З Маленькаю Пісьменніцаю я сябраваў трынаццаць гадоў, пакуль яна не памерла.
Пазнаёміліся мы, калі ёй было пятнаццаць, мне - дваццаць чатыры.
Праз мітынгавы гармідар, чалавечы і сцягавы натоўп да мяне праціснулася кволае дзяўчо, вачыма луп-луп: «Я хачу з вамі сябраваць». Я не адразу дапяў, што яна казала: не «з Вамі», а «з вамі», то бок не са мною, а з маёй арганізацыяй. У ейным веку было цалкам натуральна захапляцца рамантычнымі павевамі змагання і рэвалюцыі, што і шпурнула яе на рызыкоўнае «каханне на барыкадах».
Я вынішчаў ейную «дзіцячую бздуру», як яна сама здыягназавала сваё каханне да мяне, моцнаю каваю ў гатэльных рэстарацыях, дзе мы туляліся ў часе семінараў і канферэнцый, ды прафілактычнымі гутаркамі. Яна пазірала ў кубачкі, камечыла сурвэткі.
- Я разумею, я ўсё разумею. Ты думаеш, я маленькая? (Уздых.) Я ў арганізацыі не дзеля цябе (уздых), а дзеля Ідэі...
Маленькая Пісьменніца была надзвычай добрая вучаніца. Працаваць з ёю было лёгка: мазгоў ды апантанасці не бракавала, і зразумець усё яна старалася грунтоўна. Нагэтулькі грунтоўна, што праз тры гады з гакам стала на парозе, адважна зірнуўшы мне ў вочы, сашчапіла ручкі ды прамовіла:
- Я сыходжу. Мне нецікава гуляцца ў гульню, канец якое я знаю.
Павярнулася ды пайшла.
Я быў крыкнуў наўздагон: «Дык мо табе і жыць нецікава?» - Не азірнулася.
Я мог яе спыніць. Я мог давесці ёй, што перамога ў палітыцы - не самамэта, што мы змагаемся не за перамогу, а за народ, за паляпшэнне... Я не стаў. Я махнуў рукою. Чалавек, які аднойчы пазбавіўся матывацыі, назаўсёды страчаны для палітыкі.
Чатыры гады мы не бачыліся і не чуліся. Гэтулькі падзеяў адбылося за гэты час, што нават пасля таго як Маленькая Пісьменніца замахала мне рукою з трамвая: «Viva, Caesar, Imperator, morituri tae salutant!», я не дабраў часу, каб ёй патэлефанаваць.
Кар'ера мая імкліва неслася ўгару, жыццё - долу. Я не паспяваў жыць, я не паспяваў працаваць, я верыў, што, апрача мяне, аніхто не адолее мае працы, ніхто не дасягне тых мэтаў.
І тут з'явілася Маленькая Пісьменніца.
Калі ўвечары кіроўца давёз мяне да пад'езда, яна сядзела на ганку і паліла, кінуўшы марнае дужанне з кодавым замком.
Вачыма луп-луп:
- Мне сумна.
Зусім не змянілася. У свае дваццаць тры гады яна выглядала на семнаццаць, нібыта забылася, што людзям трэба сталець. Не пасыцела, замуж не выйшла, дзяцей не нарадзіла... Лайдачка, хіпуха, таннымі спадніцамі мяце асфальт - значыцца, працы таксама не мае!.. Яна не мела нічога, апрача кілаграмаў бразготак на шыі, руках ды нагах.
Напачатку мяне раззлавала яе з'яўленне: я адчуваў, што Маленькая Пісьменніца ўваходзіць у маё жыццё не пагрукаўшы, не спытаўшы дазволу. Але пасля я супакоіўся: гэтае дзяўчо, што выдавала на яшчарку, не надта назаляла мне; зрэшты, я звыкся.
Яна з'яўлялася прыкладна раз на месяц, пакідала ў калідоры мокрыя боты або падраныя басаножкі - у залежнасці ад надвор'я, - труціла кухню сінім дымам і мяне - фантазіямі хворага розуму.
