Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. А Б В Г Д Е Ж З I К Л М Н П Р С Т У Х Ц Ч Ш Ю Я

Б

БАГІ (яго, яе, іх) МЕЛІ! Як сведчанне адсутнасці: няма, не маю (не маеш і г. д.) і не магло быць.

Бядуе мужык: няма дзецям малака, а каб другую карову купіць, грошай багі іх мелі. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП).

Гл.: чорт (яго, яе, іх) мае (меў).

БАКІ (бокі) РВАЦЬ. БАКІ (бокі) ЗРЫВАЦЬ. БАКІ (бокі) ПАЗРЫВАЦЬ. БАКІ (бокі) ПАПАДРЫВАЦЬ. БАКІ (бокі) САРВАЦЬ. 1. Смяяцца, рагатаць да стомы.

Выйшаў, дык усе бокі рвалі. Гл. р., Кл. Усе там бакі парвалі ад смеху. Вял. р., Кл. (Матэр. для сл.). Расказваў, што мы з іх бакі парвалі. Тамсама. Такая смешная, што бокі сарваць. Гл. р., Слаўк. Бокі сарвалі, — так смешна было. Гл. р., Кл. Артыст не зраўняецца з ім. А былі, як за бабу ён на спектаклі быў? Усе папарэгтвалі, пападрывалі бакі з яго. Гл. р., пас. Я. Куп.

2. Вельмі смешна, смешны (-ая, -ае, -ыя).

А гаварыць стане, дык бакі сарваць, жывыя смехі. Гл. р., Хал. Ватэты [вось гэты] Зміцер — бокі пападрываць з яго. Гл. р., пас. Я. Куп.

БАРАНАВАЦЬ НАГАМІ (дарогу). БАРАНУЮЧЫ НАГАМІ (дарогу). З адцен. іран., пагардл. Ісці, цягнучы ногі (пра п'янага).

Бачылі мы, бачылі! Ты ці сам бачыў, а мы бачылі: ішоў і дарогу баранаваў нагамі. Стоўб. Я іх у цверазілаўку (параўн.: штучнае кніжнае выцвярэзнік), во гэтакіх во, што ідзе барануючы нагамі. Тамсама.

БАЧ (бачыш) ТЫ ЯГО! З выклічнікавым значэннем. 1. Як выказванне пярэчання, катэгарычнай нязгоды з асуджэннем (таго, каму кажуць, ці таго, пра каго кажуць).

Бач ты яго! У новых [ботах] тавар пасціць [статак пасвіць]! А лапці хіба ліхо? Паадвыкалі і плесці паразвучваліся. Гл. р., Кл. Бач ты іх! Унадзіліся ў гуркі, хоць ты пільнуй увесь дзень. Тамсама. Бачыш ты іх: “Вучыцца не будзем!” Я вас “не буду”! Вельмі нешта рана вечарынак захацелася. Гл. р., В. Ты — бач ты яе! — раздурэла лішняга. Гл. р., пас. Я. Куп.

2. Пабач, зірні, глянь, звярні ўвагу. Са значэннем пабочных слоў. Ганна, бач ты, кросны ставіцьме. Я, бач ты, хацеў не так рабіць. Гл. р., Вайц.

БАЧЫЦЦА З ШКЛЯНЫМ БОГАМ. БАЧЫЦЬ ШКЛЯНОГА БОГА. БАЧЫЦЬ ШКЛО. ПАБАЧЫЦЦА (убачыцца) З ШКЛЯНЫМ БОГАМ. ПАБАЧЫЦЬ (убачыць) ШКЛЯНОГА БОГА. ПАБАЧЫЦЬ (убачыць) ШКЛО. З адцен. іран. ці жартаўл. Выпіваць.

Бачыўся з шкляным богам. Шклянога бога бачыў. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Едуць, едуць, ажно пры дарозе стаяла карчма, дык яны дзеля рызыкі ўвайшлі пабачыцца з шкляным богам. Ваўк. п., Рось (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). І Гануля з мужыком не жыве, а бацька яго штодзень бачыцца з шкляным богам. Сак. п., Сух. (Тамсама). Не паспеў з шкляным богам пабачыцца. Ваўк. р., Рось. Так і нішто сабе чалавек, а пабачыцца з шкляным богам, то бяда. Малад. р., Радашк. Ты — хіба — бачыў шкло з самае раніцы? Нясвіж. р., Сноў. А ўчора не ўбачыў шкла? Тамсама.

