ЛАГОДНЫ ЦМОК
Ангельскія літаратурныя казкі
Э.Нэсбіт
ЛЮТЫ ЦМОКМаленькая прыгожанькая Прынцэса заўсёды прачыналася вельмі рана — калі ў маціцовым небе толькі пачынаў гучаць пошчак шпакоў. Ажывалі лясы, і яна басанож бегла па кручанай стромкай лесвіцы на самую вяршыню вежы. Стоячы там у бялюткай начной сарочцы, яна ўскідала рукі ўгару і радасна вітала ўвесь белы свет: і сонца, і неба, і лясы, і палі, і маленькі гарадок, які яшчэ спаў у гэты час. Потым яна збягала па халодных каменных прыступках уніз, надзявала кароткую спаднічку, хустачку, фартух і пачынала сваю штодзённую працу. Яна падмятала падлогу ў пакоях, гатавала сняданак, мыла посуд і скрэбла патэльні й каструлі. А рабіла яна ўсё гэта таму, што была сапраўдная Прынцэса. З усяе дворні, якая павінна была прыслугоўваць сваёй гаспадыні, засталася адна толькі мамка, якая даглядала Прынцэсу ад самага яе нараджэння. Мамка была ўжо старая і слабая, і таму Прынцэса забараняла ёй працаваць і ўсю хатнюю працу рабіла сама. А мамка сядзела ў фатэлі ды шыла ці вышывала. Прынцэса была сама сапраўдная — з малочна-белым тварам, блакітнымі, як нябёсы, вачыма, ільнянымі валасамі і сэрцам — з чыстага золата. Звалі дзяўчынку Сабрынэта, а прабабкай у яе была Сабра, тая самая, што пабралася шлюбам са Святым Георгам пасля таго, як ён забіў цмока. Вы, напэўна, ужо зразумелі, што ўся краіна павінна была належаць Прынцэсе: і лясы, што цягнуліся аж да гор, і паплавы, якія шырыліся да самага мора, і прыгожыя палі, дзе раслі пшаніца, какорыца, авёс ды жыта, і аліўкавыя сады, і вінныя склепы, дый сам невялічкі горад з яго вежамі і высокім мурам, вострымі чырвонымі дахамі і рознакаляровымі шыбамі ў вокнах. Гарадок стаяў у даліне, што раскінулася паміж вірным морам і высокімі гарамі, на якіх зіхацелі белыя снежныя шапкі. Сталася так, што бацька і маці ў Сабрынэты памерлі і, да таго часу, пакуль Прынцэса не падрасце, справамі каралеўства пакінулі займацца яе стрыечнага брата. Але кузэн паказаў сябе вельмі злосным і дрэнным Прынцам, ён захапіў усё каралеўства і прымусіў каралеўскіх падданых служыць толькі яму — словам, ён зрабіўся поўным гаспадаром у краіне. Маленькай Прынцэсе засталася толькі адна цмокатрывалая вежа, пабудаваная яшчэ ў старыя часы яе прадзедам Святым Георгам, а з усёй дворні кузэн ёй пакінуў адну толькі мамку. І вось аднойчы здарылася так, што Сабрынэта, адна ва ўсім каралеўстве, зрабілася сведкай нейкай дзіўнай і загадкавай з'явы. Рана раніцай, калі добрыя гараджане бачылі сама салодкія сны, яна як звычайна ўзбегла па каменных прыступках на вяршыню вежы і, як і кожны дзень, загледзелася на прыгожы краявід. З вежы далёка было відаць паплавы, за імі — парослы папараццю роў з вадою, а ўздоўж рова — абсаджаную прыгожымі ружамі агароджу, за якой пачынаўся лес. І раптам Сабрынэта ўбачыла, як ружовыя кусты затрэсліся, затрымцелі, і з іх выскачыла нешта вельмі яркае і бліскучае. Гэтае нешта бухнулася ў роў і, крыху пабоўтаўшыся ў вадзе, зноў схавалася за агароджай. Дзіва доўжылася ўсяго адну хвіліну, але Прынцэса паспела ўсё добра разгледзець. Яна падумала: «Божачкі, якая цікавая жывёла! І якога яна яркага колеру! Каб яна была трошкі большая ды каб я не ведала, што ў нашых краях даўно ўжо няма ніякіх жахлівых пачвараў, дык я напэўна вырашыла б, што гэта цмок». А жывёлу сапраўды можна было б палічыць за цмока, каб яна не была такая маленькая, ці за яшчарку — каб яна не была такая вялікая. Ва ўсякім выпадку даўжынёю яна была прыкладна з лаву, якую звычайна ставяць каля каміна ці печы. «Шкада, што яна так хутка схавалася ў лесе, — падумала Сабрынэта. — Мне ў маёй цмокатрывалай вежы, вядома, нічога не пагражае, але ж калі гэта ўсё-такі цмок, дык нават маленькі ён усё роўна можа каго-небудзь з'есці! А сёння якраз першае траўня, калі дзеці звычайна ходзяць у лес па кветкі». Прынцэса крыху пачакала, але нічога болей не ўбачыўшы, пайшла займацца сваімі справамі. Яна чыста-чыста ўсё прыбрала ў сваёй вежы, не пакінуўшы ні пылінкі нават у сама цёмным закуточку сама маленькага пакойчыка. Потым надзела белую, як малако, ядвабную сукенку з вышыванымі рознакаляровымі стакроткамі і зноў паднялася наверх. Праз поплаў да лесу радасна і бесклапотна беглі дзеці — збіраць глог. Да Сабрынэты даляталі іх вясёлыя спевы і смех. «Я ўсё-такі вельмі спадзяюся, — падумала Прынцэса, — што тая жывёліна была не цмок». Дзеці ішлі па двое, па трое і гуртам. На фоне зялёнай травы іх чырвоныя, блакітныя, белыя і жоўтыя сукенкі і кашулі здаваліся асабліва яркімі. «Нібыта зялёная ядвабная мантыя, якую вышылі кветкамі», — падумала Прынцэса і ўсміхнулася. Дзеці па двое і па трое, і цэлымі гуртамі пачалі знікаць у лесе, і неўзабаве мантыя поплава зноў засталася проста зялёнай. — Ну вось, усю вышыўку папаролі, — уздыхнула Прынцэса. У чыстым блакітным небе ярка ззяла сонейка; кветкі, раскіданыя ў свежай зялёнай траве, разгортвалі свае прыгожыя пялёсткі. Быў першы дзень траўня. Але раптам хмара захінула сонца, і цішыню працяў страшны крык, які ляцеў аднекуль здалёк. У тую ж хвіліну з лесу на лог шматкаляровым струменем хлынулі дзеці. Увесь поплаў залілі чырвона-жоўта-бела-блакітныя хвалі. Дзеці крычалі і вішчалі ад жаху. Але і ў гэтым страшэнным гармідары Прынцэсе ўдалося разабраць асобныя словы, якія лопаліся, як бурбалкі, праткнутыя вострай іголкай. — Цмок, цмок, люты цмок! — крычалі дзеці. — Хутчэй! Адчыніце браму! Цмок! Ідзе цмок! Адно за адным яны ўляцелі ў гарадскую браму, і Прынцэса пачула, як вароты ў іх за спінай з трэскам зачыніліся. На поплаве нікога больш не засталося. І ў гэты момант кусты ружаў на дальнім беразе рова затрэсліся, затрашчалі пад цяжарам нейкай вялізнай, палымянага колеру, жудаснай пачвары, якая кінулася ў роў, патаптала вакол усю папараць і зноў схавалася ў лясным гушчары. Прынцэса спусцілася ўніз і расказала пра ўсё, што ўбачыла, сваёй