Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха*.
* Выліваха - белая чапля.
Быў ён з калена Давойнаў, з клана - Мячоў, а якога герба - за даўнасцю год забылася. Усёй маёмасці яго было - замак-развалюха, некалькі коней веку мафусаілава, латы, ды меч, ды яшчэ шахматная дошка, але затое быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай.
Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін - самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць - «завалідрога», а мы, людзі роду крывіцкага, «адарвірог», бо некалі, кажуць, такі ў самога Люцыпара рог сілком аддзерлі і зрабілі з яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка. Я думаю - байкі гэта.
І сябры ў яго былі адпаведныя. Андрэй Гарбаты з Брачыславічаў, Кірык Балабан з Гультаёў, Галляш Вясна са Свінчуковічаў ды яшчэ Іра Францічак, за пераплёт на служэнне надзелены вёскай Мазурыкі, родам багемец, але п'янюга і бабскі ліслівец - на трох беларусаў.
Толькі ўсёй і працы ў іх было, што цягацца па корчмах і шынкарках ды па навакольных замках, калі гаспадара няма дома, піць віно, як Дняпро п'е Друць, ды дзярбаніць на лютнях і кімвалах багамерзкія песні.
Неяк жылі. Ставілі і бераглі дзяды і прадзеды мёд і віно - і выпіць яго за адно жыццё было цяжкавата нават Выліваху. У лясах была жывая закуска, касулі ды туры. На балотах свіязі, кражныя чагронкі, гразавікі, сярухі, шылахвосці. У рэках судакі, калекі, або балабы*, самы, сіклы ды міроны, падусты, выразубы, язі ды галаўні, ляшчы ды бялёзны**, страдалы***, гусцёркі, свінні вадзяныя, сцярлядкі ды шчупакі.
* Мень. ** Жэрах. *** Рыбец.
І з іншым неяк абыходзіліся. У той час Магілеў з Рагачовам нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было - грэблю масці. Так што порты, чугі ды плашчы абыходзіліся танна.
Набяруць гарэлкі, паедуць у лугі, дзіка заб'юць, ды на лаўцах пякуць дзічыну, ды песні гарлаюць - от і ўсё іхняе набажэнства Пану Богу за тое, што даў ім жыццё.
Нораў у гэтай грамады быў Дняпровы - на вярсту пяцьсот сажаняў звіву, - так што ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць.
Нап'юцца ды, конныя, з кручы ў Дняпро скачуць. Або купяць за тры шэлегі плыт, усцягнуць на яго майно ды бочкі з Божай слязою, захопяць усіх дзяўчат з Вясёлай Слабады дый сплывуць так аж да Лоева. А мужам гарадскім у гэты час хоць ваўком вый.
З Лоева вяртаюцца на конях, мечаных гетманскай клейнай. І кажуць па-рознаму. То - «падарылі», а то «купілі, плыт спрадаўшы». Ды яшчэ смяюцца бессаромна, зубы нахабныя прадаюць.
Два разы стараста накладаў непарушную пячатку на іхняе дабро, за нясплату пазычанага. Думаў - сыдуць і ціха стане ў месце. То адзін раз яны - з нявыкруткі - загналі бацьку Палавуса, што дзесяць год са сваёй гайнёю па наваколлі блукаў і якога стараста з войскам спаймаць не мог.
Загналі і забралі ў яго ўвесь скарб.
А другі раз яшчэ мудрэй прыдумалі. Біскуп Смарагд хадзіў па наваколлі, зачыняючы грэцкага абраду цэрквы, а дабро іхняе рабуючы. Ездзіў, пёс касароты, як Мамай: наперадзе сам з войскам, а за ім абоз нарабаваны.
То яны два вазы з футрамі, ваздухамі, залатымі дараносіцамі, ахвярнікамі, крыжамі святымі, дзе пацірамі і дзіскасамі ў яго адбілі ды павялі. Божую зрабілі справу, але не для славы Божай, а для мамоны сваёй. Так і не выкурылі іх з гнёздаў.
У багатых, але пацёртых уборах, светлавокія, заўсёды на падпітку. Вакол лірны гуд і дудны роў. На сёдлах - жанчыны. На плячах - сокалы. У сэрцах - няма Божага страху.
Рагачоўская грамада, усе мужы статэчныя і радцы, дзякуючы ім страцілі чалавечае падабенства. Ужо нібы не чалавечая зборня сядзела ў радзе і на капе, а статак галінастых аленяў. І не глядзелі алені адзін аднаму ў вочы ад вялікага сораму.
