Югася Каляда

Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія

Аповесць


Афанасі выйшаў на вуліцу. Было цёмна. Ні адзін ліхтар не агаляў сваім жоўтым святлом вантробаў двара; пагатоў у ягоным двары ніколі не было ліхтароў. Халоднае чорнае паветра было дарэшты насычана вільгаццю, занадта дробнай для дажджу, занадта мокрай для туману. Неба, шчыльна зацягнутае хмарамі, вісела занадта нізка; вершаліны таполяў, якія маўкліва, нерухома абступалі гмах, патаналі ў гэтым нізкім небе. Афанасі сутаргава ўцягнуў галаву ў плечы, яшчэ глыбей засунуў рукі ў кішэні, падазрона азірнуўся ды нервова пакрочыў прэч ад дому.
Афанасію было сорак гадоў. Яму было кепска.
Ён адчуваў, што захварэў: па ўсім целе разлівалася нешта атрутнае, тое, што вымушала ягоныя рукі і ногі замест звыклых рухаў рабіць выкрутасы. Падкаленні дрыжэлі; гэтая дрыготка хвалямі прабягала па хрыбетніку, па ўсёй спіне, па шыі; яму здавалася, што пачынаюць дрыжэць і ягоныя мазгі, і пальцы сутаргава, некантралявана камечылі змесціва кішэняў: запалкі з разламанае пушкі, жэтоны на метро, ключы, нейкія паперкі... Афанасі выпрастаў руку, пакратаў даланёю шчаку, лоб, абмацаў увесь твар: той гарэў. Гэтае пякучкі не маглі астудзіць ні ледзяное паветра, ні імжа, якая абляпляла твар, мяшалася з ягоным халодным потам.
Так, ён захварэў. О, калі б гэта была звычайная хвароба, прастуда, якую нармальнае грамадства ўспрымае як незапланаваны адпачынак! Тады ён таксама мог бы, як усе шчаслівыя хворыя, ляжаць на канапе, накрыўшыся коўдрай, паклаўшы пад галаву тры падушкі, гартаць пульцікам тэлевізійныя каналы - кожны па пяць хвілін, працягваць руку да зэдліка, браць з яго то гарбату з малінамі, то печыва, то кніжку, хрыпець у тэлефон шэфу: «Так... Хварэю...», адкідвацца на падушкі, заплюшчыўшы вочы, ды атрымліваць асалоду ад адсутнасці турботаў.
Не. Афанасі адчуваў, што хвароба ягоная мае іншае паходжанне. Сэрца калацілася, нібыта перад інфарктам. Калі ён гадзіну таму быў зрабіў спробу прылегчы, ён пачуў работу свайго папсаванага рухавіка: сэрца білася ў грудзях, пульсавала ў пальцах рук і ног, грукала з сярэдзіны ў барабанныя перапонкі; так, схапіўшы птушку, усёй рукою адчуваюць трапятанне крохкага цельца. Не, хвароба Афанасія была дзіўнаю, незвычайнаю; яна палохала сваёю невядомасцю. Яна не давала Афанасію ані прысесці, ані прылегчы; гэта яна выштурхнула яго з кватэры ў вечаровую імжу; гэта яна, хвароба, гнала хударлявую, нязграбную постаць Афанасія, змушала ўцякаць у ноч без дай прычыны. Калі б Афанасі даў волю сваім цягліцам, ягоныя рухі ператварыліся б у бессэнсоўныя курчы хворага на галаву. Таму Афанасі і сягаў шырокім крокам па мокрым чорным асфальце, нібыта вырачоны, нібыта адчуваючы мішэнь, намаляваную крэйдай між лапатак. Ён адчайна намагаўся захаваць свой розум, намагаўся надаць асэнсаванасць сваім начным уцёкам, накрэсліць нейкі ўласны маршрут на мапе варожага роднага горада.
Цыгарэтны кіёск на рагу, як наўмысна, сустрэў яго цёмнай пустэчай усярэдзіне. «Гэтак лепей!» - пракрычаў нутраны голас, і Афанасі падаўся ў двары суседніх кварталаў. Ён паскорыў крок, пераходзячы пустую дарогу, потым, трапіўшы ў вантробы чужых двароў, папросту пабег. Яму здавалася, што з гэтых чужых дамоў, з гэтых пустых вокнаў дзесяткі вачэй, патушыўшы святло, маўкліва сочаць за ім. Глядзіце, вунь бяжыць дзядзька, смешны, даўгі, худы дзядзька, глядзіце, бяжыць, як алень, як маленькае дзіця! Ад гэтага Афанасі яшчэ глыбей уціскаў галаву ў плечы, глядзеў сабе пад ногі, але нічога не бачыў: не заўважаў калюжын, бардзюраў, кустоў; разы два ён наляцеў тварам на галлё, дзівам не выпараўшы сабе вочы. «Гэтак лепей! Гэтак лепей!» - крычаў нутраны голас і гнаў Афанасія наперад.
Раптам усё спынілася.
Так брудны гарадскі раўчук, нават не паспеўшы адчуць сябе часткай ракі, бачыць перад сабой, ашаломлены, бязмежжа акіяна.
Афанасі вынырнуў з дваровай цемрадзі на праспект, заліты неонавым святлом, і спыніўся. Святло плыло па праспекце магутнаю ракою, залацістыя вадаспады абмывалі фасады дамоў; няспынна прабягалі, пабліскваючы, рознакаляровыя маланкі; раз-пораз зялёныя, ружовыя, фіялетавыя сполахі, як маленькія хвалі, каціліся па асфальце; драбіліся, мільённа памнажаліся ў шкле жарынкі, і ўсё было шкляным, празрыстым, чыстым, шчаслівым і спакойным. І ў гэтай магутнай плыні гулі, перасоўваліся, як трылабіты па марскім дне, аўтамабілі; нейкі ўнармаваны, спакойны рух адчуваўся за шклянымі сценамі дамоў, і ў гэтым неонавым святле снавалі, як стракатыя далікатныя рыбкі, дзяўчаты.
Гупіі, вуаляхвосты, дзяўчаткі, дзяўчаты, дзявулі, дзеўкі, яны рухаліся ўва ўсе бакі, збіраліся ў маленькія кампаніі, зноўку разыходзіліся, стаялі, усміхаліся, смяяліся, весела распавядалі нешта вельмі цікавае, нашэптвалі камусьці на вуха штосьці таемнае, заплюшчвалі вочы, хавалі твар у падораным букеце, яны былі аблітыя гэтым рознакаляровым неонавым святлом, яны падстаўлялі пад яго то свой цудоўны фас, то чароўны профіль, накручвалі на пальчык вясёлкавыя пасмачкі, пагойдвалі маленькімі торбачкамі. Яны жылі ў гэтым святле, яны радаваліся жыццю, яны былі шчаслівыя.
Афанасі некалькі хвілін сузіраў, уражаны, гэтае беспадстаўнае жыццесцвярджальнае свята, і шлях да ягонае мэты - выратавальнага шапіка з цыгарэтамі - падаваўся яму неадольным. Нарэшце ён выпаўз, як вужака, са свайго завулка і адразу ж атрымаў хвастом па пысе ад адной з залатых рыбак: яна плыла, як каралева, выпрастаўшы плечы, горда несучы свой профіль, ухапіўшы пад локаць нейкага трытона, і даволі адчувальна чыркнула торбачкай па руцэ Афанасія, нат не заўважыўшы яго. «Божа!» - узмаліўся Афанасі, некалькімі крокамі сягнуў да кіёска, тыцнуў грошы ў акенца, схапіў свой пачак, дрогкімі пальцамі аблупіў з яго абалонку ды ўзяў у зубы цыгарэту.
Ён прытуліўся спінаю да аднае з калонаў, што атачалі выхад з метро, паднёс да вуснаў трапяткі агеньчык, выпусціў маленькую аблачынку ды падняў вочы да неба. Неба няспынна мяняла колер.
На вачах у Афанасія з'явіліся слязінкі. Яны выкаціліся з вачэй, прапаўзлі па крылах носа да падбароддзя, пакінуўшы на шчоках дзве цёплыя салёныя сцяжынкі.
Але ягоных слёз ніхто не прыкмеціў. Каму цікава заўважаць, як плача ля метро саракагадовы мужчына, хударлявы мужчына ростам пад два метры, мужына ў звычайнай куртцы, у чорных джынсах... Каму?
Афанасі глядзеў на неба.
- Божа! - нячутна ўзмаліўся ён. - Божа! Пачуй хоць раз мае словы! Нашто ты стварыў мяне? Нашто? Ці маеш ты сам адказ на гэтае пытанне? Нашто ты стварыў мяне? Навошта даў мне гэткае недарэчнае аблічча, гэткі недарэчны лёс, недарэчнае імя? Ці ведаеш ты сам, які сэнс мае маё існаванне? Маё жыццё - Божа, ці бачыш ты мяне? - маё жыццё... Я - блазен, вось хто я - блазен Афанасі, і мае сутаргі, мае курчы - усё маё жыццё! - гэта цыркавы нумар блазна! Божа, пачуй мяне! Божа, дай мне адказ на мае пытанні!..
Афанасі глядзеў заплаканымі вачыма на неба; ён уклаў у гэтую блюзнерскую малітву ўсё нявыказанае, што назапасілася апошнімі днямі.
Які ты дурны, Афанасі. Глядзіш на неба, хочаш убачыць там Бога... Заплюшчы свае вочы, Афанасі; заплюшчы свае вочы. Шукай Бога ўсярэдзіне.
Гэта я стварыла цябе.
Я - ты з'явіўся ўсяго колькі старонак таму, і, пэўна ж, я не вельмі люблю цябе, таму ты і выйшаў такі, які ёсць: саракагадовы ды няшчасны, з дэпрэсіўным псіхозам у крызіснай стадыі. І імя табе я выбірала надоўга.
І зараз я маю намер пакінуць цябе, і ты застанешся сам-насам са сваімі недарэчнымі лёсам ды імем. Але ты мне патрэбны, Афанасі, - так, патрэбны! Ты дапаможаш мне вырашыць некаторыя пытанні, і - хто ведае? - мабыць, у мяне хопіць часу адказаць на твае!
Ідзі, Афанасі, жыві як знаеш, я яшчэ вярнуся па тваю душу, - а зараз мне трэба цябе пакінуць, бо мяне чакаюць іншыя персанажы, іншыя асобы, якія, дарэчы, не маюць да цябе ніякага дачынення. Больш за тое: ты нават ніколі з імі не перакрыжуешся, не перастрэнеш іх на вуліцах - бо яны з іншага, зусім іншага вымярэння.

* * *

Такім чынам, Афанасі знік, і разам з ім знікла ягоная рэчаіснасць, ягонае вымярэнне - схаваліся, як тэкст перагорнутай кніжнай старонкі, саступіўшы месца іншым часінам ды прасторам.
У 2001 годзе ў Менску адным жнівеньскім ранкам з-пад зямлі з'явілася дзяўчына. Было пад дзевятую гадзіну ранку. Яна выйшла з метро на станцыі «Парк Чалюскінцаў», выхад на правы бок супраць ходу цягніка, - ды скіравалася ў бок вуліцы Калініна. Дзяўчына была апранутая ў джынсы і блакітны швэдрык, на левым плячы ў яе вісела вялікая дарожная торба, якая сваёю вагою прымушала дзяўчыну згінацца ў супрацьлеглы бок, а заспаны твар паказваў на тое, што ноч яна правяла ў цягніку.
Дзяўчыну клікалі Жэня; яна была падобная да мяне, але толькі падобная: звонку ды звычкамі. Ніхто - і я не вынятак, - ніхто не можа пражыць два жыцці: за сябе ды за персанажа. Пра літаратурных герояў нельга казаць: «О! Гэта - аўтар!», бо чалавечае жыццё складаецца з мільёнаў дробязяў: мыццё рук, сон, гатаванне ежы, нараджэнне дзяцей, чаканне на аўтобусным прыпынку, цыраванне шкарпэтак, набыццё зубной пасты, пераход вуліцы. Чалавек ёсць мяса ды косці, а літаратурны герой заўжды застаецца алфавітам, раскіданым па паперы...
Дзяўчынка Жэня тым часам пайшла па вуліцы Калініна, мінаючы старыя трохпавярховыя дамы, збудаваныя адразу пасля вайны. Стаялі апошнія жнівеньскія дні; было яшчэ цёпла, але паветра ўжо мела салодкі прысмак памірання: нейкую фатальнасць, рахманае прадчуванне восені, апалай лістоты, дыму вогнішчаў, першых халодных дзён, дажджоў і цемрадзі. Але пакуль яшчэ трываў жнівень, і свежае паветра раніцы разам з сонечнымі промнямі неяк выратоўвалі гэтае лета.
Жэня мінула аптэку на рагу, перайшла вуліцу Кузьмы Чорнага ды мімаволі паскорыла хаду, каб наблізіць доўгачаканую сустрэчу. Яна збочыла ў завулак, што адразу насупраць школы, ды нарэшце ўвайшла ў двор, які ўтваралі жоўтыя хрушчоўкі.
Гэтыя дамы, у якіх заміж кватэраў маленькія клеткі, у дварах якіх няма ліхтароў, дамы, у якіх гарачую ваду выключаюць пасля дванаццатае гадзіны ночы, - гэтыя дамы, абрастаючы ўспамінамі, як карабельнае дно - водарасцямі, нарэшце набываюць рамантычнасць, раскрываюць сваю прыхаваную прыгажосць, выклікаюць да сябе пяшчоту ды любоў.
Жэня любіла гэты завулак, гэты дом, гэты зялёны двор - яна калісьці тут жыла. Яна падышла да апошняга пад'езда, паднялася на ганак праз тры прыступкі, адчыніла старыя фанерныя дзверы, пафарбаваныя ў колер цёмнай цэглы, ды пазваніла ў кватэру на першым паверсе.
Званок раскаціўся ў нетрах кватэры сарачыным пошчакам; гэта быў дзіўны званок; невядома, дзе гаспадары яго адкапалі. Жэня, не адымаючы рукі, працягвала званіць: цалкам было верагодна, што той, хто жыў у кватэры, у такую раніцу спакойна спаў.
Так яно і было: праз добрыя тры хвіліны ў глыбінях кватэры пачуўся рух, дзверы адамкнуліся, нібы Сезам, і Жэня нарэшце трапіла ўсярэдзіну ды скінула цяжкую торбу на падлогу пад вешалку. Дзяўчына ў ружовым махровым халаце зрабіла крок назад, і яны сціснулі адна адну ў абдымках.
Гэта былі не якія-небудзь дзявочыя слінявыя пацалункі; гэта было шчырае вітанне людзей, якія даўно не бачыліся, вітанне сяброў, сяброўству якіх не шкодзяць ніякія адлегласці, учынкі ды падзеі.
Дзяўчаты моцна паляпалі адна адну па спіне, нібы выпрабоўваючы на трываласць, ды разышліся, каб зазірнуць адна адной у вочы.
- Ну нарэшце!
- Дык ты ўсё адно спіш!
- Тры месяцы, Жэнька, тры месяцы! - Іра пайшла ў пакой, гаворачы. - Я пра гэта кажу. Цябе не было тут тры месяцы.
Жэня прайшла за ёй у пакой ды завалілася ў фатэль, паклаўшы ногі на столік; Іра засцілала канапу. На спіне ейнага ружовага халата быў вялікі чорны іерогліф; ніхто не ведаў, што ён азначае. Валасы на Ірчынай галаве адраслі на два сантыметры і яшчэ не патрабавалі цырульніка.
- Нешта ў гэтым ёсць... Ну так, трэба для разнастайнасці гэта зрабіць, прынамсі раз на жыццё.
- Ты пра што? - Іра яшчэ раз шырока ўзмахнула капаю, незадаволеная папярэдняю спробаю надаць канапе прыстойны выгляд.
- Пра тваю галаву.
Іра кінула змагацца з канапаю, павярнулася да сяброўкі і закасала левы рукаў халата да пляча.
- Галава - што! Ты сюды паглядзі.
Жэня зняла ногі са століка, падалася да Іры ды падцягнула ейную руку бліжэй да вачэй. Шнары ўжо амаль зацягнуліся, але добра ўглядзеўшыся можна было прачытаць: «МЯНЕ НЯМА».
- Та-а-а-а-а-к... Гэта вельмі, ну вельмі... І што ж адбылося?
- Ой... - Іра адняла руку, апусціла рукаў, крыху скрывілася. - Тут такое адбылося...
- Што? Што адбылося, ты мне скажаш ці не? Рэжа сабе рукі, мне нічога не кажа...
- Слухай, ну што ты штокаеш? - Іра ўжо перайшла ў кухню ды грукала там імбрыкам. - Што, што... Зараз сядзем, паснедаем, гарбаты вып'ем... Тут такое адбылося, што ў тры словы не ўкладзеш.
- Я ж не прашу цябе ў тры словы. - Жэня ўжо супакоілася і зноў была паклала ногі на столік, як раптам рэзка, нібы нешта ўзгадаўшы, ускочыла.
- Слухай! - усхвалявана закрычала яна, азіраючы пакой і чагосьці не знаходзячы. - Слухай! А дзе Каця?
Адказам ёй быў грукат посуду з кухні. Жэня праз два крокі апынулася там і натрапіла на чорны іерогліф: Іра заўзята рэзала каўбасу з цыбуляй ды скідвала ў патэльню. Жэня ўпэўнена, нібы ведаючы, што шукае, адчыніла і зачыніла лядоўню, адным позіркам вывучыла змесціва кухонных шкапікаў, хутка злётала ў лазенку ды абвясціла:
- А Каці тут больш няма!
- Ну бачыш, ты сама здагадалася, - сказала Іра з нявіннай інтанацыяй, але менавіта такая інтанацыя і хавае значныя падзеі.
- А пры чым тут Каця? - асцярожна спыталася Жэня, прадчуваючы ну вельмі доўгі расповед.
- О! - Іра падняла нож угару. - О! Каця тут яшчэ пры вельмі чым! І Каця пры чым, і Ігар пры чым, і ўвогуле багата хто пры чым! Ты нават не ўяўляеш...
Іра павярнулася да сяброўкі.
- Слухай, Жэнька, схадзі па піва, га? А лепш па гарэлку.
- Ну вось, - удала абурэнне Жэня, але сама ўжо завязвала матузкі, - я прыехала, ды я яшчэ і па піва... Ты ж ведала, што я прыеду, магла б загадзя купіць... Дарэчы! А Ігара што, таксама ўжо няма?
Іра выйшла ў калідор.
- Табе грошай хопіць? Няма, няма, толькі вяртайся хутчэй.
Ірчын голас сведчыў пра вялікую журбу.

Калі Жэня вярнулася з півам, Іра ўжо сядзела па-турэцку ля акна ды шчодра залівала маянэзам змесціва сваёй талеркі. Ірчыны рэчы, звычкі ды жэсты, неўпрыкмет для яе самой, дэманстравалі ўсім іншым маштабы ейнае натуры. Калі Іра палівала ежу маянэзам, дык выціскала адным махам траціну пакунка; рэзала каўбасу - атрымліваліся вялікія кавалкі, прычым па форме не было двух падобных; гарбату яна запарвала адразу ў кубку, не маючы цярплівасці корпацца з рознымі імбрычкамі, ды і кубкі ў яе былі па паўлітра кожны. І Ірчыны талеркі - гліняныя, жоўтыя - займалі ўсю прастору стала.
Іра моўчкі прысунула да сяброўкі порцыю невядомай стравы ўласнага вынаходніцтва, і Жэня адразу ж зваліла пакладзенае назад у патэльню. Перш чым сесці, яна вырашыла разліць піва.
- У гэты?
- Не-а... Ага.
Яны так доўга існавалі побач, што ў побыце пачалі абыходзіцца без словаў. «Ы» азначала «Падлі мне, калі ласка, кіпню ў гарбату», а «Ну... Э?» - «Памый, калі ласка, посуд!» Іх яднала нешта значнейшае, чымся супольнае найманне кватэры на працягу года. Вызваліўшы сваю мову ад неістотных словаў, дзяўчаты, тым не менш, размаўлялі гадзінамі. У гэтым свеце цяжка знайсці сябра, цяжка сустрэць слухача, тым больш - суразмоўцу. Але ім пашчасціла. Яны былі абранніцамі Лёсу, яны сустрэліся ў гэтым жыцці, пастанавіўшы, што, напэўна, былі непарыўна звязаныя ў папярэднім. Бо - і дзяўчат саміх гэта здзіўляла - тэмы іхных гутарак былі невычэрпныя. Калі ты знайшоў на гэтай планеце сябра - ты можаш верыць у цуды, бо, калі нават увесь свет аджагнаецца ад цябе, павернецца з пагардаю да цябе спінаю, - будзе чалавек, які пачуе цябе. Быць пачутым - у гэтым свеце, дзе ніхто нікому не патрэбны, дзе чужыя зрэнкі нацэленыя на цябе нібы стрэльба-дубальтоўка, дзе, шукаючы каханне, знаходзіш здраду, быць пачутым у гэтым свеце - мабыць, гэта шчасце?
Пачутым - і зразуметым.