БАЧЫЦЬ НАВЫЛЕТ (навылёт) каго. Вельмі добра ведаць каго; разумець намеры, спадзяваниі, задумы чые.

Я чую, што паны гавораць, знаю, што яны думаюць: я бачу іх навылет. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Добрая жонка гаспадара навылёт бачыць. У дарозе з Мін. у Сл. Нашто ты хітруеш, калі я цябе навылет бачу? Гл. р., Кл.

БАЯЦЦА каго ЯК ЛЕТАШНЯГА СНЕГУ. З адцен. абыяк. Ані не баяцца каго.

Хай не страшыць: баяцца яны яго як леташняга снегу. А што ён нам? Гл. р., Кл. Я цябе баюся як леташняга снегу. Рудз. Баішся яго як леташняга снегу. Пух.

БЕДНЫ ДЫ СТРАДНЫ. Як спагада, спачуванне (камусьці, самому сабе); як роспач (пры няўдачы, памылцы, няшчасці).

Бедная ды страдная! Чаму я не скінула з воза [мяхоў], — усе змокла. Гл. р., Кл. І чаму я, бедная ды страдная, пусціла? Дзень ждала, ноч ждала — няма хлопца. Гл. р., Байл. Нашто ей, беднай ды страднай, было тыя картоплі цягаць? Пацягала, а цяпер бачыш… Гл. р., Стар. Гл.: горкі ды няшчасны.

БЕЗ ДУХУ. 1. Вельмі спалохацца.

Як стрэліў, дык мы і без духу. Мін. р., Дуды.

2. Вельмі спалоханы.

Кот гэта прыбег без духу.. у поўнач. Мін. п., Койд. (П. Шэйн, БНК).

БЕЗ ДУШЫ. 1. Бяздушны, чэрствы (пра чалавека).

Злавілі катка і здзекуюцца. Вагэтыя [вось гэтыя] хлопцы без душы. Пух. р., Дук.

2. У стане спалоху, спалохацца.

Наехала [карнікаў у час Айчыннай вайны] поўна. Мы стаім, дальбог, без душы. Мін. р., Даўбар. Закрычаў, дык яно ўжо і без душы. Віл. р., Слаб.

БЕЗ КАНЦА. 1. Вельмі, надта, надзвычай.

Без канца разумныя хлопцы, а паглядзець — ат хлапчукі сабе. Гл. р., пас. Я. Куп. У Слаўкаўшчыне нарвалі б арахоў, але туды без канца далёка. Гл. р., Кл. Які ён добры, калі без канца скупы? Параўн.: Прагналі немца [акупантаў], а ў нас адно жарабятка і тое бясконца вашывае. Малад. р., Бак. Бясконца глыбока ў тым скарбцы. Тамсама.

2. Многа, доўга.

Нябожчык Яўтух, прыйдзе вяселле, то пее (спявае) без канца. Гл. р., Кл.

3. Вельмі далёка.

За Малінаў лес ідзе без канца. Тамсама.

БЕЗ НАЖА СЭРЦА КРОІЦЬ чыё, каму. Гл. СЭРЦА КРОІЦЬ БЕЗ НАЖА чыё, каму.

БЕЗ НІЧОГА НІЯКАГА. 1. Без дай прычыны.

Стаім, дык на нашых вачах давай ён чапляцца без нічога ніякага. Стар. Дар. Здала [заяву], а ён без нічога ніякага парваў. Такога закону няма. Не рады ён будзе з естага [з гэтага, праз гэта]. Гл. р., Сл.

2. Без звычайнай прылады, сродкаў.

Возьме круглае шкло.., дык і закурыць люльку без нічога ніякага. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Пераехалі з цаліны без нічога ніякага. Грошы, праўда, былі. А за два гады ўсё, што трэба е [ёсць]. Гл., Н. Жыц.

