Браты Грым

КАЗКІ



ГЕНЗЕЛЬ І ГРЭТЭЛЬ

Жыў на ўзлессі глухога бору бедны дрывасек са сваёй жонкаю і дваімі дзецьмі; хлопчыка называлі Гензель, а дзяўчынку — Грэтэль. Жыў дрывасек надгаладзь; але наступіла аднойчы на той зямлі такая дарагоўля, што не было за што яму купіць нават хлеба замарыць чарвячка.
І вось пад вечар, лежачы на пасцелі, пачаў ён думаць, і ўсё адольвалі яго розныя думкі і клопаты; паўздыхаў ён і кажа жонцы:
— Што ж цяпер будзе з намі? Як нам пракарміць няшчасных дзяцей, нам і самім няма чаго есці!
— А ведаеш што, — адказала жонка, — давай раненька, як толькі пачне днець, завядзём дзяцей у лес, у самы глухі гушчар; запалім ім вогнішча, дадзім кожнаму па лусце хлеба, а самі пойдзем на работу і пакінем іх адных. Дарогі дадому яны не знойдуць, вось мы ад іх і пазбавімся.
— Не, жонка, — гаворыць дрывасек, — гэтага я не зраблю, бо сэрца ў мяне не камень, я дзяцей адных кідаць у лесе не магу, там нападуць на іх дзікія звяры і іх з'ядуць.
— Эх ты, дурань! — зазлавала жонка. — Учацвярых жа мы ўсе з голаду прападзем, і застанецца толькі адно — труны збіваць. — І яна грызла яго да той пары, пакуль ён з ёй згадзіўся.
— А ўсё ж шкада мне маіх няшчасных дзяцей! — сказаў дрывасек.
Галодныя дзеці не спалі, дык чулі ўсё, што і як гаварыла мачыха іхняму бацьку. Залілася Грэтэль горкімі слязьмі і кажа Гензелю:
— Мусіць, нам цяпер загінуць прыйдзецца.
— Цішэй, Грэтэль, — прамовіў Гензель, — не бядуй, я што-небудзь ды прыдумаю, як нам выратавацца.
І вось калі бацькі заснулі, ён падняўся, надзеў сваю куртачку, адчыніў дзверы ў сені і ціхенька выйшаў на двор. У гэты час ярка свяціў месяц, і белыя каменьчыкі, што ляжалі перад хаткай, блішчэлі, быццам кучкі сярэбраных манетаў.
Гензель нагнуўся і напоўніў імі кішэню. Пасля вярнуўся ён у хату і шапнуў Грэтэль:
— Суцешся, мілая сястрычка, спі сабе цяпер спакойна, Бог нас не пакіне. — І тут жа ён зноў лёг на сваю пасцель.
Толькі пачаўся світанак, яшчэ і сонейка не ўзыходзіла, а мачыха падышла ўжо і пачала будзіць іх:
— Гэй вы, лежні, час падымацца, збірайцеся з намі ў лес па дровы!
Дала яна кожнаму з іх па лусце хлеба і кажа:
— Вось гэта будзе вам на полудзень; ды глядзіце, не з'ешце ўсяго раней часу, больш нічога я вам не дам.
Грэтэль схавала хлеб у свой фартух, бо ў Гензеля кішэня поўнілася каменнямі. І яны сабраліся ісці разам у лес. Прайшлі яны крыху, раптам Гензель запыніўся, азірнуўся, паглядзеў на хаціну, — так вось ён раз за разам азіраўся і запыняўся. А бацька яму і кажа:
— Гензель, чаго гэта ты ўсё азіраешся ды азіраешся? Не марудзь, ідзі шпарчэй.
— Ах, татачка, — адказаў яму Гензель, — я ўсё гляджу на сваю белую кошачку, вунь сядзіць яна на страсе, нібы хоча сказаць мне «бывай».
А мачыха і гаворыць:
— Эх, дурань ты, гэта ж не твая котка, гэта ранішняе сонца блішчыць на трубе.
А Гензель зусім і не на кошачку пазіраў, а даставаў з кішэні і кідаў на дарогу бліскучыя каменьчыкі.
Вось увайшлі яны ў самую лясную нетру, а бацька і кажа:
— Ну, дзеці, збірайце тут галлё, а я зраблю вам цяпельца, каб вы не ахаладалі.
Гензель і Грэтэль нанеслі шмут галля. Падпалілі яго. Калі полымя добра ўспыхнула, мачыха падае голас:
— Ну, дзеткі, кладзіцеся цяпер ля вогнішча ды адпачніце як след, а мы пойдзем у лес дровы секчы. Закончым працу, вернемся сюды і возьмем вас дахаты.
Селі Гензель і Грэтэль ля агню, і, калі надышоў поўдзень, кожны з іх з'еў па кавалачку хлеба. Яны ўвесь час чулі стук сякеры і думалі, што іхні бацька дзесьці паблізу. Але гэта быў зусім не стук сякеры, а цурбана, які навязаў дрывасек да сухога дрэва, і ён, гайдаючыся ад ветру, стукаў аб ствол.
Доўга сядзелі яны вось так ля агню, ад стомы пачалі зліпацца іхнія вочы, і яны моцна-моцна заснулі. А калі прахапіліся, была ўжо глухая ноч. Заплакала Грэтэль і кажа:
— Як жа нам цяпер выбрацца з лесу?
Пачаў Гензель яе суцяшаць.
— Пачакай крышачку, хутка ўзыдзе месяц, і мы тады знойдзем дарогу.
Калі ўзышоў месяц, узяў Гензель сястрычку за руку і патупаў ад каменьчыка да каменьчыка, а зіхацелі яны, быццам новыя сярэбраныя грошы, і падказвалі дзецям сцежку-дарожку. Яны ішлі ўсю ноч бесперапынна і падышлі на світанку да бацькавай хаціны.
Яны пастукалі, мачыха адчыніла ім дзверы; бачыць яна, што гэта Гензель і Грэтэль, і кажа:
— Што ж гэта вы, паганыя дзеці, так доўга спалі ў лесе? А мы ўжо думалі: вы дахаты не хочаце вяртацца.
Узрадаваўся бацька, убачыўшы дзяцей, — было ў яго на душы цяжка, што кінуў ён іх адных.
А хутка зноў насталі голад і нястача, і дзеці падслухалі, як мачыха ўночы, лежачы ў пасцелі, гаварыла бацьку:
— У нас зноў усё ўжо з'едзена, засталося толькі паўакрайца хлеба, відаць, нам хутка будзе канец. Трэба ўсё ж нам ад дзяцей пазбавіцца: давай завядзем іх у лес яшчэ далей, каб не знайшлі яны дарогу дадому, іншага выйсця ў нас няма.
Зашчымела, забалела дрывасекава сэрца, і ён падумаў: «Ужо лепей мне апошняй крошкай з дзецьмі падзяліцца». Але жонка і чуць пра тое не хоча, пачала яго лаяць і папікаць. І вось — як пагана пачнеш, дык добра не скончыш, — саступіў ён раз, давялося яму і цяпер саступіць.
Дзеці яшчэ не спалі і чулі ўсю гэтую гаману. І толькі бацькі заснулі, падняўся Гензель зноў, каб выйсці на двор і назбіраць каменьчыкаў, як і ў мінулы раз, але мачыха замкнула дзверы, і Гензель выйсці з хаціны не змог. Ён пачаў суцяшаць сваю сястрычку і кажа:
— Не плач, Грэтэль, спі спакойна, Бог нам як-небудзь ды паспрыяе.
Ранічкай прыйшла мачыха і ўстурыла дзяцей з пасцелі. Дала ім кавалак хлеба, ён быў яшчэ меншы, чым той раз. Па дарозе ў лес Гензель крышыў хлеб у кішэні, усё запыняўся і кідаў хлебныя крошкі на дарогу.
— Што гэта ты, Гензель, усё запыняешся ды азіраешся? — запытаў бацька. — Ідзі, як і мы ўсе.
— Ды гэта я гляджу на свайго голуба, вунь сядзіць ён на страсе дома, нібы са мной развітваецца, — адказаў Гензель.
— Дурань ты, — сказала мачыха, — гэта зусім не голуб твой, гэта ранішняе сонца блішчыць на вяршку трубы.
А Гензель усё кідаў і кідаў па дарозе хлебныя крошкі. Вось мачыха завяла дзяцей яшчэ далей у лес, дзе яны ні разу яшчэ не былі. Запалілі зноў вялікае вогнішча, і кажа мачыха:
— Дзеткі, сядайце вось тут, а стоміцеся, дык паспіце крыху; а мы пойдзем у лес дровы секчы, а вечарам, як скончым работу, вернемся і возьмем вас дадому.
Калі надышоў поўдзень, падзялілася Грэтэль сваёй лустай хлеба з Гензелем, — бо ён увесь свой хлеб пакрышыў і пакінуў на дарозе. Пасля яны заснулі. Але вось ужо і вечар мінуўся, і ніхто па няшчасных дзяцей не прыходзіў. Прачнуліся яны цёмнай ноччу, і пачаў Гензель суцяшаць сястрычку:
— Пачакай, Грэтэль, вось хутка месяц узыдзе, і пачнуць відаць хлебныя крошкі, што я апусціў на дарогу, яны падкажуць нам дарогу дахаты.
Вось выплыў месяц, і дзеці рушылі ў шлях-дарогу, але хлебных крошак не ўбачылі, — тысячы птушак, што лётаюць у полі і ў лесе, усе іх падзяўблі. Тады Гензель і кажа Грэтэль:
— Мы ўжо як-небудзь ды знойдзем дарогу.
Але яны яе не знайшлі. Давялося ім ісці ўсю ноч і ўвесь дзень, з раніцы і да сама вечара, але выбрацца з лесу яны не маглі. Дзеці моцна захацелі есці, бо яны нічога не бралі ў рот, апроч ягад, што збіралі па шляху. Яны так стаміліся, што ледзь-ледзь перастаўлялі ногі, і вось прылеглі яны пад дрэвам і заснулі.
Надышла ўжо трэцяя раніца з таго часу, як пакінулі яны бацькавую хаціну. Пайшлі яны далей. Ідуць і ідуць, а лес усё глыбей і цямней, і, калі б неўзабаве не падаспела помач, яны зусім змагліся б.
Вось наступіў поўдзень, і яны заўважылі на галінцы беласнежную птушачку. Яна спявала так хораша, што яны запыніліся і зачараваліся яе спевам. Але нечакана птушачка замоўкла і, узмахнуўшы крыллямі, паляцела перад імі, а яны пайшлі за ёю ўслед, і ішлі, пакуль нарэшце не дабраліся да хацінкі, дзе птушачка села на страсе. Падышлі яны бліжэй, бачаць: зроблена хацінка з хлеба, страха на ёй з пернікаў, а ваконцы ўсе з празрыстага ледзянца.
— Вось мы за яе і возьмемся, — сказаў Гензель, — і будзе ў нас слаўны пачастунак! Я ад'ем кавалак страхі, а ты, Грэтэль, бярыся за акенца, — яно, мусіць, вельмі салодкае.
Узабраўся Гензель на хацінку і адламаў кавалачак страхі, каб пасмакаваць, якая яна, а Грэтэль падышла да акенца і пачала яго грызці.
Раптам пачуўся з сярэдзіны чыйсьці тоненькі галасочак:

— Хрусь ды хрумстна пад акном,
Хто грызе і точыць дом?

Дзеці адказалі:

— Гэта госць цудоўны,
Ветрык наш вандроўны.

І, не зважаючы, яны прадаўжалі аб'ядаць домік. Гензель, якому вельмі спадабалася страха, адарваў ад яе вялікі кавалак і скінуў уніз, а Грэтэль выламала цэлае круглае шкло з ледзянца і, усеўшыся каля хацінкі, пачала ім ласавацца.
Раптам адчыніліся дзверы, і выйшла адтуль, абапіраючыся на мыліцу, вельмі старая бабуля. Гензель і Грэтэль так напужаліся, што выпусцілі з рук ласунак. Пахітала старая галавою і кажа:
— Э, мілыя дзеткі, хто гэта вас сюды прывёў? Ну, калі ласка, заходзьце ў хацінку, кепска вам тут не будзе.
Яна ўзяла іх абоіх за рукі і ўвяла ў сваю хаціну. Прынесла ім смачнай ежы — малака з блінамі, пасыпанымі цукрам, яблыкаў і арэхаў. Пасля яна паслала дзве прыгожыя пасцелькі і накрыла іх белымі коўдрамі. Улегліся Гензель і Грэтэль і палічылі, што трапілі, бадай, у рай.
Але старая толькі прыкінулася такою добрай, а была яна на самай справе злая ведзьма, што падпільноўвае дзяцей, і хацінку з хлеба зладзіла для таго, каб лепш заманіць. Калі хто трапляў да яе ў рукі, яна таго забівала, пасля варыла і з'ядала, і было гэта для яе святам. У ведзьмаў заўсёды бываюць чырвоныя вочы, і бачаць яны ўдалечыню слаба, але затое ў іх нюх, як у звяроў, і яны адчуваюць, калі чалавек блізка.
Калі Гензель і Грэтэль падыходзілі да яе хаціны, яна злосна зарагатала і пацерла рукі з ухмылкаю:
— Вось яны і мае! Цяпер ужо ім адгэтуль не ўцячы!
Рана-ранічкай, калі дзеці яшчэ спалі, яна паднялася, зірнула, як яны спяць спакойна ды якія ў іх пульхныя і ружовыя шчочкі, і ўсцешылася: «Будзе-будзе для мяне смачны сняданак!»
Яна схапіла Гензеля сваёй кастлявай рукою, занесла яго ў хлеў, а пасля замкнула за сабой дзверы з жалезнымі кратамі — няхай лемантуе колькі хоча, нішто яму не паможа. Затым пайшла яна да Грэтэль, раскатурхала яе, пабудзіла і кажа:
— Падымайся, гультайка, ды прынясі мне вады, згатуй свайму брату што-небудзь смачнае, — вунь сядзіць ён у хляве, няхай сыцее і гладзее. А калі распаўнее, я яго з'ем.
Залілася Грэтэль горкімі слязьмі, але — што рабіць? — давялося ёй рабіць тое, што загадала злая ведзьма.
І вось былі згатаваныя для Гензеля самыя смачныя стравы, а Грэтэль засталіся толькі адны недаедкі.
Кожную раніцу падыходзіла старая да маленькага хлява і гаварыла:
— Гензель, пакажы мне свае пальцы, я хачу ўбачыць, ці даволі ты папаўнеў.
Але Гензель падымаў костачку, і старая, якая слаба бачыла, не магла разгледзець, што гэта такое, і думала, што гэта Гензелевы пальцы, і здзіўлялася, чаму гэта ён зусім не правіцца.
Так мінула чатыры тыдні, але Гензель усё яшчэ быў худы, — тут старая страціла ўсякую цярпліваць і чакаць больш не захацела.
— Эй, Грэтэль, — крыкнула яна дзяўчынцы, — варушыся жвавей, прынясі вады: усё роўна — ці тлусты Гензель, ці сухарэбры, а ўжо заўтра раніцай я яго закалю і згатую.
Ой як бедавала няшчасная сястрычка, калі давялося ёй цягаць ваду, як цяклі ў яе слёзы струменямі па шчоках!
— Божа, ды памажы ж ты нам! — усклікнула яна. — Лепш бы нас разарвалі дзікія звяры ў лесе, тады хоць бы загінулі мы разам.
— Ну, годзе ныць! — закрычала старая. — Цяпер табе ніхто не паможа.
Ранічкай Грэтэль павінна была падняцца, выйсці на двор, пачапіць кацёл з вадою і раскласці агонь.
— Спачатку мы спячом хлеб, — сказала старая, — я ўжо выпаліла печ і замясіла цеста. — Яна штурхнула бедную Грэтэль да самай печы, адкуль ледзь не апаліла яе пякельным полымем.
— Ну, лезь у печ, — загадала ведзьма, — ды паглядзі, ці добра яна напаленая, ці не час булкі туды падаваць.
Толькі паспрабавала Грэтэль лезці ў печ, як ужо старая тут жа наладзілася зачыніць яе там засланкай, каб Грэтэль засмажыць, а потым і з'есці. Ды Грэтэль здагадалася, што задумала старая, і кажа:
— Ды я не ведаю, як гэта зрабіць, як мне туды залезці.
— Вось дурная гуска, — незадаволена сказала старая, — глядзі, якія вялікія чалеснікі, я і то магу туды залезці, — і яна ўзабралася на прыпек і засунула галаву ў печ.
Тут Грэтэль як піхне ведзьму, ды так, што тая апынулася ў самым полымі. Хуценька Грэтэль прыкрыла печ жалезнай засланкаю і заперла на засаўку. У-ой як страшэнна завыла ведзьма! А Грэтэль пабегла; і згарэла ведзьма-душагубка ў страшэннай пакуце.
Кінулася Грэтэль хутчэй да Гензеля, адчыніла хлеў і ўсклікнула:
— Гензель, мы выратаваныя: старая ведзьма згінула!
Выімчаў Гензель з хлява, быццам птушка з клеткі, калі адчыняць перад ёй дзверцы. Як узрадаваліся яны, як кінуліся адно да аднаго, як скакалі яны ад уцехі, як моцна яны цалаваліся! І паколькі ім не было чаго цяпер баяцца, дык яны ўвайшлі ў ведзьміну хаціну, а стаялі там усюды па кутах куфэркі з жэмчугам і каштоўнымі каменьчыкамі.
— Гэтыя, бадай, будуць лепшыя за нашыя пясчанікі, — сказаў Гензель і напоўніў самацветамі поўныя кішэні.
— Мне таксама хочацца што-небудзь прынесці дадому, — прамовіла Грэтэль і насыпала каменьчыкаў у фартух.
— Ну, а цяпер бяжым хутчэй адсюль, — сказаў Гензель, — бо нам трэба яшчэ выбрацца з ведзьмінага лесу.
Вось прайшлі яны подбегам гадзіны са дзве і натрапілі нарэшце на вялікае возера.
— Не перабрацца нам цераз яго, — засмуціўся Гензель, — нідзе не бачна ні кладачкі, ні мосціка.
— Ды і лодачкі нідзе не відаць, — уздыхнула Грэтэль, — а вунь плыве белая качачка; калі я яе папрашу, яна паспрыяе нам перабрацца на той бераг.
І папрасіла Грэтэль:

— Кача, качачка, хутчэй
Падплыві да нас яшчэ.
Няма сцежкі, няма кладкі
Перапраў нас неадкладна!

Падплыла качачка, сеў на яе Гензель і паклікаў сястрычку, каб і яна села побач з ім.
— Не, — адказала Грэтэль, — качачцы будзе зацяжка; няхай перавязе яна спачатку цябе, а потым і мяне.
Так добрая качачка і зрабіла, і калі яны шчасліва перабраліся на той бераг і пайшлі далей, дык лес пачаў ім усё больш знаёмець, і яны заўважылі нарэшце здалёку бацькоўскі дом. Тут з радасці яны кінуліся бегчы, ускочылі ў пакой і прыпалі да бацькі.
З таго часу як той звёў дзяцей у лес, не было ў яго ні хвіліны вясёлага настрою, а жонка ягоная памерла. Апусціла Грэтэль падол фартуха, і пасыпаліся на дол жэмчуг ды самацветы, а Гензель дастаў іх з кішэні жменяю.
І скончылася іхняя нястача і гора, і пачалі жыць яны шчасліва ўсе разам.

Тут і казка запыняецца,
А вунь мышка наперад спяшаецца;
Хто зловіць яе, той
Пашые сабе шапку скураную,
Ды вялікую, не малую.


