Югася КалядаЛетаТрылогія
I. Добрай раніцы, планета!
Дваццаць восьмага чэрвеня, ноч з пятніцы на суботу.
Не падабаецца мне гэтае лета.
Мабыць, гэта дзіцячыя прымхі - лічыць, што лета заўжды: а) адпачынак; б) спёка. Ні таго, ні другога. Канец чэрвеня - а я ўсё яшчэ апранаюся як капуста: майка, швэдар, куртка... Яшчэ і хустка на шыю. І парасон. Нашто было цягнуць у Менск поўную торбу сукенак? Усяго толькі пару разоў выйшла з голымі нагамі і то ссінела, пакуль чакала трамвая. Божа, я ўжо маўчу пра адпачынак - які адпачынак у час сесіі? Адны нервы і варфаламееўскія ночы - натуральна, усё вучыцца ў ноч перад экзаменам. Так і скончыўся чэрвень, а ў ліпені мне зноў на працу... жах.
Але да ад'езду ў Гомель ажно тры дні - тры абсалютна вольныя дні. Экзамены я здала, застаўся толькі залік з французскае мовы ў нядзелю, але гэта лухта - так, прыйсці адзначыцца з залікоўкай. Тры вольныя дні. І ночы, што важна.
Я запаліла таршэр, ляжу ды чытаю. Ірка мая ўцякла ў ноч на таксоўцы, таму я парушаю ўсе ўсталяваныя намі законы: палю ў ложку.
Таршэр блакітны, і дым блакітны, і мае пальцы таксама блакітныя; і ананімная радыёхваля пачынаючы з другое гадзіны ночы выпускае ў эфір нешта цалкам прымальнае. Божа, я амаль шчаслівая! Я нагатавала кавы, загрувасціла крэсла пры ложку печывам, яблыкамі, стосікам нечытаных кніжак, ляжу, палю ды чытаю пад блакітным таршэрам.
Не, гэтае лета ўсё ж пачынае мне падабацца. Пагатоў зараз я зраблю яшчэ адну рэч, з чаго атрымаю асалоды - нямерана! Я вазьму мой новы блакітны тэлефончык і набяру адзін нумар. Палова на трэцюю - падкрэсліваю.
Загадзя дакладна ведаючы, што нікога няма дома, я ўсё адно хвалююся пры першых двух гудках. Але на наступных трох... чатырох... дзевяці... асалода мая набывае глыбіню. Яе нават цяжка з нечым параўнаць: як дно студні? Ці як калюжына, у якую нага раптоўна правальваецца па калена? Я не проста чую - я бачу, як стары карычневы тэлефон пранізліва звініць у калідоры цёмнае кватэры, палохаючы суседзяў. Сродак трапіць у чужое жытло, калі няма гаспадара. Я выключаю тэлефон, кладу яго на крэсла, і ён яшчэ роўна дзесяць секунд гарыць халодным блакітным святлом.
Што я яшчэ люблю рабіць такога кшталту?
Мінаючы прывакзальныя мясціны, зрабіць невялікае кола ў бок прыпынку маршрутак, адзначыць наяўнасць патрэбнага мікрааўтобуса, усхвалявацца, супакоіцца ды крочыць далей. Магла б сесці ды паехаць. Але не села, не паехала. Магла б з'явіцца на вочы - не з'явілася. Не захацела.
Дзеля чаго я гэта занатоўваю? Зараз патлумачу.
«... Я прачынаюся ў цёмным халодным пустым пакоі пад грукат будзільніка. Сонейка маё!.. Раніца без цябе - гэта не раніца, а працяг жахлівага сну. Пасля я падымаюся, запальваю святло, мыю твар, стаўлю імбрык, палю... Я іду на працу, жартую, смяюся - у мяне няма ніякае дэпрэсіі, я задаволеная жыццём, я адчуваю сябе шчасліваю. Я не сумую па табе, я нат не згадваю цябе - ні ўдзень, ні ўвечары, ні ўначы. Але ранак...»
Я напісала гэты абзац узімку, і склала я яго, прачынаючыся менавіта ў гэтым ложку. Я мелася стварыць нешта шчымліва-пранізлівае пра каханне без узаемнасці, але выціснула з сябе ўсяго толькі старонкі тры, з якіх найлепшым быў першы абзац. Муза ад мяне па-здрадніцку ўцякла, абураная маёй хлуслівасцю. Ха, «раніца без цябе - працяг жахлівага сну»! Для мяне ўзімку любая раніца (гэта значыць усё, што ранейшае за дзесяць гадзін) - працяг жахлівага сну, а што тычыцца «без цябе» - дык агулам нагадвае практыкаванне з падручніка логікі. Я ўсё сваё жыццё, з рэдкімі выняткамі, прачынаюся «без цябе», кім бы гэты «ты» ні быў.
Але ў гэтым выпадку «ты» мае акрэсленыя рысы і нават цалкам рэальны прататып. Крыніца майго крывабокага натхнення цяпер спакойна спіць у сваіх бацькоў у горадзе Вялейка.
Ах, Сева, Севачка! Спадар Усевалад. Я так доўга спрабавала спагнаць з цябе даніну ў форме натхнення! Але, на жаль, заўжды безвынікова. Мабыць, мала заплаціла. Чым плоцяць за натхненне? Пакутамі, дэпрэсіўна-маніякальным сіндромам, агульнаю млявасцю і абыякавасцю да жыцця з думкамі пра самагубства. А мне ніводнага разу не ўдалося нават паплакаць праз цябе. Я спрабавала - процьму разоў! - забіць сябе жахлівым усведамленнем таго, што ты мяне не кахаеш. Ха, якая трагедыя: нібы я цябе кахаю!
Але ўсё: графаманскі шал апанаваў мяне. Я ўсё ж закончу гэты опус і, можа, нават ахвярую яго табе. А мо і не. Яшчэ падумаю.
А, ледзь не забылася! Даруй, Сева, пасунься. Я ж прагну зганіць на ўвесь свет Іну Іванаўну, якая паставіла мне чатыры на экзамене па беларускай мове. Салют, Іна Іванаўна! Віншую Вас з трапляннем у скарбонку ўсясветнае літаратуры!
Ну вось, зганіла. Вяртаемся да Севы. Не, я ўжо перадумала - не буду ахвяроўваць яму свайго твора. Абыдзецца як-небудзь. Досыць таго, што ён ужо трапіў на першую старонку.
Ужо лепш пісаць пра лёс свайго пакалення, калі злавіла графаманскую хвалю. Кожны графаман, з амбіцыямі ды прэтэнзіямі, мроіць стварыць нешта маштабнае пра «лёс пакалення». Так і сніць уначы сваё імя ў школьных падручніках: «Такі а такі ў сваіх творах з уласціваю яму геніяльнасцю раскрыў... паказаў... прымусіў нас зразумець... Ягоны геніяльны твор - гэта энцыклапедыя побыту і звычак...»
Але маё пакаленне мяне таксама мала натхняе.
Па-першае: а чаму яно маё? Яшчэ, дарэчы, трэба разабрацца, хто каго не натхняе. Хутчэй, гэта я не натхняю свайго пакалення. «На труд и на подвиги...»
Па-другое... І тэма гэтая не новая, і наогул непрыгожа станавіцца ў позу ды звальваць на аднагодкаў усе хібы, збольшага ўласныя: інфантылізм, інертнасць... Адсутнасць «высокіх ідэалаў» і няздольнасць прадбачыць «светлую будучыню». Непрыгожа караскацца на п'едэстал і, склаўшы рукі па-напалеонаўску, пагардліва пазіраць долу. «Што за пытанне - пра што фільм? А пра што ўвогуле мастацтва? Што вы вачыма лупаеце? Ну так, я ведаю, «Siemens» круцейшы за «Nokia» - вось тэмы вашых гутарак. Ну размаўляйце, я пайшла, бывайце».
Жывы геній сучаснасці, пакрыўджаны неразуменнем з усіх бакоў... Непрыгожа. Сябе хаця б зразумела.
Што і спрабую зрабіць. Пакуль не надта плённа. Адсутнасць сюжэта - вось хвароба сучаснае літаратуры. Нейкіх сто гадоў таму я не дазволіла б сабе патанаць у гэтай плыні сведамасці, з якое марна спрабую вылавіць нератам сваіх пачуццяў сюжэт.
Таксама марна я спрабую знайсці гэты сюжэт ва ўласным жыцці. Больш дакладна - я спрабую зразумець, ці ёсць Лёс, які ўпэўнена, не зважаючы на нашыя енкі ды скаргі, вядзе кожнага да пэўнае Мэты.
Пытанне. Адсутнасць ці наяўнасць Лёсу - даўняя і невычэрпная тэма нашых гутарак з Ірай. Мы нават склалі адзін сцэнар да фільма і ўжо мелі намер адаслаць яго ў Галівуд, але рукі нашыя не дайшлі хаця б да яго натавання, не кажучы пра пераклад на ангельскую мову.
Гэта была гісторыя пра анёлаў, што вымагала ну проста фантастычных дэкарацыяў, да таго ж здымаць трэ было і ў Гомлі, і ў Парыжы. Ну і на нябёсах. Вось сцэнар, чытайце! Паспрабуйце сабе ўявіць галівудскі фільм, жудасна дарагі і цікавы.
«Раніца. Анёл прачынаецца, каб ісці на працу. Трэба паказаць, як ён пацягваецца перад люстэркам, як выпроствае свае вялікія крылы. Усё гэта адбываецца на аблоках, уся ягоная кватэра зробленая з аблокаў, белых і рухомых. І вось, калі ён чысціць зубы, звоніць ягоны тэлефон.
- Ну... Прачнуўся ўжо, дзякуй... Нармальна... Ага... Ну... Так... Добра было б... Але не, ты што, сёння не магу!.. Не, ніяк не магу, толькі заўтра!.. Не, ты што - у мяне ж сёння Першая і Апошняя Сустрэча!.. Натуральна, хвалююся!.. Ага, перазваню... Ну давай, бывай!
Вось ён нарэшце выходзіць з дому і рушыць на сваю працу. Едзе ў грамадскім транспарце, там анёлаў плойма - гадзіна пік, усе штурхаюцца, нервуюцца: «Не падабаецца ехаць - дык выходзь і сам ляці!» Наш анёл таксама нервуецца, бо сёння - заключны дзень вялікага перыяду ягонае працы - Першая і Апошняя Сустрэча.
Наш анёл працуе анёлам-абаронцам ва Ўсясветным Цэнтры Чалавечага Лёсу. Анёл-абаронца пільнуе і кіруе аднаго чалавека ўсё ягонае жыццё, пасля ягонае смерці выходзіць у адпачынак, а потым зноў атрымлівае новага чалавека.
Пасля таго як душа памерлага адбыла пэўны тэрмін у размеркавальніку (народны назоў - чысцец), анёл сустракае яго на нябёсах, выслухоўвае скаргі, абмяркоўвае шчаслівыя дні, улічвае хібы ў сваёй працы ды развітваецца з чалавекам. Чалавек перанараджаецца або ператвараецца ў нешта, анёл атрымлівае новага выхаванца. Вось гэтая сустрэча свайго памерлага з размеркавальніка і называецца Першай і Апошняй Сустрэчай.
Калі наш анёл нарэшце, з вялікім спазненнем, пад'язджае да Вялікае Брамы размеркавальніка, ён разумее, што дарма спяшаўся - душаў яшчэ нават не збіраюцца выпускаць. Ля Брамы сабраўся вялікі натоўп абураных анёлаў. Ніякай інфармацыі няма. Паводле пагалоскі, што ходзіць у натоўпе, Сустрэча адцягваецца гадзіны на чатыры: нібы выявіліся нейкія няўлічаныя грахі, з якімі трэба разабрацца. Апостал Пётра, вартаўнік, нервуецца, злуецца і зрэдчас лаецца з абаронцамі, стрымліваючы націск натоўпу.
Неўзабаве стомленыя анёлы паселі хто дзе. Наш апынуўся побач з нейкім анёлам, якога ведаў адно ў твар - спатыкаліся ў Цэнтры. Яны пачынаюць звычайную гутарку, і раптам высвятляецца, што іхныя выхаванцы былі ў часе кагадзе завершанага жыцця непарыўна звязаныя міжсобку. Яны загінулі пры лабавым сутыкненні іхных аўтамабіляў на хуткай магістралі ў ваколіцах Рыма. Гэты надзвычайны факт служыць падставаю для шмат якіх абвінавачванняў на адрас Цэнтра: вось жа, Цэнтр створаны дзеля ўдасканальвання чалавечага лёсу і дасягнення ўсеагульнага шчасця, а тут два супрацоўнікі, якія працавалі ў адным кірунку, нат не былі прадстаўленыя адзін аднаму! Нашыя анёлы, абураныя такою непрафесійнасцю нябёснага кіраўніцтва, прымаюць угоду. Яны дамаўляюцца скантактавацца ў першы працоўны дзень - Дзень Раздачы ды расказаць кіраўніцтву аб сваім праекце.
А праект яны распрацавалі гэткі (седзячы там, пры Браме). Называецца ён «Шчаслівае каханне» і мае на мэце прадэманстраваць свету магчымасць паразумення ды зрабіць дваіх чалавек абсалютна шчаслівымі. Праект ужыццяўляцьмецца такім чынам: наш анёл бярэ пад абарону дзяўчынку, ягоны новы сябар - хлопчыка. Гэтыя дзеці народзяцца ў Парыжы, сустрэнуцца, пакахаюць адно аднаго, возьмуць шлюб, народзяць дзяцей, лёс іхны будзе ідэальным, і памруць яны ў адзін дзень, трымаючыся за рукі. Такім чынам, чалавецтва атрымае цудоўны прыклад шчаслівага кахання, а нябёснае кіраўніцтва - узорны прыклад скаардынаванае працы з найлепшымі вынікамі.
Тут адчыняецца Брама; анёлы абменьваюцца тэлефонамі, дамаўляюцца сустрэцца на Раздачы ды кідаюцца ў абдымкі сваіх выхаванцаў.
І вось адпачынак ідзе пад канец. Надыходзіць Дзень Раздачы. Але наш анёл нечакана ўсё псуе. Напярэдадні ён злоўжываў амброзіяй, не пачуў будзільніка ды прыляцеў у Цэнтр з вялікім спазненнем. Усе іншыя анёлы ўжо выходзяць з офіснага будынка Цэнтра ды лятуць, каб пабыць пры народзінах сваіх немаўлятаў.
Сябар нашага анёла, раз'юшаны, падлятае ды пачынае яго трэсці:
- Што ты нарабіў! Ты ўсё сапсаваў! Ты прыйшоў самы апошні! Ведаеш, дзе нарадзілася твая дзяўчынка? Заміж Парыжа - такое эксклюзіўнае месца страцілі, я табе яго трымаў да апошняга моманту! - заміж Парыжа яе запхнулі ў краіну «Пакаранні за грахі ў мінулым жыцці»! Я ледзь запомніў назву ейнага горада! Бог, дарэчы, таксама, як пералічваў гарады, на яго забыўся... Як жа... У нейкі... Гомель! Ведаеш, як гэта далёка ад Парыжа? Што мы цяпер рабіцьмем?
