ДЗЬВІНСК

Герб: у блакітным полі тры скрыжаваныя спіжы (герб «Эліта»). Атрыманы 25 сакавіка 1582 г.

Заснаваны Эрнэстам Ратцэбургам у 1277 г. як умацаванне Дынабург на правым беразе Заходняй Дзвіны, які ў 1278 г. войскі пад кіраўніцтвам Тройдзеня безвынікова паспрабавалі ўзяць. Віцень у 1315 г. разбурыў замак, але ў хуткім часе ён зноў быў адбудаваны. Наступны раз Дынабург знішчаны ў 1403 г. Вітаўтам, які ўзяў шмат здабычы і палонных.

Ратуючыся ад Масковіі, Ордэн перайшоў пад пратэктарат Вялікага Княства Літоўскага і адпаведна з дамоваю ад 30 жніўня 1559 г. замак і места Дынабург былі перададзены ВКЛ як кампенсацыя вайсковых страт на абарону супраць маскоўскіх войскаў. Але гэта не магло спыніць вайны, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай Лівонскай. Іван Жахлівы захапіў Полацак, а потым Дынабург. Як толькі маскоўскія войскі адышлі, пакінуўшы невялікі гарнізон, мясцовыя жыхары пад кіраўніцтвам В.Плятэра перабілі гарнізон і вызвалілі места. У 1582 г. у сувязі з моцным разбурэннем ён быў перанесены на новае месца і атрымаў майдэборскія правы.

У 1625 г. шведскі кароль Густаў Адольф падпарадкаваў Дынабург, але праз год смаленскі ваявода Аляксандар Гансеўскі вярнуў яго. У 1635 і 1655 гг. яго зноў захопліваюць шведы, а ў 1656 г. - маскавіты.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай апынуўся ў Расеі. З 1778 г. - у Полацкім намесніцтве, потым у Беларускай губерні (1796), а з 1802 г. - у Віцебскай губерні.

У 1799 г. насельніцтва складала 1603 чалавекі, сярод якіх вайскоўцаў расейскага гарнізону было 1262. У месце было два касцёлы - адзін мураваны, а другі драўляны, кляштар, езуіцкая вучэльня, духавенства - усяго 15 чалавек.

Насельніцтва ў 1880 г. складала 52 173 чалавекі. Горад уваходзіў у склад абвешчанай 25 сакавіка 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі і ў склад БССР. У 1920 г. перададзены бальшавікамі Латвіі, дзе зараз і знаходзіцца. Атрымаў назву Даўгаўпілс. У 1920-ыя гг. тут развівалася беларускае школьніцтва, але ў хуткім часе школы былі зачынены латвійскім урадам.

Крыніца (з зьмяненьнямі):
А.Цітоў.
Сімвалы незалежнасці. // Геральдыка беларускіх местаў.
Менск, 1998.

Беларуская Палічка
http://knihi.com