Дзяўчаты моўчкі паснедалі, згрувасцілі талеркі ў чарупіну, зрабілі па вялікім глытку са сваіх кубкаў. Жэня глядзела ў акно. Надвор'е тым часам перамянілася. Неба зацягнулася хмарамі, бэз пад акном закалыхаўся пад свежым, моцным ветрам, умэнт сцямнела, і на горад абрынулася залева - пакуль яшчэ летняя, пакуль яшчэ цёплая.
- Ты глядзі!..
- Ага!..
Яны яшчэ крыху памаўчалі, нібы набіраючы паветра перад вялікай размовай. Нарэшце Іра перамяніла паставу ды вымавіла:
- Ну, слухай...
Жэня паклала галаву на рукі ды ўтаропілася на сяброўку.
- Слухай... Усё пачалося перад сесіяй... Бэз тады цвіў... Слухай, ну так, канец траўня!
- Як я даўно цябе не бачыла!
- О! Слухай. Карацей, усё было кепска. Ну не тое каб усё, але заліку на фізкультуры мне не ставілі. Ну я разумею, што складана было паставіць мне залік - ніводнага наведвання! - але яны маглі б! Ну, як заўсёды: галоўная дысцыпліна ва ўніверсітэце - фізкультура! Да таго ж у мяне тады быў Ігар, і я ўвогуле не ведала, што адбываецца. Ігар, Ігар - хто такі Ігар? Мы з ім гулялі па горадзе, ён праводзіў мяне дадому, ён цалаваў мяне ля пад'езда - і ніводнага разу не намагаўся застацца. І размовы мы з ім мелі НІ ПРА ШТО, і чаго ён ад мяне хацеў - я не разумею. І хто ён быў такі - я не разумею. Тут самае цікавае - што? Тое, што мне ад яго нічога не было патрэбна. І яму ад мяне - напэўна, таксама нічога. І ў чым тады быў сэнс?
Карацей, я была ў прастрацыі. І ў такой вось прастрацыі я чарговы раз пайшла прасіць заліку па фізкультуры. Я прыйшла... А Скодар мне адмовіўся ставіць залік! Ён сказаў, што мне адпрацоўваць яшчэ цэлы год трэба і што ён ніколі мне не паставіць, і паслаў мяне да іншага фізрука. А гэта такі страшны дзядзька - ён нікому не ставіць, і я разумела, што ён і мне не паставіць, а мне ўжо ўсё - вілы! Бо заўтра ўжо першы іспыт, Чкалаў, а яшчэ грошай няма за кватэру плаціць, і... Ну ўсё. Я пайшла да таго дзядзькі прасіць заліку, прашу я, прашу, а ён мне не ставіць, і адначасова са мною просіць заліку нейкі хлопчык. А хлопчык вельмі смешна выглядаў: ён прыпёр нейкую насценгазету! І тыцкае фізруку ў нос гэтай газетай пра фізкультуру. Яму там нехта сказаў, што фізрукі за насценгазету залікі ставяць! Маладзенькі такі, чарнявенькі хлопчык. А фізрук нас выгнаў ды сказаў, каб мы ніколі не з'яўляліся.
І я пайшла... І мне так сумна было - жах! Разумееш, так усё кепска было і без гэтай фізкультуры, а тут яшчэ і да сесіі не дапускаюць, і адпрацоўваць трэба, а калі? І адчуваю я, што выпруць мяне з універсітэта, і ўсё жыццё зноў пад адхон пойдзе, і... Ну, як заўсёды. І вось іду я па калідоры, і тут даганяе мяне гэты хлопчык з насценгазетай: што, кажа, не паставіў ён табе заліку? Ды ён нікому не ставіць, вось і мне не паставіў, а ў мяне іспыт заўтра, кажа, і яшчэ абняў мяне так - уяўляеш! Па-сяброўску так, за плечы! А я думаю: ды адчапіся ты ад мяне, прыдурак малалетні, і без цябе кепска! А ён не адчапляецца, а тут я сустракаю Асіпенку, пытаюся: табе паставілі залік? Асіпенка кажа, паставілі, а я думаю: як яму паставілі, у яго таксама ніводнага наведвання! І стала мне шчэ горш, і пабегла я па калідорах хутчэй, і хлопчык гэты з насценгазетай знік нарэшце...
Я яшчэ крыху пабегала па ўніверсітэце ды выйшла папаліць - туды, на нашае месца, на самае сонейка, сяджу я, куру, і так мне сумна, і так мне кепска, і слёзы з вачэй усё капаюць, капаюць... І выпадкова я заўважаю - далёка, на аўтобусным прыпынку, там, ля метро - заўважаю гэтага хлопчыка з насценгазетай: стаіць ён і нікуды не едзе. І раптам гляджу - опанькі! - а хлопчык мяне таксама заўважыў, павярнуўся ды пайшоў назад да ўніверсітэта. Я на яго гляджу ды думаю: гэта яшчэ што такое? Бо ён не проста да ўнівера ідзе, а да мяне! Ну, думаю, цікава... Так і аказалася: напраўдзе, ён падышоў да мяне, сеў побач ды пачаў плесці розную лухту: маўляў, давай ужо сябраваць, калі мы з табою сябры па няшчасці... І мы зноўку вярнуліся ва ўніверсітэт, я намагалася атрымаць яшчэ нейкі залік і, здаецца, атрымала, а потым я размаўляла з нейкай дзяўчынкай, і хлопчык з насценгазетай таксама ў размове ўдзельнічаў... А потым я прапанавала:
- Ну хадзем піць піва, калі ўжо мы разам!
А ён кажа:
- Не, у мяне грошай няма!
А я настойваю:
- У мяне ёсць, усё адно хадзем!
- Не, - кажа, - так не пойдзе, я зараз пазычу ў каго-небудзь!
І што ты думаеш? І пайшоў, і пазычыў ён тых грошай, і пацягліся мы піць піва.
Мы дабрылі да самай Нямігі. Селі ля вады: там, дзе з аднога боку - сцяна і зусім побач - вада. Ужо вечарэла, мы глядзелі на гэтае вечаровае неба, на вечаровае сонца, на качак, і было так цёпла, так спакойна, і мне было так добра... Але ўсё адно ўсё было кепска. Але вось менавіта тады - добра. Мы размаўлялі нібыта ні пра што: пра ваду, пра качак - якія яны дурныя, і раптам ён выцягнуў з заплечніка - а ў яго быў такі файны сіні заплечнік! - ён выцягнуў з заплечніка - уяўляеш! - тамтам! Маленькі такі тамтамчык ды пачаў на ім іграць. Ён іграў на тамтамчыку шаманскія мелодыі, і мы сядзелі паміж вадою ды сцяною, маўчалі... А яшчэ хлопчык мне пераказваў свае сны: нібы ён сніць дудкі, дудачкі, тамтамы ды барабаны, і ўсё гэта ўрэшце складаецца ў аркестр ды пачынае іграць, і ён гэта сніць...
А я яму сказала:
- А ты ведаеш, я - Пух!
- Які Пух? - здзівіўся.
- Ну які Пух - звычайны Пух, Віні-Пух!
- А, - кажа, - Пух - гэта добра! Я так і ведаў, што ты - Пух! У мяне ў галаве сёння цэлы дзень гучала: «Пух-пух-пух»! З таполяў пух ляціць, і ты - Пух... Гэта добра!
І працягвае іграць на сваім тамтамчыку.
Пра што яшчэ мы размаўлялі - ніяк узгадаць не магу! Хлопчык распавёў мне пра дзень народзінаў свайго тэлефона - як ён тэлефонава сямігоддзе надоечы святкаваў. Ну так, правільна: яму ў дзевяноста трэцім паставілі тэлефон: хатні тэлефон, стары, карычневы... І нумар мне на далоні занатаваў: каб я магла, калі пажадаю, самастойна павіншаваць ягоны ўлюбёны тэлефончык!
Калі ўжо дабравата сцямнела, мы пайшлі да тралейбуснага прыпынку; і там, на прыпынку, у чаканні тралейбуса хлопчык выцягвае з заплечніка нейкую зашмальцаваную кніжку ды пытаецца:
- Ты чытала? Вось мне далі пачытаць, мне так падабаецца!
А я гляджу... Жэнька, ты не паверыш! Гэта быў Гесэ! «Степной волк». Я чытала яго, калі мне было дзевятнаццаць гадоў - рыхтык як хлопчыку, і, здаецца, таксама ў траўні, і кніжка на мяне тады такое ўражанне зрабіла - ты ж памятаеш! І я гляджу - а выданне такое самае, і кніжка таксама не ягоная, а пазычаная немаведама ў каго! Я кажу: маўляў, не, так не бывае, такія супадзенні! А хлопчык - ты ўяўляеш? - ён, як выйшла, да таго ж нарадзіўся ў красавіку - ледзь не ў адзін дзень са мною, толькі на тры гады пазней...
Я прыехала дахаты, села на кухні, запаліла. А потым узяла зялёны маркер ды напісала на дзвярах: «Белы... Чорны... НАВОШТА?» У тым сэнсе, што Ігарочак бялявенькі, а гэты - чарнявенькі...

Жэня азірнулася на кухонныя дзверы. Гэта былі не дзверы, проста план-канспект Ірчынага - і калісьці Жэньчынага - жыцця. Побач, на маленькай лядоўні, заўжды ляжаў зялёны маркер, за які хапаліся дзяўчаты пры нейкіх зменах у жыцці (або адсутнасці зменаў), - хапаліся за маркер ды крэмзалі на дзвярах вельмі змястоўныя надпісы. «Не плачь, Женька! Всё пройдет, как с белых яблонь дынь!», «Люблю - и всё тут!», «Ангедония - диагноз отсутствия радости», «Концерт имеет свойство ля финита», «Жанчына без мужчыны - што рыба без парасона», «Камасутра прямо с утра», «СУКИ», «Никого нет вокруг...». Месца на дзвярах урэшце стала мала, надпісы перакінуліся на лядоўню... Аднаго разу Жэнька працытавала Бродскага на правым баку старой лядоўні, побач са сметніцай:

І, прыехаўшы наступнага разу, знайшла водгук на сваё прызнанне. Пад вершыкам было прыпісана: «Ты просто не умеешь их готовить!», і выказванню дадаваў новага сэнсу факт напісання гэтага на лядоўні.

- Не, не шукай! - махнула рукой Іра. - Усё ўжо зацёрта... Тут ужо дзесяты слой пайшоў... Слухай далей.
Колькі дзён мінула, не памятаю. Але, мабыць, не вельмі багата, бо заліку па фізкультуры я яшчэ не мела. Я сядзела дома адна, і Каця кудысьці знікла, і не было мне чаго рабіць - ну як можна рыхтавацца да заліку па фізкультуры? І я вырашыла патэлефанаваць хлопчыку, бо ён абяцаў мне прынесці кніжак. Ну так, мне не было чаго чытаць - а ён паабяцаў! І вось, выключна дзеля новых кніжак я пайшла да Гінзбургаў ды патэлефанавала хлопчыку. Кажу ў слухаўку: «Ці магу я пачуць Марата?»
- О!.. Дык яго Маратам клічуць!
- Ага... Маратам... Слухай далей. А слухаўку падняла жанчына. І я адразу вырашыла, што трапіла ў нейкі цыганскі прытон. Па-першае, сам хлопчык быў нейкі... чарнявенькі такі, кучаравенькі! І жанчына голас мела такі... як у цыганкі: стомлены такі, глыбокі...
- Не, - кажа, - Марата няма дома. А што яму перадаць?
- Перадайце, - кажу, - што тэлефанавала Ірына, і што, калі Марат дагэтуль мае намер прынесці мне кніжак, хай прыходзіць сёння а пятай вечара.
- Добра, - адказвае мне цыганка, - я ўсё занатавала, так і перадам.
Падзякавала я Гінзбургам, вярнулася на кухню, села ды гляджу ў акно. А за акном такое робіцца, проста цуд: бэз рыхтык квітнеў, такая шчыльная пена фіялетавая на ўсё акно... І дожджык пачаўся - рыхтык як цяпер... І я сяджу ды думаю: «Не, так не бывае. Ну папросту не можа такога здарыцца, каб нехта вось узяў ды прыйшоў!» Бо Дзіму я выгнала, Лёшу прагнала, Ігарочак яшчэ нейкі быў... А дождж тым часам ператварыўся ў неблагую такую залеву, свежанькую. Мабыць, нават у навальніцу. І раптам я заўважаю, што нешта за акном не так, як мусіць быць. Пасярод фіялетавага бэзу знянацку ўзнікла ярка-аранжавае: нібы сонца сюды ў двор спусцілася! І пры бліжэйшым вывучэнні сонейкам аказаўся швэдар Марата: аранжавы ў чорныя палоскі. Стаіць ён, апельсінчык такі, у руцэ рамоначкі сціскае ды разгублена так на акно пазірае. А на акне маім стаіць вялізны-вялізарны букет рамонкаў. Бо я тою вясною ў чым-чым, але ў рамонках сабе не адмаўляла!
Ага, думаю, а да нас госці прыйшлі!
Адмыкаю я Марату дзверы, а ён працягвае мне рамонкі.
- Вось, - кажа, - на апошні даляр, знойдзены ледзь не ў калюжыне, я набыў табе гэтыя цудоўныя палявыя кветкі.
Я ўзяла рамоначкі, засунула іх у слоік - да маіх, і мы паселі на кухні размаўляць...
- А кніжкі ён прынёс?
- Ну так, прынёс... Зараз-зараз... Вульф... «Электрычны...» Як яго... Электрычны...
- Венік!
- Ды не! «Электрычны-не-памятаю-што» і яшчэ нейкую, таксама цікавую.
Мы з хлопчыкам размаўлялі... Ну, ведаеш, так, як з табой! Цікава было і - найцікавейшае - без усялякага напружання. Мы дагутарылі да дванаццатай гадзіны ночы, і я думаю: ну досыць, мабыць, для першага разу! Кажу, маўляў, ідзі ты, Марат, дахаты, там цябе мама чакае... А ён, уяўляеш, не хоча сыходзіць! Кажа, што занадта моцны на вуліцы дождж! А я Марату куртку сваю дала, чорную, скураную, кепку дала... Сышоў ён нарэшце, і я пачала ўжо да сну рыхтавацца, бо назаўтра трэба было зранку ехаць на Ўсход - адрабляць фізкультуру. І не мінула нават дваццаці хвілінаў, як - опанькі! - з'явіўся! Назад прыйшоў!
- Не, - кажа, - не даеду я дадому! Там дождж такі! А можна, я ў цябе застануся?
Цікава, думаю, а што будзе, калі я скажу: «Нельга!» Цікава, думаю, атрымліваецца: другі раз у жыцці я гэтае дзіця бачу, а ён ужо на ноч застаецца! Ну не магла ж я Марата пад дождж выгнаць! І пачалі мы яго высушваць - а ён мокры быў ушчэнт.
Знялі мы ягоны швэдар, я майку нейкую знайшла... І ведаеш, што мяне здзівіла? Што мяне проста ўразіла? Гэты хлопчык, ён меў водар дзяцінства! нейкі напарфумаваны нарцыс, не спатнелы мужык... Ад яго патыхала дзяцінствам: дажджом, ветрам, бэзам, травеньскай ноччу - гэткім свежым, гэткім чыстым, нейкім шчасцем, сонцам, свабодай... Такі водар мае дзяцінства. Ён быў як сонейка: з'явіўся тут апоўначы - навошта? Чаму? Я не разумею. Гэта было як абяцанне шчасця. Вось менавіта тады, адчуўшы гэты чысты водар дзяцінства, я пачала ўсведамляць, што нешта адбываецца - у маім жыцці, адбываецца - нешта значнае.
Мы паселі ў зале: я - у фатэлі, ён - на канапе, не на маёй, на тваёй, - і размаўлялі! - амаль незнаёмыя! - пра ЎСЁ: пра Сусвет, пра Лёс, пра Шчасце, пра Каханне, і я крычала яму: «Як? Як ты можаш чытаць мае думкі?! Як ты можаш апярэджваць мае словы?!! Чаму? - і адкуль ты такі з'явіўся?!!»
Вось так мы прагаварылі недзе... ну... да пятай гадзіны раніцы, пэўна ж, і я ўрэшце абвясціла:
- Ну ўсё, Марат, давай усё ж спаць, пагатоў і табе заўтра ехаць на Ўсход...
Хаця колькі там засталося спаць - гадзіны тры, не болей. Я Марату прапанавала тваю канапу, а ён - ты толькі ўяві нахабства! - кажа, маўляў, лепш я побач з табой лягу. Думаю, Божа, дзіця якое, хай кладзецца, толькі што на коўдру...
- А ты магла б яму не дазволіць! - рэзонна заўважыла Жэнька.
- А я тады не думала ні пра што! - гэтаксама рэзонна, на ейнае меркаванне, аспрэчыла Іра. - Пра што ўжо там можна было думаць? Сітуацыя такая была. Мякка кажучы, дзіўная. Мазгі ў часе бяссоння такія рэакцыі выдаюць... Неадэкватныя! Гэта цяпер усё гучыць так, нібыта ён да мяне заляцаўся, а тады мне ягоная прапанова здалася цалкам натуральнай. Мабыць, менавіта што ЗДАЛАСЯ. Як там ні было, але я заснула, ледзь крануўшы галавой падушку. А вось абуджэнне было... Дзіўнае - гэта мала сказаць!
Я расплюшчваю вочы, бо запілікаў будзільнік. Расплюшчваю вочы ды спрабую ўгледзець, колькі часу. І нічога не разумею! Да канапы прысунуты столік, на яго пастаўлены будзільнік, але не проста пастаўлены, а пакладзены на бок! Перавернуты - каб я, не падымаючы галавы, пабачыла час! Прачынаюся я далей і бачу - на падушцы, пад самым маім носам, ляжыць рамонак! І вось тады, з таго самага моманту, як знайшла рамоначак на падушцы, - я зразумела, што сапраўды адбываецца НЕШТА. Ну, думаю, нішто сабе: рамоначак, будзільнік... А на століку, побач з будзільнікам, - паперка з наступным тэкстам: «Не захацеў цябе будзіць, сустрэнемся а дзесятай на Ўсходзе. Марат».
Я збіралася на гэты Ўсход... Я ехала на гэты Ўсход ды думала: «Не! Не-не-не! Ну куды ж яму прыехаць, ён паехаў дахаты, там, пэўна ж, заваліўся спаць, не, не! Не, ён не прыедзе!» Я зашнуроўвала красоўкі ў распранальні ды думала: «Не! Не, ён не прыехаў!»
Фізрук паслаў мяне ў залу, я ўвайшла ў гэтую неабсяжную спартовую залу... І ён там быў - Марат прыехаў! Уяўляеш, якое дзіва: ён паабяцаў і прыехаў! Марат адразу ж скіраваўся да мяне, такі шчаслівы, нібыта быў рады мяне бачыць, ды працягнуў мне... Здагадайся што? Сырок у шакаладзе! Ты ўяўляеш? Марат працягвае мне гэты сырок ды кажа: «Бяры! Ты, напэўна, і паснедаць не паспела!» А ў зале, у гэтай вялізарнай пустой спартовай зале, апрача нас быў толькі Лёша! Вось табе і ўсмешкі Лёсу! І Лёша падыходзіць да нас і ўсміхаецца загадкава... Нібыта хоча сказаць: «Ну-ну! Ну-ну, Марат, паспрабуй да яе падваліць! Пацягай ёй кветачкі-рамоначкі, сыркі ў шакаладзе, білецікі ў кіно!» Не ведаю я, што напраўдзе думаў Лёша, - ён, натуральна, мне сваіх думак тады ўжо не выказваў. І тут з'явіўся фізрук: «На крос, дзеці, хуценька на крос!» Уяўляеш, як я, пасля мінулае ночы, бегла той крос? Я адчувала сябе анёлам. У тым сэнсе, што не адчувала ні ног, ні рук, ні галавы, а толькі крылы, якія дзівам утрымлівалі мяне над падлогай. Праз гадзіну я, знясіленая, ужо нічога не магла рабіць, адно што распаўзлася на ўсе шпагаты на вачах уражанага фізрука, і той сказаў: «Ну ўсё, гэта залік!» Але заліку, гад, так і не паставіў. Ну правільна: мне давялося яшчэ ой як доўга матляцца адпрацоўваць на той Усход!
- І што, і Марат ездзіў?
- І Марат ездзіў. Яшчэ як ездзіў! І вось - нарэшце! - аднаго разу ён не з'явіўся. Ну ўсё, думаю, дачакалася. Ненадоўга ж, думаю, хапіла цябе, хлопчык ты мой! Ну што, усё, як заўжды, цуду не адбылося, хлопчык перагарэў, рамоначкі завялі... Усё, канец! Ты лічыш, я доўга гэтак думала? Рыхтык да раніцы наступнага дня. Ну не да раніцы - калі мы там з Кацяй прачыналіся? Гадзіне а дванаццатай, напэўна! І ў той дзень, як памятаю, нядзеля была, не трэба было нікуды ехаць...
А ўжо лета ўсталявалася. І трывала так, ведаеш, усталявалася, так - эх! Карацей, амаль спёка была. Я расхінаю ўначы фіранкі ў зале - і што я бачу?!! На падаконне, з боку вуліцы, пакладзены букет кветак: рамоначкі ўсялякія, званочкі, валошкі - тыя, што бабкі ля метро прадаюць. І яшчэ паштовачка з малюначкам - самаробная паштовачка з акварэльным малюначкам: мора такое сіняе, пальмы... І ў мяне нават думкі не ўзнікла - вось яны, пражытыя гады! вось ён, жыццёвы досвед! - у мяне нават думкі не ўзнікла, што гэта можа прызначацца мне: кветачкі, паштовачка... Альбо акном памыліліся, альбо дзеля Каці хтосьці з ейных мужчын пастараўся.
Я так і закрычала:
- Каця! Каця, хадзі хутчэй! Тут табе нешта паклалі!
А Каця ў адзін момант з кухні прыскакала: вочы гараць, валасы ўскудлачаныя, акно за секунду расчыніла, паштоўку - цоп! А на паштоўцы ўнізе - подпіс: «Для Ірыны».
- На, - кажа яна, сумная такая, расчараваная, - на, - кажа, - гэта табе!.. Для Ірыны...
Я ўзяла - Божа, думаю: мне - паштоўка! - адкрыла, а там вершык, бяздарны мілы вершык...