Анёлы-абаронцы сядаюць у роспачы на лаўку. Наш трымаецца за галаву: і без таго яму кепска, а тут яшчэ патрэслі. І раптам да яго прыходзіць нейкая ідэя: ён пачынае шчасліва і загадкава ўсміхацца.
- Слухай! Анічога я не сапсаваў! Так будзе нават лепей! Мы зробім усё магчымае дзеля іх сустрэчы! Гэта будзе яшчэ больш жыццесцвярджальна - пераадолець гэтулькі перашкод і нарэшце сустрэцца ў Парыжы, каб аніколі больш не расставацца! Усё адно яны спаткаюцца!
І нашыя анёлы, поўныя энергіі ды натхнення, лятуць сустракаць сваіх дзяцей з нябыту.
Наш анёл застаецца задаволены: не такі ўжо благі лёс мае ягонае дзяўчо. Сям'я добрая, бацькі прыгожыя, першае дзіця, пяцёра чалавек скачуць вакол яго. Але анёл пачынае найцікавейшую ды найскладанейшую частку свайго плана.
Па-першае, трэба, каб дзяўчынка валодала французскаю моваю. Высвятляецца, што ў забытым Богам горадзе Гомлі ўсяго толькі адна школа з паглыбленым вывучэннем французскае, і месціцца яна дос далёка ад цудоўнае, вялікае кватэры нават не дзяўчынчыных бацькоў, а ейных бабулі з дзядулем. І наш анёл пачынае ствараць нагоды для кватэрнага абмену. Ён лётае, што шалёны, дамаўляецца з іншымі анёламі-абаронцамі, і ў выніку ягоных махінацыяў у дзядзькі гэтае дзяўчынкі, які таксама жыве ў той самай вялікай кватэры, нечакана з'яўляецца жонка. Не проста жонка, а жонка з дзіцем - анёл шукаў такую. Спачатку хацеў нават з некалькімі дзецьмі, але дзядзькаў анёл-абаронца не дазволіў ламаць яму лёс.
Такім чынам, у кватэры аказалася прапісанаю процьма народу: бабуля і дзядуля нашае дзяўчынкі, ейныя бацькі, дзядзька з жонкаю ды дзіцем. Яны самі прыйшлі да высновы: трэба разменьваць кватэру.
Усё, што адбываецца далей, нагадвае анекдот: наш анёл перакваліфікоўваецца ў рыэлтара. Ён заляпляе ўсе Нябёсы абвесткамі: «Шукаю двухпакаёвую кватэру ў Гомлі ў раёне школы з паглыбленым вывучэннем французскае мовы». Нарэшце кватэра знойдзеная, і нашая дзяўчынка, з кветкамі ды белымі бантамі ў косах, ідзе ў першы клас.
Анёл адпачываў гадоў шэсць-сем, выконваючы паціху свае абавязкі. Злётаў пару разоў у Парыж паглядзець на сябравага хлопчыка: нічога, расце! Прыкладаў намаганні дзеля атрымання нашаю дзяўчынкаю выдатных адзнак, сачыў за ейным выхаваннем, бараніў ад шкодных уплываў кепскіх кампаній...
Але аднаго дня, як гром з яснага неба, паўстала вялікая праблема: Першае Каханне!
Наш анёл у трансе. І праўда, як ён мог забыцца на такую простую, але немінучую рэч? Анёл-абаронца палічыў, што падаў дзяўчынцы дастаткова знакаў, каб тая прадбачыла свой лёс: французская школа, выдатныя здольнасці, зрэшты, прыгажосць... Але ён не ўлічыў, што людзі збольшага - песімісты і не схільныя давяраць нават сваім вачам, не тое што нейкім няпэўным знакам. Наш анёл ліхаманкава разважае, што зрабіць, але нічога не робіць. Зрэшты, што рабіць? Махнуць рукою ды зладзіць ім шчаслівае каханне - дык яна пра Парыж і думаць не будзе! А забараніць ёй кахаць - вырасце жорсткай і цынічнай і Лёсу свайго банальна не пазнае.
Выйсце анёлу падказвае ягоны сябар:
- А чаго тут разважаць? Я са сваім, ведаеш, як жорстка? Каханне без адказу - вось выйсце! Хай кахае сабе на здароўе! Без узаемнасці - цудоўна! Не будзе затое разменьвацца на дробязі. Моцна, балюча - хай! Хай пакутуе! Можа, які талент адкрыецца. Ты, дарэчы, удакладні ў Цэнтры, колькі ў іх рэзервовых талентаў яшчэ ёсць. Хай вучыцца дзіця кахаць - кожны пачуццёвы досвед толькі на карысць ідзе. Дарэчы, абвесткі ў Цэнтры чытаў? У суботу ў тваім горадзе будзе гарэць тралейбус з пятнаццаццю чалавекамі - глядзі, каб твая туды не трапіла. А то з маім суседам надоечы такое адбылося!.. Замест бацькі да нас выправіўся ягоны сын, а ён мусіць быць прэзідэнтам Конга праз трыццаць гадоў. Такі скандал быў! Няўжо не чуў?..
І наш анёл пакідае ўсё, як ёсць. За першым каханнем без адказу, якое самое сябе вычарпала да заканчэння дзяўчынкаю школы, ён рыхтуе другое, не менш безадказнае і нашмат мацнейшае. За другім - трэцяе, за трэцім - чацвёртае... І гэтак далей, пакуль не надыдзе зацверджаны Цэнтрам час Скрыжавання Лёсаў.
Тым часам дзяўчынка сталее, разумнее, набіраецца жыццёвага досведу і пачынае задаваць Нябёсам нетрывіяльныя пытанні: што са мною не так? Ёй цяжка зразумець, як такое можа быць: яе, такую прыгожую ды разумную, ніхто не кахае? Анёл, як можа, дапамагае ёй: у дзяўчынкі з'яўляюцца цудоўныя сябры, жыццё поўніцца падзеямі... Анёлу крыўдна, што, маючы такія дарункі Лёсу, дзяўчынцы не сорамна скардзіцца!..
Анёл, да таго ж, робіць усё магчымае, каб дзяўчынка не мела непарыўных сувязяў са сваім родным горадам: ніякай удалай кар'еры, ніякай кар'еры агулам! Бо цяжка будзе ўсё кінуць ды з'ехаць назаўжды ў Парыж.
І тут здараецца нечаканае. Анёл, хоць і анёл, але захварэў. Ён зламаў крыло, а гэта найгоршае, што можа адбыцца з анёлам. У яго гарачка, ён ляжыць непрытомны, а на ягонае месца часова прызначаюць намесніка.
Намеснік-абаронца, ведама, не азнаёмлены з праектам, глядзіць долу ды жахаецца. Глядзіць ён уніз, і што ён бачыць? Дзяўчына, такая цудоўная дзяўчына, няспынна скардзіцца на жыццё. І, дарэчы, небеспадстаўна: добрая, прыгожая - і ніхто не кахае; адукаваная, разумная - і дагэтуль не ўладкаваная на прыстойную працу. І ён хуценька бярэцца за развязанне праблемаў.
Дзяўчына лётае як на крылах. Літаральна ў адзін момант усё ў жыцці змянілася: вяртаючыся з новае працы, яна трапляе пад дождж, і з туману да яе выплывае сярэбраны «Крайслер», кіраваны траха не прынцам. У загс пададзеная заява, і ўжо нават зарэзерваванае месца для дзіцяці, якое мае быць зробленым праз некалькі месяцаў.
Калі праз чатыры чалавечыя месяцы наш анёл выходзіць на працу, надыходзіць ягоная чарга жахацца. Ён адразу бярэцца выпраўляць становішча. Аддзел Нараджэння Дзяцей з вялікаю неахвотаю, але пераносіць месца народзінаў немаўляці, і ў патрэбны час зацяжарвае не нашая дзяўчынка, а, каб далёка не хадзіць, ейная сяброўка.
Настае час наважыцца зрабіць найскладанейшае. Наш анёл з сябрам сядзяць на прызбе Нябёсаў і з тугою глядзяць долу.
- Шкада яе... Такая шчаслівая...
- Нічога! Перажыве як-небудзь...
Але не, не перажыла. Нашая дзяўчынка, у поўнай разгубленасці ад таго, што яе знячэўку, без аніякіх тлумачэнняў, звальняюць з працы ды кідае каханы чалавек, занураецца ў глыбокую дэпрэсію, выпівае пэўную колькасць таблетак ды трапляе на вочы апосталу Пятру.
Нашым анёлам цікавіцца Цэнтр, і яго выклікае найвышэйшае кіраўніцтва. Самагубства - гэта Надзвычайнае Здарэнне, за якім хаваецца такое словазлучэнне, як «прафесійная неадпаведнасць». Анёлу-абаронцу гэта пагражае не толькі вызваленнем ад пасады, але выгнаннем з Нябёсаў ды ператварэннем у чалавека. Адбываецца вельмі напружаная гутарка з кіраўніцтвам, на якой уздымаюцца глабальныя пытанні ды абмяркоўваюцца паняткі «лёс», «шчасце», «мэта» і «сродкі». На гэтым пасяджэнні Цэнтральнага Камітэта нашага анёла бароніць сябар, і яны ўдвух адстойваюць сваю пазіцыю. Цэнтр, на шчасце, урэшце з разуменнем паставіўся да Праекта, анёлаў ставяць у прыклад усім калегам, і Дзень Скрыжавання Лёсаў пераносіцца на блізкі тэрмін. Дзяўчынку вяртаюць назад, на вялікае здзіўленне брыгады рэаніматараў, і ў якасці падарунка суцяшаюць яе, раней няздольную правільна праспяваць «Чыжыка-пыжыка», выдатным каларатурным сапрана. А брыгада рэаніматараў адразу ж складае чарговую байку пра «прыхаваныя рэзервы чалавека ды іх выяўленне пасля клінічнае смерці».
Дзяўчына абуджаецца ды пяе, пяе, пяе... Неўзабаве яна ўжо спявае ў эстрадным тэатры, тэатр едзе на гастролі ў Парыж, у Парыжы яна - о нешчаслівы лёс! - адразу губляецца, і першым жа чалавекам, да якога яна звяртаецца, каб спытаць дарогу, становіцца наш доўгачаканы хлопчык.
Happy end, нашыя анёлы няспешна шпацыруюць побач з закаханымі ўздоўж Сены, падаюць зоркі, гучыць музыка, заслона. Воплескі пераходзяць у авацыю».
Такі вось цудоўны сцэнар; шкада, што я ніколі не пабачу фільма.
А сцэнар, дарэчы, створаны на «ўласным матэрыяле»! Я маю на ўвазе свайго хлопчыка з Парыжа, з якім у нас ужо цэлыя два месяцы доўжыцца палкі віртуальны раман. Праўда, мяне крыху бянтэжыць той момант, што мы адно аднаго ніводнага разу не бачылі (фоткі не лічацца).
Вельмі характэрная для мяне гісторыя. Калі ў нашых шыротах не водзяцца прынцы, а белыя коні пагатоў, застаецца шукаць хлопчыкаў у Парыжы. Правільна, нашто мне Брэтань, Эльзас ды Латарынгія? Парыж - самае тое. Я толькі дзіўлюся: чаму не Рыо-дэ-Жанейра?
Я ж кажу, гэта вельмі характэрна для мяне: прыдумляць сабе каханне на пустым месцы. Дарма што хлопчык віртуальны. Затое я цяпер з усёю шчырасцю магу абвяшчаць паспалітаму люду, што ў мяне быў раман з хлопчыкам з Парыжа і што ён мяне запрашаў прыехаць... Але я не паехала... Дарэчы, нічога яшчэ не вырашана. Мо паеду...
Як Заратустра глядзеў на людзей і дзіву даваўся, гэтак і я назіраю за сабой ды ўвесь час дзіўлюся. Трэці год, дзень за днём, я ўсё глыбей занураюся ў свае мроі ды летуценні, у павуцінне сваіх пачуццяў - пачуццяў, народжаных тымі самымі мроямі. Адны прывіды. Я і сама ператвараюся ў здань («Ma chere fantom» - піша мне Ніко), і ўсіх іншых успрымаю гэтак сама.
І небеспадстаўна. Да прыкладу, з майго жыцця зніклі мужчыны. Рэальныя жывыя мужчыны, да якіх можна мець чалавечыя пачуцці. Я не перабольшваю: зніклі! Я сутыкаюся з імі паводле жорстка знармаванага графіка: уранні, ідучы на працу, мінаю вялікую кампанію прадстаўнікоў процілеглага полу. Кампанія стаіць ля крамы з пляшкамі ў руках ды праводзіць мяне позіркам, як па камандзе павольна паварочваючы галовы. Вялізнае пачварнае мужчынскае цела: дваццаць галоў і сорак ног, яно мыкае і бэкае. Шторазу ў мяне ўзнікае жаданне ўзяць АКМ ды расстраляць іх наўскідку. (Прызнаюся, маю ідэю цікавае акцыі: «Зрабі горад чысцейшым - забі алкаголіка!»)
Гэта - першая мая сустрэча з мужчынамі. Другая - на працы: у нашай школе пяць мужчын, адзін з іх - мой бацька, іншыя ўспрымаюцца як настаўнікі. Не буду нават тлумачыць. Жудасная рэч - працаваць у вялікім жаночым калектыве: мужчынскае ў ім распускаецца, як цукар у гарбаце.
Не ведаю, ці засталіся ў нас апошнія фарпосты патрыярхату - усё адно гэтыя адэпты не маюць аніводнага шанцу сцвердзіць сваю пазіцыю. У мяне склалася ўражанне - не, гэта не ўражанне, гэта рэальнасць! - што ў нашай краіне працуюць толькі жанчыны. Ува ўсіх канторах, ува ўсіх планавых аддзелах, ува ўсіх бухгалтэрыях - паўсюль! - працуюць адны жанчыны. Спадарства, у нас матрыярхат. Самы сапраўдны матрыярхат, і гэта так, і з гэтым не паспрачаецеся. Мой дзень мінае ў атачэнні кабет. А ўвечары адбываецца мая трэцяя сустрэча з мужчынамі. Я іх ужо бачыла ўранку. Толькі цяпер яны ўжо не стаяць ля крамы - ляжаць.
Таму мне толькі і застаецца, што забаўляцца са зданямі. Успамінаць Севачку. Пісаць вялікія лісты Ніко. І - што найгалоўнае - застаецца багата часу на сябе. Балазе гэта вельмі зручна - такія прывідныя каханні. Нібыта не адна - але затое няма ніякіх праблем не тое што з мыццём нечых шкарпэтак (я ведаю, чаго больш за ўсё баяцца феміністкі - шкарпэтак!), а нават з узаемапаразуменнем. У мяне з маімі віртуальнымі каханкамі выдатнае экстрасенсорнае ўзаемапаразуменне - мы ніколі не спрачаемся.