мамцы. Тая адразу зачыніла вялікія дзверы ў вежу на ключ і схавала яго сабе ў кішэню. — Няхай самі пра сябе клапоцяцца, — сказала яна, калі Сабрынэта папрасілася ў горад дапамагчы напалоханым дзецям. — У мяне свая справа, мая даражэнькая. Я павінна цябе зберагчы, і я цябе зберагу. Няхай я старая, але ключ у замку павярнуць яшчэ здольная. Сабрынэта зноў паднялася на вежу і горка заплакала, шкадуючы бедных дзетак. Яна добра ведала, што брама ў гарадскім муры не цмокатрывалая і што цмоку будзе зусім не цяжка прабрацца ў горад, калі толькі ў яго ўзнікне такое жаданне. Тым часам дзеці, вярнуўшыся ў горад, адразу пабеглі да Прынца і расказалі яму, што па лесе ходзіць вялізны і люты цмок. Прынц вельмі ўзрадаваўся, ён нават кінуў сцябаць пугай сваіх бедных сабак, што было ў яго ўлюбёнай забавай. — Цудоўнае будзе паляванне, — сказаў ён і загадаў, каб да палявання зараз жа падрыхтавалі найлепшую зграю гіпапатамаў. Тут трэба, відаць, сказаць, што ў Прынца была звычка паляваць на буйную жывёлу з гіпапатамамі. Увогуле жыхары каралеўства нічога супраць такой яго прыхамаці не мелі б, але кожны раз, калі Прынц выпраўляўся на шпацыр, верныя гіпапатамы ўсёй зграяй кідаліся за ім. Яны страшэнна раўлі і тапталі ўсіх, хто не паспяваў схавацца. Кожны Прынцаў выезд наганяў вялікі сум на зяленшчыкаў, што гандлявалі на базарным пляцы, і на ганчароў, якія прыгожа раскладалі тавар уздоўж тратуараў. Гіпапатамавае шэсце заўсёды канчалася для іх поўнай галечай. І вось Прынц выехаў з палаца. Гіпапатамы з грукатам пабеглі за ім, а людзі, ледзь пачуўшы гук ягонага рога і роў зграі, пабеглі хавацца па дамах. Зграя гіпапатамаў праціснулася праз браму і наўзгалоп памкнула праз лог — паляваць на цмока. Тым з вас, хто ніколі не бачыў палявання з гіпапатамамі, будзе, напэўна, цяжка ўявіць сабе гэтае незвычайнае відовішча. Бо, па-першае, гіпапатамы не брэшуць, як ганчакі, а рохкаюць, як свінні, ды яшчэ вельмі гучна і люта. А па-другое, яны ж, вядома, не бегаюць выключна па сцежках і не скачуць цераз агароджы, каб іх не папсаваць. Пасля сябе яны пакідаюць паламаны на трэскі плот, вытаптаныя палі і вельмі незадаволеных Прынцавым паляваннем фермераў. Кожны гіпапатам меў прыгожы срэбны аброжак, на якім былі выгравіраваныя імя гіпапатама і адрас. Але, калі фермеры звярталіся па адрасе, а гэта значыць — прыходзілі ў палац, і пачыналі скардзіцца на гіпапатамаў і распавядаць пра страчанае праз іх збожжа, Прынц адказваў: «А няма чаго пакідаць у мяне на дарозе непрыбраныя палі. Так вам і трэба!» — і ніколі нічога не плаціў. Цяпер вам, паважаныя чытачы, будзе, відаць, лягчэй зразумець, чаму знайшліся людзі, якія, убачыўшы, што Прынц выпраўляецца з гіпапатамамі на паляванне, ціхенька казалі: «А каб цябе самога цмок праглынуў!» Вядома, вельмі блага казаць так пра свайго гаспадара, але ж і гаспадар быў надта ўжо дрэнны. Паляўнічыя доўга шукалі цмока ў палях і ў лясах, але не толькі што яго не знайшлі, — а нават паху яго не ўчулі. Цмок, відаць, трапіўся надта ўжо сарамлівы — не хацеў паказвацца. І вось, калі Прынц ужо быў падумаў, што ніякага цмока няма, яго ўлюбёны стары гіпапатам падаў голас. Прынц адразу затрубіў у рог і голасна крыкнуў: «Ату яго, ату!» Уся зграя з тупатам паляцела з узгорка да лесу. А там, у нізіне, на ўскрайку лесу, раптам напраўду ўзнік сама сапраўдны цмок! Ён быў велічынёю з карабель, увесь пыхаў жарам, як агонь у печы, ды яшчэ раз-пораз пляваўся агнём, паказваючы вострыя бліскучыя зубы. — Паляванне пачалося! — радасна крыкнуў Прынц. І паляванне сапраўды пачалося. Цмок, замест таго, каб спалохацца і кінуцца наўцёкі (як належала б выхаванай жывёле), адразу рынуўся на гіпапатамаў і... Прынц, які сядзеў на слане і сам не надта спяшаўся на поле бою, з сорамам і расчараваннем убачыў, як той самы цмок, на якога яны ішлі паляваць, сам у адно імгненне праглынуў усю яго, найлепшую ў свеце, зграю. Цмок глытаў гіпапатамаў, як галодны сабака глытае кавалкі мяса. Горка было глядзець, як ад зграі, якая ўсяго некалькі хвілін назад весела рохкала пад гукі паляўнічага рога, не засталося ніводнага гіпапатамяня. А цмок усё яшчэ зіркаў улева ды ўправа, цікуючы, ці не прапусціў ён каго-небудзь. Убачыўшы ўсё гэта, Прынц ціхенька саслізнуў са слана — з таго боку, які быў далей ад цмока, — і з усіх ног кінуўся ў лясны гушчар, спадзеючыся, што цмок не прадзярэцца скрозь тоўстыя пераплеценыя галіны густых кустоў. Стаўшы на карачкі, хоць, вядома, сапраўдныя прынцы так сябе ніколі не паводзяць, ён хуценька папоўз наперад і жвава схаваўся ў дупле высокага дрэва. У лесе панавалі цішыня і спакой. Цяжка было ўявіць, што недзе паблізу ходзіць люты цмок. Мала-памалу Прынц супакоіўся. Ён папіў са сваёй срэбнай паляўнічай біклагі, выцягнуў ногі і, утульна ўладкаваўшыся, заснуў. Пры гэтым ён не толькі слязінкі не праліў, але й не ўздыхнуў нават па сваіх няшчасных гіпапатамах, якіх сам прыручыў, якія елі з ягоных рук і доўгія гады верна служылі яму, рызыкуючы на паляванні жыццём, толькі каб яго пазабавіць. Але ж Прынц быў не сапраўдны: у яго былі жорсткія зблытаныя валасы, брудна-шэры твар і каменнае сэрца. Ён спаў, гучна храпучы на ўвесь лес, а калі прачнуўся, ужо стаяла цёмная ноч. Прынц выпаўз з дупла і працёр вочы. Усё вакол было пакрытае непрагляднаю цемрай, і толькі недзе непадалёку свяціўся маленькі чырвоны агеньчык. Прынц вырашыў паглядзець, што там такое. Ён падышоў бліжэй і ўбачыў невялічкае вогнішча. Побач сядзеў юнак з доўгімі залацістымі валасамі. Ён быў у лахманах, але твар у яго быў вельмі прыгожы і добры. Крыху воддаль Прынц заўважыў нейкіх дзіўных жывёл, якія, здаецца, спалі. — Хто ты? — ганарыста спытаўся Прынц. — Я Эльфін, свінапас, — адказаў юнак у лахманах. — А вы хто? — Я — Прынц Абрыдак. — Што ж гэта вы робіце ноччу ў лесе, так далёка ад свайго палаца? — здзівіўся Эльфін. — Я тут паляваў