны рак, іншыя падрабязнасці можна знайсці ў адумысловых працах, што цяпер нарэшце зрабіліся даступнымі. Можна было б параіць, напрыклад, кнігу амэрыканскага эксперта, спецыяліста ў галіне ядзернай хіміі і медыцыны, доктара Дж.Гофмана4 і пашкадаваць, што падобныя кнігі не з'явіліся неўзабаве пасля аварыі.

Мы ўжо адзначалі, што грамадства можна разглядаць як статыстычную сістэму са сваімі спецыфічнымі законамі. Для кожнай статыстычнай сістэмы можна ўвесці гэтак званую крывую становішчаў. Звычайна па восях каардынатаў для гэтай крывой адкладваюць тую ці іншую энергетычную характарыстыку і шчыльнасць становішчаў. Як правіла, часцей за ўсё разгляданыя велічыні маюць нармальны, або Гаўсаў, закон размеркавання (падобныя да звона з шырокай ніжняй часткай). Гэтакую крывую становішчаў можна пабудаваць і для этнасу. Галоўная праблема ў тым, якія менавіта характарыстыкі сацыяльнай сістэмы павінны быць узятыя за асноўныя характарыстыкі жыццядзейнасці і жыццяздольнасці этнасу. Калі будаваць абстрактную тэорыю, можна прапанаваць наступнае выйсце. Мы ўжо згадвалі ноасферу. Лічачы, што яна мае прыроду звычайнага фізічнага поля, няхай сабе і не зусім вядомай фізічнай прыроды, можна ўвесці стандартную працэдуру апісання гэтага поля праз патэнцыял альбо напругу поля. Але далёкай перспектывы на шляху такога «чыстага канструявання» не бачна. У кожным разе паўстае пытанне інтэрпрэтацыі атрыманых вынікаў. Таму лепей было б адразу абраць характарыстыку, якая мае зразумелы сэнс у дачыненні да этнасу, і будаваць крывую становішчаў для гэтай велічыні. Гумілёў казаў пра пасіянарнасць (здольнасць чалавека да самастойнай стваральнай працы), але ўжо задоўга да яго Ігнат Абдзіраловіч у сваім эсэ «Адвечным шляхам»5 згадваў творчасць як падставу жыцця.

Здольнасць да творчасці звязана (натуральна, не наўпрост, а праз нейкія функцыйныя залежнасці) з роўнем разумовага развіцця кожнага асобнага індывіда. Разам з тым гэты ровень можа быць вымераны - метады такіх вымярэнняў добра распрацаваныя ў псіхалогіі (так, вельмі папулярныя тэсты на вызначэнне IQ6 шырока выкарыстоўваюцца для гэтых мэтаў). У свой час Э.Рэзэрфорд, адзін з вялікіх фізікаў нашага стагоддзя, казаў, што ўсе навукі можна падзяліць на фізіку (гэта там, дзе нешта можна вымераць) і калекцыянаванне марак (там нічога не вымяраецца). На падставе статыстычных звестак, атрыманых такім чынам, могуць быць пабудаваныя адпаведныя матэматычныя мадэлі. Вынікі абагульнення эксперыментальных даследванняў сведчаць, што для сярэднестатыстычнага чалавецтва крывая размеркавання разумовых здольнасцяў асобных людзей апісваецца якраз крывою нармальнага размеркавання, якую мы згадвалі вышэй. Прычым агульныя характарыстыкі яе для якой-небудзь афрыканскай краіны слаба адрозніваюцца ад такіх для прадстаўнікоў адукаванай Эўропы. Матэматычны разгляд атрыманых сацыялагічна-статыстычных вынікаў і пабудовы тэорыяў, што апісваюць этнагенэз на падставе прыродных законаў, зрабіўся магчымым параўнальна нядаўна, у сувязі з інтэнсіўным развіццём сінэргетыкі.