У сувязі з тым, што мне, па вялікім рахунку, няма куды сябе дзець, я стаўлю на сабе эксперыменты - з мэтаю самаўдасканалення. Апошні эксперымент быў вельмі плённы - я такіх вынікаў ад сябе не чакала.
Я назвала гэты эксперымент «Апошняя спроба звычайнага побытавага кахання». Дажыўшы да дваццаці аднаго года я, фактычна на самоце, заўважыла: усе мае мінулыя «каханні без адказу» пакінулі па сабе ў найлепшым выпадку па некалькі згадак кожнае. Дык што, Аліса, спыталася я ў сябе, што застаецца ад казкі потым, пасля таго як яе расказалі? Што застаецца? Няўжо жыццё папраўдзе большае за каханне?
Пэўна ж, так, адказала я сабе. «Свято место пусто не бывает», - рэзонна зазначыла я і стала чакаць. І вось прычакала. Пры канцы кастрычніка на працу прыйшоў рахунак за тэлефон, надта ж вялікі, і я выправілася ў раённы аддзел адукацыі - пералічваць грошы. Я ведала, што тэлефоннымі рахункамі займаецца Аліна, але не магла падумаць, што ў такой маленькай канторы ажно два рэвізоры.
Пры такіх вось акалічнасцях у маім жыцці з'явілася загадкавая постаць Рэвізора.
На маё пытанне: «Дзе рэвізор?» Аня адказала: «У пятым кабінеце». Я, крыху здзіўленая нечаканым пераездам Аліны, ламанулася ў дзверы з шыльдачкай «5» і ад нечаканасці збянтэжылася. Хлопец, які сядзеў пры стале, імгненна зрэагаваў на мой дзівакаваты выгляд: ён засмяяўся. Уяўляю сябе збоку: урываецца ў кабінет дзяўчына ды, заміж вітання, пачынае лупаць вачыма. Я таксама засмяялася, нарэшце ўвайшла ды выклала на стол паперы.
Гэта называецца coup de foudre*. Кароткае замыканне. Нейкая сувязь між людзьмі, якая ўзнікае імгненна. Я не схільная верыць ва ўсялякую містыку накшталт роднасных душ; напэўна, гэта абумоўлена нейкімі хімічнымі рэакцыямі, нячутнымі пахамі... Мы абое былі збянтэжаныя: я - з таго, што ніколі яго раней не спатыкала, выдатны хлопец, можна сказаць, прывабны; ён - з тае ж нагоды, мяркую: я даволі эфектна выглядала. Перапісваючы мне квітанцыю, ён сапсаваў ажно тры бланкі; засяроджана стукаючы па калькулятары, ён раптам узняў да мяне вочы ды сур'ёзна сказаў: «Я збіўся. Усё праз Вас».
* Удар маланкаю (фр.).
З Канторы я вылецела як на крылах. Зацёрты выраз, але найдакладнейшы. Цэлы тыдзень я мела цудоўны настрой - і я ўжо здагадвалася, чым гэта скончыцца.
Усе мае наступныя візіты ў Кантору ператварыліся ў суцэльнае нерваванне ды калаценне рук, сэрца і каленяў: сустрэну ці не сустрэну? А што ён скажа? І што будзе?..
Ну натуральна, што не сустракала - ён рэдка выходзіў з кабінета. І мой спачатку добры настрой змяніўся нечым, вельмі падобным да псіхозу. Я з незадаволенасцю адсочвала ўзнікненне ў сябе змрочных думак на прадмет «нешчаслівага лёсу» ды «ўсё, як заўсёды, анічога не здарыцца, анічога не зменіцца».
Мне такі расклад вельмі не падабаўся. Я была з сябе вельмі незадаволеная. Ёлкі-палкі, ну колькі можна! Варта было рабіць такія вялікія намаганні дзеля дасягнення нутраной гармоніі, каб некалькіх позіркаў хапіла... не закахацца, не! На нейкую стэрэатыпную схему кахання, да якой мае пачуцці ўжо былі звыкшыся. «Хилый закос под любовь...» - спяваў БГ і меў рацыю.
Я на сябе злавалася. Мне хацелася спакою. Мне не падабалася гэтая мітусня дзеля зусім незнаёмага чалавека. Я пачала з гэтым змагацца. Я завяла дзённік, дзе штовечара прагназавала наступны дзень. Я здзекавалася ды смяялася сама з сябе, бязлітасна апісваючы ўсе мае пачуцці ў залежнасці ад меркаваных падзеяў наступнага дня. Выглядала гэта прыкладна так: «Я прачынаюся ў добрым настроі. Уключаю музыку, снедаю, іду на працу. Мне паведамляюць, што сёння трэба ехаць у Кантору. Я пачынаю нервавацца, палка жадаючы сустрэць там Рэвізора. У Канторы я бегаю па кабінетах, мае рукі калоцяцца, твар гарыць. Ёсць два варыянты развіцця падзеяў. Першы: я яго не сустракаю. Выходжу з Канторы засмучаная, палю ля ўвахода з рэшткамі спадзявання: вось зараз ён выйдзе... Ён не выходзіць. Я іду да прыпынку, раз-пораз азіраючыся. Расчараванне. Фрустрацыя. Прыходжу дахаты нібыта прыбітая, уздымаю скандал з-за нейкай дробязі. Другі варыянт: я яго сустракаю. Мы вітаемся ды разыходзімся ў розныя бакі. Я выходжу з Канторы засмучаная... Глядзі варыянт першы. Ёсць яшчэ трэці шлях: у калідоры Рэвізор спыняе мяне пытаннем кшталту: «Колькі часу?» Я кажу, што шчаслівая, «часов не наблюдаю», ён кажа, што таксама шчаслівы, я пытаюся, з якое нагоды, ён адказвае: «Бо нарэшце сустрэў Вас...» І далей па тэксце. Імавернасць такога развіцця падзеяў - 0,1 адсотка. Можаш нават не спадзявацца».
Я прэпаравала свае эмоцыі, як патолагаанатам. Я малявала схемы ды графікі. Праз месяц я ўжо мела ўсе стэрэатыпы маіх пачуццяў ды паводзін. Я складала з іх табліцы: «Стандартны дзень без паездкі ў Кантору», «Нервовы дзень з паездкай у Кантору без сустрэчы з Рэвізорам», «Звышнервовы дзень майго сутыкнення з Рэвізорам у бухгалтэрыі», «Супернервовы дзень майго беспасярэдняга сутыкнення з Рэвізорам з нагоды пералічэння рахунку. Здараецца раз на месяц».
Праз два месяцы я з радасцю адчула, што нешта змяняецца. Дакладней, змянялася я сама. Мае эмоцыі, загадзя спрагназаваныя, не вытрымлівалі свае стэрэатыпнасці ды знікалі. Цяпер не яны валодалі мною - я кіравала імі, як хацела. «Ну-ну, дзе маё вялікае расчараванне? Дзе халодны пот на спіне?» Цяпер я пэўна ведала: варта мне толькі сказаць самой сабе: «Такое з табой ужо было», як любое перажыванне выяўляла сваю істу мыльнае бурбалкі ды лопалася ў паветры. Я адчувала ў сабе нейкую новую, незвычайную пэўнасць, моц, якую не ведала куды падзець. Я недзе падсведама адчувала, што з гэтымі сіламі можна нарабіць розных вялікіх справаў.
Тым часам мае табліцы папаўняліся новымі схемамі: «Сустрэча Новага года на галоўным пляцы са спадзевам сутыкнуцца з Рэвізорам і вялікім смуткам раніцай з нагоды несустрэчы», «Дзень народзінаў Дыяны з сузіраннем шчаслівых парачак і вялікім смуткам дарогаю дадому». Але з дня народзін мяне праводзіў дахаты бойфрэнд адной з дзяўчат, які плакаўся ў маю камізэльку аб іхных праблемах; уранні пасля Новага года ў мяне ўзніклі толькі два жаданні: трапіць у лазенку ды заснуць... Карацей, жыццё стала нашмат цікавейшым ды непрадказальным пасля таго як я скінула з сябе кайданы выпрацаваных у юнацтве стэрэатыпных эмоцыяў. Цяпер можна было проста жыць. Жыць, радавацца любым праявам жыцця, маючы з гэтага невычэрпную асалоду. Я паціснула руку самой сабе ды сама сябе павіншавала з перамогаю над сабою ж.
Супакоеная, суцішаная, я азірнулася навокал. І ўбачыла таго самага Рэвізора - нармальнага хлопца, да якога цяпер можна было спакойна падысці ды пазнаёміцца.
Але прыспеў час з'язджаць у Менск на два тыдні - здаваць сесію. Адразу па вяртанні я нарэшце запланавала шчыльнейшае знаёмства з Рэвізорам, а на працягу сесіі я пастанавіла па ім сумаваць. Каб цікавей жылося. Каб кожны мой позірк у любое акно меў глыбіню і няўцямную журбу. Каб з'явілася хоць якое натхненне, урэшце.
Сумавала я па ім роўна два дні. Дакладна да тае хвілі, пакуль мне не патэлефанаваў Севачка.
Я і цяпер не ведаю і нат не здагадваюся, якія матывы вымусілі яго выклікаць мяне з нябыту. Крыху больш за два гады, як мы развіталіся з Севам, вельмі незадаволеныя адно адным, і не бачыліся з таго часу, перыядычна ўзнікаючы ў плётках ды чутках нашых агульных знаёмых. Мы афіцыйна былі пасварыўшыся. І раптам, зусім нечакана, ён патэлефанаваў мне ды запрасіў у госці. Дакладней было б сказаць: загадаў прыехаць. І я, насуперак усім сваім прынцыпам, апранулася ды выйшла ў пранізліва-халодную студзеньскую амаль ноч.
Мой Сусвет Няспраўджаных Жаданняў бразгаў іржавым жалезам, яго прадзімалі халодныя вятры, ён быў нават не асветлены, а запэцканы хваравітым святлом ліхтароў. Я ехала ў чорным аўтобусе, спрабуючы сагрэць на жываце рукі. Я ўпершыню за колькі гадоў ехала на ноч да мужчыны ды спрабавала ўспомніць: што я мушу адчуваць, едучы да мужчыны на ноч? І не магла нічога згадаць. Сітуацыя ўскладнялася тым, што нашыя стасункі з Севам былі абсалютна няпэўныя. Хто мы адно аднаму? Сябры? Каханкі? Колішнія аднагрупнікі, што аднойчы - усяго толькі аднойчы! - нарабілі глупстваў, якіх стала досыць на год плётак ды показак усёй кампаніі? Ды проста ніхто. Ты мне, я табе - lupus est.
Тым не менш Сева сустрэў мяне на вакзале. Мы прыехалі да яго і доўга яшчэ вячэралі, цягнулі бясконцае піва ды такія самыя размовы - без мэты, без канца ды без пачатку. Усё вялося да таго, што мы - проста старыя знаёмыя, вось зараз датрываем да трэцяе гадзіны ночы ды пойдзем спаць: ён - на ложак, я - на канапу.
... Я прыхільніца непапулярнай у шырокіх масах тэорыі бясконцага часу. «Што такое Імгненне ў параўнні з Вечнасцю? Тое самае!» - дэкламаваў перад паснулай аўдыторыяй выкладчык культуралогіі, а я, паклаўшы галаву на рукі, не магла адвесці ад яго вачэй: я была ўражаная тым, што плён нашых начных гутарак з Ірай мае навуковы грунт. Імгненне і Вечнасць - тое самае. Усё, што адбылося і адбудзецца некалі, так і адбываецца вечна ў тым самым часавым адцінку, і машына часу - гэта рэальнасць, і кожны мае яе спрошчаную мадэль. Гэта - памяць. Існуюць такія імгненні, нібы вытатуіраваныя на сятчатцы, нібыта высечаныя ў мазгах, як барэльефы ў граніце. Заплюшчваеш вочы - і бачыш, бачыш... Аднойчы ўлетку аўтобус спыніўся пасярод вуліцы, да дзвярэй у вадзе; спыніліся ўсе машыны, не здольныя супрацьстаяць навальніцы. І раптам фіялетава-чорныя хмары прарваліся, і ў прарэх на ўвесь горад палілося ліпеньскае гарачае сонца, і выгнулася вясёлка праз усё неба. І ўсе людзі, зачараваныя, паднялі да неба галовы, і ўсе пабачылі, як цэлая птушыная чарада, лопаючы крыламі, імкнецца проста да сонца. Я і цяпер заплюшчваю вочы ды бачу: тыя птушкі ўсё лятуць, лятуць...
З нашае сустрэчы з Севам мая памяць занатавала толькі невялічкі адцінак, двуххвілінны фільм, які я цяпер магу сабе паказваць бясконца. Мы ўжо сядзелі на канапе, і я найграна-весела абуралася з нейкае нязначнае нагоды, калі Сева спыніў маю фразу, проста затуліўшы мне рот рукою. Пасля ён моўчкі забраў маё піва ды зняў з мяне акуляры.
Хвіліны дзве мы проста сядзелі моўчкі, пераплёўшы рукі, з заплюшчанымі вачыма, нібыта спрабавалі пачуць між уласных шумлівых думак перастук нашых сэрцаў.
Усяго толькі дзве хвіліны, дзве хвіліны пачатку, мы былі пяшчотныя. Мы былі пяшчотныя - вось у чым рэч! Пяшчотныя - і справакаваў гэта Сева. Нашто ён гэта зрабіў? Мяркую, што проста так. Сваёй пяшчотай ён сцягнуў з мяне ўсю маю складаную амуніцыю: і легіянерскі панцыр са шчытом і мячом, і рыцарскія даспехі, і бронекамізэльку з процігазам. Показка ў тэму: «Я грынпісавец. Я вызваляю чарапашак. Я вызваляю іх ад панцыра». І вось я, голая чарапашка, заплюшчыла вочы, лягла на спіну ды паплыла па гэтай плыні нечаканае пяшчоты, спрабуючы не думаць, да якога берага мяне раніцай прыб'юць хвалі.
Не думаць - бо я была добра знаёмая з пранізлівай пустэчай світанкаў у чужых кватэрах. На прамарожаным грамадскім транспарце а восьмай раніцы мы раз'ехаліся ў розныя бакі.
