Ханс Крысьціян Андэрсэн
КАЗКІ
КРЭСІВА Ішоў салдат па дарозе: раз-два! раз-два! Ранец за спіной, шабля пры боку. Ён ішоў дадому з вайны. І нечакана сустрэлася з ім ведзьма. Ведзьма была старая і брыдкая. Ніжняя губа яе адвісла да самых грудзей. — Прывітанне, службака! — сказала ведзьма. — У цябе такая славутая шабля і вялікі ранец! Ты — бравы салдат! Толькі як ні круці, а кішэні твае пустыя. Калі хочаш, дык грошай у цябе будзе навалам. — Дзякуй табе, старэча. Грошы толькі дурням не трэба, — сказаў салдат і адтапырыў свае кішэні. — Гэ, не, — сказала ведзьма, — пачакай крыху! Ты бачыш вунь тое вялікае дрэва — яно ўнутры пустое. Ты ўзлезь на яго, там убачыш дупло. Залезь у яго і апускайся ў самы ніз. А я абкручу цябе вяроўкай вакол пояса і выцягну назад, як толькі ты ўсклікнеш. — А навошта мне лезці ў тое дупло? — спытаў салдат. — Грошы там, — сказала ведзьма. — Дрэва гэта незвычайнае. Калі апусцішся на самы ніз, дык убачыш вялізны падземны ход. Там зусім светла — і ўдзень і ўночы зіхацяць сотні лямпачак. Пойдзеш па тым падзямеллі напрасткі. А дойдзеш да канца, там адразу ўбачыш перад сабою трое дзвярэй. У кожных дзвярах ключ тырчыць. Крутні яго, і дзверы адчыняцца. У першым пакоі стаіць вялікі куфар. На куфры сядзіць сабака. Вочы ў гэтага сабакі, нібы два сподачкі. Толькі ты не палохайся. Я дам табе свой блакітны фартух у клетачку. Ты рассцялі яго на падлозе і смела хапай сабаку. Як толькі схопіш — адразу садзі на мой фартух, а потым адчыняй куфар і бяры сабе грошай колькі захочаш. Але ў гэтым куфры толькі медныя грошы. А калі ты срэбра захочаш — заходзь у суседні пакой. І там стаіць куфар. І на тым куфры сядзіць сабака. Вочы ў яго, нібы колы ў вадзянога млына. Толькі ты не губляйся — хапай яго і садзі на фартух, а потым набірай сабе срэбра. Ну, а калі табе там золата захочацца, то заходзь у трэці пакой. Пасярод трэцяга пакоя стаіць куфар, які з коптурам напоўнены золатам. Куфар гэты вартуе самы вялікі сабака. Зможаш ты пасадзіць яго на мой фартух — тваё шчасце, не закране цябе сабака. Бяры тады золата, колькі твая душа захоча! — Цудоўна, — сказаў салдат. — Але ж якую плату возьмеш ты з мяне за гэта, старая ведзьма? Пэўна ж, табе нешта ад мяне патрэбна. — Ніводнае капеечкі тваёй не вазьму! — сказала ведзьма. — Толькі прынясі ты мне старое крэсіва, якое забылася там мая бабуля, калі лазіла туды апошні раз. — Добра, абкручвай мяне вяроўкай! — сказаў салдат. — Зроблена! — сказала ведзьма. — А вось табе мой фартух у клетачку. І салдат палез на дрэва. Знайшоў ён дупло і апусціўся па ім у самы ніз. Як сказала ведзьма, так усё і атрымалася: глядзіць салдат — перад ім падземны ход. І відно там, як удзень, — безліч лямпачак зіхаціць усюды. Пайшоў салдат па тым падзямеллі. Ішоў, ішоў і дайшоў да самага канца. Далей ісці няма куды. Бачыць салдат — перад ім трое дзвярэй. А ў дзвярах ключы тырчаць. Адчыніў салдат першыя дзверы і зайшоў у пакой. Пасярод пакоя куфар стаіць, на куфры сядзіць сабака. Вочы ў яго, нібы два сподачкі. Глядзіць на салдата сабака і круціць вачамі ў розныя бакі. — Вось дык страшыдла! — сказаў салдат, схапіў сабаку і ў адзін міг пасадзіў яго на ведзьмін фартух. Тут сабака прыціх, а салдат адчыніў куфар і пачаў адтуль грошы выцягваць. Набраў сабе поўныя кішэні медзякоў, зачыніў куфар і зноў пасадзіў на яго сабаку, а сам пайшоў у суседні пакой. Праўду сказала ведзьма — і ў гэтым пакоі на куфры сядзеў сабака. Вочы ў яго былі, быццам колы ў вадзянога млына. — Ну, чаго ты на мяне вытрашчыўся? Хочаш, каб твае вочы павылазілі? — сказаў салдат, схапіў сабаку і пасадзіў на ведзьмін фартух, а сам хутчэй да куфра. А ў куфры срэбра бітком набіта. Выкінуў салдат з кішэняў медзякі, напоўніў кішэні і ранец срэбрам. Потым пайшоў салдат у трэці пакой. Увайшоў і знямеў ад здзіўлення. Дзівосы! Пасярод пакоя стаяў залаты куфар, а на куфры сядзела сапраўднае страхалюддзе. Вочы, што ні кажы, як дзве вежы. Круціліся яны, быццам колы самай хуткай карэты. — Прывітанне! — сказаў салдат і казырнуў, быццам ён стаяў перад генералам. Доўга валаводзіцца ён, вядома, не мог. Схапіў сабаку ў ахапак, пасадзіў яго на ведзьмін фартух, а сам адчыніў куфар. Божухна, колькі ў ім было золата! За гэта золата можна было купіць цалкам вялікі горад, усе цацкі, усіх алавяных салдацікаў, усіх драўляных коней, усе пернікі, што ёсць у свеце. На ўсё хапіла б. Тут салдат павыкідаў з кішэняў і ранца срэбраныя грошы і дзвюма рукамі пачаў выбіраць з куфра золата. Бітком набіў золатам кішэні, ранец, шапку, нават боты. Столькі набраў золата, што ледзь-ледзь скрануўся з месца. Цяпер ён быў багаты! Пасадзіў ён сабаку на куфар, зачыніў дзверы і закрычаў: — Гэй, цягні мяне наверх, старая ведзьма! — А крэсіва маё ты забраў? — спытала ведзьма. — А ліха ж ты ліхое, зусім забыўся пра тваё крэсіва! — сказаў салдат. Пайшоў ён назад, знайшоў ведзьміна крэсіва і схаваў у кішэні. — Ну, цягні! Знайшоў тваё крэсіва! — крыкнуў ён