непадалёку. Свінапас зарагатаў: — Дык тады гэта, значыць, я вас бачыў! Нічога сабе, добрае паляванне! Я за ім назіраў разам з маімі свінкамі. Гэта было вельмі цікава. Усе жывёлы адразу засаплі ў сне і зарохкалі, і Прынц пазнаў свіней — у каго ж яшчэ могуць быць такія манеры? — Каб было вядома тое, што ведаю я, вы маглі б уратаваць сваю зграю, — прамовіў юнак. — Пра што ты гаворыш? — падазрона спытаўся Прынц. — Як пра што? Вядома ж, пра цмока, — растлумачыў Эльфін. — Рэч у тым, што вы выйшлі паляваць не ў той час. На цмока трэба паляваць уначы. — Вось ужо дзякуй, — прашаптаў Прынц і перасмыкнуў плячыма. — Паляваць удзень мне падабаецца неяк болей. Ну і дурань жа ты, свінапас! — Што ж, — усміхнуўся Эльфін, — як сабе хочаце. Але хутчэй за ўсё заўтра цмок сам будзе паляваць на вас. Вельмі будзе цікава паглядзець! — А ты яшчэ і грубіян! — абурыўся Прынц. — Ды які я грубіян? Проста шчыра кажу тое, што думаю, — адказаў Эльфін. — Ну дык тады скажы мне, што ж такое ты ведаеш, што каб гэта было вядомае мне, дык я ўратаваў бы сваіх гіпапатамаў? — Вы не надта добра валодаеце роднаю мовай, Прынц. Ну, ды няхай. Але што вы мне дасце, калі я скажу? — Калі скажаш мне што? — хітра перапытаў Прынц. — Тое, што вы хочаце ведаць. — А я нічога не хачу ведаць, — адказаў Абрыдак. — Дык вы нават дурнейшы, чым я думаў, — здзівіўся свінапас. — Няўжо вы не хочаце пакончыць з цмокам, пакуль ён не пакончыў з вамі? — Увогуле гэта было б няблага, — прызнаўся Прынц. — Я ніколі не вызначаўся цярплівасцю, але цяпер у мяне ўжо зусім яе не засталося. Апошні раз пытаюся, што вы дасце мне за тое, што я скажу? — Палову каралеўства і маю кузіну Прынцэсу за жонку, — хуценька адказаў Абрыдак. — Добра, — пагадзіўся свінапас. — Тады слухайце: цмок уначы робіцца маленькі! Ён спіць пад карэннем гэтага дрэва, і звычайна я карыстаюся ім як запальнічкай, каб развесці агонь. І праўда, калі Прынц прыгледзеўся, дык убачыў, што пад каранямі дрэва, ва ўтульным імшаным гняздзечку, спіць цмок. Даўжынёю ён быў усяго толькі з палец. — І як мне яго можна забіць? — спытаў Прынц. — Не ведаю, ці можна яго забіць проста так, але ж яго можна засунуць у вашую біклажку, а потым занесці куды-небудзь. Гэтая думка прыйшлася Прынцу даспадобы. Удвух яны, крыху апёкшы пальцы, сяк-так здолелі прымусіць цмока запаўзці ў срэбную біклагу, без якой Прынц ніколі не выпраўляўся на паляванне. І Прынц шчыльна закруціў на ёй корак. — Вось і цудоўна, — сказаў Эльфін, — а цяпер трэба занесці гэтую біклагу ў палац і запячатаць яе Саламонаваю пячаткай. Тады можна будзе не хвалявацца. Хадзем хутчэй, а заўтра зранку падзелім каралеўства, і тады ў мяне будуць грошы на прыгожую вопратку і падарункі. Мне хочацца хутчэй пазнаёміцца з Прынцэсай. Адкуль добраму Эльфіну было ведаць, што Прынц Абрыдак ніколі не выконвае сваіх абяцанняў?! — Што? Ты хочаш пайсці са мною? — закрычаў ён. — Ты што гэта выдумаў, свінапас? Гэтага лютага цмока знайшоў я, Прынц Абрыдак, і я, гаспадар гэтай краіны, захапіў яго ў палон. Я ўвогуле ні слова не казаў ні пра каралеўства, ні пра вяселле. А калі табе нешта такое падалося, дык я зараз жа адсяку табе галаву. І Прынц выцягнуў меч. — Добра, — паціснуў Эльфін плячыма, — мне так яшчэ й лепей. — Што гэта ты маеш на ўвазе? — закрычаў Прынц. — Ды нічога. Толькі тое, што я нічым не звязаны і ў мяне застаюцца мае свінні, а ў вас — вашае цудоўнае каралеўства, — растлумачыў Эльфін і ў думках дадаў: «І цмок». Прынц пайшоў, а Эльфін са сваімі чорнымі свіннямі, якіх было роўна семдзесят пяць, застаўся каля вогнішча. Прынц вярнуўся ў палац пасярэдзіне ночы, але, нягледзячы на гэта, загадаў неадкладна склікаць Парламент і ўрачыста абвясціў пра сваю перамогу над лютым цмокам. Міністры пачалі наўзахваткі хваліць смеласць і розум свайго гаспадара, хоць мала хто сапраўды паверыў яму. Але ніводзін Міністр не насмеліўся паказаць свайго недаверу, бо ўсім быў вядомы злосны і помслівы Прынцаў нораў. Першы Міністр урачыста запячатаў біклагу з цмокам Саламонаваю пячаткай і сам занёс яе ў скарбніцу, у якой былі мядзяныя сцены таўшчынёю аж на два метры. Біклагу асцярожна паклалі паміж мяхамі, поўнымі золата. І на ўсю ноч пакінулі ў скарбніцы малодшага пісара малодшага сакратара малодшага Лорда Скарбніка, каб той вартаваў біклагу. Малодшы пісар ніколі ў жыцці цмокаў не сустракаў (хіба што ў дзіцячых казках), дый не надта ён верыў, што Прынц сапраўды захапіў цмока, бо Абрыдак ніколі не быў надта сумленны і мог прынесці проста пустую пляшку. І таму гэты сакратар нават парадаваўся такому, на першы погляд, страшнаму даручэнню і ў добрым гуморы застаўся ў скарбніцы. Яму аддалі ключ, — і калі горад зноўку заснуў, ён паклікаў да сябе ў скарбніцу некалькі сваіх сяброў, малодшых пісараў іншых лордаў. Яны пачалі весела гуляць у хованкі сярод мяхоў з золатам, потым у каменьчыкі, падкідваючы дыяменты, смарагды ды перлы, якія ляжалі ў вялізных куфрах з разной слановае косткі. Моладзь забаўлялася... А ў мядзянае скарбніцы рабілася неўпрыкмет усё гарачэй і гарачэй. І раптам сама малодшы пісар закрычаў: — Глядзіце! Глядзіце на біклагу!!! Запячатаная Саламонаваю пячаткай біклажка павялічылася ўтрая і аж пачырванела ад жару! Паветра ў скарбніцы зусім распалілася, а біклага ўсё расла і расла. І тады пісары неяк усе адразу вырашылі, што пара, відаць, даваць цягу. І спатыкаючыся аб мяхі і куфры, кінуліся да выхаду. Ледзь толькі апошні паспеў вылецець за вароты і навесіць замок, як біклага разляцелася на кавалкі, і на яе месцы ў скарбніцы ўзнік люты цмок. Кожную хвіліну ён павялічваўся ў некалькі разоў, пакуль не зрабіўся велічынёю ажно з цэлую гару. Тады ён без разбору пачаў глытаць усе Прынцавы каштоўнасці — золата, дыяменты, рубіны, смарагды, перлы. Яму ўсё было аднолькава даспадобы. За час сняданку цмок знішчыў усё Прынцава багацце. І калі а дзесятай гадзіне