| Герб: у блакітным полі алень святога Губерта з залатым крыжам паміж рагамі. Ужываецца з ХVІ ст. |
Першыя звесткі аб Горадні адносяцца да 1128 г. У другой палове ХІІ ст. князямі Барысам і Глебам была збудавана вядомая зараз Каложская царква. У першай палове ХІІІ ст. Горадня была разбурана войскамі мангола-татараў. Большая частка жыхароў на чале з гарадзенскім князем Юрыем Глебавічам загінула, але жыццё горада не прыпынілася. Не паспеўшы адбудавацца поўнасцю, прыцягвае ўвагу крыжацкіх захопнікаў як багаты горад і важны стратэгічны вузел. З канца ХІІІ ст. тут княжыў сын Даўмонта - Давыд Гарадзенскі. У 1305 г. ён разам з Гедзімінам каля Горадні разбіў ушчэнт войска крыжацкага комтура Конрада Ліхтэнхагена. На працягу наступных гадоў ён не толькі паспяхова адбіваў варожыя напады, але і сам наносіў папярэднія ўдары. У 1326 г. Давыд Гарадзенскі быў па здрадніцку забіты мазавецкім шляхціцам А.Гостам. Крыжацкія напады прыпыняюцца толькі пасля Грунвальдскай бітвы. З 1413 г. - ў Троцкім ваяводстве. У канцы ХVІІІ ст. заснавана брацкая друкарня, якая выдавала кнігі на беларускай мове. На працягу ХІV-ХVІІІ стст. Горадня спрачалася з Вільняй па багаццю і прыгажосці і заўсёды лічылася другой сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. У Горадне прымалі Венецыянскае пасольства (1633), каранаваных асобаў і інш. Адпаведна з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай (1675), Горадня была назначана месцам генеральных з'ездаў (соймаў), на якіх абмяркоўваліся пытанні знешняй і нутранай палітыкі. У 1678 г. тут адбыўся першы генеральны сойм, на якім была зацверджана Андрусаўская дамова аб перамір'і паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай і заключаны саюз дзвюх дзяржаваў супраць Турцыі. У 1705 г. у Горадні адбылася сустрэча паміж каралём і вялікім князем Рэчы Паспалітай Аўгустам ІІ і расейскім імператарам Пятром І, якія выпрацоўвалі палітыку супраць шведскага караля Карла ХІІ. У 1775 г. у Горадню з Менска і Наваградка былі перанесены пасяджэнні вярхоўнага суда Вялікага Княства Літоўскага (Галоўнага трыбунала). На апошнім Гарадзенскім сойме быў зацверджаны другі падзел Рэчы Паспалітай (1793). У снежні 1795 г. апошні кароль і вялікі князь Рэчы Паспалітай - Станіслаў Аўгуст адмовіўся ад кароны. Горадня акрамя палітычнага была таксама і вельмі важным культурным цэнтрам. У ХVІІІ ст. у Горадні існаваў медыцынскі інстытут, які ў 1781 г. быў перанесены ў Вільню на правах медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Гарадзенская музычная трупа, створаная на сродкі А.Тызенгаўза, была перавезена ў Варшаву, дзе стала пачынальніцай Варшаўскай оперы. З 1795 г. Горадня знаходзіцца ў складзе Расейскай імперыі. У пачатку ХІХ ст. горад быў зацверджаны як цэнтр аднайменнай губерні. Тады ўсе мескія гарадзенскія прывілеі вывезлі ў Пецярбург і Вільню. Перад паўстаннем 1863-64 гг. К.Каліноўскі і В.Урублеўскі ўтварылі ў Горадні рэвалюцыйную арганізацыю. У канцы ХІХ ст. Горадня налічвала больш за 40 000 жыхароў і мела 73 прамысловыя прадпрыемствы. У гады рэвалюцыі 1905-07 гг. тут адбыўся шэраг дэманстрацый, забастовак і рэвалюцыйных выступаў працоўных і жаўнераў. Летам 1915 г. горад акупавалі кайзераўскія войскі. У студзені 1919 г. адбыліся першыя баі войска Беларускай Народнай Рэспублікі з польскімі легіянерамі, у ліпені 1920 г. Горадню заняла Чырвоная Армія, да верасня 1920 г. тут існавала Савецкая ўлада. З 1921 па 1939 г. - у складзе Польшчы. З 1939 г. уз'яднана з БССР. Насельніцтва - каля 50 000 чалавек. З верасня 1944 г. - цэнтр Гарадзенскай вобласці.
Крыніца (з зьмяненьнямі):
Беларуская Палічка
|