ведзьме. Ведзьма пацягнула вяроўку і падняла салдата наверх. І апынуўся салдат зноў на вялікай дарозе. — Ну, аддавай мне крэсіва! — сказала ведзьма. — А навошта, ведзьма, табе гэтае крэсіва? — спытаў салдат. — Навошта табе ведаць! — сказала ведзьма. — Ты ж атрымаў грошы. Аддавай мне крэсіва! — Чакай! — сказаў салдат. — Зараз жа гавары, навошта табе крэсіва, а не скажаш, дык я табе сваёй шабляй галаву адсяку. — Не скажу! — заўпарцілася ведзьма. Тады салдат схапіў шаблю і адсек ведзьме галаву. Грымнулася ведзьма вобзем, тут і сканала. А салдат завязаў усе свае грошы ў ведзьмін фартух у клетачку, ускінуў ношу на плечы і накіраваўся проста ў горад. Горад быў вялікі і багаты. Салдат пайшоў у самы вялікі гатэль, заняў там самыя лепшыя пакоі і загадаў прынесці самыя смачныя стравы — цяпер жа ён быў панам. Слуга, які ваксаваў яго боты, здзівіўся, што ў такога багача, гэтакія кепскія боты, — а салдат не паспеў яшчэ купіць новыя. Затое на наступны дзень ён прыдбаў сабе самыя прыгожыя апранахі, капялюш з пяром і боты са шпорамі. Цяпер салдат зрабіўся сапраўдным панам. Яму расказалі пра ўсе дзівосы, якія былі ў гэтым горадзе. Расказалі і пра караля, у якога была чароўная дачка. — А як бы мне пабачыць гэту прынцэсу? — спытаў салдат. — Гэта не вельмі проста, — адказалі яму. — Прынцэса жыве ў вялікім медным замку, а вакол замка высокія сцены і каменныя вежы. Ніхто, акрамя самога караля, не ўвойдзе туды і не выйдзе адтуль, таму што каралю наваражылі, што дачка яго стане жонкаю простага салдата. А каралю мець за зяця простага салдата зусім не хочацца. Вось ён і трымае прынцэсу пад замком. Пашкадаваў салдат, што нельга паглядзець на прынцэсу, ды асабліва не бедаваў. І без прынцэсы зажыў ён весела: хадзіў у тэатры, гуляў у каралеўскім садзе і раздаваў грошы бедным. Ён на сабе добра зведаў, як цяжка жыць без капейкі ў кішэні. Ну, а калі салдат быў багаты, жыў весела і апранаўся прыгожа, дык і сяброў у яго было багата. Усе называлі яго дружбаком, сапраўдным панам, а гэта яму вельмі падабалася. Вось траціў, траціў грошы салдат і бачыць аднойчы, што ў кішэні ў яго засталося два грашы. І давялося салдату перабрацца з панскіх пакояў у цесны закутак пад самым дахам. Прыгадаў ён былое жыццё: сам пачаў ваксаваць свае боты і цыраваць на іх дзіркі. Ніхто з былых сяброў больш не наведваў яго, ды і надта ж высока было падымацца туды. Ды неяк надвячоркам сядзеў салдат у сваім закутачку. Ужо і зусім сцямнела, а ў яго не было грошай нават на свечку. І тут ён успомніў пра ведзьміна крэсіва. Выняў салдат крэсіва і пачаў здабываць агонь. Толькі красануў ён аб крэмень, дзверы расчыніліся і ўбег сабака з вачыма, быццам сподачкі. Гэта быў той самы сабака, якога салдат бачыў у першым пакоі падзямелля. — Што загадаеш, салдат? — спытаў сабака. — Дзіва, дый годзе! — сказаў салдат. — Крэсіва, выходзіць, не простае. А ці не выратуе яно мяне з бяды? Прыдбай мне грошай! — загадаў ён сабаку. І толькі ён сказаў гэтак, як сабакі і след прастыў. Але не паспеў салдат палічыць да двух, як сабака ўжо тут як тут, а ў зубах у яго вялікі мех, паўнюткі медных грошай. Зразумеў цяпер салдат, што за дзівоснае было тое крэсіва. Варта стукнуць па крэмені адзін раз — з'яўляўся сабака з вачамі, як сподачкі. А два разы стукне салдат — бяжыць да яго сабака з вачамі, бы колы вадзянога млына. Тры разы стукне — і сабака, у якога кожнае вока велічынёю з вежу, стаіць перад ім і чакае загаду. Першы сабака носіць яму медныя грошы, другі — срэбра, а трэці — чыстае золата. І вось салдат зноў забагацеў, перабраўся ў самыя лепшыя пакоі, зноў пачаў хадзіць у святочных апранахах. Тут усе яго сябры зноў пачалі хадзіць да яго і шанавалі асабліва. І неяк памроілася салдату: «А хіба ж не магу я на прынцэсу глянуць? Усе гавораць, што яна прыгажуня. А якая карысць, што яна ўвесь век прасядзіць у медным замку, за высокімі сценамі ды вежамі? Дзе ж яно, маё крэсіва?» І ён стукнуў па крэмені адзін раз. У той жа міг з'явіўся сабака з вачамі, быццам сподкі. — Вось што, мой дарагі, — сказаў салдат, — хаця ўжо на вуліцы ноч, але я хачу паглядзець на прынцэсу. Хоць адну хвіліначку. Зрабі! Сабака знік, і не паспеў салдат міргнуць вокам, як ён з'явіўся зноў, а на спіне ў яго ляжала сонная прынцэса. Чароўная, цудоўная была прынцэса. Па ўсім было бачна, што гэта сапраўдная прынцэса. І ніяк не мог стрымацца салдат, каб не пацалаваць яе, — для таго ж ён і быў салдат, сапраўдны хлопец, з галавы да пятак. Потым сабака аднёс прынцэсу назад так, як і прынёс. Раніцай прынцэса піла гарбату і расказала каралю і каралеве, што яна бачыла ўночы дзіўны сон: нібы яна ехала вярхом на сабаку і нейкі салдат пацалаваў яе. — Цікава! — сказала каралева. Пэўна, сон гэты быў ёй не даспадобы. У наступную ноч да ложка прынцэсы прызначылі бабулю-служанку. Ёй загадалі разведаць, ці той сон прынцэсы быў сапраўды сном, ці што-кольвечы іншае. А салдату, хоць памірай, зноў захацелася пабачыць прыгажуню