| Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. | А Б В Г Д Е Ж З I К Л М Н П Р С Т У Х Ц Ч Ш Ю Я |
Г
ГАД ПЕЧАНЫ. Вылюдак, нягоднік, негадзівец.
Пазабіралі сынкоў маіх гады печаныя, і не вярнуліся, а паліцаі памагалі ім [нямецкім акупантам]. Гл. р., Кл. На памінках напіўся — і спяваць. Спяваў бы ты на хлеб, гад печаны. Навагр. р., Свіц. У нас так і не кажуць, а тыя разы блізніцкія [з вёскі Блізніцы]: “Куды, гад печаны, ты прыгнаў тавар [жывёлу] пасвіць?” Гл. р., Кл.
ГАДЫ ВЯЛІКІЯ. Гл. ВЯЛІКІЯ ГАДЫ.
ГАДЫ Ў РАДЫ. Вельмі рэдка, з вялікімі, працяглымі прамежкамі. І. Насовіч: кажуць пра рэдкаснае з'яўленне чагосьці (СПБ).
Гады ў рады. Ваўк. і Слон. пп. (М. Фед., ЛБ, ІV). Ён не вельмі што аказваецца: напіша гады ў рады, што жыве на свеце, — і маўчыць. Асіп. р., Лап. Як там часта? От! Зазірне гады ў рады на дзень, а то і не на ўвесь. Віл. р., Буцькі.
Параўн. (у руск.): в кои веки.
ГАЛАВОЮ ЗАХАДЗІЦЬ. Гл. НА ГАЛАВЕ (на галавах) ХАДЗІЦЬ.
ГАЛАВОЮ КРУЦІЦЬ. Гл. КРУЦІЦЬ ГАЛАВОЮ.
ГАЛАВОЮ НАЛАЖЫЦЬ. Загінуць, прапасці, згінуць (пра чалавека).
Налажыў галавою. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Тут баба варажыла, галавою налажыла, тут будзе кут [так званая лічылачка — вершык у дзіцячай гульні]. Мін. Каб ён пайшоў ды не вярнуўся! Каб ён галавой налажыў, такі бацька, што дзяцей сваіх не глядзіць. Малад. р., Радашк. Швэндаўся, пакуль недзе галавой налажыў. Дзярж. р., Фан.
ГАЛАВОЮ ХАДЗІЦЬ. Гл. НА ГАЛАВЕ (на галавах) ХАДЗІЦЬ.
ГАЛАВУ ЗВЕСІЦЬ (павесіць). Засумаваць, замаркоціцца, затужыць.
Чаго галаву звесіў? Ці грошай не ўзяў? Мін. р., Засл. Няшчасны Егар.. задумаўся і галаву павесіў. Рагач. п., Шарах. Б. (Е. Рам., БНК). А ты б не звесіў галавы, каб так у цябе было, як у мяне? Віл. р., Раёўка.
ГАЛАВУ ПАВЕСІЦЬ. Гл. ГАЛАВУ ЗВЕСІЦЬ (павесіць).
ГАЛАВУ ПРЫТУЛІЦЬ (дзе, няма дзе). Мець дзе галаву прытуліць — мець прытулак, не мець дзе галаву прытуліць — не мець прытулку.
Як у цябе, бабка, [ёсць] дзеці, то не журыся: не шукацьмеш, дзе галаву прытуліць. Гл. р., пас. Я. Куп. А хаты, хоць і старая, не прадавайце. Ці мала як? А мо' і трэба будзе каму галаву прытуліць? Усяк бывае, дзеткі. Гл. р., Кл. Павыходзілі з лесу [з часоў вайны], і ні ў кога няма дзе галавы прытуліць. Гл. р., Хал. Зарана ты клапоцішся, што няма дзе галавы прытуліць. У такіх гадах бедаваць? Баран. р., Кут. Не мае дзе галавы прытуліць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
ГАЛАВУ СКРУЦІЦЬ. Загінуць, знявечыцца, скалечыцца.
