НЕВЕЛЬ

Герб: у срэбным полі павержаны вой - Галіаф, над якім стаіць Давід з мечам. Атрыманы 23 сакавіка 1623 г.

Першыя згадкі датуюцца ХV ст., калі места ўваходзіла ў Тарапецкую воласць. У ХVІ ст. меў значэнне абароннага пункта (замка) на мяжы ВКЛ з Масковіяй. У 1562 г. пасля асады паўтаратысячнага гарнізона 45-тысячным маскоўскім войскам быў узяты і вернуты толькі каралём і вялікім князем Сцяпанам Батурай у 1580 г. Але пад час заключэння Ям-Запольскага перамір'я (1582) зноў аддадзены цару. Толькі пры Ўладзіславе ІV уключаны ў Полацкае ваяводства.

У 1649 г. Ян Казімір аддаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касцёл. У 1655 г. места захапілі войскі цара Аляксея Міхайлавіча, але адпаведна з мірнаю дамовай 1678 г. яно зноў вернута ВКЛ.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Невель стаў павятовым цэнтрам Полацкай правінцыі, з 1777 г. - Полацкай, з 1796 г. - Беларускай, з 1802 г. - Віцебскай губерні. У 1780 г. у месце налічвалася 835 мяшчанаў і 123 габраі, праваслаўны манастыр, вуніяцкая царква і касцёл. На 1799 г. ва ўсім павеце - 21 драўляная праваслаўная царква, 1 мураваная і 11 драўляных вуніяцкіх, 1 мураваны і 2 драўляныя касцёлы. У самім Невелі на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, дзве мураваныя, адзін касцёл і мураваны мужчынскі манастыр. Агульная колькасць насельніцтва 2908. Мяшчан хрысціянаў у Невелі было 1793, юдэяў 767. Купцоў - хрысціянаў 107, габраяў 7; дваранаў 53, духавенства 17, вайскоўцаў 33. Дамоў мураваных 2, прыватных драўляных 440, магазейнаў 2, вадзяных млыноў 2, вучэльняў 2, крамаў драўляных 37, мураваных 15, вуліц 15.

На 1 студзеня 1896 г. у Невелі 9062 жыхары, сярод якіх праваслаўных 3467, каталікоў 596, раскольнікаў 185, пратэстантаў 142, юдэяў 4587, мусульман 15, іншых веравызнанняў 70.

Уваходзіў у Беларускую Народную Рэспубліку і ў БССР, абвешчаную ў студзені 1919 г. У выніку другога падзелу Беларусі апынуўся ў складзе Расеі.

Крыніца (з зьмяненьнямі):
А.Цітоў.
Сімвалы незалежнасці. // Геральдыка беларускіх местаў.
Менск, 1998.

Беларуская Палічка
http://www.knihi.com