БЕЗ РОДУ БЕЗ ПАРОДУ. Поўнае адзіноцтва, ніводнае душы сваяцтва.

Служыў салдат дваццаць пяць гадоў, без роду без пароду — адзін душою. Гор. п. (Е. Рам., БС, IV).

Параўн.: ні роду ні плоду.

Параўн. (у руск.): без роду без племени.

БЕЗ РУК БЕЗ НОГ. Нерухома, не валодаючы ні рукамі ні нагамі.

Тры гады ў больніцы [бальніцы] без рук без ног пралежаў. Мін. р., Буц. Не жартачкі дагледзець! — ляжыць без рук без ног. Малад. р., ст. Уша. Параўн.: Як не еў — не мог, як пад’еў — то ні рук ні ног. Карэл. р., Мірат.

БЕЛЫ СВЕТ 1. Дзень (як супрацьлегласць ночы); да белага свету — да раніцы.

Прачніся, ужо ж на дварэ белы свет. Асіп. р., Раж. Скора і свет белы. Гл. р., Дак. З белым светам зімою ўстаюць… Гаспадыні!.. Люб. р., Ям. Лажыся, доню, і спі, доню, да белага свекту. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП). Цёмна ночачка праходзіць, а на дварэ белы свет. Тамсама.

БЕЛЫ СВЕТ 2. Невядомы, нязнаны край, далёкая зямля, краіна.

Насварылася за нешта, дык ён пакінуў запіску і пайшоў у белы свет. Гл. р., Барб. На якое ліха вм ён — валацуга з белага свету? Гл. р., Вайц. З белага свету прыехаў і круціць тут. Гл. р., Кл. Нідзе, мабыць, на белым свеце няма так хораша ды так прыгожа, як на Іслачы ў нас. Валож. р., Пярэж. Чаго толькі вы не чулі ды не бачылі па белым свеце! Лаг. р., Юр. Гадоў мо’ сорак, казалі, з’ехаў у белы свет, а летась прыехаў, дык ніхто не пазнаў, з дачкою і ўнучкаю. Акцябр. р., ст. Рацм. Усяк бывае на свеце белым. Пух. р., Дук. Ну і прымака ўзялі! Нейкі валацуга з белага свету, толькі і глядзіць, каб дзе чарку самагонкі. Гл. р., Барб. Восем пайшлі шукаць шчасця ў белым свеце, па Дзвіне, за Дняпром ды за мяжою, а тыя ўсе і цяпер жывуць тут, пашуць [аруць] і скародзяць зямельку. Рагач. п. (Е. Рам., БС, IV).

БІЦЦА ЗА ПУСТЫ МЕХ. Настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.

Нашто вам біцца за пусты мех? Чаго там? Мы ўпяцёх усё адно страхі не спусцім, — ці так рабіцьмем, ці сяк чыніцьмем. Бабр. р., Вайц. Б'юцца за пусты мех. Сак. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Адзін — хоць трэсні — ехаць, гэты — хоць ты што — ісці. Б'яцеся за пусты мех, і толькі. Як гэта ехаць? Машыны ж няма, машыны не ідуць. “Ехаць, ехаць…” А на чым, каб спытаўся? Гродна.

БІЦЦА Ў ЗАКЛАД. Гл. ІСЦІ (біцца) У ЗАКЛАД.

БІЦЬ ТЫЛЫЛЫ. Гл. БІЦЬ ЛЫНДЫ (тылылы).

БІЦЬ (кулаком) У ГРУДЗІ. Вельмі настойліва, божкаючыся, даказваць сваю невінаватасць, свае добрыя намеры.

Нашто там і чаго там біць кулаком у грудзі? Калі твая праўда, то праўда выйдзе наверх. А то ўсім расказвае без патрэбы… Што з гэтага? Валож. р., Рак. Ён, бедны, кляўся, біў у грудзі: “Я богу душою нявінны”. Гл. р., Зубар.

БІЦЬ У ЗВАНЫ Гл. У ЗВАНЫ БІЦЬ.

