Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. А Б В Г Д Е Ж З I К Л М Н П Р С Т У Х Ц Ч Ш Ю Я

Шчаслівай дарогі!


Пра навуковае значэнне гэтай кнігі скажуць сваё слова спецыялісты.

Мне лягчэй выказаць прадчуванне той радасці, з якою яе сустрэнуць людзі, блізкія да літаратуры.

Не толькі прадчуванне. Мы ўжо ведаем, што нам дала і што нам дае нястомная, натхнёная праца Фёдара Янкоўскага. У бібліятэцы кожнага, хто разумее значэнне народнага слова, яго гаючы ўплыў на наша мастацкае дый наогул маральнае здароўе, стаяць ужо два выданні прыказак, два “Дыялектныя слоўнікі”, “Крылатыя словы і афарызмы”, “Пытанні культуры мовы”, паэтычны зборнічак “Роднае слова”…

Хто не ведае, няхай не палічыць, што я гавару ў апошнім выпадку пра вершы. Маю на ўвазе тое паэтычнае святло, тую сардэчнасць, з якою ў гэтым зборнічку спалучана карпатлівая праца высокага майстра і закаханасць вернага сына народа.

Гэтым шчаслівым спалучэннем азначана ўся праца таленавітага мовазнаўцы, усе яго кнігі і, у вялікай ступені, “Беларуская фразеалогія”.

Ілюстрацыйныя прыклады, запісаныя руплівым збіральнікам у розных кутках рэспублікі і часткова запазычаныя ім у папярэднікаў, разгортваюць перад чытачом жывую, паэтычную карту беларускай мовы, хвалююць душу яе нелінючымі фарбамі, крынічным звонам яе бессмяротнасці.

Ф. Янкоўскі з натуральнай сціпласцю разумення справы ўсюды хаваецца за народ. Але ў адным выпадку, дзе даецца апавяданне бабулі пра тое, як калісьці маладую садзілі на пасад, ён, па няўвазе ці ад пашаны да дакладнасці, выдаў сябе:

“Раскажу, галубок, пра ўсё…! — гаворыць бабуля. І я ўпэўнены, што так яна гаварыла іменна яму, чарняваму, ціхаму хлопцу з харошай усмешкай, прастата якога хавае ў сабе і былую суровую мужнасць беларускага партызана, і па-народнаму шчырую працу выдатнага выкладчыка, і розум ды вопыт вучонага, набытак якога не сорамна ад імя Беларусі пакласці на міжнародны стол. Толькі таму, хто любіць свой народ, народ раскрывае свае векавыя скарбніцы.

Спору табе ў працы, добры наш дружа!

Шчаслівай дарогі яшчэ адной тваёй кнізе!


Янка БРЫЛЬ

[ Назад Змест Далей ]


Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. А Б В Г Д Е Ж З I К Л М Н П Р С Т У Х Ц Ч Ш Ю Я