Прынц выправіўся на шпацыр, дык быў вельмі непрыемна ўражаны, убачыўшы цмока, які спрабаваў пралезці праз паламаную браму скарбніцы. Брыдка было глядзець, як з яго жудаснай пашчы па тоўстым пузе цячэ расплаўленае золата. Прынц задаў дзёру. Яшчэ ніколі ў жыцці яму не даводзілася так бегчы. Але ж ён ратаваў жыццё, якое вельмі любіў. А бег ён да цмокатрывалай вежы, дзе жыла Сабрынэта. Маленькая Прынцэса, убачыўшы Абрыдка, кінулася па сходах уніз, хуценька ўпусціла яго ў вежу і з трэскам зачыніла дзверы якраз перад гідкаю цмокавай пысай. Цмок сеў пад дзвярыма і зарумзаў, — яму вельмі хацелася з'есці Прынца. А Сабрынэта правяла Прынца ў найлепшы пакой у вежы, заслала стол найлепшым абрусам, а ён быў белы-белы і яго вышывала золатам яшчэ яе маці — і пачала частаваць яго. Сабрынэта прынесла свежы белы хлеб і белы вінаград, узбітыя вяршкі і шмат чаго іншага смачнага і добра прыгатаванага. Яна прыняла Абрыдка як магла ветліва, быццам гэта быў не злосны Прынц, які забраў сабе яе каралеўства, а нехта зусім іншы. Але дзіўнага тут нічога няма, бо Сабрынэта была сапраўдная Прынцэса і сэрца ў яе было з чыстага золата. Калі ж Прынц наеўся ды напіўся, дык папрасіў Прынцэсу паказаць, як адчыняюцца і зачыняюцца ў вежы дзверы. Мамка спала і нічога не чула, і таму ніхто не мог забараніць Прынцэсе адкрыць такому злыдню гэтую таямніцу. Прынцэса ўсё расказала. — Трэба павярнуць ключ вось так, — тлумачыла яна, — але дзверы тады яшчэ не адчыняцца. Але калі потым павярнуць ключ дзевяць разоў назад, дзверы адчыняцца. Так і здарылася. А як толькі дзверы адчыніліся, Прынц выпхнуў гаспадыню з вежы (гэтак жа, як выпхнуў яе з каралеўства) і хуценька зачыніў дзверы ў яе за спінай. Адзіная ў каралеўстве цмокатрывалая вежа павінна была належаць толькі яму! Прынцэса апынулася на вуліцы якраз побач з цмокам, які ўсё яшчэ румзаў. Але цмок не звярнуў на яе ўвагі, бо ніводзін цмок, нават сама люты, не можа дакранацца да бялюткіх Прынцэс, у якіх сэрца з чыстага золата (але гэтага не ведала нават старая мамка). Прынцэса была выхаваная вельмі добра і ведала, што выходзіць у горад без капялюшыка і пальчатак, асабліва калі на табе такая чароўная ядвабная сукенка з вышыванымі стакроткамі, непрыстойна. Сапраўдная лэдзі не магла сабе гэтага дазволіць. І таму яна пайшла не да горада, а зусім у іншы бок, рушыўшы праз поплаў да лесу. Сабрынэта яшчэ ніколі не выходзіла са сваёй вежы, бо мамка ёй гэтага не дазваляла, і калі яна ступіла на мяккую мурожыстую траву, яна адчула проста райскую асалоду. Але доўга захапляцца часу ў яе не было, і яна хутчэй пабегла хавацца ў лясны гушчар, бо не ведала, што ў яе залатое сэрца, і таму, вядома, як сама звычайная дзяўчынка, вельмі спалохалася цмока. У лесе, у невялічкім логу, яна натрапіла на Эльфіна і на семдзесят пяць ягоных прыгожых чорных свінак. Эльфін іграў на флейце, а свінкі кружылі і танчылі на задніх нагах. — Калі ласка, — сказала Прынцэса, — паклапаціцеся пра мяне, мне вельмі страшна. — Добра, — адказаў Эльфін і абняў яе. — Вось. Цяпер вам няма чаго баяцца. А хто пасмеў вас так напалохаць? — Цмок, — ледзь чутна шапнула яна. — Ага, дык ён такі вылез са срэбнай біклагі! — сказаў Эльфін. — Спадзяюся, ён з'еў гэтага брыдзюка — Прынца. — Не, Прынцу цяпер нічога не пагражае, — цяжка ўздыхнула Прынцэса. — А чаму вы так яго называеце? Тады Эльфін расказаў ёй пра сустрэчу з Прынцам і пра тое, як Прынц злосна падмануў яго. — Ён абяцаў мне палову каралеўства і сваю кузіну ў жонкі! — Божа мой! Які сорам! — абурана крыкнула Прынцэса і паспрабавала вызваліцца з ягоных абдымкаў. — Як ён пасмеў! — Што здарылася? — спытаў Эльфін і абняў яе яшчэ мацней. — Яму сапраўды павінна было б быць сорамна, прынамсі, мне так здавалася. Але цяпер, цяпер няхай яму застаецца ўсё яго каралеўства, абы мне засталося тое, што мне даражэй за ўсё на свеце! — Вы гэта пра што? — спытала Прынцэса. — Пра што? Не пра што, а пра каго! Пра цябе, пра каго ж яшчэ?! Бо ты — мая прыгажуня, маё яснае сонейка! — усхвалявана пачаў тлумачыць Эльфін. — А што да Прынцэсы, ягонай кузіны, — дык ты ўжо мне, мілая, прабач, але ж я тады сапраўднай Прынцэсы, адзінай у свеце Прынцэсы, маёй Прынцэсы яшчэ не бачыў! — Ты гэта пра мяне кажаш? — здзівілася Сабрынэта. — А што, ты тут бачыш каго-небудзь іншага? — Але ўсяго пяць хвілін таму ты пра мяне нічога не ведаў. — Пяць хвілін таму я быў звычайны свінапас, а цяпер, калі ты побач, я адчуваю сябе сапраўдным Прынцам! Хоць са свіннямі я не разлучуся да канца маіх дзён. — Але ж ты нават не папытаў у мяне! — Дык гэта ж ты папрасіла мяне паклапаціцца пра цябе? Менавіта гэтым я і збіраюся цяпер займацца ўсё жыццё. Вырашыўшы гэтае пытанне, яны пачалі абмяркоўваць сур'ёзныя і складаныя справы — цмока і Прынца. Эльфін не ведаў, што побач з ім сапраўдная Прынцэса, але адчуваў, што сэрца ў яго каханай з чыстага золата (пра што ён не аднойчы сказаў Сабрынэце). — Уся памылка ў тым, што біклага ў яго не цмокатрывалая, — разважаў Эльфін, — цяпер я гэта разумею. — І толькі ў гэтым уся справа?! — узрадавалася Прынцэса. — Дык тады ўсё цудоўна. Я зараз пайду і прынясу якую-небудзь бутэльку — у маёй вежы ўсё цмокатрывалае. Мы абавязкова павінны адолець цмока і выратаваць дзетак. Сабрынэта рушыла па цмокатрывалую бутэльку, але Эльфіну пайсці з сабой не дазволіла. — Калі ўсё, што ты кажаш — праўда, — сказала яна, — і калі ты ўпэўнены, што ў мяне залатое сэрца, дык цмок не кране мяне. А тут нехта павінен застацца, бо нельга пакідаць свінак адных. Эльфін быў цалкам упэўнены, што сэрца ў яе залатое, і таму ўрэшце пагадзіўся адпусціць Прынцэсу адну. Падышоўшы да вежы, Сабрынэта са здзіўленнем убачыла, што вялікія дзверы ў вежу адчыненыя. А здарылася вось што: некалькі доўгіх гадзін цмок цярпліва сядзеў ля вежы і чакаў Прынца. А як толькі той адчыніў дзверы, каб на хвілінку выбегчы і