Адабралі яны жонак у пана земскага пісара, і ў пана лоўчага, і ў пана старасты, і ў пана кашталяна, і ў пана наглядчыка за бабровымі гонамі. А сам Гервасій Выліваха звёў і паіў вельмі многіх, і нават каханку палкоўніка Чыжа. Палкоўнік спаймаў іх з ліцом і кінуўся быў біць, то яны палкоўніка напаілі пад прымусам і, п'янага, павезлі ў госці да рагачоўскага пробашча, дзе палкоўнік з пробашчавай аканомкай аскароміўся, учыніўшы свальны блуд. Пробашч раніцою, з гарачкі ды болем у галаве пакутуючы, закаціў імшу і на той імшы пана Чыжа пракляў у імя рымскай царквы да дзевятага калена.
А потым здарылася дзіва. Знайшлі на замкавым падвор'і срэбную скрынку, якая ўпала з неба. Так нядаўна ўпала, што яшчэ цёплая была. А ў скрынцы - каштоўнасці. А на скрынцы - надпіс, што ўсё гэта дасылае святы Юры таму з горада, хто не парушыў ніводнага з Божых запаветаў.
Над гэтай скрынкай счапіліся ўсе. І замкавыя вялікія людзі, і касцельныя, і людзі царквы. Кожны хацеў давесці, што гэта яму, а таму іншых усіх паплюжыў і выкрываў. І выявілася, што толькі садомскага граху ў горадзе і не было. І так гэта было брыдка, што сяляне пасля таго цэлы год баяліся ездзіць на торг - калі ўжо там такія начальныя людзі. Ледзь на захірэў горад.
А скрынку тую, як выявілася потым, аб чым і дакумент быў завераны і схаваны ў ларніка*, зрабіў магілеўскі залатар Мацюшка.
* Архівіст, натарыус.
А каштоўнасці ўсе чыста былі непраўдзівыя, фальшывыя. Вось табе і Юр'еў тэстамент!
Каменні тыя замовіў Андрэй Гарбаты, а скрынку - сам Выліваха. Дзіўны быў іхні хаўрус. Коней любілі - як татары ці вугры, сабакары былі - горш за ангельцаў, а ўжо што да жаночага полу - ратуй нас, Пане Божа, і злітуйся, гэткія антыхрысты.
Вербенай валасы намосцяць ды пад камяніцы, да паняў. У вочы глядзяць, як анёлы, а ў саміх ніжэй спіны хвост д'яблаў. І словы ж аднекуль бралі - «сонца ты маё астатняе, лада мая, ветразь мой на шляху да вечнага спасення». А ноздры ў саміх - як у коней трапечуць.
Калі б перад каралём Цыкмунам пала столькі замкаў, колькі перад імі жонак - кароль бы ўладарыў паловаю свету.
Але каралю шанцавала не так.
Нічога ім не маглі ўчыніць, нават калі Гервасій Выліваха зрабіў замах на жонку магілеўскага войта. Войт быў па ўзросту скупаваты.
А жонка ў яго была баба добрая: чаго ні папрасі - не адмовіць.
...Няшчасны быў горад. Зусім нядаўна яго крымчакі абрабавалі і спалілі, за дваццаць сем год перад гэтым тое самае зрабіла маскоўская раць. Досыць, здавалася б, дык не: свой, нутраны, знайшоўся татарын, брыдкі Богу Гервасій.
На духоўным судзе ўсю кампанію сарамаціў біскуп. Казаў, што самушчаюць яны народ самым сваім існаваннем, бо прымушаюць сумнявацца ў бясхібнасці Бога. Усё ж, маўляў, і яны Божыя стварэнні, дык палучаецца, што Ўсяведны накшталт дрэннага ганчара.
Яны, аднак, не спалохаліся і дагмат бясхібнасці Бога падсеклі пад корань, кажучы, што нават ён робіць шмат непатрэбнага на гэтай зямлі. Напрыклад, цыцкі ў мужчын. Не было яшчэ на свеце мужчыны, якому б яны хоць раз спатрэбіліся. А калі Творца задумаў упрыгожыць імі мужчыну - то чаму прыляпіў іх на месцы, што заўсёды прыкрытае вопраткай?
Біскуп толькі ротам зяваў, а потым, пасаромлены, напіўся і стаў думаць над гэтай прычынай. І чым больш думаў, тым больш піў, аж пакуль не папсаваўся ў розуме.
