Неабавязковы план дзеля найхутчэйшае...1

С любым доброжелателен и прост,
ни хитростью не тронут, ни коварством,
я выжига, пройдоха и прохвост,
когда имею дело с государством.
И.Губерман. «Гарики на каждый день»

Этнагенэз і грамадскі лад • Праграма падтрымкі і выжывання • Падрахунак набыткаў

Спачатку трэба вызначыцца, што за грамадства мы ўсё-ткі будуем. Не будзем спыняцца на разборы новаўтвораных тэрмінаў «рынкавы сацыялізм», «сацыяльны капіталізм», папулярных сёння. Гаворка ідзе пра іншае. Асноўнае пытанне, на якое мы мусім зараз адказаць: будуем мы дэмакратычнае грамадства ці нейкае іншае2? Гэта не так трывіяльна, як здаецца на першы погляд. Ці мы імкнемся да пабудовы працэдурнай дэмакратыі, калі ў грамадстве пануюць законы, а не канкрэтна абраныя для ажыццяўлення прадстаўнічых функцыяў асобы? Або мы імкнемся да ажыццяўлення змястоўнай (прагрэсіўнай) дэмакратыі? На гэтым другім шляху, што пачынаецца ад Рабэсп'ера і Леніна, прымат індывідуальнай свабоды цалкам адхіляецца. Але ж якраз гэтай другой дэмакратыі мы ўжо пакаштавалі напоўніцу. Ці не таму сёй-той і дагэтуль толькі такім чынам успрымае саму дэмакратыю. Асноўныя прыкметы ўсталявання новых дэмакратый агульнавядомыя - вольныя выбары і справаздачнасць перад выбаршчыкамі, наяўнасць юрыдычных нормаў, накіраванасць палітыкі на інтарэсы народа. Але ж магчыма, што, не маючы ніякага палітычнага вопыту, бальшыня будзе зацікаўлена ў пабудове папулісцкай дэмакратыі, характэрнай раней толькі для Лацінскай Амэрыкі. У гэтай сітуацыі сфальсіфікаваныя альбо напалову сфальсіфікаваныя выбары прыводзяць да ўлады асобаў, што абяцаюць народу вызваленне ад хлуслівых палітыкаў, абяцаюць вялікую чыстку ад парламенцкай альбо алігархічнай карупцыі. Мяркуючы па цяперашніх падзеях, у Беларусі ажыццяўляецца менавіта гэткі сцэнар, і можна цалкам пагадзіцца з Гі Эрме, што маладыя дэмакратыі звычайна кволыя, слабыя, бедныя на сродкі кантролю і прымусу, часам нават абцяжараныя ліхой воляй ці непадпарадкаваннем ваенных або цывільных кадраў, якія яны атрымалі ў спадчыну ад дыктатуры, што ім папярэднічала3. І ў такой сітуацыі, асабліва характэрнай для папулісцкай дэмакратыі, вельмі цяжка разабрацца, ці гэта яшчэ дэмакратыя, ці ўжо аўтарытарызм.

Мы ўсе (гаворачы гэтак, я маю на ўвазе народ, народную свядомасць) зараз зноў жывем асветленыя адзіна слушным меркаваннем, падпарадкаваныя гіганцкаму ідэалагічна-палітычнаму праекту, які мае наперадзе добра бачную і абсалютна канкрэтную мэту. І ініцыятарам праекта здаецца, што гэтае мэты дасягнуць зусім не складана, дастаткова толькі асабіста кожнаму давесці і патлумачыць яе і персанальна прасачыць, каб усе ішлі ў патрэбным кірунку. Такую апантанасць і такое стаўленне да эксперыментаў над масамі мы ўжо таксама разбіралі. Але хто ведае, магчыма, менавіта гэткая грамадская сістэма больш пасуе колькасна дамінавальнаму субэтнасу на дадзеным гістарычным кругабегу? Тым болей з гледзішча эканомікі вядомыя выпадкі, калі ўсталяванне дыктатуры спрычынялася да значнага эканамічнага росту (дыктатура Піначэта ў Чылі). Але менавіта таму, што ў Чылі назіраўся эканамічны рост, дыктатура там даволі хутка была замененая на больш-менш дэмакратычны грамадскі лад. Іншыя лацінаамэрыканскія дыктатуры (Аргенціна, Гаіці), шматлікія афрыканскія краіны сведчаць, што гэтыя прыклады станоўчага развіцця хутчэй выключэнне, чым правіла. Мусіць, ахлакратычныя дыктатуры ўвогуле сама агідны тып дзяржаўнага ўладкавання. Нездарма Вальтэр аддаваў перавагу адукаванаму манарху перад плебсам і ягонай уладай. Але ж ад аўтарытарызму да дыктатуры ўсяго нейкай паўпрыступкі.