Запрэгчы такога гарачага жарабка? Дык ён кагосьці растрасе і сабе галаву скруціць. Гл. р., пас. Я. Куп. Ідзе, спатыкаецца на каладдзё ды на завалы. Узбіўся на выскаць, чуць галавы не скруціў. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Бяжыць, ляціць, як галавы не скруціць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП).
Параўн. (у руск.): свернуть шею.
ГАЛАВУ СУШЫЦЬ. 1. Жыць у клопаце.
Гуляй, донька, пакуль гуляецца. А там дзеткі, клопат усякі, будуць табе галаву сушыць. Стаўб. р., Сверж. Галоў [галаву] сушыць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
2. Працягла і настойліва вучыцца.
А ці стоіць [варта] столькі сабе галаву сушыць? Пасля школы ў інстытут, а тады ‘шчэ тры ці чатыры гады? Ого! Дваццаць гадоў сушыць галаву з кніжкамі? Жыў бы, як жывуць. Год чытае, на месяц нейкі прыедзе — і зноў чытае. Тамсама.
Параўн. (у руск.): мозги сушить.
ГАЛАВЫ НЯМА. 1. Неразумны (пра чалавека).
Што з таго, што харошы [гожы, прыгожы], а галавы няма? Гл.
2. Няздатны (да навукі, вучобы чалавек). Як галавы няма, то нашто той дзесяты клас? Вучыцца няхай той, каму навука ідзе. Дзярж. р., Чарк.
3. Слабая, кепская памяць. У мяне так цяпер галавы няма, так няма! Што дзе дзену, дык паўдня шукацьму. Гл. р., Кл.
ГАЛАСОК ПРАВЕСЦІ. Заспяваць, паспрабаваць спяваць.
Як памёр мой хлопец, і галаска чатыры гады нідзе не правяла. Люб. р., Чыж. (Лінг. зб.). Як хто жалобу носіць, то няможна і галаска правесці. Гл. р., Слаўк.
ГАНЬБУ ДАВАЦЬ (даць) каму, чаму. Гл. ДАВАЦЬ ГАНЬБУ каму, чаму.
ГАРАДЗІЦЬ ПЛОТ. Гл. ПЛОТ ГАРАДЗІЦЬ.
ГАРАМ ГАРЭЦЬ. З адцен. дакору, нясцерп. Як кленіч, як зламоўнае пажаданне: каб гарэла, няхай гарыць.
Абрыдалі мне гэтыя соткі [прысядзібны ўчастак]. Хай яны гарам гараць. Валож р., Пярэж. Гараць яны гарам гэтыя твае заработкі: зарабляць зарабляеш, а толку з гэтага? Мін. р., ст. Белар. Усяк бывае: робіш другі раз, а не так: “Каб гарам гарэла!” Карэл. р., Сін. Слаб. Ну і дарожка! Каб гарам гарэла. Кап. Хай яны гарам гараць, усе вашыя прыстройствы! Праз іх нагу збіла. Уздз. р., Маг.
ГАРУ БРАЦЬ. ГАРУ ЎЗЯЦЬ. 1. Уз'язджаць (на цяжка нагружанай машыне, падводзе; на веласіпедзе, матацыкле) на гару.
Такія горы, што адну чуць узяў: крутая, мокрая, слізкая. Бераз. Як гару возьмеш, то, лічы, мы прыехалі дахаты. Мін. р., Лек.
2. Выяўляць сілу, моц (пра чалавека).
Гэты слабы, а ты дык гару ўзяў бы? Абодва вераб'ёвая сіла. Малад. р., Вал. Такі малады, гэтакі спрытны! Ён гару возьме. Малад. р., Радашк.
ГАРЫЦЬ СКУРА. Гл. СКУРА ГАРЫЦЬ.