БІЦЬ ЛЫНДЫ (тылылы). З адцен. асудж., пагардл. Гультаяваць, біць бібікі, займацца нявартаснымі справамі.

Такі ўжо хлопец. Анічога не хоча дзелаць [рабіць]: во б'е лынды цэлы дзень, цягаецца па хатах. Бял. р., Кл. Бачыць — ..дзяўчына лынды б'е па мяккай траўцы ды хістаецца на гольцы. Сл. р., Чуда. (А. Сержп., СРБП). Даволі табе лынды біць, ідзі на поле. С. Некраш. Да характ. гавор. Цэлы дзень недзе лынды біў. Бялын. р., Кл. (Матэр. для сл.). Нічога не робіш. Толькі лынды б'еш. Калінк. р., Ліцвін. Яна ўвесь век лынды б'е, дык якой вы работы з яе хочаце?! Кап. р., Аксам. Дзе ты цэлы дзень тылылы б'еш? Леп. р., Арэх. (Лінг. зб.). Часцяком твой брат тылылы б'е, табе нічым не памог. Тамсама. Слова “тылылы”, можна меркаваць, ад іграць на язык “ты-лы-лы”; у некаторых беларускіх гаворках ёсць “тылілікаць”, “тылілі”.

Параўн. (у руск.): баклуши бить.

БІЦЬ У ХАМУТ. ДАЦЬ У ХАМУТ. Рэзка рэагаваць (на заўвагу, параду, патрабаванне), выяўляючы крыўдлівасць, нязгоду; станавіцца на дыбы.

Сам не разабраўся, як і што, і давай біць у хамут! А нашто ўсім назло рабіць? Апомніся, братка ты мой, а то наробіш і сабе і ўсім чорт вед [ведае] чаго. Гл. Няма тут чаго яму біць у хамут. Нідзе не дзенецца, схамянецца і астадоліцца. Нагарачыўся, накрычаў, але на тым самым месцы сядзе. Гл. р., Кл. Эйч ты яго! Сказаў праўду, дык ён у хамут даў: “Кіну! Не буду!” Тамсама.

Параўн. (у руск. кніжн.): удариться (вломиться) в амбицию.

БЛІЗКІ СВЕТ. Далёка.

— Трэ' схадзіць у мястэчка, купіць ..солі. — Што ж ты пхнешся пешкі? Блізкі свет цягчыся [цягнуцца]. Хіба шкадуеш кабылы? Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Не ідзі, унучак, — блізкі свет! Цёмна, чорна. Хіба дня мала будзе? Гл. р., Кл. Ці варт [варта] блізкі свет ехаць на два дзянькі? Гл. р., Барб.

БЛЫНДЫ ПРАВІЦЬ. Малоць (языком), гаварыць пустое, балбатаць.

Што тут блынды правіць? Людзі ж купляць прыйшлі! Мін., Камар. Дзень блынды правілі, а, называецца, на работу хадзілі… Тамсама. Бярыся, няма чаго блынды правіць. Тамсама.

БРАЗГАЦЬ НА ВОЧЫ (на вока). Гл. УСКІДАЦЬ (бразгаць) НА ВОЧЫ (на вока).

БРАЦІТКА З СЯСТРЫЦАЙ (брацятка і сястрыца). Назва расліны — браткі.

А завуць іх брацітка з сястрыцай. Баран. р. Гарадз. Гэта тая травіца.. брацятка й сястрыца. Віл. п., Задуб. (Р. Шырма, БНП, І). А вот тая травіца, — ..брацітка з сястрыцай. Леп. р. (П. Шэйн, БНП, 1962).

Параўн. (у руск.): Иван-да-Марья.

БРАЦЦА ЗА ГАЛАВУ. Гл. БРАЦЦА ЗА РОЗУМ (за галаву).