Гутаркі нашыя заўсёды адбываліся на кухні. Яна выпівала літры кавы, нішчыла пачкі цыгарэт; і мы гаварылі, гаварылі... Менавіта гаварылі, а не размаўлялі: здагадваюся, што яна не надта паглыблялася ў мае праблемы, гэтаксама як і я - у ейныя. Ахвярнасць мая была вартая помніка: я меў надта многа клопату, мне вельмі хацелася спаць, але ніводнага разу я не папрасіў яе сысці.
Маленькая Пісьменніца як была, гэтак і засталася для мяне неразгаданаю таямніцаю. Што ёй трэ было ў жыцці? Чаго яна хацела ад мяне? Сяброўства зацягнулася: гэтулькі гадоў гэтая дзівачка прыходзіла да мяне проста так...
Галава Маленькае Пісьменніцы была забітая рознаю кастанэдаўскаю лухтою, маркесамі ды борхесамі. Як высветлілася пазней, почасту яна гэтак і прамаўляла: цэлымі кавалкамі з іхных кніжак.
- Ты зірні, зірні навокал: у тваёй кватэры заўсёды сакавіцкі чацвер! Фіранкі, стол, зэдлікі - яны чацвярговыя! Тут аніколі нічога не мяняецца - час замкнуўся ў кола.
Спачатку мяне перасмыкнула праз адкрыццё - высвятляецца, яна гаворыць чужымі думкамі! - але цяпер, аналізуючы, я зразумеў, што гэтае цытаванне - толькі адзін з складнікаў ейнае жыццёвае філасофіі. «За базар ответишь, - казала яна, - базар мае быць дасканалым». Зірнуўшы ёй у вочы, хацелася перажагнацца: з-пад вейкаў Маленькае Пісьменніцы валіў такі туман, нібыта вярталася яна шторазу не ў сваю кватэру, а на балота.
Я разумеў, што, каб скончыць гэтае вар'яцтва, варта толькі пакінуць яе начаваць, але... Нешта мяне трымала.
* * *
Апошнюю нашую сустрэчу я запомніў добра. Сто разоў я перабіраў у памяці драбніцы: перад, у часе і пасля пахавання, дзе мне давялося цалаваць халодны лоб Маленькае Пісьменніцы.
Яна прыйшла, выцягнуўшы мяне з лазенкі, і, пакуль я дамываўся, паспела пракурыць кухню.
Я сядзеў пры стале, яна - на падаконні: паліла ў фортку; мы пілі каву, я расказваў пра апошнюю нараду, пра тое, які дурань міністр унутраных справаў, пра фармаванне новых фракцыяў у партыях... Маленькая Пісьменніца слухала, глядзела ў акно, перабірала касцяных рыбак, што віселі на ейнай шыі... Раптам перапыніла мяне:
- Я буду табе чытаць, - палезла ў торбу па сшытак, - слухай.
Я думаў пра сепаратысцкія тэндэнцыі ў партыях.
Маленькая Пісьменніца пстрыкнула фільтрам у фортку, села насупраць.
- Тут гісторыі пра чалавечую адзіноту.
«Маркес, блін, у спадніцы», - падумаў я, але змаўчаў.
- Гісторыя першая. «Пра дзяўчынку-баскетбалістку». «Жыла-была дзяўчынка. Яна хадзіла ў школу - спачатку ў першы клас, пасля ў другі і гэтак далей. Але пасля яна вырасла і стала вельмі высокаю - метр і дзевяноста два сантыметры. Дзяўчынка была вельмі прывабная, вясёлая, і вучылася яна на пяцёркі, і бацькі яе вельмі любілі, і сябровак яна мела добрых, адна нават як сястра. Але нікому з хлопчыкаў дзяўчынка не падабалася. Хлопчыкі міжсобку казалі, што ў яе надта шырокія плечы - «як у мужыка», і сцёгны тлустыя, і сама яна нязграбная. І хлопчыкі праводзілі дахаты ўсіх, толькі не яе, і на вечарынках з ёю ніхто не танцаваў. І дзяўчынцы праз гэта было вельмі балюча, і яна плакала ўначы, але пра гэта ніхто не ведаў. І тады дзяўчынка пастанавіла, што будзе займацца спортам, пераможа на спаборніцтвах і ўсе будуць ёй зайздросціць. І вось яна практыкавалася, практыкавалася, і ейная каманда атрымала золата на Алімпійскіх гульнях, і дзяўчынка вярнулася дадому з медалём. Яе ўсе віншавалі, а аднойчы нават запрасілі на тэлевізію. А папраўдзе ёй было вельмі самотна, і ніхто яе не разумеў».
