ВЯЛІЖ

Герб: у блакітным полі залаты крыж, пад ім голы срэбны меч з залатым эфесам. Атрыманы 20 сакавіка 1585 г.

Паводле некаторых дадзеных, існаваў ужо каля 1385 г., калі тут быў абарончы замак. У склад ВКЛ увайшоў у часы Вітаўта. У 1536 г. па загаду маскоўскага цара на левым беразе Дзвіны збудаваны драўляны замак з дзевяццю вежамі. Расейскія летапісцы падкрэслілі факт пабудовы наступнай фразай: «...а прежде в том месте Литовский город бывал».

У 1562 г. адбіты войскамі гетмана Мікалая Радзівіла, але праз год узяты маскоўцамі. У 1580 г. быў адваяваны войскамі гетмана Замойскага. Адпаведна з Ям-Запольскім пагадненнем (1582) вернуты ў Вялікае Княства Літоўскае.

У 1654 г. спалены войскамі цара Аляксея Міхайлавіча, а ў выніку Андрусаўскай дамовы (1667) перайшоў пад уладу маскоўскага цара. Вернуты ў 1678 г. і знаходзіўся ў якасці цэнтра павета ў складзе Рэчы Паспалітай да 1772 г., калі разам з усёй Усходняй Беларуссю быў далучаны да Расейскай імперыі.

У 1799 г. у месцы знаходзілася дамоў 689, вуніяцкіх цэркваў 7, з якіх 3 каменныя і 4 драўляныя, 2 мураваныя касцёлы, 3 млыны, народная вучэльня. У 1802 г. зноў атрымаў статус павятовага цэнтра.

У 1860 г. у горадзе былі 1322 дамы, з якіх толькі 17 мураваных, 10 цэркваў, з якіх 3 драўляныя, касцёл, пабудаваны ў 1754 г. на сродкі Базыля Дашкевіча, адна сінагога і два габрайскія малітоўныя дамы. У гэты час у месце было 4 школы, старэйшая з якіх адчынена ў 1830 г. Пажар, што здарыўся ў кастрычніку 1861 г., знішчыў большую частку Вяліжа.

Але места даволі хутка адрадзілася. У 1891 г. налічвалася драўляных дамоў 2033 і 154 мураваныя, прамысловых прадпрыемстваў 67, на якіх працавала 1279 рабочых, насельніцтва складала 18 367 чалавек.

Вакол горада было чатыры прадмесці - Усвяцкае, Тарапецкае, Віцебскае і Смаленскае.

Вяліж - павятовы цэнтар Віцебскай губерні, які не быў вернуты Беларусі ў 1924 г. Зараз знаходзіцца ў Расеі.

Крыніца (з зьмяненьнямі):
А.Цітоў.
Сімвалы незалежнасці. // Геральдыка беларускіх местаў.
Менск, 1998.

Беларуская Палічка
http://knihi.com