ШЭСЦЬ ЛЕБЕДЗЯЎ

Паехаў аднойчы кароль на паляванне ў вялікі глухі лес; без стомы ганяўся ён за звярамі, і ніхто з яго людзей не мог за ім паспець. А тут ужо добра такі звечарэла; прытрымаў тады кароль свайго каня, азірнуўся і бачыць, што заблудзіўся. Давай ён шукаць дарогу, але знайсці ніяк не можа.
І вось убачыў ён у лесе бабульку, галава ў яе аж траслася ад старасці; а ішла яна проста насустрач яму, і была то ведзьма.
— Бабуля, — звярнуўся кароль да яе, — ці не маглі б вы паказаць мне дарогу з лесу?
— О, так, ваша ягамосць кароль, — адказала яна, — я гэта магу, але пры адной умове, калі вы не выканаеце яе, то не выйсці вам з лесу ніколі і загінеце вы тут ад голаду.
— А якая ж гэта ўмова? — пытаецца кароль.
— Ёсць у мяне дачка, — гаворыць старая, — яна такая прыгажуня, якой вам у цэлым свеце не знайсці, і вартая яна таго, каб стаць вашай жонкай; калі вы згодны зрабіць яе каралевай, дык я пакажу вам дарогу з лесу.
Кароль ад страху згадзіўся, і старая прывяла яго ў сваю хаціну, дзе ля печы сядзела яе дачка. Яна сустрэла караля так, нібыта толькі яго і чакала; і ўбачыў кароль, што яна вельмі прыгожая, аднак яна не спадабалася яму, і ён не мог пазіраць на яе без затоенага страху. Калі кароль пасадзіў дзяўчыну на каня, старая паказала яму дарогу і кароль зноў вярнуўся ў свой каралеўскі замак, дзе яны і справілі вяселле.
А кароль ужо быў аднойчы жанаты, і ад першай жонкі было ў яго сямёра дзяцей — шэсць хлопчыкаў і адна дзяўчынка, і любіў ён іх больш за ўсё на свеце. Але ён баяўся, каб не пачала мачыха дрэнна з імі абыходзіцца, каб не зрабіла ім якога ліха, і вось адвёз ён іх у таемны замак, які знаходзіўся якраз пасярод лесу. Ён быў так схаваны ў лясным гушчары і так цяжка было адшукаць да яго дарогу, што і сам кароль не знайшоў бы яе, каб не падаравала яму адна чарадзейка клубок чароўных нітак; і быў той клубок такі, што варта кінуць яго перад сабою, як ён сам размотваўся і паказваў шлях-дарогу.
Вельмі часта ездзіў кароль да сваіх любімых дзяцей у лес; і нарэшце каралева зацікавілася пастаяннымі яго адлучкамі; захацелася ёй даведацца, што ён робіць у лесе адзін. Шмат грошай дала яна сваім слугам, і яны выдалі ёй таямніцу, а таксама расказалі пра клубок нітак, які адзіны можа паказаць туды дарогу. І не мела яна спакою да той пары, пакуль не выведала, дзе кароль хавае гэты клубок; затым пашыла яна з шоўку маленькія белыя сарочкі і зашыла ў іх свае чары, бо яшчэ ад маці ведала яна сакрэты чарадзейства.
Вось аднойчы паехаў кароль на паляванне, а яна ўзяла тыя сарочкі і выправілася ў лес, і клубок паказаў ёй шлях-дарогу. Дзеці, калі ўбачылі здалёку, што нехта набліжаецца, падумалі, што гэта ідзе да іх дарагі бацька, і радасна выбеглі насустрач яму. І тады накінула яна на кожнага з іх сарочку; і як толькі дакрануліся тыя сарочкі да іхняга цела, ператварыліся браты ў лебедзяў, узняліся над лесам і паляцелі.
Вярнулася каралева дамоў дужа задаволеная, думаючы, што яна пазбавілася ад сваіх пасынкаў; але дзяўчынка не выбегла разам з братамі насустрач ёй, а каралева гэтага не заўважыла. На наступны дзень кароль прыйшоў праведаць сваіх дзяцей, але знайшоў толькі дачку.
— А дзе ж твае браты? — спытаўся ён.
— Бяда, дарагі татка, — адказала дачка, — яны паляцелі і пакінулі мяне адну. — І расказала яму, што бачыла з акенца, як браты лебедзямі праляцелі над лесам, і паказала пер'е, якое скінулі яны на падворку і якое яна падняла. Замаркоціўся кароль, але не ведаў, што гэтую нядобрую справу зрабіла каралева; спалохаўся, што ў яго ўкрадуць і дачку, і вырашыў забраць яе з сабою. Але яна баялася мачыхі і ўпрасіла караля пакінуць яе яшчэ на адну ноч у лясным замку.
Бедная дзяўчынка падумала: «Нядоўга мне заставацца тут, — пайду я на пошукі сваіх братоў».
Вось ужо і ноч апусцілася на лес, і выбегла яна з замка і пайшла проста ў лясны гушчар. Праблукала ўсю ноч і ўвесь дзень, пакуль, нарэшце, ад стомы ісці ўжо не магла. І заўважыла яна паляўнічы домік, увайшла ў яго, бачыць — пакой, а ў ім шэсць маленькіх ложкаў, але яна не адважылася легчы, а залезла пад адзін з ложкаў і вырашыла там начаваць.
Неўзабаве і сонца зайшло, і пачула яна шум і ўбачыла, што прыляцелі да акна шэсць лебедзяў. Яны ўселіся на акне і пачалі здзьмухваць сваё пер'е, і вось лебядзіны ўбор зваліўся з іх, як сарочка. Зірнула на іх дзяўчынка і пазнала сваіх братоў, узрадавалася і вылезла з-пад ложка. Браты ўбачылі сваю сястру і ўсцешыліся не менш за яе, але радасць іх была кароткай.
— Табе нельга заставацца тут, — сказалі яны, — гэта прытон разбойнікаў. Калі разбойнікі вернуцца і знойдуць цябе тут, яны заб'юць цябе.
— А хіба вы не можаце мяне абараніць? — спытала ў іх сястрычка.
— Не, — адказалі яны, — мы можам скідаць свой лебядзіны ўбор толькі на чвэрць гадзіны вечарам, тады мы становімся людзьмі, а затым зноў ператвараемся ў лебедзяў.
Заплакала сястрычка і кажа:
— А хіба нельга зняць з вас чары?
— Не, — уздыхнулі яны, — зрабіць гэта вельмі цяжка. На працягу шасці гадоў ты не павінна ні гаварыць, ні смяяцца, і мусіш пашыць нам за гэты час шэсць сарочак з кветказору. А калі ты вымавіш хоць адно слова, дык уся твая праца прападзе.
Пакуль браты расказвалі ёй пра гэта, мінула чвэрць гадзіны, і яны зноўку сталі лебедзямі і вылецелі праз акно.
Але дзяўчынка цвёрда вырашыла вызваліць сваіх братоў, нават калі б дзеля гэтага спатрэбілася яе жыццё. Яна пакінула паляўнічы домік і пайшла ў самы гушчар, залезла на дрэва і там пераначавала. Ранкам яна спусцілася з дрэва, назбірала кветказору і пачала шыць. Размаўляць ёй не было з кім, а смяяцца і зусім не хацелася...
Так мінула шмат часу, і здарылася, што кароль той краіны паляваў у лесе, і яго егеры пад'ехалі да дрэва, на якім сядзела дзяўчынка. Яны паклікалі яе:
— Хто ты?
Яна нічога не адказала.
— Спусціся да нас, — папрасілі яны, — мы нічога дрэннага табе не зробім.
Але яна толькі галавой пакруціла.
Калі яны пачалі яе распытваць, яна скінула ім залатыя каралі і думала, што яны задаволяцца гэтым. Але яны ўсё задавалі і задавалі пытанні; тады яна скінула ім свой пояс; але калі і гэта не дапамагло, скінула ім свае падвязкі, такім чынам неўзабаве яна аддала ім усё, што на ёй было, і засталася ў адной сарочцы. Але егеры і тады не адчапіліся ад яе; яны залезлі на дрэва, знялі яе адтуль і прывялі да караля. Кароль спытаў:
— Хто ты? Што ты там робіш на дрэве? — Але яна нічога не адказала.
Ён распытваў яе на ўсіх мовах, якія толькі ведаў, але яна заставалася маўклівай як рыба. А была яна прыгожая, і вось кароль моцна ў яе закахаўся. Ён ухутаў яе ў свой плашч, пасадзіў перад сабой на каня і прывёз яе ў свой замак. І загадаў ён апрануць яе ў багатыя ўборы, і стала яна прыгажэйшая. Але нельга было дабіцца ад яе хоць слова. Ён сеў ля стала побач з ёю, і сціпласць яе і нясмеласць так спадабаліся яму, што ён сказаў:
— Вось з гэтай хачу я ажаніцца і ні з якой іншай на свеце. — І праз колькі дзён ён павянчаўся з ёю.
Але была ў караля злая маці — ёй не спадабалася яго жаніцьба і яна пачала зласлівіць пра маладую каралеву.
— Хто ведае, адкуль узялася гэтая дзеўка, — гаварыла яна, — ніводнага слова прамовіць не можа; яна не вартая быць жонкай караля.
Праз год, калі каралева нарадзіла першынца, старая забрала яго, а каралеве пад час сну вымазала рот крывёю. Затым яна пайшла да караля і абвінаваціла яе ў тым, што яна людаедка. Кароль не хацеў у гэта верыць і не дазволіў прычыніць каралеве зло. А яна ўвесь час шыла сарочкі і ні на што іншае не звяртала ўвагі.
Калі ж зноў нарадзіла яна прыгожага хлопчыка, ліхая свякруха зноўку ўтварыла такі ж самы падман, але кароль не хацеў верыць яе злосным словам. Ён сказаў:
— Яна вельмі сціплая і добрая, каб магла здзейсніць такое; калі б яна не была нямая, дык даказала б сваю невінаватасць.
Але старая і на трэці раз украла нованароджанае немаўлятка і абвінаваціла каралеву, якая не прамовіла ні слова ў сваю абарону. Каралю ж заставалася толькі адно — аддаць яе пад суд; і прысудзілі спаліць яе на кастры.
Надышоў дзень выканання прысуду, а быў гэта якраз апошні дзень з тых шасці гадоў, на працягу якіх яна не магла ні гаварыць, ні смяяцца.
Яна пашыла за гэты час шэсць сарочак, і толькі на апошняй сарочцы яшчэ не было левага рукава.
Калі павялі яе на касцёр, захапіла яна з сабой сарочкі, і калі завялі яе ўжо на памост і вось-вось павінны былі распаліць вогнішча, азірнулася яна і бачыць — ляцяць да яе шэсць лебедзяў. І зразумела яна, што блізка яе вызваленне, і затрапятала ў яе сэрца ад радасці.
Шумна падляцелі да яе лебедзі і апусціліся так нізка, што яна паспела кінуць ім сарочкі; і як толькі да іх дакрануліся тыя сарочкі, зваліліся з іх лебядзіныя ўборы, і стаялі перад ёй яе браты, жывыя, здаровыя, і па-ранейшаму прыгожыя, — толькі ў малодшага не хапала левага рукава, і таму на спіне ў яго засталося лебядзінае крыло. Пачалі яны абдымацца ды цалавацца, і прыйшла каралева да караля, і ён быў моцна здзіўлены, але вось загаварыла яна і сказала:
— Мой любы кароль, з гэтай пары я магу размаўляць і скажу табе, што я ні ў чым не вінаватая, — і яна расказала яму пра падман старой свекрыві, якая забрала і схавала траіх яе дзяцей. І прынеслі іх у замак на вялікую радасць караля, а злосную свякроў у пакаранне спалілі на кастры, і застаўся ад яе адзін толькі попел.
А кароль і каралева разам з шасцю сваімі братамі жылі мірна і шчасліва доўга-доўга.


ЧОРТ З ТРЫМА ЗАЛАТЫМІ ВАЛАСАМІ

Жыла аднойчы бедная жанчына, вось нарадзіла яна сыночка, нарадзіўся ён на свет у сарочцы, і было яму прадказана, што на чатырнаццатым годзе ён ажэніцца з каралеўскай дачкой. І здарылася, што неўзабаве пасля гэтага прыбыў у гэтую вёску кароль; але ніхто не ведаў, што гэта кароль, і калі ён пачаў распытваць у людзей, што ў іх новага, яму адказалі:
— Ды вось нарадзілася ў нас на гэтых днях дзіця ў сарочцы; што яно ні задумае, ва ўсім яму будзе ўдача. І прадказана яму яшчэ, што на чатырнаццатым годзе быццам ажэніцца ён з каралеўскай дачкой.
А было ў караля сэрца ліхое; разгневаўся ён, даведаўшыся аб такім прадказанні, і пайшоў да бацькоў хлопчыка, прыкінуўся такім ласкавым, такім добрым і кажа:
— Вы людзі бедныя, аддайце мне ваша дзіця, ужо я аб ім паклапачуся.
Спачатку яны адмаўляліся, але калі гэты чужы чалавек прапанаваў ім за гэта нямала золата, яны вырашылі: «Ужо як ён нарадзіўся шчасліўцам, то будзе гэта для яго да лепшага», і яны згадзіліся і аддалі хлопчыка.
Паклаў кароль дзіця ў паходны куфэрак і паскакаў з ім далей. Пад'ехаў ён да глыбокага віру, кінуў куфэрак у ваду і падумаў: «Вось я і выратаваў сваю дачку ад няпрошанага жаніха». Але куфэрак не патануў, а паплыў, нібы караблік, і ні адна кропля вады ў яго не прасачылася. І адплыў ён на дзве мілі ад каралеўскай сталіцы, прыплыў да млына і спыніўся каля плаціны. На шчасце, стаяў паблізу батрак з млына, ён заўважыў куфэрак і выцягнуў яго бусаком на бераг, думаючы знайсці ў ім немалыя скарбы; але калі ён яго адчыніў, то ўбачыў, што ляжыць у ім прыгожы хлопчык, здаровы і вясёлы. Ён прынёс яго да млынара і яго жонкі, і паколькі дзяцей у іх не было, то млынарыха зарадавалася і кажа:
— Гэта сам Пан Бог паслаў нам дзіцятка.
Пачалі яны аб знайдышы клапаціцца, і ён вырас, выхаваны на многіх дабрадзейных справах.
Але вось здарылася аднойчы, што кароль, жадаючы схавацца ад навальніцы, зайшоў на млын і, заўважыўшы рослага хлопчыка, спытаў у млынара і яго жонкі, ці не іх гэта сын.
— Не, — адказалі яны, — гэта знайдыш. Чатырнаццаць гадоў таму назад яго прынесла ў куфэрку да нашай плаціны, і батрак выцягнуў яго з вады.
Тады кароль зразумеў, што гэта ніхто іншы, як той самы шчаслівец, якога ён кінуў у ваду, і ён сказаў:
— А ці нельга будзе, людзі добрыя, паслаць яго з маім пісьмом да каралевы. Я дам яму за гэта ўзнагароду — два залатыя.
— Як пажадае кароль, — адказалі млынар і млынарыха і загадалі юнаку рыхтавацца ў шлях-дарогу.
І напісаў кароль ліст каралеве, а было ў ім сказана: «Як толькі гэты хлопчык прыбудзе з маім пісьмом, я загадваю яго забіць і закапаць у зямлю; і зрабіць усё гэта трэба да майго вяртання».
Выправіўся хлопчык з гэтым лістом у дарогу, але на шляху заблудзіўся і трапіў пад вечар у дрымучы лес. У цемры ён заўважыў агеньчык: пайшоў насустрач яму і апынуўся каля хаткі. Зайшоў ён туды, бачыць — сядзіць каля печкі бабуля, а болей у хатцы нікога няма. Яна згледзела юнака, спалохалася і кажа:
— Ты адкуль і куды кіруешся?
— Я іду з млына, — адказаў ён, — кіруюся да каралевы, нясу ёй пісьмо; ды вось заблудзіўся ў лесе і хацеў бы ў цябе пераначаваць.
— Бедны ты хлопчык, — мовіла бабуля, — бо ты трапіў у разбойніцкі прытон; калі разбойнікі вечарам вернуцца дамоў, яны цябе заб'юць.
— Ну, што ж, няхай прыходзіць хто заўгодна, — сказаў юнак, — я нікога не баюся; я так стаміўся, што ісці далей не маю сілы. — І ён лёг на лаўку і заснуў.
Неўзабаве з'явіліся разбойнікі і гнеўна спыталі, чаму тут ляжыць нейкі чужы хлопчык.
— Ах, — сказала бабуля, — ды гэта ж зусім нявіннае дзіця. Хлопчык заблудзіўся ў лесе, і я з жалю яго прытуліла; ён павінен даставіць пісьмо каралеве.
Распячаталі разбойнікі ліст, прачыталі яго, а напісана ў ім было, што як толькі ён з'явіцца, яго трэба тут жа забіць. І вось адчулі жорсткія разбойнікі жаласлівасць, іх атаман разарваў ліст і напісаў замест яго новы, дзе сказана было, што як толькі ён з'явіцца, яго зараз жа трэба абвянчаць з каралеўскай дачкой. Яны пакінулі яго спакойна спаць на лаўцы да самай раніцы, а калі ён прачнуўся, далі яму ліст і паказалі дарогу.
Каралева, атрымаўшы ліст і прачытаўшы яго, зрабіла так, як было ў ім пазначана: яна загадала наладзіць пышнае вяселле, і каралеўна была павянчана са шчасліўцам. А паколькі юнак быў прыгожы і ласкавы, то жыла яна з ім радасная і задаволеная.
Праз некаторы час кароль вярнуўся ў свой замак і ўбачыў, што споўнілася прадказанне і шчаслівец павянчаны з яго дачкой.
— Як жа гэта здарылася? — спытаў ён. — Я ж у сваім пісьме даў зусім іншы ўказ.
Тады падала яму каралева ліст і сказала: няхай, маўляў, сам паглядзіць, што ў ім напісана. Прачытаў кароль ліст і адразу заўважыў, што яго падмянілі іншым. Ён спытаў у юнака, куды падзеўся даручаны яму ліст і чаму ён прынёс замест яго іншы.
— Я нічога аб гэтым не ведаю, — адказаў ён, — мабыць, яго ноччу падмянілі, калі я спаў у лесе.
І сказаў разгневаны кароль:
— Ну, гэта табе не надта лёгка пройдзе! Хто хоча атрымаць дачку маю за жонку, той павінен здабыць мне з пекла тры залатыя валасы з галавы чорта, — калі прынясеш, што я патрабую, то застанецца мая дачка тваёй жонкай.
Так думаў кароль адчапіцца ад яго раз і назаўсёды. Але шчаслівец адказаў:
— Што ж, залатыя валасы я вам здабуду, чорта я не баюся. — На тым ён развітаўся з каралём і пачаў сваю вандроўку.
І прывяла яго дарога ў адну сталіцу. Гарадскі брамнік пачаў яго выпытваць, якое ён рамяство ведае і што ўмее рабіць.
— Я ўсё ўмею рабіць, — адказаў шчаслівец.
— Тады акажы нам паслугу, — сказаў брамнік, — растлумач, чаму наш фантан на рыначным пляцы, з якога раней бруілася віно, цяпер перасох і нават вада з яго не цячэ.
— Гэта я вам растлумачу, — адказаў юнак, — пачакайце толькі, пакуль я назад вярнуся.
І ён рушыў далей і падышоў да другога горада; і зноў спытаў у яго брамнік, якое рамяство ён ведае і што ўмее рабіць.
— Я ўсё ўмею рабіць, — адказаў ён.
— Тады акажы нам паслугу і скажы, чаму дрэва ў нашым горадзе раней давала залатыя яблыкі, а цяпер на ім нават і лісцяў няма.
— Гэта я вам растлумачу, — адказаў ён, — толькі пачакайце, пакуль я назад вярнуся.
Пайшоў ён далей і прыйшоў да вялікай ракі, і трэба было яму цераз тую раку пераправіцца. Перавозчык спытаў у яго, якое рамяство ён ведае і што ўмее рабіць.
— Я ўсё ўмею рабіць, — адказаў ён.
— Тады акажы мне паслугу, — сказаў перавозчык, — растлумач мне, чаму я павінен увесь час займацца перавозам і ніхто мяне ніколі не зменіць?
— Я гэта табе растлумачу, — адказаў ён, — толькі пачакай, пакуль я назад вярнуся.
Пераправіўся ён цераз раку і адшукаў уваход у апраметную. А было там чорна-чорна і сажай усё пакрыта, а чорта на той час дома не аказалася, і толькі сядзела там яго бабуля ў шырокім, вялікім крэсле.
— Што табе патрэбна? — спытала яна ў яго, і падалася яна яму не такой ужо сярдзітай.
— Ды вось хацелася б мне здабыць тры залатыя валасы з галавы чорта, — адказаў ён, — а не — дык давядзецца мне са сваёй жонкай разлучыцца.
— Аднак жа ты багата патрабуеш, — сказала яна, — калі чорт вернецца дамоў і ўбачыць цябе тут, то давядзецца табе з жыццём сваім расквітацца. Але мне шкада цябе, я пагляджу — можа, чым і змагу табе дапамагчы. — І яна ператварыла яго ў мураша і сказала: — Залезь у складкі маёй спадніцы, там будзе табе бяспечна.
— Ды гэта ж добра, — адказаў юнак, — але я хацеў бы яшчэ атрымаць адказ на тры пытанні: чаму фантан, з якога раней струменілася віно, цяпер вычарпаўся і нават вада з яго не цячэ; чаму на дрэве, на якім раней раслі залатыя яблыкі, цяпер нават лісцяў няма; і чаму павінен перавозчык увесь час перавозіць з берага на бераг і ніхто яго ніколі не зменіць?
— Гэта пытанні цяжкія, — адказала бабка, — але ты сядзі ціха і слухай уважліва, што скажа чорт, калі я пачну вырываць у яго тры залатыя валасы.
Вось надышоў вечар, і вярнуўся чорт дамоў. Толькі зайшоў ён і, бачна, адразу ж прыкмеціў, што паветра чамусьці нячыстае.
— Чую, чую мяса чалавечае! — сказаў ён. — Тут штосьці нядобрае. — Ён зазірнуў ва ўсе куткі, пачаў шукаць і абшнарваць, але знайсці нічога не мог.
Тут пачала бабуля яго лаяць.
— Ды скрозь толькі што падмецена, — кажа, — і ўсё ў належны парадак прыведзена, а ты ўсё зноў раскідваеш, — вечна ты чуеш носам чалавечае мяса. Сядзь ты лепш ды павячэрай.
Паеў ён і папіў, — відаць, моцна стаміўся, — і схіліў галаву на калені бабулі і папрасіў вошай ў галаве ў яго пашукаць. Тут хутка ён задрамаў, засоп і захроп. Схапіла тады бабуля адзін залаты волас, вырвала яго і паклала яго каля сябе.
— Ой! — ускрыкнуў чорт. — Ты што робіш?
— Ды гэта мне дурны сон прысніўся, — адказала чортава бабуля, — вось я і схапіла цябе за валасы.
— Што ж табе такое прыснілася? — пытаецца чорт.
— Прысніўся мне фантан на рыначным пляцы, біла з яго раней віно, а цяпер перасох, і нават вада з яго не цячэ. Скажы, якая прычына таму?
— Эх, калі б ведалі яны! — адказаў чорт. — Там сядзіць жаба пад каменем, — калі яе забіць, то віно пацячэ зноўку.
Пачала чортава бабуля зноў у галаве ў чорта вошай шукаць, тут ён зноў заснуў і так захроп, што нават шыбы ў вокнах задрыжалі. І вырвала яна ў яго другі волас.
— Ух! Ды што гэта ты робіш? — ускрыкнуў разгневаны чорт.
— Ты не злуйся, — адказала яна, — гэта я спрасонку.
— А што ж табе зноў прыснілася? — пытаецца ён.
— Ды прыснілася мне, быццам расце ў адным каралеўстве яблыня, раней давала яна залатыя яблыкі, а цяпер нават лісцяў на ёй няма. Якая прычына таму?
— Эх, калі б яны ведалі! — адказаў чорт. — Яе карані мыш падтачвае; калі яе забіць, будзе зноў яна радзіць залатыя яблыкі, а будзе мыш і далей грызці карані, то і зусім яна засохне. Але пакінь ты мяне ў спакоі са сваімі снамі! Калі ты яшчэ раз перашкодзіш мне спаць, атрымаеш аплявуху.
Тут пачала бабуля ласкава яго суцяшаць і ўзялася зноў шукаць у яго ў галаве, пакуль ён не заснуў і не захроп. Тады яна схапіла трэці волас і вырвала ў яго з галавы. Тут чорт як падскочыць, як закрычыць, хацеў было ўжо з ёю расправіцца, але яна зноў яго супакоіла і сказала:
— Што з дурнымі снамі зробіш!
— Ды што ж табе прыснілася? — спытаў ён з цікаўнасцю.
— Сніўся мне перавозчык; скардзіўся ён, што павінен перавозіць з берага на бераг і ніхто ніколі яго не зменіць. Якая прычына таму?
— Эх, дурань жа ён! — адказаў чорт. — Калі хто падыдзе, каб цераз раку пераправіцца, няхай дасць ён яму ў рукі шост, — вось і павінен будзе другі стаць перавозчыкам, а ён вызваліцца.
Чортава бабуля, вырваўшы тры залатыя валасы і атрымаўшы адказ на ўсе тры пытанні, пакінула старога чорта ў спакоі, і ён праспаў да самай раніцы.
Вось чорт зноўку пайшоў, выняла тады бабуля са складак сваёй спадніцы мураша і вярнула шчасліўцу зноў яго чалавечы воблік.
— Вось табе тры залатыя валасы, — сказала яна, — а што адказаў чорт на твае тры пытанні, ты, бадай, і сам ужо чуў.
— Але, — адказаў шчаслівец, — я ўсё чуў і добра запомніў.
— Ну, вось я табе і дапамагла, — сказала яна, — а зараз ідзі сваёй дарогай.
Падзякаваў ён бабулю за дапамогу ў бядзе, выйшаў з пекла і быў задаволены, што ва ўсім яму так пашчасціла. Прыйшоў ён да перавозчыка і павінен быў даць яму абяцаны адказ.
— Спярша перавязі мяне на той бераг, — сказаў шчаслівец, — тады я табе скажу, як вызваліцца. — І калі яны пераправіліся на другі бераг, ён даў яму чортаву параду: — Калі хто падыдзе зноў да берага і папросіць яго перавезці, ты сунь яму шост у рукі.
Пайшоў ён далей і прыйшоў у горад, дзе расло бясплоднае дрэва і дзе гарадскі брамнік таксама чакаў адказу. І сказаў ён яму тое, што чуў ад чорта: «Забіце мыш, якая грызе карані дрэва, і яно зноў будзе радзіць залатыя яблыкі». Падзякаваў яму брамнік і даў як узнагароду за гэта двух наўючаных золатам аслоў, якія павінны былі ісці за ім.
Нарэшце прыйшоў ён у горад, дзе перастаў біць фантан. І ён перадаў брамніку тое, што параіў чорт: «Трэба знайсці жабу, — а яна сядзіць пад каменем у фантане, — і яе забіць, і зноў зацурчыць з фантана віно». Падзякаваў яму брамнік і даў таксама двух наўючаных золатам аслоў.
Нарэшце шчаслівец вярнуўся дамоў да сваёй жонкі, і яна зарадавалася ад усяго сэрца, што зноў яго ўбачыла і даведалася аб тым, што ўсё добра яму ўдалося. І ён прынёс каралю тое, што той ад яго патрабаваў, — тры залаты валасы з галавы чорта; і калі ўбачыў кароль чатырох аслоў, нагружаных золатам, дык быў і зусім задаволены і сказаў:
— Цяпер усе ўмовы выкананы, — няхай мая дачка застаецца тваёй жонкай. Але скажы мне, шаноўны зяцёк, адкуль у цябе столькі золата? Бо гэта ж багацце немалое!
— Ды перапраўляўся я цераз раку, — адказаў ён, — і ляжала яно, быццам пясок на беразе, я і забраў яго з сабой.
— А ці нельга мне яго здабыць? — спытаў кароль, і адолела яго вялікая сквапнасць.
— Ды колькі вам будзе заўгодна! — адказаў шчаслівец. — Ёсць на той рацэ перавозчык, вы папрасіце яго перавезці вас на другі бераг, а там ужо і наб'еце сабе поўныя мяшкі золатам.
І адправіўся прагны кароль спехам у шлях-дарогу, прыбыў да ракі і даў знак перавозчыку, каб той перавёз яго. Пад'ехаў перавозчык і прапанаваў яму сесці ў лодку, і калі пад'ехалі яны да другога берага, сунуў той яму ў рукі свой шост, а сам выскачыў з лодкі.
І з таго часу вымушаны быў кароль у пакаранне за свае грахі зрабіцца перавозчыкам.
— Што ж, перавозіць ён яшчэ і дагэтуль?
— А то як жа! Бо ніхто шаста з рук у яго не возьме.