Сінэргетыка - новая навуковая дысцыпліна, якая ўзнікла ў 70-х гадах нашага стагоддзя на сутыку фізікі, хіміі, матэматыкі, статыстыкі, біялогіі ды сацыялогіі, найперш з даследванняў Хакена і Прыгожына для нераўнаважных тэрмадынамічных сістэмаў. Прадметам яе даследвання якраз і ёсць вывучэнне сістэмаў, эвалюцыя якіх адбываецца ў выніку калектыўнага ўздзеяння ўсіх кампанентаў сістэмы на сістэму як цэлае. Паколькі разгляданыя сістэмы, як правіла, вельмі нелінейныя, дык і атрыманыя вынікі не заўжды ёсць простая сума вонкавых уздзеянняў. Не трэба лішні раз падкрэсліваць, што ўсялякі соцыум - гэта не простая сума асобных індывідаў, якія складаюць яго, а вынік узаемадзеянняў і кантактаў, што выпадковым чынам адбываюцца ўнутры сістэмы. Вынік нейкага вонкавага ўздзеяння ў кожным разе можа быць іншым у залежнасці ад таго, якія кантакты адбыліся. Іншымі словамі, у сінэргетыцы не заўжды «два ў два - чатыры», але можна атрымаць і «тры», і «чатыры», і «пяць». Гэтаксама адбываецца і ў эканоміцы, калі мы, укладаючы ўдвая большыя сродкі, не атрымліваем удвая лепшых вынікаў.

Згодна з эксперыментальнымі звесткамі, у выніку радыяцыйнага апрамянення крывая адхіленняў разумовых здольнасцяў захоўвае Гаўсаў выгляд, але зрушваецца ў бок пагаршэння здольнасцяў такім чынам, што доля разумова адсталых рэзка павялічваецца. Акрамя гэтага, неабходна ўлічваць эфекты, звязаныя з генэтычнай дэфектнасцю: храмасомнымі аберацыямі, дэлецыямі і г.д. Носьбіты гэтых дэфектаў з генэтычнага гледзішча таксама рэгрэсіўныя. Але ў бальшыні выпадкаў рэпрадукцыйная функцыя ў індывіда з параўнальна невялікім роўнем генэтычных дэфектаў захоўваецца і падобныя дэфекты перадаюцца нашчадкам, натуральна, не спрыяючы падвышэнню творчага патэнцыялу этнасу. Апроч таго, узрастае і доля нежыццяздольных ці аслабленых мутацыямі індывідаў, якія існуюць за кошт астатняй часткі этнасу, тым самым аслабляючы яго.

Але побач з дэградацыяй абавязкова будуць існаваць і змены, што вядуць да падвышэння складанасці элементаў сістэмы. Носьбіты такіх зменаў - паколькі змены прагрэсіўныя, а не рэгрэсіўныя - будуць валодаць большай жыццяздольнасцю, асабліва відавочнай на фоне ўсеагульнага заняпаду. Тады робіцца зразумелым эфект горных цывілізацый. Агульны ровень генэтычнай дэфектнасці там мусіць перавышаць сярэднестатыстычны (для цяперашніх умоваў ровень генэтычнага грузу прымаецца блізу 10%, гл. згаданую кнігу Дубініна). У дадатак больш суровыя прыродна-кліматычныя ўмовы спрычыняліся да таго, што доля людзей з рэцэсіўнымі мутацыямі ў працэсе этнагенэзу скарачалася, бо іх нашчадкі параўнаўча аслабленыя. Такім чынам, этнас падвышаў абсалютную здольнасць да творчасці і развіцця, покуль назапашванне зменаў не давала якасна новага выніку. Для апрамененай Беларусі працэс мае тыя асаблівасці, што доля людзей з пашкоджанай спадчыннасцю будзе захоўвацца дзякуючы сістэме аховы здароўя. У дадатак мы практычна не маем сістэмы генэтычнага маніторынгу, хоць ягоная неабходнасць даўно наспела. Прыклады такіх нацыянальных сістэмаў, накіраваных на папярэднюю дыягностыку і прадухіленне вядомых генэтычных хваробаў, добра вядомыя ў свеце: назіранне за альфа-пратэінам у Вялікабрытаніі для прадухілення дэфектаў нервовага галамня (ствала), дэтэктаванне таласэміі сярод маладых перад шлюбам на Кіпры, ранняя дыягностыка хваробы Тая-Сакса сярод жыдоў ЗША. Безумоўна, асноўны цяжар адхіленняў, звязаных з радыяцыяй, будзе класціся на апрамененыя раёны, але працэсы безупыннай міграцыі і агульнае назапашванне генэтычных дэфектаў у межах этнасу неўзабаве прывядуць да дэлакалізацыі мутацыйных працэсаў. А прысутнасць нават параўнаўча невялікай колькасці хворых можа вельмі лёгка паламаць няўстойлівую раўнавагу здароўя этнасу. Працэс этнагенэзу скокам пераходзіць у новую якасць, у фазе згасання з'яўляюцца зародкі нейкай новай супольнасці, якая павінна прыйсці на змену існуючаму народу.