прынцэсу. І вось ўночы ў медны замак, як і ў папярэднюю ноч, з'явіўся сабака, схапіў прынцэсу і памчаўся з ёй з усіх ног. Тут бабуля надзела гумавыя боты і памчалася ўслед. Калі ж убачыла, што сабака схаваўся з прынцэсай у адным вялікім доме, яна падумала: «Цяпер мы знойдзем малайца!». І яна крэйдай намалявала на дзвярах дома вялікі крыж, а сама пайшла дамоў спаць. Але дарэмна яна супакоілася: калі настаў час несці прынцэсу назад, сабака ўбачыў на дзвярах крыж і адразу ж здагадаўся, што ён азначае. Ён узяў кавалак крэйды і пазначыў крыжамі ўсе дзверы ў горадзе. Гэта было лоўка прыдумана: цяпер бабуля-служанка ніяк не зможа знайсці патрэбныя дзверы — бо ўсюды стаялі такія ж белыя крыжы. Раненька кароль з каралевай, бабуля-служанка і ўсе каралеўскія афіцэры пайшлі глядзець, куды ездзіць прынцэса на сабаку па начах. — Вось куды! — сказаў кароль, калі ўбачыў першы крыж на дзвярах. — Не, вунь куды! — сказала каралева, калі ўбачыла крыж на суседніх дзвярах. — І там, і тут — усюды крыжы! — сказалі афіцэры. І на якія б дзверы яны ні глядзелі — усюды былі белыя крыжы. Так і не разабраліся яны ні ў чым. Але каралева была жанчына разумная, майстрыха на ўсе рукі. Яна загадала слугам падаць ёй свае залатыя нажніцы і кавалак шоўку і пашыла прыгожы маленькі мяшочак. У гэты мяшочак яна насыпала грэцкіх круп і непрыкметна прывязала яго да спіны прынцэсы. Потым прабіла ў мяшочку дзірку, каб крупы пакрысе сыпаліся на дарогу, калі прынцэса паедзе да свайго салдата. І вось уночы з'явіўся сабака, пасадзіў прынцэсу сабе на спіну і панёс да салдата. А салдат ужо так закахаўся ў прынцэсу, што ад усяе душы захацеў жаніцца з ёй. Ды і прынцам стаць было б няблага. Сабака бег вельмі хутка, а крупы сыпаліся з мяшочка па ўсёй дарозе ад меднага замка да дома салдата. Але сабака нічога не заўважыў. Раніцай кароль і каралева выйшлі з палаца, паглядзелі на дарогу і адразу даведаліся, куды ездзіла прынцэса. Салдата схапілі і пасадзілі ў турму. Доўга сядзеў салдат за кратамі. У турме было цёмна і сумна. І вось аднойчы вартавы сказаў салдату: — Заўтра цябе павесяць! Нявесела зрабілася салдату. Думаў ён, думаў, як ад смерці выратавацца, але нічога не мог прыдумаць. А сваё чароўнае крэсіва салдат забыў дома. На другі дзень раніцай салдат падышоў да маленькага акенца і пачаў глядзець скрозь жалезныя краты на вуліцу. Народ натоўпам валіў за горад, каб паглядзець, як будуць вешаць салдата. Білі барабаны, праходзілі войскі. І вось міма самай турмы прабег нейкі хлапчынка-шавец у скураным фартушку і чаравіках на босых нагах. Ён імчаўся стрымгалоў, і раптам адзін чаравік зляцеў у яго з нагі і стукнуўся проста ў сцяну турмы, каля таго акенца ў кратах, ля якога стаяў салдат. — Гэй, галубок, не спяшайся! — крыкнуў салдат. — Я яшчэ тут, а без мяне там нічога не будзе. А вось калі ты збегаеш да мяне дадому і прынясеш мне крэсіва, я табе дам цэлых чатыры срэбраных манеткі. Ну, хутчэй! Бяры ногі ў рукі — і гайда! Хлопчык быў не супроць атрымаць чатыры срэбраныя манеткі і стралой пусціўся за крэсівам, уміг прынёс яго, аддаў салдату і... Вось паслухайце, што з гэтага атрымалася. За горадам была пабудавана вялікая шыбеніца. Вакол яе стаялі войскі і натоўпы народу. Кароль і каралева сядзелі на велікапышным троне. Насупраць сядзелі суддзі і ўвесь дзяржаўны савет. І вось салдата вывелі на лесвіцу і кат ужо збіраўся накінуць яму вяроўку на шыю. Але тут салдат папрасіў хвілінку пачакаць. — Мне вельмі хацелася б, — сказаў ён, — спаліць адну цыгарку — бо гэта будзе самая апошняя цыгарка ў маім жыцці. А ў гэтай краіне быў такі звычай: апошняе жаданне асуджанага на смерць павінна быць выканана. Вядома, калі гэта было не зусім вялікае жаданне. Вось чаму кароль ніяк не мог адмовіць салдату. І салдат узяў у рот цыгарку, дастаў сваё крэсіва і пачаў выкрасаць агонь. Стукнуў ён па крэмені раз, стукнуў два, стукнуў тры — і вось перад ім з'явіліся тры сабакі. У аднаго вочы былі, як сподачкі, у другога — як млынавыя колы, у трэцяга — як вежы. — Памажыце мне збавіцца ад бяды! — сказаў ім салдат. Тут усе тры сабакі кінуліся на суддзяў і на дзяржаўны савет: аднаго схопяць за ногі, другога за нос і пачынаюць падкідваць, ды так высока, што калі тыя падалі на зямлю, то ўсе разбіваліся ўшчэнт. — Мяне не трэба! Я не жадаю! — закрычаў кароль, але самы вялікі сабака схапіў яго разам з каралевай і падкінуў іх пад неба. Тут войска напалохалася, а народ пачаў крычаць: — Няхай жыве салдат! Будзь, салдат, нашым каралём і бяры сабе ў жонкі цудоўную прынцэсу! Салдата пасадзілі ў каралеўскую карэту і павязлі ў палац. Тры сабакі танцавалі перад карэтай і крычалі «ўра». Хлапчукі свісталі, а войскі бралі пад казырок. Прынцэса выйшла з меднага замка і зрабілася каралевай. Зразумела, яна была вельмі задаволенай. Вяселле працягвалася цэлы тыдзень. Тры сабакі таксама сядзелі за сталом, елі, пілі і круцілі сваімі вялізнымі вачамі.
