Нацыянальная меншыня ва ўмовах этнацыду
Найбольш агульная Азначэнне тэрмінаў • Магчымыя мадэлі этнагенэзу • Этнацыд • Межавыя варункі, мэты і ўсведамленне свае ролі Для большай адэкватнасці і дакладнасці далейшага разумення разгляданай тэмы дамо некалькі азначэнняў. Этнацыд - гэта працэс самазнікнення ці самазнішчэння этнасу ў працэсе этнагенэзу. Фармальнымі параметрамі ён падобны да генацыду, ад якога адрозніваецца тым, што не мае дзейнага суб'екта права, адказнага за ягонае правядзенне. Пры генацыдзе гэты суб'ект альбо не належыць этнасу, альбо ёсць ягонай часткай. З найноўшае гісторыі першы варыянт адпавядае гітлераўскаму халакосту ці апошнім міжплямёнавым вынішчэнням у Афрыцы. Да другога варыянту можна аднесці генацыд «чырвоных кхмераў» у Камбоджы. У этнацыдзе ж няма вінаватых, акрамя самога этнасу, этнацыд ёсць працэс эвалюцыйны. Безумоўна, могуць існаваць асобныя персоны ці асобныя падзеі, здольныя спрыяць этнацыду альбо замаруджваць яго, але ўвогуле ён аб'ектыўна існуе. Паколькі этнацыд - працэс аб'ектыўны, ён павінны падпарадкоўвацца аб'ектыўным законам, якія магчыма даследваць. Гэта і ёсць адна з нашых далейшых мэтаў. Пад іманентнай1 нацыянальнай меншынёй мы разумеем не класічную меншыню (прадстаўнікі іншых этнасаў, што стала жывуць на тэрыторыі Беларусі), а ў першую чаргу нейкую частку этнасу (яна безумоўна належыць этнасу!), якая з выпадковых прычынаў мае адрозны ад масавага менталітэт, іншую сістэму мыслення, мадыфікаваную з прычыны імавернасных флюктуацый (адхіленняў) ад раўнавагі. Такія адхіленні непазбежныя ў кожнай складанай сістэме, іх існаванне перадвызначана на роўні асноўных законаў прыроды, звязана з флюктуацыямі энтрапіі ў працэсе самаарганізацыі і эвалюцыі і ў глабальным плане не залежыць ад суб'ектыўнай волі і жадання асобных прадстаўнікоў этнасу. У нашых развагах пад нацыянальнай меншынёю мы разумеем не толькі тую частку насельніцтва Беларусі, якая свядома падыходзіць да самога існавання Беларусі як цэлага, адметнага ад іншых самастойнага этнасу, але і, больш абагульнена, усіх прадстаўнікоў этнасу, якія яшчэ валодаюць стваральным патэнцыялам і здольныя да ўласнага волевыяўлення і творчага асэнсавання рэчаіснасці. Колькасць гэтай нацыянальнай меншыні можа быць ускосна ацэненая на падставе апошніх палітычных падзеяў (рэферэндумы, выбары і г.д.), якія дазволілі хаця б часткова зрабіць сацыялагічнае апытанне насельніцтва Беларусі ў масавым маштабе. Безумоўна, гэткія ацэнкі не зусім дакладныя і не прэтэндуюць на поўную і навукова абгрунтаваную рэпрэзентатыўнасць, але лічба пяцьсот тысяч (гэта прыблізна 5% насельніцтва) уяўляецца даволі праўдападобнай. Дывергенцыя на фазы ёсць працэс падзелу аднароднага этнасу на асобныя групы, у межах якіх аб'яднанне адбываецца паводле нейкай спецыфічнай прыкметы або ўласцівасці. У нейкім сэнсе фаза можа ўспрымацца эквівалентам субэтнасу, але субэтнас змяшчае ў сабе глыбейшы падзел, чым фаза. З гледзішча агульных прынцыпаў фізікі ўсе фізічныя сістэмы падзяляюцца на адчыненыя і зачыненыя. Зачыненыя сістэмы - гэта тыя, што не ўзаемадзейнічаюць з навакольным асяроддзем альбо гэтым узаемадзеяннем можна грэбаваць. Адчыненыя сістэмы абменьваюцца з навакольным асяроддзем рэчывам, выпрамяненнем і інфармацыяй. Апошняе