БРАЦЦА ЗАГРУДКІ. ПАБРАЦЦА ЗАГРУДКІ. Задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Рыгоравы ўсё жыццё да калгасу браліся загрудкі; ні абуць, ні адзець, толькі сварыліся. Гл. р., Кл. За зямлю і браты загрудкі браліся. Адзін паўбаразны адарэ ад другога — і загрудкі браліся. Тамсама. Нашто ж гэтак, каб аж загрудкі брацца? Не люблю, як так робіць хто. Тут пасварышся — дык і то не рады. Як сварышся, дык, здаецца, прыкупіў бы слова, а як пасварышся, дык прадаў бы, здаецца. І слова ліхога не трэба. Сл. р., Чыж. Як тыя хлапчукі: слова па слове і загрудкі пабраліся. Думаеце што? Гарэлка ўсякае ліха робіць. Гл. р., Кл.

БРАЦЦА ЗА РОЗУМ (за галаву). УЗЯЦЦА ЗА РОЗУМ (за галаву). Схамянацца, разумнець.

Прыганялі вучыцца — не хацеў. Як мо' ў салдатах паслужыць, то за розум возьмецца. Асіп. р., Тат. Ты ж не маленькі! За розум бярыся! Валож. р., Выган. Як бы тады ўзяўся за розум ды зробіў [зрабіў] так, як мы паддукоўвалі, то, дальбог, усё было б добра. А то прадаў, паехаў, кінуў… Докш. р., Бяг. Ажэніцца, то, можа, за галаву возьмецца. Уш. р., Вашк. Вазьміся за розум, пакуль не позна. Тамсама.

БРАЦЦА (хапацца) У РОЖКІ. УЗЯЦЦА (схапіцца) У РОЖКІ. 1. Пра боранне быкоў, калі яны, сышоўшыся, “схопяцца” рагамі.

Рабы толькі страшыць [другога быка], а брацца ў рожкі баіцца. Той бы даў так, што зараве! Гл. р., Кл. Бугаі іншы раз возьмуцца ў рожкі, то мо' паўдня вадзіцьмуцца. Тамсама.

2. З адцен. іран. Раз'юшана, адчайна кідацца ў бойку (пра двух чалавек).

Колісь Цімох і Сцяпан схапіліся ў рожкі, дык і празвалі Калчак і Дзянікін. Смяяліся з іх: Калчак з Дзянікіным у рожкі браліся. Гл. р., Кл.

3. Пра нечаканую ваенную сутычку.

Каб ціха на свеце было, неяк жылі б людзі. А то зноў недзе далёка схапіліся ў рожкі. Гл. р., Кл.

БРАЦЬ ВЕРХ. УЗЯЦЬ ВЕРХ. Адольваць, перамагаць, пераважаць.

Хай і ён хоць раз верх возьме. Мін. р., Буц. Ці доўга, ці мала яны біліся, толькі змей пачаў над бортнікам браць верх. Бачыць бортнік, што яму прыходзяць канцы. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП). Мой як бачыш [хутка] верх стаў браць. Гл. р., Кл. А неяк счапіліся, дык Цімох узяў верх. Тамсама. Той хітры вельмі: “Бяры верх тут, а там як будзе?” Малад. р., Радашк.

БРАЦЬ ДА ГАЛАВЫ (у галаву) што. УЗЯЦЬ ДА ГАЛАВЫ (у галаву) што. Моцна, трывала засвойваць нейкае меркаванне, пераконанне, намер, думку, трывогу, клопат.

Яшчэ з вайны ўзяў у галаву: як уцалею, у навуку пайду. Гл. р., Кл. Узяла ў галаву, што хворая, і ей-богу захварэе, хоць і не хворая. Сл. р., Гор. А нашто так да галавы браць? Малад. р., Радашк. Дзе той галавы набярэшся, як усё да галавы будзеш браць? Малад. р., Бак. І я ж кажу: не бяры ты гэтак да галавы. Тамсама. У нас толькі Франя чуць што: “А ты перастань браць да галавы ўсё”. Гл. р., пас. Я. Куп. Ты, Кароцця, занадта не бяры ўсяго да галавы. Малад. р., Радашк. — Да галавы возьме? — Як на падушку, дык і храпе. А на людзях: “Як узяла мая Ганька да галавы…” А тая Ганька таўсцее і таўсцее. З чаго б гэта? Дык матка: “Ды гэта яна ўбачыла поезд і вельмі спалохалася. З гэтага і захварэла”. Ст. Аляхн.