ХРАБРЫ КРАВЕЦ

Аднойчы, летнім ранкам, сядзеў кравец ля акна, прымасціўшыся на стале, дзе звычайна шыў; было яму добра і весела, а таму шыў ён хутка. А ў гэты час якраз ішла вуліцай сялянка і гучна гукала: «Цудоўнае варэнне прадаю! Цудоўнае варэнне прадаю!» Краўцу спадабаліся такія словы і ён, выцягнуўшы тонкую шыю, крыкнуў жанчыне з акна:
— Заходзь сюды, галубка, наверх, тут свой тавар хутка збудзеш!
Жанчына з цяжкім кошыкам узнялася да краўца на трэці паверх, а тады пачала выстаўляць перад ім ды развязваць слоікі. Кравец агледзеў іх, патрымаў у руках кожны, прыкінуў, панюхаў, пацмокаў, ды нарэшце кажа:
— Варэнне і сапраўды добрае. То адваж мне, галубка, чатыры лоты, а то, мабыць, і ўсе чатыры фунты забяру.
Жанчына, якая з самага пачатку спадзявалася збыць тут багата свайго тавару, прадала краўцу столькі, колькі ён папрасіў, і пайшла, незадаволена нешта мармычучы.
— Ну, дзякаваць Богу за такое варэнне, — сказаў кравец, — і няхай ён пашле мне бадзёрасці ды сілы! — З такімі словамі выняў ён з шафкі хлеб, адкроіў ладную лусту, густа намазаў яе варэннем.
— Вядома ж, будзе смачна, — сказаў кравец, — аднак, мабыць, перш дашыю куртку, а тады ўжо як след падмацуюся.
Ён паклаў лусту каля сябе ды зноў прыняўся за працу. Ад радасці пачаў шыць вялікімі шыўкамі. Пах духмянага варэння тым часам вітаў па ўсім пакоі, і процьма мух, якая дасюль драмала на сцяне, адразу ажыла, адчуўшы смачную слодыч, ды гулкім роем завілася над хлебам.
— Гэй, вы, я вас не клікаў сюды! — абурыўся кравец і пачаў адганяць нязваных гасцей.
Але мухі не ведалі нямецкай мовы, таму не слухаліся, наадварот, іх яшчэ больш паналятала. Тут, як кажуць, у краўца цярпенне лопнула, ён моцна раззлаваўся, замітусіўся, схапіў суконку ды з крыкам: «Вось я зараз вам пакажу!» — з усяе сілы хлопнуў па мухах. Узняў ён суконку, глянуў на стол, палічыў — перад ім ляжала, павыцягваўшы ногі, не менш сямі забітых насякомых. «Вось які я малайчына! — сказаў ён ды сам падзівіўся з уласнай храбрасці. — Трэба, каб пра гэта ўвесь горад даведаўся».
Тут кравец хуценька выкраіў пояс, абмятаў яго і вышыў на ім вялікімі літарамі: «Паклаў семярых адным махам». «Ды што горад, — памеркаваў ён далей, — увесь свет павінен пра тое даведацца!» — і сэрца краўцова, як той баранні хвосцік, затрапяталася ад непамернай радасці.
Падперазаўся кравец поясам і сабраўся выправіцца ў белы свет, палічыўшы, што кравецкая майстэрня занадта цесная для яго храбрасці. Але перш чым выправіцца ў шлях-пуцявіну, ён пачаў шукаць па ўсім доме, ці няма чаго такога, што можна было б з сабой прыхапіць, але нічога не знайшоў, акрамя кавалка старога сыру, і ўзяў яго з сабой. Ля брамкі ён прыкмеціў птушку, якая ніяк не магла выбавіцца з густога голля; ён злавіў яе і разам з сырам сунуў у кішэнь. А тады ўжо рушыў у дарогу. Быў ён хуткі і жвавы і стомы не адчуваў. Шлях неўзабаве прывёў яго да гары, і калі ён узабраўся на вяршыню, то ўбачыў там вялізнага велікана, які сядзеў ды спакойна пазіраў вакол сябе. Кравец рашуча наблізіўся да яго і гукнуў:
— Дзень добры, шаноўны, ты чаго тут рассеўся ды пазіраеш вакол? Я вось іду ў белы свет вандраваць, хачу шчасце знайсці, можа, і ты са мною пойдзеш?
Велікан пагардліва глянуў на краўца і адказаў:
— Эх ты, нікчэмны абарванец!
— Як бы не так! — не пагадзіўся кравец, а тады расшпіліў куртку і паказаў велікану новы пояс, — вось, сам можаш прачытаць, што я за чалавек!
Велікан прачытаў: «Пабіў семярых адным махам» — ды падумаў, што гаворка ідзе пра людзей, якіх забіў кравец, і адчуў да гэтага малога чалавека крыху павагі. Але яму перш захацелася праверыць яго. Ён узяў камень у руку і сціснуў яго так, што з таго вада пацякла.
— Вось і ты паспрабуй гэтак, — сказаў велікан, — калі сілы ў цябе хопіць.
— І гэта ўсё? — праўдзіва здзівіўся кравец. — Для мяне гэта нічога не значыць! — І ён засунуў у кішэнь, выняў адтуль кавалак сыру, сціснуў яго так, што ажно сок пацёк.
— Ну, што, — сказаў ён, — мабыць, лепш, чым у цябе, атрымалася?
Велікан не ведаў, што і адказаць, — ад малога чалавека ён ніяк не чакаў такога. Падняў тады велікан камень і шпурнуў угору, ды так высока, што той нават знік з вачэй.
— А цяпер, качаня, ты паспрабуй.
— Ну, што ж, кінуў няблага, — сказаў кравец, — але ж камень зноў на зямлю ўпаў; а я вось кіну, то назад не вернецца. — І ён зноў засунуў руку ў кішэнь, выняў птушку і падкінуў яе ўгору. Птушка, адчуўшы свабоду, узрадавалася, узляцела, паднялася высока ў неба і назад ужо не вярнулася.
— Як табе, дружа, гэта падабаецца? — спытаў кравец.
— Кідаць ты ўмееш добра, — пачухаў патыліцу велікан, — але, паглядзім, ці зможаш ты панесці вялікі цяжар. — І ён падвёў краўца да вялізнага дуба, што ляжаў на зямлі, а пасля кажа: — Калі ты дужы, то дапамажы мне выцягнуць дрэва з лесу.
— Чаму ж не, — адказаў маленькі чалавек, — ты ўзвалі камель сабе на плечы, а я падыму і панясу галіны, — гэта куды цяжэй.
Велікан ускінуў камель на плечы, а кравец усеўся на адну галіну; давялося велікану, які аніяк не мог азірнуцца назад, валачы ўсё дрэва, а ў дадатак і краўца. Ад гэтага маленькаму чалавеку зрабілася весела і ён пачаў насвістваць вясёлую песеньку: «Трое краўцоў пад'язджалі да крамы...», нібыта цягнуць гэта вялізнае дрэва для яго дзіцячая забава.
Працягнуў велікан цяжкую ношу недалёка, стаміўся, задыхаўся і нарэшце знямогла выгукнуў:
— Паслухай, братка, а дрэва мне давядзецца кінуць.
Тут кравец жвава саскочыў з галіны, абхапіў дрэва абедзвюма рукамі, быццам дагэтуль нёс яго, і адказаў волату:
— Ты гэткі вялікі, а дрэва выцягнуць з лесу не змог.
Пайшлі яны далей разам. Ідуць каля высокай вішні, велікан хапіў яе за вершаліну, дзе пунсавелі самыя спелыя і сакаўныя ягады, нагнуў уніз, перадаў яе краўцу і пачаў маленькага чалавека частаваць. Але кравец быў слабы ад прыроды, утрымаць вершаліну не змог, і, калі велікан адпусціў яе, дрэва паднялося і кравец узляцеў разам з галінамі ў паветра. Ён упаў на зямлю, а велікан тады яму і кажа:
— Што ж гэта ты, няўжо не хапіла сілы, каб утрымаць галіну.
— Сілы-то ў мяне хапіла, — адказаў кравец, — ці ты думаеш, што гэта цяжка чалавеку, хто пабіў семярых адным махам? А гэта я праз дрэва пераскочыў, бо знізу паляўнічыя страляюць па кустах. А вось ты скокні гэтак, калі, вядома, зможаш.
Велікан паспрабаваў, але праз дрэва пераскочыць не змог і павіснуў на галінах, з чаго вынікала, што і на гэты раз кравец меў верх.
Тады сказаў велікан:
— Калі ты такі смелы, то пойдзем разам са мной у нашу пячору, там і заначуем.
Кравец згадзіўся і пакіраваў следам за веліканам. Наблізіліся яны да пячоры, глядзіць кравец — а там сядзяць ля вогнішча яшчэ некалькі веліканаў, і кожны з іх трымае ў руках па смажанай авечцы, і кожны сілкуецца, прыцмокваючы. Агледзеўся кравец і падумаў: «А тут больш прасторна, чым у маёй майстэрні». Велікан паказаў яму на ложак і сказаў, каб ён прылёг і як след выспаўся. Тая пасцель была для краўца задужа вялікая, і ён прымасціўся нанач з самага краю, забраўшыся ў вугал. Наблізілася ноч, і велікан, падумаўшы, што кравец заснуў глыбокім сном, узяў вялізны жалезны лом і адным махам распалавініў ложак, толькі трэскі пасыпаліся. Вядома ж, падумаў, што гэту кузурку знішчыў.
Раніцай веліканы пайшлі ў лес, а пра краўца забыліся, і раптам ён выходзіць ім насустрач, вясёлы і бесклапотны. Тут веліканы перапалохаліся, падумалі, што ён усіх іх зараз пераб'е, а таму кінуліся наўцёкі. А кравец пакіраваў далей куды вочы глядзяць. Доўга ён вандраваў, нарэшце прыйшоў у двор каралеўскага палаца і, адчуўшы, што стаміўся, прылёг на траву ды моцна заснуў. Пакуль ён спаў, падышлі людзі, пачалі яго з усіх бакоў разглядаць. Убачылі пояс і прачыталі на ім надпіс: «Пабіў семярых адным махам».
— Ого! — падзівіліся яны, — і што ён хоча, гэты храбры воін, тут, у мірную пару? Мабыць, гэта дужа важны чалавек.
Яны пайшлі і паведамілі пра вандроўніка каралю, мяркуючы, што на выпадак вайны гэткі воін будзе тут вельмі патрэбен. Такія думкі каралю спадабаліся, і ён паслаў да краўца аднаго са сваіх прыдворных, каб той угаварыў прышэльца паступіць да караля на вайсковую службу.
Пасланец падышоў да краўца і пачаў цярпліва чакаць пакуль той не расплюшчыць вочы. А як прачнуўся, пераказаў каралеўскае даручэнне.
— Я для таго сюды і з'явіўся, — весела адказаў кравец. — Што ж, я згодзен паступіць да караля на службу.
Яго прынялі з вялікай павагай, выдзелілі пакой для жылля. Але каралеўскія воіны аднесліся да краўца насцярожана і надумалі ад яго пазбавіцца. «Што ж з гэтага атрымаецца? — меркавалі яны між сабой. — Калі мы з ім выпадкова пасварымся, то ён, чаго добрага, на нас накінецца і паб'е семярых адным махам. Тут ніхто з нас яго не адолее». І вось яны вырашылі пайсці да караля ды прасіць у яго адстаўкі.
— Дзе ж нам утрымацца, — сказалі яны, — побач з чалавекам, які здольны зваліць семярых адным махам?
Засумаваў кароль, што даводзіцца яму з-за аднаго губляць усіх верных слуг, і захацелася яму хутчэй ад краўца пазбавіцца, каб вочы яго больш не бачылі. Але кароль так адразу даць адстаўку новаму воіну не асмеліўся: а што як той раззлуецца ды заб'е яго, а сам сядзе на каралеўскі трон. Доўга думаў кароль, разважаваў і нарэшце вырашыў зрабіць так. Ён паслаў да краўца свайго чалавека і загадаў аб'явіць, што кароль хоча яму, як вялікаму воіну, зрабіць прапанову.
У адным з лясоў яго каралеўства пасяліліся два веліканы, сваімі разбоямі і падпаламі наносяць вялікі ўрон; і ніхто іх не адолее, нават баяцца наблізіцца да таго месца, дзе жывуць гэтыя злыдні. Дык вось, калі новы воін адолее гэтых веліканаў, заб'е іх, то аддасць яму кароль сваю адзіную дачку ў жонкі і паўкаралеўства ў пасаг. Памагаць воіну паедуць сто каралеўскіх коннікаў.
«Для такога, як я, было б някепска займець у жонкі прыгажуню каралеву ды яшчэ палову каралеўства, такое рэдка выпадае».
— Згодзен! — сказаў кравец. — Веліканаў гэтых я адолею і не патрэбны мне гэтыя сто каралеўскіх коннікаў; хто адным махам семярых валіць, таму няма чаго баяцца дваіх.
І вось выправіўся кравец у паход, і ехала следам за ім сотня коннікаў. Пад'ехаўшы да ўскрайку лесу, кравец сказаў каралеўскім слугам:
— Вы заставайцеся тут, а я ўжо сам спраўлюся з веліканамі. — І ён сігануў у лес, азіраючыся па баках.
Хутка ён убачыў двух веліканаў. Яны ляжалі пад дрэвам і спалі, і пры тым так ваяўніча храплі, што ажно галіны на дрэвах гайдаліся.
Кравец паназбіраў у кішэні камянёў, а пасля ўзабраўся на дрэва, усеўся на галіне, якая акурат звісала над веліканамі і пачаў кідаць тыя камяні на грудзі аднаму з грозных храпуноў, камень за каменем. Велікан доўгі час нічога не заўважаў, але нарэшце прачнуўся, таўкануў сябра ў бок ды кажа:
— Ты чаму мяне б'еш?
— Гэта табе прыснілася, — адказвае яму той, — я цябе нават пальцам не крануў. — І яны зноў улегліся спаць. А кравец зноў выняў камень ды скінуў яго на другога велікана.
— Што гэта? — гукнуў другі. — Ты чым у мяне шпурлянуў?
— Не шпурляў я ў цябе, — адказаў першы і пачаў незадаволена нешта мармытаць.
Так сварыліся веліканы нейкі час, а, калі нарэшце абрыдла гэта, памірыліся ды зноў заснулі.
Кравец тым часам зноў пачаў гульню, выбраў камень ямчэйшы і з усяе сілы запусціў яго ў грудзі першаму велікану.
— Ну, ведаеш, гэта ўжо занадта! — закрычаў той і ўскочыў, як ашалелы, схапіў свайго сябру за грудзі і грукнуў аб дрэва, ажно яно закалацілася. Другі велікан адказаў тым жа, і яны абодва так раззлаваліся, што пачалі вырываць дрэвы ды біць імі адзін аднаго, пакуль не пападалі мёртвымі на зямлю.
Тут кравец саскочыў з дрэва. «Шчасце яшчэ, — сказаў, пачухаўшы патыліцу, — што яны да майго дрэва не дабраліся, давялося б мне тады скакаць, як вавёрцы, з дрэва на дрэва, з галіны на галіну. Ды не страшна — мы людзі жвавыя!» Ён выняў свой меч і з усяе сілы грукнуў ім веліканаў у грудзі, пасля гэтага выйшаў з лесу да каралеўскіх коннікаў і кажа:
— Справа зроблена, я прыкончыў абоіх. Аднак жа цяжкавата было; яны так перапалохаліся, што ажно дрэвы з зямлі вырывалі, каб бараніцца неяк, ды хіба ўратуешся ад таго, хто семярых адным махам на зямлю валіць.
— А вас не паранілі? — пытаюць коннікі.
— Не-а, усё абышлося, — адказвае кравец, — і валасінкі не ўпала.
Коннікі не паверылі і пайшлі ў лес паглядзець. Бачаць, а там веліканы плаваюць у лужыне ўласнай крыві, а вакол іх павырываныя з карэннем дрэвы ляжаць.
І вось тады патрабаваў кравец ад караля абяцанай узнагароды, а той ужо так раскайваўся, што дужа шмат наабяцаў і пачаў прыдумваць, як бы нарэшце пазбавіцца ад гэтага героя.
— Перш чым ты атрымаеш маю дачку ў жонкі і палову каралеўства, — сказаў ён краўцу, — ты павінен здзейсніць яшчэ адну геройскую справу. Жыве ў лесе адзінарог, ён нам чыніць вялікую шкоду, то злаві яго.
— Адзінарога баюся яшчэ менш, чым двух веліканаў; семярых зваліць адным махам здолеў, злаўлю і адзінарога.
Узяў ён з сабой вяроўку, сякеру, зайшоў у лес, каб падпільнаваць таго рагатага звера. А людзям, якія былі прыстаўлены яму дапамагаць, сказаў, каб чакалі на ўскрайку лесу. Доўга чакаць адзінарога не давялося; той хутка з'явіўся і кінуўся на краўца, намерыўшыся нанізаць чалавека на рог.
— Цішэй, цішэй, пачвара, — кажа кравец. — Так справа не пойдзе.
Ён спыніўся і пачаў чакаць, пакуль звер наблізіцца, пасля жвава адскочыў і схаваўся за дрэва. Адзінарог, які шалёна імчаўся, з усяе сілы загнаў рог у дрэва, ды так моцна, што раве, круціцца, а выцягнуць рог не можа, так і злавіўся.
— Цяпер птушачка ў маіх руках, — сказаў задаволена кравец і, выйшаўшы са схованкі, накінуў адзінарогу на шыю вяроўку, пасля адсек яму сякерай рог, і, калі ўсё было зроблена чын-чынам, вывеў звера з лесу і пакіраваў да караля.
Але кароль і на гэты раз не хацеў аддаваць наабяцанага і выказаў краўцу трэцяе патрабаванне. Цяпер павінен ён быў злавіць дзікага вепра для будучага вяселля, гэты звер чыніць лесу вялікую шкоду, падкопваючы дрэвам карэнне. Дапамагчы краўцу павінны былі егеры.
— Хай будзе так, — пагадзіўся кравец, — і гэта для мяне дзіцячая пацеха!
Егераў з сабой у лес ён не ўзяў, і яны былі гэтым вельмі задаволены, бо дзік неаднойчы ганяў іх між дрэў і зноў сустракацца з ім не было ніякай ахвоты.
Калі дзік заўважыў краўца, то адразу, з пенай на лычы, кінуўся на чалавека, збіраючыся збіць яго з ног ашчэранымі ікламі. Але жвавы герой паспеў ускочыць у каплічку, што стаяла паблізу, і імгненна выскачыў з яе праз акенца, з іншага боку. Дзік таксама ўскочыў у капліцу, а кравец тым часам аббег вакол будыніны ды зачыніў дзверы, — тут люты звер і злавіўся: быў ён дужа няўклюдны, тоўсты, каб выскачыць праз акно.
Паклікаў тады кравец егераў, каб тыя ўласнымі вачыма пабачылі злоўленага звера, а сам пакіраваў да караля; і як ужо вяльможнаму не хацелася, а давялося-такі стрымаць абяцанае слова, і ён выдаў краўцу сваю дачку ў жонкі і перадаў палову каралеўства.
Ведаў бы ён, што стаіць перад ім не вялікі герой, а звычайны кравец, то зрабілася б яму дужа кепска.
Вяселле адсвяткавалі з вялікай раскошай ды малой радасцю; і вось зрабіўся кравец каралём.
Праз нейкі час пачула ноччу маладая каралева, як яе муж у сне размаўляе: «Хлапчына, пашый мне куртку ды залатай порткі, а не зробіш, адлупцую аршынам». Тут і здагадалася яна, з якога завулка родам яе суджаны; ранкам расказала пра сваё гора бацьку і пачала слёзна прасіць яго, каб ён пазбавіў яе ад такога мужа. Пачаў кароль суцяшаць яе ды кажа:
— Гэтай ноччу ты свой пакой не запірай, мае слугі будуць стаяць ля дзвярэй, і як толькі кравец засне, яны звяжуць яго і аднясуць на карабель, які звязе самазванца ў далёкую краіну.
Каралева такім абяцаннем засталася задаволеная, але каралеўскі зброеносец, які ўсё гэта чуў, будучы верным маладому каралю, паведаміў яму пра ўсё гэта.
— Я іх не баюся, — сказаў кравец.
Вечарам ён улёгся, як звычайна, у пасцель са сваёй жонкай. Яна падумала, што ён заснуў, паднялася, адчыніла дзверы ды зноў лягла ў пасцель. А кравец зрабіў выгляд, быццам моцна спіць і пачаў, як скрозь сон, мармытаць: «Хлапчына, пашый мне куртку ды залатай порткі, а не зробіш, адлупцую аршынам! Я пабіў семярых адным махам, забіў двух веліканаў, вывеў з лесу адзінарога, злавіў дзікага вепра — ці ж мне баяцца тых, хто стаіць за дзвярыма!»
Пачулі слугі, што мармыча кравец і ахапіў іх такі страх, што яны збеглі куды вочы глядзяць. І ніхто з тае пары не адважыўся чапаць краўца.
І вось, як быў кравец каралём, так на ўсё жыццё ім і застаўся.