ГАРЭЦЬ (палаць) АГНЕМ. Гл. АГНЁМ ГАРЭЦЬ (палаць).
ГАРЭЦЬ ГАРАМ. Гл. ГАРАМ ГАРЭЦЬ.
ГАСТРЫЦЬ ЗУБЫ на каго, што. Гл. ВАСТРЫЦЬ ЗУБЫ на каго, што.
ГАСЦІНУ МЕЦЬ. Гасцяваць.
Кум у кума гасціну меў. Ваўк. п., Лыск. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). І я там калісь меў гасціну. Ваўк.
ГІЗУНТЫ ВЫЦЯГНУЦЬ чые, з каго. Гл. ВЫЦЯГВАЦЬ ЖЫЛЫ (гізунты, жылле) чые, з каго.
ГЛАДЗІЦЬ ЗА ШЭРСЦЮ каго. ПАГЛАДЗІЦЬ ЗА ШЭРСЦЮ каго. Паблажліва гаварыць, рабіць камусьці, залагоджваючы яго; улічваць настрой, пажаданні.
Як цябе гладзіш па шэрсці, то сяк-так, а як чуць што малечку не па табе, дык хэўры канец. Акцябр. р., ст. Рацм. Разбудраў [раздурэў], бо разбудрылі [раздурылі], усё па шэрсці гладзілі, дагаджалі ўсе ўсімі. Гл. р., Кл.
ГЛУЗДУ НЕ ПРЫЛАЖЫЦЬ. Не ведаць, не разабраць; розуму не дабраць.
От жа дзякуй табе, сябра, што навучыў мяне ды памог, як ратавацца ў бядзе, а то б я і глузду не прылажыў. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Сяджу, во, маракую, ніяк глузду не прылажу. Лях. р., Мін.
ГЛУПСТВА ПЛЕСЦІ. З адцен. асудж., папроку. Гаварыць неразумнае.
Была і ў нас такая спрэчка. Я не стрымала: кінь, кажу: пляцеш глупства нейкае. Віл. р., Будсл. Ведаць не ведае, а бярэцца. Выйшаў гэткае глупства плесці, што сорам слухаць. Тамсама. Ат! Не пляці ты глупства. Абы што… Малад. р., Радашк.
Параўн. (у руск.): плести чепуху, молоть вздор.
ГЛУХАЯ ЦЯЦЕРА. Гл. ЦЕЦЯРУК ГЛУХІ. ЦЯЦЕРА ГЛУХАЯ.
ГЛУХІ ЦЕЦЯРУК. Гл. ЦЕЦЯРУК ГЛУХІ.
ГЛЯДЗЕЦЬ НА ПАПОВЫ САНІ. Вельмі кепска пачуваць сябе (пра хворага), рыхтавацца да смерці.
І мне ж было цяжка. Так што глядзеў на паповы сані. Кап. р., Аксам. Ужо глядзіць на паповы сані, а кепства людзям робіць. Тамсама.
ГЛЯДЗЕЦЬ СЯБЕ. Рупіцца пра свой выгляд, пра здароўе; берагчы сябе, сваё здароўе.
Разумны, харошы [прыгожы]. Скажыце, такі спакойны і вельмі глядзіць сябе, шануецца. Дзіва, што дзеўкі аж растаюць. Гл. р., Слаўк. Ты, мае дзеткі, глядзі хоць сябе. Я — старая, як е [ёсць], так і добра, а табе жыць трэба, слабы ты. Глядзеў бы сябе, а не мне слаць вагэтае [вось гэтае]. Гл. р., Кл. Самой трэба глядзець сябе. Мо’ ж не маленькая, што і сябе не глядзіш! А то апусцілася, што скора з цябе смяяцца стануць. Малад. р., Радашк.
Параўн. (у руск.): следить (смотреть) за собой.