Маленькая Пісьменніца наслініла пальчык і перагарнула старонку. «Божа, што за лухта», - тужліва падумаў я.
- Гісторыя другая. «Пра хлопчыка, якога адусюль выганялі». «Жыў-быў хлопчык. У дзяцінстве, заміж таго каб бадзяцца па вуліцах, ён чытаў кніжкі і вырас вельмі разумным ды сумленным. Ён шчыра хацеў зрабіць людзям шмат добрага і, каб спраўдзіць свае мэты, гатовы быў ахвяраваць жыццём. Таму ён пайшоў у грамадскія арганізацыі і стаў працаваць. Нават дзяўчыны ён не меў - гэтак ён працаваў. Але ў адной арганізацыі хлопчык прыкмеціў, што такія-сякія людзі працуюць не дзеля Светлае Ідэі, а зарабляюць грошы. Ён шчыра абурыўся і пачаў з гэтым змагацца, але ягоным былым сябрам, якія раней віталіся з усмешкаю, гэта не спадабалася. Яны сабраліся і пагадзіліся: «Хлопчык нам замінае». І падступным чынам выгналі яго з арганізацыі. Хлопчык пакрыўдзіўся, але ўважыў гэта за памылку ды пайшоў у іншую арганізацыю. Але там гісторыя паўтарылася. І ў трэцяй, і ў чацвёртай, і ў пятай арганізацыі. Хлопчык хацеў вынішчыць чалавечыя заганы, але яго адусюль выганялі праз ягоную шчырасць. І тады хлопчык сказаў сам сабе: «Мне ніхто не патрэбен» і стаў сядзець дома ды ні за што не змагацца. А папраўдзе яму было вельмі-вельмі самотна, і ніхто яго не разумеў».
«Божа, завяла казку пра белага бычка», - я ўздыхнуў і цішком зірнуў на гадзіннік.
Маленькая Пісьменніца набрала паветра ды працягвала:
- Гісторыя трэцяя. «Аб прасталытцы». «Жыла-была прасталытка. Яна не заўсёды была прасталытка, а спачатку вучылася ў школе. Але потым ейныя бацькі загінулі, і ў яе нікога не засталося, і ніхто не даваў ёй грошай за так. І аднойчы, калі дзяўчынка пачала страчваць прытомнасць ад голаду, яна стала прасталыткаю. Шторазу, як наведнікі сыходзілі, ёй было моташна, і ніякім мылам і ніякаю вяхоткаю прасталытка не магла адцерці з сябе наведнікавых адбіткаў. І неўзабаве ў ейнай галаве засталіся адно абліччы гэных наведнікаў, і яна ні пра што не магла думаць. І дакументаў прасталытка не мела, і грошы ў яе забіралі, і білі. І калі яна ўвечары стаяла пры дарозе, іншыя дзяўчаты, у якіх бацькі не загінулі, паказвалі на яе пальцам ды казалі: «Фэ-э-э-э!» І яна іх ненавідзела. І мужчын ненавідзела. І ўсіх іншых. А папраўдзе ёй было вельмі-вельмі самотна, і ніхто яе не разумеў».
Маленькая Пісьменніца пацягнулася па цыгарэты, загрымела касцянымі пацеркамі, траха не перакуліла кавы, апаліла валасы запальнічкаю. «Аніякі дурань з табою не ажэніцца, бедненькая, - моўчкі пашкадаваў я, гледзячы на гэты цырк, - сыходзь лепш у кляштар, пакуль не позна», - і мяне перасмыкнула, бо я таксама падумаў чужымі думкамі.