Я цудоўна ведаю, чым было абумоўленае маё нежаданне аналізаваць сітуацыю, змагацца з пачуццямі ды ўдаваць з сябе шчаслівую. Я была стомленая напружанымі заняткамі з раніцы да позняга вечара, а таксама неўладкаваным побытам у чужой кватэры: мы з Іркай наймалі пакой. Да таго ж было вельмі халодна, і таму я, седзячы на занятках, увесь час правальвалася ў той двуххвілінны ўспамін цёплае пяшчоты. У тыя дні я і выціснула з сябе абзац «Раніца без цябе». Мне пранізліва захацелася прачынацца побач з кім-небудзь жывым і цёплым. Ну а тое, што Сева аказаўся рэальнейшым за Рэвізора, - гэта абумоўлена тэрытарыяльным фактарам. Севу, прынамсі, я магла патэлефанаваць.
Ці самой чакаць ягонага званка. Чым я і заладоўвала сабе мазгі. Чаканне, чаканне... У пятніцу, а шостай раніцы, я сустракала Іру на вакзале: ейную торбу, закамплектаваную бацькоўскімі харчамі, немагчыма было падняць. Мы спыніліся адпачыць ды выпаліць па цыгарэце перад уваходам у метро, і я, штурхануўшы торбу нагой, злосна перапыніла Ірчыны развагі наконт апошніх падзеяў: «Іра! Ён не тэлефануе не таму, што ў яго зламаўся тэлефон, не таму, што ён заняты з раніцы да глыбокае ночы, не таму, што ён сарваў голас, спяваючы ад вялікае радасці марш Мендэльсона. Ён мне не тэлефануе, бо не хоча мне тэлефанаваць, - вось і ўсё, і разважаць на гэтую тэму я больш не збіраюся».
Але я разважала. А калі пайшоў трэці дзень, я пачала разважаць уголас і бесперапынна, ды так, што Іра, кідануўшы ў мяне канспектам, абвясціла:
- І патэлефануй! Ну давай, тэлефануй яму! А чаму не? Ты што, пакінутая каханка? Ці абражаная ў найлепшых пачуццях цнатлівіца? Патэлефануй. Даведайся, як маецца.
Іра мяне пераканала. Я дачакалася, пакуль яна знікне ў невядомым кірунку, ды набрала нумар, які ўжо паспеў занатавацца ў маёй памяці.
Размова была хвілінная: мы проста дамовіліся заўтра сустрэцца.
Дарэмна я гэта зрабіла. Дарэмна тэлефанавала, дарэмна ехала, стомленая, выціснутая пасля іспыту як лімон, праз увесь горад на ноч гледзячы.
Бо ўначы між намі адбылася цікавая размова працягам у гадзіну. Дакладней, прамаўляў Сева, а я слухала. Я ляжала ды думала: «Божа, Сева, як банальна, як банальна, Сева!» Я нават пачынала збівацца на абдумванне блізкага экзамену па эканамічнай тэорыі: ці варта рабіць шпоры або ўдасца пранесці падручнік?
Божа, колькі разоў я слухала такія дэкламаванні! А колькі разоў сама была аўтарам гэткіх прамоваў!.. Адзін чалавек не кахае другога ды пачынае бараніцца ад чужога кахання. Ставіць складаныя абарончыя збудаванні вакол сваёй свабоды. О, я так і ведала, пачынае расказваць пра свой складаны характар. Дарагі мой, не было цябе пры праявах маёй індывідуальнасці! Разбэшчаная, раз'юшаная, пакрыўджаная, проста стомленая (патрэбнае падкрэсліць) Югася стаіць сярод пакоя, тупае нагамі ды крычыць: «А-а-а-а-а-а-а-а-а!!!», а вакол яе скача ўсё сямейства, спяваючы хорам ёй дыфірамбы, - каб толькі не пачала кідацца посудам. Гэта ў агульных рысах, а хочаш падрабязнасцяў? Распытай маіх брацікаў ды колішніх бойфрэндаў: яны табе раскажуць, якая я «тонкая натура» ды як мяне трэба ахоўваць ад праяваў гэтага варожага свету. Яны таксама могуць падзяліцца досведам, як самому свету трэба бараніцца ад маіх праяваў: казаць мне штодня, што я - найлепшая, найпрыгажэйшая, найразумнейшая: жывы геній сучаснасці!
О! А цяпер Сева расказвае пра свае звычкі! Цукар можна браць толькі адмысловай лыжачкай. Ложак засцілаецца з дапамогаю геадэзічных прыладаў. Філіжанкі ў буфеце выстаўленыя ў шахматным парадку, кветачкамі арыентаваныя на паўночны ўсход, 48°12'. Божа, Сева! Мая адсутнасць звычак за дваццаць з хвастом гадоў таксама склалася ў непарушную сістэму! Пасту я прынцыпова выціскаю ўсёй рукой, і хай толькі хто-небудзь паспрабуе мяне ўпікнуць - я прынцыпова разрэжу цюбік напалову ды буду чэрпаць пасту пальцам. А ў кіданні кухонных ручнікоў я дасягнула найвышэйшага майстэрства. Ці багата таленту трэба, каб акуратна скласці ручнік? А што робіцца на маім пісьмовым стале - гэта тычыцца мяне і толькі мяне! Звычкі ў яго, бачыце вы!
О! Перайшоў да выхваляння ўласнымі разумовымі здольнасцямі. Сева, дык ты ж проста мой партрэт! «Я люблю на самоце чытаць разумныя кніжкі, атрымліваючы задавальненне ад таго, які я разумны!» Севачка, мне ніколі не забыцца на лета пасля дзевятага класа, добрую частку якога я паклала на штудыяванне «Анты-Дзюрынга», штудыяванне сумленнае, без пропуску старонак ды абзацаў, штудыяванне з вельмі акрэсленай мэтай: сузіраючы навакольны люд, упівацца хмельна-салодкай думкай: «А я чытала «Анты-Дзюрынг»!» Каб, пагардліва адхіляючы заляцанні аднагодкаў, скептычна зазначыць самой сабе: «Ды ён нават «Анты-Дзюрынга» не чытаў!»
Так, а што мы чуем цяпер? О, байку пра свае добрыя якасці. Любы мой дружа Сева! Калі б мы з табой былі сапраўднымі сябрамі, ты даведаўся б, наколькі я адкрытая і шчырая са сваімі сапраўды блізкімі людзьмі. Як я абараняцьму кожнага з іх, нават калі давядзецца паўстаць супраць цэлага свету. А якія ў мяне канфармісцкія погляды на супольнае жыццё! Знаеш, я нат пазбавілася фемінісцкага «комплексу шкарпэтак» - я ўважаю, што жонка павінна мыць мужавы шкарпэткі! Калі ўласнаручна мыеш свае, яшчэ адна пара надвор'я не робіць.
А яшчэ я... Я яшчэ багата чаго. Табе гэта рупіць? Натуральна, не. Як і я не маю да цябе ніякага клопату. Ты мне, я табе - lupus est. Не бойся, Сева, не абараняй гэтак ад мяне сваю свабоду - яна мне не патрэбная. І ты мне не патрэбны. «Нашла коса на косу». Два жывыя геніі сучаснасці, два Цэнтры Сусвету не могуць існаваць побач: бо тады ім давядзецца пераглядаць ды перарабляць свае планетарныя сістэмы. Ды што я табе тлумачу - ты і сам гэта ведаеш.
Мне ў адно імгненне абрыдла мая нядаўняя пяшчота. Я зноўку нацягнула на сябе ўсю сваю важкую непрабіўную амуніцыю. Сева, не тлумач мне, хто ты такі. Хіба я не бачу - ты такі ж, як і я. Ты падобны да тых малюскаў, якія ў вялікай колькасці поўзаюць на дне беларускіх рэчак. Усе дзеці ведаюць, як хутка яны змыкаюць палавінкі сваіх ракавак, як небяспечна засоўваць у іх пальцы з рызыкай параніцца і як цяжка праламаць іх - нават каменем. Але ўсе дзеці таксама ведаюць: варта прасунуць між палавінак нож - і адкрываецца небяспечнаму варожаму ветру бездапаможны далікатны малюск, якога варта толькі пазногцем зачапіць - і ён смяротна паранены. Сева! Што я, што ты - такія мяккія далікатныя малюскі, якія шчыльна зачынілі свае ракаўкі ды гадуюць, тоячы ад свету, свае каштоўныя перлы, ахвяроўваючы на іх сваю перламутру.
Сева, я не збіраюся выцягваць цябе навонкі. Давай лепш спаць - у мяне заўтра адказны дзень.
Наважыўшыся заснуць, я ўбачыла, як не вытрымлівае выпрабавання рэальнасцю мая нядаўна народжаная мроя прачынацца з кім-небудзь. Як аказалася, мая звычка спаць адной значна мацнейшая за мрою: ложак быў вузкі. Падушка была маленькая. Коўдра - гарачая. Каленкі стукаліся аб сцяну. Рукі заміналі. І, як кульмінацыя, як кантус фірмус канцэрта «Мая спроба заснуць», над усім загучаў Севаў забойны храп!
У мяне адразу з'явілася іншая мроя: узяць падушку і коўдру ды перадыслакавацца на канапу. Гэтая мроя, як і належыць мроям, засталася няспраўджанай.
Я, пераможаная бяссоннем, глядзела ў столь ды зноўку з галавой хавалася ў свой сусвет: акіян самоты, якая насамрэч ёсць свабодай. Толькі я думала тады не пра свабоду, а пра тое, што ў мяне з'яўляецца жорсткасць. Мой панцыр прырастаў да маёй скуры, мой процігаз рабіўся маім тварам. Ніколі. Больш. Ні з кім. Я. Не буду. Пяшчотнай. НІКОЛІ! Я! НЕ БУДУ! ПЯШЧОТНАЙ!
А на наступны дзень у краіну прыйшла зіма - як здзек. Сапраўдная Зіма, якую я так чакала ўсе папярэднія месяцы.
Я ішла дамоў пешшу, перыядычна выціраючы акуляры ад мокрага снегу, вытрасаючы снег з-за каўняра ды з рукавоў, правальвалася па калена ў сумёты, якія павялічваліся на вачах, і было мне сумна. Тужліва. Можна сказаць, што я загойвала раны - не раны нават, а так, драпіны. Мой нядаўні досвед перамогі над уласнымі пачуццямі нарэшце нагадаў пра сябе - я заўважыла, што, па вялікім рахунку, мне ўсё адно. І калі я дацягну свой смутак дадому, я паспрабую ператапіць яго ў натхненне.
Не выйшла. Надоўга мяне не хапіла.
Я вярталася ў Гомель у дзень свайго нараджэння - мне споўнілася дваццаць два гады. Ведама ж, Сева мне не патэлефанаваў - я і не спадзявалася.
А дома мяне чакалі такія падзеі, якія не пакідалі мне часу сядзець у куце, абхапіўшы калені, ды захлынацца ў сваёй адзіноце. Мая маці была ў шпіталі. Мой сабака, пакуль мяне не было дома, выправіўся да сваіх сабачых продкаў. На працы рыхтаваліся да выбараў, і я, мала таго, што ўваходзіла ў склад камісіі, была яшчэ і сакратаркай, якая самастойна мусіла выдрукаваць спісы. На маім участку чатыры тысячы чалавек, на суседнім - гэтулькі ж, прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, хатні адрас... Недзе на трэці дзень, дакладней, ноч, праведзеную на працы, я адскочыла ад кампутара, сціснуўшы скроні, чым напалохала ўсіх: «Не магу! Болей не магу! Чакайце, я пяць хвілін адпачну...» Трэці тыдзень без выходных - гэта моцна. Дзяжурства на датэрміновым галасаванні... І самі выбары: ноч з нядзелі на панядзелак, чатыры гадзіны раніцы... А ў панядзелак на працу. Чацвёрты тыдзень без выходных.
І мною было зробленае яшчэ адно цікавае адкрыццё. Я на ўласным досведзе праверыла старажытную прымаўку, што клін клінам выбіваюць. Ніякая сублімацыя, ніякая «замещающая активность», ніякія прабежкі раніцай, ніякія справы ад світання да ночы не выратоўвалі мяне ад думак пра Севу. Уяўляю, калі б я наважылася бегаць раніцай - вось дзе я думала б пра яго бесперашкодна! Млявыя, гультайныя, назольныя думкі - напаўжывыя, як зімовыя мухі. Я па ім сумавала або рабіла выгляд, што сумавала... Клін выбіваюць клінам: не рукой, не сякерай, не палкай, а клінам, такім самым, раўназначным клінам - і нічым іншым. Неўзабаве - у сакавіку - адбылася падзея, верагоднасць якой я ў лістападзе ацаніла ў 0,1 адсотка.
У чарговую маю паездку ў Кантору ў калідоры мяне спыніў Рэвізор. Прычым усё выглядала так, нібы ён наўмысна мяне падпільнаваў, убачыўшы ў акно.
«Колькі часу, а Вы цудоўна выглядаеце, а Вам з белымі валасамі лепш, чымся з чорнымі (гэта ён пра мой парык), а спяшацца няма куды, а хадзем да мяне піць каву!» І бліжэйшымі пяццю хвілінамі за каваю між намі адбылася даволі змястоўная гутарка, у часе якой мы перайшлі на «ты», высветлілі, як каго клічуць, хто дзе жыве, хто дзе вучыўся, у каго якія планы на будучыню, які ў каго нумар тэлефона. А назаўтра я, злавіўшы Антона ў калідорах Канторы, сама прапанавала яму разам ехаць дахаты: як аказалася, мы былі амаль суседзі.
Сорак хвілін, роўна сорак хвілін - уся дарога дадому - мы размаўлялі. Гэта была не проста балбатня паміж калегамі - гэта быў флірт. З разлікам на будучыню. Антон выразна даў мне зразумець, што ён не мае дзяўчыны, і зрабіў пэўныя захады дзеля высвятлення наяўнасці/адсутнасці ў мяне бойфрэнда. Высвятлялася таксама, хто чым цікавіцца ды дзе бавіць вольны час.
Я сказала: «Пакуль!» Я забрала ў яго маю торбу. Я выйшла на сваім прыпынку. Я прыйшла дахаты, не зняўшы ботаў прайшла да тэлефона ды занесла Антонаў нумар у чорны спіс.
Мой Сусвет Няспраўджаных Жаданняў, абражаны маімі енкамі ды скаргамі, шпурлянуў мне ў твар спраўджаную мрою. Як здзек. Пра тое, што гэта будзе мець такія наступствы, я не здагадвалася. Я залягла ў сваім пакоі, патэлефанавала Іры ды заскуголіла ў слухаўку: «Іра! Які жах! Я не хачу! Нічога не хачу! Нікога не хачу! Мне лепей быць адной! Мне прасцей быць адной! А, які жах! Ніхто мне не патрэбны!»
Я выйшла з аўтобуса пасля вельмі канкрэтнай размовы, якая ў перспектыве мела выразна акрэсленыя наступствы. Заміж радасці мяне ахапілі зусім іншыя адчуванні.