Такім чынам, Чарнобыльская катастрофа спрыяе падзелу беларускага этнасу на дзве часткі: большую, якая імкліва дэградуе, няздатная пераадолець генэтычны цяжар тысячагадовай гісторыі і апошніх удараў цывілізацыі, і значна меншую, напоўненую новай энергіяй стварэння. Унутры гэтая меншая частка не аднародная, у ёй існуе свой дробны падзел, але адрозненні паміж часткамі, або складнікамі, меншыні не такія прынцыповыя, як агульны падзел на бальшыню і меншыню. Сярод асноўных частак гэтай нацыянальнай меншыні мы можам вылучыць, да прыкладу, «нацыяналістаў», «бізнэсмэнаў», у нечым «інтэлігентаў». Двукоссе тут пастаўленае не выпадкова, у поўнай меры ніводная з пералічаных катэгорыяў не адпавядае звыклым фармальным азначэнням. Таму далей, разглядаючы гэтыя часткі, мы будзем даваць нейкія тлумачэнні.

Найперш звернемся да нацыяналістаў. Беларускі сэнс гэтага тэрміна, які ўжываецца ў нас у негатыўным сэнсе, не зусім супадае з агульнапрынятым. Гэтая парадаксальная сітуацыя засталася нам у спадчыну ад часоў панавання камуністычнай партыі, калі ўсе праявы нацыянальных пачуццяў імгненна кваліфікаваліся як нацыяналізм. У нашых умовах беларускім нацыяналістам у масавай свядомасці, гэта значыць у свядомасці бальшыні, чалавек робіцца адразу, як толькі пачынае весці гаворку пра сваю прыналежнасць да беларускага этнасу. Погляд, з якім, напэўна, кожны сутыкаўся неаднаразова: «Я тоже белорус, но...» Класічны нацыяналізм мае як іншыя мэты7, гэтак і іншых носьбітаў. Носьбіты яго - сярэднія пласты гарадскога насельніцтва, тым часам як у Беларусі з гістарычных прычынаў сярэдні клас практычна адсутнічае (гэта датычыць цяперашняе сітуацыі) або прадстаўлены найперш тэхнічнай інтэлігенцыяй, дэнацыяналізаванай у найбольшай ступені. Калі ж узяць развіццё гарадоў за апошнія некалькі стагоддзяў, дык сярэдні клас, а гэта не менш за палову насельніцтва беларускіх гарадоў, складалі прадстаўнікі жыдоўства8. Менавіта яно давала нейкі эталон этнасу9. Масавая дэнацыяналізацыя тэхнічнай інтэлігенцыі звязана ў значнай ступені з тым фактам, што нацыянальнае азначэнне ніколі не ўваходзіла ў шэраг крытэраў, неабходных для атрымання і пацверджання сацыяльнага статусу (быў проста «інжынер», а не «грузінскі інжынер»), а сістэма ўзнаўлення кадраў таксама пазбаўляла будучыя шрубкі дзяржаўнай машыны ўсялякае патрэбы самаідэнтыфікацыі. Бясспрэчна, і для прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі магчымае нацыянальнае атаесамленне, але, падкрэсліваю, яно не ўваходзіць у сістэму сацыяльных каштоўнасцяў, а існуе адно як прыватная ініцыятыва. Таму, гаворачы пра носьбітаў нацыяналістычнай (у класічным сэнсе гэтага слова) ідэалогіі, мы казалі толькі пра найбольш гуманітарную частку інтэлігенцыі, для якой такое самаазначэнне неабходнае. Безумоўна, дзеля цяжкасцяў атаесамлення з асобнымі этнасамі ў межах гэтае сацыяльнае групы існуюць самыя супярэчлівыя плыні і погляды, але гэта не ўплывае на агульны стан рэчаў. Разам з тым робяцца зразумелымі папрокі шматлікіх «носьбітаў беларушчыны» да астатняга народа, які ніяк не рэагуе на палымяныя і разумныя заклікі. Носьбіты падсвядома адчуваюць непазбежнасць згасання этнасу, бо самі, безумоўна, з'яўляюцца ягонымі прадстаўнікамі. Разам з тым, па вялікім рахунку, яны ёсць носьбіты не згаслага дарэшты духу творчасці, і гэта змушае іх нават у абсалютна безвыходных умовах рабіць нейкія захады для паляпшэння ці выпраўлення сітуацыі. Натуральна, калі гэтыя спробы і даюць нейкі плён, дык ён вельмі кароткачасовы, і прынцыпова праз нейкі час сітуацыя вяртаецца да ранейшага стану ці нават рэзка пагаршаецца, бо ў выніку дзейнасці асобных персонаў рэшткі энергіі этнасу, выдаткаваныя марна, знікаюць.