КАЎНЕРЫК Жыў-быў элегантны кавалер; у яго толькі і было за душой, што падстаўка, каб здымаць боты, грабянец ды яшчэ вельмі прыгожы, нават франтаваты каўнерык. Вось пра каўнерык і пойдзе размова. Каўнерык пажыў ужо на свеце і пачаў думаць пра жаніцьбу. Выпала яму аднойчы трапіць у начоўкі разам з падвязкай для панчохі. — Ах! — усклікнуў каўнерык. — Якія вы стройныя, якія пяшчотныя і мілыя! Дазвольце ўведаць вашае імя? Але падвязка была вельмі сарамлівая, гэтае запытанне здалося ёй нясціплым, і яна змаўчала. — Вы, мабыць, завязка? — не адступаўся каўнерык. — Штосьці падобнае да тасьмы, што звужае сукенку на стане. Вось, вось, бачу: вы ўпрыгожанне і ў той жа час прыносіце карысць, понадзь мая! — Будзьце ласкавыя, не заводзьце са мной гутаркі! — загневалася падвязка. — Я, здаецца, не давала для гэтага падставы! — Ваша краса — самая лепшая падстава! — сказаў каўнерык. — Ах, прашу, не чапляйцеся! — павысіла голас падвязка. — Вы падобныя на мужчыну! — Канечне, я ж элегантны кавалер! — з гонарам прамовіў каўнерык. — У мяне ёсць падстаўка для ботаў і грабянец! Вось і зманіў! Каўнерык проста хваліўся: тыя рэчы былі не ягоныя, а яго гаспадара. — Адчапіцеся, калі ласка, — не падпускала яго блізка да сябе падвязка. — Я не прывыкла, каб так са мной паводзіліся. — Незачэпа! — буркнуў каўнерык. Тут яго ўзялі, памылі, накрухмалілі, павесілі на спінку крэсла, высушылі на сонцы, затым паклалі на прасавальную дошку. Заявілася гарачая прасавальная плітка. — Пані! — прамовіў каўнерык ёй. — Панадная ўдовачка! Як горача! Я ўвесь палымнею! Са мной штосьці робіцца! Я сам не свой! Вы апякаеце мяне наскрозь! Ух!.. Прашу: вашу руку і сэрца! — Ах ты рызман! — ганарыста сказала прасавальная плітка і цяжка праехалася па каўнерыку. Яна ўяўляла сябе паравозам, што цягне за сабою па рэйках вагоны. Каўнерык крыху абшморгнуўся; і з'явіліся нажніцы, каб падраўняць яму краі. — О! — усклікнуў каўнерык. — Вы, мусіць, знакамітая танцоўшчыца, прыма-балерына! Вы гэтак хораша рухаецеся ножкамі! Ніколі не бачыў нічога такога! Ніхто з жанчын не можа параўнацца з вамі! — Ведаем! — сказалі нажніцы. — Вы вартыя быць графіняй, — прадаўжаў каўнерык. — Але, на жаль, я маю толькі гаспадара-франта, падстаўку для ботаў і грабянец... Ах, каб было ў мяне графства... — Ды ён, здаецца, сватаецца?! — ускрыкнулі нажніцы і ў злосці гэтак спаласавалі каўнерык, што прыйшлося яго выкінуць. «Пасватацца хіба толькі да расчоскі?» — падумаў каўнерык і звярнуўся да яе: — Проста дзіва, як захаваліся вашыя зубкі, фрэкен!.. Скажыце, вы калі-небудзь думалі пра замужжа? — Чаму не думала! — адказала расчоска. — Я паненка зэдлічка, на якім твой гаспадар абувае боты. — Паненка?! — усклікнуў каўнерык. Цяпер яму не было да каго сватацца, і ён пачаў з пагардай думаць пра жаніцьбу. Час ішоў, і каўнерык разам з іншым рыззём трапіў на папяровую фабрыку. Там сабраўся вялікі рыззёвы гурт. Тоненькія анучкі, як і трэба, трымаліся далей ад тоўстых. Тут у кожнай знайшлося пра тое-сёе расказаць, а ў каўнерыка, канечне, больш, чым ва ўсіх, — ён быў хвалько з хвалькоў. — У мяне была процьма нарачоных! — лапатаў ён. — Проста бегалі за мной! Ды і як не бегаць: накрухмалены, я выглядаў сапраўдным франтам! У мяне нават былі ўласная падстаўка для ботаў і грабянец, хоць я імі ніколі не карыстаўся... Паглядзелі б вы на мяне, калі я, бывала, ляжаў на баку!.. Ніколі не змагу забыць першую нарачоную — завязку! Яна была такая тонкая, пяшчотная, мяккая! З-за мяне ў балею з вадой кінулася! Была яшчэ адна, удоўка, — загарэлася да мяне такім каханнем, што аж пабялела!.. Але я яе пакінуў, і яна пачарнела з гора. Яшчэ была прыма-балерына, — гэта яна раніла мяне, бачыце? Свавольная, гарэзная была! Мая ўласная расчоска таксама кахала мяне да таго, што ажно змарнавала свае зубы. Адным словам, нямала было ў мяне розных прыгод... Але болей за ўсё мне шкада падвязку ці, лепш сказаць — завязку, бо яна з-за мяне кінулася ў балею. На жаль, нямала награшыў я... Час, час мне пераўтварыцца ў белую паперу! Жаданне яго збылося: усё рыззё пераўтварылася ў белую паперу, а каўнерык — вось у гэты самы аркушык, на якім надрукавана яго гісторыя. Так ён быў пакараны за сваю лішнюю ману. І нам варта паводзіцца асцярожней: хто ведае, можа, і таму-сяму з нас прыйдзецца некалі трапіць у ахапак лахманоў і пераўтварыцца ў белую паперу, на якой надрукуюць нашу ўласную гісторыю, і тады пойдзеш разносіць па белым свеце ўсё патаемнае пра самога сябе!