У той час аб'язджала свае землі літасцівая каралева Бона з роду Сфорца, жонка яго каралеўскае мосці Цыкмуна. Завітала яна і ў свой рагачоўскі замак, якому столькі прывілеяў давала і фундатарам касцёла ў якім была. І ўладары места кінуліся да яе як да апошняй надзеі:
- Маці літасцівая, ратуй! У Богу пачынаем сумнявацца. Унь Гервасій нават ігуменню Азяранскага манастыра звёў, і нічога яму з той прычыны не было, акрамя радасці.
Каралева была літасцівая, але і строгая, і вялікі Цыкмун нездарма казаў, што пакуль яна над дзяржавай - аб маральнасці можна не непакоіцца.
Выклікала яна да сябе Выліваху, і шмат плакалі ўсе ягоныя сябры, а асабліва Іра Францічак, што не вернецца ўжо да іх такі слаўны сябра і сабутэльнік, з якім так прыемна было заўсёды бавіць час.
А Выліваха прыйшоў проста ў залатую палату, убачыў велікавокую жанчыну са строгім ротам, манаха-пісара і ката, усміхнуўся і сказаў:
- Сонца табе заўсёды на шляхах, пані матка.
- Сонца спальвае.
- Ведаю.
- То як ты насмеліўся, робак, самусціць спакой цэлай зямлі? І мне сонца жадаць.
Яна была з Італіі, і Выліваха ведаў гэта.
- Бо, думаю, мала табе яго ў нас.
- Затое ў мяне іх тут два.
- І абое далёка, - сказаў Выліваха.
Стаяў і ўсміхаўся вішнёвым нахабным ротам. А валасы былі залатыя, і вочы светлыя. І зразумела Бона, што ён не просты курацап.
- То што ж гэта ты робіш, Гервасій?
- Нічога. Аднойчы я ўбачыў у палях Верасовую Жанчыну. Тую, што крыкамі палохае людзей, і потым абавязкова нехта памрэ.
- То ж бо ўсе кажуць, што ты важдаешся з д'яблам.
- Гэта нястрашна пасля некаторых жанчын... Дык вось, у яе былі распатланыя валасы, і крычала яна так, што ў людзей дрыжалі сэрцы.
Гервасій усміхаўся.
- А ты? - спытала Бона.
Галава Вылівахі пяшчотна схілілася.
- А я... пашкадаваў яе, пані матка. Яна была, відаць, прыгожая жанчына. І вось праблукала ўвесь век па верасовых пустках, палохаючы ўсіх жудаснымі воклічамі. Так і не зведала, якія паплавы за Дняпром, якое цёплае сена, як п'яніць віно, як не зразумееш, шэпт гэта ці шолах вярбы пад ветрам. Так і не зведала, як цвіце ружовы глог ля маёй камяніцы... Мне стала шкада яе. Мне шкада ўсіх - такое ўжо ў мяне сэрца.
Бона апусціла веі.
- Тлумач.
- Добра. Толькі загадай выйсці... гэтым.
- Чаму?
- Яны не зразумеюць.
Каралева загадала ім выйсці.
- Чаму не зразумеюць?
- Яны не ведаюць, што такое жыццё. Чорны таму, што ён манах. Чырвоны - бо ён варагуе з жыццём, выкручвае і выломвае тое, што Бог падарыў цэлым - на радасць чалавеку. І таму яны ворагі жыцця, ворагі Бога.
- Але ты крыўдзіш людзей.
- Я крыўджу мёртвых людзей. Жывога - не пакрыўдзіш.
- А біскуп?
- Ніхто яшчэ не піў, не еў, не спаў і не цалаваўся ў касцёле. А яны хочуць зрабіць касцёл з усяго свету. Як быццам Бог, пажадаўшы такога, не зрабіў бы гэтага сам... Даў жа нам для чагосьці лясы, і рэкі, і нават такую бескарысную рэч, як святло месяца.
Усміхнуўся.
- Цікава, якія валасы ў літасцівага пана караля, калі ў іх заблытаецца месяц?
- Не ведаю, - суха сказала яна. - У мяне ёсць апачывальня.
- Тады судзі мяне, каралева. Толькі памятай - гэта будзе суд хатняга лебедзя над дзікім.
- Чаму ты так робіш? - з цікаўнасцю падалася да яго яна.
- Жыццё кароткае, як захад. Вось сонца над вадою, а вось - у Дняпры.
- Ты не верыш у рай?
- Так не бывае, каб і тут і там было добра. А мне добра тут.
- А мне - не.
Веі Вылівахі задрыжалі.