КАЗКА ПРА ТАГО, ХТО ХАДЗІЎ СТРАХУ ВУЧЫЦЦА

Былі ў бацькі два сыны. Старэйшы разумны ды талковы, усё ў яго ладзілася. А малодшы — дурань. Нічога нібыта не разумеў і да вучобы быў няздатны. Людзі пра яго казалі:
— З гэтым бацька набярэцца клопату!
Меў, праўда, і старэйшы сын адну загану: быў баязлівы. Пасылае, бывала, бацька куды-небудзь, а на вуліцы ўжо цёмна, то ён заўсёды просіцца:
— Ох, бацечка, не пайду, мне страшна!
Пачнуць вечарам ля агню расказваць усялякія небыліцы, аж мароз па скуры бегае, зноў старэйшы брат уздыхае:
— Ах, як страшна!
Малодшы брат кожны раз дзівіўся:
— А мне вось анічуць не страшна.
Аднойчы бацька і кажа яму:
— Паслухай, сын, ты ўжо вунь які вялікі ды моцны вырас, трэба самому вучыцца хлеб зарабляць. Бачыш, як брат твой стараецца.
— Эх, бацечка, — адказаў малодшы сын, — я б ахвотна чаму-небудзь навучыўся. Але найперш хачу навучыцца, каб мне было страшна.
Пачуў гэта старэйшы брат і заўсміхаўся, падумаў: «Божа, які ўсё-такі мой брат дурань. З яго ніколі нічога не атрымаецца».
Уздыхнуў бацька і кажа малодшаму сыну:
— Чаму-чаму, а страху ты павінен навучыцца. Толькі на хлеб наўрад ці гэтым заробіш.
Неўзабаве зайшоў да іх у госці дзяк. Пачаў бацька пра сваю бяду яму жаліцца, расказваў пра малодшага сына.
— Калі так, — адказаў дзяк, — страху ён мог бы ў мяне навучыцца. Прышліце сына да мяне.
Бацька задаволены: «Вось хлопца і прыладкую куды-небудзь».
Стаў жыць яго малодшы сын у дзякавай хаце. І даручыў яму гаспадар званіць у званы. Аднойчы будзіць ён свайго работніка апоўначы і загадвае падняцца на званіцу ды біць у званы.
«Цяпер ты навучышся страху», — падумаў дзяк. Потайкам ён прабраўся на званіцу, стаў насупраць вакна ўвесь у белым. Званар, як толькі ўзяўся за вяроўку, убачыў прывід і крыкнуў:
— Хто гэта?
Постаць у белым не адгукнулася, не здрыганулася.
— Адказвай альбо згінь, табе тут няма чаго рабіць! — закрычаў хлопец.
Але дзяк прадаўжаў стаяць.
— Што табе трэба? — зноў закрычаў званар. Калі не адкажаш, то скіну ўніз з лесвіцы.
Дзяк думаў, што да гэтага справа не дойдзе, і стаяў моўчкі. А пасля трэцяга вокрыку, хлопец падбег і скінуў прывід з лесвіцы ўніз.
Адзваніў работнік у званы. Вярнуўся дамоў і моўчкі лёг спаць. Доўга чакала дзячыха свайго мужа, а ён усё не вяртаўся. Урэшце зрабілася ёй страшна. Яна разбудзіла хлопца і давай распытваць:
— Ці не ведаеш ты, куды гэта мой муж дзеўся? Ён жа на званіцу падняўся раней за цябе.
— Не ведаю, — адказаў хлопец, — але бачыў я, нехта стаяў на лесвіцы ўвесь у белым. Адмоўчваўся на мае запытанні і не хацеў пакідаць званіцу. Я палічыў, што ён злодзей, і скінуў уніз. Схадзіце ды зірніце на яго.
Кінулася дзячыха да званіцы і знайшла там свайго мужа. Ён ляжаў у куце ды стагнаў, зламаў сабе нагу.
Прынесла жонка мужа дадому, кінулася з плачам да хлопцавага бацькі.
— Ваш сын, — сказала дзячыха, — вялікую бяду ўчыніў, скінуў майго мужа з лесвіцы, і той зламаў нагу. Забірайце ад нас свайго шалапута.
Напалохаўся бацька, пабег да дзяка і давай лаяць сына. Як той ні апраўдваўся, а бацька сваё:
— Эх, мне з табой адно гора. Ідзі-тка ты куды-небудзь, каб вочы мае цябе не бачылі.
— Добра, бацечка, ахвотна пакіну вас. Пайду страху вучыцца, каб гэта рамясло мяне карміць магло.
— Вучыся чаму хочаш, — махнуў бацька рукой. — Вось табе пяцьдзесят талераў, ідзі з імі куды хочаш. Ды толькі не кажы нікому чый ты, бо мне за цябе сорамна будзе.
— Добра, бацечка, выканаю ўсё, як просіце.
Раніцай юнак укінуў у кішэню бацькавы грошы і выйшаў на вялікую дарогу. Ідзе і сам сабе паўтарае: «Ах, каб мне стала страшна! Ах, каб мне стала страшна!»
Пачуў гэту просьбу адзін падарожнік, далучыўся да юнака. Нейкі час яны ішлі разам. Убачылі шыбеніцу, падарожнік дый кажа:
— Бачыш, вунь стаіць дрэва, а на ім вісяць сем чалавек. Вяселле згулялі, а цяпер лётаць вучацца. Садзіся пад тым дрэвам, а як ноч наступіць, то страху і навучышся.
— Калі так хутка я навучуся страху, — адказаў хлопец, — то прыходзь да мяне раніцай і атрымаеш ад мяне пяцьдзесят талераў.
Усеўся дурань пад дрэвам, на якім былі падвешаны людзі, і пачаў змроку чакаць. Пахаладала, і ён распаліў касцёр. А ноччу ўзняўся калючы вецер, што нават касцёр не саграваў. Зірнуў ён уверх, а там павешаныя гайдаюцца. Падумаў хлопец: «Я ля кастра зябну, а яны ўверсе зусім адубеюць». Ад прыроды ён быў жаласлівы, таму прыставіў лесвіцу да дрэва і палез адвязваць мерцвякоў. Сцягнуў усіх уніз, пасадзіў іх ля кастра. Ды і сам сцішыўся, прыгрэўся. Раптам бачыць, гарыць адзежа ў мерцвякоў. Ён крычыць ім:
— Эй, будзьце з агнём асцярожныя, а то я вас зноў зацягну на шыбеніцу.
Ды хто ж яго пачуе, калі вакол кастра адны нябожчыкі. Раззалаўся хлопец і зноў падвесіў іх на дрэва. Стаміўся ад такой працы, прысеў ля агню і моцна заснуў.
Раніцай прыходзіць знаёмы падарожнік па грошы і кажа:
— Ну, цяпер ты даведаўся, што такое страх?
— Не, — адказаў хлопец, — адкуль мне яго ведаць? Тыя, што наверсе, і рота за ноч не адкрылі ды такія дурні, ледзь не спалілі свае старыя лахманы.
Зразумеў прахожы, што не атрымае абяцаных грошай, сказаў пры развітанні:
— Такога, як ты, яшчэ ні разу не сустракаў.
Пайшоў хлопец далей сваёй дарогай. Ідзе і зноў мармыча:
— Ах, каб мне стала страшна!
Пачуў гэта адзін возчык, цікавіцца:
— Хто ты такі?
— Не ведаю, — адказаў дурань.
— А ты адкуль?
— Не ведаю.
— Хто твой бацька?
— Гэтага мне расказваць не дазволена.
— А што ты ўсё пра сябе мармычаш?
— Э-э, — адказаў хлопец, — хачу, каб мне стала страшна, а мяне ніхто гэтаму не навучыць.
— Ідзі за мной, — сказаў возчык, — я дапамагу табе.
Пад вечар яны прыпыніліся ў карчме, вырашылі там пераначаваць.
Гаспадар карчмы, як толькі даведаўся, чаго жадае малады хлопец, сказаў яму:
— Калі табе хочацца навучыцца страху, то выпадак для гэтага ёсць.
Гаспадар расказаў яму, што непадалёк ад карчмы стаіць заварожаны замак. Варта там правесці тры ночы запар, і страху можна навучыцца.
— Няўжо?!
— Слухай, хлопча, — таямніча паведаміў карчмар, — кароль таго замка абяцае смельчаку аддаць у жонкі сваю дачку-прыгажуню. Там ёсць вялікія скарбы, але яны зачараваныя. Хто прагоніць ад іх злыя духі, той стане багатым. Было, на жаль, ужо багата ахвотнікаў пабываць у тым замку, але ніхто не вярнуўся назад.
Як толькі развіднела, пайшоў хлопец да караля і кажа:
— Калі будзе дазволена, то я хацеў бы правесці тры ночы ў вашым зачараваным замку.
Каралю спадабаўся адчайны юнак, ён і прапанаваў:
— Прасі ў мяне тры рэчы, можаш іх узяць з сабой у замак.
Хлопец адказаў:
— Дайце мне агню, сталярны станок і такарны разам з разцом.
Кароль загадаў удзень занесці ўсё гэта ў замак. А ноччу хлопец-смяльчак пайшоў туды. У адным з пакояў расклаў агонь, паставіў побач сталярны станок, а на такарны сам усеўся, зноў пачаў мармытаць:
— Ах, каб мне стала страшна!
Апоўначы чуе дзіўныя галасы:
— Мяў-мяў! Як нам холадна!
— Эй, вы, дурні, — крыкнуў хлопец. — Калі вам холадна, то падсаджвайцеся да агню ды грэйцеся.
І толькі ён так сказаў, як да яго скокнулі дзве вялізарныя чорныя кошкі. Селі па баках, вочы агнямі гараць. Крыху сагрэліся і прапануюць:
— Прыяцель, а давай у карты згуляем.
— Чаму б не згуляць — пагадзіўся хлопец. — Толькі пакажыце спярша вашы лапы.
І выпусцілі кошкі свае кіпцюры.
— Э-э, якія яны ў вас доўгія! Іх трэба крыху абрэзаць.
Схапіў ён кошак за шкіркі, падняў на сталярны станок і моцна прыкруціў лапы. Пасля, мёртвых, выкінуў праз вакно ў ваду.
Толькі прысеў ля агню, як з усіх куткоў павылазілі чорныя кошкі і чорныя сабакі на распаленых ланцугах. Яны страшна крычалі, раскідвалі агонь, хацелі яго патушыць.
Гэта раззлавала хлопца. Ухапіў ён разец і давай ганяць страшыдлаў. Каго забіў, выкінуў у сажалку. Астатнія разбегліся.
Вярнуўся ён да агню, раздзьмуў яго, захацелася яму паспаць. Азірнуўся, бачыць у куце вялікі ложак.
— Гэта якраз мне і трэба, — узрадаваўся юнак.
А як толькі ўлёгся, ложак той пачаў рухацца і пакаціўся па замку, як бы ў яго запрэглі вараных. Праз парогі і лесвіцы, то ўніз, то ўверх. Ды раптам — гуп!-гуп! — перакуліўся ложак, бытта гара на хлопца навалілася. Вызваліўся з-пад яго і кажа:
— Хай на ім катаецца той, каму ахвота.
Лёг ля свайго агню і заснуў. Так моцна спаў, што кароль, калі раніцай убачыў яго, думаў ён мёртвы:
— Шкада мне хлопца-прыгажуна.
Пачуў гэта юнак і прачнуўся, сказаў:
— Усё было добра. Адна ноч прайшла, перажыву і дзве астатнія.
Вярнуўся хлопец да карчмара, а той вачам сваім не верыць, пытаецца:
— Ну, навучыўся страху?
— Не, усё марна. Ах, каб хто расказаў мне, што гэта за страх!
На другую ноч зноў пайшоў смяльчак у стары замак. Сеў ля агню, думае. З прыходам поўначы пачуліся шумы, стукі. Раптам з трубы выскачыла палова чалавека і звалілася перад ім.
— Гэй, — крыкнуў хлопец, — а дзе ж другая палова? Гэтага мала!
Зноў падняўся шум, усё загрымела, завыла, і з трубы выпала другая палова.
— Пачакай, я для цябе раздзьму агеньчык.
Раздзьмуў, азірнуўся, бачыць — страшны чалавек усеўся на яго месца.
— Так мы не дамаўляліся, — зазлаваў юнак. — Лаўка мая!
Спіхнуў ён страшыдла і ўсеўся на сваё месца. І выпала потым з трубы багата яшчэ такіх жа людзей. Яны прыцягнулі косткі мерцвякоў, два чарапы і пачалі гуляць у кеглі. Юнак пацікавіўся:
— Слухайце, вы, а ці нельга з вамі пагуляць?
— Можна, калі грошы ў цябе водзяцца.
— Грошай хапае. А вось кеглі ў вас не зусім круглыя.
Узяў ён чарапы, прыладкаваў іх на такарны станок, абтачыў.
— Так-то лепш будуць качацца. Цяпер гульня пойдзе весялей!
Згуляў юнак з імі, прайграў крыху грошай. А як толькі пачало развідняць, усе страшыдлы разбегліся. Ён яшчэ паспеў моцна заснуць.
Прыходзіць раніцай кароль:
— Ну, як гэту ноч правёў?
— У кеглі гуляў, некалькі талераў прайграў.
— А хіба табе не было страшна?
— Што вы, весела было. Эх, уведаць бы мне толькі, што такое страх!
На трэцюю ноч да хлопца з'явіліся шэсць веліканаў. Прынеслі на пахавальных насілках памёршага стрыечнага брата. Ён ляжаў халодны ў труне.
Юнак узяў нябожчыка на рукі, падсеў з ім да агню, пачаў расціраць халодныя рукі. Нічога не дапамагло, кроў не разыходзілася па жылах. Тады хлопец вырашыў легчы з ім у пасцель і сагрэць яго сваім целам. Так і зрабіў.
Адагрэўся мярцвяк, заварушыўся ды як крыкне:
— А цяпер я цябе задушу!
— Што?! — здзівіўся хлопец. — Ты мне так хочаш аддзячыць? Калі так, то вяртайся ў сваю дамавіну.
Ён падняў мерцвяка, кінуў яго ў дамавіну і прыкрыў векам. З'явіліся шэсць веліканаў і вынеслі яго.
— Усё ніяк не робіцца мне страшна, — сам сабе паскардзіўся хлопец.
Тады раптам да яго падступіўся адзін з веліканаў, ростам вышэй за ўсіх і старэйшы за іх, з доўгай сівой барадой, закрычаў:
— Ах ты, хлапчук! Ты зараз даведаешся, што такое страх. Ты павінен памерці!
— Як гэта?!
— Вось зараз...
Страшыдла працягнула рукі да хлопца, хацела ўхапіць яго, але ён выкруціўся і сказаў:
— Цішэй, няма чаго рукі распускаць! Калі ты моцны, то і я не слабы.
— Давай памераемся сілай!
Велікан павёў хлопца ў кузню, узяў сякеру і адным махам увагнаў кавадла ў зямлю.
— Я здолею не горш, — сказаў хлопец і падышоў да другога кавадла.
Стары сагнуўся, каб лепей бачыць, як юнак будзе заганяць кавадла ў зямлю. Барада яго апусцілася. А хлопец хуценька адсунуў кавадла дый зашчаміў у яго бараду страшыдлы.
— Вось ты і трапіў да мяне! Цяпер твая чарга паміраць.
Пачаў велікан стагнаць, прасіцца. Паабяцаў вялікае багацце. Паверыў хлопец, адпусціў яго.
Павёў стары ў падзямелле замка і паказаў юнаку тры куфры, поўныя золата.
— Адна частка золата, — сказаў ён, — беднякам, другая — каралю, а трэцяя — табе.
Між тым прабіла дванаццаць, і дух знік. Хлопец застаўся адзін упоцемку. Стаў прабірацца вобмацкам. Знайшоў дарогу да пакоя, дзе гарэў агонь, і заснуў.
Прыходзіць раніцай кароль, пытае:
— Ну што, цяпер страху навучыўся?
— Не!.. Пабываў тут мой памёршы стрыечны брат. Прыходзіў нейкі барадач, але што такое страх, так мне ніхто і не сказаў.
Кароль паведаміў яму:
— Ты замак мой вызваліў ад чараў, можаш цяпер жаніцца на маёй дачцэ.
— Гэта добра, — адказаў хлопец, — але што такое страх, я так і не ведаю.
Паднялі з падзямелля золата. Згулялі вяселле. Малады кароль, як ні кахаў сваю жонку, як ні быў задаволены, а не-не дый паўтараў:
— Каб стала мне страшна!
Надакучыла слухаць такое каралеве. От аднойчы служанка і кажа ёй:
— У гэтай справе я дапамагу. Ён страху навучыцца!
Пайшла яна да ручая, які бруіўся ў садзе, набрала поўны цэбар печкуроў. Ноччу, як толькі малады кароль заснуў, сцягнула жонка з яго коўдру і выліла на яго поўны цэбар халоднай вады з печкурамі. Пачалі маленькія рыбкі скакаць, цялёпкацца па целе маладога караля, ад чаго ён прачнуўся ды як закрычыць:
— Вой, мілая жонка, як мне страшна, як страшна! Так, цяпер я ўжо ведаю, што такое страх!