Гл.: прыняць да галавы.

БРАЦЬ ДА ДУШЫ што. Гл. БРАЦЬ ДА СЭРЦА (да душы) што.

БРАЦЬ ЗАМУЖ каго. Гл. ЗАМУЖ БРАЦЬ каго.

БРАЦЬ ЗА СЯБЕ каго. УЗЯЦЬ ЗА СЯБЕ каго. Жаніцца з кімсьці.

Дзе гэта відана, каб каралевіч ды браў за сябе простую дзеўку. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). А каго ён за сябе ўзяў? Гл. р., Барб.

БРАЦЬ ЗА ШЧЭЛЕПЫ каго. УЗЯЦЬ ЗА ШЧЭЛЕПЫ каго. Прымушаць кагосьці (сказаць праўду і падобн.); прыводзіць бясспрэчныя факты, довады, доказы (супраць кагосьці).

А ўзялі б яго добра за шчэлепы — сказаў бы. Гл. р., Кл. Судзілі ж таго паліцэйскага. Вельмі не чалавек! З гадаў гад і гад печаны. А на судзе і так і так, круціўся, вылузваўся. Хваробы вылужацца, калі ўзялі за шчэлепы. Гл. А яго раз [вельмі проста] браць за шчэлепы. Тамсама.

Параўн. (у руск.): брать за жабры.

БРАЦЬ ДА СЭРЦА (да душы) што. УЗЯЦЬ ДА СЭРЦА (да душы) што. ПРЫМАЦЬ ДА СЭРЦА (да душы) што. ПРЫНЯЦЬ ДА СЭРЦА (да душы) што. З глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (выпадак, здарэнне, падзею), ставіцца да чагосьці ўстрывожана, з павышанаю пачуццёвасцю.

Гэта яе ў вайну надта напалохалі: сына забралі ў паліцыю, а яе застрэліць хацелі. Яна і прыняла, так прыняла да душы, што бачыце, што зрабілася? Жыве, а каму трэба такая жытка? Дзяцей сваіх не пазнае. Малад. р., Вал. Ці так усё прымаць да сэрца, што не п’е, не есць, заснуць не засне? Малад. р., Радашк. — Твая Сонька — гэткая малайчына! Яна браць да сэрца не будзе, — хоць няхай што. Дык і на: маладая, здаровая і не старэе. Мін. р., Лекар. — Не надта і ты бярэш да сэрца. Тамсама. Як ты не возьмеш да сэрца? Тваё дзіцё — твой і клопат. Мін. р., Пільн. Ды яна ж толькі крычыць, галосіць, а як адвернецца — на ўсё забылася, пра ўсё чыста, бо да душы не бярэ, не бярэ да сэрца. Мін. р., Лыс. Г.

БРАЦЬ НА ВУС. Прыкмячаць, заўважаць.

А той ужо і ўзяў сабе на вус: на думах стала, якраз як ён сваю жонку браў. Рагач. р., Нісім. (Е. Рам., БНК). А ён толькі слухае і бярэ сабе на вус. Жлоб.

Параўн. (у руск.): мотать (себе) на ус.

БРАЦЬ НА ЎСЕ ЗАСТАЎКІ. Старацца на ўсю моц-сілу, вельмі напружваючыся (бегчы, працаваць).

Бяры, брат, на ўсе застаўкі, грабі пад бераг. Мін. р., Астр. Гарад.

БРАЦЬ НОГІ НА ПЛЕЧЫ. З адцен. жартаўл. Уцякаць паспешна, хутка.

Пакуль няпозна, бяры, хлопец, ногі на плечы, каб і духу не было! Зловяць, то і вудкі адбяруць і штрафу дадуць. Да пятага [чэрвеня] няможна лавіць [рыбу]. Лаг. А што было рабіць яму? Бяры ногі на плечы — і гайда! Асіп. р., Яс.

БРАЦЬ ПРАЗ СЯБЕ. Гл. ПРАЗ СЯБЕ БРАЦЬ.

БРАЦЬ РАДУ. УЗЯЦЬ РАДУ. Ра*іцца, ра*дзіцца, ра*дзіць ра*ды.