ўкінуць у паштовую скрынку ліст да свайго Першага Міністра (у якім паведамляў, дзе ён цяпер знаходзіцца, і загадваў тэрмінова выслаць на барацьбу з цмокам каралеўскую пажарную брыгаду), — як толькі ён гэта зрабіў, цмок хуценька праглынуў яго і, не марудзячы болей, пасунуўся да лесу, бо наставаў час рабіцца маленькім і класціся спаць. Сабрынэта спакойна ўвайшла да сябе, пацалавала мамку, прыгатавала ёй кубачак смачнай гарбаты і распавяла пра ўсё, што здарылася, ды сказала, што сэрца ў яе, як высветлілася, — з чыстага золата і таму цмок не можа зрабіць ёй нічога дрэннага. Тады, зразумеўшы, што ніякая небяспека Прынцэсе не пагражае, мамка дазволіла ёй вярнуцца ў лес. А Сабрынэта ўзяла цмокатрывалую бутэльку з напаліраванага да бляску мосенжу і шпарка пабегла да Эльфіна, які пачаў быў ужо хвалявацца. — Я ўжо баяўся, што ты ніколі не вернешся, — сказаў ён, — здаецца, я прачакаў цябе цэлых сто год. Прынцэса прысела побач з Эльфінам на траву, і так, трымаючы адно аднаго за рукі, яны моўчкі прасядзелі разам з чорнымі свінкамі, пакуль не сцямнела. Калі ж зрабілася зусім цёмна, яны ўбачылі цмока, які шпарка поўз да дрэва, і за ім на мху заставаўся гарэлы след. Цмок хутка памяншаўся і зрабіўся нарэшце даўжынёю з палец. Тады ён залез пад корань і, утульна скруціўшыся, падрыхтаваўся да сну. — Пара, — сказаў Эльфін. Сабрынэта ўзяла бутэльку, а Эльфін пачаў падштурхваць цмока галінкамі і прымусіў яго запаўзці ўсярэдзіну. Але ў іх не было чым бутэльку закаркаваць!!! — Ну, нічога, — вырашыў Эльфін, — замест корка я ўсуну свой палец! — Не, дазволь лепей мне, — папрасіла Прынцэса, але адразу зразумела, што Эльфін ёй гэтага не можа дазволіць. Хлопец асцярожна засунуў палец у рыльца бутэлькі. Прынцэса закрычала: — Хутчэй! Трэба бегчы да мора! Эльфін моцна схапіў бутэльку з цмокам, і яны пабеглі. А за імі доўгаю чорнаю чарадой трушком беглі свінні. Бутэлька пачала награвацца, бо цмок што было моцы пачаў плявацца агнём. Яна рабілася ўсё гарачэйшая і гарачэйшая, пакуль не распалілася аж да чырвані. Але Эльфін ні на хвіліну не выпускаў яе з рук. І вось нарэшце яны ўзбеглі на скалу і ўбачылі ўнізе блакітнае мора. А гэтае мора было славутае сваім вірам, які мог зацягнуць і патапіць нават сама вялікі карабель. Эльфін размахнуўся і шпурнуў бутэльку далёка-далёка. Яна ўзляцела ажно да зор, а потым трапіла ў самую сярэдзіну віру. — Мы выратавалі краіну, — урачыста сказала Прынцэса. — Ты ўратаваў маленькіх дзетак. Дай мне сваю руку. — Не магу, — сумна адказаў Эльфін. — Мілая мая, я ўжо ніколі не змагу ўзяць цябе за ручку, бо мае рукі згарэлі. І праўда, замест рук у яго засталіся толькі чорныя вугалі. Прынцэса ў слязах пачала цалаваць абвугленыя Эльфінавы рукі, а потым разадрала сваю чароўную белую сукенку і дбайна іх перавязала. Неўзабаве яны вярнуліся дадому і расказалі пра ўсё Прынцэсінай мамцы. А свінні тым часам сядзелі вакол вежы і цярпліва чакалі. — Ва ўсім свеце не знайсці чалавека, смялейшага за Эльфіна, — сказала Прынцэса. — Сваёю адвагаю ён уратаваў нашую краіну і маленькіх дзетак. Але бедныя, бедныя яго рукі! У гэтую хвіліну дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшла сама старая свіння. Яна падышла да Эльфіна і, пяшчотна рохкаючы, пацерлася аб яго бокам. — Вы толькі паглядзіце! — сказала мамка і абцерла слязу. — Жывёліна, а разумее, усё разумее! Сабрынэта пачухала свінцы за вухам, бо ў Эльфіна цяпер рук не было. — Адзіны сродак ад цмокавых апёкаў, — зноў сказала мамка, — гэта свіны тлушч. І адданая істота ведае гэта. — Ні за што ў свеце! — крыкнуў Эльфін і паспрабаваў палашчыць свінку абпаленым локцем. — Няўжо нічога іншага нельга прыдумаць? — спытала Прынцэса. Але тут яшчэ адна, чорная, як вугаль, свінка ўвайшла ў пакой. Потым яны пачалі ўваходзіць адна за адной, і неўзабаве ўвесь пакой быў запоўнены круглымі чорнымі свіннямі. Яны ласкава рохкалі, і кожная спрабавала падлезці да Эльфіна. — Ну... Увогуле ёсць яшчэ адзін сродак, — адказала мамка. — Мілыя, адданыя жывёлы! Яны ўсе гатовыя памерці, каб уратаваць Эльфіна. — Які сродак, які? — з хваляваннем перапытала Прынцэса. — Калі ў каго-небудзь цмокавы апёк, — задуменным голасам пачала мамка, — і пэўная колькасць асобаў гатовая памерці, каб уратаваць яго, дык кожнай з гэтых асоб дастаткова пацалаваць яго ў абпаленае месца і ад усяе душы пажадаць, каб раны загаіліся. — Колькі, скажы, колькі павінна быць такіх асобаў?! — закрычала Прынцэса. — Семдзесят сем. — Свінак семдзесят пяць, а я семдзесят шостая! — узрадавана лічыла Прынцэса. — Павінна быць роўна семдзесят сем, а я ну ніяк не магу дзеля яго памерці. Так што нічога не зробіш, — сумна сказала мамка, — не будзе ў яго рук. — Я ведаў пра гэты сродак, — усхвалявана сказаў Эльфін. — Але я не думаў, што мае дарагія свінні і ты, мая каханая, так мяне любіце! Ёсць, праўда, яшчэ трэці сродак, але лепш я памру, чым ажанюся з кім-небудзь апроч цябе, мая мілая! — А з кім табе трэба ажаніцца, каб загаіць цмокавыя апёкі? — спытала Сабрынэта. — З сапраўднай Прынцэсай. Менавіта так Святы Георг уратаваў жыццё пасля бойкі з цмокам. — Глядзі ты! — здзівілася мамка. — Я ўжо такая старая, але нават і чуць не чула пра гэта. А Сабрынэта кінулася да Эльфіна і моцна абняла яго. — Тады ўсё цудоўна, мой мілы, смелы, адзіны ў свеце Эльфін, — пяшчотна сказала яна, — таму што я якраз і ёсць сама сапраўдная Прынцэса, а ты будзеш мой Прынц. Збірайся хутчэй, мамулька, гэты раз можна выйсці й без капелюша. Мы зараз пойдзем і адразу пажэнімся. І яны пайшлі, а ўрачыстыя чорныя свінні чынна, выставіўшыся парамі, рушылі за імі. Як толькі Эльфіна і Сабрынэту абвясцілі мужам і жонкай, рукі ў Эльфіна загаіліся, і на іх не засталося нават следу ад цмокавых апёкаў. Людзі, якім Прынц Абрыдак і ягоныя гіпапатамы вельмі надакучылі, адразу абралі Сабрынэту і яе мужа паўнамоцнымі гаспадарамі краіны. Наступнаю