- Гэта не твая віна, гаспадыня. Людзі не ўмеюць жыць і таму кажуць пра заўтра, якога не будзе. Сёння мы верым і мучым сваё беднае цела, а заўтра затое будзем жыць. Сёння мы адмаўляемся ад сэрца ў імя велічы, але заўтра нам дадуць узнагароду. Сёння вырываем з сэрца любых, бо нам трэба ўзвялічыць каралеўства, але заўтра мы будзем кахаць.
Голас у яго быў, як скрыпка:
- І ты... не думаеш, што аб той самай велічы, напэўна, думаў і Канстанцін Вялікі, а зараз яго Візантыя, нарабіўшы крывавых брыдкасцяў, ляжыць у тле і праху. І нічога не засталося. Ні велічы, ні нават кахання першага кесара. Бо яго не было. То каму ад гэтага лягчэй? Я не хачу, пані.
- Царква патрабуе для цябе вогнішча.
Выліваха паціснуў плячыма:
- Што ж. У апошнюю ноч у мяне будзе больш успамінаў, чым у Канстанціна Вялікага. І я не пакіну пасля сябе другой Візантыі, акрамя любові. А яна непадуладная туркам... А табе парада - жыві. Апачывальня - гэта як забойства.
- Позна.
- Позна бывае, як кажуць, толькі ў труне. Але я не веру. Я так люблю жыццё - бо проста жыву! - што не магу верыць нават гэтаму.
- Раніцай я клікну варту. Чаго б ты хацеў у гэтую апошнюю ноч?
- Любові.
- Гэта немагчыма, - амаль варожа і жорстка сказала яна.
- Тады - зрабіць табе апошнюю паслугу. Паказаць гэты свет... Толькі не трэба іншых.
І, кажуць, яна згадзілася. А ён павёз яе адхонамі на бераг Дняпра да сваёй камяніцы. Камяніца была старая, з абваленымі зубцамі і без брамы. Але затое вакол белымі ў цемры аблокамі цвіў глог, святлела брызгліва і ўгадваліся па водару шыпшына і бружмель.
Месяц узышоў над ракою. І нарадзілася два светы. Адзін распасцёрся вакол, а другі перапоўніў Дняпро. Глыбока-глыбока, аж да апошняй зоркі.
Бона паглядзела на мужчыну і ўпершыню ўбачыла месячнае святло ў яго валасах.
...Яна гаварыла з ім пра Бога і яго запаветы, кажуць, аж шэсць тыдняў, да дня святога і апосталам роўнага князя Ўладзіміра.
Усе бачылі, як стараецца яна вярнуць гэтую аблудную душу на верны шлях, і нават кароль быў бы задаволены, убачыўшы яе намаганні ў доўгіх дыспутах. Яна ведала, што адзін схілены варты сотні верных, і таму была вынаходлівая і няўтомная, не шкадуючы для справы веры ні дня, ні ночы.
А потым паехала, так і не пахіснуўшы Выліваху ў яго абрыдлівай і закаранелай ерасі і, галоўнае, не пакараўшы яго. Дзіўна, на вуснах яе не было горкай усмешкі, што спадарожнічае паражэнню, а вочы былі прасветленыя, нібы яна ўдастоілася сузіраць святы Грааль, які, як вядома, ёсць вышэйшая ісціна.
Ніхто не ведаў, што яна нават узнагародзіла пана Выліваху: за стойкасць, з якой трымаўся ерасі. Падарыла яму залаты з партрэтам вялікага Цыкмуна, каб заўсёды памятаў розніцу між сабою і ім. Гервасій прасвідраваў у ім дзірку і стаў насіць на шыі замест святога агнусека. І як іншыя супакойваюцца, пазіраючы на Божага агнца, так Выліваха, калі ў яго быў дрэнны настрой, выцягваў залаты ланцужок, назіраў знаёмыя рысы, чытаў надпіс «Sigis-rex-polo»* - і яму рабілася лягчэй.
* «Сігіз. - кар. - польск.» - Жыгімонт кароль польскі.
Бона не была б жанчынай, каб не прыдумала яшчэ і такога.
...Усе спадзяванні начальных людзей пайшлі марна. Радцы дзерлі на сабе валасы. Ніхто ў свеце больш не мог вызваліць іх ад нечасцівага Гервасія. Ніхто, бо вышэй каралевы нікога не было.