- А паштоўка захавалася? - падазрона спытала Жэнька, нібыта следчы, палюючы на рэчавыя доказы.
- А... А ты ведаеш, захавалася! Яна тут, зараз, чакай!
Іра злётала ў залу, прынесла сяброўцы гэты самаробны твор мастацтва.
Жэня ўзялася чытаць вершык, загадзя вырашыўшы абвясціць яго бяздарным.

Целую в звезды. Спальный мешок.

Жэня, нават не спрабуючы прыхаваць пагардлівую ўсмешку, задаволена паклала паштовачку з морам і пальмамі на стол, між пакункам маянэзу ды хлебным лусцікам.
- Гэта яшчэ горш, чым я спадзявалася. Я пасля такога опусу перастала б яго паважаць. А «Целую в звезды» ён у Сарокіна сцягнуў, дакладна. А што гэта за подпіс такі: «Спальный мешок»?
- А... Ды гэта я яго так называла. - Іра прыбрала са стала паштоўку, пяшчотна ды тужліва паглядзела на яе, гэтую рэшту з кахання, ды асцярожна паставіла на падаконне. - Гэта калі Марат раптам сустракаў мяне з Ігарам або калі ён прыходзіў, а ў мяне тут Ігарочак сядзеў, - Марат такі ніякаваты рабіўся, маўклівы, сумны, а я яго штурхала, казала: «Ну што ты нейкі не такі! Як спальны мех!»

- Ой, слухай, - усхапілася Жэнька, - у цябе ж яшчэ Ігарочак быў! Калі ж ты яго кінула?
- Ха! Калі б я яго кінула! Гэта Ігарочак мяне кінуў! Уяўляеш? Я - з цяжкасцю. Ігарочак у маім жыцці - увогуле такая таямнічая з'ява, не асэнсаваная ані трохі. Ну хто такі быў Ігар? Нейкі сябар Андрэя, нешта іграў у іхным гаражы на гітары... Анёлак такі, хлопчык-званочак, прыгажунчык бялявенькі... І пачалося ўсё дурноццем, і завершылася гэтаксама... Была вясна, сонца грэла, паветра было цёплае, і я хадзіла, дыхала паветрам, мне хацелася з кім-небудзь размаўляць, сядзець на лавачках, адчуваць, як нехта абдымае мяне за плечы, хацелася цалавацца... Проста так, у якасці вясновай гімнастыкі для мышцаў твару... І вось гэтае пустое месца ў маім жыцці і заняў Ігарочак. Ах, ах, мілы хлопчык, дзень народзінаў Іны, ці любіш ты каньяк з лімонам, а давай сцягнем сцяжок з ліхтара... Нічога, дарэчы, з гэтага не выйшла, а выйшла толькі цудоўная фатаграфія, дзе Ігарочак на ліхтар па сцяжок лезе... Памятаеш нашыя спатканні? Лухта нейкая: мы сустракаліся пад мостам на «Кастрычніцкай», ішлі бадзяцца, размаўляць не было пра што, мы пілі піва... Дарэчы, заўжды за мае грошы! Мне ўжо пачынаў надакучаць гэты бедненькі студэнцік - а сам, між іншым, у друкарні працаваў! - ён мне з самага пачатку пачаў надакучаць, - і тут ён сам вырашыў усё скончыць. Спачатку ў яго з'явілася больш працы ў друкарні, пасля проста нейкія цьмяныя СПРАВЫ, і вось у адзін цудоўны дзень Ігарочак з'явіўся на мае вочы. Карацей, сюды прыцягнуўся: анёлак такі, кудзеркі свае бялявыя пад капюшон балахона схаваў, сеў на канапу насупраць мяне... А я на тваёй канапе валялася, дагары нагамі: я Толкіна чытала. І вось пачаў Ігарочак расказваць пра нейкі канцэрт, на які ён увечары ідзе, а мяне не бярэ, бо на канцэрце будуць скіны, якія пасля канцэрта будуць УСІХ ІХ біць, і я не павінна гэтага бачыць... Я яму пярэчыла: а чаму гэта я не магу пайсці на канцэрт? І каго гэта ЎСІХ? А можа, я ўвогуле хачу паглядзець, як гэтых УСІХ ІХ біць будуць? А Ігарочак лухту нейкую вярзе, на мяне не глядзіць, пад капюшонам сваім хаваецца, як вядзьмак... Раптам выцягнуў свой нататнік ды пачаў у ім корпацца, выкрэсліваць нешта.
- Я, - кажа, - выкрэсліваю каардынаты сваіх былых сяброў! Тых, хто мне больш не патрэбны.
А потым адразу як заляпіў:
- У нас з табой, Іра, усё!
А я кажу:
- Як гэта - усё? Што гэта - усё?
Ігарочак нешта балбатаў, а ў фатэлі люстра было пастаўленае, і я гляджу ў гэтае люстра, бачу яго ў балахоне, сябе, ногі свае, твар свой, і думаю: ну вось, мяне тут кідаюць, а я, напэўна, павінна плакаць... І я пачала плакаць. Ну гэта ж так крыўдна, так балюча, калі кідаюць! Нават калі гэта нейкі дурнаваты Ігарочак.
І тут Ігарочак хуценька пачаў збірацца, маўляў, не магу бачыць жаночыя слёзы - і знік, як і не было яго.
А мне зрабілася вельмі-вельмі кепска. І крыўдна. І балюча. Ну, калі з аднаго боку паглядзець, нічога не адбылося, проста зваліў Ігар, які мне і патрэбны не быў... Але з іншага боку, мяне кінуў хлопец! Мяне кінуў - не я яго! Крыўдна. І я пайшла ў краму, купіла на апошнія грошы каньяку і лімон, вярнулася дахаты, лімон парэзала, каньяком заліла, ну і... І выпіла! Бо мне было так кепска - жах! І Каці не было, я адна тут бадзялася ад сценкі да сценкі, на лямпачку скуголіла: мяне хлопец кінуў! І калі я была ўжо амаль няздатная на нагах стаяць, я ўзяла лязо ды напісала вось гэта...

Іра яшчэ раз прадэманстравала руку з невыяўным надпісам «МЯНЕ НЯМА». Жэня пакінула гэта без каментароў, адно паварушыла вуснамі.

- І вось так я бадзялася, ледзь галавою аб падлогу не білася, і было мне кепска, балюча, жахліва, і мне ўвесь час здавалася, нібы нехта за мною назірае. Я табе сур'ёзна кажу: быццам нехта ў елках схаваўся ды ў акно глядзіць! А ўжо звечарэла. Нават ноч была. Карацей, вельмі цёмна. Я неяк разаслала канапу, каб спаць, прыцягнула сабе з лазенкі тазік, паставіла ля галавы і нават ужо мела намер выкарыстаць яго па прызначэнні, як у гэты самы момант такое пачула! Ад акна такі жахлівы грукат пайшоў - нібы нехта за падаконне чапляўся ды сарваўся. Я ўскочыла, млосці як не было - жах такі! - да акна падбегла, зірнула - а там нікога, і толькі елкі калыхаюцца... Я дагэтуль не ведаю, хто гэта быў... Не, ну ёсць у мяне нейкія падазрэнні...
- Марат? - спыталася Жэня ды, зірнуўшы ў бок залы, павяла плячыма.
Грукат пад акном пасярод ночы - вось гэта сапраўдны жах! Жэня дакладна памятала, як яны тут з Ірай баяліся спаць - удзвюх! - як шчыльна нацягвалі фіранкі ды нават прывалаклі з вуліцы вялізарны камень - на ўсялякі выпадак.

- Іменна што Марат, - змрочна сцвердзіла Іра, - толькі доказаў няма. Я ж не пыталася! Уяўляеш, у хлопца спытацца: «Ці не лазіш ты, Марат, у мяне пад вокнамі сярод ночы?»
- Я спыталася б, - абыякава сцепанула плячыма Жэня, - што тут такога? Я прызналася б! Ну і што там далей было?
- А вось ад гэтага моманту я ўсё вельмі цьмяна памятаю, - уздыхнула Іра, - як у тумане. Я кудысьці хадзіла, нешта вучыла, нада мною вісела пагроза вылецець з універа, бо я мела тры хвасты, а можна ж толькі два... І гэтая пачварная Новая Эўропа з Амерыкай! Памятаю маю спробу забіць Ігарочка...
- Што? - закрычала Жэня. - Што?
- Ну што, што... Сядзела я аднаго разу на гаўбцы ў Андрэя, піва піла ды распавядала, як мяне кінуў Ігарочак. Дапіла ды ўзяла і шпурлянула бутэльку з гаўбца не гледзячы. А Андрэй як закрычыць: «Ты ледзь не забіла Ігара!» Уяўляеш, мая бутэлька ляцела, а там Ігарочак ішоў, і калі б ён не адскочыў, я б яго забіла! Бутэлькай!
- Вось табе і лёс! - падсумавала Жэня. - Яшчэ адзін крок - і я табе перадачы ў турму насіла б. Уяўляеш сябе ў вязніцы? Ну добра, пра Марата гэтага давай ужо распавядай.
- Ну не памятаю я! - узмалілася Іра. - Тады не жыццё было, а нейкая вар'ятня. Кацька ўсялякія фокусы выкідвала, посуду не мыла, дзякуй, што ложак засцілала... Кацяня аднойчы прыперла - уяўляеш? Бялявенькае такое, казала, што яго Мік клічуць... Ён тут роўна адну ноч прабыў, інакш я і Кацьку выкінула б... Каза! Слухай. Аднойчы мы з ёй сядзелі, гарбату пілі, раптам прыйшоў Марат, і мы пачалі піць іншыя напоі, мацнейшыя. Яны тады ўпершыню пабачыліся. Колькі мы выпілі, не памятаю, але, мабыць, багата, бо Марат палез на акно нюхаць бэз ды зваліўся!
- У двор?! - жахнулася Жэня.
- Не, у кухню, дзякуй Богу. Але ляцеў ён жахліва, я нават не ўяўляю, як так можна было падаць: спачатку на пліту, потым на столік, а потым - на падлогу, і з такім грукатам, нібы мех бульбы! І на спіне ў Марата з'явілася вялізная такая, сіняя з чырвоным, драпіна. Кацька сцягнула з яго швэдар ды ўзялася лячыць. Яна так і сказала: «Марат, я буду цябе лячыць!» Кацька спачатку мазала яму спіну, а потым паклала на падлогу і пачала рабіць адмысловы масаж: яна па ім хадзіла. Нагамі.
Потым Каця пайшла ў лазенку, каб паспець на гарачую ваду, а Марат узяў маю руку - усю крывавую такую - і пацалаваў. А я кажу: «Ты мяне шкадуеш?» А ён: «Не, так проста. Не цябе, а тваю руку». Дурдом.
А праз некалькі дзён мы сядзелі з Кацяй на Нямізе ды дзялілі Марата. Яна пыталася, і агрэсіўна так пыталася: «Ён табе патрэбны? Ён табе вельмі патрэбны?» А я не разумела, чаго Кацька хоча, і адказвала: «Я не ведаю...» А Каця нападала: «Ну дык ты не крыўдуй, калі што!» А я не разумела: калі ШТО?
Але хутка я даведалася, бо Марат да нас хадзіў-хадзіў і аднаго разу апынуўся ў Кацьчынай канапе. А я на кухні ціхенька так сядзела, гарбатку піла... Потым спаць пайшла. Такі вось дурдом.
А Марат працягваў да нас хадзіць; ён гуляў з Кацяй у шахматы, вырабляў тут усялякія штукі цікавыя, чалавечкаў з шышак, вісюлькі розныя з грыбоў, самалёцікі... І невядома было, навошта ён ходзіць, і галоўнае - да каго, але потым выйшла, нібыта да мяне, бо аднойчы ён памяняў канапу - і апынуўся на маёй, разумееш? Вар'ятня. Уяві, як гэтая фурыя малалетняя рэагавала. У мяне тут не жыццё было, а пекла нейкае, чортаў вір... Іспыты здаваць трэ было, і грошай - ні капейкі... І людзі нейкія хадзілі - карагодамі! Незнаёмыя людзі - у маю кватэру! Гэта Каця іх цягала. Дорага мне абыходзіліся ейныя пятнаццаць даляраў! Гэты Антон, што ў Кацю быў закаханы, - ён быў упэўнены, што Каця прымае наркотыкі, - мабыць, думаў, калі Каця глядзець на яго не хоча, дык яна проста абдзяўбаная - яшчэ адзін вар'ят закаханы! Антон аднойчы з нейкімі хлопцамі ў кустах засеў і Марата збіў на горкі яблык - вырашыў, што Марат - барыга, які Каці наркотыкі прадае! Уяўляеш? Як тут весела было...
І тут гаспадар з'явіўся ды загадаў, каб я на ліпень з кватэры вымяталася. Гэта быў проста канец... Каця знікла ўмэнт: колькі ў яе тых рэчаў было! Не тое што ў мяне: посуд, вопратка, касеты, кнігі, коўдра, матрац, падушка... Я ж тут ЖЫЛА... І пачаўся такі дурдом, што ты нават не ўяўляеш. Рэчы трэ было тэрмінова распіхваць па знаёмых - і я мусіла паспець да ад'езду ў Крым. І Марат са мной торбы цягаў: да Наташкі, да Андрэя... Сабе таксама нешта ўзяў... Кнігі, карцінку гэтую з Віні-Пухам і Пятачком... Кацьчын падарунак, дарэчы. Рамоначкі мне дарыў - уяўляеш, рамоначкі мне дарыў!
Аднаго разу ўжо неяк позна было, мы ў метро цягніка чакалі, і я сказала: «Слухай, Марат, так не пойдзе! Ты што, мяне зараз у цягнік запхнеш - і пакуль? І я дахаты адна пайду? Альбо праводзь мяне дахаты - альбо не ведаю што!» І ён сумна так уздыхнуў ды сказаў: «Ну... Хадзем да мяне».
І мы пайшлі. А было лета, і мне ў маіх ботах было не вельмі, мякка кажучы, прыемна. І я іх зняла ды так і пайшла. Усё было б нічога, але шкарпэтак я не зняла - мне так захацелася, а было не вельмі суха, і на маіх беленькіх шкарпэтках утварылася яшчэ адна падэшва... Мы дайшлі да Маратавай кватэры, і я ўявіла, як я зараз пачну пэцкаць ягоныя чысценькія дываны сваімі нагамі, і я сказала: «Э?», а Марат уздыхнуў так асуджана: «Што ўжо цяпер...»
Мне падаецца, ён ужо тады пачаў на мяне неяк злосна пазіраць раз-пораз...

І Іра таксама фатальна ўздыхнула. Жэня падзьмула ў бутэльку, і няісны джын загудзеў тагасветным гукам.

- І ўсё, можна сказаць, скончылася. Ну, амаль. А! Вось! Галоўнае! Я Марату прапанавала: «А давай галовы паголім!» Проста так сказала. А ён назаўтра з'явіўся з паголенай галавой! Вось. Паехала я дахаты - а Марат мяне не праводзіў, у цягнік не садзіў, адно толькі паабяцаў у Крым да мяне завітаць, - дык вось, паехала я да бацькоў і пагаліла галаву. І маці яшчэ адмаўлялася побач са мной хадзіць, а нам яшчэ трэ было адкасіць ад размеркавання, ну, ад практыкі ў летніку, і мы з маці ездзілі, дамаўляліся... Яшчэ адзін галаўны боль.
І ў Крым я ехала ніякая. Мне было кепска. Лысая, выціснутая ўсімі гэтымі праблемамі з кватэрай, з летнікам, з універам... І Марат гэты... Цётка, пабачыўшы мяне, жахнулася ды ўзялася мяне лячыць. І вось уяві: лета, Феадосія, спёка, мора, я цягаюся па розных працэдурах, хаджу на пляж... Я была ці то як аслепленая, ці то як стукнутая... Спёка трывала жахлівая. Я ішла на пляж - і несла шторазу стосік падручнікаў: гэтая Новая Эўропа з Амерыкай! Уяўляеш - мне трэ было вучыць! Улетку! У Феадосіі! На пляжы!
І я чытала, вучыла... Нічога мне ў галаву не лезла. І я чакала. Марат жа паабяцаў прыехаць. Я чакала яго са страшнаю сілаю. Штодня. Я прачыналася і думала: ну вось, сёння прыедзе Марат! І ён не прыязджаў. Я засынала ды спадзявалася: ну вось, заўтра прыедзе Марат! І ён не прыязджаў. Я ляжала на пляжы ды замест таго, каб вучыць, глядзела ў далячынь: а ці не ідзе там недзе Марат? І ён не ішоў.
Напэўна, гэтае чаканне і зрабіла сваю чорную справу. Я ў яго закахалася. Не тады, калі ён штодня з'яўляўся, вершыкі пісаў, малюначкі розныя, не тады, калі ён мяне рамоначкамі абсыпаў... А тады, калі штохвілінна яго чакала. Марат мне даў такую надзею! Ён ПААБЯЦАЎ. І я чакала.
І вось аднойчы я прыйшла з пляжа ды звалілася на канапу. Нічога я ў той дзень не вывучыла. Я ляжала, у столь глядзела ды думала, што вось колькі разоў я ўсіх запрашала да сябе ў Феадосію, і ўсе заўжды казалі: «Так, так!», а потым ніхто не прыязджаў, і я ў той момант востра так усвядоміла, што Марат - ён такі, як усе, і што чакаю я дарэмна і ніхто да мяне гэтым разам не прыедзе...
І я заснула. Абсалютна няшчасная.
Я прачнулася ад таго, што цётка мяне расштурхвала: «Іра, Іра, прачынайся! Іра, прачынайся, да цябе прыехалі!»
Я пабегла да дзвярэй, зірнула ў вочка, а там віднеліся два чалавекі. Гэта быў Марат з нейкім сваім сябруком.
Ён прыехаў, як абяцаў.
Гэта быў цуд. Гэта была радасць. Гэта было шчасце. Ён паабяцаў - і прыехаў. Я чакала яго, чакала - і дачакалася. Ён прыехаў да мяне! Гэта быў цуд, найвялікшы цуд у маім жыцці - і ён доўжыўся вельмі-вельмі нядоўга.
Бо праз секунду я расчыніла дзверы, і Марат мяне пабачыў. Я адразу заўважыла, як ён глядзіць на мяне, - я лысая, з парэзанай рукой, у нейкім балахоне, і я бачыла, што ён глядзіць на мяне ці то з пагардай, ці то з гідотай... Мабыць, гэтае відовішча яго ад мяне і адвярнула...

- Лухта! - упэўнена запярэчыла Жэнька. - Лухта! Кахаюць не за нешта, а проста так!
- Ну так, - сумна пагадзілася Іра, - проста так... Усё было проста так. Рамоначкі, вершыкі... «В каких морях рожденная волнами...» Проста так.
Мы пайшлі шукаць ім кватэру; і што мы за кватэру знайшлі - яшчэ адзін цуд! Пакойчык на нейкім гарышчы, сходы, гаспадыня з сабакам, вінаград у дворыку рос - такі вінаград быў! Усё было аплецена ім, тым вінаградам. Марат мне званіў, мы сустракаліся на пляжы, а потым ён мне дзень не пазваніў, два не пазваніў, і на трэці дзень мяне проста ногі самі панеслі да ягонае кватэры. Я паднялася па тых сходах, сутыкнулася з замкнёнымі дзвярыма, і да маіх ног упала цыдулачка. Яна была напісаная на адваротным баку этыкеткі ліманаду «Тархун», і дзіва, як Марат здагадаўся напісаць на белым баку, а не на каляровым - каб я ўвогуле не здолела нічога прачытаць.
«Я захварэў. Я з'ехаў у Ваўчыную бухту. Пакуль».
Усё. Ён з'ехаў. І не пазваніў.
Не памятаю, як я ішла дахаты. Лета, спёка, Феадосія, мора, кавярні розныя, столікі паабапал дарогі, за столікамі людзі, шчаслівыя людзі, прыехалі на мора, і спёка, і я цягну сваё цела, сваю лысую галаву, прымушаю сябе перасоўваць ногі, як прыбітая, як аслепленая, я іду, іду, адна, і ён з'ехаў, з'ехаў, з'ехаў і не пазваніў, і я іду, і спёка жахлівая... У той дзень у мяне ўжо пачыналася хвароба, тэмпература падскочыла высокая, напэўна, я не мерала, бо цётка нікуды мяне не адпусціла б...
Бо я прыйшла дахаты ды, не чуючы сябе, узяла дзве маленькія коўдры, ласты і паведаміла цётцы, што еду на пару дзён у Ваўчыную бухту.
Я ехала ў мікрааўтобусе, ушчэнт хворая, з сярэдзіны спёка, звонку спёка, суцэльнае пекла, і я ні пра што не думала, толькі ехала.
І вось я прыехала. Стала пасярод вуліцы са сваімі коўдрамі, ластамі ды думаю: «А цікавая я дзяўчынка!» Ну памяркуй: я ж не ведала, дзе мне шукаць Марата. Бо, апрача гэтага немаленькага горада з процьмаю турыстаў, існаваў яшчэ Карадагаўскі запаведнік з уласна Ваўчынай бухтай - а ты ўяўляеш, што гэта такое? Мора, горы, лес!
Напраўдзе, не магла ж я спыняць мінакоў ды пытацца: «Ці не бачылі вы тут хлопчыка, падобнага да малпачкі?»
І я пайшла да мора, не ведаючы куды. Вось ужо дакладна, куды вочы глядзелі. Я караскалася па гарах, скакала па камянях, урэшце выйшла на бясконцую сцяжыну, леваруч - мора, праваруч - горы... Прыгожа. І я, хворая, лысая, іду сабе, іду... Гляджу на далягляд. І раптам заўважаю на даляглядзе сінюю кропачку. І думаю: «Няўжо?» Я пабегла як мага хутчэй. Уяўляеш, наколькі хутка можна бегчы па гарах? Я не зводзіла вачэй з сіняе кропачкі на даляглядзе. Яна тым часам набліжалася, у яе вымалёўваліся рукі, ногі, галава... Сіняя майка... Я спынілася ды замахала рукамі, і кропачка таксама спынілася ды замахала рукамі. Гэта быў цуд - гэта быў Марат!
Не скажу, што я знайшла яго вельмі ўзрадаваным пры набліжэнні. Хутчэй наадварот. Ён мямліў так няпэўна: «А я вось кагадзе хадзіў табе званіць... Але... Не дазваніўся!..»