Вас калі-небудзь білі пад дых? Калі мінае першы боль ад удару ў сонечнае спляценне, чамусьці адчуваеш усярэдзіне жудасную пустэчу: нібыта ўтварылася дзірка ў грудзях. Антон аказаўся быццам вампірам, які адсмактаў маю энергію. Дык вось у чым розніца між ім і Севам! Севачку не трэба было тлумачыць, хто я такая: пяць гадоў знаёмства - гэта сур'ёзны тэрмін. Як мне расказаць Антону, напрыклад, пра тое, як я два гады таму пагаліла галаву? Такі факт можа напалохаць любога нармальнага хлопца. Нармальны хлопец - вось хто быў Антон. Уяўляю яго ў кампаніі маіх сяброў - непрыемная карцінка. Мы ўсе, хоць і дасталі крыху адно аднаго, прызвычаіліся да вар'яцтваў кожнага. А патлумачыць гэта ўсё чужому чалавеку... «Вось гэта Арцём, ён будыст. А вось гэта Дзёнік - зараз ён сцісне цябе ў абдымках ды пачне дэкламаваць свой улюбёны верш «З чаго пачынаецца Жодзіна?». А вось гэта мой брат Віця - ведаеш, насамрэч з намі яго няма, а тое, што мы бачым, - падман слыху, зроку ды тактыльная ілюзія. А ведаеш, палова з прысутных тут - мае былыя бойфрэнды, прытым іхным жонкам гэты факт цудоўна вядомы! А вось яна я - уласнай персонай. Дзяўчынка, якая вырасла на сімфанічным джазе ды сучаснай японскай навеле, а зараз пачне трызніць пра Парыж, прычым па-французску. Табе яшчэ не расказалі, як я кінула два ўніверсітэты, была панкам у парваных джынсах ды з фіялетавым іракезам, а аднойчы, пасля чорнай дэпрэсіі ды шалёнага запою, пагалілася налыса? Гэй, Антон, ты куды?»
Божа, хто ж ведаў, што так цяжка знаёміцца? Цяжка - у літаральным сэнсе: і маральна, і фізічна. Я ўвайшла ў кватэру збітая з панталыку, з дзіўнаватым тварам ды ўсё думала, куды б схаваць вочы ад маці; нарэшце пастанавіла схаваць іх у акно: абаперлася локцямі аб падаконне, абняла котку, з якой у нас была вечная вайна, ды ўтаропіла вочы ў неба. І адразу пачула за спінаю занепакоены голас маці:
- Жэня, што з табою? Ты ўжо гадзіну глядзіш у акно!
Напэўна, нават мая спіна мела дзіўны выгляд. Такі стан - вельмі незразумелы і загадкавы - доўжыўся яшчэ два дні. Урэшце я абсалютна нематывавана расплакалася на працы - пасля таго як упусціла на падлогу дзіркакол. Палезла пад стол падымаць і расплакалася. Плачу ды дзіўлюся: што такое? І плачу... Слёзы самі ліюцца! У мяне пытаюцца: «Жэня, што з табой?» Я адказваю звычайным голасам: «Алергія!» І плачу! Дзівосы... Я заплакала ўпершыню гады за два.
І напружанне маё знікла. Я ўздыхнула з палёгкаю. Ух!.. Нібыта жоран з шыі зняла! Ну ўсё, до з мяне! Больш ні з кім не буду знаёміцца. Досыць!
І вось - нарэшце! упершыню за ўсё жыццё! - я адчула сябе цалкам шчаслівай. Цяпер я ўжо пэўна ведала - і праверыла гэта на ўласным досведзе, - што жыццё насамрэч большае за каханне. Што ніякае пачуццё не выб'е мяне з каляіны, не прымусіць мяне занурацца ў дэпрэсію ды ў самазнішчальныя думкі. Я перастала баяцца сама сябе, баяцца адзіноты ды самоты. Адзінота - гэта звычайны чалавечы стан, і адзінота не ёсць трагедыяй. Адзінота ёсць незалежнасцю. Бо ніхто нам нічога не абяцаў. Не гарантавалі нам нябёсы, што мы знойдзем тут шчаслівае каханне. Мы проста народжаныя шчаслівымі - гэта так банальна, але да гэтага трэба дайсці самому. Мабыць, дзіўнавата гэта прагучыць пасля прагляду чорнага спісу майго тэлефона, але я нарэшце навучылася кахаць. Гэта зусім не страшна. Гэта бяспечна. Засталося толькі прычакаць на даляглядзе каго-небудзь вартага... Ну, такога... Падобнага да прынца. І каб на белым кані...
Звычайнае жыццё. Паступова ў мой самадастатковы Сусвет пачалі прыходзіць звычайныя пачуцці.
Вось прыехала я здаваць сесію... Два тыдні ў Менску. Натуральна, я хацела пабачыць Севу. Натуральна, не пабачыла. Ну і дзякуй Богу: уяўляю сабе нашую сустрэчу! Мы сядзелі б, надзьмутыя, у розных кутах, і нават не зірнулі б адно на аднаго. Затое цяпер я ляжу, здаўшы ўсе экзамены, палю пад блакітным таршэрам ды чытаю «Тайную доктрину». Зараз вось вазьму свой тэлефончык ды набяру Севаў нумар, на дзве хвіліны траплю ў ягоную пустую кватэру...
І засну.
А можа, вазьму сшытак з алоўкам ды занатую ўсё гэта.
Усё ж атрымаўся аповед пра каханне. Або пра любоў. Або пра нелюбоў - гледзячы з якога боку. Натуральна, да дасканалага чалавека мне яшчэ далёка-далёка... І я журбую. Раз-пораз. Звычайна начамі. І вельмі люблю пракручваць двуххвіліннае кіно, дзе мы з Севам моўчкі сядзім у абдымках цемры ды слухаем перастук нашых сэрцаў...
І мне трэба як найхутчэй занатаваць гэта - пакуль з надыходам раніцы не абудзілася іншая Я, моцная ды ўпэўненая, бездакорная, самадастатковая Я, якая бязлітасна перакрэсліць, скамечыць ды спаліць у попелцы апошнія абзацы: які можа быць смутак? Якое такое кіно? І зробіць гэта Яна-Я ўпэўнена ды шчыра.
Мне трэба пратрымацца на гэтай сентыментальна-пранізлівай ноце яшчэ трошкі! Адзначыць, што мне бывае сумна. Што мне хочацца прачынацца з кім-небудзь і хоць зрэдку каму-небудзь мыць шкарпэткі ды прасаваць кашулі - дзякаваць за каву ў ложак ды мільён пунсовых ружаў. Адзначыць, што пішу гэта, не ведаючы, кім я стану: можа, папраўдзе пракурорам. А мо фатографам у Парыжы. Адзначыць, што пішу гэта ў дваццаць два гады: «Не ведаю, кім я стану» - у такім веку! Суцэльны інфантылізм!..
Кім я стану? Я - ёсць. Я чалавек. Ну вось, вось яна, раніца. Я прачнулася, шчаслівая ды перапоўненая любоўю да ўсіх і ўсяго.
Добрай раніцы, планета Зямля!
ЛЮБЛЮ.
II. Замалёўкі з вясковага жыцця
Ёў! Я еду ў вёску!
Шлях да вёскі цяжкі ды складаны. Каб яго адолець, трэба прыкласці багата намаганняў.
Па-першае, трэба на гэта наважыцца. Падняцца з канапы - гэта ўлетку, калі няма пільнае патрэбы адрывацца ад канапы з тэлевізарам ані сёння, ані заўтра, ані праз тыдзень, - дык вось, падняцца з канапы, папрасаваць спадніцу... а мо не трэба - для сельскае мясцовасці?.. Зрабіць нешта прыстойнае з тварам ды валасамі, пакласці ў торбу зубную шчотку, перакрыць газ, ссунуць фіранкі, замкнуць кватэру, выклікаць ліфт, вярнуцца па парасон! Выйсці нарэшце з пад'езда, купіць у шапіку цыгарэты ды рушыць на аўтобусны прыпынак. Дачакацца аўтобуса нумар дваццаць сем ці дваццаць восем і даехаць да вакзала. На вакзале купіць марозіва, потым квасу, потым пашкадаваць аб зробленым, потым доўга вырашаць: ехаць маршруткай або чакаць аўтобуса? Прапусціць маршрутку, потым з вялікім шкадаваннем чакаць аўтобуса нумар чатыры, дачакацца, з пагардаю прапусціць ашалелы натоўп, зайсці апошняй і - хуценька! - шмыгануць на месца ля акна, каб усю дарогу не саступаць месца ніводнай бабе з вялікімі клункамі ды не глядзець у бок п'яных мужыкоў.
Я гляджу ў акно ўсю дарогу. На мосце праз Сож мне карціць крыкнуць: «Глядзіце, дэльфіны!», але ж я адна, няма каму падтрымаць майго жарціка.
На канцавым прыпынку я выходжу - вёска!
Бабы з клункамі ды п'яныя мужыкі кіруюць налева. Не. Я туды не пайду! Мне - направа.
Уздоўж дарогі - ахайны гаёк, а за ім - дагледжаная вулка, абсаджаная паабапал туямі. За пятнаццаць гадоў яны выраслі, нібыта ў Ялце. А вось, паміж туямі, мая брамка - ледзь заўважная. Замест таго каб адмыкаць яе ключом, я спачатку перакідваю цераз плот торбу, пасля - зірнуўшы навокал ды задзёршы спадніцу - хуценька пераскокваю сама. Я заўжды лажу цераз плот - каб сцвердзіць бабулі, што ейны замок - адна відочнасць.
Сабака брэхам абвяшчае аб маім з'яўленні - зноўку не атрымалася зрабіць сюрпрызу. Я цалую бабулю, праходжу ў залу, уключаю тэлевізар ды завальваюся на канапу. Цяпер можна спакойна жыць далей.
Я вельмі люблю свой вясковы побыт. Асабліва за тое, што вёскай ён амаль не пахне. Вёска - гэта збольшага ў тэрытарыяльным сэнсе, звычайны прыватны дом за горадам. Дом з цэнтральным ацяпленнем ды газам. Лазенка з акном, з чорнай кафляй, прыбіральня - з блакітнай. Зала, кухня, спальня, другі паверх... Усё, як у горадзе. Амаль. З негарадскога я люблю веранду - суцэльныя вокны, драўляныя сцены ды паркет. Тут стаіць толькі пісьмовы стол ды швейная машынка «Зінгер». На верандзе я праводжу большую частку свайго вясковага жыцця - я тут чытаю кніжкі, паклаўшы ногі ўзімку на батарэю, улетку - на падаконне.
Вокны выходзяць у вялікі сад; яшчэ - уласна вясковае - ёсць гарод, лазня, дзве цяпліцы - таксама з цэнтральным ацяпленнем, ну і розныя гаспадарчыя пабудовы. З усялякіх гаспадарчых я больш за ўсё люблю гараж - на яго другім паверсе ёсць доўгі гаўбец, дзе я палежваю з ранку да вечара, чытаючы кніжкі ды раздражняючы суседзяў лайдацкім выглядам сярод кіпучае вясковае працы.
Ну нарэшце, нарэшце я ў вёсцы! Пачынаецца мой сапраўдны адпачынак.
Але, але. Шчыра кажучы, я сюды ўцякла. Я ўцякала з горада, як войска, пацярпеўшы паразу, уцякае з поля бітвы. Так мог Напалеон уцякаць - нібыта адыходзіць з горда паднятай галавой - з падпаленай Масквы. Так пацукі, першымі адчуўшы ваду, спешна пакідаюць карабель. Так птушкі адлятаюць у цёплыя краіны, не жадаючы прыстасоўвацца да новых умоваў існавання.
Я ўцякла з горада ў вёску, каб выратаваць сваё лета.
Маё адзінае, непарушна МАЁ лета - яно так рэдка мне даецца, усяго толькі раз на год, - трэба было ратаваць.
Ад каго ці ад чаго - не ведаю нават, як сфармуляваць, - але лета пагражала папросту знікнуць.
Ператварыцца ў чаканне.
Безвыніковае чаканне. Змарнаваны час, бязлітасна забіты час. Час - хвіліны, гадзіны, дні, тыдні, месяцы - майго жыцця. Я не хацела марнаваць маё жыццё.
Бо мінулае лета, напрыклад, я змарнавала. Я правяла яго ў горадзе, чакаючы немаведама чаго. Трывала жахлівая спёка, гарэлі тарфянікі, у горадзе стаяў куродым, а кволы ветрык ледзь ганяў пыл. Усе газоны былі спаленыя, і гарадское дно, залітае чорным асфальтам, нагадвала пекла.
А я сядзела ў горадзе, у пустой кватэры, не рэагуючы на заклікі сямейнікаў ехаць да іх на лецішча. І да бабулі ў вёску я таксама не ехала. Выразна памятаю, як я штодня мыла падлогу ў нашай немаленькай кватэры: амаль голая, у адных майтках ды абхінутая празрыстым фіялетавым парэа - бо ніякае вопраткі ў такую спёку цела не трывала. І мяне па чарзе ахоплівалі розныя пачуцці: або экстатычная радасць, або пранізлівая журба. І яшчэ: раз на дзень, звычайна ўвечары, я супакойвалася. Напэўна, мая нервовая сістэма была проста няздатная трываць такі пачуццёвы цэйтнот і форс-мажор. У адчыненыя вокны вецер нарэшце заносіў пахі блізкае ракі ды зёлак, фіранкі пяшчотна калыхаліся, і я сядзела за піяніна ды іграла ўвесь свой рэпертуар. І нейкае прахалоднае падабенства гармоніі краналася майго лба - каб я магла заснуць.
І я чакала, чакала... У тое лета я лічыла сябе закаханай - нядоўга, але моцна: роўна два месяцы. Ну тры, калі з нацяжкай, але жнівень ужо не лічыцца: так, рэцыдыў хваробы, рэшткавыя з'явы... А два першыя летнія месяцы я чакала, чакала, чакала... Я сядала ў кухні на падаконні, брала цыгарэту ды глядзела ўніз: чакала, пакуль ён пройдзе пад маімі вокнамі. Ягонае ўрачыстае дэфіле па нашым двары было абавязковаю часткаю штовечаровага шпацыру. Ён жыў на іншым краі нашага мікрараёна - праз чатыры дамы, амаль насупраць, і, калі напружыцца, выйсці на гаўбец бацькоўскае спальні, падысці да самага краю ды рызыкоўна высунуцца на руках, - я магла б пабачыць ягоныя вокны. І я напружвалася, і высоўвалася, і рызыкавала... І чакала, чакала, чакала...
І нічога не дачакалася, натуральна. На пачатку жніўня ён пачаў маршыраваць пад маімі вокнамі ў абдымку з дзяўчынкай - бясспрэчна, на злосць мне. Яна была такая ніякая, што я палічыла за абразу чакаць нечага ад чалавека, які выбраў не мяне, а нешта невыразнае. Злезла з акна, апранулася, замкнула кватэру ды з'ехала да бацькоў на лецішча, дзе ляжала на канапе, перачытваючы «Дванаццаць крэслаў», ды была ўся закаханая ў Астапа Бэндэра. Тут якраз пачаліся жнівеньскія дажджы, якія абвяшчалі канец лета. І, у дадатак, у горад вярнулася гарачая вада, якая абвяшчала пачатак восені. І трэба было выходзіць на працу, і ніякага Сярожы я ўжо не кахала.