Паўстае пытанне, якое дачыненне мае этнагенэз да грамадскага ладу краіны. Сутнасць вельмі простая. Развязанне пытання аб ладзе, які існуе, і ладзе, які будуецца, неабходна перадусім для ацэнкі магчымай рэакцыі суседзяў - і блізкіх і аддаленых - на магчымыя вельмі «спецыфічныя» падзеі ў Беларусі ў бліжэйшым часе і ў пэўнай перспектыве. Адпаведна з сукупнасцю гэтых фактараў неабходна імкнуцца да правядзення тае ці іншае замежнае палітыкі. Натуральна, гэта будзе не дзяржаўная палітыка, але ж вядома, што вельмі часта зусім не ўрад рэпрэзентуе той ці іншы этнас па-за ягонымі межамі. Акрамя таго, і нам самім хацелася б ведаць, чаго можна чакаць ад улады.

Наступнае дзеянне, якое трэба выканаць (або праграма, якую трэба распрацаваць), - знайсці крыніцу існавання рэшткаў народа, калі працэсы дэградацыі і распаду яшчэ паскорацца і ўзмацняцца. Неабходнасць такой доўгачасовай праграмы зразумелая, і аналагі яе ёсць у свеце. У адной з нафтаздабыўных краінаў Блізкага Ўсходу - ці то ў Арабскіх Эміратах, ці то ў Саўдаўскай Аравіі - існуе спецыяльны фонд, куды адлічваецца пэўная доля прыбытку ад продажу нафты. Ён менавіта гэтак і завецца - фонд будучых пакаленняў і прызначаны для выкарыстання ў тым выпадку, калі скончацца запасы нафты, якімі зараз сілкуецца эканоміка краіны. Эмір і ягоны кабінет разумеюць: хоць і вялікія радовішчы, але яны не бяздонныя. На жаль - хаця па цяперашняй сітуацыі, магчыма, і на шчасце - гэтулькі нафты ў нас няма, гэтакага фонду няма таксама. Таму бяздумнай і бяздзейнай стабільнасці быць не можа. Усе ўрадавыя і няўрадавыя фонды ідуць альбо на цыраванне асобных пабежных дзірак у бюджэце, альбо на прыватныя мэты аднаго чалавека - прэзідэнта, няхай і не наўпрост у кішэню, а ўскосна, на дасягненне ягоных мэтаў і ажыццяўленне ягоных планаў4.