- Альбо не дайшоў! - упэўнена сцвердзіла Жэнька.
- Хутчэй за ўсё, што не дайшоў, - сумна пагадзілася Іра. - Я засталася ў Ваўчынай бухце на цэлы тыдзень. Горы, мора, і паўсюль людзі, але ўсе хаваюцца, хто ў гарах, хто ў лесе, а ўначы гарэлі вогнішчы на беразе, і людзі гралі на тамтамчыках, нешта спявалі, і я спала на пляжы: адна коўдра ўнізе, другая - уверсе, і шумела мора, а нада мною было неба з зорамі - ты ўяўляеш паўднёвае начное неба? Паўднёвыя зоры? І я адна на ўзбярэжжы, такая маленькая, і мора, і зоры - яны забівалі мяне сваёю бясконцасцю, недасяжнасцю, прыгажосцю, сваім маўчаннем... І я таксама ўвесь тыдзень прамаўчала - бо была хворая, і голас у мяне знік. І Марат, злосны такі, маленькі Марат, ён скакаў вакол мяне ды знервавана выпытваў: «Ну што ты маўчыш? Ну што ты ўвесь час маўчыш? Ну скажы мне, скажы мне што-небудзь! Ну што ты маўчыш?» А я толькі глядзела на яго - і глядзела з упікаю, вось таму ён і псіхаваў. З дакорам, бо я бачыла ўрэшце, як ён прыліпае да розных людзей, як выкарыстоўвае іх, сядае ім на хвост... Я там яго добра разгледзела - і моўчкі, з дакорам пазірала на яго. А ён нерваваўся.
Пасля мы вярнуліся ў Феадосію, і Марату трэ было ехаць далей - у Новарасійск, і я праводзіла яго да аўтобуса. Марат сядзеў у аўтобусе ля акна, а я стаяла звонку ды глядзела на яго, і вось аўтобус крануўся, і я, як у кіно, ішла за ім, махала Марату рукой ды крычала: «Я цябе кахаю!», а ён смяяўся, піў малако з бутэлькі з-пад кока-колы ды захінаў акно фіранкаю... Ты ўяўляеш, я крычу: «Я цябе кахаю!», а ён смяецца ды хаваецца ад мяне!
Ён паехаў. Аўтобус хутка-хутка аддаляўся, а я не магла адарваць ад яго вачэй, я стаяла ды глядзела аўтобусу наўздагон, я шаптала: «Я цябе кахаю!», я сціскала свае коўдры ды ласты, і ў мяне з вачэй ліліся слёзы...
А потым я павярнулася ды пайшла да цёткі. Трэ было вучыць новую гісторыю Эўропы ды Амерыкі.
І лета для мяне скончылася. Што мне засталося з таго лета? Што? Мора не існавала, пляжа не існавала; быў толькі аўтобус, які ўсё знікаў-знікаў з маіх вачэй ды ніяк не мог знікнуць.
Недзе на другім тыдні жніўня я вярнулася ў Менск. І адразу ж узнавілася ўся гэтая калатнеча, што была да ад'езду: жыць пакуль не было дзе, я завісала то ў Наташкі, то ў Андрэя, то яшчэ недзе - не вельмі прыемна, мякка кажучы, а грошай не было, і хвасты трэ было здаваць, і ўсё іншае... А Марат знік.
Я ўжо засялілася ў кватэру, а ў яго, як ты памятаеш, засталіся мае кнігі. Ну што, не рабіць жа яму такі падарунак. Чым кепская нагода? Я Марату пазваніла ды паехала.
Мы селі на нейкую лаўку. Марат прыйшоў у той самай сіняй майцы, што была на ім, калі я заўважыла яго на даляглядзе - маленькую сінюю кропачку... Марат аддаў мне пакунак з кнігамі, карцінку з Віні-Пухам ды сказаў: «Іра! Паміж намі ўсё скончана».
Ну я ж не магу так проста сысці! Мне ж заўжды трэба ўсё патлумачыць - нават калі ўсё зразумела без усялякіх словаў. І я, наіўная дзяўчынка такая, шчыра так дзіўлюся:
- А чаму?
- А што ты можаш мне даць?
Вось так. Што ты можаш мне даць? І што я магла адказаць: сябе? Сказаў, павярнуўся да мяне спінаю ды пайшоў, як той аўтобус.
Ну я ж, ты ведаеш, заўжды была моцнай жанчынай. Ты б ведала, як моцна я зачапілася ўсімі сваімі нагамі за тую лаўку - каб толькі не кінуцца яму наўздагон! Як я ўчапілася за тую лаўку! Як я... Вось. Вось і ўсё.

Іра паднялася была з зэдліка, каб узяць яшчэ адну пляшку піва, як, узгадаўшы нешта, апусцілася на месца.
- Не! Не ўсё! Слухай! Якраз учора я ішла ў раёне «Кастрычніцкай», і там у пераходзе стаяў стэнд, а над ім было напісана: «Выстава-продаж мастачкі Нейкай Там», а на стэндзе спрэс стаялі такія самыя паштовачкі!
Іра затрэсла ў паветры кавалкам кардону з бяздарнымі вершамі ўсярэдзіне.
- А ён мне казаў, што сам маляваў!
- Ну набрыдзь! Пачвара! Пустое месца! - абурылася Жэнька ды выхапіла з Ірчыных рук мора з пальмамі. - Ён проста ніхто! Дзіця недарэчнае!
- Я яго паважаю... Дай сюды, папсуеш. - Іра адабрала паштоўку ў сяброўкі. - Я яго паважаю ведаеш за што? Ён ніводнага разу не азірнуўся. Усё - значыцца ўсё. І ніводнага абразлівага слова мне не сказаў...
- Ты што? - зашыпела, як змяя, Жэнька. - Ты што, зусім звар'яцела? Ад кахання апошні гонар страціла? Ды тут усё спрэс абраза! Ён цябе кінуў - хто ён такі? Ды ён... Ды ён увогуле!.. Ведаеш што? Мы яму адпомсцім!
Іра паглядзела на Жэньку з недаверам і здзіўленнем.
- Ты што? І што мы зробім? Вокны пойдзем яму біць? Слухай, не трэба прыніжацца, ты што!
Жэнька ўжо нацягвала боты ў калідоры.
- Не выпушчу! Ты куды? - Іра стала ў дзвярах.
- Я піва прынясу. Зараз мы зробім нашую маленькую жаночую помсту. Так густоўна, прыстойна, далікатна, вытанчана... - Яна закаціла вочы. - А ты посуд памый пакуль.

Дзяўчаты ў той дзень, а дакладней, дзень, вечар і ноч сапраўды ажыццявілі сваю маленькую жаночую помсту. Яны не раскалацілі Маратавых вокнаў, не даслалі яму тры сотні лістоў з папярэджаннямі ды абразамі - яны ўвогуле не рабілі нічога дзеля Марата беспасярэдне.
Яны тварылі мужчыну, які абразіў жанчыну, а потым знішчылі яго. Дзяўчаты памеркавалі, што, паводле закону Сусветнай Справядлівасці, спрацуе нейкі механізм, і кожны атрымае тое, чаго ён варты.
Карацей кажучы, Іра і Жэня напісалі апавяданне.
О, як яны яго пісалі! Яны знішчылі чатыры пачкі цыгарэт ды пяць пляшак піва - а можа, меней. (Так, з вялікім шкадаваннем я мушу адзначыць той факт, што Іра з Жэняй злоўжывалі алкаголем ды нікацінам, і ані трохі іх не апраўдваю.) Яны размясціліся на кухні пры стале, потым стаміліся ды перайшлі ў залу: Іра на адной канапе, Жэня - на другой, Іра ў фатэлі, Жэня пры століку, Іра на падлозе, Жэня ў фатэлі, Жэня на падлозе, Іра на падаконні - так яны мянялі пазіцыі ды пісалі: пісала Жэнька, Іра дыктавала, - пісалі, пісалі, і вось, калі з крана ўжо пайшла гарачая вада, нованарожданае апавяданне пабачыла свет.
З вялікім задавальненнем прапаную апавяданне чытачам. Я спадзяюся, вам яно спадабаецца - гэтаксама, як і мне.

Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія

Афанасі прачнуўся а шостай гадзіне раніцы.
На кухні прапікала радыёкропка, пакінутая ўключанай з ночы: пяць разоў коратка, шосты - даўжэй, і ўрачыста грымнуў гімн Роднае Рэспублікі, не пакідаючы ніякага шанцу на працяг салодкага сну.
Афанасі бадзёра адкінуў коўдру, бадзёра ўскочыў з канапы. Штодня ён колькі хвілін ахвяроўваў на нешта падобнае да ранішняе гімнастыкі: дзесяць разоў прысядаў, выцягваючы перад сабою доўгія рукі, дзесяць разоў адціскаўся ад падлогі і завяршаў гэта бегам на месцы.
Высока ўскідваючы вострыя калені, прыціскаючы локці да бакоў, Афанасі, не прыпыняючы практыкавання, прабег на кухню ды выключыў радыё, якое знаёмым жаночым голасам абвяшчала апошнія навіны з вёскі.
- Так, - сказаў Афанасі, - так-так-так!
Ён некалькі разоў глыбака ўздыхнуў, аднаўляючы дыханне, потым падышоў да акна і рашуча расхінуў фіранкі. Кухня ўмэнт запоўнілася сонцам. Афанасі счакаў секунду, аслеплены, ды, весела пстрыкнуўшы шпінгалетамі, адчыніў акно. Фіранкі адразу надзьмуліся, узляцелі да столі ды апалі. Афанасі яшчэ раз глыбака ўздыхнуў, прымружыў вочы, шумна ўцягнуўшы носам паветра, і ўзяўся гатаваць сняданак.
Пачыналася лета, нязвыкла цёплае ў гэтых шыротах. Чэрвеньскае сонца ўжо шчыравала напоўніцу, нягледзячы на раннюю часіну; горад нібыта ўскіпеў зелянінаю, а птушкі спявалі так апантана, быццам мелі на мэце адкрычацца за доўгае зімовае маўчанне.
Афанасі гатаваў сняданак, меню якога заставалася нязменным каторы ўжо год: гарбата, яечня, смажаны хлеб. Афанасі меў надзвычай добры настрой, і ўсё цешыла яго гэтаю раніцаю: ягоныя рухі, выпрацаваныя дзесяцігоддзямі; ягоныя рукі, якія спрытна чыркалі запалкамі, ставілі імбрык, рэзалі хлеб, разбівалі яйкі, сыпалі соль; яго радавалі філіжанкі з талеркамі, шыхтамі выстаўленыя ў буфеце, ідэальна чыстыя лыжкі з відэльцамі, што блішчэлі на сонцы, вялікая белая лядоўня, перыядычнае мармытанне якой надавала жыццю ўпарадкаванасць ды сэнс.
Афанасі таксама мармытаў песеньку:
- Лыжачкі мае, лыжачкі! - спяваў ён. - Талерачкі мае, талерачкі! Ах, філіжаначкі мае!
Шторанку ён садзіўся снедаць на ўлюбёнае месца, спінаю да акна; шторанку ён адразу мыў пасля сябе посуд: НІКОЛІ ў ягонай чарупіне не затрымлівалася брудная талерка. Штораніцы ён, патраціўшы на сняданак дваццаць хвілін, пераходзіў у лазенку, дзе прыводзіў у ідэальны стан самога сябе.
Афанасі акуратна галіўся, задаволена сузіраючы сябе ў люстэрка. Афанасію было сорак гадоў; яму было добра.
Ён жыў як хацеў, а хацеў ён жыць прыстойна, прыгожа, шчасліва, што, паводле ягоных перакананняў, азначала - упарадкавана. Comme il faut. Кожны дзень Афанасія быў падобны да папярэдняга; жыццё ягонае ішло як цягнік па рэйках; дні праварочваліся як колы.
Афанасі быў гаспадаром свайго жыцця. Ён уласнаручна ўпарадкаваў яго, адладзіў з дакладнасцю да секунды, як механізм вялізарнага гадзінніка на гарадской вежы: ён ніколі не спяшаўся, ён ніколі не спазняўся. Афанасі жыў, як ён хацеў: менавіта ён, а не нехта звонку. Жыццё ніколі не падкідала яму сюрпрызаў, ашчаджаючы сюрпрызы для тых, хто здатны іх ацаніць.
Афанасі жыў адзін. Ён ніколі не меў ні жонкі, ні дзяцей. Як памылкі маладосці, як забыты сон узгадваў ён непрацяглыя з'яўленні жанчын у ягонай кватэры. Гэтыя забытыя сны былі пачварныя. Жанчыны з'яўляліся як пасланнікі пекла, як ураган, як разбуральныя сілы. Яны хадзілі па ягонай кватэры як хацелі, мелі звычку класціся спаць апоўначы альбо нават пазней, яны загрувашчвалі шафы сукенкамі, лазенку - бутэлечкамі з вядзьмацкім змесцівам, пакідалі ў фатэлі свае панчохі, пачыналі гаспадарыць на кухні, парушаючы ідэальную чысціню ды парадак, чаплялі абы-як ручнікі ды - жах! - яны размаўлялі! Яны балбаталі няспынна, не закрываючы рота, вярзлі лухту, бязглуздзіцу, абракадабру ды - найгоршае - звярталіся да Афанасія. Жанчыны былі такія недасканалыя асобы, ім было сумна, трэ было займаць іхную ўвагу, распавядаць ім нешта, праяўляць цікаўнасць да іх персоны...
Афанасію гэта вельмі хутка надакучвала. Ён ніколі не разумеў, чаго жанчыны ад яго патрабуюць. Ён быў перакананы ў тым, што разумную жанчыну мусіць задавальняць проста факт ягонае прысутнасці побач з ёю. Афанасі ў сваім жыцці не сустрэў ніводнай разумнай жанчыны. Ён жыў як хацеў - то бок адзін.

Афанасі пагаліўся; ён яшчэ раз прыдзірліва агледзеў свой твар ды застаўся задаволены. Усёмагутны Час, удзячны Афанасію за ўшанаванне, не паклаў ніводнага адбітку на яго твары. Афанасі лічыў сябе прыгожым; ён і быў прыгожы, нават на найвышэйшы густ. Ягоны профіль - о, які Афанасі меў профіль! як годна ён нёс па жыцці свой высокі лоб! свой рымскі нос! - ягоны профіль быў варты пэндзля найвыбітнейшага мастака, як, дарэчы, і фас. Афанасі - дзеля праўдзівасці апавядання трэба ўшанаваць гэтую ягоную вартасць - быў прыгожы тою класічнаю мужчынскаю прыгажосцю, якая з першага ж позірку паралізуе жанчын, вымушаючы іх дараваць гаспадару такога каштоўнага носа ўсе правіны ды ўважаць усе ягоныя кампліменты за праяву найвышэйшае міласці.

Можна лічыць, што мы крыху пазнаёміліся з Афанасіем; зараз трэба патлумачыць, чаму ён меў надзвычай добры настрой той цудоўнай чэрвеньскай раніцай.
Рэч была ў тым, што Афанасі вырашыў закахацца. Чытачы могуць здзівіцца: няўжо Афанасію надакучыла ягонае ўпарадкаванае жыццё? Няўжо ён збіраецца чарговы раз парушыць уласны спакой? Ці, можа, ён папросту хоча прыдбаць нашчадкаў?
Але на самай справе нічога дзіўнага ў намерах Афанасія не было. Рэч у тым, што Афанасі меў уласнае азначэнне кахання. Каханне для яго не было ні шчасцем, ні пакутамі. Ён нават не дапускаў аб'екта свайго кахання ва ўласныя штодзённыя думкі - ха, няўжо мог Афанасі дазволіць заладоўваць свае мазгі нечым, апрача праяваў уласнае персоны? Не, напраўдзе закахацца ў жанчыну - гэта было б катастрофай для Афанасія; гэта замінала б яму чытаць, адціскацца ад падлогі, гатаваць сняданак - каханне замінала б яму шчасліва жыць.
Каханнем называў Афанасі той стан рэчаў, калі нехта быў закаханы ў яго. Калі нехта даверліва глядзеў яму ў вочы, пяшчотна цалаваў на развітанне, адкрываў Афанасію сваю душу, гаварыў, які Афанасі добры, прыгожы, разумны; каханнем называў Афанасі вечаровыя тэлефонныя званкі з кранальнымі паведамленнямі: «Я так хачу цябе бачыць! Я так хачу цябе чуць! Ці пабачымся мы заўтра ўвечары? Я так цябе кахаю!»
У такія хвіліны Афанасі адчуваў сябе ўсёмагутным, найпрыгажэйшым, найразумнейшым; профіль ягоны закідваўся яшчэ вышэй, плечы выпростваліся, а вакол галавы - як яму падавалася - з'яўляўся німб. А калі тэлефонныя званкі рабіліся часцейшымі, а голас у слухаўцы мяняўся з пяшчотнага ў капрызлівы ды выдаваў мярзоцце кшталту: «Ну чаму ты не хочаш мяне бачыць? А давай я зараз прыеду! Ты мяне кахаеш?» - на гэтым этапе Афанасі пачынаў выключаць тэлефон па вечарах, рабіць выгляд, што не заўважае выразных позіркаў пры выпадковых сустрэчах... Папросту кажучы, ён знікаў, звальваў, кідаў каханку... Як ні назаві, але для Афанасія гэта азначала толькі вяртанне да ягонага ўпарадкаванага жыцця з новымі сіламі.
Пакуль мы разважалі пра каханне, Афанасі паспеў апрануць бездакорны строй, прыладзіць гальштук, зачыніць акно, перакрыць газ, яшчэ раз працерці стол, замкнуць кватэру на чатыры замкі ды скіравацца да метро, па дарозе выкінуўшы смецце - зусім маленькі пакуначак.
Афанасі ехаў на працу. Ён выкладаў у Акадэміі мастацтваў гісторыю Беларусі.
Гэта была Справа Ягонага Жыцця. Афанасі лічыў свой прадмет самам галоўным; ён быў перакананы, што чалавек, які не можа пералічыць па чарзе ўсіх вялікіх князёў, не можа лічыцца адукаваным чалавекам і - тым больш - не варты насіць годнага імя беларускага мастака. Афанасі змушаў студэнтаў пісаць вялізарныя рэфераты, чытаць горы гістарычнае літаратуры, значную частку якой складалі ягоныя манаграфіі, а адказваць на ягоных семінарах трэ было як на абароне кандыдацкай. Афанасі любіў паставіць студэнта спінаю да мапы якога-небудзь трынаццатага стагоддзя ды прымушаць яго ў такой паставе паказваць усе перасоўванні Залатой Арды. Студэнты пасля такой навукі мусілі ведаць УСЁ, менавіта ЎСЁ, і ні словам менш. Афанасі ганарыўся тым, як ён здолеў арганізаваць навучальны працэс.
Ён нават не падазраваў, што студэнты яго ненавідзяць; ён не здагадваўся, што нахабныя мастакі міжсобку заміж паважнага «Афанасі Іванавіч» клічуць яго няйначай як «Афоня-Фашыст».
Афанасі нават не ўяўляў памераў нянавісці, якую ён нязменна выклікаў у кожнага пакалення студэнтаў. Мастакі ды мастачкі, станковыя скульптары ды скульптары-манументалісты, графікі, жывапісцы - усе яны палка зычылі Фашысту розных няшчасцяў ды пагардліва праводзілі позіркам ягонае годнае дэфіле па акадэмічных калідорах.
І назаўжды застанецца невядомым, як спадабаўся б Афанасію адзін выбітны твор мастацтва: у адным з пакояў інтэрната, што месціўся побач з Акадэміяй на Сурганава, была цудоўная попелка. Гэта была гліняная галава Афанасія; галава была пустая, а заміж мазгоў Афоня-Фашыст нязменна меў недапалкі, селядцовыя хвасты ды яблычныя агрызкі.