КАРОЛЬ ДРАЗДАБАРОД

У аднаго караля была дачка, якая праславілася на ўвесь свет сваёй прыгажосцю. І праўда, красуняй яна была вышэй усякай пахвалы, але затое і ганарыстая, як ніхто. Нікога з жаніхоў не лічыла яна вартым сваёй рукі. Хто ні сватаўся да яе, усе атрымлівалі адмову ды яшчэ якое-небудзь злое слоўца ці насмешлівую мянушку ў дадатак. Стары кароль усё дараваў сваёй адзінай дачцэ, але пад канец нават яму надакучылі яе капрызы і дзівацтвы.
Ён загадаў наладзіць пышнае свята і склікаць з далёкіх краёў і суседніх гарадоў усіх маладых людзей, якія яшчэ не згубілі надзею спадабацца каралеўне і дабіцца яе прыхільнасці.
З'ехалася нямала жаніхоў. Іх паставілі ў рад, аднаго за другім, па старшынству роду і велічыні даходу. Спачатку стаялі каралі і наследныя прынцы, потым — герцагі, потым — князі, графы, бароны і, нарэшце, простыя дваране.
Пасля гэтага каралеўну павялі ўздоўж раду, каб яна магла паглядзець на жаніхоў і выбраць сабе мужам таго, хто больш за ўсіх прыйдзецца па сэрцу.
Але і на гэты раз ніхто не прыглянуўся каралеўне.
Адзін жаніх здаўся ёй надта тоўстым.
— Піўная бочка! — сказала яна.
Другі — цыбатым і даўганосым, як журавель на балоце.
— Жураўліныя доўгія ногі не знойдуць шляхі-дарогі.
Трэці ростам не ўдаўся.
— Ад зямлі не відаць — баюся растаптаць!
Чацвёртага яна знайшла надта бледным.
— Белы як смерць, худы як жардзіна!
Пятага — надта румяным.
— Чырванаскуры, на рака падобны!..
Шостага — недастаткова стройным.
— Свежае дрэва — за печкай сушанае. Было сырое, стала сухое, было прамое, стала крывое!
Словам, усім хапіла на арэхі.
Але чамусьці горш за ўсіх дасталася маладому каралю, які займаў у шэрагу жаніхоў ледзь не самае ганаровае месца.
Вось у ім, здаецца, не было нічога смешнага. Любой дзяўчыне прыйшоўся б ён па густу, толькі не нашай каралеўне. Яна, бачыце, угледзела, што бародка ў яго вастрэй, чым трэба, і надта выдаецца ўперад. І гэтага было дастаткова, каб пазабаўляцца над ім, як можна.
— Ах! — усклікнула яна і засмяялася. — Паглядзіце! Паглядзіце! У яго барада, быццам дзюба ў дразда. Кароль Драздабарод! Кароль Драздабарод!
А калі на свеце нямала ахвотнікаў пасмяяцца над суседам, то слоўца гэта тут жа падхапілі, і ніхто з той пары не называў інакш маладога караля, як кароль Драздабарод.
Але ў кожнай забавы ёсць канец.
Калі стары кароль, бацька чароўнай каралеўны, убачыў, што дачка яго зусім і не думае выбіраць сабе жаніха, а толькі дарэмна забаўляецца людзьмі, якія з'явіліся па яго запрашэнні, ён моцна раззлаваўся і пакляўся сваёй галавой і каронай, што выдасць яе за першага жабрака, які трапіцца, які пагрукае ў браму.
Прайшло два дні. І вось пад вокнамі палаца затрымцелі струны, і нейкі вандроўны музыка зацягнуў песеньку. Спеў быў варты музыкі, ды і песня была з тых, якія спяваюцца не дзеля весялосці, а толькі для таго, каб расчуліць слухачоў і выпрасіць у іх трохі грошай ці кавалак хлеба.
Але кароль прыслухаўся і паслаў па музыку сваіх слуг.
— Упусціце яго. Няхай зойдзе сюды! — сказаў ён.
Брудны, абарваны жабрак нясмела ўвайшоў у палац і праспяваў перад каралём і каралеўнай усё, што ведаў і помніў. А потым нізка пакланіўся і папрасіў міласціва ўзнагародзіць яго не столькі за ўмельства, колькі за старанне. Кароль сказаў:
— Якая праца, такая і плата. Мне так спадабаліся твае спевы, браток, што я вырашыў выдаць за цябе родную дачку.
Пачуўшы гэтыя словы, каралеўна ў жаху кінулася перад бацькам на калені, але кароль нават не паглядзеў на яе.
— Нічога не зробіш! — сказаў ён. — Я пакляўся сваёй галавой і каронай, што аддам цябе за першага жабрака, які трапіцца, і я стрымаю сваю клятву!
Колькі ні плакала каралеўна, колькі ні маліла — усё было дарэмна. Яе тут жа абвянчалі з жабраком-музыкай.
А пасля вянчання кароль сказаў:
— Не бывае такога, каб жонка жабрака жыла ў каралеўскім палацы. Можаш адпраўляцца са сваім мужам на ўсе чатыры бакі.
Жабрак музыка, не кажучы ні слова, узяў за руку маладую жонку і вывеў яе за браму. Першы раз у жыцці каралеўна пешкі выйшла з бацькоўскага палаца.
Апусціўшы галаву, не азіраючыся па баках, ішла яна следам за сваім мужам па камяністай пыльнай дарозе.
Доўга ішлі яны так па раўнінах і ўзвалках, па дарогах, дарожках і сцяжынках. І нарэшце сцяжынка вывела іх у засень густога лесу.
Яны селі адпачыць пад старым дубам, і каралеўна спытала, міжволі задзівіўшыся цяністымі дрэвамі:

— Чый гэта лес на захад і на ўсход?

— Там гаспадар — кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой —
То быў бы твой.

Каралеўна задумалася, а потым уздыхнула і прашаптала:

— Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!

Музыка скоса паглядзеў на яе, але нічога не сказаў. Яны пайшлі далей.
І вось перад імі — паўнаводная рака, а ўздоўж берага сцелецца свежы, сакавіты луг.
Каралеўна зноў спытала:

— Чый гэта луг над мостам сініх вод?

— Там гаспадар — кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой —
То быў бы твой.

— Ах, — сказала каралеўна, глытаючы слёзы. —

Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!

Музыка нахмурыўся, паківаў галавой, але і тут нічога не сказаў ёй. І яны зноў пайшлі далей.
Калі сонца пачало хавацца за пагоркамі, каралеўна і жабрак-музыка падышлі да сцен вялікага багатага горада. Над залатой цяжкой брамай узвышалася круглая вежа.
Каралеўна спытала:

— Чый гэта горад з вежай ля варот?..

— Там гаспадар кароль Драздабарод.
Была б ты яго жонкай дарагой —
То быў бы твой!

Тут каралеўна не вытрымала. Яна горка заплакала і ўсклікнула, заломваючы рукі:

— Каб зноў мне заручыцца са свабодай,
То стала б жонкай я Драздабарода!..

Музыка раззлаваўся:
— Слухай, галубка! — сказаў ён. — Не вельмі мне па густу, што ты на кожным слове згадваеш другога і шкадуеш, што не пайшла за яго. А я, што ж, недастаткова добры для цябе?
Каралеўна прыціхла. Не абмяняўшыся ніводным словам, яны прайшлі праз увесь горад і спыніліся на самай ускраіне, каля маленькага, уросшага ў зямлю дамка. Сэрца скаланулася ў грудзях каралеўны. Яна паглядзела на дамок, на мужа і сарамліва спытала:
— Чый гэта дом пад зрэбнаю страхой?
— Ён мой і твой! — адказаў з гордасцю музыка і адчыніў перакошаныя дзверы. — Тут мы з табой будзем жыць. Заходзь!
Ёй давялося нахіліцца, каб, пераступаючы парог, не ўдарыцца галавой аб нізкую прыталаку.
— А дзе ж слугі? — спытала каралеўна, пазіраючы пабаках.
— Якія там слугі? — адказаў жабрак. — Што спатрэбіцца, зробіш сама. Вось распалі агеньчык, пастаў ваду ды згатуй мне чаго-небудзь паесці. Я не на жарты стаміўся.
Але каралеўна не мела ніякага паняцця пра тое, як распальваюць агонь і гатуюць, і музыку давялося самому прыкласці да ўсяго рукі, каб справа сяк-так пайшла на лад.
Нарэшце небагатая вячэра паспела. Яны паелі і ляглі адпачыць.
А на другі дзень жабрак ні свет ні зара падняў з пасцелі бедную каралеўну:
— Уставай, гаспадынька, некалі песціцца! Ніхто за цябе працаваць не стане!
Пражылі яны дні два так сабе, і мала-памалу ўсе прыпасы беднага музыкі падышлі да канца.
— Ну, жонка, — сказаў ён, — добранькага пакрысе. Гэтае гультайства не давядзе нас да дабра. Мы з табой толькі праядаемся, а зарабляць нічога не зарабляем. Пачні ты нарэшце хоць кошыкі плесці, ці што... Прыбытак ад гэтага невялікі, ды затое і праца нецяжкая.
Ён пайшоў у лес, нарэзаў лазы і прынёс дадому цэлую вязку.
Каралеўна ўзялася плесці кошыкі, але жорсткія пруты не слухаліся яе. Яны не хацелі ні згінацца, ні пераплятацца і толькі падрапалі ды пакалолі яе белыя ручкі.
— Так! — сказаў муж, паглядзеўшы на яе работу. — Бачу, што гэта справа не для такіх беларучак, як ты. Сядай лепш прасці. Можа, хоць на гэта ў цябе хопіць розуму ды ўмельства.
Яна села за калаўрот, але грубая нітка ўразалася ў пяшчотныя пальцы, і кроў капала з іх гэтак жа часта, як слёзы з яе вачэй.
— Проста гора з табой! — сказаў муж. — Ну памяркуй сама — на што ты здатная! Паспрабаваць, ці што, гандляваць гаршкамі ды ўсякімі там глінянымі кубкамі-міскамі! Будзеш сядзець на рынку, міргаць вачыма і атрымліваць грошыкі.
«Ах, — падумала каралеўна, — што калі хто-небудзь з нашага каралеўства прыедзе ў гэты горад, прыйдзе на плошчу і ўбачыць, што я сяджу на рынку і гандлюю збанкамі! Як яны будуць смяяцца нада мной!»
Але рабіць не было чаго. Або памірай з голаду, або згаджайся на ўсё. І каралеўна згадзілася.
Спачатку гандаль ішоў слаўна. Людзі нарасхват бралі збанкі ў цудоўнай гандляркі і плацілі ёй, не таргуючыся, усё, што яна ні прасіла. Мала таго, іншыя давалі ёй грошы ды яшчэ ў дадатак толькі што набытыя збанкі.
Так жылі яны да той пары, пакуль усе кубкі і міскі не былі распрададзены. А потым муж зноў закупіў цэлы воз глінянага посуду. Каралеўна ўселася на рыначнай плошчы, каля дарогі, расставіла вакол свой тавар і падрыхтавалася гандляваць.
Як раптам, адкуль ні вазьміся, нейкі п'яны гусар на гарачым кані, як віхор, вылецеў з-за вугла і пранёсся па збанках, пакідаючы за сабой воблака пылу ды кучу бітых чарапкоў.
Каралеўна залілася слязьмі.
— Ах, як мне перападзе! — у страху гаварыла яна, перабіраючы рэшткі растаптанага посуду. — Ах, што цяпер скажа мой муж.
Яна пабегла дадому і, плачучы, расказала яму пра сваё няшчасце.
— Ды хто ж садзіцца з гліняным посудам на рынку з краю, ля праезнай дарогі! — сказаў муж. —Ну добра! Досыць раўсці! Я выдатна бачу, што ты не здатна ні для якой прыстойнай работы. Толькі што я быў у каралеўскім замку і спытаў там на кухні, ці не патрэбна ім пасудамыйка. Кажуць — патрэбна. Збірайся! Я адвяду цябе ў замак і ўладкую там. Не будзеш у рэшце рэшт галадаць.
Так цудоўная каралеўна стала пасудамыйкай. Яна была цяпер на пасылках у повара і рабіла самую чорную работу. У глыбокія кішэні свайго вялікага хвартуха яна засунула па гаршчэчку і складвала там рэшткі ежы, якая выпадала на яе долю. А вечарам несла гэтыя гаршчэчкі дадому, каб павячэраць пасля работы.
У той самы час, калі каралеўна-пасудамыйка чысціла на кухні закураныя катлы і выграбала з печы попел, у палацы рыхтаваліся адсвяткаваць вялікую падзею — вяселле маладога караля. Наступіў нарэшце і ўрачысты дзень. Скончыўшы работу, каралеўна ціхенька прабралася з кухні наверх і стаілася за дзвярыма параднай залы, каб хаця здаля падзівіцца на каралеўскае свята.
І вось запаліліся тысячы свечак. Агні зіхацелі на золаце, серабры і каштоўных каменнях, і госці — адзін прыбраны лепш за другога — сталі ўваходзіць у каралеўскія пакоі.
Каралеўна глядзела на іх са свайго кутка, і чым даўжэй яна глядзела, тым усё цяжэй станавілася ў яе на сэрцы.
«Я лічыла калісьці, што я лепшая за ўсіх на свеце, што я першая з першых, — думала яна. — І вось цяпер я — апошняя з апошніх...»
Міма яе чарадой праходзілі слугі, несучы на выцягнутых руках вялізныя блюды з дарагімі стравамі. А вяртаючыся назад, то адзін, то другі кідаў ёй які-небудзь кавалак, які заставаўся — скарынку пірага, крылца птушкі ці рыбін хвост, і яна лавіла ўсе гэтыя хвасты, крылцы і скарынкі, каб прыхаваць іх у свае гаршчэчкі, а потым аднесці дадому.
Раптам з залы выйшаў сам малады кароль — увесь у шоўку і аксаміце, з залатым ланцугом на шыі.
Убачыўшы за дзвярыма маладую, прыгожую жанчыну, ён схапіў яе за руку і пацягнуў танцаваць. Але яна адбівалася ад яго з усіх сіл, адварочваючы твар і хаваючы вочы. Каралеўна так баялася, што ён пазнае яе! Бо гэта быў кароль Драздабарод — той самы кароль Драздабарод, якога яшчэ зусім нядаўна яна высмеяла невядома за што і прагнала з ганьбай.
Але не так лёгка было вырвацца з яго дужых рук.
Кароль Драздабарод вывеў каралеўну-пасудамыйку на самую сярэдзіну залы і пусціўся з ёй у скокі.
І тут завязка яе хвартуха лопнула. Гаршчэчкі вываліліся з кішэняў, ударыліся аб падлогу і разляцеліся на дробныя чарапкі. Пырснулі ва ўсе бакі і першае, і другое, і суп і смажаніна, і костачкі і скарынкі.
Здавалася, сцены каралеўскага замка абрушацца ад смеху. Смяяліся знатныя госці, якія прыбылі на свята, смяяліся прыдворныя дамы і кавалеры, смяяліся юныя пажы і сівыя саветнікі, рагаталі і слугі, згінаючыся ў тры пагібелі і хапаючыся за бакі.
Адной каралеўне было не да смеху.
Ад сораму і знявагі яна гатова была праваліцца скрозь зямлю.
Закрыўшы твар рукамі, выбегла яна з залы і стрымгалоў кінулася ўніз па лесвіцы.
Але хтосьці дагнаў яе, схапіў за плечы і павярнуў да сябе.
Каралеўна падняла галаву, зірнула і ўбачыла, што гэта зноў быў ён — кароль Драздабарод!
Ён ласкава сказаў ёй:
— Не бойся! Ці ж ты не пазнаеш мяне? Бо я той самы бедны музыка, які быў з табой у маленькім перакошаным дамку на ўскраіне горада. І я той самы гусар, які растаптаў твае гаршкі на базары. І той абсмяяны жаніх, якога ты пакрыўдзіла ні за што ні пра што. З-за кахання да цябе я змяніў мантыю на жабрацкія лахманы і правёў цябе дарогай зняваг, каб ты зразумела, як горка чалавеку быць пакрыўджаным і абсмяяным, каб сэрца тваё памягчэла і стала такім жа цудоўным, як і твар.
Каралеўна горка заплакала.
— Ах, я так вінавата, так вінавата, што не заслугоўваю быць тваёй жонкай... — прашаптала яна.
Але кароль не даў ёй дагаварыць.
— Годзе! Усё дурное засталося ззаду, — сказаў ён. — Давай жа святкаваць наша вяселле!
Прыдворныя дамы прыбралі маладую каралеўну ў сукенку, расшытую алмазамі і жэмчугамі, і павялі ў самую вялікую і цудоўную залу палаца, дзе яе чакалі знатныя госці і сярод іх — стары кароль, яе бацька.
Усе віншавалі маладых і без канца жадалі ім шчасця і згоды.
Тут і пачалося сапраўднае вяселле. Шкада толькі, што нас з табой там не было...