Інертнасць (альбо нават варожасць) бальшыні да нацыянальнай ідэалогіі выклікана якраз тым, што высілкі меншыні прымушаюць парушыць status quo, прымушаюць да нейкіх крокаў, да актыўнага дзеяння. Разам з тым гэтая бальшыня не здольная на актыўныя дзеянні менавіта з прычыны асаблівасцяў сваёй псіхічнай арганізацыі. Зазначым, што для бальшыні актыўная меншыня выступае не ў якасці часткі сябе, але як вонкавы аб'ект ці вонкавае ўздзеянне з гледзішча сінэргетыкі. У сувязі з гэтым і адпаведна з «прынцыпам гультайства» (падрабязней разглядаць гэты тэрмін мы будзем пазней) узнікае рэакцыя сістэмы, накіраваная на мінімізацыю вонкавага ўздзеяння. Адным з магчымых шляхоў мінімізацыі ўздзеяння можа быць адпрэчванне аб'екта ўздзеяння, што вядзе да далейшага паглыблення прысутных у этнасе супярэчнасцяў.

Апошнім часам у Беларусі прыхаваныя ў межах этнасу канфлікты пачалі імкліва выкрышталізоўвацца ў яўным выглядзе. Найчасцей у гэтым абвінавачваюць БНФ. На самой справе Фронт зусім не вінны ў такім разгортванні падзеяў. Ён проста сыграў ролю дробнага крышталіка, апушчанага ў перанасычаную рашчыну. Менавіта вакол гэтага крышталю і адбываецца - а магчыма, ужо канчаткова адбылася - далейшая крышталізацыя і палярызацыя субэтнасаў. Якраз у гэтай крышталізацыі і заслуга, і «віна» Фронта перад Беларусяй. Уплыў падобнай крышталізацыі, здаецца, нідзе не ўлічаны, і геапалітычныя прагнозы, што аперуюць глабальнымі катэгорыямі (хартленд і г.д.), вырачаныя ад гэтага на глабальную недакладнасць. Ні для каго не сакрэт, што ў грунце дзейнасці БНФ на першым этапе ляжала - дый ляжыць зараз - даволі памяркоўная праграма адраджэння нацыі, распрацаваная адпаведна з класічнымі нацыянальна-адраджэнцкімі канонамі. І напачатку здавалася, што прынцыпы, абвешчаныя Фронтам, маюць перспектыву і падтрымліваюцца ўсімі ці, прынамсі, большай часткай народа. Але рэальны рух падзеяў засведчыў, што спадзяванні былі марныя. На самой справе адбылася яскрава выражаная рэакцыя адпрэчвання меншыні. Прыкладаў канфліктаў у межах адной этнічнай тэрыторыі і негатыўнага вопыту іх развязання ў гісторыі дастаткова. Сучасныя нам канфлікты згадваюцца досыць часта: Індыя, Пакістан, Судан, урэшце, былая Югаславія. Апошні па часе застарэлы этнічны канфлікт, што рэзка выбухнуў, - вайна паміж тутсі і хуту. Цікава, што вядомыя канфлікты ўзнікаюць не толькі на чыста этнічнай глебе (чаго на першы погляд не павінна здарыцца ў Беларусі), але і на сацыяльнай, што ўжо больш небяспечнае для нашай краіны. І ад гэтага канфлікты не робяцца лягчэйшымі і менш крывавымі. Яшчэ адным адмоўным фактарам, што ўплывае на мірнае развіццё канфлікту, ёсць тое, што фактычна ніводны з субэтнасаў (ці сацыяльных групаў, калі гэты тэрмін лепей пасуе да нашай сітуацыі) не мае гістарычнае перспектывы развіцця па-за межамі этнасу. А паколькі асноўны этнас ідзе да вымірання, разам з ім знікае і нацыянальна свядомая частка этнасу.