А лета было змарнаванае.
І гэтае лета, маё цудоўнае лета, таксама пагражае ператварыцца ў чаканне.
Калі я памру, на тым свеце я сустрэну чалавека, які вынайшаў тэлефон, ды выкажу яму набалелае.
Рэч у тым, што я баюся тэлефонаў. Два дні таму, калі адбыўся гэты лёсавырашальны і летавызначальны званок, мая тэлефонафобія буяла ды квітнела ўсімі колерамі вясёлкі. Тэлефон абудзіў мяне ўранні і пасля так і званіў з кароткімі перапынкамі. Тэлефон, ха! - два тэлефоны, і было вельмі кранальна, калі яны пілікалі адначасова. Мае бацькі былі на лецішчы і лічылі сваім абавязкам штогадзінна цікавіцца маім здароўем, даючы каштоўныя парады наконт гатавання макаронаў. А калі мае бацькі з'язджаюць на лецішча, яны адразу становяцца патрэбнымі процьме народу. І брат з сястрою - таксама. А яшчэ мне тэлефанавалі з працы дахаты - гэта ж жах, гэта ж парушэнне маёй чалавечай недатыкальнасці! А яшчэ тэлефанавалі асабіста мне - розныя хлопчыкі, якія клікалі мяне на рэчку ці проста пагуляць. Ну, у крайнім выпадку, проста са мной паразмаўляць - калі ўжо на рэчку мне «холадна», а пагуляць - «не хочацца». О Божа, жах! Пачуўшы піліканне, я пачынала голасна лаяцца ды бегла, перакульваючы зэдлікі, да тэлефона, які перад тым кінула невядома дзе.
І вось я пабегла чарговы раз, гатовая кінуць слухаўку, калі гэта будзе нехта з тых, хто ўжо званіў сёння.
- Алё!
Піўлюм-піўлюм - ага, міжгорад, гэта Іра, дзякуй Богу.
- Алё!
- Дзень добры. Ці можна Жэню?
Так, мужчынскі голас. Я падумала, што гэта Вася, Ірчын бойфрэнд, і мелася ўжо адказаць: «Вася, ты? Ну што ты там з Ірай ужо зрабіў?» Дарэмна я так не зрабіла, трэ было...
- Так! Я слухаю! - жорсткім голасам знерваванае сакратаркі.
- Жэня? Здароў, гэта Сева.
Сева? Сева... Ну нішто сабе... Се-е-е-ева... Ну-ну. Вось гэта навіна. Вось гэта ДЗІВА, я вам скажу! Рэч у тым, што Сева пакутаваў на такую самую тэлефонафобію, як і я, і ніколі нікому не тэлефанаваў. (Я, дарэчы, вельмі рэдка тэлефаную сама і праз гэта ўжо пасварылася з некаторымі імпульсіўнымі асобамі.) А каб Сева сам патэлефанаваў, ды яшчэ каму - мне! - а мне ён апрыёры не мог тэлефанаваць, такія ўжо ў нас былі з ім стасункі. Дарэчы, ніякіх не было, мы і не тэлефанавалі адно аднаму, каб ні ў кога не ўзнікла пэўнасці, што нейкія стасункі ёсць.
І вось ён мне тэлефануе. Ха. Ля-ля-ля, як жывеш, выдатна, а я вось еду ў Чэхію на два тыдні (не я - ён), а як там нашыя агульныя знаёмыя, так вось і так, зусім звар'яцелі, мабыць, той а тая жэняцца, уаў, як цікава, дык хоць запрасіце мяне (гэтым разам - МЯНЕ) на вяселле, а то ўвогуле зрабіліся нахабнымі, на мяне зусім забыліся, ды не, не трэба ніякага вяселля, лепш прыязджай проста так, піва вып'ем, дык ты ж з'язджаеш у Чэхію, а ты што, пасля не зможаш, натуральна, змагу, патэлефануй, як вернешся, не пытанне, патэлефаную, ну бывай, пакуль.
Вось і ўсё.
Дзве хвіліны, якія паставілі пад пагрозу маё лета. Цяпер я два тыдні чакацьму вяртання яго з Чэхіі, пасля тыдзень - абяцанага тэлефанавання з запрашэннем, пасля яшчэ адзін тыдзень пойдзе на ўцямліванне таго, што ён не патэлефануе, яшчэ тыдзень - на марныя, усвядомлена марныя, а ад таго больш самотныя спадзяванні. Ну вось і лета скончылася.
Колькі дзён таму я нічога не чакала. Я меркавала ўлетку адпачываць, чытаючы кніжкі, ды млець ад уласнае самазадаволенасці, выходзячы раз-пораз у крыжовыя паходы па рэстарацыях у кампаніі... не скажу каго (я яшчэ пяць гадоў таму зразумела, што ад гэтага «не-скажу-каго» я ніколі нічога не дачакаюся).
І што? Гіне маё лета, гіне на вачах!
Чаканне... Гэта жах. Гэта пекла. Гэта самы непрыемны з усіх маіх станаў. Я ўвесь час імкнуся яго пазбыцца.
Як высвятляецца, не толькі я. Аднойчы на першым курсе, у Менску, мы з адным хлопчыкам пасля шматгадзіннага бадзяння па горадзе апусціліся, стомленыя, на лаўку перад пад'ездам, дзе мусілі дачакацца нейкага чалавека, у якога хацелі танна набыць касеты. Нам паведамілі, што ён з'явіцца «неўзабаве», то бок невядома калі.
І вось мой сябар, хлопец з дзіўным лёсам, які па жыцці дачакаўся зусім не таго, на што разлічваў, нечакана злосна вымавіў:
- Чаканне, чаканне... Ненавіджу! Усё жыццё чакаеш невядома чаго!
Я, збянтэжаная, змоўкла і не знайшлася, што адказаць: настолькі ягоныя думкі супалі з маімі. У маім тады яшчэ не такім працяглым жыцці таксама быў досвед чакання, ды яшчэ якога! Яго апафеозам стаўся травеньскі дзень. Тады мусіў прыехаць у Гомель з Варшавы праз Менск адзін чалавек. Але я не ведала, калі дакладна. І я патэлефанавала ў даведку ды спытала, калі прыходзяць менскія цягнікі. У мяне пацікавіліся: «Уранні, удзень ці ўвечары?» Я ўздыхнула ды адказала:
- Уранні, удзень і ўвечары.
Няма патрэбы тлумачыць, што я прасядзела на вакзале ўвесь дзень - з раніцы да вечара. І нікога не сустрэла - ён вырашыў затрымацца ў Менску.
«Так банальна, вакзальна цішэла, сціхала вясна».
У той дзень я зараклася нікога ніколі больш не чакаць. Але ведаю я адну варону, якая таксама заракалася...
Колькі я сябе памятаю, я заўжды нечага чакала. Спачатку я чакала, пакуль мяне забяруць з дзіцячага садка, які выклікаў у мяне агіду ды нянавісць. Не памятаю ніводнага дня, калі б мне там падабалася. Цяпер я разумею, што нашыя пачуцці не мяняюцца на працягу ўсяго жыцця і ў сталым веку чалавек усё адчувае гэтаксама, як у дзяцінстве. Я выразна памятаю сваю пагарду і да брудных саплівых дзяцей, і да выхавальніц, якія няправільна вымаўлялі словы і непрыгожа сябе паводзілі. Выдатна памятаю, як мне было самотна ў дзіцячым садку - нашмат больш, чымся цяпер.
А аднойчы я была настолькі абражаная, што зусім перастала ставіцца да іх з павагаю. Дома я была прывучаная есці акуратна і няспешна, з відэльцам, нажом (!) ды сурвэткамі; да таго ж мяне ніхто ніколі не прымушаў есці тое, што мне не падабаецца. А не падабаўся мне боршч, якога мне аднойчы ў яслях налілі поўную талерку, ды яшчэ ж вельмі гарачага. Я адважна спрабавала яго адолець, а ўсе іншыя дзеці ўжо былі пакладзеныя спаць. І вось, у звязку з тым, што «яна тут яшчэ доўга корпацца будзе», нянечка, якая хацела хутчэй перамыць усе талеркі, узяла мае макароны ды зваліла іх у мой боршч. Дагэтуль памятаю, як гэта выглядала: тоўстыя такія макароны, з мясам. Дзіўлюся, як яна мне кампот туды ж не выліла. Я паклала лыжку на стол і да талеркі больш не дакранулася. У мяне дагэтуль ёсць жаданне сустрэць гэтую свінню-нянечку ды выкупаць у вялізным рондлі з гарачым баршчом.
Спачатку з дзіцячага садка мяне забірала бабуля. Яна садзіла мяне на гэтыя рознакаляровыя шафкі, каб апрануць - напэўна, я тады была вельмі маленькая.
Пасля мы пераехалі, і маё чаканне набыло проста фантастычныя маштабы. Цяпер забіраць мяне мог толькі бацька, а ён працаваў ледзь не да ночы. У групе заставаліся чалавекі два-тры. Я ўжо, не саромеючыся, кідалася да маладога прыгожага міліцыянта ў шынялі - гэта мой тата! Ён тады працаваў начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх і раз-пораз браў мяне на працу. Таму цяпер я маю падставы сцвярджаць, што вялікую частку свайго дзяцінства я правяла ў аддзяленні міліцыі, дзе, між іншым, нават удзельнічала ў следчых эксперыментах: колькі дзіцячая рука можа ўзяць манетак са сподачка? Ці здолее дзіця націснуць на спуск самаробнага пісталета? І гэтак далей.
Потым я вельмі чакала, калі ж у мяне нарэшце народзіцца брацік. Я чамусьці ведала, што гэта будзе менавіта брацік.
І вось ён нарадзіўся, і я ўжо чакаю, калі ён перастане есці ды спаць і пачне бегаць ды размаўляць. Потым давялося чакаць, калі ён перастане псаваць мае рэчы ды змушаць мяне гуляць у кубікі.
З сястрычкаю было тое самае, толькі я ўжо ведала, чаго чакаць ад яе. Да таго ж на момант яе з'яўлення ў мяне ўжо была процьма іншых нагодаў для чакання.
Я вучылася ў школе і на доўгіх уроках чакала кароткіх перапынкаў - не толькі я, усе дзеці нашай ды іншых краін заўжды пакутуюць на гэты від чакання. Усе - у незалежнасці ад таго, хто як вучыцца. Я, напрыклад, вучылася добра, але гэта нічога не мяняла. У любы момант мяне маглі выклікаць, выявіць маю недасведчанасць ды зганьбіць перад усім класам. Нават калі я ўсё ведала, я напружана чакала гэтага моманту - выкліку. А калі мяне не павінны былі выклікаць, мяне проста нудзіла. Колькі казак я тады прыдумляла сабе, седзячы за сваёй другой партай у першым шэрагу ад акна! Збольшага я глядзела ў акно. Калі мне рабілі заўвагу, я засяроджвалася на ўласных пазногцях ды марыла: добра было б, калі б зараз пада мною ўзнік белы прыгожы казачны конь з доўгаю грываю ды журботнымі вачыма, які зруйнаваў бы гэтую агідную парту ды павольна, цокаючы капытамі, вывез бы мяне прэч з гэтага класа! Ува ўсіх на вачах! Вось чым бавяцца дзеці замест таго, каб стоадсоткава засвойваць матэрыял.
А яшчэ я штогод чакала візіту маёй стрыечнай сястры, якая жыве ва Ўладзівастоку. Яна прыязджала або з дзядзькам - бацькавым братам, або з цёткай, зрэдчас яны прыязджалі разам. Не прыязджалі - прыляталі, і мы заўжды ездзілі ў аэрапорт іх сустракаць. Чамусьці мы шторазу прыбывалі за некалькі гадзін да іхнага самалёта, і аэрапорт за гэтыя гадзіны чакання стаўся для мяне домам родным. Натуральна, што мне трэ было пасядзець на кожнай лаўцы, залезці ў кожны кут ды паглядзець з кожнага акна. Гэтае аэрапортнае чаканне можна нават назваць прыемным.
А было яшчэ іншае чаканне - калі заставаліся лічаныя дні да прылёту Тані з дзядзем Віталікам або цёцяй Галяй. Тады я проста не ведала, куды сябе падзець. Аднаго разу, улетку пасля першага класа, я ўзялася чытаць ды за адзін дзень прачытала «Айбаліта» ў прозе, чым выклікала вялікае здзіўленне маці, якая мне не паверыла ды зладзіла мне іспыт: «А як клікалі ягонага сабаку?», «А якія птушкі прынеслі Айбаліту кошык з падарункамі?».
Гэты доктар Цэлюліт даў мне каштоўны досвед: чаканне лепш за ўсё бавіць у чытанні. Цяпер таўшчыня шкельцаў маіх акуляраў дазваляе зрабіць выснову, што чакаць мне даводзілася багата.
О, я памятаю: яшчэ я чакала дыснееўскіх мульцікаў! Цэлы тыдзень. Іх паказвалі ў нядзелю а шостай. У гэтым чаканні я была салідарная з усімі саюзнымі дзецьмі: Саюз тады дажываў апошнія дні, а гэтыя мульцікі былі ледзь не першай ластаўкай з Амерыкі. Ластаўка была прызначаная дзецям, але шырока адгукнулася сярод дарослых. Дзядуля аднойчы абурыўся іх бязглуздасцю ды няспынным мільгаценнем яркіх колераў, даволі слушна, як на мой цяперашні погляд, але маці нечакана ўзялася абараняць Дыснея.
- Тата! А што ты прапануеш глядзець? Ведаеш, як абрыдзелі гэтыя таптыжкі?