Мы адумыслова нічога не кажам пра развіццё вытворчасці, перадавыя тэхналогіі і г.д. І гэта нездарма, усё тлумачыцца вельмі проста. Усялякая сучасная тэхналогія без своечасовай мадэрнізацыі і ўдасканальвання праз дзесяць гадоў робіцца ўчорашнім днём, неэфектыўным і неапраўданым для выкарыстання (можна зноў прыгадаць працэс выкарыстання і знікнення інавацый). І нават калі мы зараз закупім ці распрацуем найдасканалейшую тэхналогію ў якой-небудзь галіне прамысловасці, праз пяць гадоў абнавіць яе ўжо не будзе каму, бо ровень творчай актыўнасці на стадыі этнацыду падае імкліва, і з кожным годам усё менш і менш людзей будуць папросту разумець, пра што ідзе гаворка ў тэхнічных даведніках ды інструкцыях. Прыкладу шукаць недалёка. Мы колісь мелі вельмі неблагую, на сусветным роўні, навуковую школу ў оптыцы і лазернай тэхналогіі. Ці здолелі мы скарыстаць з гэтай тэхналогіі раней і хто здолее скарыстаць з яе цяпер, нават у самых спрыяльных варунках? Сімптомы працэсу заняпаду ўжо відавочныя: акрамя паніжэння долі працаздольнага насельніцтва ў агульнай колькасці насельніцтва ў Беларусі (працэсы старэння насельніцтва характэрныя для многіх краін свету) назіраецца таксама змяншэнне агульнай колькасці насельніцтва - і гэта пры каласальным аб'ёме міграцыйных працэсаў, што непасрэдным чынам закранаюць Беларусь і статыстычна прыхоўваюць гэтае паніжэнне. Гэтаксама, толькі больш высокімі тэмпамі, памяншаецца і агульная колькасць навучэнцаў і моладзі. У дадатак сярод імігрантаў пераважаюць зусім не тыя, хто здольны падвысіць пасіянарнасць карэннага насельніцтва. Як вынік, паніжаецца колькасць і якасць навучання, як сярэдняга, гэтак і вышэйшага, - і мы трапляем у зачараванае кола, выйсця з якога на сённяшні момант не відаць.

Таму пытанне забеспячэння існавання дзяржавы застаецца пакуль неразвязаным. Наяўныя планы развіцця Беларусі ні ў якім разе не ўлічваюць тэндэнцыі заняпаду і папросту ігнаруюць пытанні стратэгічнага развіцця. І гэта тое поле дзейнасці, дзе напачатку будуць супадаць інтарэсы меншыні і ўлады. Адзінае простае развязанне можа існаваць толькі ў выпадку, калі Беларусь будзе або анексавана сілком, або свядома, заканадаўчым чынам, далучыцца да каго-небудзь з суседзяў. Улада ў асобе Лукашэнкі інстынктыўна знайшла гэтае выйсце і актыўна імкнецца ў Расею. Спрыяюць гэтаму і асаблівасці расейскага менталітэту (псіхалогія «вялікасці» нацыі), якія Лукашэнка паспяхова эксплуатуе. На гэтае памкненне накладаюцца таксама далёкасяжныя асабістыя планы Лукашэнкі на месца ў расейскіх уладных структурах. У такім разе новы гаспадар сам вымушаны будзе нейкім чынам забяспечваць існаванне нованабытых тэрыторый. І не выключана, што замест чаканага паляпшэння мы пасля інкарпарацыі атрымаем толькі безумоўнае пагаршэнне і ў дадатак рэзка адмоўны псіхалагічны клімат у метраполіі. Таму не хацелася б сур'ёзна разглядаць гэты варыянт развіцця падзеяў. Варта паспрабаваць усё-ткі знайсці варыянты захавання незалежнасці. Незалежнасць дазволіць пазней пазбегнуць вайсковых і іншых сутыкненняў, бо падзеі, што адбываюцца ў межах суверэннае дзяржавы, па вялікім рахунку ёсць справа суверэннае дзяржавы, асабліва калі яны не надта парушаюць прызнанае сусветам сужыццё і ўзаемадзеянне. У межах гэтае незалежнасці мы маглі б фактычна прызнаць сябе рэзервацыяй міжнароднай значнасці для адпрацоўкі сцэнараў памірання нацыі (ствараюць жа і ўтрымліваюць запаведнікі, дзе выміраюць чорныя насарогі альбо рэдкія птушкі). І гэты выпадак быў бы для нас, відаць, найлепшым, і менавіта яго трэба было б прызнаць галоўнай мэтай беларускай дыпламатыі. Такі статус быў бы найбольш выгодным міжнародным статусам і для ўлады, бо пакідаў бы ёй поўную нутраную свабоду дзеянняў - ва ўсялякім запаведніку аднаўленчая дзейнасць чалавека непажаданая. Мы ўжо з'яўляемся планетарнага маштабу палігонам па ўздзеянні радыяцыі на чалавека, але не атрымліваем за гэта практычна нічога, бо праблема здаецца бальшыні чалавецтва дастаткова абстрактнай і прыватнай. Магчыма, з гэтым рэзерватам атрымаецца іначай?