САЛАВЕЙ Ты, напэўна, ведаеш, што ў Кітаі ўсе жыхары кітайцы і сам імператар кітаец. Даўным-даўно гэта было, але таму і трэба расказаць гэту гісторыю, пакуль яна яшчэ не забылася зусім. У цэлым свеце не знайшлося б палаца лепшага, чым палац кітайскага імператара. Ён увесь быў з каштоўнага фарфору, такога тонкага і крохкага, што страшна было да аго дакрануцца. Палац стаяў у прыгожым садзе, у якім раслі дзівосныя кветкі. Да самых прыгожых кветак былі прывязаны сярэбраныя званочкі. І калі дуў ветрык, кветкі пагойдваліся і званочкі звінелі. Гэта было зроблена для таго, каб ніхто не прайшоў паблізу кветак, не паглядзеўшы на іх. Вось так разумна было прыдумана! Сад цягнуўся далёка-далёка, так далёка, што нават галоўны садоўнік і той не ведаў, дзе ён канчаецца. А адразу за садам пачынаўся дрымучы лес. Гэты лес даходзіў да самага сіняга мора, і караблі праплывалі пад шатамі магутных дрэў. Тут у лесе, ля самага берага мора, жыў салавей. Ён спяваў так цудоўна, што нават бедны рыбак, слухаючы яго песні, забываў пра свой невад. — Ах, як хораша, — гаварыў ён, уздыхаючы, але пасля зноў браўся за сваю справу і не думаў пра ляснога спевака да наступнай ночы. А калі наступала чарговая ноч, ён зноў як зачараваны слухаў салаўя і зноў паўтараў тое ж самае: — Ах, як хораша, як хораша! З усіх канцоў свету прыязджалі ў сталіцу імператара падарожнікі. Усе яны любаваліся цудоўным палацам і прыгожым садам, але, паслухаўшы песню салаўя, зазначалі: — Вось гэта лепш за ўсё! Вярнуўшыся дадому, падарожнікі расказвалі пра ўсё, што бачылі. Вучоныя апісвалі сталіцу Кітая, палац і сад імператара і ніколі не забывалі ўспомніць пра салаўя. А паэты складалі ў гонар крылатага спевака, які жыў у кітайскім лесе на беразе сіняга мора, цудоўнейшыя вершы. Кнігі расходзіліся па ўсім свеце, і вось адна тоўстая кніга дайшла да самога кітайскага імператара. Ён сядзеў на сваім залатым троне, чытаў і ківаў галавой. Яму вельмі падабалася чытаць пра тое, якая прыгожая яго сталіца, якія цудоўныя яго палац і сад. Але на апошняй старонцы кнігі імператар прачытаў: «У Кітаі многа ўсяго цудоўнага, але лепш за ўсё маленькая птушачка, што завецца салаўём, якая жыве ў лесе паблізу імператарскага саду. Дзеля таго, каб паслухаць яе спеў, раім кожнаму з'ездзіць у Кітай». — Што такое? — здзівіўся імператар. — Як?! У маёй дзяржаве і нават поруч з маім асабістым палацам жыве такая цудоўнейшая птушка, а я ні разу не чуў, як яна спявае! І я даведваюся пра яе з іншаземных кніг! Ён рэзка закрыў кнігу і загадаў пазваць свайго першага міністра. Гэты міністр быў настолькі фанабэрысты, што, калі хто-небудзь з людзей ніжэй яго чынам асмельваўся загаварыць з ім ці спытаць у яго пра што-небудзь, ён адказваў толькі: «Пф», а гэта, зразумела, зусім нічога не азначала. — Я прачытаў у адной вучонай кнізе, што ў нас ёсць цудоўнейшая птушка, якую завуць салавей, — сказаў імператар міністру. — Яе лічаць першай славутасцю маёй дзяржавы. Чаму ж мне ні разу не дакладвалі пра гэту птушку? — Ваша вялікасць! — адказваў з паклонам імператару першы міністр. — Я нават і не чуў пра яе. Яна ніколі не была прадстаўлена нашаму двару. — Увесь свет ведае, што ў мяне ёсць такая рэдкая птушка, і толькі я адзін не ведаю пра гэта, — сказаў імператар. — Я хачу, каб сёння ж вечарам яна была тут і спявала мне! — Я адшукаю яе, ваша вялікасць, — адказаў першы міністр. Адказаць-то было няцяжка. Але дзе яе знойдзеш? І вось першы міністр забегаў уверх і ўніз па лесвіцах, па залах і калідорах, але ніхто з прыдворных не мог яму сказаць, што за птушка салавей і дзе гэты самы салавей жыве. Першы міністр вярнуўся да імператара і далажыў, што салаўя ў Кітаі няма і ніколі не было. — Ваша вялікасць дарма дазваляе верыць усяму, што напісана ў кнігах, — прамовіў ён. — Усё гэта адны пустыя выдумкі. — Не гавары лухты! — абурыўся імператар. — Я хачу чуць салаўя. Ён павінен быць у палацы сёння ж вечарам! А калі яго не будзе тут у вызначаны час, я загадаю пасля вячэры адлупіць цябе і ўсіх міністраў палкамі па пятках. — Тзінг-пе! — прагугнеў першы міністр і зноў пачаў бегаць уверх і ўніз па лесвіцах, па калідорах і залах. З ім бегалі ўсе саноўнікі і прыдворныя — нікому не хацелася адведаць палак. Раз-пораз яны сутыкаліся насамі і пыталіся адзін у аднаго: — Што такое са-ла-вей? — Дзе знайсці са-лаў-я? Але ніхто ў імператарскім двары нават не чуў пра салаўя, пра якога ведаў ужо ўвесь свет. Нарэшце прыдворныя прыбеглі на кухню. Там сядзела маленькая дзяўчынка і выцірала талеркі. Першы міністр спытаў у дзяўчынкі, ці не ведае яна, дзе жыве салавей. — Салавей? — здзівілася дзяўчынка. — Ды як жа мне не ведаць! Ён жыве ў нашым лесе. А ўжо як спявае! Я кожны дзень нашу маёй хворай маме рэшткі абеду з імператарскай кухні. Жывём мы ля самага мора. Поруч у лясной глухамані ёсць старое дрэва з вялікім дуплом і густымі-густымі галінамі. І кожны раз, калі я сядаю адпачыць пад гэтым дрэвам, я чую песню салаўя. Ён спявае так пяшчотна, што слёзы самі па сабе цякуць у мяне з вачэй, а на душы становіцца так радасна, нібы мяне цалуе матуля. — Дзяўчынка, — узмаліўся першы міністр, — я назначу цябе першай пасудамыйкай і нават дазволю паглядзець, як абедае сам імператар, калі ты пакажаш нам, дзе жыве салавей. Ён запрошаны сёння вечарам у імператарскія палаты. І вось усе накіраваліся ў лес. Паперад усіх ішла дзяўчынка, а за ёй міністры і саноўнікі. Ішлі яны, ішлі, і раптам недзе непадалёк зарыкала карова. — Во! — дружна