для нас найбольш важнае. Амаль ідэальным прыкладам зачыненай сістэмы можа быць камень дзе-небудзь у міжгалактычнай прасторы: сам камень амаль нічога не выпраменьвае, вонкавыя палі таксама амаль не ўплываюць на яго. Соцыумы - добры прыклад адчыненай сістэмы, бо ў іх увесь час адбываецца абмен рэчывам і інфармацыяй з вонкавым асяроддзем. Такім асяроддзем для соцыуму будзе ўся экасістэма Зямлі (уплывае найперш праз абмен рэчывам) і іншыя этнасы (уплываюць на абмен інфармацыяй). І абодва гэтыя кампаненты істотныя для жыццядзейнасці этнасу. «Выключэнне» якога-небудзь кампанента вядзе да знікнення этнасу. Фізіка тут прыгадана не выпадкова. Апошнім часам прадстаўнікі прыродазнаўчых навукаў усё актыўней спрабуюць пабудаваць матэматычныя мадэлі соцыумаў і сацыяльных структураў (гл., напрыклад, працу А.Дабралюбава2). Як ні парадаксальна, але мадэлі часам вельмі няблага працуюць. Калі не спавядаць адно сінэргетычны падыход, такая макрафізічная мадэль мае быць пабудаваная і для этнасу. У першым набліжэнні этнас можа быць змадэляваны як класічная шматкампанентная сістэма, для якой існуе пэўная статыстыка (гэтак званы закон узаемадзеяння). Для першых прагнозаў дастаткова ўявіць этнас Беларусі як газ часцінак з адной статыстыкай, у якім знаходзяцца вобласці дамешкаў (тыя ж 5%), што падпарадкоўваюцца зусім іншай статыстыцы (сістэмы са слабой неаднароднасцю). Для падвышэння дакладнасці мадэлі трэба было б асобна разгледзець яшчэ адну частку сістэмы, колькасна невялікую, патэнцыял самаўзаемадзеяння якой, аднак, нашмат большы за патэнцыял узаемадзеяння з вонкавым асяроддзем (кандэнсаванае рэчыва ў асяроддзі газаў, сістэма з моцнай неаднароднасцю). У нашых варунках такім кандэнсаваным (або цвёрдым) целам ёсць чыноўніцтва, спачатку партыйнае, цяпер прэзідэнцкае, якое жыве выключна паводле сваіх законаў, ніяк не звязаных з нармальным існаваннем этнасу. Падставай для асаблівай увагі да ўвядзення гэтага кампанента ёсць той факт, што для этнасу, які дэградуе, нават восемдзесят гадоў могуць зрабіцца крытычнымі для выбару тае ці іншае мадэлі далейшай эвалюцыі. Дадаткова гэтая мадэльная сістэма часцінак знаходзіцца ў неаднародным вонкавым сілавым полі. Далей можна было б разгледзець працэс эвалюцыі гэтай сістэмы, напрыклад, пабудаваць графікі залежнасці асобных характарыстык гэтай сістэмы ад часу, знайсці крытычныя пункты або пункты перагіну. Потым трэба было б перакласці атрыманыя матэматычныя вынікі на мову этналогіі. Фактычна гэта проста шлях больш паслядоўнага ўжывання фізічнай мовы для характарыстык соцыуму паводле поглядаў школы Марэна3. Відавочна, што мадэль усялякай сістэмы мусіць улічваць найбольш характэрныя рысы сістэмы. Вышэйзгаданыя мадэлі не зусім здавальняюць гэтаму крытэру, таму павінны быць удакладненыя. Для сацыяльнай сістэмы галоўнейшы фактар, што адрознівае соцыумы ад іншых адчыненых сістэмаў, - здольнасць перапрацоўваць і ствараць новую інфармацыю. Інфармацыя таксама звязаная з энтрапіяй (гэтак званая энтрапія паводле Шэнона). Калі мы лічым, што асоба можа ўспрыняць нейкую колькасць інфармацыі, перапрацаваць яе і выдаць новую колькасць, дык крытэр творчасці фармулюецца досыць проста: агульны баланс інфармацыі для асобнага індывіда павінны быць дадатны. Тады агульны