Афанасі нічога пра гэта не ведаў. Ён спакойна ды ўпэўнена пагойдваўся ў цягніку, абдумваючы план свайго будучага кахання, пагатоў аб'ект быў ужо абраны, абмеркаваны ды зацверджаны.
Афанасі абраў аб'ектам свайго кахання Машу Трактар, якая ў Акадэміі выкладала жывапіс. Трактар было ейным сапраўдным прозвішчам, атрыманым пры нараджэнні ды зацверджаным у пашпарце.
Натуральна, сам Лёс падказваў сцерагчыся дзяўчыны, што носіць прозвішча Трактар. Але нашага героя Афанасія гэты факт ані трохі не засмуціў. Ён жа быў адважны, наш Афанасі, і не баяўся трактароў. Мабыць, яго прымусіла б крыху паразважаць прозвішча Бульдозер або Экскаватар, мабыць, яго спыніла б прозвішча Бэтээр альбо Бээмпэ, пэўна напалохала б яго прозвішча Птурс, але Трактар - ані каліўца.
Няшчасны наш Афанасі, як ён памыліўся! Які сур'ёзны пралік мелі ягоныя стратэгічныя планы! На вайне гэта называецца недаацаніць праціўніка ды караецца вельмі жорстка.
Як жа ж мог Афанасі так памыліцца? Напэўна, у яго пачалося «головокружение от успехов», а можа, проста век нагадаў пра сябе аслабленнем разумовых здольнасцяў, але факт застаецца фактам: мала таго, што Афанасі вырашыў закахаць у сябе дзяўчыну з прозвішчам Трактар, - месцам дзеяння ён прызначыў уласную працу.
Ці то Афанасі паленаваўся пашукаць кахання ў іншым месцы, ці то яму папросту захацелася моцных эмоцыяў ад штодзённых сутыкненняў з Машай пасля разрыву - не будзем адсочваць вычварэнскіх разважанняў Афанасія. Лепш звернемся да ягонай меркаванай ахвяры - мастачкі Машы Трактар.
Як мы ўжо ведаем, Маша Трактар выкладала ў Акадэміі жывапіс. Гэтае выкладанне не было Справай Ейнага Жыцця. Справай Ейнага Жыцця быў уласна жывапіс - то бок усё, створанае да ейнага нараджэння, а таксама - галоўным чынам - тое, што яна ўласнаручна вымалёўвала пэндзлікам, або, як кажуць мастакі, - пісала. Маша Трактар была сапраўднай мастачкай, у любой жыццёвай сітуацыі яна найперш бачыла колер ды кампазіцыю, а ўсё іншае было другасным. Каштоўнасць свайго жыцця Маша вымярала напісанымі палотнамі, сэнс жыцця бачыла ў іх удаласці. Маша Трактар чакала ад жыцця сюрпрызаў, ідэяў, вобразаў, НАТХНЕННЯ, яна сама шукала сюрпрызаў. Маша не баялася новага: яна адважна кідалася ў новыя прыгоды, рашуча сустракала новыя пачуцці, апраўдваючы гэткім імпэтам сваё прозвішча.
Машы Трактар было дваццаць дзевяць гадоў. Як большасць тых жанчын, якія не абцяжараныя мужам і дзецьмі і, адпаведна, брудным посудам, гарой нямытай або непрасаванай бялізны ды іншымі побытавымі турботамі, Маша яшчэ не збіралася развітвацца з юнацтвам. Як уласціва ўсім людзям, апантаным якой-небудзь Вялікай Ідэяй, ейная хада была лёгкаю ды імкліваю, а позірк - шчырым ды прасветленым. На вуліцах са спіны Машу прымалі за школьніцу, з твару - за студэнтку. Пагатоў Маша і апраналася адпаведна: як падлетак. Каб акрэсліць ейны стыль, даволі рознабаковы, досыць будзе некалькіх дэталяў. Па-першае, Маша не прызнавала жаночых торбачак і не разлучалася з заплечнікам; па-другое, улюбёным ейным абуткам былі боты з высокай шнуроўкай ды - найцікавейшае - на так званай трактарнай падэшве. Адным трапным ударам такога бота пры жаданні можна было каго-небудзь забіць. Валасы Маша мела даўгія, бялявыя ад прыроды, але, будучы сапраўднай мастачкай, фарбавала іх пасмачкамі ў розныя колеры, збольшага ў ружовы ды фіялетавы. Застаецца дадаць, што Маша была прыгожая - а на іншую Афанасі не паклаў бы вока - ды цягала на носе акуляры ў шырокай чорнай аправе, вельмі стылёвыя акуляры, трэба сказаць.

Афанасі прызначыў час першай баявой аперацыі на другую палову дня, пасля заканчэння заняткаў. Увесь дзень ён быў нязвыкла спакойны, калі не сказаць - лагодны, слухаў студэнцкія адказы няўважліва, не выпраўляў відавочных памылак ды ўсім ставіў пяцёркі.
- Што гэта сёння з нашым Фашыстам? - дзівіліся збітыя з панталыку студэнты.
- Гітлер капут! Капітулірэн! - смяяліся мастакі, якія, натуральна, не маглі ведаць, што Афанасі толькі пачынае вайну.

А вайна пачалася прыгожа. Прыгожы Афанасі, папярэдне вызначыўшы час, калі Маша сыходзіць дахаты, выйшаў раней, з'ездзіў на «Кастрычніцкую» па добры букет прыгожых ружаў ды, падпільнаваўшы Машу на выхадзе, прыгожа ўручыў ёй гэтыя ружы.
- Гэта - вам! - вымавіў ён, удаючы разгубленасць, ды хуценька пакрочыў прэч, угору па Сурганава, потым нырнуў у арку і схаваўся ў дварах.
Маша так і засталася стаяць на скрыжаванні Сурганава і Скарыны, з раскрытым ротам ды букетам ружаў, які яна трымала на руках, як немаўля.

У той дзень Афанасі ехаў дахаты і шчасліва ўсміхаўся, паглыблены ва ўласныя думкі. Вы мяркуеце, што ён думаў пра Машу? Зусім не. Афанасі вырашаў, што лепей згатаваць на вячэру: смажаныя пельмені або вараныя пельмені.
Дома ён зварыў бульбы ды, павячэраўшы, сеў за пісьмовы стол рыхтавацца да наступнага дня. Назаўтра на Афанасія мусілі паляваць статкі дзікуноў-студэнтаў, якія не здолелі атрымаць заліку, і Афанасі на хвалі натхнення склаў адмыслова для іх пяцьдзесят новых пытанняў. Пасля прыбраў усе паперы ды, пачысціўшы два разы зубы, лёг спаць. А пра Машу ён не думаў.
А навошта? Афанасі ўважаў сябе за знаўца жаночае псіхалогіі ды загадзя пралічыў усе Машыны думкі і ўчынкі. Ён быў упэўнены, што авалодаў свядомасцю спадарыні Трактар, быў перакананы, што Машу хвалюе толькі адно загадкавае пытанне: а што ён меў на ўвазе?
Афанасі ведаў, што Машы хопіць адной ночы, каб збудаваць процьму замкаў на пяску. Каб назаўтра прачнуцца перакананай у тым, што яна, Маша, абудзіла ў ім, Афанасію, найпяшчотнейшыя пачуцці, што стала для яго мрояй, адзінай, найлепшай жанчынай у свеце, - карацей, заўтра раніцай Маша мусіла ехаць на працу ўпэўненай, што Афанасі ў яе закахаўся.
І Афанасі даваў сто супраць аднаго, што назаўтра Маша ВЫПАДКОВА трапіцца яму на вочы.
Афанасі заснуў шчаслівы. Нешта невыразна мармытала пакінутая ўключанай радыёкропка. Гадзіннік паказваў дзесяць гадзін дзесяць хвілін.

* * *

На наступны дзень Афанасі, як ні дзіўна, Машы не сустрэў; але ўласна ў яго гэты факт здзіўлення не выклікаў. У Афанасія ўжо ўсё было пралічана, больш за тое - занатавана ў нататніку. На каханне з Машай Афанасі адвёў роўна адзін месяц: чэрвень. А на найпрацяглую пачатковую стадыю - два тыдні. Так што з графіка ён не выбіваўся.
Але калі мінулі тры дні, а Маша на ягоным бясхмарным даляглядзе так і не намалявалася, Афанасі вырашыў мяняць тактыку.
Эх, Афанасі, каб вось тут табе ды спыніцца! Спыніцца, падумаць, узважыць свае сілы, прыгледзецца да праціўніка... Ды якое там! Афанасі адно пастанавіў: «Яна хаваецца ад мяне! Баіцца - гэтак лепей! Усё будзе значна прасцей».
Афанасі, каб не стаць блазнам на арэне цырка, запоўненага студэнтамі, падпільнаваў Машу не ў Акадэміі, а на платформе метро.
Маша падпірала плячом метрапалітэнаўскую калону; яна спакойна павярнулася ў адказ на вітанне Афанасія, а твар ейны не выдаваў ані здзіўлення, ані хвалявання. Яна нават не накручвала на палец якога-небудзь матузка заплечніка, нават не паправіла валасоў, як гэта звычайна робяць дзяўчаты, калі на іх звяртаюць увагу.
- Добры вечар, Афанасі.
- Добры вечар, Маша... Я, ведаеце... Я мушу вам сказаць нешта сур'ёзнае... - Афанасі крыху ссунуў бровы ды глыбака ўздыхнуў, што, на ягоную думку, мусіла азначаць найвышэйшае напружанне ўсіх душэўных сілаў.
- Я вас слухаю.
Як ні высільваўся Афанасі, у яго не выходзіла змусіць Машу зацікавіцца ягонай персонай. Афанасі нават здзівіўся сам, што з ім здаралася рэдка.
- А вы не здагадваецеся? Гэтыя ружы... Няўжо вы не здагадваецеся, чаму я вам іх падарыў?
- Ну... - Маша ўзняла вочы ўгару, нібыта на столі быў напісаны адказ. - Напэўна, якая-небудзь вашая каханка адмовілася іх узяць, вось вы і тыцнулі букет першай, якая трапілася!
Гэта ўжо межавала з хамствам. Афанасі праглынуў сліну; ён быў не з тых, хто выракаецца сваіх напалеонаўскіх планаў.
«Ну Машка, ты і каза! Зараз ты ў мяне пачуеш пра... Зараз пачуеш!» - Афанасі пакуль не вырашыў, пра што менавіта пачуе Машка-каза; ён яшчэ раз глыбака ўздыхнуў ды дакрануўся да Машынай рукі.
- Маша... Я купіў гэтыя ружы для вас!
- Навошта? - нарэшце, але вельмі недарэчна, здзівілася Маша.
Афанасі тужліва зірнуў убок. Яны з Машай стаялі за крок ад краю платформы. Цяпер у мазгах Афанасія змагаліся два жаданні. Першае было штурхнуць Машу на рэйкі, дзе, як палохаюць, вельмі высокае напружанне. Другім жаданнем было задаць тугадумнай, як трактар, спадарыні некалькі ветлівых пытанняў: «Скажыце, Маша, вы ў дзяцінстве не хварэлі выпадкова на менінгіт?» або «Ці любіце вы біцца галавой аб сцяну? Магу вам дапамагчы, Маша!».
Але заміж гэтага Афанасі як мог кранальна прамовіў:
- Маша! Я вас прашу, ахвяруйце мне гэты вечар! Я прашу вас, Маша! Давайце выйдзем адсюль, тут забагата народу, нас ніхто не павінен чуць!
Маша згадзілася; Афанасі адразу ж павіншаваў сябе з першай перамогай.
Заміж таго каб запрасіць дзяўчыну ў рэстарацыю, Афанасі прапанаваў ёй шпацыр ад Акадэміі да Кастрычніцкага пляца. Яму ну ве-э-э-эльмі пашанцавала ў тым, што Маша не належала да тых драпежных дам, якія пасля такога першага спаткання адразу заносяць кавалера ў чорны спіс, а пасля распускаюць плёткі пра ягонае жабрацтва. Не, Маша сама хацела скарыстаць напоўніцу першы цёплы вечар, і гэта выратавала Афанасія ад паразы. Ці, больш дакладна, адцягнула ягоную немінучую паразу на больш позні час.
А наш Афанасі, ужо нешта сцяміўшы, адразу вырашыў пусціць у бой цяжкую артылерыю. Ён ПАЧАЎ ПРАМОВУ.
О, гэтая прамова вартая таго, каб быць занатаванай цалкам! Гэтая прамова вартая нават быць перапісанай, вывучанай на памяць, выдрукаванай, памножанай у мільёнах асобнікаў, выдадзенай кожнай дзяўчыне нашай планеты, прымацаванай над кожным дзявочым ложкам! Гэтая прамова вартая таго, каб увайсці ў школьныя падручнікі, вартая нават быць наклеенай на кожны стэнд з тых, што стаяць ля міліцэйскіх пастарункаў. Над гэтай прамовай трэба вялікімі чырвонымі літарамі напісаць: «СЦЕРАЖЫСЯ!»
Кожная дзяўчына, якая ўваходзіць у жыццё, мусіць на памяць ведаць гэтую ПРАМОВУ, каб з першых словаў пазнаць злачынцу. Узброенага ды смяротна небяспечнага злачынцу, які мае на мэце пакрыўдзіць і абразіць, зганьбіць найсвятлейшыя ідэалы, напляваць у адкрытую душу, пасмяяцца з наіўных мрояў, растаптаць нагамі ілюзіі, - пазнаць злачынцу, які мае намер зламаць ейнае жыццё.
- Маша! - сказаў Афанасі.
- Маша! - ён зірнуў ёй у вочы.
- Маша! - ён прыклаў руку да сэрца. - Маша, я не магу без вас жыць. Калі б вы ведалі, кім вы сталі для мяне!
Гэта адбылося знянацку, абсалютна неспадзявана. Я не магу дакладна ўзгадаць калі: можа, месяц таму, можа - паўгода, але гэтую хвілю я памятаю, як учорашні дзень. Я ніколі ў жыцці не забудуся на гэтае імгненне. Аднойчы ўранні я прачнуўся і зразумеў, што жыццё без вас - абсалютна невыноснае. Вы ўвайшлі ў мае думкі, Маша! - вы запоўнілі ўсю маю сведамасць, вы авалодалі маім розумам, маім сэрцам! Вы... Вы ўвайшлі ў маё жыццё, як сонца - як сонца, якое кладзе канец непрагляднай ночы, бясконцай зіме, - як сонца! Вы маё сонейка, Маша! Чым было маё жыццё без вас? Гэта быў сон сярод газет, цьмяны, нецікавы сон, сон без усялякага сэнсу, сон без надзеі на абуджэнне... Мяне атачалі не людзі, а здані, прывіды, лялькі! Усё навокал нагадвала танныя дэкарацыі правінцыйнага тэатра, танныя фанерныя дэкарацыі, груба расфарбаваныя п'яным бяздарным мастаком! Кожны дзень майго жыцця нагадваў папярэдні, і наступны дзень не нёс мне нічога новага... Не, я хлушу: кожны новы дзень дадаваў мне адно новых пакут, доўжыў гэтую бязглуздую надрыўную мелодыю таннага раманса! Я адчуваў сябе кружэлкай на патэфоне, балваном, які змушаны штодня, штогод вымаўляць зацверджаны набор бессэнсоўных фраз ды формул... Я быў... Кім я быў? Нікім!
Але Лёс усміхнуўся мне. Сонца нарэшце ўзышло і ў маім акне. Я сустрэў вас, Маша! Так, я сустрэў вас...
Афанасі прыпыніў прамову, зрабіўшы выгляд, што ад хвалявання яму займае мову. Ён крыху заблытаўся, бо папраўдзе ён сустрэў Машу тры гады таму, пасля ейнага з'яўлення ў Акадэміі. Але Маша, дзякуй Богу, нічога не заўважыла, і Афанасі, каб унікнуць ейных магчымых пытанняў, хуценька працягнуў:
- Так, у адзін цудоўны дзень я сустрэў вас. Вы ішлі па калідоры, уся асветленая сонцам, і, натуральна, не звярнулі на мяне ніякае ўвагі. Ну дзе ж вам было заўважыць мяне? Вы былі такая шчаслівая, Маша! Такая светлая, лёгкая, празрыстая... такая прыгожая! Як сонца, як шчасце! Тады я ўвесь дзень быў нібыта аслеплены, я не мог нічога рабіць, я не мог думаць ні пра што, апрача вас, Маша!
Ад таго моманту жыццё маё перамянілася. Маё жыццё нарэшце набыло сэнс, і гэта вы сталі сэнсам майго жыцця! Я прачынаўся з адной толькі надзеяй: сустрэць вас; я чакаў гэтых імгненняў увесь дзень, і калі я вас бачыў - дзень мой быў асветлены сонцам... А калі я вас не бачыў - я адчуваў сябе самым няшчасным чалавекам у свеце! Я нікому не мог адкрыцца, я жыў, тоячы пакуты на самым дне свайго сэрца, я вяртаўся дахаты, але і там не было мне спакою! Штоночы я не мог заснуць, я даведаўся, што такое бяссонне, я глядзеў у столь - а бачыў вас, ваш твар, вашыя вочы... Мільён разоў - я не хлушу - мільён разоў я наважваўся падысці да вас, адкрыць свае пачуцці, апусціцца перад вамі на калені... Я гатоў быў цалаваць адбіткі вашых ног, я шчаслівы быў толькі ад таго, што хаджу па тых самых калідорах, што і вы, шчаслівы быў дыхаць адным паветрам з вамі! Шчаслівы ад таго, што жыву на адной планеце з вамі!
Дык вось, мільён разоў я наважваўся падысці да вас, выказаць вам усе мае пачуцці, але мільён разоў я спыняўся, паралізаваны! Я нерухомеў ад жаху - ад жаху, што не здабуду вашага разумення, што вы пасмеяцеся з маіх пачуццяў, ад жаху, што вы пазбавіце мяне апошняй надзеі ў гэтым жыцці! О, які гэта быў жах - думаць пра такое!
Але нават вашая пагарда не прымусіла б мяне забыцца на вас! Ніхто не вырваў бы з майго сэрца гэтых пачуццяў! Гэтыя пачуцці, яны ўжо сталі маім жыццём, часткаю мяне самога, і калі б хто вырашыў пазбавіць іх мяне - яму давялося б выдзерці і маё сэрца!
Цяпер я не ўяўляю свайго жыцця без вас. Каханне - так, каханне, я не баюся вымаўляць гэтае слова! - каханне глыбака-глыбака запала ў маё сэрца! Так камень падае ў глыбокую студню, і каб яго дастаць, трэба вычарпаць адтуль усю ваду. Я адчуваў, як каханне ўладкоўваецца ў маім сэрцы, - так увосень кладзецца на дол апалая лістота, так увесну прарастае трава!.. Цяпер для мяне ўвесь свет перапоўнены каханнем. Я бачу яго паўсюль: у гэтым небе, у гэтых агністых аблоках, у гэтым сонцы, у гэтых дрэвах... Я гляджу на гэтых дзяўчат, - Афанасі шырока павёў рукою перад сабой, - але бачу толькі вас. Для мяне цяпер не існуюць іншыя дзяўчаты, іншыя людзі - толькі вы, Маша! Ніхто, апрача вас! Я... Так! Я кахаю вас, Маша! Я вас кахаю... Ці верыце вы мне? Ці можаце вы мне паверыць? - І Афанасі зноў прыклаў руку да сэрца ды зірнуў у Машыны вочы.
А Маша ў гэты момант спынілася, раскрыўшы вочы так шырока, як толькі магла. Нарэшце жаданы эфект быў дасягнуты - Маша здзівілася, да таго ж пазбавілася нават намёкаў на недавер. ТАКОГА яна напраўдзе не чула ніколі ў жыцці.
Афанасі - каторы ўжо раз за апошнюю гадзіну! - глыбака ўздыхнуў ды павіншаваў сябе з новаю перамогаю. Ягоная песенька на сёння наблізілася да заканчэння, і прыспеў час, як кажуць музыканты, пускаць коду.
- Не, не! Толькі не кажыце нічога! - апярэдзіў ён Машу. - Я не хачу чуць... Я не здольны чуць адмову... Я не перажыву такога няшчасця... Я... Бывайце, Маша, даруйце за ўсё, забудзьцеся на ўсе мае словы! Я... Не, не, толькі не гэта! - І Афанасі рэзка павярнуўся ды пабег прэч, уцягнуўшы галаву ў плечы. Ён праз некалькі секунд дасягнуў сходаў станцыі метро «Плошча Перамогі» ды знік пад зямлёю.
А Маша зноўку засталася стаяць пасярод вуліцы з адкрытым ад здзіўлення ротам.