- Гісторыя чацвёртая. «Пра забойцу». «Жыў-быў забойца. Ён зваўся кілер. Праца ягоная была цікавая і складаная, да таго ж за яе досыць добра плацілі. Таму ён жыў у шыкоўнай кватэры ў цэнтры места, з вокнамі на вялікі пляц. І ў вольныя ад працы дні забойца-кілер любіў стаяць на гаўбцы ды пляваць на людзей. І яму прыемна было думаць: «І цябе я магу забіць, і цябе, сволач у капелюшы, і цябе, паскуда, і цябе! Вы мяне не любіце і ніколі не любілі, а я вас не проста ненавіджу, я вас магу забіць! Звяры забіваюць адно аднаго, і гэта натуральна. І людзі забіваюць адно аднаго - выжывае мацнейшы!» Але аднаго разу забойцу злавілі, пасадзілі ў вязніцу ды расстралялі. І калі ён стаяў з заплюшчанымі вачыма і па нагах нешта цякло, забойца чамусьці згадаў не мазгі і кроў на падлозе, а сваю маці, якую ён вельмі любіў. А папраўдзе яму было вельмі-вельмі самотна, і ніхто яго не разумеў».
Я згадаў, што мне заўтра падымацца а шостай, і падліў сабе кавы.
- Гісторыя пятая. «Пра лесбіянку». «Жыла-была дзяўчына. І была ў яе сяброўка, з якою яна сябравала яшчэ са школы. Асабістае жыццё ў дзяўчыны чамусьці не ладзілася: хлопцы ўсе яе кідалі, нягледзячы на тое, што была яна і разумная, і прыгожая, нічым не горшая, а ў нечым лепшая за іншых. І толькі найлепшая сяброўка заўсёды разумела яе, заўсёды выслухоўвала ды шчыра дапамагала як магла. І вось аднойчы, а мінула ўжо шмат гадоў, дзяўчына зірнула на сваю сяброўку, заўважыла, што вочы ў яе глыбокія-глыбокія, зразумела, што нікога яна ў гэтым свеце, апрача сяброўкі, не мае і што ёй, апрача сяброўкі, аніхто не трэба. І стала з ёю жыць. Дзяўчына думала гэтак: «Якая розніца, з кім чалавек жыве? Галоўнае, каб ён рабіў дабро іншым людзям. Якая розніца, каго чалавек любіць? Дзяўчына, хлопец - усё адно гэта чалавек, галоўнае, каб усе былі шчаслівымі». Але іншыя людзі гэтак не думалі чамусь. Нават іхныя сябры перашэптваліся за спінаю, а з пэўнага часу зусім пакінулі вітацца. «Чаму людзі супраць мяне?» - думала дзяўчына, і было ёй самотна, бо ніхто яе не разумеў».
- Яна ж мела сяброўку. Ты ж чытала, што яна яе разумела, - сказаў я і раптам, зусім незнарок, голасна пазяхнуў.
Маленькая Пісьменніца страпянулася:
- Слухай, я маю гэтта сто гісторыяў, дзе ніхто нікога не разумее і ўсім вельмі-вельмі самотна, і гэта вельмі, вельмі істотна, ты даруй, ужо позна, я табе пакуль толькі дзве апошнія прачытаю.
Яна сербанула кавы.
- Гісторыя дзевяноста дзевятая. «Пра намесніка міністра замежных справаў». «Жыў-быў намеснік міністра замежных справаў...»
«Так, - падумаў я, - та-а-а-ак, та-а-а-ак», - але зноў анічога не сказаў.
- «... і ён быў вельмі заняты і вельмі разумны. Кожны дзень ён рабіў тысячу карысных справаў, ахвяроўваў сябе дзеля Бацькаўшчыны, нават сям'і не завёў, а ўсё працаваў ды працаваў. Ён быў сумленны намеснік, а гэта рэдкая з'ява ў палітыцы, якая, як вядома, вельмі брудная гульня (але не бруднейшая за іншыя). І ён вельмі стамляўся, бо даводзілася рупіцца пра ўвесь народ. А народ пра яго не рупіўся, так, толькі лаяў. Працаваць замінаў. Меў, прыкладам, намеснік адну знаёмую. Яна казала, што «дабра жадае», а сама пяць, уявіце толькі, пяць гадоў штомесяц прыцягвалася, дымам цыгарэтным труціла, тлуміла галаву, у душу лезла! Ціпа, пісьменніца была!..»