Паказвалі па дзве серыі запар. Мне больш за ўсё падабаліся «Мішкі Гамі», а меней за ўсё - «Чорны плашч». Яшчэ былі гісторыі пра Віні-Пуха, але Віні-Пух быў нейкі не такі. Саюзмультфільмаўскі мядзведзь застаўся-такі адзіным сапраўдным. Але іншыя вініпухаўскія героі былі проста песня! Ірка на першым курсе набыла пяць ілюстраваных дзіцячых кніжак, і мы пачалі гульню. Кожны з нашай кампаніі атрымаў сваю ролю. Іра - Віні-Пух, Ната - Пятачок, я - Заяц, бо таксама была ў акулярах ды мела два выдатныя пярэднія зубы, якія ў мяне і дагэтуль вытыркаюцца наперад, нягледзячы на ўсе пакуты з пласцінкамі ў пачатковай школе. Андрэй быў аслянём Іа, а Сева - Тыграм. Мы доўга забаўляліся, падпісваючы назовы да малюнкаў, - гэтак ілюстрацыі супадалі з рэальнымі сітуацыямі. Вось, напрыклад, Тыгр першы раз прыходзіць да Віні-Пуха на хвасце - дык гэта ж Сева завальваецца да Панінай апоўначы, бо яго не пусцілі ў інтэрнат! А вось Кролік (язык не паварочваецца называць яго Трусом), падымаючы лапкі дагары, лямантуючы, мітусіцца вакол Віні-Пуха - дык гэта ж я пераконваю Паніну, што небяспечна для нашага бюджэту і ейнага здароўя гэтулькі есці! Так мы рагаталі, пакуль Іра ўрэшце не набыла «Винни-Пух и философия обыденного языка» - даволі цікавы твор, з якога вынікала, што Мілн, сам таго не ведаючы, з дакладнасцю, вартай самога Фройда, паказаў дзіцячае сексуальнае жыццё. Мы прачыталі нашыя псіхалагічныя партрэты - Віні-Пуха, Пятачка, Асляняці, Тыгра - ды скалануліся ад іх трапнасці. Выходзіла, што я - неўраўнаважаная, істэрычная і дэманстратыўная асоба, якая любіць камандаваць ды пакутуе на манію велічы. Так жыццё паціху ператваралася ў суцэльныя сімвалы.
Я забегла далёка наперад. Чаго я яшчэ чакала, калі вучылася ў школе?
Пра першае каханне можна нават нічога не тлумачыць. Яно перапоўніла маё жыццё хісткім, нетрывалым сэнсам напружанага бясплённага чакання. Кожны дзень, з сёмага да дзесятага класа. Не ведаю, нават не ўяўляю, якім было б маё жыццё без гэтага пачуцця. Як мяркую, я стварыла яго наўмысна; больш за тое, гэта было запраграмавана лёсам. Памятаю, як глядзела першыя часткі серыяла «Багатыя таксама плачуць» - ніхто тады не ведаў, наколькі ён апынецца працяглы, - і адзін з герояў, ужо немаладога, дарэчы, веку, усхвалявана прамаўляў: «А што гэта за пачуццё такое - каханне? Кажуць, нібыта на крылах лётаеш!» Бязглуздая, бессэнсоўная фраза адыграла вялікую ролю ў маім жыцці: я ўзялася напружана чакаць на гэтае абавязковае дарослае пачуццё.
Дачакалася - аб'ект быў абраны з майго ж класа, ён сядзеў на першай парце сярэдняга шэрага, насіў акуляры ды быў самы інтэлігентны з хлопчыкаў-аднакласнікаў.
І пачалося іншае чаканне... Каханне, чаканне, чытанне - гэтымі словамі можна ахапіць усе мае юнацкія настроі. Іншыя былі вытворныя ад гэтых трох.
Хацелася хутчэй зрабіцца дарослай - каб мяне сур'ёзна ўспрымалі людзі. Тады я не ведала, што даросласць - гэта сумнеўная катэгорыя, якая перадусім вызначаецца сур'ёзным стаўленнем да цябе. І толькі потым - уласнымі якасцямі, разумовымі здольнасцямі ды жыццёвым досведам. Бо, напрыклад, у пятнаццаць гадоў (ды, можа, і ў трынаццаць) мой агульны ровень адукаванасці быў вышэйшы, як у некаторых тых, хто меў перавагу векам ды аўтарытэтам «дарослых», - я здзіўлялася, адзначаючы, напрыклад, што адна знаёмая жанчына кепска чытае. Але што тут дзіўнага? - рабіла я высновы. Што робіцца з дзецьмі, якія не чытаюць кніжак? Яны ператвараюцца ў дарослых, якія не чытаюць кніжак. «Пыха - смяротны грэх», а як было не стацца фанабэрлівай, робячы на кожным кроку такія адкрыцці? Аднойчы ў дзіцячым санаторыі мы пасябравалі з дзяўчынкай - знайшлі адна ў адной суразмоўніц дзеля абмеркавання прачытанага. Я сказала важатай пра нешта: «Нібы кануў у Лету», а яна шчыра перапытала: «Куды?» Трэба было бачыць нашыя пагардлівыя позіркі, якімі мы абмяняліся з сяброўкай! Ну так, нам было па трынаццаць гадоў.
А цяпер я стала дарослай - так хутка і нечакана, што сама не магу ў гэта паверыць. Што я ні вымаўлю, усё прымаецца сур'ёзна, а я думаю: «Калі ж яны мяне рассакрэцяць?» Я нібыта дзіця-шпіён у краіне дарослых. Але здаецца мне, што ніякіх дарослых увогуле няма - проста так заведзена, проста такая гульня, сюжэтна-ролевая гульня, у якой усе бяруць удзел. Толькі нехта больш упэўнена гуляе ў «сталасць», нехта - менш. (Божа, такое ўражанне, што я проста перадзіраю тэму тэатра з Шэкспіра!)
Чакаю школьных іспытаў. Спачатку - пасля дзевятага класа, потым - пасля адзінаццатага. А потым - уступных, у alma mater. Усё гэтае нясцерпнае нерваванне ўрэшце добра ўзнагароджваецца - вялікаю палёгкаю пасля здадзенае сесіі. Цяпер, у трэцяй па ліку alma mater, я наўмысна выклікаю ў сябе гэтае трымценне з залікоўкай перад аўдыторыяй, з цікавасцю адсочваючы яго метамарфозы. Мае аднагрупнікі - дарослыя людзі: замужнія жанчыны, даішнікі, амапаўцы, загадчыкі аддзелаў, старшыя інспектары - усе ў гэтым экзаменацыйным трымценні выглядаюць як школьнікі.
Ну ўсё, нібыта дачакалася - школа скончаная! Чакаеш ад жыцця вялікіх падарункаў.
Галоўнай тэмай, насуперак усяму, гучыць Каханне. Заўжды без узаемнасці. Аднабаковы рух. Ці то з майго боку, ці то з процілеглага.
Звыклая схема: спачатку чакаеш вырашальнае сустрэчы, потым чакаеш зменаў да лепшага, потым не можаш дачакацца, калі ж суцішыцца боль ды загоіцца параненае самалюбства.
Непакоіш нябёсы адным-адзіным пытаннем: «Божа ці хто-небудзь там! Калі ж я нарэшце дачакаюся?!!»
О, мой Сусвет Няспраўджаных Жаданняў! У вашай Нябёснай Канцылярыі бардак і, пэўна ж, цякучка кадраў! Чаму ў вас дагэтуль праігнараваны стосік маіх заяваў на выдачу мне «Вялікага і Чыстага»? І які бязглузды бюракрат адпісаў «У загад» на маёй просьбе трох соцень шкляных шарыкаў? Шкляныя пацеркі - гэта была мая праверка функцыянавання механізма спраўджвання жаданняў. Я, паводле ўсіх правілаў мроі, заплюшчвала вочы ды ўяўляла, як я падстаўляю сонечным промням далоні з вытанчанымі шклянымі кроплямі. Вось яны, ляжаць у пакунку, роўна трыста штук, у верхняй шуфлядзе майго пісьмовага стала. Мне не давялося нават варушыцца дзеля здабывання іх - гэта быў імпульсіўны дарунак маёй сястрычкі, які выклікаў у мяне слупняк, змяшаны з экстазам.
Мабыць, я проста сама не ведаю, чаго хачу. «Доктар, так, усё падабаецца, толькі вы вызначайцеся - туды ці сюды!» Ну як можна выканаць неакрэсленае жаданне?
О! Мой Лёс раз-пораз, абураны маімі енкамі ды скаргамі, шпурляе проста мне ў твар спраўджаныя жаданні. «Заказное? Эй, Борис! Получи и распишись!»
Выконваюцца, урэшце, усе мае жаданні. Пратэрмінаваныя, нясвежыя, але, зрэшты, яны дакладна супадаюць з пачатковай фармулёўкай. І вось я знаходжу сябе на доўгачаканым рандэву. І чым я незадаволеная? Ах, даруйце, я забылася пажадаць, каб ён быў ну калі не разумнейшы за мяне, дык хаця б не перапытваў слова «ілюзорны». І вось маё Першае Каханне не зводзіць з мяне вачэй на сустрэчы выпускнікоў. Ага, усё так, як я хацела, хіба што з маленькаю затрымкаю на дзесяць гадоў. Месяц не выпускаеш з рук картаў, раскладаючы пасьянс: «Хачу, каб мне патэлефанаваў Алег!» Урэшце здымаеш слухаўку ды чуеш бацькавага калегу: «Алё! Жэня? Гэта Алег Віктаравіч! Я табе званю з такой нагоды: які ў твайго таты нумар мабільніка? А то яго дома не магу ўжо тыдзень злавіць!» Ну што, дачакалася? Хіба не Алег табе пазваніў? Забылася прозвішча пазначыць, усяго толькі.
Мая Іра, таксама выдатны майстра кахаць рознага кшталту прывіды, ледзь не малілася: «Хачу ў Крыме пабачыць Пашу!» Трэба было чуць ейны істэрычны смех, калі яна на пляжы глядзела на Пашаву фотавыяву, прывезеную супольнай знаёмай.
Чаго чакалі, тое і атрымалі.
Пакуль ходзіш ды чакаеш, заўважаеш, што нехта ўжо дачакаўся: уласнага вяселля, дзіцяці... З асаблівай цікаўнасцю ды нейкім няўцямным здзіўленнем падлічваеш адсотак вяселляў колішніх бойфрэндаў. З'яўляецца іншае пытанне: «А калі ж я, менавіта Я, выйду замуж?»
Ужо адчуўшы безвыніковасць ды бессэнсоўнасць чакання, хаваю яго далёка ў падсвядомасць, спавіваю, нібы даўкімі ватнымі коўдрамі, - каб не лезла навонкі! - новымі жыццёвымі ўражаннямі. Жывеш, працуеш, складаеш планы ўласнага вольнага жыцця, пераплываеш улетку рэчку, ляжыш на пяску, чытаеш, чытаеш, чытаеш...
І раптам трапляеш на вяселле да колішніх універсітэцкіх сяброў.
Я з'яўляюся, як чорт з табакеркі, сукенка - чорная, пазногці - чырвоныя, на галаве - твор мастацтва ананімнага цырульніка. Кідаюся ў абдымкі, прамаўляю ўрачыстыя тосты, жартую з маладымі: «Мае спачуванні!» А бліжэй да ночы выпаўзаю на рэстарацыйны ганак з цыгарэтай ды звяртаюся да колішняга аднагрупніка з маналогам.
- Ты патлумачыш мне, што з імі адбылося? Ты ўвогуле можаш мне патлумачыць, што адбываецца ў гэтым свеце? Гэта што, абавязкова, так? Гэта ж, пэўна, кожны павінен калі-небудзь пабрацца шлюбам, стварыць сям'ю, нарадзіць дзяцей, чакаць унукаў? Жывеш, жывеш сама сабе і раптам разумееш, што на працы цябе шкадуюць! Бо я, бачыце вы, адзінокая! Нібыта я непаўнавартасны чалавек - адзінокая! Дык, можа, праўда, прыспеў час неяк вырашацца з мужам і дзецьмі?
А аднагрупнік смяецца:
- А ты ім адкажы: якая ж я адзінокая? Вунь у мяне каханкаў як багата!
Вяртаюся ўранку дахаты ды працягваю чакаць, чакаць, чакаць...
Уключаючы тэлевізар дзеля прагляду апошніх навінаў, чакаю глабальных перамен. Чакаю, калі ж да нас прыляцяць госці з іншых планет. Вось тады адразу ўсё пераменіцца! Нецярпліва чакаю свайго ўласнага палёту хаця б на які-небудзь суседні Марс...
Штоночы напружана чакаю натхнення: а раптам не з'явіцца ўжо ніколі? Чакаю натхнення, бо толькі яно надае маёй жыццёвай валтузні нейкі сэнс. Бо толькі мая крывабокая творчасць вызначае пэўны кошт, а можа, нават і каштоўнасць працэсаў маёй нервовай сістэмы. Ці, можа, гэта чарговы самападман: цалкам верагодна. Які кошт, якую каштоўнасць мае выдыхнутае чалавекам паветра? Творчасць - усяго толькі прадукт, адкіды функцыянавання няіснага органа - душы. Тым не менш занураюся ў гэтую «творчасць» з галавою, і, хоць лічу, што ўцякаю ад людзей, нясцерпна хочацца стварыць нешта маштабнае, глабальнае, эпахальнае... Напісаць нейкія «Зялёныя соплі» або «Ружовую сліну» - каб пабачыць, як калоціцца скандалізаванае грамадства. Не стае натхнення, бракуе таленту. Адны толькі ідэі, якія ніяк не хочуць прымаць прыстойнае формы.
Вельмі хацелася не так даўно напісаць нешта кшталту філасафічнае казкі - цэлага рамана з процьмаю герояў - кожны са сваім характарам - ды складаным сюжэтам. Нібыта пэўная колькасць чалавек (пятнаццаці мне было б досыць, а ў якасці прататыпаў узяла б сваю былую кампанію) вырашыла вырачыся сучасных рэаліяў ды ператварылася ў казачных персанажаў. Яны набылі вялізны стары дом... Не, лепей замак. Ну так, набылі старажытны гатычны замак на выспе, і вада блізка-блізка падступала да замкавых муроў.
І вось яны пераправіліся ў Замак ды пачалі там жыць без усялякай сувязі з іншым светам. І кожны гуляў адведзеную ролю, выконваў сваю функцыю, развіваў уласную сюжэтную лінію.
Быў там Харон - жахліва прыгожы высокі хлопчык, які ў шапцы-вушанцы, ватоўцы ды валёнках плаваў увесь час у чоўне вакол Замка, кіруючы човен даўжэзным бусаком. І ён нібыта мусіў перавозіць жыхароў Замка ў Вялікі Свет ды сачыць, каб не ўзнікла небяспека звонку. Але насамрэч ён плавае ў чоўне таму, што мае невыносны характар, заўжды змрочны выраз твару ды сцвярджае, што яго раздражняюць насельнікі Замка. Раз-пораз ён, пад сховам ночы, прабіраецца ў Замак і спусташае замкавыя сутарэнні, цягаючы французскія віны васемнаццатага стагоддзя ды выпіваючы іх у чоўне з рыльца.