Сабраліся.. укруг, сталі браць раду, як збыць такую бяду. Барыс. п. (П. Шэйн, II). Гэта ж прыехала да вас раду ўзяць: ці падаваць на суд, ці так. Як вы мне скажаце? Мін. р., Лек. А ў каго ўзяць раду, як не ў вас? Віл. р., Буцькі.

БРАЦЬ У ГАЛАВУ што. Гл. БРАЦЬ ДА ГАЛАВЫ што.

БРАЦЬ У ПРЫМЫ каго. Гл. ПРЫМАЦЬ (браць) У ПРЫМЫ каго. БРАЦЬ У ШЧЫПЦЫ каго. Гл. БРАЦЬ У АБЦУГІ (у шчыпцы) каго.

БРАЦЬ СВАЁ. УЗЯЦЬ СВАЁ. Дабівацца жаданага, чаканых вынікаў.

Хай прыйдзе зіма. Як пойдзе мянёк — я сваё вазьму. Два ж нераты! Гл. р., Ад. Прайшло лета, а я свайго не ўзяў, ані не перадыхнуў. Мін. р., Астр. Гарад. — Вазьму сваё! — Вазьмі!.. Чаго ж не браў свайго? Мін. р., Нялід.

БРАЦЬ У АБЦУГІ (у шчыпцы) каго. УЗЯЦЬ У АБЦУГІ (у шчыпцы) каго. Ствараць камусьці абставіны, становішча безвыходнасці.

Раздураны — страх як! Няма каму ўзяць у абцугі, каб перайначыўся. Люб. Такое маленькае, такое кволенькае, а ты яшчэ: “У абцугі яго добра ўзяць!” І не грэх табе за яго? Яго шкадаваць трэба, глядзець яго трэба. Каго тут караць?! Гл. р., Вольн. Каб узяў у шчыпцы, што і не страпянуўся, то перайначыўся б. Не такіх астадольваюць. Гл. р., Сымон.

БРАЦЬ ШЛЮБ. УЗЯЦЬ ШЛЮБ. Жаніцца, вянчацца.

Ці ўсе тыя.. шлюб бяруць, што верненька кахаюць? Палавіну шлюб бяруць, палавіну раскідаюцца. Сл. п. (П. Шэйн, БНП, 1962). Як маладыя бяруць шлюб, то ўсе ўважаюць на свечкі. Ваўк. п., з-пад Свісл. (М. Фед., ЛБ, І). Узялі яны шлюб, тады ён кажа: “Трэба ўжо нам ехаць дахаты”. Ваўк. п., Ган. (Тамсама). Як ты выздаравееш, возьмем шлюб з табою! Слон. п. (П. Шэйн, БНП, 1962). Тады, як мы яшчэ шлюбу не бралі. Гродз. р., Парэч.

БРАЦЯТКА І СЯСТРЫЦА. Гл. БРАЦІТКА З СЯСТРЫЦАЙ.

БРЫДЗІЦЬ СВЕТ. З адцен. пагардл., асудж. Рабіць непрыстойнае.

Не брыдзь ты лепей свету. Каму трэба твае такія заварухі? На ўсіх ты, усе ў цябе пачэрненыя. А сам горшы за каго. Валож. р., Рак. А як жа! Добра кажаш, хай перастаў бы свет брыдзіць. Тамсама.

БУБЕН НАБІЦЬ. З адцен. іран. Вельмі наесціся.

А яму што? Найперш, каб бубен набіць і гуляць. Літ. ССР, Свянц. Толькі і клопату — бубен набіць. І сораму няма… Вільня. Усяго і назвіска [назвы], што інтэлігент: наб'е бубен — і ўсё. Тамсама.

БЫ ПРАЗ ЗЯМЛЮ ПРАВАЛІЎСЯ. Гл. ЯК (бы, быццам) У ЗЯМЛЮ (праз зямлю) ПРАВАЛІЎСЯ.

БЫ Ў ЗЯМЛЮ ПРАВАЛІЎСЯ. Гл. ЯК (бы, быццам) У ЗЯМЛЮ (праз зямлю) ПРАВАЛІЎСЯ.