Я сціснуў зубы, каб не сарвацца.
- «... Яму дзяржаўныя справы рупяць, а яна - у душу лезе! У яе, бачыце, каханне няшчаснае! Слухаў яе намеснік ды думаў: «Каб ты, любая, пайшла згэтуль пад гоман жоўтых сосен!» Але ён быў выхаваны і нават аніколі не даў гэнай нібы пісьменніцы поўху. Сядзеў, каву піў, каб не заснуць, і было яму вельмі-вельмі самотна, і ніхто яго не разумеў».
Мне закарцела схапіць гэтае кволае стварэнне ды страсянуць гэтак, каб не бразготкі, а ейныя косткі загрымелі.
- Гісторыя апошняя, сотая. «Пра Маленькую Пісьменніцу». «Жыла-была Маленькая Пісьменніца. Гэтак сталася, што яна трынаццаць гадоў была закаханая ў намесніка міністра замежных справаў, яшчэ ад тых часоў, калі ён не быў намеснік ды ашчаджаў грошы на грамадскім транспарце. Натуральна, за трынаццаць гадоў Маленькая Пісьменніца мела даволі часу, каб чытаць і думаць, і яна шмат што спазнала ды шмат што ўцяміла. І пачуццё ейнае да намесніка міністра змянілася. Яна хацела патлумачыць яму, што адзіноту можна падзяліць на дваіх і праз гэта самоты не будзе меней - толькі больш. Але намеснік быў вельмі заняты, не слухаў яе. Ён меў на гэта права. І яна пісала. Але нават тут яе чакала няўдача: Маленькая Пісьменніца толькі паўтарала ўсім вядомыя праўды. Яна пісала: «Я плаваю ў адзіноце, нібы ў акіяне. Яна глыбокая, зялёная, з залатымі бурбалкамі...» - але разумела: кожны плавае ў такім акіяне... Кожнага цікавіць адно ягоная адзінота. І тады яна наважылася скончыць жыццё самагубствам. Пісьменніца вельмі шмат зразумела, і неаднойчы бачыла сваю Смерць у вочы, і ведала: не пабачыць яна ні свайго пахавання, ані слёз намесніка на магіле, ані пакутаў бацькоў... І гэта добра. Толькі зялёны акіян адзіноты з залатымі бурбалкамі, вялікі, як мільён акіянаў...»
Мяне апанавала жуда. Я ўявіў, які будзе скандал у прэсе, як бацькі гэтае дурніцы пададуць на мяне ў суд, прачытаўшы гэтую лухту, як... І - бывай, палітыка, бывай, шчаслівая будучыня майго народа, бывай, святло ў канцы тунеля!.. Праз гэтую вар'ятку балотную...
- Усё, - раптам сказала яна. - Не турбуйся, табе нічога не будзе, - быццам мае думкі прачытала.
Узяла торбу, пайшла ў калідор, бразгаючы косткамі, не зважаючы на мяне.
Я глядзеў, як яна завязвае матузкі, на ейную вузкую спіну, на старую куртку... Мне хацелася спаць.
- Буду чакаць, - асцярожна сказаў я на ўсякі выпадак.
У дзвярах яна азірнулася, усміхнулася. Луп-луп вачыма.
- Я прыйду. Бывай!
Пстрыкнуў замок. Я пайшоў на кухню. На стале ляжаў забыты ёю пачак цыгарэт, і я, не ведаю чаму, закурыў. Балотны туман падкаціўся да галавы, я памкнуўся да форткі і раптам убачыў, як яна спускаецца ў метро.
* * *
Маленькая Пісьменніца зрабіла мне вялікі падарунак, пакінуўшы спадзеў, што машына збіла яе зусім выпадкова. На пахаванні мне давялося цалаваць у лоб халодны труп з доўгімі валасамі, піць гарэлку і вярзці лухту. Дзьмуў халодны вецер. А папраўдзе мне было вельмі-вельмі самотна, і ніхто мяне не разумеў.