ЗАЛАТАЯ ПТУШКА

Жыў у старадаўнія часы кароль. Быў у яго замак, а вакол замка цудоўны сад, і расло ў тым садзе дрэва, на якім былі залатыя яблыкі. Як толькі яблыкі выспявалі, іх строга лічылі, але кожнай раніцой аднаго яблыка не хапала. Даведаўся пра гэта кароль і загадаў, каб кожную ноч пад дрэвам ставілі варту.
Былі ў караля тры сыны, і вось з прыходам ночы паслаў ён у сад старэйшага. Але к поўначы змарыў яго сон, і раніцой зноў не далічыліся аднаго яблыка. На другую ноч павінен быў вартаваць сын сярэдні, але і з тым здарылася тое ж самае: калі прабіла дванаццаць гадзін, ён заснуў, а раніцой не далічыліся аднаго яблыка. Вось прыйшла чарга несці варту малодшаму сыну; ён ужо падрыхтаваўся ісці, але кароль не вельмі яму давяраў і падумаў, што гэты будзе яшчэ горшы вартаўнік, чым яго браты, але нарэшце ён усё-такі яго паслаў.
Вось прылёг юнак пад дрэва, пачаў вартаваць, але не дазволіў сабе і вочы заплюшчыць. Прабіла дванаццаць гадзін, і вось у паветры штосьці зашумела; і ён убачыў у месячным святле лятучую птушку, усё пер'е яе адлівала золатам. Апусцілася птушка на дрэва і толькі дзеўбанула яблык, як пусціў юнак у яе стралу. Птушка паляцела, ды папала страла ёй у апярэнне, і адно з залатых пёрак упала долу. Падняў яго юнак, прынёс назаўтра каралю і расказаў яму, што бачыў ён ноччу.
Сабраў кароль тады сваіх дарадцаў, і ўсе ў адзін голас вырашылі, што такое пяро, як гэта, даражэй, магчыма, цэлага каралеўства.
— Паколькі пяро такое каштоўнае, — сказаў кароль, — то ў такім выпадку аднаго мне будзе мала, я хачу абавязкова мець усю птушку.
І вось рушыў у дарогу старэйшы сын; ён спадзяваўся на сваю разважлівасць і думаў, што залатую птушку ён абавязкова дабудзе.
Прайшоў ён ні многа, ні мала і ўбачыў на ўзлессі лісу; прыклаў ён да пляча стрэльбу і нацэліўся ў яе. Але ліса закрычала:
— Не страляй мяне, дам я за гэта табе добрую параду. Ты на шляху па залатую птушку, і сёння пад вечар ты прыдзеш у вёску, дзе ёсць дзве харчэўні, — яны стаяць адна супраць другой. Адна будзе асветлена ярка, у ёй весела і шумна; але ты ў гэту не заходзь, а заходзь у другую, хоць яна выглядам сваім і не прывабіць цябе.
«Як можа такі неразумны звер даць мне разумную параду!» — падумаў каралевіч і стрэліў, але ў лісу не папаў, яна распусціла свой хвост і ўцякла ў лес. Потым ён накіраваўся далей і прыйшоў пад вечар у вёску, дзе былі дзве харчэўні — у адной скакалі і спявалі, у другой выгляд быў убогі і змрочны.
«Быў бы я дурнем, — падумаў ён, — каб пайшоў у бедную жабрацкую харчэўню, харошую б абмінуў». І ён накіраваўся ў вясёлую харчэўню і пачаў бавіць там час у гульнях і вясялосці, а пра птушку і пра бацьку і ўсе ягоныя парады і забыўся.
Мінуў нейкі час, а старэйшы сын дамоў усё не вяртаецца; тады адправіўся ў дарогу сярэдні сын, — захацелася яму знайсці залатую птушку. Як і старэйшаму брату, сустрэлася яму ліса, дала яму добрую параду, але ён таксама не звярнуў на яе ўвагі. Падышоў ён да двух харчэўняў, і стаяў ля акна адной з іх яго брат, несліся адтуль вясёлыя песні, і брат гукнуў яго. Не мог сярэдні брат устрымацца, зайшоў у гэту харчэўню і застаўся там, задаволены.
Зноў прайшоў нейкі час, і захацелася малодшаму каралевічу адправіцца ў дарогу і паспытаць шчасця. Але бацька не згаджаўся.
— Справа гэтая дарэмная, — сказаў ён. Дзе ўжо яму адшукаць залатую птушку, старэйшыя браты ж хадзілі. А здарыцца з ім якая бяда, ці зможа ён з яе выкараскацца; бо розуму то ў яго малавата.
Але малодшы брат настойваў на сваім, і кароль урэшце дазволіў яму адправіцца ў дарогу. І сядзела зноў на ўзлессі ліса і прасіла яго пашкадаваць яе жыцця, і дала яму добрую параду.
Юнак быў жаласлівым і сказаў:
— Лісічка, не бойся, зла я табе не зраблю.
— Ты ў гэтым не раскаешся, — адказала ліса, — а каб хутчэй табе дабрацца да месца, садзіся мне на хвост.
І толькі ён сеў, як пусцілася ліса бегчы і панеслася праз горы і долы, — толькі ў вушах свістала ад ветру. Дабраліся яны да вёскі; развітаўся юнак з лісой, паслухаўся яе добрай парады і зайшоў, не аглядваючыся, проста ў харчэўню, якая горшая, і спакойна там пераначаваў. На другую раніцу, толькі ён выйшаў у поле, бачыць — сядзіць там ліса і кажа:
— Я раскажу, што рабіць табе далей. Ідзі ўсё прама і прама, і выйдзеш ты нарэшце да замка; убачыш, што перад замкам залёг цэлы атрад салдат, — але ты не бойся, усе яны будуць спаць і храпці; прайдзі паміж імі пасярэдзіне і заходзь прама ў замак, прайдзі праз усе пакоі; зойдзеш потым у патаемны пакой, і вісіць там драўляная клетка з залатой птушкай, і стаіць з ёй побач пустая залатая клетка, так, для прыгажосці. Ды глядзі, не перасаджвай птушку з простай клеткі ў дарагую, а то нядобрым кончыцца.
Толькі сказала гэта ліса, распусціла зноў свой хвост, і ўсеўся на яго каралевіч. Панеслася ліса праз лясы і горы, — толькі ў вушах ад ветру свістала. Апынуўся ён каля замка і ўбачыў, пра што гаварыла яму ліса. Зайшоў каралевіч у патаемны пакой, і сядзела там залатая птушка ў драўлянай клетцы, а залатая з ёй побач стаяла, і ляжалі ў пакоі ў трох кутах па тры яблыкі, залатыя яблыкі. І падумаў ён, што было б смешна, калі б ён пакінуў такую цудоўную птушку ў такой непрыгожай клетцы. Ён адчыніў дзверцы, схапіў птушку і перасадзіў яе ў залатую... Але ў гэта імгненне птушка закрычала так трывожна. Прачнуліся салдаты, забеглі ў пакой і павялі яго ў цямніцу.
На наступную раніцу прывялі яго на суд, і, паколькі ён ва ўсім прызнаўся, то асудзілі яго на смяротную кару. Але кароль сказаў, што можа яго памілаваць, калі ён знойдзе яму залатога каня, які скача хутчэй чым вецер, і тады ён атрымае залатую птушку.
Адправіўся каралевіч у шлях-дарогу; уздыхнуў і засумаваў, не ведаючы, дзе ж яму адшукаць залатога каня. І раптам убачыў ён старога свайго сябра — лісу; сядзела яна ля дарогі.
— Вось бачыш, — сказала ліса, — так выйшла таму, што ты мяне не паслухаўся. Але духам не падай, я табе дапамагу і скажу, як раздабыць табе залатога каня. Ты павінен ісці ўвесь час прама, і падыдзеш ты да замка, — там і стаіць конь у канюшні. І будуць ляжаць перад канюшняй конюхі, але яны будуць спаць і храпці, і ты зможаш спакойна вывесці залатога каня. Але ты павінен запамятаць добра адно: сядлай яго дрэнным сядлом з дрэва і скуры, і толькі не залатым, што будзе вісець побач, а то нядобрым кончыцца.
Распусціла ліса свой хвост, сеў на яго каралевіч, і панесла яго ліса праз лясы і горы, — толькі ў вушах ад ветру свістала.
Здарылася ўсё так, як казала ліса, — зайшоў ён у канюшню, дзе стаяў залаты конь, хацеў асядлаць яго дрэнным сядлом, ды падумаў: «Сорамна не асядлаць такога цудоўнага каня дарагім сядлом, як гэта і належыць». Але толькі даткнулася залатое сядло да каня, як пачаў ён гучна іржаць. Прачнуліся конюхі, схапілі юнака і кінулі яго ў цямніцу. Назаўтра раніцой суд прыгаварыў яго да смяротнай кары. Але кароль паабяцаў яго памілаваць і падарыць яму залатога каня, калі ён дабудзе яму з залатога замка цудоўную каралеўну.
З болем у сэрцы адправіўся юнак у шлях-дарогу, ды, на шчасце, ён сустрэў неўзабаве сваю верную лісу.
— Варта было б цябе ў няшчасці пакінуць, — сказала ліса, — але мне цябе шкада, і я яшчэ раз выручу цябе з бяды. Дарога прывядзе цябе якраз да залатога замка, туды ты прыйдзеш вечарам, а ноччу, калі ўсё заціхне, выйдзе цудоўная каралеўна ў купальню купацца. Калі яна будзе туды ўваходзіць, ты падскоч да яе і пацалуй яе адзін раз, тады яна пойдзе за табой, і ты зможаш яе звесці адтуль. Ды толькі не згаджайся, каб яна перад гэтым развітвалася са сваімі бацькамі, а то нядобрым усё кончыцца.
Распусціла ліса свой хвост, сеў на яго каралевіч, і панесла яна яго праз лясы і горы, — толькі ў вушах ад ветру свістала.
Вось пад'ехаў ён да залатога замка, і было ўсё, як сказала яму ліса. Пачакаў ён да поўначы, калі ўсіх змарыў глыбокі сон, і выйшла цудоўная каралеўна ў купальню, тут ён падскочыў і пацалаваў яе адзін раз. Яна сказала яму, што з радасцю выйдзе за яго замуж, але пачала яго са слязьмі на вачах прасіць, каб дазволіў ён ёй перад гэтым развітацца з бацькамі. Спачатку ён не згаджаўся, але яна горка заплакала, кінулася яму ў ногі, і ён, нарэшце, згадзіўся. І толькі падышла дзяўчына да ложка свайго бацькі, як ён тут жа прачнуўся, а за ім і ўсе астатнія ў замку, і юнака схапілі і пасадзілі ў цямніцу.
А назаўтра раніцой сказаў яму кароль:
— Ты паплацішся за гэта сваім жыццём і толькі тады будзеш памілаваны, калі зрыеш гару, што знаходзіцца перад маімі вокнамі, — з-за яе я не бачу, што дзеецца навокал; і павінен ты зрабіць гэта на працягу васьмі дзён. Удасца табе гэта — узнагародай табе будзе мая дачка.
Узяўся каралевіч за працу, пачаў капаць і капаў без адпачынку, а як прайшло сем дзён убачыў, як мала ён зрабіў і што ўся работа яго нічога не вартая, і ён зусім засумаваў, — усе надзеі яго рухнулі. А на сёмы дзень увечары з'явілася ліса і кажа:
— Ты не варты таго, каб я пра цябе клапацілася; але ідзі і лажыся спаць, а ўсё за цябе я зраблю сама.
Прачнуўся ён на другі дзень, зірнуў у акенца, бачыць — гары як і не было. Абрадаваны, кінуўся юнак да караля і заявіў яму, што справу ён сваю зрабіў; і хацелася ці не хацелася каралю, а мусіў ён слова сваё стрымаць і аддаць сваю дачку. Адправіліся яны з каралеўнай з замка; прайшоў нейкі час, і вось з'явілася да іх ліса.
— Хоць ты і валодаеш цяпер самым дарагім, — сказала яна, — але дзяўчыне з залатога замка належыць і залаты конь.
— А як жа мне яго дабыць? — пытаецца юнак.
— Гэта я табе растлумачу, — адказала ліса. — Ты спачатку вядзі цудоўную каралеўну да караля, які паслаў цябе ў залаты замак; будзе там нечуваная радасць, і яны адразу аддадуць табе залатога каня і самі яго выведуць. Хуценька садзіся на яго і працягні ім усім на развітанне руку, а апошняй — цудоўнай каралеўне; і як толькі возьмеш яе за руку, усцягні яе адразу на каня і скачы што ёсць сілы адтуль, — і ніхто не зможа цябе дагнаць: той конь ляціць хутчэй чым вецер.
Усё адбылося шчасліва, і каралевіч павёз цудоўную каралеўну на залатым кані. Але ліса іх не кінула і казала юнаку:
— А зараз я дапамагу табе дабыць і залатую птушку. Калі ты пад'едзеш да таго залатога замка, дзе знаходзіцца птушка, то здымі дзяўчыну з каня, а я ўжо за ёю прыгляджу. Затым заедзь на залатым кані ў двор замка, — цябе ўбачаць, і будзе там вялікая радасць; і яны вынесуць табе залатую птушку. Калі клетка з птушкай будзе ў цябе ў руках, ты куляй скачы да нас назад і забярэш зноў цудоўную каралеўну.
Калі ўсё шчасліва збылося і каралевіч ужо збіраўся ехаць са сваім багаццем дамоў, кажа яму ліса:
— А зараз ты павінен мяне аддзячыць за дапамогу.
— А што ты за гэта ад мяне патрабуеш? — спытаў юнак.
— Калі мы будзем у лесе, ты мяне застрэль і адсячы мне галаву і лапы.
— Нічога не скажаш, добрая ўдзячнасць, — адказаў каралевіч, — такога я ўжо ніяк зрабіць не магу.
І кажа ліса:
— Калі ты гэтага зрабіць не хочаш, я павінна буду цябе пакінуць. Але перш чым я ад цябе пайду, хачу даць табе яшчэ адну добрую параду: бойся дзвюх рэчаў — не купляй мяса з вісельні і не садзіся на краі калодзежа.
Затым ліса збегла ў лес.
Юнак падумаў: «Што за дзіўны звер і якія дзіўныя ў яго пажаданні. Хто ж будзе купляць мяса з вісельні? А жадання сядзець на краі калодзежа ў мяне ніколі небыло».
Паехаў ён разам з цудоўнай каралеўнай далей; а дарога праходзіла праз тую вёску, дзе засталіся яго два браты. І было там вялікае зборышча і многа шуму. Каралевіч спытаў, што тут здарылася; яму адказалі, што тут павінны павесіць двух людзей. Падышоў ён — бачыць, што гэта два яго браты, якія натварылі шмат дрэнных спраў і прагулялі ўсё сваё багацце. Ён спытаўся, ці нельга іх вызваліць.
— Можна, калі вы згодны за іх заплаціць, — адказалі людзі, — але навошта вам выкідваць дарэмна грошы і іх выкупляць?
Але каралевіч, не раздумваючы, за іх заплаціў, і вось яны апынуліся на волі і рушылі далей усе разам. Трапілі яны ў той самы лес, дзе сустрэлася ім упершыню ліса. Сонца горача прыпякала, а ў лесе было прахалодна і прыемна, і вось кажуць два браты:
— Давайце адпачнем ля калодзежа, паядзім і нап'емся.
Ён згадзіўся, за размовай забыўся пра параду лісы і сеў на краі калодзежа, не прадчуваючы нічога дрэннага. Тады двое братоў скінулі яго ў калодзеж, захапілі дзяўчыну, каня і птушку і накіраваліся дамоў да свайго бацькі.
— Вось, — кажуць яны, — прывезлі мы не толькі залатую птушку, а яшчэ і залатога каня і дзяўчыну з залатога замка.
І была там вялікая радасць, але конь нічога не еў, птушка не спявала, а дзяўчына сядзела і ўсё плакала...
А малодшы брат не загінуў. На шчасце, калодзеж быў сухім, ён упаў на мяккі мох, нічога сабе не пашкодзіў, толькі выбрацца адтуль ён не мог. Але і ў гэтай бядзе яго не пакінула верная ліса. Яна прыбегла да яго, пачала ўшчуваць, што ён забыў пра яе параду.
— Усё ж я не магу цябе пакінуць, — сказала лна, — і дапамагу табе выбрацца з калодзежа.
Яна загадала яму ўчапіцца за яе хвост і трымацца мацней і выцягнула яго наверх.
— Але ты яшчэ не зусім пазбавіўся ад небяспекі, — сказала ліса. — Твае браты не ўпэўнены ў тваёй гібелі, і яны расставілі па ўсім лесе вартаўнікоў, каб забіць цябе, калі заўважаць.
А сядзеў ля дарогі жабрак, і вось абмяняўся юнак з ім адзеннем і з'явіўся, пераапрануты, у каралеўскі двор. Яго ніхто не пазнаў, але птушка пачала спяваць, конь пачаў есці, а цудоўная каралеўна перастала плакаць.
Спытаўся кароль у здзіўленні:
— Што гэта значыць?
А дзяўчына яму і кажа:
— Не ведаю, мне было раней так сумна, а цяпер так радасна. Мне здаецца, што з'явіўся мой сапраўдны жаніх.
І яна расказала каралю пра ўсё, што здарылася, хоць абодва браты і пагражалі ёй смерцю, калі яна прагаворыцца. Тады загадаў кароль паклікаць да сябе ўсіх людзей, што былі ў замку, з'явіўся і юнак, пераапрануты жабраком; але дзяўчына адразу яго пазнала і кінулася да яго на шыю. Злых братоў схапілі і пакаралі, а малодшага абвянчалі з цудоўнай каралеўнай, і ён быў прызначаны пераемнікам караля.
А што ж сталася з беднай лісой?
Мінула шмат часу, і адправіўся аднойчы каралевіч зноў у той самы лес, сустрэла яго ліса і кажа:
— Цяпер у цябе ўсё ёсць, што ты мог сабе жадаць, а вось майму няшчасцю ўсё няма канца, але ты можаш мяне выручыць, — і пачала ліса зноў яго прасіць і маліць, каб ён згадзіўся яе застрэліць і адсекчы ёй галаву і лапы. Так ён і зрабіў; і толькі выканаў ён яе просьбу, як сталася ліса юнаком, і быў ён не хто іншы, як брат цудоўнай каралеўны, які нарэшце быў вызвалены ад злога закляцця. І цяпер мелі яны ўсё, каб быць усё сваё жыццё шчаслівымі.


САЛОМІНКА, ВУГАЛЬ І БАБІНА

Жыла-была адна бабулька, вельмі старая. Восемдзесят гадоў ёй было. Пайшла бабулька на агарод, нарвала поўную талерку бобу і вырашыла яго зварыць.
«Вось, — думае, — звару бобу і паабедаю».
Распаліла яна пліту і, каб агонь разгарэўся лепей, падкінула ў топку пучок саломы.
А затым пачала сыпаць у гаршчок боб.
Вось якраз тут усё і пачалося.
Калі сыпала яна боб у гаршчок, адна бабіна ўзяла ды і завалілася на падлогу.
І сюды ж, на падлогу, выскачыў з печы распалены вугольчык.
Вось саломінка і кажа:
— Мілыя сябры, адкуль вы тут?
— Я, — адказвае вугольчык, — з печы. Калі б, — кажа, — я адтуль не выскачыў, давялося б мне згарэць і рассыпацца попелам.
А бабіна кажа:
— І мне пашчасціла, што я сюды трапіла. А то давялося б мне, як і іншым маім сяброўкам-бабінам, у кашу разварыцца.
А саломінка кажа:
— І я рада, што ў печ не трапіла, а тут ляжу.
— Ну, а што ж мы цяпер будзем рабіць? — пытаецца вугольчык.
— Я думаю, — сказала бабіна, — вось што. Пайшлі белы свет паглядзім.
— Пайшлі, пайшлі, — згадзіліся вугольчык і саломінка.
І пайшлі яны разам — бабіна, саломінка і вугольчык.
Доўга ішлі яны і прыйшлі да ручайка. Ручаёк маленькі, вузенькі, а перабрацца цераз яго цяжка — моста няма. Як тут быць? Тады саломінка кажа:
— Мы вось як зробім: я перакінуся з беражка на беражок, а вы па мне пераправіцеся, як па мосце.
Так яны і зрабілі. Перакінулася саломінка з берага на бераг, і першым пабег па ёй вугольчык. Бяжыць, як па мосце. Дабег ён да сярэдзіны, чуе — плёскаецца ўнізе вада. Стала яму страшна, спыніўся ён і крычыць:
— Баюся вады, баюся вады!
А пакуль ён стаяў і крычаў, саломінка ад яго загарэлася, развалілася на дзве часткі і паляцела ў ручай. Вугольчык таксама зваліўся ў ваду. Ён засіпеў: «Таплюся, ратуйце!» — і пайшоў на дно.
А бабіна асцярожнай была, яна на беразе засталася.
Засталася на беразе і давай смяяцца з вугольчыка і саломінкі.
Смяялася яна, смяялася — і лопнула ад смеху.
Дрэнна б ёй давялося, ды на яе шчасце сядзеў на беразе вандроўны кравец.
Дастаў кравец ніткі і сшыў абедзве палавінкі бабіны.
А таму што ў краўца белых нітак з сабой не было, ён зашыў бабіну чорнай ніткай. З таго часу ва ўсіх бабінах чорнае шво пасярэдзіне.