Гэты працэс у межах дэградацыі этнасу яскрава прасочваецца ў нашых умовах. Ужо зараз асобнымі этнографамі і фалькларыстамі сур'ёзна абмяркоўваецца неабходнасць навучання народа нацыянальнай спадчыне і далучэння яго да каштоўнасцяў фальклору. (З гледзішча традыцыйнай фалькларыстыкі дастаткова парадаксальная сітуацыя - носьбіта фальклору навучаць нацыянальнаму фальклору.) Але гэтая з'ява робіцца больш зразумелай у агульным кантэксце развіцця Беларусі. Неверагодна хуткая ўрбанізацыя на пачатку 70-80-х гадоў, неабходнасць якой для ўласнага захавання адчувалі ўладныя структуры нават без дадатковага тэарэтычнага абгрунтавання, прывяла да колькаснай перавагі ў гарадскіх паселішчах носьбітаў вясковай ідэалогіі. Цяперашні Менск ёсць прыкладам такой мэтанакіраванай штучнай урбанізацыі, калі на пачатку васьмідзесятых гадоў літаральна за некалькі год насельніцтва яго ўзрасло ледзь не ўдвая. Гэтыя «асаднікі» прынеслі ў горад сваю ідэалогію і імкнуцца захаваць яе, не здолеўшы ўспрыняць гарадскі светапогляд і адаптавацца да яго. (Гэтым было разбуранае гарадское ментальнае асяроддзе і знішчаныя традыцыі і паняцці, яму ўласцівыя. Паняцце нацыянальнай адметнасці, навуковыя, адукацыйныя традыцыі, сама гістарычная сувязь духоўна творчых пакаленняў, на жаль, трапілі пад гэты цяжкі прас.) У выніку гарады сталіся татальна дэнацыяналізаванымі або яшчэ горш - антынацыяналізаванымі. Аднак нягледзячы ні на што, паводле свайго статусу яны застаюцца гарадамі, г.зн. месцам, у якім вясковы фальклор не можа плённа развівацца, таму знікае і гэтая галіна агульнай нацыянальнай спадчыны. Даследнікі, скіраваныя пераважна, калі не амаль выключна, на вёску, бачаць гэты працэс і імкнуцца ўжыць захады да выпраўлення становішча. Атрымліваецца амаль замкнёнае кола, усе высілкі выдаткуюцца марна.