ГЛЯДЗЕЦЬ УГАРУ. Гл. ГЛЯДЗЕЦЬ (заглядаць) У ЧАРКУ (глыбока).
ГЛЯДЗЕЦЬ У ЧАРКУ (глыбока). ЗАГЛЯДАЦЬ У ЧАРКУ (глыбока). З жартаўл., іран. Выпіваць.
Ці не чула? Прыязджалі ж сыны нашага. Адзін, большы, Іван, — ого! Жонка харошая, сыны два харошыя, вельмі адзетыя. А меншы — той што? Той любіць глядзець у чарку глыбока. Бабр. р., Міхал. Дужа глыбока глядзеў у чарку. І дзе іх [грошай] набрацца? Мсц. р., Ход. Глядзіць у чарку глыбока. Мсц. р., Баг. (М. Гар., НП). Перастаў бы ў чарку заглядаць. Мсц. р., Зар. Э, кумок-галубок, няхай той серадзіць [посціць у сераду], хто ўгору глядзіць. Арш. р., Выс. (Е. Рам., БНК). Зачаста глядзеў угару, а і служба не любіць гэтакіх. Докш. р., Даўг.
ГЛЯДЗЕЦЬ каго, што ЯК ВОКА. Вельмі старанна і беражліва даглядаць, рупліва зберагаць, ахоўваць каго, што.
Дзіцятка тое глядзяць як вока. Асіп. р., Лап. Мо ж не забыўся: у нас быў пастушок, Марцін з Бабровіч, ото старанны і разумны хлопчык. Тавару глядзеў як вока. Гл. р., Кл. Прыедзе, дык усякі раз з кніжкамі і паперкамі. Што як што, а паперкі свае кладзе і накажа [загадае, папярэдзіць]: “Глядзі, мамка, іх як вока!” Тамсама.
Параўн. (у руск. кніжн.): беречь как зеницу ока.
ГНАЦЬ У СУГОН каго куды. Гл. ГОНАМ ГНАЦЬ каго куды.
ГОД АД ГОДУ. З кожным годам.
За маёю памяццю не было пяску. Год ад году пяску болей, голы сыпучы пясок. Нараўл. р., Даўл. (Хрэстам.). Пасёлак [імя] Янкі Купалы год ад году большае і большае. Там і вуліца простая, шырокая. А нашае Клетнае меншае, бо гразі на вуліцы багата. Гл. р., Кл. Не то валоў — і коней у нас год ад году меней. Бо ім рабіць няма чаго. Столькі машын! Тамсама.
ГОЛАСАМ ГАЛАСІЦЬ. Прычытваючы, голасна плакаць.
Хавалі, дык голасам галасіла, а схавалі і забылася. Малад. р., Вал. Яны ўжо голасам галосяць, баяцца тае бяды, якое яшчэ і не бачна. Сл. п., Пярэвал. (А. Сержп., КАБСП). Прыхіліўшы галовачку, голасам галосіць. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП).
ГОЛАС (галасок, галасочак) ПАДАВАЦЬ. ГОЛАС (галасок, галасочак) ПАДАЦЬ. Азывацца, заяўляць пра сябе, пра сваю прысутнасць, пра тое, што жывеш.
Гадоў з дваццаць голасу не падаваў. Ато, бач, пасылкі шле. Пух. р., Жыц. Як нарвецца, што багата грыбоў, то голасу не падасць. Крычы ці не крычы — маўчацьме. Хітрасць такая. Гл. р., Кл. Можа каму голас падавала, а цябе і не чакала? Віл. р., Раёўка. Тонкі голас падавала. Баран. р., В. Чарн. Падай, мілы, галасочак. Карэл. р., Лукі. Маўчыць, хоць бы галасок падала. Дзярж. р., Чарк.
ГОЛАС У ГОЛАС. Зусім аднолькавыя (пра голас, тэмбр голасу, манеру гаварыць, спяваць).