У метро Афанасі, кінуўшы жэтончык у пашчу турнікета ды адзначыўшы адсутнасць пагоні, імгненна выпрастаў плечы, збег па эскалатары ды спрытна ўскочыў у цягнік, што адыходзіў. Ён быў вельмі задаволены сабою; ён усміхаўся найулюбёнаю сваёю ўсмешкаю: крыху крывіў вусны. Звонку падавалася, што гэта - грымаса пагарды да навакольнага свету. Так яно, у ісце, і было. Афанасі святкаваў чарговую сваю перамогу - перамогу над чалавечай дурасцю, як ён называў усе эмоцыі ды пачуцці, якія выбіваюць чалавека з каляіны, змушаюць плакаць, смяяцца, сумаваць, прачынацца раптоўна сярод ночы, неадрыўна глядзець на зоры, сто разоў пракручваць адну і тую мелодыю... Афанасі называў дурасцю каханне.

Афанасі ўвайшоў у свой двор; ён націснуў у ліфце кнопку з лічбаю 8; адамкнуў чатыры замкі чатырма сваімі ключамі; замкнуў на чатыры замкі дзверы з сярэдзіны; павесіў гарнітур у шафу, папярэдне пачысціўшы яго шчоткай; пераапрануўся ў старыя чорныя джынсы; вымыў рукі ды твар; потым вярнуўся ў калідор, утыркнуў выцягнуты тэлефонны штэпсель у разетку ды пачаў накручваць дыск. Перш чым класціся спаць, ён меў намер праспяваць калыханку.
Ён набраў нумар Машы. Чытачы могуць пацікавіцца: адкуль у Афанасія Машын нумар? Яна ж, здаецца, ані слова не паспела вымавіць, не тое што тэлефон пакінуць!
Гэта будуць вельмі нездагадлівыя чытачы. Афанасі папярэдне выпісаў Машын тэлефон, як, дарэчы, і хатні адрас, і некаторыя біяграфічныя звесткі, з кнігі рэгістрацыі педагагічных кадраў у канцылярыі Акадэміі мастацтваў.
- Маша, - заспяваў Афанасі найпранікнёным сваім тэнарочкам, пачуўшы «алё» ў слухаўцы, - Маша, даруйце, я не меў права вам тэлефанаваць... Але ўвесь гэты час мне здавалася, што вас папраўдзе няма, што вы - усяго толькі плён маіх мрояў, фантом, ілюзія, эфемерыда... Маша, пасля таго, што адбылося сёння... Маша, я мусіў пераканацца ў вашым існаванні! Гэта такое фантастычнае адчуванне - ведаць, што варта толькі набраць нумар - і я вас пачую... Маша, можна, я буду вам тэлефанаваць час ад часу? Не, не адказвайце нічога - я чытаю вашыя думкі!.. Дабранач, Маша!.. Даруйце мне ўсё!.. - і хуценька апусціў слухаўку на апарат.
Пасля выпіў гарбаты, пачытаў на кухні пры святле настольнае лямпы кніжку пра Сусветнае Дрэва ды ўрэшце пайшоў спаць, шчаслівы і спакойны.

На наступны дзень Афанасі Машы не сустрэў. Ён не сустрэў яе і праз дзень. Маша не траплялася Афанасію на вочы на працягу ўсяго тыдня.
Афанасі прымаў іспыты, слухаў студэнцкія адказы, крэмзаў у залікоўках побач з «пасрэдна» свой подпіс, абвінавачваў мастакоў у недасведчанасці, адпраўляў іх на пераздачы, зносіў дахаты мяцёлкі падораных у спадзеве на спагаду кветак, і пачынала гучаць у ягонай галаве думка: «Нешта не так».
Нешта адбывалася не так, як было запланавана. І зусім не нешта: проста Маша не спяшалася падаць у ягоныя абдымкі. Яна ўвогуле нікуды не спяшалася. Яна папросту знікла.
Зразумела, што ў Афанасія ставала розуму не распытваць студэнтаў ды калегаў, куды падзелася спадарыня Трактар, а пазваніць ёй дахаты Афанасі не мог. Бо гэты ягоны званок умэнт перакуліў бы ўсё з ног на галаву ды памяняў бы іх з Машай ролі. Калі б Афанасі пазваніў ёй, ён распісаўся б у сваёй зацікаўленасці Машыным жыццём. Уся рэч была ў тым, што на гэты раз Афанасі не ўдаваў зацікаўленасці, а папраўдзе хваляваўся. А самы галоўны жыццёвы прынцып Афанасія забараняў яму выкрываць уласныя праўдзівыя пачуцці. Нават у тым выпадку, калі гэта было хваляванне не за Машу, а за ўдалыя вынікі баявых дзеянняў.
А праз тыдзень, калі Афанасі ўжо амаль пастанавіў забыцца на Машу Трактар як на чарговы непрыемны сон, яна, як здараецца заўжды, сама прыйшла да яго.
Маша чакала Афанасія на ганку Акадэміі, стоячы спінаю да дзвярэй ды ўтаропіўшы вочы ў нябачную кропку на даляглядзе, нібы вышукваючы кагосьці ў чалавечай плыні, што няспынна выцякала з метро. Няўважлівы Афанасі ледзь не наскочыў на яе.
Маша павярнулася. Яна глядзела на Афанасія сваімі зялёнымі вачыма, спакойна, уважліва вывучаючы ягоны твар, нібы вышукваючы адказаў на свае пытанні. Афанасі таксама маўчаў, не паспеўшы знайсці адпаведных словаў.
- Я была на бюлетэні. Ангіна, уяўляеш? На пачатку лета... Хадзем. - Маша пайшла праз дарогу, і Афанасі скіраваўся за ёй.
Быў вечар. Пыльны, стомлены горад адчуваў палёгку пасля дзённае спёкі і мітусні, ляманту, грукату, потных спінаў ды ліпкіх далоняў. Быў вечар, і лёгкі ветрык працягваў па нагах прыемнай прахалодай. Афанасі з Машай крочылі наперад па праспекце ды вялі гутарку.

Падзеі двух наступных чэрвеньскіх тыдняў не вымагаюць падрабязных апісанняў. Маша з Афанасіем мела яшчэ некалькі такіх вечаровых шпацыраў, агульным лікам блізу дзесяці; яшчэ яны сядалі на лавачкі ды пілі піва, як жабракі-студэнты, але галоўным зместам іхных так званых спатканняў былі гутаркі. Гутаркі: размовы, балбатня, гульня словаў, дэманстрацыя разумовых здольнасцяў... Яны размаўлялі пра ўсё, пра што толькі можна: спявалі, што бачылі. Мастацтва, гісторыя, літаратура, метафізіка сноў, роля жанчыны ў парадыгме псіхааналізу, Беларусь у кантэксце эўрапейскай цывілізацыі, падваенне асобы, параўнальны метад у літаратуразнаўстве, радыевугляродны аналіз, квантавая фізіка, тэорыя імавернасці, міжпланетныя вандроўкі, тэлепартацыя, вожыкі, вонкавая рэклама, айчыннае марозіва, зламанае дрэва, джаз, зоркі, шкоднасць палення, дождж, чэрвень, адпачынак...
Разгорнуты план-канспект іхных гутарак, мабыць, і быў бы цікавы ды карысны ў сацыялагічным кантэксце, але ў нашым апавяданні пра каханне ён будзе абсалютна недарэчны. Бо іхныя гутаркі да кахання не мелі ніякага дачынення.
Бо каханне - гэта не вось такія шпацыры без мэты ды маршруту. Бо для кахання патрэбныя два чалавекі. А гэта не было каханнем. Гэта быў эксперымент Афанасія ды Машына памылка.
Так, Маша памылілася, як на тое і спадзяваўся Афанасі. Маша дала веры ягоным словам, ягоным жэстам, ягоным позіркам. Маша адкрыла Афанасію сваю душу.
Вартая цытавання ўсяго толькі адна размова.
Яны ішлі па мосце праз Свіслач у бок Кастрычніцкага пляца, і Маша прапанавала спыніцца. Яна запаліла цыгарэту, абаперлася на шырокія каменныя парэнчы ды зірнула ў неглыбокую зялёную ваду.
- Глядзі... Ты бачыш?
- Ага, - пракаўтнуў Афанасі. Ён, праўда, не дапяў, што менавіта трэба бачыць.
- У мяне з гэтым мостам такая гісторыя... Колькі я памятаю, гадоў недзе з семнаццаці, ці што... Я заўжды, як мінаю пешшу гэты мост, спыняюся тут, палю... Шторазу. Гэты мост для мяне нібы нейкая мяжа. Паміж мінулым і будучыняй. Я заўжды ўзгадваю: а што было са мною раней? Летась - калі я вось гэтаксама спынялася на мосце? Альбо два гады таму... Альбо пяць... О, я цяпер такімі лічбамі магу апераваць - дзесяць гадоў таму... Пра што я мроіла? Пра каго я думала? На што я спадзявалася? Ці была я шчаслівая? Вельмі карысна, ты ведаеш! Нібы дзённік весці. Ты ведаеш, здаецца, некалькі разоў я нават была шчаслівая!.. Што з намі будзе, Афанасі? Адкажы - як ты мяркуеш? - І Маша, не чакаючы кепскага, зірнула на свайго спадарожніка.
Афанасі крыху паварушыў вуснамі, нібыта не выпускаючы на волю імклівых словаў праўдзівага адказу.
- Ну... Маша... Ведаеш, нельга так казаць! Ніхто ж не ведае, што будзе далей. Гэтым будучыня і цікавая, што мы нічога наперад не ведаем. Я вось, да прыкладу, нічога наперад не загадваю. Так проста цікавей, разумееш?
Маша толькі моўчкі зірнула на Афанасія, крыху ўзняўшы левае брыво. Нам невядома, ці зразумела яна ў тую хвіліну ўсю сапраўдную ЦІКАВАСЦЬ гэтага выказвання, але галоўнае тое, што мы - мы зразумелі ўсё і адразу.
Дзяўчаткі, хлопчыкі, людзі, чалавекі! Здымайце ружовыя акулярчыкі, выцягвайце з вушэй вату салодкіх словаў! Такія выказванні ёсць сігналам небяспекі. Не мае значэння, якое пытанне ім папярэднічала: ад «Што рабіцьмем заўтра ўвечары?» да «Хуан Карлас, каханы мой, калі ж адбудзецца нашае вяселле?» - калі адказам на пытанне: «Калі?» служыць выказванне: «Нельга загадваць на будучыню», трэба браць ногі ў рукі ды ўцякаць, кіпці драць, даваць дзёру - бегчы, бегчы як мага далей, каб выратаваць сваё жыццё! Бо праўдзівы адказ, што хаваецца пад маскай няпэўнасці, азначае напраўдзе толькі адно: «Ніколі! Нідзе! І не з табою!»
Праўда, сустракаюцца яшчэ асобныя вычварэнцы, якія ў першыя ж сустрэчы прапануюць ажаніцца, а потым самі знікаюць, - дык такіх трэба расстрэльваць на месцы без суду ды следства, чым мы з вамі і зоймемся наступным разам.
Пытанні, адказы, недагаворанасці, непаразуменні... Калі людзі кахаюць адно аднаго, няма патрэбы ўзводзіць вежы са словаў, каб паразумецца. Што, здаецца, можа быць прасцейшае за гэтую даўнюю ісціну? Дык не, кожнаму трэба з галавой даць нырца ў акіян непаразумення, расчаравання ды крыўды, каб потым, выплыўшы, паглядзець праўдзе ў вочкі. Каб перастаць нарэшце менаваць інтуіцыяй жыццёвы досвед. Каб замест «Адчуваю, нешта не так», казаць: «Ведаю, што ўсё не так!»

Пакуль мы тут блыталіся ў словах, як нагамі ў накоўдраніку, нашыя героі даўно зніклі з моста. Ды і два апошнія чэрвеньскія тыдні неўпрыкмет мінулі. Пачаўся ліпень.
Месцазнаходжанне Машы пакуль застаецца нам невядомае, затое Афанасія мы можам назіраць простым вокам. Вось ён, шчаслівы, ляжыць на канапе ў сваёй кватэры ды глядзіць тэлевізар. Ён не так часта дазваляе сабе гэта, але сёння яму можна. Афанасі, як і ўсе педагагічныя работнікі, мае адпачынак 56 каляндарных дзён плюс адно дзяржаўнае свята, агулам 57 дзён вольнага бадзяння.
У першы дзень свайго адпачынку Афанасі прачнуўся а шостай гадзіне раніцы.
На кухні прапікала радыёкропка, пакінутая ўключанай з ночы: пяць разоў коратка, шосты - даўжэй, і ўрачыста грымнуў гімн Роднае Рэспублікі, не пакідаючы ніякага шанцу на працяг салодкага сну.
Афанасі бадзёра адкінуў прасціну, бадзёра ўскочыў з канапы і пачаў свае ранішнія аздараўленчыя практыкаванні: прысяданні, адцісканні ды бег на месцы.
Высока ўскідваючы вострыя калені, прыціскаючы локці да бакоў, Афанасі, не прыпыняючы практыкавання, прабег на кухню ды выключыў радыё, якое знаёмым жаночым голасам абвяшчала апошнія навіны з вёскі.
Афанасі чамусьці меў надзвычай добры настрой, разоў у дзесяць лепшы, чым заўсёды.
- А! - вымавіў Афанасі і ляпнуў сябе па лбе. - Ну правільна, сёння ж не трэба ісці на працу!
Але для яго гэта не было нагодай выракацца сваіх звычак ды ісці зноўку завальвацца на канапу.
Не, Афанасі, як заўжды, рашуча расхінуў фіранкі, запоўніўшы кухню сонечным святлом, весела пстрыкнуў шпінгалетамі і расчыніў акно. Фіранкі надзьмуліся, узляцелі да столі ды апалі. Афанасі, аслеплены сонцам, некалькі разоў глыбака ўздыхнуў, шумна ўцягваючы носам паветра, ды ўзяўся гатаваць сняданак: гарбата, яечня з памідорамі ды смажаны батон.
- Талерачкі мае, талерачкі! - спяваў Афанасі. - Лыжачкі мае, лыжачкі! Філіжаначкі мае!

- Даруйце! - гэта закрычалі некаторыя нецярплівыя чытачы. - Даруйце, а дзе ж Маша? А з Машай што?
Калі б Афанасі нас пачуў, ён не адразу здагадаўся б, пра што ідзе гаворка.
- Маша? - нахмурыў бы ён свой высокі лоб. - Маша? Якая Маша? - ссунуў бы ён свае мужныя бровы. - Ах, Маша! - і ў ягоных вачах з'явілася б прасвятленне. - Маша, - але ненадоўга, бо ён адразу падціснуў бы вусны, - ну, што Маша? Маша як Маша, не ведаю ніякае Машы!
Вось такі ён падступны, наш Афанасі, вось такі ён хлуслівы, наш герой. Глядзіце вы на яго - робіць выгляд, нібыта забыўся на Машу! Ну-ну, скажам мы, якія ўсё ведаем наперад, - ну-ну, Афоня!
Не, Афанасі не забыўся на Машу. Ён проста спрабаваў пра яе не думаць - бо ўжо выйшаў час, адведзены ім на love story, і пачаўся адпачынак - ад усяго ды ад усіх.
І галоўным чынам ад Машы. Бо гісторыя з ёю выйшла дзіўная; не такая, як планаваў Афанасі. Бо ён пралічыўся: Маша паводзіла сябе інакш, чымся ейныя папярэдніцы. Афанасі хмурыў лоб, незадаволена хмыкаў; ён спрабаваў дапяць, чым менавіта ён незадаволены. Падаецца, Маша ў яго закахалася, бо былі ўсе прыкметы гэтага: яна глядзела на Афанасія шырока раскрытымі вачыма, сур'ёзнымі, глыбокімі вачыма; яна не смяялася з яго, засмучалася пры развітаннях, радасна кідалася яму на шыю пры спатканнях...
Але пры ўсім пры тым Афанасія нешта насцярожвала. Але што? Што менавіта? Ён ніяк не мог знайсці адказу. Нешта не так, нешта не так... І не дапамагалі ні інтуіцыя, ні жыццёвы досвед.
Афанасію было мала ўсіх вышэй згаданых прыкметаў кахання; ён не адчуваў радасці перамогі. Ён быў незадаволены, нібы праглынуў дзве талеркі непасоленага супу: больш не лезе, але хочацца яшчэ чагосьці.
А мабыць, ён папросту закахаўся ў Машу?
Гэтая блюзнерская думка аднойчы наведала Афанасія, але надоўга ў ягонай галаве не затрымалася. Афанасі прыстукнуў яе адным махам, нібы млявую зімовую муху, якая, страціўшы рэшткі розуму, даверліва вылецела да людзей.

І вось надышоў першы дзень адпачынку. Ні ў якую завяршальную фазу іхныя стасункі з Машай не ўвайшлі. Афанасі вырашыў самастойна іх перапыніць, бо не бачыў сэнсу ў іх працягу. Ён, у найлепшых мужчынскіх традыцыях, папросту знік.
Афанасі ўвесь дзень прыбіраўся ў хаце, вынішчаючы апошнія бактэрыі; чытаў дзве кніжкі адначасова, а бліжэй да ночы заваліўся на канапу глядзець тэлевізар.
А палове на адзінаццатую зазваніў тэлефон. Як вы ўжо здагадаліся, гэта быў ніякі не слон, а Трактар.
Афанасі таксама пра гэта здагадаўся, але ўсё ж з неахвотаю падняўся ды пайшоў у калідор.
- Ну казала ж мне маці: «Выключай, сынку, тэлефон пасля дзевятае гадзіны!» - паскардзіўся Афанасі тэлевізару, хоць ягоная маці ніколі яму нічога гэткага не радзіла. - Алё...
- Што ты робіш сёння ўвечары?
- Нічога, - не паспеў схлусіць Афанасі.
- Я зараз да цябе прыеду! - пастанавіла Маша ды адразу паклала слухаўку. Пэўна ж, ёй больш пасавала б прозвішча Танк, але Жэня Скурко яе апярэдзіў.
Машын званок пакінуў Афанасія ў разгубленасці. Адназначна, гэтая дзяўчына дазваляла сабе забароненыя крокі: брала на сябе адказнасць, прымала рашэнні ды праяўляла ініцыятыву - усё тое, чаго так не любяць мужчыны, што б яны там ні хлусілі ў жаночых часопісах.
Афанасі таксама не любіў ініцыятыўных дзяўчат; грунтам і гонарам ягонага жыцця было тое, што ён усё вырашаў самастойна. Трэ было рыхтавацца да годнага рэваншу.
Афанасію нават была прыйшла думка прыкінуцца, што яго няма, але ён не спадзяваўся, што Маша прыедзе нагэтулькі ЗАРАЗ, ды не паспеў выключыць святло.
Маша прыйшла спакойная, і гэта насцярожвала. Яна спрытна развязала матузкі сваіх важкіх ботаў, і рукі ейныя пры гэтым не калаціліся.
Афанасію не падабаліся Машыны боты. Вось і ў той момант ён, сустракаючы Машу ў калідоры, у чаканні, пакуль яна вызваліць ногі ад гэтай мроі артапеда, думаў, што дзяўчатам больш пасуюць чаравічкі на абцасіках.
- Хадзем на кухню, - прапанаваў Афанасі і сам пайшоў наперад.
Маша, доўга не разважаючы, адразу села на ягонае ўлюбёнае крэсла.
- Табе моцную? Колькі лыжак?
Афанасі паставіў перад Машай кубак з гарбатай ды сеў насупраць, чакаючы, пакуль Маша стане прамаўляць. У гэтым чаканні таксама быў разлік: заўжды перамагае той, хто дазваляе праціўніку раскрыць карты, той, хто пакідае сабе апошняе слова.
- Паслухай! - Маша кранулася ягонай рукі ды зазірнула Афанасію ў вочы. - Паслухай! Я разумею твае пачуцці. Я ведаю, што сорак гадоў - гэта не дваццаць, я ведаю, што ў такім веку цяжка вось так узяць ды памяняць усё жыццё... Але ж мне таксама ўжо не семнаццаць! Афанасі, мне амаль трыццаць гадоў, я ўжо не дзяўчынка! Я ўжо навучылася казаць тое, што думаю, ды рабіць так, як лічу слушным... Дык вось, я лічу слушным наступнае... Афанасі! Я прыйшла, каб застацца.
Афанасі адпіў гарбаты са свайго кубка, не зважаючы, што тая хвіліну таму кіпела кіпнем; Афанасі так каўтануў тую гарбату, быццам меў намер праглынуць язык ды вызваліць сябе ад вымогі нешта казаць.
Але трэ было сказаць хоць нешта.
- А... - сказаў Афанасі. - Э!.. У. Ага. Вось так. Але ж, але ж... Ну...
Маша, пачуўшы гэткія вельмі змястоўныя словы, асцярожна адняла сваю руку. Яна прыбрала свой позірк з вачэй Афанасія, яна склала рукі, як Напалеон, мабыць, складаў іх перад Ватэрлоо. Нават калі б Афанасі не вымавіў больш ніводнага гуку, ёй было б даволі.
Але Афанасі наважыўся прамаўляць, не даючы веры Машынай інтуіцыі, альбо жыццёваму досведу - як каму больш даспадобы.
- Паслухай, Маша, - сказаў ён як мага больш ветліва, - паслухай мяне ўважліва ды паспрабуй зразумець. Я не магу з табою жыць не таму, што ты нейкая не такая, не! Ты цудоўная дзяўчына, ты яшчэ абавязкова сустрэнеш чалавека, які цябе пакахае... Я не магу з табою жыць, бо я не магу жыць ні з кім. Я магу жыць толькі адзін - ну такі вось я нарадзіўся, што тут зробіш! Я не магу ні з кім спаць у адным ложку, бо я папросту не высыпаюся. Ды ты ж сама мяне не вытрываеш! У мяне такія звычкі, ведаеш... Табе хутка гэта ўсё надакучыць. Маша, ну разваж: навошта табе гэта ўсё? Навошта табе я? Ты такая прыгожая, разумная, таленавітая, у цябе ўсё яшчэ наперадзе! І мне ўвогуле падабаецца, як шляхотна ты на гэта ўсё рэагуеш! Ведаеш, якая-небудзь іншая дзеўка закаціла б істэрыку, абвінавачвала б мяне, кідалася б тут перада мною на калені, плакала б - ну ўяўляеш, як непрыгожа! А ты ж вунь якая моцная! Такая выхаваная! - Афанасі вырашыў зрабіць камплімент Машы, якая сядзела з каменным тварам, - маўляў, атрымай футра з каралеўскага пляча.
Маша гэтаксама спакойна, як і дзесяць хвілін таму, выняла лыжачку з гарбаты, паклала яе на сподачак, зрабіла глыток, паставіла кубак на месца.
- Усё правільна. Ты можаш рабіць усё што хочаш. Ты вольны грамадзянін вольнае краіны. Ну, бывай.
- Не, чакай! - Афанасі ўзяў апошнюю спробу зрабіць каралеўскі жэст. - Мабыць, не трэба ехаць, позна ўжо, ты мо заставайся!
Маша моўчкі адхіліла руку Афанасія, якой ён быў перакрыў выхад з кухні, ды зірнула на яго з такім выразам твару, што аматары расшыфроўваць невербальныя знакі прачыталі б на ім нешта вельмі абразлівае для Афанасія.
Афанасі застаўся сядзець на кухні, але калі Маша пачала змаганне з ягонымі дзвярыма, падняўся ёй дапамагчы.
- Пакуль! - сказала яму Маша гэтак спакойна, нібы кагадзе не была смяротна абражаная.
- Бывай! - адгукнуўся Афанасі, здзіўлены занадта простым развязаннем такой вялікай праблемы.
Ён па чарзе пстрыкнуў чатырма замкамі ды вярнуўся ў залу да тэлевізара. Але сэнс апошніх навінаў не даходзіў да Афанасія. Ён мусіў адчуваць палёгку, але палёгкі не было. Быў непрыемны прысмак, нібы ён наеўся бруду. Афанасі нават пайшоў ды дапіў гарбату, спачатку сваю, потым Машыну, хоць раней ніколі не піў з чужых кубкаў. Але прысмак усё адно не знікаў. Гэта было прадчуванне непрыемнасцяў.