Класічным прыкладам абвастрэння сітуацыі да крайнасці можа быць становішча з вышэйшымі праявамі нацыянальнай духоўнасці - музыкай, пісьменствам, прыгожымі мастацтвамі. Апошні па часе ўздым у гэтай сферы пачынаючы з канца XІX стагоддзя ёсць вынікам таго ж памкнення сацыяльнай сукупнасці (этнасу, прынамсі) знайсці далейшыя шляхі свайго выжывання. Гэты культуралагічны феномен тлумачыцца тым, што кожная сацыяльная сістэма на стадыі згасання абавязкова мае ў сваім складзе зародкі новае фазы, якія павінны быць наступнікамі ў працэсе соцыягенэзу. І гэтыя «вяршыні» павінны былі выклікаць крышталізацыю новых ідэяў, новае духоўнасці. Безумоўна, працэс гэты не імгненны, ён дастаткова працяглы ў часе. Але і дзеянне гэтых духоўных вяршыняў, духоўных арыенціраў нашмат больш працяглае, чым нейкага лакальнага эканамічнага ці палітычнага фактару. Аналагічныя працэсы адбываюцца і ў іншых сферах чалавечай інтэлектуальнай дзейнасці. Так, карацейшы па часе і таму больш відавочны ёсць працэс тэхнічнага прагрэсу, працэс развіцця якой-небудзь тэхнічнай ідэі (менавіта таму зараз такую вялікую ўвагу звяртаюць на тэорыю інавацый, бо хто здолее эфектыўней выкарыстаць найноўшыя дасягненні навукі, той зможа атрымаць пэўныя перавагі для сваёй эканомікі). Можна запярэчыць, што гэтыя дзве з'явы не звязаныя адна з адной, але з гледзішча статыстычнай тэорыі, ці тэорыі кіраваня, раўнанні, што будуць апісваць гэтыя працэсы, надзіва падобныя.

Вернемся да культурнага ўздыму. Натуральна, што прадстаўнікі гэтае плеяды шукалі найбольш эфектыўных шляхоў ажыццяўлення свае місіі. Хто ўсведамляў яе лепей, хто дзейнічаў на роўні падсвядомасці, але тым не меней атрымалася парадаксальная з'ява. Частка (напрыклад, мастацтва ў асобах Малевіча, Суціна, Шагала, Вало, іншых) перайшла ад нацыянальнага да наднацыянальнага, відавочна не здолеўшы адшукаць перспектыву этнагенэзу і сваю, у прыватнасці, як часткі этнасу. Разам з тым яны не зрабіліся ненацыянальнымі, бо прынцыпова не маглі пазбавіцца пячаткі беларускага духу, паколькі былі ягонымі найвышэйшымі спараджэннямі. І гэтая іхная арганічная беларускасць і «нетутэйшасць» лепей адчувалася і ўсведамлялася там, дзе яны прымушаныя былі ствараць. А для Радзімы, якая на іх забылася, яны найчасцей рабіліся «замежнымі класікамі», але зусім не носьбітамі нацыянальнага духу.

Другая частка, кшталту літаратурна-філасофскага, здолела да пэўнае ступені абраць іншы шлях, у межах нацыянальнае традыцыі, дала на гэтым шляху некалькі тытанічных імёнаў, што годна выглядаюць на агульнасусветным роўні. Але разам з этнасам памірае і гэтая частка нашае духоўнасці, бо праява без носьбіта немагчымая. Як толькі мова і яе носьбіт - этнас памірае, адыходзіць з гістарычнае арэны, літаратура застаецца толькі ў выглядзе літаратурнага ці філасофскага помніка (Сафокл, Гамэр, Арыстотэль...). У гэтым плане, калі сітуацыя не зменіцца, ужо нашыя дзеці дачакаюць таго моманту, калі з сумам і жалем здолеюць разбіць герб (як пісаў Караткевіч) над магілай апошняга ў родзе пісьменнікаў беларускага пісьменніка. Факты, дарэчы, наўкола.