інфармацыйны баланс этнасу можа быць пабудаваны як нелінейная суперпазіцыя індывідуальных інфармацыйных балансаў. Такім чынам, стадыя этнагенэзу вызначаецца выглядам крывой вытворчасці энтрапіі. З прычыны таго, што суперпазіцыя нелінейная, можна, ведаючы яе закон, мінімальнымі ўздзеяннямі ў крытычных пунктах значна мяняць выгляд інтэгральнай крывой, і задача аптымізацыі этнагенэзу будзе выглядаць не такой безнадзейна-невырашальнай, як падаецца на першы погляд. Фізічныя аспекты эвалюцыі. Разглядаючы іншыя вядомыя адчыненыя сістэмы (напрыклад, аўтакаталітычныя рэакцыі ў хіміі, якія адбываюцца толькі пры абмене атамамі каталізатара паміж рэагавальнымі рэчывамі), можна зрабіць шэраг цікавых высноваў, што вынікаюць з прынцыповага падабенства разгляданых працэсаў. Трэба адзначыць, што сацыяльныя структуры маюць пэўныя асаблівасці, звязаныя з тым, што яны ёсць сістэмы не замкнёныя, і энергія такой сістэмы можа не толькі зніжацца, але падвышацца ў выніку ўзаемадзеяння з іншымі адчыненымі сістэмамі. Гэтакімі якасцямі валодаюць толькі сістэмы, што ўлучаюць жывыя арганізмы. Але пытанне эвалюцыі ўсялякай сістэмы не такое простае, як магло здавацца, - крытэры ўзнікнення самаарганізацыі, на жаль, не закладзеныя ні ў адчыненых, ні ў зачыненых сістэмах. Больш за тое, усім сістэмам натуральна ўласціва імкненне да дэградацыі4. Агульны кірунак эвалюцыі задаецца гэтак званай Н-тэарэмай Больцмана. Сфармуляваць яе можна наступным чынам: «У працэсе часавай эвалюцыі да стацыянарнага альбо раўнаважнага становішча пры пэўных дадатковых умовах сістэма развіваецца такім чынам, што энтрапія яе ўзрастае». Энтрапія ёсць фізічная характарыстыка, што апісвае ступень спарадкаванасці структуры. Чым вышэйшая аднароднасць сістэмы, тым большая энтрапія. Як толькі ў сістэме з'яўляецца неаднароднасць, энтрапія падае. Найвышэйшай энтрапіяй валодае поўны хаос, бо менавіта бязладдзе ёсць найбольш аднароднае становішча. Але жыццё ўвогуле несумяшчальнае з абсалютным хаосам5, таму што вынікам дзейнасці чалавека ёсць падвышэнне неаднароднасці сістэмы. (Сама просты і прымітыўны прыклад: чалавек перамяшчае гіганцкія аб'ёмы пяску з больш-менш раўнамерных радовішчаў у адзінае скопішча (гарадскія будыніны).) Гэты прыклад не зусім карэктны з боку навукі. Але ён зразумелы без дадатковых тлумачэнняў. Такім чынам, пачатковае раўнаважнае становішча ў выніку нейкай гіганцкай флюктуацыі адхіляецца ад раўнавагі. Гэтая флюктуацыя мае сваю гісторыю развіцця, дзе існуе гэтак званы пункт біфуркацыі6, пасля якога магчымыя два варыянты эвалюцыі - да развіцця і да дэградацыі. І ўжо пасля гэтага падзелу пачынае дзейнічаць прынцып, што вызначае развіццё. Спрошчана (няхай даруюць карыфеі за нефізічны жаргон) яго можна назваць прынцыпам гультайства: «Пры працэсах самаарганізацыі сістэма ідзе шляхам змяншэння вытворчасці энтрапіі»7. Гэты прынцып дазваляе больш усвядомлена праводзіць аналіз працэсаў этнагенэзу. Развіццё этнасу з гледзішча матэматыкі можа быць апісана, напрыклад, вядомым раўнаннем канкурэнцыі, якое ёсць нестацыянарнае, неаднароднае нелінейнае дыферэнцыйнае раўнанне. Развязанне гэтага раўнання даволі складанае і залежыць ад шматлікіх параметраў. Усе працэсы, што мы разглядалі вышэй, у тым ліку і дывергенцыя на субсістэмы, развіццё і згасанне адчыненай сістэмы, пераход да становішча хаоса, апісваюцца гэтым раўнаннем даволі добра. Праблема толькі ў тым, каб надаць фізічным параметрам, што ўваходзяць у гэтае раўнанне, адпаведны сацыялагічны сэнс. Такія падыходы ўжо даўно выкарыстоўваюцца ў дынаміцы жывёльных папуляцый (хвалі лемінгаў у Арктыцы, колькасць рыбы ў акіяне і г.