* * *

Вось так бясслаўна закончылася апошняя love story Афанасія, не пакінуўшы яму ані радасці перамогі, ані прыемных успамінаў. Але непрыемных эмоцыяў таксама не засталося. Каб выдаліць рэшткі Машы са сваёй памяці, Афанасію не давялося прыкладаць шмат намаганняў. Мінуў нейкі тыдзень, і не засталося нічога.
Жыццё вярнулася ў сваю каляіну, дні зноў пакаціліся як колы, адладжаны невідочны рухавік функцыянаваў бездакорна. Стрэлкі гадзіннікаў круціліся, сыходзіліся ды разыходзіліся, як нажніцы, адразаючы па гадзіне ад адведзенага на жыццё тэрміну.
Афанасі зноўку жыў як хацеў; яму было сорак гадоў; ён быў шчаслівы. Ён прачынаўся раніцай, падскокваў, махаў рукамі, бег на месцы, выключаў радыёкропку, адчыняў акно з дажджом або сонцам, гатаваў сняданак, мыў талеркі, галіўся, сузіраў сябе ў люстэрку ды быў шчаслівы. Ён быў шчаслівы ўсе два месяцы адпачынку; яны мінулі як адзін дзень, падобныя да дзесяці папярэдніх адпачынкаў. Афанасі чытаў кніжкі, пісаў манаграфіі, два разы схадзіў у Батанічны сад, тры разы - у тэатр, адзін раз - на рэчку.
Шчасце скончылася ў адзін момант.
Той дзень, адзін з апошніх дзён жніўня, пачаўся незвычайна. Увечары Афанасі не ўключыў радыёкропкі. А шостай гадзіне не прагучала ані пішчання, ані гімна. Афанасі працягваў спаць.
Недзе а дзесятай зазваніў тэлефон.
Афанасі падхапіўся, зірнуў на гадзіннік, жахнуўся, заблытаўся ў коўдры ды пабег у калідор, не чакаючы нічога добрага ад такой нестандартнай раніцы. Але нічога кепскага ён таксама не чакаў.
- Афоня, сябар! Ну я цябе віншую! Ну ты герой! Ге-р-р-р-о-о-ой! Малойца! Супер! Эх, Афоня, дзе нашыя гады! А памятаеш, як мы з табой мроілі!.. Э-эх, як летуцелі! А вось ты і дачакаўся, малойца! Ну Афоня, ну сябар, эх!
Афанасі аслупянела слухаў гэты бас, які нёс нешта незразумелае. Голас у слухаўцы грымеў, заходзіўся ў нейкай шалёнай радасці, нібы сам Бог вырашыў павіншаваць Афанасія невядома з чым. Бас, не раўнуючы шаляпінскі, крычаў яму: «Ну Афоня, ну сябар!» і ператвараў усё ў дзікунскую пародыю невядома на што. У Афанасія не было ніякіх сяброў.
- Нічога я не разумею! - да Афанасія нарэшце вярнуўся голас.
- А ты ў акно зірні! - рагатнуў бас у слухаўцы ды знік.
Афанасі стрымгалоў паімчаў да акна. Ён так шмаргануў фіранкі, што ў некаторых месцах яны адарваліся. Ён ірвануў шпінгалеты, ледзь не абдзёршы пальцы, ды расхінуў шыбы так імкліва, што дзынкнула шкло. Пасля зірнуў уніз і нічога цікавага не пабачыў. Афанасі зірнуў у неба ды прырос да падлогі.
Па небе ляцеў вясёленькі спартовы самалёцік. Ён хвастом цягнуў за сабой транспарант з зялёнымі літарамі на жоўтым тле. На транспаранце выразна чытаўся надпіс: «АФОНЯ - ДУРАНЬ І СТАРЫ КАЗЁЛ».
Афанасі працёр вочы кулакамі. Ён так іх працёр, што заплакаў - упершыню гадоў за дваццаць. Афоня - дурань і стары казёл. Афоня - дурань і стары казёл. Гэта быў не сон. Па небе ляцеў самалёцік і цягнуў транспарант «Афоня - дурань і стары казёл».
Зноўку зазваніў тэлефон.
Афанасі схапіў слухаўку ў спадзяванні атрымаць тлумачэнні.
- Афанасі Іванавіч! Мы ўсе, вашыя студэнты, мы ўсе вамі ганарымся! Ура Афанасію Іванавічу!
І нябачны натоўп недзе глыбака ў слухаўцы грымнуў: «У-у-р-р-р-р-а-а-а!» І зноўку - вар'яцкі рогат, і зноўку ўсё знікла.
Самалёцік у небе таксама знік.
Афанасі наліў у гранёную шклянку вады з-пад крана ды выжлукціў яе трыма глыткамі, потым наліў яшчэ і таксама выпіў. Ягоныя зубы біліся аб шкло. Пасля ён выкінуў шклянку ў акно ды апусціўся на падлогу. Ягоныя калені трэсліся; ён паспрабаваў абхапіць іх рукамі, але рукі таксама калаціліся.
- Не, усё, досыць! Трэба неяк прачынацца! - выціснуў з сябе Афанасі і адразу даведаўся, што і з голасам у яго праблемы.
Хвілін дзесяць, а можа, дваццаць Афанасі нерухома прасядзеў на падлозе пад акном, калі можна назваць нерухомасцю дробнае калаценне. Ён спрабаваў прыняць нейкае рашэнне, але думкі ягоныя таксама трэсліся, калаціліся ў ліхаманцы, як матылькі, запхнутыя ў слоік. Як думаць? Пра што тут думаць? Увесь свет раптам пайшоў вайной на Афанасія, гэта была нейкая ўсясветная змова, нібыта пекла вырвалася на паверхню зямлі. Афоня - дурань і стары казёл.
І зноўку зазваніў тэлефон. Афанасі прапоўз у калідор і схапіўся за слухаўку, зваліўшы на падлогу апарат.
- Афоня, казлянятка ты маё, - спяваў незнаёмы жаночы голас, - бяжы хутчэй у Галерэю! Тут усе цябе даўно чакаюць! Толькі хутчэй бяжы, Афоня! Цалую!
Афанасі ледзь не выбег на вуліцу ў чым спаў. Ён нацягнуў свае хатнія джынсы, нейкую майку, што першая трапілася пад руку, абарваў матузок на адным чаравіку, на другім зацягнуў мёртвыя вузлы і, не памыўшы твару, не пачысціўшы зубоў, пабег да Галерэі.
Ён ускочыў у першы тралейбус, праехаў некалькі прыпынкаў, але тралейбус ледзь поўз, і Афанасі выскачыў з яго ды пабег. На Варвашэні ён абагнаў трамвай, і пасажыры трамвая радасна віталі яго свістам ды воплескамі.
Яшчэ з Варвашэні Афанасі заўважыў натоўп ля Галерэі; натоўп таксама прыкмеціў ягоны марафон ды захваляваўся, запляскаў, залямантаваў у шалёнай радасці.
- А-фо-ня! А-фо-ня! А-фо-ня! - скандаваў натоўп.
Афанасі падбег бліжэй; ён дыхаў, як загнаны конь. Натоўп зайшоўся ў вітальным крыку. Шыльда ля Галерэі паведамляла ўсяму гораду: «Выстава мастачкі Машы Трактар "АФОНЯ - ДУРАНЬ І СТАРЫ КАЗЁЛ"».
Афанасі, не зводзячы вачэй з шыльды, зачаравана рушыў да ўвахода ў Галерэю. Натоўп расхінаўся перад ім, як перад каралём.
Калі Афанасі ўвайшоў у экспазіцыйную залу, натоўп сціх. У гэтай раптоўнай нетрывалай цішыні Афанасі прайшоў да самай вялікай карціны ў Галерэі: тры на пяць метраў.
На карціне быў выяўлены нязграбны чалавек неймаверна высокага росту. Гэтая пачвара з танклявымі рукамі ды нагамі, адкінуўшы за спіну каралеўскую пунсовую мантыю, зухавата ссунуўшы на вуха карону, курчылася перад люстэркам, вылупіўшы вочы ды высалапіўшы язык. У люстры, гэтаксама вялізарным, як і чалавек перад ім, заміж адлюстравання была выяўленая павялічаная да неверагодных памераў далікатная жоўтая кветачка. Такая кветачка называецца нарцысам.
Шыльдачка пад карцінай паведамляла: «Апошні позірк Афанасія ў люстра перад выхадам з дому».
Афанасі, не адчуваючы ні рук сваіх, ні ног, ні пагатоў галавы, павёў вакол сябе вачыма ў пошуку іншых палотнаў. Натоўп, які напружана сачыў за ягонай рэакцыяй, даў яму дарогу.
Афанасі павольна перайшоў да наступнага свайго партрэта.
Такі самы, як і на папярэдняй карціне, трохметровы крэцін у каралеўскай кароне ды мантыі кіраваў парадам, што адбываўся ля ягоных пачварных ног. Ногі ўтваралі нешта кшталту трыумфальнае аркі, праз якую шыхтамі ішлі відэльцы, лыжкі, талеркі, рондлі ды патэльні. Шыльдачка пад карцінай абвяшчала: «Афанасі гаспадарыць на кухні».
Трэцяе палатно можна было назваць манументальным. Яно выяўляла камеру катаванняў. Афанасі ў форме афіцэра СС, драпежна ашчэрыўшы зубы ды заціснуўшы ў адной руцэ стэк, а ў другой - аўтамат, хіліўся над прывязаным да крэсла знявечаным хлопцам. Яшчэ чалавек дваццаць юнакоў, распранутых, скалечаных, туліліся ля дальняй сцяны камеры. Яны чакалі сваёй чаргі. Карціна мела назоў: «Афанасі прымае іспыт у студэнтаў».
Раптам ад натоўпу адарвалася, парушыўшы цішыню, нейкая дзеўка з мікрафонам ды вялікай торбай праз плячо. Яна падскочыла да Афанасія ды, тыцнуўшы яму ў зубы мікрафонам, нахабна ўсміхнулася.
- Дзень добры, Анэля Калбасальнікава, радыё «Грацыя». Афанасі, распавядзіце, калі ласка, нашым слухачам, як вы сталі дурнем ды старым казлом!
Афанасія затрэсла.
- Засунь ты свой мікрафон ведаеш куды!.. Радыё «Дэградацыя»!.. - прахрыпеў ён, пырскаючы слінай, проста ў твар Анэлі Калбасальнікавай, выбег з Галерэі ды памчаў прэч, не разбіраючы дарогі.

Ужо на сваім восьмым паверсе знямоглы Афанасі згадаў, што не мае ключоў. Але дзверы ў кватэру былі проста прычыненыя. Ён пхнуў іх нагою, увайшоў у кватэру ды паваліўся на канапу.
Але доўга ён не праляжаў.
Афанасі падняўся ды, хапаючы сцены, ледзь не падаючы пры кожным кроку, пасунуўся ў калідор. Тэлефон валяўся так, як ён яго кінуў: апарат асобна, слухаўка асобна. Афанасі націснуў на рычажкі і, пачуўшы роўны гудок, стаў круціць дыск. Рукі калаціліся.
З шостага разу ён здолеў набраць патрэбны нумар.
Адзін гудок... другі... пяты... дзевяты... Нарэшце на тым канцы вырашылі адказаць.
- Маша! - прахрыпеў Афанасі з апошніх сілаў. - Маша! Навошта ты гэта зрабіла? Навошта? Ты! Гэта! Зрабіла? Навошта, Маша? Ма-ша, Ма-ша, як ты магла?
- А што, Афоня? Мастацтва ўрэшце закранула цябе за жывое? - асцярожна пацікавілася спадарыня Трактар.
- Хіба ўва мне засталося нешта жывое? - енк Афанасія ішоў з самых ягоных вантробаў. Ён ледзь не плакаў. - Ма-ша! Ты не чалавек - ты пачвара! Ты - д'ябал! Ты... Ты проста... Ну як ты магла, гэта ўсё, усё, што было толькі між намі, тэт-а-тэт, ты - УСЁ ГЭТА, як апошняя... Ма-ша! Ну калі табе ўжо было так крыўдна, ты магла б намаляваць свае малюначкі, даслаць іх мне - я зразумеў бы! Я б усё зразумеў! Ма-ша, Маша, навошта ты гэта зрабіла? І маё імя, Маша, маё імя! Ну ты хаця б магла змяніць імя! Маша, чаму ты не назвала мяне хаця б Усеваладам якім-небудзь, скінула б мне гадоў дваццаць, Маша, я б усё зразумеў! Ма-ша, навошта ты гэта зрабіла?!!
І Афанасі замаўчаў, каб не заплакаць проста ў слухаўку.
А слухаўка наважылася нешта прамовіць:
- Афоня, зайчык мой, ты ж так нічога і не зразумеў! Я гэта зрабіла, каб ты мяне пачуў! Каб ты даведаўся, што я ні на хвілю не забывалася на цябе! Каб ты даведаўся, што я закахалася ў цябе, Афанасі! Каб ты зразумеў, як мяне пакрыўдзіў, як мне было балюча, Афанасі! Я гэта зрабіла, каб ты вярнуўся да мяне! Ты мяне чуеш, Афанасі? Ты разумееш мяне?
Афанасі не слухаў Машы. Яму было ўсё адно, што яна там вярзе. Ён не пачуў ніводнага слова. Ён проста апусціў слухаўку на апарат; ён плакаў.
Апошні раз Афанасі так плакаў трыццаць гадоў таму, калі ў пятым класе атрымаў сваю першую ў жыцці чацвёрку - за кантрольную па матэматыцы. Плач ірваўся з самага ягонага сэрца, і торгалася ў такт рыданням спіна, і слёзы, гарачыя слёзы ліліся з вачэй. Афанасі закрываў твар рукамі, ён не разумеў: за што? За што яго пакрыўдзілі? Абразілі, зняважылі, знішчылі, укрыжавалі на калгасным полі варонам на пацеху!.. За што? Ён не разумеў.
Афанасі дапоўз да кухні, выцягнуў з лядоўні бутэльку гарэлкі, якую купіў сто гадоў таму, каб чысціць магнітафонныя галоўкі, ды выжлукціў ледзь не палову. Вантробы апякло, у галаву стукнула гарачая хваля; Афанасі зваліўся на падлогу.

