| Герб: у блакітным полі тры вежы, у адчыненай сярэдняй браме - рыцар у панцыры з уздзетай шабляй у руцэ. На вежы круглы шыльд з выявай дзяржаўнага герба «Пагоня». Атрыманы 9 чэрвеня 1661 г. |
Паводле падання, зафіксаванага ў Магілеўскай кроніцы, заснаваны князем Львом Могія ў 1267 г. У ХІІІ ст. Магілеў быў далучаны да Віцебскага княства. У 1430 г. магілеўцы падтрымалі вялікага князя літоўскага Свідрыгайлу ў ягонай барацьбе супраць Ягайлы. Пасля таго як войскі Свідрыгайлы і далучыўшыхся да яго саюзнікаў - ноўгарадцаў, пскоўцаў, смалян, князёў мсціслаўскіх і цвярскіх - былі разбіты пад Ашмянамі ў 1432 г. і ўрэшце Свідрыгайла канчаткова прайграў у 1435 г. гэтую барацьбу, Магілеў мусіў заплаціць вялікую кантрыбуцыю. Актыўная барацьба паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам і пагранічнае становішча Магілева з'явіліся прычынай таго, што горад толькі на працягу ХVІ ст. спусташаўся і паліўся 7 разоў. Майдэборскія правы Магілеў атрымаў у 1577 г. Адначасова яму быў дадзены герб - «вежа мураваная, высока выведзеная». Паўстанне С.Налівайкі закранула горад, які быў у 1595 г. узяты казацкімі атрадамі. У пачатку ХVІ ст. у Магілеве налічвалася 2211 дамоў і больш за 15 000 жыхароў. У 1606 г. мяшчане паўсталі супраць гарадской рады, якую яны адлучылі ад улады, а на яе месца выбралі сваю пад кіраўніцтвам Стахора Мітковіча, Ходзькі Багдановіча і інш. У 1616 г. у Магілеве была заснавана брацкая друкарня, праіснаваўшая з некаторымі перапынкамі да 1773 г. У вайну 1654-67 гг. Магілеў быў неаднаразова спустошаны. 1 лютага 1661 года адбылося паўстанне супраць расейцаў, калі быў цалкам знішчаны царскі гарнізон (каля сямі тысяч захопнікаў). У 1708 г. Магілеў быў спалены па загаду Пятра І татарскімі і калмыцкімі палкамі, агнём пажару не было закранута толькі прадмесце Лупалава, жыхары якога своечасова схавалі ўсе лодкі, і палкі не здолелі перабрацца на другі бераг Дняпра. Да сярэдзіны ХVІІІ ст. горад адбудоўваецца - колькасць дамоў дасягае 1872. З 1772 г. - у складзе Расеі. Адпаведна з указам 1778 г. Магілеў - намесніцкі цэнтр, з 1796 г. - павятовы цэнтр Беларускай губерні, а з 1802 г. - цэнтр губерні. У 1812 г. горад акупаваны французскімі войскамі пад камандай маршала Даву. Чатырохмесячнае знаходжанне французаў у Магілеўскай губерні абышлося для яе ўбыткам у 33,5 млн. руб. асігнацыямі. Насельніцтва горада ў 1880 г. пераўзыходзіць 40 000 жыхароў. У Магілеве ў гэты час налічвалася 263 каменныя і 3243 драўляныя дамы. У канцы ХІХ ст. колькасць прамысловых прадпрыемстваў набліжалася да палутары сотні. У 1878 г. арганізаваны рэвалюцыйны народніцкі гурток «Зямля і воля». У гады першай сусветнай вайны з 21 жніўня 1915 г. да 26 лютага 1918 г. тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага. У сакавіку 1918 г. горад захоплены войскамі Доўбар-Мусніцкага, потым з траўня да кастрычніка акупаваны нямецкімі войскамі. З 1924 г. Магілеў - цэнтр раёна, у 1924-1930 гг. - акругі, з 15 студзеня 1938 г. - абласны цэнтр. У 1939 г. насельніцтва дасягала 100 000. Сёння Магілеў - абласны цэнтр.
Крыніца (з зьмяненьнямі):
Беларуская Палічка
|