Яны, аднак, памыляліся. У той час, калі Гервасій з сябрамі паляваў на звера і птушку, граў з Ірай у шахматы, калі за вокнамі лье восеньскі дождж, і ўзімку ляжаў на шкурах з каханай (а ля галоў іхніх скакаў у каміне цёплы агонь) - другая жанчына рыхтавалася прыйсці да Вылівахі, каб пазбавіць яго - асалод, а горад - пазбавіць ад яго.
І вышэй за гэтую жанчыну не было нікога на зямлі. Нават Бона была ніжэй за яе.
Яна прыйшла ў самы салодкі час, калі вакол камяніцы толькі-толькі збіраліся зацвісці расны ружовы глог, раскошны бружмель і жаданая, як жыццё, шыпшына. Прыцягнулася па звілістай сцежцы, цяжка перастаўляючы ногі, якія дрэнна згіналіся, закінуўшы на тулаве чорны плашч, нібы ёй было халодна, і ўсміхаючыся вечнай і нязменнай усмешкай, ад якой кідала ў жудасць. А за спіною ў яе была каса, бліскучая, нібы ў апошні дзень сенакосу.
- Дзень добры, Выліваха, - сказала яна.
Выліваха сядзеў пад кустом глогу і папіваў салодкую раманею. Свяціла цёплае сонца, і пчолы таўкліся ля шпунта бочкі, з якой ён напаўняў свой келіх. Убачыўшы госцю, Гервасій адторкнуў шпунт, і, пакуль напаўняў яшчэ адзін кубак, пчолы віліся над тугім чырвоным струменем.
- Пі, - сказаў ён, - яшчэ зусім нядаўна і я думаў, што дзень гэты - добры.
Смерць узяла шклянку і, прысёрбваючы, села на каменную лаву. Пчолы шкодзілі ёй, і таму яна адламала галінку барбарысу з бутонамі і пачала абмахвацца ёю...
Гервасій глядзеў на галінку.
- Нешта ты рана, - сказаў ён.
- Дарма. Не ты, а я вызначаю час. Хадзем. Тут занадта пахне жывым.
- Чакай хвіліну.
Ён наліў яшчэ келіх і, прыплюшчыўшы вочы, з уздыхам пасалоды выпіў яго. А потым - адкінуў убок.
- Хадзем.
- Ты не хочаш ні аб чым папрасіць? - спытала яна.
- Ты ж не пусціш мяне зрабіць яшчэ адзін пасеў? - усміхнуўся ён. - Ты - варожая руні.
- Не пушчу.
Выліваха нахабна глядзеў у яе вачніцы.
- То пайшлі.
Ён пашукаў чагосьці вачыма і знайшоў гэта: першую кветку шыпшыны. Адламаў яе і прышпіліў да грудзей.
- Бачыш, - сказаў ён, - мы з табою як на вяселле ідзём. З кветкамі.
- Нашто ты яе зламаў?
- Гэта - мая зямля. І яна застанецца са мною, пакуль ты не адсячэш у апраметнай маёй галавы.
Ён прычыніў за сабою фортку, зірнуў на раскошныя глогавыя агароджы і гатовы быў ісці за госцяй.
Дзяўчына-сялянка ішла паўздоўж зялёных платоў.
- Чакай, - сказаў ён Смерці. Падбег да белай танюткай постаці і моцна пацалаваў дзяўчыну ў прыадкрыты рот.
- Во-ох, - ціха сказала яна, пазіраючы на яго шырокімі прамяністымі вачыма.
- Бывай, мая прыгожая, - сказаў ён.
І пайшоў за Смерцю. Дзяўчына з жахам і пакутай глядзела яму ў спіну. Госця касілася на легкадумнага Выліваху і ўсміхалася вечнай усмешкай.
- Я прыйду за ёю праз сорак год, - з'едліва сказала яна.
Выліваха паціснуў плячыма:
- Нічога. Зараз я даў ёй неблагі ўрок. Апошні ў жыцці. А колькіх яна яшчэ навучыць. Ты кажаш лухту, кума.
Ён паправіў на спіне лютню і рушыў поплеч са Смерцю. Ішоў, здольны кожную хвіліну паваліцца і разбіць нос, бо зусім не глядзеў пад ногі, задзёршы твар у гарачае неба, пад якім нястомна звінелі несмяротныя беларускія жаўрукі.
Курносая маўчала.
- Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты, - урэшце сказала яна. - Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай. І яны так любяць гэтую зямлю, што я ў сваіх пячорах пачынаю на хвіліну зайздросціць ім.
Гервасій не адказаў. Галава ў яго была закінутая, нібы ў сляпога, грудзі шырыліся, ноздры трапяталі.
