Люлі, люлі, ўсе дзеткі паснулі.
Адзін наш каточак ні спіць, ні гуляе,
Ні спіць, ні гуляе, з касаткамі размаўляе.
Ды я ж яго, маленькага, пакалышу,
За яго Бога папрашу:
- Ой, дай жа, Божа, яму сон добры!
- Ой, дай жа яму век доўгі!
* * *
Люлі, люлі, люлі,
А ўсе дзеткі паснулі.
Адзін Сярожачка ня спіць,
Трэба Сярожачку набіць.
Люлі, люлі, люляю,
Я коціка б'ю-лаю.
Каб ён ночку не хадзіў,
Каб ён дзетак не будзіў.
Пайшоў каток, пайшоў вон!
А дзіцятку добры сон.
А дзіцятка будзе спаць,
А я буду калыхаць.
* * *
Люлі, люлі, люлі,
Ўсе дзеткі паснулі.
Толькі адна Юлячка
Ня спіць, ні гуляіць.
Ня спіць, ні гуляіць,
З катком размаўляіць.
А псік, каток, не вурчы,
А Юлячка - спі-маўчы!
А псік, каток, рыбку рваць,
А Юлячка - ў люльку спаць!
* * *
А псік, каток, на плоце,
Шукаючы драмоцце.
Ён драмоцце не знайшоў,
Сам ў арэшкі не пайшоў.
А псік, каток, а псік, вон!
А хлопчыку - крэпкі сон.
* * *
Хадзіў каток па латку,
Уваліўся ў крапіўку.
Папёк коцік лапкі,
Палез на палаткі.
Палез бы вышэй,
Ды баюся мышэй.
Палез бы далоў,
Ды баюся валоў.
Люлі, люлі, люлі,
Ды пайшоў кот па дулі.
Памарозіў лапкі,
Палез на палаткі.
Сталі лапкі грэцца,
Недзе коціку дзецца.
Люлі, люлі, люлі, спаць!
* * *
На дварэ цямным-цямно,
Зоркі тры глядзяць ў вакно.
Тры сябровачкі яны,
А ты, донечка, засні.
Першая - красівая,
Другая - праўдзівая,
Трэцяя - шчаслівая.
Каб расла красівая,
Каб расла шчаслівая,
Малая мая донька.
* * *
А-а, люлі, паляцелі гулі,
Селі на варотах ды ў чырвоных ботах.
Сталі ж яны сакатаць: што дзіцяці есці даць?
Даці, даці млечка, а ў ручку яечка?
А ў прыпалок піражок,
А хлопчыку паясок,
Дзіцяці малому,
Каню вараному!
* * *
А-а, люлі, прыляцелі куры,
Селі на варотах у чырвоных ботах,
Сталі сакатаці. Чаго курам даці?
Ці ячменьку жменьку,
Ці гарошку трошку?
А-а, люлі, спаць,
А я буду калыхаць.
* * *
Гушкі, гушкі, гушкі,
Прыляцелі птушкі.
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі шчабятаці,
Нельга Дзімку спаці.
Зыбаю, пазыбаю,
Ішоў айцец за рыбаю.
Маці пайшла пялёнкі мыць,
Дзядуля - дровы рубіць.
А-а-а!
Дзядуля - дровы рубіць,
Бабуля - уху варыць.
А-а, люлі, ўсе дзеткі паснулі,
Спі і ты, малышка, спі!
* * *
Люлі, люлі, спацькі,
Няма дома бацькі.
Пайшоў на работу,
Прыйдзе у суботу.
Прывязе гасцінца
Поўную хусцінку.
Мы з табою будзем браць,
Будзем татку цалаваць.
* * *
- Люляй-люляй, мой сыночак,
Хто ця будзе калыхаці?
- Будзе веяць буйны вецер,
То той мяне пакалыша.
- Люляй-люляй, мой сыночак,
Хто ця будзе есці даваці?
- Будзе ляцець ды пчоланька,
Прынясе яна мне мёду.
- Люляй-люляй, мой сыночак,
Хто ця будзе піць даваці?
- Будзе ісці дробны дожджык,
То той жа мяне напоіць.
* * *
Спі, дачушка, спі
Ды аб долі сні.
Маці будзе калыхаці,
Будзе песеньку спяваці.
Расце ў жыце кветка,
Кветка васілёчак.
Расце маё дзіцятка
Ў ясненькі дзянёчак.
Жыта зжалі, кветка звяла.
Па дзянёчку змрок.
Адыдзі ты, доля злая,
Ад майго дзяцяці ўбок.
* * *
Люлі-люлі, люляшу,
Я дзіцятка калышу,
Нітачку звіваю,
Песеньку спяваю.
Што выведу нітку
Камару на світку,
Астануцца кончыкі
Камару на штончыкі.
* * *
Люлі-люлі-люлі, спаць,
Будзем дзіця калыхаць.
Люлі-люлі-люлі
Малую дзятулю.
Люлі-люлі-люлі,
Ўсе дзеткі паснулі.
Адно маё дзіця
Не спіць, не гуляе,
Вочкамі міргае,
З катком размаўляе.
А ты, коця сівы,
Не йдзі ў нашы слівы,
Нашы слівы дарагія -
Па чатыры залатыя.
Люлі-люлі-люлі,
Ўлез каток па дулі.
Памарозіў лапкі,
Скочыў на палаткі.
Недзе катку дзецца -
Прыйдзі да нас грэцца.
Наша хата цяпленькая,
Наша Маня маленькая.
Будзеш ночку начаваць,
Будзеш дзіця калыхаць.
Люлі-люлі, катка два,
Шэранькія абадва.
Пайшоў каток у лясок,
Паясочка не знайшоў,
Сам да хаткі не прыйшоў.
Прыйдзі, прыйдзі, коця,
Маня спаці хоча.
Хоча, хоча, ды не спіць,
Трэба яе прысыпіць.
Хадзіў кот край варот,
Наставіўшы вушы.
- Куды, коця, пойдзеш?
- Пайду да Марысі.
Хадзіў каток па капусце,
Насіў сончык ў рабой хусце.
А ўсім дзеткам прадаваў,
А Марысі дарма даў!
А ты, коця-варкоця,
Наша Маня спаці хоча.
Хоча, хоча, ды не спіць,
Трэба катка дубцом біць.
Баю-баю-баю,
Наб'ю катка, налаю,
Каб ён да нас не хадзіў,
Нашай Мані не будзіў!
* * *
Люлі-люлі-люлі,
Пайшоў кот па дулі,
Адмарозіў лапку,
Прыйшоў грэцца ў хатку.
Недзе кату дзецца,
Лапачцы пагрэцца,
Ўзлез бы на палаткі,
Дык баіцца бабкі.
Палез бы ён вышы,
Дык баіцца мышы:
Там мышы дурэлі,
Кату хвост ад'елі.
Пайшоў каток у лясок,
Знайшоў каток паясок,
А котачка адняла
Ды дзіцяці аддала.
Пайшоў каток пад масток,
Злавіў рыбку за хвасток.
Ці самому з'есці,
Ці дзіцяці несці?
Думаў каток, думаў,
Думаў ды надумаў:
І сам разок укушу,
І дзяцяці занясу.
Прыляцелі гусі
А з Беленькай Русі.
Палі-селі на крыніцы,
Сталі яны ваду піці,
Ваду піўшы, размаўляці,
Як сон дзіцяці даці.
|
Беларуская Палічка: http://knihi.com | [an error occurred while processing this directive] |