СТОЛІК-НАКРЫЙСЯ, ЗАЛАТЫ АСЁЛ І ДУБІНКА З МЯШКА

Даўным-даўно жыў на свеце кравец. Былі ў яго тры сыны і адна-адзіная каза. Яна іх усіх малаком карміла. А за гэта яе трэба было кожны дзень пасвіць.
Сыны пасвілі казу па чарзе. Пагнаў яе аднойчы старэйшы сын на могілкі. Трава там расла высокая ды сакавітая. Каза цэлы дзень скубла траву і скакала. Вечарам, перад тым як вяртацца дамоў, ён і пытае ў яе:
— Ці сытая ты, каза мая?
Адказала каза:
— Я такая сытая, што не з'ем болей ні лісціка. Ме-ме!
— Ну, тады і ідзі дадому.
Прывёў яе за вяровачку ў стойла і моцна прывязаў.
Бацька цікавіцца ў сына:
— Ці не галодная наша каза?
— О, яна такая сытая, не хоча болей ні лісціка.
Пахваліў кравец сына, а сам пайшоў у стойла, пагладзіў любімую козачку і перапытвае:
— Ці сытая ты, каза мая?
І адказала яму каза:
— Ад чаго я буду сытая? Скакала цераз магілку, з'ела адну былінку. Ме-ме!
— Што я чую!
Выскачыў кравец са стойла, як закрычыць на сына:
— Ах ты, манюка, каза ж зусім галодная!
Пабіў сына і прагнаў з двара.
На другі дзень наступіла чарга пасвіць казу сярэдняму сыну. Знайшоў ён у садзе месца, дзе трава добрая расла, каза яе ўсю і з'ела. Вечарам пытае:
— Ці сытая ты, каза мая?
— Я такая сытая, што не з'ем болей ні лісціка. Ме-ме!
— Тады ідзі дадому.
А дома стары кравец дапытвае сына:
— Ці наелася наша каза?
— О, яна такая сытая, што не хоча болей ні лісціка.
Але кравец вырашыў сам у гэтым пераканацца. Зайшоў у стойла і пытае:
— Ці сытая ты, каза мая?
І адказала каза:
— Як мне быць сытаю, калі я з'ела толькі адну былінку, як скакала цераз магілку. Ме-ме!
— Ах ты, гэткі злодзей! — закрычаў кравец. — Такую рахманую казу ды прымусіў галадаць!
Выбег са стойла, адмянташыў палкай сына і прагнаў з двара.
Наступіла чарга малодшаму сыну пасвіць казу. Знайшоў ён добрую пашу з густой травой, запусціў туды казу. Вечарам пытае ў яе:
— Ці сытая ты цяпер, каза мая?
— Я такая сытая, што не з'ем болей ні лісціка. Ме-ме!
— Ну, тады пайшліма дамоў.
А дома бацька сустракае, сына распытвае:
— Ці наелася ўволю каза наша?
— О, татка, яна такая сытая, што не хоча болей ні лісціка.
Кравец не паверыў, пайшоў у стойла, перапытвае ў казы:
— Ці сытая ты сёння?
І адказала злая каза:
— Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магілку, з'ела адну былінку. Ме-ме!
— Ах ты, ілгун! — закрычаў кравец, выскачыў са стойла і давай біць беднага хлопчыка, той ледзь з двара паспеў збегчы.
Застаўся стары кравец адзін са сваёй казой. Раніцай, што рабіць, павёў яе сам пасвіць. Знайшоў зялёныя кусты, паміж якімі расла трава-дзеравей. Яе вельмі любяць козы, от ён і ўзрадаваўся:
— Тут, мая мілая козачка, хоць раз удоваль наясіся.
Да самага вечара пасвіў кравец сваю казу. Пасля пытае:
— Ці сытая ты, каза мая?
І яна адказала:
— Я такая сытая, што не змагу з'есці болей ні лісціка.
— Ну, тады ідзі дадому.
Адвёў кравец казу ў стойла, моцна прывязаў. А далей думае, дай-ка праверу казу. Вярнуўся і перапытвае:
— Ну, козачка, сытая сёння?
Але каза адказала тое самае, калі яе пасвілі сыны:
— Ад чаго мне быць сытаю? Скакала цераз магілку, з'ела адну былінку. Ме-ме!..
Пачуў гэта кравец і аслупянеў. Зразумеў: за нішто выгнаў сваіх сыноў з дому. І ўздумаў ён адпомсціць казе. Узяў сваю брытву, нагнуў казе галаву і пагаліў яе. Хай з такой меткаю ўсе ведаюць: яна — няўдзячнае стварэнне. Пасля адхлістаў яе бізуном і выгнаў з двара.
Застаўся кравец адзін-адзінюткі ў сваёй хаце. Засумаваў, хацеў, каб вярнуліся сыны, але ж ніхто не ведаў, дзе яны.
Старэйшы сын паступіў на вучэнне да аднаго сталяра. Быў руплівым, старанным вучнем. А калі закончыў вучобу, майстар падарыў яму столік. З выгляду — звычайны столік, зроблены з простага дрэва, але меў ён адну незвычайную якасць. Варта паставіць яго і сказаць: «Столік, накрыйся!» — то добры столік імгненна накрываўся чыстым маленькім абрусам, ставіліся на яго талеркі з вараным ды смажаным, відэльцы, нажы. Сядай і частуйся!
Малады майстар, задаволены і вясёлы, пачаў вандраваць па свеце. Ён не засмучаўся, якая гасцініца была на яго шляху, бо мог сытна паесці і ў полі, і на лузе.
Урэшце надумаўся сын вярнуцца дамоў. Бацька, відаць, перастаў гневацца на яго, а з такім чароўным столікам прыме да сябе ахвотна.
Але па дарозе дамоў здарылася з ім бяда. Прыпыніўся на начлег у адной гасцініцы. Гасцей там было поўным-поўна. Яны запрасілі яго вячэраць за свой стол.
— Не, — сказаў малады сталяр, — навошта я вас буду аб'ядаць, лепш вы будзьце маімі гасцямі.
Усе думалі, што хлопец жартуе, але ён паставіў свой драўляны столік пасярод пакоя і сказаў:
— Столік, накрыйся!
Імгненна на ім з'явіліся такія стравы, якіх сам гаспадар гасцініцы не мог прапанаваць.
— Частуйцеся, дарагія госці! — прапанаваў сталяр.
Пастаяльцаў не трэба было доўга ўгаворваць, падселі яны да століка і давай уплятаць ласункі. Толькі з'ядуць адно, з'яўляецца новае. Гаспадар гасцініцы бачыў усё гэта і вельмі зайздросціў.
Сталяр і госці весяліліся да позняй ночы. А як толькі ўлегліся спаць, гаспадар гасцініцы і падмяніў чароўны столік сваім, звычайным.
Раніцай сталяр заплаціў грошы за начлег, узяў столік, не адчуваючы зладзейства, і пайшоў сваім шляхам-дарогай. Апоўдні быў ужо дома. Бацька сустрэў яго з вялікай радасцю, спытаў:
— Ну, дарагі сынок, чаму ты навучыўся?
— Стаў я, бацечка, сталяром.
— Што ж, гэта добрае рамяство. А што ты зарабіў за гэты час, з якім багаццем вярнуўся дамоў?
— Бацечка, самае дарагое, што я займеў, то вось гэты столік.
Агледзеў яго кравец дый кажа:
— Што ж, зроблены ён няважна, стары столік.
— Але гэта «столік-накрыйся», — адказаў сын і растлумачыў пра яго чарадзействы.
Вось сабраліся ў бацькавай хаце госці. Узяў сын свой столік, паставіў пасярод пакоя і загадаў:
— Столік, накрыйся!
Але столік застаўся пустым. Зразумеў бедны сталяр, што столік яму падмянілі ў гасцініцы. Сорамна зрабілася перад родзічамі. Пасмяяліся яны над ілгуном і ні з чым вярнуліся дамоў.
Кравец зноў заняўся сваім шытвом. А сын дапамагаў яму. Так і зараблялі сабе на хлеб.
Сярэдні сын трапіў на вучобу да млынара. Пры развітанні з ім гаспадар сказаў:
— Ты добра працаваў, і за гэта дару табе асла. Ён, праўда, своеасаблівы, у запрэжку не прыгодны, мяхоў цягаць не будзе.
— Дык навошта ён мне такі?
— Гэты асёл золата выплёўвае, — растлумачыў млынар. — Трэба паставіць яго на хустку, сказаць: «Брыклябрыт!», жывёліна пачне выплёўваць залатоўкі і ззаду, і спераду.
— О, гэта справа добрая! — падзякаваў падмайстар млынару і пайшоў падарожнічаць па свеце.
Калі заканчваліся грошы, ён ставіў асла на хустку, даваў каманду: «Брыклябрыт!» і заставалася толькі падабраць дождж залатовак. Добра яму жылося. Куды не прыйдзе, падаюць яму ўсё самае лепшае і дарагое. Грошай жа меў поўны кашалёк!
Пабачыў свету, наездзіўся малады млынар і вырашыў праведаць бацьку. Падумаў, калі з'явіцца дадому з такім залатым аслом, то, напэўна, не прыгадае бацька даўнейшы гнеў на яго, сустрэне добра.
І здарылася так, што трапіў ён у тую самую гасцініцу, у якой яго старэйшаму брату падмянілі столік-накрыйся. Як звычайна, сустрэў падарожніка ветлівы гаспадар. Адразу хацеў вызваліць яго ад асла, узяць і прывязаць у стойле. Малады млынар запярэчыў:
— Не, не, свайго шэрага я сам адвяду ў стойла і сам прывяжу. Я павінен ведаць, дзе ён будзе знаходзіцца.
Гаспадару гэта падалося дзіўным. Ён падумаў, што яго новы кліент вельмі бедны, бо сам хоча даглядаць свайго асла. Але той дастаў з кішэні дзве залатоўкі і загадаў добра накарміць асла. Гаспадар аж вочы вылупіў: адкуль у гэтага млынара такія грошы?
Паабедаў госць, просіць рахунак. Тут ужо гаспадар мелу не пашкадаваў: налічыў за абед у два разы болей, чым трэба, ды яшчэ запатрабаваў дзве залатоўкі наверх. Сунуў хлопец руку ў кішэню, а золата ў ёй няма.
— Гаспадар, пачакайце крыху, — сказаў ён. — Я зараз прынясу вам грошы.
Госць узяў абрус і накіраваўся ў стойла да свайго асла. Цікаўны гаспадар следам за ім. Дый падгледзеў, як з асла сыпалася золата.
— От якая чартаўшчына! — здзівіўся гаспадар. — Новенькія грошы сыплюцца з асла!
У тую ноч яму не спалася. Калі госць улёгся адпачываць, ён вывеў са стойла залатога асла, а на яго месца прывязаў іншага.
Раніцай малады млынар пакрочыў дадому. Побач з ім ішоў асёл, але то была ўжо не чароўная жывёліна, а звычайная. Толькі хлопец не ведаў пра гэта.
Бацька сустрэў і сярэдняга сына ласкава, вельмі ўзрадаваўся яго вяртанню.
— Ну, скажы, сынок, чаму навучыўся?
— Стаў я млынаром, мілы бацечка!
— А што прынёс у хату з далёкіх падарожжаў?
— Ды вось аднаго толькі асла.
— Аслоў і тут удоваль, — заўважыў бацька. — Лепш бы ты прывёў добрую казу.
— Так-то яно так, — адказаў сын. — Але ж гэты асёл не просты, а залаты. Клічце родзічаў, я ўсіх зраблю багатымі.
— Талкова! — узрадаваўся кравец. — Можа, і мне цяпер не трэба будзе з іголкай мучыцца.
Пабег ён склікаць усіх родзічаў у госці. Яны хутка сабраліся, і малады млынар пачаў сваё чарадзейства.
Раскінуў хустку пасярод пакоя, прывёў асла, паставіў на яе. Крыкнуў:
— Брыклябрыт!
У беднага млынара аж твар выцягнуўся, калі ён убачыў, што з асла ўпала зусім не золата. Зразумеў: яму ў дарозе падмянілі асла. Пачаў ён прабачэння прасіць у гасцей. А ў бацькі тым больш, бо давялося старому краўцу зноў брацца за сваю іголку.
Малодшы брат трапіў на вучобу да аднаго токара. Рамяство гэта тонкае, вось і давялося яму вучыцца даўжэй за ўсіх. За стараннасць і добрыя паводзіны майстар падарыў яму мяшок, сказаў:
— Ведай, ляжыць у гэтым мяшку дубінка.
— Навошта яна? Ад яе толькі цяжар.
— Слухай, — растлумачыў майстар, — калі цябе хто пакрыўдзіць, то варта табе сказаць: «Дубінка, з мяшка!» — і яна імгненна выскачыць і кінецца дубасіць таго, хто цябе зняважыў. Ды так стане весела танцаваць па яго спіне, што той тыдзень не пашавеліцца. Запомні яшчэ: яна не прыпыніцца да таго часу, калі ты не скажаш: «Дубінка, у мяшок!»
Падзякаваў малады токар свайму гаспадару, закінуў мяшок за плечы і пайшоў падарожнічаць ды грошы зарабляць. Даводзілася яму карыстацца і дубінкай з мяшка. Пераканаўся: яна старанна выконвала яго загады, аднолькава спрытна ўпраўлялася ці то з кафтанам, ці то з курткай, не вельмі чакала пакуль іх хто здыме.
Вось аднойчы пад вечар завітаў малады токар у тую самую гасцініцу, у якой яго братоў ашукалі. А браты яму паспелі напісаць, якая з імі бяда здарылася тут.
Паклаў хлопец свой мяшок на стол, пачаў баяць пра розныя дзівы, якія яму давялося пабачыць.
— Бываюць гэткія столікі-самаборы, — сказаў ён, ёсць яшчэ аслы залатыя і ўсякая ўсячына. Рэчы добрыя, што й казаць, але яны нічога нявартыя перад багаццем, якое я здабыў. Ляжыць яно вось у гэтым мяшку.
Тут сквапны гаспадар і натапырыў вушы: што ляжыць у мяшку, можа, самацветы?
Надышоў час класціся спаць. Госць улёгся на лаву і паклаў пад галаву замест падушкі свой мяшок. Гаспадар пачакаў крыху і давай зладзейнічаць. Ухапіўся за таямнічы мяшок, паціху цягне на сябе. Хацеў падмяніць яго іншым.
А токар гэтага моманту і чакаў. Раптам як крыкне: «Дубінка, з мяшка!» Як жа выскачыла дубінка, як надавала гаспадару пад бакі, той аж пачаў прасіць літасці. Але чым гучней ён крычаў, тым мацней дубінка трэсла яго.
І сказаў тады токар:
— Калі ты не вернеш «столік-накрыйся» і залатога асла, то дубінка не перастане танцаваць па табе.
— Вой, — застагнаў гаспадар, — я ўсё ахвотна вярну, толькі скажы свайму дамавіку, каб ён вярнуўся ў мяшок.
— Добра, памілую цябе, але глядзі, беражыся!
Крыкнуў токар:
— Дубінка, у мяшок!
І дубінка ў тое ж імгненне пакінула гаспадара гасцініцы, ускочыла ў мяшок.
Раніцай адправіўся токар са «столікам-накрыйся» і залатым аслом дамоў. Узрадаваўся бацька, убачыўшы малодшага сына, спытаў у яго, чаму ён навучыўся ў чужых краях.
— Дарагі бацечка, я токарам стаў.
— Гэта тонкае рамяство, — пахваліў бацька і сказаў: — Ну, а што прынёс з падарожжаў?
— Дарагую штучку, мілы бацечка, — дубінку ў мяшку.
— Што? — закрычаў кравец. — Дубінку? Ці варта было несці яе здалёку. Яе можна вычасаць з любога дрэва.
— Так, але, мілы бацечка, мая дубінка чароўная, — супакоіў сын бацьку, расказаў яму яе тайну. — От бачыш, дзякуючы гэтай дубінцы я вярнуў назад столік-накрыйся і залатога асла, якія адняў ад братоў зладзеяваты гаспадар гасцініцы. Клічце іх сюды ды запрашайце ўсю радню!
Стары кравец не зусім паверыў малодшаму сыну, але што зробіш, склікаў у сваю хату ўсю радню. Вось раскінуў токар на ўвесь пакой хустку, прывёў залатога асла і сказаў свайму брату:
— Ну, мілы братка, пагавары з ім.
І сказаў млынар:
— Брыклябрыт!
І сталі дажджом падаць на хустку залатыя чырвонцы. Асёл рабіў гэта да таго часу, пакуль усе госці не набралі столькі золата, як панесці. (А па табе, мой дружа, відаць, што і ты не супраць бы пабываць там. Што ж, даруй, гэта казка).
Пасля токар прынёс столік і сказаў:
— Ну, братка, пагавары з ім.
І толькі сталяр прамовіў: «Столік, накрыйся!», а ён ужо накрыты абрусам, і ўвесь устаўлены смачнымі стравамі. Пачалося такое баляванне, якога не было ў хаце краўца за ўсё яго доўгае жыццё. Вясёлая і задаволеная вярталася радня дамоў.
І схаваў кравец у шафе іголку і ніткі, метр і прас ды стаў жыць-пажываць разам з сынамі ў радасці і ў багацці.
Ну, а куды ж падзелася каза, з-за якой кравец прагнаў з дому сваіх сыноў?
Сорамна ёй зрабілася, што паголеная ў яе галава, вось і забегла яна ў лісіную нару, схавалася там. Вярнулася ліса з палявання, бачыць у цемры нары блішчаць два вялікія вокі, напалохалася яна і збегла.
Сустрэў лісу мядзведзь, бачыць, што яна перапалоханая, цікавіцца:
— Што з табой, лісічка-сястрычка?
— Ох, — адказвае рыжая, — страшны звер засеў у маёй нары, з вогненнымі вачамі.
— Ды мы яго ўраз выганім! — кажа мядзведзь.
Пайшлі яны да нары. Мядзведзь зазірнуў туды, спалохаўся вогненных вачэй і даў лататы ад нары. Бяжыць па лесе, зямля пад ім трасецца. Тут сустракаецца яму пчала, пытае:
— Мядзведзь, чаго выгляд у цябе такі маркотны, дзе згубіў сваю весялосць?
— Табе добра разважаць, — адказвае мядзведзь — а вось у лісіным доміку засеў страшны звер, вочы вылупіў, і выгнаць яго мы не можам.
І сказала пчала:
— Шкада мне цябе, мядзведзь. Хаця я, пчала, слабая і бедная, вы на мяне і глядзець не хочаце, але я ўсё-такі магу вам дапамагчы.
Пчала ўляцела ў лісіную нару, села казе на паголеную галаву і так моцна яе ўджаліла, што каза ажно падскочыла. Закрычала:
— Ме-ме!
Як ашалелая выскачыла каза з лісінай нары. І ніхто да цяперашняга часу так і не ведае, куды яна збегла.