А над ім былі неба і гарачае святло.
...Бліжэйшыя ад іх уваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова.
Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне).
Кажуць, гэта зроблена, каб ніхто з жывых не трапіў у апраметную і яшчэ каб жывіць падземныя воды і катлы.
Так што ісці нашым спадарожнікам было далёка, на што Выліваха ўвогуле не наракаў. Ішоў. Дыхаў салодкім паветрам. Зрэдку перацягваў на грудзі лютню і браў некалькі акордаў:
Роснымі лугамі,
Полечкам траўлівым -
Іду да Абрама
На моцнае піва.
Смерць усміхалася, як шэсць тысяч год таму:
- Ты спадзяешся ўбачыць прабацьку Абрама?
- Не вельмі, - непрыкметна кпіў Выліваха. - Але ж павінны былі кудысьці падзецца ўладары, патрыярхі, біскупы? Яны ж столькі крычалі аб небе.
- А цяпер яны бяднейшыя за апошняга раба на зямлі. Бо ў царстве маім раб не адчувае нічога. А яны - адчуваюць. І пустэчу, і тое, што нічога няма.
- Хай жыве справядлівасць, - сказаў Выліваха. - То ім, атрымоўваецца, усё ж дадзена неўміручасць душы?
Бязвокая паляпала яго па плячы. Нібыта бразготкай з сухім гарохам.
- Ты хочаш такога бяссмерця? Пасля ўлады над целамі і жыццямі, над землямі і праўдай - не адчуваць нічога, акрамя свайго мозгу? Не валодаць целам, не мець магчымасць нічым распараджацца? Бачыць, як шчаслівыя засынаюць, як планеты паступова закоўваюцца ў лёд. Быць чымсьці накшталт паралітыка, які збярог яснасць розуму, але ведае, што гэта будзе цягнуцца вечна, і не мець надзеі на ўратавальніцу, на мяне. Хочаш такога бяссмерця?
Гервасій не выдаў сябе, хаця яму ўпершыню стала непамысна.
- Нашто? Лепшую частку сябе я пакінуў на зямлі.
- Якую?
- Тых, каго я любіў.
- Ну, а калі ты сустрэнеш кагосьці ў мяне пад зямлёй?
- Яны любілі мяне... На зямлі.
- А калі не любілі? Калі ў зямным жыцці вам не выпала сустрэцца, але гэта і было сапраўднае? Або яшчэ так: сустрэліся, але яна легкаважна адрынула цябе, не ведаючы, што скора, вельмі скора прыходзіць вялікае Позна.
- Гэтага не здарылася, а значыць, усё адно, што не было.
- Ты што - пёс? Ты што - жывёла, каб жыць толькі тым, што было? Ты адварочваешся ад чалавечай Мары?
- Гэх, кума. Ты нават не ведаеш, як гэта смешна: чуць ад цябе словы пра Мару і Надзею. Кінь, кума. Смешна!
- Не думаю, - сказала Смерць.
...Ці доўга, ці каротка яны ішлі, але ўрэшце шлях прывёў іх на берагі Паніклі. Поўня, калі рака плыве зямной дарогаю, даўно адышла. Віруючая Панікля ляцела, нібы спушчаная з лука страла, і раптам натыкалася на сцяну ў два чалавечыя росты і... знікала.
На сцяне раслі скарлючаныя, вартыя жалю дрэўцы, нібы абпечаныя смяротным подыхам. Пад іхнімі квёлымі карэньчыкамі ляжаў пласт барвянай, як кроў, гліны з вапняковымі і крамянёвымі камяніскамі, а ніжэй ляжаў шар мёртвага белага вапняку.
Вада пад ім клекатала, бы ў катле вядзьмаркі, і была белая, як трунак забыцця. І Смерць зрабіла гасцінны жэст:
- Вось і ўсё.
- І чаго глядзіць Пан Езус? - сказаў Выліваха.
- Гэта яшчэ не самая горшая з чалавечых выдумак. Ідзі.
- Я замачу лютню.
- Не бойся.
- То чакай.
І Выліваха яшчэ раз азірнуўся. Гарачае святло ляцела на яго з-пад аблокаў, блакітных унізе, сляпуча-белых уверсе. І ў гэтым акіяне раскошы ўтрапёна звінелі беларускія жаўрукі.