раніцай Прынц з Прынцэсаю выправіліся на шпацыр. Яны хацелі паглядзець, ці не прыбіла цмока да берага. Але лютага цмока яны нідзе не знайшлі і толькі ўбачылі, як над вірам узнімаецца вялікі стаўбур пары. Рыбакі сказалі, што вада на некалькі кіламетраў вакол зрабілася такая гарачая, што з ёю можна галіцца. Вада ў тых мясцінах засталася гарачая і да нашых часоў: вось які люты быў гэты цмок — нават цэлага мора не хапіла, каб астудзіць яго. Але з вірам цмок справіцца не можа — толькі круціцца ваўчком недзе ў самай глыбіні мора і, сам таго не жадаючы, робіць карысную справу: грэе рыбакам ваду для галення. А Прынц з Прынцэсаю кіруюць сваёю краінай добра і мудра. Прынцэсіна мамка жыве разам з імі, ёй нічога не дазваляюць рабіць — хіба што вышыць Прынцэсе сукенку золатам, на што мамка вялікая майстрыха. Гіпапатамаў Прынц не трымае, і ўжо аднаго гэтага дастаткова, каб падданыя яго вельмі любілі. Семдзесят пяць адданых свінак жывуць у мармуровым свінарніку, усе ў асобных пакойчыках, і на дзвярах у іх выгравіраваныя мянушкі і вісяць медзяныя званочкі. Два разы на дзень свінкі прымаюць ванну: іх мыюць мяккімі губкамі, прывезенымі з далёкіх краін, і мылам, якое пахне браткамі. Ніхто не злуецца, калі яны выходзяць з Прынцам на шпацыр, бо свінкі паводзяць сабе як сапраўдныя лэдзі, ходзяць толькі па тратуары і ніколі не збочваюць на траву. Прынцэса ў сама першым сваім загадзе пад страхам смерці забараніла ўжываць слова «свініна» і загадала нават выкрэсліць гэтае слова з усіх слоўнікаў!
К.Грэхэм
ЛАГОДНЫ ЦМОКВельмі-вельмі даўно — шэсцьсот, а можа, і семсот год назад — у маленькім дамочку, што стаяў каля самых гор, жыў пастух з жонкай ды сынам. Амаль усе дні (а часам і ночы) пастух праводзіў высока ў гарах, і за сяброў яму там былі толькі сонца, зоркі, бараны ды авечкі. А людзі жылі з другога боку даліны ў вялікай шумнае вёсцы. Маленькі пастухоў сынок амаль увесь вольны час бавіў, уткнуўшы нос у тоўстыя кнігі, якія яму з радасцю давалі чытаць і тамтэйшы святар, і тамтэйшая шляхта, бо хлопчык быў ветлівы, мілы і таму вельмі ўсім падабаўся. Бацькі таксама моцна любілі свайго сыночка і ганарыліся ім, хоць нічога такога ніколі пры ім не казалі. Яны заўсёды дазвалялі хлопцу займацца сваімі справамі і ставіліся да яго як да роўнага. Бацькі разумелі, што кніжныя веды часам вельмі добра прыдаюцца ў жыцці. Больш за ўсё хлопчыку падабаліся кнігі па прыродазнаўству і казкі. Ён чытаў іх усе запар, адну за адной, нібыта складаючы сэндвіч (і нам яго метода падаецца даволі-такі слушнай). Іх сям'я жыла ў ладзе ды згодзе, але аднойчы здарылася вось што... Адным вечарам пастух, які апошнім часам быў чамусьці нейкі знерваваны і заклапочаны, увайшоў у хату ўвесь спалатнелы, рукі ў яго дрыжалі ад жаху. Жонка і сын сядзелі за сталом: жонка нешта цыравала, а сын з захапленнем чытаў пра прыгоды Волата, у якога не было сэрца. Пастух узрушана прамовіў: — Усё, Марыя, хопіць з мяне. Я болей не магу хадзіць у горы, і ніхто мяне не прымусіць гэта рабіць. — Ну што ты, супакойся, — сказала жонка (а гэта была вельмі разумная й разважлівая жанчына), — сядай хутчэй да стала ды павячэрай. А потым пра ўсё нам раскажаш, і мы разам вырашым, што рабіць. — Гэта пачалося некалькі дзён назад, — пачаў свой расказ пастух. — Ведаеце тую пячору на левым схіле? Я чамусьці заўсёды яе недалюбліваў. Дый авечкам яна ніколі не падабалася, а вы самі ведаеце, што калі ўжо авечкі што-небудзь не ўпадабаюць — нічога добрага чакаць не даводзіцца. Дык вось, апошнім часам з тае пячоры чуліся нейкія цяжкія ўздыхі, сапенне і дзіўны храп. Так, так, сапраўдны храп, які ішоў аднекуль здалёк і знізу. Вядома, я часам і сам магу задаць храпака, але ж гэта было зусім не тое, разумееце? — Я разумею, — ціха прамовіў хлопчык. — Безумоўна, я быў напалоханы, але мне не надта хацелася адтуль сыходзіць. Вельмі ўжо добрая там расце трава! І вось сёння, якраз перад тым як вяртацца дадому, я падышоў трошкі бліжэй. І там, побач з пячорай... О, Божа! Я ўбачыў яго гэтак жа ясна, як бачу цяпер вас! — Убачыў каго? — запыталася жонка. Яна й сама пачала ўжо нервавацца. — Дык я ж кажу: яго! — адказаў пастух. — Ён напалову высунуўся з пячоры і дыхаў свежым начным паветрам. У яго быў такі рамантычны выгляд... А велічынёй ён з нашую хату і ўвесь пакрыты буйною бліскучай луской, цёмна-блакітнай на спіне і бледна-зялёнаю на жываце. А калі ён выдыхае паветра, дык з носа ў яго вылятаюць іскрынкі. Ён паклаў галаву на пярэднія лапы і ціха мармытаў, нібыта пра нешта сам з сабою разважаючы. Нічога дрэннага, праўда, сказаць пра яго не магу — паводзіў ён сябе вельмі прыстойна. І выгляд у яго міралюбівы. Гэта я мушу прызнаць. Але ж калі паглядзець з іншага боку?! Уся гэтая луска, пазуры! Ды яшчэ й хвост, напэўна! Хоць ззаду я, праўда, яго не бачыў. Але, далібог, мне дагэтуль яшчэ цяжка ўявіць, што мне гэта не прыснілася. Не, я ніколі да гэтага не прызвычаюся і ніколі ўжо не прымушу сябе зноў хадзіць у горы. Хлопчык, які, здавалася, увесь гэты час засяроджана чытаў і не надта прыслухоўваўся да размовы, згарнуў тоўстую кнігу, пазяхнуў і, пачухаўшы патыліцу, сонным голасам прамовіў: — Тата! Ну чаго ты так узнерваваўся?! Супакойся. Гэта ж усяго толькі цмок. — Усяго толькі цмок?! — раз'юшыўся бацька. — Начытаўся рознай дрэні! Я табе пакажу «цмок»! Што ты ўвогуле разумееш у цмоках?! — Але, гэта ўсяго толькі цмок, — паўтарыў хлопчык. — Паслухай, тата, мы ж з табой знаемся ў розных рэчах: ты ўсё ведаеш пра надвор'е, пра баранчыкаў ды пра горы. Ну, а я — я сёе-тое ведаю пра цмокаў. Прыгадай, я заўсёды казаў, што тая пячора — цмокава. Я быў упэўнены, што некалі яна належала цмоку, дык чаму б ёй не належаць цмоку цяпер? Пагадзіся, тата, нічога дзіўнага няма, што ў цмокавай пячоры нарэшце з'явіўся цмок. Я болей здзівіўся б, каб цмока там не было. А цяпер супакойся, пакінь