Трэцяя магчымасць, таксама ажыццёўленая ў Беларусі, - пераход адразу да інтэрнацыянальнага або іншанацыянальнага ў творчасці (музыка?..) - не дала пакуль надзвычай істотнага плёну (калі інтэрнацыянальнае, з выняткам ідэалагічных вучэнняў, увогуле можа даць такі плён). Такім чынам, напэўна, толькі першая са згаданых намі магчымасцяў можа даць нейкі катэгарычны імператыў да дзеянняў нашым наступнікам, бо толькі нацыянальна-прасякнутае наднацыянальнае здолее паступова стварыць нацыянальную легенду, якая можа падацца прывабнай для спадчыннікаў. Толькі гэтае наднацыянальнае дзякуючы свайму замацаванаму часам вэлюму недасяжнага і ўзвышанага выкліча памкненне да ягонага дасягнення. Разам з тым больш зразумелымі робяцца прычыны апошніх досыць напружаных дыскусіяў у літаратурных і калялітаратурных колах пра патрэбу нейкай новай літаратуры: старая, традыцыйная літаратура смяротна хворая, а новая, менавіта гэткая, наднацыянальна-традыцыйная яшчэ толькі спрабуе стварацца. І ёсць вялікі сумнеў, ці паспеем мы яе стварыць.

Крыху засяродзім увагу яшчэ на адной згаданай нацыянальнай меншыні - бізнэсмэнах. Калі мы казалі пра сацыяльныя канфлікты як найбольш верагодныя для Беларусі, то апіраліся на рэальныя факты. Менавіта клас бізнэсмэнаў, які цяпер толькі пачынае фармавацца, вылучацца з астатняе масы, хутчэй за ўсё выкліча сацыяльную напружанасць у этнасе, ахопленым стагнацыяй. Звязана гэта як з найпрымітыўнейшымі чалавечымі пачуццямі - зайздрасцю да больш забяспечанага суседа або суседкі, гэтак і з няпоўным усведамленнем бізнэсмэнамі свае ролі ў грамадстве. Зайздрасць, безумоўна, уласцівая кожнаму чалавечаму індывіду, але адна справа, калі воля і розум могуць панаваць над пачуццямі і рэгуляваць іх, другая справа, калі такое рэгуляванне немагчымае. Але больш важнай здаецца ацэнка ролі бізнэсмэна ў грамадстве. Тут гаворка ідзе не аб прымітыўным бізнэсе дробных «чаўнакоў», прызначаным воляй лёсу, збегам абставінаў ці яшчэ нечым выключна для забеспячэння жыццёвых патрэбаў асобнага індывіда, а пра людзей, якія забяспечваюць інавацыйны працэс, ствараюць падставы для тэхнічнага і навуковага прагрэсу. Але падрабязней на ўсведамленнні мяншынямі сваіх функцыяў і на наступствах гэтага ўсведамлення мы спынімся крыху пазней.

Адпаведна з дывергенцыяй10 этнасу фармуюцца асноўныя тэндэнцыі паводзінаў народа. Адзін шлях, найпрасцейшы, - скласці рукі і з мілажалем аглядаць свае колішнія набыткі, дбаючы толькі пра сённяшняе існаванне. Бальшыня абірае менавіта яго. Але ёсць і іншы шлях. Разумеючы вынік эвалюцыі, неабходна накіраваць яго ў патрэбнае рэчышча. Такім рэчышчам магла б быць падрыхтоўка глебы і гадаванне тых нашых наступнікаў, што мусяць прыйсці пасля нас. Абранне другога шляху дазваляе пэўным чынам зрушыць акцэнты ў паводзінах дзейнай часткі этнасу. Дарэмнай і непатрэбнай робіцца ўсялякая агітацыя асноўнае часткі насельніцтва, бо ўсе заклікі да «змянення поглядаў», «разумення ненармальнасці становішча» і г.д. проста не могуць быць успрынятыя гэтай асноўнай масай. Яна, гэтая маса, шчыра перакананая (і гэта праўда для яе), што сітуацыя якраз нармальная, а погляды адпавядаюць рэчаіснасці. Вось ужо дзе ўзапраўды біблейнае «хто мае вушы - пачуе...» (Дарэчы, пра немэтазгоднасць і безвыніковасць усялякіх публічных дыскусіяў мы ўжо пісалі раней.) Затое замест няпэўна-расплывістых фармулёвак «шукаць карані», «памятаць пра гонар» з'яўляецца дастаткова акрэсленая перспектыва і праграма дзеянняў.