БЫЎ І Ў КОЛЕ І Ў МЯЛЕ. Бывалы. І. Насовіч: кажуць пра таго, хто бываў у розных жыццёвых абставінах (І. Нас., СБП).

Ён быў усюды, усяго ўсякага навідзеўся [набачыўся], — быў і ў коле і ў мяле. Такога ў ступе таўкачом не прыціснеш. Уш. р., Лясн. Аз.

БЫЦЦАМ ПРАЗ ЗЯМЛЮ (у зямлю) ПРАВАЛІЎСЯ. Гл. ЯК (бы, быццам) У ЗЯМЛЮ (праз зямлю) ПРАВАЛІЎСЯ.

БЫЦЬ НА чыёй ГАЛАВЕ. Быць (жыць) на чыім клопаце, старанні.

Архіпу стала цяжкавата: без доктара, а цэлая ж гаспадарка — конь, поле, бальніца. Цяпер усё на яго галаве. Гл. р., Кл. На маёй галаве ўсё — і дзеці, і хата, і на работу, а яму, каб дапамагчы, то ўсё “няма часу”. Мін. р., Угл. А на маёй галаве нічога не было? Тамсама.

БЫЦЬ НА ЗЛЕ Быць раззлаванаму, у злосці.

Ён нешта быў на зле. Асіп. Ён на зле што хочаш скажа. Адале [а потым] — як нічога не было. Тамсама. Гена на зле рашаецца, а пройдзе злосць — і ўсё прашчае [даруе]. Тамсама.

БЫЦЬ НА чыіх РУКАХ. Быць на чыім доглядзе, клопаце, старанні.

Засталася адна-адненькая. Няма што, давай як рабіць: гаспадарка на маіх руках. Скід. р., Гал. Ці хіба лёгка? Уся ферма была на сынавых руках. Адных квіткоў усякіх — каб бачылі! — назбіраецца куча. То кармоў, то таго, то чаго. Мін. р., Астр. Гарад. Паўміралі бацькі, зразу бацька, тады матка. Усё чыста: і гаспадарка, і дзеці — былі на маіх руках. Малад. р., Радашк. Цэлую печ дзяцей выгадавала на сваіх руках. Глыб. р., Лаз. (Хрэстам.).

БЫЦЬ НА СВАІМ ХЛЕБЕ. Жыць самастойна, зарабляючы самому на сябе.

Прыехала і гасцінцаў навезла: “Ну, татка, усе мы ўжо на сваім хлебе, свой хлеб ядзім”. Як каму, а бацьку радасць. Гл. р., В. На сваім хлебе будзе, то перастане раскідацца. Гл. р., Н. Жыц. А я дык быў не на сваім хлебе? Тамсама.

БЫЦЬ У ЖЫЦЦІ. Жыць, быць жывым.

Тады яшчэ быў ў жыцці мой дзед. От і прычапіліся мы, каб ён расказаў пра разбойнікаў. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). А ці-бо Васюта, цётка, ‘шчэ ў жыцці? Ці жыве? Гл. р., Кл. Покуль буду ў жыцці — не забудуся на тое. Тамсама.

Параўн. (у руск.): (быть) в живых.

БЫ ЯЗЫКОМ ЗЛІЗАЛА. Гл. ЯК (бы) ЯЗЫКОМ ЗЛІЗАЛА.

БЯРОЗАЮ ЛІЦЦА. ЯК БЯРОЗА ЛІЦЦА. Вельмі слёзна плакаць, разлівацца слязьмі. Метафарычнасць выразу ўзнікла на асацыяцыі з тым, як вясною з галінак бярозы капае сок.

Мужчына, — а каб бачылі, як ён ды, бедны, бярозаю ліўся, як дзетак страцілі? Пабілі ўсю сямейку. Дык плакаў плачам. Мін. р., Луск. У аконца глядзіць, як бяроза льецца. Гом. п., Дзятл. вол. (З Радч., ГНП).


[ Назад Змест Далей ]


Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. А Б В Г Д Е Ж З I К Л М Н П Р С Т У Х Ц Ч Ш Ю Я