д.). Але дынаміка папуляцый прасцейшая ў тым сэнсе, што інфармацыйная кампанента можа быць зведзеная да мінімуму, да наяўнасці ўсяго двух параметраў - інфармацыі пра колькасць ежы і пра колькасць драпежнікаў. Разгляд дынамікі развіцця кожнай прыроднай сістэмы паказвае, што паступовая страта энергіі і рост энтрапіі непазбежна вядуць да спрашчэння яе структуры. Той сама вынік чакае і этнас. Для яго структура крывой становішча траціць просты Гаўсаў выгляд, набывае нелінейны характар. «Энергетычны ўклад» вёскі ў крывую інтэгральнай характарыстыкі этнасу стварае ніжнюю, невысокую, але шырокую частку, падмурак, а самую форму крывой, яе максімумы і мінімумы стварае менавіта нязначная верхняя частка. Але на канчатковы вынік развіцця (у нашым выпадку этнацыд) гэтыя акалічнасці ўплываюць слаба: сістэмы ўсё адно дэградуюць і распадаюцца. Пад час шматлікіх навалаў - войнаў, пошасцяў - у першую чаргу цярпела менавіта гарадское насельніцтва, таму гэтак часта беларуская этнічная ідэя згасала ледзь не да знікнення. Але ацалелыя рэшткі носьбітаў ідэі давалі развіццё новым генерацыям дзейных прадстаўнікоў этнасу. Пры гэтым, безумоўна, на падтрыманне існага стану этнасу рэкрутаваліся ўсе магчымыя кандыдаты, у тым ліку і найбольш дзейныя вяскоўцы. Але з кожным разам пачынаць працэс развіцця этнасу даводзілася з усё больш і больш нізкай прыступкі, што вымагала ўсё большых і большых высілкаў. Для бальшыні прадстаўнікоў этнасу гэта рабілася немагчымым, і яны спаўзалі ў ніжнюю частку крывой становішчаў. Такія «энергетычныя» выдаткі не маглі не даць свайго выніку, сістэма павінна была скаціцца - і скацілася - да максімальнага спрашчэння. Мэты і ўсведамленне ролі. Дакладную мадэль канкрэтнага этнагенэзу пабудаваць вельмі складана. Але з улікам вядомых агульных уласцівасцяў развязкаў раўнанняў росту падзеі ХХ стагоддзя амаль непазбежна вядуць да знікнення беларускага этнасу. На спадальнай галіне этнагенэзу (стадыя этнацыду) нават нязначнага змянення балансу энергіі дастаткова для змены кірунку развіцця. Адным з такіх штуршкоў, ад якога найбольш дзейная частка была паспяхова выключана з працэсу пашырэння і ўзнаўлення спецыфічнай «энергіі этнасу», быў час сталінскіх рэпрэсіяў. Ацалелыя рэшткі творчае часткі этнасу пачалі звыклую і традыцыйную ў гістарычным плане кампанію набору неафітаў са звычайнае крыніцы - вёскі. Напачатку традыцыйныя захады здолелі спыніць дэградацыю, але на нармальнае аднаўленне этнасу сталі ўплываць фактары, якіх раней прынцыпова не існавала. Разбуранне генэтычнай структуры насельніцтва Беларусі, выкліканае тэхнагеннымі фактарамі, істотна памяняла сітуацыю. На вёсцы да асноўных мутагенных фактараў трэба адносіць бязмежную хімізацыю з парушэннем усіх магчымых нормаў бяспекі, у гарадах - шматлікія і недасканалыя хімічныя вытворчасці. І там і там вялікі ўплыў гэтаксама рабіла прымусовае спойванне насельніцтва. (Алкагалізацыя, паколькі яна вядзе да дэградацыі на працягу аднаго пакалення, была і застаецца свядомай палітыкай людзей, што трымаюць уладу. Таму нават пры нібыта добраахвотнасці алкагалізацыі яна была і ёсць працэсам, штучна створаным і падтрыманым.) Зацікаўленасць у хуткай дэбілізацыі элементаў сацыяльнай сістэмы (людзей) існуе ў кожнай уладнай сістэме8. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС да гэтых традыцыйных фактараў дадаўся ўплыў радыяцыйнага апрамянення на спадчыннасць наступных пакаленняў. Аб'ектыўны малюнак паслярадыяцыйнага генезісу генафонду невядомы і дагэтуль. Гэта выклікана шматлікімі фактарамі як навуковага, гэтак і палітычнага кшталту. Прычым менавіта палітычны аспект здаецца нам галоўным у стаўленні да гэтае праблемы. Часткова на праблемах, звязаных з Чарнобыльскай аварыяй, мы ўжо крыху спыняліся. Тут не месца для падрабязнага разгляду матэматычных тэорыяў. Як правіла, яны толькі магутны інструмент для аналізу рэчаіснасці, і дэталі іх не настолькі цікавыя для шырокага абмеркавання. У сувязі з гэтым хацелася б прыгадаць паўжартоўны каментар аднаго матэматыка да кнігі другога матэматыка на нематэматычную тэму: «Выраз «усмешка без ката» ўяўляе сабой неблагое апісанне чыстай матэматыкі»9. Тым не меней на пэўных высновах з матэматычных развагаў хацелася б спыніцца. Этнас як адчыненая фізічная сістэма можа развівацца ў двух кірунках: ён або падзяляецца на некалькі незалежных фазаў, або пераходзіць у стан гамагенных (аднародных) сістэмаў. Захаванне status quo (становішча дынамічнай раўнавагі) практычна немагчымае. Вядома, існуюць так званыя патройныя пункты (напрыклад, вядомы пункт, дзе адначасова могуць суіснаваць лёд, вада, вадзяная пара), але дыяпазон іх існавання надзвычай абмежаваны (таму гэта і не лінія, а пункт). Асабіста для аўтара прывабнейшым варыянтам уяўляецца распад сістэмы на фазы. Такім чынам, задача іманентнай нацыянальнай меншыні ва ўмовах беларускай рэчаіснасці зараз можа быць сфармулявана дастаткова пэўна: разумеючы, што ў цяперашні момант беларускі этнас знаходзіцца ў стадыі этнацыду, захавацца самім, тым самым забяспечыўшы сабе і сваім нашчадкам магчымасць далейшага развіцця.
1 Іманентны, паводле філасофскага слоўніка, - унутрана прысутны, уласцівы. Такім чынам, яшчэ раз падкрэсліваецца той факт, што нашыя нацыянальныя мяншыні ёсць часткай этнасу, а не нейкім траянскім канём, адумыслова прыдуманым і сфармаваным некім для выканання далёкасяжных планаў.
2 Добролюбов А.И. Государственная власть как техническая система: О трех великих социальных изобретениях человечества. - Мн.: Навука і тэхніка, 1995. - 239 с.
3 Морено Д.Л. Социометрия. - М., 1958.
4 Климонтович Ю.Л. Статистическая теория открытых систем, І. - М.: Янус, 1995. - 622 с.
5 Балеску Р. Равновесная и неравновесная статистическая механика. - М.: Мир, 1978. Т. 1. - 405 с.
6 Біфуркацыя - на мове тэорыі катастроф падзел, раздваенне; пункт, пасля якога падзеі могуць развівацца двума шляхамі.
7 Добролюбов А. И. Цыт. праца.
8 Падрабязней гэтае пытанне разгледжана, напрыклад, у згаданай кнізе А.І.Дабралюбава. Сутнасць гэтай зацікаўленасці: такой сацыяльнай сістэмай прасцей і бяспечней кіраваць.
9 Gardner M. The Annotated Alice. - N.Y., 1960.
Да наступнага разьдзелу.
Крыніца: |