выгукнулі прыдворныя. — Гэта, напэўна, і ёсць салавей. Які, аднак, у яго моцны голас! — Гэта карова рыкае, — растлумачыла дзяўчынка. — Яшчэ далёка да таго дрэва, на якім жыве салавей. І ўсе пайшлі далей. Раптам у балоце заквакалі жабы. — Цудоўна! — узрадаваўся прыдворны бонза. — Нарэшце я чую салаўя. Цюцелька ў цюцельку як сярэбраныя званочкі ў нашай бажніцы!.. — Не, гэта ўсяго толькі жабы, — прамовіла дзяўчынка. — Але цяпер, я думаю, мы хутка пачуем і самога салаўя. І на самай справе, з гушчэчы галін данёсся цудоўны спеў. — Вось гэта і ёсць салавей! — сказала дзяўчынка. — Слухайце, слухайце! А вось ён і сам! — І яна паказала пальцам на маленькую шэранькую птушачку, што сядзела на галінцы. — Пф! — здзівіўся першы міністр. — Ніяк не думаў, што гэты знакаміты салавей такі нягеглы з выгляду. Напэўна, ён стаў шэрым ад страху, убачыўшы адразу столькі вяльможных асоб. — Салавейка! — гучна закрычала дзяўчынка. — Наш літасцівы імператар хоча паслухаць цябе. — Вельмі рад! — адказаў салавей і заспяваў яшчэ званчэй. — Пф, пф! — надзьмуўся першы міністр. — Яго голас звініць гэтак жа звонка, як шкляныя бразготкі на парадным балдахіне імператара. Зірніце толькі, як працуе гэты маленькі гарлапан! Дзіўна, што мы ніколі дагэтуль не чулі такога выдатнага спевака. Ён несумненна будзе мець вялікі поспех пры двары. — Ці не жадае імператар, каб я паспяваў яшчэ? — спытаў салавей. Ён думаў, што з ім размаўляе сам імператар. — Непераўзыдзены пан салавей! — сказаў першы міністр. — Яго вялікасці імператара тут няма, але ён усклаў на мяне прыемнае даручэнне запрасіць вас на маючае адбыцца сёння ўвечары прыдворнае свята. Не сумняваюся, што вы зачаруеце яго вялікасць сваім дзіўным спевам. — Песні мае куды лепш гучаць у зялёным лесе, — адказаў салавей. — Але я ахвотна палячу з вамі, калі гэта будзе прыемна імператару. А ў палацы, між іншым, рыхтаваліся да свята. Усе бегалі, шчыравалі, мітусіліся. У фарфоравых сценах і ў шкляной падлозе адлюстроўваліся сотні тысяч залатых ліхтарыкаў; у калідорах радамі былі расстаўлены надзвычай прыгожыя кветкі, а прывязаныя да кветак званочкі ад усёй беганіны, сумятні і скразняку звінелі так гучна, што ніхто не чуў свайго ўласнага голасу. І вось наступіў вечар. Пасярод агромністай залы сядзеў імператар. Насупраць імператарскага трона паставілі залаты шост, а на самым вяршку яго сядзеў салавей. Усе прыдворныя былі ў поўным зборы. Нават беднай дзяўчынцы з кухні дазволілі стаяць у парозе, — яна ж была цяпер не звычайная дзяўчынка, а прыдворная пасудамыйка. Усе былі па-святочнаму расфуфыраны і не адводзілі вачэй ад маленькай шэранькай птушачкі. Але вось імператар запрашальна кіўнуў галавой. І салавей заспяваў. Ён спяваў так далікатна, так цудоўна, што нават у самога імператара выступілі на вачах слёзы і пакаціліся па шчоках. Тады салавей заліўся яшчэ грамчэй, яшчэ больш пяшчотна. Спеў яго так і палоніў сэрца. Калі ён скончыў, імператар абвясціў, што даруе яму сваю залатую пантофлю на шыю. Але салавей падзякаваў і адмовіўся. — Я ўжо і так узнагароджаны, — сказаў ён. — Я бачыў слёзы ў вачах імператара. Якой жа яшчэ жадаць мне ўзнагароды? І зноўку загучаў яго крыштальны голас. — Ах, як гэта чароўна! — усклікнулі наперабой прыдворныя дамы. І з той пары, калі яны размаўлялі з кім-небудзь, хто ім падабаўся, яны набіралі ў рот вады, каб яна булькатала ў іх у горле. Прыдворныя дамы ўявілі, што гэтае булькатанне падобна на салаўіны пошчак. Салаўя пакінулі пры двары і адвялі яму асобны пакой. Два разы днём і адзін раз уначы яго выпускалі на волю. Але да яго прыставілі дванаццаць слуг, і кожны з іх трымаў у руках прывязаную да ножкі салаўя шаўковую стужачку. Нічога не скажаш, вялікае задавальненне магла прынесці такая прагулка! Увесь горад пачаў гаварыць пра дзівосную птушку, і калі на вуліцы сустракаліся трое знаёмых, адзін з іх вымаўляў: «Са», другі падхопліваў: «ла», а трэці заканчваў: «вей», пасля чаго ўсе трое ўздыхалі і скіроўвалі позірк у неба. Адзінаццаць лавачнікаў далі сваім сынам новае імя: «Салавей» — у гонар імператарскага салаўя, хоць галасы ў гэтых дзіцянят нагадвалі скрып нязмазаных колаў. Словам, маленькая лясная птушачка праславілася на ўвесь Кітай. Але аднойчы імператару прыслалі з Японіі скрыначку, загорнутую ў шаўковую матэрыю. На скрыначцы было напісана: «Салавей». — Гэта, напэўна, новая кніга пра нашу знакамітую птушку, — сказаў імператар. Скрынку адчынілі, але ў ёй была не кніга, а размаляваны куфэрчык. А ў куфэрчыку ляжаў штучны салавей. Ён быў вельмі падобны на жывога, але ўвесь зіхацеў брыльянтамі, рубінамі і сапфірамі. Цацку заводзілі — і яна пачынала спяваць адну з тых песняў, якую спяваў сапраўдны салавей, і варушыць пазалочаным хвосцікам. На шыйцы ў птушкі была стужачка з надпісам: «Салавей імператара японскага нішто ў параўнанні з салаўём імператара кітайскага». — Якая прыгажосць! — прамовілі ўсе. А тога, хто прывёз каштоўную птушку, тут жа прызначылі