гэтую справу мне і не турбуйся болей. Я паспрабую схадзіць да пячоры заўтра зранку ці схаджу ўвечары, бо зранку, відаць, буду заняты. Спакойна пагутару з цмокам, і ты ўпэўнішся, што ўсё добра і няма чаго хвалявацца. Але ты павінен паабяцаць, што не пойдзеш да пячоры адзін. Бо ты зусім не разумееш цмокаў і выпадкова можаш яго пакрыўдзіць. А цмокі вельмі ўразлівыя і чуллівыя істоты. — Наш сын мае рацыю, — разважным голасам сказала маці. — Ён шмат чытае і сапраўды ўсё ведае пра цмокаў і розных іншых жывёл, якія сустракаюцца ў кнігах. Дый, шчыра кажучы, мне самой шкада бедную істоту: ляжыць там, высока ў гарах, зусім адзін, без гарачай вячэры, дый нават словам перамовіцца няма з кім. Можа, мы маглі б што-небудзь зрабіць для яго. Ну, а калі раптам гэты цмок не зусім прыстойны, дык наш сын адразу гэта высветліць. Ты ж ведаеш, бацька, што сын у нас вельмі ветлівы, і звычайна ўсе любяць пагутарыць з ім. Наступным вечарам, папіўшы гарбаты, хлопчык выправіўся ў горы. Ён ішоў па ледзь прыкметнай сцяжынцы, якую ведалі толькі яны з бацькам. Побач з пячорай, на мяккай зялёнай траве, ляніва выцягнуўшыся ва ўсю сваю немалую даўжыню, ляжаў цмок. Перад ягонымі вачыма распасціраўся цудоўны краявід: улева і ўправа хвалямі дыбіліся голыя горныя вяршыні, унізе, у даліне, можна было разгледзець белыя ніткі дарог, якія цягнуліся праз сады і прыгожыя палі, а на даляглядзе віднеліся шэрыя абрысы старых гарадоў. Вецер нёс прахалоду і гуляў з маладой траўкай. У аксамітных цёмна-блакітных нябёсах ужо выглянуў срэбны рог маладзіка. Не дзіва, што цмок быў у паэтычным настроі. Выглядаў ён вельмі задаволеным, а калі хлопчык падышоў бліжэй, дык са здзіўленнем пачуў, што цмок ціхенька нешта вуркоча. «Ну, сапраўды, што жывем, то вучымся, — падумаў хлопчык. — Ніводная кніга не кажа, што цмокі вуркочуць». — Прывітанне, цмок, — ціха сказаў хлопчык, падыходзячы зусім блізка. Пачуўшы яго хаду, цмок зрабіў быў ветлівую спробу падняцца, але, убачыўшы, што яго турбуе ўсяго толькі хлопчык, сурова насупіў бровы. — Толькі паспрабуй мяне ўдарыць, — закрычаў цмок, — ці кінуць каменем, ці абліць вадой, ці яшчэ што-небудзь! Не смей гэтага рабіць, а то я... — Ды не збіраюся я цябе чапаць, не бойся, — стомлена сказаў хлопчык і апусціўся на траву побач з жывёлай. — І, калі ласка, не кажы мне «не смей» — я ўвесь час толькі «не смей» і чую. А гэта так надакучвае, разумееш? Я проста зайшоў, каб даведацца, як твае справы. Можа, табе трэба што, ну й гэтак далей. Але калі я перашкаджаю, дык магу хуценька прыбрацца адсюль. У мяне шмат сяброў, і ніводзін не скажа, што я маю звычку каму-небудзь навязвацца. — Ну, прабач, не крыўдуй на мяне, — хуценька перапрасіў цмок. — Мне будзе прыемна пагутарыць з табою. Калі ласка, не спяшайся сыходзіць. Я, ведаеш, удзень увесь час заняты, ніводнай вольнай хвілінкі няма, даражэнькі ты мой, ніводнай вольнай хвілінкі! Але ўвечары... Дый, паміж намі кажучы, увогуле бывае крыху сумнавата. Хлопчык сарваў сцяблінку, пажаваў яе. — Ты тут надоўга? — спытаў ён у цмока. — Нават не ведаю, што адказаць. Пэўна яшчэ не вырашыў, — сказаў цмок. — Я ж тут зусім нядаўна, трэба добра агледзецца, памеркаваць, а тады ўжо вырашаць. Сам разумееш, што ўсталявацца надоўга — вельмі складаная і сур'ёзная справа. Але мясціны тут неблагія. І апроч таго павінен табе прызнацца (хоць ты пра мяне, напэўна, ніколі б так не падумаў, але ўжо што ёсць, то ёсць), — я страшны гультай. — Ты мяне здзіўляеш, — ветліва заўважыў хлопчык. — Так, так, гэта сумная праўда, — пацвердзіў цмок, уладкоўваючыся яшчэ ўтульней. Ён быў страшна задаволены, што нарэшце ёсць з кім паразмаўляць. — Я нават думаю, што трапіў сюды менавіта таму, што я гультай. Разумееш, усе астатнія былі такія жвавыя, такія дзейныя, яны вельмі сур'ёзна і адказна ставіліся да сваёй справы: увесь час буянілі ці ладзілі шалёныя бойкі, кідаліся ачышчаць пяскі ў пустэльні ці ўціхамірвалі марскія хвалі, а то палявалі на рыцараў ці выкрадалі прынцэс — чаго толькі яны не выдумлялі! Ну, а што да мяне, дык я заўсёды любіў есці строга па раскладзе — рэжым, ведаеш, вельмі істотная рэч, а тым болей для цмокаў. Пад'еўшы, я абапіраўся спінаю аб якую-небудзь утульную скалу і драмаў, а прачнуўшыся, разважаў пра нашае жыццё, якое цячэ, цячэ як рака... Таму, калі ўсё гэта здарылася, я нічога не паспеў зрабіць. — Калі здарылася што, ты не мог бы мне растлумачыць? — папытаўся хлопчык. — А вось гэтага я якраз дакладна не ведаю. Было такое ўражанне, быццам Зямля глыбока ўздыхнула, а тады чыхнула так моцна, што недзе ўсярэдзіне выпала донца. Карацей кажучы, памятаю толькі нейкі моцны штуршок, жудасны шум, — і ўсё пачало валіцца ў пекла — поўны хаос. Я адразу самлеў, а калі апрытомнеў, дык быў глыбока пад зямлёй, заціснуты з усіх бакоў. Але ж ліха без дабра не бывае. Дзякуй Богу, патрэбаў асаблівых у мяне няма, і я нават парадаваўся, што нарэшце застаўся адзін у цішыні ды спакоі. Ніхто не чапляўся да мяне з прапановамі злётаць разам па якую прынцэсу ці прагуляцца за сотню міль, каб паплаваць у моры. Мне было аб чым паразважаць там, у глыбіні, — мозг працаваў як ніколі, можаш паверыць. Але час ішоў, вакол зусім нічога не мянялася, і я патроху пачаў думаць, што было б цікава выбрацца наверх ды паглядзець, як там усе пажываюць. Я пачаў рыць зямлю і рыў яе, рыў, пакуль вось не выбраўся праз гэтую во пячору. Мне падабаецца тут. Надта ўжо краявід прыгожы. Дый людзі, з першага погляду, неблагія (блізка я, праўда, з імі яшчэ не знаёмы). Хутчэй за ўсё я, відаць, тут і асяду, — скончыў цмок свой расказ. — А пра што ты думаў увесь час, пакуль сядзеў пад зямлёй? — папытаўся хлопчык. — Мне гэта вельмі цікава. Цмок крыху пачырванеў і пачаў уважліва разглядаць зорнае неба. Потым сарамліва прамовіў: — Скажы, а ты ніколі — ну так, дзеля забавы — не спрабаваў пісаць вершы? Хлопчык усміхнуўся: — Ну, безумоўна, я пісаў вершы, і сякія-такія, на мой погляд, былі вельмі неблагія, але ведаеш, ніхто з маіх паэзіяй асабліва не цікавіцца. Маці заўсёды ўважліва слухае, калі я чытаю свае вершы, дый бацька таксама, але яны неяк... Ну, не зусім... — Як я цябе разумею! — радасна крыкнуў цмок. — Вось тое самае і са мной! Яны слухаюць, слухаюць, але каб цалкам, дык усё роўна цябе не разумеюць, што ты тут зробіш?! Але ж ты — ты іншы, я тваю адукаванасць і выхаванне адчуў адразу, як мы пазнаёміліся. І я вельмі хацеў бы пачуць тваё меркаванне наконт сякіх-такіх невялічкіх твораў, якія самі прыйшлі мне ў галаву, калі я сядзеў унізе. Цудоўна, што мы з табой пазнаёміліся, мне гэта так прыемна! Спадзяюся, што і іншыя суседзі такія ж мілыя і выхаваныя, як ты. Учора я тут бачыў аднаго вельмі прыстойнага джэнтльмена, але ён, відаць, пасаромеўся мяне патурбаваць. — Гэта быў мой бацька, — растлумачыў хлопчык, — ён сапраўды добры. Калі хочаш, я калі-небудзь вас пазнаёмлю. — Можа, вы з бацькам заўтра павячэраеце са мной? — парадаваўся цмок. — Вядома, калі вы нічым не занятыя, — дадаў ён ветліва. — Дзякуй за запрашэнне, — усміхнуўся хлопчык. — Але, ведаеш, мы з бацькам ніколі не ходзім у госці без маці, а я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна паставіцца да цябе. Што ні кажы, а ты ўсё ж сапраўдны цмок. І калі ты кажаш, што збіраешся тут асесці ды цікавішся суседзямі, дык баюся, ты не зусім уяўляеш сваё становішча. Ты ж вораг роду чалавечага! — Нічога падобнага! Ды ў мяне ва ўсім свеце ніводнага ворага не знойдзеш! Па-першае, у такіх гультаёў, як я, ворагаў проста не бывае. А па-другое, хоць я й чытаю свае вершы другім, дык і сам іхнія вершы заўсёды гатовы паслухаць! Чаго яшчэ ад мяне можна патрабаваць? — О, Божа! — уздыхнуў хлопчык. — Ну зрабі ты намаганне, паспрабуй зразумець: як толькі людзі даведаюцца, што ты тут, яны адразу прыйдуць да гэтай пячоры, да зубоў узброеныя мячамі, дзідамі ды лукамі. Яны палічаць, што ты мусіш быць знішчаны. Бо ты для іх — кара Божая, брыдкі яшчар, агідны монстр, жахлівая пачвара! — Ва ўсім гэтым аніводнага слова праўды, — урачыста прамовіў цмок, пакруціўшы галавой. — Мая асоба вытрымае сама пільную праверку. Але слухай, калі ты прыйшоў, я тут якраз складаў адзін невялічкі санет і быў бы ўдзячны, каб ты яго ацаніў. — Калі не хочаш размаўляць сур'ёзна, — раззлаваўся хлопчык, устаючы, — дык я лепей пайду. Слухаць санеты ў мяне часу няма — мяне чакае маці. Я зайду да цябе заўтра, а ты пакуль паспрабуй зразумець, што ты — жахлівы монстр, а то вокам міргнуць не паспееш, як з цябе скуру злупяць! Да пабачэння! Вярнуўшыся дадому, хлопчык супакоіў бацькоў, расказаўшы пра лагодны нораў свайго новага сябра. І бацькі, якія давяралі меркаванням сына, адразу перасталі хвалявацца. А праз пэўны час хлопчык пазнаёміў з цмокам свайго бацьку. Цмок і пастух нагаварылі адзін аднаму шмат прыемных словаў і рассталіся цалкам задаволеныя сустрэчай. Але пастухова жонка так і не здолела заплюшчыць вочы на той сумны факт, што цмок ёсць цмок і што ў вёсцы яго ніхто ў сябе не прымае. Яна не пажадала быць прадстаўленай цмоку фармальна, але гатовая была дапамагчы яму па гаспадарцы: прывесці ў парадак пячору, зацыраваць што-небудзь ці прыгатаваць якую смачную страву (а яна была ўпэўнена, што як любы джэнтльмен, які захапляецца паэзіяй, цмок нярэдка забываецца пра ежу, а гэта яе, як сапраўдную жанчыну, вельмі непакоіла). Маці дазваляла хлопчыку хадзіць да цмока хоць кожны дзень, але вяртацца дадому ён мусіў не пазней за дзевятую гадзіну вечара. Амаль кожны вечар хлопчык бег па стромае сцежцы да цмокавай пячоры і вельмі прыемна бавіў са сваім сябрам час. Шмат ціхіх летніх вечароў правялі яны, седзячы побач на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Хлопчык любаваўся прыгожым краявідам і з захапленнем слухаў цмокавы рассказы пра даўно мінулыя часы, калі цмокаў было шмат, свет быў болей цікавы, а жыццё — поўнае нечаканасцяў і прыгод. Але ж нарэшце здарылася тое, чаго так баяўся хлопчык. Зразумела, што нават сама сціплы, ціхі і спакойны цмок не можа пазбегнуць людской цікаўнасці, калі ён памерам з добрую хату і ўвесь пакрыты буйною луской. Кожны вечар вяскоўцы збіраліся ў шынку і гутарылі толькі пра цмока. Яны абмяркоўвалі яго памеры, яго злосны нораў і страшны выгляд. Вяскоўцы былі напалоханыя, але ў той жа час ганарыліся — не кожная вёска можа пахваліцца сваім уласным цмокам. Але ж цмок ёсць цмок! Як бы там не было, яго трэба неадкладна знішчыць і вызваліць край ад брыдкага яшчара, агіднага монстра і жахлівай пачвары! На той факт, што за ўвесь час, калі цмок пачаў жыць побач, у вёсцы нават курыца не прапала, ніхто не зважаў. Цмок ёсць цмок, ад гэтага не адмовішся, а калі ён не жадае паводзіць сябе, як тое яму належыць, дык гэта яго ўласная праблема! Размовы размовамі, але героя, які ўзяў бы шчыт, меч і добрую дзіду ды вызваліў бы шматпакутную вёску з-пад цмокавай улады, пакрыўшы сябе неўміручаю славай, — такога героя чамусь не знаходзілася. І таму кожны вечар жыхары вёскі разыходзіліся па хатах незадаволеныя. А тым часам цмок палежваў на траўцы, любаваўся сонечнымі заходамі, расказваў хлопчыку дапатопныя анекдоты, дасканаліў старыя вершы ды складаў новыя. Але аднойчы, калі хлопчык зайшоў па нейкіх справах у вёску, ён вельмі здзівіўся: па календары быў звычайны дзень, а вёска выглядала па-святочнаму. З вокнаў дамоў былі вывешаныя рознакаляровыя дываны, гучна звінелі царкоўныя званы, маленькая вулачка была засыпаная кветкамі, а людзі, апранутыя ў святочныя строі, стаялі абапал дарогі, штурхаліся і радасна шумелі. Хлопчык убачыў у натоўпе аднаго свайго сябра і пачаў прабірацца да яго. — Што здарылася? — закрычаў ён. — Каго чакаюць? Цырк? Ці мо яшчэ што? — Усё цудоўна! — крыкнуў сябар яму ў адказ. — Ён едзе! — Хто едзе? — перапытаў хлопчык.