Загадчык «Мішмерас Хойлема» доктар Ром быў блізкі друг Івана Луцкевіча. Тут жа працавала міласэрнаю сястрою і клала пад падушкі «Нашу Ніву» нябожчыца Цётка, наша незабытная пясьнярка і рэвалюцыянэрка Алёізія Пашкевічанка. Гэны гошпіталь быў наогул самы лепшы з усіх, якія відзіў я за час вайны; посьле-ж таго, як мяне даведаўся Іван Луцкевіч, я ляжаў там як у сваёй хаце пад апекай маткі і добра лепшаў. Прыехаўшы ў Вільню цераз чатыры з гакам гады, вясною 1919-га году, і зайшоўшы да Івана Луцкевіча, я ўвідзіў яго ў непараўнавана горшай хворасьці, чымся калісьці бачыў мяне ён. Хворы дужа ўзрадаваўся, што я прыехаў віленцам на помач, пачаў казаць пра нямецкую акупацыю, жаліцца. Жальба зьнямоглага байца сьціснула маё сэрца, хацелася плакаць, крычэць, праклінаць благую долю. Не паказаў я гэтага яму, як мне баліць, а толькі дзівіўся, чаму ён сам бядуець толькі ўсё аб справе і зусім не зважаець на свой блізкі канец. Да яго выязду ў Закапанае залучаў я на знамянітую ў нашым руху кватэру на Віленскай, 33, і заўсёды знаходзіў у хворага поўна гасьцей. Сюды вялі дарогі з усіх беларускіх устаноў Вільні; сюды ішоў кожды беларус, быўшы праездам у Вільні; сюды ішоў кожды паступовы грамадзянін краю, каб пагаварыць аб справах краю. Хворы ня мог улежаць спакойна, варушыўся, пачынаў горача гаварыць і, што на ўзьдзіў, курыць, але страшны кашаль душыў яго і кідаў назад на падушку. З вялікай, нявымоўнай мукай у вачох хапаўся чалавек за грудзі і сьціхаў, а госьці спаміналі, што трэба разьвітацца, даць яму спакой. Ах, не шкадаваў сябе хворы, не шкадавалі яго адданыя справе госьці. Прыйшоў канец, страта адбілася на ўсей рабоце, і адсутнасьць кальнула пустымі вачыма самых оптымістычных, найменей зьвязаных у рабоце з памершым.
Вільня, 1920
Падрыхтоўка да публікацыі Андраніка Антаняна
Беларуская Палічка: http://knihi.com