Таксама ў Замку жыве Трыстана - валадарка Невядомага Каралеўства. У яе доўгія залатыя валасы, і ўвасабляе яна Нешчаслівае Каханне. Яна па чарзе кахае ўсіх выяўленых на старажытных партрэтах каралёў, князёў ды прынцаў і вельмі пакутуе праз тое, што яны не адказваюць ёй узаемнасцю. На Трыстану не ўплываюць ніякія пераконванні іншых жыхароў Замка, што гэтыя людзі даўно памерлі, што гэты, напрыклад, быў тыранам і па чарзе забіў дваццаць пяць сваіх жонак, а той увогуле быў дурнаваты, дарма што прыгожы, і так і не навучыўся чытаць. Апафеозам ейных пачуццёвых вышукаў становіцца каханне без узаемнасці да рыцарскіх латаў, якія, трымаючы дзіду, стаяць ля ўвахода ў тронную залу. Трыстана пераконвае ўсіх іншых, што з гэтым прыгожым рыцарам яе яднае жахлівая пустэча ўсярэдзіне. Урэшце яна пачынае бавіць гадзіны, седзячы перад ім на халоднай падлозе ды чытаючы яму ўголас вершы пра каханне.
Яшчэ адзін з насельнікаў Замка - кухар-вядзьмак Акварыус. Пад ягоным загадам знаходзіцца вялізарная замкавая кухня, а ягоны абавязак - забяспечваць стравамі ўсіх насельнікаў Замка. Акварыус маленькі, тлусценькі, якім і мае быць кухар, патлаты ды барадаты. Уся рэч у тым, што ён не ўмее гатаваць нічога, апрача сваіх вядзьмацкіх страваў, таму пакрыёма, пад сховам ночы, пільнуе ў сутарэннях Харона ды запрашае яго выпіць з ім бутэлечку на кухні. А на кухні ён напускае на Харона свае чары, ды той паслухмяна гатуе выдатную найсмачнейшую ежу, якой усёй кампаніі стае на тыдзень. Але Акварыусу не заўсёды шчасціць злавіць у сутарэннях Харона, і таму яму даводзіцца неяк выкручвацца перад грамадствам, у выніку чаго на стале з'яўляюцца то нагаворнае, то адгаворнае зелле, то яшчэ якія вядзьмацкія прыбабахі, а з паспалітым людам здараюцца дзіўныя невытлумачальныя гісторыі. Напрыклад, Трыстану аднаго разу ледзь не пачало ванітаваць ад кожнае чалавечае выявы на сцяне, і таму ўсім давялося хаваць ад яе люстры. Але аднаго люстра ўсё ж не схавалі, таму давялося ратаваць Трыстану, якая збіралася тапіцца, папярэдне зрабіўшы спробу згаліць свае залатыя валасы. Трыстану выратаваў Харон: ён, змрочны ды вельмі незадаволены парушаным спакоем, выцягнуў яе з вады сваім даўжэзным бусаком. Яшчэ аднаго разу насельнікі Замка, паснедаўшы, адчулі надзвычайную лёгкасць ды раптоўна ўзляцелі да замкавае столі. Так яны там і віселі, заклікаючы Акварыуса да літасці, але той толькі пасміхаўся. Скарыстаўшы са свае раптоўнае недатыкальнасці, Акварыус выцягнуў з замкавых патаемных пакояў свае барабаны ды пачаў у сваю асалоду па іх лупіць, называючы гэтыя гукі «маёй цудоўнай музыкай». Тады лётаючыя людзі паабяцалі Акварыусу лятальны канец; з вялікімі намаганнямі разабралі частку даху ды закідалі Акварыуса камянямі. Той, пакрыўджаны, уцёк і схаваўся на сваёй кухні, у сваю чаргу паабяцаўшы народу зладзіць у шматлікіх кухонных духоўках ды печках маленькі хатні канцлагер.
Сярод насельнікаў Замка вылучаецца лялечніца Фата-Мантана. Яна маленькая, ссохлая, з кучаравымі чорнымі валасамі, якія выкручвае ў фантастычныя ўчасанні. Штодня яна сядзіць у сваіх замкнёных пакоях ды вырабляе лялькі, якія потым ажыўляе ды дае з імі тэатральныя паказы ў загадзя падрыхтаваных дэкарацыях. Прыкладна раз на тыдзень яна пераносіць гэтыя тэатральныя дзеі ў тронны пакой, дзе вечарамі збіраюцца ўсе жыхары Замка, апрача Харона. Пасля такіх публічных праглядаў лялькі, якіх Фата-Мантана не паспявае забраць, разбягаюцца па ўсім Замку ды пачынаюць жыць прыватным лялечным жыццём і міжсобку ладзяць уласныя тэатральныя паказы. Лялькі ўвогуле ўвесь час уцякаюць ад Фата-Мантаны, больш за тое: яны адстойваюць свае правы на самастойнасць ды заўжды спрачаюцца з Фата-Мантанай. А яна сама нагэтулькі прызвычаілася да сваіх лялек, што ўрэшце пачала лічыць іх такімі самымі рэальнымі, якімі ёсць усе іншыя людзі. Некаторыя лялькі ўцякаюць ад яе, некаторыя яе шкадуюць, любяць, засцілаюць ёй ложак, прыбіраюць пакой ды рамантуюць абутак.
А аднаго разу Фата-Мантана навырабляла лялек ростам з чалавека; гэтыя пятнаццаць лялек былі дакладнымі копіямі ўсіх замкавых жыхароў. Яны ўцяклі ад сваёй гаспадыні амаль адразу, не прычакаўшы нават тэатральнае дзеі, і доўга яшчэ палохалі ды заблытвалі сваіх прататыпаў. Акварыус, напрыклад, так перапужаўся, пабачыўшы самога сябе за сваімі барабанамі, што ўцёк да Харона ды тыдзень праплаваў у ягоным чоўне вакол Замка.
Жыве ў Замку таксама Анёлак-Галубочак, які ўвасабляе Чалавечае Шчасце. Ён носіць даўгі белы хітон, вялікія белыя крылы (пляткараць, што крылы - камуфляжныя, бо ніхто ніколі не бачыў іх у дзеянні) ды мае на галаве німб, прымацаваны да бялявых кудзеркаў. Ён бадзяецца па Замку, не ведаючы, чым сябе заняць, пяе танклявым галаском вясёлыя песенькі, чапляецца да ўсіх без разбору. Дурнейшае за яго істоты ў Замку няма, і трываюць яго толькі з тае прычыны, што кожны сам мае свае прыбабахі. Анёлак-Галубочак уранні назаляе Акварыусу, нахвальваючы ягоныя кухарскія здольнасці, потым чапляецца да Трыстаны, спяваючы ёй песенькі аб шчаслівым каханні, мае звычку крычаць з замкавае вежы ўсялякія прыемнасці Харону, а ўвечары ловіць лялек Фата-Мантаны, спрабуючы дапяць, з чаго яны зробленыя. Аднойчы лялькі ўсё ж злавілі Анёлка-Галубочка з мэтаю паглядзець, з чаго зробленыя ягоныя крылы. Лялькі прывязалі яго да трона вяроўкамі, заткнулі рот яблыкам ды, пэўна, замардавалі б яго, але Анёлка выратаваў ягоны сябар - маўклівы сумны Вусаты-Паласаты Кот. Гэтая маленькая шэрая жывёлінка заўжды ходзіць нямым ценем за Анёлкам і бароніць таго ад справядлівае кары за бязглуздыя песенькі ды заляцанні. Жыхары Замка спрабавалі высветліць у Ката, чаму ён прыстаўлены да Анёлка ды носіцца з ім, як бацька з неразумным дзіцем, але Кот ім нічога не сказаў, толькі выразна пазіраў на жыхароў, нібы просячы прабачэння за свайго дурнаватага выхаванца. Ката ў Замку любяць, не тое што Анёлка-Галубочка, ды ў часе сняданкаў, полудняў і вячэраў аддаюць яму найлепшыя кавалкі.
Яшчэ адна выбітная постаць - А-Гуру-Ўок, ён жа - Адэпт Невядомае Рэлігіі. Недасведчаныя могуць зблытаць яго здалёк з тым жа Анёлкам, бо А-Гуру-Ўок таксама цягае хітон. Але ягоны хітон - кіслотна-памаранчавага колеру, да таго ж абчапляны процьмаю бразготак, пацерак, ладанак, кракадзілавых зубоў ды іншых рытуальных прадметаў невядомага прызначэння.
А-Гуру-Ўок сцвярджае, што дасягнуў нейкае невядомае Нірваны, хоць усе выдатна ведаюць, што ён ніколі не выходзіў за межы Замка. Крыху больш дасведчаныя ў невядомых рэлігіях звяртаюцца да яго з лагічнымі пытаннямі: чаму А-Гуру-Ўок тым не менш тры разы на дзень выходзіць са сваёй Нірваны ды спускаецца есці разам з усімі? І чаму ён увечары ўдзельнічае ў агульных гутарках ля каміна, спрабуючы давесці жыхарам нейкія ісціны? А-Гуру-Ўок на гэта крыўдзіцца, прапускае міма вушэй усе кпіны ды каторы раз пачынае распавядаць, як дайшоў да таго, што наважыўся адмовіцца ад шлюбу і кахання. Са сваіх пакояў А-Гуру-Ўок павыносіў усю мэблю, пафарбаваў сцены ў белы колер ды піша на іх штодзень розныя мантры і іерогліфы. Аднойчы пранырлівыя лялькі Фата-Мантаны данеслі ўсім, што бачылі, як А-Гуру-Ўок разам з Анёлкам сядзелі на белай падлозе ў ягоных апартаментах ды жлукцілі віно. А Кот нібыта сядзеў побач ды маўкліва пераконваў іх не піць багата.
У патаемным пакойчыку, які насамрэч ёсць папросту ўваходам у пятае вымярэнне, жыве Касіяпея. Яна злучае цяперашні час з мінулым і будучым, нікому, аднак, не раскрываючы, як менавіта яна гэта робіць. Усе мусяць верыць ёй на слова. З Касіяпеяй усе стараюцца падтрымліваць добрыя стасункі, бо кожны ходзіць да яе на споведзь. Замкавыя насельнікі, праўда, называюць гэта не споведдзю, а псіхалагічнай кансультацыяй. Як толькі ў каго ўзнікаюць праблемы ў прыватным (ці грамадскім) жыцці, ён адразу імчыць у чырвоны, змрочны, ахутаны водарным туманам пакойчык Касіяпеі ды выкладае ўсё, як ёсць. Касіяпея ж, у сваю чаргу, водзіць рукамі над празрыстым шарам ды дае цьмяныя парады, якія, як ні дзіўна, аказваюцца ўрэшце слушнымі. Адзін толькі Анёлак-Галубочак, пачуўшы, што мусіць «перадусім думаць, а потым лётаць», дадумаўся да таго, што ўскараскаўся на замкавую вежу ды так і паляцеў бы, каб не верны Кот. Жыхары Замка доўга рагаталі, згадваючы гэты выпадак увечары ля каміна, ажно пакуль Касіяпея не дарадзіла Трыстане, што «жыццё трэба перайсці, як прорву па напятай вяроўцы», і Трыстана, будучы ў чарговай дэпрэсіі з нагоды нешчаслівага кахання, ужо нацягнула тую вяроўку па-над троннай залай.
Пасля гэтага з Касіяпеяй былі праведзены жорсткія выхаваўчыя гутаркі і быў выдадзены зацверджаны агульным галасаваннем спіс дазволеных парад. Гаварылі тады, што Касіяпея наўмысна нагаварыла лухты, каб назаліць Трыстане, прыгожым валасам якой яна вельмі зайздросціла.
Сама ж Касіяпея выглядала даволі звычайна, не асляпляла прыгажосцю, але ж шторазу спускалася есці ў строях з розных эпох. То гэта было нешта сярэднявечнае, то егіпецкія ўборы (яны пасавалі ёй найбольш). А аднаго разу яна з'явілася ў скураных нагавіцах ды каўбойскім капелюшы, цягнучы за сабою каня, які, дарэчы, адзіны тады павячэраў. Каня давялося пакінуць у Замку, бо пераправіць яго на Дзікі Захад Касіяпея не здолела. Конь, дарэчы, ні з кім і не пасябраваў ды так і згубіўся недзе ў замкавым лабірынце. Быў здарыўшыся і маленькі скандальчык, выкліканы з'яўленнем Касіяпеі ў касцюме Евы.
З часава-прасторавымі маніпуляцыямі Касіяпеі таксама выходзілі розныя казусы. Аднойчы ў выніку розных махінацыяў усю выспу адкінула ў плейстацэн, і над Замкам залуналі розныя археаптэрыксы, а Харон з непадробным здзіўленнем выцягнуў з вады трох трылабітаў. Гэта цягнулася нядоўга, да вялікага шкадавання Фата-Мантаны, якая марыла на ўласныя вочы пабачыць «жывых дыназаўрыкаў». А вось заява Касіяпеі пра тое, што яна выпадкова трапіла ў будучыню ды адсутнічала тысячу гадоў, але гэтага ніхто не заўважыў, - выклікала багата плётак. Злыя языкі сцвярджалі, што ў ейных пакойчыках папросту схаваная звычайная Машына Часу.
У замкавай вежы бавіць свае бясконцыя дні Мандрагора-Беладонна, якая займаецца пошукамі сэнсу жыцця. Яна толькі і робіць, што ляжыць ды адсочвае рух аблокаў, якія праплываюць па-над вежай. Яшчэ, калі даць веры назіранням жыхароў, яна прачытала ўсе кніжкі з замкавае бібліятэкі, якая, між іншым, налічвае не адну тысячу тамоў. Натуральна, раз-пораз Беладонне надакучвае гэтае бесперапыннае лайдацтва, таму яна спускаецца з вежы ды блукае па Замку, распытваючы сустрэтых: «Ці не бачылі вы тут Сэнсу Жыцця?» На іхныя просьбы растлумачыць, як выглядае гэты сэнс, яна толькі ўздыхае ды пераводзіць размову на іншыя тэмы. Дарэчы, вечаровыя аповеды Беладонны найбольш цікавыя, толькі вось А-Гуру-Ўок заўжды перапыняе яе, сцвярджаючы, што ён гэта ўжо недзе чытаў.
Яшчэ Беладонна вельмі любіць глядзецца ў люстэркі ды мае спадзеў аднойчы даведацца, што менавіта адбываецца па той бок амальгамы ў час, калі ў люстра ніхто не глядзіць. Да таго ж Беладонна неяк няўзнак пасябравала з Трыстанай, і яны ўдзвюх часта сядзяць у вежы ды вядуць розныя бясконцыя гутаркі. Праз гэтае сяброўства Беладонна пасварылася з некаторымі жыхарамі Замка: надавала поўхаў Анёлку-Галубочку, калі той пачаў заляцацца да Трыстаны. І што здзівіла ўсіх - тое, што нават Кот, здаецца, ухваліў гэтае пакаранне. Анёлак-Галубочак неўзабаве забыўся на крыўду, а вось Касіяпея, якую Беладонна адцягала за валасы пасля выпадку з напятай вяроўкай, стала ейным маўклівым ворагам. Дарэчы, менавіта Беладонна ўдзельнічала ў складанні спіса дазволеных прароцтваў і да таго ж была сакратаром пасяджэння.