Далей (а яшчэ лепей адначасова, бо гэтыя працэсы ў прынцыпе не звязаныя адзін з адным) неабходна пачынаць гіганцкую і вельмі адказную працу па падсумоўванні і сістэматызацыі ўсяго культурна-гістарычнага набытку Беларусі. Па сутнасці, такога зводу не мае ніводная вядомая нам культура. А не існуюць яны таму, што дагэтуль (наколькі нам вядома) ніводзін народ не падыходзіў свядома да ўласнага лёсу і папросту не ставіў перад сабою такой задачы. Ужо адно гэта дазваляе меркаваць пра грандыёзнасць справы, якую трэба выканаць. Безумоўна, адразу знойдзецца прарок, што будзе вяшчаць пра адсутнасць неабходных сродкаў і сілаў, але гэта і ёсць абавязак і сутнасць прарока - прарокаваць. У якім выглядзе павінна існаваць гэтая спадчына - прадмет магчымай дыскусіі. У найпрасцейшым варыянце гэта можа быць агульнадаступны - у сусветным сэнсе - банк звестак, у якім была б сабраная ўся інфармацыя, назапашаная этнасам на працягу этнагенэзу. Сюды могуць уваходзіць як асобныя кампаненты, кнігазборы, фанатэкі спеваў, картатэкі карцінаў і г.д. У кожным разе падрыхтоўка і здзяйсненне гэтага гіганцкага праекта зойме багата часу, і пры яго ажыццяўленні дакладней выкрышталізуюцца асноўныя прынцыпы, паводле якіх ён мусіць рэалізоўвацца. Вельмі важна, каб гэты масіў звестак быў сапраўды даступны кожнаму чалавеку ў любым пункце свету. Палёгкаю ў фармаванні гэтае базы можа быць тое, што яна не вымагае крытычнага асэнсавання і каментароў, яна павінна быць запоўненая выключна аўтэнтычнай інфармацыяй. Наступнікі самі ацэняць і адсартуюць інфармацыю, успрымуць неабходнае і адкінуць другаснае. Галоўная мэта гэтае базы звестак - падрыхтаваць глебу для стварэння і нараджэння гістарычна-культурнага міфа, які павінны легчы ў падмурак свядомасці нашчадкаў. Найлепей было б, каб мы здолелі самі і стварыць падмурак гэтага міфа (кшталту жыдоўскага міфа пра Ізраіль). Але, мабыць, не здолеем - гэта вымагае вялізных інтэлектуальных высілкаў, на якія нацыя ўжо не здатная.

Наступным крокам павінна быць спарадкаванне міжнародных дачыненняў Беларусі. Што маецца на ўвазе? Апошнія дзвесце гадоў Беларусь не мела ўласнай незалежнай міждзяржаўнай палітыкі, таму тут назапасілася багата неўрэгуляваных пытанняў. Спектр іх вельмі шырокі, і ўзнікаць яны могуць абсалютна нечакана. Гэта могуць быць і пытанні пра межы і тэрыторыі, якія фармальна-юрыдычна нібыта і развязаныя на цяперашні момант, але ўвесь час цепляцца пад прысакам гістарычнае памяці. Гэта могуць быць пытанні вяртання культурна-гістарычных набыткаў - ці то сваіх, ці то суседскіх. Гэта могуць быць і пытанні ўвогуле існавання Беларусі дэ-юрэ (гл. магчымы варыянт вышэй). Хаця менавіта апошні пункт насамсправе можа быць і не сама істотным, бо нашыя наступнікі будуць мець патрэбу ў нейкай гістарычнай прарадзіме для стварэння ўласнага гістарычнага міфа, і яны здолеюць аднавіць гэтую прарадзіму нават у вельмі неспрыяльных варунках навакольнага атачэння. Дапамагаць гэтаму будзе і тое, што асяроддзе нашых наступнікаў будуць таксама складаць этнасы на стадыі памірання, жывыя толькі дзякуючы колішняй велічы (у гісторыі прыкладам такой сітуацыі быў Рым у першых стагоддзях па Нараджэнні Хрыстовым). Але ўсё ж хацелася б, каб яны прыходзілі ў спарадкаваны і ўладкаваны свет, а не на руіны і друз. Спадзявацца на паспяховае развязанне гэтае праблемы дазваляе тое, што ўсё-ткі сучасная цывілізацыя назапасіла пэўны арсенал метадаў бесканфліктнага вырашэння міжнародных спрэчак. Хаця... апошнія войны ў свеце сур'ёзна пахіснулі гэты аптымізм.