Меншая — голас у голас як большая [пра сясцёр]. Гл. р., Кл.
Гл.: волас у волас.
ГОЛАС У ГОЛАС, ВОЛАС У ВОЛАС. Літаральна, зусім аднолькавыя (пра знешнасць, голас людзей; звычайна — братоў, сясцёр).
Голас у голас, волас у волас. Лід. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). А калі возьмеш мяне замуж, дык я дванаццаць сыноў спараджу — голас у голас, волас у волас. Гарад. п., Вараўл. вол. (Е. Рам., БНК). Дванаццаць малайцоў голас у голас, волас у волас. Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV).
Гл.: голас у голас.
Гл.: волас у волас.
ГОЛАСУ (галасочку) ДАЦЬ. Гл. ДАЦЬ ГОЛАСУ (галасочку).
ГОЛЫ ГАЛЬЦОМ. 1. Зусім голы.
Мо’ і гэта ваш вучаны розум? Голыя гальцом дзень на сонцы пякуцца!.. Гл. р., Бяроз.
2. Такі, у якога анічога няма, ніякае маёмасці.
Прыйшоў з вайны голы гальцом. Зразу абпазычыўся вельмі, а ўзяўся, узяўся і абжыўся. Гл. р., Бабр. А ці чулі? Смеху было! Сталі ўсе ўсімі крычаць на прымака, сталі сварыцца на яго ды казаць на яго, што такі ды сякі, што голы гальцом прыйшоў, дык ён што? Дык ён, доўга не думаючы, усё скідаў у кучу, і з сябе ўсё ў кучу, тады: “Наце вам усё вашае і дачку вашу!” І пайшоў. Бабр. р., Брожа.
ГОНАМ ГНАЦЬ каго куды. ГНАЦЬ У СУГОН каго куды. Настойліва, неадступна прымушаць, выпраўляць кагосьці кудысьці.
Гонам гоняць з хаты, (І. Нас., СБП). Прыходзіць кажанны [кожны] вечар, сядзіць, курыць, даядае [дакучае], хоць яго гонам гані. Уш. р., Арэх. Большую, дальбог, гонам гнала замуж, пакуль не збыла з бацькавае хаты. Ст. Бабр. Я ж зусім сходалася, а вы гонам гоніце — рабіць і рабіць. Ці мне палячыцца не трэба? Леп. р., Вор. Хто цябе гоніць у сугон? Заўтра дакосім. Мсц. р. (Г. Юрч., Пол.).
ГОРА ПРЫНЯЦЬ. Нагаравацца, намучыцца, набрацца мукі.
Цяпер — дзякуй богу. А колькі яна прыняла гора, удавою астаўшыся з вайны!.. Гл. А я ж табе гаварыў..: пацярпі, гора прымі. Гор. п. (Е. Рам., Б С, ІV).
ГОРБІЦЦА Ў ТРЫ ПАГІБЕЛІ. ЗГОРБІЦЦА Ў ТРЫ ПАГІБЕЛІ. 1. Вельмі горбіцца, гнуцца; мець выгляд аслабленага, знясіленага, бездапаможнага.
Як скажуць [мядзведзю]: “Пакажы, як ідуць на прыгон!” — дык згорбіцца ў тры пагібелі і чуць ногі перастаўляе. Глыб. р., Лаз. (Хрэстам.). Чаго ж так згорбіўся ў тры пагібелі, як свіны татка? Малады, называецца. Мо’ каго б пагрэў, то ссінеў, скурчыўся… Гл. р., Кл.
2. Стаць празмерна паслухмяным і пакораю.
А я не люблю такіх: трэба што папрасіць, дык пойдзе, стане, згорбіцца ў тры пагібелі, — пашкадуйце яго! Гл. р., Ад. Яна і век так: як хто са сваіх прыйдзе, пачынае горбіцца ў тры пагібелі. І ўсё просіць, усё просіць. Гл. р., Кл.
