| Герб: у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч. Атрыманы 17 сакавіка 1597 г. |
Розныя пісьмовыя крыніцы называюць дзве адметныя даты, якія можна лічыць датамі першага ўспаміну аб горадзе. Першая (974) фігуруе ў рукапісе Міхала Панцырнага, другая (1021) - у старажытных летапісах. Як сведчаць археалагічныя раскопкі, на месцы Віцебска існавала паселішча ўжо ў ІХ ст. З 1165 г. горад стаў цэнтрам асобнага княства, першым князем якога быў Давід Расціславіч (1165-1175), а апошнім - Яраслаў, які надаў горад у якасці пасагу сваёй дачцэ Марыі, жонцы вялікага князя літоўскага Альгерда. Пасля Альгерда Віцебск належаў (да 1377 г.) яго сыну Ягайлу, потым у канцы ХІV - пачатку ХV ст. у горадзе замацаваўся малодшы брат Ягайлы Леў (Свідрыгайла). У 1410 г. Віцебская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве. У 1493 г. у Віцебску знаходзіўся вучань і сябра Яна Гуса - Геранім Пражскі. На працягу ХV-ХVІ стст. Віцебская зямля карысталася пэўнай аўтаноміяй у складзе Вялікага Княства Літоўскага. У першай палове ХVІ ст. прадмесці і пасады Віцебска неаднаразова паліліся і рабаваліся маскоўскімі войскамі. З ХVІ ст. Віцебск - цэнтр ваяводства. У 1597 г. горад атрымаў майдэборскія правы, але ў сувязі з паўстаннем віцябчан супраць полацкага вуніяцкага епіскапа І.Кунцэвіча (1623), адпаведна з вялікакняскім прывілеем, яны былі скасаваны, гарадскі ратуш разбураны, 98 чалавек прыгавораны да пакарання смерцю. У ліку «пакараных» апынуліся нават званы, з дапамогай якіх заклікалі народ да паўстання, - іх знялі і пераплавілі. Аднаўленне права на самакіраванне адбылося толькі ў 1644 г. У ХVІІ ст. Віцебск - буйны рамесна-гандлёвы цэнтр. У 1654 г. у час вайны - Расеі з Рэччу Паспалітай - пасля 14-тыднёвай асады ўзяты царскімі войскамі. Паводле інвентара 1667 г., у горадзе меліся тры замкі - горны (верхні), дзе знаходзіўся палац ваяводы, дольны (ніжні) і ўзгорскі. Замкі былі абнесены мурамі з 20 вялікімі і 3 малымі вежамі. У 1700-1708 гг. горад неаднаразова вымушаны плаціць кантрыбуцыі польскім і шведскім войскам. Пётр І тройчы быў у Віцебску. Даведаўшыся аб дапамозе горада сваім праціўнікам, ён загадаў казацкім і калмыцкім палкам спаліць яго. У 1764 г. Віцебск быў ураўнаваны ў правах са сталічным горадам Вільняй. З 1772 г. - у складзе Расеі, павятовы цэнтр Пскоўскай, з 1776 г. Полацкай губерняў, з 1778 г. - Полацкага намесніцтва. У 1796-1802 гг. - цэнтр Беларускай губерні, утворанай аб'яднаннем Полацкай і Магілеўскай. З 1802 г. - цэнтр Віцебскай губерні. У 1803 г. па загаду з Пецярбурга ўсе гарадскія прывілеі былі адасланы ў Сенат для рэвізіі, і з тых часоў іх месцазнаходжанне невядома. Айчынная вайна 1812 г. зменшыла колькасць насельніцтва ў тры разы. Пасля трохмесячнага панавання французскіх войскаў, па водгуках сучаснікаў, «у горадзе не было чутно ані звона, ані пеўня: першы быў забаронены, а другі - з'едзены». Колькасць жыхароў у 1817 г. - 3340 чалавек. У 30-ыя гг. па ўсёй губерні праходзіць эпідэмія халеры. Вясной 1863 г. група віцебскіх гімназістаў і канцылярскіх чыноўнікаў спрабавала пакінуць горад і далучыцца да паўстанцкіх атрадаў, але іх затрымалі ўлады. У горадзе было аб'яўлена ваеннае становішча. У 1895 г. у Віцебску налічвалася 650 каменных і 7200 драўляных будынкаў, 2 тэатры, 3 друкарні, 8 кнігарань, 4 бібліятэкі і каля 80 прамысловых прадпрыемстваў. Насельніцтва - 81 000 жыхароў. У рэвалюцыі 1905 г. у горадзе прайшла 40-тысячная дэманстрацыя працоўных. У 1909 г. адбылася стачка рабочых ільнопрадзільнай фабрыкі «Дзвіна». Насельніцтва горада ў 1913 г. складала 109 000 чалавек. У 20-ыя гг. у Віцебску сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «віцебскай школы абстракцыянізму» (Пэн, Шагал, Малевіч). З 1924 г. Віцебск - цэнтр раёна. У 1924-1930 гг. - цэнтр акругі, з 1938 г. - вобласці. Насельніцтва горада ў 1939 г. - каля 168 000 чалавек. Сёння Віцебск - абласны цэнтр.
Крыніца (з зьмяненьнямі):
Беларуская Палічка
|