Наступныя дні сталі для Афанасія пазачарговай вандроўкай у пекла. Час, раней такі паслухмяны Афанасію, закруціўся шалёным вірам, зацягваючы ўсярэдзіну ўсё, што складала шчасце Афанасія: ягоныя думкі, звычкі, памкненні, мроі; знікла ўсё: сон з дзесятай да шостай гадзіны, ранішнія падскокі, радыё, акно ў шчаслівы свет, далікатная ўпарадкаванасць кухні - знікла ўсё, нібы знесенае драпежным ураганам. Афанасі расплюшчваў вочы і не разумеў - спіць ён ці, можа, ужо памёр. Любы позірк, любая думка выклікалі ў яго невыносныя, нясцерпныя пакуты, і нідзе не было ратунку. І нават ягоная кватэра, ягоны прытулак, ягоная ўласная выспа ў чалавечым акіяне, ягоны Дом - нават кватэра не выратоўвала Афанасія. Усё хатняе начынне, усе прадметы, якія Афанасі гадамі прыладжваў на месцы, ягоная цудоўная кухня, дзе ўсё было ўпарадкавана, як у механізме самалёта, - усё гэта чыніла Афанасію нясцерпныя пакуты - бо ўсё, усё, што Афанасі лічыў святым, - усё гэта зганьбіла пачварная Маша! Апаганіла, вывернула навонкі ды развесіла на ўсеагульны агляд, нібы брудныя прасціны на плоце.
Так, Маша прайшлася па ягоным недатыкальным жыцці бруднымі ботамі, тымі сваімі бруднымі цяжкімі ботамі з высокай шнуроўкай, ботамі на трактарнай падэшве!
Афанасі пакутаваў; нібыта нехта ў нябёснай канцылярыі знянацку выкрыў прапушчанага шчасліўца ды паслаў яму ўсе пакуты, якіх ён не меў за ўсё папярэдняе жыццё.
І раптам прыйшла палёгка.
Праз тры дні ці праз тыдзень - Афанасі не ўсведамляў. Ён расплюшчыў вочы ды зразумеў, што ляжыць на падлозе, учапіўшыся пальцамі за дыван; побач з ім валяліся пустыя бутэлькі ды коўдра.
Афанасі падняўся; яго трэсла. Ён машынальна склаў коўдру, занёс пустыя бутэлькі на кухню.
У кватэры панавала бязладдзе. У роце быў жахлівы прысмак. Гэта быў расквечаны ўсімі фарбамі той самы прысмак, які Афанасі ўпершыню адчуў, выганяючы Машу.
Афанасі схадзіў у душ, памыў галаву. Дарэмна ён палічыў, што неба паслала яму палёгку. Няшчасце завісла над ім; гора сцяло ягонае сэрца.
Афанасі пахадзіў па кватэры, спрабуючы прывесці яе да ладу; зразумеў, што больш не можа тут заставацца, нацягнуў куртку ды выйшаў на вуліцу.
Было цёмна. Ніводны ліхтар не агаляў сваім жоўтым святлом вантробы двара; пагатоў у ягоным двары ніколі не было ліхтароў. Халоднае чорнае паветра было дарэшты насычана вільгаццю, занадта дробнай для дажджу, занадта мокрай для туману. Неба, шчыльна зацягнутае хмарамі, вісела занадта нізка; вершаліны таполяў, якія маўкліва, нерухома абступалі гмах, патаналі ў гэтым нізкім небе. Афанасі сутаргава ўцягнуў галаву ў плечы, яшчэ глыбей засунуў рукі ў кішэні, падазрона азірнуўся ды нервова пайшоў прэч ад дому.
Афанасію было сорак гадоў. Яму было кепска.
Ён адчуваў, што захварэў: па ўсім целе разлівалася нешта атрутнае, тое, што вымушала ягоныя рукі ды ногі замест звыклых рухаў рабіць выкрутасы. Падкаленні дрыжэлі; гэтая дрыготка хвалямі прабягала па хрыбетніку, па ўсёй спіне, па шыі; яму здавалася, што пачынаюць дрыжэць і ягоныя мазгі, і пальцы сутаргава, некантралявана камечылі змесціва кішэняў: запалкі з разламанае пушкі, жэтоны на метро, ключы, нейкія паперкі... Афанасі выпрастаў руку, пакратаў даланёю шчаку, лоб, абмацаў увесь твар: той гарэў. Гэтае пякучкі не маглі астудзіць ні ледзяное паветра, ні імжа, якая абляпляла твар, мяшалася з ягоным халодным потам.
Так, ён захварэў. О, калі б гэта была звычайная хвароба, прастуда, якую нармальнае грамадства ўспрымае як незапланаваны адпачынак! Тады ён таксама мог бы, як усе шчаслівыя хворыя, ляжаць на канапе, накрыўшыся коўдрай, паклаўшы пад галаву тры падушкі, гартаць пульцікам тэлевізійныя каналы - кожны па пяць хвілін, працягваць руку да зэдліка, браць з яго то гарбату з малінамі, то печыва, то кніжку, хрыпець у тэлефон шэфу: «Так... Хварэю...», адкідвацца на падушкі, заплюшчыўшы вочы, ды атрымліваць асалоду ад адсутнасці турботаў.
Не. Афанасі адчуваў, што хвароба ягоная мае іншае паходжанне. Сэрца калацілася, нібыта перад інфарктам. Калі ён гадзіну таму быў зрабіў спробу прылегчы, ён пачуў работу свайго папсаванага рухавіка: сэрца білася ў грудзях, пульсавала ў пальцах рук і ног, грукала з сярэдзіны ў барабанныя перапонкі; так, схапіўшы птушку, усёй рукою адчуваюць трапятанне крохкага цельца. Не, хвароба Афанасія была дзіўнаю, незвычайнаю; яна палохала сваёю невядомасцю. Яна не давала Афанасію ані прысесці, ані прылегчы; гэта яна выштурхнула яго з кватэры ў вечаровую імжу; гэта яна, хвароба, гнала хударлявую, нязграбную постаць Афанасія, змушала ўцякаць у ноч без дай прычыны. Калі б Афанасі даў волю сваім цягліцам, ягоныя рухі ператварыліся б у бессэнсоўныя курчы хворага на галаву. Таму Афанасі і сягаў шырокім крокам па мокрым чорным асфальце, нібыта вырачоны, нібыта адчуваючы мішэнь, намаляваную крэйдай між лапатак. Ён адчайна намагаўся захаваць свой розум, намагаўся надаць асэнсаванасць сваім начным уцёкам, накрэсліць нейкі ўласны маршрут на мапе варожага роднага горада.
Цыгарэтны кіёск на рагу, як наўмысна, сустрэў яго цёмнай пустэчай усярэдзіне. «Гэтак лепей!» - пракрычаў нутраны голас, і Афанасі падаўся ў двары суседніх кварталаў. Ён паскорыў крок, пераходзячы пустую дарогу, потым, трапіўшы ў вантробы чужых двароў, папросту пабег. Яму здавалася, што з гэтых чужых дамоў, з гэтых пустых вокнаў дзесяткі вачэй, патушыўшы святло, маўкліва сочаць за ім. Глядзіце, вунь бяжыць дзядзька, смешны, даўгі, худы дзядзька, глядзіце, бяжыць, як алень, як маленькае дзіця! Ад гэтага Афанасі яшчэ глыбей уціскаў галаву ў плечы, глядзеў сабе пад ногі, але нічога не бачыў: не заўважаў калюжын, бардзюраў, кустоў; разы два ён наляцеў тварам на галлё, дзівам не выпараўшы сабе вочы. «Гэтак лепей! Гэтак лепей!» - крычаў нутраны голас і гнаў Афанасія наперад.
Раптам усё спынілася.
Так брудны гарадскі раўчук, нават не паспеўшы адчуць сябе часткай ракі, бачыць перад сабой, ашаломлены, бязмежжа акіяна.
Афанасі вынырнуў з дваровай цемрадзі на праспект, заліты неонавым святлом, і спыніўся. Святло плыло па праспекце магутнаю ракою, залацістыя вадаспады абмывалі фасады дамоў; няспынна прабягалі, пабліскваючы, рознакаляровыя маланкі; раз-пораз зялёныя, ружовыя, фіялетавыя сполахі, як маленькія хвалі, каціліся па асфальце; драбіліся, мільённа памнажаліся ў шкле жарынкі, і ўсё было шкляным, празрыстым, чыстым, шчаслівым і спакойным. І ў гэтай магутнай плыні гулі, перасоўваліся, як трылабіты па марскім дне, аўтамабілі; нейкі ўнармаваны, спакойны рух адчуваўся за шклянымі сценамі дамоў, і ў гэтым неонавым святле снавалі, як стракатыя далікатныя рыбкі, дзяўчаты.
Гупіі, вуаляхвосты, дзяўчаткі, дзяўчаты, дзявулі, дзеўкі, яны рухаліся ва ўсе бакі, збіраліся ў маленькія кампаніі, зноўку разыходзіліся, стаялі, усміхаліся, смяяліся, весела распавядалі нешта вельмі цікавае, нашэптвалі камусьці на вуха штосьці таемнае, заплюшчвалі вочы, хавалі твар у падораным букеце, яны былі аблітыя гэтым рознакаляровым неонавым святлом, яны падстаўлялі пад яго то свой цудоўны фас, то чароўны профіль, накручвалі на пальчык вясёлкавыя пасмачкі, пагойдвалі маленькімі торбачкамі. Яны жылі ў гэтым святле, яны радаваліся жыццю, яны былі шчаслівыя.
Афанасі некалькі хвілін сузіраў, уражаны, гэтае беспадстаўнае жыццесцвярджальнае свята, і шлях да ягонае мэты - выратавальнага шапіка з цыгарэтамі - падаваўся яму неадольным. Нарэшце ён выпаўз, як вужака, са свайго завулка і адразу ж атрымаў хвастом па пысе ад адной з залатых рыбак: яна плыла, як каралева, выпрастаўшы плечы, горда несучы свой профіль, ухапіўшы пад локаць нейкага трытона, і даволі адчувальна чыркнула торбачкай па руцэ Афанасія, нат не заўважыўшы яго. «Божа!» - узмаліўся Афанасі, некалькімі крокамі сягнуў да кіёска, тыцнуў грошы ў акенца, схапіў свой пачак, дрогкімі пальцамі аблупіў з яго абалонку ды ўзяў у зубы цыгарэту.
Ён прытуліўся спінаю да аднае з калонаў, што атачалі выхад з метро, паднёс да вуснаў трапяткі агеньчык, выпусціў маленькую аблачынку ды падняў вочы да неба. Неба няспынна мяняла колер.
На вачах у Афанасія з'явіліся слязінкі. Яны выкаціліся з вачэй, прапаўзлі па крылах носа да падбароддзя, пакінуўшы на шчоках дзве цёплыя салёныя сцяжынкі.
Але ягоных слёз ніхто не прыкмеціў. Каму цікава заўважаць, як плача ля метро саракагадовы мужчына, хударлявы мужчына ростам пад два метры, мужчына ў звычайнай куртцы, у чорных джынсах... Каму?
Афанасі глядзеў на неба.
- Божа! - нячутна ўзмаліўся ён. - Божа! Пачуй хоць раз мае словы! Нашто ты стварыў мяне? Нашто? Ці маеш ты сам адказ на гэтае пытанне? Нашто ты стварыў мяне? Навошта даў мне гэткае недарэчнае аблічча, гэткі недарэчны лёс, недарэчнае імя? Ці ведаеш ты сам, які сэнс мае маё існаванне? Маё жыццё - Божа, ці бачыш ты мяне? - маё жыццё... Я - блазен, вось хто я - блазен Афанасі, і мае сутаргі, мае курчы - усё маё жыццё! - гэта цыркавы нумар блазна! Божа, пачуй мяне! Божа, дай мне адказ на мае пытанні!..
Афанасі глядзеў заплаканымі вачыма на неба; ён уклаў у гэтую блюзнерскую малітву ўсё нявыказанае, што назапасілася апошнімі днямі.
Неба маўчала. Яно не спяшалася даваць Афанасію адказ, толькі што няспынна мяняла колер: ружовы, фіялетавы, зялёны, чырвоны, жоўты, сіні, чорны... І Афанасі заплюшчыў вочы, не здольны больш бачыць гэтага чужынскага, варожага, святочнага неба.
І раптам Афанасію здалося, што такое з ім ужо было. Так, пэўна было, менавіта так, і стаяў ён гэтаксама, туліўся спінаю да калоны, паліў, плакаў, турбаваў неба малітвамі... Так, было!
Узрушанага Афанасія бязмежна ўзрадавала гэтае адкрыццё. Час зноўку станавіўся ягоным сябрам, зноўку, як і заўжды, пачынаў падпарадкоўвацца! Было! У Афанасія нават не з'явілася думкі, што такое здараецца з вельмі стомленымі людзьмі: гэта мае назоў deja vu. Не, Афанасі не хацеў зводзіць сваё адкрыццё да нейкай там псіхалогіі-псіхіятрыі, не!
Ён дапаліў, расціснуў недакурак абцасам ды, супакоены, пашыбаваў дахаты.
Упэўненасць Афанасія ў сваіх сілах, выпрацаваная гадамі, ягоны характар усё ж далі пра сябе знаць ды паўсталі на барацьбу з дэпрэсіяй.
Або, можа, на Афанасія проста паўплывалі свежае паветра ды актыўныя рухі, хто там ведае! - але ён ішоў дахаты амаль супакоены, амаль вясёлы.
Афанасі меў план.
Так, так, новы цудоўны план, і спраўдзіць яго Афанасі меў намер у блізкім часе. Дома ён варочаўся ў ложку ды весела абдумваў некаторыя асобныя пункты свайго плана, задаволена ўсміхаўся, абмяркоўваючы наступствы.
План меў на мэце маральнае знішчэнне Машы Трактар і палягаў у наступным.
Здаецца, яна нешта казала ў слухаўку пра каханне. Так, так. Пра сваё каханне! Маша дагэтуль кахае Афанасія - цалкам верагодна! Пагатоў не так ужо і багата прамінула часу: усяго толькі два месяцы. А калі браць пад увагу ейную выставу, дык усё выходзіла проста цудоўна: значыцца, Маша неадрыўна толькі і мела думкі, што пра Афанасія! Цудоўна.
Падаецца, гэтая трактарыстка нешта пляла пра тое, што хоча вярнуць Афанасія? Калі ласка. Яна яго атрымае. Атрымай, як кажуць, дзярэўня, трактар!
Афанасі вырашыў з'явіцца перад Машай з ружамі, апусціцца перад ёю на калені ды перапрасіць за ўсе свае грахі. Прызнацца, што зманіў тады, калі Маша прыехала ўначы, схлусіў, перапалохаўся... А потым не званіў, бо баяўся ды адчуваў сябе вінаватым!
Ну натуральна, прызнацца ў каханні. Ну бясспрэчна, паклікаць замуж. Паабяцаць ёй шыкоўнае вяселле, белую сукенку, вясельную вандроўку ў Егіпет ці куды там яшчэ... Паабяцаць ёй сям'ю, дзяцей, хатніх жывёлаў - УСЁ! Усё, пра што так апантана, так самааддана мрояць жанчыны.
І зладзіць гэтае васелле, і патраціцца ёй на сукенку, і запрасіць процьму гасцей - увесь выкладніцкі склад, ды яшчэ студэнтаў паклікаць! - і паказаць ёй квіткі ў вясельную вандроўку, і замовіць фатографа... А яшчэ пару разоў прагуляцца з ёй па крамах вопраткі для цяжарных ды па аддзелах для немаўлят! Карацей, падрыхтаваць УСЁ.
І на ўласна цырымоніі, у загсе, тады, калі цётка запытаецца: «Ці згодныя вы?..» закрычаць гучна-гучна:
- Не-е-е-е-е-е!!! Ніколі! Машка - дурніца! Я пажартаваў!!!
І хуценька выбегчы з загса, ускочыць у загадзя падрыхтаваную таксоўку ды з'ехаць на месяц у Егіпет ці куды там яшчэ ён набудзе турыстычную пуцёўку.
А Машка, пачвара Машка, таленавітая мастачка Маша Трактар застанецца ў белай сукенцы з крыналінам адна стаяць пасярод загса, і, мабыць, яна заплача на вачах ва ўсіх!
Ён, Афанасі, здолее адпомсціць свайму ворагу, д'яблу ў жаночым абліччы, пасланніцы пекла - ён знішчыць мастачку Машу Трактар! Знішчыць! - бо хто здолее ачуняць пасля такога?
А як яно там будзе далей - ці Маша звольніцца з Акадэміі пасля такой ганьбы, ці Афанасію давядзецца пайсці - гэта яго ўжо не турбавала.
Шчаслівы, Афанасі заснуў, і прачнуўся ён таксама шчаслівы. Як заведзена, а шостай гадзіне раніцы.
Нам ужо надакучыла апісваць піканне радыёкропкі ды ўрачысты гімн, ранішнія падскокі, адкрытае акно ды сняданак, заўжды той самы. Раніца Афанасія была падобная да звычайнай ягонай раніцы, з усімі складнікамі.
Афанасі апрануў строй, прыладзіў ля люстэрка гальштук ды пайшоў - да Машы, натуральна, купіўшы па дарозе шыкоўныя ружы, палымнеючыя пунсовыя ружы, лікам дваццаць дзевяць. Праўда, адну ружу ён згубіў па дарозе, але не заўважыў гэтага.
Маша жыла далёка, на ўскраіне горада, у прыватным доме. Афанасі ішоў гэтай вуліцай, якая нічым не адрознівалася ад вясковай, ішоў, нёс свае ружы ў руках ды жахлівы план у галаве і быў шчаслівы. Ён ані трохі не хваляваўся; ён сузіраў шчыльныя платы, чамусьці спрэс зялёныя, як і старыя дрэвы за платамі, і ўсміхаўся. Афанасію падабалася гэтая раніца, гэтая вуліца, платы з дрэвамі; ён нават адчуваў радасць ад блізкай сустрэчы з Машай. Ён амаль любіў яе авансам за шчасце сваёй будучай перамогі.
Маша жыла ў доме № 30, але Афанасі не надаваў увагі знакам. Ён штурхануў нагою брамку, бо рукі былі занятыя ружамі, і ўвайшоў у дом, які Маша так неабачліва пакідала адчыненым.
Афанасі нарэшце, упершыню ў сваім жыцці, трапіў у вядзьмарскі прытулак; ён нават спыніўся ад неспадзяванкі.
У доме, натуральна, была нейкая мэбля - фатэлі, крэслы, сталы, канапы, - але ўсё гублялася сярод падрамнікаў усіх магчымых памераў: ад маленькіх, зусім маленькіх, да вялізарных, такіх, якімі былі карціны ў Галерэі. Вантробы Афанасія была ахапіла ліхаманка, але ён адно сціснуў зубы. Падрамнікаў была незлічоная колькасць, і яны былі паўсюль. І - вокны, вокны, суцэльныя вокны! Гэта быў не дом - мая крэпасць, а нейкая аранжарэя ці, больш дакладна, карцінная галерэя.
Афанасі скіраваўся туды, дзе, паводле ягоных меркаванняў, мусіў месціцца другі пакой. Вельмі проста было памыліцца ў гэтым доме ды ўвайсці ў акно заміж дзвярэй, але Афанасі зрабіў правільны крок.
Там, куды ён пайшоў, напраўдзе быў другі пакой, у ім было крыху меней вокнаў - усяго толькі два, але на ўсю сцяну; пасярод пакоя высіўся д'ябальскі механізм, прызначаны для ўтрымання ў вертыкальным стане палатна памерам пяць на пяць метраў; побач з палатном стаялі драбіны - напэўна, каб замалёўваць верхнія часткі гэтага монстра сярод карцін, а насупраць, ля сцяны - нізенькая канапа, нават не канапа - тапчан, засланы стракатай тканінай ды закіданы падушкамі. На гэтым тапчане ляжала спадарыня Маша Трактар; яна паліла, неадрыўна сузірала свой гіганцкі шэдэўр пяць на пяць метраў ды неяк крытычна крывіла вусны.
З'яўленне Афанасія Машу ані трохі не здзівіла. Выдавала на тое, што Маша толькі яго і чакала; нават адмыслова дзеля дарагога госця прыпыніла работу.
У сябе дома Маша была рашучай ды ўпэўненай. Такой яе Афанасі яшчэ не бачыў. Хаця калі там Афанасію было яе пабачыць! Хіба меў ён намер калі-небудзь сузіраць, разглядаць, вывучаць сваіх ахвяраў? Афанасі ніколі не даваў сабе працы дапраўды знаёміцца з жанчынамі, якім ён кружыў галаву. А навошта? Яго не цікавіла ніводная з іх; Афанасія не цікавіў ніхто, апрача ўласнае персоны. Кінутыя жанчыны слупянелі ў крыўдзе, абражаныя: як іх можна было кінуць? З усімі іхнымі вартасцямі, талентамі ды цнотамі - як іх можна было кінуць? І ў абражаных жанчын з'яўляліся комплексы, фобіі, паніжалася самаацэнка - яны не ведалі, што насамрэч Афанасі і не бачыў ніколі ніводнага з іх талентаў, ніводнае з іх вартасцяў... Афанасі проста не бачыў іх, яны для яго не існавалі; Афанасі заўжды бачыў толькі сябе.

Вось і цяпер: ён сузіраў Машу, а бачыў толькі свой пераможны крык пасярод загса: «Не-е-е-е!!! Машка - дурніца!!!», і ўсё ў ім спявала ад радасці.
- Заходзь, - кінула яму Маша, не перамяніўшы паставы; яна нават рукой не паварушыла.
Афанасі, крыху збіты з панталыку, усё ж наблізіўся да яе.
Маша ўрэшце адарвала позірк ад карціны ды перавяла яго на свайго госця, што ўжо ўкленчыў перад ейным тапчаном ды працягваў ёй венік з ружаў, прыгожых, прыгожых, вельмі прыгожых.
- Маша! - Афанасі стаяў перад ёю на каленях; ён заплюшчыў вочы. - Маша! Даруй мне ўсё. Я быў дурны, як... як апошні баран! Я пакрыўдзіў цябе, Маша, так, я жахліва цябе пакрыўдзіў, я разумею! Я ўсё разумею, Маша, я ўсё ведаю! Але тады, калі ты прыехала да мяне ўначы, так нечакана, я спалохаўся, Маша! Я казаў табе ўсялякую лухту, бязглуздзіцу, абракадабру! Даруй мне ўсё, Маша, я прашу цябе! Тады, як толькі ты сышла, я схапіўся за галаву! Анёл мой, я ўсвядоміў, наколькі моцна я цябе пакрыўдзіў. Я баяўся табе званіць - бо я ж ведаю, якая ты гордая, я ведаў, што ты не захочаш нават чуць мой голас! Але пасля выставы я ўсё зразумеў! Я зразумеў - ты даеш мне шанец! Так, апошні шанец! І я яго скарыстаў. Маша! Я прыйшоў... Я прыйшоў, каб застацца. Выходзь за мяне замуж. Будзь маёю жонкаю, Маша. Згадзіся аб'яднаць нашыя лёсы! - урачыста прамовіў Афанасі і, не адкрываючы вачэй, тыцнуў ружамі ў бок Машы. І адразу хуценька дадаў: - Я цябе кахаю! - і асцярожна адплюшчыў левае вока.
Маша ўжо сядзела перад ім ды расчулена трымала ружы.
Афанасі, падбадзёраны добрым пачаткам, адважна расплюшчыў і правае вока. Карцінка не змянілася. Маша сядзела гэтаксама і не магла адвесці замілаваных вачэй ад букета. Нарэшце яна перавяла шчаслівы позірк на Афанасія.
- Каханы! Я ведала, што ты прыйдзеш! - і пацалавала яго ў шчаку.
Нутраны невідочны Афанасі ўсярэдзіне сапраўднага завішчаў ад радасці ды заскакаў на месцы, размахваючы рукамі. Атрымалася! Выйшла! Яна згадзілася! Атрымай, дзярэўня, трактар! Ура!
Маша, адклаўшы ружы, ускочыла на ногі ды пацягнула за сабой Афанасія.
- Хадзем! Я зараз табе нешта пакажу... Мы зараз пойдзем з табой у такое месца... - Маша за руку пацягнула Афанасія да супрацьлеглае сцяны ды адхінула навешаныя там у вялікай колькасці ўсялякія драпіроўкі.
У сцяне, пад драпіроўкамі, хаваліся дзверы.
- Мы зараз пойдзем з табой у такі пакой... У такі патаемны пакой... Ведаеш, што мы там рабіцьмем?
- Не-а! Гы-ы! - І твар Афанасія міжволі расцягнуўся ў крывой усмешцы.
Яму бадай ніколі так адкрыта не прапаноўвалі розных НЕПРЫСТОЙНАСЦЯЎ.
- Глядзі! - І Маша, якая нарэшце скончыла корпацца з драпіроўкамі, мыском свайго цяжкага бота расчыніла, штурхануўшы, дзверы.
Афанасі абамлеў. Ён зрабіў крок да дзвярэй, каб усё дэталёва пабачыць; ён нават адсунуў назад Машу, зачараваны відовішчам.
- Што гэта? - запытаўся ён, невыказна здзіўлены.
Адразу ад дзвярэй уніз ішлі каменныя сходы, менавіта каменныя, высечаныя з нейкага маналіту, як падавалася на першы погляд, і куды яны вялі, было абсалютна незразумела, бо там, за дзвярыма, усё было каменнае, вільготнае, халоднае, глыбокае і - галоўнае - цёмнае-цёмнае, змрочнае-змрочнае: НЕВЯДОМАСЦЬ.
- Што гэта? - паўтарыў аслупянелы Афанасі.
- Пятае вымярэнне! - зарагатала Маша.
Афанасі павярнуўся на гэты рогат. Вось такой, напэўна, ніхто яшчэ не бачыў Машы. Яна рагатала, нібыта сам д'ябал увайшоў у яе, рагатала, закінуўшы галаву,