Але найбольш важным пытаннем, якое неабходна развязаць у бліжэйшы час, ёсць гадаванне нашых наступнікаў. Безумоўна, Беларусь ва ўсялякім разе не знялюдзее дарэшты - імігранты запоўняць яе, калі шчыльнасць этнасу і напруга поля жыццядзейнасці зменшыцца ніжэй за крытычную мяжу. Гэта можа быць зусім не найгоршым варыянтам, таму што ніжэйшыя прыступкі іміграцыйнай піраміды (злодзеі, люмпены, чорнарабочыя, etc.) запаўняюцца ўжо зараз, калі яшчэ існуе інерцыя процідзеяння карэннага этнасу. Надалей для замацавання на новай этнічнай тэрыторыі імігранты павінны валодаць усё вышэйшым стваральным патэнцыялам. Аднак у гэтым разе казаць аб перспектывах уздыму на новы этап развіцця менавіта беларускага этнасу не выпадае. Таму мы мусім цяпер стварыць праграму селекцыі і падтрымкі тых прадстаўнікоў этнасу (найперш моладзі), якія па сваіх здольнасцях могуць запачаткаваць новую актыўную і дзейную генерацыю, няхай нават за кошт астатніх. Існуюць «каляўладныя» спробы стварэння такіх праграмаў, але ім бракуе разумення накіраванасці гэтай селекцыі. А праграма падтрымкі, у якой фармулююцца абстрактныя або толькі тактычная мэты, - нежыццяздольная, бо ніхто рэальна не зацікаўлены ў яе выкананні. Тое вылучэнне, што адбываецца цяпер, не ёсць вылучэннем па прыкмеце лепшасці, яно пабудавана выключна па крытэру «набліжанасці». Чым такое вылучэнне сканчаецца, добра бачна ў рэчаіснасці. Дарэчы, якраз гэтая праграма падтрымкі лепшых павінна выклікаць найбольшае зацікаўленне і падтрымку сусветнае супольнасці, таму што толькі такім чынам супольнасць з мінімальнымі фінансавымі выдаткамі рэальна можа пазбегнуць фармавання зоны зацяжнога канфлікту ў цэнтры Эўропы. Ліквідацыя наступстваў канфлікту будзе каштаваць эканоміцы аб'яднанай Эўропы нашмат болей, чым яго прадухіленне.