пры двары пастаўшчыком салаўёў. — Цяпер няхай гэты новы салавей і наш стары спявак зацягнуць разам, — вырашыў імператар. Ды справа на лад не пайшла: сапраўдны салавей кожны раз спяваў сваю песню па-новаму, а штучны паўтараў адну і тую ж песеньку, як заведзеная шарманка. Тады штучнага салаўя прымусілі спяваць аднаго. Ён меў такі ж поспех, як і сапраўдны салавей, але знешне пры гэтым быў куды прыгажэйшы — увесь так і пераліваўся, так і зіхацеў каштоўнымі каменнямі. Трыццаць тры разы праспяваў ён адно і тое ж і ніколькі не стаміўся. Прыдворныя ахвотна паслухалі б яго песеньку яшчэ трыццаць тры разы, але імператар сказаў, што цяпер трэба выслухаць для параўнання і сапраўднага салаўя. Тут усе азірнуліся і паглядзелі на залаты шост. Але салаўя там не было. Куды ж ён падзеўся? Ніхто і не заўважыў, як салавей выпырхнуў у адчыненае акно і паляцеў дадому, у свой зялёны лес. — Як гэта, аднак, разумець? — раззлаваўся імператар. І ўсе прыдворныя сталі бэсціць салаўя і абзываць яго няўдзячнай жывёлінай. — Балазе, лепшая птушка засталася ў нас! — гаварылі яны, і завадному салаўю прыйшлося праспяваць сваю адзіную песню ў трыццаць чацверты раз. Прыдворны капельмайстар усяляк расхвальваў штучную птушку і запэўніваў, што яна значна лепшая за сапраўдную і знешнасцю і голасам. — Я вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, высокі ўладыка мой, і вы, шаноўныя спадары, — прамовіў ён, — што перавага несапраўднага салаўя над жывым неаспрэчная. Як бачыце, маючы справу з жывым, вы ніколі зараней не ведаеце, што яму стукне ў галаву праспяваць, у той час як вам заўсёды вядома наперад, што іменна будзе спяваць салавей завадны. Калі вам захочацца, вы нават можаце разабраць яго і паглядзець, як ён змайстраваны, як размешчаны і дзейнічаюць усе яго валікі, шрубкі і спружынкі — вынік чалавечага розуму і навучонасці. — О, канешне, мы таксама так думаем, — згадзіліся прыдворныя. А імператар загадаў паказаць птушку ўсяму гораду ў наступную ж нядзелю. — Хай і народ паслухае яе, — сказаў ён. Гараджане з задавальненнем паслухалі і выказалі сваю поўную згоду, быццам іх пачаставалі выдатнай гарбатай, а кітайцы, як вядома, нішто так не любяць, як гарбату. Усе ў адзін голас ускліквалі «О!», падымалі ўверх указальныя пальцы і хіталі галовамі. Толькі бедныя рыбакі, якім даводзілася чуць сапраўднага салаўя, гаварылі: — Няблага спявае! Ёсць падабенства з жывым салаўём. Ды ўсё-такі не тое. Нечага не хапае, а чаго — мы і самі не ведаем! А тым часам імператар прыняў загад, змацаваны самай вялікай імператарскай пячаткай. У гэтым загадзе сапраўднага салаўя аб'явілі назаўсёды выгнаным з кітайскай імперыі. А штучны заняў месца на шаўковай цадушцы каля самай імператарскай пасцелі. Вакол яго былі раскладзены ўсе падораныя для яго каштоўнасці, у тым ліку залатая імператарская пантофля. Нежывой птушцы далі высокае званне: «Першы спявак імператарскага начнога століка з левага боку», таму што імператар лічыў больш важным той бок, дзе знаходзіцца сэрца, а сэрца знаходзіцца з левага боку нават у імператара! Вучоныя напісалі пра штучнага салаўя дваццаць пяць таўшчэзных кніг, дзе было ажно залішне самых мудрагелістых і незразумелых кітайскіх слоў. Аднак усе прыдворныя кляліся, што прачыталі гэтыя кнігі і зразумелі ад слова да слова, — інакш бы іх празвалі невукамі і адлупілі б палкамі па пятках. Так прайшоў год. Імператар, увесь двор і нават увесь горад ведалі на памяць кожную нотку ў песні штучнага салаўя. Пагэтаму і падабаўся яго спеў. Усе цяпер самі маглі падпяваць птушцы. Вулічныя падлеткі выціналі: «Цёх-цёх-цёх! Клюк-клюк-клюк!». І нават сам імператар іншы раз напяваў: «Цёх-цёх-цёх! Клюк-клюк-клюк!» Цуд і толькі! І вось аднойчы вечарам птушка-цацка шчыравала перад імператарам, а ён ляжаў на ложку і слухаў яе. Раптам унутры птушкі нешта зашыпела, затрымцела, калёсікі хутка закруціліся і спыніліся. Музыка сціхла. Імператар ускочыў з ложка і паслаў па свайго асабістага лекара. Але чым той мог дапамагчы? Ён жа ніколі не лячыў салаўёў — ні жывых, ні падманных. Тады паклікалі майстра па гадзінніках. Той разабраў цацку на запчасткі і доўга разглядаў розныя калёсікі і падкручваў нейкія шрубкі. Потым ён зазначыў, што птушка хоць і будзе спяваць, але карыстацца ёй трэба вельмі асцярожна: маленькія зубчыкі пасціраліся, новыя ў калёсікі паставіць нельга. Проста бяда! Усе былі вельмі расчараваныя. Імператар выдаў новы загад, у якім гаварылася, што «Першага спевака імператарскага начнога століка з левага боку» дазваляецца заводзіць толькі раз у год, ды і то ненадоўга. Для супакою гараджан прыдворны капельмайстар выступіў з прамовай, у якой ён з вялікім майстэрствам даказваў, што завадны салавей не стаў горшы, чым быў. Ну, а калі гэта сказаў прыдворны капельмайстар, значыць, так яно і ёсць. Прайшло яшчэ пяць гадоў. Аднойчы імператар прастудзіўся і захварэў. Дактары ўжо страцілі надзею на яго выздараўленне. Міністры і прыдворныя