| Герб: у чырвоным полі срэбны крыж. Атрыманы 21 сакавіка 1562 г.
|
Першыя летапісныя звесткі аб Гомлі датуюцца 1142 г., калі ён уваходзіў у Чарнігаўскае княства. Потым (у 1157 г.) быў далучаны да Смаленскага княства. Але праз некаторы час зноў апынуўся ў складзе Чарнігаўскага. З 1335 г. уваходзіць у Вялікае Княства Літоўскае. У 1446 г. быў нададзены ўцекачам з Масквы Васілю Яраславічу князю Бароўскаму, потым князю Івану Мажайскаму. У 1500 г. сын апошняга - Сімяон зноў вярнуўся ў Маскву, што паслужыла прычынай актыўных ваенных дзеянняў паміж дзяржавамі. Пасля заключэння міру ў 1537 г. Гомель застаўся ў ВКЛ і стаў цэнтрам староства. Тады ў горадзе быў пабудаваны новы моцны дубовы замак, абнесены драўлянай сцяной і ровам з пад'ёмнымі мастамі праз яго. У час паўстання пад кіраўніцтвам С.Налівайкі (1595) захоплены атрадамі паўстанцаў. У часы рэлігійных войнаў 1648-1654 гг. пры падтрымцы жыхароў горад некалькі разоў пераходзіў у рукі казакаў. З 1772 г. - у складзе Расеі. Знаходзіўся ў якасці прыватнага мястэчка ў руках графаў Румянцавых, нашчадкі якога прадалі гомельскую эканомію ў ліпені 1834 г. Паскевічам за 4,5 млн. рублёў. Праўда, наяўнымі Румянцавы атрымалі толькі 7665 руб., рэшта пайшла на пагашэнне даўгоў і працэнтаў. У 1852 г. назначаны павятовым цэнтрам. Дамоў у горадзе 514, у прадмесцях 417. Большая частка іх згарэла ў час пажару, які здарыўся 21 жніўня 1852 г. Насельніцтва ў 1857 г. 5923 чалавекі, а ўлічваючы прадмесці, - 11 513. Праз два гады да Гомеля была далучана ў якасці фарштата Беліца. У канцы ХІХ ст. Гомель лічыўся найлепшым сярод павятовых гарадоў Магілеўскай губерні. З моманту ўтварэння БССР (01.01.1919 г.) - цэнтр аднаго з сямі раёнаў, з 25 лютага 1919 г. - губернскі цэнтр РСФСР. З 1926 г. - у складзе БССР. У 1926-1930 гг. - цэнтр акругі, у пачатку 1938 г. - Гомельскай вобласці. У час вайны горад разбураны на 80%, пасля вайны адноўлены. Сёння Гомель - абласны цэнтр.
Крыніца (з зьмяненьнямі):
Беларуская Палічка
|