- Божа зямлі маёй, - сказаў Выліваха. - Нялітасцівы і жорсткі, калі ты ёсць. Нядбалы і сонны. Што б ні было, як бы ты ні здзекаваўся з яе - я ўсё ж веру табе. Таму што воляй тваёй я нарадзіўся тут, дыхаў яе паветрам, піў яе ваду, еў яе хлеб і цалаваў яе жанчын. Які б ты ні быў - я бласлаўляю гэты твой адзіна разумны ўчынак. Бласлаўляю ад першага цвіцення шыпшыны і да гэтага вось апошняга кроку, які зараз зраблю.
І Гервасій Выліваха зрабіў гэты апошні крок.
Вада спадала ля яго ног, і наперадзе паступова выплывала з вады мокрае жарало пячоры са сточанымі вадой камянямі: быццам пашча са з'едзенымі зубамі.
Нерухома маўчалі аблокі за спіной. Свет нібы аглух. А цемра насоўвалася, насоўвалася. Глынула. І адразу за плячыма з патроенай сілай зараўла плынь.
- На зямлі я даў бы табе за гэта на гарэлку. Але тут у мяне нічога няма.
- Кветка...
- Шыпшыну? Табе?
Смерць засмяялася:
- Глядзі, Выліваха, пашкадуеш. Наўрад ці ты так трымаў бы сябе, каб ведаў, які падарунак я табе прызапасіла. Ну, ідзі. Тут я трохі затрымаюся, а цябе стрэнуць памагатыя... Зараз прыйдзе ладдзя Роспачы.
І яна знікла. Змрок быў глухі, і толькі ля самых ног хлюпалі аб бераг дробныя зыбкія хвалі нябачнага невядомага мора.
Нешта тупа грукнула аб бераг, а потым у цямноцці пачуліся глухія жаласлівыя галасы: нібы кані крычалі над начным поплавам, успуджаныя крокамі Невядомага. І Выліваха здагадаўся што гэта садзяць у ладдзю змарлыя душы.
Ён узяў акорд на лютні, але заспяваць не паспеў. Нечыя рукі схапілі яго і шпурнулі на дно вялікай ладдзі, на рабрыстыя і слізкія какоры.
- Гэй, - сказаў ён. - Што я вам, бярэмя дроў?! Я, пакуль тое, жывы. Не маглі, халеры, пачакаць забыцця.
Нехта сунуў яму ў рукі бабайку вялізнага вясла. Жорстка абхапіла ногі калодка. Зацурчала вада. І адразу заплакалі ў цемры дзесяткі кволых, нібы дзіцячых, галасоў.
- Г... вы, - сказаў Выліваха. - Рагачоўцы ёсць?
- Не, - застагнаў нехта.
- Адразу відаць. А хто ёсць?
- Дубровенцы, - адказаў са слязьмі нехта.
- Шышшы, - сказаў Гервасій. - Глядзець мне на вас брыдка, плытагоны. Вы што, упершыню на вялікай вадзе? Супакойцеся, дарога далёкая, час для ўлюбёнага занятку ёсць.
Нехта нясмела зарагатаў.
- Вось так лепей, - сказаў Гервасій. - Плывём, хлопцы, нібыта галернікамі ў турэцкую няволю. А паны па цэрквах аб «спрадвечнай радзіме» спяваюць ды аб тленнасці зямнога... Ёсць тут папы?
- Ёсць, - сказаў голас з кармы.
- Пэўна, і тут на стырне сядзіш?
- На стырне.
- Вось і кіруй на спрадвечную радзіму. Дайце яму каторы, хлопцы, вяслом па галаве.
У цемры прагучаў глухі ўдар: нехта скарыстаўся з парады.
- Раб, - сказаў страшны глухі голас. - Пакінь смяшыць людзей, раб! Тут не зямля.
- А што табе?
- Я Перавозчык ладдзі Роспачы.
- То што?
- Я даў стырно гэтаму чалавеку, што зараз ляжыць на дне ладдзі... Цяпер мне зноў трэба сесці і кіраваць.
- Ты не хочаш?
- Я стаміўся. Я страшна стаміўся... Я папрашу, каб цябе падвесілі над гэтай вадою і не далі забыцця.
Выліваха крэкнуў:
- Колькі разоў сабе казаў: не звязвайся з начальствам, не чапай, Гервасій, дзярма.
Ладдзя зарагатала.
- Не паслухаўся - пэнкнуў. Пайшоў у прымы да пані Пясэцкай. Дый тут адну пакуту маю. А ўсё за язык, сяло дурное.
- До, - сказаў Перавозчык. - Пачынаецца мора. Плаціце кожны па манеце. Іначай вас скінуць у ваду, дзе вы будзеце захлынацца да сканчэння свету.