Яшчэ раз падкрэслім: мы не займаемся аператыўным прагназаваннем эканамічнай і палітычнай сітуацыі. Мы не прапануем універсальнага рэцэпта выратавання, прыдатнага для пабежнага моманту. Увогуле, нам не хацелася б, каб гэтыя развагі нехта ўспрыняў як простае кіраўніцтва да дзеяння. (Колькі ўжо разоў неадэкватнае і просталінейнае перанясенне тэарэтычных пастулатаў у жыццё выклікала крывавыя эксцэсы.) Наша задача - «макрафутурыстычны» прагноз этнагенэзу (няхай даруе чытач такі грувасткі тэрмін). Мы паспрабавалі даследваць агульныя заканамернасці этнагенэзу і вылучыць нейкія рэгуляцыйныя фактары. Нешта падобнае, але ў дачыненні да тэхнагенэзу ўсяго чалавецтва ў свой час паспрабаваў ажыццявіць Станіслаў Лем у сваёй нашумелай кнізе «Сума тэхналогіяў»11.


Заўвагі

1 Эфектыўная таўшчыня звязана са здольнасцю рэчываў затрымліваць радыяцыйнае выпрамяненне і для выпадку газаў наўпрост звязана з іхнай шчыльнасцю.

2 Пенеплены - геалагічнае паняцце, што азначае рэшткі старажытных горных масіваў, якія разбурыліся ад часу.

3 Дубинин Н.П. Некоторые проблемы современной генетики. - М.: Наука, 1994. - 224 с.

4 Гофман Дж. Чернобыльская авария: Радиационные последствия для настоящего и будущих поколений. - Мн.: Вышэйш. шк., 1994. - 574 с.

5 Абдзіраловіч Ігнат. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. - Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - 44 с. (першае выданне - Вільня: Беларускае Выдавецкае Т-ва, 1921).

6 IQ - каэфіцыент інтэлекту, звычайна вызначаецца ў нейкіх параўнальных адзінках.

7 ...на практыцы нацыяналізм намагаецца стварыць нацыянальна свядомую і з'яднаную эліту, распаўсюдзіць нацыянальную ідэю сярод іншых частак насельніцтва, сфармаваць з насельніцтва нацыю, пазбавіцца ад чужаземцаў і заваяваць правы для карэннага насельніцтва кантраляваць свае ўласныя справы і, нарэшце, стварыць свет на свой уласны капыл, свет тэарэтычна незалежных і раўнапраўных нацыянальных дзяржаваў (Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. - Мн.: Беларускі Фонд Сораса, 1995. - 272 с. С.51).

8 Сёе-тое са статыстычных звестак. Полацак, 1780 г. - мяшчан 437, жыдоў 478 ды яшчэ небагатыя дваране, вучні, чыноўнікі; 1810 г. - мяшчан 4332, жыдоў 3531; 1855 г. - жыхароў болей 9000, жыдоў 6000. Невель, 1855 г. - жыхароў 5000, жыдоў болей за палову. Сураж, 1780 г. - мяшчан 328, жыдоў мужчынскага полу 6; 1855 г. - жыхароў да 2000, жыдоў больш за палову. Магілеў, «Пры Сігізмундзе ІІІ у горадзе было багата жыдоў». Быхаў, 1855 г. - жыхароў каля 5500, жыдоў 3/4. Звесткі ўзятыя з кн.: Без-Корнилович М.О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии. - СПб., 1855. Факсімільнае перавыданне. Мн.: Алфавит. 1995.

9 Гэта адзначалася даследнікамі досыць даўно. «В западных губерниях мерилом национальности могут служить евреи» (Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном и бытовом значении / Под общ. ред. П.П.Семенова. Т.3; Ч.1: Литовское Полесье. Ч.2: Белорусское Полесье. С.361. Спб., 1882. Рэпрынтнае ўзнаўленне: Мн.: БелЭн, 1994).

10 Дывергенцыя - разыходжанне.

11 Лем С. Сумма технологий. - М.: Мир, 1968. - 608 с.


Да наступнага разьдзелу.
Да папярэдняга разьдзелу.
Да тытульнай старонкі.
Да «Беларускай палічкі».


Крыніца:
Стах Дзедзіч. Эпілог.
Менск, 1997.