ГОРКІ ДЫ НЯШЧАСНЫ. Як спагада, спачуванне (камусьці, самому сабе), як роспач (пры няўдачы, памылцы, няшчасці).
— Я ж горкі ды няшчасны, — закрычаў Нічыпар, — прапала мая галоўка! Гэта ж укралі маё сена. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Горкая ды няшчасная я! Нашто пусціла адно [дзіця] такога холаду?! Гл. р., Кл.
Гл.: бедны ды страдны.
ГОРКІ ХЛЕБ. Кепскае (у сям’і, у асяроддзі) жыццё, у нязгодзе, з упіканнямі, недаверам, калі “кавалак хлеба ў рот не лезе”.
Што з дастатку? Мала што мелі, — ёй да сівой галавы, да ўнукаў быў горкі хлеб. Гл. р., Сымон. Мая мама ўсё казала: “Не аддай сілаю, бо дасі дзіцяці горкі хлеб”. Дык я сваіх — як хочуць, хай самі сваёю галавою; як зробяць — так і будзе. Гл. р., Стар. У нашай хаце хлеб не быў горкі. Ці было цяжка, ці было лягчэй, а жылося ў хаце [у сям’і] хораша. Стаўб. р., Мікал.
ГОРЫ ВЯРНУЦЬ на каго. З адцен. асудж. Вельмі няславіць каго, гаварыць пра каго многа кепскага, непрыемнага.
А ты лепей [лепш] не чапайся з ёю. Хай яе сарочка не чапае! Ты азавешся, а яна на цябе горы вярнуць будзе. Гл. р., Н. Жыц. Яна ж на вас тут горы вярнула. Акцябр. р., Воземля.
ГРУШКІ (грушы) на ВЯРБЕ. З адцен. іран. Недарэчнасць, несусвеціца, небывалае.
Ат! Грушы на вярбе… Карэл. р., Заг. Усё гэта ваша выдумлянне — толькі грушкі на вярбе. Стоўб.
ГРЫЗЦІ (сябе) ЗА ЛОКАЦЬ (локці). Гл. ЗА ЛОКАЦЬ (локці) (сябе) КУСАЦЬ (грызці).
ГРЭЦЬ ЗУБЫ (на сонцы). Гл. ЗУБЫ ГРЭЦЬ (на сонцы).
ГУЛЬМА ГУЛЯЦЬ. ГУЛЬМА ГУЛЯЮЧЫ. З адцен. асудж., дакору. Доўга, бесклапотна гуляць, анічога не рабіць, ні пра што не клапаціцца.
Яна ўсё лецечка гульма гуляла, то хай хоць добра вучыцца. Гл. р., Кл. Гульма гуляючы нічога не будзе [не будзеш мець]. Гл. р., Барб.
ГУСІ (качкі) ГАНЯЦЬ. ГУСІ (качкі) ЗАГАНЯЦЬ. З адцен. жартаўл. ці кпінаў. Ісці хістаючыся, ісці ўлукаткі, хадзіць убакі.
Бачыце, як ідзе? Пабачце, ужо гусі ганяе, у бакі ходзіць. Гл. р., Сымон. У рацэ вада лялее, пісар гусі ганяе, эй, эй, охохо, пісар гусі ганяе. Бабр. п., Гарад. (Лінг. зб.). Заганяць гусі. Гусі эаганяць. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Качкі заганяць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
ГУЧНЫ (ды) ШТУЧНЫ. З адцен. паэтычн. Незвычайны — вясёлы, кемлівы, славуты.
Вяселле было гучнае і штучнае, адно [толькі] птушынага малака не было. Ваўк. п., Дварч. (М. Фед., ЛБ, І). Дык от які то быў князь Каханка — гучны ды штучны. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП).
| Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. | А Б В Г Д Е Ж З I К Л М Н П Р С Т У Х Ц Ч Ш Ю Я |