Мы спецыяльна не закранаем бальшыні экалагічных пытанняў. З нашай пазіцыі ўплыў Чарнобыля відавочны: для кожнага асабіста ён не дае нічога, акрамя шкоды, але ў гістарычнай перспектыве ён, магчыма, будзе выглядаць зусім іначай. І наступствы ягоныя належаць да тых фактараў, уздзеянне якіх, відаць, не будзе нейтралізавана ў агляднай будучыні. Хімічныя вытворчасці - на гэта ёсць надзея - паступова, з развіццём тэхналогіяў альбо закрыццём састарэлых камбінатаў, здолеюць дасягнуць параўнальна бяспечнага роўню, і гэты фактар мутагеннасці знікне (параўнальна бяспечнага, бо абсалютна бяспечнай не можа быць ніводная тэхналогія, нават здабыча паліва каменнай сякерай). Застаецца толькі яшчэ адзін доўгачасовы этнапсіхалагічны фактар. Мы ўжо згадвалі, што менталітэт беларусаў фармаваўся пад уздзеяннем балотна-ляснога ландшафту. З развіццём бяздумнай меліярацыі і высечкай лясоў гэты ландшафт рэзка змяніўся. Калі лясістасць у той ці іншай ступені захавалася (няхай на роўні маладзенькіх лесапасадак, якім да нармальнай спеласці гадавацца гадоў 30-50), дык балоты (прынамсі ў тых даўнейшых, неабсяжных, маштабах), відаць, назаўсёды зніклі з нашае зямлі. Размова ідзе не пра эканамічную мэтазгоднасць разворвання асушаных балотаў або неабходнасць стварэння новых багнаў, а аб прынцыповых момантах, звязаных з існаваннем і развіццём этнасу ў пэўным прыродным асяроддзі. Менавіта дзеля гэтага фактару новы народ, што будзе складвацца з цягам часу, сфармуе свой светапогляд, у якім не будзе месца Лесавіку і Змяінаму цару. Але адсутнасць гэтых персанажаў дапаможа нарэшце пазбавіцца адзначанай усімі калізіі, калі леса-балотная свядомасць вяскоўца пераносіцца на глебу гарадскога асяроддзя. Дакладней, старыя персанажы пяройдуць у катэгорыю літаратурных герояў, падобна Толкіенавым хобітам або грэцкім наядам. І хобіты і наяды ў сваім часе былі жывымі персанажамі пантэона багоў, і іх паспяхова здолелі адаптаваць да новай рэчаіснасці існавання. Панаванне балотнай ідэалогіі, як ўжо абмяркоўвалі, звязана з даўным падзелам на два субэтнасы, адзін з якіх быў проста знішчаны (вымер?) пад час гістарычнага развіцця. Да гэтага спрычыніліся не толькі войны ХVІІ стагоддзя, калі загінула болей за палову насельніцтва Беларусі, але і падзеі найноўшай гісторыі. А запаўненне экалагічнай нішы, перанясенне старых звычак на новую глебу - працэс даволі працяглы і балючы, што і нараджае цяперашнія псіхалагічныя канфлікты.

Такім чынам, пытанні экалогіі ўвогуле і экалогіі ландшафту ў прыватнасці цікавяць нас выключна з пазіцыяў сувязі характару этнасу з натуральным асяроддзем. Спрашчаючы, можна сказаць, што на могільніку бляшанак можа выгадавацца толькі аматар старых бляшанак. І калі мы хочам, каб ён добрым словам прыгадаў колішняе балота і людзей, што на ім жылі, неабходна, каб ён зразумеў, што бляшанкам папярэднічала балота (і каб не яно, дык і бляшанак не было б) і што гэтыя людзі ёсць ягоныя продкі.

Выкладзеныя думкі далёка не бясспрэчныя і ўсяго толькі першыя накіды па гэтай надзвычай цікавай праблеме. Далейшая яе распрацоўка дазволіць дэталёвей і дакладней раскрыць шэраг пытанняў, якія толькі крыху закранутыя ў гэтых нататках.


Заўвагі

1 Рэмінісцэнцыя з кнігі С.М.Аскеркі «Неабавязковы план дзеля найхутчэйшага асваення пусткавых земляў у Брандэнбургскай марцы».

2 Значная частка гэтых нататкаў напісана да таго, як само жыццё адказала на шмат якія пытанні, пастаўленыя ў гэтым раздзеле. Але яны пакінутыя таму, што, кажучы словамі песні, «...а часы мінаюць...»

3 Гі Эрме. Культура і дэмакратыя. - Мн.: Беларусь; ЮНЕСКО, 1995. - 144 с.

4 Пасля рэферэндуму, калі «народ адмовіўся» ад усялякай магчымасці кантролю над бюджэтам, апошняе сцверджанне варта было б узмацніць.


Да наступнага разьдзелу.
Да папярэдняга разьдзелу.
Да тытульнай старонкі.
Да «Беларускай палічкі».


Крыніца:
Стах Дзедзіч. Эпілог.
Менск, 1997.