Супраць звычаю не папрэш. Кожнаму кідалі ў труну манету на такі выпадак. І Выліваха палез у кішэнь. Але тут побач з ім нехта спалохана ўздыхнуў, і голас, вельмі спявучы, зусім, відаць, юнацкі, сказаў:
- А ў мяне няма манеты. Бацькі былі вельмі бедныя.
Гервасій крэкнуў:
- Што ж рабіць, хлопча? Во, халера на тое мора!
У цемры звінелі манеты. Юнак побач з Вылівахам перарывіста дыхаў, магчыма, стрымліваючы слёзы.
- Хлопцы, - сказаў Гервасій. - А, шчыра кажучы, нашто манеты? Вы што, па сваёй ахвоце плывяце?
- Куды там.
- То на якога ляда яшчэ плаціць? У жыцці за ўсё плацілі, ды яшчэ тут...
- Раб! - сказаў Перавозчык з пагрозаю.
Стала цішыня.
- Скажы яму нешта, вясёлы рагачовец, - сказаў сусед.
Выліваха пагладзіў яму плячо:
- Ты, перавозчык нашых душ, у душу - лезь, кішэнь - не руш.
- Ну, глядзі, - сказаў Перавозчык. - Зараз я вас даста-аўлю...
- Не звязвайся з ім, рагачовец, - умольна сказаў нехта.
Але Гервасій ужо не мог. Гарэзлівая пана, адчайнае свавольства і дзёрзкасць затапілі яго істоту. Ён адчуў, як весела і нахабна, нібы перад смяротнай небяспекай, калоціцца сэрца, адчуў з'едлівую халодную ярасць.
- Перавозчык, ты што - Бог?
- Для вас - Бог.
- Бач, дык ты накшталт зямнога цівуна. Ану, прыганятыя, хто адзясную гэтага Бога - сушы вёслы.
І здарылася дзіўнае: вёслы правага боку рванулі з вады. У мёртвай цішыні было чуваць толькі, як звонка падаюць у мёртвае мора кроплі з вёслаў.
Потым пачуўся хрып. Гэта Перавозчык з апошніх сіл налягаў на стырно.
Цурчала вада ля бартоў. Вялізная лайба пачала круціцца на месцы.
- «Круці-круці калясо, наша піва харашо», - сказаў Выліваха.
І ўсе ўспомнілі гусіныя паплаўцы, дзяцей, якія водзяць карагод, і гарачае сонца, што свеціць на іхнія дупкі, калі дзеці паваляцца, разарваўшы кола і задзіраючы ножкі... Над ладдзёю пракаціўся смех.
У чарнільным адвечным змроку, над густой, як дзёгаць, вадой круцілася ў выбухах нястрыманага, як навальніца, рогату ладдзя Роспачы.
І гэты смех нібыта забіў гонар Перавозчыка.
- Рагачовец, - умольна сказаў ён. - Не трэба. Мяне пагоняць з месца.
- Так бы даўно, - сказаў Выліваха. - Усе вы так, цівуны, ледзь вам на хвост наступяць. Адразу аб чалавечых словах успамінаеце, халуі... Рушай, хлопцы.
Паклаў руку на плячо суседа і сціснуў яго.
- Вось так, мой любы хлопча, і трэба. Крычаў на людзей - Смерць і тая сабе гэтага не дазволіць. Здаецца, няма табе пана больш за гэтага хама. А крутанулі вяслом - дзярмо, шануючы вас. Аж гніды ў яго ад жаху падохлі.
Перавозчык маўчаў. А юнак чамусьці адсунуўся трохі далей ад Вылівахі.
- Рагачовец, - спытаў нехта, - як ты можаш так?
- А ты адкуль?
- Я - палачанін.
- То вы што, калі Іван Крывавы падышоў пад муры, кузікалі, як свінні пад нажом?
- Не, мы стаялі годна. Мы памяталі, што было з Ноўгарадам.
- Угу. А калі Палота была потым белая ад цел, а Дзвіна - чырвоная ад крыві - вы малілі аб літасці?
- Не.
- То чаго пытаеш?
- Там былі людзі. Разумееш, толькі людзі.
- Людзі бываюць бруднейшыя за свінню і чысцейшыя за анёла. Дабрэйшыя за жыццё і ў сто разоў страшнейшыя за Смерць. Ці табе ж баяцца Смерці, малец?
- Там мы стаялі пад чыстым небам, - вінавата сказаў палачанін. - А тут такая цемра. Такая свінячая цемра!