ТРЫ МАЛЕНЬКІЯ ЛЕСАВІКІ

Жыў-быў адзін чалавек, і памерла ў яго жонка; і жыла жанчына, і памёр у яе муж; была ў чалавека дачка, і ў жанчыны таксама была дачка. Дзяўчаты ведалі адна адну і хадзілі разам гуляць, і зазіралі часта да гэтай жанчыны ў дом. Вось жанчына аднойчы і гаворыць дачцэ таго чалавека:
— Паслухай, скажы свайму бацьку, што я жадаю выйсці за яго замуж, што ты будзеш за мной кожны дзень у сырадоі купацца ды віно смакаваць, а дачка мая няхай у вадзе плюхаецца і п'е толькі ваду.
Вярнулася дзяўчына дахаты і расказала бацьку пра тое, што яе прасіла перадаць жанчына. Кажа бацька:
— Што мне рабіць? Ажэнішся раз, а наракаеш увесь свой век, — усё гэта і радасць, і гора.
І вось, не ведаючы, што яму выбраць, сцягнуў ён з нагі бот і гаворыць:
— Вазьмі гэты бот — у ім падэшва дзіравая, занясі яго на гарышча і павесь на вялікі цвік, і налі ў бот вады. Калі вада з яго не прасочыцца, дык прыйдзецца мне другі раз жаніцца, а працячэ — дык не буду жаніцца.
Дзяўчына зрабіла тое, што сказалі ёй; але ад вады дзірка ў боце зацягнулася, і бот утрымаў па самы верх ваду. Расказала дачка пра гэта свайму бацьку. Вось ён падаўся на гарышча і ўбачыў, што тая гаворыць праўду; пайшоў да ўдавы і жаніўся з ёю, — тут яны і вяселле згулялі.
Назаўтра падняліся абедзве дзяўчаты, бачаць: стаіць перад бацькавай дачкою малако для мыцця і віно для піцця, а перад жончынай дачкою — вада, каб памыцца, ды вада, каб папіць. Новай раніцай бачаць: стаіць вада мыцца і піць і перад гаспадаровай дачкою, і перад гаспадынінай. А яшчэ праз дзень і ноч убачылі: стаіць вада спаласнуцца ды вада прамачыць у роце перад бацькавай дачкою, а малако для мыцця ды віно для піцця перад жончынай дачкою; гэтак пайшло-павялося яно і далей.
Неўзлюбіла мачыха падчарку і не ведала, што б такое прыдумаць, каб было ёй з дня ў дзень усё горш і горш. А была яна да ўсяго вельмі зайздросная: падчарка была і мілая, і прыгожая, а яе родная дачка пачварная і прыкрая.
Аднойчы зімою, калі надышлі лютыя маразы і ўсё навокал замерзла, горы і даліны засыпала снегам, пашыла мачыха папяровую сукенку, паклікала дзяўчыну і кажа:
— Начапі гэтую сукенку, ідзі ў лес ды прынясі мне поўную лубку суніц: мне хочацца ягадамі пачаставацца.
— Божа, ды зімою суніцы не растуць, — усклікнула дзяўчына, — зямля ж глыбока замерзлая і снегам накрытая. І як пайду ў папяровай сукенцы? На дварэ так холадна, што дых займае, вецер прадзьме мяне наскрозь, а калючы цярноўнік парве мне адзенне.
— Ты што гэта? Ідзеш мне насуперак? — запытала мачыха. — Ідзі борздзенька і не думай нават мне на вочы паказвацца, пакуль не назбіраеш поўную лубку суніц.
Яна дала ёй кавалак сухога хлеба і дадала:
— Гэта табе хопіць на цэлы дзень, — а сама падумала: «На дварэ ты змерзнеш і з голаду загібееш, і ніколі дадому не вернешся».
Дзяўчына паслухала, ускінула на сябе папяровую сукенку і выйшла з дому з лубкай. А навокал снег ды снег, белыя прасторы і далечыні, і нідзе ніякага зялёнага сцябла не бачна.
Прыйшла яна ў лес, заўважае: стаіць маленькая хатка; і пазіраюць з яе тры невялікія лесавікі. Павіталася яна з імі і нясмела ў дзверы пастукала. Яны крыкнулі: «Заходзь!» — і яна ўвайшла ў пакой і села на лаўку каля печы, — ёй захацелася пагрэцца і з'есці свой кавалак хлеба. А маленькія чалавечкі і гавораць:
— Дай і нам крыху.
— Добра, — адказала яна і разламала свой кавалак хлеба напалам і адну палавіну аддала ім. А потым яны пытаюць:
— Чаму ты ў такой тоненькай сукеначцы зімою ў лесе?
— Ах, — уздыхнула дзяўчына, — я павінна дабраць поўную лубку суніц, а без іх мне дадому вяртацца няможна.
Калі яна з'ела свой кавалачак хлеба, яны далі ёй памяло і сказалі:
— Цяпер змяці снег за хатнімі чорнымі дзвярыма.
Яна выйшла, а маленькія чалавечкі пачалі паміж сабою раіцца: «Што нам ёй такое даць за яе дабрыню і стараннасць ды за тое, што з намі хлебам сваім падзялілася».
І сказаў першы з іх:
— Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё прыгажэць і прыгажэць.
Другі прамовіў:
— А я ўзнагароджу яе тым, што будуць з яе рота, толькі скажа яна слова, выпадаць чырвонцы.
Дадаў трэці:
— А я ўзнагароджу яе тым, што заявіцца кароль і возьме яе замуж.
Зрабіла дзяўчына тое, што сказалі ёй маленькія лесавікі, змяла памялом снег каля хаткі. І як вы думаеце, што ж яна ўбачыла? Спелыя суніцы! Яны прабіліся цёмна-чырвонымі ягадкамі з-пад снегу. І набрала радасная дзяўчына поўную лубку; падзякавала маленькім лесавікам, развіталася з кожным з іх за руку і пабегла дахаты, жадаючы прынесці мачысе тое, што тая ёй загадала.
Вярнулася яна дадому і толькі прамовіла «добры вечар», як тут жа выпаў з яе рота чырвонец. Пасля яна расказала, што здарылася з ёй у лесе, і пры кожным слове падалі з яе рота чырвонцы, так што хутка ўвесь пакой быў завалены імі.
— Паглядзіце вы на гэтую фанабэрыю! — ускіпела яе зводная сястра, — проста пад ногі кідае грошы. — Але ўпотай яна ёй пазайздросціла, і зажадалася ёй таксама пайсці ў лес па суніцы.
Маці пачала яе адгаворваць:
— Не, мілая дачушка, на дварэ надта холадна, ты можаш змерзнуць. — Але тая ўсё яе прасіла-маліла, і маці нарэшце згадзілася, пашыла ёй шыкоўную скураную, з густой шэрсцю футрачку і дала ёй у дарогу хлеб з маслам і булачкі.
Накіравалася дзяўчына ў лес і пайшла напрасткі да той маленькай хацінкі. Тры маленькія чалавечкі, як і тады, вызірнулі з акенца, але яна з імі не павіталася і, не зважаючы на іх і не прамовіўшы ім ні слова, уварвалася ў пакой, села каля грубкі і пачала ўплятаць хлеб з маслам ды піражкі.
— Дай і нам крыху, — усклікнулі маленькія чалавечкі.
Але яна ад іх адмахнулася:
— Мне і самой не хопіць, дык чаму мне яшчэ з вамі дзяліцца?
Калі дзяўчына наелася, яны сказалі:
— Вось табе памяло, змяці чыста перад чорнымі дзвярыма.
— Э, ды мяціце вы самі! — адказала яна. — Я вам не пакаёўка. — А калі яна адчула, што яны даваць ёй нічога нават не думаюць, яна пайшла ад іх.
І пачалі раіцца паміж сабой тры маленькія лесавікі: «Што нам ёй такое даць за яе халоднае і злое сэрца, што не хоча нікому рабіць дабрыню? »
Першы сказаў:
— Я ўзнагароджу яе тым, што будзе яна з кожным днём усё больш пачварная.
Другі прамовіў:
— Я ўзнагароджу яе тым, што пры кожным слове, што яна вымавіць, будзе з яе рота выскокваць лягушка.
А трэці дадаў:
— А я ўзнагароджу яе тым, што яна памрэ цяжкою смерцю.
Пачала дзяўчына шукаць суніцы, але не знайшла ні адной ягадзінкі і вярнулася са злосці дахаты. Толькі яна паспрабавала расказаць маці, што здарылася з ёй у лесе, як пачало выскокваць з яе рота пры кожным слове па лягушцы, і ўсе адчулі да яе агіду.
Яшчэ больш неўзлюбіла мачыха сваю падчарыцу і пачала прыдумваць, як бы ёй дапячы, а падчарыца станавілася з кожным днём усё прыгажэйшая і прыгажэйшая.
Нарэшце прынесла мачыха кацёл, прыладкавала яго на агонь і пачала кіпяціць у вадзе пражу. Калі тая праварылася, узваліла яна пражу на плечы беднай дзяўчыне, дала ёй у рукі сякеру і загадала ісці на рэчку, каб высекчы там палонку і добра прапаласкаць пражу.
Дзяўчына паслухала, пайшла і высекла ў лёдзе палонку. Але калі яна секла лёд, пад'ехала шыкоўная карэта, і сядзеў у ёй кароль. Карэта запынілася, і кароль запытаў:
— Дзіця маё, ты хто такая і што ты тут робіш?
— Я бедная дзяўчына, мыю пражу.
Кароль яе пашкадаваў і, бачачы, што яна вельмі прыгожая, сказаў:
— Хочаш, паедзем разам са мной?
— Ах, з вялікай ахвотаю! — адказала яна, узрадаваўшыся, што ёй не трэба будзе вяртацца да мачыхі і яе дачкі.
І села яна ў карэту, і паехала разам з каралём. Прыехалі яны ў замак і адгулялі там пышнае вяселле, і была гэта ёй узнагарода ад маленькіх лясных чалавечкаў.
Праз год нарадзіла маладая каралева сына; і калі мачыха дачулася пра такое вялікае шчасце, дык прыйшла са сваёю дачкой у замак, быццам жадаючы пабачыцца з ёю. Але якраз у тую часіну кароль кудысьці адлучыўся і пры ёй не было нікога; тады схапіла злая жанчына каралеву за валасы, а дачка ўзяла яе за ногі, яны паднялі яе з пасцелі і выкінулі праз акно ў раку, што цякла каля самага замка. Пасля мачыха паклала ў пасцель сваю брыдкую дачку і накрыла яе ўсю коўдрай.
Вярнуўся кароль, і захацелася яму пагаварыць з жонкай, але старая закрычала:
— Цішэй, цішэй, цяпер няможна, яна ляжыць вельмі стомленая, няхай адпачне.
Кароль, не прадчуваючы нічога благога, прыйшоў толькі назаўтра, і калі ён загаварыў з жонкаю, дык пры кожным слове з яе рота выскоквала лягушка, а раней, як усе ведалі, выпадаў чырвонец. Тады кароль запытаў, што гэта значыць, і старая патлумачыла, што гэта ў яе, маўляў, ад вялікага поту і што гэта хутка мінецца.
А ўночы ўбачыў маладзенькі кухар, як падплыла па вадасцёкавай канаўцы нейкая качка і запытала:

— Кароль, як ты жыў?
Гуляеш альбо спачыў?

Але калі ён ёй нічога не адказаў, качка зноў падала голас:
— А як мае госці, сядзяць?
Адказаў ёй маладзенькі кухар:
— Не, яны моцна спяць.
Пачала яна тады дапытвацца:
— А як родненькі сыночак?
І адказаў ён:
— Ён спіць сабе ў зыбцы ўсю ночку.
І паўстала тады з качкі каралева, і пайшла ў замак, пакарміла дзіця, пакалыхала яго ў зыбцы, накрыла і зноў паплыла па канаве. Так заяўлялася яна запар дзве ночы, а на трэцюю сказала маладзенькаму кухару:
— Ідзі і скажы каралю, каб ён узяў свой меч і тройчы ўзмахнуў ім нада мной на парозе.
Пабег той і расказаў пра гэта каралю. Прыйшоў кароль і тройчы ўзмахнуў мячом над зданню; і толькі ўзмахнуў трэці раз, раптам бачыць: стаіць перад ім ягоная жонка, жывая, здаровая і цэлая, як была раней.
І меў кароль вялікую радасць, але пратрымаў каралеву ў патайным пакоі да нядзелі, калі павінны былі хрысціць дзіця. А калі яго ахрысцілі, кароль запытаў у старой:
— Што трэба зрабіць з чалавекам, які сцягвае кагосьці з пасцелі і кідае яго ў ваду?
— Толькі так, — адказала тая, — пасадзіць такога нягодніка ў бочку, прабітую цвікамі, і піхнуць яе з гары ў раку.
І сказаў кароль:
— Ты сама сабе зрабіла прысуд.
І ён загадаў прынесці бочку з цвікамі, і ўвапхнуць у яе старую з дачкой. Зачынілі бочку наглуха векам і піхнулі з гары, і пакацілася яна проста ў раку.


ГАРШЧОК КАШЫ

Жыла-была адна дзяўчынка.
Пайшла яна ў лес па ягады і сустрэла там бабульку.
— Дзень добры, дзяўчынка, — сказала ёй бабулька, — дай мне ягад, калі ласка.
— На, бабулька, — гаворыць дзяўчынка.
Паела бабулька ягад і сказала:
— Ты мне ягад дала, а я табе таксама нештачка падару. Вось табе гаршчочак. Варта толькі сказаць:

— Раз, два, тры,
Гаршчочак, вары! —

і ён пачне варыць смачную, салодкую кашу. А скажаш яму:

— Раз, два, тры,
Больш не вары! —

і ён перастане варыць.
— Дзякуй, бабулька, — сказала дзяўчынка, узяла гаршчочак і пайшла дамоў да маці.
Абрадавалася маці гэтаму гаршчочку. Ды і як не радавацца? Без працы і клопату заўсёды на абед смачная, салодкая каша будзе.
Вось аднойчы пайшла дзяўчынка з дому, а маці паставіла гаршчочак перад сабой і гаворыць:

— Раз, два, тры,
Гаршчочак, вары!

Ён і пачаў варыць. Шмат кашы наварыў. Маці паела ўволю. А гаршчочак усё варыць і варыць кашу. Як яго спыніць?
Трэба было сказаць:

— Раз, два, тры,
Больш не вары! —

ды маці не ўспомніла гэтыя словы, а дзяўчынкі дома не было. Гаршчочак варыць і варыць. Ужо ўся кухня поўная кашы, ужо і ў прыхожай каша, і на ганку каша, а ён усё варыць і варыць. Спалохалася, маці, пабегла шукаць дзяўчынку, ды не перабрацца ёй цераз дарогу — гарачая каша ракой цячэ. Добра, што дзяўчынка недалёка ад дому была. Убачыла яна, што на вуліцы робіцца, і бегам пабегла дамоў. Сяк-так узабралася на ганак, адчыніла дзверы і крыкнула:

— Раз, два, тры,
Больш не вары!

І перастаў гаршчочак варыць кашу.
А наварыў ён яе гэтулькі, што той, каму даводзілася з вёскі ў горад ехаць, павінен быў сабе ў кашы дарогу праядаць.
Толькі ніхто на гэта не скардзіўся.
Вельмі ўжо была каша смачная і салодкая.


ЦВІК

Адзін купец добра пагандляваў на кірмашы і набіў сабе поўную каліту золата і серабра. Сабраўся ён дадому вяртацца, — хацелася яму трапіць дадому да наступлення ночы. Вось прытарочыў ён дарожную суму з грашыма да сядла свайго каня і паехаў. Каля паўдня адпачываў ён у адным гарадку; сабраўся было ехаць далей, а тут падводзіць яму работнік каня і кажа:
— Гаспадар, а на задняй левай назе ў падкове аднаго цвіка не хапае.
— Ну і няхай сабе не хапае, — адказаў купец, — за шэсць гадзін, якія мне застаецца праехаць, падкова нябось не зваліцца. Я спяшаюся.
Пасля паўдня, калі ён спешыўся і зноў вырашыў накарміць каня, уваходзіць у пакой работнік і кажа:
— Гаспадар, а ў вашага каня на задняй левай назе няма падковы. Можа, адвезці мне яго ў кузню?
— Ну і няхай сабе няма, — адказаў купец, ехаць жа ўсяго дзве гадзіны, бадай, з канём нічога не здарыцца. Я спяшаюся.
Паскакаў ён далей; але неўзабаве пачаў конь прыкульгваць; пакульгаў ён, потым пачаў спатыкацца, потым паваліўся і зламаў сабе нагу. Давялося купцу каня кінуць, адвязаць дарожную суму, узваліць яе на плечы і дабрацца дадому пешкі, — і прыйшоў ён дадому позняй ноччу.
— А ўсёй жа бяды прычынай, — вымавіў ён пра сябе, — гэты пракляты цвік.
А ты спяшайся павольна!


ПАДЗЕМНЫ ЧАЛАВЕЧАК

Жыў-быў некалі багаты кароль, і былі ў яго тры дачкі; яны штодня гулялі ў каралеўскім садзе, а бацька быў такі аматар розных дрэў, што аб'явіў: калі раптам нехта сарве з дрэва хоць бы адзін яблык, то ён, кароль, сілаю праклёну загоніць зламысніка на сто сажняў пад зямлю. Вось і наблізілася восень, і парабіліся яблыкі на адной з яблынь чырвонымі, быццам крывёю наліліся. А тры каралеўскія дачкі штодня гулялі пад дрэвам ды пазіралі, ці не скіне вецер хоць бы адзін яблычак, — бо за ўсё сваё жыццё яны не знайшлі ніводнага, якое б з яблыні звалілася, — а само дрэва ад цяжкіх яблыкаў ажно на зямлю клалася. І вось вельмі ўжо захацелася малодшай каралеўне пакаштаваць яблычка і мовіла яна сёстрам:
— Бацька нас вельмі любіць, і, пэўна ж, не здзейсніць свайго праклёну; я думаю, што гэта датычыцца толькі чужых людзей. — Пры гэтых словах яна адшчыкнула самы вялікі яблык, наблізілася да сясцёр ды кажа:
— Вось, пакаштуйце, мілыя сястрычкі, хоць бы кавалачак! Я за ўсё сваё жыццё не ела такога смачнага яблычка.
І адкусілі абедзве старэйшыя каралеўны ад таго яблыка, і ўсе трое адразу зніклі пад зямлёю, ды так глыбака, што адтуль не было нават чутно пеўневага кукарэкання.
Апоўднем кароль намерыўся папалуднаваць, але ніяк не мог даклікацца дачок, ён доўга шукаў іх і ў палацы, і ў садзе, але марна. Ён гэтак засмуціўся, што загадаў аб'явіць па ўсёй краіне ўказ, згодна якога той, хто знойдзе яго дачок, возьме любую сабе ў жонкі. І шмат хто з малайцоў выправіліся ў пошукі, бо трох каралеўскіх дачок вельмі ўжо ўсе любілі, — былі яны ласкавыя, а да таго дужа тварам вабныя. Між іншых смельчакоў было трое маладых паляўнічых. Павандраваўшы тыдзень, пад'ехалі яны да палаца, а ў палацы тым прыгожыя пакоі, і ў адным з іх стол, а на ім розныя прысмакі панастаўленыя, і ўсе яны гарачыя, над імі віецца духмяная пара; а ў палацы гэтым не бачна ніводнай жывой душы. Прасядзелі там паляўнічыя паўдня, а стравы, як былі гарачыя, так і засталіся, і над імі віецца духмяная пара; урэшце яны так згаладаліся, што паселі да стала і пачалі есці. Добра наеліся, а пасля падумалі-падумалі ды вырашылі застацца ў гэтым палацы і кінуць жэрабя, каму тут быць, а каму ехаць на пошукі каралеўскіх дачок; гэтак яны і зрабілі; і выпала застацца ў палацы старэйшаму паляўнічаму. Раніцай двое паляўнічых адправіліся ў дарогу на пошукі, а старэйшы застаўся ў палацы. Раптам з'яўляецца апоўднем маленькі чалавечак і пачынае прасіць даць яму кавалачак хлеба; узяў тады старэйшы паляўнічы хлеб, адкроіў лусту і падае яму, але маленькі чалавечак выпусціў яе і папрасіў, каб той быў такі ласкавы і падняў яму гэту лусту хлеба з падлогі. Паляўнічы згадзіўся і, вось калі ён нагнуўся, каб падняць той хлеб, маленькі чалавечак хапіў палку, учапіўся ў валасы і пачаў лупцаваць паляўнічага.
Мінуў дзень, у палацы давялося застацца сярэдняму — з ім таксама здарылася падобнае. Вярнуліся паляўнічыя вечарам дадаму, а старэйшы і пытае сярэдняга:
— Як пачуваеш сябе, браце?
— Ой, не пытайся, дужа кепска! — Пачалі яны тады спавядацца адзін аднаму, расказваць пра свае здарэнні, а малодшаму пра ўсё тое не прызналіся, — яны яго недалюблівалі і заўсёды дражнілі дурнаватым Гансам, бо ён усюды паводзіў сябе не так, як яны.
А на трэці дзень прыйшла чарга заставацца ў палацы самаму малодшаму; зноў з'явіўся маленькі чалавечак і папрасіў хлеба; даў яму Ганс лустачку, а той яе выпусціў і пачаў прасіць, каб быў ён такім ласкавым і падняў тую лустачку з падлогі. Але малодшы незадаволена сказаў маленькаму чалавечку:
— Што?.. Хіба ты сам не можаш падняць яе? А калі не можаш паклапаціцца пра хлеб свой надзённы, то ці варты ты таго, каб есці яго?
Раззлаваўся маленькі чалавечак і сказаў, што хлапец павінен падняць яму хлеб, але Ганс хапануў нахабніка за к