збіраліся абвясціць новага імператара, а народ тоўпіўся на вуліцы і пытаўся ў першага міністра пра здароўе старога імператара. — Пф! — адказаў першы міністр і пахітаў галавой. Збялелы і пахаладнелы, ляжаў імператар у сваёй шыкоўнай пасцелі. Усе прыдворныя лічылі, што ён памёр, і кожнаму не цярпелася прывітаць на троне новага імператара. Прыслуга бегала навыперадкі па палацы, каб уведаць апошнія навіны, ці бавіла час ў балбатні за кубкам гарбаты. Ва ўсіх залах і калідорах былі разасланы дываны, каб не чутно было шуму крокаў; і ў палацы стаяла мёртвая цішыня. Але стары імператар яшчэ не памёр, хоць і ляжаў зусім нерухома ў сваёй пасцелі, пад залатым балдахінам з залатымі кутасікамі. Акно было адчынена, і месяц глядзеў на імператара і заваднога салаўя, які ляжаў гэтак жа нерухома, як і сам імператар, на шоўкавай падушцы каля пасцелі хворага. Бедны імператар ледзьве дыхаў, яму здавалася, што нехта вось-вось сцісне яго за горла. Ён прыадкрыў вочы і ўбачыў, што на грудзях у яго сядзіць Смерць. Яна надзела сабе на галаву карону імператара, у адной руцэ яе была залатая шабля, а ў другой — імператарскі сцяг. А вакол, з-пад усіх складак зіхотнага балдахіна, выглядвалі нейкія страшныя пачвары: адны нахабныя і злосныя, другія — прыгожыя і добрыя. Але злосных было значна больш. Гэта былі злосныя і добрыя справы імператара. Яны глядзелі на яго і наперабой шапталі. — Ці помніш ты гэта? — чулася з аднаго боку. — А гэта помніш? — даносілася з другога. І яны расказвалі яму такое, што халодны пот прабіраў імператара. — Я не помню пра гэта, — мармытаў ён. — А пра гэта таксама даўно забыўся... Яму стала так цяжка, так страшна, што ён пракрычаў: — Музыку сюды, музыку! Біце ў вялікі кітайскі бубен! Я не хачу бачыць і чуць іх! Але страшныя галасы не змаўкалі, а Смерць, нібы стары кітаец, ківала галавой пры кожным іх слове. — Музыку сюды! Музыку! — яшчэ мацней ускрыкнуў імператар. — Спявай хоць ты, мая слаўная залатая птушачка! Я надзяліў цябе каштоўнасцямі, я павесіў табе на шыю залатую пантофлю!.. Спявай жа, спявай! Але птушка маўчала: няма было каму яе завесці, а без гэтага яна спяваць не магла. Смерць, усміхаючыся, глядзела на яго сваімі пустымі вачніцамі. Мёртвая цішыня стаяла ў пакоях імператара. І раптам за акном пачуліся прыгожыя спевы. Гэта быў маленькі жывы салавей. Ён уведаў, што імператар хворы, і прыляцеў, каб суцешыць і прыпадняць яго настрой. Ён сядзеў на галінцы і спяваў, і страшныя здані, што абступілі імператара, адчувалі сябе нядобра, а кроў усё хутчэй, усё магутней падступала да сэрца імператара. Сама смерць заслухалася салаўём і толькі праміж сябе паўтарала: — Спявай, салавейка! Спявай яшчэ! — А ты аддасі мне за гэта каштоўную сваю шаблю? І сцяг? І карону? — спытаў салавей. Смерць згодна хітнула галавой і аддавала адзін скарб за другім. А салавей усё спяваў і спяваў. Вось ён заспяваў песню пра ціхія могілкі, дзе зацвіў бузіннік, шыкуюць белыя ружы і ў свежай траве на магілах блішчаць слёзы жывых, дзе чутны літанні па сваіх блізкіх. Тут смерці так захацелася дадому, на ціхія могілкі, што яна захуталася ў белы халодны туман і шуснула ў акно. — Дзякуй табе, мілая пташка! — прамовіў імператар. — Я пазнаю цябе. Калісьці я прагнаў цябе з маёй дзяржавы, а цяпер ты сваёю песняй прагнала ад маёй пасцелі Смерць! Чым узнагародзіць цябе за гэта? — Ты ўжо ўзнагародзіў мяне за гэта, — сказаў салавей. — Я бачыў слёзы на тваіх вачах, калі першы раз спяваў для цябе, — пра гэта мне не забыць ніколі. Шчырыя слёзы радасці — самая шчырая ўзнагарода для спевака! І ён заспяваў ізноў, а імператар заснуў здаровым, моцным сном. А калі ён прачнуўся, у акно ўжо свяціла сонца. Ніхто з прыдворных і слугаў нават не заглядваў да імператара. Усе думалі, што ён памёр. Адзін салавей не пакідаў хворага. Ён сядзеў за акном і спяваў яшчэ лепш, чым заўсёды. — Застанься ў мяне! — папрасіў імператар. — Ты будзеш спяваць толькі тады, калі сам захочаш. А штучную птушку я разаб'ю. — Не трэба! — сказаў салавей. — Яна служыла табе, як магла. Пакінь яе ў сябе. Я не магу жыць у палацы. Я буду прылятаць да цябе, калі сам захачу, і буду спяваць пра шчаслівых і нешчаслівых, пра дабро і зло, пра ўсё, што робіцца вакол цябе і чаго ты не ведаеш. Маленькая птушка-спявачка лётае паўсюль — залятае і пад дах беднай сялянскай хаткі, і ў домік рыбака, які стаіць так далёка ад твайго палаца. — Я буду прылятаць і спяваць для цябе! Але паабяцай... — Усё, чаго захочаш! — усклікнуў імператар і прыўзняўся з пасцелі. Ён паспеў надзець сваю імператарскую амуніцыю і прыціснуў да сэрца цяжкую залатую шаблю. — Паабяцай мне нікому не абмовіцца, што ў цябе ёсць маленькая птушачка, якая расказвае табе пра ўсё ў вялікім свеце. Так справы пойдуць лепш. І салавей паляцеў. Тут увайшлі прыдворныя, якія спяшаліся паглядзець на аджыўшага свой век імператара, ды так і знерухомелі ў парозе. А імператар прывітаў іх: — Добры дзень! Ці, дакладней, добрай раніцы!